epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Дудо

Чортаў тузін

Акт першы
  Карціна першая
  Карціна другая
Акт другі
  Карціна трэцяя
  Карціна чацвёртая
Акт трэці
  Карціна пятая
  Карціна шостая
  Карціна сёмая


 

Дзейныя асобы

 

Мнушка — дырэктар універмага, каля 50 год.

Ніна Адамаўна — яго жонка, каля 45 год.

Ліда — іх дачка, каля 23 год.

Валодзя — студэнт-выпускнік, затым інжынер, каля 25 год.

Паліна — хатняя работніца, каля 20 год.

Вася — шафёр, каля 27 год.

Лукер’я — спекулянтка, каля 40 год.

Сківаш — выдае сябе за мастака, фотакарэспандэнта, каля 30 год.

Смышляк — начальнік будаўніцтва электрастанцыі, каля 50 год.

Капітан міліцыі, сакратарка, урач радзільнага дома, прафесар-кансультант, санітарка, суддзі і іншыя.

 

Акт першы

 

Карціна першая

Кватэра Мнушкі. У гасцінай — туалетны столік, трумо, канапа, круглы стол, крэслы, тэлефон. Паліна перацірае бутэлечкі з духамі. Чуваць званок.

Паліна (падбягае да дзвярэй, адчыняе). Гэта вы?!

Лукер’я (увайшла). Я! А што?

Паліна. Ды нічога. Так!..

Лукер’я. Ніна Адамаўна дома?

Паліна. Дома.

Лукер’я. Дакладзі, што я прыйшла.

Паліна знікае.

Ніна Адамаўна (спявае ў спальні). Дзе гэ-та ба-ча-на, дзе гэ-та чу-ва-на: ста-ры а-сёл ма-ла-дога вя-зе... (Увайшла, убачыла Лукер'ю.) А, Лукер’я Іванаўна! Добры дзень!

Лукер’я (падхаліміста схіляе галаву). Добры дзень!

Ніна Адамаўна. Рада вас бачыць. (Паказвае на крэсла.) Сядайце!

Лукер’я (сядае). Дзякую!

Ніна Адамаўна (садзіцца насупраць). Ну, хваліцеся, як нашы справы?

Лукер’я. Усё ў парадку, Ніна Адамаўна. Узяўся за гуж — не кажы, што не дуж. Хоць паўгорада аббегала, але знайшла... Лідачка ўзрадуецца такому падарунку — цудоўныя залатыя завушніцы з брыльянтамі.

Ніна Адамаўна (узрушана). Няўжо? (Нецярпліва.) Паказвайце хутчэй!..

Лукер’я (раскрывае сумачку і падае маленькі карабок). Вось!.. Галаву даю на адсячэнне, іду ў заклад на што хочаце, што ні ў кога ў горадзе няма такіх. Па асабістаму заказу, відаць, зробленыя. Дзве тысячы каштуюць...

Ніна Адамаўна (разглядае завушніцы). Ажно ззяюць. Цуд сапраўдны! Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана — такія завушніцы... Яны б і мне хораша падышлі...

Лукер’я (падхаліміста). Падышлі б, дарагая, хораша падышлі б. Калі пажадаеце, дык можа напытаю дзе і для вас.

Ніна Адамаўна (узрадавана). Зрабіце ласку! Я ў даўгу не застануся перад вамі.

Лукер’я (падхаліміста). Не дзеля выгады, а з павагі да вас стараюся. Да чаго ж я люблю вас, дарагая Ніна Адамаўна!..

Ніна Адамаўна (расчулена). Шчыра ўдзячна вам за гэта! (Любуецца завушніцамі.) Сапраўды цудоўныя! У магазінах такіх не бывае. І ў каго толькі вы іх дасталі?

Лукер’я (хітравата). Сакрэт, дарагая мая! Найстражэйшы сакрэт, можна сказаць, вайсковы... Нават вам не магу яго раскрыць.

Ніна Адамаўна. Разумею. Такую рэч абы ў каго не дастанеш. (Устала.) Пачакайце хвіліначку. (Выходзіць у спальню і вяртаецца з пачкам грошай, аддае Лукер'і.) Дзве тысячы...

Лукер’я. Жадаю ўсялякага дабра вам і вашай дачушцы! Няхай носіць на здароўечка!.. Якая вы цудоўная жанчына, Ніна Адамаўна!

Ніна Адамаўна. Заходзьце часцей. Калі-нікалі і ў мяне бываюць каштоўнасці, якія трэба... Разумееце?

Лукер’я. Разумею, разумею, дарагая мая! Абавязкова буду заходзіць. Да пабачэння!

Лукер’я і Ніна Адамаўна знікаюць. Паяўляецца Паліна і працягвае прыбіраць гасціную. Уваходзіць Ліда з партфелем.

Паліна (убачыла яе). Лідачка! Маці не дачакаецца вас. Ці здалі экзамены?

Ліда (задаволеная). Здала. (Аддае партфель.) Занясі ў мой пакой. Мамачка, дзе ты?

Паліна знікае.

Ніна Адамаўна (са спальні). А-у-у! Я тут, дачушка!

Ліда (голасна). Віншуй, мамачка! Дыплом інжынера-будаўніка абараніла...

Ніна Адамаўна (выходзіць са спальні, расцірае ваткай пудру на твары). Разумніца мая! Ад усяго сэрца віншую! (Кладзе ватку на туалетны столік і пяшчотна цалуе дачку.) Малайчына! Усіх равесніц сваіх абагнала ў навуцы. Ганаруся табой, дачушка! (Бярэ карабочак і падае Лідзе.) Ад маці — любай дачцы!..

Ліда (адкрыла карабочак). Завушніцы! За-ла-ты-я...

Ніна Адамаўна. З брыльянтавымі каменьчыкамі...

Ліда. Дзякуй, мамачка!

Ніна Адамаўна. Красуйся, дачушка! Маладосць бывае адзін раз. Што пакрасуешся цяпер — тваё!

Ліда (падыходзіць да трумо, прымярае завушніцы). Агеньчыкамі гараць...

Ніна Адамаўна. Ажно свецяцца. Вельмі прыгожыя. Упэўнена, што ні ў кога ў горадзе няма такіх... Во як твая маці клапоціцца аб табе!.. (Становіцца поплеч, любуецца ў люстэрка не столькі дачкой, колькі сабой.) Ці падобна, Лідачка, што я твая маці?

Ліда (усміхаецца). Не, мамачка! Мы з табой як сёстры: ты — старэйшая, я — малодшая...

Ніна Адамаўна (задаволеная). І мне так здаецца. Ты ж прыгледзься, якая зграбная ў мяне талія. (Дэкламуе нараспеў.) Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана — такая талія... Не кожная дваццацігадовая дзяўчына зраўняецца са мной. (Круціцца перад люстэркам.) І твар малады...

Ліда (глядзіць на маці). Толькі зморшчыкі ёсць на лбе.

Ніна Адамаўна (прагна ўглядаецца ў люстэрка). Паганыя зморшчыкі!.. (Бярэ ватку, макае ў раствор.) Зараз іх знішчу... (Дэкламуе нараспеў.) Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана, каб цярпець зморшчыкі... (Моцна трэ ваткай, прыглядаецца.) Разышліся...

Ліда. Менш стала...

Ніна Адамаўна (папраўляе завіўку). На курорт мне трэба. Памятаеш, летась я прыехала з Сочы свежанькая-свежанькая, як семнаццацігадовая.

Ліда. Памятаю. Тады я ледзь пазнала цябе. Ты выглядала зусім маладой.

Ніна Адамаўна. Ні аднаго зморшчыка не было на твары. Юнакі заглядаліся на мяне. Адзін так закахаўся, што ўсю дарогу, калі ехалі назад, не выходзіў з майго купэ. Цукеркі і марожанае купляў на кожнай станцыі. І цяпер яшчэ помню яго. Чаго толькі ні рабіў, каб спадабацца мне. Калі развітваліся, далікатна пацалаваў маю ручку. Інтэлігентны, абыходлівы быў хлопец (хітравата ўсміхаецца), зусім не такі, як твой Валодзя.

Ліда (быццам спалохалася). А што Валодзя? Хіба ён не інтэлігентны?

Ніна Адамаўна (абыякава). Пахваліцца няма чым. Ні аднаго разу я не бачыла, каб ён пацалаваў тваю ручку, не чула, каб сказаў табе камплімент ці зрабіў якую іншую прыемнасць.

Ліда. Цяпер, мама, цалаваць ручку зусім не абавязкова.

Ніна Адамаўна (сур'ёзна). Па-твойму, не, а па-мойму, абавязкова. Культурны чалавек павінен умець абыходзіцца з жанчынай — і ручку пацалаваць, асабліва, калі на людзях, і сказаць ёй прыемнасць... Сёння вось ты абараніла дыплом інжынера-будаўніка. Вялікая падзея ў тваім жыцці. Маці паклапацілася аб падарунку табе, а ён, я ўпэўнена,— не!

Ліда. Валодзя сам абараняў дыплом, і яму было не да таго, каб думаць аб падарунках.

Ніна Адамаўна. Не апраўдвай! Сухасць і абыякавасць у яго ў крыві... І што ты ў ім знаходзіш!

Ліда (крыху разгублена). Ты памыляешся, мама. Валодзя лепшы за многіх іншых. Ён — шчыры, праўдзівы і... моцна мяне кахае.

Ніна Адамаўна. Мужчынскаму каханню асабліва не давярайся. Сёння ён цябе кахае, а заўтра — другую. Мужчыны ўсе такія. Яны хоць і кажуць, што ў галовах жанчын вецер гуляе, але ў іх саміх — цэлы віхор круціць.

Ліда. Валодзя не такі, ён — пастаянны...

Ніна Адамаўна. Ты маладая яшчэ і не разбіраешся ў мужчынах. Пажывеш на свеце больш, дык зразумееш, што іх душа — пацёмкі... І Валодзя такі. Кажу як маці, жадаючы дабра, што ён табе не пара і замуж за яго ты не пойдзеш...

Ліда. Чаму, мама? Я кахаю яго.

Ніна Адамаўна. Табе толькі так здаецца, пакуль ты не сустрэла сапраўды вартага сябе хлопца. Сустрэнеш — зразумееш. Праз тваё сэрца струменіць мая кроў, і ты не можаш пакахаць такога чалавека, якога б ніколі не пакахала я.

Ліда (крыўдзіцца). Навошта, мама, ты гэтак гаворыш?

Ніна Адамаўна. А навошта ты мне пярэчыш? Я пражыла на свеце больш і разбіраюся ў жыцці лепш, чым ты. (Села на канапу, задумалася.) Але ж куды цябе прыладзіць на работу?

Ліда (не разумее). Як прыладзіць? Я хутка атрымаю прызначэнне...

Ніна Адамаўна. Гм! Зноў жа бачу, што ты яшчэ дзіця, хоць і інстытут скончыла. Мусіць жа захочуць паслаць цябе кудынебудзь на Поўнач ці на Далёкі Усход?

Ліда. Увесь наш выпуск паедзе на сібірскія новабудоўлі. Ужо атрыманы загад...

Ніна Адамаўна. Таму вось і баліць маё сэрца. Не магу я дапусціць, каб загналі цябе на пагібель у якую-небудзь глухмень, дзе нават Макар цялят не пасвіў. Загубіш там сваю маладосць і ўсё жыццё. Мне страшна робіцца, калі падумаю аб гэтым... Не, нікуды ты не паедзеш.

Ліда. Прызнацца, мамачка, я і сама не хачу ехаць з нашага горада. Такі ён прыгожы і слаўны стаў. Выйдзеш на праспект — не налюбавацца дамамі, магазінамі і скверамі. Усюды — святло і зеляніна. Сэрца само спявае. (Уздыхнула.) Але ж трэба каму-небудзь жыць і ў Сібіры, асвойваць яе багацці.

Ніна Адамаўна. Цябе гэта не павінна датычыцца. Для цябе хопіць работы і ў сваім горадзе. Нічога, што ліквідавалі некалькі міністэрстваў. Створаны затое Саўнаргас, ёсць Акадэмія навук, розныя навукова-даследчыя інстытуты. Каму ж у іх працаваць, як не людзям з вышэйшай адукацыяй. (Весела.) Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана, каб інжынеру не было работы. Толькі трэба падумаць, куды лепш паступіць, каб і аклад быў вялікі і работы не асабліва... Але я сама паклапачуся аб гэтым...

Ліда. Добра б было, мама, каб і Валодзя застаўся...

Ніна Адамаўна (хітравата ўсміхаецца). Дзіця ты маё горкае! Не хочаш з ім разлучацца?

Ліда (зачырванелася). Не хачу, мама. Ён заўжды і ва ўсім памагае мне.

Ніна Адамаўна (з падкрэсленай сур'ёзнасцю). Сваю думку я выказала ўжо аб ім. Але я добрая маці, і калі табе так хочацца, дык прыладжу і яго дзе-небудзь. Толькі трэба, каб ён сам згадзіўся, адмовіўся ехаць у Сібір. Адмовіцца?

Ліда. Не ведаю.

Ніна Адамаўна. Ну вось — не ведаеш! А хто ж павінен ведаць — я хіба?

Ліда. Ён палічыць непрыстойным адмаўляцца ад дзяржаўнага прызначэння...

Ніна Адамаўна. Непрыстойна абакрасці каго-небудзь. Калі ён па-сапраўднаму цябе кахае, дык зробіць усё, што ты пажадаеш. (Паўза.) Я сама пагавару з ім...

Званок.

Ліда (спахапілася). Ой, мусіць, Валодзя! Я і забылася, што мы дамовіліся ісці

ў тэатр. Ты сустрэнь яго, мама, а я пайду пераапрануся.

Ліда выходзіць.

Ніна Адамаўна (глядзіць ёй услед). Уся ў мяне ўдалася: прыгожая, разумная ды яшчэ і вышэйшую адукацыю мае. (Званок паўтараецца.) Не звані, пастой крыху пад дзвярыма. (Падыходзіць да трумо, заглядае ў люстэрка. Напявае.) Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана... (Накіроўваецца да дзвярэй, адчыняе.) Заходзьце, калі ласка!

Валодзя (увайшоў, трымае ў руках запакаваную ў кардонку кнігу). Добры вечар!

Ніна Адамаўна (какетліва). Добры вечар, Уладзімір Сямёнавіч! Вас трэба павіншаваць з паспяховай абаронай дыплома інжынера. (Працягвае руку.) Ад шчырага сэрца віншую і жадаю самых найлепшых поспехаў.

Валодзя. Дзякую! (Падае ёй кнігу.) Прыміце ад мяне скромны падарунак Лідзе.

Ніна Адамаўна (разгубілася на момант, потым спахапілася). Дзякую, дзякую! Лідачцы будзе вельмі прыемна атрымаць ад вас... Я таксама падаравала ёй адну рэч. (Бярэ карабочак, адчыняе і паказвае завушніцы.) Дзве тысячы каштуюць... Праўда, харошыя?...

Валодзя. Харошыя.

Ніна Адамаўна. Упэўнена, што ні ў кога ў горадзе няма такіх. Рэдкія завушніцы. Няхай красуецца Лідачка. Але ж чаго вы стаіце ля парога? Праходзьце (паказвае на крэсла) і сядайце. Адчувайце сябе як дома. (Валодзя сядае.) Лідачка зараз прыйдзе... У яе і ў вас сёння радасны дзень. (Села на канапу.) І я некалі была студэнткай. Успамінаю аб тых днях як аб самых лепшых у жыцці. Толькі я дурная была — з першага курса выскачыла замуж.

Валодзя. І пакінулі вучобу?

Ніна Адамаўна. Пакінула. Цяпер шкадую, але страчанага, як кажуць, не вернеш. Добра мець дыплом аб вышэйшай адукацыі. Ён многае значыць для аўтарытэту чалавека. Вось хоць бы і вас узяць. Прыехалі вы з вёскі зусім несамавітым хлопцам. Тады ніхто не звяртаў на вас увагі, а зараз вы — інжынер. Напэўна, вас запросяць працаваць у Саўнаргас ці ў Акадэмію навук?

Валодзя. Не, Ніна Адамаўна! Я і Ліда паедзем у Сібір. Там цяпер разгортваецца вялікае будаўніцтва. Туды нас і запрашаюць.

Ніна Адамаўна (быццам здзівілася). Што вы гаворыце, Уладзімір Сямёнавіч? Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана, каб ехаць у Сібір. Не, не! Ні за што я не адпушчу Лідачку... І вам не раю ехаць... Хіба мала работы ў нашым горадзе? Я гавару сур’ёзна, як маці, жадаючы вам дабра.

Валодзя. Мы не маем права не ехаць. Нас пасылае дзяржава, яна нас вучыла...

Ніна Адамаўна (перапыняючы яго). Дзяржава ніколькі не страціць ад гэтага. Тут вы таксама будзеце працаваць на карысць дзяржаве... Электрастанцыі на Енісеі і Ангары пабудуюць без вас, як пабудавалі на Каме, на Волзе і на Дняпры. Не бойцеся,

шостую пяцігодку выканаюць з такім жа поспехам, як выканалі пятую, чацвёртую і ўсе папярэднія. Не лезьце самі ў пекла і не цягніце за сабой Ліду, калі кахаеце яе.

Валодзя. Вы жартуеце, Ніна Адамаўна?

Ніна Адамаўна. Якія жарты? Я не ўмею і не люблю жартаваць, гавару з поўнай адказнасцю за свае словы і... так павінна быць... Ліда не паедзе ў Сібір, я напытала ўжо для яе падыходзячае месца ў навукова-даследчым інстытуце. Калі і вы пажадаеце, Уладзімір Сямёнавіч, дык і вам памагу ўладкаваць гэтую справу.

Валодзя. Дзякую за ўвагу, Ніна Адамаўна. Я кахаю Ліду, але не магу згадзіцца з вашай прапановай, пайсці супроць свайго сумлення.

Ніна Адамаўна. Што датычыцца асабіста вас, можаце паступаць, як жадаеце. Я клапачуся аб шчасці Ліды, бо яна мая дачка.

Ліда (увайшла). Аб чым вы спрачаецеся?

Валодзя. Так, па дробязях...

Ніна Адамаўна. Не па дробязях, а аб самым галоўным,— дзе вы жыць і працаваць будзеце?

Ліда. Ай, мама! Не будзем пакуль аб гэтым. Хадзем, Валодзя, а то спознімся...

Ніна Адамаўна. Паспееце! Уладзімір Сямёнавіч вось падарунак прынёс табе... (Падае Лідзе кнігу.)

Ліда (узрадавалася, узяла кнігу). Дзякуй, Валодзя!

Валодзя (да Ніны Адамаўны). Даруйце, можа я што...

Ніна Адамаўна. Нічога, нічога!..

Валодзя. Да пабачэння!

Ніна Адамаўна. Да пабачэння!

Валодзя і Ліда выходзяць.

Мужык недапечаны. Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана, каб ён стаў маім зяцем... Не, не!.. Але ж хто навёў яго на розум зрабіць падарунак Лідзе? Мусіць, сам датумкаў... (Бярэ кнігу, адгортвае вокладку і чытае надпіс.) «Дарагому і вернаму сябру Л. П. М. у дзень заканчэння інстытута». (Думае.) Л. П. М.!.. Вось хто такая мая дачка — Л. П. М.!.. Людскіх слоў не знайшоў для Лідачкі. Не, не пара ён ёй. Няхай едзе хоць к чорту ў зубы, толькі без Лідачкі. Сама падшукаю для яе жаніха — пісьменніка, мастака, артыста... (Кладзе кнігу, выходзіць у спальню, выносіць жмут плаццяў, вешае іх на спінку крэсла, па аднаму прымярае да сябе перад люстэркам. Перабрала ўсе, апошняе трымае ў руках.) Ну вось, апрані што хочаш. (Самотна.) Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана... (Павярнулася да дзвярэй, убачыла мужа, які ўвайшоў з партфелем, схапіла плацці і злосна шпульнула ў яго бок.) Любуйся імі! Ні аднаго няма добрага. Сорам сказаць: жонка дырэктара універмага не мае людскага плацця.

Мнушка (зусім спакойна). Універмаг існуе не для жонкі дырэктара, а для пакупнікоў. Прыходзь, калі ласка, і купляй...

Ніна Адамаўна (злосна). Пастаў мяне ў чаргу разам з вясковымі бабамі. Ды, акрамя ўсяго, грошы патрэбны, а колькі ты іх прыносіш? Ледзь назбірала сёння дзве тысячы на завушніцы Лідзе.

Мнушка. Колькі зарабляю, столькі і прыношу.

Ніна Адамаўна (злосна). Мяне не цікавіць, колькі ты зарабляеш, а прыносіць павінен столькі, каб было і на плацце жонцы, і на падарунак дачцы, і на ўсё, што ў доме спатрэбіцца.

Мнушка. Плаццяў у цябе не менш, чым у іншых жанчын, можа нават больш, і не горшыя. Любое з гэтых (паказвае на жмут) можна апрануць у тэатр і куды хочаш, хоць на дыпламатычны прыём. Не будзе сорамна...

Ніна Адамаўна. Табе не сорамна, а мне сорамна. Я жанчына культурная і абы ў якім не магу хадзіць. Ні адзін муж, які хоць крыху паважае сваю жонку, не ставіцца да яе так абыякава, як ты да мяне.

Мнушка. Не ведаю я такіх мужоў, якія б задавальнялі ўсе капрызы сваіх жонак.

Ніна Адамаўна. Гэта не капрызы, а пастаянна ўзрастаючыя запатрабаванні. Ты сам гаворыш і ва ўсіх газетах пішуць, што запатрабаванні насельніцтва шпарка ўзрастаюць і іх трэба задавальняць. Дык уяві сабе, што твая жонка таксама насельніцтва, запатрабаванні яе шпарка ўзрастаюць і іх трэба задавальняць.

Мнушка. Сказала ты трапна. Але што я зраблю, калі мой заробак адстае ад тваіх запатрабаванняў. Не запускаць жа мне рукі ў дзяржаўную касу.

Ніна Адамаўна. У цябе хоць і дырэктарская галава на карку, але дурная. Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана, каб запускаць рукі ў дзяржаўную касу. Трэба так паставіць справу, каб і рукі не запускаць, і... каб усё было.

Мнушка. Калі пабудуем камунізм, тады задаволю ўсе твае запатрабаванні, а цяпер — ранавата крыху.

Ніна Адамаўна. Для каго ранавата, а для цябе — не! Тады лыка трэба дзерці, калі яно дзярэцца. Май на ўвазе, што праз год навырабляюць столькі ўсялякіх тавараў, што заваляць імі ўсе магазіны. Ніхто купляць іх не будзе. У мінулым годзе, напрыклад, не хапала драпу на паліто, рэдка завозіўся бастон на касцюмы і гэтак далей. Людзі ажно біліся, каб дастаць іх. А цяпер яны ёсць. Вось я і думаю, дырэктарская ты галава, што, пакуль некаторых тавараў не хапае і людзі ганяюцца за імі, трэба паклапаціцца аб сабе і сям'і. І зусім не трэба запускаць рукі ў дзяржаўную касу, можна зрабіць гэта так, што і козы будуць цэлыя і ваўкі сытыя.

Мнушка. Не разумею я цябе, Ніна.

Ніна Адамаўна. Вучыць цябе трэба, дырэктарская ты галава. Колькі паступіла ўчора дываноў для продажу?

Мнушка. Дакладна не памятаю, але, здаецца, каля тысячы штук...

Ніна Адамаўна. Вось бачыш! Прадай ва універмазе семсот, а трыста... Разумееш?.. Накінь па сотні рублёў на штуку — чыстая твая выручка трыццаць тысяч. Людзі так і робяць: у дзяржаўную касу не залазяць і аб сабе дбаюць.

Мнушка. На злачынства мяне штурхаеш.

Ніна Адамаўна. Ніякага злачынства ў гэтым няма. Усё роўна такія тавары, як дываны, швейныя машыны і іншыя, якіх яшчэ не хапае, раскупляюць спекулянты і перапрадаюць у тры разы даражэй. Ты зробіш паслугу людзям і сабе.

Мнушка (цяжка). Ой, Ніна, Ніна!

Ніна Адамаўна. Ну што Ніна, Ніна? Каб не Ніна, ты даўно прапаў бы са сваёй дырэктарскай галавой. Я толькі і выратоўваю цябе... (Раптам.) Ой, сэрца! (Хапаецца рукамі за грудзі і валіцца на канапу.)

Мнушка (схіляецца над ёй). Ніначка, золатца маё! (Бярэ на туалетным століку бутэлечку, адтыкае і дае панюхаць.) Узнімі галоўку, расплюшчы вочкі...

Ніна Адамаўна (цяжка дыхае). Загубіш ты мяне, давядзеш да магілы... Колькі прашу, каб дастаў пуцёўку на курорт...

Мнушка. Раднулечка мая! Зраблю ўсё, каб падтрымаць цябе.

Ніна Адамаўна (пяшчотна). Дарагі мой! (Цалуе мужа ў лоб.) Я ж хачу, каб мы жылі лепш, стараюся з усіх сіл...

Заслона

 

Карціна другая

Прывакзальная плошча. Вароты для выхаду к паяздам. Білетная каса. Будка з тэлефонам-аўтаматам. Побач скверык, пад дрэвам — лаўка. У глыбіні сцэны — сілуэты шматпавярховых будынкаў.

Валодзя (ідзе з чамаданам, спыняецца ля касы, падае грошы). Дайце, калі ласка, білет да Ангарска. (Атрымлівае білет, хавае ў кішэню, азіраецца, потым ідзе ў скверык, сядае на лаўку, глядзіць на ручны гадзіннік.) Сорак хвілін засталося да поезда. Няўжо Ліда не прыйдзе? (Задумваецца.) Не разумею: кахаць — кахае, а ехаць разам адмовілася. Дзе тут логіка? Спалохалася Сібіры? Маці збіла яе з панталыку. Крыўдна, што яна так лёгка паддалася абывацельскаму ўплыву. (Убачыў Ліду, узрадаваўся.) Ідзе! (Ліда не заўважае яго, праходзіць міма.) Ліда!

Ліда (азірнулася). Ты тут, Валодзя? Я ажно запарылася, як бегла. Баялася, што спазнюся...

Валодзя. Сядай. Сорак хвілін яшчэ да поезда. (Паўза.) Думаў, што ты не прыйдзеш...

Ліда (сядае). Цяпер ты толькі дрэннае думаеш аба мне. (Уздыхнула.) А я засталася такой, якой была раней, ніколькі не змянілася. Няўжо ты ўсумніўся ў маім каханні?

Валодзя. Не толькі ў тваім каханні, але і ў тваёй добрасумленнасці ўсумніўся.

Ліда. Не дакарай так жорстка, мне і без таго балюча. Але і я, Валодзя, не разумею цябе. Чаму ты не захацеў застацца са мной? Працавалі б разам... Вось я і думаю, што ты не кахаеш мяне, бо, каб кахаў, застаўся б...

Валодзя. Гэтыя словы я чуў ужо ад тваёй маці. Яны прыдуманы спецыяльна для таго, каб апраўдаць цябе і абвінаваціць мяне. Але ж гэта глупства. У мяне няма нікога на свеце даражэй за цябе. Ты гэта добра ведаеш.

Ліда (прытворна). Нічога я не ведаю. Можа хто знайшоўся ўжо?..

Валодзя (дакорліва). Ох, Ліда! Чатыры гады мы сябравалі з табой. Мне здавалася, што разумею цябе, як самога сябе, а выходзіць, што я памыляўся. Несумленна ты паступаеш: кінула выклік камсамолу, інстытуту і нават дзяржаве...

Ліда (засмяялася). О, гэта занадта ўжо, Валодзя. У цябе паявіліся лявацкія заскокі... Нічога дрэннага я не зрабіла і не збіраюся рабіць. Ты ўсё перавялічваеш, з мухі робіш слана...

Валодзя. Ты памыляешся, Ліда. Падумай сама, што атрымалася б, каб разбегліся ўсе нашы выпускнікі...

Ліда (нервова). Я не «разбеглася» і не «разбягуся», а буду працаваць у навукова-даследчым інстытуце.

Валодзя. Паступіла ўжо?..

Ліда. Паступіла.

Валодзя. Канцылярысткай зрабілася...

Ліда. Нічога заганнага ў гэтым не бачу. І ў канцылярыях таксама трэба працаваць. (Памаўчала.) Зразумей мяне, Валодзя: я ніколі не жыла ў Сібіры і баюся туды ехаць...

Валодзя. Быццам ты з неба звалілася. Разважаеш, як самая адсталая мяшчанка. Ажно не верыцца, што гэта ты, камсамолка, якая толькі што скончыла інстытут.

Ліда (нервова ўсхапілася). Вось што?! Я — мяшчанка ды яшчэ і самая адсталая...

Валодзя (спакойна). Выходзіць, так. Твае справы гавораць за гэта.

Ліда (злосна). Дзякуй, Валодзя! Горшай абразы для мяне ты не змог прыдумаць? Ну што ж! З мяшчанкай табе няма чаго і гаварыць. Можаш ехаць. Жадаю табе шчаслівай дарогі!

Ліда шпарка выходзіць.

Валодзя (накіроўваецца за ёй). Ліда! Чакай! (Спыніўся.) Пайшла... Як жа гэта?.. Што цяпер будзе?..

Чуваць рэзкі свісток паравоза. За сцэнай шум падыходзячага поезда. Валодзя праходзіць у вароты к паяздам. Паяўляюцца пасажыры, якія прыехалі. З варот выходзяць Ніна Адамаўна і Сківаш. Ён па-стыльнаму апрануты, з фотаапаратам. Насільшчык нясе за імі чамаданы.

Ніна Адамаўна (прыпыняючы хаду). Вось мы і прыехалі. (Спынілася, азіраецца.) Але ж нас ніхто не сустракае. (Смяецца.) Сама я вінавата ў гэтым: з вамі было так весела ўсю дарогу, што забылася паслаць тэлеграму.

Сківаш (падхаліміста). Дзякую за камплімент! (Азіраецца.) Дазвольце, Ніна Адамаўна, я вазьму таксі...

Ніна Адамаўна. Не, Аркадзій. Я пазваню дамоў і выклікаю легкавую машыну. (Жартуючы.) Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана, каб з курорта ехаць на таксі. (Ідзе да тэлефона-аўтамата, апускае манету, набірае нумар, прыкладае трубку да вуха.) Алё! Кватэра Мнушкі? Паліна, ты? Піліп Захаравіч дома? Няма. А Ліда? І Ліды няма. (Нешта гаворыць, але не чуваць з-за шума адыходзячага поезда.)

Ліда (бяжыць паўз скверык. Убачыла, што адышоў поезд, спынілася). Паехаў!.. Валодзя, мілы!.. Нават не развіталіся... Няўжо назаўжды? Не, не! (Плача.) Чаго я нарабіла?.. Валодзя!..

Ніна Адамаўна (крычыць у трубку). Паліна, ты пазвані ва універмаг. Няхай Вася прыедзе па мяне на вакзал. Чуеш? Зараз пазвані, я чакаю.

Ніна Адамаўна выйшла з кабіны.

Ліда (убачыла маці). Мама?! Прыехала?! Мусіць, з гэтым поездам? (Бяжыць да яе.) Мамачка!

Ніна Адамаўна (здзіўленая). Лідачка! Адкуль ты ўзялася? Як ты даведалася, што я прыехала? (Абдымаюцца і цалуюцца.) У цябе слёзы на вачах, ты плакала?..

Ліда. Ва-ло-дзя...

Ніна Адамаўна (рашуча). Пакрыўдзіў цябе, нягоднік? Дзе ён?..

Ліда. Паехаў... Не развіталіся нават... (Зноў плача.) Мне шкада яго...

Ніна Адамаўна (зразумела). А-а-а!.. Вось чаго ты плачаш... Супакойся, дурная. Паехаў — туды яму і дарога! Гэтакае шчасце згубіла. Не шкадуй!.. Я прывезла табе жаніха... Бачыш, вунь, чакае. Хлопец што трэба — стыль! Мастак па прафесіі. Таленавіты вельмі. Пачаў маляваць мой партрэт, толькі не паспеў скончыць. Спыніцца на некалькі дзён у нас і скончыць. Цудоўны партрэт атрымліваецца. Я выглядаю маладой-маладой. Хадзем хутчэй, пазнаёмлю...

Ліда. Не трэба, мама. Мне не да гэтага.

Ніна Адамаўна. Маўчы, дурная! Я стараюся для цябе. (Падае насоўку.) Вытры слёзы, каб не было відно, што плакала. Трымайся весела, жартуй. Ён паважае вясёлых дзяўчат. Ну, хутчэй!.. (Ліда выцірае насоўкай слёзы.) Пайшлі!.. (Падыходзяць да Сківаша.) Шчаслівая я, Аркадзій! Не паспела з вагона выйсці, як дачка нюхам пачула мяне і прыбегла сустрэць. Знаёмцеся!

Сківаш (прыветліва ўсміхаецца). Лідзія Піліпаўна! Чуў пра вас ад маці. Вельмі шчаслівы пазнаёміцца з вамі. (Працягвае руку.) Аркадзій!

Ліда (падала руку). Ліда!

Сківаш (затрымлівае яе руку і цалуе). Пры самай развітай маёй мастацкай фантазіі — даруйце, Лідзія Піліпаўна, што прызнаюся,— я не мог поўна ўявіць сабе вашага дзівоснага хараства. У вас — цудоўнейшае спалучэнне прыгажосці і грацыі... (Паўза.) Спадзяюся, мы будзем добрымі сябрамі... Вы пазнаёміце мяне з вашым цудоўным горадам.

Ліда. Наш горад харошы, занава адбудаваны пасля вайны.

Сківаш. Я не быў у ім сем год і зараз нічога не пазнаю. Разбурэнняў зусім не засталося. Тады не было ні гэтай вось (паказвае) шырокай плошчы, ні тых высокіх будынкаў са шпілямі... Зусім новы ансамбль горада.

Ніна Адамаўна. Усе будынкі прыгожай архітэктуры. Штодня адчыняюцца новыя магазіны, тавараў становіцца больш і больш... У захапленне прыйдзеце ад нашага горада і назаўжды застанецеся ў ім жыць.

Сківаш. Падзяляю вашу думку, Ніна Адамаўна. У такім горадзе, ды яшчэ маючы такіх верных сяброў, як вы і Лідзія Піліпаўна, нельга не застацца. Відаць, самім лёсам суджана мне асесці тут...

Ніна Адамаўна. Не пашкадуеце. Дзякаваць мне будзеце, што прывезла вас сюды...

Сківаш. Загадзя дзякую, Ніна Адамаўна! Ёсць ад чаго прыйсці ў захапленне. Усё мяне тут прываблівае... (Да Ліды.) Калі ласка, Лідзія Піліпаўна, станьце сюды (паказвае): сфатаграфую вас.

Ліда становіцца спіной да плошчы. Сківаш раскрывае фотаапарат і фатаграфуе яе.

Ніна Адамаўна. І мяне, Аркадзій Якаўлевіч... Я стану вось так... (Выпростваецца і рыўком ускідвае галаву.)

Сківаш фатаграфуе Ніну Адамаўну. Паяўляюцца Вася і Паліна.

Вася (падыходзіць да Ніны Адамаўны), Машына пададзена!..

Паліна (зводдалі). Запрашаем садзіцца...

Ніна Адамаўна. А, Вася!.. І Паліна!.. Вось малайчыны!.. Ці не пажаніліся вы, што разам ездзіце?

Паліна (сарамліва). Не яшчэ...

Вася. Не выберам часу схадзіць у загс. Паліна заўжды занятая ў вас.

Ніна Адамаўна (смяецца). Калі справа толькі за гэтым, дык я хутка яе ўладкую. Хоць заўтра можаце распісацца.

Усе накіроўваюцца да машыны.

Заслона

 

Акт другі

 

Карціна трэцяя

Сцэна першай карціны. Пасярэдзіне — закрыты палатном мальберт.

Сківаш (адзін). Вось так я ажаніўся з Лідай Мнушка. І хутка і, здаецца, з выгадай. Ніна Адамаўна пастараецца, яна энергічная жанчына... Але каторы ж гэта ў мяне шлюб? (Успамінае.) У Чарапаўцы ажаніўся з Галінай. (Заламвае палец.) Раз! У Жлобіне — з Алесяй. (Заламвае другі палец.) Два! У Еўпаторыі — з Тамарай... Тры! У Жытоміры — з Аксанай... Чатыры! У Ліпецку... (Задумаўся.) Як жа яе звалі?.. Забыўся... (Заламвае чарговы палец.) Пяць! У Армавіры... Ташкенце... Пяцігорску... (Заламвае пальцы.) Дзесяць ужо... Не хапае пальцаў... (Лічыць.) Адзінаццаць... Дванаццаць... Гм! Шлюб з Лідай — трынаццаты... (Быццам спалохаўся.) Чортаў тузін! (Дастае з кішэні запісную кніжачку, разгортвае і правярае.) У Чарапаўцы... з Галінай, Жлобіне... Еўпаторыі... Жытоміры... Ташкенце... Так, так... З Лідай Мнушка — трынаццаты шлюб... (Запісвае штосьці.) Чортаў тузін! Як бы чаго не здарылася? Не здарыцца, дзівак,— дзейнічай! Пакуль малады, жаніся хоць сто разоў, абы з карысцю. А калі састарэюся і не буду падабацца дзяўчатам? Тады пераключуся на багатых удоў. (Паўза.) Яно і цяпер не пашкодзіла б прыладзіцца на месяц-другі да якой генеральскай ці міністэрскай удавы. Галоўнае — не разгубіцца ў жаночай абстаноўцы. Так, так, не разгубіцца! Дурніц хопіць на мой век. Тут вось прынялі мяне за мастака, які падае надзеі. Добра, вельмі добра! Толькі ж ты, Аркашка, не зганьбі сябе раней часу, падтрымай свой аўтарытэт справай, хутчэй дамалёўвай партрэт сваёй трынаццатай цешчы. (Падыходзіць да мальберта і адкрывае партрэт Ніны Адамаўны. Бярэ пэндзлік, макае ў фарбу і мажа ім. Адышоў, глядзіць на партрэт.) Дрэнна!.. (Заходзіць з другога боку.) І адсюль дрэнна... Няма жыццёвых рыс. На злую і старую ведзьму падобна Ніна Адамаўна. (Задумаўся.) Такую мазню ёй лепш не паказваць: яна хоча быць маладой... Але як жа паправіць? (Водзіць пэндзлікам па палатне, прыглядаецца.) Не, не стала лепш... Мусіць, сам я не спраўлюся... Але які ж знайсці выхад? (Сядае ў крэсла і задумваецца, раптам усхопліваецца, бяжыць да тэлефона і набірае нумар.) Алё! Саюз мастакоў? Прышліце на дзесяць хвілін мастака. Для чаго? Паправіць партрэт гаспадыні... Што? На кватэру не пасылаеце?.. Чаму?.. Я добра заплачу... Раіце аднесці ў мастацкую майстэрню... (Кладзе трубку.) Ідэя! Аднясу...

Наспех збіраецца, закрывае мальберт і выносіць. Сцэна пустая. Уваходзіць Паліна.

Паліна (глядзіць на раскіданыя бляшанкі з фарбай, пэндзлікі і кавалкі паперы.) Які жах! І чаго толькі ён не нарабіў тут! (Прыбірае фарбы, пэндзлікі і кавалкі паперы.) Прывезлі пэцкаля на маю галаву. Засмеціў усю кватэру. Прыбірай ды прыбірай за ім...

Увайшоў Вася, спыніўся і назірае за Палінай. Яна не заўважае яго.

Вася (ціха). Паліна!

Паліна (злякнуўшыся, азірнулася). Вася?! Як ты ўвайшоў?

Вася. Праз дзверы, яны адчыненыя...

Паліна. Гэта ж пэцкаль выходзіў, дык не зачыніў...

Вася. Які пэцкаль?

Паліна. Лідзін муж. Вось ужо не чалавек, а патарчака. Пэцкаў, пэцкаў партрэт Ніны Адамаўны, ды, мусіць, не змог дамаляваць, дык панёс некуды...

Вася. Няхай нясе... Навучыцца калі-небудзь, раз пэцкае. (Набліжаецца да Паліны і бярэ яе за руку.) Як ты жывеш?

Паліна (смяецца). Маё жыццё — прачнулася ды за мыццё. Хіба не бачыш? Кожны дзень вось так: то мыю, то прыбіраю, хто што напэцкае... Каб ты толькі ведаў, як мне абрыдла быць хатняй работніцай. Наелася гэтага хлеба ўдосталь, ажно з глоткі лезе.

Вася. Я і прыйшоў пагаварыць з табой амаль аб гэтым.

Паліна (глядзіць на яго). Жартуеш?

Вася. Не, сур’ёзна... Сёння мяне выклікалі ў райком камсамола і прапанавалі ехаць на будаўніцтва электрастанцыі на Ангары.

Паліна (з цікавасцю). А дзе гэты горад?

Вася. Гэта не горад, а рака. Каб была карта, паказаў бы, дзе яна працякае.

Паліна. Карта ёсць у пакоі Піліпа Захаравіча. Прынесці?

Вася. Прынясі.

Паліна знікае на момант, вяртаецца з картай і рассцілае яе на падлозе.

Паліна. Вялікая карта. На ёй усе рэкі ёсць.

Абое схіляюцца над картай.

Вася (паказвае). Бачыш, вось возера Байкал?

Паліна. Бачу.

Вася (паказвае). З яго вось выцякае рака Ангара і цячэ на ўсход. Бачыш?

Паліна. Бачу.

Вася. Недзе ў гэтым месцы (тыцкае пальцам) на ёй і распачалося будаўніцтва электрастанцыі. Многа туды паехала моладзі. Паедзем і мы...

Паліна (задумалася). Паехала б з радасцю, але што я там буду рабіць. У мяне ж — ніякай спецыяльнасці. Завязеш мяне ў чужы край ды пакінеш...

Вася (прытуляе яе да сябе). Палінка, родная! Хіба ты мне не давяраешся?

Паліна. Давяраюся.

Вася. Калі хочаш, дык пажэнімся тут і паедзем жанатымі.

Паліна. Страшна неяк. Я ж ніколі яшчэ не выходзіла замуж.

Вася. I я ніколі не жаніўся. Але што з гэтага? Трэба адважыцца калі-небудзь, раз кахаем адно аднаго.

Паліна. Я моцна цябе кахаю.

Вася. I я цябе. (Абдымае яе і цалуе.)

Паліна (спрабуе вызваліцца). Пусці, Вася!

Вася (не выпускае яе з абдымкаў, заглядае ў вочы). Не адпушчу, пакуль не скажаш, што паедзеш са мной на Ангару.

Паліна. Паеду, Вася! Толькі ты паможаш мне набыць там добрую спецыяльнасць.

Вася. Памагу, Палінка! На будаўніцтве электрастанцыі створана многа розных курсаў. Чытай вось! (Вымае з кішэні і падае газету.) Нават здымак заняткаў апублікаваны. Паглядзі!..

Паліна (бярэ газету, глядзіць на здымак і голасна цытае подпіс). «Інжынер Уладзімір Корбут праводзіць заняткі з моладдзю, што прыехала на будаўніцтва...» (Прагна прыгледзелася.) Дык гэта ж Валодзя! Памятаеш, што да Ліды заляцаўся. Ён паехаў у Сібір...

Вася (узяў газету, прыглядаецца). Сапраўды, ён. Я і не падумаў нават...

Паліна. Дык гэта ж хораша як! Паедзем!..

Вася. Рыхтуйся. Заўтра падавай заяву ў райком камсамола. А цяпер, Палінка, бывай, я пайду.

Паліна праводзіць яго да дзвярэй. На развітанне яны цалуюцца. Вася знікае. Паліна вяртаецца, згортвае карту і выносіць. Паяўляецца Сківаш, стаўляе мальберт на ранейшае месца і адкрывае партрэт Ніны Адамаўны.

Сківаш (глядзіць на партрэт). Цудоўна! Цяпер маладой выглядае цешча. Атрымалася якраз тое, што трэба ёй паказаць... Цудоўна! (Хапае мальберт і кружыцца з ім.) Цудоўна! Цудоўна! (Раптам цалуе партрэт і вымазвае фарбай вусны. Плюе.) Цьфу!(Стаўляе мальберт.) Што са мной робіцца? Захапіўся, дзівак! (Задаволены глядзіць на партрэт і ўсміхаецца.)

Увайшла Ніна Адамаўна і назірае за ім, затым на пальчыках набліжаецца да яго і ззаду цераз плечы рукамі закрывае яму вочы.

Сківаш (весела). Ліда!

Ніна Адамаўна. Ха-ха-ха! Не ўгадалі, Аркадзій!..

Сківаш. Мама!

Ніна Адамаўна (рыўком адняла рукі. Рашуча). Каб я не чула больш гэтага слова. Я падыходжу вам у нявесты, а не ў мамы. (Жартоўна.) Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана, каб у вас была такая маці? Сапраўды, паглядзіце ж на цудоўна намаляваны вамі самімі мой партрэт. Выглядаю я гадоў на дваццаць пяць — трыццаць. Ні аднаго зморшчыка няма. Такой маладосці можа пазайздросціць кожная жанчына... (Любуецца партрэтам.) І як толькі вы змаглі так тонка падмеціць усе жывыя рысачкі майго твару? (Какетліва.) Дайце ваш лобік, я пацалую яго. (Цалуе Сківаша ў лоб.)

Сківаш. Шчыра ўдзячны вам, Ніна Адамаўна, за прызнанне майго таленту. З усіх сіл стараўся, каб найпаўней перадаць фарбамі вашу дзівосную, ні з чым не параўнаную прыгажосць. І калі я дасягнуў гэтага, дык, перш за ўсё, абавязаны вам сваім поспехам. Вы акрыляеце і натхняеце мяне на сапраўдную творчасць. Без вашай дапамогі я не бачу свайго будучага ў мастацтве.

Ніна Адамаўна (расчулена). Дарагі Аркадзій! Цяпер мы адна сям’я. Я адчуваю вялікае шчасце і ўзнёсласць, я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, каб памагчы вам стаць славутым і заткнуць за пояс усіх гэтых герасімавых і іншых. Ні перад чым я не спынюся для дасягнення нашай мэты. А мой характар вы ведаеце — я настойлівая. Скажу вам па сакрэту — Лідачцы вы пакуль не гаварыце аб гэтым,— што зрабіла ўжо некаторыя першыя крокі... (Вымае з сумкі пачак грошай і падае Сківашу.) Вось вам на набыццё фарбаў і іншага, пакуль самага неабходнага. Зандзірую глебу і наконт асобнай кватэры для вас з Лідачкай, ды такой, каб было ў ёй месца размясціць мастацкую студыю. Усё, што патрэбна, Аркадзій, для росквіту вашага таленту, я раздабуду...

Сківаш (падхаліміста). Вельмі крануты вашай увагай, Ніна Адамаўна! Чым толькі я адзычу вам?

Ніна Адамаўна. Карцінамі, дарагі Аркадзій! Высокамастацкімі карцінамі, такімі вось, як мой партрэт (глядзіць на яго). Шэдэўр! Сапраўдны шэдэўр мастацтва! Не знойдзецца чалавека, які б не прызнаў гэтага. Я ў захапленні... і мару аб тым часе, калі будзе арганізавана ў Маскве выстаўка вашых палотнаў.

Сківаш. Выстаўка будзе, Ніна Адамаўна, абавязкова будзе! І на самым відным месцы на ёй я выстаўлю ваш партрэт.

Ніна Адамаўна (расчулена). Мілы Аркадзій! Вы — рэдкі талент, вам належыць вялікая будучыня, вы — карыфей мастацтва!..

Сківаш. Я веру ў сябе і ў вас, Ніна Адамаўна. З вамі мы горы перавернем.

Ніна Адамаўна (захапіўшыся). Перавернем, дарагі Аркадзій. І трэба нам дзейнічаць зараз жа, неадкладна, куць жалеза, пакуль яно гарачае, пакуль ёсць натхненне і магчымасці.

Сківаш. Іменна так, Ніна Адамаўна! Я зараз пайду ў Саюз мастакоў і зраблю заяўку на арганізацыю выстаўкі.

Ніна Адамаўна. Ідзіце, Аркадзій! Ні мінуты не трацьце дарагога часу. (Набліжаецца да яго і цалуе ў лоб.) Ідзіце!..

Сківаш выходзіць. Ніна Адамаўна, усхваляваная, ходзіць па пакоі і напявае:

Дзе гэ-та ба-ча-на, дзе гэ-та чу-ва-на — мой партрэт у Маскве на выстаўцы... Нават у сне не сніла такога. От дык зяцёк!..

Звоніць тэлефон. Ніна Адамаўна падыходзіць да апарата, бярэ трубку і прыкладае да вуха.

Алё, слухаю! Лукер’я Іванаўна? Добры дзень! Дасталі-ткі!.. Малайчына!.. А як наконт таго?.. Праведалі што-небудзь? Добра!.. І ў мяне ёсць тое-сёе для вас. Заходзьце зараз, чакаю. (Кладзе трубку.) Лукер’я лоўкая жанчына і ўмее язык трымаць за зубамі — гэтага злейшага нашага ворага. З такою можна весці буйныя аперацыі... (Спынілася, зноў глядзіць на свой партрэт.) Ка-ра-ле-ва сапраўдная!.. Уяўляю, як наведвальнікі выстаўкі будуць захапляцца, распытваць, з каго мастак маляваў партрэт... І тут раптам паяўляюся я — жывы арыгінал. Дзесяткі зайздрослівых позіркаў скіраваны на мяне, а я быццам і не адчуваю іх...

Чуваць званок.

Напэўна, Лукер’я. (Спахапілася.) Трэба ж прыбраць партрэт... (Бярэ мальберт і выносіць, падыходзіць да дзвярэй і адчыняе.)

Уваходзіць Лукер’я з сумкай.

Хуценька вы прыбеглі...

Лукер’я. А чаго ж затрымлівацца? Ваўка ногі кормяць. (Сядае ў крэсла, аддыхваецца.) Ледзь-ледзь раздабыла... Нават лепшыя за тыя, што вашай дачцы дастала. Тры тысячы каштуюць... (Раскрывае сумку і падае ў карабочку завушніцы.)

Ніна Адамаўна (адчыніла карабочак). Сапраўды, лепшыя за Лідзіны. Ну і малайчына вы, Лукер’я Іванаўна! Шчыра дзякую!.. Ну, а як наконт таго?..

Лукер’я. І наконт таго парадак. Паслязаўтра ў Антона Кузьміча дзень нараджэння. Спаўняецца яму сорак год — кругленькая дата. Нам і трэба выкарыстаць яе. Я закінула вудачку... Клюе. Ларыса Андрэеўна запрашае вас, Піліпа Захаравіча, Лідачку і Аркадзія Якаўлевіча на мужавы імяніны. Яна кажа, што Антон Кузьміч вялікі паклоннік мастацтва і вельмі жадае пазнаёміцца з Аркадзіем Якаўлевічам... Вядома, Антон Кузьміч адказная асоба, дык з ім трэба трымаць вуха востра, быць асабліва далікатным, каб нічым нават не намякнуць на тое, што вы думаеце прасіць яго аб кватэры. Далікатнасць і тактычнасць — перш за ўсё. Як імянінніку паднясіце яму каштоўны падарунак, ну — залаты гадзіннік... І Ларысу Андрэеўну не абыдзіце, яна — валявая жанчына і зробіць уплыў на службовыя справы мужа.

Ніна Адамаўна. Разумею, дарагая мая! Зраблю так, як прыстойна культурным людзям. Сапраўды, нельга ж адказнай асобе прапаноўваць хабар — гэта і непрыстойна і караецца па закону; ёй трэба падарунак...

Лукер’я. Ха-ха-ха!.. І дальнабачная ж вы, Ніна Адамаўна, і псіхалогію адказных асоб разумееце...

Ніна Адамаўна. Чаму ж яе не разумець, калі я сама адказная: жонка дырэктара універмага. Хіба генеральшы ці міністэршы раўня мне? Усе яны дамагаюцца майго сяброўства, а я... ні-ні...

Лукер’я. Правільна паступаеце. І Ларыса Андрэеўна прытрымліваецца такога погляду. З вамі яна гатова пасябраваць, а больш — ні з кім. Вельмі хочацца ёй дастаць такога матэрыялу на сукенку, каб здзівіць горад...

Ніна Адамаўна. Пастараюся для яе. Гэта не такая ўжо цяжкая праблема — вырашу... А цяпер, дарагая мая Лукер’я Іванаўна, ёсць у мяне да вас важная справа.

Лукер’я (насцярожылася). Якая?

Ніна Адамаўна. Трэба збыць з паўтысячы дываноў. Ці зможаце вы зрабіць гэта так, каб было і шыта і крыта?

Лукер’я. Для вас усё зраблю. І шыта і крыта будзе. Праз тры-чатыры дні выкладу поўную суму грошай на стол.

Ніна Адамаўна. Малайчына вы, Лукер’я Іванаўна! Як бы я і справілася без вас?

Лукер’я. Заўжды разлічвайце на мяне, як на самую сябе. Рада старацца для вас.

Заслона

 

Карціна чацвёртая

Гасціная ў кватэры Мнушкі. Абстаноўка ранейшая, толькі на сцяне вісіць партрэт Ніны Адамаўны. Усе збіраюцца на імяніны. Паліна памагае Лідзе прышпіліць завушніцы. Ніна Адамаўна перад люстэркам расцірае зморшчыкі. Сківаш трымае перад ёй пудраніцу.

Ніна Адамаўна (набрала на ватку пудры і трэ лоб). Ну і поскудзь жа гэтыя зморшчыкі. Ніяк не паддаюцца. І чаму гэта вучоныя не прыдумаюць такой атамнай пушкі, каб расстрэльваць іх? Штучных спадарожнікаў зямлі запусцілі, а ў галіне падтрымання жаночай прыгажосці нічога не зрабілі. Крыўдна нават, што якіясьці зморшчыкі дачасна псуюць нашу маладосць. Але нічога. (Моцна трэ.) Я настойлівая і даб’юся свайго. Глядзіце, Аркадзій, амаль зніклі ўжо...

Сківаш (паказвае на левы край ілба). Тут ёсць трошкі. Трыце!..

Ніна Адамаўна (трэ, прыглядаецца). І тут знікаюць...

Сківаш. Амаль не відно ўжо...

Ніна Адамаўна. Выведу іх, як выводзяць каросту. Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана, каб я не справілася з імі? Ні аднаго не будзе. (Прыглядаецца ў люстэрка.) Ну вось, як і не было... А зараз (бярэ з туалетнага століка карабочак і адчыняе) паглядзіце на дзіва. (Вымае залатыя завушніцы.) Лепшыя за твае, Ліда. (Усе разглядаюць завушніцы.)

Сківаш. Цудоўныя!

Ліда. Мама мае тонкі густ...

Ніна Адамаўна (задаволеная). Не прымярала яшчэ... (Сама прышпільвае іх да вушэй.) Ну, як?

Сківаш. Вельмі хораша.

Ніна Адамаўна (стаўляе поплеч з сабой перад люстэркам Ліду). Мае ярчэйшыя, праўда?

Ліда. Ярчэйшыя...

Ніна Адамаўна. Якраз да твару... (Прыхарошваецца.) Тра-ля-ля, тра-ля-ля... Дзе гэта бачана, дзе гэ-та чу-ва-на... (Да Паліны.) Падай брошку!.. (Паліна падае і памагае прышпіліць.) А цяпер пацеркі... Толькі якія лепш надзець?

Ліда. Янтарныя, мама, тыя, што з Рыжскага ўзмор’я прывезла.

Сківаш. Янтарныя маладзяць вас...

Ніна Адамаўна. Янтарныя... (Паліна падае. Ніна Адамаўна надзяе і глядзіць у люстэрка.) Сапраўды, выглядаю маладой. (Усміхаецца.) Ларыса Андрэеўна не дацягнецца да мяне. (Да Ліды.) І табе не будзе там раўні. Ні ў кога няма такіх убранняў. Наша сям’я ўсіх заслоніць. Вы, Аркадзій, апраніце шэры клятчасты пінжак і зялёныя штаны, а гальштук — вось гэты. (Бярэ з туалетнага століка і падае пярэсты гальштук.)

Ліда. Аркадзію падышоў бы сіні бастонавы касцюм...

Ніна Адамаўна. Не, не! На імянінах Аркадзій будзе прадстаўляць мастацтва, і апрануцца ён павінен адпаведна з мастацкім густам. Шэрыя клятчастыя пінжакі — апошняя мода. Калі французы ехалі на фестываль у Маскву, усе былі апрануты ў шэрыя клятчастыя. І амерыканцы такія носяць...

Сківаш. Ніна Адамаўна правільна гаворыць. Апрану шэры клятчасты...

Ліда. Раз вы ўдваіх за клятчасты, я здаюся. Няхай будзе па-вашаму.

Ніна Адамаўна. Не па-нашаму, а па-сучаснаму. Ты, дачка, адстаеш крыху ад патрабаванняў часу.

Ліда. Не ведаю...

Ніна Адамаўна. Не крыўдуй! Я жадаю, каб было найлепш. Праўда, Аркадзій?

Сківаш. Мама клапоціцца перш за ўсё аб нас.

Ніна Адамаўна. Ой, Аркадзій! Прасіла ж вас не называць мяне мамай. Толькі ж вось самі прызналі, што я маладая...

Сківаш. Даруйце, Ніна Адамаўна!

Ніна Адамаўна. Больш не памыляйцеся, а то буду крыўдзіцца. Ідзіце пераапраніцеся...

Сківаш выходзіць. Ніна Адамаўна выкручваецца перад люстэркам. Ліда прымярае шаль.

Ліда (паглядзела на гадзіннік). Чаму гэта тата затрымліваецца? Даўно пара прыйсці...

Ніна Адамаўна (спахапілася). Сапраўды, яго няма яшчэ. От чалавек, сядзіць, пэўна, у канторы ды язык чэша. Колькі вучу дысцыпліне — не паддаецца. Мы ж спознімся...

Ліда. Паўтары гадзіны застаецца ў нашым распараджэнні.

Ніна Адамаўна. Зусім мала...

Увайшоў Сківаш, апрануты ў клятчасты пінжак і вузенькія зялёныя штаны. Спыніўся, чакае, пакуль яго заўважаць.

Паліна (убачыла). О, які!..

Ніна Адамаўна (накіроўваецца да яго). Чароўна! Чароўна! Стыль сапраўдны! (Папраўляе на ім гальштук.) Вось так... Хораша!..

Ліда. Занадта крыклівы выгляд...

Ніна Адамаўна. Не, не! Тое, што і трэба... Кожны зверне ўвагу на такое адзенне. Я задаволена. (Да Паліны.) Нясі сюды падарункі для імянінніка.

Паліна. Зараз. (Выходзіць у другі пакой і прыносіць адрэз тканіны і залаты гадзіннік у карабочку. Кладзе на стол.) Калі ласка!

Ніна Адамаўна (узяла карабочак з гадзіннікам). Гадзіннік падорыце вы, Аркадзій, ад імя ўсіх нас. (Перадае Сківашу гадзіннік.) А я ад сябе паднясу Ларысе Андрэеўне адрэз на сукенку. Згодны?

Ліда і Сківаш. Згодны.

Ніна Адамаўна (Паліне.) Запакуй прыгожа адрэз. (Паліна старанна запакоўвае тканіну.) Але сапраўды, чаму гэта бацька не ідзе?

Ліда. Можа здарылася што?

Сківаш. Затрымліваецца, відаць, па службовых справах...

Ніна Адамаўна (падыходзіць да тэлефона, здымае трубку і набірае нумар). Алё! Кантора універмага?! Перадайце трубачку Піліпу Захаравічу. Няма? А дзе ён? Выклікалі ў міліцыю? Гадзіны дзве таму назад? А па якой справе? Не ведаеце? (Вешае трубку.) Што ж такое — бацьку выклікалі ў міліцыю?

Ліда. Трэба пазваніць і даведацца...

Сківаш. Непаразуменне якоесьці. Ці мала што бывае?

Ніна Адамаўна. Чакайце, дзеці! (Занепакоілася.) Тут штосьці не так... (Бярэ з сумкі пачак грошай і хавае за свой партрэт, што вісіць на сцяне. Чуваць званок ля дзвярэй.) Вось і... ідуць... (Разгубілася, потым.) Паліна, запрашай!..

Паліна адчыняе дзверы. Уваходзяць капітан міліцыі і двое цывільных.

Капітан. Даруйце! Грамадзянін Мянушка Піліп Захаравіч, дырэктар універмага, тут пражывае?

Ніна Адамаўна. Тут. Толькі яго няма зараз дома.

Капітан. Ведаю.

Ніна Адамаўна. А дзе ён?

Капітан. Затрыманы міліцыяй.

Ліда (спалохалася). Затрыманы?

Ніна Адамаўна. За што?

Сківаш. Хіба ён зрабіў што дрэннае?

Капітан. Не хвалюйцеся. (Да Ніны Адамаўны.) Хто вы будзеце!

Ніна Адамаўна. Я — жонка Піліпа Захаравіча, яна (паказвае на Ліду) — дачка, ён (паказвае на Сківаша) — яе муж, а гэта (паказвае на Паліну) — хатняя работніца.

Капітан. Мне даручана ўтварыць вобыск у кватэры грамадзяніна Мнушкі. Вось ордэр (прад’яўляе Ніне Адамаўне).

Ніна Адамаўна (разглядае ордэр). Што гэта азначае? Я пратэстую. У нас няма нічога забароненага...

Капітан (спакойна). На жаль, не магу прыняць вашага пратэсту. Прашу ўсіх прад’явіць пашпарты...

Ніна Адамаўна, Ліда, Сківаш і Паліна прад'яўляюць пашпарты.

А цяпер, калі ласка, пакажыце вашы шафы, чамаданы...

Ніна Адамаўна (паціскае плячыма). Што ж, хадземце, абшуквайце...

Ніна Адамаўна, капітан міліцыі і цывільныя выходзяць у другі пакой.

Ліда (трывожна). Чым мог правініцца тата? Што ён зрабіў?

Сківаш. Не бойся, Ліда. Я перакананы, што гэта непаразуменне.

Адзін з цывільных (паявіўся ў дзвярах). Грамадзянін Сківаш! Ідзіце, калі ласка, сюды, адчыніце ваш чамадан...

Сківаш. У ім нічога няма...

Цывільны. Усё роўна трэба адчыніць.

Сківаш і цывільны выходзяць.

Ліда (абхапіла рукамі твар). Які жах! Што адбываецца ў нашым доме? Чаму я нічога не ведаю?

Паліна. Піліп Захаравіч сам не мог зрабіць што-небудзь дрэннае. Такі чалавек ды каб...

Ліда. Ты, мусіць, ведаеш што-небудзь, Паліна?

Паліна. Ведаць — не ведаю, але здагадваюся. Напэўна, міліцыя злавіла Лукер’ю Іванаўну.

Ліда. Якую Лукер’ю Іванаўну?

Паліна. Спекулянтку, што заходзіла да Ніны Адамаўны.

Ліда. А пры чым тата?

Паліна. Я не ведаю, але чула аднойчы, як Ніна Адамаўна і Піліп Захаравіч спрачаліся з-за дываноў для Лукер’і Іванаўны. Ніна Адамаўна патрабавала, каб Піліп Захаравіч выдаў Лукер’і Іванаўне даверанасць на атрыманне дываноў з базы...

Ліда. І што? Тата згадзіўся?..

Паліна. Не магу сказаць пэўна. Гавару толькі тое, што чула...

Ліда. Няўжо тата...

Вяртаюцца капітан міліцыі, цывільныя, Ніна Адамаўна і Сківаш.

Ніна Адамаўна (ідзе за капітанам). Я ж кажу, што ў нас, акрамя сваіх рэчаў, нажытых сумленнай працай, нічога няма. Філіяла універмага я не адчыняла ў сваёй кватэры і ніякіх сувязей са спекулянтамі не мела. Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана, каб я...

Капітан. Следства разбярэцца. Калі ваш муж невінаваты, яго выпусцяць. (Убачыў на стале пакунак.) А што гэта? Распакуйце!

Ніна Адамаўна (распакоўвае). На сукенку сабе купіла. Я ж маю права купіць?

Капітан. Бясспрэчна! (Разглядае тканіну, кладзе назад.)

Ніна Адамаўна. Ну што?..

Капітан. Шыйце сукенку.

Ніна Адамаўна. Дзякую!

Капітан (сядае да стала і вымае з сумкі бланк). Законам прадугледжана скласці акт на ўтвораны ў вас вобыск.

Ніна Адамаўна. Складайце. Я загадзя вам сказала, што універмагаўскіх тавараў мы не хаваем...

Капітан запаўняе бланк, запрашае панятых і Ніну Адамаўну падпісаць. Яны падпісваюць.

Ніна Адамаўна (непрыкметна падсоўвае да капітана пакунак з адрэзам на сукенку і амаль на вуха). Вазьміце падарунак для сваёй жонкі. Такі рэдка бывае...

Капітан. Як вы смееце?! (Адсоўвае пакунак, хавае ў сумку акт і ўстае з-за стала). Да пабачэння!

Капітан і цывільныя выходзяць. Паліна зачыняе за імі дзверы і знікае.

Ліда (трывожна). Чаго яны шукалі? За што арыштаваны бацька? Адказвай, мама, ты ўсё ведаеш...

Ніна Адамаўна. Бацька арыштаваны за тое, што зблытаўся са спекулянтамі і чорт ведае што вырабляў. Ажно вушы мае абвялі, калі пачула аб гэтым. І дываны, і швейныя машыны прадаваў праз іх па завышанай цане.

Сківаш. Так, Ліда! У маёй прысутнасці сказаў капітан...

Ніна Адамаўна. Хто б мог падумаць, што ён... Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана, каб чалавек апусціўся да такой нізасці. Усю сям’ю нашу асароміў.

Ліда (рашуча). Ты, мама, паклёпнічаеш на тату. Калі, можа, ён і вінаваты ў чым, дык толькі праз цябе. Ты завяла знаёмства са спекулянтамі, да цябе ўвесь час прыбягала Лукер’я Іванаўна. Цяпер я разумею, адкуль у цябе браліся грошы і на завушніцы, і на сукенкі дарагія, і на ўсякую ўсячыну. Ты прымусіла тату займацца спекуляцыяй.

Ніна Адамаўна (злосна). Вось ты якая! Так дзякуеш за мае клопаты... (Крычыць.) Выбірайся прэч з маіх вачэй...

Сківаш. Супакойцеся, Ніна Адамаўна!

Ліда. Як табе не сорамна, мама? Сама ты ва ўсім вінавата.

Ліда шпарка выходзіць.

Ніна Адамаўна (да Сківаша). Бачыў ты яе! На мяне хоча віну перакласці. (Супакойваючыся, сядае ў крэсла.) Але што ж цяпер рабіць, Аркадзій?

Сківаш сядзіць у задуме.

Што будзе з тваім талентам, з арганізацыяй выстаўкі тваіх карцін?.. Чаму ты маўчыш?

Сківаш. А што я вам скажу? Мне цяпер ясна, што я, як дурань, папаўся на вашу вудачку. Залатыя горы вы абяцалі мне для таго, каб ажаніць на сваёй дачцы. А цяпер вашы абяцанні лопнулі, як мыльная бурбалка. Вы зганьбілі маё добрае імя, заблыталі, як павук, у свае крамольныя сеці... Сёння мяне абшукалі, а заўтра, чаго добрага, пасадзяць у турму за вашы злачынствы. А я не хачу адказваць за вас. Вы заварылі кашу, вы і расхлёбвайце. Я сумленны чалавек і не жадаю знацца з вамі...

Ніна Адамаўна. Што вы гаворыце, Аркадзій?

Сківаш. Тое, што ёсць.

Сківаш выходзіць у другі пакой і вяртаецца з чамаданам.

Ніна Адамаўна (у роспачы). Што вы робіце, Аркадзій? Апамятайцеся!.. Я старалася для вас... О зямля родная, выратуй мяне!

Ніна Адамаўна хапаецца рукамі за грудзі і падае на канапу. Сківаш становіцца на крэсла, бярэ з-за партрэта пачак грошай і хавае ў кішэню. Паяўляюцца Паліна і Ліда.

Ліда. Мама, што з табой? (Кідаецца да яе.) Вады!

Паліна падае шклянку вады.

Ніна Адамаўна (адпівае са шклянкі некалькі глыткоў, садзіцца на канапе). Сэрца разрываецца... (Глядзіць на Сківаша.) Ты хацеў забраць мой партрэт?

Сківаш. Хацеў, але перадумаў. Пакідаю яго вам на памяць.

Ліда (убачыла чамадан Сківаша). Аркадзь, ты куды сабраўся з чамаданам?

Сківаш. Пайду ў свет як у капейку. Не магу я, Ліда, заставацца ў сям’і злачынцаў. Памыліўся я ў табе, тваёй маці і бацьку... Ашукалі вы мае надзеі, жорстка ашукалі... (Бярэ чамадан і накіроўваецца да дзвярэй.)

Ніна Адамаўна (спахапілася). Нягоднік! (Кідаецца даганяць.) Грошы!.. Гэта ж ты грошы ўзяў за партрэтам...

Сківаш (спыніўся). Гэтыя грошы прызначаліся для абсталявання маёй мастацкай студыі, яны мае...

Ніна Адамаўна. Грошы дзяржаўныя, іх трэба здаць у касу універмага, каб пакрыць нястачу.

Увайшоў Вася, стаіць ля парога і прыглядаецца да таго, што адбываецца ў кватэры. Сківаш хоча выйсці. Вася заступіў яму выхад.

Сківаш (да Васі). Прапусціце! Што вы загарадзілі дзверы?

Вася (рашуча). Выкладвай грошы! Чуў — яны дзяржаўныя...

Сківаш (вымае з кішэні пачак грошай і злосна шпурляе на падлогу. Разам з грашыма выпадае яго запісная кніжка). Бярыце!..

Ніна Адамаўна. А гадзіннік? Залаты гадзіннік аддавай!..

Вася. Аддавайце гадзіннік...

Сківаш. Да нітачкі абрабоўваеце. (Выкідвае гадзіннік на стол.) Цяпер можна ісці?

Ніна Адамаўна. Ідзіце, злодзей!

Заслона

 

 

Акт трэці

 

Карціна пятая

Прыёмная начальніка будаўніцтва электрастанцыі. За сталом — сакратарка, чытае кнігу. Направа — кабінет начальніка, дзверы адчынены і відно, што ў ім нікога няма. Уваходзяць з чамаданамі Вася, Паліна і Ліда.

Вася (да сакратаркі). Дазвольце звярнуцца да вас?

Сакратарка. Калі ласка, звяртайцеся...

Вася. Мы прыехалі працаваць на будаўніцтве электрастанцыі...

Паліна. Па камсамольскіх пуцёўках...

Сакратарка. Вам трэба ісці ў аддзел кадраў. Там вас аформяць на работу і ўладкуюць у інтэрнат і сталоўку.

Ліда. Мы хацелі б раней пабачыць інжынера Корбута.

Вася (паказвае на Ліду). Таварыш Мнушка вучылася разам з ім... Я і Паліна таксама ведаем яго... Ён запрасіў нас прыехаць сюды...

Сакратарка. Інжынер Корбут зараз на ўчастку. Наўрад ці будзе ён скора.

Вася і Паліна бяруцца за чамаданы.

Ліда (да сакратаркі). Калі вы ўбачыце інжынера Корбута, дык скажыце яму, што мы прыехалі...

Сакратарка. Не ведаю, ці ўбачу яго сёння...

Ліда. Ну, калі ўбачыце...

Сакратарка. Добра. (Зірнула на Ліду, сама сабе гаворыць.) Вельмі мне патрэбна... Сама знойдзеш, калі...

На парозе паяўляюцца Смышляк і Корбут. Вася, Паліна і Ліда з чамаданамі становяцца ўбок.

Смышляк (праходзячы ў кабінет). Вам, таварыш Корбут, трэба як мага хутчэй фарсіраваць перакрыццё ракі. Заўтра пераключу на ваш участак усе самазвалы.

Валодзя (ідучы поплеч). Неабходна вылучыць дадатковыя экскаватары... (Раптам убачыў Ліду, Паліну і Васю, спыніўся.) Лі-да-а! (Ступіў крок да яе.) Прыехала?! (Хацеў развесці рукі, каб абняць, але, разгубіўшыся, стрымаўся, падаў руку.) І Паліна... І Вася... прыехалі... (Здароўкаецца з імі.) Чакаў вас!..

Ліда. Пісьмо тваё, Валодзя, мы атрымалі. Дзякуй за ўвагу!

Сакратарка (сама сабе). Яна называе яго на «ты»...

Валодзя. Чаму вы трымаецеся за чамаданы? Сядайце, стаміліся ж за дарогу. (Праз дзверы да начальніка.) Іван Паўлавіч, да нас прыехалі на работу інжынер Лідзія Мнушка, шафёр Васіль Цябут і... Паліна Хацько.

Паліна. Маё прозвішча цяпер Цябут. Перад ад’ездам сюды мы з Васем пажаніліся.

Валодзя. Віншую, віншую! (Паціскае рукі Паліне і Васю, ускінуў позірк на Ліду, але тут жа адвёў.) Жадаю вам шчасця!

Смышляк (выйшаў з кабінета.) Люблю сустракаць людзей, якія прыязджаюць да нас жанатымі. (Прыветліва ўсміхаецца, здароўкаецца з Васем, Палінай і Лідай.) Правільна зрабілі... У нас патрэбны сямейныя людзі, пастаянныя кадры рабочых, інжынераў і тэхнікаў, а не такія, што шукаюць прыгод у сібірскіх нетрах. Усур’ёз трэба асвойваць тутэйшыя багацці, а не ганяцца толькі за тым, што ляжыць наверсе. У падземныя глыбіні трэба заглядваць... А для гэтага неабходна жыць тут заўсёды...

Вася. Мы і намерваемся застацца тут назаўжды.

Смышляк. Вельмі правільна... Бачылі ж, які горад мы заснавалі?..

Вася. Вялікі горад... І па ўсёй Сібіры, як ехалі, дык бачылі вялікае будаўніцтва.

Смышляк. Усюды будуецца камунізм. Наша электрастанцыя будзе буйнейшая ў свеце, дасць ток для дзесяткаў заводаў, якія таксама будуюцца ўжо... Быццам кроў па жылах, пацячэ па правадах жыццятворная энергія Ангары і не толькі асвеціць, але і пераўтворыць таежны край у індустрыяльны. Во як!..

Паліна. Цікава! Але вось, таварыш начальнік, у мяне спецыяльнасці ніякай няма. Ці змагу я навучыцца тут якой прафесіі?

Смышляк. Набудзеце прафесію. У нас на будаўніцтве ёсць курсы тынкоўшчыкаў, Каменшчыкаў, повараў і іншыя. На якія захочаце, на такія і паступіце. Вячэрняя школа адчыняецца. Абы жаданне, дык навучыцеся...

Паліна. Вельмі жадаю. Хачу быць самастойнай (смяецца), ні ад кога не залежнай, нават ад мужа.

Смышляк. Правільна! У наш час недаравальна чалавеку заставацца без прафесіі, трэба яе набываць, працаваць і расці, смела крочыць па шырокай жыццёвай дарозе. Вы малайчына, што разумееце гэта. Цяпер перад вамі адкрываюцца вялікія перспектывы... (Паўза.) Муж у вас, відаць, добры, працавіты, як і вы. Зажывеце на славу... Ну, а цяпер адпачніце дзянёк-другі з дарогі, а там — за работу. (Да сакратаркі.) Адвядзіце іх у інтэрнат ды скажыце ад мяне, каб размясцілі ў асобным пакоі.

Сакратарка. Хадземце!

Вася і Паліна выходзяць услед за сакратаркай.

Смышляк (да Ліды). Вось вы якая, інжынер таварыш Мнушка! Валодзя гаварыў мне аб вас. Добра зрабілі, што нарэшце прыехалі ў Сібір. Баяцца яе не трэба, яна ласкавая, як родная маці, калі з душой гарнуцца да яе. Паветра ў нас — чыстае, сухое, здаровае. Зімой градуснік паказвае мінус сорак, а цёпла, людзі не адчуваюць холаду... Не сумняваюся, што вы моцна палюбіце цудоўны сібірскі край.

Ліда. Мне падабаецца Ангара. А лясы якія багатыя...

Смышляк. Багаццяў — непачаты край! Валодзя пазнаёміць вас... А наконт работы заўтра пагаворым. Да пабачэння!

Смышляк падае Лідзе руку і выходзіць.

Валодзя. Ці ты гэта, Ліда?! Ажно не верыцца...

Ліда. Я вінавата перад табой...

Валодзя. Не гавары аб гэтым. (Развёў рукі, Ліда кідаецца ў яго абдымкі, прыпадае тварам да грудзей і плача.) Не плач, не трэба, дарагая. Я шчаслівы, што ты прыехала. Будзем жыць і працаваць разам. Цяпер ніхто нас не разлучыць...

Ліда. Ніхто, Валодзя! Я ніколі не пераставала цябе кахаць. Здарылася непаразуменне. Даруй!

Валодзя. Забудзем аб ім.

Ліда (нясмела). Але я, Валодзя, не ўсё яшчэ сказала табе.

Валодзя (бярэ яе чамадан). Скажаш пасля. Ты стамілася, хадзем, адпачнеш...

Яны выходзяць.

Сакратарка (увайшла, глядзіць у акно). На сваю кватэру павёў. Хто яна яму — нарачоная ці жонка ўжо?.. А я, дурная, спадзявалася. (Выцірае насоўкай твар.) Крыўдна!.. (Звоніць тэлефон.) Алё! Івана Паўлавіча няма. (Кладзе трубку.) Каб жа хоць прыгожая была, а то нейкая кікімара. І на што толькі ён зарыцца? У дваццаць разоў я прыгажэйшая за яе. (Глядзіць у маленькае люстэрка.) Сапраўды, прыгажэйшая. Чаму ж ён не выбраў мяне? Мусіць, яна даўно заблытала яго ў сваё павуцінне...

Смышляк (з парога). З кім гэта вы размаўляеце?

Сакратарка (села на сваё месца). Сама з сабой, Іван Паўлавіч. Адной сумна — вось і размаўляю, каб было весялей.

Смышляк. Песню б заспявалі.

Сакратарка. На песню няма настрою. Сапсаваўся...

Смышляк. Разумею: да Валодзі зямлячка прыехала.

Сакратарка. Зусім не таму... А скажыце, Іван Паўлавіч, яна жонка яго?

Смышляк. Пакуль, відаць, яшчэ не жонка, але, мусіць, хутка будзе ёю.

Сакратарка. А можа і не будзе?

Смышляк. Можа і не, гэта іх справа. (Ідзе ў кабінет.) Можаце ісці дамоў, я сёння адзін папрацую.

Сакратарка збіраецца і выходзіць. Смышляк дастае з сейфа справу, перагортвае старонкі, штосьці чытае. Уваходзіць Валодзя, азіраецца ў прыёмнай.

Смышляк (не ўзнімаючы галавы). Хто там?

Валодзя. Я, Іван Паўлавіч!..

Смышляк (здзіўлены). Што здарылася? Чаму так хутка пакінуў нявесту? (Смяецца.) Не паспеў сустрэць, як уцякаеш ужо...

Валодзя. Не ўцякаю яшчэ, Іван Паўлавіч, але і не ведаю, як быць. Хоць уцякай...

Смышляк. Сур’ёзна?

Валодзя. Сур’ёзна.

Смышляк. Нічога не разумею. Якая муха і каго з вас першага ўкусіла — яе ці цябе? Сустрэліся ж вы як самыя блізкія... І раптам... Што здарылася?.. Ты ж сам пісаў ёй, каб прыязджала, не мог дачакацца...

Валодзя. Так, Іван Паўлавіч: і пісаў, і чакаў, але ж...

Смышляк. Што «але ж»?.. (Смяецца.) Агледзеўся, што яна, будучы замужам, не захавала для цябе дзявочай нявіннасці? Глупства! Кахаеш — і ўсё тут... Жэняцца людзі і на ўдовах, і на разведзеных і нічога заганнага ў гэтым не бачаць... Яна развялася з мужам?

Валодзя. Не! Ён знік невядома куды... Але я не аб гэтым, Іван Паўлавіч... Яна прыехала да мяне цяжарная. Калі ад’язджала, кажа, сама яшчэ нічога не западозрывала, а ў дарозе адчула...

Смышляк. Вось як!.. Ну і што ж цяпер будзеш рабіць?

Валодзя. Не ведаю, Іван Паўлавіч. Усё дараваў ёй, але што дзіця народзіцца не ад мяне...

Смышляк. Цяжкая, брат, задача. (Паўза.) Але мне здаецца, што на аборт пасылаць яе не трэба — гэта ж першая цяжарнасць.

Валодзя. Першая...

Смышляк. Падумай як след і рашай сам. Ты ж ведаеш майго старэйшага хлопца — Андрэя?

Валодзя. Ведаю.

Смышляк. Я люблю яго так моцна, як і малодшага — Антона, а ён не ад мяне нарадзіўся. З Ірынай Аляксееўнай я ажаніўся пасля вайны. Муж яе загінуў на фронце, сын быў ужо гатовы. Ці з-за гэтага я павінен быў адмовіцца ад кахання да Ірыны? Не! Я стаў для яе мужам, а для Андрэя бацькам. І не шкадую, добра атрымалася...

Валодзя. У вас іншая справа. Муж Ірыны Аляксееўны загінуў на фронце...

Смышляк. Справа тут не ў мужы, а ў дзіцяці, і ты, не сумняваюся, будзеш любіць яго, як сваё.

Валодзя. Яно так, канечне...

Смышляк. Канечне...

Заслона

 

Карціна шостая

Калідор радзільнага дома. Некалькі дзвярэй. Справа — кабінет урача, злева — палата. У белых прасцінах на ложку ляжыць Ліда. Вочы яе закрытыя, твар бледны. Урач-жанчына трымае яе за руку. Побач — медсястра. Ліда расплюшчвае вочы.

Урач. Вось вы і ачнуліся...

Ліда (слабым голасам). Што са мной было?.. Я нічога не памятаю.

Урач. Вы моцна спалі. Гэта зусім натуральна пасля родаў і бывае амаль з кожнай...

Ліда. А я спалохалася.

Урач. Не трэба палохацца. У вас добра ўсё праходзіць. Вы нарадзілі такіх цудоўных сыноў. Вам пазайздросціць кожная маці...

Ліда. Прынясіце да мяне дзетак.

Урач. Прынясём. Зараз яны спяць. Усе трое — моцныя хлапчукі, адзін у аднаго...

Ліда. А скажыце, доктар, чаму ў мяне нарадзіліся трайняты?

Урач. Гэта не толькі ў вас. Нараджаецца нават на чатыры... Нічога незвычайнага ў гэтым няма.

Ліда. А мне здаецца, што гэта не к дабру. (Паўза.) Вы не гаварыце пакуль мужу аб гэтым — я сама скажу яму...

Урач. Ваш муж ведае ўжо. Калі вы спалі, ён прыходзіў...

Медсястра. Вялікі букет кветак прынёс і бутэльку кагору. Кагор вось стаіць (адчыняе тумбачку і паказвае), а кветкі я зараз прынясу сюды.

Медсястра выходзіць.

Ліда (да ўрача). Муж бачыў дзетак?

Урач. Бачыў. Калі толькі яму сказалі, што нарадзіліся трайняты, захваляваўся быў, быццам разгубіўся, а потым, даведаўшыся, што ўсе трое — сыны, узрадаваўся. Доўга стаяў ля іх, пільна глядзеў на маленькія тварыкі і, шчаслівы, усміхаўся. Вельмі шкадаваў, што нельга было з вамі пабачыцца. Хутка зноў прыйдзе. Добры ў вас муж. Для такога можна і паўтузіна нарадзіць.

Ліда. Што вы, доктар? Лепш бы я аднаго нарадзіла...

Урач. Ганарыцца будзеце сваімі сынамі. Не заўважыце нават, як яны вырастуць.

Медсястра прыносіць кветкі і ставіць у слоік на тумбачцы.

Медсястра. Вось які багаты букет!

Ліда. Дзякую!

Чуваць далёкі гул матора. Урач і медсястра глядзяць у акно. На фоне неба мільгае сілуэт самалёта, зніжаецца.

Ліда. Што там такое?

Урач. Самалёт. Напэўна, кансультант ляціць з вобласці. Мы запрасілі да вас прафесара. (Падыходзіць да ложка і папраўляе на Лідзе прасціну.) Ляжыце спакойна, ні аб чым не думайце, усё добра будзе. (Выходзіць з палаты і зачыняе за сабой дзверы.) Парадзіха адчувае сябе так, быццам вінавата перад мужам, што нарадзіла трайнят. (Глядзіць у залу.) Вы, грамадзяне, усміхаецеся. Чакайце, дасць бог, і ў вас народзяцца трайняты. Пабачым, як вы тады адчуеце сябе.

Урач ідзе ў кабінет і сядае за стол. Паяўляецца прафесар-кансультант і карэспандэнт з фотаапаратам. У карэспандэнце гледачы пазнаюць Аркадзія Сківаша.

Прафесар (здымаючы на хаду плашч). Мяне тэрмінова выклікалі да вас. Якое становішча парадзіхі?

Урач (падае прафесару халат). Гадзіну таму назад парадзіха апрытомнела, і агульны стан палепшыўся. Небяспека мінула...

Сківаш разгарнуў блакнот і запісвае.

Прафесар. Так і павінна быць. А як трайняты?

Урач. Харошыя. Усе — хлопчыкі. Важаць па тры кілаграмы кожны.

Прафесар. Малайцы хлопцы! (Мые і выцірае рукі.) Вядзіце мяне да іх. Спачатку пазнаёмімся з імі, а потым ужо з маці.

Урач (адчыняе бакавыя дзверы). Сюды, калі ласка!

Услед за прафесарам спрабуе прайсці Сківаш.

Прафесар. Не, не, малады чалавек! Вам пакуль нельга.

Сківаш (здзіўлены). Як нельга? Мне трэба здымкі зрабіць для газеты. Я і ляцеў затым, каб сфатаграфаваць трайнят і парадзіху.

Прафесар. Гэта потым, потым... (Зачыняе перад ім дзверы.)

Сківаш. Нахабства! Прадстаўніку друку не дазваляюць выканаць свой абавязак. (Злосна стукае кулакамі ў дзверы.) Адчыніце!..

На шум прыбягае санітарка.

Санітарка (глядзіць на Сківаша). Ці не звар’яцелі вы? (Паказвае на сцяну.) Вось жа напісана: «Захоўвайце цішыню!»

Сківаш. Мне фатаграфаваць трэба...

Санітарка (не разумее яго). А божа ж мой! Фатаграфуйце мяне, калі вам так прыспічыла.

Сківаш. Вы ж трайнят не нарадзілі.

Санітарка. А што тыя трайняты? Я дзесяцярых нарадзіла і выхавала. (Расхінае халат.) Бачыце, ордэн нашу...

Сківаш (здзіўлены). Сапраўды, ордэн... Дык вы маці-гераіня?

Санітарка. Не лыкам шытая баба. У газетах пісалі пра мяне.

Сківаш (зацікавіўшыся). І партрэт ваш змяшчалі, напэўна?

Санітарка. На цэлую старонку была фатаграфія. І цяпер яшчэ захоўваю тую газету.

Сківаш (сам сабе). Знаходка! Атрымаецца цікавейшы здымак: маці-гераіня прыйшла павіншаваць парадзіху з трайнятамі. Цудоўна! (Да санітаркі.) Сфатаграфую вас — ідзіце толькі хутчэй па кветкі.

Санітарка. То-та ж!.. З гэтага б і пачыналі адразу... Кветкі зараз прынясу.

Санітарка выходзіць. Паяўляюцца Смышляк і Валодзя, абодва з кветкамі.

Сківаш (стаў перад імі). Даруйце, таварышы! Да каго вы ідзіцё?

Смышляк. Ідзём праведаць маладую парадзіху і народжаных ёю дзетак.

Сківаш. Трайнят, канечне?..

Смышляк. Трайнят.

Сківаш. Як гуманна з вашага боку. Вы, мусіць, радня парадзісе?

Смышляк. Я яе начальнік, а ён (паказвае на Валодзю) — муж, бацька трайнят...

Сківаш. Як хораша! Вы мне і патрэбны. Пазнаёмімся. (Працягвае руку.) Карэспандэнт абласной газеты. Дазвольце задаць вам некалькі пытанняў?

Смышляк. Што вас цікавіць?

Сківаш. Кім працуе парадзіха?

Смышляк. Інжынерам па тэхніцы бяспекі.

Сківаш. Цудоўна! На колькі працэнтаў яна выконвае план?

Смышляк. Ліквідавала поўнасцю няшчасныя выпадкі на будаўнічых пляцоўках. Сумленны працаўнік...

Сківаш (да Валодзі). Вы таксама, відаць, інжынер?

Валодзя. Так, інжынер.

Сківаш. Як бацька, вы, канечне, рады, што ў вас нарадзіліся трайняты?

Валодзя. Тры сыны адразу...

Сківаш. Ёсць кім ганарыцца. Зайздрошчу вам ад душы. Праславіцеся на ўсю краіну, а можа нават і зарубежныя газеты напішуць пра вас. Цудоўна!

Валодзя. Гэтага вось я і не жадаю. Прашу вас не пісаць у газеце ні аба мне, ні аб маёй жонцы. Нараджэнне трайнят не такая ўжо вялікая падзея.

Сківаш. Не скромнічайце! Як карэспандэнт я не маю права замоўчваць факты, якія маюць дзяржаўнае значэнне.

Валодзя. Вы перавялічваеце...

Сківаш. Дзетанараджэнне — дзяржаўная справа. Усімі сродкамі трэба падтрымліваць і папулярызаваць сем’і, якія дбаюць аб гэтым. Нашай краіне патрэбна як мага больш людзей для засялення ўсіх куткоў яе неабсяжных прастораў. Каб ва ўсіх сем’ях кожны раз нараджаліся трайняты ці хоць двайняты, о, як хутка б павялічвалася наша насельніцтва. Тады б мы вырасталі за год, бадай, на цэлую Англію.

Смышляк. На Англію не на Англію, а Фінляндыі на чатыры абавязкова... Кадры патрэбны нам для будаўніцтва камунізма. Хоць мы жывём у век машын і атамаў, але чалавек — рашаючая сіла. Аб ім і трэба клапаціцца перш за ўсё.

Сківаш. Усяляк заахвочваць трэба дзетанараджэнне і ствараць для гэтага адпаведныя ўмовы. Адміністрацыя і грамадскасць будаўніцтва, канечне, паклапаціліся аб матэрыяльнай дапамозе трайнятам і іх бацькам...

Смышляк. Што залежала ад нас — зрабілі. Далі кватэру з чатырох пакояў і з усімі выгодамі. Камсамольская і прафсаюзная арганізацыі купілі дзіцячыя пасагі. Райздраў вылучыў медсястру, якая будзе памагаць маці ў выхаванні дзяцей...

Сківаш (запісвае). О, гэта цудоўна! Адразу відаць, што ў вас разумеюць важнасць задачы дзетанараджэння і правільна яе вырашаюць. Ваш вопыт варты пераймання...

Смышляк (усміхнуўся). Пакуль мы зрабілі толькі першы крок...

Сківаш. За першым зробіце другі і трэці. Важан пачатак...

Санітарка (паяўляецца з кветкамі). Вось я і гатова фатаграфавацца. Куды станавіцца?

Сківаш. Цудоўна! Станавіцеся сюды. (Стаўляе яе паміж Смышляком і Валодзем.)

Валодзя. Мяне не трэба... (Адышоў убок.)

Смышляк. І мяне таксама... (І ён адышоў.)

Сківаш. Шкада! Атрымаўся б сенсацыйны групавы здымак...

Смышляк. А вы без сенсацый. Сфатаграфуйце яе адну...

Сківаш. Не жадаеце — што ж зробіш? (Наводзіць фотаапарат на санітарку.) Узніміце крыху кветкі... Трымайцеся весялей... Усміхайцеся... Вось так! Цудоўна!.. (Фатаграфуе.)

Уваходзяць Паліна і Вася. Паліна ў спяцоўцы каменшчыка.

Паліна (пазнала Сківаша, спынілася). Сплю я ці не сплю? (Працірае кулакамі вочы.) Здаецца, і не сплю, а каго бачу?.. Аркадзій Якаўлевіч, няўжо гэта вы?

Сківаш (здзіўлены). Паліна?! Адкуль узялася?.. І Вася тут? О, дзіва! Калі вы прыехалі? (Спахапіўся.) Як цудоўна, малайцы, станавіцеся — сфатаграфую...

Паліна. У такой абстаноўцы я не жадаю. Каб на будаўніцтве сфатаграфавацца, як цэглу кладу...

Сківаш. І на будаўніцтве сфатаграфую, толькі спачатку зраблю здымкі трайнят і парадзіхі.

Вася. Ліды?

Сківаш. Якой Ліды?

Паліна. Хіба вы не ведаеце? Гэта ж Лідзія Піліпаўна трайнят нарадзіла.

Сківаш (здзіўлены). Лідзія Піліпаўна?.. Ці яна тут?..

Паліна. Мы разам прыехалі...

Сківаш. А-а-а!.. Я і не ведаў... Увесь час шукаў яе і не мог знайсці... Вось дзе яна... (Задумаўся.) Чакайце, чакайце!.. Дык гэта яна да таго студэнта?!.

Валодзя (наблізіўся да яго). Дык гэта вы і ёсць?..

Сківаш (нахабна). Я і ёсць!

Валодзя. Выбірайцеся вон адсюль, пакуль вас не выгналі. Не псуйце людзям кроў...

Сківаш. Не маеце права выганяць. Я...

Санітарка (крычыць). Не парушайце, грамадзяне, цішыні!

Вася, Паліна і Смышляк выштурхоўваюць Сківаша за дзверы і знікаюць самі.

Валодзя (адзін на сцэне). Які гвалт! Колькі шуму нарабіў...

Паяўляецца Сківаш. Ён не заўважае Валодзі.

Сківаш. Што ж атрымліваецца? (Лічыць.) Пяць... Сем... Дзевяць... Якраз дзевяць месяцаў. Выходзіць, што трайняты — мае дзеці... Тры сыны. (Паўза.) Асобная кватэра з усімі выгодамі... Дапамога грамадскасці... Але што мне з гэтага?.. Ліда запатрабуе развесціся са мной, каб запісацца з гэтым... (Убачыў Валодзю.) А, вы тут?.. (Робіць некалькі крокаў да яго.) Пагаворым з вамі як мужчына з мужчынам.

Валодзя. Мне няма аб чым гаварыць з вамі.

Сківаш. А мне ёсць аб чым. Як гэта вы ўкралі ў мяне жонку і трох сыноў? Я іх бацька, а вы карыстаецеся маімі выгадамі і правамі.

Валодзя. Што вы хочаце ад мяне?

Сківаш. Хачу дапамагчы вам. У вашых інтарэсах зараз уладзіць гэтую справу так, каб ніхто асабліва не ведаў, што трайняты нарадзіліся не ад вас. Калі вы заплаціце мне пятнаццаць тысяч рублёў, я адмоўлюся ад сваіх правоў на дзяцей і дам Лідзе развод. Усё ціха абыдзецца.

Валодзя (злосна). Выбірайцеся вон адсюль!..

Сківаш. Я раблю вам сур’ёзную прапанову як мужчына мужчыне. Падумайце!..

Сківаш выходзіць.

Валодзя (адзін). Вось дык гісторыя... Лепш праз зямлю праваліцца...

Заслона

 

Карціна сёмая

Зала судовых пасяджэнняў. У глыбіні сцэны падмосткі. За прадаўгаватым сталом на падмостках крэслы для суддзяў. За асобным столікам — сакратар. У зале публіка. На першай лаўцы злева Вася, Паліна і Ліда, справа — Сківаш. Уваходзяць суддзі і займаюць свае месцы за сталом.

Старшыня. Абвяшчаецца слуханне справы па іску грамадзянкі Лідзіі Піліпаўны Мнушкі да грамадзяніна Аркадзія Якаўлевіча Сківаша аб скасаванні шлюбу. Справа разбіраецца судом у складзе старшыні Вольгі Сцяпанаўны Абушкінай і народных засядацеляў Паўла Прохаравіча Ляпікава і Канстанціна Ціханавіча Мажэйкіна. Ісціца Мнушка!

Ліда (устала). Я!

Старшыня. Вы давяраеце дадзенаму складу суда?

Ліда. Давяраю.

Старшыня. А вы, грамадзянін Сківаш?..

Сківаш. I я давяраю...

Старшыня. Сведкай па справе выклікана грамадзянка Ніна Адамаўна Мнушка.

Ліда. Сведка Мнушка спазняецца. Паведаміла тэлеграмай з Новасібірска, што затрымліваецца вылет самалёта...

Старшыня (узгадняе штосьці з членамі суда, затым). Агалашаецца заява ісціцы. (Чытае.) «У жніўні мінулага года я выйшла замуж за Аркадзія Якаўлевіча Сківаша. Жылі мы на кватэры маіх бацькоў. Праз паўтара месяца пасля шлюбу Сківаш пакінуў мяне цяжарнай. Я пераехала ў Сібір, паступіла працаваць на будаўніцтва электрастанцыі і ўступіла ў фактычны шлюб з грамадзянінам Уладзімірам Корбутам, які прызнаў за сваіх народжаных мною ад Сківаша траіх дзяцей і клапоціцца аб іх, як родны бацька. Паколькі мой шлюб з грамадзянінам Сківашом фактычна распаўся, я прашу скасаваць яго. Лідзія Мнушка.» Грамадзянін Сківаш! Ці згодны вы на скасаванне шлюбу з грамадзянкай Мнушка?

Сківаш. Не, не згодзен! Я сумленны чалавек і хачу, каб мая жонка і мае дзеці жылі са мной.

Старшыня. Дзе і ў якасці каго вы працуеце?

Сківаш. Маё прызванне — мастацтва. У апошні час працаваў фотакарэспандэнтам абласной газеты. Праўда, гэта не зусім па маёй спецыяльнасці, але блізка да яе прымыкае. Зараз зволіўся з рэдакцыі, бо вырашыў цалкам прысвяціць сябе мастацтву, у прыватнасці стварэнню серыі мастацкіх карцін аб сібірскіх новабудоўлях шостай пяцігодкі, увекавечанню для гісторыі вобразаў выдатных герояў, якія пераўтвараюць дзікую Сібір у квітнеючы край. З гэтай мэтай і хачу застацца жыць і працаваць са сваёй жонкай на будаўніцтве тутэйшай электрастанцыі.

Ліда (выкрыквае з месца). Ён не мастак, ён хоча...

Старшыня (перапыняе яе). Грамадзянка Мнушка! Вам будзе прадастаўлена слова... Грамадзянін Сківаш, прадаўжайце...

Сківаш (не ведае, што гаварыць). Я... я адказаў на ваша пытанне, грамадзянін суддзя.

Член суда. Пры якіх акалічнасцях вы пазнаёміліся і ажаніліся з грамадзянкай Мнушкай?

Сківаш. Спачатку я пазнаёміўся з яе маці — Нінай Адамаўнай. Адбылося гэта на курорце, дзе я выконваў заказы адпачываючых на партрэты і на фотакарткі. Ніна Адамаўна таксама заказала мне свой партрэт. Я распачаў над ім працу, але не паспеў скончыць да яе ад’езду. Ніна Адамаўна прапанавала мне ехаць з ёю, спыніцца ў яе кватэры і... скончыць партрэт. Паколькі іншыя заказы мною былі выкананы, я згадзіўся ехаць... На курорце яшчэ, затым у дарозе Ніна Адамаўна шмат гаварыла мне аб сваёй дачцы, хваліла яе розум і прыгажосць, вельмі непакоілася, што нейкі студэнт-выпускнік, які зусім няварты Лідзіі Піліпаўны, спакушае яе ехаць з ім у Сібір... Калі мы прыехалі, Лідзія Піліпаўна сустрэла нас на вакзале, і прызнаюся на судзе, што спадабалася мне з першага погляду. На другі дзень мы ўтраіх хадзілі ў тэатр, дзе Ніна Адамаўна шапнула мне на вуха, што я таксама вельмі спадабаўся Лідзіі Піліпаўне. Тут жа яна дадала, што, як маці, жадае, каб мы пажаніліся. Я ўзрадаваўся такой прапанове, але пачаў адмаўляцца, спасылаючыся на тое, што нідзе не маю кватэры і не паспеў яшчэ праявіць сябе ў мастацтве. Ніна Адамаўна паабяцала, што ў самым хуткім часе выклапача для нас кватэру і раздабудзе грошай на абсталяванне мастацкай студыі, якая мне неабходна. Ну, вядома, я згадзіўся на шлюб з Лідзіяй Піліпаўнай...

Член суда. А праз паўтара месяца пакінулі сваю жонку. Якія былі на гэта прычыны?

Сківаш. Вельмі важкія. Калі я ажаніўся з Лідзіяй Піліпаўнай, дык не сумняваўся ў прыстойнасці яе бацькоў. Потым выявілася, што я глыбока памыліўся. Яе бацькі аказаліся несумленнымі людзьмі — спекулянтамі. Міліцыя выкрыла іх злачынствы і прыцягнула да адказнасці. Вядома, я, як сумленны чалавек, не мог заставацца ў іх доме, бо гэтым зганьбіў бы сваё добрае імя.

Ліда (з месца). Вы патрабавалі ад маіх бацькоў грошай і штурхалі іх на спекуляцыю...

Старшыня (перапыняе). Грамадзянка Мнушка...

Сківаш (працягвае). Я... я вымушан быў пакінуць іх, але, як сумленны чалавек, намерваўся ў самым хуткім часе ўзяць да сябе сваю жонку. Але раней, чым я змог гэта зрабіць, Лідзія Піліпаўна выехала з горада. Я не ведаў, дзе яна, потым дайшлі весткі, не памятаю зараз праз каго, што яна паехала ў Сібір. Я і накіраваўся ўслед за ёю, доўга шукаў па розных новабудоўлях, пакуль, нарэшце, не знайшоў у тутэйшым радзільным доме. Але Лідзія Піліпаўна адмовілася прызнаць мяне за свайго мужа і за бацьку народжаных ёю трайнят, заявіла, што састаіць у шлюбе з іншым мужчынам і быццам бы дзеці нарадзіліся ад яго. Гэта мана, грамадзяне суддзі! Просты разлік часу, калі я знаходзіўся ў сужыцці з ёю, і дата нараджэння дзяцей сведчаць аб тым, што цяжарнасць была ад мяне і я з’яўляюся бацькам трайнят, а пагэтаму хадайнічаю перад судом аб прызнанні маіх бацькоўскіх правоў на іх і не згаджаюся на скасаванне шлюбу, бо, як сумленны чалавек, хачу сам выхоўваць сваіх дзяцей і праяўляць клопаты аб жонцы. (Сярод публікі праходзіць шумок.)

Старшыня. Грамадзянка Мнушка не адмаўляе таго, што дзеці нарадзіліся ад вас.

Сківаш. Цяпер не адмаўляе, а тады адмаўляла. Яна хацела ўтаіць гэты факт ад грамадскасці.

Ліда (да суда). Дазвольце, я вытлумачу...

Старшыня. Калі ласка!..

Ліда. Я не хацела, каб было вядома, што дзеці нарадзіліся не ад Уладзіміра Корбута. Ён фактычна ўсынавіў іх і з’яўляецца сапраўдным бацькам, а Сківаш не мае на гэта ніякага права. Уладзімір Корбут хадайнічае перад судом — вось яго заява (набліжаецца да стала і падае паперу) — аб юрыдычным прызнанні яго бацькоўства... Сківаш ажаніўся са мной не для таго, каб стварыць трывалую сям’ю, а пазарыўся на тое, што маці паабяцала яму кватэру і грошы на абсталяванне мастацкай студыі. І зараз, не згаджаючыся на скасаванне шлюбу, ён дамагаецца карысці для сябе. Майму мужу Уладзіміру Корбуту ён заявіў, што згодзіцца на развод і адмовіцца ад бацькоўства на дзяцей толькі тады, калі яму будзе заплачана пятнаццаць тысяч рублёў.

Голас з публікі. Нягоднік!

Сківаш (з месца). Лідзія Піліпаўна хлусіць. Я сумленны чалавек і люблю сваіх дзяцей...

Член суда (да Ліды). Грамадзянка Мнушка! Чаму вы, так мала ведаючы грамадзяніна Сківаша, згадзіліся на шлюб з ім?

Ліда. Мне цяжка аб гэтым гаварыць. У той час я знаходзілася ў страшэннай разгубленасці. Сківаш паявіўся ў нашым доме якраз тады, калі я рассталася з каханым чалавекам... з Уладзімірам Корбутам. Нават цяпер яшчэ не магу асэнсаваць па-сапраўднаму, чаму я зрабіла такое глупства. (Памаўчала.) Шмат у чым вінавата мая мама. Я не маю права асуджаць маці, але павінна сказаць, што яна зрабіла мне дрэнную паслугу, калі не пусціла ехаць у Сібір з Уладзімірам Корбутам. Затым яна «выбрала» для мяне жаніха па свайму густу — вось ён перад вамі — і настаяла на маім шлюбе з ім. Я не хацела крыўдзіць маці і не праявіла неабходнай самастойнасці. Калі б я не паслухала яе, не спалохалася «жахлівай» Сібіры, якую цяпер, пазнаўшы, моцна палюбіла, не было б усёй гэтай недарэчнай гісторыі з маім шлюбам. Ды і бацька мой не зрабіў бы таго злачынства, за якое адбывае зараз пакаранне...

У залу ўваходзіць Ніна Адамаўна.

Спынілася.

Старшыня (заўважыў яе). Вы, грамадзянка, з’явіліся па выкліку суда?

Ніна Адамаўна. ...Прыляцела самалётам за пяць тысяч кіламетраў, каб выступіць сведкай...

Ліда (бяжыць да яе). Ма-ма!..

Ніна Адамаўна. Дачушка мая!..

Яны абдымаюцца і цалуюцца.

Старшыня (перачакаў, пакуль яны расцалаваліся). Як ваша прозвішча, імя і па бацьку?

Ніна Адамаўна. Мнушка, Ніна Адамаўна.

Старшыня. Раскажыце суду, што вам вядома аб шлюбе вашай дачкі Лідзіі Піліпаўны Мнушкі з грамадзянінам Сківашом.

Ніна Адамаўна. Усё мне вядома аб гэтым шлюбе. Лепш бы не было яго зусім. Па непаразуменню ўпякала я сваю дачку за гэтага прайдзісвета (паказвае на Сківаша), а цяпер хоць валасы рві на сваёй галаве. Гэта ж не чалавек, а злыдзень, які загубіў не адно жыццё...

Сківаш (з месца). Грамадзяне суддзі! Я пратэстую! Яна зневажае маю чалавечую годнасць...

Старшыня (перапыняе). Сведка Мнушка! Гаварыце па сутнасці справы.

Ніна Адамаўна. Я па сутнасці справы і гавару. Падумайце ж самі, таварышы суддзі, што гэта за чалавек, калі яго шлюб з маёй дачкой быў трынаццаты па ліку. Не паспеў ён пражыць на свеце і трыццаці год, як ажаніўся ўжо трынаццаць разоў. Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана — трынаццаць разоў...

Сківаш (з месца). Што яна вярзе? Звар’яцела, мусіць?

Старшыня. Грамадзянін Сківаш, не перашкаджайце...

Ніна Адамаўна. Не я звар’яцела, а, напэўна, той, хто гэтулькі разоў жаніўся. Вось дакумент!.. (Вымае з сумачкі і перадае суду запісную кніжку.) Уласнай рукой самога Сківаша тут усё запісана... Бедная мая Лідачка была трынаццатай яго ахвярай. Ён ажаніўся ў Чарапаўцы з Галінай, у Жлобіне з Алесяй, у Еўпаторыі з Тамарай, у Жытоміры з Аксанай. У яго ёсць жонкі ў Ліпецку, Армавіры, Ташкенце, Пяцігорску і іншых гарадах. Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана — гэтулькі жонак!

Старшыня (перагортвае запісную кніжку, чытае, затым паказвае Сківашу). Гэтыя запісы зроблены вамі?

Сківаш (разглядае). Здаецца, што почырк мой...

Старшыня. Значыцца, вы састаялі ў шлюбе з усімі пералічанымі тут жанчынамі?

Сківаш. Не, не састаяў. Мае сувязі з імі былі выпадковымі, ні адна з іх не была маёй жонкай, акрамя Лідзіі Піліпаўны.

Старшыня. Вашай рукой вось запісана: «Шлюб з Лідай — трынаццаты. Чортаў тузін! Як бы чаго не здарылася? Не здарыцца, дзівак,— дзейнічай!»

Сківаш. Я, відаць, запісаў гэта жартам...

Ніна Адамаўна. Ён і жаніўся трынаццаць разоў жартам. Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана — жартам жаніцца...

Старшыня. Сведка Мнушка! Скажыце, як трапіла да вас гэтая запісная кніжка?

Ніна Адамаўна. Я знайшла яе ў той вечар, калі Сківаш уцёк з нашай кватэры. Ён, відаць, згубіў яе...

Старшыня (да Ліды). Ці ведалі вы аб гэтай кніжцы?

Ліда. Не! Мама мне не гаварыла.

Ніна Адамаўна. Я тады не чытала яе, паклала ў пісьмовы стол мужа і забылася. Успомніла аб ёй цяпер, калі збіралася ехаць на суд. Пачала чытаць і... ажно холадам мяне праняло. Дзе гэта бачана, дзе гэта чувана — упякала родную дачку за такую вужаку... Тут жа я села і напісала пісьмы ўсім яго жонкам у розныя гарады. Пакуль атрымала толькі сем адказаў. Вось яны... (Вымае з сумачкі пісьмы і перадае суду.) Пяць жанчын пішуць, што маюць ад Сківаша дзяцей, жывуць адзінокімі і не атрымліваюць ад яго дапамогі. Аксана паведаміла з Жытоміра, што Сківаш абакраў яе і ноччу ўцёк. Вось які ён чалавек! І калі ад нас уцякаў, таксама хацеў украсці грошы і залаты гадзіннік, толькі мы адабралі. Тут вось прысутнічаюць Вася і Паліна, яны могуць пацвердзіць гэта.

Вася (з месца). Правільна! І мне прыйшлося ўмешвацца...

Паліна. Бачыла і я...

Старшыня. Сведка Мнушка! Прадаўжайце ваша паказанне...

Ніна Адамаўна. Здаецца, я ўсё сказала... Ага, не сказала яшчэ вось чаго... Сківаш выдае сябе за мастака, а на самай справе ён не мастак, а толькі пэцкаль: маляваў, маляваў партрэт ды і не скончыў — насіў у мастацкую майстэрню дамалёўваць. Я даведалася аб гэтым з квітанцыі, якую знайшла ў яго запісной кніжцы. (Перадае суду квітанцыю.) Па ёй заплачана майстэрні пяцьдзесят рублёў. Калі я панесла свой партрэт у майстэрню, дык там усе пазналі, што дамалёўвалі іменна яго.

Паліна (з месца). І я пацвярджаю. Сківаш сам не змог намаляваць партрэт, насіў у майстэрню...

Ніна Адамаўна. Вось які ён абманшчык, працаваць не хоча, а ашуквае людзей... (Замаўчала.)

Старшыня. Вы скончылі, сведка Мнушка?

Ніна Адамаўна. Здаецца, што цяпер усё сказала...

Старшыня (да Сківаша). Колькі вашых сужыцельніц маюць ад вас дзяцей?

Сківаш. Ні адна не гаварыла мне аб гэтым. Мае сувязі былі з імі кароткімі... Што ж датычыцца заявы сведкі Мнушкі аб тым, быццам я хацеў украсці грошы, дык гэта няпраўда. Тыя грошы прызначаліся мне на абсталяванне мастацкай студыі, і я хацеў іх узяць з сабой, а залаты гадзіннік я проста забыўся выкласці з кішэні... І ў Аксаны я таксама нічога не ўкраў, калі пайшоў ад яе...

Старшыня. Колькі часу вы жылі з Аксанай?

Сківаш. Каля трох месяцаў.

Старшыня. Па якой прычыне пакінулі яе?

Сківаш. Яна старэйшая за мяне па ўзросту, і мы не сышліся характарамі.

Старшыня. Ваш шлюб з ёю быў зарэгістраваны?

Сківаш. Не!

Старшыня (запытвае аднаго члена суда, потым другога, затым звяртаецца да Ліды). Ісціца! Ці ёсць у вас матэрыяльныя прэтэнзіі да Сківаша на ўтрыманне дзяцей?

Ліда. Няма. Мае дзеці забяспечаны ўсім неабходным. Сківаш не варты таго, каб называцца іх бацькам, і я адмаўляюся ад аліментаў з яго... Прашу суд скасаваць мой шлюб з ім і пазбавіць яго бацькоўскага права на маіх дзяцей.

Сківаш (з месца). Я пратэстую!..

Старшыня (да Сківаша). Якія ёсць у вас хадайніцтвы перад судом?

Сківаш. Я хадайнічаю, каб суд вярнуў мне маіх дзяцей і жонку. На скасаванне шлюбу я не згаджаюся...

Старшыня. Іншых хадайніцтваў няма?

Сківаш. Няма.

Старшыня. Суд выходзіць на нараду.

У зале застаецца публіка. У суправаджэнні Валодзі паяўляецца Піліп Захаравіч Мнушка. Ён апрануты ў ватоўку і кірзавыя боты.

Ліда (убачыла бацьку). Та-та!.. (Кідаецца да яго.) Та-тач-ка!..

Ніна Адамаўна. Піліп?! Цябе выпусцілі?!

Мнушка (цалуецца з дачкой і жонкай). Па амністыі вызвалілі...

Ліда (зноў цалуе бацьку). Назаўжды?..

Мнушка. Назаўжды... Даравалі, толькі папярэдзілі, каб сумленна жыў на свеце...

Ніна Адамаўна (падае перад ім на калені і плача). Даруй мне, Піліп!.. Гэта я нарабіла...

Мнушка. Устань, Ніна! Не трэба...

Ліда і Валодзя дапамагаюць ёй устаць.

Ніна Адамаўна (устала). І перад вамі я вінаватая, дзеткі. Даруйце мне!..

У залу ўваходзіць міліцыянер, набліжаецца да Сківаша.

Міліцыянер. Грамадзянін Сківаш.

Сківаш (устаў). Я!

Міліцыянер. Па рашэнню суда супроць вас узбуджаецца следства, вы берацеся пад варту...

Сківаш (спалохаўся). Пад варту?.. А прысуд?..

Міліцыянер. Прысуд будзе аб’яўлены...

1957 г.

Канец


1959?

Тэкст падаецца паводле выдання: Дудо П. Чортаў тузін. Сатырычная камедыя ў 3-х актах, сямі карцінах. Мінск, Дзярж-выд. БССР, 1963.
Крыніца: скан