epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Арлянка

Прысвячэнне
1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13
14
15
16
17
18
19
20
21
22
23
24
Эпілог


 

 

Прысвячэнне

...А бывае часіна,

што ноч навылёт

Прасвідруе цябе успамінамі:

Паўстаюць перад зрокам

мільёны галоў,

Што ў змаганні за волю

загінулі.

 

Гэта нашае памяці струджаны след

Кліча іх са старонак гісторыі,—

І прыходзяць яны,

як жывыя,

у сне,

І тады урачыста гаворым ім:

 

— Мы калісьці у шэрагах грозных ваяк

Прысягалі над вашымі трунамі

Збудаваць над сусветам высокі маяк,

Што завецца Вялікай Камунаю.

 

Перад вамі сягоння запаляць агні

Усе нашы электрыкастанцыі:

Аглядайце краіну даўнейшых руін,

Дзе хадзілі ў дваццатым паўстанцамі!

 

Між герояў,

што славяцца досціпам рук,

Вызначаем пачэснае месца ім:

Яны ўсе баранілі калісь Беларусь

Радавымі чырвонаармейцамі.

 

Яны ўсе ваявалі за нашу вясну —

Гэта помняць жывыя

і ведаюць

І упарта,

сумленна

цагліны нясуць

У падмурак Камуны сусветнае.

 

Маладыя паэты!

У цёмных лясах

Мы не біліся з ворагам шаблямі вострымі,

Дык падымем жа спеў,

панясём на прасцяг

Як вянок на магілы геройскія.

 

Мы прысвецім найлепшую песню сваю

Тым,

што йшлі праз балоты палескія,

Што загінулі мужна ў вялікім баю

За Беларусь,

За Савецкую!

 

 

1

 

Б’е зямлю капытамі конь,

Выгінае шырокую шыю:

Чуе —

Мчыцца за ім эскадрон,

Чуе —

Коні храпуць чужыя.

 

Гэта гоніцца блізкая смерць

Праз нізіны,

узгоркі

і гаці.

Узяліся пачуцці гарэць

Неадступным жаданнем змагацца...

 

Не за славу крывіцкіх славян,

Не за ўласную долю

і лёс свой,

А за шчасце рабочых,

сялян,

Гарадоў занядбаных

і вёсак.

 

І ласкава цяжкою рукой

Песціць коннік шырокую шыю:

— Быццам віхар,

Імчыся, мой конь,

Каб цябе не дагналі чужыя!

 

Нам патрэбна хвіліна адна

На жыццё

і на ростань з палямі.

Калі возьмем яе — не дагнаць,

Не злавіць нас тады за лясамі.

 

Дык імчыся жыццю наўздагон,

Недалёка ускраіна гаю!..

 

Выгінаецца стомлены конь,

Да зямлі жыватом прылягае.

 

Толькі сілы слабеюць штораз,

Штохвіліны цяжэй усё дыша.

Гэтак блізка жаданы папас,

Але смерць за папас яшчэ бліжай.

 

Аглянуўся адважны яздок,—

Даганяе раз’ятраны вораг.

Павярнуў ён каня

і уздоўж

Выцяў з роспачы востраю шпорай.

 

Ашалеў замардованы конь,

Зачапіўся за камень дарожны,

Спатыкнуўся,

узняўся,

ізноў

Паваліўся,

працяжна захропшы.

 

Ухапіўся за стрэльбу ваяк,

Безнадзейна навокала глянуў:

Пакаціліся вочы каня

І расталі у белым тумане.

 

А на змену з імглістасці тэй,

Як вясновыя нашы заранкі,

Загарэліся іскры вачэй

Маладой

і далёкай

каханкі.

 

Навявала яна супакой,

Але вораг разбіў

і парушыў:

Абступілі хлапца навакол

І скруцілі вяроўкамі рукі.

 

 

2

Здратаваным лугам,

Збітымі палямі

Праязджалі цугам

Белыя палякі.

 

Праімчаўся лёскат

Пошчакам драўляным;

На пастой у вёску

Ехалі уланы.

 

Зазвінелі шыбы,

Затрашчалі клямкі.

Вісне над сялібай

Апантаны лямант.

 

— Уцякай,

дзяўчына,

Сплямяць твае грудзі! —

А яна ў кручыне

Заламала рукі.

 

Правялі уланы

Скручанага вязня:

— Гэта ж любы Янак,

Дарагі мой, ясны!..

 

Выправіла з гора

Да сваіх,

чырвоных...

Дзе ж ты быў учора?!

Дзе ж ты будзеш сёння?!

 

На якім жа месцы

Смерць табе учыняць?!

 

Плача каля весніц,

Журыцца дзяўчына.

 

Афіцэр здалёку

Глянуў на аблічча,

Падміргнуўшы вокам,

Пад’язджае бліжай:

 

— Пекная сялянка,

Кім ты занядбана?

Пацалуй,

смуглянка,

Русага улана!..

 

Задрыжалі бровы,

Глянула наўкоса:

— Пацалуй...

як зловіш,

Болей не папросіш!

 

Афіцэр ад злосці

Закусіў аж губу:

— Гэй,

гуляйце,

госці,

На чужую згубу!

 

Покуль хлеба хопіць,

Будзем гаспадарыць...

Пачынайце,

хлопцы,

Покуль гром не ўдарыў!

 

Зарыкалі нема

Пад нажом каровы.

Набухалі гневам

Цёмныя дубровы.

 

Галасілі маткі,

Ажно лес галёкаў:

Рабаваў манаткі

Афіцэрскі лёкай.

 

Лютыя жандары

Разрывалі сэрца.

— Трэба іх пажарам

Назаўсёды сцерці!

 

Паразносіў чуткі

Вецер скоры,

лёгкі.

Аб’ядналі думкі

Блізкіх

і далёкіх.

 

І як вечар дымны

Постаці заценіў,

Ціха ад будынкаў

Адышліся цені.

 

 

3

Межамі,

полем,

дарогаю,

проста

Праз цаліну,

наўкасы,

уцалік

Крадзецца ціха

за постаццю

постаць —

Далей ад хаты,

ад роднай зямлі.

 

Клічуць лясы,

непраходныя пушчы

Вабяць сваім

недаступным нутром:

Там

ані здзекаў,

ні панскай распусты,

Там толькі

смелы гартуецца крок.

 

Там

запаляюцца крыўды настроі

Помстай праўдзівай,

што кліча да дзей

Лес партызанам —

надзейная зброя,

Пушча —

магутная іх цытадэль.

Межамі,

полем,

дарогаю,

проста

Праз цаліну,

уцалік,

наўкасы

Рушыць

змагацца

загнаная вёска,

Крадуцца цені

ад хат

у лясы.

Нікнуць

у мораку

постаці

хутка,

І...

на магілах,

дзе клёны шасцяць,

Хтось засвістаў...

На дарозе ціхутка

Стала

высокая постаць хлапца.

З цемені гумнаў

на вокліч вітальны

Выйшла дзяўчына руплівай хадой.

Вельмі кароткім

было іх спатканне:

Хлопец: — Чакаем цябе за гарой...

Бегма бяжы ты

да панскіх палацаў...

Ведаеш,

як прабірацца у сад?

Дзеўчына: — Добра!

Ідзіце збірацца...

Я не забаўлюся —

хутка назад...

Месяц

не выстранчыў

глянуць на змову —

Зніклі у мораку постаці зноў.

Крокі шасцелі

на травах шаўковых,

І засынала

маўклівая ноч.

 

 

4

Вялізны сад у змроку стыне,

У цемры свіран панскі знік:

Плячмі прыпёрся ён да тыну,

А ганкам выйшаў на даржнік.

 

За тынам —

поле...

Сохне жыта,

Чуваць, як стогнуць каласы:

Палетак панскі кроўю зліты

І каласы з крыві раслі.

 

Чуваць яшчэ якіясь крокі —

Цікуе нехта панскі сад.

І вось...

рашуча,

полем крохкім,

Ідзе мяжою між аўса.

 

Чаго блукае тут дзяўчына?

Украсці думае пасаг?

Стаіць парожнім панскі свіран,

Няма ні жыта,

ні аўса.

 

Замест аруд сялянскай працы

Саміх сялян саджаюць тут,

Каб не пасмелі бунтавацца,

Каб закаваць мужыцкі дух.

 

І першым вязнем стаў Азорыч —

Разведчык коннага палка.

Цяпер ён пільна сочыць зоры,

Каб лёгка смерці дачакаць.

 

Як толькі першая зарніца

На залацісты выйдзе шлях,

Зазвоняць тройчы на званіцы

І навядуць яго страляць.

 

«Што ж будзе там з яго сябрамі?..»

Азорыч

з роспачы нямой

Жалезныя згінае рамы

Нашчэнт скрываўленай рукой.

 

А позірк дзесь блукае ў полі,

І раптам цёмныя кусты

Заварушыліся паволі

І клікнуў хтось...

— Касана?.. Ты?..

 

— Маўчы!..

Застынь,

як нашы цені, —

Забразгаў нехта на двары...

 

Нямая ціш на вокамгненне,

І голас зноў загаварыў:

— Здалося мне...

Няма нікога...

Заснуў на ганку вартавы...

Прыйшла я да цябе,

нябога,

Пачуць,

пакуль яшчэ жывы...

 

Азорыч: — Слухай жа, Касана,

Дапамажы, галубка, мне...

Напэўна, прыйдуць заўтра рана

І павядуць на смерць мяне.

 

Касана: — Ёсць на гэта людзі,

Ды зброі ў нас зусім няма,

А белякоў —

дзве сотні будзе,

На нашы сілы —

гэта шмат.

— Не для сябе прашу,

Касана:

Мяне чакаюць у палку...

Калі ім вестак не дастане

Ніхто да заўтра

ніадкуль —

Усе загінуць...

План удасца...

Рыхтуюць ворагі набег...

— Пра ўсё,

што ведаеш,

дазнацца

Мяне й паслалі да цябе.

 

Мы ўсе жывём сягоння ў лесе,

Ёсць хлопцы конныя у нас...

Яшчэ не ўзыдзе нават месяц,

Яны дамчаць палку наказ.

 

Азорыч: — Хай жа так імчацца,

Каб досвіткам на месцы стаць:

У Асначах —

за вёрст пятнаццаць —

Спыніўся наш палковы штаб.

 

— Я пабягу...

— Бяжы, Касана,

І не варочайся назад,

Пакуль хоць цень

блукае пана

Каля сялянскіх

нізкіх хат! —

 

Ісці кранулася дзяўчына

Хадой, шпарчэйшай ад вятроў,

Ды скалыхнуліся ля тына

I сталі цені насупроць.

 

За плечы моцна нехта сціснуў,

Скруцілі рукі...

— Ай,

бяда! —

Нядобра стала...

Сэрцу цесна...

Няўжо ж дзяўчыне прападаць?!

 

 

5

У палацах княжацкіх

Афіцэр гуляе,

У абдымках княжыцца

Панна маладая.

 

Пад сухімі пальцамі

Плача піяніна,

І акорды вальсамі

Праплываюць міма,

 

Міма задумёнасці

Маладога госця.

Вочы утрапёныя

Клічуць весялосцю.

 

Галава туманіцца,

І...

заместа панны —

Паўстае настаўніцы

Вобраз злюбаваны.

 

— Дзікая,

далёкая,

Чым цябе прывабіць?

Сцішанымі крокамі

Уваходзіць вахмістр:

 

— Па загаду панскаму

Каля тыну саду

Два жаўнеры наскія

Ладзілі засаду.

 

Імі там падлоўлена

Ў гутарцы з злачынцам

Вельмі ўжо цудоўная,

Пекная дзяўчына.

 

Увайшла пад вартаю

З патайнога ганка

Смелая,

упартая,

Гордая смуглянка.

 

Афіцэрык русенькі

Паглядае скоса,

Залатыя вусікі

Круцяцца да носа.

 

Калі ставіў застаўкі,

Ён чакаў улову,

Але гэткай ластаўкі

Не чакаў,—

дам слова!

 

Ён лічыў ціхоняю

Панну гувернантку

І цяпер з іроніяй

Запытаў смуглянку:

 

— Як жа вы патрапілі?

Заблудзілі, пэўна?!

Вы мяне прывабілі,

Дзіўная паненка!

 

— Досыць далікатнічаць

Пачынайце справу:

За работу катнюю

Вас адораць славай,—

 

Рэзка і з пагардаю

Кінула Касана.

Афіцэру ж гвардыі —

Гэта як пашана.

 

Нізка, з цырымоніяй

Ён схіліўся госці

З той жа ўсё іроніяй,

Лёгкай і без злосці:

 

— Ах,

якую арыю

Спелі вусны вашы?!

Гэта —

не да твару вам,

Але я...

уважу...

 

Папрашу прабачыць мне,

Панна Рузаміна,

Я павінен,

бачыце,

Дапытаць дзяўчыну.

 

Пане вахмістр,

вышліце

Варту да пакояў!

І пакорна выйшлі ўсе

З белага пакоя.

 

 

6

Як чыстае поле,

вялізны пакой,

Устаўлены мэбляю чынна...

Сышліся дзве сілы ад розных бакоў

Улан-афіцэр

і дзяўчына.

 

Яна — маладая,

як наша вясна,

Маўкліва застыла ў чаканні.

Ён ходзіць нервова з кута да акна,

Шукае дакорных пытанняў.

 

Спыніўся

і зірк на абліччы суняў:

— Вас клічуць,

здаецца,

Арлянкай?

Знаёмае вельмі мне ваша імя,

А. я...

не пазнаў вас... сялянка!

 

Вы помніце, некалі?..

Шмат ужо год!

Тады вы жылі яшчэ ў Лядах

І...

на залёты хлапца аднаго

Расцілі нянавісць і здраду.

 

Ні слова адказу.

Нервова ізноў

Улан свае вусы кусае,

І пеніцца бурна гарачая кроў,

І пеніцца кроў маладая.

 

— Паслухайце,

жартам —

ні месца, ні час;

 

Гісторыю вашу я знаю:

Што вы не сялянка —

відаць па вачах.

Дык вось,

я упарта пытаю:

 

Чаго да злачынцы прыходзілі вы?..

Вас клікала толькі каханне,

Што йшлі на пагібель сваёй галавы,

Ішлі на такое спатканне?

 

Касана: — Нашто гэта?..

Вам жа і так

Вядома жыццё маё надта...

Улан аж крычыць:

— Я павінен спытаць,

Хоць ведаю такжа багата!

 

Мне дзіўна:

настаўніца,

гонар ідэй,

Яшчэ да таго і палячка,

Звязалася з бандаю дзікіх людзей,

Пайшла з мужыкамі басячыць...

 

— Мне вашых натацый

не трэба зусім! —

Касана абліччам збялела,

Адно пад вачыма туманная сінь

Яшчэ ад пакут пацямнела.

 

І тонкія рысы вастрэй

і танчэй,

Як з мармуру,

высеклі контур,

І вусны,

і полымя чорных вачэй

Халоднымі сталіся звонку.

 

Разбіўся увесь афіцэрскі запал

Аб гэтую броню пагарды:

Прыйшлося улану ізноў адступаць,

Мяняць перабітыя карты,

 

Бо тайну душы не маглі адшукаць

Ніякія просьбы-пагрозы,

У афіцэрскіх

парожніх руках

Застаўся адзін толькі козыр.

 

Ён кінуў, падраўшы яго папалам:

— Вы гонар палячкі згубілі,

Бо вы Беларусь прадалі маскалям,

А Польшчу пры гэтым забылі.

 

— Што знаеце вы пра маю Беларусь,—

Сказала з усмешкай Касана,—

Я гонар палячкі тады зберагу,

Як гонар працоўных дастану.

 

Вышэй ад усякіх хвалёных ідэй:

Айчыны,

братэрства

і нацый,

Адзіны ёсць гонар сумленных

людзей —

То гонар мазольнае працы.

 

Улан закіпеў:

— За варожы удзел,

Што супраць айчыны і волі,

Мы ўсіх

пагалоўна

вядзём пад расстрэл!..

Чакае і вас гэта доля.

 

Шкада прыгажосці мне,

вашай красы,

Нявіннай шкада маладосці...

Я мог бы вам літасць яшчэ упрасіць,

Каб з ворага сталі вы госцяй.

 

Пакіньце Азорыча!..

Думкі няхай

Не вернуцца больш да каханка,

Я шчыра

і моцна

вас буду кахаць...

Вы чуеце,

панна Арлянка?

Развейце варожасць,

упартасць

і гнеў —

Мы будзем шчаслівыя з вамі...

Касана: — Не смейце кранацца мяне —

Страляйце,

душыце рукамі!

 

Улан усміхнуўся:

— Кранацца цябе?

Пабачым...

Падумаем...

Лёкай!

Паклічце мне вахмістра!..

Досыць цярпець

Сягоння ты будзеш далёка...

 

Пан вахмістр!

Вазьміце надзейны канвой

Паедзеце зараз у Ляды.

За гэту дзяўчыну —

сваёй галавой

Адкажаце мне,

калі здрада...

Трымайце пад вартай

уночы і ўдзень,

Мы заўтра,

напэўна,

прыедзем...

Вы знаеце Ляды?

Маёнтак мой дзе?!

Вазьміце дзяўчыну!..

Ідзеце!

Спяшайцеся!

Коні —

пілі не пілі

Ганіце,

пакуль не прыстануць!

 

Пан вахмістр

пакорную голаў схіліў

І вывеў з пакоя Касану.

 

 

7

Затужылі,

зачакаліся

Маладыя

партызаны:

Не прыходзіць,

доўга бавіцца,

Дзесьці бавіцца

Касана.

 

Маладзік

на дзень азорыўся,

Пабялелі

нават росы...

Вартавых сваіх,

дазоры ўсе

Правяраць

ідзе Шчароса.

 

Чуе тупат

на дарозе ён —

Нехта мчыцца

апантана.

Кліча роту

сваю грозную

На засаду

атаман наш.

 

Прыляглі

ў кустах стрывожаных

Маладыя

партызаны.

Думка думкаю

памножана:

— Доўга бавіцца

Касана.

 

Мо за ёю

вораг гоніцца?..

Можа стала

паланянкай

І вядзе

чужую конніцу

Ненадзейная

паўстанка?

 

Усё бліжай

тупат блізіцца,

І чакаюць

партызаны,

Да зямлі

прыпаўшы нізенька,

Невядомых

і нязваных.

 

 

8

Імчыцца карэта

(запрэжана цугам),

Надзейна вартуюць

жаўнеры яе.

Пужаюцца коні,

і бразгаюць цуглі,

І хмура шуміць

знепакоены лес.

 

Ён такжа вартуе

у зараслях цёмных

Жыццё партызанаў

і нечую смерць:

Заўсёды гатовы

з адвагай нястомнай

Няжданай пагібеллю

ворага стрэць.

 

Надзейная варта —

лясы Беларусі:

Глядзі,

сцеражыся,

пільнуйся, жаўнер!

Пужаюцца коні,

храпуць яны,

трусяць.

 

І раптам...

пярэдні улан анямеў.

Заляскалі стрэльбы

сухімі замкамі,

І коні ўзвіліся...

круты паварот...

І вахмістр пад хвою

зваліўся, як камень,

І вяжуць паўстанцы

усіх жаўняроў.

А сам атаман

адчыняе карэту:

— Хоць выйдзі, паночку,

на свет гэты глянь!..

У чорным адзенні

за лёкаем следам

Выходзіць...

Але...

і не князь,

і не пан.

Выходзіць,

смяецца

дзяўчына-сялянка:

— Зусім нечаканы

папаўся вам звер?!

— Ка-са-на?

— Касана?!

— Таварыш Арлянка?!

— Арлянка!..

— Арлянка!..

— Арлянка жыве!

 

 

9

Гэтыя чуткі прынёс аканом:

— Збілі, забілі дарогай...

Заварушыўся ад іх увесь дом,

Грозна зайгралі трывогу.

 

Сам афіцэр, як сабраліся ўсе,

Выйшаў да іх на дзядзінец:

— Хлопцы,

а хто галаву прынясе

Дзеўчыны той

і злачынца?

 

Гайда сядлаць,

каб у момант былі

Ўсе,

як адзін,

вы гатовы!..

Не шкадаваць

ні мужычай крыві,

Ані

упартых галоваў!

 

 

10

Гойсаюць конна паны па сяле,

Пылам закураны далі,

Гоняць сялян за нядоляй услед,

Хутка ў маёнтак сагналі.

 

Выйшаў на ганак улан-афіцэр:

— Шапкі!!!

Паганае быдла!..

Хто з вас канвойных узяў на прыцэл?

Хто нам рыхтуе пагібель?

 

Хто гэта смеў

за дзяўчыну

страляць

Польскіх уланаў-жаўнераў?

Моўчкі сяляне натоўпам стаяць...

— Бі бізунамі халеру!

 

Свішчуць вужакамі ўздоўж бізуны,

Бракнуць крывавыя раны,

Стогны...

І словы,

як шэлест лясны:

— Гэта...

Шчароса...

Каханак...

Так шалясцелі,

як шэлест лясны,

Потым —

як роспачы рокат:

— Гэта Шчароса!..

Каханак!..

Яны

Дзесьці абое далёка.

 

Афіцэр: — Хто маё войска

туды завядзе? —

Зноў галасы анямелі...

Афіцэр: — Бі,

покуль вочы пакінуць глядзець,

Покуль не скруціцца цела! —

Зноў засвісталі уздоўж бізуны,

Бракнуць крывавыя раны.

— Злітуйся, панку,

не ведаем мы!..

— Злітуйся!..

Злітуйся, пане!..

Афіцэр: — Як жа не ведаць, дзе вашы сыны?!

З дымам пушчу

і пажарам!

Хлопцы,

на змену бяры бізуны —

Моцнай павінна быць кара.

Крыкі

і стогны:

— Дзеці!..

— Сыны!..

Словы маўклівай гаворкі,

Як вецер узвеяны:

— Злітуйся!..

Знае Азорыч!..

 

У вокамгненне яго прывялі,

Рукі завязаны моцна.

Афіцэр: — Ну,

выбірай:

ці кавалак зямлі,

Ці

вызваленне і сонца!

 

Я і дзяўчыну дарую табе,

Толькі...

няхай не Шчаросу —

Скрыўдзіў ён роўна

мяне

і цябе...

 

На,

закуры папяросу!

Азорыч: — Дзякуй,

паночку,

за ласку тваю,

Лішнія толькі старанні:

Я не купляю

і не прадаю,

А волю бяру у змаганні!

 

Гневам няўтольным набрак афіцэр,

Выцяў з размаху навотлю,

Каплі крыві на бялёвай руцэ

Чорнаю плямай размоклі.

 

Кліча ён лёкаяў верных сваіх:

— Трох расстраляць на змярканні,

Вёску —

цяпер жа усю падпаліць! —

Загаласілі сяляне.

 

Сціснуўшы боль у маршчынах чала,

Кінуў Азорыч хістацца:

— Ты...

не губі!

Не палі ты сяла!

Я...

завяду да паўстанцаў.

 

Вырваўся крык з чалавечых грудзей,

Нізка галовы нагнулі:

Добра й нядобра,

што ён павядзе,

Лёгка

і цяжка ўздыхнулі.

 

 

11

Ночка настала,

а людзям не спіцца

(Ночка трывогі

не здолена сном):

Моляцца дома

і ў цёмных капліцах,

Просяць ратунку

і долі сыном.

 

А за гарамі

нізінаю соннай

Шпарка імчыць

белапольскі атрад.

Едзе між імі

засмучаны коннік,

Моцна завязаны

рукі назад.

 

Полі мінулі — паехалі лесам,

Кружыць дарогамі іх

праваднік.

Чорная ноч.

Незнаёмае месца.

Блішчуць,

як гнеў,

папярос аганькі.

 

— Пане паручніку,—

просіць Азорыч,—

Можа дазволіце,

я закуру.

 

Афіцэр: — Ты гэта мне

для чаго ўсё гаворыш,

Хочаш, каб знялі

вяровачкі з рук?! —

 

Сцішыў каня,

паглядзеў падазрона:

— Не! —

А пасля,

пачакаўшы крыху:

— Доўга шчэ ехаць?

Мне збрыдала конна...

Азорыч: — Вёрст...

можа, восем,

сказаць не магу.

 

Афіцэр: — Дужа далёка.

Нам трэба спяшацца.

Вахмістр,

скажыце,

развяжуць няхай,

Толькі —

ненадоўга, і...

прыглядацца!

Гэй там,

пярэдні,

шпарчэй паганяй!

 

«Рукі развязаны.

Вырашыць трэба:

Заўтра загінуць

ці згінуць цяпер?!

Лепей сягоння:

ці шлях працярэбіш,

Ці

пасякуць на кавалкі цябе.

Покуль не позна —

падумай, Азорыч,

Досыць нацешыўся

хцівы улан!»

Думкі бунтуюцца.

Думкі гавораць.

Думкі наважылі

гібельны план.

 

Азорыч: — Трэба налева,

хоць вузка занадта:

Мусім мы сцежкай

гару перацяць.—

Даў афіцэр

эскадрону каманду,

Сталі —

улан за уланам наўсцяж.

Дваццаць —

наперадзе,

Дваццаць —

назадзе,

І

пасярэдзіне іх —

праваднік.

 

«Добра,

таварыш Азорыч,

уладзіў,

Толькі шпарчэй

эскадрон пагані».

Азорыч: — Пане паручніку,

я памыліўся:

Гэтае месца

цяпер пазнаю:

Будзе адгэтуль —

не восем,

а з лішнім,

Трэба даць волю

у безе каню.

 

Афіцэр: — Гладкая сцежка?

Азорыч: — Гатунак сярэдні.

Афіцэр: — Можна паўзавад?

Азорыч: — А пэўна ж,

ільга...

Афіцэр: — Гэй,

паганяй там, наўзавад,

пярэдні,

Хопіць на трох

па-сабачы

кульгаць! —

 

Шпарка імчацца

сцяжынкаю коні,

Лес над сцяжынкай

галлё скрыжаваў.

Вільгаццю вее

з нізін на адхоны —

Чуюцца блізкія

нетры

і твань.

Хутка ў цемры

парвецца дарога,

Строма спадзе

у балота з вышынь.

Кінь жа навотлю,

Азорыч,

трывогу,

Хай не турбуе

спакою душы.

Шпарка імчацца

паны на пагібель:

Дваццаць,

пятнаццаць,

адзін яшчэ крок

І...

паляцелі

уніз з перагібу:

Першы,

дзесяты,

дваццаты яздок.

Замітусіліся

заднія коні,

Нехта памчаўся налева

у лес,

Воддаль за ім

зашумела пагоня...

«Моцна,

Азорыч,

трымайся ў сядле!

 

Вывезе конь,

покуль зоры запаляць,

Ноч замяце

за табою сляды;

Кожную сцежку

ты знаеш на памяць,

У цемені конь

не саб’е капыты.

 

Хай сабе мчыцца

хоць сотня пагоняй,

Волі нікому цяпер

не давай:

Чуеш —

уланы

далёка ўжо звоняць,

Вось заміраюць,

зусім не чуваць».

 

 

12

Над пушчаю, сцелецца цёмная ноч,

Ні хаты табе,

ні прыстанку.

Вартуюць лясы знепакоеным сном

Жыццё маладых партызанаў.

 

Нікому не спіцца часінай такой,

Калі надыходзіць навала.

Трывога падолела сон і спакой,

Надзею на долю забрала.

 

Хістаюцца цені семнаццаці душ,

Прысуду чакаюць над лёсам:

Наводдаль старшыя нараду

вядуць —

Азорыч,

Арлянка,

Шчароса.

 

Арлянка: — Як добра, Азорыч,

што ты заглянуў:

Збіраюцца весткі да сходу.

Мы можам цяпер прапанову адну

Адкінуць зусім,

назаўсёды...

 

Бо нельга вярнуцца у вёску

цяпер:

Нас прымуць уланы «гасцінна».

Адзінае выйсце —

праз Воўчы Капец

На Старасельскі гасцінец.

 

Да раніцы зойдзем,

пры добрай хадзе...

Шчароса: — Якая ад гэтага радасць?

Там верная гібель чакае людзей,

Там смерць

і табе,

і атраду.

 

Ты ж ведаеш добра:

бунтуецца полк,

Казацкія чула пагрозы?

А левае,

пэўна,

дагэтуль

крыло

Даўно адышло за Бярозу.

 

Дык што мы там зробім,

з кіямі ў руках,

На невядомым нам месцы?!

Застацца патрэбна

і —

пачакаць!

 

Арлянка: — А чым харчавацца?

Што есці?

Галодныя ўчора,

сягоння,

штодзень;

Цяпер,

калі ўцёк і Азорыч,

Аблава на нас безупынна ідзе

І скончыцца, мусіць, не скора.

 

Як выспа вадою,

абкружаны мы,

Гайсаюць на полі уланы,

І, сілы сабраўшы,

прыедуць яны,

Усіх пераловяць дазвання.

 

Што мелі тут гінуць,

дык лепей ісці

Загінуць на фронце змагання!

Азорыч,

ты нешта сягоння прыціх,

Якія твае меркаванні?

Азорыч: — Я добра не ўзяў усяго яшчэ у толк:

Не знаю

ні месца,

ні ладу...

Я сам

дык пайду,

безумоўна,

у полк,

А вам —

не магу даць парады.

Арлянка: — Я такжа,

Азорыч,

з табою пайду!

Шчароса: — Таварышы,

што за разлады?!

А хіба я супраць узгодненых дум?

Я з вамі

і з нашым атрадам!

Арлянка: — Шчароса,

а ліха ж тваёй галаве,

Збірацца загадвай атраду.

Ручаюся,

хлопцы,

паўстанне жыве,

А значыць —

і воля,

і радасць

 

 

13

Лясы не шумелі —

стагналі лясы,

Зямлю разбівалі снарады;

Ад іх высцілаліся скрозь паясы,

Цвятлівілі сцежку атраду.

 

Гарэлі заводы,

сялібы,

масты,

Лілося крывёю світанне,

І лямант нядолі

над краем застыў,

Разносіўся кліч да змагання.

 

Ад спаленых вёсак,

разбураных хат,

Сціскаючы зубы у гневе,

Ішлі у лясы,

і Шчаросаў атрад

Памножыўся:

дваццаць на дзесяць.

 

Праз цемру начэй,

па халоднай расе,

Сагрэтыя помстай шалёнай,

На ўсход і на ўсход

прабіваліся ўсе,

Ішлі як мага

да чырвоных.

 

Плылі цераз рэчку,

паўзлі цераз шлях,

Згіналіся нізка,

дадолу...

Стагнала навокал

сырая зямля,

Абозныя ляскалі колы.

 

Вазілі сяляне

праклятых паноў,

Худыя валіліся коні.

І доўга старэнькі

стаяў над канём,

А потым...

ішоў да чырвоных.

 

Праз гаці,

балоты,

у чорную ноч

Галодныя,

босыя людзі,

Крывавячы

пальцы разбітыя

ног,

Ішлі бараніць рэвалюцыю.

 

Ішлі чарадою,

як ходзяць звяры,

Міналі мястэчкі

і вёскі,

Паспешна ішлі,

каб да ранняй зары

Дайсці да чырвонага войска.

 

І вось,

калі неба

ўзяло ружавець,

Убачылі воддаль палеткі,

І ўсе прытаіліся

моўчкі ў траве,

Паслалі траіх у разведку.

 

 

14

— Браце?!

Азорыч!

Адкуль?

Ці не зваліўся ты з хмары?!

Дай жа паціснуць руку,

Любы мой,

дружа,

таварыш!

 

Мы тут гадалі,

што ты

Пасябраваў з пяскамі:

Згінуў,

замёўшы сляды,

Як пад вадою

камень.

 

Азорыч: — Смерць даганяла угрунь,

Але

дарэмна гайсала:

Вырваўся

з панскіх рук,

Нават

з вялікім пасагам.

 

Новы паўстанеш атрад

Нашай каманды

просіць...

Будзьце знаёмы!

— Я рад...

Розін.

— Арлянка.

— Шчароса.

 

— Мусіць,

нам чорт напісаў

Поспехі мераць асьмінай,—

Пажартаваў

камісар,

Вокам Шчаросу акінуў.

После,

нахмурыўшы лоб:

— Пойдзем

пагутарым,

хлопцы.

 

Добра,

што сіл прыбыло:

Гэта не шкодзіць у бойцы.

 

Розін наўкол паглядзеў,

Каб непатрэбнае вуха

Не падслухоўвала дзе,

Што не прызначана слухаць.

 

Дзверы шчыльней зачыніў —

Марная ўсё ж асцярога:

Нечыя

вочы-агні

Тояцца

там,

за парогам.

 

Нехта

да шчылін прыпаў,

Ловіць употай размову.

Б’ецца

у словах

запал,

І

разлятаюцца словы.

Розін: — Мы

адступілі знарок:

Заўтра,

чуць золак,

уранку

Штаб развінае

скрозь

Націск

на правым флангу.

 

Гэта,

на левым крыле,

Полк наш адзін застаецца...

Вораг

праз нетры і лес,

Пэўна, сюды не памкнецца.

 

Наша задача адна —

Цвеліць агнём супастата,

Сілы яго

раз’яднаць,

Страшачы боем гарматным.

 

Пры адступленні

у пыл

Знішчыць парадак,

а значыць

Выбіцца ворагу ў тыл —

Наша другая задача.

 

Каб

не папасці самім

Часам у гэтую ж пастку,—

Не дазваляць сумятні

Ў нашых уласных частках.

 

Строгі

парадак

і лад,

Поўны

спакой,

дысцыпліна,—

Вось непарушны загад

Рэвалюцыйнай краіны.

 

Ведаю —

смела у бой

Выйдуць

чырвонаармейцы;

Стануць

жывою сцяной,

Зрушыць —

не зрушыш

з месца.

 

Толькі

адзін эскадрон

Пэўнасць маю

непакоіць.

Помніш,

Азорыч,

зарок

Дадзены быў перад боем?!

 

Гэту прысягу

зламаў

Сам камандзір эскадрона...

Фактаў вялікіх

няма —

Ёсць,

як была,

падазронасць.

 

Можа,

Азорыч,

табе —

Ты не давайся дзіву:

Бывае ў такой барацьбе —

Прыйдзецца стаць

камандзірам.

 

Азорыч: — Я не магу згадаць

Ты адкажы мне

проста:

Хто ненадзейным

стаў —

Зябскі?

Кавалік?

Амбросаў?

— Рацкі!

— Няпраўда!

— Чакай,

Бразнулі, здэцца,

дзверы...

 

Нехта ідзе...

— Не чуваць!

— Трэба усё ж

праверыць.

 

Выскачыў Розін на двор —

Нехта

узмоцніў крокі,

Тоячы воблік ад зор,

Нехта прапаў у змроку.

 

 

15

Неспакойныя думкі

турбуюць яго:

«Штосьці ў гэтым абліччы

знаёмае вельмі...»

І ён раптам успомніў:

шаснаццаты год.

Палавіна зімы

і вайна адступлення.

 

На дарозе скавыш...

Коні ледзьве ідуць...

На пабыўку прыехаў ён

з юнкерскай школы.

Раніцою назаўтра

сустрэў у саду...

І цяпер ён успомніў

і рухі,

і голас.

 

Гаварылі тады,

што з-пад Вільні яна;

Засталася ў малодшых сясцёр

гувернанткай.

Сцёртай памяці след

аднаўляе імя,

І яно выступае

як надпіс:

Арлянка.

 

І пакутныя думкі

трывожаць яго:

«Яна можа пазнаць...

Што тады загадаю?!»

І праз цьмянасці шкла,

як праз цьмянасці год,

Ён у далеч дарог,

як у далеч вякоў,

паглядае.

Але й сёння чамусьці

няма пасланца,

Ужо морак начы

зараніца змяніла...

«Значыць,

Рацкі, прайграў?

Дык іграй да канца,

Набірайся вясёласці,

спрытнасці,

сілы!»

 

Нечы выцяўся цень...

«Хто ж там гэтай парой?

Ён

не можа прыйсці!»

Рацкі выйшаў у сені,

І калі адказаў

на таемны пароль —

Увайшоў чалавек

у сялянскім адзенні.

Пасланец: — Генерал загадаў...

 

Рацкі: — Я запомніў загад,

Але рушацца нашы

надзеі і планы:

Раніцою ізноў

далучыўся атрад,

І атрад не малы...

Пасланец: — Дык надзеі нізвання?!

Рацкі: — Калі будзе на карку

мая галава

Бо над ёю навалай

вісіць падазронасць,

Паспрабую яшчэ

на атрад нацкаваць

Гаваркіх малайцоў

з баявых эскадронаў.

Я даўно гадаваў

нездаволення флянс,

Бракавала яму

урадлівае глебы...

Перадайце у штаб,

што ўмацованы фланг

Вырашае наш лёс...

Больш нічога не трэба!

 

Пасланец: — Генерал будзе шчыра...

Рацкі: — Скажыце ў адказ:

«Рацкі служыць аддана

пакутнай айчыне...»

Кампліментаў не трэба!

Канчаецца час —

Пакаціўся туман,

ноч становіцца сіняй.

 

Вам —

пара на спачын,

мне —

да справы пара

Прабірайцеся скрозь

як мага

асцярожна:

Не хачу,

каб цяпер

абарвалася йгра,

Каб сягонняшні дзень

празвінеў

як апошні.

І нянавісць жахнулася

ў зрэнках вачэй,

Ён крануўся ісці,

пастаяў на парозе,

Узмахнуў галавой:

— Мы паглядзім яшчэ,

Хто прайграе цяпер,

а ці Рацкі,

ці Розін!

 

 

16

Да руін зрабаваная вёска,

Зрабаваная,

як той жабрак,

Прытуліла чырвонае войска

Навіхнёным крылом двара.

 

Хай прабачаць!..

Агонь пашалеў тут:

Абгарэлыя хаты —

скрозь...

І пашэнціла ж

сёлета лету

Быць гарачым,

як наша кроў!

 

А вядома,

улан дзе пагойсаў,—

Застаюцца ашчапкі руін.

Вось тады

сваіх хлопцаў босых

Правялі мы да трох ручаін.

 

І цяпер —

цішыня тут густая,

Хоць рукамі бяры, падымай.

А калі ж тое сонца ўстане,

Пазалоціць цьмяны небакрай!

 

Ды якая нам,

зрэшты,

справа

Да такіх рамантычных акрас,

Калі сон

з пажарышчаў крывавых

Адлятаць пачынае якраз?

 

Абуджаецца гоман

спачатку,

Пракідаецца потым

смех,

Цішыню

разарвалі на шматкі —

І цяпер нізашто не заснеш.

 

Высыпаючы з жартамі з гумен,

(Для будзёнаўцаў смутак —

наўда),

Нехта песню,

як тонкую гуму,

Расцягнуў,

і канца не відаць.

 

Недзе рыпнуў

хліплівы гармонік...

Конь сарваўся,

махнуў цераз плот,—

Ён пачуў,

што суседніх коней

Павялі да вады наўгалоп.

 

Каля студні —

вясёлкаю пырскі,

Хлопцы мыюцца,

як на парад,

Барадатыя твары сібірцаў

Пазалотай на сонцы гараць.

 

Падышоў знепакоены Рацкі,

Прывітаўся,

здзівіўся:

— Ого!

Нехта весела:

— Рады старацца!

— Невядома адно,

для каго. —

Гэта Рацкі заўважыў з усмешкай,

Патаемнай,

як цёмная ноч.

«Ах,

які ён сапраўды

пацешны —

Нешта выдумаў, мусіць, ізноў».

І абліччы

з затоеным смехам

Згуртаваліся

слухаць жарт:

— Ну,

гані,

калі выехаў ехаць,

Толькі смешнае

што-небудзь шпар!

 

Рацкі: — Не такая цяпер

часіна,

Не да месца цяпер жартаваць:

Мы чужую

баронім краіну,

А хто нашу пайшоў ратаваць?!

 

Страпянулася пругкае цела,

Нехта кінуў пагрозна:

— Чакай!

— Не разводзь агітацыі белай!

— Ці не быў ты калі ў Калчака?

 

Азірнуўся ўстрывожаны Рацкі

I руку асцярожна падняў:

— Не кажу,

што не трэба змагацца,

Але ж хіба адным толькі нам?!

 

Мы -

сібірцы,

Яны —

беларусы...

 

Нашы дзеці ад голаду мруць!

Мы знішчаем

кайданы прымусу,

А яны...

прадаюць Беларусь!

 

Вось

прыслалі паўстанцаў на помач,

Што і зброі не ўмеюць трымаць...

Уцякуць яны з фронту,

вядома,

Толькі пяты ўгары загрымяць.

 

Камісар наш

злыгаўся з палячкай,

А ці ж з гэтага

будзе дабро?

Яна стане

усюды тут

шляцца

І разведае тайны наскрозь.

 

Не пашэнціць тады нам

у бойцы,

Павядуць нас

на верную смерць.

Я не супраць змагання,

хлопцы,

Але гэтага —

нельга цярпець!

 

Ірвануліся гнеўныя словы,

Пераблыталіся

галасы:

— Расстраляць трэба

гэтую сволач!

— На асінах

павесіць усіх!

 

Нізкарослы,

з вяснушкамі кропель,

Хліпкім голасам

роспачна ныў:

— Ах,

таварышы!

Што ж яны робяць?!

Што ж яны,

сукіны

Робяць

сыны!

І прыбоем расло абурэнне,

Узнімалася,

падала ўніз,

І натоўп узрастаў вокамгненна,

Толькі Рацкі

даўно ужо знік.

 

 

17

Непрыкметна,

як чорная пошасць,

Захапіўшы адзін эскадрон,

Распаўзаўся варожы пошапт

Цераз шчыліны

сцен і акон.

 

Раніцой

на хлуслівыя чуткі

Яшчэ сыпаўся дружны пратэст,

Грозным быў

знітаванасцю гнуткі

Цвёрдых рук

успаветраны жэст.

 

І калі

агітатар самотны

Нішкам пробаваў

агітаваць —

Абрывалі:

— Схавайся!

— Замоўкні!

— Без Гаўрылы

трашчыць галава!

 

Так было раніцою.

А после,

Калі гора наверх усплыло,

Калі полудзень елі посны,

Калі хлеба ізноў не было,—

 

Зашыпеўшы

прытоена-строга,

Зварухнуўся

прыдушаны звер,

Пракаціўся

абураны рокат,

Сталі роўныя сілы дзве.

Так было апаўдні.

А пад вечар,

Калі сыпаў

халодны дождж,

Калі сэрца

наскрозь праймаў вецер,

Паласуючы цела уздоўж,—

Узраслі сілы тых,

што не контат:

Расхінуўшы

сваё нутро,

Рэвалюцыю сціснула контра,—

І застыла пад пальцамі кроў.

 

Непаладкі раслі вокамгненна,

І трывога,

як хмара,

ішла —

Эскадрон адказаўся

на змену

Вартавых да тачанак паслаць.

 

 

18

Яшчэ раніцой палкавы камісар

Заўважыў пагрозу трывогі,

У штаб данясенне тады напісаў:

«Ці нельга прыслаць дапамогі?!

 

Глухое зацішша —

адзнака навал —

Затоены пошапт

і спрэчкі...

На гэтым здагадку сваю заснаваў,

Што бура імкне узгарэцца.

 

Я скутку упарта шукаў

і прывык:

Калі анядужае цела —

Уліць трэба

свежай,

здаровай крыві,

Каб знішчыць

заразы бацылу.

 

Яна не самохаць,

вядома,

паўзе,

А вораг наўмысле разносіць,

Яна пранікае зусім пакрысе,

Малой, але сталаю дозай.

 

Мы духам не палі.

не буду ілгаць,

Людзей ненадзейных —

не многа,

А ўсё ж,

калі толькі ў вас там ільга,

Прышліце хутчэй дапамогу».

 

«Падмогі не будзе —

запяты ушчэнт.

Пад страхам суровае кары

Дзесятага

выйсці павінен на Мінск,

У тыл супастату ударыць.

Іначай —

рассыплецца пылам наш план,

Бо вораг праведаў сакрэты

І сілы грувасціць

на правы наш фланг —

Запомні і выканай гэта!»

Уважна загад прачытаў камісар,

Сакрэтную склікаў нараду;

Рашылі:

Праверыць усіх партызан

І скласці чатыры атрады;

 

Раззброіць уночы другі эскадрон

І Рацкага разам з усімі —

Ад іх загарэўся паўстання агонь,

Дык нечага цацкацца з імі;

Палітапарату належыць хутчэй

Узмоцніць работу участкаў,

Каб зблізіць сапраўдных адданых людзей

У кожным раздзеле і часці.

 

Не здзейсніўся толькі

задуманы план —

Скацілася вестка адхонам:

— Ізноў адказаліся

варту паслаць

Чатыры данскіх эскадроны.

 

Прыціхлі,

замоўклі...

І Розін маўчыць...

Рванулася кроў дынамітам.

— Нам нельга чакаць

у трывозе начы

Спрабуем паклікаць

на мітынг!

 

І вось,

калі сонца

за горы пайшло,

Зайгралі сігнал на трывогу;

Павольна збіраўся

раскіданы полк,—

Забыў

дысцыпліну

і строгасць.

 

 

19

Глуха варушыцца ўзрушаны полк —

Гэта благая адзнака.

Вочы свідруюць утоптаны дол —

Чуюць памылку казакі.

 

Вецер галовы хістае, як сад.

Стынуць пагрозна вінтоўкі.

Роўнай хадой падышоў камісар,

Моўчкі узлез на двухколку,

Глянуў навокала,

змяўшы натоўп

Зрокам халодным, як вецер:

— Ціха,

таварышы!

 

Галасы: — Хопіць!

— Далоў!..

— Хто там крычыць

на ўзвейвецер?!

 

Вочы зацеплілі гнеўны пагляд,

Крыкі згасаюць павольна.

Дыша натоўп,

і здаецца —

зямля

Цяжка ўздыхае нявольнай.

 

Камісар: — Сёння з брыгады прыслалі загад

Выйсці дзесятага ў наступ.

З намі ідзе партызанскі атрад,

Пэўны заняўшы участак.

Той,

хто варожасць зацепліць імкне,

Творыць злачынную здраду...

Казак: — Стой!

На хвілінку.

Паслухай мяне...

Хіба ж мы супраць атрада?!

 

Ты,

брат,

не блытай,

таварыш-камрад,

Добрых людзей

і шпіёнку...

Мы патрабуем —

яе

пакараць...

Жонка яна

ці не жонка!

Галасы: — Правільна!

— Здрады не можам цярпець!

— Знішчыць агідную постаць!

Камісар: — Гэтага вырашыць нельга цяпер —

Вы зразумееце после.

 

Гуртам мы справу разгледзім усю,

І,

Калі сцвердзяцца словы,

Гэтай рукой падпішу я прысуд

Самы няшчадны й суровы.

 

Хто ж паспрабуе цяпер бунтаваць,

Зараз на варту не стане —

Я загадаю вінтоўкі забраць

І надзяліць партызанаў.

 

Крыкі: — Свісні тры разы,

пакуль аддамо!

— Спрытна,

прайдоха,

падлазіць!

Галасы: — Хлопцы,

стрымайцеся!

Крыкі: — Хопіць!

— Далоў!

— Торкні тачанку,

хай злазіць!

Чырвонаармеец: — Змоўкні!

Чаго там гвалтоўна налёг!

Бачыш,

які ён гарласты?!

А паспрабуйце паслаць у налёт —

Цягнецца,

як гумалястка.

 

Голас прарэзаў вячорную сінь

Жорстка

і неспадзявана:

Раз! —

абарваліся ўсе галасы,

Смех дакрануўся мембраны.

 

Розін адчуў перамогу нутром

І

пераняўшы настроі,

— Таварышы!

Мы разбяром

Справу пасля,

перад строем.

 

Вырашым іншае —

рэчка і шлях

Кінуты без абароны...

Зараз жа трэба на варту паслаць

Два баявых эскадроны.

 

Хто з вас ахвотнік —

наперад выходзь,

Стройся па двух ля паркана.

Хто ж не жадае ісці самахоць,

Хай пакідае змаганне.

 

Заварушыліся,

Выгнуўся рад:

Дваццаць...

Сто шэсцьдзесят...

Трыста...

Розін паклікаў:

— Таварыш камбат!

Стань

І маланкаю выстрай!

Камбат: — Ёсць!

(Да каманды):

Раў-нуй-ся!

Зважай!

Стаць па чатыры!

Проста!

Наперад!

Быццам дакор,

зазвінелі ў вушах

Крокі рытмічным размерам.

 

Нізка ў натоўпе

(на самы аж дол)

Цяжка схілілі галовы,

Быццам застылі ў задуме,

ніхто

Не прараніў

ані слова.

 

Толькі пасля

нізкарослы такі

Бегаў,

наставіўшы локці:

— Што ж гэта выйшла,

скажыце,

браткі?

Што ж гэта робіцца,

хлопцы?!

 

 

20

Калі неба

Узросціць красу,

А зямля

узгадуе расу,

Рассцілаецца белы

туман,

І шуміць гаварлівы

Дон.

 

Калі ж хмарамі

неба гудзе,

Калі чорным

становіцца дзень -

Хвалі грозна

ракочуць-шумяць

Размываюць

пясчанае дно.

 

Эх-х-х...

І прыгожая ж

Дон-рака,

Баламуціць яна

казака:

Абвівае вянкамі

кроз

Над ракою далёкай дом.

 

Але помніць Чубаты

наказ

Ад рабоча-сялянскіх

мас:

Бараніць рэвалюцыю

скрозь,

Каб спакойна каціўся

Дон.

Яшчэ помніць Чубаты —

загад

Прачытаў эскадрону

камбат:

Вартаваць батарэйны

парк,

Як сваё дарагое

дзіцё.

 

І не змусціць Чубатага

Дон,

Не агорне дакучлівы

сон,

Бо вайна за Саветы —

не жарт,

А змаганне на смерць

і жыццё.

 

Адхінае Чубаты

башлык,

Да крыві напінае

слых:

— Недзе крокі,

здаецца,

растуць.

Ці не крадзецца толькі

хто?

 

Пахіснуўся наводдаль

цень...

— Мусіць, варта на змену

ідзе.

Па жалезу жалезам —

стук.

Скаланулася сэрца...

— Стой!

 

Перарэзаў дарогу

стрэл,

З каравульні бягуць

насустрач,

А Чубаты не можа,

аслаб,

Але тужыцца бегчы

шпарчэй.

І тады толькі

сцішыў крок,

Калі нашы чужых

(чатырох)

Павялі пад канвоем

у штаб.

 

 

21

Чорныя сцены.

Чатыры акны.

Стол.

Звахтаваная лямпа.

Поўнач

і людзі —

сышліся яны

Ціха,

не бразнуўшы клямкай.

 

Што ж іх злучыла такою парой?

Поўнач прыйшла на ўрачыстасць,

Людзі,—

каб выканаць цвёрды зарок

Бальшавікоў-камуністаў.

 

Ім даручыла рэспубліка лёс

Гэтай маленькай нізіны,

Іхні

(у тыл супарату)

Налёт

Даць перамогу павінен.

 

Людзі за гэта адказнасць нясуць

Перад рабочым класам,

Іх -

за прарывы —

Паклічуць на суд

Многамільённыя масы.

 

І,

Занядбаўшы спакоем і сном,

Перамагаючы змору,

Думкі пытаюць упарта адно:

— Дзе ж той злачынца?!

— Каторы?!

Дзе ж тое выйсце

з варожых засад?

Будуць уважліва слухаць,

Стань жа

і пэўна скажы, камісар,

Каб разляцелася скруха.

 

Вочы дапытліва сочаць даўно,—

Суджана ім памыліцца:

Розін паведаміць можа адно:

— Кара не знойдзе злачынца.

 

Дадзены строгі загад —

затрымаць!

Марныя толькі старанні:

Ён

(гэта Рацкі,

сумнення няма)

Знік яшчэ з самага рання.

 

Прыйдзецца іншага выйсця шукаць,

Новыя захады трэба.

Людзі змарыліся,

праўду сказаць,

Без адпачынку,

без хлеба.

 

Нешта прыдумаць,

таварышы,

трэ —

Раніца родзіцца скора...

Першае слова

Арлянка бярэ,

Строга гаворыць,

з дакорам:

 

— Вы абмінаеце ўсе

і знарок

Нездавальнення прычыну...

Можа, не верны быў

першы мой крот

Можа, не верны учынак.

Некалі,

позна

цяпер разважаць,—

Клічуць падзеі

да дзеі:

Скручаны вузел —

пара развязаць,

Покуль не згаслі надзеі.

 

Нездавальненне,

пад ворагаў шэпт,

Смуты шукала прычыну,

Вораг

знаходзіў:

«Арлянка ілжэ,

продае вашу краіну!

Кіньце змагацца!

Вас клічуць дамоў

Вашы галодныя дзеці».

Гэтыя словы —

не ўпалі на дол,

Іх не развеяў і вецер.

 

Іх —

падхапілі чужыя душой,

Імі —

другіх атруцілі,

І

пакаціўся

агідны душок,

Труячы новыя сілы.

Людзі паўсталі...

Іх строгі прысуд —

Хай непраўдзівы,

няверны —

Цешыць,

што ворагу кару нясуць

За

шпіянаж

і нявернасць.

 

І непатрэбная гэтая смерць

Сіле паможа узняцца,—

Будзе лягчэй чалавеку цярпець...

Што ж тут чакаць

і хістацца?!

 

Трэба для справы —

наш лозунг такі —

Думак няма пра ахвяры.

Ведаю,

страта,

як камень цяжкі,

Ляжа на плечы цяжарам.

 

Плакаць не час

над уласным жыццём,

Над пачуццямі сваімі...

Знаеце добра,

што імя маё

Стала пагардлівым імем.

 

Трэба мець мужнасць ваяк

паглядзець

Праўдзе ў адкрытыя вочы!

Я не спужаюся,

смела на смерць

Выйду за справу рабочых.

 

Словы праўдзівасцю згорбілі

ўсіх,

Іх не разбіць

і не сходаць.

Вось,

абмінаючы дзеўчынін зірк,

Кажа Азорыч да сходу:

 

— Правільна...

Верна...

Размяклі крыху.

Скруху

і жаласць

адкінем:

Гэтыя якасці

не зберагуць

Долю Савецкай краіны.

Трэба быць цвёрдым

і выйсця шукаць

Не ў абыходлівых словах...

Масы не кінуць на нас наракаць,

Покуль прысуд іх суровы

Дзеяй не стане...

 

Няхай гэты суд

Мо непраўдзівы, няверны —

Я прапаную...

зацвердзіць прысуд,

Каб патушыць абурэнне.

 

Іншага выйсця,

здаецца,

няма...

Ведаю,

цяжка,

балюча —

Кроўю прыходзіцца нам

падтрымаць

Роўны уздым рэвалюцыі...

 

Розін: — Досыць!

Хлуслівыя пульсы крыві

Вышвырні к чортавай мацеры.

Нудна,

Азорыч,

калі бальшавік

Ные,

чытаючы пацеры.

 

Ты прапануеш

зацвердзіць прысуд,

Каб супакоіць навалу,

Ты не падумаў,

куды занясуць

Гэтыя чорныя хвалі.

 

Іншага выйсця,

гаворыш,

няма?

Словы няпраўдаю коляць:

Ёсць у нас выйсце —

стыхію стрымаць

І пакарыць нашай волі.

 

Мы -

камуністы...

Услед у хвастах

Нам не прыстала цягнуцца,—

Партыя ставіла нас на пастах,

Як авангард рэвалюцыі.

 

Значыць,

пакуль не зляглі далавах,

Мы -

стырнавыя развою,

Значыць,

падужаем сілу навал

І павядзём за сабою.

 

Вораг нядарам

найлепшых людзей

Выкрасліць прагне з актыву,

Каб авалодаць хадою падзей,

Струшчыўшы моц калектыву.

 

Марныя будуць

патугі яго —

Нашая сіла

не згасла:

Працы сыны

і на тых берагах

Чуюць праўдзівае гасла.

 

Бачылі ж,

пэўна,

Калі

адна часць

Стала пад сцяг рэвалюцыі —

Сорам і боль

затаілі ў вачах,

Змучаных ворагам, людзі.

 

Значыць,

нялёгка армейцам было

Кінуць сяброў і вінтоўку,

Значыць,

віны пачуццё

прыгняло,

Кпіны

і жарты

замоўклі.

 

Думае

думу цяжкую

казак,

Скруха турбуе сібірцаў.

Мы і павінны

цяпер паказаць,

З кім

і за што

трэба біцца.

Справа пачата.

Асобы аддзел

Выкрые Рацкага банду.

Ваша задача —

развою падзей

Дапамагчы прапагандай.

 

Трэба ударна

на ногі падняць

Сілы палітапарату,

Каб цераз ноч,

да чарговага дня,

З намі былі ўсе атрады!

 

Годзе,

Азорыч,

пра суд варажыць

Шпар напярэймы армейцам.

Людзі зблудзіліся,

дапамажы

Вынайсці кожнаму месца.

 

Нам за хвастом

не прыстала ісці,

Весці нам выпала масы.—

Розін замоўк.

Сцепанулася ціш:

— Пойдзем,

не трацячы часу.

І

калі выйшлі

і гоман жывы

Згас за гумном на папары,—

Бегма

да штаба

прыбег вартавы

І далажыў камісару:

 

— Я з батарэйнага...

Там неспакой:

Злоўлен дазор супарата.

Мусіць,

— напэўна ж —

такою парой

Лезлі пашкодзіць гарматы.

 

З іх, як здаецца,

адзін у нас быў,

Бачыў,

гадаецца,

дзесьці.

Што загадаеце з імі рабіць?

— Трэба сюды іх прывесці!

 

 

22

Пакаціўся пагардлівы рокат...

А ці смех,

а ці скрып дзвярэй?

Сцепанулася ціш ля парога:

Гэта ворага —

вораг сустрэў.

 

У густыя цянёвыя столкі

Ахінуў іх абліччы змрок,

Ды няма яшчэ цемры волкай,

Каб тушыла пажар

і кроў.

 

І датла спапялела змрочнасць

Пад шалёным агнём вачэй,

Яны стрэліся,—

вочы у вочы,—

Загарэліся зрэнкі ярчэй.

 

— Ці не Рацкі?!

З’явіўся?!

І грозна

Пальцы сціснуліся

ў кулакі,

Ірвануўся без памяці Розін,

Але нехта спыніў:

— Пакінь!

 

Аслабелі,

абмяклі рукі.

— Сволач,

сволач!

Ізноўку ціш

Нарадзілася ў страшных муках

І нядоляю стала ў жыцці.

 

Зварухнуў яе словам Розін,

Затаіўшы нянавісць

і гнеў,—

Голас проста,

спакойна

і грозна

Над злачынцам ізноў празвінеў:

 

— Раскажы,

грамадзянін Рацкі,

Аб учынках

і дзеях

сваіх...

Будзеш марна,

кажу,

старацца,

Калі думаеш іх утаіць.

 

Рацкі: — Я

не злодзей,

не краў нічога

Каб таіцца сваіх людзей.

У нас розныя,

праўда,

дарогі,

Але кожны —

да мэты ідзе.

Я не меней,

як вы,

хварэю

За краіну маю —

Беларусь.

І ўсё ж такі

не

разумею:

Ну навошта за нашу зару

 

Праліваць сваю кроў —

расійцам,

Украінцам

ці шчэ каму?..

 

Не прыйшлі ж яны самі прасіцца,

Каб надзелі на шыю хамут!

 

Кожнай нацыі

дадзена воля,

Значыць,

сам барані свой край,

Калі хочаш, каб вораг не здолеў,

Але іншых —

не руш,

не чапай!..

 

Прызнаюся,

такія гаворкі

Прашумелі нядаўна у нас,

Калі людзям жыццё агоркла...

Дык ці ж гэта

мая віна?

 

Розін: — А скажы,

калі ласка,

шчыра,

Палажыўшы на сэрца руку,

У які вы збіраліся вырай?

Што за людзі з табой?

Адкуль?

 

І чаго ж, у такую часіну,

Вы блудзілі ля нашых гармат?

Можа гэта таксама

нявінны,

На людскую пацеху,

жарт?!

 

Рацкі: — Над палком навісала смута,

Каб прычынным у гэтым не быць —

Не было ў мяне іншага скутку,

Як пакінуць агонь барацьбы.

 

Я не клікаў з сабою нікога,

Каб шукаць сваю долю дзе,

Прысягну,

што зусім выпадкова

Незнаёмых сустрэў людзей.

 

Ноч зманлівая

збіла з дарогі...

Мы спакойна блукалі б да дня,

Каб не варта устрэсла трывогу.

Значыць,

зноў

не мая віна.

 

Розін: — Ты пакінь прыкідацца нявінным,

Апраўданням сваім

не вер,

Праз каго,

адкажы,

жанчыну

Ні за што асудзілі на смерць?

 

— Пачакай! —

прыпыніла Касана:

— Допыт Рацкага

скончаны?

Так?

 

Хай адкажа цяпер,

падпанак,

Як патрапіў да нас у стан!

 

Вы пазналі мяне,

паручнік?!

Гэта,

праўда,

было даўно,

Напярэдадні братніх заручын

Вы з Масквы прыязджалі дамоў.

 

Можа помніце імя Арлянкі,

Калі памяці вецер не сцёр?

Я служыла тады...

гувернанткай,

Мне здаецца,

у вашых сясцёр.

 

А пасля ўжо,

зусім нядаўна,

Я пабачыла вас з-за крат:

Вы гулялі ў маёнтку Слаўным,

Дзе тады пражываў

ваш брат.

 

Адпраўлялі мяне...

у Ляды —

Мы яшчэ напаткаліся раз:

Вы на ганку стаялі з братам

І канвою давалі наказ.

 

Я не ведала,

пане Пагоцкі,

Што вы Рацкага імя ўзялі,

Я не знала,

што вы не ў госці,

А шпіёнам ад брата прыйшлі.

 

І удзельнік крывавых падзеяў,

Зрэнкі вышчарыўшы на зару,

Заяўляе,

што і ён хварэе

За краіну сваю —

Беларусь!

 

Гэта ж самая брудная подласць,

Шчэ такое

і свет не знаў! —

Абарваўся надломаны голас,

Зазвінела струной цішыня.

 

І тады

расчапіліся вусны,

Непрыемна

кранулі слых,

Як халодныя

слізкія вусьні,

Словы ціха

і мякка

паўзлі.

 

Рацкі: — Прызнаюся,

не ўсё да драбніцы

Расказаў я нядаўна вам,

Але бачу,

што позна таіцца

І учынкі

свае

хаваць.

 

Не памогуць

ні просьбы,

ні модлы,

Калі лёс асудзіў не жыць...

Вы мяне абазвалі подлым,

Бо я шчыра ідэі служыў.

 

Абзывайце яшчэ ліхадзеем,

Але я вам

ізноў гавару,

Што я такжа,

як вы,

хварэю

За краіну маю —

Беларусь.

 

Гэта ж тут

мая маці-радзіма,

Ціхі дом

і шырокі луг...

Дык якое ж,

скажыце,

дзіва,

Што я моцна айчыну люблю?!

 

Толькі іншы ад вашага попыт

Я на гэту краіну прынёс:

Не кажу

пра культуру і побыт,

Пра аднолькава струджаны

лёс...

 

Нават поле,

балотныя плошчы,

Нават лес,

і лугі,

і пяскі —

Беларусь далучаюць да Польшчы,

Засланіўшы шляхі да Масквы.

 

Розін: — Што ж ты брэшаш,

што сэрцам хварэеш,

Што гадуеш да краю любоў:

Ты ж за ўласны маёнтак млееш,

Праліваеш чужую кроў!

 

Не кранаюць цябе руіны

Гэтых бедных хацін

і дамоў...

Ты імкнуўся

на шыю краіне

Панскай Польшчы надзець ярмо.

 

Мы ж паўсталі

з нізінаў сонных

Не тваё бараніць дабро:

За жыццё Беларусі працоўнай

Аддаём маладую кроў.

 

Кінь жа пець

пра свае любошчы,

Не кляніся,

а дай адказ,

Чым памог

белапанскай Польшчы

У змаганні сваім супраць нас?

 

Рацкі: — Не затоіш нянавісці ў жмені,

Калі ў сэрцы яна гарыць.

Прызнаюся адкрыта —

сумленна

Працаваў не на вашу карысць.

 

Мне загад быў

ад контрразведкі

У чырвоны прабрацца стан,

І прыносіць дакладныя весткі,

І сакрэтныя планы дастаць.

 

Цераз брата ішлі наказы,

Я выконваў старанна,

І вось...

Гэта дзеўка

за трэцім разам

Асачыла-такі

мой лёс.

 

Яна стала на той дарозе,

Дзе жывыя сляды на пяску,

Нада мною павісла пагроза,

Быццам цела чыё на суку.

 

Дзень трывожыў мяне наступны

(Ён тады наставаў кагадзе) —

Вобраз дзеўчыны злой

неадступна

Не даваў супакою нідзе.

 

І гадалася ноччу цёмнай

Гэта імя

да белага дня,

І зусім нечакана

я ўспомніў,

Што арлянкай завецца гульня.

 

Выйсце знойдзеным стала нарэшце,

І упартасць мая

узрасла:

Вы гуляеце, здэцца,

на рэшку?

Я ж пастаўлю ізноў на арла!

 

Мне здавалася —

досыць прычыны,

Каб узняць нездаволенне мас;

Мне здавалася —

з гэтай дзяўчынай

Вы апошні прайграеце раз.

 

Розін: — Памыліўся,— ха-ха! —

дабрадзею:

Не на рэшку ідзе гульня —

Наша сіла

і наша надзея —

Пяцікутная зорка...

Адна!

 

Вам не ўдасца варожасць

узветрыць:

Беларус,

украінец,

грузін,

У працоўных — адзіная мэта,

У працоўных — і шлях адзін!

 

Нас з маленства бяда гадавала;

Хай мы босыя,

голыя,

хай!

Ад раз’юшанай панскай навалы

Абаронім Савецкі край!

 

Не сагнём пад ярмо ваша

карак,

Можа шмат каго

возьме смерць,

Толькі верым —

праўдзівая кара

Анікога і вас не міне.

 

За руінамі хат,

пры гасцінцы,

Яна першага стрэне —

цябе!..

Адвядзіце туды злачынцаў,

Няхай дол нарыхтуюць сабе.

 

 

23

Пакідалі маўкліва мітынг

Непакорныя бацьку сыны,

І трывогі глухой,

непазбытай

Наплывалі цяжкія сны.

 

Людзі неслі

свой чорны сорам

Цераз шлях

каля трох арабін,

І тады іх

дагнаў Азорыч

І адразу маўклівасць разбіў:

— Хлопцы,

хлопцы!..

Чаго натварылі?! —

Нехта цяжка,

услых

уздыхнуў.

І туга разняла свае крылы,

Ахінула у смутак вясну.

 

Зашчымелі балюча сэрцы,

Зубы сціснуўшы,

тоячы боль,

Выракалі чырвонаармейцы

Свой суровы прысуд над сабой:

 

«Як мы смелі

пакінуць змаганне

І чужою краіну назваць,

Дзе мільёны

гараць паўстаннем,

Каб нядолю сваю зваяваць!»

 

Воддаль гутарыў з некім Азорыч:

— Ты ідзеш на спачын,

у цяпло,

А таварыш —

калее ў дазоры

За краіну,

за гэта сяло...

 

Ты смяяўся

і строіў жарты,

А чужынец разлад прынёс...

Як жа смеў ты

пакінуць варту,

Занядбаўшы рэспублікі лёс?!

 

Гэта ж самая подлая здрада,

Калі вораг наточыць нажы —

Пашчапаць на кавалкі атрады

І вінтоўкі свае палажыць.

 

І не выцерпеў

гэтае грозьбы

Пажылы

і высокі казак,

Прыпыніўся

і ціхаю просьбай

На дакоры усе

адказаў:

 

— Не загоіць надлому скруха,

Калі хлопцаў,

братоў і сясцёр

Мы пакінулі ў час завірухі

Ваяваць

за працоўных жыццё.

 

Не загладзіш віны

дакорам,

Дык цярпліва,

Азорыч,

маўчы!

Нам нялёгка,

пакутлівы сорам

І няўцішаны боль несучы.

 

Ноч ішла

цераз лес

і нівы,

Вартавала санлівасць хат,

І знябытыя людзі

маўкліва

Абміналі шарэнгі прысад.

 

Хаты стрэлі пагардліва такжа —

Не знайсці супакою нідзе!

Прыгняла невымоўная цяжкасць

Яшчэ ніжай маўклівых людзей.

 

Гэтак цяжка

бывае аднойчы:

Калі ўсе адракуцца цябе

І глухія,

бяссонныя ночы

Трэба зносіць,

маўчаць

і цярпець.

 

Узнімаўся халодны вятрыска,

Але цёпла было ля хат,

І да ранку сядзелі на прызбах

Таварыскія групы салдат.

 

Каб забыцца на тую рознасць,

Што была як прычына смут,

І ласкава, і асцярожна

Дагаджалі адзін аднаму:

 

— Хэ, дармо,

што Сібір гадавала,

Украіна твая

ці Каўказ —

Доля роўная нас страчала

І аднолькава песціла нас.

 

А было вось...

такое здарэнне,

У нямецкую,

значыць,

вайну,

Адступалі,

кальнула ў калена

І —

нагой не магу зварухнуць.

«Браце,—

клічу,—

на дальняй чужыне

Не кідай аднаго мяне!..»

 

Хоць бы вокам здалёку акінуў,

Хоць бы крок на хвіліну знямеў.

 

«Сукін сын ты!

А я ж табе праўдай

Колькі год батраком служыў,

Ты ж мой хлеб запрацованы

краў быў,

Ты ж смактаў мае сілы з жыл!»

 

Захлынулася жалем сэрца:

«Мая доля —

мяне не міне:

Мусіць, суджана мне

памерці

На далёкай,

чужой

старане».

 

Можа й згінуў бы,

можа лепей

Жыў бы з песняю,

не смуткаваў,

Але шэнціла —

выручыў Лейба —

Мой вясковы сусед —

каваль...

 

Ох і сіла ж была!

Навокал

Пра яго разышоўся слых.

Нёс тады ён мяне далёка,

Покуль вынес зусім да сваіх.

 

От якія бываюць здарэнні!

Зноўку слова Азорыч узяў:

— І выпадкаў такіх —

не меней,

Як сто тысяч,

бывае штодня.

 

Але нейк

забываюцца людзі...

Вось і мы —

узнялі гэты рух:

«За чужыну змагацца

не будзем!»

Ці ж чужына для нас Беларусь?

 

Яна такжа працоўных краіна,

А ці ж мэта у нас не адна?!

Можа,

нават

і тая жанчына

Вінавата не болей за нас.

 

Забарабаніла

крыллямі скруха,

І сумленне угрызлася зноў.

— Лепш адсеч было

гэтыя рукі,

Спапяліць непакорную кроў.

 

Лепш сагнаць было

скуру ў столкі

Рамянём

на сваіх плячах,—

Як пакінуць-злажыць вінтоўкі

У такі неспакойны час.

 

Разрывала сумленне сэрцы,

Зубы сціснуўшы,

тоячы боль,

Выракалі чырвонаармейцы

Свой суровы прысуд над сабой.

 

Ноч ішла,

не прыносячы скутку,

Высцілаўся бялёвы туман.

Можа з ім

прыкаціліся чуткі?

Можа ён нас

уводзіць у зман?

 

Але ж нехта жывы,

нізкарослы,

Разышоўся на ўсе галасы:

— Я ж казаў вам,

салдаты й матросы,

Што ваш Рацкі —

сабачы сын.

 

От злавілі ж падлюгу на здрадзе:

Падыходзім мы гэта,

глядзім,

Ажно ён

батарэі крадзе...

Я за шкірку,

і хлопцам:

«Вядзі!»

 

І героем хадзіў нізкарослы,

А ніхто не спыніў:

«Ілжэш!»

Бо з маной гэтай слоўнай бросні

Дакранулася праўда вушэй.

 

З лушпавіння легенд несапраўдных

Адлучылася восем слоў:

«Рацкі —

злоўлены!

Рацкі —

здраднік!

На пагібель рэспубліку вёў».

 

Накацілася чорная хмара,

Пацямнелі

і даль,

і ноч...

І Азорыча словы

пажарам

Ахапілі маўклівасць

ізноў:

 

— Калі людзі

памылак

і здрады

Не паправяць адданасцю дзей,

Дык ніколі не будзе радасць

Гасцяваць у такіх людзей.

 

Напяліся да болю нервы,

І жахнуўся над вуліцай крык:

— Дык калі ж нас адправяць

з рэзерваў

У агонь,

у магілу

пад крыж!

 

Хоць куды!..

Абы змыць гэты сорам,

Ці загінуць у бойцы не ў час,

Каб ні людзі,

ні дзень,

ні зоры

Не глядзелі з дакорам на нас.

 

І Азорыч адзіным жаданнем

Зноў зацепліў

пачуцці ваяк:

Віхрам рынуцца заўтра ў змаганне,

Каб і скруху,

і сум

пахаваць,

 

Каб крывёю

ганебную пляму

Змыць у слаўных,

адважных

баях...

Ноч праходзіла,

гасячы лямант,

Рассыпаючы зоры ў палях.

 

 

24

Ліпень.

Пагожы,

як радасць,

дзень,

Сонца купае

купавы;

Лес на пагорках

памаладзеў,

П’яна запахлі травы.

 

Нават руіны папаленых хат,

Тоячы боль

і раны,

Голлем зялёных

кляновых шат,

Як на ўрачыстасць,

убраны.

 

Пераклікаюцца скрозь галасы —

Словам гамонкі,

акордамі песні;

Звонка шасцяць,

шалясцяць каласы,

Туліцца радасць да весніц.

 

Добра такою часінай

ісці

Поруч,

у ногу з сябрамі.

Пляц учарашніх гамонак

прыціх,

Змоўк,

утаптаны нагамі.

 

Спрытна ў шарэнгі пастроіўся полк,

Зліты адзіным настроем...

Зірк страпянуўся,

і вочы —

у дол.

Стаў камісар перад строем:

 

— Добрае раніцы!

(Так маладзёж

Часта вітае маленства).

Доўга

і моўчкі

ён тупаў

уздоўж

Роўных,

як струны,

шарэнгаў.

 

Бліснулі іскры ў ягоных вачах,

Сэрцы зацепліўшы

скрухаю новай,

Ён прыпыніўся,

і вось ён

пачаў

Словам ласкавым

прамову:

 

— Што ж вы,

таварышы,

хмурыя ўсе?

Досыць журыцца!

Сушыце набоі!

Хто нам палёгку

адкуль прынясе?

Трэба здабыць яе...

сілаю!

З бою!

 

Гляньце навокала,

колькі тугі,

Слёз неадплачаных —

цэлае мора.

Нашыя хаты,

палеткі,

лугі

Нішчыць пажарамі вораг.

 

Што ж мы зрабілі,

каб скінуць ярмо?

Смерць

прысудзілі жанчыне?

Гэта заслона

з нявінным кляймом

Крыла варожасць учынкаў.

 

І,

калі брудную шырму падняць —

Выступіць Рацкі героем...

Што яму трэба?

Адно! —

Раз’яднаць,

Дужасць на часткі пакроіць.

 

Ён не для жартаў

хацеў распаліць

Нацыянальныя спрэчкі.

Хтосьці на гэту прынаду прыліп,

Варту пакінуў ля рэчкі;

 

Хтосьці паверыў,

вінтоўку аддаў,

Слова зламаў сваё нехта,

І чужаніцай далёкай назваў

Ён

Беларусь Саветаў.

 

Мы —

гэта працы сусветнай сыны,

Наша краіна —

усюды

Там,

дзе гараць рэвалюцый агні,

Там,

дзе працоўныя людзі.

 

Сёння мы кінем змагацца,

дамоў

Пойдзем да мамы,

да таты,

Заўтра паганая банда паноў

Выгане з роднае хаты.

 

Хутка ільга заваёвы аддаць,

Толькі ўжо вораг —

не верне!

Кроўю рабочых,

сялян

і салдат

Бралі іх...

 

Галасы: — Правільна!

— Верна!

Камісар: — Хто не жадае ісці самахоць,

Хай пакідае змаганне,

Хто бунтаваўся —

наперад выходзь!

— Хто бунтаваўся? —

Пытанне.

З вуснаў

у вусны

яно паплыло,

Толькі не стрэла адказу,

Быццам нічога зусім не было,

Проста:

«Жадаюць абразіць».

 

Камісар: — Зноў гавару вам,

хай зброю аддасць

Той,

хто змагацца не хоча,

Той,

хто за цёплы закутак

прадасць

Справу і долю рабочых.

 

Гул скалыхнуў амярцвелую ціш:

— Зброі ніколі не кінем!..

— Будзем рэспубліку

ўсе бараніць,

Нашу,

працоўных,

краіну!

 

— Пойдзем адважна у бой,

як адзін,

Мы не спужаемся смерці!

Таварыш начальнік,

бяры

і вядзі,

Не дакарай нашы сэрцы!

 

Камісар: — Хлопцы,

рэспубліка будзе вітаць

Шчырую вашу адданасць.

Помніце,

сёння ўначы наступаць,

Трэба нам быць зрыхтаваным.

 

Галасы: — Будзем,

таварыш!

— Даёш,

камісар!

І на спатканне і ростань

Хопіць на панскія плечы пісаг —

Шаблі навостраны востра.

 

Камісар: — Веру,

што моцна вінтоўкі свае

Будзем трымаць у змаганні.

Хай рэвалюцыя

скрозь жыве!

Панскае прэч панаванне!

 

Галасы: — Знішчым нядолі

адвечны уціск,

Волю ў змаганні здабудзем!

 

Камісар: — Дзякую,

хлопцы,

за дружнасць усіх!

Полк: — Служым!

Працоўнаму!

Люду!

 

 

Эпілог

Па дарогах,

разбітых ушчэнт,

Па руінах брукованых вуліц

Увайшлі

у савецкі Мінск

Калмыкі

і кітайскія кулі.

 

І лезгіны з Каўказскай гары,

Украінцы,

татары,

тунгусы —

Гэта ўсё —

за жыццё змагары

І за волю маёй Беларусі.

 

Ночы,

голад

і холад тайгі,

Балаты,

і лясы,

і пустыні,

Неадступная змора тугі —

Перад імі усё адступіла.

 

Бо вяла іх упартасць адна,

Скасаваўшы граніцы ўсіх нацый,—

Рэвалюцыі сцягі ўзняць,

Каб не ведаць прыгону у працы.

 

Перайшлі яны тысячы вёрст

Без абутку,

адзення

і зброі,

Але кожны у сэрцы данёс

Маладога змагання настроі.

 

Ад сібірскіх лясоў

ды балот

І выжар непраходных

Палесся

Правялі яны слаўны паход

З баявою вясёлаю песняй.

 

Не за славу крывіцкіх славян,

Не за ўласную долю

і лёс свой,

А за волю рабочых,

сялян,

Гарадоў занядбаных

і вёсак.

 

З найдалёкіх

і блізкіх краёў,

Ад канца

да пачатку

свету

Пралівалі працоўныя кроў,

Каб жыла

Беларусь

Саветаў!

 

1930—1931 гг.


1930-1931

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан