epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Бітэль

Дзве вайны

1 - Пры панскай уладзе
  Мястэчка
  Вёска
  Супярэчнасці
  Знаёмства
  Збліжэнне
  Тартак
  Сёстры
  Размова з сынам
  Бяседа з дачкой
  Напярэдадні
  Доўг
  Бойка
  Развітанне
  Трывогі
2 - Пасля з’яднання
  Вяртанне
  Палон
  Рабунак
  Сустрэчы
  Сватанне
  На працу
  Уладкоўванне
  Здзяйсненне
  Суладдзе
  Нечаканае
  Прымірэнне
  Хваляванні
3 - Пад прыгнётам
  Навальніца
  Пачатак бедстваў
  Пагром
    Звесткі
  Выратаванне
  Выхад
  Расправа
  Вылазка
  Навіны
  Вызваленне
  Папялішчы
  Адраджэнне


 

1 - Пры панскай уладзе

 

Мястэчка

Над рэчкай, слаўнаю млынамі,

Крыштальна чыстаю вадой,

Ставамі з карпамі, лінямі

І звонкай плынню маладой,

Абапал шляху векавога

Уздоўж вярсты на паўтары,

Паводдаль лугу заліўнога

Узбоч пясчанае гары

І нівак з бульбай, жытам, грэчкай

Распалажылася мястэчка.

 

Яно падобнае да вёскі

Драўляным гуртам шэрых хат,

Аднак на ўзгор’і гэтым плоскім

Зусім другі жыццёвы ўклад.

Тут цэнтр гандлёвы, цэнтр улады,

Тут людзі розныя жывуць,

Адсюль наказы і загады

У вёскі ўсёй акругі йдуць.

Тут ёсць і пошта, і аптэка,

І дом улад, і стадыён,

Бальніца, фальчары два, лекар

І... паліцэйскі гарнізон.

 

Тут ёсць царква, і сінагога,

І даўні велічны касцёл,

У лес праз рэчку ёсць дарога

І тры ў напрамку розных сёл.

І ёсць таксама аж дзве школы:

Яўрэйскі хедар на пяць год

І школа польская; ў іх кволы

І юны вучыцца народ.

 

А ў сцены польскай сямігодкі

І з вёсак ходзіць дзетвара,

Ды толькі ў зімні час кароткі,

І то не з кожнага двара,

Бо цяжка шлях асіліць пешкі,

Як снег дарогі замяце,

Таму, ў каго няма адзежкі,

Ні добрых ботаў ці лапцей.

А як вясна падсушыць поле,

Як зарунее трохі луг,

Не ўбачыш вучня з вёскі ў школе,

Бо кожны з іх тады пастух.

 

Тут кожны дворык цесны, вузкі,

Як толькі можа ўехаць воз.

За хатай — хлеў, дзе куры, гускі

Жывуць сумесна з парай коз.

Амаль няма такое хаты

(Тут дзверы ўсе на тратуар),

Каб шыльдай больш ці менш багатай

Не выхваляла той тавар,

Які ў дастатку прадаецца,

І скрозь пануе рамяство —

Майстэрняў, розных крам збярэцца

Ва ўсім мястэчку мо са сто...

У іх нашчадкі Ізраэля

Гандлююць, шыюць ці куюць,—

Усе заняты, ўсе пры дзеле,

Хоць і не сеюць, і не жнуць...

Наўзбоч ад вуліцы галоўнай,

Што пралягае па шашы,

На плошчы велічнай і роўнай

Здаўна бывалі кірмашы.

Сюды і летам, і зімою

З вакольных вёсак і здалёк

На возе, конна, пехатою

Народ з таварам розным цёк:

Хто вёў прадаць каня, кароўку,

Хто вёз авечку, парасё,

Курэй, кош, цэбар ці начоўку,

Лён, масла, яйкі, збожжа... ўсё,

Чым вёска бедная багата,

Каб толькі грош утаргаваць

На той прадукт, якога хата

Сама не ў сілах вырабляць.

Дый неабходна на падаткі

Нарыхтаваць чарговы ўзнос —

Такія тут здаўна парадкі,

Такі сялянскі змрочны лёс.

 

З другога боку выстаўлялі

Свае тавары гандляры,

Гасцінна крамы расчынялі,

Маўляў, заходзь, глядзі, бяры,

Калі ёсць грошы і ахвота.

І торг няспынна бойка йшоў,

Аж покуль зімні змрок ці слота

Не праганялі ўсіх дамоў.

І ў святы людна тут бывала,

Калі з акругі й дальніх сёл

Людзей збіралася нямала

Царкву наведаць ці касцёл.

 

Вёска

На ўзгорках вузкія палоскі,

Ніжэй — дарога праз палі,

Якую хаты беднай вёскі

Абапал шчыльна абляглі.

У хатах дробныя акенцы,

Саломай шэрай крыты дах,

Паводдаль хлеўчыкі, гуменцы,

Далей пярэстых ніў абсяг...

Жывуць сяляне ў беззямеллі

Не лепш, чым прадзеды жылі:

Палі звузіліся, здрабнелі,

Дзяліць няма ўжо як зямлі.

У вёсках хатам цесна стала,

І ўрад прыдумаў хутары,

Дык сёння ўбачыш дзе папала

Сіроты-хаткі ў пустыры.

 

У хатах цёмна, брудна, ўбога:

Стол, лава, ложак, печ, палок

І вельмі рэдка дзе падлога,

А найчасцей гліняны ток.

 

Парой зімовай халадэчы,

Калі бураны загудуць,

Сяляне цёлку ці авечак

Не раз у хату завядуць.

А дзеці босыя ў дні сцюжы

На печы дзень і ноч сядзяць.

Там трэба й гора гараваць

Таму, хто хворы ці нядужы.

 

Зімою бабы пры лучыне

Ці пры газніцы лён прадуць,

Амаль не знаючы спачыну,

А летам полюць, косяць, жнуць.

Мужчыны вечна ў лесе, ў полі,

У працы клопатнай заўжды,

Няма ў іх часу аніколі,

Хапае ім хады, язды.

 

У сем’ях, вёсках мнагалюдна,

І хоць працуе ўвесь народ,

Нястача бачыцца паўсюдна,

Пячаць на ўсё паклаў прыгнёт

Нацыянальны, матэр’яльны

Ды і духоўны да таго...

Сяльчанін, быццам той апальны,

Усё вакол супроць яго.

На вузкай ніўцы ён пацее,

Даход яго абы-які,

Дык і ідзе да багацея

Касіць ці жаць за медзякі...

 

І толькі моцна, па-кулацку

Жывуць асаднікі. Яны

Сябе паводзяць не па-брацку

З людзьмі сяла, а як паны,

Бо іх цяпер закон і права,

Даступна ўсё і ўсюды ім,

Іх надзяліла ўсім дзяржава,

Фарпостам ставячы сваім.

 

На землях колішняга пана

Са дваццаць стала тых паноў,

Якія хітра і старанна

Дачок сялянскіх і сыноў

Эксплуатуюць скрозь заўсёды

Пры копцы бульбы, пры жніве

І з кожнай іншае нагоды,—

Дзе можа хцівец, там і ўрве.

Супольна з гмінай і касцёлам,

З усёй паліцыі гурмой,

З абавязковай польскай школай,

З судамі, штрафамі, турмой

Асаднік мае абавязкам

Тут «ензык польскі» пашыраць

Ды Сцёпкам, Хведарам, Параскам

Любоў да Польшчы прывіваць.

 

Супярэчнасці

Цяпер нам выпадзе спыніцца

На тым жыцці, якім жыла

Старая вёска Камяніца.

Не шмат абшару заняла

Яна між вузенькіх палосак —

Двароў тут трыццаць — трыццаць

пяць,

І як ва ўсіх суседніх вёсак

Сялібы густа тут стаяць.

 

Будынкі ў большасці старыя,

Ля ганкаў гразь, на стрэхах мох,

А пры платах, як вартавыя,

І крапіва й чартапалох.

 

Жывуць тут людзі небагата,

А лепш сказаць, у беднаце —

Адзежку часта красіць лата,

І шмат хто лапці з лык пляце

На час халодны і зімовы,

Бо летам ходзяць басанож;

Пра бот ці туфель няма мовы,

Яны каштуюць значны грош,

Дык іх не кожны ў вёсцы мае,

А хто нажыў, дык беражэ

І толькі ў святы абувае,

Каб захаваць чым надаўжэй.

 

Народ аддзелены ад свету,

Жыве ў нястачы, цемнаце,

Не мае грошай на газету,

На кніжку, сшытак для дзяцей.

 

Па мове, звычаях, адзежы,

Паводле ўсіх прыкмет жыцця,

Як тыя зубры ў Белавежы,

Стары, дарослы ці дзіця

Падобны кожны да любога,

Ды вось нябачнаю мяжой

Раздзелен люд у імя бога

З варожай мэтаю чужой.

 

Вось праваслаўных гэта хата,

А тут католікі жывуць.

Калі адным бывае свята,

Другія ў працы спіны гнуць.

Аднак бяда яшчэ не ў гэтым,

Што людзі веры не адной,

Але што стала запаветам

Паняцце створана маной,

Ксяндзоўскай хітрыкай бясслаўнай

Што, хто католік, той — паляк,

А кожны веры праваслаўнай —

Схізматык, рускі; і ніяк

Дружыць, збліжацца з ім няможна.

І так адны супроць другіх

Былі настроены, й варожасць

Не заціхала паміж іх.

 

І вось аднойчы і ўзнялася

У вёсцы раптам мітусня...

Канфлікты дробныя ў тым часе

Маглі ўзнікаць амаль штодня,

Аднак на гэты раз сабрала

Нянавісць цемру, забабон,

Знайшла саўдзельнікаў нямала

І стала біць штосілы ў звон:

«Бяда! Ядвіга «польскай» веры

І веры «рускае» Сцяпан

Пабрацца здрадзілі намеры!..»

І вестка ўзбурыла сялян.

Гулі католікі найболей:

«Ядвіга, кінь, адшый яго,

Або хай хрысціцца ў касцёле,

Тады прызнаем за свайго!»

А праваслаўныя казалі:

«Сцяпан, патачкі не давай,

Уступіш раз, тады надалей

Яе верх будзе, так і знай!»

 

Пайшлі па вёсцы спрэчкі, сваркі,

Пагрозы, помсты, крыкі, плач...

Хадзілі маткі да знахаркі,

Маўляў, намер іх перайнач,

А потым радзіцца хадзілі

І да духоўнікаў сваіх...

Ксяндза нарэшце загадзілі,

Каб ён уважыў маладых —

Даў шлюб Ядвізе і Сцяпану,

Хоць «рускі» ён, а то вось так

Пакіне дзеўку ашуканай,

Нягожа ж гэта як-ніяк...

 

Вяселле ўрэшце адбылося,

Ядвіга ў хату перайшла,

Дзе жыў Сцяпан з матуляй Просяй,

І шчасце тут сваё знайшла.

Жыла ў сям’і любоў і згода

І не было к злабе прычын.

Пасля вяселля праз паўгода

У маладых з’явіўся сын.

Усе былі малому рады.

Ядвіга, бабка і Сцяпан

Рашылі ў час сваёй нарады

Даць імя хлопчыку Іван.

 

Пачаў старанна рыхтавацца

Да хрэсьбін бацька малады,

А ў хаце сталі паяўляцца

Хітрухі-бабы, ды тады,

Калі сядзела парадзіха

З дзіцём сваім зусім адна,

І ўсё шапталіся з ёй ціха.

Перш не згаджалася яна

З каварнай бабскай прапановай,

Пасля згадзілася ў слязах,

Хоць доўгі час яе стрымоўваў

І сорам здрады, й сваркі страх.

 

Нарыхтаваўшы на хрысціны

Гарэлкі, мяса, пірагоў,

Сцяпан падаўся ў вёску Гліны

Прасіць стрыечных за кумоў.

Як баба Прося выйшла ў поле

Травы карове назбіраць,

Тады таемна завуголлем

Суседкі дзве прыйшлі сказаць,

Што ждуць Ядвігу ў хаце Стасі

Кумы, і ксёндз,

і шмат жанок,

А каб разруха не ўзнялася,

Паліцыянт прыбыў знарок.

Яна ўзяла дзіця з калыскі,

Пайшла за бабамі услед,

Хоць знала: здрады ўчынак нізкі

Прычынай будзе звад і бед.

«Ды хай што хоча, тое й будзе,

Абы свае не праклялі!

Сцяпан мо ўспыліць ды забудзе,

І будзем жыць, як і жылі»,—

Сябе у думках пацяшала

І хутка крочыла паўз плот.

Ля пунькі маці іх чакала,

Маўляў, не дай бог перашкод...

 

Кумы хрышчоніка ўхапілі

(Цэцыля й Стась, Ядвігі брат)

І імя Здзіслаў даць рашылі.

Ксёндз хутка выпаўніў абрад,

Узяў заплату і паехаў,

І з ім парадку страж адбыў.

Вось так католікам на ўцеху

Ксёндз «польскім» хлопчыка зрабіў.

Яго зусім не турбавала,

Што ашуканы быў Сцяпан,

Што ў дом, дзе згода панавала,

Унёс ён здраду і падман.

 

Сцяпан тым часам надвячоркам

Ішоў, падвыпіўшы, дамоў,

Ды вось быў спынен весткай горкай,

Ледзь толькі ў вуліцу ўвайшоў.

 

Дык да цясцёў падаўся ў хату.

Ядвіга з дзіцем на палку

Сядзела з мінай вінаватай.

«Прабачце, што на «талаку»

Не мог да вас я ў час папасці,—

Прамовіў з ходу,— ў тым было

Маё ці, можа, ваша шчасце...

Ізноў вы ўзбурылі сяло!..

Цяпер вы, пэўне, вельмі рады,

Што ў дурнях я, што давялі

Сваю дачку да гэтай здрады?

А ты ж ці ўдзячна ім? Пайшлі!

Мы дома шчыра пагаворым!»

 

А ўдому быў і плач, і крык...

Жыццё пайшло што раз, то горай...

Сцяпан замоўк, аброс, панік,

Ядвіга чахла і марнела,

Сцярпець нарэшце не магла

І ран душы, і болю цела

І да бацькоў жыць перайшла.

 

У гэтай вёсцы нарадзіўся

Кастусь, галоўны наш герой,

Адзіны з тых, хто не змірыўся

З нядоляй, цемраю старой,

Які пачаў вучыцца ўпарта,

Каб ведаць больш, каб ведаць шмат.

Ён шмат знёс цяжкасцей і жартаў,

Пакуль здабыў той атэстат,

Які хоць сведчыў аб асвеце,

Правоў ніякіх не даваў,

Дык жыў юнак у цесным свеце

Вясковых будняў, дробных спраў.

Рабіў на полі, ў лесе, ў хаце,

Па хлеб лягчэйшы не сягаў,

Адзіны сын у бацькі й маці,

Чым мог, суседзям памагаў.

Наймаўся з іншымі ў падводы,

Умеў і сеяць і араць,

Да тартака вазіў калоды,

Хадзіў з касой на сенажаць.

 

Ён волі, сіл паклаў нямала,

Каб растлумачыць, скуль разлад,

Чаму мана запанавала

Пад дахам нашых мірных хат.

Але такіх было не многа,

Каго ён змог пераканаць,—

Люд быў разбіты ў імя бога,

А з богам цяжка ваяваць...

 

Яго празвалі атэістам,

Зазнайкам-хамам, бунтаром,

Бальшавіком і камуністам,

Якога жджэ «казённы дом».

 

Знаёмства

Многа у Вольхаве крам багацейшых,

Лепшых дамоў, прыгажэйшых вітрын,

Але з агулу будынкаў тутэйшых

Людзі шануюць найлепей адзін,—

Дом невялікі насупраць касцёла

З шыльдаю простай буфета-піўной,

Дзе праз акно пазіралі вясёла

Кветкі ў вазонах любою парой.

 

Так ужо з даўняй пары павялося,

Што першынство ўсе піўной аддаюць

Той, дзе шынкараць Хаймэра і Ёсель,

Прозвішчам Крэўскі, мянушкай Кукуць.

Справа не ў лепшым іх піве ці квасе,

Але што тут утульней і чысцей

І што дзве дочкі іх — Соня і Хася

Спраўна умеюць абслужваць гасцей.

Дзень быў святочны. Ля касцёла

Сябры сустрэліся знячэўку:

— Здароў, Кастусь! — крычаў вясёла

Антон Зарэчны.— Можа, дзеўку

Прыйшоў ты выбраць? Тут іх многа,

Ды прыгажуні ўсе надзіва!

— Дзень добры, сябра! Не, нічога

Я тут сягоння не шукаю,

Ішоў і ў гурце прыпыніўся.

— Як маеш час, хадзем на піва,

Бо сёння моцна прыпякае.

А ты, брат, значна адмяніўся,

Прыгожы стаў, хоць сёння ў сваты!

Закончыў, можа, ўжо навукі?

Чуваць, адбыў ужо й салдаты!

— Усё закончыў і зноў рукі

Да сельскай працы прывучаю.

А ты цяпер — на паравозе?

— Ды ўжо ж бярвенняў не качаю,

Затое суткамі ў дарозе —

Пад корань пушчу падмятаем,—

Казаў Антось.— Лес — скарб народны,

Ды нашай згоды не пытае

Ні пан, ні той гандляр нягодны...

 

Зайшлі ў шынок. Народу многа

Сядзела ў зале за сталамі.

Кастусь не знаў амаль нікога,

Антось вітаўся, як з сябрамі,

З усімі, хто сядзеў ля кварты,

І сябра вёў бліжэй к буфету,

Навокал кідаючы жарты

І ў пальцах круцячы манету.

 

— Дзень добры, Хася! А дзе ж Соня?

О, вы ізноў пахарашэлі!

Як вас не бачыў я, сягоння

Мінае толькі дзве нядзелі,

А вы, ну проста расквітнелі!

— А пан Антоні, як заўсёды,

Вясёлы, жвавы, строіць жарты,—

Сказала Хася.— Што вам: з лёду

Даць піва цёмнага з паўкварты

Ці квасу хлебнага паднесці?

Займіце столік, калі ласка.

І вас прашу таксама сесці,—

Сказала Костусю.— Параска

Пра вас пытала, пан Антоні,

Вы з ёй сустрэцца абяцалі.

— Калі пыталася? Сягоння?

— Гадзіну тому мо, не далей.

— Нічога важнага, паспее,

Як кажуць, з козамі на рынак.

Ну вось і добра, вось і сеў я,

Няхай тут будзе наш прыпынак.

Дык дайце піва, панна Хася.

— Я за буфетчыцу сягоння,

А зал абслужваць узялася

На гэты раз сястрыца Соня.

 

І вось з’явілася з бакоўкі

І Соня ў белым фартушку,

У чэпчыку паверх галоўкі

І піва ў пенным «кажушку»

З усмешкай ветлівай паднесла.

 

Кастусь, зірнуўшы на яе,

Ажно прыўзняўся трохі з крэсла

І з куфлем — вось-вось разалье —

Пачаў глядзець у твар дзявочы.

Яна зірнула мімалётна,

Але, сустрэўшы хлопца вочы,

Спусціла вейкі бесклапотна.

А ён, забыўшыся пра піва,

Сачыў за ёй, нібы за дзівам...

 

Пакуль вучыўся, дык дзяўчаты

Яго цікавілі не многа,

І, ўжо вярнуўшыся дахаты,

Адносна іх сябе вёў строга,

Хоць і любіў павесяліцца.

Так заглядзецца на дзяўчыну,

Каб аж пра ўсё вакол забыцца,

За ёй адной сачыць вачыма —

З ім не здаралася ніколі.

 

— Што, брат, шынкарачка, як фея?

Шапнуў Антон.— Як на вуголлі

Сядзіш ты, бачу. Чырванее

Твой твар, сябрук, ад хвалявання.

Аднак загад дай сэрцу: сціхні!

Хай лішне біцца перастане,

За ёй цікуе многа «іхніх»...

Не думай, брат, што без увагі

Дасюль яна ў іх засталася.

Хоць перш за ўсё для іх — пасагі,

Аднак, як замуж выйдзе Хася,

Збягуцца ўміг да Соні сваты

І схопяць нават без «даплаты».

Нам трэба будзе зноў спаткацца

І пабалакаць з вока ў вока.

Ты не павінен заставацца

Ад нашых важных спраў далёка...

Цяпер прабач, інтэрас наскі

Мяне адгэтуль выклікае:

Пачуць мне трэба ад Параскі,

Чаго яна мяне шукае.

А ты пабудзь тут, пазабаўся,—

Сказаў з усмешкаю вясёлай.

І, ўстаўшы, хутка развітаўся,

І знік у тлуме ля касцёла.

 

Збліжэнне

Цяпер Кастусь у будні й святы

Зайсці ў піўную час знаходзіў,

Сядаў за столік незаняты

І воч з дзяўчыны ўжо не зводзіў.

І тая хутка зразумела,

Што ён прыходзіць не на піва,

Аднак маўчаць, таіць умела,

Што сэрцу радасна-шчымліва,

Што з кожным днём, з сустрэчай кожнай

Яго праймае хваляванне,

Што ў ім памалу, асцярожна

Расце сапраўднае каханне...

 

Спачатку Соня не чакала

Сустрэч з маўклівым юнаком,

Пасля ўсяляцца стаў памалу

У сэрца нейкі сум тайком,

Калі кліент не паяўляўся

У іх піўной дні два ці тры.

Маркотным, шэрым свет здаваўся

Аж да жаданай той пары,

Калі наведваў зноў аднойчы

Ён іхні бар, заказваў квас,

Сачыў за ёю доўга моўчкі

І зрок яе лавіў падчас.

 

І так глядзелі ў захапленні

Яны здалёку твар у твар,

І хоць гасілі ноч праменні,

Аднак у сэрцах іх пажар

Мацней з днём кожным разгараўся.

 

Аж вось пасля маўклівых дзён

Аднойчы з сіламі сабраўся

І да яе прамовіў ён:

«Прашу прабачыць, панна Соня,

Хоць мы не знаемся амаль,

Хачу спытацца ў вас сягоння:

Ці можна вас прасіць на баль

Ці, лепш сказаць, на вечарынку,

Якую ладзяць стражакі1

У той рамізе2 каля рынку?»

«Нас з Хасяй нашы дзецюкі

Ужо сягоння запрасілі,

Дык дзякуй вам. Як перашкод

Не будзе мне ў апошняй хвілі,

Дык там сустрэнемся».

«Ну вот,

Тады і добра, толькі слова

Мне дайце вы, што з вамі вальс

Станцуем мы абавязкова».

«Залежаць будзе ўсё ад вас»...

 

І быў той вечар. Танцавалі.

Сказаць сабе змаглі не шмат,

Бо вельмі людна было ў залі

І Соню «бралі нарасхват».

Ды слоў тых некалькі хапіла,

Каб і адчуць, і зразумець,

Што ёй з ім час праводзіць міла,

Што рада будзе зноў сустрэць

Яго ў шынку ці лепш без сведкаў

У час прыяючы які,

І сама лепш цяпер улетку

На пляжы дзесь, каля ракі.

 

1 Пажарнікі.

2 Будынак, у якім захоўваўся супрацьпажарны інвентар.

Тартак

Над рэчкай Лустаю ўскрай лесу

Дыміў Даржэлеўскі тартак.

Ён слаўны быў, у панскай прэсе

Яго апісвалі вось так:

 

«Займае плошчу ў тры гектары,

Рабочых мае сотняў тры,

Лакамабілі сілай пары

Ганяюць спраўна гатары1 !,

Якіх там ёсць не менш дзесятка.

І, апрача лясных дарог,

Для эфектыўнасці й парадку,

Ад магістралі ў лес пралёг

Праз гушчары, імшары, нетры

Жалезных рэек роўны шлях

На два дзесяткі кіламетраў,

І ўсё расце яго абсяг.

 

Працуе спраўна лесапільня,

Ідзе скразны лесапавал,

У Гдыню, Гданьск, Варшаву, Вільню

Адвозяць піламатэр’ял.

Аднак не ўсё ідзе там гладка:

Знайшліся ў цэхах бунтары

I сеюць злосныя нападкі

На лад існуючы, стары.

Збіваюць з толку люд рабочы

Хвалой парадкаў за мяжой,

Тайком яму туманяць вочы

Ідэалогіяй чужой.

Нядаўна злосныя лістоўкі

Нанова сталі раскідаць

І да агульнай забастоўкі,

Да бунту сталі заклікаць.

Дык чым хутчэй на месцы ўлады

Павінны выкрыць «запявал»

І даць паліцыі загады

Садзіць віноўных у падвал»...

 

А ў тартаку кіпела праца,

Гудзелі пілы, выў матор,

Падводы, людзі сярод пляца

Снавалі, быццам паміж гор,

Ля шліхт вялізарных памераў.

З другога боку штабялі

Брусоў, шпал, дошак і фанеры

Уздоўж чыгункі заляглі.

Тут іх грузілі на платформы,

Якіх стаяў бясконцы рад,

А паравоз шыпучы, чорны

То ўперад штурхаў іх, то ўзад.

І шнурам велічным памалу

Цягнуўся з лесу гурт падвод

І з даўгамерам, і з апалам

Ці з дрэвам рэдкасных парод...

Аж вось аднойчы ля палудня,

У працы зладжанай разгар,

Завыла рэзка, гулка, нудна

Сірэна, быццам на пажар.

Відаць, што гэтага сігналу

Чакаў народ, бо ў тартаку

Замоўклі пілы і памалу

Спыніўся рух на цягніку,

А ўслед спынілася ўся праца —

Хто дзе рабіў, там раптам стаў,

Пасля натоўп пачаў збірацца

Ля эстакаднага маста.

 

На шліхту дрэва стаў прамоўца

(Стаяла ўзбоч людзей гурма)

І так азваўся: «Прамыслоўцам

Наш пот даецца задарма.

Палову нашых заработкаў

Яны кладуць сабе ў кішэнь,

Ім наш дзень працы закароткі,

Задораг наш працоўны дзень.

Вось зноў абрэзалі расцэнкі,

Паменшаў зноў заробак наш...

Што ж, стаць нам зараз на каленкі?

Прасіць: паночку мілы, ўваж,

Бо нашы дзеці галадаюць,

Што стала жыць неўмагату?!

Дык ці ж паны паспагадаюць?

Яны плююць на беднату!..

 

Пагана стала жыць рабочым,

А як жа плацяць вазакам,

Сялянам? Так, як пан захоча:

Хачу — плачу, хачу — не дам...»

«А гэта праўду вы сказалі,—

Азваўся нехта з мужыкоў,—

Штораз цяжэй вазіць і далей,

А плацяць менш...»

«Гнілых сукоў,—

Сказаў другі,— не дакупіцца,

Не то што добрай драўніны,

А лес сплаўляюць за граніцу

Ледзь не дарма, за паўцаны...»

«Учора нашых трох рабочых

Прагналі з працы без прычын,

І ўсе вы чулі неаднойчы,

Што гэта толькі ў іх пачын,

Што правядуць павальна чыстку

І на пляцах, і ў тартаку,—

Казаў аратар,— камуністаў

Яны, бач, згледзелі руку

У тым, што просім мы надбаўкі,

Што смеем вось пратэставаць

Супроць бязлітаснай адпраўкі

Рабочых гора гараваць.

Дык што вы скажаце на гэта,

Сябры, таварышы, браты?»

 

«Ну, а ў цябе якая мэта?

Нашто народ бунтуеш ты? —

З натоўпу хтосьці адазваўся,—

За гэты ў працы перарыў

Табе прыпішацца віна ўся»...

 

Ды тут натоўп загаварыў,

Усе навокал загудзелі:

«Даволі здзекаў і пакут!»

«І так задоўга мы цярпелі!»

«Спыніць работу, і ўсё тут!»

«Дзе той панок, што пагражае?»

«Падліза панскі ён!»

«Шпіён!»

«Сваіх дзяцей няхай пужае!»

«У карак гнаць падпанка вон!»

 

І ўжо на штабелі стаяла

Мужчын не меней дзесяці,

А той працягваў: «Ёсць ухвала

На працу нам датуль не йсці,

Пакуль на нашы прапановы,

На ўсе, не згодзяцца купцы...»

 

З натоўпу зноў: «Дзе ў вас галовы?

Без працы, дурні, вам — капцы!»

 

І тут, як гром магутны весні,

Прарваўся знаны ўсім матыў

Рэвалюцыйнай бурнай песні,

Якую натаўп падхапіў:

 

«Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі.

Мы знаем, што трэба рабіць:

Каб волю, зямлю атрымаць чалавеку,

Дык трэба буржуяў пабіць...» —

 

І далей гучна і суладна

Над лесам песня паплыла,

А рэха гімн той, самаўладна

Схапіўшы, несла ў бок сяла:

 

«Асаднікам землі раздалі,

Лясы за граніцу вязуць,

А нашыя бедныя людзі

Зажыва ў зямлянках гніюць.

 

Мы доўга пад бюрам2 стаялі,

Ад холаду ныла нам косць,

Нам, бедным, нічога не далі,

Панам і асаднікам — ёсць»...

 

І слухаў песню лес маўклівы,

Маторы, пілы, і цягнік,

І воддаль спелы колас нівы...

А лесапільні кіраўнік

Нервова, доўга, неўгамонна

Накручваў ручку тэлефона...

Кастусь стаяў сярод народу.

Як мітынг скончыўся, пайшоў,

Сапхнуў з калёс сваіх калоду

І рушыў з іншымі дамоў.

 

1 Рамная піла.

2 Кантора. У гэтым выпадку — установа, якая размяркоўвала лесаматэрыялы людзям, што

пацярпелі ад вайны.

Сёстры

Хіліўся к вечару спякотны дзень,

Праз поле ветрык крочыў вяла.

Агата Мікалаіха ячмень

На вузкай ніўцы дажынала.

І, прыстаўляючы да снопа сноп,

Падумала, што, можа, шчасцем

Для іх, старых, і Костуся было б,

Каб ён узяў суседку Насцю.

Дзяўчына прыгажуня, без заган

І мае спрыт да працы кожнай,

А бацька ейны Баравік Іван

Мужык талковы і заможны.

Пасаг нядрэнны даў бы Насці ён,

Ды толькі Костусь ці захоча...

 

Кудысьці ездзіць запар колькі дзён,

Дамоў вяртаецца аж ноччу.

У Вольхаў, кажа, ездзіў. А чаго

Ганяцца на веласіпедзе

У мястэчка кожны дзень і да каго?

А мо дзяўчыну там нагледзеў?..

 

І вось, калі так разважала,

Сястру заўважыла, Аўдолю,

Якая свой шнурок дажала

І да яе ішла праз поле.

Спыніўшы крокі на мяжы,

Сказала: «Божа, памажы!» —

І, уздыхнуўшы цяжка, села:

— Я штосьці хворая сягоння,

Вось боль у грудзі набягае,

І ныюць рукі, і ўсё цела.

Я ўжо й ляжала на загоне,

Але нішто не памагае.

Так цяжка жыць у адзіноце!

Працуеш, покуль носяць ногі,

А як аслаб, ляжы ў ашмоцці,

Чакай чыёйсьці дапамогі,

А спачувальных сёння мала.

Магла б і я жыць так, як людзі.

Дзяцей і мужа пахавала,—

Дык скуль жа тая помач будзе?

 

Ды вось, гляджу, і ты, Агатка,

Адна шчыруеш на палетку,

Бо і ў цябе не ўсё йдзе гладка,

Хоць покуль што і неўзаметку..

Адзіны сын, і больш нікога,

Няма падмогі гаспадыні.

Сын толькі бацьку дапамога,

Дый то, чуваць, ён вас пакіне...

 

— Што там ізноў? Якая чутка?

Пляткаркі нешта набрахалі?

Ужо даўно пляла Анютка,

Што ён падмазваўся да Валі...

— Не ад Анюткі чутка гэта,

Яе нам з Вольхава прынесла

Адна набожная кабета,

Ксяндзова наймічка, Тарэса.

 

— З чым гэта ёы тым багамолкам

На языкі ізноў папаўся?

Ты мне кажы, Аўдоля, толкам,

Што знаеш, вылажыць не баўся.

 

— Не мне хваліць ці вінаваціць,

Што ён знайшоў сабе каханку

Не ў вёсцы побач тут пры хаце,

Але ўлюбіўся ў Кукуцянку,

У Соньку Ёські карчмара...

Як кажуць, дзела маладое,

Яму ўлюбляцца мо пара,

Ды можа стаць любоў бядою,

Калі жаніцца з ёй захоча.

Мястэчка зразу гвалт узніме,

А вёска ўжо мне коле ў вочы

Насмешкай, жартамі благімі...

Яна жаць, прасці, ткаць не ўмее,

Яе занятак — торг у краме,

Дык кожны гэта разумее,

Што жыць яны не будуць з вамі.

 

Агата аж аслупянела,

Такою ўражаная весткай,

Аднак схаваць пачуцці ўмела

І адказала ёй:

— Нявесткай

Не будзе Сонька, гэта жарты,

Пустыя словы, больш нічога,

І ўвагі нашае не варты.

А ўрэшце, што ж у тым благога,

Што да дзяўчыны хлопец ходзіць

Ці нават з ёй пацалаваўся?

Амаль ніхто з нас не выходзіць

За тых, хто перш нам падабаўся.

Вось так і ён, паасыстуе

І, як сышоўся, так пакіне.

І ты, сястра, пакінь пустую

Хлусню чаўпці аб хросным сыне.

 

— Ды я маўчу, ды ўсё ж нялоўка,

Што тая, з кім ён стаў любіцца,

Не наша вось, а местачкоўка.

Вось нельга з чым ніяк змірыцца!..

 

Размова з сынам

Сустрэўшы сына на падворку,

Агата зразу пачала

Такую весці з ім гаворку:

— Ідзе гамонка ўздоўж сяла,

Што вельмі часта ты ў піўную

Пачаў чамусьці заглядаць.

Дарослы ты, я не пільную,

Аднак хацела б запытаць:

Ці не прывык ты да спіртнога?

Няхай цябе бароніць бог

Навек ад сораму такога,

А нас ад гора і трывог.

 

— Няўжо вам, мама, невядома,

Што п’ю амаль я толькі квас?

— Дык квас жа хлебны ёсць і дома,

Навошта ездзіць, траціць час?

Ты лепей, сынку, мне прызнайся:

Чаго туды ты зачасціў?

 

— А ты, матуля, не пужайся.

Што злую чутку хтось пусціў,

Дык ёсць мо ў тым інтэрас нечы.

А мне няма чаго таіць:

Хаджу туды дзеля сустрэчы

З дзяўчынай той, што стаў любіць.

— Дык вось пра гэта ж і абмоўка,

Пра тое брэшуць языкі,

Што ты звязаўся з местачкоўкай,

К яўрэям прэшся ў сваякі...

 

— А што ж, яўрэі — дык не людзі,

Ці мо чым горшыя ад нас?

— Ну, мы чарніць-бяліць не будзем.

Але ж яны нам чужакі...

Іх мова, вера, ўсе парадкі,

Што ў сем’ях важнае якраз,

З дзён першых зродзяць непаладкі...

З яўрэйкі жонкі толк які?

Яна чужою застанецца,

Хоць пяць разоў яе хрысці.

І будзе вечна, як вядзецца,

Сяло супроць яе чаўпці...

Цяжкая будзе з ёю жытка,

Ты гэта зваж і мне павер.

Пакінь яе, пакуль не брыдка,

Пакуль не позна шчэ цяпер.

— А ты, матуля, не хвалюйся,

Не думай дрэннага пра нас.

Яшчэ цяпер я не жанюся,

А што нас жджэ, пакажа час...

 

Бяседа з дачкой

Пасля нядоўгае вячэры

Падаўся Ёсель спачываць.

За ім, прымкнуўшы ціха дзверы,

Сказала маці:

— Соня, сядзь.

Даўно збіраюся з табою

Без сведкаў я пагаварыць,

І запытаць пра тое-сёе,

І, можа, нават пажурыць.

Суседкі плешчуць языкамі,

І, мне здаецца, нездарма,

Бо слых ідзе й між мужыкамі,

Ды заўважаю і сама,

Што ты з тым хлопцам з Камяніцы

Сябе нясціпла павяла

І што яму ў сябе ўлюбіцца

Дазвол ці повад падала...

 

— Ну гэта ўжо дарма ты, мама,

Вяду сябе я без заган,

Ты гэта бачыш, і таксама

Вядома кожнаму з сялян.

І пра яго ніхто нічога,

Каб і хацеў, дык бы не змог

Сказаць што-колечы благога.

Няма прычыны для трывог.

 

— Ён хлопец, можа, ніштаваты,

Але запомні ты і ўзваж,

Што ён мужык з бядняцкай хаты,

Што мовай, верай ён не наш.

Між намі вечнае бяздонне,

І кладак-мосцікаў няма,

Ды што табе тлумачыць, Соня,

Ты добра ведаеш сама,

Што вы не зможаце пабрацца...

 

— Ды я ж люблю, люблю яго!

І не магу больш прытварацца!

Што люду мы не аднаго,

Дык гэта вельмі мала значыць,

Абы з яго быў чалавек,

Які працуе, не лайдачыць

І як палюбіць, дык навек!

 

— Ох, гора мне! А я й не знала,

Што ў вас далёка ўжо зайшло...

І Хася мне не падказала,

А ёй жа шмат відней было,

Чым мне старой недальназоркай.

Вось Хася выйшла за свайго,

І добра ўсім... Дзеля чаго

Шукаць табе той долі горкай,

Калі шчаслівай і багатай

Ты можаш стаць і ўцешыць нас..

 

— Ну, ён мяне яшчэ не сватаў;

Дый ці надыдзе гэты час?

Няма куды цяпер спяшацца,

Бо, можа, ўзбурыцца вайна

І, можа, прыйдзецца расстацца...

Нашто пустая гамана?

 

— А вось на тое, каб ты знала,

Што глупства зробіш, дык тады

На нас абрушыцца навала

Папрокаў, ганьбы і бяды.

Кагал тады нас пракляне,

Цябе, і бацьку, і мяне,

Усе аб’явяць нам байкот

І давядуць нас, што і ў рот

Не будзе ўзяць чаго на раз,

А тут такі няпэўны час...

 

Ты не забудзься, жонка «гоя»

Не будзе мець у нас спакою,

Ані пашаны ад людзей.

І ў той мужыцкай грамадзе

«Жыдоўкай» будзеш цэлы век...

А ён, той іхні чалавек,

Ну вось выбраннік гэты твой,

Для нас заўсёды будзе «гой»,

Чужы, далёкі, нежаданы...

Пакінь яго хоць бы з пашаны

І нашай старасці, і веры

Дзядоў і прадзедаў тваіх.

Вакол такія кавалеры!

Ну, скажам, чым благі жаніх,

Напрыклад, хлопец Гурвіч Яша?

Іх крама, млын, піўная наша

Маглі б не дрэнны даць даход.

І так, глядзіш, за колькі год

На значны грош маглі б мы ўзбіцца,

Купіць у Вільні камяніцу,

Адкрыць сучасны магазін.

Адна ўжо ў нас ты, ён адзін,

Дзяліць маёмасці не трэба...

 

Або чым дрэнны Дудман Лейба?

Прыгожы, спрытны і багаты,

Міргні яму, і прыйдзе ў сваты.

Ды што вылічваць мне дарма,

Ты лепей знаеш іх сама...

 

— Дык вось таму, што я іх знаю,

Не трэба мне ад іх сватоў.

Я ўжо, матуля, не малая,

І выбар мой даўно гатоў.

Аднак, прашу, ты не хвалюйся,

Бо ўсім відаць: няроўны час;

І я адгадваць не бяруся

Таго, што ўсіх чакае нас.

 

Напярэдадні

Канчаўся жнівень. Апусцелі

Шнуркі сялянскія, лугі.

«Чамусьці рана паляцелі

У вырай з песнямі тугі

Над пасівелым полем гусі.

Хто з родных выгнаў іх мясцін?

Хто іх ад нас ляцець прымусіў?» —

Над гэтым думаў Канстанцін,

Калі аднойчы, ўстаўшы рана,

У лес сабраўся па грыбы

Ды стрэў на выгане Сцяпана,

Які вёз жыта да сяўбы.

 

Прысеў на возе. Закурылі.

— Ну як жывеш? Які настрой?

— Браток, з тых дзён, як абдурылі,

Зрабіўся быццам сам не свой.

А тут і маці нездарова,

Раблю, а з рук усё ляціць...

А ўчора пала, брат, карова...

Табе прызнаюся, карціць

Не дакранацца да нічога...

Шкадую, ведаеш, малога,

Я знаю, вышкаляць яго

Яны на ворага майго.

Наогул, лепш бы рукі скласці...

 

— Ну, дружа, кіснуць перастань,

—Бывае шчасце і ў няшчасці.

Бяда вакол куды ні глянь,

А людзі ўсё ж не паддаюцца.

А ты, брат, дужы, малады,

Дык не табе пад ношкай гнуцца.

А што з Ядвігай нелады,

Дык тут адчай не дапаможа.

Сустрэнься з ёй, пакліч дамоў,

Яна яшчэ вярнуцца можа,

Жыць мірна будзеце ізноў.

 

— Няўжо не вернецца яна,

Зашмат сабе мы насалілі...

Дый не абрушыцца сцяна,

Якой нас людзі раздзялілі.

 

— І ўсё ж для роспачы не час,

Не безвыходныя прычыны.

Трымайся, брат, бо кожны з нас

Патрэбны вельмі для айчыны.

 

Вайны, відаць, нам не мінуць.

Як там разгорнуцца падзеі,

Не знаем мы, ды не забудзь,

Што з ёй мы звязваем надзеі...

 

Калі пад’ехалі нарэшце

Да самай Сцёпкавай раллі,

Пачулі шум матора дзесьці;

Пасля выразна зараўлі

Машыны блізка за кустамі,

А з шляху шэры пыл паплыў.

Сябры глядзець у той бок сталі:

Скуль столькі гоману між ніў?

 

З-пад лесу польнаю дарогай

Імчалі два грузавікі,

Сядзела ў іх народу многа.

На сонцы бліснулі штыкі,

Тады абодва зразумелі,

Што заняволеных вязуць.

— Тартак бастуе ад нядзелі,—

Сказаў Кастусь,— стуль іх бяруць.

Вайна вісіць у іх на носе,

А ўсё фуфырацца паны.

О, каб спазнаць ім давялося

Таго, чым дараць нас яны!..

 

Кастусь падаўся надвячоркам

У Вольхаў так, як кожны раз,

І ўсюды чуў адну гаворку

Пра арышт той і грозны час,

Бо весткі ў радыё й газетах

Несуцяшальныя былі:

Стаўляе Гітлер сваёй мэтай

Захопы польскае зямлі

І вынішчэнне ўсіх яўрэўяў.

У кожнай з лютых злых прамоў

Ён штораз больш усё звярэе,

Карціць яму людская кроў.

Ён гэтак свой народ настроіў

Супроць суседзяў навакол

І гэтак армію узброіў,

Як мо ніхто з праправякоў.

 

Заўважыў Соню ўжо здалёку,

У брамцы стоячы, яна

Яго сустрэла слёзным вокам

І тварам, быццам з палатна.

— Забраны сёння швагер Шлёма,

Уночы вырваны са сну,—

Сказала Соня,— невядома,

Якую ў ім знайшлі віну...

Прытым бядуюць нашы людзі,—

Далей казала Кастусю,—

Што вельмі дрэнна з намі будзе,

Як немец зойме Польшчу ўсю.

Палякам нечым адбівацца,

Яны не маюць сіл такіх,

Якіх бы Гітлер стаў баяцца,

Растопча Польшчу ён уміг...

 

— Ну Польшча ўсё ж не адзінока

На гэта ёй сказаў Кастусь,—

Граніца з немцамі далёка,

Ды ён не пойдзе ў Беларусь.

Даб’ецца ў польскага урада

Таго, што хоча ён узяць,

На тым і скончыцца іх звада.

Каму ахвота ваяваць?!

 

Ён так казаў, каб супакоіць,

А думаў іншае зусім.

Фашызм — вядома што такое,

Яго ўжо твар вядомы ўсім.

Здушыўшы чэхаў, аўстрыякаў,

Рыхтуе гэткі самы лёс,

А мо і горшы, для палякаў,

Калі судзіць з яго пагроз.

А Захад Польшчы не падмога,

Такой надзеі нельга мець,

Хоць там і робяць шуму многа,

Ды будуць ціхенька сядзець,

Калі агрэсія пачнецца,

І стануць збоку наглядаць.

Самім палякам давядзецца

Навалу страшную спыняць.

Бо не стрымае ўжо нашэсця

Ніякі ў свеце дыпламат,

Відаць, завяжацца нарэшце

Размова танкаў і гармат...

— Ці чуў ты, што арыштаваны

Антон Зарэчны, машыніст? —

Спытала потым.— Ён забраны,

Бо ён, ёсць чуткі, камуніст.

 

— Я чуў. Забраных вельмі многа

Больш двух дзесяткаў чалавек.

Як шмат паганага, дурнога

На свеце робіцца ў наш век!..

Забраны лепшы люд рабочы

З усіх участкаў тартака,

А іншых сілай змусіць хочуць

Вярнуцца к пілам, да станка,

А ты залішне не хвалюйся,

Сваіх разваж і супакой.

Я заўтра зноў сюды з’яўлюся

Менш-больш часінаю такой.

А зараз я хачу падацца

Да сябрукоў памазгаваць,

Ці нам чым-кольвек не удасца

Нявольным помач аказаць.

 

Доўг

У той жа вёсцы Камяніцы

Ускрай балота ля крыніцы

Стаяла хатка ў два акенцы,

А ўздоўж за ёю хлеўчык-сенцы

Пад чорнай стрэшкай заімшэлай

Ды над старой бярозай белай.

Ля хаты тры-чатыры градкі,

У сенцах куркі дзве чубаткі,

Стол, лава, печ, палок у хаце —

Вось тут усё як ёсць багацце.

Вяла ў будынак той убогі

Сцяжынка з вуліцы-дарогі,

Другая з лугу ад крыніцы,

Дзе рос лазняк радкавы ніцы.

 

У хаце той спрадвеку ціха

Жыла Настуля Васіліха,

Старая бедная кабета.

Яна хадзіла перш штолета

Да багачоў у заработкі,

А вось зімою ў дзень кароткі

Суседкам воўну, кужаль прала

Або ім світэры вязала

Пры цьмянай лямпцы да паўночы.

Але, як слабнуць сталі вочы,

Рабіць прыйшлося з будняў святы,

І стаў заробак небагаты.

Аднак яна не наракала,

Жыла чым бог паслаў. Нямала

Людзям дабра за век зрабіла,

Дык іх пашану заслужыла,

І пры сустрэчы з бабкай Насткай

Вітаўся кожны ветла, з ласкай.

 

З якогась даўняга надзела

Старая трохі поля мела.

Шнурок быў вузкі і пясчаны

І той навокал абараны,

Як след не ўгноены ніколі.

Здавала бабка тое поле

Таму, хто меў зямлі замала.

А тых ахвотнікаў, бывала,

Засеяць той клінок убогі

Было ў сяле заўсёды многа.

І так здаўна ўжо павялося,

Што «арандатары» увосень

Сабе снапы два забіралі,

А бабцы трэці пакідалі.

І тых коп-мэндлікаў нямнога

Было ёй значнай запамогай.

Яна й мукі намеле ў жорнах

Ці круп здзярэ сабе адборных,

А нават (чым не гаспадыня)

Зярнят курам часамі кіне.

А напрадвесні, як вядома,

Ідзе на пошар1 і салома,

Дык за сырок ці фунцік сала

Салому браў любы, бывала.

 

Вядзецца так ужо спрадвеку,

Што вельмі часта к чалавеку

Бяда прыходзіць нечакана.

І бабка наша не чакала

Няшчасця, што яе спаткала.

 

Прадвеснем дзесьці ў пост вялікі,

У печы выпаліўшы рана,

Абула баба чаравікі,

Адзела новую спадніцу

І кажушок ды хустку ў кветкі

І, каб у цэркву не спазніцца,

Пайшла на Вольхаў праз палеткі

Па мерзлым снезе неглыбокім.

Ішла увішна і бадзёра,

Ды вось ад мэты недалёка

Яе спаткала раптам гора:

Нага каўзнулася па лёдзе,

У баразёнку шуганула,

І вось... ісці ўжо далей годзе,

Старую скорчыла, сагнула...

Ляжыць на снезе, ўстаць не можа,

 

Баліць нага, гарыць рука,

А вокал пустка, бездарожжа,

Дарога — воддаль.

Ля мастка

Стары Захар з канём спыніўся,

Пачуўшы нейкі стогн ці крык.

Зірнуў вакол, перахрысціўся

І рушыў к бабе праз цалік.

Пазнаў яе, памог падняцца

І ускарабкацца на воз,

А праз хвілін якіх пятнаццаць

У Вольхаў к доктару завёз.

 

«Сустаў пашкодзіла ты, звязку

І надламала косць рукі,—

Сказаў ёй доктар.— Перавязку

Зраблю і тут са тры дзянькі

Цябе ў бальніцы пратрымаю,

А там мо зможаш і пайсці».—

«Паночку, грошай я не маю

Плаціць за больніцу. Пусці,

Дамоў я неяк дабяруся,

А мо мяне хто падвязе...» —

«Маўчы і слухайся, бабуся,

Якраз ёсць месца, балазе».

І баба тыдзень прабыла там

І пехатой прыйшла дамоў.

 

Пад восень вечерам у хату

К ёй солтыс Лемех увайшоў.

— Ну як жывеш ты, Васіліха?

Спытаў ад самага парога.—

Чаго цябе загнала ліха

У тую больніцу? Не многа

Табе, што праўда, налічылі,

Бо ўсё ж, што там ні гавары,

Цябе ж кармілі і лячылі

Не абы-хто, а дактары,

І ўсё ж сабралася капейка —

Плаціць табе семнаццаць злотаў.

 

— А дзе ж мне столькі ўзяць, Мацейка?

Ажно семнаццаць! Што ты, што ты?!

Няма ў мяне такіх багаццяў!

Я ж зразу доктару сказала,

Што я ўдавой жыву у хаце,

Што ім з мяне карысці мала...

 

— Ты ж знаеш: плаціць не багаты,

Як кажа прыказка ў народзе,

А той, каторы вінаваты.

Дык вось, суседка, войкаць годзе,

Пакінь свае уздыхі-вохі,

Нічога гэта не паможа,

А патрасі свае панчохі,

Дык там і больш збярэцца, можа.

— Пабойся бога ты, суседзе:

Адкуль мне ўзяць такія грошы?

— Не аддасі, тады прыедзе,

Як, помніш, летась да Калошы

Той саквастратар павятовы,

Які апіша ў хаце рэчы,

Ручнік, спадніцы, сачак новы,

А то й саган дастане з печы

І дагала ачысціць хату...

 

— Ну што ж, хай едзе, забірае

Усё, што ёсць тут, чым багата

Батрачка хворая, старая.

Каму патрэбнымі здадуцца

Мае старыя лахманы?

Вось толькі хіба насмяюцца

З маёй маёмасці паны...

 

— Што ж, ты рабі сабе як знаеш,

Я не параджу тут нічога,

Скажу, што грошай ты не маеш

І барахла зусім нямнога,

А там начальства хай мазгуе,

Як гэты доўг з цябе спагнаць.

Адно табе сказаць магу я,

Што лепш было б цяпер аддаць.

— Не верыш мне, што столькі грошай

Няма ў мяне? Я б аддала,

Каб мела іх; каб што знайшлося

Прадаць, дык рада б прадала...

 

1 Кармы для жывёлы.

Бойка

Калі на ніўцы Васіліхі

Пакінуў трэці сноп сусед,

Тады ў сяло прыгнала ліха

І саквастратара як след.

Няйначай, з Лемеха парады

Забраць той бабін трэці сноп

Рашыў старанны служка ўлады.

І па-ягонаму было б,

Каб нечакана ў справу гэту

Кастусь папраўкі тут не ўнёс,

Калі на поле вёз кабету

Забраць належны ёй авёс.

 

І гэтай самаю часінай

На тое ж поле хутка ехаў

І саквастратар з грознай мінай,

Яго вёз парабак Лямехаў.

Ля копкі сталі дзве падводы.

«Кладзі!» — прамовіў саквастратар

З уладным жэстам, як заўсёды.

«Не руш,— сказаў Кастусь,— Тамаш!

Адкуль ты тут такі аматар?

Авёс жа бабчын, а не ваш!»

 

«За доўг бяру авёс дзяржаве,

За лекі баба не ўплаціла,

І ты пярэчыць мне не ў праве!»

Настуля тут загаласіла:

«Паночку мілы, не бяры ты

Той трэці сноп, што з поля маю,

Пакінь старой, не будзь сярдзіты,

Хай бог цябе не пакідае...»

Ды панскі служка неўгамонны

Піхнуў штосілы бабу ў грудзі...

 

Аб воз Лямехаў параконны

Яна, спаткнуўшыся на грудзе,

З размаху ўдарылася бокам

І паляцела пад калёсы.

І тут Кастусь у момант вока

Перш сплюшчыў нос яго курносы,

Пасля збіў з ног другім ударам...

 

«Табе не пройдзе гэта дарам! —

Крычаў урадавец з-пад воза.—

Я тут па службе! Ты бунтуеш?

Пабачыш, хам, Картуз-Бярозу!»

«Ты сам туды перакачуеш! —

Сказаў Кастусь.— За што кабету

Скалечыў ты, падпанкаў лёкай?!»

З суседніх ніў на справу гэту

Глядзелі людзі перш здалёку,

Пасля на крык збірацца сталі

Падлеткі, бабы і мужчыны.

«Забіць падлюгу! — закрычалі.—

За што ён так без дай прычыны

Скалечыў цётку Васіліху?

Хто права даў так распраўляцца?

 

«Не трэба біць, хай едзе к ліху,—

Сказаў Кастусь,— вам задзірацца

Не варта з ім, сябры-суседзі.

На воз ускіньма, як калоду,

І хай адгэтуль к чорту едзе.

Кіруй, Тамаш, сваю падводу!»

 

Пад свісты, лаянку, пагрозы

З нічым адчаліў «зборшчык дані»

Але выкрыкваў доўга з воза

Пра суд, аб помсце, пакаранні...

 

Завёз Кастусь Настулі збожжа,

Але праз тыдзень нейкі, можа,

Два паліцэйскія чыны,

Узяўшы ў солтыса падводу,

Сялян сустрэчных двух прыгналі

І загадалі,

Каб яны

З хлява згрузілі тут жа, з ходу

Канфіскаваны той авёс.

І прэч Тамаш яго павёз.

 

Кастусь нажыў вялікі клопат —

Яго спярша арыштавалі,

Але, зрабіўшы строгі допыт

(З дзесятак сведкаў апыталі),

Узяць з сабою не пасмелі.

«Пабудзь сабе,— сказалі,— дома,

Чакай павесткі па нядзелі».

 

І ўсю ў той справе пісаніну

Павезлі ў тоўстай папцы ў гміну.

 

Развітанне

Калі надходзіць навальніца,

Магутны вецер наляціць

І пыл дарожны заклубіцца,

Трывожна ліст зашалясціць,

Тады заўважаць людзі хмару

У той ці іншай старане,

І кожны ў сэрцы тоіць мару:

Мо пройдзе бокам, абміне,

Мо збожжа ў полі не сталочыць,

Не спаліць хаты перуном,

Мо змые пыл, зямлю прамочыць

І ўсё абыдзецца дабром.

 

Калі ж вайны цень змрочны ўстане,

Жыццю пагрозу несучы,

Тады адчуюць хваляванне

І прастакі, і дзеячы

І затрывожацца не ў жарты,

Бо, як вядома, на вайне

Усё стаўляецца на карту,

Нікога гора не міне.

 

Настрой прыгнечаны і змрочны

Таміў бязлітасна людзей,

Бо ход выпадкаў відавочна

Збліжаў да выбуху падзей,

Даўно прарочаных няўхільна

Вяшчаннем радыё й газет,

За чым з цікавасцю і пільна

Сачыў штодзённы цэлы свет.

 

І вось наблізіўся нарэшце,

Настаў той момант ракавы —

Фашыст пачаў сваё нашэсце,

Маўляў, дрыжыце, хто жывы!

 

Ужо развешаны плакаты

На сценах, брамах, на платах:

Вайна прыходзіць па салдата

У кожны дом, пад кожны дах.

Прыйшла яна і ў Камяніцу

І збіла з толку вёску ўсю —

Хто плакаць стаў, а хто маліцца...

Сярод другіх і Кастусю

Загад прыйшоў хутчэй збірацца

У полк пяхотны, ў вір вайны.

З бацькамі аж не мог расстацца,

Так горка плакалі яны...

 

I на сустрэчу з Соняй мала

Ім лёс скупы адвёў хвілін.

«Ты беражы сябе,— сказала,—

Дзяўчаты вашы на ўспамін

Прыносяць воінам, я знаю,

Якісьці хрысціянскі дар.

Ну што ж, я святасцяў не маю,

Вазьмі хоць гэты партсігар.

Заўжды, калі яго адчыніш

Там дзесьці ў жудаснай вайне

Ці так на ім свой зрок прыпыніш,

Тады і ўспомніш пра мяне.

Ідзі, вяртайся, я чакаю

І веру ў той шчаслівы час,

Калі ізноў цябе спаткаю

І доля ўрэшце злучыць нас,

Ды не. Пастой яшчэ нямнога,

Хачу яшчэ раз паглядзець...

Дай пацалую на дарогу...

Ну вось і ўсё... А зараз едзь!»

 

Ён ёй падзякаваў сардэчна,

Пасля дадаў: «Вярнуся я,

Тады мы злучымся навечна.

Чакай мяне, любоў мая!»

 

Пайшоў на вуліцу к падводам,

Што везлі хлопцаў на цягнік,

Змяшаўся з іншымі і воддаль

З вачэй памалу цалкам знік.

 

Вось гэтак іхнія дарогі

Пайшлі ў два розныя бакі,

А сэрца сціснулі трывогі:

На нейкі час? Ці на вякі?..

 

Трывогі

Вайна вайной, а жыць жа трэба,

Дык вось бярэцца ўсё сяло

За копку бульбы — выдай, глеба,

Што на загонах узрасло!

Ідуць старыя й маладыя

Капаць на вузкія палі.

У плузе конікі худыя,

А людзі, ўгнуўшыся, з раллі

Старанна клубні выбіраюць,

У скрыні сыплюць ці ў мяшкі

І неўзабаве адпраўляюць

Дамоў воз больш ці менш цяжкі.

 

Не ўродзіць бульба селяніну,

Дык давядзецца галадаць,

А то й апошнюю скаціну

За бесцань прыйдзецца прадаць.

Пра бульбу першая трывога,

Бо з бульбы каша, з бульбы хлеб

І з бульбы нават і спіртнога

Для ўласных выціснеш патрэб.

 

Здаўна капанне бульбы — свята.

З суседам стрэўшыся, сусед

Спытае зразу, ці багата

Ўрадзіла бульбачка, і ўслед

Раскажа, як ён сваё поле

Араў, скародзіў, радлаваў,

Як бабы колькі дзён палолі,

Якога колькі гною даў.

 

Суседка хваліцца суседцы,

Дадому з поля ідучы:

«Мо больш чым летась набярэцца...

Цьфу-цьфу, каб толькі не ўрачы».

«Але, але... ўсё ў волі божай,—

Другая ёй дае адказ,—

Нішто ў карысць не пойдзе, можа,

Калі вайна дасягне нас.

Яна штодзень во праглынае

Мужоў, братоў, бацькоў, сыноў...

Адзін святы бог толькі знае,

Ці хто з іх вернецца дамоў.

Во Кастуся майго забралі,

А ён жа ў нас адзін-адным.

Ці ж мы на тое гадавалі,

Яго вучылі, гаравалі,

Каб гінуў гэткім маладым?

Вось дачакаліся падмогі,

А тут, глядзіш, ні стуль ні ссюль,

Якісьці лысы чорт бязрогі

Пагнаў яго на смерць ад куль.

А нам, старым, хоць разарвіся:

Атава скошана ляжыць

І вось за бульбу ўжо ўзяліся...

Як гэта гора перажыць?

І як даць рады ўсёй рабоце?

Бог знае, шчэ ці спажывеш

Дабро згарушчанае ў поце!

Нягоды ці перажывеш?

З рук проста валіцца работа.

Не міл ні дом, ні гавяда,

Аж жыць часамі неахвота...

Ото ж бяда! Ото ж бяда!»...

 

«А вось асаднікаў чамусьці

У тую бойню не бяруць,—

Другая кажа.— Ў захалусці

Сваім сядзяць і ў вус не дзьмуць,

Вядуць спакойна гаспадарку,

Як мірным часам, без бяды,

І так сядзяць на нашым карку,

Як і сядзелі заўсягды.

І, як відаць, зусім не дбаюць,

Што хлопцы з нашага сяла

За тую Польшчу паміраюць,

Што скрозь ім мачыхай была.

Наймаюць баб да бульбы, лёну

Так, як і летась, за грашы.

I бабы йдуць не без праклёну,

З вялікай крыўдаю ў душы».

«А што ж ты зробіш, калі трэба

Той злот надзённы зарабіць?

Другой мо прыйдзецца і хлеба

Ці нават бульбы прыкупіць.

Палова вёскі застаецца

Без мужыкоў-гаспадароў»...

 

«Ох, цяжка бабе давядзецца,

Чый муж не вернецца дамоў»...

 

2 - Пасля з’яднання

 

Вяртанне

Вайна, прынёсшы многа гора,

У той час скончылася скора.

Геройства польскага салдата

Стрымаць фашысцкую навалу

У бітвах жудасных,

зацятых

Было на гэты раз замала,

І ён, амаль бяззбройны, гінуў,

Таптаны зладжанай махінай,

Падрыхтаванай на захопы

Не толькі Польшчы — ўсёй Еўропы.

 

Здаліся Познань, Лодзь, Варшава...

І пала польская дзяржава,

Калі яшчэ й сусед з усходу,

Знайшоўшы добрую нагоду

Для аб’яднання Беларусі,

Заняў яе былыя «Крэсы».

 

Тут край нанова ўскалыхнуўся —

Свае стаў бачыць інтарэсы

«Тутэйшы» ў схватках міжнародных

І сустракаў, як блізкіх, родных,

Чырвонай Арміі «жаўнераў»,

Бо цвёрда з першых дзён паверыў,

Што дачакаўся лепшай долі.

А ў хуткім часе, хоць паволі,

Пачалі групкамі вяртацца

Дамоў да новай мірнай працы

Хто з месц няволі, хто з вайны —

Бацькі, браты, мужы, сыны...

 

Штодзень прыдыбваў хтосьці ў сёлы,

Сёй-той і з вольхаўскіх прыйшоў.

Віталі радасна, вясёла

Усе суседзяў і сяброў.

Прыйшлі ўсе хлопцы з Камяніцы —

Тры з іх — з вайны, а два з турмы,

І Костусь вінен быў з’явіцца,

Ды адгрымелі ўсе грамы,

Прайшоў сход важны ў Беластоку,

З’яднанай стала Беларусь,

 

А ён не йшоў.

З слязою ў воку

Гадала маці: дзе ж Кастусь?

Няўжо злажыў сваю галоўку

Ён дзесьці ў жудасных баях?

Не можа быць!.. А потым зноўку

Яе агортваў сум і страх...

 

Не менш, чым маці, гаравала,

Начамі цэлымі не спала

Дачка старога карчмара.

Яна лічыла, што вярнуцца

І Кастусю даўно пара.

Але дзе ж ён? Куды звярнуцца,

Каб знаць нарэшце, ці жывы,

Ці мо, не дай бог, дзе загінуў?

Ды хто адказ дасць дзелавы

У гэту бурную часіну?

Дык заставалася чакаць

З надзеяй светлай, з цвёрдай верай,

Што вось-вось ён адчыніць дзверы

І свой цалунак, як пячаць,

На вуснах выцісне да болю.

І Шлёма вырваўся на волю,

Вярнуўся разам з ім Антон,—

Калі ж нарэшце прыйдзе ён?

 

Штодня чакала і трывогу

Таіла ў сэрцы неспакойным,

Глядзела прагна на дарогу,

Але трымалася прыстойна,

Ніхто па ёй бы не прыкмеціў,

І нават маці, што яна

Жадае больш за ўсё на свеце

Сустрэць таго, каго вайна

Ў яе нахабна адабрала.

Так, як звычайна, працавала,

За чысцінёй сачыла строга

І ў зале бара, і у хаце,

І бацьку хворага старога,

І растрывожаную маці

Так суцяшала, як магла.

Яна адна ў іх засталася,

Бо перайшла да мужа Хася

(Вядома ж бо: куды ігла,

Туды пацягнецца і нітка).

Распрадавала ўсе напіткі —

Яны былі ўжо на зыходзе,

Ды ўжо і тэрмін падыходзіў,

Калі дзяржава возьме ў рукі

Піўныя, крамы, рэстараны.

Аб'екты працы і навукі

І трэба будзе позна-рана

У новай сельскай гаспадарцы

Або рамесніцкай арцелі

Шукаць занятку — новай працы.

 

Міналі тыдні, дні ляцелі,

Кастрычнік вось ужо канчаўся,

А ён, чаканы, не вяртаўся.

 

Палон

Як вецер асенняе лісце

Без толку мяце па пустэчы,

І кружыць, і гоніць кудысьці,

Вось гэтак і гурт чалавечы

Ваеннай стыхіі навала,

Пад грукаты танкаў, гарматаў,

Крышыла, змятала і гнала.

Знішчала не толькі салдатаў,

А ўсіх, хто не здолеў схавацца

Або, усе страціўшы сілы,

Быў змушан на ласку здавацца

Крывавага ката-грамілы.

А ён паласою шырокай

Ад Балтыкі аж па Карпаты

Ішоў самаўпэўнена й вокал

Трафей браў крывавы, багаты.

 

Палякі ўвесь час адступалі

І, каб у палон не папасці,

То ў бітвах да смерці стаялі,

То іх растрапаныя часці

Праз нетры, лясы і балоты,

Мінаючы вёскі і месты,

На ўсход прабіраліся ўпотай

З надзеяй дабрацца да месца,

Дзе можна б нарэшце спыніцца,

Наладзіць ізноў абарону

І з лютым захопнікам біцца

Да перамогі ці скону.

 

У лесе воддаль ад дарогі

Ужо аж дзесьці каля Брэста

Войск розных часткі ад знямогі

Спынілі марш. Даўно ўжо вестак

Пра лёсы ўсёй вайны не мелі,

Але з баямі з-пад Варшавы

Ішлі, хоць добра разумелі,

Што вельмі дрэнныя іх справы,

Што за фашыстам перамога,

Што далей прэцца ён няспынна

І ўжо заняў абшару многа.

Цяпер рашылі на хвіліну

Зрабіць прыпынак на паляне,

Спачыць крыху пад елак дахам

Ды весці пільна назіранне

І за чыгункай, і за шляхам.

 

«Чамусьці вельмі пацішэла,

І немец быццам запыніўся,—

Сказаў адзін салдат,— заела

Мо што ў маторах ці стаміўся

І сам, нас гонячы няспынна»...

 

«І праўда, вельмі стала ціха,—

Сказаў другі,— ў тым быць павінна,

Здаецца мне, якоесь ліха,

Што горш яшчэ зваліцца можа

На нашы бедныя галовы»...

 

«Канчаць пара ўжо гэта падарожжа,

Прамовіў іншы.— Хто здаровы,

Каму дадому недалёка,

Лічу, што сёння мае права,

Па двух-трох, не дык адзінока

Канчаць вайну, бо наша справа

Даўно прайграна. Дык навошта

Дарма свае галовы класці?»

 

«Чыім жа ты, скажы мне, коштам

Сваё наладзіць хочаш шчасце? —

Спытаў яфрэйтар.— Дзе тым дзецца,

Хто з-пад Пазнані, Кельцаў, Лодзі?»

 

«А ім, як схочуць, давядзецца

Пажыць у нашынскім народзе.

Знайсці не цяжка маладзіцу

І, покуль тое там ды гэта,

Спакойна можна прызямліцца,

І перажыць хоць бы й да лета,

А там жыццё само падкажа,

Куды далей»...

«Ну, жартаў годзе!

Хто жыў-здаровы, той змагацца

Павінен з ворагам да смерці,—

Сяржант сказаў,— а не туляцца,

Не толькі з бабай спаць, піць, жэрці,

А трэба думаць пра айчыну!»

 

«Вось гэта здорава, камраты!

Зірніце вы на малайчыну!

Ён вораг Гітлера закляты,

Дык кліча ў бой да перамогі!

Вось лепш скажы, чыім ты коштам

Перамагчы фашыстаў хочаш?

Мо беларускім? Га? Навошта

Яшчэ галовы нам марочыш?

А дзе ўсе вашы генералы?

Хто першы ўзяў за пояс ногі?

Хто кінуў-рынуў як папала

І фронт, і армію, й абозы?

А дзе, скажы мне, афіцэры?

Адзін вунь тут, дый не цвярозы,

А перш было ж іх да халеры...

Тут не вайна, а паляванне.

Звярына мы, а паляўнічы

Фашыст на танку ў касцы, пане!

Што? Вобраз вельмі маляўнічы?!

Няма што строіць патрыёта

З сябе і ў бой няроўны клікаць.

Чаму ж, ідзі, калі ахвота,

А мне дадзелі з смерцю гулі»...

 

Ды тут на іх пачалі «сыкаць»:

«Маўчыце, каб вы затанулі!

Даволі вам... Вунь ёсць навіны,

Сялянін нейкі кажа штосьці,

Хадзем бліжэй...» —

«Не больш гадзіны

Мінула, як я рускіх бачыў,—

Казаў стары.— Ідуць з усходу,

Супраць фашыста пруць, няйначай»

 

«Вось гэта, брат ты мой, дык госці!..

 

Матор раўнуў раптоўна, й з ходу

Усе, падняўшы вочы ўгору,

Змаглі разгледзець, замест крыжа,

На самалёце знакі зорак.

Тым часам ён спусціўся ніжай,

Паляну ў лесе ўміг агледзеў,

Махнуў крылом на развітанне

І хутка знік у хмарах недзе.

Падняўся вэрхал на паляне —

Усе спрачаліся, гадалі:

Што гэта значыць? І што будзе?

Як ім сябе паводзіць далей?

Ісці? Стаяць на гэтым грудзе?

 

«Збіць тшэба было большэвіка! —

Крычаў адзін.— Дзе кулямёты?»

 

«Чым ты мазгуеш? Чаравікам?

Не ўсе ж такія ідыёты,

Як ты,— шумела наваколле,—

Каб так фашыст цябе ўбачыў,

Дык гэты гай зрабіў бы полем —

З дзесятак бомбаў бы «ўсабачыў»,

А той паслаў нам прывітанне».

 

«То ніц,— цвярдзіў ён неўгамонна,

Той самы,— зараз пшыйдзе, пане,

Сюды не меней батальёна,

І нам — капут або няволя...

Ды я не кіну карабіна

І не паддамся ім ніколі!

Чым стаць чырвоным, лепш загіну!»...

 

«Спытайма, што паручнік скажа,—

Уставіў хтосьці,— ён з дзясантаў...» —

«Ды ён табе двух слоў не звяжа,

Што ўзяць з п’янога».

«А сяржанты?

Мо ў тых галовы лепей вараць?» —

«Не. Ясна тут і без каманды,

Што толькі ўсе аб тым і мараць,

Як выйсці з гэтай зборнай банды

І галаву дамоў данесці»...

Калі так думалі-гадалі,

Пачуўся гул матораў дзесьці —

Два танкі вынырнулі з даляў

І сталі хутка набліжацца.

На танках ехалі салдаты,

Было іх мо не больш за дваццаць.

А той фанатык дурнаваты,

Які так строіў патрыёта,

Пакуль агледзецца паспелі,

Падбег уміг да кулямёта

І даў чаргу па блізкай цэлі..

 

Яго ў той момант адцягнулі,

Прытым па карку надавалі,

Але тым часам густа кулі

У голлі рэзка засвісталі —

Салдаты строем баявым

Пайшлі на лес у наступленне...

І як пасля дакажаш ім,

Што не было супраціўлення?

 

І праз гадзіну мо, не далей,

Былі палякі ўжо ў палоне,

Ды не ў таго, з кім ваявалі,

А ў рускіх...

Крочыць у калоне

Кастусь Асошнік з Камяніцы,

А сэрца ў ім скавыча з болю,

Яно не можа з тым змірыцца,

Што вось ён трапіў у няволю.

 

Каб не страляў той недарэка,

Дык пад канвой мо б іх не ўзялі,

А так паўстала небяспека,

Што іх, як ворагаў, у далі

Мо й заўральскія скіруюць,

І колькі часу, невядома,

Міне, пакуль той «грэх» даруюць...

А мог бы хутка ўжо быць дома.

 

І прадчуванні не змылілі —

Кастусь папаў у эшалон,

Які адмерваў пільна мілі

На ўсход няведамы шмат дзён...

 

Рабунак

Прыбег Нічыпар Аднавокі

На двор Пялюшкі Змітрука.

— Ці чуў? — крычаў яшчэ здалёку. —

Вось ты тырчыш ля верстака,

А там асаднікаў рабуюць

І хто што можа, валакуць!

Хадзем, а то ўсё там разбураць

І не пакінуць нам нічуць!

— А скуль прыйшло распараджэнне

Асады тыя рабаваць?

— Нясуць хто посуд, хто адзенне,

А хто загад даў, скуль мне знаць?

Вось я лічу, што правароніць

Нам нельга гэтага, кумок.

Пайшлі! Пакуль не забароняць,

Прыхопім нешта пад шумок!

І вось кум з кумам жвавым крокам

Пайшлі мяжой на хутары,

Каб там праверыць пільным вокам

Каморы, хаты і двары.

Аднак спазніліся нябогі,

Ужо валяўся толькі хлам

Ці ў хаце дзе сярод падлогі,

Ці на дварышчы тут і там...

І несуноў было ўжо мала,

Яшчэ снавалі па дварах

Фігуры нейкія і вяла

Знікалі крадкам у дзвярах,

Усюды скрозь парасчыняных,

То штось прыдбаўшы, йшлі скарэй

Пад брэх сабак паразганяных

I пад кудахтанне курэй,

Што аж на дрэвы паўзляталі.

 

— Няма што браць,—

сказаў Змітрук,

Ужо ўсё чыста расхваталі,

Няма к чаму прыкласці рук.

Я думаў, стрэнецца піла,

Дык прыхапіў бы, так і быць.

У войта добрая была,

Як ён наняў нас хлеў рубіць,

Дык я тады яе прыкмеціў

І навастрыў як след тады.

Было нядаўна гэта, ў леце.

Ну, як няма, такой бяды,

Сваёй пакуль што абыдуся.

Пара, Нічыпар, мо дамоў?

 

— А я, лічы, што прыабуўся,

Зірні, вось боцікі знайшоў.

Ваўкоў баяцца, мілы браце,

Дык не паказвацца і ў лес.

Вось каб сядзеў я сёння ў хаце,

То ў боты гэтыя б не ўлез,—

Сказаў Нічыпар.— Быць не можа,

Каб я яшчэ што не знайшоў.

Старайся сам, то й бог паможа.

Ты як там хочаш, я пайшоў.

І скіраваў адразу крокі

На іншы хутар недалёкі,

А надвячоркам на свой двор

Трумо вялікае прыпёр.

«Вось будзе радасць для Агаты,

Калі пастаўлю гэту рэч,—

Казаў сабе,— між вокнаў хаты

Або ў той закутак за печ,

Адкуль у сенцы прымем скрыню.

Дзяўчаты будуць з цэлай вёскі

Маю наведваць гаспадыню,

Каб зверыць плацці ды прычоскі».

 

ы жонка, ўбачыўшы здалёк

Яго з цяжкой вялікай ношкай,

Якую ён дамоў валок

З надзеяй-думкаю харошай,

Спытала злосна:

— На халеру,

Якому гэта прэш чарту?

Ты б хату перш сваю памераў,

Чым браць такую ламату!

— Нічога, баба, месца будзе,

Люстэрка знойдзе ў хаце кут.

— Усе ў суседстве скажуць людзі,

Што ты бязглузды шалапут.

Відно ж не мераўшы, на вока,

Што ў хату гэтага не ўпрэш,

Бо не на столькі столь высока...

— Нічога, йначай запяеш,

Як я ўпрыгожу, брат, хаціну.

Вось ты ў дзвярах мне памажы...

 

— Ой-вой! Пастой, бо зараз кіну!

Не лезе, што ты ні кажы!

— І праўда, хата замалая!

Куды ж гаргару гэту дзець?

— Табе ж казала недарма я...

— А можа, бокам ляжа ў клець?

— Навошта ў клеці рэч такая?

Навошта мне завальваць спрат?

 

Нічыпар моўчкі патакае,

Відаць, што й сам ужо не рад.

Панеслі люстра тое з хаты

На двор, паставілі пад плот.

Загнуў Нічыпар са тры маты

І выцер шапкай з твару пот.

 

— Ідзі прыжэнь авечкі з руні,—

—Сказала жонка,— ў хлеў пара.

І сена ім прыхопіш з пуні...

 

Вось стаў баран сярод двара,

Зірнуў на плот і ўміг заўважыў,

Што к ім забрыў баран чужы.

«А гэта што? Як ён наважыў

Парушыць нашы рубяжы?»

Падаўся ўзад дзеля разгону,

Нарыхтаваўся й той другі —

Прасіць не думае пардону.

«Трымайся ж, сябра дарагі!»

І так у люстра трахнуў палка,

Што разляцелася яно

На сто ці болей мо кавалкаў...

 

Занёс Нічыпар у гумно

На ток драўляную аправу

І, зноў загнуўшы ёмкі мат.

Лічыў, што скончыў гэту справу.

Але праз суткі акурат

Прыйшлі ахоўнікі парадку

Нарабаванае спагнаць.

І, як ні лгаў Нічыпар гладка,

За люстра мусіў даць дзесятку

І мусіў боты тыя здаць...

 

Сустрэчы

Імглістым ранкам лістапада

Дарогай гразкай між палёў

Уздоўж бярозавых прысадаў

Кастусь са станцыі ішоў.

Ён жвава крочыў па балоце

І ўсё напружваў пільна зрок

Туды, дзе ў смутку й адзіноце

Бацькі гадалі: «Дзе ж сынок?

Калі ён вернецца дахаты

І мо ці вернецца зусім?»

Але ж ён быў не вінаваты,

Што гэтак здарылася з ім...

Сяло будзілася памалу —

Там-сям над комінам дымок

Ляніва плыў, да паглынала

Яго імгла. Яшчэ здалёк

Заўважыў явар свой высокі,

Пад ім бацькоўскай хаты дах,

Дык зноў прыскорыў свае крокі

І... ўбачыў маці пры дзвярах.

Яна яго перш не пазнала,

Ды, венік кінуўшы, барзджэй

Насустрач выбегла й прыпала

З слязьмі да сынавых грудзей...

У хаце бацька абуваўся,

Ды, бот адкінуўшы набок,

Сардэчна з Костусем абняўся

І паўтараў: «Прыйшоў сынок!

Вярнуўся цэлы і здаровы!»

 

А праз кароткі час якісь

Запоўніў хату люд вясковы.

Найперш, вядома, сваякі,

А ўслед за імі і суседзі

Прыбеглі воіна вітаць.

 

«Дык што? ажно за Мінскам недзе

Табе прыйшлося пабываць? —

Пытаў Нічыпар Аднавокі,—

А як ты трапіў, раскажы,

У гэты новы шлях далёкі?»

 

«Ледзь не да ўсходняе мяжы

Нас немцы гналі і бамбілі,

А тут прыйшлі балынавікі,

Дык што рабіць, у першай хвілі

Не зналі мы, а трапяткі

Адзін салдат не з нашай часці

(Хапае ў свеце абармотаў),

Замест адразу зброю скласці,

Сыпнуў чаргою з кулямёта.

За тое ўсе мы без разбору

Папалі зразу пад канвой.

А разабрацца не так скора,

Хто злосны вораг, а хто свой...»

І шмат яшчэ пытанняў розных

Яму вяскоўцы задалі

Наконт вайны падзеяў грозных

І што дзе бачыў і калі.

Не мог, аднак жа, дома ўседзець,

Сказаў, што трэба ў сельсавет,

Паеў крыху і па абедзе

У Вольхаў рушыў.

Маці ўслед

За ім сачыла слёзным вокам,

Яна ўгадала, да каго

Падаўся ён салдацкім крокам.

Спыніць хацела перш яго,

Аднак адчула, зразумела,

Што ёй яго не затрымаць,

Бо, што задумаў, будзе смела

І без аглядкі выпаўняць.

 

На лаву ў хаце цяжка села,

Слязу згарнула фартухом

І доўга ў змрочны кут глядзела

І думу думала маўчком.

Пасля звярнулася да мужа,

Які прыйшоў якраз з двара:

«Была я зранку рада дужа,

Ды вось на сэрцы зноў — гара.

Ці знаеш ты, куды падаўся

Кастусь, сабраўшыся наспех?

Ці ты ў яго хоць запытаўся,

Ці прыйдзе сёння на начлег?»

 

— Дарослы ўжо ён, дзякуй богу,

Пашто яго мне пераймаць?

Калі ён рушыў у дарогу

І не хацеў як след сказаць

Пашто пайшоў, дык ёсць прычына,

Раскажа, будзе йшчэ пара...

— Прычына ясная: дзяўчына,

Дачушка Ёські карчмара!

Няўжо дагэтуль ты не ведаў,

Што ён з ёй знюхаўся даўно?

— Хадзіць за ім не будзем следам,

Сачы, пільнуй — усё адно...

Чаму ж раней мне не казала?

Ды не маленькі ўжо ў нас ён,

Не ўстрашыш дзяжкай, як бывала.

Ды стаў цяпер другі закон,

Цяпер увесь народ аднакі,

І маюць роўныя правы

Яўрэі, рускія й палякі.

Ды не бяры да галавы,

Яўрэі, ён народ талковы,

Пры іх хлапец не прападзе.

Такіх, як дочкі Кукуцёвы,

Не стрэнеш часта абы-дзе:

Абедзве дзеўкі — адно дзела,

Не раз іх бачыў я ў піўной...

 

— Тупак ты, вось хто, абалдзелы,

—Баўтун з пустою галавой!

Яму пра тое, ён — пра гэта.

Ды іхні ж род чужы для нас!..

— Пражыў жа доўгі век з кабетай,

Яўрэйкай вольхаўскі Тарас.

Жылі яны за нас не горай

І ўзгадавалі трох сыноў.

Чужое племя! Вось дык гора!

Аднакай чырвані ўсіх кроў!

— З табою мне не згаварыцца,

Бо ты сваё гародзіш мне.

Вось бачу я, што чужаніца

Хаціны нашай не міне!..

Сказаўшы, стала ўсхліпваць носам.

Мікола слёз цярпець не мог,

Дык паглядзеў на жонку скоса

І моўчкі выйшаў за парог.

 

Сватанне

Аднойчы неяк надвячоркам

Наведаць Ёселя зайшоў

Старэйшы Дудман і гаворку

Пра новы лад жыцця павёў:

— Скажы, як далей жыць нам, дружа?

Калі ўжо нельга таргаваць,

Дык не пацягнем доўга дужа;

Як будзем век свой дажываць?

Ну, хата ёсць, гарод як сесці,

А жыць з чаго? Скуль браць даход?

Ну, моладзь знойдзе працу дзесьці,

А нас, старых, ні на завод,

Ані ў «калхоз» ніхто не прыме.

Што ты на гэта, дружа мой?

 

— Парадак будзе й са старымі,

Надыдзе ўсё сваёй парой.

— Вой, вэй, а ўсё ж ніякавата

К парадкам новым прывыкаць,

А змен усякіх так багата,

Што цяжка ўсё як след паняць.

— Не будзе горш мо, чым было тут,

Цяпер адзін для ўсіх закон,

Не будзе здзекаў і прыгнёту...

Я гэтак думаю, Арон.

 

Яшчэ аб тым-сім запытаўшы,

Арон хвіліну памаўчаў,

Пасля, памалу з крэсла ўстаўшы,

Нанова гутарку пачаў:

— Хачу прызнацца, дружа Ёсель,

Я запытаць цябе хацеў:

Ці нам з табою не ўдалося б

З’яднаць, злучыць сваіх дзяцей?

Мой Лейба хлопец сарамлівы,

Сам не адважыцца сказаць,

Што вельмі быў бы ён шчаслівы,

Каб вы згадзіліся аддаць

Яму за жонку вашу Соню...

— Што? Соню замуж? Ці не рана?

Мне цяжка даць адказ сягоння;

Мо лепшай вычакаць пары?..

На свеце так яшчэ пагана...

Ты з маці мо пагавары...

Ды і таксама невядома,

Ці даўпадобы Лейба ёй...

Спытайма жонку...

Жонка дома,

Чуваць, важдаецца з казой.

 

Хаймэру клікнулі ў бакоўку

І разам гутарку вялі

Аб тым, як ім дабіцца толку,

Вяселле справіць лепш калі.

«Як толькі Соня дасць нам згоду,—

Хаймэра мовіла,— дык мы

Ажэнім іх як бачыш, з ходу,

Уладзім справу да зімы».

Сама ж падумала:

«Загінуў,

Напэўна, хлопец той з сяла.

Адно збіў з толку нам дзяўчыну...

Ды ўжо й забыць яго магла»...

 

Калі Арон пайшоў дахаты,

Сказала Соні мімаходзь:

«Хоць жмецца Дудман, ён багаты,

Вось ты за Лейбу іх выходзь,

Дык будзеш жыць за ім без гора».

«Ты хочаш з хаты мяне збыць?

Сама ж яшчэ казала ўчора,

Што будзе цяжка век пражыць

Старым адным без дапамогі».

 

«Маглі б вы ў нас кватараваць».

 

«Свае высокія парогі

Не схоча Лейба пакідаць,

Ды ён не з тых, каго кранае

Чужое гора, чыйсьці лёс,

Яго са школы йшчэ я знаю,

Такім ён вырас, якім рос.

Так што пра Лейбу няма мовы...

Ды я рашыла год чакаць

Таго, каму давала слова,

А потым будзе там відаць,

Якая выпадзе мне доля»...

 

«Ах, не задурвай галавы,

Таго не ўбачыш больш ніколі,

Даўно б прыйшоў, каб быў жывы».

 

«А ўсё ж прашу, мне пра замужжа

Ты, мама, больш не гавары.

Пайду па дровы. Сёння сцюжа

І золь, балота на двары»...

 

Ледзь крок спыніла пад павеццю,

Пачула брамкі ціхі стук,

Зірнула ў той бок: ці не вецер?

І паляцелі дровы з рук...

У ботах, схляпаных балотам,

У доўгім мокрым шынялі

Стаяў яе Кастусь пад плотам...

І рукі шыю абвілі,

І губы губы цалавалі,

І слёзы капалі з вачэй...

— А ты ж загінуў, мне казалі.

Зайдзі ж у хату к нам хутчэй!

 

— А можа, ў хату йсці не варта,

Вось станем тут мо пад павець,

Піўной няма, дык ля паўкварты

Ужо няма як пасядзець.

Бацькі твае не будуць рады,

Ім не такі патрэбен зяць.

Ну што ж, без іхняе парады

Свой лёс нам прыйдзецца рашаць.

Ці жонкай стаць мне ты гатова?

— Ты гэта ведаеш даўно,

Табе ж тады дала я слова,

І непарушнае яно.

 

— О як сказала ты прыгожа!

Я гэта вельмі знаць хацеў

І вось у дождж і бездарожжа

Сюды не крочыў, а ляцеў...

 

— Скажы ж ты, мой доўгачаканы,

Дзе ты так доўга вандраваў?

Якія будуць нашы планы?

— Як сумаваў я й гараваў.

Якія зведаў я бяздонні,

Пра гэта доўга гаварыць,

Дый мала часу ў нас сягоння.

Бацькоў нам трэба прымірыць,

Пасля на працу ўладкавацца,

Знайсці кватэру і тады

У загсе зможам запісацца,

Каб жыць супольна ўжо заўжды.

Сягоння мне абавязкова

З’явіцца трэба ў сельсавет

З маім дакументам вайсковым,

А ўжо цямнее. Дык... прывет!..

 

— Дзе ты была? — спытала маці.—

Ды што з табой? Ах, божа мой!

— Вяла бяседу з вашым зяцем.

— З якім? Няўжо вярнуўся... гой?

— Не гой, а мілы нарачоны,

Прыгожы хлопец, хоць куды,

—Разумны, ветлівы, вучоны,

Старэй мяне на тры гады.

Ты будзеш зяцем ганарыцца,

Як пазнаёмішся бліжэй.

— Ды што не наш ён, чужаніца,

Вось з чым змірыцца найцяжэй!..

 

На працу

Раённы цэнтр. Усё як быццам

На тых жа месцах, як было,

Аднак па-іншаму глядзіцца

Адміністрацыі жытло:

Сцягі чырвоныя паўсюдна,

Над брамай Сталіна партрэт.

Ля крам на плошчы мнагалюдна,

Інакшым стаў былы павет,

Улады панскай след загінуў,

Завуцца вуліцы інакш,

Другія шыльды і вітрыны,

І ў іншым месцы ўжо кірмаш.

 

Ідзе Кастусь па тратуары

І, быццам ён тут першы раз,

Глядзіць вакол людзям у твары,

А то і спыніцца падчас,

Мяркуе моўчкі, разважае:

Ці свой ён тут, ці мо чужы?

Ды ўлада ж, быццам не чужая...

Тутэйшы ён, як ні кажы.

 

І ля раённае управы

Спыняе свой павольны крок.

— Здароў, Кастусь! Якія справы

Цябе вядуць? — пачуў здалёк.

Антон Зарэчны набліжаўся

З усмешкай яснай, як заўжды.

— Ну дзе ты, дружа, заблукаўся?

—Цяпер кіруешся куды?

 

Падалі рукі, пастаялі,

Расказ кароткі павялі

Пра дні, што ўжо легендай сталі,

Пра тое, што перажылі.

— Вось я,— сказаў Кастусь,— падацца

—Хачу ў райком. Сакратара

Прасіць прыняць мяне на працу.

— Валяй, браток, даўно пара.

Людзей цяпер у нас нястача,

Любое справы знатака

Бяруць уміг. Вось я, юнача,

Ужо дырэктар тартака.

Хадзі ка мне ў рахункаводы...

І па бяспецы інжынер

Патрэбен мне, і цьма народу,

Дый шмат што трэба мне цяпер...

Хадзі, любую дам работу,

Ты ж хлопец спраўны, хоць куды...

— Ну як жа так ісці з налёту?

Мо накіруюць, дык тады...

— Хай будзе так, ды май на ўвазе,

Што там у нашым тартаку

Мець можаш працу ў кожным разе.

Запомніш? Га? Дык дай руку!

 

Начальствам добра быў прыняты:

(Садитесь... Жалоба?.. Вопрос?..)

Заўважыў вузкі твар прымяты,

Высокі лоб, з гарбінкай нос

І вочы шэрыя стальныя,

А далей Сталіна партрэт.

— Вось толькі што прыйшоў з вайны я

Мяне Альхоўскі сельсавет

Да вас адправіў на бяседу,—

Сказаў Кастусь,— даведкі вось.

— Послали, значит, ко всеведу...

Ах... плен! Ну как вам там жилось?

А, чай, не очень обижали?

— Ды нельга вельмі крыўдаваць,

Хіба што доўга прадзяржалі,

Я ў той час мог бы працаваць.

— Образование, наверно,

Вы получили... Где? Когда?

— Здаў за гімназію экстэрнам

Вясной у Вільні.

— Ну тогда

Могли бы стать вы педагогом.

Согласны ль в школу вы идти?

Вы, я считаю, сделать много

На этом можете пути.

Людей с хорошей подготовкой,

С хорошим знаньем языка,

С педагогической сноровкой

У нас нехватка здесь пока,

Еще мы кадры подбираем.

Так как? Направить вас в роно?

— Хай мара споўніцца старая,

Пра школу марыў я даўно,

Педагагічныя навукі

Знаёмы добра мне....

— Ну вот,

Тогда уж вам и карты в руки,

А в школах дел невпроворот.

Желаю счастья и успехов

На новом поприще в труде...

 

І, развітаўшыся, з паспехам

К дзвярам прасіцеля вядзе.

 

Аддзел народнае асветы

Ад шумнай вуліцы ў баку.

Здалёк плакаты і партрэты

Відаць на тым асабняку,

Дык, не пытаючы нікога,

Кастусь патрэбны дом знайшоў

І, прытрымаўшыся нямнога,

Ў пакой загадчыка ўвайшоў.

 

Загадчык, ростам невысокі

Каржакаваты чалавек,

Абвёў яго цікаўным вокам

З-пад ледзь прыжмураных павек,

Пасля спытаў:

«Чым вы заняты

Былі пры Польшчы ў мірны час?

Дыплом, даведкі, атэстаты

Якія маюцца у вас?»

Лістаў, гартаў усе паперы,

Круціў ён гэтак іх і так,

Аж носам чмыхаў небарак,

Ды вось гукнуў налева ў дзверы;

«Хадзі, інспектар, паглядзі,

Каб я ў чым тут не памыліўся

(Чытаць па-польску — мне дакука),

А тут дакумент не адзін».

 

Пачуўся тут жа крэсла грукат,

Мужчына рослы паявіўся,

Зірнуў на Костуся звысоку,

Пачаў паперы разглядаць

І раз’ясніў у момант вока,

Як іх чытаць, што з іх відаць.

 

«Я ж пераклаў бы»,— адазваўся

Кастусь, які дасюль маўчаў.

«А ў гэтым я не сумняваўся,

Але знарок не паручаў,

Сказаў загадчык,— асцярожным

Я стаў, вы знаеце, цяпер

Не толькі з вамі, але з кожным,

Бо спробы ў нас былі афер.

Заяву зараз напішыце

І біяграфію сваю.

Анкета вось. Ды не спяшыце,

Чарніла я вам падалью,

У нас вы будзьце так, як дома.

Дзе б вы хацелі працаваць?»

«Бліжэй ля Вольхава, вядома...» —

«А я хачу вас затрымаць

Тут, у райцэнтры, ў першай школе».

«Ну што ж, на гэта ваша воля,

Але ж я практыкі не маю».—

«А там дырэктар дзелавы,

Ён вам паможа, падтрымае,

І з працай звыкнецеся вы.

Зімою курсы тут наладзім

Для педагогаў маладых,

І на настаўніцкай нарадзе

Парад шмат будзе дзелавых.

Дык як? Рашылі?» —

«Хай так будзе,

Калі ж да працы прыступаць?» —

«А чым хутчэй. Не час марудзіць,

Няма калі у шапку спаць».

 

Уладкоўванне

Дамоў вяртаўся на падводзе

Гасцінцам гразкім між палёў

І ў думках вынік дня падводзіў:

Успамінаў дакладна зноў

Сустрэчы ўсе і сумняваўся,

Ці часам толькі не зблудзіў

Тым, што ў настаўнікі падаўся.

У тартаку каб мо рабіў,

Дык стуль было б бліжэй дадому,

Да Соні ў Вольхава бліжэй

І працаваць лягчэй, вядома.

А так, куды ні кінь — цяжэй.

Нялёгка будзе ўладкавацца,

Знайсці кут нейкі для дваіх...

І думка — як там пойдзе праца,

Не пакідала ні на міг.

Рашыў, прыехаўшы дахаты,

З бацькамі ўраз абгаварыць

Далейшы лёс, намер прыняты

Жаніцца і ў райцэнтры жыць.

Вядома, як бацькі старыя

На гэту справу паглядзяць,

Калі ён ім свой план раскрые,

Ды ўжо няма як адступаць.

Не будзе, пэўне, супраць Соня,

А вось бацькі яе, іх род

З глыбінь свайго старазаконня

Нямала ўзнімуць перашкод,

І гвалт пачнецца небывалы...

Як гэта ўсё перамагчы,

Мінуць і процьмы, і завалы,

Ты, дружа розум, навучы!..

 

І, як гадаў, не памыліўся,

Узняўся вэрхал і скандал.

Супроць жаніцьбы той былі ўсе:

Бацькі яго... яе... кагал...

Усе навокал гаманілі,

Вастрылі бабы языкі

І маладых усяк кляймілі:

Яна — такая, ён — сякі...

 

Нарэшце хатнія здаліся.

Калі ў іх гутаркі разгар

У хату родзічы сышліся,

Ён паказаў ім партсігар

І так сказаў:

«Раз надвячоркам

Мы ў абарону заляглі

На той бок Віслы пад узгоркам,

Ды хутка танкі зараўлі,

Пачаўся бой. Шпурнуць гранату

Узняўся я, ды па грудзях

Мяне рванула і, як сцяты,

Зваліўся ў роў, адчуўшы жах...

І што было тады са мной,

Адразу я не ўцяміў толкам,

Бо йшоў зацяты жорсткі бой.

Яшчэ ў тых першых дзён хвіліны

Не страчан дух быў баявы.

Пяць танкаў немец там пакінуў

І адступіў за паплавы,

А мы, хто выжыў, ноччу змрокам

Пайшлі на ўсход у дальні шлях.

Крануў кішэнь я ненарокам

(Бо не сціхаў боль у грудзях)

І партсігар дастаў памяты...

І зразумелі мы тады —

Я сам і ўсе сябры-салдаты,

Як блізка быў я ад бяды.

Дык папяросніца хадзіла

У час прывалу з рук да рук,

І ўсе ў палку казалі з дзівам:

«Ну, маеш шчасце ты, сябрук!»

 

А партсігар, хачу прызнацца,

Дала мне Соня на ўспамін

У гэты дзень, як развітацца

Я ўбег на некалькі хвілін.

Яна жыццё мне ўратавала

У страшнай схватцы на вайне,

І нам, лічу, не выпадала б

Няўдзячным быць ёй за мяне»...

 

Чаргой у хаце ў рукі бралі

Усе той срэбны партсігар

І з дзівам доўга разглядалі.

Тады прамовіў гаспадар:

 

«Тут знак, няйначай, волі божай,

Пярэчыць, думаю, дарма.

Няхай табе, сын, бог паможа...

Што скажаш маці? брат? кума?» —

«Калі такая воля бога,—

Сказала маці,— дык тады

Я не скажу супроць нічога...» —

«А ці падумаў, малады,—

Кума спытала,— пра вяселле,

Як і калі яго спраўляць,

Ці гнаць самім хмяльное зелле,

Прасіць каго або купляць?

З папом жа трэ дагаварыцца,

Перш маладуху ахрысціць,

Бо нельга ж з нехрысткай жаніцца»...

 

«Яе ж ці схочуць адпусціць? —

Прамовіў басам дзядзька Сёма.—

Што скажа іх кагал, бацькі?

Пытаў ты іх: ці невядома

Адказ дадуць табе які?

Чуваць, гудзе ўся іх абшчына.

Як зладзіць з ёй, ці думаў ты?»

 

«Закон за мною і дзяўчына,

А там хоць хай да хрыпаты

Крычаць і страшаць пустасловы.

Мы грамадзянскі возьмем шлюб,

А пра хрышчэнне няма мовы.

Яна мне люба, я ёй люб,

І хопіць гэтага для шчасця».

«Дык без папа і без царквы,—

Далася дзіву бабка Насця,—

Жаніцца думаеце вы?

Дык не было ж таго ў вякі!

А што на гэта скажуць людзі?..»

 

«Сабрацца могуць сваякі,

З сяброў паклічам тога-сёга

На вечар шлюбны між сваіх.

І дбаю я зусім нямнога

Пра тых, што пусцяць злосны слых».

 

Назаўтра выбраўся да Соні

Прасіць бацькоў яе рукі

З надзеяй, што мо не прагоняць,

Не скажуць: «Вон! такі-сякі».

 

Хоць быў і ветліва прыняты,

Усё ж сказалі: «Не і не!

Былі нядаўна ў Соні сваты,

Пашто шукаць «на старане»,

Калі «свае» яе браць хочуць,

І кожны з хлопцаў — хоць куды...

Не варта вам яе марочыць,

І шкода вашай к нам хады»...

 

«Прабачце мне, ўсё ж я не згодзен

Пайсці без Сонінага слоўца...» —

«Не люб мне з «нашых» тых ніводзін,

Пачуўся голас у бакоўцы.—

Дала я слова Канстанціну,

Ён мой любімы чалавек,

Яго ніколі я не кіну

І вернай жонкай буду век!» —

Прад бацькам стаўшы, заявіла.

 

«Ой, вэй! — ускрыкнулі бацькі,—

Што нам ты тут нагаварыла?

Нам зяць патрэбен не такі!

І ты ж дзяўчына не дурная,

Павінна знаць, на што ідзеш,

І што цябе і нас чакае —

Ты ж нізавошта прападзеш!»

 

«Чаму павінна я прапасці?

Я маю поўныя гады

І маю права ладзіць шчасце,

Як век мой кажа малады.

І вас не кіну без апекі,

Пра вас мы будзем з мужам дбаць,

Мы ж з ім не зломкі, не калекі.

Чаго ж вам лепшага жадаць?..»

Калі вяртаўся, з-за бярозы

Аклікнуў нехта з цемнаты

(Пачуў тон мовы нецвярозы):

«Чаго цягаешся тут ты?

Калі намерыўся жаніцца,

Дык пашукай сабе раўні

У вашай вёсцы Камяніцы,

А Вольхаў лепей абміні,

Паберажы сваё здароўе,

Бо можаш цяжка захварэць!»

 

«Ого, відаць, спаткаў сяброў я!

Як вашы словы разумець,

Як просьбу ці патрабаванне?»

 

«А так, як хочаш, разумей,

Ды толькі ў Вольхаў на спатканне

Ад сёння сунуцца не смей!»

 

«А я звычайна сам рашаю,

Пан Лейба, дзе, куды ісці,

І мне загад даваць не раю,

Не зломак я... Дык прапусці,

Не заступай мне больш дарогу

Ні сам адзін, ні з грамадой,

Бо гэта можа вам, яй-богу,

Падчас закончыцца бядой!»...

 

Здзяйсненне

І вось Кастусь працуе ў школе.

Спярша бянтэжыўся, баяўся,

Што не заўсёды з новай роллю

Так, як хацелася б, спраўляўся.

Спярша ўсё часу не хапала,

Дык бесталкова неяк жыў.

І хоць складацца стаў памалу

Прывычны сутачны рэжым,

Ды ўсё ж як будні, так і святы

Заўжды занятыя былі,

Дык нат наведацца дахаты

Усё не мог, не меў калі.

Чакаў канікул, спадзяваўся,

Што болей часу будзе мець...

«О не! — адзін з калег азваўся,—

Цяпер спраўляешся ты ледзь,

А як грамадскую нагрузку,

Апроч сваёй, пачнеш цягнуць,

Дык там тым больш не будзе спуску,

А з ёй цябе не абмінуць,

Як усталюешся нямнога.

Туды, дзе горш, нібы слугу,

Папруць заўсёды маладога,

Прычым у першую чаргу».

 

«Якая там яшчэ нагрузка?

Ці ж мала працы ў нас сваёй?»

«Вось, братка, ў тым уся «закуска»,

Што мы асветнікі з табой.

Ёсць аграномы, інжынеры,

Эканамісты, мастакі

І іншых спецаў да халеры,

А педагогі-бедакі

За ўсіх павінны аддувацца:

І за калгас агітаваць,

І з цемрай, коснасцю змагацца,

Сельгаспастаўкі выбіваць,

Ганяць сялянства у падводы

Ці выпраўляць у пушчы нетры

Стаўляць там сажні, кубаметры,

Заём падпісваць... Так заўсёды...

Яшчэ настаўніцкае працы

Да дна ты смаку не спазнаў.

Не верыш, можаш запытацца,

Ці праўду я табе сказаў».

 

«Што ж, я лічу, з людзьмі кантакты

Настаўнік вінен скрозь трымаць».

«Вось паспрабуеш, дык не так ты

Пачнеш рэальнасць успрымаць.

Ды я прашу, гаворка гэта

Хай застанецца паміж нас.

Я стаў тут «ляпаць», як кабета,

А не такі сягоння час,

Каб шчыра думкамі дзяліцца.

Ты новы ў час, дык улічы,

Што можаш з ходу праваліцца,

Таму больш слухай і маўчы»...

Так гаварыў Сымон Захарыч,

Стары настаўнік родам з Парыч.

 

Аднак пра гутарку старога

Падумаць часу не было,

Бо спраў надзённых важных многа

Яго без рэшты заняло.

Спярша аббег палову места,

Каб больш прыдатны кут знайсці,

Пасля прыехала нявеста,

І ў загс пара было ісці.

Ніхто з іх родзічаў, вядома,

Прыбыць не смеў на шлюб такі,

А толькі Хася з мужам Шлёмам

Прывезлі скарб такі-сякі

І памаглі і ўладкавацца,

І разам з імі ў загс пайшлі,

Каб там за сведкаў распісацца.

 

Дык шлюбны вечар правялі

Без шуму, музыкі, ў дзве пары.

Вось так, хоць здзейсніліся мары,

Ды ўкраўся сум да маладых,

Як засталіся ўдваіх...

 

Суладдзе

Навіны ходзяць вельмі хутка,

Дык не мінуў мо й дзень адзін,

А ўжо па школе бегла чутка,

Што ажаніўся Канстанцін.

Калі ж з’явіўся на работу,

Дык віншавалі ўсе яго,

Але й журылі, што употай

Да шчасця крочыў ён свайго.

І на чыюсьці прапанову

Рашылі перад выхадным

Наладзіць вечар ганаровы,

Накшталт вяселля, маладым.

 

Няхай Кастусь сябе адчуе

У калектыве не чужым,

І маладзіца хай пачуе

Тут слова добрае аб ім.

Іх трэба трохі падбадзёрыць,

Сям’ёю стаць дапамагчы,

Бо ўсе вакол пра іх гавораць,

Што гэта з дому ўцекачы,

Што без бацькоў і родных згоды

Яны пабраліся тайком...

А факт такі гатоў заўсёды

Так абрасці, як снежны ком.

 

І вечар быў. І танцавалі,

Было застолле дапазна.

Адносна Соні ўсе прызналі,

Што і прыгожая яна,

І на людзях трымацца ўмее,

На жарт умее даць адказ,

Хоць часам трохі чырванее,

Не лішне ўсё ж на першы раз.

Крычалі «горка!» і ўсе зразу

Іх віншавалі як маглі —

Кілім, ручнік, на кветкі вазу

У падарунак падняслі.

 

Кастусь расчуліўся дазвання

Калег, сябровак дабратой,

І Соня не без хвалявання

Перажыла ўвесь вечар той.

Іх шлюб настаўнікі прызналі

На сорам родным, сваякам,

Якія ўвесь час выступалі

Супроць яўрэйкі й мужыка.

 

І вось пабеглі дні за днямі

У шчасці, быццам наўздагон,

Ажно не верылі часамі,

Што гэта ява, а не сон.

Яна ў буфеце ў рэстаране,

Ён між шумлівай дзетвары

Свой час праводзілі ў чаканні

Тае шчаслівае пары,

Калі нарэшце прыйдуць зноўку

З работы ў цесны свой пакой,

У тую сціплую бакоўку,

Што стала мілай ім такой,

Згатуюць простую вячэру,

Раскажуць, як дзень пражылі,

Як здаўся доўгім ён не ў меру,

Хоць без заняткаў не былі.

І не цікавіліся дужа

Тым, што хто дзе казаў пра іх.

Няхай за хатай снег ды сцюжа,

Ім цёпла, ўтульна удваіх.

 

Ды вось зіма ўжо адступала.

У промнях творчага цяпла

Вясна збліжалася памалу.

Вада рыштокам пацякла,

Галінка бэзу каля ганка

Памалу стала набракаць,

І пачала штодня палянка

Шырэй з-пад снегу выглядаць.

 

Кастусь на выбарах заняты,

Бо сакратар участка ён,

Амаль няма калі дахаты

Зайсці яму ўжо колькі дзён.

І за народную уладу

Ён агітацыю вядзе —

Чытае лекцыі, даклады

Рабочай, сельскай грамадзе.

 

Сваімі думкамі, запалам

Ён з Соняй дзеліцца заўжды,

І ён здаецца ёй то сталым,

То непаседам маладым,

Які то мудра і вучона

Тлумачыць ёй заўжды як след,

То зноўку, кшталтам ветрагона,

Імчыць на сход у гарсавет,

У школу ці ў бібліятэку...

Стары настаўнік добра знаў,

Што вось такому чалавеку

Даручаць сотню розных спраў.

 

Нечаканае

І раптам школу нечакана

Спасцігла першая бяда —

Забраны быў з урокаў рана

Настаўнік Юзаф Каляда,

З вялікім стажам матэматык,

Разумны, сціплы педагог.

Ды гэта толькі быў пачатак,

Прыйшлі праз два дні зноў утрох

І павялі з сабой другога,

Настаўніка замежных моў,

А ўслед за ім праз дзён нямнога

Яшчэ адзін туды ж пайшоў...

 

Кастусь дзівіўся, быў у страху:

Завошта гэтакі пагром?

Як тут не даць самому маху?

Няўжо ў нас ворагі кругом?

 

Штодня мяняць трэ распісанне —

Адсутных трэба ж замяніць!

Усё з рук валіцца дазвання,

Дзе праўда тут, каго вініць,

Ніяк не можа разабрацца.

Захарыч скажа мо стары,

Якога погляду трымацца?

А той сказаў: «Не гавары

І не пытай на гэту тэму,

Рабі, што трэба, і маўчы.

Пазнаеш гэтую сістэму

Пазней, час нейкі жывучы».

 

Калі шукаў у думках выйсця,

Прыбегла чутка, што наўкол

Вывозяць з сем’ямі кудысьці

Сялян, так званых кулакоў.

«Дык што ж тут робіцца такое?

Тут акупанты ці сябры? —

Не мог знайсці сабе спакою,—

Ну хто ж яны, уладары?

Калі па Сталіна загаду

Яны наводзяць гэтак лад,

Калі ён даў ім гэту ўладу,

Тады не бацька ён, а кат!

Калі ж улад тутэйшых мэта

Вось так наводзіць лад і мір,

А ён не ведае пра гэта,

Тады які ж ён правадыр?!»

 

Але найгорш было змірыцца,

І зразумець не мог ніяк,

Чым мог і як мог правініцца

Названы ўладамі кулак.

Людзей ён ведаў навакольных —

Якія ж гэта кулакі?

Люд працавіты, багамольны

І непісьменны. Мужыкі,

Што вечна сеялі, аралі

На ніўках вузкіх і скупых

І свету божага не зналі,

І божы свет не знаў аб іх...

Удому Соня развявала

Яго сумненні, як магла:

«Людзей благіх цяпер нямала,

І развялося многа зла,

Дык той, хто можа, падтыкае

Уладам ворагаў сваіх,

А ўлада верыць, патакае,

Пакуль пазнае добра ўсіх.

Аднак я веру, што ўжо скора

І ўсё наладзіцца ў свой час...» —

«А хто акупіць тое гора,

Што навалілася на нас?»

А вось яшчэ, як быццам мала

Было ўжо вокал слёз, бяды.

Быў клас дзевяты, і не стала

Умомант жвавай грамады.

У класе іх было дванаццаць:

Дзяўчынак сем і хлопцаў пяць.

Яны не ўмелі шчэ баяцца

І выйшлі, быццам пагуляць,

Калі урок іх запынілі

Тры з пісталетамі чыны...

Як клас пакінулі, з той хвілі

Ніхто не знае, дзе яны.

Бацькі пытаюць, ходзяць, моляць

Дзяцей дахаты адпусціць,

Але сядзіць за кратай моладзь,

А важны «чын» бацькам крычыць:

«І з вамі мы паступім гэтак!

І школу трэба разагнаць,

Якая вучыць малалетак

Працоўных Бацьку зневажаць!»

(Віна ў тым іх, што шанавалі

Яны настаўнікаў сваіх

І як пратэст, за арышт іх

Партрэт правадыра парвалі.)

 

Прымірэнне

Аднойчы неяк напрадвесні

Бацькам ад Костуся прынеслі

Пісьмо. Паштарка Кацярына

Сказала: «Вось вам ліст ад сына.

Мо цяжка ў горадзе жыць стала,

Дык, пэўне, просіць выслаць сала,

Бо, як чуваць, цяпер у месце

Й яўрэі сталі сала есці...»

 

«А ты паменей лапачы,—

Сказала маці,— лепш сачы

За мужыком, бо ходзяць чуткі,

Што ў самагоншчыцы Анюткі

Ён ці не ў парабкі наняўся!..»

 

Тут бацька ўголас рассмяяўся:

«Вось гэта здорава! Глядзі ты,

Як вы праз момант сталі квіты.

Дык кпіць, суседка, з нас не варта,

Адразу біта твая карта!»

 

Пайшла маўчком паштарка з хаты,

А бацька ліст той распячатаў.

У ім былі перш прывітанні,

Здароўя, шчасця пажаданні,

А потым змест менш-больш такі:

«Калі ўсе нашы сваякі

Не хочуць знаць мяне, зракліся,

Ды ці ж і вы так паддаліся

Адсталым, злым, пустагаловым

Лгунам,пляткаркам, іх намовам,

Што ўжо не хочаце мець весткі

Ад сына роднага й нявесткі?

Няхай зламыснікі лапочуць,

Аднак няхай запомніць схочуць,

Што жонкі я сваёй не кіну

Ні ў шчасця-радасці хвіліну,

Ані, як здарыцца, і ў горы.

Мяне не проймуць абгаворы,

Намёкі, кпіны, злыя жарты,

Мяне вы знаеце: я ўпарты,

Сваіх рашэнняў не мяняю,

Аднак і крыўд не спаганяю.

З тым, хто не будзе супроць Соні,

Гатоў змірыцца хоць сягоння.

Таму і вас прашу: ўжо годзе

Чужацца нас і пры нагодзе,

Пакуль дарога не благая,

Наведаць нас. Так вымагае

Зрабіць і розум, і сумленне.

Чакаем вас. Да пабачэння!»

 

«Ну вось, старая, заўтра зранку

Запрэгчы трэба нам Буланку

Ды ў госці к сыну падамося,—

Прамовіў бацька.— Давялося

Сцярпець нямала нам і ім.

Я знаю, цяжка маладым

Напасці зносіць, адзіноту...

Сягоння маем што? суботу?

Ну вось якраз у выхадны

Чакаць і будуць нас яны.

 

І вось назаўтра, як рашылі,

У шлях пусціліся. Тры мілі

Дарогі добрай не дадзелі.

На рынку сталі пры касцёле,

І бацька рушыў запытацца,

Як да той вуліцы дабрацца,

Дзе сын цяпер наймаў кватэру.

«Сказаў бы мне хто, на халеру

Мяняць тым вуліцам іменні? —

Бурчаў сабе ў нездавальненні,—

Я ж места знаю, дык без гора

Знайшоў бы тую хату скора».

 

Спыніў старога: «Пан мо знае,

Дзе ёсць тут вулка Першамая?»

«А гэта, мілы чалавеча,

Калісьці звалася Зарэччам,

Яна на нізе вунь за мостам».

«Зарэчча, кажаш? Ясна й проста

Я ж там бываў разоў ці мала,

А вось цяпер нялёгка стала

Ў тых новых назвах разбірацца».

І праз хвілін якіх пятнаццаць

Іх сын з нявесткай сустракалі

І шчыра, з радасцю прымалі...

 

Пасля таго праз дзень каторы

Сказалі Соні: «Бацька хворы,

Ці ачуняе, невядома,

Дык едзь, бо просіць ён, дадому».

 

Яна адразу падалася,

Але прыехала па часе,

Жывым яго ўжо не застала.

А маці з лямантам спаткала

І зразу Соню папракнула:

«Каб нашы просьбы ты пачула

І не выходзіла за гоя,

Жыццё мо ў нас было б другое,

Бо бацька быў прыбіты горам,

Яго скрозь мучыў жаль і сорам.

А ён яшчэ не так стары,

Ды нас пакінуў без пары-ы»...

 

Каб маці нат не гаварыла,

Дык Соня й так сябе вініла

За бацькі смерць, за роспач маці,

За стынь і бесталач у хаце,

Дык з жалю, крыўды і ад болю

Дала слязам гарачым волю.

 

Кастусь за ёй прыехаў следам,

Ды як уняць яе, не ведаў,

Яго не слухала яна,

Ён чуў адно: «Мая віна,

Я ў смерці бацькі вінавата,

Мяне пракляў, напэўна, тата»...

 

І ў мітусні прадпахавання,

Між енкаў, слёз, лямантавання,

Малітваў спеўнага чытання

На мове скрозь незразумелай,

Кастусь сябе варонай белай

Адчуў у тым натоўпе ўвішным,

І больш таго — чужым і лішнім.

Дык, як бы ў нечым вінаваты,

Маўчком падаўся з сумнай хаты,

Пасля, падумаўшы нямнога,

Даўно знаёмаю дарогай

Памалу ў роздуме пайшоў

Дамоў у вёску да бацькоў.

 

Хваляванні

Прайшла вясна, мінула лета,

Застаўся ззаду першы год,

І ўжо з уладаю Саветаў

Так-сяк зжывацца стаў народ.

 

Яшчэ часамі па прывычцы

Бабулька, к лекару йдучы,

Вузельчык несла невялічкі,

Каб лепш агледзеў, палячыў.

І не магла ўсё надзівіцца,

Што лечаць кожнага дарма,

І тых чыноўнікаў як быццам,

Што шмат раней было, няма.

 

Не трэба кланяцца нікому

І мову родную крывіць.

«Сядай тут,— кажуць,— будзь як дома,

Расказвай, што табе баліць».

А хоць бы ўзяць і ў сельсавеце:

І пісар свой, і старшыня.

Яны нібы старой кабеце

І не начальства, а раўня.

Падсунуць зэдлік, сесці скажуць,

Спытаюць, што і як як след,

Дадуць даведку і раскажуць,

Дзе той раённы камітэт,

Што зваўся тут у нас староствам,

Куды калісьці бедняку

Было дастукацца не проста...

 

А сёння там падасць руку

Начальнік сам, на крэсла садзіць,

Пытае: скуль? хто ты такі?

І справу хуценька наладзіць...

Дык вось табе й бальшавікі!

 

Вось толькі крамаў меней стала,

І на любы тавар — чарга,

Не так, як некалі, бывала,

Купляй што хочаш, што мага,

Абы былі ў цябе капейкі.

 

Сягоння грош здабыць лягчэй,

А каб купіць чаго, фунт нейкі,

Гадзіну ў краме пракарчэй.

 

Але ж па радзіве казалі,

Што як не будзе больш вайны,

Дык мо праз год, ці два найдалей

І будзе ўсё за паўцаны...

 

Але хвалююцца сяляне —

Прад імі зданню стаў калгас.

Яны гадаюць не ўгадаюць,

Як жыць ім прыйдзецца далей,

Бо пра калгасы розна баюць,

Прыйшла пара рашаць смялей,

Куды хінуцца, падавацца —

Ці згоду даць ісці ў калгас,

Ці ў адзіночках заставацца,

Ці перайсці ў рабочы клас.

Амаль штодзённа ў Камяніцы

Пра лёс далейшы спрэчка йдзе.

Не могуць людзі пагадзіцца,

Куды ні глянь — у грамадзе

Ўзнікаюць гутаркі штокроку:

 

«Жывёлу здай, калёсы, снасць,—

Гудзеў Нічыпар Аднавокі,—

А што калгас за гэта дасць?»

«На працадзень аўса паўкілі,

Капеек, можа, з паўкапы,—

Анютка з Стасяй падхапілі,—

Не бачыць толькі мо сляпы,

Што здохнеш з гэтакіх заробкаў!»

 

«Адкуль ты, Стася, мне скажы,—

Спыняе іх Кузьма таропка,—

Бярэш такія плацяжы?

А мо жыла ўжо ты ў калгасе?»

«І не была, і не пайду,—

Яму ў адказ гаворыць Стася,—

Я працу іншую знайду!»

«Такую маючы фігуру,—

Сказаў з натоўпу Саўкаў Глеб,—

Пусціцца можна ў тую скуру,

Якая дасць лягчэйшы хлеб»...

 

Тут, хто стаяў, зарагаталі,

А тая «рэкнула» ды так,

Што вушы ўсе пазатыкалі,

І змоўк збялелы Глеб-бядак.

«Жанчына ты йшчэ маладая,—

Сказаў, як сціхла, Мікалай,—

Дык так злаваць не выпадае,

За жарт хлапца аж так не лай.

Я раджу з ходу з ім змірыцца.

Не плюй, ёсць прыказка, ў ваду,

Бо, можа, прыйдзецца напіцца»...

 

Лявон суцішыў грамаду

І прадаўжаў: «Шумець не варта,

Прытым, скажу вам, не пара

Ані сур’ёзна, ані жартам

Пляткарыць тут сярод двара.

Не лішне б помніць вам заўсёды

(Як бабы, так і мужыкі),

Каб не нажыць якой нягоды,

Прытрымваць трэба языкі.

Вядома, што запланаваны

На восень тутака калгас,

А трэба помніць нам, што планы

Цяпер спаўняюцца ў свой час.

Вось лепш расходзьцеся па хатах

Бо кожны мае што рабіць»...

 

«Глядзі, як стаў за дэпутата,

Дык навучыўся гаварыць,—

Шаптала баба бабе ціха,—

Хадзем дамоў, бо сапраўды

Не тое скажаш як наліха,

Дык нажывеш яшчэ бяды»...

Памалу стала разбрыдацца

Да прац штодзённых грамада...

 

І хто ж тады мог спадзявацца,

Што набліжалася бяда —

Такая страшная навала,

Якой спрадвеку не было,

Якой не толькі іх сяло,

Зямля мо ў век вякоў не знала!

 

3 - Пад прыгнётам

 

Навальніца

Аднойчы, ўстаўшы вельмі рана,

Сказала Соня Кастусю:

— Я сёння чуюся пагана,

Не спала гэту ноч усю.

Дамоў паеду — час раджаць...

 

— Навошта ж горад пакідаць?

Чаму застацца тут не хочаш?

На месцы ж тут усе ўрачы

І ў час любы і дня і ночы

Ў патрэбе могуць памагчы,—

Сказаў Кастусь.— Ідзі ў бальніцу,

Там будзе догляд і спакой,

А то на возе калаціцца

Дарогай дрогкаю такой

Табе цяпер ніяк няможна.

 

— А мы папросім фурмана,

Каб вёз памалу, асцярожна.

У нас вядзецца так здаўна,

Што той крытычнаю часінай

Паміж спагадлівых сваіх

Жанчына наша быць павінна,

Бо лепш за лекараў любых

Такая справа ім вядома.

Там Хася, мама, сваякі...

Дык вось таму хачу быць дома

У час той як-ніяк цяжкі.

 

— А ўсё ж, здаецца мне, ў бальніцы

Дагледзяць лепш за баб старых...

— Не, ты павінен з тым змірыцца,

Што трэба быць мне пры сваіх,

Бо толькі там (я ў гэта веру)

Мяне пакіне сум і страх,

Які трывожыць стаў не ў меру

І ўдзень, не толькі па начах...

 

Вось так яна і падалася

У Вольхаў рана ў сераду...

Ніхто не знаў у гэтым часе

Пра тую страшную бяду,

Што ўжо, як хмара, навісала

Над кожным горадам, сялом,—

Ішла фашысцкая навала

І несла смерць, пажар, разгром.

 

Кастусь пісьмо з ваенкамата

Накрэсліў Соні на хаду:

«Сустрэў мяне зноў лёс салдата,

У вір вайны я зноў іду...

А ты ўсё ж вер, што я вярнуся

Так, як вярнуўся і ў той раз.

Дзе буду, з фронту адгукнуся

І буду звестак ждаць ад вас.

Ты да бацькоў маіх падайся,

Як толькі крызіс той міне,

У вёсцы ўвесь час заставайся,

І там чакайце ўсе мяне.

Як з’явіцца дачка малая,

Дык ты імя ёй падбяры.

Як сын — хай будзе Мікалаем,

Так, як і бацька мой стары»...

 

Пара ў паход. Яшчэ нямнога

Слоў добрых здолеў дапісаць,

Ды вось бяда: няма нікога,

Хто б мог той лісцік перадаць.

 

На вочы трапіла Параска.

Калі, ў калоне ідучы,

Людзей разглядваў.

«Калі ласка,—

Сказаў,— ліст Соні даручы.

Маім бацькам у Камяніцы

Скажы, што я ніяк не змог

На развітанне к ім з’явіцца...

А нам жадайце перамог»...

 

Параска ліст той падхапіла,

Пасля з натоўпу ўжо здалёк

Крычала штосьці, гаварыла,

Ды ўсё зглушыў салдацкі крок.

 

Пачатак бедстваў

У тое памятнае ранне

Кастусь прачнуўся з прадчуваннем

Нядобрых вестак, нейкіх бедаў,

Аднак, адкуль яно, не ведаў.

Учора звечара ў бяссонні

Увесь час думкай быў пры Соні,

Пасля кашмарны сон сасніўся,

А вось пра што, зусім забыўся...

І ў час, калі стаў апранацца,

Гукнуў дынамік хрыпла з пляца:

«Фашыст ваенную махіну

На край наш мірны сёння кінуў,

Бамбіць стаў сёлы й гарады...»

Ад весткі, поўнае жуды,

Кастусь да месца аж прырос,

Бо ўцяміў зразу, што ім лёс

Рыхтуе гора шмат і слёз...

 

Якраз мо гэтая хвіліна

Падаравала Соні сына.

І вось яна з слязою шчасця

Прасіла побач з ёй пакласці

Яе жаданага малога,

Так невымоўна дарагога.

І ў тварык кругленькі курносы

Глядзела, просячы нябёсы,

Каб не трывожылі ніколі

Малога беды і нядолі,

Хваробы, злых людзей напасці...

І каб пражыць у міры й шчасці

Ім век свой дружнаю сямейкай...

 

Аж вось, як рэха жальбы нейкай,

Змяшанай з плачам і гаворкай,

Пранікла ў хату з панадворка,

І ў сэрца ўкралася трывога

Не за сябе, а за малога.

Час нейкі ціхенька ляжала

І рад пытанняў разважала:

«Чаму галосяць так суседзі?

А мо пажар узняўся недзе?

З якой, цікава мне, прычыны

Пайшлі на двор усе жанчыны

І ўслед за імі выйшла маці,

А я адна з малым у хаце?

Чамусьці й Косця запазніўся...

Хоць бы хутчэй ён тут з’явіўся.

Даваў жа мне ён абяцанне

Прыбыць сюды ў нядзелю зрання».

 

Тым часам гоман не ўнімаўся,

Цішэў, то ў хату прарываўся.

І слых злавіў у гамане

Пракляцці Гітлеру... вайне...

 

І Соня ўсё ўміг зразумела,

Устаць памкнулася й самлела...

 

Пасля, знясіленая дужа,

Пытала цэлы дзень пра мужа...

Зайшла Параска надвячоркам,

Прынесла ліст з навінай горкай

І ўсім прысутным расказала,

Што Канстанцін у бок вакзала

Падаўся з іншымі сягоння

У збройнай велічнай калоне.

«Ідуць мужчыны ўсе ў салдаты,

Бяруць вінтоўкі і гранаты.

Мо бог паможа, й чужаніцаў

Яны запыняць ля граніцы»,—

Дамоў адходзячы сказала.

 

Ды ў тым было пацехі мала.

І час пайшоў у хваляванні,

Бяссільнай роспачы, чаканні...

Аднак жа першых дзён падзеі

Аднялі нават цень надзеі,

Што мо фашыст, крывавы злыдзень,

Запынен будзе і не прыйдзе...

 

Глядзелі людзі на дарогу.

Стаіўшы ў сэрцы страх, трывогу,

Аднак яны не прадчувалі

Тых бед, якія іх чакалі.

Кашмар, што нёс ім чужаніца,

Не мог бы нават і прысніцца.

 

Пагром

Ішоў дзесяты дзень вайны,

Дзень страшны, памятны, пракляты

Калі ўварваліся яны —

Вайной разбэшчаныя каты,

Ў мястэчка Вольхава гурмой

I між яўрэйскага народу

Праслаўлены «парадак свой»

Наводзіць сталі зразу, з ходу.

 

Пайшлі па хатах рабаваць,

Хапаць, што трапіла на вочы,

Крышыць,

Ламаць

І забіваць,

Так, як рабілі неаднойчы...

 

Да Соні ўскочылі ў пакой

Зладзюгі два са злым аскалам.

Яна дрыжачаю рукой1

Дзіця туліла з цэлай сілы

І воч з фашыстаў не спускала.

«Steh auf!»— завыў адзін з грамілаў.

Другі сказаў: «La? sie in Ruh!2

Яна нядаўна нарадзіла,

Вунь ледзь трымаецца ў ёй дух».

 

Пайшлі. Зламаўшы дзверы ў зал,

Буфет і стойку развярнулі,

У шафы лазілі, ў падвал...

Казы і той не абмінулі,

Са смехам, з гікам павялі

Яе ў бок кухні палявое.

 

А потым іншыя прыйшлі,

Але, заглянуўшы ў пакоі,

Пагрому ўбачыўшы сляды

І зразумеўшы, што другія

Раней заходзілі сюды,

Далей з гармідарам ішлі,

А ўслед ім — плач, і енк, і стрэлы...

 

Нібы ў разбураным вуллі,

Гуло ў мястэчку праз дзень цэлы.

Людзей зглумілі злыдні шмат,

І не было такога дому

(Апроч дзвюх-трох мізэрных хат),

Які збярогся ад пагрому.

 

Праз колькі дзён пазней, калі

Пабітых з плачам пахавалі,

Ізноў парадак навялі

І ў страху дзён наступных ждалі,

Прыйшла да Соні вечарком.

Ад імя рэбэ3 цётка Фрума.

Яна сказала: «З хлапчуком

Падайся заўтра да Навума,

Што ў Крэўскай вуліцы жыве.

Ён вас надчэкваць будзе зрання

(Як ты, такія ў нас вы дзве) —

Малым зрабіць трэ абразанне.

Настала іхняя пара

Зрабіцца членамі абшчыны».

 

«Не, я не рушуся з двара,—

Сказала Соня,— і хлапчыны

Свайго калечыць я не дам».

 

«Як так? — здзівілася суседка.—

Наш прапрародзіч Абрагам

Загад даў значыць гэтай меткай

Усіх мужчын, каб знаць, хто свой

А хто чужы. Неабразаны

Для нас — чужынец, вораг, гой,

І ні падмогі, ні пашаны

Ад нас такому не чакай.

Ты гэта ведаеш, жанчына».

 

«Бяды сабе не наклікай, —

Сказала маці,— гэткім чынам.

Такі і мне яшчэ не ўнук,

А калі праўду знаць жадаеш,

Дык, па закону, ён — байструк.

Чаго так з дзівам пазіраеш?

Яго ж ты з гоем прыжыла

Супроць усёй абшчыны волі.

Яна ж сваёй абразы, зла,

Знай, не дароўвуе ніколі...» —

«Яшчэ грэх можна адкупіць,—

Зноў тая мовіла жанчына,—

Калі дазволіш прылучыць

Да Ізраэля так вось сына».

 

«Калі вось гэтак, дык тады

Няма што мне тут заставацца,—

Сказала Соня.— Ёсць дзяды

У сына, й к ім трэ падавацца».

 

«Ты што? У гэты страшны час?

І хто цябе з дзіцёнкам прыме? —

Сказала маці.— Будзь пры нас,

Застанься лепей між сваімі.

Закон наш выпаўні й жыві,

Пакуль нам бог пажыць дазволіць.

Душой сваёю не крыві...

Ды зноў... не буду і няволіць...

Жыццё мо ўдасца ўратаваць

Табе лягчэй між мужыкамі.

Бо не прыдумаць, не згадаць

Таго, што вораг зробіць з намі...

Няма дзіцяці чым карміць,

Усе зрабованы запасы...

Ідзі, і дай бог перажыць

Табе цяжкія нашы часы.

Ну, а на нас ты не крыўдуй,

Не мы прыдумалі законы...

Жыві сама,

хлапца гадуй,

Мо й бацька вернецца ягоны»...

 

1 Уставай! (ням.)

2 Пакінь яе, не чапай! (ням.)

3 Рабін.

Звесткі

Зайшоў Нічыпар Аднавокі

На двор Пялюшкі Змітрука:

— Здароў! — прамовіў.— Шмат марокі

—Табе, відаць, ля верстака.

Якому чорту ты габлюеш

Аполкі тыя, гарбылі?

Тырчыш тут зрання і не чуеш,

Што немцы Піцер здабылі.

— Дадзела ўжо іх прапаганда

І пра Маскву, і Ленінград.

Са скуры лезе іх каманда,

А толку ў тым не вельмі шмат.

— Ну, кажуць, радзіва сказала.

Я сам не чуў, дый, можа быць,

Занялі ж немцы ўжо не мала,

А наша армія бяжыць...

— І не бяжыць, як нам вядома,

А ўжо спыніла свой адход.

Тут як-ніяк яна ўсё ж дома

І на яе баку народ...

А немцы радзівы забралі,

Як знойдуць, будзе куля ў лоб,

Дык вось прыдумалі, сказалі,

Каб ты патыліцу паскроб

І быў ім болей паслухмяным

У кожнай справе, кожны міг

І каб лічыў фашыста панам

Ды памагаў душыць сваіх,

Як той калішні саквастратар

Ці солтыс наш былы, Лямех.

 

— Да чаркі кожны з іх аматар

І не супроць другіх уцех.

Яны пры Польшчы сябравалі.

Прыціхлі пры бальшавіках,

А вось цяпер зноў акрыялі —

Абодва ходзяць у чынах.

 

— А кім цяпер ён, той Кастрыца?

— А ён галоўны паліцай,

Лямех жа ў войты стаў шчаміцца,

Бо ён не лепшы ні на цаль

Ад злыдня гэтага, падлюгі,

Што ўжо зглуміў народу шмат.

Яму б не даў я ў рукі пугі,

А ён цягае аўтамат.

Сабраў вакол сябе бандытаў,

Як сам, злюдзюгаў і п’янчуг,

І поіць, корміць іх дасыта,

Прыдбаўшы немцам верных слуг.

Зіма ўжо вось на падыходзе.

І на Маскву і Ленінград

Фашысту квапіцца ўжо годзе,

Пара адкочвацца назад...

Пабілі ў геце шмат яўрэяў,

Ён сам найгорш лютуе, б’е,

А потым з бабамі дурэе

І, быццам смоўж, гарэлку п’е.

 

— На што гад гэткі спадзяецца?

Ты, брат Нічыпар, мне скажы.

А як адказваць давядзецца,

Што скажуць гэтыя вужы?

 

— Адказваць, кажаш? Ты смяешся.

Прад кім адкажа іхні кат?

— А прыйдзе ж час такі нарэшце,

Што нашы вернуцца назад,

Тады спытаюць не на жарты.

Што хто рабіў у гэты час,

Ну і ацэняць, колькі варты

І ён, і ты, і кожны з нас...

 

— Ты што? Па-твойму, пераможа

У гэтай бойні бальшавік?

— А што, па-твойму, немец, можа?

Хапіў ён кавал завялік!

Глынуць такога немагчыма —

Ён стане ў горле ўпапярок.

Тут трэ цвярозымі вачыма

Глядзець на справы. Так, кумок.

Вайна йшчэ можа працягнуцца

Мо год яшчэ, мо й два гады,

І ўсё ж фашысты апынуцца

Там, скуль прыдыбалі сюды.

— Ты мо, Змітро, што чуў і знаеш?

Дык скуль даведаўся, скажы.

— Што ж, на газетку. Пачытаеш,

Ды каб не ўбачыў хто чужы...

 

— Газета? Наша? Быць не можа!

— Схавай за пазуху й маўчы.

— О не, не трэба мне, бронь божа,

З ёй можна смерць павалачы.

Як схопяць з гэтакай паперай,

Паставяць зразу да сцяны.

І так табе, Змітро, я веру.

Не трэба... Хай іх гурганы...

Тартак спалілі ўчора гады...

 

— А ў тым была не іх рука,

Зарэчны спёк пасля парады.

— Хто? Сам дырэктар тартака?!

— Ага. Спалілі усё начыста.

 

— Пашто, скажы, дзеля чаго?

— А вось на тое, каб фашысты

Не мелі выгады з яго...

 

Даўно вісіць аб’ява ў гміне,

А там напісана, што той,

З чыіх Зарэчны рук загіне,

З пустой не пойдзе калітой.

Ты, братка, помні, за зубамі

Прытрымваць сёння трэ язык,

Бо ходзіць той не за гарамі,

Што чуе шэпт, не толькі крык.

 

— Ты мне гаворыш?

Я, яй-богу,

Нідзе нікому не шапчу,

Жыву па-чэснаму, благога

Зрабіць нікому не хачу.

 

 

Выратаванне

Прыйшла Параска ў Камяніцу,

Зайшла к Асошнікам на двор.

— Ці можна ў вас вады напіцца? —

Спытала.

Кінуўшы сахор,

Да студні збліжыўся Мікола,

Каб свежай выцягнуць вады.

Яна, зірнуўшы навакола,

Сказала ціха:

— Я сюды

Прыходжу з вельмі важнай весткай,

І трэба мне, не церпіць час,

Сустрэцца з вашаю нявесткай.

— Ды не жыве нявестка ў нас.

Даўно ад нас павандравала,

Не знаем, дзе яна цяпер.

— Што так вы скажаце,

я знала,

Аднак паверце, што намер

Мой па-сяброўску чалавечны.

Прыйшла я к вам ад партызан,

Мяне прыслаў Антон Зарэчны,

Ён вас не хоча ўвесці ў зман.

Ён даўні сябар Канстанціна...

 

— Ці не дырэктар тартака?

Мо ён што ведае пра сына?

— Не, сына ён не спатыкаў,

А вось нявестка ваша Соня

Павінна як мага хутчэй,

Без страты часу, ўжо сягоння,

Сысці з благіх людскіх вачэй.

Фельдфебель Зальцман і Кастрыца

З сваёй праклятай чарадой

Світаннем могуць тут з’явіцца

На свой, не першы ўжо, разбой.

Заданне іхняе яўрэяў

Шукаць, лавіць і забіваць.

Але, як трохі звечарэе,

Адгэтуль Соні трэ ўцякаць.

 

Яна, па-першае, яўрэйка,

Ды ў тым віна яе не ўся —

Кастрыца чуў ад флюндры нейкай,

Што Соня — жонка Кастуся,

Які пабіў яго калісьці

За бабкі Настачкі авёс,

Дык вось і повад ненавісці...

І наш, скажу, няпэўны лёс,

І вам не шкодзіла б схавацца

Кудысьці хоць на нейкі час,

А не, дык разам падавацца

Адсюль таксама ў лес да нас.

 

— Ну, справа Соніна другая.

 

А што таму да нас, старых?

Ды жонка вунь зусім благая,

Ляжыць, не есць, ледзь ловіць дых.

Не можам мы пакінуць хаты,

Ужо ж, што будзе, тому быць...

А Соню ўжо шукалі каты,

У нас яна баіцца жыць.

Яе хаванку, маладзіца,

Я пакажу табе здалёк.

Цяпер нябога ўсіх баіцца,

Да нас прыходзіць толькі ў змрок.

А з ёй, скажы ты, ці знаёма?

Ці веры дасць табе яна?

 

— Паверыць зразу мне, вядома.

Мы з ёю знаемся здаўна.

— Дык вось ідзі да бабкі Насты,

Што вунь жыве ў канцы сяла,

Скуль луг той цягнецца дрыгвясты,

Яна, бач, Соню прыняла.

А як скрыць стала немагчыма

У хаце бабкі хлапчука,

Тады ўзяла яго жанчына

У сям'ю Пялюшкі Змітрука,

Каб ён між іхніх паўдзесяткам

Няўзнак, як свой, хаваўся, жыў.

А Соня, ведама, як матка —

У скрусе, як ты ні кажы...

Мы тут і так і сяк гадалі.

Ды не выходзіла інакш.

Мо тыдні два таму, не далей,

Бандзюгі дом пратрэслі наш,

Дашчэнту нас абрабавалі,

Аднак відаць было па ўсім,

Што і другое штось шукалі,

Што тут была падказка ім.

Ну што ж, ідзі ратуй нябогу

І разам з ёю хлапчука.

Зайдзі ў адрынку, на дарогу

Я дам вам трохі кумпяка,

Які ляжыць там прыхаваны

На важны выпадак які...

Жадаю ўдачы...

— Партызаны

Сустрэнуць нас каля ракі.

Нам трэба вечара даждацца,

Тады па сцежках лугавых

Да рэчкі дойдзем і па кладцы

Перабяромся да сваіх.

 

Выхад

У змрок, акрыўшыся дзяружкай,

Захлеўнай сцежкай праз платы

Старая Наста да Пялюшкаў

Ішла цішком, каб на пасты

Або на варту не нарвацца,

Бо быў паліцыі загад,

Каб з сонца захадам, па працы

Ніхто не смеў выходзіць з хат.

Дык часта крокі прыпыняла

І слых напружвала штораз...

Ў дзвярах Пялюшчыху спаткала:

«Прабач, Мальвіна, я — да вас.

Застаць хацела, каб не спалі

Дый каб не згледзеў ліхадзей»...

Пытаць, расказваць шмат не сталі,

Дзіця ўкруцілі і барзджэй

Радном яго старая ўкрыла

І жвава рушыла дамоў.

 

І Соня шмат не гаварыла.

З усёй душы, амаль без слоў

З слязьмі падзякі, шчырай ласкай

Яна старую абняла

І з сынам следам за Параскай

У далеч змрочную пайшла.

Хоць бабка Наста паказала

На лузе сцежку да ракі

І, «як-куды» ісці, сказала,

Шлях быў не блізкі і цяжкі.

У гразь глыбока вязлі ногі,

І сыпаў дождж буйны, як град,

Жанчыны збіліся з дарогі

І сталі брысці ўжо наўгад.

 

Праз нейкі час зусім не зналі,

Куды, ў які падацца бок.

Чарнела штосьці ў шэрай далі,

А што, не бачылі здалёк.

Яны падумалі, што гэта

Старыя вербы ля ракі —

Сустрэчы ўмоўленай прыкмета.

 

«Вось гэтак прама нацянькі,

Відаць, нам трэба падавацца»,—

Параска стала разважаць.

Прайшлі ў той бок мо крокаў з дваццаць

Ды ўсё макрэла сенажаць,

Нарэшце стала хлюпаць, гнуцца

Пад імі мяккая дрыгва,

Дык хутка мусілі вярнуцца.

 

Вось Соні ўжо разы са два

Прыйшлося ў багну аступіцца,

А тут Параска села ў гразь:

«Ратуй! — ускрыкнула,— сястрыца,

Ды толькі блізка не падлазь!»

 

О, як было злаўчыцца Соні

Цягнуць сяброўку з той дрыгвы

У цемру, ў дождж, з дзіцём на ўлонні...

Сарвала хустку з галавы,

Адной рукою ў жгут скруціла,

Канец Парасцы падала,

Другі канец, што мела сілы,

Трымала моцна, як магла...

 

Памалу выпаўзла Параска,

Напяўшы сілы ўвесь запас,

З купелі той халоднай, гразкай

І ніц ляжала нейкі час

З астаткам сполаху ў бяссіллі...

 

Тым часам дождж памалу сціх,

З’явіўся свет на небасхіле,

Які ўзбадзёрыў хутка іх.

«А-ёй! — Параска паднялася,—

Ужо світае! Далібог!

А нам быць трэба ў гэтым часе

Ужо ў канцы сваіх дарог!

Суціш малога, каб не плакаў,

А я зірну туды-сюды,

Каб не найсці на ваўкалакаў

І не нажыць цяжкой бяды»...

 

Цяпер выразна за балотам

Віднеў алешнік, лазнякі,

Ніякіх вербаў не было там.

 

«А вунь дзе вербы ля ракі!

Хутчэй на ногі падымайся,

Марудзіць больш няма калі!

Праз нейкі момант ранак майскі

Асвеціць луг і ўсе палі».

 

Пайшлі паспешліва. Ля кладкі

Іх стрэлі, згледзеўшы здалёк,

Лясныя хлопцы Кныш і Гладкі,

Сюды прысланыя знарок.

«Што з вамі?!» —

здзіўлена спыталі,

Жанчын сустрэўшы, юнакі.

«Балоты ледзь не засмакталі!

Хутчэй вядзіце да ракі».

 

Калі гразь збольшага абмылі,

Праз рэчку рушылі адтуль,

Бо дзень настаў і ў кожнай хвілі

Іх згледзець мог з шашы патруль.

Прайшлі па тонкім жэрдзі гнуткім

Памалу ўсе на бок другі,

Сцягнулі «мост» і крокам хуткім

Пайшлі у лес праз мурагі.

 

Расправа

Назаўтра ў дзень прыгожы мая,

Ледзь толькі сонейка ўзышло,

На дзвюх машынах злыдняў зграя

Раптоўна ўскочыла ў сяло...

Дайшлі да хаты Мікалая.

«Ну кде шидофка вашь шивёт?» —

Спытаў фашыст.

«Няма, не знаю»...

«Не скажешь, пули дам в шивот».

 

«Паказвай шэфу, дзе нявестка!» —

Раўнуў Кастрыца, быццам звер.

«Няма яе й няма ў нас вестак

Пра тое, дзе яна цяпер»...

 

І тут бандзюга размахнуўся

І ўслед за ўдарам бізуна

Зароў нанова:

«Ну, прачнуўся?

Цяпер успомніў, дзе яна?!»

 

Мікола твар закрыў рукамі

(Кроў аж праз пальцы пацякла),

А той пачаў біць кулакамі:

«Няма?! Кажы, куды ўцякла!..»

 

Фашыст сказаў: «Куляк, нагайка —

Не надо больше. Ты скажить

Нам. кде есть твой казяйка?»

«Яна вунь хворая ляжыць»...

 

Палезлі з грукатам у хату,

Ля ложка хворай сталі ў рад.

Вачыма змерыўшы Агату,

Пачаў пытаць галоўны кат:

«Скажить нам, кде есть вашь нефеста,

И будем ми не трогайть вас»...

 

Яна глядзела ў адно месца,

Ляжала моўчкі нейкі час,

А потым ціха прашаптала:

«Там, дзе была, цяпер няма.

Як быццам снег вясной, растала,

І вы шукаеце дарма...

Нічога болей я не знаю

І больш нічога не скажу»...

 

Кастрыца крыкнуў: «Ведзьма злая!

Вось я язык твой развяжу!»

Рвануў пасцель, і на падлогу

Жанчына грымнулася ніц.

 

«Кажы, а то заб'ём старога!»

 

Прынікшы тварам да масніц,

Яна ляжала нерухома...

 

Са злосцю немцы выйшлі з дому.

 

Тады ізноў да Мікалая

Падбег Кастрыца: «Гавары!» —

«Нічога я сказаць не маю...» —

«Дык па табе вось, чорт стары!»

І стрэліў тройчы ў небараку.

Махнуў рукою Зальцман: «Гут!

Таких бить надо, как собаку,

А то с них будет нам капут».

Пайшлі з двара, а на спатканне

Сказаў ім злыдзень малады:

«Жыдоўка гэта, кажуць, пане,

Апошнім месяцам сюды

Да іх прыходзіла не часта,

Яна цяперака жыве

У канцы сяла ў старое Насты,

Там мае схоўку на хляве».

 

«Ану, абстаўце добра хату!

Не выпускаць і не ўпускаць!»

 

«Тот, кто подсказываль, тот пляту

За это будет полючать,—

Прамовіў Зальцман.— Как фамилий?

И кде тот дом, кде он шивет?»

«Яе зваць Стася ці Аміля,

А двор вось побач — цераз плот».

 

І паўгадзіны не мінула,

І з хаткі бабінай старой

Бялёса полымя шугнула,

І дым стаў хмарыцца гарой...

Пасля пачуліся два стрэлы,

І кожны ў вёсцы зразумеў,

На кім злачынец азвярэлы

Спагнаў нянавісць, люты гнеў.

 

З трывогай людзі пазіралі

На тое вогнішча здалёк:

Дык вось фашысты як каралі

Такіх, хто стаў ім папярок!

Шмат хто ў часіне той міжвольна

Пытанне важыў сам з сабой:

Ці жыць,

скарыўшыся бязвольна,

Ці выдаць ім смяротны бой?..

 

Тым часам бабка Васіліха

Ляжала ў лужы ля варот.

Над ёй на плоце мяўкаў ціха

З спіной апаленаю кот.

 

Вылазка

Аднойчы ў лесе пад дубамі

Антон Зарэчны гаварыў:

«Хоць немцу ўжо не раз мы з вамі

За ўсё, што ў нас ён натварыў,

Нанеслі многа рознай шкоды

Ды ўсё ж з карысцю немалой

Было б, вядома, з вашай згоды,

Схадзіць у Вольхаў грамадой.

Далі б мы волю вязням гета.

Дый лёх, чуваць, там не пусты...

Дык што вы скажаце на гэта,

Якая думка ў вас, браты?

Калі б за справу ўмела ўзяцца,

Панёс бы немец значны ўрон»...

 

«Нялёгка ў Вольхаў дабірацца,

Бо там з дратоў, з равоў заслон,—

Сказаў Рыгор,— а пад гарою

Аж тры, як знаем, бункяры,

Слабая ў нас на гэта зброя

І мала нас...» —

«Не гавары,—

Яму ў адказ прамовіў Гладкі,—

Што гэта знаеш толькі ты.

Вядома, шлях туды не гладкі,

Ды хто ж палезе на драты.

На бункяры ды на акопы

Пад кулі з воклічам «ура!»?

Мы ж не такія асталопы.

Зрабіць нам вылазку пара,

І вынік можа быць нядрэнны,

Калі зайсці ім у абход,

Перахітрыць...»

«Манеўр ваенны,—

Сказаў стары салдат Хвядот,—

Вядома, будзе неабходны.

Абдумаць трэ ўсё да драбніц,

А перш рабіць нагляд нязводны

За тым, што, як, дзе робіць фрыц».

 

«Схапіць трэ Зальцмана й Кастрыцу,

Сказаў Сцяпан,— і тут судзіць».

«Да іх нялёгка падступіцца,—

Сказаў Змітрук,— фашыст сядзіць

З бандзюгам тым у мураванцы,

І там заўжды стаяць пасты,

Ля брамы дома — дрот і шанцы,

А вокал пляц зусім пусты»...

 

«Нічога гэта. Знойдзем раду,—

Сказаў Зарэчны,— і на іх.

Ды там апроч двух гэтых гадаў

Хапае вырадкаў другіх»...

 

І доўга так ішлі дэбаты,

Пакуль паходу ясны план

Не быў адобран і прыняты

Агульным сходам партызан.

 

І вось у непагадзь аднойчы,

Калі ўсё спала навакол,

Спавіта чорнай цемрай ночы,

Здалося, трэснуў частакол

Ці палкай хто правёў па плоце.

Пасля пачуўся крык савы,

Крумкач закаркаў на балоце...

 

Чуў гэта немец вартавы,

Які стаяў пад мураванкай,

Пачуў на вуліцы патруль

І, стаўшы побач з нейкім ганкам,

Напружваў слых: што? дзе? адкуль?

І раптам цокат кулямёта

Прарэзаў цішу ля ракі,

І грымнуў выбух каля дота,

Узняўшы ўгору дрот цяжкі...

 

Бой скончаны...

Няма пагоні —

Збаяўся немец лезці ўброд...

 

Чакала ў лесе звестак Соня

(Жанчын не бралі ў той паход),

Пайшла страчаць уцёкшых з гета,

Пытаць пра маці і сястру.

Адна знаёмая кабета

Як быццам чула: «Тут памру»,—

Сказала маці. Ну, а Хася

Была пры хворай і старой,

Дык з ёю там і засталася

Мо да аказіі другой...

 

Аднак жа клічуць абавязкі —

Сягоння многа партызан

Чакае лекаў, перавязкі...

Не да сваіх сягоння ран.

 

Навіны

Прыбег Нічыпар Аднавокі

На двор Пялюшкі Змітрука,

Зірнуў туды-сюды, навокал,

Ды не было ля верстака

І на дварэ зусім нікога,

А дзверы хаты — на замку..

«Дык не здаралася ж такога,—

Сказаў уголас,— на вяку...

Была ж заўсёды баба дома

І ў хаце поўна дзетвары.

Што гэта значыць? Невядома».

 

Ля брамкі стаў Захар стары.

— Чаго там лазіш па-пустому? —

—Загаварыў здалёк.— Яны

Пайшлі ўсе ўпрочкі гуртам з дому —

Нядоля ўсё ж мілей труны.

— Куды з тым вывадкам ім дзецца?

— Не ўсе ж звяругі, ёсць сябры,

А ў пушчы, братка, хопіць месца

І для старых, і дзетвары...

 

— А я хацеў з ім падзяліцца

Цікавай вельмі навіной:

Ляжыць паранены Кастрыца —

На днях жа ў Вольхаве быў бой!

Напалі ўночы партызаны,

Пабілі, кажуць, немцаў шмат,

І, кажуць, што ў палон забраны

Той Зальцман, іх галоўны кат.

Казалі, з вязніцы і з гета

Людзей пайшла ў лес грамада...

І вось балбочуць, што за гэта

На нас абрушыцца бяда,

Бо той начальнік гарнізона,

Які, пачуўшы пра напад,

Прыпёрся з войскамі з раёна,

Крывава помсціць даў загад...

 

— Пра гэта ўсё ўжо ўсім вядома,

Чаму ж пачуў так позна ты?

— Ды я ж не быў аж месяц дома —

Ганялі нас спраўляць масты,

Што партызаны пазрывалі

І на чыгунцы, й на шашы.

 

— Плацілі ж вам? Харчы давалі?

— А як жа... ў дзень па два шышы...

Яшчэ вось шчасце, што пусцілі

Дадому з цэлай галавой,

А ты пытаеш, ці плацілі.

Плаціў нагайкамі канвой...

 

І вось цяпер, куды падацца,

Не прылажу, брат, галавы.

Ці ў вёсцы далей заставацца,

Ці рваць адсюль, пакуль жывы.

 

— Усюды ж іхняя улада,—

Сказаў Захар,— што тут, што там,

І не паможа збоку рада,

Цяпер рашае кожны сам.

Баішся ў вёсцы заставацца,

Дык, як Змітро, Сцяпан і Глеб,

Лявон і іншых мо са дваццаць,

Валяй у лес.

— Не, гэты хлеб

Мяне, прызнаюся, не вабіць,—

Нічыпар мовіў.— Не. Куды?

Вайне канец не хутка, мабыць,

А ў лес паспею заўсягды.

Вазьму і ў Вольхаў пераеду,

Займу яўрэйскі дом пусты...

Там болей шансаў выжыць, дзеду,

А вёскі ж паляць, знаеш ты.

Пры гміне войска будзе многа,

І ўжо, як гэты раз, туды

Не пусцяць немцы анікога,

А тут штодня чакай бяды...

 

— За плечы нелюдзяў схавацца

Ты носіш думку... ад сваіх,

Бо мо прычына ёсць баяцца?

— Я ні за гэтых, ні за тых.

Каму ахвота, хай ваюе,

Я — чалавек нестраявы...

А што? Няпраўду мо кажу я?

 

— Ну дык да тых, што прадаліся,

Валяй, прыслужвай гадаўю...

 

На гэтым гутарку сваю

Яны спынілі й разышліся.

 

Вызваленне

Вайсковай Костусевай часці

Прыйшлося зразу ў першых днях

Ва ўмовы цяжкія папасці,

З баямі свой праторваць шлях.

Былы салдат Рэчпаспалітай,

Савецкай арміі салдат —

Кастусь ішоў з душой разбітай

Далей на ўсход і думаў шмат

Пра ўсё, што ёсць, было і будзе,

Пра родны край і ўласны лёс,

Таптаў балота, йшоў па грудзе

І ўсё надзею ў сэрцы нёс...

 

І вось пасля цяжкіх чаканняў,

Пасля шпіталяў і баёў

Кастусь аднойчы ясным раннем

Ступіў у край свой родны зноў.

 

Надзея сэрца падагрэла,

Што ўдасца выжыць, перажыць,

Што ўсім вайна ужо дадзела,

Што будзе зноў спакойна жыць,

Што з Соняй стрэнецца, з бацькамі,

У школе будзе працаваць...

І адлягаў ад сэрца камень.

«Вось толькі б Мінск адваяваць,

А там — рукой падаць дадому,—

Усхвалявана думаў ён.—

Аднак ці ўдасца, невядома,

З баямі йсці праз свой раён?

Скіруюць іншаю дарогай,

І хату родную мінеш,

Шляхоў на захад з Мінска многа...

Ну як ні здарыцца, але ж

Тут родны край».

Сябры казалі:

«Віншуем, братка наш Кастусь,

Што ты праз вогненныя далі

Ізноў вярнуўся ў Беларусь».

 

А ў часе тым, калі змагаўся

Кастусь — Асошнік Канстанцін,

У глушах пушчы гадаваўся

Яго, нябачаны ім, сын.

Ён жыў з матуляю ў зямлянцы

З сям’ёй Пялюшкі Змітрука.

Раслі малыя гадаванцы

Без крошкі цукру й малака,

Без добрай цёплае адзежкі,

Без вайлачкоў ці чаравік,

Хоць ім даводзілася пешкі

Асільваць бездараж, цалік,

Шукаць спачынку ў вогкіх норах,

Зімою грэцца ля кастроў

І знаць, што ў кожным часе вораг

На іх абрушыцца гатоў.

 

А Соня ў тым лясным атрадзе

Павагу хутка здабыла,

Бо ні ў разведцы, ні ў засадзе

Ніколі лішняй не была.

Яна ў найменшае заданне

Душу сваю ўкладала ўсю,

У сэрцы носячы каханне

І сум цяжкі па Кастусю.

 

І толькі цешыла надзея,

Што будзе ўсё ж канец вайне,

Прагоняць нашы ліхадзеяў,

А з імі й гора праміне.

 

Сабраў атрад Антон Зарэчны

І мовіў: «Сёстры і браты!

Яшчэ час сёння небяспечны,

Падвоіць трэба нам пасты.

За Мінск ужо ідзе змаганне,

А ў страху немец, можа быць,

Пачне шукаць выратавання

І ў нашу пушчу забяжыць.

Сустрэць няпрошанага госця

Належным чынам трэба нам,

Каб ён свае пакінуў косці

Ваўкам, варонам, груганам!»

 

Аж вось нарэшце і дзень шчасця,

Чаканы больш за тры гады.

«Дарогай валяць нашы часці! —

Крычаў разведчык малады.—

Няма ўжо ворага ў сталіцы,

Бяжыць фашыст праз наш раён

Аж толькі пыл за ім клубіцца,

Здаецца кучамі ў палон!..»

 

Папялішчы

І вось у родны кут вяртанне.

Якое ж страшнае яно!

Ніхто не выйшаў на спатканне,

Святлом не бліснула акно...

Тырчаць абсмаленыя печы,

Ляжаць абвалы каміноў,

І рэжа сэрца лямант нечы —

Працягла-спеўны енк без слоў...

 

На месцы хаты — папялішча,

Падмурак, печы, друз і лом,

Садок, абпалены, панішчан,

І тое самае кругом —

Пусты прастор як глянуць вокам,

І, дзе чый дом быў, не пазнаць...

 

Падходзіць Соня вольным крокам

І горкіх слёз не можа ўняць.

І сын яе заплакаў горка,

Хоць сам не ведаў, ад чаго.

Калі ласкаваю гаворкай

Яна суцішвала яго,

Па бруку танкі грукаталі,

Машыны, поўныя байцоў,

Ішлі на захад, быццам хвалі,

Што наступаюць зноў і зноў.

А думка: маці дзе? дзе Хася? —

Не пакідала ні на міг.

Сястра ж пры маці засталася:

Ці хто што ведае аб іх?

 

Глядзіць, пад дрэвам адзінока

Стаіць замурзаны стары.

Хто ён? Нічыпар Аднавокі,

Знаёмы з даўняе пары.

 

— Дзень добры вам, прашу прабачыць,—

Сказала Соня,— калі вы

Маглі, што дзеілася, бачыць,

Пра лёсы Ёсьчыхі-ўдавы

Вам часам, можа, што вядома?

Яна вось тутака жыла,

Але няма ўжо цалкам дома,

І ўсё папалена датла...

 

Глядзеў ён моўчкі, мерыў вокам

Яе, дзіця і хатулёк,

Ступіў насупраць колькі крокаў —

І запытаў:

— Відаць, здалёк

Прыйшла сюды ты, маладзіца,

Шукаць бацькоў сваіх, двара?

Ты, пэўне, каб не памыліцца,

Дачка Яўсея-карчмара?

І ты ж Асошнікаў нявестка?

Гляджу й ніяк не пазнаю

(Пра вас хадзіла доўга вестка)...

Я ведаў вашу ўсю сям’ю.

Лічы, ўсе ў Вольхаве яўрэі

Мае знаёмыя былі.

Прадаў я лёну шмат, курэй ім

За злоты польскія й рублі.

І ў крамах іх купляў ці мала —

І соль, і газу, й селядцы.

Яны і ў доўг дадуць, бывала,

Народ разумны, малайцы...

 

А вось няма ўжо з іх нікога,

Няма ніводнага ў жывых...

Не бачыў свет яшчэ такога —

Спалілі гады ў пуні іх...

Не плач. Тут плач не дапаможа,

Не ўскрэсіш тых, каго няма.

Ды ўсяк яно яшчэ быць можа,

Мо й выжыў хто, як ты сама.

А як жа хлопчык твой завецца?

А? Кажаш, Коля? Мікалай?

Дык, значыць, род іх не звядзецца.

А стрэчы з дзедам не шукай —

Забіў год тому іх Кастрыца,

Пайшлі ў магілу без пары.

Згарэла й наша Камяніца,

Ўцалелі два ці тры двары...

 

Й мая загінула кабета,

Забіў яе Лямехаў зяць

За тое, што хацела ў гета

Буханку хлеба перадаць...

 

Пасля я ў Вольхаў перабраўся,

Ды бог не даў як след пажыць,

Маёмасць вось цяпер мая ўся

У гэтым попеле ляжыць.

Цяпер бабыль я адзінокі,

Стаю і думаю: куды

Мне скіраваць сягоння крокі,

Дзе мой ратунак ад бяды?..

 

— Мо ты не еў сягоння, дзеду?

Я маю трохі праснака,

А ўжо якраз пара абеду...

— Хавай праснак для хлапчука.

Ды я й не дзед, мне толькі сорак,

Такім зрабіла, бач, вайна.

Сярмяжку з плеч, з нагі апорак

І хлеб — усё ўзяла яна...

 

А я ж ні з кім не задзіраўся,

Нікому крыўды не рабіў,

Жыць мірна, ціхенька стараўся

І вось усё, што меў, згубіў...

Відаць, падамся ў вёску Гліны,

Жылі там жонкі сваякі.

Калі жыве, ў кумы Арыны

Прытулак будзе мо які...

 

І так, як быў, без шапкі, босы,

Пайшоў шукаць сваю куму,

А пыл і грукат шматгалосы

Дарогу значылі яму.

 

 

Адраджэнне

— Паслухай, Соня, плакаць годзе

Пара падумаць пра сябе,—

Сказаў Зарэчны.— На падводзе,

Якая жджэ вунь там цябе,

Язджай на працу ўладкавацца

З маёй Параскаю ў раён,

А нам тут трэба йшчэ застацца.

 

— Паеду. Дзякуй вам, Антон.

Нічога тут не засталося.

Калі часамі ўдасца вам

Пачуць аб мамы й іншых лёсе...

— Абавязкова перадам.

Цяпер шчаслівай вам дарогі.

Нармальна жыць прыйшла пара,

Пара забыць усе трывогі.

— І вам — ні пуху ні пяра!

Дажыць да слаўнай перамогі!..

 

Каб трохі Соню падбадзёрыць,

Благія думкі разагнаць,

Параска, едучы, гаворыць:

«У нас ёсць шмат што ўспамінаць.

Ці помніш ты, як з Камяніцы

Ішлі мы ноччу ўскрай балот,

Як нам прыйшлося пакружыцца,

Пакуль знайшлі той паварот,

З якога просты шлях да кладкі?

Каб мы пайшлі цераз кусты,

Дык, як пасля казаў нам Гладкі,

Найшлі б на фрыцавы пасты...

Ёй Соня злёгку патакала,

Аднак не думаць не магла

Пра ўсё, што ў Вольхаве застала:

Пра дом, які згарэў датла,

Пра землякоў, што пагарэлі

На тым бязлітасным кастры,

Пра стрэлы, што ўжо прагрымелі,

Пра лёсы маці і сястры...

Дарога Колю забаўляе,

Дык рада гэтым хоць была,

Што ён яшчэ не ўсведамляе

Глыбінь убачанага зла.

 

І вось прад ёй раённы горад,

Не бачан больш за два гады,

Спазнаў, відаць, і ён шмат гора

Насілляў, здзекаў і жуды.

Руін і попелу нямала

Было куды ні глянь і тут.

Міжволі вочы кіравала

Здалёк, уз’ехаўшы на груд,

У той напрамак, дзе калісьці

Кватэра іхняя была.

Стаялі дрэвы там без лісця

I... аніводнага жытла.

 

Прыйшлося з першае хвіліны

Жыццё нанова пачынаць

І разам з іншымі руіны,

Завалы, смецце прыбіраць,

Каб лад, парадак у раёне

Навесці той, што быў раней.

 

Аднойчы чуе: «Соня! Соня! —

Параска выбегла з сяней

Насустрач ёй і з хваляваннем

Малы трыкутнік падала,—

Танцуй, галубка, не адстанем!

Ад Косці ліст, каб я жыла!»

 

Такой вясёлай, жвавай маці

Не бачыў Коля за свой век.

Яна кружылася па хаце,

А слёзы капалі з павек...

Схапіла сына, цалавала,

Пляла, расчэсвала касу,

Пасля ў люстэрку правярала

Сваю сукенку,стан, красу

І ў захапленні паўтарала:

«У нас з табой, сыночак, свята!

Не знаў такога ты ў свой час —

Прыслаў пісьмо твой родны тата.

Жывы! Хвалюецца пра нас!

Ён вельмі хоча ўбачыць сына!

Ужо да Прусіі дайшоў...

Загоніць немцаў да Берліна

І зразу вернецца дамоў!..»

 

Аднак настрой яе бадзёры

Трываў не доўга з тых прычын,

Што, як відаць было, не скора

Вярнуцца зможа Канстанцін.

Яшчэ шлях доўгі, небяспечны

Адолець трэба змагару...

І невядома, што Зарэчны

Пачуў пра маці і сястру...

Рашыла: радавацца рана,

Надзеі нельга ўсё ж губляць,

А трэба з іншымі старанна

Для перамогі працаваць.

 


1990?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бітэль П. Дзве вайны: Верш. аповесці. / Маст. А.Б.Льдокаў. - Мн.: Маст. літ, 1990. - с. 5-144
Крыніца: скан