epub
 
падключыць
слоўнікі

Оскар Уайлд

Салавей і ружа

- Яна сказала, што будзе танцаваць са мной, калі я прынясу ёй чырвоную ружу! - усклікнуў малады Студэнт. - Але ў маім садзе няма ніводнай чырвонай ружы.

Са свайго гнязда на дубе гэта пачуў Салавей. Ён выглянуў з лістоты і прыслухаўся.

- Ніводнай чырвонай ружы ва ўсім маім садзе! - зноў усклікнуў Студэнт, і яго прыгожыя вочы напоўніліся слязьмі. - Ах, ад якой дробязі залежыць шчасце! Я прачытаў усё, што напісана мудрымі людзьмі, я ведаю ўсе сакрэты філасофіі, але таму толькі, што ў мяне няма чырвонай ружы, маё жыццё будзе разбіта.

«Вось дзе нарэшце сапраўдны закаханы! - сказаў сам сабе Салавей. - Ноч у ноч спяваў я пра яго, хоць і не ведаў яшчэ, ноч у ноч я расказваў аб ім зоркам, і вось цяпер бачу яго самога. Валасы ў яго цёмныя, што гіяцынт, вусны чырвоныя, што ружа, якую ён шукае; але каханне зрабіла яго твар бледным, як слановая косць, а пакуты надалі яму мужнасці».

- Заўтра ўвечары ў Прынца баль, - шаптаў юнак, - і мая каханая будзе сярод гасцей. Калі я прынясу ёй чырвоную ружу, дык абдыму яе. Яна схіліць галоўку мне на плячо, і мы будзем моцна трымацца за рукі. Але ў маім садзе няма чырвонай ружы, і я, самотны, буду стаяць у кутку, а яна пройдзе міма. Яна не заўважыць мяне, і маё сэрца гэтага не вытрымае.

- Вось сапраўдны закаханы, - сказаў Салавей. - Тое, пра што я толькі пяю, для яго боль. О так, каханне - гэта цуд. Яно даражэйшае за смарагд, даражэйшае за цудоўны апал. Яго не купіш ні за гранат, ні за жэмчуг, яно не прадаецца на кірмашы. Яго не прыдбаеш у краме, не выменяеш на золата.

- На хорах будуць сядзець музыканты, - працягваў малады Студэнт, - і граць на арфах і скрыпках, а мая любая стане танцаваць з такой лёгкасцю, што яе ножкі будуць ледзьве дакранацца паркету. Вакол яе стоўпяцца прыдворныя ў бліскучым адзенні. Але са мной яна танцаваць не будзе, бо ў мяне няма для яе чырвонай ружы.

І ён упаў ніцма на траву, затуліў твар рукамі і зарыдаў.

- Чаго ён плача? - спытала маленькая зялёная Яшчарка, якая прапаўзала міма Студэнта, варушачы хвосцікам.

- Сапраўды чаго? - падхапіў Матылёк, што пырхаў паблізу ў сонечных промнях.

- Чаго ён? - пяшчотным шэптам пацікавілася Стакротка ў свайго суседа.

- Ён плача праз чырвоную ружу, - адказаў Салавей.

- Праз чырвоную ружу? - здзівіліся ўсе. - Ах, як смешна!

А крыху цынічная маленькая Яшчарка проста засмяялася яму ў вочы.

Адзін толькі Салавей разумеў Студэнтава гора. Ён моўчкі сядзеў на дубе і думаў пра таямніцы Кахання.

Раптам ён распасцёр свае шэрыя крылцы і ўзвіўся ў паветра. Як цень, ён праляцеў над гаем і, як цень, пранёсся над садам.

Пасярод паплаўца рос прыгожы Куст ружы. Салавей убачыў яго, падляцеў і апусціўся на галінку.

- Дай мне чырвоную ружу, - папрасіў ён, - а я табе спяю сваю найлепшую песню.

Але Куст зарыпеў галінамі.

- Мае ружы белыя, - адказаў ён, - яны белыя, як марская пена, яны нават бялейшыя за снег на горных вяршынях. Ляці да майго брата, што расце каля старога пясочнага гадзінніка. Можа, ён цябе выручыць.

І паляцеў Салавей да Куста, што рос каля старога пясочнага гадзінніка.

- Дай мне чырвоную ружу, а я табе спяю сваю найлепшую песню.

Але і гэты Куст зарыпеў галінамі.

- Мае ружы жоўтыя, - адказаў ён, - яны жоўтыя, як валасы ў русалкі, што сядзіць на троне з бурштыну, яны нават жаўцейшыя за нарцыс, які цвіце на няскошаным поплаве. Ляці да майго брата, што расце пад акном у Студэнта. Можа, ён цябе выручыць.

І паляцеў Салавей да трэцяга Куста ружы, што рос пад акном у Студэнта.

- Дай мне чырвоную ружу, - пачаў упрошваць ён, - а я табе спяю сваю найлепшую песню.

Але і трэці Куст зарыпеў галінамі.

- Мае ружы чырвоныя, - адказаў ён, - яны чырвоныя, як лапкі ў голуба, яны чырванейшыя за вееры каралаў, што калышуцца ў пячорах на дне акіяна. Але ад зімовай сцюжы ў маіх жылах застыла кроў, мароз пабіў мае пупышкі, бура паламала галінкі, і сёлета ў мяне зусім не будзе ружаў.

- Адну чырвоную ружу - больш мне не трэба! - упрошваў Салавей. - Толькі адну чырвоную ружу! Няўжо нічога няможна зрабіць?

- Можна, - адказаў Куст, - але гэта так страшна, што я не асмельваюся сказаць табе.

- Гавары, - папрасіў Салавей, - я не баюся.

- Калі ты хочаш, каб у цябе была чырвоная ружа, ты павінен стварыць яе, як засвеціць месяц, з гукаў сваіх песень і акрапіць крывёю свайго сэрца. Ты павінен спяваць мне, прыціснуўшыся грудзьмі да майго шыпа, усю ноч навылёт, а тым часам твая жывая кроў перальецца ў мае жылы і стане маёй крывёю.

- Жыццё - дарагая цана за чырвоную ружу, - задуменна прамовіў Салавей, - яно любае кожнаму. Вялікае шчасце, седзячы ў лесе, любавацца Сонцам у залатой калясніцы і Месяцам у калясніцы з жэмчугу. Салодка пахне глог, цвітуць у далінах мілыя званочкі, растуць на ўзгорках верасы. Але Каханне даражэйшае за Жыццё, дый што значыць сэрца нейкай птушкі ў параўнанні з чалавечым?

І, узмахнуўшы шэрымі крылцамі, Салавей узвіўся ў паветра. Як цень, ён праляцеў над садам і, як цень, пранёсся над гаем.

Малады Студэнт усё яшчэ ляжаў на траве, там, дзе пакінуў яго Салавей, і слёзы яшчэ не высахлі на яго прыгожых вачах.

- Радуйся! - усклікнуў Салавей. - Радуйся, будзе ў цябе чырвоная ружа. Я ствару яе, як засвеціць месяц, з гукаў сваіх песень і акраплю крывёю свайго сэрца. За гэта я хачу ад цябе толькі аднаго: будзь верны свайму Каханню, таму што якая б мудрая ні была Філасофія, Каханне мудрэйшае; якая б магутная ні была Ўлада, Каханне магутнейшае. Яго крылы чырвоныя, што полымя, полымем ахоплена і яно само. Вусны ў яго салодкія, бы мёд, а дыханне падобнае да паху ладану.

Студэнт узняў вочы і прыслухаўся да Салаўя, але нічога не зразумеў, бо ён ведаў толькі тое, пра што напісана ў кнігах.

А Дуб зразумеў і засмуціўся, таму што вельмі любіў свайго Салавейку, які звіў гаяздо ў яго галінах.

- Праспявай мне апошні раз, - прашаптаў ён, - мне будзе вельмі самотна без цябе.

І заспяваў Салавей Дубу, і голас яго быў падобны да цурчання вады, што ліецца з сярэбранага збана.

Калі ён скончыў спяваць, Студэнт падняўся і выняў з кішэні запісную кніжку і аловак.

«О так, у яго ёсць форма, - сказаў ён сам сабе, ідучы дадому, - што праўда, то праўда. Але ці ёсць у яго пачуцці? Баюся, што няма. Па сутнасці, ён такі самы, як і большасць артыстаў: уся ўвага скіравана на стыль, а шчырасці нестае. Ён ніколі не прынясе сябе каму-небудзь у ахвяру. Ён думае толькі пра музыку, а кожны ведае, што мастацтва эгаістычнае. Аднак трэба прызнаць, што асобныя яго пошчакі даволі мілагучныя. Адно шкада - яны не маюць ніякага сэнсу і пазбаўленыя карысці!»

І юнак пайшоў да сябе ў пакой, лёг на маленькі вузкі ложак і пачаў думаць пра сваё каханне.

Хутка ён заснуў.

Калі на небе засвяціў Месяц, Салавей прыляцеў да Куста ружы і прыціснуўся да шыпа. Так ён спяваў усю ноч, а халодны крыштальны Месяц схіліўся да яго і слухаў. Усю ноч навылёт спяваў Салавей. І ўсё глыбей і глыбей упіваўся шып у яго сэрца, і з сэрца кропля за кропляй сачылася жывая кроў.

Спачатку Салавей спяваў пра тое, як нараджаецца каханне ў сэрцах хлопчыка і дзяўчынкі. І тады на самай верхняй галінцы Куста Чырвонай ружы пачала распускацца дзівосная кветка. З кожнай новай песняй з'яўляўся новы пялёстак.

Спярша ружа была бледная, як туман над ракой, бледная, як першыя крокі золку, серабрыстая, як крылы досвітку. Быццам адбітак ружы ў сярэбраным люстры, быццам адбітак ружы ў нерухомай вадзе сажалкі - вось якая была ружа, што расцвіла на верхняй галінцы Куста.

І тады Куст зашалясцеў і сказаў Салаўю, каб ён яшчэ мацней прыціснуўся да шыпа.

- Шчыльней цісніся да мяне, Салавейка, бо інакш дзень настане раней, чым запунсавее ружа!

Салавей яшчэ мацней прыціснуўся да шыпа, і галасней загучала яго песня, бо была тая песня пра нараджэнне кахання ў сэрцах юнака і дзяўчыны.

І вось пялёсткі ружы зрабіліся пунсовыя, як твар у маладога, калі ён цалуе ў вусны сваю нявесту. Але шып яшчэ не працяў сэрца птушкі, і Ружа заставалася белая, бо толькі жывая кроў Салаўя магла пафарбаваць сэрца Ружы.

Зноў Куст загадаў Салаўю, каб ён яшчэ мацней прыціснуўся да шыпа.

- Прыцісніся з усяе сілы, Салавейка, бо інакш дзень настане раней, чым запунсавее ружа!

І Салавей прыціснуўся да шыпа яшчэ мацней, і джала нарэшце ўпілося ў яго сэрца. Яго захліснула хваля невыноснага болю. Боль рабіўся нясцерпны, але песня гучала ўсё галасней і галасней, бо Салавей спяваў пра Каханне, якое знаходзіць дасканаласць у Смерці. Пра Каханне, якое не памірае і пасля смерці.

І стала дзівосная ружа пунсовая, як небасхіл на світанні. Пунсовы зрабіўся венчык, пунсовае, як рубін, зрабілася і яе сэрца.

А голас у Салаўя слабеў і слабеў, і вось затрымцелі маленькія крылцы, затуманіліся вочкі, і Салавей адчуў, як нешта калючае сціснула яму горла.

Цяпер ён азваўся сваім апошнім пошчакам. Бледны Месяц пачуў яго і, забыўшыся на світанне, застаўся на небе. Пачула яго і Чырвоная ружа і, затрапятаўшы ў адказ, распусцілася ўсімі пялёсткамі насустрач халаднаватаму ранішняму ветрыку. Рэха панесла гэты пошчак да сваёй барвовай пячоры ў гарах і разбудзіла пастухоў, якія там спалі. Ён пракаціўся над рачнымі чаратамі, і тыя аддалі гэтыя гукі мору.

- Глядзі, глядзі! - здзівіўся Куст. - Ружа зрабілася чырвоная.

Але Салавей не адказаў.

Ён ляжаў мёртвы ў высокай траве, і ў сэрцы ў яго быў шып.

Апоўдні Студэнт расчыніў акно і выглянуў у сад.

- Ах, якое шчасце! - узрадаваўся ён. - Дык тут жа ёсць чырвоная ружа! Ніколі ў жыцці я не бачыў такой чырвонай ружы! Яна, пэўна, мае якую-небудзь доўгую лацінскую назву.

І, высунуўшыся з акна, юнак сашчыкнуў кветку. Ён зараз жа надзеў капялюш і пабег да Прафесара, трымаючы ружу ў руцэ.

Дачка Прафесара сядзела ў дзвярах і намотвала на шпульку блакітныя ядвабныя ніткі. У яе ля ног ляжаў маленькі сабачка.

- Вы казалі, што будзеце танцаваць са мной, калі я прынясу вам чырвоную ружу, - нагадаў ёй Студэнт. - Вось самая чырвоная ружа на свеце. Прыкаліце яе ўвечары ля сэрца, і, калі мы будзем танцаваць, яна раскажа, як я вас кахаю.

Але дзяўчына не выказала радасці.

- Баюся, ружа не падыдзе да майго ўбрання, - адказала яна. - Апроч таго, пляменнік камергера прыслаў мне сапраўдныя брыльянты, а каму невядома, што яны значна даражэйшыя за кветкі!

- Ах, якая вы няўдзячная! - гнеўна выпаліў Студэнт і са злосцю кінуў ружу на зямлю.

Яна ўпала ў каляіну, і хутка па ёй праехалі коламі.

- Ах, я няўдзячная?! - узлавалася дзяўчына. - Дык ведайце ж: вы - грубіян! І ўрэшце, хто вы такі? Усяго толькі Студэнт. Сумняваюся, ці ёсць у вас такія сярэбраныя спражкі, як у пляменніка камергера!

Яна ўсхапілася з крэсла і пабегла ў пакой.

«Якое гэта глупства - Каханне, - з горыччу разважаў Студэнт, ідучы дадому. - У ім няма і паловы таго зместу, які ёсць у Логіцы; яно нічога не даказвае, а абяцае заўжды нязбытнае і прымушае верыць у прывід. Карацей кажучы, яно зусім непрактычнае. А паколькі ў наш век быць практычным - самае галоўнае, то вярнуся я лепш да Філасофіі і буду вывучаць Метафізіку».

І Студэнт пайшоў да сябе ў пакой, выцягнуў вялікую запыленую кнігу і пачаў чытаць.



Пераклад: Ірына Сляповіч