epub
 
падключыць
слоўнікі

Павал Ясеніца

Польская анархія

Літоўская калізія
Нацыя?.. Раса?..
Факты, што адбыліся
Вялікія і малыя
Шляхам цемрашальства
Цана таталітарызму


Ад перакладчыка

 

Кніга Паўла Ясеніцы (сапр. Лех Бейнар) прыцягнула маю ўвагу даўно. З часам я ўсё больш хацеў, каб з ёю пазнаёміліся шырэйшыя колы беларусаў. Прычыны гэтага жадання я хачу трохі растлумачыць.

Па-першае, гэтая кніга паўстала з дыскусіі, якая разгарэлася была на старонках польскае прэсы ў 1961 годзе па ініцыятыве Паўла Ясеніцы. У спрэчках узялі ўдзел больш за пятнаццаць аўтараў: гісторыкаў і публіцыстаў. «Польская анархія» нарадзілася з публічнага дыялога зацікаўленых людзей. Адсюль ейны пафас і публіцыстычнасць. Адсюль надзённасць узнятых праблем, хаця гаворка тычыцца часоў вельмі даўніх. Нажаль, у Беларусі культура дыскусіі сёння амаль адсутнічае, няма нават шырэйшага ўсведамлення неабходнасці публічна абмяркоўваць важныя для грамадства праблемы. Можа, праца польскага вучонага дапаможа зразумець, што мы губляем, пазбягаючы публічных спрэчак.

Па-другое, перачытваючы «Польскую анархію» я кожны раз здзіўляўся актуальнасці закранутых у ёй праблем для нас, беларусаў. Ішлі гады, мяняліся ўлады - актуальнасці толькі болела. Можа таму, што наша грамадства апынулася ў той жа сітуацыі, што ў Рэчы Паспалітае па смерці апошняга Ягелона: найважнейшыя справы трэба вырашаць тэрмінова і ня маючы ў іх ніякага досведу. А можа, аўтар ухапіў тыя істотныя рысы гістарычнага шляху нашых народаў, якія захоўваюцца стагоддзямі.

Па-трэцяе, кніга даволі ўзважана трактуе пытанні шматнацыянальнага характару Рэчы Паспалітае. Аўтар з павагаю паставіўся да беларусаў, украінцаў і летувісаў, вельмі крытычна - да тых палякаў, якія паддаліся імперскім ілюзіям.

Я думаю, нам у Беларусі не хапае кніг, дзе на першым месцы не гістарычныя міфы, а пошук ісціны, аналітычнае пераасэнсаванне мінулага для патрэб далейшага развіцця нацыі.

Пераклад зроблены па выданню Paweł Jasienica. Polska anarchia. Kraków, Wydawnictwo Literackie, 1988. Пры перакладзе зроблены шэраг неістотных скарачэнняў.

 

Даніла Жукоўскі

Горадня, 2001 г.

 

 

Літоўская калізія

 

На заходнім ускрайку Рудніцкае Пушчы над прыгожаю Мерачанкай трохі вышэй месца, дзе ў яе ўліваецца малая лясная рэчка Сольча, ляжыць мястэчка Алькенікі. На чыгуначным шляху з Варшавы ў Вільню ёсць маленькая станцыя з гэткай назваю, але месца падзеяў, пра якія зараз будзе гаворка, з вокнаў цягніка нябачнае. Тамтэйшыя мясціны вельмі бедныя і вызначаюцца змрочным калярытам: пяскі, парослыя соснамі. У апошнюю восень XVІІ-га стагоддзя пад Алькенікамі стала табарам канфедэрацыя літоўскае шляхты. Амаль што дванаццацітысячнае войска доўга пакутавала ад холаду, пакуль ня прыйшла вестка, што па гарадзенскім тракце набліжаецца вораг - Казімір Ян Сапега, вялікі гетман літоўскі і ваевода віленскі.

Было гэта ў лістападзе 1700-га году, амаль на самым пачатку панавання Аўгуста ІІ Моцнага, караля Рэчы Паспалітае Абедзьвюх Нацый і князя Саксоніі. Новы манарх некалькі гадоў раней паспеў ужо быў зменшыць літоўскае войска і арганізаваў у Горадні цырымонію публічнага ламання штандараў развязаных палкоў. Праліццё крыві падданых у грамадзянскай вайне яго ня вельмі непакоіла. Аўгуст меў намер падтрымліваць у краіне лад, абапіраючыся на ўласныя, нямецкія, апранутыя ў чырвань аддзелы.

Стварыць адпаведныя ўмовы мусіла супольная з расейскім царом Пятром І і дацкім каралём Хрысціянам кампанія супраць Швецыі. Ваенныя дзеянні ўжо распачаліся, і распачаліся няўдала. Не атрымалася знянацку захапіць Рыгу. Камандзер шведскага патруля заўважыў, што ў вазах, якія ноччу цягнуліся ў горад нібыта на кірмаш, вязуць зброю, а сяляне пры вазах - насамрэч пераапранутыя саксонскія грэнадэры. У жніўні васемнаццацігадовы Карл XІІ задаў паразу Даніі і накінуў ёй мір.

Аўгуст не патранаваў шляхце, што сабралася пад Алькенікамі. Яна пачала хвалявацца ды хапацца за зброю яшчэ ў панаванне ягонага папярэдніка. Ян ІІІ быў тым, хто вырашыў скарыстаць даўні, на стагоддзі закінуты спосаб. Досьвед навучыў яго, што штурханне аднаго вялікага пана супроць другога не дае плёну: назаўтра пасля перамогі ранейшы фаварыт мяняе фронт і пачынае рабіць акурат тое, што ягоны папярэднік. Магнат, зрынуўшы магната, адразу ж займае ягонае месца. Каралю заміналі Пацы. Ён падтрымаў Сапегаў. Калі апошнія атрымалі перамогу, Ян ІІІ падбухторыў шляхту, незадаволеную магнацкім прыгнётам.

Няхай сучаснікі ўласнымі словамі патлумачаць нам, чым быў тады ў Літве род Сапегаў. «Найперш, Казімір Ян Сапега быў віленскім ваяводам і вялікім гетманам. Брат ягоны, Бэнэдыкт, - падскарбім Вялікага Княства Літоўскага. Сыны ж Казіміра Яна Сапегі адзначаныя былі такімі годнасцямі: адзін быў вялікім маршалкам, другі стольнікам, трэці канюшым Вялікага Княства Літоўскага (а такасама, дадамо ад сябе, генералам артылерыі літоўскае, генерал-маёрам войскаў імператара Леапольда). Пры гэтым усе з вялікімі ўласнымі фартунамі, а да таго рознымі ад каралёў і Рэчы Паспалітае бэнефіцыямі, староствамі ды наданнямі падтрыманыя... І скарб Вялікага Княства Літоўскага перахоўваны быў у доме сапежанскім...»

Наіўная справаздача тлумачыць лепей за ўсе аналітычныя даследаванні «механізмаў». Багацце, пра якое і марыць не магла скарбніца ў Варшаве, ды сабраныя ў адной сям'і найважнейшыя пасады - пажыццёва і безсправаздачна! У Рэчы Паспалітае Абедзвюх Нацый толькі каралеўскае ўлады не хапала, магнацкая ж дасягала незвычайнае канцэнтрацыі. У гэтай справе Літва выразна перасцігала Польшчу. Былі ў Сапегаў і папярэднікі: Пацы, Радзівілы, Гаштольды.

Ян ІІІ штурхнуў шляхту на вяльможаў. Аднак зброя, якую дванаццаць год таму з посьпехам ужыў Ян Ольбрахт, гэтым разам здрадзіла. Папсулася, пакрылася іржой. Занадта доўга перахоўвалася ў шуфлядзе. Самае ж галоўнае: адвыкла служыць адпаведным рукам.

«Уся амаль Польшча гаманіла, што дзеля калізіі літоўскае гіне», - напісаў ананімны аўтар «Літоўскае кронікі», што належыць да таго часу. Базліянін, ксёндз Ян Альшэўскі пакінуў пасля сябе твор з назваю, якая добра перадае і літаратурныя густы таго часу, і калярыт падзеяў: «Апісанне няшчасцяў і нутранога разладу, вайны Кароны Польскае і Вялікага Княства Літоўскага pro іnformatіone патомным у будучых часах асобаю духоўнаю пераказанае і з жаласцю выкладзенае». Дзённік няпэўнага аўтарства, традыцыйна прыпісаны Эразму Атвіноўскаму, сцвярджае, што пад канец XVII стагоддзя людзі тысячамі ўцякалі з Літвы: «адны пабеглі ў Інфлянты, іншыя ў Прусы Брандэнбурскія, cum infallibili salutis iactura ў кальвіністых, у лютэранаў абярнуўшыся». Нават прыязны для Сапегаў біскуп Ян Хрызастом Жалускі мусіў прызнаць, што «зчэзлі ў Літве права, стравядлівасць, сорам; усё падлягае мячу, кіруе мацнейшы, парадак заступіла дзікая сваволя. Баяцца трэба, каб за гэткі прыгнёт шляхты, хаця й ня хутка, не наступіла б кара Божая...»

«O, quam pulchurum spectaculum!» - вымавіў аднае ночы «літоўскі Макіявелі», падскарбі Сапега, прыглядаючыся палаючай шляхецкае вёсцы. Звычайна, аднак, ня трэба было ўжываць нагэтулькі вострыя сродкі пацыфікацыі. Пабскарбіеў брат, гетман, меў надзейны сродак - кватарунак войска. Жаўнераў ды іхніх коней трэба было карміць, але гэта ня ўсё. У тагачасным літоўскім войску кожны таварыш гусарскі, уланскі або пяцігорскі меў права трымаць да двух дзесяткаў службы, «якім не паны плацілі, але яны панам, даючы ад кожнага па талеры бітым у тыдзень, а іншы нават болей, а да гэтага і пана, і сябе ўтрымлівалі, і такім дазвалялася рабаваць, што хацелі, калі на чаты выходзяць». Хіба дзіва, што пры такім парадку нутранай службы вёскі пусцелі, «што і знаку, дзе будынкі былі, не заставалася»?

Ян III перацягнуў быў на свой бок віленскага біскупа Канстанты Казіміра Бжастоўскага. У 1689 годзе на сойме ў Варшаве пасол Казімір Станіслаў Дамброўскі, верны саюзнік спачатку Пацаў, а потым Сапегаў, ударыў гіерарха. У палаце заблішчэлі шаблі, а біскуп Міхал Кадзеёўскі наклаў на сталічныя касцёлы інтэрдыкт, адразу ж, што праўда, зняты нунцыем. (Спрэчка біскупа з гетманам ня мела татальнага характару і не выключала згоды ў іншых справах. Якраз тады Сапега выдаў Бжастоўскаму няшчаснага Казіміра Лышчынскага, у хуткім часе пакаранага смерцю нібыта за атэізм і, несумненна, за вальнадумства.)

Праз пяць год, ужо ў сябе ў Вільні, Бжастоўскі зноў выкарыстаў царкоўныя санкцыі. Восьмага красавіка 1694 года за спусташэнне царкоўных маёнткаў сапегавымі татарамі ён абвясціў праклён. У час, калі біскуп асабіста прамаўляў анафему з касцельнае кафедры «пан гетман на Антокалі з пагарды да біскупа загадаў страляць з гарматаў». І гэтым разам у спрэчку ўмяшаўся нунцый. Кат на віленскім пляцы публічна спаліў тэкст анафемы. Гэтак схацеў Сапега.

У 1696 годзе ў Берасці паўстала першая антысапегаўская канфедэрацыя шляхты. Яе ачоліў Рыгор Агінскі, харужы літоўскі. Яго падтрымлівалі Пацеі і род Крыспін-Кіршэнштайнаў, мяшчанаў родам з Каралеўца, якіх Ян III свядома высока авансаваў. Кароль, як добра відаць, старанна засцерагаўся, разумеючы, што на чало чыста шляхецкага руху непазбежна высунуцца іншыя магнаты, і шукаў нейкае супрацьвагі.

Гетман аблажыў Агінскага ў самым Берасці і голадам змусіў да перамоваў. Сышліся на кульгавым кампрамісе. Пад гукі званоў і ўрачыстага «Te Deum» Сапега ўехаў у горад.

Ранняю вясною 1698 года канфлікт зноў завастрыўся (так дзіўна скадалася, што гвалтаўнейшыя сутычкі адбываліся па цотных гадах). Частка войскаў адмовіла паслушэнства гетману. Агінскі сабраў сваіх паміж Дубісаю і Нявяжай. Рыхтуючыся да энергічных дзеянняў і жадаючы ўмацаваць мужнасць шляхты, ён паабяцаў ёй рабунак Коўні. Аднак раней, чым гэты намер ўдалося ажыццявіць, Сапега зачыніў канфедэратаў паміж Нёманам і Нявяжаю. Не прыняўшы бітвы, канфедэрацкі маршалак распусціў аддзелы, аддаўшы ворагу абоз, запасы, харугвы.

22 ліпеня Аўгуст II давёў справу да замірэння. Аднак у той самы момант, калі прадстаўнікі варагуючых бакоў ставілі ў Варшаве подпісы пад мірным пагадненнем, на літоўска-прускім памежжы адбыліся падзеі, што канчаткова зрабілі замірэнне немагчымым. Пад Юрбаркам Міхал Сапега, пра якога мы зараз будзем гаварыць шырэй, ударыў франтальным прыступам на канфедэратаў, што зноў былі згуртаваліся. Напачатку шляхта білася мужна, але не вытрымала гарматнага агню. Лёгкія татарскія харугвы пераследавалі расцярушанае шляхецкае войска. На полі засталося некалькі соцень трупаў, шмат параненых патанула ў Нёмане, недабіткі ўцяклі ў Прусію.

Толькі цяпер Сапегі, асабліва маладога веку, разгуляліся бязстрымна, трацячы павагу нават уласнага войска, якое не так ужо прагнула крыві. Шчэ перад юрбарскаю сутычкаю прадстаўнікі сіл Сапегаў у Шкудах заключылі перамір'е са шляхтаю. За самаволю і несубардынацыю гетман загадаў пакараць смерцю - адсекчы галаву або расстраляць - абодвух перамоўнікаў: Бакея і Караля Белазора.

У жніўні таго ж 1698 году ў Вільні паўстала новая канфедэрацыя. Яе правадыром стаў Міхал Казімір Коцел, віцебскі кашталян. Тут варта зрабіць адступленне, бо ягоная постаць заслугоўвае трохі ўвагі.

У наднёманскім мястэчку Беніца пан Коцел збудаваў для сябе палац, а для Творцы і для бернардынаў - касцёл і кляштар. Ён загадзя падрыхтаваў мураваную магілу ў бажніцы, і, адчуўшы блізкі канец, выклікаў мастака ды загадаў зрабіць свой партрэт. Яшчэ ў пачатку XX стагоддзя можна было агледзець у бяніцкім маёнтку гэты твор. На ім быў адлюстраваны апрануты ў кунтуш шляхціц, а ля ягоных ног - пукатыя мяхі з лічбамі на баках. Перад сконам пан сказаў быў, што пазначаную на мяхах суму бярэ з сабою ў магілу і не дазволіць яе нікому рушыць, хіба толькі «касцёл да астатэчнае дайшоў бы інфляграцыі». Хто толькі потым ня шукаў гэтых грошай! Ксёнз касцёла, калі на ім згарэў дах, родзічы аднаго з польскіх пісьменнікаў... Пан Коцел быў, відаць, схільны да чорнага гумару.

Ён памёр у 1722 годзе. Статэчныя гмахі паўставалі ў Беніцы якраз тады, калі «літоўская калізія» дасягнула апагею: у 1700 годзе, які ад пачатку неяк няўдала складаўся для Сапегаў.

У лютым выбары маршалка літоўскага трыбунала адбыліся не паводле іхняга жадання. Пры падтрымцы двух князёў Вішнявецкіх пасаду заняў Караль Радзівіл. Хутка пасля гэтага звычайны выпадак выклікаў фатальныя наступствы. Вуліца св.Яна ў Вільні вельмі вузкая, і менавіта там картэж гетмана нечакана сутыкнуўся з экіпажам Вішнявецкіх, чые коні зусім выпадкова былі вельмі падобныя на коней пана Коцела. Людзі Сапегаў абстралялі карэту, пашкодзілі яе рапірамі. Пакуль высветлілася, што адбылася памылка, абодва князі пацярпелі. Прабачэнні не далі плёну, можа таму, што адзін Вішнявецкі меў дваццаць два гады, а другі - на два менш. Канфедэрацыя займела магутных хаўруснікаў іхнім прыватным войскам.

У ліпені кароль заклікаў да мабілізацыі дзеля аховы межаў. Прагнозы ня спраўдзіліся: Швецыя, якую Аўгуст II, Пётр I і Данія лічылі лёгкаю здабычай, сталася небяспечным праціўнікам, адразу ж атрымаўшы перавагу.

Абедзьве літоўскія партыі тут жа паслухаліся каралеўскага ўніверсалу. Гетман звербаваў новыя палкі, шляхта пайшла ў паспалітае рушэнне. Пан Коцел сабраў яе ў самым сэрцы Вялікага Княства, пад Ашмянамі. («Ашмянскі павет у віленскім ваяводстве», - піша Эразм Атвіноўскі, - «нагэтулькі перавышае колькасцю шляхты іншыя, што можна яго in longitudine et latitudine лічыць за ваяводства; на павет гэты глядзіць уся Літва, як Малапольшча на ваяводства сандамерскае».) Баявы шлях прывёў канфедэратаў пад Алькенікі. Туды ж накіраваўся гетман на чале трох тысяч войска. Абодва бакі пякліся пра канчатковы парахунак паміж сабою, а не са шведамі.

Амаль у апошнюю хвіліну, у карчме ў Ляйпунах, біскуп Бжастоўскі, суфраган Згерскі і канонік Шаняўскі дарэмна дамагаліся прымірэння бакоў.

18 лістапада 1700 года яшчэ перад світаннем гетман скіраваў да Алькенікаў конны татарскі аддзел у сто восемьзесят чалавек. У той самы час дванаццацітысячная канфедэрацкая армія выйшла з табару, пакінуўшы яго пад аховаю двух харугваў. Сутыкненне адбылося ля гарадзенскага тракту.

Днела, калі пачаліся сутычкі кавалерыстаў. Гарматны залп з боку Сапегаў знішчыў некалькі дзесяткаў коннікаў, але ў гэты момант на тыл войскаў гетмана абрынулася варожая кавалерыя.

Ноччу на дапамогу канфедэратам прыйшлі яшчэ некалькі тысяч шабляў. Іх прывялі Рыгор Агінскі і стражнік літоўскі Людвік Канстанцін Пацей. Яны ня прылучыліся да асноўных сілаў, але зрабіўшы вялікі круг, лясамі зайшлі ў тыл ворагу. Гук ягоных гарматаў паслужыў ім за сігнал да атакі. З фронту рушыў свае сілы дваццацігадовы Міхал Сервацы Вішнявецкі, «найвышэйшы палкоўнік ваяводзтваў і паветаў». Шляхецкая коніца ахапіла колам трохтысячнае войска Сапегаў.

Гетман з братам Бэнедыктам адразу зразумелі, што можа здарыцца, і пакінулі поле. Паўнамоцтвы перайшлі да Міхала, канюшага, таго самага, які два гады раней вызначыўся пад Юрбаркам. Мужней за ўсіх на баку Сапегаў біліся татары. Тры іхнія харугвы на левым флангу вырваліся з акружэння. Аддзелы мясцовага фармавання і замежныя наёмныя войскі біліся ня вельмі ахвотна. Затое шляхта, ведаючы, што яе чакае ў выпадку паразы, «апошнім трымалася азартам».

Кавалерыйская бойка на шаблях цягнулася ўвесь кароткі лістападаўскі дзень. Вечарам Сапега выправіў парламенцёра. Яго застрэлілі раней, чым ён прыбыў на вызначанае месца. Сцямнела і пачаў падаць сняжок, калі канюшы з паўтарыма тысячамі ацалелых склаў зброю перад Вішнявецкім. Князі паабяцалі яму захаванне жыцця, асабіста адвезлі яго да Алькенікаў і змясцілі ў францішканскі кляштар.

Яны не жадалі смерці палоннага. Вялікую ролю тут адыгрывала саслоўная магнацкая салідарнасць, дзеля якое некаторыя вяльможы з-за Буга, афіцыйна захоўваючы нейтральнасць, паціху ўсё ж спрыялі Сапегам. Перад самай алькеніцкай баталіяй вялікі гетман каронны Станіслаў Ябланоўскі даслаў ім у дапамогу трохі жаўнераў, якія паводле загадаў ішлі пакрыёму, групкамі па дзесяць-дваццаць чалавек, пераапранутыя і з прыхаванаю зброяй.

Магнацкая салідарнасць была несумненна, але ня толькі яе трэба ўлічваць. Мусіла адыграць сваю ролю асабістая культура. Шмат тут гаварылася благога пра вяльможаў, хаця б тых жа Пацаў. Але гэта ў часы іхняе, несумненна шкоднае, перавагі ў Літве, на іхні загад ды за іхнія грошы, паўстаў у Вільні на Антокалі касцёл св. Пятра і Паўлы, адзін з найпрыгажэйшых помнікаў барока на кантыненце.

У Алькеніках трыюмфаваў шляхецкі тлум. Па мястэчку бадзяліся ватагі п'яных да азвярэння. Коцел, Агінскі і жамойцкі харужы Станіслаў Заранак не шкадавалі гарэлкі. Усю ноч яе разносілі куфлямі. Пад шаблямі паноў-браці гінулі ўзятыя ў палон прыхільнікі Сапегаў. Гэтак былі забітыя браслаўскі стараста Міхал Война і тамтэйшы харужы Мірскі. Нястомна шныпарыў і пад'юджываў шляхту «крывавы ксёнз», віленскі канонік Кшыштаф Белазор, родны брат забітага па загадзе гетмана Караля. Ён дапяў свайго толькі ўранку, калі шляхта - «супроць Богу і сумленню забавязанне пад прысягай абяцанае зламаўшы і слова ня стрымаўшы... будучы ад перапітку зграяю зухвалай і ў заядласці і гневе болей на звяроў дзікіх чым на людзей падобнай, ніякае зверхнасці князёвае ня рэспектуючы...» кінулася на кляшторны будынак, які ахоўвала варта.

Жаўнеры Вішнявецкіх у зацятай бойцы ўтрымалі дзьверы. Але на даху варты не было. Паляцела ўніз гонта, латы, кроквы. Адарвалі дошкі столі. Вязень убычыў над галавою раз'юшаныя пысы, а праз акно ў пакой улез канонік Белазор. Перад адліччам смерці Міхал Сапега стаў на калені перад святаром, просячы выслухаць апошнюю споведзь. «Вось табе адпушчэнне!» - крыкнуў ксёндз, б'ючы яго ў твар.

Вішнявецкім здалося было, што яны паспелі ў апошнюю хвіліну. Стаўшы паабапал палоннага, князі павялі яго да карэты. У гэты момант нейкі Сьвідэрскі ўдарыў яго ззаду так, што той упаў. «Князі ледзьве ўратаваліся ўцечкаю, там жа furor populі здзекаваўся з ахвяры: цела, пасечанае жахліва на кавалкі тры дні ў брудзе і слоце на вуліцы ляжала».

Біскуп Бжастоўскі таксама спрабаваў несці ратунак, ды сам з цяжкасцю ўратаваўся, схаваўшыся ў касцёле.

«Так завяшылася была над домам Сапегаў Рэчы Паспалітае вікторыя». Праз няпоўныя два тыдні пасля Алькенікаў, 30 лістапада,Карл XІІ разграміў пад Нарваю войска Пятра Вялікага. У пачатку 1702 года шведы захапілі Вільню, 24 траўня былі ў Варшаве, 7 жніўня - ў Кракаве.

Абсалютна дакладна, што на той час дабро краіны не вымагала ўдзелу ў кааліцыі і вайны са Швецыяй. (Са свайго боку Карл XII таксама зрабіў катастрафічную памылку, адкінуўшы насуперак меркаванням дарадцаў прымірэнчыя прапановы польскага Сенату. Геніяльны тактык ня меў аніякага пачуцця палітыкі і стратэгіі.) Падсумаванне, а хутчэй супастаўленне, якое трэба зараз зрабіць, мае значэнне для агульнае ацэнкі сітуацыі, а ня толькі для кампаніі, што на той час адбывалася.

Пад Алькенікамі з абодвух бакоў білася каля 16 тысячаў чалавек. Папярэднія сутычкі таксама абышліся Літве нятанна. Сямнаццаць гадоў раней Вялікае Княства даслала на венскі паход Яна ІІІ дванаццаць тысячаў войска. Яно ня ўдзельнічала ў бітве. Спазнілася, бо так пажадаў гетман, той самы Казімір Ян Сапега. У дзень бітвы войска было яшчэ ў Польшчы, паблізу Кракава. Потым яно ганебным чынам спусташыла ні ў чым ня вінаватую Славакію, настройваючы венграў супроць палякаў і марнуючы планы караля аб супрацы з імі. 11 лістапада 1683 года Ян III пісаў жонцы: «Літва валачэцца ззаду, абмінаючы ня толькі турэцкія фартэцыі, але й межы. Войска літоўскае было ад нас ужо ў некалькіх мілях, але ня дало знаку аб сабе, і старшызна ня прыехала да нас паперад войска, як павінна - засталіся чамусьці зноў у імператарскіх кватэрах у Левэнкю, нішчачы іх дазвання ў чаканні нейкіх гарматаў, у каго ж з іх яны будуць страляць, мы згадаць ня можам. Досыць будзе, што ад Віліі дацягнуцца да Цісы, ад табара да табара, ня ўбачыўшы непрыяцеля».

Гэткі стыль паводзінаў меў традыцыю. Калі ў лістападзе 1673 году вялікі гетман каронны Ян Сабескі здабыў бліскучую перамогу пад Хацімам і хацеў яе цалкам выкарыстаць, ягоны літоўскі калега Міхал Пац забраў большую часту свайго войска і рушыў дахаты. Пры тых жыхарах Кароны, якіх не здэмаралізаваў учынак Паца, застаўся да канца Міхал Казімір Радзівіл, польны гетман, з тысячаю войска. Тое самае дакладна паўтарылася восенню 1674 года, калі экс-гетман Сабескі быў ужо Янам III. Армія Рэчы Паспалітае дасягае поспеху, ёсць магчымасць перанясення ваенных дзеянняў на варожую тэрыторыю - Пац адыходзіць у Літву, у табары застаецца Радзівіл. Мала дапамог поўны абурэння каралеўскі загад паводле якога дэзертырам забаранялася «звацца імем жаўнерскім». Пац заставаўся на пасадзе да канца жыцця. Пасля яго яе заняў Сапега і чыніў тое саме, што ягоны папярэднік. Адна складовая частка Рэчы Паспалітае адпрэчвалася, сабатавала палітыку ўласнага манарха.

У памяць тае падзеі гербы літоўскіх шляхецкіх радоў, якія ўзялі ўдзел у бітве пад Венаю, змешчаныя ў гарадзенскім касцёле бернардынаў (тым самым, дзе пачынаецца дзеянне «Апошняга Сойму Рэчы Паспалітае» Рэйманта) на сценах галоўнага нефа. Гэта пераканаўчае сведчанне дзейнасці Яна III, які штурхаў шляхту супраць магнатаў. Мэтаю было здабыццё рэальнае дзяржаўнае ўлады.

У 1683 годзе Вялікае Княства не дапамагло каралю, які меў намер ня толькі перамагчы небяспечнага ворага на чужой тэрыторыі, ня нішчачы сваёй, але й здабыць за Карпатамі апору для рэформы ў краіне. Праз два дзесяцігоддзі яно ж марнавала свае сілы ў грамадзянскай вайне. Атрымаўшы перамогу, шляхта выкарыстала яе катастрафічным і ганебным чынам.

Абодва старэйшыя Сапегі, гетман і падскарбі, пераапранутымі ўцяклі да прускае мяжы, перайшлі землі электара і спыніліся толькі ў Лідзбарку ў Варміі, у біскупа Залускага. З часам яны апынуліся на баку шведаў, стаўшыся зацятымі (на пэўны час!) прыхільнікамі Карла, і шукалі помсты пры ягоным баку. Іхнія ворагі, натуральна, адразу ж пацягнуліся ў супраціўны бок. Не азіраючыся на Карла ды і на свайго караля, які лавіраваў і аддаў бы перавагу міру, Вялікае Княства ўвайшло ў хаўрус з царом, выступішы як «Рэч Паспалітая Літоўская». Пятру далі крэпасць у Друі, дазволілі ўвесці ў краіну войскі і свабодна ў ёй гаспадарыць. 19 чэрвеня 1702 года з'явіўся зварот цара да літоўскіх «бурмістраў, райцаў, лаўнікаў, мяшчанаў ды ўсяго паспольства». У ім абяцаліся розныя дабрадзействы і змяшчалася запрашэнне да перасялення ўглыб Расеі. Пётр абвясціў пратэктарат над Літвою. Пастановы Люблінскае вуніі страцілі сілу. Царскія інструкцыі дыпламатам, вядома ж таемныя, выразна выяўляюць імкненне да поўнага разрыву лучнасці Вялікага Княства з Каронаю і прыняцця яго пад руку Масквы.

Апораю прарасейскае партыі ў Літве былі пераможцы з-пад Алькенікаў. На першае месца зноў выбіўся Міхал Сервацы Вішнявецкі: яго сумленне суцішыла прапанова гетманскае булавы. «Афіцыйны рэзідэнт Вялікага Княства Літоўскага» пры асобе цара, канонік Кшыштаф Белазор ніколі ня меў гэткіх амбіцыяў. «Крывавы ксёнз» падпісваў дамову Вільні з Масквою, падарожнічаў разам з Пятром Вялікім у Архангельск. Яму было пра што ўспомніць у вязніцы, куды ён трапіў быў на некалькі год, схоплены ў 1708 годзе аддзелам сапегавых войскаў. Ад кары смерці яго выбавіла ўмяшанне віленскага капітулу, а вызваленне прынесла перамога ягонага патрона пад Палтаваю.

Грандыёзны жарт гісторыі: захаванне і ўмацаванне лучнасці Польшчы з Літвою выклікана было ў значнай ступені маскоўскаю пагрозай. Смела можна сцвярджаць, што Люблінскай вуніі дапамаглі Васіль III ды Іван Жахлівы, якія захапілі Смаленск і жадалі атрымаць Кіеў, Галіч і ўсё іншае аж па «Белую Ваду», або Віслу. Цяпер у крытычны момант Літва самахоць ішла пад патранат дзяржавы, што была ейным, а не Кароны, адвечным ворагам. Вядомы нам па Алькеніках Станіслаў Заранак ездзіў у Варшаву паслом Вялікага Княства з мэтаю супрацьстаяць міралюбным і нейтралісцкім тэндэнцыям, што пераважалі былі ў Польшчы. Прыняўшы пратэктарат Пятра, Вільня цягнула за сабою Варшаву. У 1704 годзе ўся Рэч Паспалітая ўвайшла з ім у хаўрус, які на справе быў дыктатураю цара.

Дзяржава на той час мела дрэннага кіраўніка. Ублытаўшыся ў вайну, Аўгуст ІІ зрабіў сапраўднае злачынства. Калі ж ў 1701 годзе ён ачомаўся і паспрабаваў выйсці з яе, літоўскія падданыя стварылі незваротную сітуацыю. Тыя хаўрусавалі з Карлам, іншыя - з Пятром. Шэрая маса ў Кароне марыла пра спакой, магнатаў жа можна было купіць.

Часова разарваную паслабленую польска-літоўскую вунію ўдалося аднавіць. Толькі вось сапраўдная суверэннасць ужо не вярнулася. Калона Жыгімонта, як вядома, засталася ў Варшаве выключна таму, што Пётр І не знайшоў спосабу перавозу яе ў Санкт-Пецярбург. Аўтар памянёнай вышэй Кронікі казаў праўду: Рэч Паспалітая гінула. Дзяржава перастала існаваць пад канец XVIII стагоддзя, прыкладна праз чвэрць стагоддзя пасля венскае перамогі Яна ІІІ.

Мы прызвычаіліся лічыць, што найсумнейшым раздзелам нашае гісторыі ёсць эпоха падзелаў. На маю думку, час «літоўскай калізіі» быў горшы. Самавольная, супрацьпраўная дамова з Пятром ня менш ганебная за Таргавіцу. Яе падпісалі грамадзяне суверэннае дзяржавы, народжаныя і выхаваныя традыцыях свабоды, а не залежнасці. Людзі, якія ведалі Сабескага, дабраахвотна лезлі ў ярмо да цара, сілы якога толькі што знішчылі шведы.

Не шкадуючы падрабязнасцяў, я стараўся адлюстраваць ня толькі справы вялікай палітыкі, але й паводзіны тлумаў і нават асобаў. Малюнак вельмі выразны. П'яная згая ў Алькеніках можа лічыцца сымбалем пануючых у краі парадкаў. Магчыма, нацвяроза гэтыя людзі як прыватныя асобы паводзіліся нармальна. (Канфедэраты, што гуртаваліся два гады раней пад Гародняй, не рабавалі і не гвалтавалі.) У якасці грамадзянаў суверэннае краіны шляхта выявіла сябе зграяй забіякаў пад кіраўніцтвам нягоднікаў. Арганізм Рэчы Паспалітае паддаўся раскладу.

Пачатак XVII стагоддзя выглядаў досыць добра, мог бы звацца «Срэбным векам». Канец стагоддзя прыпячатаны Алькенікамі. Расклад адбыўся з жахліваю хуткасцю.

 

Нацыя?.. Раса?..

 

У 1962 годзе ў «Przegladzie kulturalnym» ішла доўгая дыскусія, распачатая маім артыкулам пра «польскую анархію». З прычыны дзіўнага непаразумення мне былі прыпісалі сцверджанне, быццам у Польшчы такой з'явы ніколі не было. Я ж напісаў чорным на белым наступнае: «...такім чынам, у Cярэднявеччы ўсё нармальна... з пэўным адхіленнем у бок мацнейшае, чым, напрыклад, у суседняй Нямеччыне, дысцыпліны - маральнай і палітычнай. Але ў XVII і асабліва ў XVIII стагоддзях - анархія, хаос, агульная бездапаможнасць. Каб не гуляць ў дэфініцыі, кладу націск на апошнюю фармулёўку, бо яна найлепей стасуецца да сітуацыі».

Дзіўная звычаі ўгняздзіліся ў нашай палітыцы: сціслых выказванняў недастаткова, нават калі рэч называць ейным імем. Патрэбны артыкул на шмат старонак, каб паўтараючы шматкроць тое самае, стаміць аўдыторыю.

Наяўнасць у нас анархіі ў пэўную гістарычную эпоху - гэткі ж відавочны факт, як наяўнасць пяску ў Вісле. Аднак некаторыя ўдзельнікі дыскусіі трактавалі анархію як асаблівы дар нябёсаў для польскае нацыі, залічыўшы яе ў рысы нацыянальнага характару. Гэткі падыход ня ёсць чымсьці новым. Некаторыя шляхцюкі-тэарэтыкі ў вольныя ад пільнавання сенакосаў і малатарні хвіліны бавіліся, запісваючы свае назіранні за парадкам рэчаў у свеце. Пан Бог, зазначалі яны, вызначыў розным нацыям адрозныя задачы. Ангельцам загадаў плаваць па моры, жыдам - купляць і прадаваць. Ад палякаў жа запатрабаваў, каб Яго «рэкрэявалі ды забаўлялі». Бо, высоўвалі яны свае аргументы, Створца мусіць добра цешыцца з нашых соймікаў, трыбуналаў... Гэткія погляды былі асабліва папулярныя ў XVІІІ стагоддзі. XVІ і XVІІ стагоддзі выдалі значна меней схільных да містычных тлумачэнняў, якія, відавочна, маюць цімала прыхільнікаў у стагоддзі XX.

Апошнім часам з'яўляліся розныя цікавыя меркаванні. Напрыклад: «Палякі ня ўмеюць карыстацца свабодай». Або фармулёўка вядомага пісьменніка: «Вялікая дзяржава, якая стала ахвяраю падзелаў у XVІІІ стагоддзі, і то з прычыны ня літоўскага, але польскага анархічнага інстынкту».

Трохі вышэй мы гаварылі пра Алькенікі, дзе ў жудасных праявах выявіла сябе літоўская, а не польская «калізія». Вядома, хто памкнуўся да Карла XІІ - супраць свайго манарха, - і хто біў чалом перад Пятром І. А вось інфармацыя з катэгорыі энцыклапедычных даведак: першым, хто сарваў сойм у Рэчы Паспалітай, быў Уладыслаў Сіціньскі, стольнік упіцкі і пасол троцкі. У Вялікім Княстве ён меў дваццаць восем паслядоўнікаў. Дваццаць чатыры пасла з украінных ваяводзтваў крычэлі «Veto!». З Вялікапольшчы і Мазовіі - дванаццаць. Гэта вынікі даследаванняў прафесара Ўладыслава Канапчыньскага. Ад сябе магу толькі дадаць, што Малапольшча, Вялікапольшча і Мазовія мелі вышэйшую шчыльнасць насельніцтва, і ў працэнтах параўнанне было б яшчэ больш яскравым.

Біскуп Бжастоўскі, сталы прыхільнік караля, паходзіў ад жыхароў Кароны. Можна з гэтага рабіць высновы на карысць Польшчы - але ня варта. Казімір Станіслаў Дамброўскі, які ў пасольскай палаце збіў быў біскупа, сваволіў, як мог, ня стаў на баку караля нават за пасаду віленскага падкаморага, душой і сэрцам служыў літоўскім «каралятам», таксама паходзіў з Кароны. Ягоная сям'я толькі ў XVІІ стагоддзі перасялілася з Мазовіі ў віленскі павет. Дамброўскі пачынаў кар'еру як сябра кароннае гусарскае харугвы, потым стаў паручнікам літоўскага знаку. Аўгуста ІІ, які - па меркаванні Канапчыньскага - краіну цалкам абясправіў, абвясціў каралём супраць волі большасці элекцыйнага поля куяўскі біскуп Станіслаў Домбскі, радавіты жыхар Кароны. Ён адважыўся зрабіць гэта, калі прымас ужо абвясціў быў абранне француза, князя Канці. Адбылося гэта ў чэрвені 1697 года, незадоўга перад Алькенікамі.

Агулам каронная шляхта на той час выяўляла хіба болей клопату пра дзяржаву, лепей разумела ейныя патрэбы. Не было ў Кароне такіх вычварэнняў, як грамадзянская вайна з асобным магнацкім родам, чыіх паводзінаў ніхто ня можа болей цярпець. Перавага арыстакратыі там ніколі не выяўлялася ў такой канцэнтраванай форме. Прычыны рознасці варта шукаць у рэальных акалічнасцях, а не ў містычных тэорыях нацыянальнага характару. Варагуючыя між сабою амаль роўныя па сіле магнацкія кланы і ў Кароне даваліся ў знакі сярэдняй і шарачковай шляхце. Але між імі існавала канкурэнцыя. Канкурэнцыя сатрапаў усё ж лепей чым адзін ачмурэлы ад усяўладдзя тыран. Зрэшты, такіх як Ляшчыньскія нельга назваць сатрапамі (нават калі пагаджацца, што Ганна Малеўская занадта для іх ласкавая). Паны на заходняй ускраіне насамрэч прасякліся культураю, і ўжо колькі пакаленняў. Сімпатыя Карла XІІ да Станіслава Ляшчыньскага падобная на прыцягненне паміж супрацьлеглымі зарадамі: прымітыў і вытанчанасць цягнуліся адно да аднаго. Дарэчы, выгнаны з Польшчы, Станіслаў пакінуў пра сябе добрую памяць у Латарыгіі.

Закранутая тэма вымушае вызначыцца па прынцыповым пытанні. Прашу чытача прабачыць мне асабістыя прызнанні, але хачу падкрэсліць, што пісаў ніжэйшыя радкі бяз радасці і насуперак сваім найглыбейшым сентыментам.

Ужо доўгі час мы звыкла ўжываем лягчэйшыя стандарты для ўсяго ў нашай гісторыі, што тычыцца Літвы. Звычай гэты пануе ад часу з'яўлення «Пана Тадэвуша» і яго трэба прызнаць найвялікшым дасягненнем паэты. Міцкевіч накінуў нам свой вобраз гісторыі, цалкам адрозны ад таго, што меў перад вачыма аўтар памяненай вышэй «Літоўскае Кронікі». Паўтару яшчэ раз ягоныя словы, бо яны важныя: «Уся амаль Польшча гаманіла, што дзеля калізіі літоўскае гіне». Кнігі, напісаныя звычайнымі, і нават таленавітымі, асобамі, тым больш сухія дакуманты, ня могуць спаборнічаць з геніям. «Літва, мая Айчына», - вось што фармавала погляды на ўсю мінуўшчыну. Ня зразумеўшы да канца праўды і глыбіні гэтых словаў, мы падпалі пад іхні эмацыйны ўплыў. Ня зразумеўшы, што пасля вуніі ў Вялікім Княстве Літоўскім пачалося стварэнне новае нацыі, што мелася жыць з польскаю нацыяй у сімбіёзе, мы не разумеем культурнае вагі і прыгажосці гэтае з'явы, памылкова дзелім рэчы на добрыя і нядобрыя. Зашмат паблажлівасці для Вільні, задужа асуджэння для Варшавы, і поўнае забыццё Пазнані і Лешна.

У 1697 годзе літоўская шляхта, свядома дзеючы супраць Сапегаў, запатрабавала «коэквацыі правоў» з Каронаю і дапяла свайго. Загадана было адкінуць дзяржаўны статус беларускае мовы і ўсе літоўскія дакуманты пісаць па-польску. Праз пяць год тая самая шляхта ў ролі палітычнага класу ад імя «Рэчы Паспалітае Літоўскае», заключыла дамову з Пятром, парушыўшы прынцыпы вуніі, не азіраючыся ані на Карону, ані на агульнага караля. Гэтыя факты сведчаць, як мала карысці ад спрашчэнняў. (Палітычную ацэнку дамовы 1702 года можна пакуль пакінуць у баку, гаворка толькі пра праявы пачуцця пэўнае адасобленасці ў тых жыхароў Вялікага Княства, што гавораць па-польску нават у паўсядзённым жыцці.) Вунія стварыла вельмі скаладаную сітуацыю, што ўтрымлівала шмат магчымасцяў развіцця, і якія змарнаваліся ў выніку бесперапынных войнаў. Шматнацыянальны народ, які, злучаны, як сіямскі блізнец, са сваім заходнім суседам, разам з ім будуе агульную шматнацыянальную дзяржаву! Эўрапейская культура ня стала б напэўна бяднейшай, калі б гэткі арганізм выжыў і ўзмацнеў. Наадварот, прыдбала б вельмі цікавы і карысны досвед.

Гаспадары літоўскіх земляў дамагаліся польскае мовы ў справаводстве, бо культурна ўжо паланізаваліся. Але ўжыванне мовы не шчэ азначае ідэнтыфікацыі сябе з краінай, скуль бярэцца гэтая мова, не пазбаўляе ад уласнага твару. У Вялікім Княстве Літоўскім вярхі грамадства карысталіся польскай мовай, просты люд гаварыў па-беларуску і па-жамойцку і абедзьве гэтыя мовы мусілі з часам узбіцца да літаратуры, палітыкі, адміністрацыі, стаць побач з «пануючай мовай», нароўні з ёю. Шматнацыянальную і шматмоўную нацыю і нават дзяржаўнасць сучасныя нацыяналістычныя ідэалогіі лічаць жудаснаю ерассю, і гэта ёсць прычынай, чаму XX стагоддзе не змагло і не пажадала працягваць традыцыі Вялікага Княства. Але ж гэта не перашкаджае мне лічыць тыя мёртвыя, нажаль, традыцыі цудоўнымі. Я ганаруся, што належу да нацыі, якая ўдзельнічала ў ранняй спробе пабудовы агульнае дзяржавы для некалькіх народаў.

Аб'ектывізм патрабуе прызнаць, што магнатэрыя наймацней развілася ў Вялікім Княстве, а не ў Кароне. Гаворачы гэта, я маю на ўвазе гістарычны чыннік, які моцна паспрыяў знішчэнню створаных вуніяй перспектываў, не асуджаючы вунію або нейкую з нацый, што лучацца назваю гістарычнае Літвы.

Адзін вядомы вучоны, прыхільнік нацыяналістычнага падыходу, пісаў быў перад вайной, што ў XVІІІ стагоддзі анархія ахапіла ўсе землі «польскае расы» (звярніце ўвагу, што я ўжываю тут двукоссе, якога сам аўтар ня ўжыў). Толькі нямецкая Курляндыя, што была леннікам Рэчы Паспалітае, не паддалася заразе. Дзіўная гэта раса. У ейным складзе Замойскія з Лэнчыцы, ліцьвіны-Радзівілы, рускага паходжання Сапегі ды Вішнявецкія, Чартарыскія гербу Літоўскае Пагоні, Канецпольскія з па-над Піліцы, Патоцкія з Кракаўскага ваяводзтва... Здабытую Янам ІІІ пад Венаю зялёную харугву Прарока перадаў Папу польскі прадстаўнік у Рыме біскуп Ян Казімір Дэнгофф. (Імя ад караля, ягонага хроснага бацькі. Раней род Дэнгафаў складаўся выключна з Гердаў, Магнусаў і асабліва Эрнэстаў). Прызначэнне яго кардыналам шляхта сустрэла без захаплення, бо лічылася, што палякі не павінны прымаць гэтае чужаземнае званне.

Ля калыскі польскае анархіі стаяла сям'я Мнішаў, якая зусім нядаўна перасялілася з Вялікіх Куньчыцаў, што ў Маравіі. У пачатку XVІ стагоддзя ўсю Літву збаламуціў князь Міхал Глінскі, татарын з роду самога хана Мамая. Апораю парадку быў тады прымас Ян Ласкі, ня толькі паляк, але нават велькапалянін.

Анархія апанавала зусім ня нейкую там расу. Ейнаю ахвяраю стала дзяржава, шматнацыянальная манархія. Гэты важны факт сведчыць, што пошук крыніцаў анархіі ў рысах нацыянальнага характару абсурдны. Трэба шукаць момант у гісторыі дзяржавы, калі яна збілася з курсу. Мусіла нешта адбыцца. Нешта, што зглуміла маральную і палітычную адказнасць, відавочную ў Польшчы XІV, XV і XVІ стагоддзяў.

У «Патопе» Генрык Сянкевіч уклаў у вусны Багуслава Радзівіла словы, што заселі ў народнай памяці: «Рэч Паспалітая - як кавалак чырвонае тканіны, за якую цягнуць, шведы, Хмяльніцкі, гіпербарэйцы, татары, электар - хто толькі можа. А мы з князем, ваяводай віленскім, вырашылі для сябе, што й нам з таго кавалку мусіць столькі застацца, каб хаця на плашч хапіла». Тут жа князь-канюшы патлумачыў суразмоўцу, чаму гэтак адбываецца: «Паслухай, пане Кміціц! Калі б мы, Радзівілы, жылі ў Гішпаніі, у Францыі, або ў Швецыі, дзе сын займае бацькоўскі трон, дзе каралеўскія правы ад Бога йдуць, тады... служылі б мы сумленна каралю ды Айчыне, задаволеныя найвышэйшымі пасадамі, што нам паводле роду нашага і маёнтку належаць».

Геніяльны пісьменнік быў у некаторых пытаннях найзвычайнейшым з палякаў. Гісторыю ўласнае краіны ведаў нашмат лепш чым іншых, і дзеля таго хварэў на манію лічыць выключна польскаю з'явай тое, што абдывалася паўсюдна. Возьмем для прыкладу фрагменты з «Гісторыі Францыі» Андрэ Маруа, дзе гаворыцца пра часы, на якія ў нас прыпадае канец панавання Жыгімонта Аўгуста, і якія вызначаюцца - у нас - спакоем і талерантнасцю.

У Францыі каралева, Кацярына Медычы, намагалася супакоіць падданых: «І каталікі, і пратэстанты лічылі грахом кожную праяву верацярпімасці. У Парыжы каталіцкія тлумы падпальвалі дамы іншаверцаў, а на поўдні раз'ятраныя гугеноты ішлі прыступам на касцёлы. Каталіцкая шляхта ў роспачы марыла пазбавіцца ад Кацярыны, яна ж, напужаная, спыталася ў адмірала Калін'і, якія сілы могуць выставіць гугеноты дзеля абароны манархіі. Гэта быў сігнал да грамадзянскае вайны. На справе, да вайны імкнуліся абедзьве партыі: адныя бачылі ў ёй аказію для помсты, іншыя - для рабунку».

У сакавіку 1562 году князь дэ Гіз у Вассі забіў дваццаць тры чалавекі, а трыццаць параніў. «Кандэ заклікаў гугенотаў да зброі. Гіз рушыў маршам на Парыж, дзе яго віталі крыкамі «Vіve Guіse!», бо на той час ўжо не крычэлі «Vive le roi!»... Пачаўся перыяд усеагульнага бязладдзя. Вайна ішла за вайною, каралеўства захлыналася ў крыві і полымі. Пачало неставаць хлеба. Кожны ствараў сваю банду. Гугеноты былі па-за законам у Парыжы, каталікі - у Нармандыі. На поўдні пустымі стаялі кафэдры і кляштары. Падзел прайшоў нават праз сем'і. Злачынствы апраўдвалі фанатызмам, бандытызм - вераю. Кожны хацеў кіравацца адно ўласным сумленнем, то бок фантазіяй. Гэткім чынам народ прызвычайваўся пагарджаць ўладаю. Партыя заступіла дзяржаву, помста - закон, цывілізацыя гінула».

23 снежня 1588 году адбылася «трагедыя ў Блуа». Генрых ІІІ, раней наш Генрых Валуа, загадаў пакараць смерцю князя дэ Гіз, галаву каталіцкае партыі. У забітага знайшлі ліст да гішпанскага караля Філіпа ІІ. Падтрыманне грамадзянскае вайны ў Францыі, пісаў дэ Гіз, будзе каштаваць Мадрыду семьcот тысяч ліўраў штомесяц.

З амбонаў пасыпаліся заклікі адпомсціць за злачынства (г.зн. знішчыць здрадніка, але ня здраду). Дамініканін Якуб Клемент спачатку даведаўся ў тэолагаў, ці забойства караля дзеля абароны веры ня ставіць пад пагрозу ягоную душу. Атрымаўшы запэўніванні адносна пасмяротнага лёсу ён 1 жніўня 1589 года забіў караля нажом. Княгіня дэ Манпесьё адразу ж закідала Парыж зялёнымі шарфікамі.

Генрых ІV супакоіў Францыю. 14 траўня 1610 года ён загінуў ад штылету Равільяка. Кароль ехаў у вазку па вуліцы дэ ля Фэранэры і чытаў ліст, калі забойца ўскочыў на прыступку. Лязо прабіла аорту. Хай сабе Равільяк лічыцца вар'ятам, які дзейнічаў з уласнае ініцыятывы, піша Маруа. Ёсць доказы, што ў той самы час рыхтаваліся іншыя спробы забойства любімага народам Генрыка. Прычына: кароль упарта адмаўляўся ўзяць бок адной з варагуючых партыяў.

Людовік XІІІ, несумненна найвялікшы рамеснік манаршае справы, быў на той час малалетні. Рэгенцтва дасталося маці, Кацярыне Медычы. Але паміж літарай закона і магчымасцю яго выканаць і ў Францыі стаяў вядомы чыннік: тамтэйшыя аматары чырвонага сукна.

Матар'ял пра гэтыя падзеі я пазычаю ў Жэрара Ўолтэра, аўтара прадмовы да кнігі Жоржа Мангрэд'е «La journee des Dupes». Кніга ёсць чатырнадцатым томам серыі пад назваю «Трыццаць дзён, што стварылі Францыю». Гэта трыццаць па-мастацку выкладзеных гістарычных даследаванняў. У цэнтры кожнага - канкрэтная дата. Першая кніжка мае назву «Хрышчэнне Хлодвіга, 25 снежня 496», апошняя - «Вызваленне Парыжа, 25 жніўня 1944». Можна толькі пазайздросціць народу, чые вучоныя так папулярызуюць веды пра мінуўшчыну.

Выяўляецца, што гісторыя Францыі мае асаблівую прыхільнасць да ліпеня: ён сустракаецца аж у васьмёх назвах. А ў красавіку ня здарылася нічога важнага за апошнія паўтары тысячы год. Усе іншыя месяцы ёсць у спісе. «Калі сёння праглядаеш дні, што стварылі Францыю,» - піша Жэрар Ўолтэр, - «дзівуешся, якую значную частку займаюць бунты і забойствы, - што паасобных людзей, што масавыя: бітвы, пажары ды іншыя катастрофы. Да драбніцаў пацвярджаецца думка, што лёсы народаў, гэтак жа як асобаў, ствараюцца ў цяжкіх выпрабаваннях, што выпадаюць на долю кожнага ў адпаведнай прапорцыі».

Смерці Генрыха ІV прысвечаны, натуральна ж, асобны, трынаццаты том, напісаны прафесарам Сарбоны Раланам Мёсьё. Дзеля таго, што наступная кніжка прывязана да даты, пазнейшай год на дваццаць, уступ, да якога мы ўжо звярталіся, сцісла піша пра тое, чым гэтыя гады вызначыліся.

Перш за ўсё - оргіяй хабарніцтва. Граф дэ Суасон гучна абураўся, што рэгенцтва абвесцілі падчас ягонае адсутнасці ў сталіцы, але адкінуў апазіцыйнасць, атрымаўшы штогадовы пенсіён у пяцьдзесят тысяч экю, двесце тысяч на выплату пазыкаў, пасаду губернатара Нармандыі ды іншыя прывабныя званні. Неверагодна багаты і ўшанаваны безліччу ганаровых тытулаў дваццацідвухгадовы князь Кандэ ня мог, вядомая справа, задаволіцца такімі сціплымі сумамі. Яму вызначылі двесце тысячаў штогод, столькі ж для набыцця нейкага палаца ў акрузе Сен-Жэрмэн, а ў дадатак графства Клермон. Сем магутных францускіх родаў: Кандэ, Эпернон, Майен, Гіз, Вандом, Бульён, Бэлегард - узялі тады з дзяржаўнае скарбніцы дзевяць мільёнаў ліўраў. Пасля Генрыха ІV засталіся вялізныя запасы золата. Сем мільёнаў захоўваліся былі ў Бастыліі. Праз тры гады там не засталося нічога.

Такім чынам Марыя Медычы купіла згоду верных падданых на рэгенцтва, якое было, і мусіла зрэшты быць, вельмі кароткім. У 1614 годзе Людовік XІІІ стаў паўналетнім, і каралеўская ўлада, што «ад Бога самога ідзе», тэарэтычна павінна была трапіць ў ягоныя трынаццацігадовыя рукі. Князі ды графы адразу ж пакінулі двор, сустрэліся ў Мезіер, агаласілі маніфэст, зганьбавалі хабарніцтва ды марнатраўства двара, і запатрабавалі склікання Генеральных Штатаў. Адмысловыя прадстаўнікі манарха мусілі з імі дамаўляцца. Кандэ атрымаў чатырыста пяцьдзесят тысяч ліўраў гатоўкаю, Майен - трыста, Лангевіль - сто... Прадстаўнікам Генеральных Штатаў патлумачылі, што скарбніца апусцела з прычыны серыі катаклізмаў і надзвычайных выдаткаў. Менавіта: пахавання Генрыха ІV, каранацыі Марыі, а потым Людовіка XІІІ, урачыстага ўезду рэгенткі ў Парыж, ну і вайны.

Чырвоная тканіна, або хутчэй барвовы аксаміт, бо гаворка ўсё ж пра Францыю. Трохі мацнейшая тканіна, трэба рэзаць і краіць, ірваць голымі рукамі ня варта.

Калі ўсё гэта адбывалася ў Францыі Багуслаў Радзівіл яшчэ не нарадзіўся. У Польшчы і Літве панаваў быў Жыкгімонт ІІІ «кароль у кожным цалі» і справы ў двуадзінай дзяржаве йшлі не найгоршым чынам. У панаванне ягонага сына Ўладыслава ў далёкай Францыі збунтаваўся Людовік дэ Бурбон, граф дэ Суасон, блізкі родзіч Людовіка XІІІ. Ён з'ехаў з Парыжа ў Седан. Пра тое, што было далей, распавядаецца ў дзённіках кардынала Рэтца.

Вось некаторыя ўрыўкі: «Дзеля таго, што ўзбуджэнне ахоплівала ўсё шырэйшыя колы, граф даручыў мне патаемна прыехаць у Седан. Я гаварыў з ім ноччу ў палацы... Пан дэ Бульён, які ўсімі спосабамі імкнуўся быў да грамадзянскае вайны, карыстаючыся выпадкам, усяляк падкрэсліваў магчымыя выгады і зручнасць становішча. Сен-Ібаль горача яго падтрымліваў, Варыкарвіль жа адчайна працівіўся абодвум... Я заставаўся ў Седане яшчэ два дні, і за гэты час граф пяць разоў мяняў быў свае намеры... Пан дэ Бульён схіліў яго ўрэшце да рашэння. Тады выклікалі дона Мігеля з Саламанкі, гішпанскага амбасадара. Мне даручылі гуртаваць прыхільнікаў у Парыжы. Я вяртаўся з Седану з такой колькасць лістоў, што яе хапіла б, каб высунуць абвінавачванне ў здрадзе супраць больш як дваццацёх асобаў... Мае карэспандэнты з Седану, Варыкарвіль і Бюрэгарэль, паведамлялі час ад часу, што граф захоўвае цвёрдасць намераў і не вагаецца ад моманту, калі рашыўся на выступленне. Помню адзін ліст. Варыкарвіль пісаў, што мы дарма пакрыўдзілі графа, палічыўшы слабавольным. Цяпер усё наадварот да тае ступені, што трэба яго стрымліваць, бо ён занадта падатны на ўплывы імператара і Гішпаніі. Ласкава прашу звярнуць увагу, што абодва гэтыя двары ўжывалі ўсе сродкі, пакуль ён вагаўся, а зараз сталі больш стрыманымі, бо ўпэўніліся, што ён выступіць».

Што імператарскі, што гішпанскі трон займалі былі на той час Габсбургі, а барацьба з «аўстрыйскім домам» была сталай і слушнай лініяй знешняе палітыкі Францыі. Бунт графа дэ Суасон адбыўся ў 1641 годзе. Варта пра гэта памятаць, калі мы хочам даць належную ацэнку (не апраўдаць, але правільна ацаніць) такія з'явы, як паводзіны Гераніма Радзяёўскага і польскіх магнатаў у 1655 годзе.

Нацыянальны герой Францыі Кандэ, над чыёй магілай прамаўляў Бассю, ад часу Фронды да пірэнейскага міру змагаўся супраць Францыі на баку караля Гішпаніі. Здраджваў Францыі дакладна ў той самы час, калі Багуслаў Радзівіл здраджваў Яну Казіміру. У Кандэ канфіскавалі маёнткі, але ніхто з французкае шляхты або арыстакратыі не паквапіўся на іх. Большасць высоканароджаных узялі бок здрадніка, насуперак прысуду законнага манарха.

Супастаўленні і параўнанні, якімі я тут займаюся, нехта можа палічыць прыцягнутымі за вушы. Дзе Рым, а дзе Крым? Што агульнага ў паводзінах шляхты двух надзвычай розных, геаграфічна аддаленых народаў? Скарыстаю ў сваю абарону вынікі даследаванняў Уладыслава Канапчыньскага, тым ахвотней, што рады буду падкрэсліць іхнюю вагу - хто ня чытаў працы гэтага гісторыка, той мала ведае пра наша XVІІ стагоддзе.

Гераніма Радзеёўскага польскі сойм прысудзіў да выгнання, але ня ўсе пагаджаліся прымаць адабраныя ў яго крулеўшчызны. Так зрабіў толькі ваевода ленчыцкі Ян Ляшчыньскі, і здраднік пазней папракаў яго: «Прыгадаю Пану, што ніводзін кавалер у Францыі ня ўчыніў бы такога: калі раздавалі былі маёнткі кандэушавы, ніхто іх браць не жадаў». У снежні 1655 года той самы Ян Ляшчыньскі суцяшаў сябе, што Польшча, дзе магнаты і большасць шляхты адышлі ад караля, не з'яўляецца ў Эўропе выключэннем, прыгадваючы, што ў апошнія чатыры гады гэткія ж рэчы здараліся ў Францыі, «дзе д'юк дю Турэн супраць свайго караля ваяваў; стараліся з ім памірыцца, а не маёнткі сканфіскаваць, так што зараз ён першы гетман; тое самае і з Кандэушам».

Нашыя вяльможы выдатна ведалі эўрапейскія прыклады, умелі спаслацца не абы на якія прэцэдэнты. У польскай публіцыстыцы нават яшчэ больш ранніх часоў лёгка знайсці выказванні прызнання пра Францыю - краіну, што ва ўсім (акрамя тэрыторыі) перавышае Рэч Паспалітую. Асаблівую пашану выклікалі старажытнасць дынастыі ды ейныя правы...

Калі мы чытаем пра чырвоную тканіну, князь Багуслаў здаецца нам нейкім вырадкам. Ніякі ён ня вырадак, а звычайны магнат XVІІ стагоддзя. Радзівіл ня горшы ад сваіх сучасннікаў - арыстакратаў Францыі, Нямеччыны або іншых краёў. А калі браць пад увагу ўзровень культуры, то смела можна казаць, нават лепшы.

Людовік XІІІ мусіў хаця б фармальна выканаць абяцанне, дадзенае паўстанцам з Мезіер. 23 лютага 1615 года ў Парыжы сабраліся Генеральныя Штаты. Прадстаўнікі народа доўга чакалі ля дзвярэй, пакуль дзве тысячы прыдворных зоймуць лепшыя месцы ў вялікай зале Пале-Бурбон, бо па словах сведкі, паўстаў такі шум, што ня было чуваць прамоўцаў.

Першым да трона наблізіўся біскуп Люкон, што меў выступ ад імя духавенства. Гэта быў Арман ду Плесі дэ Рышэлье, далёкі на той час ад будучае бязмежнае ўлады. Выканаўшы зграбны рэверанс, які сімвалізаваў укленчанне, ён прамовіў на ўласцівым сабе ўзроўні. Адразу за ім выступала сапраўдная нікчэмнасць, прадстаўнік шляхты барон дэ Сэнесе. Жэст манарха загадзя звольніў яго ад патрэбы нават сімуляваць згінанне каленяў. Затое прадстаўнік трэцяга саслоўя, Рабэр Мірон, мусіў стаяць так усе тры гадзіны. Цямнела, ў зале запалілі свечкі, у тлуме прыдворных нудзіліся, размаўлялі або пазяхалі, а стары чалавек стаяў укленчыўшы ды голасна чытаў скаргі мяшчанаў і простага люду. Назаўтра дэлегаты трэцяга саслоўя сустрэліся перад зачыненымі дзвярыма кляштару, дзе раней ладзілі былі нарады. Кароль забараніў ім усялякія сходы. Непаслухмяным пагражала пакаранне як за абразу каралеўскае годнасці.

Так прайшлі апошнія Генеральныя Штаты перад Вялікай Рэвалюцыяй. Скаргі, якія чытаў Рабэр Мірон, былі на дзіва падобныя да тых, з якімі праз сто семдзесят чатыры гады трэцяе саслоўе збіралася ў Парыжы, ня прадчуваючы яшчэ, што яму наканавана захапіць Бастылію і знішчыць стары рэжым.

Грамадскі лад Францыі якасна не адрозніваўся ад польскага. Там і тут непадзельна дамінавалі духавенства ды шляхта. Французкая падатковая сістэма ўвогуле была жудасная, ня проста несправядлівая, але ў найвышэйшай ступені амаральная. Нават сярод плебеяў адны не плацілі нічога, купіўшы прывілей, іншых падаткі проста заганялі ў галечу. Адны правінцыі мелі досыць прыстойныя ўмовы, іншыя плацілі падаткі звычайныя, надзвычайныя ды супернадзвычайныя. Падаткаабкладанню падлягалі толькі землі мяшчанаў і сялянства, шляхецкія былі вольныя - нават калі іх набыў чалавек просты. І наадварот - з набытай панам сялянскай зямлі падаткі трэба было плаціць.

Багдан Бараноўскі піша ў нарысах звычаяў XVІІ і XVІІІ стагоддзяў: «У польскім войску гэтага перыяду вельмі сваеасабліва разумелі дысцыпліну. Вайсковыя ўлады глядзелі скрозь пальцы на бяспраўе і гвалт цывільнага насельніцтва». Жэрар Ўолтэр піша пра камандзераў рэгулярнага французкага войска: «Яны не асмельваліся перашкаджаць сваім падначаленым. Дзейнічала ціхае пагадненне: жаўнеры пагаджаліся слухацца афіцэраў падчас бою, пры ўмове свабоды дзеянняў да і пасля яго... Дастаткова было пагалоскі пра набліжэнне каралеўскага палка, каб у гарадох будавалі барыкады, узбройвалася гарадская міліцыя. Найчасцей толькі аргумент зброі мог схіліць жаўнераў абысці гарадскія брамы. Гэтак было нават тады, калі краінаю жалезнай рукою кіраваў кардынал Рышэлье: вялікага палітыка ня надта клапаціла нядоля простых грамадзянаў.

Французкія правінцыі плацілі падаткі на карысць раскватараванага ў іх войска. Грошы, аднак, ішлі ў Парыж, а той звычайна прызначаў і выдаткоўваў іх на іншыя патрэбы. У выніку каралеўскае войска мусіла ўтрымліваць сябе згаданым вышэй, вельмі далёкім ад законапаслухмянасці, чынам.

Складаецца ўражанне, што прычынаў польскае анархіі і катастрофы не знайсці ў адным толькі грамадскім ладзе краіны. Гэты лад, паўтару яшчэ раз, якасна не адрозніваўся ад эўрапейскае нормы. Гэтак жа нельга вытлумачыць усё слабасцю нутраных сувязяў у дзяржаве. Зараз гавораць, што Польшча насамрэч была ня дзяржаваю, але згуртаваннем суседзяў. Перад вайною гаварылі, таксама слушна і падобна на папярэдняе, што Рэч Паспалітая Абедзьвюх Нацый была на справе рэччу паспалітай суверэнных фальваркаў (а дакладней - суверэнных магнацкіх доменаў).

Паслухайце: «Каралеўства, што складаецца з краёў каронных, элекцыйных, правінцыйнага падпарадкавання, мяшанага падпарадкавання, каралеўства, дзе правінцыі чужыя адна адной, дзе шматлікія нутраныя перашкоды дзеляць між сабою падданых аднаго манарха, дзе адныя рэгіёны вольныя ад цяжару, ускладзенага на іншыя, дзе найзаможнейшы клас плоціць падаткаў менш за ўсіх, дзе прывілеі нішчаць усякую раўнавагу, дзе немагчымыя агульныя падыходы або агульная думка, - гэткае каралеўства недасканалае, перапоўненае злоўжываннямі ды ўвогуле такое, што добра кіраваць ім немагчыма».

Гэта быў урывак з мемарыялу, пададзенага Людовіку XVІ міністрам Калонам у жніўні 1786 года. У нас тады справы ішлі да Вялікага Сойма ды бяскроўнае рэформы, немагчымае ў Францыі, бо тут яна сустракалася з надта вострым супрацівам прывілеяваных.

Я браў прыклады з гісторыі Францыі, каріны, якая ў XVІІ стагоддзі перажыла сапраўдны залаты век ды была лідэрам Эўропы. Мне хацелася як найлепей абгрунатваць тэзіс, што прыхільнікі анархіі былі паўсюль. З гэтае прычыны пошук крыніцаў нейкае анархіі або самадысцыпліны ў рысах нацыянальнага характару ёсць чыстым абсурдам.

Пытанні, што нас цікавяць, можна выкласці надзвычай проста. Чаму гісторыя Польшчы разышлася з гісторыяй Эўропы? Чаму чыннікі, што існавалі ў пэўную эпоху паўсюль на кантыненце, гэтак у нас разбуялі? Дзе згубіліся тармазы?

 

Факты, што адбыліся

 

І ў нас можна напісаць цыкл пра пераломныя моманты ў жыцці дзяржавы і народа, толькі назву трэба будзе ўзяць іншую, напрыклад: «Дні, што стварылі і знішчылі Польшчу». Прапаную сваю кандыдатуру для напісання тома пад назваю «Смерць апошняга Ягелона. 7 ліпеня 1572». Кніга, натуральна, увойдзе ў жалобную частку серыі, бо гэта аповяд пра фатальны дзень.

7 ліпеня 1572 года не было бітвы, разні, пажару. Ніякага пафасу, але дзеяліся нягодныя рэчы. Ніякіх злачынстваў, хіба некалькі брыдкіх рабункаў. Ня здарылася таксама нічога нечаканага: памёр цяжка хворы чалавек, чыёй смерці спаздяваліся і сустрэлі з пачуццём палёгі. «Добра, што гэта ўрэшце скончылася», - пісаў шляхціц да шляхціца. Публічна выказваліся больш асцярожна, але сэнс быў такі самы.

Нягледзячы на сумныя абставіны смерці караля ягоная сястра Ганна Ягелонка карысталася агульнай павагай. У ёй бычылі прадстаўніцу дынастыі, што дзвесце гадоў кіравала краінаю. Пазней шляхта пакікала на трон Жыгімонта ІІІ, па жаночай лініі Ягелона, а падчас двух наступных элекцыяў абірала ягоных сыноў. Цяжкія ўражанні 1572 году не закруцілі ў галовах ды хутка былі забытыя: краіна выразна імкнулася да стабільнасці.

Смерць Жыгімонта Аўгуста ня выклікала імгненнае катастрофы. Наадварот, у хуткім часе плошча краіны зноў наблізілася была да фантастычнае лічбы ў мільён квадратых кіламетраў! Ранейшыя ваенныя трыюмфы Тарноўскага, Астрожскага, Камянецкага былі толькі прадвесцем подзьвігаў, якімі вызначыліся Стэфан І, Хадкевіч, Жалкеўскі, Канецпольскі, Ян Казімір ды Ян ІІІ, ня кажучы ўжо пра такіх, як Хмялецкі ці Чарнецкі. На пераломе XVІ і XVІІ стагоддзяў польскі дукат быў наймацнейшаю грашоваю адзінкай Эўропы, ды й з мастацкага гледзішча ўяўляў сапраўдны шэдэўр. У краіне былі тры акадэміі (чацвёртая, у Львове, паўстала ўжо ў нешчаслівы час, што само па сабе пра нешта гаворыць). Глухія правінцыялы пачалі жыць заможна. Уплыў польскае культуры сягнуў на ўсход, як ніколі дагэтуль. На Ўкраіне праваслаўныя біскупы з мэтаю абароны веры ў змаганні з царкоўнай вуніяй звярталіся да польскае мовы. Карысталіся моваю ляхаў! Разсаднікам гэтай культуры была тая самая казацкая старшызна, што супраць ляхаў бунтавала. Дарэчы, яна мела папярэдніка ў асобе Радзівіла Сіроткі, які збіраў подпісы ліцьвінаў пад заклікамі да скасавання Люблінскае вуніі, ды напісаў па-польску цікавую кніжку пра падарожжа ў Святую Зямлю.

Доўгі час пасля смерці апошняга Ягелона наша дзяржава вырашала некаторыя ваенныя задачы неверагодна энергічна. Арганізм поўніўся сілаў, але цэнтральны орган ахапіў параліч, і ён страціў здольнасць планаваць і накідваць сваю волю. Ня быў больш тормазам, ня мог захоўваць далей хаця нейкую раўнавагу ў грамадстве.

Гэтым органам была, натуральна, дзяржаўная ўлада, галоўны ейны асяродак - каралеўскі двор. 7 ліпеня 1572 году стварыліся абставіны, якія прывабілі вірус. Ёсць, між іншым у прыродазнаўчых навуках тэорыя, што ў пэўных умовах арганізм сам утварае хваробатворчыя чыннікі. Ня варта тут высвятляць, ці яна слушная. Нават калі такога не бывае ў прыродзе, гэта выдатна стасуецца да гісторыі. Дынастыя Ягелонаў згасла ў такіх абставінах, што нішто не магло ўратаваць асяродак дзяржаўнае ўлады ад крызісу. Памёр кароль, памазанец Божы, адзіны носьбіт і выканаўца неад'емных і неабходных фунцый кіравання.

Ён памёр, пакінуўшы пасля сябе палітычны вакуум: ня прызначыў ані наступніка, ані часовага выканаўцы абавязкаў, ані механізму іхняга прызначэння, пакінуўшы ўсё на волю лёсу. Незвычайна далікатныя і цяжкія справы, над гарманізацыяй якіх працуюць пакаленнямі і стагоддзямі, мусілі вырашацца адначасова і хутка. Каму ж кароль пакінуў такую спадчыну? Шляхецкай супольнасці, якая ня ведала такіх прэцэдэнтаў, бо ніхто ў цэлым свеце паспешліва такіх спраў не разблытваў. Уладальнікам гербаў, пасвараным між сабою, і ў дадатак такім чынам, што тыя, хто меў добрую палітычную праграму (хаця й згуртаваныя ды асвечаныя), апынуліся ў час безкаралеўя ў палітычна слабейшай партыі. Духоўная і свецкая магнатэрыя пераважала над імі маёнткамі, уплывамі, ваеннай сілай, а што тычыцца біскупаў, - то й арганізацыйна. Правадырамі сярэдняе ды дробнае шляхты, якая жадала рэформаў, былі дэпутаты соойму. Але ж Вінцэнт Закшэўскі ўжо быў выклаў сто год раней, што калі кароль памёр, дык і сойму няма. Сойм - гэта кароль, сенат і палата дэпутатаў разам. Манарха няма, а гэта ж ён склікае cеcіі. Без ягонае згоды ніводная пастанова не магла стаць законам. Манарха няма, і з'яўляецца сумненне, ці канвакацыйны ды элекцыйны з'езды з'яўляюцца на самай справе соймамі, ці могуць яны прымаць пастановы. Пуста, ніякіх падказак.

У залатым веку Жыгімонтаў надзённымі праблемамі нутраное палітыкі былі экзекуцыя маёнткаў, то бок адабранне ў магнатаў бяспраўна прыўлашчанай імі дзяржаўнае маёмасці ды рэалізацыя вуніі з Літвою. І пра адно, і пра другое каронны сойм гаварыў дзесяцігоддзямі. І адно, і другое было выканана ў шэсць год, калі кароль нарэшце ўзяў бок дэпутатаў. Жыгімонт Аўгуст пачаў вайну за Інфлянты не спытаўшы думкі ані сенату, ані палаты, і не парушыў гэтым закон. Паўнамоцтвы польскага манарха гэта дазвалялі, былі яшчэ шырокія і цалкам сапраўдныя. У сярэдзіне XVІ стагоддзя дзяржава даспела да змены пануючай канфесіі, то бок да прыняцця нейкае формы рэфармацыі. Сойм ухваліў быў прынцыпы, што вялі - у выпадку іхняга ажыццяўлення - да стварэння сваеасаблівае нацыянальнае царквы. Біскупы болей дбалі пра захаванне сваіх прывілеяў, чымсьці пра лаяльнасць да Рыму. Не хапіла аднаго - рашэння караля. Жыгімонт Аўгуст ня збіраўся пакідаць каталіцтва, і ягоная воля стала вызначальнай.

Трэба было пра гэта сказаць, каб нагадаць, кім быў у Польшчы «залатога веку» кароль ды якую ўладу апошні Ягелон пакінуў самапас наэлекцыйным полі, пра якое невядома было, дзе мусіць быць і чым ды кім кіравацца. Соймы, а дакладней дэпутацкія палаты, пачалі распрацоўваць праекты элекцыі яшчэ калі Жыгімонт Аўгуст меў трыццыць чатыры гады, за чатырнадцаць зім да ягонае смерці, але іх не пачулі. Самастойна, без сенату і караля, яны нічога вырашыць не маглі.

Мы вельмі любім спрашчаць, і гаворачы пра гісторыю іншы раз карыстаемся спрашчэннямі, якія з часам набываюць рысы абстрактнага панятку. Мы гаворым, напрыклад, што ў 1572 годзе Польшча мусіла распрацаваць спосаб выбірання ўлады. Слова «Польшча» ў гэтым выпадку будзе нават не абстракцыяй, але фікцыяй, нельга заступіць і яго назоўнікамі «шляхта» або «феадалы».

Тагачасная Рэч Паспалітая - гэта два асноўныя палітычныя суб'екты і адзін менш важкі: Карона, Вялікае Княства і Прусы каралеўскія. Кароная шляхта жадае гаварыць ад імя ўсіх «палякаў», Літва і прускія правінцыі адразу ж пратэстуюць. Першыя крытыкуюць прынятую ў Кароне пастанову, паводле якое - гаворыцца афіцыйна - «пакінуты і занядбаны народ наш ды ўсё Вялікае Княства Літоўскае». Другія рашуча нагадваюць пра аўтаномісцкія прывілеі «рады зямель прускіх». Спрэчаліся ня толькі па фармулёўках: у істотных пытаннях кожная правінцыя мела сваю адрозную думку. Толькі Карона жадала хутка вырашыць праблему interregnum, бо не магла абысціся без манарха. Ейнаму разгалінаванаму складанаму механізму быў вельмі неабходны злучнік. У Літве ж і ў Прусах магнаты захапілі ўсю ўладу. У Вялікім Княстве ўтварыўся нават урад de facto. Ён складаўся, як сведчыць сучаснік, Святаслаў Ажэльскі, з двух Радзівілаў і аднаго Хадкевіча. Шляхту літоўскія ды прускія вяльможы застрашылі. Жыхары Кароны мусілі адмовіцца ад сваіх намераў. Іхняю зброяю стала нястрымная дэмагогія.

Найпрасцейшыя арыфметычныя дзеянні вельмі дапамагаюць разумець гісторыю, асабліва складанне і адніманне. Крызіс дзяржаўнага ладу распачаўся ў ліпені 1572 году. Люблінская вунія, якая вызначыла будову Рэчы Паспалітае, мела на той час тры гады. Падпісаная ў ліпені (зноў ліпень!) 1569 года, вунія ня страціла яшчэ нават малочных зубоў. Лёгка сёння выстаўляць адзнакі з перспектывы стагоддзяў, нашмат цяжэй зразумець становішча тых людзей, што не паспелі яшчэ прыладзіцца да аднае велізарнае перамены, калі здарылася іншая. Гісторыя ставіла пакаленню незвычайныя задачы, стварючы практычна непераадольныя перашкоды.

Вось прыклад, дакладней пачатак, цяжкасцяў у момант іхняга фармавання. У Рэчы Паспалітай існавала тады рэлігійная талеранцыя да ўсіх канфесій. 10 кастрычніка 1574 году (пасля ўцёкаў Генрыха Валуа, то бок ў час крызісу, што распачаўся смерцю Жыгімонта Аўгуста) кракаўскія студэнты і месцічы разбурылі пратэстанцкі збор у Кракаве, забілі двух чалавек, скралі каштоўнасці. У Польшчы гэта быў першы такі выпадак. Адміністрацыя і судовыя ўлады адрэагавалі вельмі жорстка. У следстве ўжываліся катаванні, было пяць смяротных прысудаў. Краіна бараніла свае законы - сродкамі сваёй эпохі. 5 снежня гэтага ж году кардынал Станіслаў Нозій, сапраўдны правадыр польскіх біскупаў, пачаў дасылаць з Рыму лісты Генрыху, які быў на той час у Парыжы, вяльможам Кароны ды іншым. У лістах ён пратэставаў супраць любога пакарання і дамагаўся ўзнагароды: «Тое, што не асмеліліся зрабіць кароль ані біскуп, зрабілі студэнты Кракаўскае Акадэміі, вартыя векавечнае памяці, чыю славу ўся Царква будзе славіць».

Партыя рэформ імкнулася аднавіць дзяржаўны механізм, а ўжо распачыналася атака на папярэднія здабыткі. Жыгімонта Аўгуста з цяжкасцю змусілі даць згоду на частковую экзекуцыю маёнткаў. Цяпер Генрых Валуа падчас свайго кароткага знаходжання ў Польшчы паспеў раздаць магнатам шэраг дзяржаўных уладанняў. У гэтых умовах шляхта здолела рэфармаваць судовую справу. Ейнае пачуццё дзяржаўнасці вартае хутчэй павагі, а не асуджэння. Урэшце рэшт, Стэфан Баторы быў выбраннікам шляхты, і абвясціў яго каралём нават ня прымас, а Мікалай Сяніцкі, пратэстант, пазней арыянін, стары лідар вальных соймаў каронных у час Жыгімонта Аўгуста.

Баторый перамог толькі ў другім туры. У першым ён разам з Янам ІІІ шведскім быў сярод другарадных кандыдатаў. Увагу большасці тады прыцягвалі трое, нават чацвёра, не абы якіх людзей. Эрнест Габсбург, брат караля Францыі Генрых дэ Валуа і Іван ІV Жахлівы ды ягоны сын Фёдар. Немца падтрымлівала перш за ўсё магнатэрыя. Літоўскія паны ішлі за ім шчыльнымі радамі. Польская шляхта не жадала яго «аж да жыватоў нашых». Ад думкі пра ягонае абранне жахаліся гаспадары з Русі, якую ад турэцкае імперыі аддзялялі толькі Карпаты (нагадаю, што кракаўскі Барбакан з'явіўся «дзякуючы» страху перад войскам падышаха, якое пасля няўдалае выправы Яна Ольбрахта дайшло было да Санока). Габсбург на польскім троне мог распачаць вайну з султанам. Эрнесту ані ў якім выпадку нельга было пакінуць тую свабоду знешнепалітычных дзеянняў, якую меў Жыгімонт Аўгуст. Апроч таго, было вядома, што ў краінах, дзе кіруюць Габсбургі, добра жывецца арыстакратыі, але ня звыклай шляхце, што краіны тыя няўхільна дэградуюць, трацяць індывідуальнасць, што валадаранне нямецкае дынастыі шырока адчыніць дзьверы ўсяму нямецкаму.

Івана або Фёдара хацела бачыць каралём перадусім шляхта чыста польскіх земляў: менш Малапольшча, болей Вялікапольшча і Мазовія. Кандыдатура Жахлівага была папулярная, ды з часам набывала болей сілы. Дынастычнага збліжэння з Масвою ўпарта дамагаўся Ян Замойскі. Пасля ўцёкаў Генрыха Валуа ўжо й літоўскае рыцарства пачало прыхільней глядзець на ўсход. Затое магнаты Вялікага Княства чуць не жадалі пра Івана, бо занадта добра ведалі, як цар абыходзіцца са сваімі вяльможамі. Для яе не былі сенсацыяй гісторыі, прывезеныя польскімі пасламі з Масквы, калі ў 1570 годзе заключылі там мір. Падчас урачыстага сходу Іван загадаў аднаму са сваіх князёў стаць на карачкі, «агаліць зад» ды ў гэткім выглядзе і позе абскакаць вакол усіх сабраных. Князь, мусіць, рады быў, што ўсё скончылася прыніжэннем, а ня калом, або разагрэтым пожагам. Пра ўсё гэта ў Літве добра ведалі. Таму тамтэйшыя вяльможы, што яшчэ пры жыцці Жыгімонта Аўгуста патаемна дамовіліся з нунцыем, што запросяць на трон Габсбурга, не азіраючыся за Буг, (Іван не пачуў бы сябе пакрыўджаным, бо немец па зразумелых прычынах схільны быў бы да тэрытарыяльных саступак на ўсходзе.) са страхам і гневам глядзелі на стасункі Крамля з жыхарамі Кароны. Калі царскі пасланнік ехаў у Польшчу, вялікі маршалак літоўскі раіў віленскаму ваяводзе атруціць яго ды абвясціць, што пасланнік перапіўся да смерці, бо маскоўскі дыпламат пагарджаў кілішкам, але ня квартаю.

Іван Жахлівы - ад імя свайго і сынава - выклаў умовы, немагчымыя нават для абмерквання, асабіста знішчыўшы ўсе перспектывы на, як мінімум, доўгачасовы мір. Нічога іншага ён ня мог зрабіць. Цар умеў толькі дыктаваць сваю волю ды ламаць супраціў сілаю. Гэтага мала, каб дасягнуць паразумення з тым, хто сам мае маральную або фізічную моц. Польшча на той час мела і тое, і другое, у чым Іван у хуткім часе - пры Стэфане І - змог пераканацца.

Варта задумацца над даверам, які каронная шляхта мела да сваёй культуры, бо рыхтавалася паўтарэнне таго, што ўжо раз прайшло ўдала з... Ягайлам. Агітацыйны вершык, які разам з мноствам іншых агітак хадзіў тады па краіне, казаў выразна: «Быў бы Фёдар як Ягайла, добра бы нам была...» Трывала вера, што атмасфера свабоды і закону зменіць новага валадара так, як калісьці змяніла суровы род Альгердавічаў.

Цяжка аднак сабе ўявіць, што Івана запрасілі б на Вавель ня паставіўшы яму ніякіх умоваў, гаворачы: «Не саромся, калі ласка, сякі галовы, здзірай скуру». Асоба Жахлівага схіляла да тых жа высноваў, што й кандыдатура Габсбурга: трэба было забяспечыць захаванне існуючых законаў, засцерагчы краіну перад самавольствам электа. У тагачаснай публіцыстыцы пра гэта гаварылася бяз лішніх цырымоній.

Да ідэнтычных высноваў вяла кандыдатура француза. Жыгімонт Аўгуст памёр 7 ліпеня. 28 жніўня ў Парыжы здарылася ноч св. Баўтарамея. На трон Польшчы, краіны з гарантаванай законам верацярпімасцю, клікалі чалавека, які з ног да галавы быў у крыві францускіх пратэстантаў. «Sі non іurabіs, non regnabіs!» («Не падпішаш, не запануеш!») Генрык чуў гэтыя словы двойчы. 10 верасня 1573 года ў Нотр-Дам, калі яго рашуча прыціснулі польскія свецкія паслы, асабліва ж - Ян Збароўскі, і 21 лютага 1574 году на Вавелі, калі маршалак Ян Фірлей паклаў далонь на карону. Гэта значыла, што ён ня дасць яе крануць, пакуль кандыдат на караля не прысягне шанаваць свабоду ўсіх канфесій. Створаная год раней варшаўская канфедэрацыя пастанавіла: «з прычынаў рознае веры ды рознасці ў касцёлах крыві не праліваць», не караць нікога канфіскацыямі маёнткаў, вязніцаю, анафемай, выгнаннем «і ніякай уладзе ці ўраду ў такіх справах ніякім чынам не дапамагаць».

Генрых стаў каралём, і ўся ягоная справа вучыць, што можа значыць у гісторыі пагарджанае часам слова «асоба». Генрых ведаў пра Польшчу столькі ж колькі яна пра яго. Францускі пасол, біскуп Валенсіі Ян дэ Мантлюк, нагаварыў шляхце падчас элекцыі неверагодных рэчаў. Ён абяцаў залатыя горы, выставіў гомасэксуаліста ўзорам цноты, вінаватага ў разні гугенотаў - астояй талерантнасці. І яму паверылі, што дрэнна сведчыць пра Палякаў. Той жа Мантлюк гэтак жа ашукаў Генрыха. Ён запэўніваў, што няма на свеце больш здольнага народа, чым польскі. Пражыўшы некалькі месяцаў у чужой краіне паляк выдатна авалодвае іншаземнаю мовай! Што ж тычыцца вытрымкі... няма і не было пад сонцам мужоў роўных ляхіцкаму рыцарству.

Тыповыя паводзіны дыпламата, які прагне асабістага поспеху і per fas et nefas выконвае даручаную яму справу. Калі б нехта загадзя сур'ёзна цікавіўся асобаю Генрыха, можа, ня было б нечаканасці з ягонымі ўцёкамі ў хуткім часе пасля выбараў. Мала было сэнсу ў пакліканні на польскі сталец адзінага спадкаемцы нямоглага караля Францыі Людовіка ІX, сухотніка і садыста. Хуткае вызваленне парыскага трону можна было лёгка прадбачыць - калі загадзя выведваць, правяраць, вывучаць. Найважнейшыя справы даводзілася Рэчы Паспалітае рабіць паспешліва. Да таго ж усё гэта мела характар падарожжа ў невядомае, не было ніякага досведу. Элекцыі Ягелонаў адбываліся фармальна: сын браў скіпетр пасля бацькі, малодшы братпасля старэйшага.

Тэма, зразумела, намі ня вычарпаная: я назваў толькі некаторыя з лавіны здарэнняў, што зваліліся на Рэч Паспалітую ў 1572 годзе. Я не закранаў, напрыклад, праблему парадку ў краіне. Адсутнасць караля ўплывала на яго, зразумела, адмоўным чынам. Каго слухацца? Хто павінен быць заступнікам караля, інтэррэксам: прымас Уханьскі або вялікі маршалак каронны Ян Фірлей, пратэстант? Я ня ўзгадваў пра выкананне прысудаў: тысячы спраў марнаваліся, бо два апошнія Ягелоны з дзіўнаю бесклапотнасць занядбоўвалі судовую справу. А замежная палітыка, пагроза войнаў? На думку сучаснікаў, «новая сітуацыя напужала Польшчу». Шляхта з уласнае волі сядала на коней, перакананая, што цяпер на ўсіх межах пачнуцца клапаты. Кандыдатуру Івана Жахлівага высунулі, між іншым, дзеля таго, каб схіліць яго да выканання мірнага пагаднення.

Гісторыя - цяжкая галіна ведаў: нічога не зразумець бяз ведання канкрэтыкі. Трэба памятаць пра тысячы з'яваў і падзеяў, бо толькі іх супольным дзеяннем ды ўзаемаўздзеяннем тлумачыцца канчатковы вынік. Паколькі веданне ўсіх чыннікаў немагчымае, дакладнасць гістарычных ведаў заўсёды адносная, у кожным выпадку далёкая ад паўнаты і дакладнасці.

Захапленне спрашчэннямі штурхае да пошукаў формулы, якая тлумачыла б усё. Часам гэта завецца вызначэннем законаў гісторыі або грамадскага развіцця, а на справе мае выгляд паспешлівых катэгарычных ацэнак, заляцанняў з сацыялогіяй або такога прымітыўнага смяхоцця, як тлумачэнне ўсяго спасылкамі на рысы нацыянальнага характару. Зрэдку сустракаецца тое, што вельмі нагадвае магію: вучоны гісторык сцвярджае, напрыклад, што ў канкрэтную эпоху сусветнае (або эўрапейскае) гісторыі мела месца пэўная тэндэнцыя, і яго больш не хвалюе, хто, калі і як зрабіў, што ў гэтай краіне рэалізавалася менавіта такая тэндэнцыя, а не супрацьлеглая, - што таксама магло б здарыцца. (Сказаць, што супрацоўніцтва Ягайлы, Вітаўта і Скіргайлы прывяло да сапраўднага аб'яднання Літвы - ганебны персаналізм. Замоўчваць мэтанакіраваную дзейнасць гэтых палітыкаў спасылкамі на «тэндэнцыю» - слушны спосаб дзеяння.)

У XV і XVІ стагоддзях у Польшчы несумненна існавала і нават перамагала тэндэнцыя да галасавання ў сойме большасцю. Не ўхвалілі толькі адпаведнага закону. Вынікі нам вядомыя. Тэндэнцыя сама не перамагае, людзі павінны ёй дапамагчы - або перашкодзіць.

Лёсы людскіх супольнасцяў залежаць ад фактаў, створаных людзьмі. (Мы жывем, няма сумневу, на Зямлі. Але ад часу апошняга ледавіка ў прыродзе ня здарылася нічога такога, што б вызначыла хаду гісторыі.) Пра паварот кола гісторыі назад можна гаварыць, але ніхто яшчэ гэтага не зрабіў. Створаныя факты ня можа змяніць ніякая сіла - малавядомы ў свеце, хоць і трагічны, лёс Польшчы дае дзеля ілюстрацыі шмат дадзеных. Масавыя з'явы, дзеянні безіменных масаў - рэчы, вартыя павагі, але мы выдатна ведаем, што рашэнні вузкіх колаў, нават адзінак, маючых уладу, могуць зглуміць усё, што створана агульнымі намаганямі. На думку прафесіяналаў прырода паводзіць сябе так, быццам дбае толькі пра захаванне як мага большае колькасці відаў, нядоля адзінак яе не хвалюе. Калі гэта так, то гісторыя стокроць больш жорсткая за прыроду. Яна марнуе створанае ўсім грамадствам і губіць гэтае грамадства. Той, хто жадае глядзець толькі на дасягненні, што нейкім чынам замацаваліся, мае перад вачыма выгляд логікі і сэнсу. Але законы гісторыі пачынаюць выглядаць сумніўна, калі зірнуць з боку руінаў, таго, што прапала, знікла з бясспрэчнаю шкодаю для ўсіх. Мець такое гледзішча, што праўда, цяжка, бо рэшткі заносіць пяском, і мы нічога пра іх ня ведаем. Але польскаму пісьменніку, закаханаму ў Рэч Паспалітую Абедзьвюх Нацый, такі падыход да твару.

Трэба адважыцца і зрабіць рызыкоўную справу - распавесці пра дзіўныя капрызы лёсу, пра ірацыянальны чыннік шанцавання ў гісторыі.

У лютым 1517 году ў Балоньі Францішак І заключыў з папам канкардат. Абодва бакі атрымалі нешта карыснае. Кароль Францыі фактычна набыў права распараджацца царкоўнымі пасадамі і маёнткамі ў сваёй краіне, бо ён вылучаў кандыдтатаў на біскупскія ды іншыя пасады, а папа зацвярджаў іх фармальна, ex post. За кожнае прызначэнне належала манарху аддзячыць: французкая скарбніца займела невычарпальную крыніцу прыбыткаў. 31 кастычніка таго ж 1517 году Лютар агаласіў у Нюрэнбергу свае тэзісы пра індульгенцыі, пачалася рэфармацыя. Лёс загадзя даў Францыі ўказальнік: у сябе каралі трымаліся каталіцызму, ў знешняй палітыцы супрацоўнічалі з пратэстантамі. Падчас падпісання канкардату ў Балоньі ніхто ня мог прадбачыць, якую ролю ў хуткім часе будуць мець ягоныя клаўзулы.

Станіслаў Мацкевіч прыгожа параўнаў гісторыю з ракою, што мусіць цячы ў абраным накірунку. Падзеі, на ягоную думку, часам маюць выдатнае значэнне, але ня здольныя змяніць рэчышча. Параўнанне здаецца мне няўдалым, бо рака гісторыі нікуды не цячэ. Менавіта падзеі дзяўбуць ёй рэчышча - часам змяняючы кірунак плыні на супрацьлеглы.

Большасць нашых сённяшніх гісторыкаў хоча вывучаць з'явы, што паўтараюцца, каб на гэтым фундаманце будаваць навуковыя абагульненні. Гэта можа прывесці да разумення заканамернасцяў развіцця, растлумачыць сучаснасць праз мінулае.

Я не ствару перашкодаў гэткім намерам, прызнаўшыся, што мяне найбольш цікавяць непаўторныя з'явы, што мяне здзіўляе няўвага да такіх з'яў сёння, калі ўвесь свет дрыжыць перад непаразуменнем або выпадковасцю, што можа справакаваць ядзерную атаку ды знішчыць цывілізацыю. Я ня веру, што змагу калі-небудзь растлумачыць сучаснасць праз мінулае, але ведаю, што ніхто ня можа аспрэчыць маё права глядзець на гісторыю вачыма чалавека XX стагоддзя.

Сумняваюся таксама, ці змогуць нейкія заканамернасці растлумачыць прычыны ўпадку Польшчы. Абсалютна ўнікальная з'ява, ніякіх аналагаў у гісторыі. Ніколі дзяржава з такім патэнцыялам і магчымасцямі не банкрутавала падобным чынам. Не абмяжоўваючыся гісторыяй Польшчы, зірнем на мінулае ўсяго славянства. У першай палове XІІІ стагоддзя набегі татараў радыкальна змянілі ягоны кшталт. Амаль уся ранейшая структура ўсходняе славяншчыны і ўся ейная раўнавага перасталі існаваць. Тое, што пазней сфармавалася было нанова, было зусім адрозным ад старога, зусім нядрэннага ладу.

Толькі ня трэба спасылацца на англа-саксонскую гістарыяграфію, або нейкую іншую, што здавён займаецца болей гісторыяй эканомікі, а не дзяржавы. Усе мы дыхаем паветрам, але цікавімся ім, толькі калі яго не хапае. Наш досьвед, можна сцвярджаць смела, таксама мае сваю вагу. Дзякуючы яму мы ня дзівімся характэрнай эвалюцыі поглядаў амерыканца Ч.А.Бэрда, піянера «новае гісторыі». Пасля дзвюх сусветных войнаў у поглядах гісторыка адбыліся змены: «Эканамічныя сілы ня страцілі свае вагі, але ўзрасла роля палітычных і вайсковых чыннікаў, роля лідараў і генералаў». XX стагоддзе пераконвае нават тых, хто раней слаба адчуў гэта на ўласнай скуры.

Я сцвярджаю, што заўсёды, нават у XІX стагоддзі, тыя, хто меў уладу, адыгрывалі значную ролю, ствараючы факты, якія вызначалі лёсы пакаленняў. Ад часу, калі Бісмарк абвясціў у Вэрсалі пра стварэнне імперыі, немагчыма было вярнуцца да часоў, калі прадстаўніком змагароў за аб'яднанне Нямеччыны лічыўся ліберальны парламент у Франкфурце над Майнам. Уся Эўропа мусіла з гэтым лічыцца і дапасоўваць да такога стану спраў свае дзеянні. Я разумею, што гэтыя разважанні падобныя да пакутлівага пацвярджэння таго, што 2x2=4, але шматлікія дыскусіі пераканалі мяне ў неабходнасці гэтакіх разважанняў.

Ліпень 1572 году распачаў двухгадовы перыяд, з якога выйшаў створаны факт вялізарнае вагі для Рэчы Паспалітае - і ня толькі для яе. Краіна захавала ранейшы гаспадарчы і грамадскі лад, але выйшла з хаосу з новай, вельмі дрэннай канстытуцыяй. Генрых І і Стэфан І насілі тую самую карону, што й Жыгімонт Аўгуст, сядзелі на тым жа троне, але ня мелі нават паловы ўлады, якую меў ён. Калі б яны або іхнія наступнікі насмеліліся парушыць законы, што абмяжоўвалі каралеўскую ўладу, падданыя маглі зусім адмовіць паслушэнства - легальна, ня парушаючы прысягі.

Дыскусія ў «Пшэглёндзе культуральным», пра якую я ўжо згадваў, выявіла дзіўную рэч. Распачынаючы яе я зрабіў моцны націск на праблему канстытуцыі, генрыхавых артыкулаў. Гэта нікога не зацікавіла. Удзельнікі пісалі пра ідэалогію, сацыялогію, структуру дзяржавы, эканоміку ды іншыя справы. Прававы аспект быў адсунуты нават ня ў цень, а ў небыццё. Пра існаванне права нібыта забыліся. Нельга ўсё ж ставіцца да канстытуцыі, што мае абавязковую моц, як да таго, што нібы ёсць, але насамрэч не існуе. Нельга лічыць, што ня мае значэння, якія законы напісаны ды зацверджаны, што важныя толькі людзі, якія іх выконваюць. Так нельга, бо закон (і беззаконне) выхоўвае людзей.

Уладны асяродак, абсалютна неабходны для нармальнага развіцця грамадства, быў у нас пашкоджаны і саслаб агэтулькі, што амаль перастаў існаваць як рэальная сіла. З гэтае прычыны наша гісторыя разышлася з гісторыяй Эўропы. Паўсюль хапала чыннікаў анархіі. У нас не знайшлося для іх перашкоды, дзеля чаго ад паловы XVІІІ стагоддзя, калі ваенны патоп спустошыў ды варварызаваў краіну, яны жахліва разбуялі. Як завецца ў нас момант выйсця з доўгага крызісу? Канстытуцыя трэцяга траўня. Асяродак улады вяртаўся да жыцця дзякуючы новаму заканадаўству. Вядома, гэтаму папярэднічаў «пераварот у розумах XVІІІ стагоддзя» ды доўгі перыяд аднаўленчае працы. Але добрыя тэндэнцыі мусілі знайсці кульмінацыю ў добрым асноўным законе. Гэта было неабходнай ўмовай разбурэння старога струхлелага парадку, адчыняла шлях далейшым рэформам. Тыя, хто раней - нашмат раней! - разумелі шкоднасць генрыхавых артыкулаў, заўсёды заклікалі да «карэктуры права». Гэты заклік чуўся ўжо ў XVІІ стагоддзі. Здаецца, палякі ў тыя часы ставіліся да законаў нашмат сур'ёзней, чым мае сучаснікі. Працытую словы Пятра Скаргі: «Дрэнны закон горшы за дрэннага тырана, моц якога са смерццю заўсёды спыняецца, а дрэнны закон вечна тыраніць людзей, бязлітасна сціскаючы кожнага».

Аляксандар Бахеньскі выдаў цікавую кніжку «Нянавісць і каханне Ларошфуко». Аўтар, добра вядомы суровымі ацэнкамі нашае гісторыі, палымяны выкрывальнік уласцівай палякам палітычнае дурноты ды іхняе прыхільнасці да анархіі, гэтак характарызуе Францыю ў пачатку XVІІ стагоддзя: «Моц феадалаў, здавалася, ахоплівала ўсю краіну. Яны сядзелі ў гарадах, дзе былі губернатарамі, або ў замках, якія вельмі цяжка здабыць. Калі кароль ішоў на вайну, шляхта тлумна і весела збягалася да яго, каб узяць разам з ім удзел у бітвах ды спаборнічаць між сабою ў гераізме. Але шляхта лічыла Францыю федэрацыяй незалежных княстваў, кожнае з якіх мае права хаўрусаваць з іншымі дзяржавамі і адмаўляць паслушэнства манарху. Пакуль магнацкае саслоўе ня зразумела (яно ніколі гэтага ня зразумела - П.Я.), што мае абавязкі перад каронаю, перад цэнтральным урадам, і перш за ўсё - абавязак дысцыпліны і вернасці, - датуль ані пра якую знешнюю або нутраную палітыку дзяржавы не магло быць мовы». Зноў выяўляецца, што Польшча ня была манапалістам: пра гэта кажа галоўны абвінаваўца!

У пэўныя перыяды манаршая ўлада ў Францыі неверагодна слабла, але там ніколі ня ўхвалілі закону, што рабіў бы незаконнымі высілкі караля выправіць справы. У Польшчы пасля адхілення генрыхавых артыкулаў законна дзейнічаў той, хто працівіўся працягу сэймавае сэсіі даўжэй за шасцітыднёвы тэрмін. Каралю заставаліся шляхі або незаконныя, або неверагодна цяжкія, бо як пераканаць прывілеяваных, каб яны з ласкі сваёй адмовіліся ад часткі сваіх прывілеяў? На гэткі цуд Польшча мусіла чакаць аж да Вялікага сойму і Канстытуцыі 3 траўня, што ўяўляе сабою фенамен глыбокае рэформы, ажыццёўленае разумнейшаю часткаю прывілеяваных бяз крыві і гвалту, але... шляхам дзяржаўнага перавароту.

І ў нашай гісторыі лёгка знайсці прыклады таго, якую вагу мае канстытуцыйны закон у прававой дзяржаве.(Толькі пра такія зараз гаворым, не кранаючы тыранію, дзе воля тырана - ўсё, а закон калі й пісаны, то для прыліку.)

У 1875 годзе прыхільнікі рэспублікі ў парламенце Францыі пераважылі большасцю ў адзін голас. І нягледзячы на гэткі сціплы пачатак Le République існуе пасёння. Можна, зразумела, тлумачыць, што рэспубліка перемагла б пазней, нават калі б вынік таго галасавання быў іншы. Тлумачыць можна, але калі б яна перамагла пазней, то змянілася б гісторыя ўсёй Эўропы. Бісмарк не сядзеў бы склаўшы рукі, а цар Аляксандр ІІІ не пайшоў бы лёгка на хаўрус з краінаю, што зноў скінула караля.

Не разумею, як можна разважаць пра гісторыю Польшчы, не звяртаючы ўвагі на тое, што генрыхавы артыкулы, легітымная канстытуцыя, зрабілі з польскага манарха ляльку. Галеча нас знішчыла? Няспеласць гаспадаркі? Густаў Адальф фінансаваў удзел Швецыі ў трыццацігадовай вайне польскімі грашыма. Выціскаў мыта з нашага марскога гандлю. Урад Рэчы Паспалітае меў дзе браць грошы, але ня меў магчымасці дзейнічаць.

Генрыхавы артыкулы былі складзеныя падчас першае вольнае элекцыі, зацверджаныя падчас другое, пасля ўцёкаў Валуа, калі хаос стаў асабліва небяспечны і трэба было любымі сродкамі ўсталяваць нейкі парадак. Па думцы большасці стваральнікаў артыкулы былі ўступам да рэформы. Яны мусілі абараніць краіну перад злоўжываннямі іншаземца на троне ды схіліць яго да супрацоўніцтва з соймам. Далейшаму развіццю рэформаў перашкодзіў іхні смяротны вораг - магнатэрыя, для якой артыкулы сталіся надзейнаю зброяй.

Шляхта не дала рады квадратуры кола: дрэнна развязала праблему канстытуцыі. Але гэта не народ згубіў сваю дзяржаўную ўладу - яна сама сябе змарнавала, ўпарта дзеючы супраць большасці грамадства.

 

Вялікія і малыя

 

Я прысвяціў шмат увагі дзяржаўнаму крызісу, выкліканаму падвойным на працягу трох год безкаралеўем. Цяпер, услед за Артурам Сьлівіньскім, прапаную вымоўнае сведчанне Андрэя Любянецкага пра настроі, што панавалі ў Польшчы крыху раней: «Колькі год перад сконам караля, дзе толькі з'ехаліся некалькі асобаў духоўных або свецкіх, ці то сенатараў, ці простае шляхты, ці нават купцоў - ніколі ня было такога, каб абмінулі ў размове блізкі іnterregnum - са страхам вялікім і непакоем».

Момант змены варты пры ўладзе - заўсёды крызіс. Але катаклізм такога масштабу ня быў Польшчы наканаваны. Грамадства ведала, што дынастыя згасае і старалася сваечасова забяспечыць сваю будучыню. Каб пазбегнуць крызісу, трэба было дамовіцца з пасольскай палатай сойму, што прадстаўляла большасць шляхты, і была нешматлікаю, бо складалася з нейкіх васьмідзесяці чалавек, пераважна дасведчаных палітыкаў, якія добра ўсведамлялі свае мэты, у пераважнай большасці - пратэстантаў, г.зн. людзей, схільных да рацыянальнага, неідэалагічнага светапогляду, уважлівых да пытанняў самастойнасці краіны.

Мушу спаслацца на высновы Вінцэнта Закшэўскага, сумленнага і безстаронняга даследчыка. Ён так піша пра час прыходу да ўлады апошняга Ягелона: «Выглядала, што Жыгімонт Аўгуст стане тым каралём, які падхопіць ідэю рэформы ды, падтрыманы ўсім народам, годна яе рэалізуе, усталюе нутраны лад і парадак, магутную збудуе дзяржаву, ды, стварыўшы для сябе й наступнікаў моцны пасад і ўладу, несмяротнаю імя сваё пакрые славай».

Знакаміты гісторык ня зусім дакладна выказаўся пра «ўвесь народ»: іх было ў Рэчы Паспалітай тры - літоўскі, польскі ды рускі (па алфавіту, каб нікога не пакрыўдзіць). Магнатэрыя кожнае з нацый нават чуць не жадала пра рэформу, ад якое магла толькі страціць. Рашучай прыхільніцай мадэрнізацыі была каронная, або польская, шляхта, якая знаходзілася пад уплывам дзьвюх вялікіх ідэяў эпохі - рэнесансу і рэфармацыі. Заходнія ўплывы выдатна паспрыялі росту таго, што здаўна праклёўвалася на надвіслянскай глебе: XV стагоддзе спарадзіла разумны і смелы трактат Яна Астрарога, XVІ - выдатны твор Андрэя Фрыча Маджэўскага. Праца ваяводы з Пазнані магла ўплываць толькі на палякаў, твор войта з Вальбажа атрымаў прызнанне Эўропы. Розніца тут толькі ў масштабе, але ня ў кірунку.

Вінцэнт Закшэўскі так падсумаваў караляванне апошняга Ягелона: «Незваротна мінулася хвіліна, калі бяз неадольных цяжкасцяў можна было ў Польшчы забяспечыць неабходныя ўмовы трывалага існавання дзяржавы; змарнаваўся амаль бясплённа магутны рух, якім жыла большасць польскага грамадства. Адрынуты былі натуральныя падставы стварэння моцнае каралеўскае ўлады, што былі ўжо ў наяўнасці, пачаліся пошукі новых падставаў - і ўся амаль віна за гэта ляжыць на Жыгімонце Аўгусце, шматкроць пераважваючы добрае, што зроблена было ў ягоны час і пры ягоным чынным удзеле... Трэба прызнаць, што Жыгімонт Аўгуст ня даў рады праблеме, што паўстала перад чалавекам, які займаў на той час польскі трон, і гэта ягоная цяжкая палітычная віна». Факт, які адбыўся, не заўсёды ёсць дзеяннем, часамі гэта ягоная адсутнасць.

Я аднак не абмежаваўся б пералічэннем грахоў самога Жыгімонта Аўгуста. Развіццю Польшчы перашкодзіла арыстакратычная дактрына ўлады, якой кіраваліся абодва апошнія Ягелоны. Рэфарматарскі рух сярод шляхты ўзнік ў пачатку XVІ стагоддзя і праіснаваў доўга: ягонае рэха выразна адчуваецца яшчэ ў XVІІ стагоддзі, у рокашы Зэбжыдоўскага. Запісаны каралям папярэднім гаспадаром Кнышын, дзе памёр Жыгімонт Аўгуст, трапіў да іх толькі таму, што падляская шляхта зброяю змусіла Радзівілаў выканаць тастамант. Падзея надзвычай сімвалічная, бо кароль да скону застаўся хаўруснікам ня шляхты, а Радзівілаў. Блізкім сябрам Жыгімонта Старога быў ня лідар сярэдняе шляхты прымас Ласкі, адзін з найвыдатнейшых палітыкаў Польшчы ўсіх часоў. Фаварытам быў Кшыштаф Шыдлавецкі, магнат і платны агент Габсбургаў, які браў ад імператара грошы і прасіў падарыць жывога індзейца. Амерыка была тады моднаю, а Шыдлавецкі цікаўным, культурным чалавекам.

Дзесяцігоддзямі цягнуўся канфлікт паміж цэнтральнаю ўладаю і прадстаўніком лепшае часткі грамадства, вальным каронным соймам, які імкнуўся надаць гэтай уладзе моц не на паперы, а ў сапраўднасці. Пры гэтым сойм ніколі не парушае закон! Усё адбываецца ў спрыяльнай знешнепалітычнай сітуацыі, калі адзіны сапраўды страшны вораг - турэцкі султан - нічога акрамя міру з Польшчаю ня шукае. Гэткую палітыку нельга праводзіць беспакарана, хтосьці абавязкова за такое заплаціць. У дадзеным выпадку расплаціліся пакаленні, якім давялося жыць пасля 1648 году, калі міжнароднае становішча карэнна змянілася, расплацілася польская дзяржава, усё грамадства.

У абодвух Жыгімонтаў быў свабодны выбар. Папярэднікі - Аляксандар, Ян Ольбрахт, Казімір Ягелоньчык - пакінулі ім выпрацаваную традыцыю супрацоўніцтва трону з шараговаю шляхтаю, якую гісторыкі здаўна лічаць польскім «трэцім саслоўем». Гэтае супрацоўніцтва прынесла дабрадзейны вынік: ужо ў канцы XV стагоддзя паслы з'яжджаліся на сойм упаўнаважанымі галасаваць паводле ўласнага меркавання, не абмежаваныя інструкцыямі соймікаў, і вырашалі большасцю галасоў. Гэтую цудоўную ягелонаўскую традыцыю два апошнія Ягелоны адкінулі, што нельга патлумачыць бяз уліку іхніх асабістых палітычных канцэпцый. Яны свядома абралі арыстакратычную мадэль кіравання, хаўрус з найвышэйшымі слаямі, пагарду да тых, хто ў палаце сядзіць бліжэй да дзвярэй. Ніякае наканаванасці - Жыгімонты мелі свабоду выбару, асабліва малодшы: рэфарматары чакалі яго з працягнутымі рукамі.

У дзяржаве Габсбургаў ды іншых краінах арыстакраты таксама пачуваліся добра. Алігархія ня ўсіх прывяла да катастрофы і нялёгка выявіць тут нейкую заканамернасць. Мы маем справу з непаўторнай з'явай, і трэба яе асэнсаваць. Бяз гэтага пакручастыя сцежкі гісторыі, у якой такія рэчы сустракаюцца часта, не зразумець.

На той час лёс паставіў перад Рэччу Паспалітай канкрэтныя задачы ды вызначыў тэрміны іхняга развязання. Можна назваць дату, да якое павінна была адбыцца рэформа, каб перад дзяржаваю не паўсталі вялікія, амаль што непераадольныя цяжкасці: 1569 год, дзень Люблінскае вуніі. Ня быў удасканалены дзяржаўны лад, не былі падрыхтаваныя лепшыя інструменты кіравання, пакуль Карона была тэрытарыяльна невялікаю і ня мела занадта вялікае разнастайнасці ў будове грамадства. Карона, з кожнага боку больш развітая правінцыя, стварала нормы для ўсяе дзяржавы, мадэль дзяржаўнага ладу. Люблінскі акт прылучыў да яе Падляшша, Валынь, карацей, усю Ўкраіну, якая была «даўжэйшая і шырэйшая за Вялікую ды Малую Польшчу», як слушна зазначыў у 1594 годзе ксёнз Юзаф Вэрэшыньскі, каталіцкі біскуп Кіева.

У Вялікапольшчы найзаможнейшымі панамі былі Гуркі, у Малапольшчы - Тарноўскія. Пасля ўсіх авансаў і ягелонскіх дараванняў яны мелі значныя маёнткі: да сотні вёсак. На галаву вышэй былі вяльможы духоўныя: біскупы, здаралася, мелі дзесятак гарадоў ды дзве сотні вёсак. Кляштары мелі значную маёмасць. У Кароне, што разам з Падляшшам займала сто пяцьдзесят тысяч квадратных кіламетраў, не хапала месца для большых латыфундый. У выніку пан Гурка і пан Тарноўскі мусілі лічыцца з думкаю паноў-браці ніжэйшых рангаў, якія сукупна перавышалі магнатаў.

Князь Ян Астрожскі жыў на пераломе XVІ і XVІІ стагоддзяў. Ён атрымаў на Валыні ў спадчыну каля сотні гарадоў і замкаў ды больш за тысячу вёсак, а ў іншых украінскіх землях - шэсць найбольшых ды найбагацейшых старостваў. Пастановы соймаў аддавалі ў уласнасць магнатаў незагаспадараныя землі Ўкраіны ў тысячы квадратных кіламетраў, часам дараванні мелі абшар у некалькі паветаў. Пустыя землі хутка пераставалі быць пустымі. 1569 год ліквідаваў мяжу паміж Украінай і шчыльна заселенай Каронай, спынілася дзеянне артыкулаў Літоўскага Статута, што перашкаджалі перасяленню туды жыхароў Кароны (Закон! Закон!), і чалавечая паводка абрынулася на Ўкраіну. Па сведчаннях сучаснікаў у Польшчы бязлюдзелі цэлыя рэгіёны. Каронны плебс - месцічы, сяляне, дробная шляхта перасяляліся на Ўкраіну, рабіліся часткаю ейнага народу, уліваліся ў ейны арганізм.

У 1590 годзе з'явілася соймавая пастанова «Парадак з боку ніжоўцаў і Ўкраіны», якая афіцыйна ўвяла гэтую назву ў палітычную тэрміналогію. Ад таго часу каланізацыя набыла нечуваны размах: можна яе ў пэўнай ступені параўнаць з вядомым у гісторыі Злучаных Штатаў апанаваннем велізарных абшараў Поўдня і Дзікага Захаду.

«Віхор эканамічнага развіцця» дзьмуў у магнацкія ветразі. Ў 1630 годзе Вішнявецкія мелі ў кіеўскім ваяводстве шэсцьдзесят з лішкам сялянскіх гаспадарак, а праз пятнадцаць год - трыдцаць сем тысячаў. Двесце трыдцаць тысячаў падданых, якія нават не падлягалі каралеўскаму суду, бо Жыгімонт Стары адмовіўся быў у 1518 годзе ад дзяржаўнае юрысдыкцыі над сялянамі з прыватных маёнткаў. У такіх умовах абмежаванне ўлады магнатаў стала практычна немагчымым.

Міхал Бабжыньскі пасунуўся аж да сцвярджэння, што калі быў намер падпісаць такую вунію, як у Любліне, то лепш бы зусім ніякае не падпісваць. Я не падзяляю ягонага гледзішча: у ліпені 1569 года, на момант падпісання акту вуніі, дзяржаўная ўлада была яшчэ моцная. Створаная Люблінскаю вуніяй праблематыка вымагала ейнага ўзмацнення, як адзінага чынніка, здольнага падтрымаць хаця нейкую раўнавагу, і - ў кожным выпадку - здольнага захоўваць існуючы лад. Дакладна праз тры гады пасля вуніі ўлада апынулася на ласцы лёсу і стала чыста тэарэтычнаю. Гэта не вынікла з нейкага наканавання. Людзі маглі гэтаму запабегчы: тры гады немалы кавалак часу. Удасканаліць механізм ўлады можна было шчэ за дваццаць год да Люблінскае вуніі: Жыгімонт Аўгуст заняў пасад у 1548 годзе. Падтрымку дэпутатаў ён атрымаў бы - калі б меў такое жаданне.

У 1519 годзе з прычыны спрэчкі Альбрэхта Гаштальда з Мікалаем Радзівілам літоўскія войскі не сабраліся ў Крэве, ня было скліканае паспалітае рушэнне, і маскоўская армія апынулася ў дзвюх мілях ад Вільні. Польскія і літоўскія магнаты змоўнічалі і з маскоўскім царом, і з імператарам, злачынна-наўмысна правакавалі султана. Хапала павучальных прыкладаў. Вядома было пра небяспеку магнацкіх інтрыгаў - нават калі яны яшчэ ня прыдбалі неабсяжных маёнткаў на Ўкраіне.

Распаўсюджаны погляд, што прылучэнне гэтае краіны да Кароны стварыла для польскае шляхты велізарны шанц, які яна напоўніцу, бяз усякага сораму, выкарыстала. Што да бессаромнасці - гэта праўда, але дзеля таго, што без канкрэтыкі няма гісторыі прыгледзімся бліжэй да трох пакаленняў князёў Астрожскіх.

Дзед Канстанцін (1460-1530). Вялікі гетман літоўскі, што называў Вільню сваёю сталіцай, пахаваны ў Пячэрскай лаўры. Пераможца пад Оршай ды ў шматлікіх іншых бітвах. Шчыры праваслаўны.

Бацька Канстанцін Васіль (1520-1608). Стараста ўладзімірскі, валынскі земскі маршалак, кіеўскі ваевода. Вораг берасцейскае вуніі, галоўная апора праваслаўя ў Рэчы Паспалітай.

Сын Януш (1554-1620). Ваевода валынскі, стараста белацэркаўскі, чаркаскі, уладзімірскі, канеўскі, пераяслаўскі, багуслаўскі, пасля 1593 году кракаўскі кашталян. Першы ў родзе каталік.

Такім чынам, ў канцы XVІ стагоддзя найвышэйшым свецкім урадоўцам Рэчы Паспалітае стаў русін, украінец (кракаўскі кашталян займаў у сенаце першае месца пасля біскупаў). Нацыянальнага паходжання Януша не перамяніла ані ягоная маці, Сафія з роду Тарноўскіх, ані пераход у каталіцтва.

1593 год прынёс Астрожскаму ня толькі пасаду, але й ваенную перамогу: 2 лютага ён разам з Аляксандрам Вішнявецкім перамог пад Пёнткам на Валыні бунтаўнікоў-казакаў, якімі камандаваў мазавецкі шляхціц Кшыштаф Касіньскі, чыстакроўны паляк. Першае ўкраінскае паўстанне, якім кіраваў «лях», стлумілі два магнаты-ўкраінцы. Вішнявецкія на той час не паспелі нават стацца каталікамі.

Найбагацейшым земляўладальнікам у брацлаўскім ваяводстве быў паляк, выдатны вайсковец, гетман Станіслаў Канецпольскі. Ён памёр за год да паўстання Хмяльніцкага. Пад Махноўкаю і Канстантынавам разам з Ерэміяй Вішнявецкім біўся з Хмяльніцкім кіеўскі ваявода Януш Тышкевіч: Тышкевічы - гэта не Карона, а Літва.

Каронны плебс стаўся часткаю ўкраінскага народа, садзейнічаў дэмаграфічнаму выбуху. Шчыльней заселеная, незвычайна багатая Ўкраіна сталася сферай актыўнасці магнатэрыі ўсіх трох народаў Рэчы Паспалітае - польскага, літоўскага і рускага. Гэта праўда, і яе добра ўсведамляў Багдан Хмяльніцкі, калі ў 1649 годзе гаварыў: «Ляхам і Літве няма да нас справы - да войска запароскага і да Белай Русі... Мы ў іхнім падначаленні ды няволі жыць не жадаем». Да Ляхаў адносіў, натуральна, усю паланізаваную і каталіцкую частку ўкраінскае шляхты. Супраць праваслаўнай шляхты Хмяльніцкі не выказваўся - сам быў шляхецкага роду.

У гэтым разважанні я імкнуўся разлічыцца з нацыяналістычнымі стэрэатыпамі, якіх аднолькава трымаюцца і шчырыя прыхільнікі, і тэарэтычныя праціўнікі. Першыя ўсю шляхту Рэчы Паспалітае бяз хітрыкаў завуць палякамі, другія іншымі словамі робяць тое самае. У жыцці ўсё было больш складана.

Януш Астрожскі ня меў роўных сабе па багаццю, у ягоную скарбніцу трапляла болей, чым у дзяржаўную. Запазычанасць па падатках сягала астранамічнае сумы, але ён не плаціў, бо ўрад ня меў сродкаў прымусіць яго - і ня мог мець у ўмовах ладу, акрэсленага генрыхавымі артыкуламі.

Пакінем найвышэйшы ўзровень, каб агледзець трохі ніжэйшыя. Вось стары сакратар Жыгімонта Аўгуста, Ян Тамаш Драгаёўскі гербу Корчак, чый жыццяпіс выдаў у «Польскім біяграфічным слоўніку» Казімеж Лепшы. (Неацэннае выданне гэты слоўнік! Тысячы дакладных зондаў у целе гісторыі, падзеі, паказаныя праз лёсы канкрэтных жывых людзей, часцей з ліку тых, каго ня ўзгадваюць у падручніках. Канкрэтныя факты - незаменны крытэрый усіх абагульненняў і тэорый - імі поўняцца старонкі «Слоўніка».)

7 ліпеня 1572 года Ян Драгаёўскі паводзіўся выдатна. Ён ня прыўлашчыў нічога са скарбаў нябошчыка, і стараўся ўратаваць спадчыну для сястры караля Анны Ягелонкі. Пазней шчыра служыў наступным манархам. Разам са Стэфанам І быў пад Гданьскам, Вяліжам, Вялікімі Лукамі. Пры Жыгімонце ІІІ вадзіў свае харугвы да Малдавіі і Валахіі, бараніў мяжу ад татараў. Быў паслом у Францыі, Турцыі ды Інфлянтах, дзе паспяхова выконваў складаныя даручэнні. Удзельнічаў у захопе Самуэля Збароўскага і ягоным пакаранні. Быў на баку Яна Замойскага. Пільнаваў паланёнага князя Максымільяна. Яму даручылі потым ветлівы нагляд за імператарскім паслом, каб чаго не нарабіў. Узорны грамадзянін - толькі зняць капялюш і схіліцца да зямлі!

Драгаёўскі збіў неблагі маёнтак. І хай быў той набытак нічым у параўнанні з багаццем Радзівілаў, але дазволяў яму, напрыклад, весці збройную барацьбу з Аляксандрам Астрожскім. У пачатку XVІІ стагоддзя спрэчка з уладаром Леска Станіславам Стадніцкім ператварылася ў невялікую грамадзянскую вайну. Не далі плёну заклікі таго ж Жыгімонта ІІІ, якому ў знешніх справах Драгаёўскі служыў аддана, не дапамог біскупскі праклён за тое, што падчас бітвы ў самым Пшэмыслі гарматным агнём быў пашкоджаны кафэдральны касцёл. Вінаваты адрабіў епітым'ю і праклён быў зняты.

Улетку 1605 года прыватнае войска Драгаёўскага зрабіла табар паміж Гліннам і Угерцамі, прыблізна ў тым месцы, дзе зараз знаходзяцца вялікія гідратэхнічныя збудаванні ў Мычкаўцах і ў Соліне. Насельніцтва моцна пацярпела ад магнацкай міжусобіцы. Падчас бою за Бахаў Драгаёўскі быў цяжка паранены і 12 лістапада 1605 году памёр у Пшэмыслі. Узорны грамадзянін скончыў жыццёвы шлях не самым прыгожым чынам: заслужыўшы, па шчырасці, на пакаранне, што спаткала Самуэля Збароўскага.

Калі законы гісторыі сапраўды існуюць, то значная іх частка мусіла змясціцца ў народных прыказках. Мудры чалавек сказаў: chleb ludzі bodzіe. Дабрабыт, выдатная гаспадарчая кан'юнктура на збожжа ў Эўропе, «поспехі плуга» на Ўкраіне памнажалі вялікія і малыя капіталы, кожны з якіх гадаваў асобаў з поўняй палітычных правоў - гербавых людзей. Часта гэткі ж вынік давала дзяржаўная служба: пачаткам багацця Драгаёўскага быў падарунак ад караля - усё золата, канфіскаванае ў грамадзян Гданьска ў Львове і Пшэмыслі.

Раслі капіталы, мусіла ўзрастаць моц улады. Але ў Рэчы Паспалітай адбылося наадварот: ня чуючы цугляў, па-лайдацку карыстаўся сваім набыткам чалавек, які годна ахоўваў адчыненыя ды пазбаўленыя гаспадара куфры Жыгімонта Аўгуста.

Пры тым ня трэба забывацца, што Яну Тамашу Драгаёўскаму і ягонай маленькай грамадзянскай вайне далёка было да сапраўдных «каралятаў».

Франтон касцела св. Пятра і Паўлы ў Вільні, пабудаваны Пацамі ў XVІІ стагоддзі, скампанаваны кемліва і сімвалічна. Гетман Міхал Пац з тыповаю для тае эпохі пыхлівай пакорай загадаў пахаваць сябе пад галоўным ганкам бажніцы, на якім з'явіўся надпіс: «hic iacet peccator». Над дзвярыма ззялі залатымі літарамі словы REGІNA PACІS FUNDA NOS ІN PACE. Няпісьменны ў лаціне тлум мусіў меркаваць, што гэта прозвішча фундатараў апынулася так высока - і ня надта здзіўляўся, што вышэй толькі статуя Маці Божае ды крыж.

Вось адлюстраванне звычаяў, што панавалі ў дзяржаве і ў грамадстве. Ян Клеменс Браніцкі гербу Грыф быў у XVІІІ стагоддзі панам у Беластоку. Ягоным жа панам быў па сутнасці, толькі Бог. Ня хапіў лішку магнат, загадаўшы пабудаваць каплічку на беразе рэчкі і зрабіць на сцяне надпіс: «У гэтым месцы Пан пана ад смерці ўратаваў. З удзячнасці пан Пану паставіў гэтую капліцу».

Прыгадаем фрагмент з «Папёлаў» Стэфана Жэромскага, дзе князь Гінтулт гаворыць пра свае маладыя гады, пачатак панавання Жыгімонта Аўгуста: «Дагэтуль памятаю соймікі. Соймікі, - паўтарыў ён як ніколі здзекліва, - «...Мой бацька... кандыдаваў. Я на той час толькі скончыў школу і глядзеў на гэтыя справы з пашанаю, як на святыні. Я быў разам з бацькам. Памятаю, мы праязджалі паўз местачковыя ваколіцы, дзе сталі табарам паны-брацця, што роўныя ваяводзе... Ніколі ня знікнуць з маёй памяці шатры на кіях, пакрытыя бруднымі анучамі, буданы з галля і дзярніны, вогнішчы, ля якіх рэзалі скаціну нашага контркандыдата і смажылі кавалкі на пожагу. Бочкі піва і мёду, куфлі гарэлкі стаялі там і тут, а вакол іх віравала з гаршкамі, збанамі і шклянкамі ў руках сапраўдная татарская арда, званая партыяй нашага суперніка. Схуднелыя кабылы сноўдаліся там і тут, і было поўнае ўражанне, што апынуўся ў кіпчацкім табары. Паны-брацця ў капотах, абмотках, бурках, у ботах смараваных дзёгцем, або бяз ботаў, убачыўшы, што мы едзем, пачалі раз'юшана рычэць і рваць з похваў шаблі. У гэты ж дзень яны распачалі рабунак жыдоўскіх крамаў, выбівалі шыбы, зрывалі акенніцы...»

На гэта Пётра Альбромскі кажа: «Навошта ўваскрасаеш гэта, мосці княжа?.. Той рай быў вашым, магнацкім. Сам пра гэта кажаш».

Усім вядома, што Стэфан І загадаў пакараць смерццю Самуэля Збароўскага. Раман Жэлеўскі ў «Біяграфічным слоўніку» нагадвае, што за ўзброены напад і спаленне цела забітага такая ж кара была ўжытая для іншага сенатара, кашталяна Андрэя Ілоўскага. Ад гэтага часу найвышэйшае пакаранне высокіх асобаў знікае з нашае гісторыі. Магнат ня меў права караць смерццю шляхціца, але дастаткова перагарнуць старонкі дзённікаў Матушэвіча і Завішы, каб пераканацца, што на справе было іначай. Марына Мнішак, вядома з надзейных крыніцаў, загадала пасадзіць на кол шляхціца, які яе абразіў, Завіша забіў швагра, дробнага шляхціца, маці Матушэвіча загадала даць аднаму пану-брату столькі ўдараў, што той ня выжыў. Мемуары пішуць людзі ўсё ж больш-менш культурныя - лёгка ўявіць сабе ўчынкі тых, хто ня збрудзіў рук атрамантам.

Вернемся на вуліцу св. Яна ў Вільні, дзе картэж Сапегаў рапірамі нішчыць карэту Вішнявецкіх, мяркуючы, што гэта пан Коцел, просты віцебскі кашталян... І ня варта абмяжоўвацца толькі ўсходняю часткаю дзяржавы: наш знаёмы з «Патопа», калішскі ваявода Андрэй Грудзіньскі, беспакарана забіў шляхціца, бо пажадаў ягоную жонку. Нават Рыгор Асаліньскі мог брыдка зняважыць дэпутатаў сойма.

«О вяльможы, багі зямныя!» - звяртаўся да іх Пётр Скарга. Слухаючы казань, трэба памятаць, што зямныя багі займалі дзяржаўныя пасады. Яны былі... чыноўнікамі. Іх нельга было зняць з пажыццёвай пасады, або пакараць, або прыцягнуць да адказнасці. Званне гетмана не гарантавала месца ў сенаце, таму кожны, хто яго займеў, імкнуўся атрымаць тытул кашталяна або ваяводы, які даваў права на «крэсла». Гетманская моц сягнула вышэй за каралеўскую, стаўшы палітычным кашмарам, але фармальна гетман заставаўся вайсковым начальнікам. Рэальная ўлада ў нашай краіне сканцэнтравалася ў руках нешматлікага кола асобаў, якія мелі пажыццёвы і перадаваны ў спадчыну прывілей кіраваць, і ў выніку - неадольнаю сілаю рэчаў, - цікавіліся выключна ўласным дабрабытам. Гісторыя наша сплаціла за гэта неверагодна высокія кошты - і плаціць надалей.

У царскай Расеі існавала прыказка: «Зрабіце мяне апекуном казённага вераб'я, і я пры ім усю сям'ю пракармлю». Польскі адпаведнік павінен мець гэткі змест: «Дайце мне ўлады з макавае зерне, і я ўсяму ваяводству дамся ў знакі». Адзін расейскі філосаф у мінулым стагоддзі склаў спіс недахопаў, уласцівых розным нацыям. Расейцам прыпісваў хамства, французам шэрасць, ангельцам і немцам дурноту, палякам - фанабэрыю. Слабое вызначэнне! Трэба казаць «пыха», першы грэх у спісе смяротных. Посьпех п'яніць палякаў, газіраваная вада для іх - смяротная атрута.

Мельхіёр Ваньковіч пісаў калісьці пра дзіўную ментальнасць ангельскіх чыноўнікаў, сярод якіх кожны дбае пра найхутчэйшае вырашэнне справы просьбіта, і прыйшоў да высновы, што гэты звычай запазычаны ў розных прыватных Заходне- і Ўсходнеіндыйскіх кампаніяў, што імкнуліся як найлепш абслугоўваць кліентаў. Звычаі польскіх чыноўнікаў паходзяць не ад купецкіх, не ад дзяржаўных, нават не ад шляхецкіх, але ад магнацкіх. Кожны з нашых рэферэнтаў (пра дырэктараў баюся нават згадваць) хоча, каб з ім размаўлялі як са старастам Мікалаем Патоцкім, якому адзін селянін кінуўся ў ногі з крыкам:»Ты ёсць Бог у Тройцы адзіны, вазьмі ж майго сына ў прытулак!». Захаванне наш чыноўнік бярэ ад князя Ябланоўскага, інтэлектуала і пісьменніка, які падчас бяседаў у ягоным палацы сядаў за стол асобна ў зачыненым кабінэце, каб не мяшацца з галотаю, і толькі падчас тостаў дазваляў дзьверы прыадчыняць.

Здаўна жыве ў нас, як складнік нашае крыві, сваеасблівая містыка ўлады, захапленне сабою ў кожнага, хто мае яе хаця б каліўца. Надзвычай цяжка паляку зразумець, што палітычная ўлада ёсць толькі кампанент грамадства і нічога болей. Калі прыгадаць учынкі Аляксандра Веляпольскага ў 1863 і 1864 гадах, то наша гісторыя зафіксавала, мабыць, сусветны рэкорд злоўжывання ўладаю: замест таго, каб прыслухацца да патрабаванняў большасці і скарыстаць пераважна міралюбныя настроі, маркграф вырашыў здаць незадаволеных у рэкруты, выпускаючы на свой народ вампіра, што раней быў у самой Расеі пакладзены ў дамавіну і прабіты асінавым калом. Веляпольскі ўвасабляе польскія магнацкія традыцыі, зусім, дарэчы, не прыродныя, але сфармаваныя ў пэўны гістарычны час.

Ня стану спрачацца, калі хтосьці скажа, што перавышэнне ўлады - таксама анархія. Я толькі супраць таго, каб абвінавачанні ішлі не па адрасе: ў канфліктах паміж уладаю і грамадствам не заўсёды вінаватым бокам з'яўляецца апошняе - такога закону няма.

Анархія ў Рэчы Паспалітай перамагла ў пэўны час, бо раней, перад гэтым, каралеўская ўлада пайшла супраць грамадства, змарнаваўшы ягоныя прагрэсіўныя памкненні й нацыянальны інтэлектуальны даробак. Сутнасцю, рухавіком анархіі было свавольства вяльможаў. Шляхецкі тлум ня быў вынаходнікам сабепанства: ён ішоў па слядах тых, хто ўжо пры Аляксандры ды Жыгімонце І лічыў, што ў Польшчы, а дакладней - у Рэчы Паспалітай, ім дазволена ўсё.

Гэткім прынцыпам кіраваліся паны па ўсёй Эўропе, але там з часам абмежаванні ўзмацняліся. У нас жа яны безнадзейна паслабіліся, - бо сама цэнтральная ўлада не паклапацілася пра іх сваечасова, ды яшчэ рабіла рэчы, якія мусілі дэмаралізоўваць падданых.

У нашай гісторыі ёсць важная, але замоўчаная тэма: як часта пасля эпохі Пястаў Польшча была аб'ектам сваёй уласнай дзяржаўнай палітыкі? Я шмат пісаў пра гэта ў «Польшчы Ягелонаў». Ёсць пра што згадаць: напрыклад, як артылерыя з Гданьску падтрымала Яна Ольбрахта ў змаганні з братам Уладыславам за венгерскі трон, што знаходзіцца, як вядома, за Карпатамі, нібы для гданьскіх гарматаў не было працы бліжэй - хаця б пад Каралеўцам.

Такое ўражанне, што пачаўшы з XV стагоддзя хімеры пачалі цягнуць кроў з нашай гісторыі. Нядрэнна загаспадараваная, густа заселеная і адносна культурная Карона сама шмат у чым мела патрэбу, і перш за ўсё - у стараннай працы, - але мусіла забяспечваць розныя агромністыя праекты, што мелі адну агульную рысу: іх немагчыма было выканаць.

Уладыслаў Канапчыньскі напісаў у першым томе «Гісторыі Польшчы Новага часу» пра панаванне Жыгімонта Старога: «Жадаць, каб польскі кароль не пушчаў Габсбургаў у Чэхію і Венгрыю, бараніў Дунай ад турак і ставіў слупы ў днястроўскіх ліманах, гнаў далёка за Дняпро царскіх ваяводаў, можна толькі забыўшы букавінскую паразу Ольбрахта і пагром Аляксандра. У 1515 годзе нам далёка было да ваеннае моцы Францішка І Валуа, які, калі выходзіў па-за межы Францыі прайграваў у змаганні з аднымі толькі Габсбургамі». Выдатна сказана! Французкая палітыка мела добрыя вынікі ва ўсім, што тычылася самое Францыі. Італьянскія войны Валуа былі першай, ад часоў крыжовых паходаў, спробай выйсця французаў па-за натуральныя межы Галіі. Французы вярнуліся з-за Альпаў моцна пабітыя.

Я хачу трохі дадаць да словаў Уладыслава Канапчыньскага. Нельга было нават марыць пра паспяховае развязанне ўсіх вышэйпамянёных літоўска-польскіх праблем. Ужо перад Янам Ольбрахтам і Аляксандрам паўсталі задачы, немагчымыя для выкання. У часы Казіміра Ягелоньчыка дынастычныя амбіцыі безнадзейна раздзьмулі праграму дзяржавы, легкадумна далучыўшы да праблем, створаных вуніяй, новыя праблемы. Заняццё ж Ягелонамі чэскага трону прынесла катастрафічны вынік.

Я мяркую звярнуцца да гэтае трагічнае тэмы ў кнізе «Рэч Паспалітая Абедзьвюх Нацый», што будзе трэцяй у цыкле, прысвечаным польскай гісторыі. Мне давядзецца распавесці, як дынастычныя амбіцыі Ягелонаў, скіраваныя на поўдзень, саступілі месца паўночным прыярытэтам Вазаў, Ягелонаў па кудзелі. Я прыгадаю пра непаломіцкую нараду, пра якую разыходзіліся неверагодныя чуткі, яле ніхто ня ведаў нічога дакладна, бо польскі кароль Жыгімонт ІІІ запрасіў на паседжанне адных немцаў. Я буду пісаць пра гучныя патрабаванні верацярпімасці і пра езуітаў вакол караля, палітыка якога скіравалася ў рэчышча ваяўнічага каталіцызму, раз'ятрыўшы праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітае.

«Пана за карак узялі, а чэлядзь маўчыць. Я б такога парабка ня трымаў», - гаварыў на сойме 1605 году Ян Астрарог, пазнаньскі кашталян, праўнук пісьменніка. Мяне захапляе ягоная старапольская трапнасць, свабода вольнага чалавека ў выбары словаў. Гэтак могуць выказвацца толькі тыя, хто пазбавіўся комплексаў і страхаў, хто ўмее быць сабою і ганарыцца гэтым. Словы Астрарога - гэта стыль і Яна Хрызастома Паска, вядомага пісьменніка Яна ІІІ і... Генрыка Сянкевіча. На той самай сесіі польны каронны гетман Станіслаў Жулкеўскі ўслаўляў пашану, з якою Рэч Паспалітая ставіцца да сваіх манархаў: «Іншыя народы паноў сваіх дзідамі колюць, а ў нас з Божае ласкі нічога такога супраць пана ніхто ня змысліў... бо заўсёды народ польскі вернасць трымаў сваім валадарам і мілаваць іх звычку мае».

Ян Астрарог ня ўваходзіў ані ў апазіцыю, ані ў двор, быў незалежны. Ягоныя словы былі скіраваныя на падтрымку палітыкі Жыгімонта ІІІ да вяртання шведскага пасаду. Кашталян трапна сказаў - Жыгімонта трымалі за карак. Шведы яго дэтранізавалі, паставіўшы да ўлады Карла, ягонага дзядзьку. У 1588 годзе яны ўзялі польскага караля ў няволю. Каб вызваліцца, Жыгімонт мусіў здрадзіць сваіх скандынаўскіх прыхільнікаў, і іх публічна пакаралі смерццю ў Стакгольме. Эстонію ён падчас каранацыі ў 1587 годзе паабяцаў аддаць Рэчы Паспалітай, - і аддаў - у 1600-м, калі яе занялі шведы. А цяпер Астрарог даводзіў: «Альбо ня трэба было пана са Швецыі браць і панам яго не рабіць, альбо, узняўшы яго высока... у цяжкіх выпрабаваннях не пакідаць». Рэч Паспалітая была ўсё ж манархіяй, і існавала пачуццё абавязку перад валадаром.

Сенатары атрымлівалі ў Інфлянтах маёнткі і разнастайныя пасады, таму можна меркаваць, што яны дбалі пра свае інтарэсы, але паспалітая шляхта не спадзявалася кашталянства і было змучана вайною. У цэлым соймікі падтрымалі праграму барацьбы за шведскую карону для Жыгімонта, жадаючы толькі, каб Ягоная Каралеўская Вялікасць зрабіў ласку краіны не пакідаць і за мора настала не выязджаць. Двор жа меў менавіта такія планы.

Тыя ж соймікі пратэставалі супраць авантуры з «Дзімітрыем». Жыгімонт падтрымаў самазванца-каталіка, спадзеючыся, што Дзімітрый, уладкаваўшыся ў Маскве, дапаможа яму ў Швецыі. З гэтых жа меркаванняў Жыгімонт рабіў шкодныя для краіны саступкі Гагенцолернам у Княскіх Прусах.

На ўсё гэта глядзела грамадства, якое якраз у гэты час адзначала юбілей: рэфарматарскі рух сярод шляхты распачаўся акурат сто гадоў таму - і амаль увесь час быў ігнаравалі, сабатавалі, прыгняталі. Жыгімонтавы праекты зменаў дзяржаўнага ладу не маглі выклікаць захаплення. Меркавалася, што кароль з'едзе ў Швецыю, а кіраваную па законах абсалютызму Польшчу пярэйме архікнязь аўстрыйскі ў якасці губернатара. Няшмат было тых, каму гэткі праект спадабаўся, што аднак гаворыць ня толькі на ягоную шкоду: польскі парламентарызм патрабаваў рэформы. Але не развязання палаты дэпутатаў, як хацеў Жыгімонт.

На сойме 1605 года апошні раз у жыцці прамовіў Ян Замойскі, дарэмна прапануючы каралю супрацоўніцтва ад імя ўсяе апазіцыі: «Кахаю, далібог, Вашу Каралеўскую Вялікасць, служу аддана, паўтаруся, аддана служу. Зрабіце толькі ласку, Ваша Вялікасць, мілаваць таксама нас, Вашых падданых. Жадаеце грошай, пашырэння дзяржавы - усё будзе, калі будзе любоў падданых. Зробіце тады, Ваша Вялікасць, з паляка - Аляксандра, з ліцьвіна - Геркулеса, усё, што для гэтага трэба - любоў, без яе цяжка штосьці зрабіць».

Ня трэба лічыць пустою рыторыкай словы канцлера і гемана, які сваю прамову закончыў «стоячы з вялікім плачам». Да ўзаемнага даверу і знакаў прыхільнасці манарха да падданых заклікаў чалавек, які ў 1587 годзе ўзвёў Жыгімонта на Вавель, перамог пад Бычынай ягонага ворага архікнязя Максымільяна, а праз пяць год адыграў галоўную ролю на «інквізіцыйным сойме», калі разглядаўся мсцівы данос таго ж Максымільяна, што закідваў Жыгімонту патаемны намер перадаць польскую карону архікнязю Эрнэсту. Кароль ня здолеў тады цалкам ачысціцца ад абвінавачанняў. Таемныя перамовы былі. Яны адбываліся й пазней, па іншых пытаннях, і па ўсёй Рэчы Паспалітай хадзілі пра іх чуткі. З гэтага робіцца больш зразумелым, што значылі ў вуснах канцлера словы «Зрабіце толькі ласку, Ваша Высокасць, мілаваць таксама нас, Вашых падданых».

У красавіку 1606 году, калі Замойскаму заставалася жыць зусім мала, а ў краіне адчувалася набліжэнне грамадзянскае вайны, невядомы палітык стварыў палітычны трактат. Ён не належаў ні да адной з партыяў, а трактат свой назваў так: «Справы ў Рэчы Паспалітай што патрабуюць направы шляхам сойміка або рокашу». Сярод шматлікіх пастулатаў знайшоўся такі, што, без цырымоніяў перадаючы думкі Замойскага, цэльна трапляў у сутнасць найважнейшае справы: «Падтрымаць тое, што мы даўно канстытуцыяй гарантавалі - каб Яго Вялікасць Кароль нашым народам задаволіўся». Інакш кажучы, каб, пануючы ў Рэчы Паспалітай, дбаў пра яе і ні пра што болей.

Ананімны аўтар зрабіў трапнае прадбачанне: у Польшчы адбыўся рокаш, названы імем Мікалая Зэбжыдоўскага. Пры Жыгімонце ІІІ рэфарматарскі рух збіўся са шляху. Дзівіцца тут можна толькі, як позна гэта здарылася. Доўгі час шляхта дэманстравала болей стрыманасці, чымся можна было чакаць ад людзей у гэткай сітуацыі.

Ня ўсе ўдзельнікі таго рокашу аднолькава заслугоўваюць асуджэння, былі й здаровыя чыннікі. Гэта паказаў Ярэма Мацішэўскі ў сваёй працы «Грамадзянская вайна ў Польшчы (1606-1609)». Тым ня менш, нельга аспрэчыць, што тады пачаўся шлях гвалтоўных дзеянняў, які вёў ніжэй і ніжэй. Ажно ў Алькенікі.

Успомніўшы пра іх зноў трэба дадаць некалькі заўвагаў. Я змушаны гэта зрабіць, бо свежасць уражанняў не дазваляе іх праігнараваць.

Шмат помнікаў архітэктуры ў нас знішчана войнамі. Тым старанней трэба нам вучыцца на тых, якія, на шчасце, ацалелі і сведчаць пра мінулае нашай зямлі.

У красавіку 1963 году павятовая бібліятэка ў Граеве запрасіла мяне на аўтарскі вечар. У цудоўнае марознае надвор'е мы паехалі ў Шчучын, чые жыхары, па чутках, мелі калісьці намер пабудаваць помнік Генрыку Сянкевічу, бо іхні горад згадваецца як месца пастою лаўданскае харугвы. Ад праекту адмовіліся, бо сянкевічава згадка не падаецца ані шматслоўнаю, ані залішне прыхільнаю: «Гэты Шчучын лічыўся горадам, але відавочна ім не з'яўляўся, бо ня меў пакуль ані валу, ані ратушы, ані судоў, ані калегіюму піяраў, што паўстаў толькі ў часы Яна ІІІ, дамоў жа меў мала, ды болей хацінак, чымся дамоў, якія таму толькі лічыліся горадам, што былі пабудаваныя квадратам, утвараючы кірмашовы пляц, няшмат сушэйшы за сажалку, ля якое месцілася паселішча». У гэтым урыўку Сянкевіч дакладны: Шчучын стаўся горадам толькі ў 1692 годзе.

Рынак у Шчучыне надта вялікі, у форме квадрату ці прастакутніка. Адсюль пачынаецца шырокая, у выглядзе бутэлечнага горла вуліца да высокага доўгага пагорка: натуральнае мяжы мястэчка - накшталт гарадскога валу. На ўзвышшы стаіць ансамбль гмахаў, звернутых фасадамі да цэнтра. Пасярод касцёл, вельмі падобны да таго, што ў пабудаваны ў Варшаве пры вуліцы Мядовай ў падзяку за перамогу пад Венаю - але шчучынскі больш ўражвае, бо стаіць высока, пануючы над горадам, ваколіцамі і пачуццямі падарожніка. Магутны галоўны акорд падмацоўваюць два дадатковыя: па баках святыню сіметрычна, як крылы, акаляюць гмахі кляштару. Іхнія вежы-блізняты завяршалі кампазіцыю. Завяршалі, бо гісторыя пакінула стаяць толькі адну, рэшткі другой чакаюць адбудовы.

Раней жыхары Шчучына мелі на супраціўным баку гораду другі полюс панарамы - замак, які даўно не існуе.

Шчучын - памежжа Кароны і Вялікага Княства Літоўскага. Цяжка паверыць, што ў такім глухім месцы напрыканцы XVІІ стагоддзя мог паўстаць гэткі «шэдэўр урбаністыкі». Ягоным стваральнікам і дабрадзеем гораду, быў Станіслаў Антоні Шчука, адзін з найразумнейшых і найлепшых людзей сваёй эпохі, публіцыст, палітык, падскарбі літоўскі. Ён стварыў у Шчучыне першыў Польшчы прытулак для дзяўчынак.

Для мяне Шчучын стаў адкрыццём. Адна справа ведаць, зусім іншая ўбачыць. Захаванае ў Шчучыне, ёсць помнікам эпохі, зместам якой былі адбудова руінаў ды лекаванне ран.

У час другое сусветнае вайны наша краіна страціла дваццаць два працэнты насельніцтва. Мы памятаем пра гэта і падкрэсліваем, што Югаславія - на другім месцы па стратах - згубіла ў два разы менш за нас. Гэта дапаможа зразумець значэнне факту, што пара «Патопу» і «Агнём і мячом» каштавала Рэчы Паспалітай ня менш як трыццаць працэнтаў даваеннага насельніцтва. Па асцярожных падліках. Ёсць гісторыкі, якія гавораць пра сорак і нават пяцьдзесят працэнтаў. У Вялікапольшчы, напрыклад, вясковае насельніцтва зменшылася амаль удвая.

Перадапошні сказ «Агнём і мячом» утрымлівае найдакладнейшую гістарычную нфармацыю: «Ваўкі вылі на пажарышчах былых гарадоў, і квітнеючыя раней мясціны сталіся нібы вялізныя могілкі».

Не забывайма, што раней адбудове не дапамагала ніякая тэхніка. Пры Міхале Карыбуце і Яне III ужываліся такія ж рыдлёўкі, што й пры Ўладыславе ІV, але было іх меней. Тое, што захавалася да нашых дзён у Шчучыне, даводзіць, што краіна сапраўды пачынала аднаўляцца, уставаць на ногі. Каб гэтак упарадкаваць мястэчка, патрэбныя былі культура, рост попыту й вымаганняў; адныя толькі матэр'яльныя сродкі ня могуць вытлумачыць такіх дасягненняў.

Час паўстання шчучынскіх шэдэўраў - 1692 год - трагічны. Праляціць восем год, і краіну зноў ахопіць вайна, тая самая, першы акт якой штурхнуў пасвараныя літоўскія партыі ў Алькенікі і якая завецца «Вялікай паўночнай вайной». Страты, якія яна прынесла Рэчы Паспалітай, блізкія да стратаў падчас «патопу». Усе рэгіёны краіны пацярпелі. Паўсюль шырыўся мор, што ішоў па слядах вайны, разбурэнні не абышлі ніводзін горад у цэнтральнай і паўночнай частцы краіны. Шведы спалілі нават Леска на бяшчадскім узвышшы, на поўдні дайшлі былі далей за Кракаў. Людзі, якія толькі-толькі пачалі ачуньваць пасля «патопу», наноў здзічэлі.

Адказнасць за распачацце вайны і за ўдзел у ёй Рэчы Паспалітай кладзецца на Аўгуста ІІ. Краіна гэтага не жадала, ёй быў патрэбны мір, мір і яшчэ раз мір. Людзі, што разумеліся на палітыцы, адчувалі, што Швецыя перастала быць галоўным ворагам, што цар нашмат страшнейшы. Аўгуст ІІ супольна з Пятром Вялікім пайшоў супраць Карла XІІ, спадзеючыся хутка падзяліць шведскія ўладанні ды асягнуць дынастычныя, а іншымі словамі - асабістыя мэты. Не атрымалася. Расея выйшла з Паўночнае вайны магутнаю дзяржавай, Рэч Паспалітая заплаціла развалам гаспадаркі, стратай насельніцтва ды ўласнаю незалежнасцю, бо ад накінутага тады царскага пратэктарату пазбавіцца ўжо не здолела.

У свой час абставіны прымусілі Яна ІІІ ваяваць з туркамі. Кароль зрабіў гэта на аўстрыйскай тэрыторыі, куды прыйшоў з дапамогаю ня толькі ён, але й занепакоеныя сваёю будучыняй баварцы і саксонцы. Грошы ў асноўным былі папскія і імператарскія, польскіх мала. Кароль перамог ворага, запабег пераўтварэнню паўднёвае мяжы ў адзін страшны фронт, здабыў для краіны рэпутацыю па-ранейшаму спраўнай у ваенных пытаннях, трохі прыхаваўшы свежаю славай слабасць Рэчы Паспалітай. Яна ІІІ, які дзейнічаў відавочна на карысць дзяржавы, абвінавачваюць у рамантызме. Пра Аўгуста ІІ забыліся.

Напрыканцы XVІІ стагоддзя была надзея на паляпшэнне становішча. Да канчатковае катастрофы нас давёў чалавек, які легальна кіраваў краінаю, але быў для яе зусім чужым. Ягоная неразумная ініцыятыва сталася штуршком для ашалелых нягоднікаў з-пад Алькенікаў. Меў рацыю Ўладыслаў Канапчыньскі: чужая для нацыі ўлада, якую не хвалююць народныя няшчасці, якая ня ведае сораму ў пагоні за прыбыткамі, была здольная толькі да такіх здабыткаў. Яна адвучыла людзей паважаць закон. Рыба гніе з галавы, так кажуць людзі.

Аўгуст ІІ гэта дно нашае гісторыі. Пры ягоным сыне Аўгусце ІІІ пачалося паляпшэнне - без усякае, зразумела, дапамогі з боку караля. Але ж прызнаемся, што нашмат раней шмат хто з валадароў Рэчы Паспалітае не хацеў «народам нашым задаволіцца». А ў постпястаўскую эпоху - увогуле ніхто. Польшча ў палітычных разліках была толькі чыннікам, а не аб'ектам і мэтаю, і гэткі парадак рэчаў утвараў клімат, які не спрыяў рэформам. Давер да ўлады гэта будаўнічы матэр'ял: нябачны, але незаменны.

Трэба падсумаваць вынікі гэтага раздзелу. Найболей павагі да дзяржавы было ў нас заўсёды там, дзе болей людзей: сярод простага люду, дробнае шляхты і небагатых уладальнікаў зямлі. Багацейшыя лёгка заражаліся ад магнатаў. Магнаты паводзіліся нармальна як для сваёй пазіцыі ў грамадстве, дакладна паводле ўзораў, вядомых з паводзінаў арыстакратыі ў іншых, нашмат шчаслівейшага лёсу краінах. Толькі адным, верагодна, адрозніваліся нашыя «караляты»: магнаты Рэчы Паспалітае ўсведамлялі, што дзяржава развіваецца неналежным чынам. Яны ведалі пра слабасць дзяржавы. Яны спужаліся, калі падчас казацкае вайны ажывіўся адвечны фронт вайны маскоўскае, а на даляглядзе з'явілася шведская пагроза. Даследаванні Ўладыслава Чапліньскага пераканалі мяне: вяльможы ведалі хваробы дзяржавы. Магнат пісаў сатыры, асуджаў анархію, беспарадак, самаўладства, соймы, соймікі, і ў той жа час сваволіў, капаў для дзяржавы магілу, здраджваў яе.

Адсюль ідзе выснова, якую можна смела назваць гістарычным законам: чалавек безабаронны перад уласным прывілеем. Само існаванне прывілеяў - зло, але адсутнасць кантролю над прывілеяванымі, кантролю, незалежнага ад іх, можа прывесці да анархіі і катастрофы.

Дзяржаўная ўлада Рэчы Паспалітай занадта доўгі час трымалася на баку вялікіх супраць малых і зачаста дбала болей пра свае асабістыя дактрыны і амбіцыі, чым пра краіну.

 

Шляхам цемрашальства

 

На пераломе XVІ і XVІІ стагоддзяў у Польшчы адбыліся дзве фатальныя метамарфозы, наступствы стварылі нам рэпутацыю шалапутаў і рэлігійных фанатыкаў. Да апошняга часу мы цешыліся гэтаю асабліваю славай, і толькі 1956 год пераканаў Эўропу, што палякі здольныя паводзіцца цвяроза, мужна і салідарна. Другая палова «праўды» захоўвае сваю сілу надалей. Паглядзіце ўважліва рэпартажы з Польшчы, што друкуюць час ад часу салідныя выданні, напрыклад, парыскі «Le Monde». Аўтары відавочна перакананыя, што гэткія рэчы як свабодная думка і культура ня цікавяць палякаў. Пытанні веравызнання - вось што, на іхнюю думку, дарэшты паглынае духоўныя сілы ляхаў, заспакойваючы іхнія патрэбы ў каштоўнасцях вышэйшага парадку.

У значнай ступені палякі самі ва ўсім вінаватыя. Нашыя цнатлівыя ўльтрамантанцы далёка пераходзілі межы смешнага, аб'яўляючы, прыкладам, нейкую вайсковую перамогу цудам чыстае вады. За такую прапаганду дорага плацяць, за вузкі кругагляд - таксама. Мяне ўразіла заява аднаго пана, які, дарэчы сказаць, мае вышэйшую адукацыю. Пасля маёй лекцыі пра Польшчу Ягелонаў гэты пан выказаўся ў дыскусіі, што ўвогуле няварта разглядаць праблемы вуніі з пазіцый карысці для Польшчы. Істотна, на ягоную думку, толькі тое, што вунія «занесла збаўленне» далёка на ўсход кантыненту. Нібыта ня лічыцца хрысціянства васьмідзесяці працэнтаў жыхароў Вялікага Княства Літоўскага! Праваслаўнае хрысціянства.

Перада мною кніжка, выдадзеная ў 1947 годзе ў Лондане. Не называю аўтара, бо шкадую чалавека. Як можна сёння, пасля Другога Ватыканскага Сабору і пантыфікату Яна XXІІІ, быць каталіком і не задумацца пра маральнае адзінства ўсіх хрысціянаў (і нават пра маральнае адзінства ў больш шырокім кантэксце)? Працытую толькі фрагмент, што лучыцца з высновамі папярэдняга раздзелу.

«Польшча непасрэдна постягелонскага перыяду здабылася на шэраг дзеянняў і высілкаў, чый масштаб не можа не імпанаваць. Ачысціўшыся і адрадзіўшыся - і ў Кароне і ў Літве, з краіны, ужо напалову апанаванай рэфармацыяй, яна зноў сталася каталіцкаю, адчула адказнасць за суседнія краіны, паставіла перад сабою амбіцыйную задачу ўратавання для каталіцызму галоўнае скандынаўскае краіны, якою была Швецыя, ды стварэння перашкодаў, каб тая не сталася апірышчам нямецкіх духоўных уплываў і асяродкам дзеянняў, што дапамогуць немцам адолець Польшчу. На працягу доўгіх гадоў Польшча ня толькі падтрымлівала шведскіх каталікоў, што імкнуліся ратаваць свой край ад рэфармацкае навалы, але й сама прыкладала вялікія намаганні, каб выціснуць адтуль нямецкія духоўныя ўплывы... Калі гэтыя высілкі былі спыненыя, Польшча сталася прытулкам для шведскай каталіцкай эміграцыі і ўзяла на сябе місію захавання шведскае каталіцкае царквы. Дасёння дзень 6 верасня, што святкуецца ў Польшчы як дзень святых шведскага каралеўства, ёсць напамінам пра тыя сувязі, якія ў час рэфармацыі лучылі Польшчу са шведскім каталіцызмам».

Кароль Жыгімонт ІІІ, упарты змагар за шведскі каталіцызм, ахвотней гаварыў па-нямецку, а не па-польску і ўвесь час змоўнічаў з немцамі. Ягоны выхаваны немкаю сын Уладыслаў ІV палякаў не любіў, аддаючы перавагу немцам. Густаў Адальф, кароль шведскі і лідэр эўрапейскага пратэстантызму, на грошы, здзёртыя з каталіцкае Польшчы, спусташаў Германію. Забудзьма пра гэтыя непрыемныя дэталі, задавольмася днём 6 верасня! Забудзьма таксама пра зруйнаваную шведамі Польшчу. Хопіць нам таго, што польскія каралі спрабавалі перашкодзіць трыюмфу д'ябла ў краіне, што дасёння патанае ў лютарскай ерасі ды вядомы ўсяму свету высокай мараллю сваіх жыхароў.

Баюся, мала хто ў Эўропе можа пахваліцца настолькі непрытомным аналізам, як пададзены вышэй. Тым ня менш ягоны аўтар здабыў перад вайною славу палітычнага мысляра.

Каб глытнуць лепшай інтэлектуальнай атмасферы разгарнем тэкст пад назваю: «Іезуітам ды іншым духоўным рэспонс», пісаны больш чым на тры с паловаю стагоддзі таму. Аўтар невядомы.

«Вы паслухайце, што я вам скажу: продкі нашыя, хаця й каталікі былі і сапраўды набожныя людзі, ...хаця fіdem Catholіcam sancte coluerunt... ведаючы, што не паходзяць de trіbu Levі, ведаючы, што каралеўства польскае ня ёсць regnum sacerdotale, але regnum polіtіcum, ведаючы, што каралеўствы гэтага свету ёсць hospіtіa, а не heredіtas Божае Царквы, ведаючы, што яны павінны Богу, а што айчыне, справядліва, як на шалях, абодвум бакам вымяралі, святое веры з палітыкаю не мяшалі і ня блыталі нікол... Быў сенат дастойны, мудры, з тых і з гэтых (каталікоў і пратэстантаў) нароўні, быў двор вялікага караля... з людзей рознае рэлігіі сабраны, аздобны ды значны. Дэпутаты сойму... з тых і з гэтых абіраныя, а на сойме ў справах Рэчы Паспалітае згодныя і дбайныя, і соймы з ласкі Божае заўсёды доводзіліся да завяршэння, і так, як зараз, не зрываліся... Але тое ня столькі здзіўлення колькі ўхвалы варта, што раней высокія духоўныя асобы ды ўсе antіstіtes у поглядах сваіх былі стрыманымі, як і свецкія, і ня толькі нічога супраць людзям рознае веры вострага не рабілі, але й не ўмыслялі, нават сувязі прыяцельскія з імі мелі і падтрымлівалі».

Можна лічыць гэтыя словы лебядзіным спевам польскага вальнадумства. Яны напісаныя ў канцы 1606 ці ў пачатку 1607 году. Зрэшты, чуваць адразу - аўтар хваліць мінуўшчыну. Ягоны «вялікі кароль» гэта Жыгімонт Аўгуст, які ў гэтай справе сапраўды варты пашаны. Сам ён прытрымліваўся верацярпімасці, але забяспечыць яе на будучыню не паклапаціўся.

Вось яшчэ адна вытрымка з працы таго ж аўтара і пад ягоную адказнасць, бо здарэнне падаецца проста неверагодным.

«Уханьскі, архібіскуп гнезненскі, veteranus ecclesiae Romanae pugil і праўдзівы каталік, але non sіne sale sapіentіae, так моцна на зухвалага ды няслушна гнеўнага папы зверхнасць аглядаўся, што калі папа ў Рыме праклінаў яго і нават малюнак ягоны паліць загадаў, то наш прымас, наш Sarmata transmontanus, тое самае над Святым Айцом у Ловічах альбо Гнезне рабіў publice».

Прыгожы нагробак Якуба Ўханьскага, выкананы разьбяром Янам Міхаловічам з Ужэндава, можна агледзець у ловіцкай калегіяце. Калі невядомы аўтар сказаў праўду, то нават найвялікшы сучасны лібертын мусіць пагадзіцца, што князь-прымас, першы польскі іnterrex, зашмат сабе дазволіў.

Якуб Уханьскі перажыў Жыгімонта Аўгуста на дзевяць гадоў. Калі прымасам быў ягоны папярэднік, Дзяжгоўскі, у Польшчы здарыўся натсупны выпадак. Распаўсюдзілася вестка, што жыды з Сахачава намовілі нейкую Дароту Ланжэцкую скрасці і перадаць ім госцію, якую пасля калолі шпількамі а кроў, што выцекла, скарысталі для мацы. Пад націскам нунцыя Алойзы Ліпамана, Дзяжгоўскі загадаў затрымаць і судзіць абвінавачаных. Жанчыну і аднаго жыда прысудзілі да смерці. Другога зачынілі ў вязніцы. Сахачаўскі стараста, якому выдалі асуджаных, дзейнічаючы ў сціслай адпаведнасці з законам, адразу ж спаліў іх на вогнішчы. Справа атрымала розгалас, але выклікала не пагром, а вялікае абурэнне нунцыем, якога і раней у Польшчы ледзь цярпелі. Ліпамана сцвярджаў, што ягонаму жыццю пагражала сур'ёзная небяспека. Жыгімонт Аўгуст даслаў з Мейшаголы катэгарычны загад: увязненых жыдоў выпусціць, справу перагледзець, вінаватых пакараць. Ён ня мог сказаць, што вінаватых няма (і невядома, каго ён у гэтым выпадку лічыў вінаватымі), але ў размове з нунцыем ён нібыта сказаў, што ён ня гэтакі дурны, каб паверыць, што з праколатае госціі пацячэ кроў.

У верасні 1556 году ў час сіноду ў Ловічы адбылася вострая спрэчка паміж нунцыем і польскімі біскупамі, што прадстаўлялі капітул. Мясцовыя гіерархі выказалі адзінадушнае жаданне, каб капітул выступаў самастойнай адзінкай і ўзгадняў з прадстаўніком папы толькі свае канчатковыя рашэнні. Нунцый адкінуў спрэчнае з прававерным каталіцтвам патрабаванне.

Паўтару яшчэ раз сваю асноўную думку: было б няслушна абвінаваціць палякаў тае эпохі ў празмерным захапленні палітычнаю анархіяй. У гэтых справах яны грашылі ня болей, чым у іншых манархіях Эўропы, а магчыма й меней. Але калі зірнуць на Польшчу з гледзішча папскага Рыму, трэба тады прызнаць яе краінаю, дзе квітнее самавольства.

Шмат на якіх помніках мастацтва Залатога Веку відаць постаці св. Станіслава ды ўваскрэшанага ім Пятравіна. Можна бачыць іх на трыптыху Чартарыскіх побач з выяваю Яна Ольбрахта, на шатах Пятра Кміты. Цікава, што яны фігуруюць і на знакамітай «бронзавай дамавіне» Фрыдэрыка Ягелоньчыка, каралеўскага сына і брата, біскупа, кардынала, прымаса, які вызначыўся тым, што перадаў у каронны скарб грошы, сабраныя ў Польшчы на вялікі юбілей у 1500 годзе, прызначаныя для Рыму. Меры маральнага ўздзеяння не прынеслі тады ніякага выніку, упартае прыпамінанне гэтай падзеі, накінутае польскаму сярэднявеччу ў якасці сімвалічнага, было бескарысным. І святы, і ўзняты ім з магілы сведка выступаюць на помніках як матывы мясцовага калярыту. Ніхто, відаць, тады ня верыў усур'ёз, што, як запісалі храністы, страта Баляславам Смелым кароны была справядліваю караю Нябёсаў. Толькі ў XIX стагоддзі - у часы Чарльза Дарвіна - паўстала ў нас гіпотэза, што канчатковая катастрофа Польшчы адбылася таму, што ейныя каралі Аўгуст ІІ Моцны ды Станіслаў Аўгуст, дапусціліся граху, не наведаўшы пасля каранацыі Скалкі.

Не паглыбляймася ў разважанні пра пачаткі нашае гісторыі, бо яны не адрозніваюцца ад агульных для сярэднявечча ўзораў. Нашы найзнакаміцейшыя валадары былі абвешаныя праклёнамі. XV стагоддзе, перадпачатак новае эры, рашуча пярэчыць ўяўленню пра «заўсёды прававерную» Польшчу. Трактат Астрарога абыходзіць дагматычныя тонкасці, але выступае ў абарону польскае незалежнасці ад Рыму - амаль ерэтычна, і напэўна бязцырымонна і пыхліва. Прафесар Лешак Калакоўскі, які сказаў неяк ў «Клубе Крывога Кола», што па смерці Пія XІІ наступіла «дэпацэлізацыя Ватыкану» выказаўся ў параўнанні з панам ваяводам амаль куртуазна.

Нагадаю некаторыя факты, што характарызуюць наш Залаты Век.

У сакавіку 1540 году спецыяльная каралеўская камісія зрабіла пратакол з паведамлення Бернарда Прэтвіча. Вядомы рыцар Крэсаў, што паходзіў з Сілезіі, быў на той час сур'ёзна паранены. Верагодна, боязь смерці развязала яму язык. Ён паведаміў пра змову Марціна Збароўскага, які некалькі гадоў знаходзіўся ў няласцы. Змоўшчыкаў было каля сямісот, усе з Вялікапольшчы. Сігналам для дзеянняў мелася быць вестка пра смерць Жыгімонта Старога, якой спадзяваліся ў хуткім часе. План быў просты: узброенае выступленне («а калі хто з німі не хацеў бы ісці, таго мелі жыцця пазбавіць»). Ад каранаванага раней Жыгімонта Аўгуста збіраліся патрабаваць дзве рэчы - па-першае, паўторнае гарантыі саслоўных прывілеяў, па-другое, абяцання, канфіскаваць ў клера трэцюю частку маёнтку ды скіраваць гэтыя сродкі на вайсковыя патрэбы дзяржавы. «І калі б Яго Вялікасць малады кароль на ўсё гэта пагадзіўся і так зрабіў, то зноў мусілі яго панам сваім прызнаць, і мусілі б зрабіць тое, што ён бы ад іх жадаў. Калі б Яго Вялікасць кароль рабіць гэтага не схацеў, тады б яго за пана мець не жадалі».

Скажу шчыра, я шкадую толькі, што такое змовы ў нас не было. Моцны двор, які мае ўладу над войскам, мог бы з часам паклапціцца пра змяншэнне прывілеяў шляхты, яго штурхала б логіка жыцця. Заўсёды важна мець матэр'яльную кропку апоры. Я не магу асуджаць за анархію народ, у якім паўстаюць такія змовы. У тагачаснай Германіі асобныя князі і рыцары прыўлашчалі царкоўны маёнтак бяз цырымоній - для сябе, а не для імператара. У нас шляхта патрабавала для сябе нізкіх падаткаў, прапануючы ўраду іншую крыніцу фінансавання. Не найгоршы варыянт, далёка не найгоршы.

Рэч Паспалітая не кранула царкоўнае дабро. Пазней захопнікі бралі яго бяз сораму.

З папскага гледзішча задума змоўшчыкаў заслугоўвала анафемы. Згодна з тагачасным законам пробашч мог праклясці гаспадара, які затрымаў выплату дзесяціны. Свецкія ўлады забавязаныя былі выконваць прысуды духоўных трыбуналаў. У царкоўных пытаннях Марцін Збароўскі пайшоў супраць права, падтрыманага да таго ж аўтарытэтам веры.

Праз чвэрць стагоддзя дваранін нунцыя, нейкі Павал Эміль Джыявані запісаў свае ўспаміны пра Польшчу. Вось урывак у пераказе Вінцэнта Закшэўскага: «Калі гаворка пра дагматы веры, пра святыя сакраманты, пра захаванне старажытных абрадаў і цырымоніяў, пра пазбяганне новўвядзенняўі зменаў у саслоўях, пра захаванне спакою і грамадскага парадку, то шмат каталікоў ахвотна слухае ды ўхваляе такія размовы. У сенаце і на сойміках, калі гаворка пра захаванне прывілеяў і юрысдыкцыі духоўнага саслоўя, каб маглі выносіць прысуды і праклёны, і прысуды выконваліся як раней, тады каталікі ў значнай меншасці з прычыны ўсеагульнае зайздрасці да ксяндзоў і з тае прычыны, што ўсе бачаць, што іхнія трыбуналы, як і іншыя, сквапныя, карумпаваныя і поўныя зласлівасці. Але калі ў тых жа інстытуцыях духоўныя працівяцца накладанню падаткаў, жадаючы захаваць сваю ранейшую ад іх свабоду, намагаючыся перакласці на свецкіх цяжар усіх патрэбаў Рэчы Паспалітае, і ўздымаюць голас за свае дзесяціны, тады амаль ніхто ўжо ня ёсць каталіком, гэткую пагарду выклікае сквапнасць святарства і гэтак добра вядома, якім непрывабным чынам выкарыстоўваецца часам царкоўны маёнтак».

Нагадаем, справаздача паходзіць з колаў ня проста каталіцкіх, але з рымскіх, ад італьянца, які наведаў Польшчу разам з такім піянерам контррэфармацыі як Францішак Камендоне. Трапныя назіранні Джыяваніні выдатна кладуцца на вышэйпададзенае апісанне палітычных мэтаў змовы Марціна Збароўскага, ня вычэрпваючы, што праўда, справы. Палякі тады ня толькі глядзелі непрыхільна на багацці, сквапнасць ды сумніўную мараль клеру. Яны смела выказваліся па найбольш фундаментальных пытаннях. Джыяваніні, які пісаў у 1565 годзе, мусіў чуць пра тое, што сем гадоў раней дэпутацкая палата адзінагалосна пагадзілася з праектам будучае элекцыі (пагадзілася, бо для ўхвалы патрабавалася згода караля й сенату, якая не была атрыманая). Праект выключаў з удзелу ў элекцыі каталіцкіх біскупаў, бо яны - як аргументавалася пры адзінадушнай згодзе дэпутатаў - прысягаюць на вернасць папе, які знаходзіцца ў Рыме і мусяць дбаць болей пра ягоныя справы, а не пра Рэч Паспалітую. Узгадвалі таксама нейкага легата з XV стагоддзя, які казаў быў, што лепш няхай згіне ўсё польскае каралеўства, чымся ўлада папы зменшыцца хаця б на каліва.

Гэткім чынам палата дэпутатаў выказалася супраць асноўнага для каталікоў прынцыпу паслушэнства. Палата жадала стварэння нацыянальнае царквы.

Я пішу гэтыя словы за некалькі дзён да выбараў у італьянскі парламент. Сусветная прэса жыва імі цікавіцца, бо яны выявяць, як пачатак ІІ Ватыканскага Сабора паўплываў на палітычную атмасферу краіны. Ніхто ня сумняецца, што найважнейшыя царкоўныя прынцыпы ўздзейнічаюць на сумленні каталікоў падчас галасавання, а ў кожным выпадку бяруцца імі пад увагу. Гэта дзееца ў канцы XX стагоддзя на захадзе Эўропы. У Польшчы Жыгімонта Аўгуста пераважная большасць шляхты захавала вернасць каталіцкай царкве, але абірала дэпутатамі амаль адных пратэстантаў, выбары за выбарамі, на працягу дзесяцігоддзяў.

Быў, як вядома, Мікалай Рэй з Наглавіцаў, кальвініст, які адноечы зрабіў учынак, варты ўвагі, але ня ўхвалы. Падчас працэсіі Божага Цела ў Любліне арыянін Эразм Атвіноўскі вырваў у ксяндза манстранцыю, шпурнуў на зямлю і патаптаў яе. Кароль адрэагаваў як мусіў бы адрэагаваць кожны сучасны суд у цывілізаванай краіне: паабяцаў пакараць вінаватага. Судзіў аднак сойм, абараняў абвінавачанага Мікалай Рэй. Ён даводзіў, што калі адбылася абраза Створцы, то няхай той сам учыніць справядлівае пакаранне. Атвіноўскага звольнілі ад адказнасці, абразу ж рэлігійных пачуццяў большасці жыхарства не ўзялі пад увагу. Калі прымас Уханьскі не ўсхваляваўся ды ня ўгневаўся...

І злачынства, і дзіўнае судовае разбіральніцтва адбыліся ў 1564 годзе.

Праз сорак сем год малады італьянскі пратэстант Франкус дэ Франка гэтак жа спрабаваў выступіць супраць працэсіі Божага Цела, якую лічыў ідалапаклонствам. Гэта было ў Вільні ў прысутнасці каралевы Канстанцыі з Габсбургаў і каралевіча Ўладыслава. Дэ Франка ня збіраўся дзейнічаць як Атвіноўскі. Ён культурна стаў на ганку касцёла і звярнуўся да людзей з прамоваю, пераконваючы, што ня трэба ўшаноўваць госцію як бога. Праз некалькі тыдняў, напрыканцы чэрвеня 1611 году, кат на віленскім рынку вырваў яму язык, цела чацвяртаваў і падвесіў на крук. Адбылося гэта раніцаю - насуперак просьбе асуджанага, які прасіў, каб пакаранне адбылося апоўдні, на вачах людзей. Нягледзячы на катаванні дэ Франка не зламаўся і да самага канца захоўваўся надзвычай мужна. Смяротнага пакарання цвёрда патрабавала каралева, дамагаўся Пётр Скарга. Захады літоўскіх кальвіністаў не прынеслі плёну.

Раней у Італіі Франка ўжо сядзеў у вязніцы як ерэтык. Да нас ён трапіў праз Ляйпцыг, дзе пазнаёміўся з нейкім палякам Пёнткевічам. Ён мусіў чуць пра свабоду, што пануе ў Рэчы Паспалітай, якая праславіла краіну ды высока ўзняла яе ў вачах Эўропы.

На пераломе XVІ і XVІІ стагоддзяў у Рэчы Паспалітай Абедзьвюх Нацый шмат што змянілася. Першым вынікам зменаў стала тое, што Рэч Паспалітая больш не была выняткам. Яна далучылася да эўрапейскае нормы, г.зн. часцей стала трапляць у крывавую багну. Тады ў усіх краінах кантыненту каралі за блюзнерства гэтак жа, як у Вільні - аднолькава ў каталіцкіх, пратэстанцкіх, праваслаўных, магаметанскіх.

Колькі тыдняў таму на лекцыі, прысвечанай тэме гэтай кніжкі, мяне прыемна здзівіў адзін вучань. Ён спытаўся, як можна растлумачыць хуткасць пераменаў у Польшчы. Сапраўды, у XVІ стагоддзі мы былі слынныя сваёй талерантнасцю, а ў XVІІ выгналі сваіх арыянаў. Адкуль што ўзялося? Якая сіла змяніла палякаў?

Малады чалавек заўважыў тое, што звычайна застаецца па-за ўвагаю: ашаламляльны тэмп гэтае гістарычнае эпохі.

У час, калі ў Вільні каралі няшчаснага дэ Франка, жыло шмат людзей, якія выдатна памяталі справу чалавека, які выпадковым чынам меў падобнае прозвішча: Хрысціян Франкен. Ён быў немец з бурлівым мінулым, экс-езуіт і прафесар універсітэту. Калі ж ён трапіў у Польшчу, чыю верацярпімасць шырока праслаўляў у друку, то дайшоў да такое ступені радыкалізму, што нашыя арыяне не падзялялі ягоных поглядаў. Франкен быў нонадарантыстам, г.зн. працівіўся аддаванню боскае пашаны Хрысту. У 1584 годзе ён выдаў на гэтую тэму твор і выклікаў вострую палеміку. Асабліва ярыўся Якуб Гурскі, прафесар акадэміі. У ягоным выступе не абышлося бяз закліку да «свецкага мяча». Франкен схаваўся і ўцёк з Польшчы, а ў вязніцу трапіў друкар Алексы Радэцкі. Ненадоўга, бо хаця кароль Стэфан быў каталіком з пераканання, а ня толькі з метрыкі, але загадаў яго вызваліць.

На думку Станіслава Шчоткі «страчаны твор Франкена ўяўляў адзін з самых смелых сярод рэлігійных публікацый XVІ стагоддзя, ягоны аўтар меў найрадыкальнейшыя для часу рэфармацыі рэлігійныя погляды». Публікацыя з'явілася ў Польшчы, у Кракаве, і ніхто не загінуў з гэтае прычыны. Пазней Франкен жыў у Чэхіі ці ў Сяміграддзі і не спрабаваў там дэманстраваць свой радыкалізм. Рэч Паспалітая і кароль Стэфан набылі добрую славу. Абавязкова трэба дадаць, што памілаванне друкара адбылося заступніцтвам Станіслава Ташыцкага.

Толькі дваццаць сем год дзеліць справы Франкена і дэ Франка. Залаты Век хутка адышоў у нябыт.

Мы слаба ўсведамляем масштаб і характар атакі, якую адны называюць контррэфармацыяй, іншыя - каталіцкай рэакцыяй. Мы не разумеем, што менавіта яна афарбавала нашую гісторыю ў новы, неспатыканы раней колер. Традыцыі перавагі абскурантызму ў нас сягаюць вельмі неглыбока - не далей за XVІІ стагоддзе.

Адзін французкі каментатар паведаміў не так даўно, што ІІ Ватыканскі Сабор зачыніў перыяд контррэфармацыі, які цягнуўся трыста год. Звярніце ўвагу на гэтую акалічнасць, бо мы імкнемся да спакойнага абмеркавання няпростых пытанняў. Іначай, чымся раней, пішуць сёння сур'ёзныя каталіцкія аўтары пра віну, пра адказнасць за схізму і рэфармацыю, не аспрэчваючы ўжо, што праявы добрае волі маглі быць і з боку адшчапенцаў, а грахі - з боку прававерных. Калі ж так, калі перыяд контррэфармацыі цяпер безпаваротна зачынены, мая выразна адмоўная ацэнка гэтага перыяду ня можа абразіць чыесьці пачуцці. Я разлічваю, вядома, на палеміку, але гэта зусім іншая справа.

Здараецца, што вялікія гэтага свету прызнаюцца: «Мы памыліліся», але кошты, што заплацілі простыя людзі, астаюцца іхнімі ўласнымі коштамі.

Станіслаў Мацкевіч піша ў «Станіславе Аўгусце», што мы,палякі, «недаацэньваем наш удзел у... каталіцкай рэакцыі XVІІ стагоддзя, у контррэфармацыі XVІІ стагоддзя. Увогуле, гэтае стагоддзе ў нас яшчэ ня зразумета». У іншым месцы ён піша: «я ганаруся тым, што Польшча ў контррэфармацыі адыграла такую вялікую ролю, якая дагэтуль належным чынам не асэнсаваная і неацэненая, але якая з прычыны дурных нашых прапагандысцкіх догмаў, што панавалі ў XІX стагоддзі, усяляк прымяншалася і хавалася».

Пра першыя гады панавання Станіслава Аўгуста мы чытаем у Мацкевіча наступнае:» выразна адчуваецца, што польскае грамадства з лёгкасцю ахвяруе нялюбым каралём, дазволіць разбіццё сойму ды любой іншай дзяржаўнае арганізацыі, але не саступіць у адной справе - рэлігійнай. Прававы прыгнёт некаталікоў бароніцца з большым перакакнаннем і пачуццём маральнага абавязку, чым усе дзяржаўныя інтарэсы разам узятыя».

Я не разумею, як можна захапляцца бацькамі і пагарджаць іхнім родным дзіцём. Контррэфармацыя свядома імкнулася да падпарадкавання патрыятызму і дзяржаўных інтарэсаў рэлігійным меркаванням. Рух, што так падабаецца Мацкевічу, дасягнуў сваёй мэты.

Наш удзел у контррэфармацыі і наша ўёй роля... Першым кіраўніком польскіх езуітаў быў гішпанец, потым - італьянцы, і так сорак тры гады. У 1607 годзе адбылася рэарганізацыя ордэну, падзел на польскую і літоўскую правінцыі. Да апошняе залічылі былі... Мазовію і Варшаву. Генерал іезуітаў не палічыўся з польскімі пратэстамі. Нутраная структура Рэчы Паспалітай, ейнае ўладкаванне, гісторыя, сутнасць дзяржавы Абедзьвюх Нацый - ён быў па-над гэтым. Для штабу контррэфармацыі мы былі аб'ектам і нічым болей - вось наш «удзел» і наша «роля». Контррэфармацкі наступ быў скіраваны на ўсход, таму трэба было польскую сталіцу аддаць ўсходняй правінцыі ордэну езуітаў, і кропка.

Я лічу контррэфармацыю адным з чыннікаў, што паклалі Польшчу ў дамавіну. Яна пазбавіла нас таго зусім нядрэннага мейсца на культурным кірмашы Эўропы, якое мы здабылі былі ў XV і XVІ стагоддзях. Упартае імкненне «абярнуць» праваслаўных спрычынілася да падзеяў, якія згубілі Рэч Паспалітую - да катастрофы на Ўкраіне.

Высокую назву «Рэч Паспалітая Абедзьвюх Нацый» гісторыя палічыла недастатковай. Такая назва не заспакойвала ейных катэгарычных жаданняў. Мы павінныя былі ператварыцца ў Рэч Паспалітую Трох Нацый, і гэта магло адбыцца, але пры адной умове: трэці раўнапраўны складнік - Украіна - мусіў застацца праваслаўным. Або, калі хто мае ахвоту, схізмацкім. Контррэфармацыя выказалася супраць. Яна жадала Рэчы Паспалітае ТОЛЬКІ ДЛЯ КАТАЛІКОЎ - і дапяла свайго.

Спадзяюся, я выразна акрэсліў свой погляд на конррэфармацыю, бо далей маю намер пісаць пра пэўныя рэчы з прызнаннем. Адмоўна ацэньваючы і мэты, і вынікі, я тым ня менш шаную першакласную якасць выканання.

Паспрабуем адшыфраваць, як «каталіцкая рэакцыя» здабыла столькі душ і розумаў. Публіцысты, што пісалі ў пачатку XVІІ стагоддзя, спажылі бочкі атраманту на пратэсты супраць захопу езуітамі матэр'яльных рэсурсаў. Яны пісалі пра фантастычныя сумы, пра вежы, поўныя золата. Я, аднак, ня веру, што ў гэтым сутнасць справы. Пры Жыгімонце Аўгусце біскупы былі нябедныя, але за імі ніхто ня йшоў. Ня меў бы рацыі той, хто спрабаваў бы звесці ўсё да прымітыву, сказаўшы, што каталіцызм спрыяў матэр'яльным інтарэсам шляхты і дзеля таго заваяваў яе прыхільнасць. А кальвінізм, лютэранства і праваслаўе гэтым інтарэсам не спрыялі? Калі не, то відавочна Мікалай Радзівіл Чорны з нянавісці да земдеўладальнікаў прыхіліўся да кальвінізму. Пра што гаворка - толькі арыяне выказваліся супраць няроўнасці, толькі яны, да таго ж ня ўсе.

Напачатку XVІІ стагоддзя невядомы аўтар твору «Votum аднаго каталіка пра езуітаў» выклаў свае меркаванні даволі бесцырымонна. Аўтар быў, хутчэй за ўсё, польскім кансерватарам і з сумам уздыхаў па маральнай атмасферы часоў варшаўскае канфедэрацыі, якая адстойвала свабоду сумлення. «Перш-наперш», - піша ён пра езуітаў, - «яны стараюцца з усяе сілы ўшчаміцца ў паненскія пакоі, атрымаць права ўваходу туды. Там бо сапраўднае гняздо іх, з якога потым на ловы вылятаюць. І хутчэй езуіт пагодзіцца на найгоршы сорам, чым на выгнанне з тых пакояў. Паставіўшы там нагу, адразу ж так павернуць справу, што ўсё жывое да іх па параду ходзіць, нават самых біскупаў яны выхоўваць... Спачатку паноў у моц сваю, нібы ў кіпцюры якія, бяруць і імі кіруюць, як хочуць, потым моладзь на шкоду Рэчы Паспалітае на свой лад перарабляюць, у іх угрызаючыся».

У 1585 годзе два польскія езуіты, Баўтарамей Тамашэвіч ды Пакаш Бярнард Галыньскі, накіраваліся ў Швецыю са спецыяльнаю місіяй - па загадзе слыннага Пасевіна - з мэтаю вяртання Швецыі да каталіцтва і дамовы паміж Швецыяй і Габсбургамі (як відаць, рэкаталізацыя Швецыі зусім не была тоесная перашкодзе нямецкім ўплывам). Манахі цікавіліся, натуральна, каралеўскім дваром, а ня плебсам. Яны разлічвалі на караля Яна ІІІ, які пасунуўся быў аж да закрыцця лютэранскага ўніверсітэту ў Упсале, але выразнага кроку ў бок Рыма не зрабіў. Галыньскаму пашанцавала наблізіцца да каралевіча Жыгімонта, стацца ягоным спаведнікам ды прапаведнікам. Разам з ім, ужо як з польскім каралём Жыгімонтам ІІІ, айцец Бярнард вярнуўся дадому. Здабытую ў Стакгольме пасаду ён захаваў да канца жыцця, а ўплыў - павялічыў. Галыньскі меў дачыненне да найбольш патаемных акцыяў Жыгімонта, як план перадачы кароны Габсбургу. Улады ордэну ня толькі ўхвалілі ягоны асабісты поспех, але й скарысталі яго напоўніцу, старанна рэжысіруючы дзеянні каралеўскага навушніка. Ён быў адной са шрубак механізму, што спраўна функцыянаваў пры кракаўскім двары. Галыньскі і Скарга - два складнікі гэтага механізму. Толькі з дазволу айца Пятра мог айцец Бярнард размаўляць з каралём на важныя тэмы. Абодва павінны былі старанна запісваць свае дзеянні, а справаздачы накіроўваць правінцыялу ордэну. Калі ў 1592 годзе цяжка хворы Галыньскі хацеў падлячыцца над Адрыятыкай, каталіцкая Венецыя ня ўпусціла яго ў свае межы. Давялося задаволіцца аўстрыйскімі землямі. Польская апазіцыя, прыхільнікі Замойскага таксама, мусіць, Галыньскага не любілі, бо праз некалькі год пасля ягонай смерці ў вісліцкай казані Скаргі выразна гучалі абарончыя ноты: «Яшчэ дзіцём ды маладзёнам будучы і падрастаючы, палюбіў слуг сваіх шведскі каралевіч...»

Палітычная біяграфія Пакаша Бярнарда Галыньскага - добры прыклад дыхтоўнага выканання. Найлепей гэта відаць з вынікаў. Жыгімонт ІІІ запатрабаваў ад гетмана Канецпольскага, каб пратэстанцкіх «міністраў» не было ня толькі ў табарах, але й у гарадах, паблізу якіх кароннае войска стаяла табарам (ад літоўскай арміі немагчыма было гэта патрабаваць, бо гетманам там быў Радзівіл, кальвініст).

Пры Стэфане I у Вільні італьянцы са світы кардынала, які ў хуткім часе стаў папам, былі прыемна здзіўленыя, калі разам з імі за стол у доме нейкага каноніка сеў іншаверца, вядомы храніст Фёдар Еўлашэўскі. Крыху пазней, напачатку XVІІ стагоддзя, яму давялося напісаць: «Зараз паміж людзьмі, рознымі вераю, ня можа быць ані любові, ані шчырасці, ані добрых паводзінаў».

Трэба бесперапынна і моцна ціснуць на людскія мазгі, каб выклікаць у іх такія змены. Можна з вялікай пэўнасцю скласці спіс асобаў, якія сфармавалі псіхіку Жыгімонта ІІІ. Калі ж гаварыць пра шырокія масы, то ўжо аўтар вышэйпамянёнага «Votum» бедаваў, што «моладзь на свой лад перарабляюць, у іх угрызаючыся». Трапны выраз, шкода, што падзабыты.

Рост кіраванага ордэнам школьніцтва належыць да шырокавядомых тэмаў, амаль з падручнікаў. Пачатак быў пакладзены пры Жыгімонце Аўгусце закладаннем калегіюму ў Браневе, потым - у Пултуску, Пазнані, Кракаве, Вільні. У 1590 годзе езуіты мелі віленскі ўніверсітэт ды адзінаццаць калегіюмаў па ўсёй краіне. На працягу наступнага паўстагоддзя паўстала яшчэ каля сарака. Была зроблена стаўка на моладзь, здабытыя розумы маладых, і гэта шматкроць аплацілася езуітам. Шмат праўды ў словах публіцыста пачатку XVІІ стагоддзя: па ягоным меркаванні талерантныя каталікі, ня схільныя да пераследу іншаверцаў, гэта «старыя каталікі». Новых жа, дадае ён, адразу відаць, «бо разам з шабляю малітвы на пас вешаюць, крыжыкі ў пакоях сваіх ставяць, кампаніі розныя і лігі... патаемныя ўтвараюць». Бацькі былі лепшыя за сыноў, «хаця абразкоў ды ружанцаў на пасе не насілі».

Ужо напрыканцы XVІ стагоддзя ў Рэчы Паспалітай пачынаюць расці касцёлы новага кшталту. Контррэфармацыя - таталітарны рух. Яна не магла жыць у згодзе са свецкім па сутнасці, індывідуалісцкім мастацтвам Рэнесансу. Зыгмунтава капліца, больш падобная на пакой палацу, чым на бажніцу, ня ў ейным гусце. Гэткае мастацтва быдо бескарыснае, элітарны, арыстакратычны рэнесанс адлюстроўваў час «старых каталікоў», то бок апаганеную, забароненую эпоху. Уласцівы ёй спакойны скептыцызм ня мог зжыцца з фанатызмам, стрыманасць роўнялася з ерассю.

Халтуршчыкі спрабавалі б вяртанне ў мінулае, выцягваючы з магілы готыку. Лянівыя думаць шукалі б простых сродкаў. Але ў гераічны перыяд каталіцкае рэакцыі ёю кіравалі людзі інтэлігентныя і адважныя. Яны ня спужаліся новага мастацтва, але сталі ягонай наймацнейшаю падтрымкаю. Іхняю мэтаю было распаўсюдзіць уладу папы на ўсю тагачасную Эўропу, і яны разумелі, што гэтае мэты не асягнуць сродкамі св. Францішка Асізкага. Яны ведалі, што не кансерватары, але наватары авалодваюць масамі.

Контррэфармацыя стварыла сваё мастацтва, барока, і скакрыстала яго як зброю. Дынамічны, эмацыйны, пагрозліва-патэтычны аж да істэрычнасці стыль паказаў сябе выдатнаю зброяй. Ён пасаваў да эпохі, калі пасвараныя ў пытаннях веры партыі аддавалі перавагу рапіры, а не пераконванню.

Барока - гэта ня толькі хвалістыя абрысы і выявы святых у маляўнічых позах. Готыка таксама паказвала людзям неба, але рэшту пакідала збольшага іхняму асабістаму ўяўленню. Хто жадаў таго, мелі самоту. У барочным касцёле гэта было забаронена. Вернікі ўтваралі згуртаваны, арганізаваны інтэр'ерам бажніцы шыхт, які знаходзіўся пад уздзеяннем адной ідэі. Алтар - галоўны акорд, бакавыя нефы знікаюць, і толькі капліцы ўтвараюць шэраг адтулінаў. Як мага болей белага святла, ніякіх вітражоў, каб не адцягвалі ўвагу! Яе трэба скіраваць выключна на рэчы, абраныя фундатарам і паказаныя мастаком лапідарна, выразна і пераканаўча. Увага падпарадкаваная прапаведніку, які выглядае ня менш тэатральна, чым рэзаныя фігура на алтары. Вернікі - слухачы і гледачы - мусяць ператварыцца ў баявую калону, жыць, думаць, дзейнічаць паводле адзінага ўзору.

Ужо ў першым дзесяцігоддзі XVІІ ст. фундаментальныя барочныя касцёлы паўстаюць у Каркаве і Вільні - св. Пятра і Паўлы ў першым, св. Казіміра ў другім. Будоўлі таго ж часу, нават крышку старэйшыя, высяцца ў радзівілаўскім Нясвіжы, Пазнані, Пшэмыслі ды іншых значных гарадах. Таму я моцна здзівіўся калі, наведаўшы Сейны, убачыў там такі барочны касцёл, што пазайздросціць і Варшава, пабудаваны, як сцвярджаў надпіс на сцяне, у самым пачатку XVІІ стагоддзя. Маю памылку выправіў знаўца гісторыі мастацтваў Андрэй Рышкевіч. Толькі напрыканцы XVІІ стагоддзя сейненскі касцёл набыў барочны выгляд, а дакладней - барочныя дадаткі, пачаткова ён быў пабудаваны ў стылі рэнесансу. Фундатары - Ежы Грудзіньскі і ягоная жонка Юстына з Дульскіх - прызначалі яго дамініканам, якім падаравалі былі ўсё мястэчка разам з выдатным кляштарам, які захаваўся да нашых дзён. Адзінымі прыхільнікамі барока на той час былі езуіты, іншыя ордэны, паважаныя і закасцянелыя, будавалі на стары лад. Зірнем хаця б на касцёл Камедулаў у Белянах пад Кракавам. Калі зняць з фасаду рэлігійныя эмблемы, атрымаецца фасад палацу. Гэткіх рэчаў езуіты не ўхвалялі.

Надзвычай сімвалічна - элітарны, найбольш свядомы мэты, ваяўнічы аддзел контррэфармацыі выкарыстоўвае новае мастацтва як зброю. Пазней усе іншыя прызнаюць ягоную рацыю і рушаць у тым жа кірунку - па ягоных слядах.

Першаўзорам барочнае бажніцы ёсць касцёл дэль Гезу ў Рыме, пабудаваны ў 1568-1584 гадах. Ужо ў 1586 годзе ў Любліне пачынаецца будоўля дакладна па гэтым узоры. Езуіты будавалі ў новым стылі гэтак жа інтэнсіўна, як закладалі школы. Збігнеў Хорнунг піша ў другім томе «Гісторыі польскага мастацтва» пра сапраўдную будаўнічую ліхаманку. Гэтак спяшаліся будаваць, што праца часам кульгала і спынялася, нешта нават валілася... Ордэн добра разумеў, чаму трэба спяшацца. Ён ведаў моц новага мастацтва - і ўмеў ёй карыстацца, што сустракаецца нашмат радзей. Ніводзін непрыяцель ня мог гаварыць пра застой у архітэктуры, жывапісе або разьбе. Людзі бачылі, як паўстаюць творы новыя, неспакойныя, цікавыя - і цягнуліся да іх як цвікі да магніта.

Вядомы нам аўтар твора «Votum каталіка» гаварыў, што «да нас прыехала толькі езуіцкае бруха, якое мусім набіваць, галавою ж кіруе мозг гішпанскі ды італійскі». Цяжка прыдумаць большую недарэчнасць. Калі пісаліся гэтыя словы, Мацей Сарбеўскі быў, што праўда, малым хлапчуком, але імя Пятра Скаргі гучала па краіне, а Якуб Вуек толькі што быў памёр. Хіба іх можна назваць «брухам»?

Контррэфармацыя захапіла і ўзяла да сябе на службу таленты, і гэта адна з прычынаў ейнае перамогі. Пратэстанты і вальнадумцы маглі проціпаставіць ёй не абы якія інтэлекты, і перамога не далася лёгка. Яе ўвогуле магло ня быць, калі б ня ўжыванне адміністрацыйнага гвалту і не нацкоўванне на праціўніка фанатычнага натоўпу. Але што магло супроцьпаставіць Скаргу праваслаўе? Толькі на пераломе XVІ і XVІІ стагоддзяў у цэрквах пачынаюцца казані, раней жа парафіянаў павучалі, чытаючы ім адны і тыя ж тэксты. У такіх умовах звычайны снабізм, не кажучы ўжо пра сапраўдныя культурныя патрэбы, штурхаў паланізаваных у культурным плане магнатаў і шляхту да каталіцызму. Сярод простых людзей прыхільнасць да веры продкаў заставалася адзінаю апорай праваслаўя, і - як выявілася - гэтага было дастаткова.

Я згадваў тут пра адміністрацыйныя сродкі. У 1638 годзе арыянаў выгналі з Ракава, зачынілі тамтэйшую, вядомую ў Эўропе, вучэльню. Фрэска школы Фамы Далабеллі, што захавалася ў біскупскім палацы ў Кельцах, паказвае сцэну суду над польскімі Братамі, сведчанне, як свецкая ўлада вырашыла спрэчку ў справе веры: на фрэсцы відаць самога Ўладыслава ІV.

Тры гады пазней біскупам у Ракаве стаў Банавентура Дзержаноўскі, рэфармат, былы правінцыял Малапольшчы. Ён браў удзел у капітуле свайго ордэну ў Таледа, чатыры разы наведаў Рым, кожны раз ідучы пешкі і збіраючы міласціну. Пешкі ён абыходзіў вёскі вакол Ракава, прамаўляючы казані, навучаючы, баронячы сялян ад прыгнёту.

З гэткімі людзьмі не заваюеш свет, бо гэта ўвогуле немагчыма, але апанаваць розум шляхты такім чынам можна. Нельга проста сказаць, што контррэфармацыя гвалтам забрала ў арыянаў Ракаў. Трэба яшчэ дадаць, каго яна туды накіравала, якога чалавека зрабіла сваім ваяром. Гэтаксама і Пётр Скарга ня дбаў пра асабістую кар'еру і не дражніў чужыя вочы багаццем.

Выхавацелем вядомай Марыны Мнішак быў ксёнз Гансёрэк, бернардын, па паходжанні ільвоўскі месціч. Атрымаўшы адукацыю ў Кракаве, Парыжы, Перуджы і Рыме, і стаўшы правінцыялам, ён дбаў пра скіраванне моладзі па гэтай дарозе. Упадабаўшы Самбар, ксёнз ператварыў яго ў значны цэнтр рэлігійнага руху. Энергічны, адданы бяз рэшты ідэям Трыдэнцкага сабора, ён меў значны ўплыў на мясцовых землеўладальнікаў.

У 1605 годзе Самазванец, нарачоны ягонае выхаванкі, апынуўся ў Крамлі. Гансёрак не чакаў стабілізацыі, а 6 студзеня 1606 года разам з сямю манахамі рушыў на ўсход як «камісар маскоўскае місіі». Ён паспеў там абярнуць у каталікоў трыццаць чалавек. У траўні, падчас вядомага паўстання ў Маскве, ён трапіў у палон, захаваўшы, у адрозненні ад Самазванца, жыццё. Ён памёр у Яраслаўлі ў жніўні 1605 года. Ягоныя ўчынкі ніякім чынам ня могуць быць аргументам на карысць аферы Дзімітрыя, але сведчаць, што контррэфармацыі служылі людзі, здольныя да вялікае рызыкі.

Каталіцкая рэакцыя аддавала перавагу інтэнсіўным сродкам. Прысуды і экзекуцыі сведчаць пра гэта аж надта пераканаўча (калі каго не пераконваюць самі фармулёўкі законаў). У першай палове XVІІ стагоддзя пробашчам у Борку Велькапольскім быў Фелікс Дурэвіч. Мястэчка дзякуючы яму прыдбала школу і кнігазбор. Ксёнз Дурэвіч актыўна навяртаў пратэстантаў, але забараняў іх пераследваць, апекаваўся ерэтыкамі, што ўцякалі з Сілезіі, дзе ўжывалі супраць іх вастрэйшыя сродкі, асабіста вышукваў для іх кватэры. Тры разы перапыняў жыдоўскія пагромы. Бараніў ведзьмы, дамогшыся, каб працэсы супраць іх адбываліся выключна ў прысутнасці валадара Борку, які звычайна выносіў апраўдальны прысуд. Захопленая рэпрэсіямі конррэфармацыя не адмаўлялася і ад такога слугі як Дурэвіч. Ягоная біяграфія адчыняе перад намі таямніцу, якую ведаў і якой кіраваўся ордэн езуітаў: патрабуючы ад чальцоў абсалютнай лаяльнасці дактрыне і кіраўніцтву, ім пакідалі свабоду ініцыятывы. Яны мусілі актыўна дзейнічаць і асягаць вызначаныя мэты, але ім ня трэба было ўзгадняць кожны свой крок. Такім чынам ствараліся ўмовы для працы людзей таленавітых, з цвёрдым характарам. Сіла характару і асобы не была заганай: контррэфармацыя была сур'ёзным рухам, і ў ейнай гераічнай фазе галоўную ролю адыгрывалі прагматычныя меркаванні, а не асабістыя прыхільнасці і кар'ерызм. «Царства Божае церпіць гвалт, і гвалтаўнікі здабываюць яго» - жорсткія людзі, а не мягкацелыя інтрыганы.

Натуральна, з часам перамог апартунізм. Пасля рокашу Зэбжыдоўскага езуіты спынілі падтрымку рэфарматарскіх намераў караля, адступіліся ад абароны простага люду. Яны палічылі мэтазгодным падыгрываць эгаізму шляхты. Пазней замежнае кіраўніцтва звяртала ўвагу сваіх польскіх падначаленых на фатальнае занядбанне школьнае справы, але заклікі ня мелі выніку, бо ў умовах татальнага панавання над розумамі прывілеяваных найлепей было пазбягаць усіх зменаў. Застой быў прыбытковым. Надзеі на ўмацаванне дзяржавы шляхам конррэфармацыі былі, як выявілася, летуценнямі адсечанае галавы.

Але ў пачатковым і рашаючым перыядзе каталіцкая рэакцыя не перамагла б гэтак татальна, калі б не мабілізавала людзей з адпаведнымі здольнасцямі. «Populus est ducendus, non sequendus» - гэта здаўна было вядома Царкве. Але абы за кім кожны ня пойдзе, і пра гэта ў гераічную пару контррэфармацыі таксама памяталі. Нічога нельга зразумець бяз ведання першага пакалення барацьбітоў. Яны адваявалі для Рыму польскую пляцоўку, якую нунцый Алойза Ліпамана лічыў страчанаю назаўсёды.

Гэта быў вынік вышэйшага гатунку - і нават плачучы над наступствамі не пагадзіцца з гэтым нельга.

Я паспрабаваў абмаляваць наступ контррэфармацыі на шматлікіх франтах. Уплывы на каралеўскім двары і школьніцтва, новае мастацтва і матэр'яльныя сродкі, ахвярнасць і рэпрэсіі, жорсткасць і адданасць, казані і асабісты прыклад.

Месца і час пачатку вялікага руху вядомыя: 4 снежня 1563 году зачыніўся Трыдэнцкі сабор. Ён не ўхваліў ніякага новага дагмату, але ў справе арганізацыі і дысцыпліны ягоныя вынікі для Царквы бясцэнныя. Былі пацверджаныя паўнамоцтвы папскае ўлады, узмоцнены інстрыментарый кіравання, вернутая дысцыпліна. Перавагу атрымалі жорсткія падыходы. Стагоддзямі гучалі заклікі да рэформы Царквы «ў галаве і ў членах». Паводле патрабаванняў што логікі, што практыкі пачалося з узмацнення галавы. Рашуча змянілася да лепшага сітуацыя ў цэнтральным штабе, і гэта стала найважнейшаю крыніцаю поспеху. Няпэўныя ў сабе біскупы, што жылі толькі сённяшнім днём, выразна ўзмацнелі духам, адчуўшы новы тон у загадах з Рыму. Увесь магутны наступ па шматлікіх напрамках быў кіраваны з адзінага цэнтру, і ягонае ажыццяўленне было б немагчымым, калі б папярэдне не ўзмацнеў сам гэты цэнтр. Перамога контррэфармацыі па сутнасці сваёй была перамогаю арганізацыі. Вера жывіла ваяроў каталіцкае рэакцыі, мы пра гэта не забываемся, але вера была й да Трыдэнцкага сабора, але высілак расцярушваўся, губляўся марна ў дробязях. Змаганне ішло з іншаверцамі, якія - ня варта забывацца - таксама верылі.

На пераломе XVІ і XVІІ стагоддзяў грамадства Рэчы Паспалітае перажыло не адну, але дзьве метамарфозы. Нашчадкі людзей палітычна цвярозых і добра здысцыплінаваных пачалі пераўтварацца ў статак з'варяцелых свавольнікаў. Грамада, якая шанавала свабоду думак і сумленняў, хутка адмовілася ад талерантнасці і паддалася фанатызму.

Абодве перамены былі фатальнымі. І ў абодвух выпадках пачатак паклалі факты, якія адбыліся ў цэнтральных асяродках улады. Дзяржаўная ўлада катастрафічна саслабла, апынулася на мяжы знікнення, страціўшы гарманізацыйныя і ўвогуле кіраўнічыя здольнасці. Палітычныя сілы апынуліся ў сітуацыі неабмежаванае свабоды.

У асяродку царкоўнае ўлады адбываўся супрацьлеглы працэс: ён узмацніўся, атрымаўшы шанс татальнага апанавання душаў - і выкарыстаў гэты шанс.

Нельга сказаць, каб інстытут улады быў малазначным гістарычным чыннікам. Сістэма ўлады мае дачыненне да паўстання або занядбання таго, што мы завем нацыянальным характарам. Пра гэта, прынамсі, гавораць факты.

 

Цана таталітарызму

 

У пачатку 1963 году Wydawnіctwo Lіterackіe падарыла нам кніжку Станіслава Васілеўскага «Ганебныя працэсы. Малюнкі з судовых кронікаў веку Асветы». Назва цалкам адпавядае зместу, але прадмову аўтар закончыў аптымістычна: «Гэты том гутарак не дадае гонару XVІІІ стагоддзю. Адна акалічнасць усё ж лагодзіць справу: на другі том матэр'ялу не хапіла б».

Я ў гэтым зусім ня ўпэўнены. Васілеўскі саграшыў супраць логікі: разам з апісаннем жудаснае гуманьскае разні, у якой былі вінаватыя ўкраінскія падданыя Рэчы Паспалітае, абавязкова трэба было ўзгадаць пра адказнасць натхняльнікаў - г.зн. расейцаў. Перадусім жа - паказаць, як выглядала помста. Зацікаўленым рэкамендую выдатныя «Падольскія апавяданні» Юліяна Валашыноўскага, апавяданне «Ненуфары». Пераказваць змест я ня буду, каб не псаваць мастацкі твор. Аўтар смела казаў праўду, але ня ймкнуўся да сенсацыйнасці. Хачу дадаць толькі, што жудаснае пакаранне Гонты было толькі фрагментам помсты, выкананай з агіднаю жорсткасцю. Гайдамакі ў Гумані паводзіліся як злачынцы, але па-рознаму выглядае маральная адказнасць прымітыўнага казацтва і дзяржаўных жаўнераў ды чыноўнікаў. Ня будзем казаць сабе кампліментаў і пераконваць, што не хапае матэр'ялаў на другі том «Працэсаў».

Для сённяшніх развагаў цікавыя две «гутаркі» Васілеўскага: «Злачынства жонкі віленскага ваяводы», дзе гаворыцца пра тое, як жонка Пане Каханку, жывучы ў сепарацыі, загадала забіць шляхціца Чашэйку, а пасля з'ехала ў Аўстрыю, бо ў Польшчы ёй пагражаў суд, і «Спаленне чараўніцаў у Дорухаве», якая знаёміць нас з апошняю экзекуцыяй гэтага тыпу ў Рэчы Паспалітай. Тая адбылася ў 1775 годзе, выразна прыспешыўшы распачаты раней рух: ужо ў папярэднім годзе ваявода Сулкоўскі і падкаморы Гуроўскі рашуча пратэставалі супраць гэткіх акцый. Дорухаў усхваляваў грамадскую думку і паставіў пытанне надзвычай востра. У 1776 годзе кароль Станіслаў Аўгуст запатрабаваў адмены катаванняў, а кашталян бецкі Войцех Ключэўскі - скасавання кары смерці за чары. Сойм адзінагалосна ўхваліў абедзве прапановы. Больш нельга было ў Польшчы караць смерцю ведзьмаў і ўжываць катаванні ў крымінальных працэсах.

У гэты ж час, інфармуе Зыгмунт Глогер, у пратэстанцкай Швецыі ў вёсцы Мора за адзін раз спалілі былі семдзесят дзве жанчыны і пятнаццаць дзяўчат. Прысуд вынесла каралеўская камісія. Ахвяры абвінавачваліся ў чараванні. У 1770 годзе ангельскі парламент ўхваліў пастанову, што жанчынаў, «якія ашукваюць мужчынаў штучнымі звабамі, караць тою ж караю, што ўжываецца супроць чараў».

Не памылюся, калі скажу, што Дорухаў у пэўным сэнсе пераўзыходзіць пастанову ангельскага парламенту і прысуд камісіі шведскага караля - ён атрымаў куды большы, вельмі спецыфічны розгалас. Шмат хто чуў пра пакутную смерць ахвяраў, але мала хто - пра рэакцыю сойма і караля.

А цяпер зусім канкрэтнае пытанне: калі і дзе на сённяшняй тэрыторыі Польшчы апошні раз спалілі на вогншічы чалавека? Дакладны адказ: 21 жніўня 1811 году ў Рэшлі, які належаў тады да прускага каралеўства.

Пра справу Барбары Здунк з дому Урбан, плебейкі з-пад Бартошыцаў, мы можам падрабязна прачытаць у цікавай кніжцы Ўладыслава Аградзінскага «У цені самотных вежаў». Раздзел, прысвечаны гэтаму здарэнню, мае назву «Полымя і цемра». Падзеі адбываюцца ў канцы напалеонаўскага перыяду. Прускае каралеўства, што вельмі ганарылася сваёю эўрапейскасцю, падлягала на той час імператару французаў, які не аднойчы бываў у Прусіі, але такіх спраў, як рэшэльская, несумненна, не ўхваляў.

Падрабязнасці знойдзем у Аградзіньскага, які даследаваў падзею па крыніцах. Паводле яго, разумова няздольную Барбару Здунк абвінавацілі ў падпале Рэшля. У вязніцы яна знаходзілася чатыры гады, прычым наглядчыкі скарысталі абставіны, стварыўшы ў турме аднаасобны, але прыбытковы публічны дом. Прысуд вынес гарадскі суд, зацвердзіла кёнігсберская Палата Справядлівасці, а канчатковую моц яму надало рашэнне самога Фрыдэрыка Вільгельма ІІІ (слынная каралева Луіза на той час ужо памерла). Міністр юстыцыі дадаў выканаўчае распараджэнне: перад тым, як падпаліць вогнішча, кат павінен быў непрыкметна задушыць ахвяру. Прысуд і загад міністра былі выкананыя.

Міністр выклікае пэўную сімпатыю, але ён апынаецца ў сумніўнай кампаніі. Гішпанская інквізіцыя таксама ўмела паліць на вогнішчах свежазадушаныя трупы. Спачатку «гарота», пасля - полымя. І ў сярэднявеччы няшмат было аматараў паліць людзей жыўцом. Гэтую кару захоўвалі для ўпартых рэцэдывістаў-ерэтыкаў. Гэтак было ў Францыі ў XVІІ стагоддзі, у пару палявання на ведзьмы, калі на сумленні некаторых суддзяў было па сотні асуджаных і дзесяткі тых, хто абраў для сябе самагубства. Кат спачатку душыў жанчыну, прывязаную да слупа, а пасля спальваў. Так рабілі не заўсёды, але часта. Міністр Фрыдэрыка Вільгельма ІІІ ня зрабіў нічога новага, ягоная вялікадушнасць - ад Таркемады.

Свет ня ведае пра Барбару Здунк. Было б іначай, калі б яе асудзіў польскі суд. Але гэтага не магло здарыцца! Апошнія прадстаўнікі польскае ўлады ў Рэшлі і рэшце Варміі, біскупы Станіслаў Адам Грабоўскі і Ігнацы Красіцкі, за трыццаць год не зацвердзілі аніводнага смяротнага прысуду. Полымя пад Барбараю Здунк запалала праз сорак год пасля таго, як Вармію захапіла Прусія. Немагчыма скінуць адказнасць на польскія традыцыі.

Папярэдні раздзел не пакінуў, маю надзею, сумненняў наконт майго погляду на контррэфармацыю. Пад ейным уплывам польская шляхта адкінула польскую гісторыю, шматвяковыя пястаўскія і ягелонскія традыцыі меры і асцярожнасці ў справах рэлігіі. Калі нехта заўпарціцца давесці, што яна адпрэчыла толькі сваю індыферэнтнасць, я ня стану спрачацца. Індыферэнтнасць - выдатная якасць, яна зусім не выключае ідэйнасці. Індыферэнтны чалавек ня будзе нікога не забіваць і пераследваць за веру. Калі б нехта мог загарантаваць гэта паўсюдна, на зямлі быў бы рай.

Трэба аднак вызначыць глыбіню падзення. На які ўзровень адкінула Рэч Паспалітую контррэфармацыя?

Сумнавядомы «Молат ведзьмаў», напісаны двума немцамі і выдадзены ў Кёльне ў XV стагоддзі, быў перакладзены на польскую мову толькі ў 1614 годзе. Зрабіў гэта Станіслаў Замбкевіч, сакратар князя Астроскага, які перайшоў у каталіцтва. У прадмове ён скардзіўся, што ў Польшчы чары не караюцца, людзі ня хочуць у іх верыць, а калі вераць, то не пераследуюць. Зрэшты, даты гавораць самі за сябе.

11 красавіка 1669 году куяўскі біскуп Фларыян Чартарыскі падпісаў у Смардзэве рэскрыпт, якім пад пагрозаю праклёну забараняў перавышэнні ўлады, напрыклад, катаванне бяз доказаў віны на падставе аднаго толькі абвінавачання, паўторнае катаванне тых, хто адмовіўся ад папярэдніх паказанняў, падказванне імёнаў мяркуемых саўдзельнікаў і гэтак далей. Біскуп загадвае караць грахі, «але не таемныя, якія цяжка давесці, толькі яўныя, напрыклад, забойствы, рабункі, ашуканства і гвалт... чужаложства, прыгнёт бедных, п'янства, нешанаванне святаў». Па меркаванні знаўцаў, цыркуляр біскупа Чартарыскага на стагоддзе апярэдзіў эўрапейскае заканадаўства.

5 траўня 1703 году Аўгуст ІІ задаволіў просьбу Станіслава Шэмбека, воляю выпадку таксама куяўскага біскупа, і выдаў загад, паводле якога гарадскія і вясковыя суды пазбаўляліся права разгляду скаргаў на чары. Першыя - пад пагрозаю штрафу ў тысячу дукатаў, другія - смерці. Нажаль, у тагачаснай Польшчы ніхто ўжо не сачыў за выкананнем дэкрэтаў.

У XVІІІ стагоддзі жыў гвардыян бернардынаў, ксёнз Серафін Гамальскі, мешчанін па паходжанні. Ён меў выдатную адукацыю (вучыўся ў Рыме) і шмат зрабіў для развіцця нацыянальнае архіўнае справы. Месца ў гісторыі культуры яму забяспечыла кніга «Неабходныя духоўныя перасцярогі суддзям, следчым і абвінаваўцам чараўніц», выдадзеная праз дзевяць год пасля ягонай смерці, у 1742 годзе. Ксёнз Гамальскі рашуча выказаўся супраць даручэнню такіх спраў людзям цёмным ды супраць бяссэнсоўных катаванняў, бо нават калі абвінавачаны вытрымае, менавіта гэта суд палічыць чарамі. Адпаведным органам можа лічыцца толькі трыбунал біскупаў. У Рэчы Паспалітай пераследам чараўніцаў і чараўнікоў займаліся мясцовыя суды, поўныя непісьменных людзей.

Серафін Гамальскі быў занадта аптымітычны: замежныя прыклады сведчаць, што адукаваныя людзі былі ня лепшыя за польскіх прасцякоў, нават нашмат горшыя.

Вера ў чары ёсць хваробаю розуму, што ахапіла Эўропу ў XVІ і XVІІ стагоддзях, а скончылася толькі ў XVІІІ. У гэтай справе Рэч Паспалітая не была выключэннем, але ёй было далёка і ад першых месцаў, і ад апошніх. Францускі гісторык Філіп Эрланжэ трапна зазначыў, што ў XVІІ стагоддзі сярэдні эўрапеец практычна забыўся пра мяжу паміж хрысціянскім дагматам пра існаванне сатаны і вераю ў чары...» А ў ІX стагоддзі «Canon epіscopі» сцвярджаў, што робіцца паганцам той, хто верыць у паветраныя падарожжы жанчын, спакушаных д'яблам. У XІІ стагоддзі папа Аляксандр ІV забараняў пераследаваць за занятак магіяй, калі ўяўленні мага ня былі выразнаю ерассю і дзейнасць абмяжоўвалася выкананнем рытуалаў.

У 1605 годзе адзін тэолаг сцвярджаў: няма сумневу, што чараўніцы ня могуць нашкодзіць прадстаўнікам юстыцыі. Менавіта такія пастулаты развязваюць рукі фанатыкам. Іншы вучоны канонік выкладаў, што чараўнік «які поўніцца сатанічнаю субстанцыяй, якая ёсць легкаю і мае схільнасць узнімацца накшталт агню, мусіць быць лягчэйшым, чым чэсны чалавек нармальнае вагі». Абвінавачаных узважвалі, выкарыстоўвалі іншыя выпрабаванні. Чараўнікі і чараўніцы «мусяць быць лягчэй вады, чыстае субстанцыі, што брыдзіцца нячыстым, і ў выніку выштурхоўвае сатанінскі бруд». Як бачым, вядомыя ў Польшчы метады выпрабавання вадою былі абгрунтаваны навукова.

Можна сказаць, што ў Польшчы агульнаэўрапейскае вар'яцтва прысутнічала ў аслабленай і прымітыўнай форме. Далёка нам было да сапраўднае вытанчанасці.

Цяпер час разгледзець сферу, у якой мы, не асягнуўшы дна, упалі надзвычай глыбока, бо з самых вяршыняў. Даты і факты я ўзяў з працы Ўладыслава Канапчыньскага «Пра старую і новую польскую нецярпімасць», якая паўстала Ў 1918 годзе.

Трэба адзначыць, што зыходным пунктам мусіць лічыцца згадка пра варшаўскую канфедэрацыю 1573 году, якая стала на абарону свабоды сумлення і рэлігійнага міру, ды згадка пра гэткія выпадкі, як вызваленне Ў 1584 годзе друкара аднаго з найсмялейшых ерэтычных трактатаў.

У 1632 годзе забараняюць будаваць новыя зборы ў каралеўскіх гарадах. Праз шэсць год арыян выганяюць з Ракава. У час шведскага «патопу», калі пасля часовага развалу дзяржавы пачаўся агульнанародны ўздым супраць захопнікаў, пратэстантам, што ўзялі бок Караля Адальфа, даводзіцца цяжка. Адбываюццца масавыя забойствы ў Лешне і Новым Сончу. У 1658 годзе сойм ухваляе выгнанне арыянаў. Праз дзесяць год з'яўляецца закон пра кару за апастазію: цяпер ужо нельга пераходзіць з каталіцтва ў іншую канфесію. 1689 год - справа Лышчыньскага, якога судзілі за атэізм і пакаралі смерцю, а цела спалілі. У 1718 годзе з палаты дэпутатаў выдалілі апошняга іншаверцу, кальвініста Пятроўскага. Шкадавання варты толькі прынцып, а не асоба выдаленага - Пятроўскі быў агентам царскага пасла Даўгарукага.

1724 год - слынная «торуньская справа»: пратэстанты, справакаваныя вучнямі, напалі на езуіцкі калегіюм і знішчылі яго. Суд прысудзіў да смерці бурмістра Роснера і дзевяць іншых асобаў. Прысуд быў выкананы, што выклікала вялізарнае абурэнне ў Эўропе. Паўстала пагроза сумеснай інтэрвенцыі дзяржаў-лідэраў з удзелам Англіі. Дадамо, што жорсткага прысуду дамагаўся Аўгуст ІІ. Ён сам даваў адпаведныя інструкцыі суддзям. Гэты польскі манарх імкнуўся кампрамітаваць Польшчу, каб лягчэй выканаць змену дзяржаўнага ладу ў абсалютысцкм кірунку. Рэформа не адбылася, кампрамітацыя - засталася, і не абы якая.

Ад 1733 году ніводзін іншаверца ня можа быць сенатарам Рэчы Паспалітае, дэпутутам або дзяржаўным чыноўнікам.

Канстытуцыя 3 траўня 1791 году вызначыла каталіцтва «нацыянальнай паноўнай рэлігіяй». Захавала забарону адыходу ад каталіцкае веры, але абвясціла «роўнасць усіх абрадаў і свабоду рэлігіі».

А цяпер зробім кароткі агляд некаторых законаў і дэкрэтаў іншых эўрапейскіх краін.

У 1571 годзе Англія выгнала ўсіх каталіцкіх ксянзоў. Забарона публічных набажэнставаў і закладання школаў у гэтых умовах выглядаюь лагічна. Тое самае зрабіла на сваёй тэрыторыі Галандыя, пазбавіўшы каталікоў усіх грамадзянскіх правоў. Каталіцкія шлюбы набывалі прававую моц толькі пасля таго, як іх дадаткова бласлаўляў пратэстанцкі святар. Швецыя ў 1595 годзе прысудзіла да выгнання ўсіх іншаверцаў-нелютэранаў. (Выкананне гэтае пастановы часам выглядала так, што езуітаў, якія прабіраліся ў краіну, выдалялі бяз усякае для іх шкоды, а шведа, які даваў ім прытулак, каралі смерцю.) У 1649-1650 гадах Олівер Кромвель выразаў за два разы амаль пяць тысяч каталікоў-ірландцаў. У 1731 годзе зальцбурскі архібіскуп «выдаліў бяз усякае віны болей за дваццаць тысяч евангелістаў».

Яшчэ больш пераканаўча выглядае адваротны працэс. Швецыя пусціць да сябе кальвіністаў толькі ў 1741 годзе. Праз сорак год будзе абвешчаная талеранцыя да каталікоў, якая не дасць ім пасіўнага выбарчага права і дазволу займаць дзяржаўныя пасады. Англія абвесціць пра талерантнасць да каталікоў у 1779 годзе, і дасць ім роўныя правы ў 1829 годзе. У 1814 годзе Данія пагадзілася на свабоду веравызнання для габрэяў, а ў 1849 годзе - для каталікоў.

Канстытуцыя 3 траўня і ў гэтых пытаннях не стварае падставаў для сораму, але не адменіць таго, што Польшча здаўна лічыцца выключна неталерантнаю краінаю. Гэткае думкі трымаюцца ў краінах, што былі нашмат меней ліберальнымі. Нават царская Расея, дзе толькі з 1907 году ўрад страціў права вызначаць веру дзяцей у мяшаных сем'ях ды скончыў убіваць праваслаўе нагайкаю, павучала нас.

У ўзятым ад Уладыслава Канапчыньскага параўнанні нічога няма пра Францыю. Сам прафесар выказаўся пра яе асцярожна, толькі ў агульным плане. Запоўнім гэты прагал. Не зважаючы на тое, што адбывалася пасля адмены нанцкага эдыкту, засяродзімся на справах, што мелі месца ў самы век Асветы, узяўшы дадзеныя з кнігі Жана Эгрэ «La pre-revolutіon franceіs (1787-1788)», выдадзенай у 1962 годзе.

11 траўня 1785 года Ля Файет накіраваў ліст да Дж.Вашынгтона, у якім чытаем: «Пратэстанты ў Францыі знаходзяцца пад жудасным прыгнётам. Хаця яўнага пераследу няма, іхні лёс залежыць ад капрызу караля, каралевы, суду або міністра. Шлюбы іхнія з'яўляюцца несапраўднымі, тастаманты не маюць юрыдычнае сілы, дзеці лічацца байструкамі. Я жадаю змяніць гэткае становішча».

Частковую рэформу здолеў ажыццявіць міністр Ламэні дэ Брыен. Ягоныя матывы былі чыста ўтылітарнымі: меліся спадзяванні, што закон пра верацярпімасць заахвоціць да вяртання тых, хто збег з Францыі пасля адмены нанцкага эдыкту і зараз сваёй працай, ведамі і капіталам уздымаў дабрабыт суседніх краінаў. Другое, трэба было тэрмінова стабілізаваць становішча збеглых з Галандыі. Каралеўскі ўрад раней мяшаўся ў нутраныя справы гэтае краіны і меў там шмат прыхільнікаў. Калі падтрыманы Прусіяй намеснік перамог у грамадзянскай вайне, Францыя адмовілася ад узброенай інтэрвенцыі. Трэба было цяпер дапамагчы людзям, якія паверылі Францыі але, знайшоўшы прытулак на ейнай тэрыторыі аўтаматычна - як пратэстанты - страцілі ўсе грамадзянскія правы, а часам нават магчымасць зарабляць сабе на жыццё. Праект эдыкту, «што дытычыць тых, хто ня вызнае веры каталіцкае» выклікаў быў кароткі палітычны крызіс, пры гэтым апаненты мелі падтрымку значнае часткі грамадства. Мадам дэ Сталь сцвярджала, што «можа ці не палова Францыі гразне пакуль у цемры забабонаў». Большасць жыхароў Парыжа была супраць закона пра верацярпімасць.

Новы закон захаваў манаполію свабоды культу для каталіцызму. Пратэстанты не маглі займаць пасады ў органах юстыцыі і адукацыі. Было аднак спынена дзеянне законаў, паводле якіх толькі каталікам дазваляліся пэўныя прафесіі і рамёствы. Іншаверчыя акты народзінаў, шлюбаў і смерцяў прызнаваліся юрыдычна правамоцнымі. Пахаванні павінны былі адбывацца сціпла і на асобных могілках.

Францыя пагадзілася з існаваннем іншаверцаў на сваёй тэрыторыі, надала дысідэнтам грамадзянскія правы і адмовіла ў свабодзе культу. На эдыкце стаіць дата: 29 студзеня 1788 году. Ён паўстаў за год перад выбухам Вялікай рэвалюцыі і быў апошнім словам Старога Рэжыму ў галіне свабоды веры. Ісці далей без праліцця крыві Францыя, як выявілася, была ня ў стане.

З гэтага супастаўлення ёсць толькі адна, відавочна слушная, выснова. У пераследах за веру Рэч Паспалітая не паставіла аніводнага рэкорду. Адкуль жа з'явілася меркаванне пра яе, як пра майстра, які ня мае сабе роўных у гэтай справе?

Noblesse oblіge. Не апраўдаўшы спадзяванняў Эўропы, мы перасталі быць высунутым наперад бастыёнам свабоды. Калі ў 1573 годе француз быў запрошаны на Вавель, шляхта не абмежавалася патрабаваннем гарантый свабодзе думкі ў Польшчы, палічыўшы сваім маральным абавязкам патрабаваць талерантнасці ў адносінах да французкіх пратэстантаў. Яна дазволіла сабе мяшацца ў нутраныя справы чужое краіны і атрымала частковую перамогу. Карл ІX пагадзіўся на»польскія патсулаты» (postulata polonica). Адбылося змякчэнне палітыкі ў адносінах да гугенотаў. Карл вельмі хацеў пазбавіцца ненавіснага брата, і дзеля гэтага гатовы быў шмат чаго абяцаць. Ён мусіў, аднак, лічыцца з уражаннем, выкліканым вышэй апісанаю сцэнаю ў саборы Нотр-Дам. У вырашальную хвіліну біскуп Канарскі запратэставаў супраць прысягі на параграфе, што гарантаваў верацярпімасць. Аднак свецкія чальцы пасольства цвёрда выказаліся ў абарону закону Рэчы Паспалітае і дамагліся свайго. Генрых Валуа прысягнуў - і на гэта глядзелі французы праз год і адзін месяц пасля ночы св. Баўтарамея.

Вяртаючыся да тэорыі фактаў, што адбыліся, я мушу сцвердзіць вялікую ролю прыкладу ў гісторыі. Зразумела, гаворка перш за ўсё пра дрэнны прыклад. Калі гітлераўцы пачалі забіваць жыдоў, у іх знайшліся паслядоўнікі сярод супраціўнікаў: тыя людзі, якія раней абмяжоўваліся лозунгам прымусовае эміграцыі. Трэба толькі знайсці нядобры шлях і пайсці па ім самому... Кожны сам адказны за свае ўчынкі, але настаўнікі - заўсёды саўдзельнікі і нясуць сваю частку адказнасці. Гэтак жа і папярэднікі, ставаральнікі прэцэдэнтаў. У сусветнай гісторыі шмат раздзелаў пра людабойства. Асуджаючы, заўсёды трэба высветліць, хто на гэты раз наноў адкрыў старую тэорыю, што мэта асвячае сродкі. Гэта ён пусціў заразу сярод хаўруснікаў і непрыяцеляў. Палітычныя бар'еры ня стрымліваюць маральных эпідэміяў.

Добры прыклад толькі зрэдку цешыцца значным поспехам, але час ад часу дзейнічае ў больш працяглай перспектыве, на доўгай хвалі гісторыі.

Магутным матывуючым чыннікам для чалавека ёсць звычайная інфармацыя. Вельмі важна ведаць, што дзесьці, далёка ці бліска, можа, за сёмым морам, але пад тым самым сонцам, - існуе воля, няма тыраніі. Такая інфармацыя ёсць бомбай, якая ў спрыяльных акалічнасцях можа выбухнуць. У XVІ стагоддзі эўрапейскія мысьляры любілі прысвячаць свае кнігі Каралю Польшчы і Вялікаму Князю Літвы Жыгімонту Аўгусту. Ня вунія і ня Грунвальд разславілі нашу дваістую краіну, але свабода, што панавала ў дзяржаве апошняга Ягелона. Контррэфармацыя пазбавіла нас права звацца П'емонтам свабоды сумлення. Людзям, якія марылі пра гэта, ня трэба было больш глядзець у бок Віслы і Нёмана. Яны адварочваліся расчараваныя. Наш стан малодшага брата ў культуры сталі зноў лічыць грахом.

Падчас «патопу» пратэстанты дрэнна паводзіліся ў адносінах да дзяржавы, дзе ім жылося ўсё ж не найгоршым чынам. Ян Амос Каменскі працаваў і вучыў у Лешне, хаця род Лешчыньскіх выракся ўжо быў іншаверства і вярнуўся да каталіцызму. З'ехаўшы з Польшчы, знакаміты педагог ачарніў яе звыш усякае мяжы. Дысідэнты з дзіўнаю ўпартасцю трымаліся шведаў і іншых ворагаў Рэчы Паспалітае. Патлумачыць гэта можна не столькі памерам крыўды, колькі глыбінёю расчаравання. Іншаверства ў нас пераследавалася менш, чым ў іншых краінах, але знікала свабода, якой ня было нідзе. Рэч Паспалітая больш не забяспечвала поўную свабоду сумлення. Контррэфармацыя выкінула яе з эўрапейскага авангарду, і пра гэта нельга забывацца ані на хвіліну. У людзей забралі бясцэнны скарб, і ня можа быць апраўданнем, што пасля іх прыціскалі не так ужо і моцна. Мы ня стымалі слова.

У Францыі Людовік XІV адклікаў эдыкт пра верацярпімасць Генрыха ІV (выдадзены на чвэрць стагоддзя пазней нашае варшаўскае канфедэрацыі і нашмат менш шчодры. Не дазвалялася, напрыклад, свабода культу ў Парыжы.) Але «кароль-сонца» быў наймагутнейшым валадаром на кантыненце. А ў Рэчы Паспалітай справы пайшлі гэткім чынам, які грамадская думка ніколі й нікому не прабачыць. Талерантнасць чэзла, а краіна рабілася менш і менш страшнаю для суседзяў. Калі б арыянаў выгнала манархія, якая толькі што захапіла і знішчыла два-тры, ну хаця б адзін, суседні народ, то Эўропа прыкрыла б і вочы, і вушы. Нават пратэстанцкія амбасадары захоўваліся б ветліва, вельмі ветліва! Нажаль, у 1658 годзе ўся тэрыторыя Рэчы Паспалітае дымілася пасля нядаўніх пажараў. Вайна, якая паставіла пад пытанне само існаванне краіны, яшчэ ня скончылася. Праз некалькі дзесяцігоддзяў судовае забойства ў Торуні дазволіла сабе прыніжаная краіна, практычна залежная ад цара, страшэнна слабая. Гэткую дзёрзкасць трыбунал сусветнае грамадскае думкі карае без міласэрнасці. Прысуд выносіцца на падставе закону гісторыі, сфармуляваным у прыказцы «на пахілае дрэва ўсе козы скачуць».

У свой час нямецкі магістр пужаў Эўропу князем Вітаўтам, які меў нібыта намер напаіць каня з Рэйну. На самай справе ані Вітаў, ані Ягайла пра гэта ані не марылі, але страх перад імі мацаваў павагу, якою карысталася іхняя дзяржава. Папа Пій ІІ ня вельмі любіў палякаў. Пасмейваўся з іх, маўляў, валавіну півам запіваюць. Тым больш здзіўляюць ягоныя амаль паэтычныя выразы захаплення перад пасольствам караля Казіміра Ягелоньчыка. Відавочна, Святы Айцец загадзя настроіся на адпаведны тон. Ён паважаў гэтае пасольства раней чым ўбачыў. У пачатку XVІІ стагоддзя пасля Кірхгольму і Клушына, нават у Англіі з'явілія засцярогі перад празмерным, як лічылася, ростам магутнасці велізарнае Рэчы Паспалітае. 1648 год жорстка сарваў заслону ілюзій. Хмяльніцкі, разбіў ушчэнт гетманаў, цар захапіў і спаліў Вільню, Карл Густаў апанаваў Познань, Варшаву і Кракаў.

Пачынаючы з другое паловы XVІІ стагоддзя меркаванне Эўропы пра Польшчу радыкальна змяняецца. Нас абвінавачваюць у жорсткасці і злачынствах, у якіх іншыя відавочна нас пераўзыходзілі. Адной з асноўных прычынаў гэтага была выяўленая слабасць Польшчы і Літвы.

Але адбываліся й іншыя працэсы.

Чаму сусветная грамадская думка амаль што забылася пра жудасную несправядлівасць і дзікунства французкіх законаў XVІІІ стагоддзя? Чаму здаецца фантастыкаю, што ў Францыі нейкі там Генрык Дамброўскі ня змог бы стаць афіцэрам, бо не давёў бы шляхецтва ў трох пакаленнях? А таму, што французкае паскудства Вальтэр плячыма закрыў. З якое прычыны ніхто не заўважае вогнішча Барбары Здунк, падпаленага ў жніўні 1815 году па прысудзе прускага суду і міністра? Бо людзі аддаюць перавагу бляску з магілы Імануіла Канта: ад Рэшля да Кенігсбергу зусім бліска.

Гэтак званая палітычная і жыццёвая цвярозасць часам нагадвае слепату. Хворыя на яе людзі не заўважаюць відавочнага - таго менавіта, што гуманістыка мае велізарную моц. Яна можа здабываць вышыні, наогул недаступныя для дзяржаўных дзеячоў, генералаў і тэхнакратаў. Таго, хто стварае і раздае культурныя каштоўнасці, цэняць усе. Такому народу лягчэй прабачаюць, ахвотней дапамагаюць, цяжэй пагаджаюцца з ягонаю крыўдаю.

Таталітарызм контррэфармацыі выкінуў палякаў з кола тых, хто ствараў і раздаваў гуманістычныя каштоўнасці, зрабіўшы гэткім чынам шкоду, якую нічым нельга кампенсаваць. Напрыканцы XVІІІ стагоддзя мы ажылі духам. У нас з'явіліся выдатныя творцы. Напрыклад, Красіцкі - выдатны паэта, Калантаю ў іншай краіне паставілі б дзесяткі помнікаў, як і Трэмбецкаму. У XІX стагоддзі мы далі свету геніяльных пісьменнікаў. Але вяртанне на страчаныя пазіцыя выявілася немагчымым. Свет прызвычаіўся лічыць, што ў надвіслянска-наднёманскім краі нічога вартага ўвагі не з'яўляецца. Калі бяз Польшчы можна абысціся ў культуры, то можна і на палітычнай карце.

Прызвычаіўшыся да ролі бедных родзічаў, мы забыліся, кім мы былі раней. У XVІ стагоддзі інтэлектуальная эліта кантыненту мела звычку да польскага таварыства і ўдзелу. Уладыслаў Лазінскі прыгадвае шэраг выдатных аўтараў, якія захапляюцца Польшчай і пяюць ёй хваласпевы. Абмяжуемся першым у гэтым спісе: Эразм Ратэрдамскі відавочна хапіў цераз край, калі сцвярджаў, што Рэч Паспалітая найлепшая ва ўсім. Не так важна, наколькі ён памыляўся. Ён пісаў, а прыхільнікі верылі слову мэтра. Нагадаю шчэ адзін забыты факт: вядомы крык: «Розумы абуджаюцца, жыць будзе добра!» вырваўся ў нямецкага гуманіста пад уплывам знаёмства з кнігаю Мацея з Мехава. «Трактат пра дзьве Сарматыі» быў сенсацыяй, ён сапраўды паспрыяў карыснаму пераўладкаванню мазгоў, і меў у XVІ стагоддзі адзінаццаць выданняў, ня лічачы перакладаў. Аўтар пісаў, што як маракі караля Гішпаніі пашырылі веды пра Захад, гэтак слуга польскага манарха распавядзе пра Ўсход.

Адзінаццаць выданняў! Старонкі сярэднявечных кніг былі пакрытыя рэдкім шрыфтам. Ініцыялы рабілі дужымі, месца не шкадавалі, звяртаючы ўвагу толькі на кошт пергаменту. Старонка рэнесанснае кнігі запоўнена шчыльна, бо друкам. Кожная старонка - старанна выразаная драўляная дошка. Адзінаццаь выданняў, ня лічачы перакладаў!

Азіраючы а польскую навуковую прозу і мыслярства, Эўропа XVІ стагоддзя ў першую заўважала чаргу дзве высокія гары і адну вельмі высокую: Андрэй Фрыч Маджэўскі, Мацей з Мехава і Мікалай Капернік. Трох творцаў такога ўзроўню зусім дастаткова для прызнання краіны, якая толькі ў папярэднім стагоддзі пераадолела натуральнае спазненне. А нас жа ніхто ня змушае абмяжоўвацца толькі гэтымі прозвішчамі ды галінамі.

Яніцкі, Кшыцкі. Дантышэк, па паходжанні немец, лічыў сябе палякам. Усе памятаюць Каханоўскага і Рэя, забываюцца на Лаўра Гасьліцкага і ягоную вядомую ў Эўропе і пераследаваную ў Англіі тэорыю пра адказнасць ўлады. Толькі спецыялісты памятаюць сёння Станіслава Ілоўскага, які па-піянерску папрацаваў колісь у Парыжы, першым пераклаўшы на лаціну некаторых грэцкіх класікаў і распачаўшы серыю працаў на тэмы метадалогіі гісторыі. Ён вучыў сваіх і чужых трымацца праўды, сцерагчыся красамоўства, маралізатарства і суб'ектывізму. Але хто ў Парыжы быў для яго свой, хто - чужы? Ён жыў сярод французкіх гуманістаў, сябраваў з суайчыннікамі, якія прыяжджалі на берагі Сены. Калі ў 1557 годзе ён выдаў у Базэлі пераклад твора Дэметрыя з Фалерону, здарылася нечаканасць: адначасова ў Падуі выйшаў іншы пераклад, зроблены нейкім Францішкам Маслоўскім. Палякі грунтоўна атабарыліся ў рэнесанснай Эўропе. Рэч Паспалітая Абедзьвюх Нацый запісалася ў эўрапейскую сям'ю.

Славу тады зараблялі рознымі спосабамі. Пры Жыгімонце Аўгусце бурмістрам Пазнані быў Каспар Госкі, родам з Мазовіі. Доктар медыцыны, ён ніяк ня вызначыўся ў гэтай галіне. Гэтаксама ягоныя астралагічныя прагнозы за дваццаць год не звярнулі на сябе ўвагі. У прагнозе на 1571 год Госкі прадказаў перамогу над туркамі і трыюмф Крыжа. 7 кастрычніка хрысціяне перамаглі пад Лепанта, і познанскі астролаг адразу стаў найславуцейшым чалавекам іn unіverso. 15 лістапада ён атрымаў тытул «мужа дужа заслужанага перад сенатам і народам Венецыі», годнасць патрыцыя і трыста дукатаў пажыццёвае рэнты ў год. У Падуі, дзе ён вучыўся ў універсітэце, паставілі ягоную статую.

Норма, эўрапейская норма ў кожнай справе - ад Маджэўскага да Госкага. Мікалай Капернік - гэта ўжо значна вышэй за норму.

Мала гаварыць толькі пра творцаў. Вось стары знаёмы па «Агнём і мячом», абаронца Збаража Андрэй Фірлей. Гэта пра яго казаў Заглоба: «Па шасці пальцаў у яго, кальвіна, на рукох і на нагох, то і хадзіць яму зручней». У аповесці Фірлей стары. У маладосці ён вучыўся ў Гейдэльбергу ды іншых установах і гарадах Эўропы, у тым ліку ў Шчэціне, выдаў у Базэлі тры лацінскія працы. У Жэневу ён прыехаў перад самай смерцю Тэадора дэ Бэза, з якім паспеў пазнаёміцца. Прамова на пахаванні наступніка і біёграфа Кальвіна была прысвечана двум маладым братам Фірлеям. Яны былі вялікія вяльможы, паны з паноў. У XVІ стагоддзі ніхто ня дзівіўся, калі сярэдняе заможнасці шляхцюк з Малапольшчы ведаў Эўропу, пратэстанцкіх знакамітых дзеячоў, атрымоўваў у сябе ў вёсцы працы замежных аўтараў з іхнімі прысвячэннямі. У выданні збору твораў Маджэўскага базэльскі паэта змясціў верш у гонар польскага мысьляра, што таксама было звычайнай справай.

Рэфармацыя не пашкодзіла рэпутацыі Рэчы Паспалітае. Зусім наадварот, яна ўцягнула ейных жыхароў у кола людзей бунтоўных, незадаволеных застоем. Удзел у гэтакіх рухах ёсць свайго роду маральным пасведчаннем: культурныя народы цэняць вольную думку.

Польскі род Любянецкіх мае значныя заслугі ў літаратуры, астраноміі, скульптуры. Любянецкія асягнулі гэткіх поспехаў, перасяліўшыся ў 1661 годзе ў Галандыю. Для непаслухмяных (род быў арыянскі) месца ў Рэчы Паспалітай больш не засталося.

Контррэфармацыя суцішыла ідэалагічную віхуру, прынесла парадак. Шыман Старавольскі, пра якога знаўца піша, што ён «гонар польскае навукі перад замежжам трымаў найвыдатней», выдаў нешта накшталт слоўніка польскіх аўтараў. Першае выданне з'явілася ў Франкфурце ў 1625 годзе, другое - праз два гады ў Венецыі. У гэтай кніжцы спачатку ідуць аўтары духоўныя, потым свецкія, у чарговасці, вызначанай паводле займанай пасады. Мікалая Рэя няма зусім. Знік. Выпарыўся. Стаў «неасобаю». Кажучы звычайнымі словамі - выкрэслены. Для ерэтыка не засталося месца ў польскай літаратуры.

Каханоўскага - так, выдавалі, але адцэнзураванага. Што гаварыць пра ўдзел у культурным жыцці Эўропы, калі дома ў асноўным пачалі пісаць у шуфляду. Паслухаем Аляксандра Брукнэра: «Няма другога такога выпадку ў свеце, каб у час квітнеючага вольнага друку трэба звяртацца, як у сярэднявеччы, да рукапісаў. Тыя ж, хаця й сведчаць пра час і пра людзей, ня ўплывалі на іх, схаваныя ў патаемных месцах. Усё жывое пісала. Друкаваліся ж мала, і збольшага недарэкі. Усё мудрае, вялікае, прыгожае асуджана было ў схоў, адкуль яго выцягнулі толькі XІX і XX стагоддзі».

Выцягнулі - але толькі польскія XІX і XX стагоддзі, бо эўрапейскія нават Міцкевіча ня вельмі ўзялі да ўвагі, гэтак прызвычаіліся абмінаць усё польскае. Пачытаем далей Аляксандра Брукнера, як ён расказвае пра ўнікальныя з'явы: «Якая розніца паміж Вацлавам Патоцкім у друку і ў рукапісах! «Пералік гербаў» - бясконцая нудота ў гусце паноў-браці з іхняй колейнотаманіяй. «Аргеніда» - кавалкамі. «Пабор» - аскетыка і нічога болей. Затое ў рукапісах - выдатная «Хацімская вайна», вяршыня гістарычнае эпікі. «Садок жартаў» - жывое люстэрка, калейдаскоп шляхецкага жыцця на Падгор'і. «Маралія» - гнанімічная і сатырычная паэзія высокае пробы. А яшчэ - трэны, навэлы, пастаралі і г.д. Толькі калі сталі вядомыя рукапісы, перад намі паўстала постаць забытага паэты, сведкі свайго часу. Гэта самы яскравы, але не адзіны выпадак».

Вацлаў Патоцкі спачатку быў арыянінам, і калі б не змяніў веравызнання, мусіў бы з'ехаць. Так ці іначай, ягоная творчасць прапала для той эпохі, калі ён жыў. Атрымала жыццё адразу як гісторыя. Але ж Патоцкі, пан, меў магчымасць пісаць «сабе і музам», то бок ў шуфляду. Жах задумацца пра лёс тых, хто ня меў раскошы вольнага часу. Колькі кандыдатаў на Маджэўскіх не атрымала аніводнага шансу?

Контррэфармацыя атрымала ў Рэчы Паспалітай татальную перамогу. Пад выдатным кіраўніцтвам яна здабыла шэрагі душаў і адпаведным чынам накіравала розумы. У другой палове XVІІ стагоддзя пагрозай стала ня толькі духоўная цэнзура. Яе ўжо моцна падмацавала «грамадская» - меркаванне ачмурэлых масаў, натоўпу з мазгамі на адзін капыл, людзей, адвучаных шанаваць свабоду творчае думкі. Адзінадушша было катастрофаю. У хуткім часе гэта павінна было адбіцца і на палітыцы.

Часта можна прачытаць, што ў XVІІ стагоддзі іншаверныя дзяржавы стварылі супраць Польшчы нешта накшталт супольнага фронту з цэнтрам у Лондане. Гэта не зусім дакладна. Рэч Паспалітая ня мела тае вагі, каб выклікаць стварэнне такое кааліцыі. У той час адбываўся агульнаэўрапейскі канфлікт паміж двума ўніверсалісцкімі канцэпцыямі - пратэстанцкаю і каталіцкаю. Польшча і Літва апынуліся на рымскім баку.

Духоўнымі кіраўнікамі супраціўнага боку былі не абы якія людзі. Усеагульны пратэстантызм быў любімаю ідэяй Яна Амоса Каменскага, які не з кан'юнктурных, але з ідэйных меркаванняў узяў бок Карла Густава шведскага. Гэтай жа мэце служыў Джон Мільтан. Сярод палітыкаў першым быў Густаў Адальф, якога знаўцы завуць адным з найвялікшых ваяроў у гісторыі. Змаганне з Рэччу Паспалітай было для яго чымсьці большым, чым барацьба за тытул «караля готаў, шведаў і вандалаў» ды за Інфлянты. Жыгімонт, як ужо гаварылася, быў ваяром каталіцызму таксама служыў універсальнай ідэі. Пасля Густава Адальфа булава правадыра сусветнага пратэстантызму перайшла да Олівера Кромвеля.

Французкі гісторык Эміль Леанард, які вывучаў гэта пытанне, піша, што Кромвель вельмі рэдка падпісваў дамовы, у якіх не было артыкулаў на карысць іншаверных груповак. Ён заўсёды быў гатовы выступаць у абарону сваіх духоўных братоў - без уліку іхняе нацыянальнае і дзяржаўнае прыналежнасці. Паводле думкі Мільтана, ён выключаў з хрысціянскае супольнасці адных толькі каталікоў. Планы стварэння міжнароднае пратэстанцкае рады ўсё ж не ажыццявіліся: меншыя краіны баяліся перавагі Брытаніі.

Цяжка тут вызначыць, які з бакоў быў больш карысны для Рэчы Паспалітай. Пэўна, што ў ліхую гадзіну ёй прыдалася б добрая рэпутацыя і практыка верацярпімасці часоў Жыгімонта Аўгуста. Калі б у нас надалей трывалі звычаі Залатога Веку, было б цяжэй заклікаць да крыжовага паходу супраць азвярэлых папістаў, тупагаловых фанатыкаў. Ідэалагічны таталітарызм скінуў Рэч Паспалітую з пазіцыі, зручнай ў усіх адносінах.

XVІІІ стагоддзе - суцэльная катастрофа. Юрыдычныя абмежаванні для некаталікоў далі выдатныя аргументы захопнікам. Становішча пагоршыла тое, што Фрыдэрык Вільгельм прускі, наш смяртэльны зацвярдзелы вораг, вызначаўся верацярпімасцю. Гэтага адмовіць нельга: мы страцілі козыр, супраціўнік яго прыдбаў. Трэба паспачуваць тым, хто не зважае на козыры гэтага тыпу. Гэтыя людзі не надаюцца на ролю мысьляроў, а яшчэ меней - на палітыкаў.

Контррэфармацыя сапраўды суцішыла польскую ідэалагічную віхуру, вылечыўшы краіну ад вальнадумства. У выніку наша інтэлектуальная эліта знікла з эўрапейскага рынку. Спярша яна была асуджаная на маўчанне, потым - натуральным чынам зчэзла на доўгі час. Не было больш здабыткаў, які робяць гонар у вачах усяго свету, выкупляючы палітычныя правіны. Таму свет даволі лёгка пагадзіўся з фактам забойства народу, які ня толькі падняўся быў з заняпаду, але й захварэў на ліхаманку рэфарматарства. Гэты народ, абцяжарвалі грахі папярэдняга перыяду. Заўсёды лічыцца найперш тое, свяжэйшае. Могуць забыцца і даўнія заслугі, і найвялікшыя ахвяры.

Таталітарызм каштаваў нас празмерна дорага.



Пераклад: Даніла Жукоўскі
Крыніца: Пераклад зроблены з выдання: Paweł Jasienica. Polska anarchia. Kraków, Wydawnictwo Literackie, 1988.