epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Агні Сусвету

 

 

Прысвячаецца дзесяцігоддзю

Кастрычніка

 

 

* * *

Жыццё — гэта песня, шырокі размах,

акорды складаюцца ў гамы.

А крыллі імкненняў так цяжка узняць,

калі іх патопчуць нагамі.

 

Даўно, мо як толькі паўстаў Чалавек,

даўно, як запомніць ён можа,—

праходзілі людзі па чыстай траве,

тапталі і мялі прыгожасць.

 

У прагным імкненні стварыць абсалют —

адвечную тайну сусвету —

галовы складалі на жвір, на зямлю,

а ўсё ж не засталася следу.

 

Вятры у вяках замяталі сляды,

таму узрастала напорнасць.

Адны прападалі і чэзлі, як дым,

другіх уцяшала пакорнасць.

 

А трэція толькі ішлі ды ішлі

да мэты — імкнуцца каб вечна.

І так вось папросту на чорнай зямлі

скавала людзей супярэчнасць.

 

Яна тады крыллі зламала нашчэнт,

іх людзі стапталі нагамі,

як быццам не зналі, што рухі планет

заўсёды нязменны над намі.

 

Жыцця выпадковасць не сцісне ніяк —

законам размераны формы —

і думка твая, ці яго, ці мая

сусвет не парэжа па норме.

 

Жыццё — гэта песня, шырокі размах,

акорды складаюцца ў гамы.

Абломаных крылляў мо й нам не узняць —

стаптаны нашчэнт пад нагамі?!

 

* * *

І сонца гарэла, і зоры цвілі,

і падалі ўніз метэоры,

а людзі прыпалі да цьмянай зямлі,

каб выплакаць скруху і гора.

 

У сэрцах паслаўся няведамы гнеў —

бязмежнасць абняць немагчыма.

Як вецер каліны не зломіць — сагне,

развее лісты па лагчынах.

 

Вось так і ў шалёнай пагоні людзей

сусвет пашчапаць на кавалкі...

Прыходзіла ноч адрадзіць новы дзень,

прыносіла думак навалы.

 

І чыннасць людская — вар’яцкія сны —

згарала ў адных летуценнях.

І продкаў сваіх пракліналі сыны —

народ стаў тварцом без тварэнняў.

 

Паклалі надоўга прымусу пячаць

На працу, на думку, імкненне...

Распялі Хрыста, каб сябе апраўдаць,

прыдумалі рай для збавення.

 

Нібы у пакутах — людскі ідэал,

а мэта — ў імкненнях бязмэтных.

Віталі, хто цела й душу прадаваў,

прарочылі гэным бяссмертнасць.

 

А вобраз вялікі як існасць і сон,

стапталі нагамі, пабілі,

(дагэтуль шчэ сочыцца кроў на пясок)

Сакрата яны атруцілі.

 

Праз выдумкі-вобраз пакорны Хрыста,

праз тысячы смерцяў Сакратаў

хацелі вялікасцю свету паўстаць,

каб сонца рукамі ім кратаць.

 

* * *

Гады праміналі, сталецці ішлі,

знікалі, як сон, пакаленні.

Ці ў колерах яркіх залочаных ліп

згарала людское сумленне?

 

Ці ветры разносілі ў скаргах яго,

ці хмары мачылі дажджамі?..

Так тысячы тысяч нялічаных год

жалоба звісала над намі.

 

Панурая цемра ляжала наўкол...

Гадалі і ўночы і ўдзень.

Згадае ўсялякі, не з’іншыць ніхто

агні гістарычных падзей.

 

Адны вось за гэтым паўзлі па зямлі,

другія з пагардай тапталі.

Трывожныя пошчакі ў змроку ляглі

ад звону завостранай сталі.

 

Ізноў узнімаліся людзі з магіл

і гінулі ў бойках нялюдскіх.

Адна за другой рэвалюцыі йшлі,

чакалі яшчэ рэвалюцый.

 

Чакалі, што прыйдзе, народзіцца дзень,

запаліць агні над сусветам.

Бы рукі разняў чалавечыя цень,

высока ўзышоўшы над светам.

 

А можа паўстаў ідэал-Чалавек,

загнаны пагоняю лютай? —

Ён такжа напорна ад веку у век

ішоў да свайго абсалюту.

 

І месяц выходзіў з-пад хмараў і злёг,

глядзеў на худыя на рукі,

і доўга ён, доўга стаяў над зямлёй,

як вобраз сусветнае скрухі.

 

* * *

Вайна, як здань, прасцерла рукі,

як цень, над светам бродзіць смерць...

 

Ад таго над рэчкай

зашумелі вербы,

а лясы на ўзгорках

шалясцяць.

І туманы нешта

ахінулі неба...

(Дапівалі горкасць

ад жыцця).

 

Заламала рукі,

заламала Маці:

— Сынку, ты загінуў!.. Як?!

І дзе?!

Засталася скруха

на уцеху ў працы,

на карысць краіны

У бядзе.

 

Страчалі дзень, не лічачы калецтваў,

а смерці цень заўсёды рос;

здавалася, няма, не будзе чалавецтва,

і на зямлі суздром хаос.

 

І заўсёды на жвір,

распаляючы зірк,

сыпаліся слёзы,

сыпаліся ціха:

— Ці мінецца гора,

ці мінецца ліха?!

 

Праміналі гады,

скавыталі вятры...

Галасіла Маці-Беларусь

спрадвеку

і чакала сына,

сына-Чалавека.

 

Ападалі лісты,

усцілалі масты:

перайсці да шчасця,

перайсці на бераг,

акавіты выпіць

і агню набераць.

 

Зацвіталі сады,

прападалі сляды...

Сумавала Маці,

сумавала часта:

 

— А ці сын забіты,

а ці сын прапашчы?!

Надзеі змрочныя, і мары чорныя,

і крыкі дзікія, і дзікі лямант...

 

* * *

Змаганне не моўкне, змаганне шуміць,

змаганне вітаюць паэты.

Змагаліся продкі, змагаліся мы,

ды толькі за іншыя мэты.

 

Адно вось не знаю — завошта яны

змагаліся наскаю сілай?

(Як сведкі нядаўна мінулай вайны,

травой зарастаюць магілы).

 

Яны, пэўна, меліся знішчыць сусвет,

і тым дасягнуць абсалюту;

забыліся, мусіць, што вечнасцю свет

паб’е дарагую валюту.

 

Забыліся такжа спрадвечны закон

(ён ляжа у нас у аснову);

не скрышацца формы на цягу вякоў,—

сусвет ужо гэтак заснован.

 

Яны меркавалі: стаптаны нашчэнт,

не ўстане да працы напорнай.

Аднак жа праз ноч адраджаецца дзень,

і гіне самота і горкасць.

 

Закованы гэтак народ-Праметэй

паўстаў і штандары узвеяў:

— Не трэба нам тысячы подлых ідэй —

адзіная наша ідэя:

 

«Мы ўсё збудавалі! — разбурым наўсцяж,

пакінуўшы грунт непарушным,

каб зноў збудаваць, дзе ў эмблему жыцця

тварцы пакладуць свае душы».

 

* * *

Зоры мае, залатыя мае,

асенняя ясная зорнасць!..

Ці гэта агні пачалі палымнець

у шатах маўклівасці чорнай?

 

У марных патугах сусвет пашчапаць,

каб вытварыць форму трыкліні —

яны толькі здолелі свет разгадаць,

не здолеўшы сувязь адкінуць.

 

І гэта не дзіўна: сусвет — абсалют,

а людзі — ягоная частка;

не створыць жа сотая доля зямлю,

а цэлае долю дык часта...

 

Гараць і палаюць сусвету агні,

каб грунт абярнуць ў перагасу —

з яе нараджаецца ў нашыя дні

у руху няспыненым шчасце.

 

1927 г.


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 1. Вершы, балады і паэмы /[Аўт. прадм. А. Вялюгін].— Мн.: Маст. літ., 1984.— 319 с. 1 л. партр.4 л. іл.
Крыніца: скан