epub
 
падключыць
слоўнікі

Павал Місько

Сарваны «стоп-сігнал». З дзённіка Тані Н.

...Сяброўкі хваляцца адна перад адною (а хлопцы тым больш!) запісамі песень. Не тэкстаў, не! Касетамі з песнямі вельмі і нават скандальна папулярных «трубадураў». Абрыдлі гэтыя «шадзеўры» да млоснасці - хіты, каты, кіты. «Зашыбісь!» - кажа пра іх наш класны супермен Плёвін (гэтак па-нашаму, а поўнае яго прозвішча Канаплёвін). Я іх не запісваю, не вельмі цікаўлюся, не запамінаю. Папытае той жа Плёвін - хто спявае-хрыпіць? - то магу і не адказаць, трапіць пальцам у неба.

Ну нашто займацца тым, што мне нецікава? Яны выхваляюцца сваімі запісамі, а я сваімі - не. І ніколі нікому не пакажу, пра што я тут зараз пішу, пра што пісала раней.

- У-у-у, якія людзі ў нас з'явіліся! - чую сёння перад урокамі голас з «камчаткі», Плёвіна голас.

Гляджу - навічок стаіць каля дзвярэй, «прытармазіў», аглядае клас. Хударлявы, бледны, не большы за ўсіх і не меншы. Сераднячок-дзівачок на выгляд, бровы густыя, чорныя, а вочы - блакітныя. Госпадзі Божа, я ніколі яшчэ не бачыла, каб сам чарнявы быў, а вочы блакітныя, прыгожыя вочы! І яшчэ: усмешка ў яго - нібы ўвесь час «блендамед» рэкламуе: прыгожая, белазубая, крыху сарамлівая, ніякаватая. Быццам зараней просіць ва ўсіх прабачэння, што патурбуе. Абсалютная процілегласць нашым хлопцам, якія ўжо «косяць пад крутых», нават выхваляюцца сваёй грубасцю, а то і цынізмам. І яшчэ такая асаблівасць у навічка: трымаў у руцэ бліскучую, мабыць, лакіраваную чорную палачку ці кіёк. Пайшоў у наш бок, і я ўбачыла, што накульгвае на левую нагу.

Свабоднае месца было якраз за маім сталом. Чаму? «Ала Пугачова» выбралася на другі канец горада. Бацькі памянялі кватэру, а яна - школу. Каб на мяне, то я нікуды не рыпалася б. Адна, сама ездзіла б сюды, у сваю родненькую, да сваіх шкаляроў. Хоць за трыдзевяць зямель! Да сканчэння веку! Ой, тфу, тфу, што гэта я? Да сканчэння веку - значыць, нават бабулькаю будучы?! Звар'-я-це-ла...

Ага... Дык гэты навічок адразу пакіраваў да майго стала, як быццам ведаў, дзе месца пустуе. Пакуль ішоў, злёгку ківаў галавою ўсім-усім: і просценька перад сабою, і направа-налева - гэтак вітаўся. «Тут свабодна?» - да мяне пытанне. І я кіўнула, нават пасунулася трошкі. Ён варухнуў плечуком, гэпнуў на лаўку ранец. Амаль такі, як ва ўсіх, толькі ў яго з чырвоным «стоп-сігналам» ззаду, як у першаклашкі. Працягнуў руку: «Латушка. Вадзім». Мая рука нібы сама сабою працягнулася насустрач. А паціснуў ён, то я адчула, якая яна ў яго моцная, цвёрдая!

Пакуль ён знаходзіў месца для кіёчка, даставаў што трэба на ўроку, я старалася размаўляць з Анжэлаю. Яна сядзіць спераду, перада мною, але вінтом закруцілася, каб глядзець на мяне. Ды не так на мяне, як на... Вірлатыя вочкі яе стрэль-стрэль-стрэль, як з аўтамата, зірк-зірк - больш на Латушку, чым на мяне: што за птушачка, маўляў, заляцела? Анжэла думала, што я не заўважала яе штучак, што я сляпая! І як толькі з'явілася ў дзвярах настаўніца, я крутнула Анжэліну галаву на месца - уперад вылупвайся, а не назад. Бо лапатала суседачка, і я ёй нешта адказвала, а сама краёчкам вока, не так нахабна, як Анжэла-«анёлачак», таксама цікавала за Вадзімам. Профіль у яго вельмі правільны, проста класічны профіль. Пад акуратным носікам - цёмны пушок. Каб тут была мая бабка Ганна, то сказала б: «Красавец! Ой, красавец!» Іменна так, з націскам на апошнім складзе.

Дзіўная рэч... На ўроках Латушка толькі ўрокамі і займаўся. Слухаў уважліва, нават шаптаў сабе: «Аг-га, ясна... Тут вы заскочылі наперад на два ўрокі... Дагонім!.. А тут я перагнаў, можна і прытармазіць...»

Што са мною зрабілася, я не ведаю. Я хоць і вытрашчыла вочы на русіцу, якая на ўсе лады расхвальвала каханне Машы Міронавай і Пятра Грынёва з «Капітанскай дачкі», але ж бачыла не яе і не пушкінскіх герояў, а Вадзіма. Слухала, як настаўніца задавала ўжо нам нейкае пытанне, і не чула яе. А вось Вадзімаў шэпт - кожнае слоўца, кожны гук!..

Дзіва, дый годзе! Вадзім так хутка сышоўся з нашымі хлопцамі. На вялікім перапынку я збегала ў буфет, як не за адзін гам праглынула булачку, выпіла шклянку чаю - і назад. І што ўбачыла?

На невялікай прасторы паміж сталом настаўнікаў і класнаю дошкаю кучкавалася ледзь не паўкласа. Нават дзяўчаты стаялі. І ўсе глядзелі ў цэнтр натоўпу, дзе быў Вадзім. Без палачкі.

- Э, няверы... Паўтараю для тых, хто не дачуў, не зразумеў. Любога чалавека можна падняць пяццю пальцамі. Ахвотнікі-падымальшчыкі ёсць? Пяць чалавек трэба, па пальцу з кожнага.

У «падымальшчыкі» нават Анжэла запрасілася, але Вадзім рашуча адхіліў яе - не дзявочая справа. А за «любога чалавека» хацеў стаць Плёвін, але Вадзім для «чысціні доследу» выбраў высокага і тоўстага «Мясакамбіната» - Антона Забубеню. Яму яшчэ расці ды расці - сёмы ж клас! - а ён ужо восемдзесят кіло важыць, ходзіць, адтапырваючы рукі. Твар у яго круглы, як у месяца-поўніка, чырванашчокі. А ў той жа момант ён палаў, ад вушэй было хоць прыкурвай.

Утварыўся круг з «Мясакамбінатам» пасярэдзіне.

- Усе ведаюць, каторы палец указальны? - спытаў Латушка. - Не бачу нічога смешнага, могуць і не знаць. А яшчэ гэты палец хіраманты называюць Юпітэрам. Але не пра гэта сёння гаворка. Значыць, так... Антон, сагні рукі ў локцях, прыцісні іх да бакоў... Двое хлопцаў бяруць яго ўказальнымі пальцамі пад локці. Станьце з бакоў... Яшчэ двое ззаду - і ўказальнымі пальцамі пад пяткі яму... Антон, адарві пяткі ад падлогі, а то яшчэ сплюшчыш пальцы.

Сёй-той ужо рагатнуў, хіхікнуў у натоўпе. Цікавасць узрастала.

- Пяты зайдзі яму спераду. Такім жа пальцам - Антону пад бараду.

- Я пайду! - Плёвін прашыўся між вучняў. Чорныя скураныя латкі на яго світэры былі падпоратыя, матляліся, як сабачыя вушы.

- Антон, гэта не смяртэльна, не кусайся. А калі памрэш, то доўга пакутаваць не будзеш... Усе ўзяліся? Падымаць будзеце па камандзе, пад лік «тры». Слухаем... Раз! Два! Тры!!!

Антон спаважна калыхнуўся, як пры левітацыі, падняўся над падлогаю амаль на паўметра.

Ускрыкі, рогат, шум, воплескі...

- Паволі апускаем на месца...

Павольна не атрымалася, бо зазвінеў званок і нехта паспяшаўся. Антон схіснуўся і, каб яго не падхапілі з усіх бакоў, то кульнуўся б.

...Перарываю пісаніну. Укочваюцца ў мой пакой браточкі-груздочкі. Ну, клоўны, ну, цыркачы!

- Танё-ё, зашпілі нас!

Да чаго дадумаліся: прыціснуліся бакамі і ўлезлі абодва ў мамін світэр... не, у джэмпер! Па адной руцэ засунулі ў рукавы, але ж рукавы доўгія, і лішніца целяпаецца, мяце па падлозе. Абняліся свабоднымі рукамі і набліжаюцца да мяне, спатыкаюцца: чатыры ж нагі, не разабрацца, якою ступаць.

- Я ж вас спаць паклала! Ну - скажу маме!.. Скора прыйдзе мама з работы, скора! Яна вам... Кыш!

Сяк-так угаманіла іх, зноў паклала. Паабяцала заўтра казку пачытаць, бо сёння няма калі, трэба ўрокі рабіць.

- А мо тое заўтра ўжо сёння? - знайшоўся сярод іх разумнік. Няйначай, з яго філосаф вырасце.

Гляджу на гадзіннік: да канца мамінай змены яшчэ дзве гадзіны. О-хо-хо...

...Атрымалася так, што ў гардэроб на першым паверсе мы ішлі з Вадзімам разам. А пакуль спускаліся па лесвіцы, выведала: ён пасяліўся на нашай вуліцы. Нават у суседнім доме! Гм, гм... Што гэта - нейкі знак мне? Як у Грына? Заясніліся на гарызонце «пунсовыя ветразі»?

Апранулася я першая і раней за Вадзіма ранец за спіну начапіла. Чакаю яго... І не толькі я - Анжэла прыліпла як смала ці жуйка, ні на крок не адыходзіць. А магла б сама сёння, адна ісці. Бо яна хоць і на нашай вуліце жыве, але ў самым пачатку яе, на рагу.

Падыходзіць Вадзім і адразу:

- Божухна! І хто табе гэтак «закілзаў» ранец?! Ён жа павінен быць за плячыма, а не целяпацца... гм, гм... ніжэй паясніцы. Гэта ж і нязручна, і не прыгожа... І вельмі цяжка, трэба згінацца ўперад... Няўжо бацька не разумее, што так можна і паставу дзіцяці сапсаваць?

- Вадзім, я ўжо не дзіця, - толькі і сказала я.

А ён - раз, раз! - сцягнуў з мяне ранец, падціснуў, укараціў шлейкі, памог уладкаваць заплечнік дзе трэба.

- У салдацкіх рэчмяшках во тут, на грудзях, яшчэ папярочка ёсць, сцягвае шлейкі, а ў вайну дык якою аборачкай ці матузком сцягвалі... - Ён паспрабаваў паказаць, як салдацікі сцягвалі, і адтузнуў рукі, нават пачырванеў. Анжэлачка, канечне ж, хіхікнула.

Але я і без аборачкі ці папярочкі адчувала, што ранец у мяне за спінаю палягчэў у некалькі разоў.

- Дзякую і так, - паціснула яму руку - жартоўна.

- На здароўе, - адказаў і ён гэткім жа тонам, а рукі мае не выпусціў. Я зноў адчула, якая ў яго моцная сухая рука.

А ён павярнуў маю далоняй уверх, паўзіраўся ў маршчыны на ёй.

- Ого! Віншую. Лінія жыцця ў цябе сягае ажно за восемдзесят гадоў.

- А ў мяне? У мяне на колькі? - Анжэла працягнула яму дзве рукі.

Ён глянуў мелькам на яе правую далонь.

- А ў цябе, мамзель, толькі на шэсцьдзесят цягне.

Не вельмі далікатна гэта ў яго сказалася. Усмешку з твару Анжэлы як сцерлі. Схавала рукі за спіну, падцяла губы.

- Дзе, дзе тая лінія? - пацікавілася я, бо Вадзім так і не выпускаў маёй рукі.

- Во! Бачыш? Лінія жыцця называецца, яна паўкругам агінае ўсю аснову вялікага пальца разам з «падушачкай». А ў цябе яна во куды шыбуе, аж да запясця... Во тут кропкі на семдзесят гадоў, на шэсцьдзесят... А ў гадоў дзесяць з табою нічога такога не было? - нахмурыў ён чорныя бровы.

- Было, - прызналася я. - Двухбаковае запаленне лёгкіх з ускладненнямі. Мама казала, амаль з таго свету вярнулі. Адкуль ты ўсё ведаеш?

- А во, глядзі сюды... Ад бугрынкі Сатурна, ці смутку, цягнецца ледзь прыкметная маршчынка да лініі жыцця, крыжуецца з ёю - ледзь не ў самым пачатку.

- Ты небяспечны чалавек, - сказала я. - Лепш нічога такога не ведаць - жыць спакайней будзе.

- А што рабіць, калі хочацца ведаць не толькі тое, што настаўнікі ўталкоўваюць? Я маю права на хобі?

- Маеш, спадар энцыклапедыст. Але ж у чалавека ўсяго адна галава. Нашто забіваць яе тым, што ніколі ў жыцці не спатрэбіцца?

- А ўсё тое, што ў школе вучым, спатрэбіцца?

- Таня, ён да цыганак хадзіў вучыцца гадаць. А мо і сам цыган, - падхіхікнула Анжэла. - Ты прыгледзься - выліты цыган.

- Адкуль ты ўсё гэта ведаеш? - паўтарыла я сваё пытанне.

- Дзяўчынка мая... - звярнуўся да мяне. - Я не...

- Прысвоіў! Ніякая я не твая! - Вырвала ўрэшце сваю руку. - Паўдня, як пазнаёміліся, а ўжо... І не забывай, па колькі нам і які клас.

- Ну і што? Мае бацькі з дзіцячага сада сябравалі, разам раслі... А наконт таго, адкуль ведаю... усё гэта... У кнізе Шылера-Школьніка «Практычная хірамантыя» вычытаў. Там і намалявана ўсё, расшыфравана. Кожнай бугрынцы на далоні, кожнай лініі назва прыводзіцца... Дай левую руку на секунду.

Я падала насцярожана: каб не нагаварыў абы-чаго.

- Вось гэтая, самая вялікая «падушачка», пад вялікім пальцам, «бугрынка Венеры, кахання»... - і цішэй, больш інтымна, дадаў: - А сэрца ў цябе добрае, і ў каханні табе будзе шанцаваць...

- Ну, знаеш! - Тузанула я руку, але ён не пусціў. Не рукі ў яго - абцугі.

- Во гэтая бугрынка - Марса, гэтая - Месяца, пад мезенцам - Меркурыя, або поспеху, матэрыяльнага дастатку.

- Казачкі! Ні ў што я не веру! - усклікнула замест мяне Анжэла-«анёлак». - Там серыял амерыканскі пачынаецца, а вы... А вы можаце тут яшчэ пабуркаваць, як два галубкі... Жаніх і нявеста, аб'еліся цеста!

«Вось так нараджаюцца ў цябе, Танька, ворагі...» - паглядзела я ўслед Анжэле.

- А я цярпець не магу гэтых серыялаў, - сказаў Вадзім. - І любоўных, і сямейных, і тых, што са зданямі, усякімі страшылкамі... Шэрасць, бяздарнасць, расцягнутыя да немагчымасці, тупыя, як бот з левай нагі... Гэта ж колькі дзён жыцця, калі скласці ўсе серыі, трэба аддаваць чорт ведае за што! Напрыдумоўвалі опіуму для народу!

- І я іх не люблю, - прызналася я. - Але калі дэтэктыў добры і не доўгі, то гляджу.

- І дзюдзюкцівы не лепшыя, усе на адзін капыл: злачынства, расследаванне, пагоня, стральба, мардабой, забойствы...

- Ты мае далоні глядзеў, а пакажы свае.

- Калі ласка. Ну і што ты на іх убачыла?

Я, і праўда, нічога не разабралася ў яго лініях і бугрынках. Затое мазалёў убачыла нямала - сухіх, цвёрдых, ледзь не касцяных, і ўся скура была агрубелая. У мяне, мабыць, быў здзіўлены і разгублены твар.

- Я распару далоні... Адшарую пемзаю... Запусціў, канечне... Але такія мазалі лепш, чым крывавыя.

- Ад палачкі гэта, ад кійка?

- Не-е. Мо ад мыліц трохі засталося, але ў асноўным ад разцоў. Разьбою па дрэве займаюся, і бацька мой разьбяр. У той школе, дзе я вучыўся, у кабінеце беларускай літаратуры вісяць мае разьбяныя работы - партрэты Купалы, Коласа. Зараз над Багдановічам працую...

- Дык ты яшчэ і разьбяр, мастак? А ў нас у беларускім кабінеце голыя сцены... А з кійком для арыгінальнасці ходзіш? Як дэндзі лонданскі?

- Кіну. Скора кіну... Але нага яшчэ баліць, як наступаеш... Во тут, у лытцы, пералом быў. Абедзве костачкі - хрэп!

- Пад машыну падлез? І гэты «стоп-сігнал» на ранцы не памог?

- З каня зляцеў. І так няўдачна!

- У школе на фізкультуры? У нас хлопцы лёгка «каня» пераскокваюць.

- У вёсцы летам быў, у бабулі. І з сапраўднага каня, на поўным галопе - шмяк! Конь не аб'езджаны быў.

- Гора ты маё хадзячае... - міжволі вырвалася ў мяне. Так шкада яго стала! - Вадзім, з табою не засумуеш.

- Ну вось, і ты сказала «маё», мой, значыць...

Мы то ішлі, то спыняліся, то зноў нібыта перастаўлялі ногі. І гаварылі, гаварылі, нават не памятаю ўжо пра што. А на развітанне ён ірвануў са свайго ранца «стоп-сігнал», працягнуў мне:

- На памяць... Талісман.

І вось сяджу за сталом, пішу. «Талісман» пад леваю рукою, ён ужо нагрэўся ажно... Чырвонае з аблямоўкаю шкельца люструе на мяне чырвоныя, аж зіхацяць, промні, нібы ліхтарык у ім гарыць. Адгукаецца на цяпло і святло настольнай лямпы.

Галава мая запоўнена Вадзімам, здаецца, аж гудзе. А яшчэ здаецца, што я ведаю яго ўжо сто гадоў, і гэта не яго бацькі раслі разам яшчэ з дзіцячага садка, а я з ім... Усе думкі - да яго ляцяць, і ўсё яшчэ размаўляю ў думках з ім...

Тук-тук-тук! - і дзіцячыя галасы за дзвярыма, унізе:

- Хто ў церамку жыве? Мышка-нарушка і жабка - крывая лапка!

«Ну, неўгамоны, я ж вам...»

Расчыняю дзверы. Адзін жэўжык сядзіць на другім, конь і коннік. У «каня» закрыты твар маскаю Дзеда Мароза, толькі чамусьці барадою ўгору. У «конніка» замест барады дыядэма Снягурачкі.

- Пусціце нас у церамок пагрэцца-а-а... - цягнуць на два галасы.

Нічога не паробіш, усё роўна яны не заснуць, пакуль маці не прыйдзе.

Валаку пад адной рукою аднаго, пад другой - другога. На раскладзеную канапу. Сама кладуся паміж імі, гарну іх бліжэй да сябе.

- Так і быць, раскажу вам сёння чароўную казку...

- Тань! Пра куралевіча і куралеўну! Добра?

- Добра... Жылі-былі каралевіч і каралеўна, у суседніх каралеўствах жылі... Раслі-гадаваліся і нічога спачатку ні ён пра яе, ні яна пра яго не ведалі. Але аднойчы...


1977-1990?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая