epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Хада падзей

Пралог
І восень пачалася
Дзяўчына
Перавыбары ў прыродзе
Зімовы адпачынак
Вясна наводзіць чыстку
Маёвы гімн
Высновы


 

 

Пралог

Вячорная цьмянасць твая,

красавік,

мой дух акавітаю поіць,

а вецер імкнецца настроі узвіць

на залатыя навоі.

 

Спрачаюцца думкі мае з пачуццём,

снуюць успаміны аснову:

праходзіць у ясным праменні жыццё,

восень —

у лісці кляновым.

 

У белым убранні праходзіць зіма,

вясна —

у зялёным адзенні,

і лёгкай фантазіі смелы размах

рупна рысуе падзеі.

 

У вобразах я вокамгненна падам

падзеі у духу канструкцый:

.................................................

Калі цягнікі папрыходзілі з дач —

пачак прывезлі інструкцый.

 

 

І восень пачалася

Ад інструкцый гэтых установы

скалыхнуліся, як хмурыя лясы,

і пайшлі загады, прапановы

ад вяршынь цэнтральных у нізы.

 

Прабягалі хуткія кур’еры

за кароткім часам наўздагон,

і ляцелі белыя паперы,

як лісты асеннія на дол.

 

Журавы пачулі шалясценне,

узнялі птушыны непакой:

журавам казалі летуценні

пашукаць на поўдні супакой.

 

І яны дарог сваіх глядзелі,

разгарнуўшы старасвецкі план.

Задзівілі гэтыя падзеі,

і спытаў паэта у сялян:

 

— Я вясну адзначу вандраваннем,

ці прыехала яна ў калгас?

— Хоць складанае пастаўлена пытанне,

але просты на яго адказ:

 

Адцвілі даўно вясна і лета,

час ідзе няспынна,

не суняць...

І здалося сумнаму паэту,

што зарана адцвіла вясна.

 

Напісаў ён верш у захапленні,

як лісты апалі не ў пару:

нагадалі крыллі летуценняў

вобраз дзеўчыны і белых руж.

 

 

Дзяўчына

Хмары белыя —

быццам кусты

беласнежных вялізманых руж.

Адлятаюць дадолу лісты,

адлятаюць лісты не ў пару.

 

Яшчэ жнівень на полі цвіце

пазалотаю позніх аўсоў.

Раніцою дзяўчына ідзе

пазбіраць каласы ў крысо.

 

І на босыя ногі раса

ападае з халоднай травы,

і на плечы спадае каса

ручаём залатым з галавы.

 

Вейкі спуджана нейк шалясцяць,

адвінаецца зірк у аддаль.

Прабягаюць дарогі наўсцяж

і знікаюць — канца не відаць.

 

І асмуглыя рукі яе

захінаюць кажушак стары,

каб грудзей не крануўся падвей,

не туліліся моцна вятры.

 

А на вуснах ружовых,

як цень,

задуменная ўсмешка лягла.

Золкі смутак з-за лесу ідзе,

асядае над полем імгла.

 

Адцвіла залатая вясна,

адшумелі лугі і лясы.

Пазалотаю белай туман

не засценіць дзявочай красы.

 

Хмары белыя —

быццам кусты

беласнежных вялізманых руж.

Адлятаюць дадолу лісты,

адлятаюць лісты не ў пару.

 

 

Перавыбары ў прыродзе

Красавала восень ярка

да кастрычнікавых дзён,

гаварлівая жняярка

не змаўкала на палёх.

 

Скараціць рашыла штаты,

на падмогу кліча дождж:

— Атрасі на клёнах шаты

і развей па полі ўдоўж.

 

Дык на працу,

дождж,

на працу:

справы многа на зямлі!

Адказаў дождж:

— Рад старацца

І зашастаў у галлі.

 

Супынілася жняярка

на саўгасавых палёх,

і лісты на клёнах парку

асякае галалёд.

 

Птушкі выбраліся скора

чарадою і ў разброд,

хто за межы,

аж за мора,

хто лячыцца на курорт.

 

Узнялі вятры трывогу

(чуцен грозны гоман хваль):

на азёрах,

на дарогах

сталі скаргі друкаваць.

 

Прачыталі тыя скаргі

і лясы,

і жоўклы сад

і рашылі не на жарты

перадаць зіме пасад.

 

Узнялі аднагалосна

вершаліны на узмах:

— Хай гуляе на палосах

замест восені зіма.

 

 

Зімовы адпачынак

Пасаду старшыні

халодны лістапад

наступніку

увечар перадаў.

І снежань малады

аснежыў голы сад,

за дзень канькі

і лыжы распрадаў.

 

Марозным вечарам

на фабрыках гудкі

пераклікаліся

акордамі сірэн,

і першаю

спартыўная каманда «КІМ»

на новых лыжах

выехала ў трэк.

 

У яркай змрочнасці

схіснуліся агні,

і ціну тонкую

наземіць цень...

Калонай роўнаю

ідуць за днямі дні,

якая стройная

хада падзей!

 

Вятры сцюдзёныя

гайсаюць каля стаў,

у задуменнасці

марозны лес.

Як пальцы — тонкія,

і крохкія, як сталь,

 

лілеі белыя

цвітуць на шкле.

Лісты шырокія

прыгожа вышываў

на сінім шкле

халодны маладзік.

 

Адлюстравалася

узлётаў вышыня

і глыбіня

пачуццяў маладых.

І звонку казачным

здаецца ў змроку клуб

сваёй суровасцю

халодных рыс:

з крутой страхі

спадае пасмай

цень на зруб.

Ды сэрца клубнае

трапечацца, гарыць.

А дні ідуць,

кароткія, як радасць, дні,

сляды кладуцца

роўныя на снег.

Зіма,

апошнімі снягамі

зварухні

і саступі шляхі свае

вясне.

 

Яна склапочаная

ходзіць ля акон,

яна над рэкамі

варушыць ціш,

яна шчапае лёд

(ты чуеш гэты звон?),

яна вятрамі

ў полі шалясціць.

Яна паводкаю ідзе,

прыгожая вясна,

узварухнуліся,

шумяць лясы,

яна ідзе

і заклікае нас

да творчасці

вялікае красы.

 

 

Вясна наводзіць чыстку

Прыляцелі ластаўкі

з залатымі крыллямі.

Паламаны застаўкі

ледзянымі крыгамі.

 

I паводка бурная

умывае вуліцы,

а масты чыгунныя

над ракой сутуляцца.

 

І вясна

і людзі ўсе

раніцою ранняю

пачалі на вуліцах

чыстку генеральную.

 

Бюракраты пырскаюць,

быццам хвалі пенаю:

напужаны чысткаю,

значыць —

гігіенаю.

 

А тым часам сапраўды

рабочы кантроль

парашыў адчыніць

дубальтовыя дзверы

кабінетаў усіх,

канцыляр

і кантор —

пісаніну і працу

праверыць.

І цяпер аб'явілася

шмат «валацуг»,

што «не помняць»

ні бацькі,

ні маткі,

ні брата.

Каб давесці усё ж

«пралетарскасць» сваю —

зазначаюць,

што іх...

нарадзіў інкубатар.

 

А каб верылі больш,

паціскаюць руку

меней «заву»,

а болей кур’еру.

Кабінеты цяпер

не стаяць на замку —

адчыняюцца ветла

дубовыя дзверы.

 

Ай як хутка

падзеі мяняюць людзей,

і душу іх,

і твар,

і усмешку,

толькі, мусіць, вясна

у няспыннай хадзе

не мяняе аблічча

і сцежак.

Не мяняе ніколі

зялёных дарог,

не спыняюць напружнасці

людзі ў рабоце:

ўсё нязменна у сем

раніцою гудок,

і красуе вясна

ў пазалоце.

 

Яснымі праменнямі

на прыпол красы

раскідае жменяю

сонца паясы.

 

І тады вясёлкаю

зацвітае сад,

раніцою волкаю

зіхаціць раса.

 

Вочы белазорыя

упіваюць сінь.

Вецер над азёрамі

ціха шалясціць.

 

— Можа троха зімна вам? —

шчэ чуваць зіма,

а паэта гімнамі

услаўляе май.

 

 

Маёвы гімн

Думкі і вобразы

лучацца шчыльна,

сэрца нітуюць

настроі вясны.

Дзеі праходзяць

заўсёды няўхільна,

дзеі... а такжа

праўдзівыя сны.

 

Толькі нядаўна

на санях кляновых

вывезлі з Мінска

за горад зіму, —

тэмпам успораным

рытмаў вясновых

сёння складаецца

сонечны мур.

 

Толькі надоечы

вусны прасілі,

вусны мільённыя

клікалі май, —

сёння ж у далях,

празрыстасцю сініх,

дзень гэты

крыллі над светам разняў.

 

Пошчак прамчаўся

ад Мінска да Вільні,

як навальніцаю

шэлест лясны...

Дзеі праходзяць

заўсёды няўхільна,

дзеі — як нашы

праўдзівыя сны.

 

Вось і здаецца

нязвыклай,

бязмэтнай

гэта людская

бяскрайняя плынь.

Маршам аркестры

на плошчы сусветнай

славяць маёвыя

светлыя дні.

 

Што ж гэта сэрца

дрыжыць у трывозе,

нават і песні

не ўшчунуць бяду?

Дзесьці далёка

па чорнай дарозе

нашых братоў

на пакуты вядуць.

 

Што ж ты татахкаеш,

сэрца, бяссільна,

хіба не верыш

у подых вясны?

Дзеі праходзяць

заўсёды няўхільна,

збудуцца нашы

праўдзівыя сны.

 

Будзе часіна,

як тыдзень русальны:

людзі пакрышаць

няволі крыжы,

прыйдуць з выгнанняў

адвечных і дальніх,

прыйдуць-паўстануць

змагацца і жыць.

 

Дзень гэты будзе

таксама маёвы,

злучнасць працоўных

уславіць вякі,

праца вянкамі

красы каляровай

высцеле сціпла

камуне шляхі.

 

Толькі сачыце

упарта і пільна

подыхі кожнае

новай вясны, —

дзеі праходзяць

заўсёды няўхільна:

дзейснасцю стануць

праўдзівыя сны.

 

 

Высновы

Залатымі косамі вяснянкі

адшумелі ўчора над лясамі.

Занядбала любая сялянка,

занядбала сёння паясамі.

 

Кажуць,

ходзіць лета каля лядаў,—

датыкай, дзяўчына,

свае кросны,

малады вунь едзе у прысадах...

Зашумелі вершалінай сосны.

..................................................

Веснавой мелодыі акорды

патухаюць сённячы над брукам:

летуценняў,

некалішнім гордых,

не кранае аніякі грукат.

 

Пачуцця прыгожую аснову

разматаць пара даўно з навояў,

бо суседзі,

робячы высновы,

насмяюцца з песень і настрояў.

 

1929 г.


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан