epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Дваццаты год

 

 

Быў векапомны

дваццаты год...

Краіна Саветаў

канчала франты.

Правёўшы вялікі

і слаўны паход,

Чырвонае войска

вярталася ў тыл.

І раптам сігнал

на трывогу падняў:

— Сядай, пралетарый,

ізноў на каня,

У рукі вінтоўку

бяры, селянін,

Выходзьце краіну

сваю бараніць

Ад новай навалы,

ад польскага пана,

Што чыніць расправу

над людам забраным.

 

З фабрык,

заводаў

выходзяць мільёны,

Строяцца

моўчкі

ў густыя калоны,

І маткі старыя

і сёстры —

ізноў

Ласкава

праводзяць

братоў і сыноў:

— У добрую часіну,

Шчаслівы табе шлях...

Глядзі ж, мой любы сыне,

Не забывай сяла.

Я стану, мой каханы,

Чакаць цябе дамоў,—

Як скрышыце вы пана

І панскае ярмо.

На гэты ласкавы

і просты наказ

Чырвонаармейцы

даюць свой адказ:

 

— За нашую волю...

— За нашую працу...

— За нашу зямлю...

— І за нашае права —

Мы будзем да скону,

Да смерці змагацца

І згінем адважна,

І згінем са славай.

 

І после,

праз холад і ноч ідучы,

Яны запяваюць

звычайную песню,

І маршам грамовым

над лесам гучыць

Пра вочы каханай

журботная песня:

 

«Не журыся горненька

І не плач,

Што са мною, любая,

Не была.

 

Каб былі шчаслівыя

Нашы дні,—

Я пайшоў рэспубліку

Бараніць.

 

І не будуць ворагі

Панаваць,

Покуль з плеч не скоціцца

Галава.

 

А калі і суджана

Мне не жыць —

Не журыся горненька,

Не тужы.

 

Словам добрым,

ласкавым

Памяні

І выходзь рэспубліку

Бараніць».

 

Праз горы,

праз нетры,

праз поле і лес

Кладзецца

Чырвонае Арміі

след.

А там,

аж за Віслай,

вісіць цішыня,

Арол над прасторамі

крыллі разняў.

І раптам

прасторы прарэзвае крык:

— За што ж цябе гоняць

На смерць гандляры?!

Паночку!

— Адстань!..—

Маладая салдатка

Схапіла за рукі

Ў бялёвых пальчатках:

— Паночку!..

Нам славы чужое не трэба,

Мы самі заробім

Кавалачак хлеба...

Куды ж вы пагналі яго,

Як бадзяку?

— Айчызне сягоння

Патрэбны ваякі,

А хлеба...

На гэта

Ёсць пан-бог над светам.

 

Паручнік прайшоў,

Адпіхнуўшы кабету,

А тая,

Прыпаўшы да чорнай зямлі,

Галосіць,

Што мужа на смерць павялі.

На плошчы ксяндзы

і паны дэмакраты

Жалослівым словам

частуюць салдатаў:

 

— Каханыя дзеці!

Каханыя дзеці!

У бой за айчызну

Адважна ідзеце.

За пана, за бога,

За нашую веру

Жыццё сваё мужна

Аддайце, жаўнеры!

І вас не акіне

Айчызна, панове,

За вашу адвагу,

За вашы галовы.

 

Сівы генерал

Прыпыняе малебен:

— Салдату

Жалослівы тон

Не патрэбен,

Вы цвёрдай рукой

Загартоўвайце дух...

Пастройце, палкоўнік,

Хутчэй чараду!

 

— Сказалі пастроіць...

Я слухаю пана.

Раў-нуй-ся!

Ану!

Запявайце,

уланы!

 

І моўчкі салдаты

Галовы панеслі

Пад гукі чужыя

Чужынскае песні:

 

«Стройся, ўланы, у калоны,

Пойдзем бацькаўшчыну броніць.

Гэй, гэй, уха-ха,

Пойдзем бацькаўшчыну броніць.

 

І каго не возьме куля —

Прыйдзе панам да матулі.

Гэй, гэй, уха-ха,

Прыйдзе панам да матулі.

 

А каторы ляжа крыжам —

На тым свеце бог запіша.

Гэй, гэй, уха-ха,

На тым свеце бог запіша».

 

Бадзёрыя уланчыкі

На бой ідуць,

А змораных,

Спрацаваных —

На смерць вядуць.

 

Ні фабрыкаў,

Ні фольваркаў

У іх няма,

Адно гарбы высокія

Ад панскага ярма.

 

І кожны з іх

Як парабак,

Ідзе ў страі.

Малюнак хаты беднае

Уваччу стаіць.

 

Галодныя,

Бяздольныя

Іх дзеці там,

І маткі над калыскамі

Спяваюць так:

 

«Спі, мой сынку,

Спі, каханы,

Бацька ў войска твой забраны,

А за што яго пагналі —

Мне ні слова не сказалі.

Спі, мой сынку,

Сні, каханы.

 

Ні зямлі,

Ні гаспадаркі,

Апрача ярма на карку,

Мы не маем, любы сыне.

Дык за што ж у бойках гінуць

На далёкай

На чужыне?

 

Спі, расці,

Мой сын каханы,

Каб ты мог, як большым станеш,

Адплаціць панам праклятым

За пакуты твайго таты.

Спі, мой сынку,

Спі, каханы...»

 

Пад музыку плачу,

праклёны і лямант,

Пад посвіст снарадаў

і выбухі мін

Едуць малойчыкі,

едуць уланы,

Белая армія

валіць пад Мінск.

 

Насупраць, з усходу,

пад гучныя маршы,

Каб вызваліць край

з белапольскай жуды,

Лавамі стройнымі

армія наша

Такжа кірунак

трымае туды.

 

Зоры усходзяць

і зоры заходзяць,

Тройчы зямлю

высцілае туман.

Толькі чырвоным байцам

у паходзе

Ніколі ні сну,

ні спачынку няма.

 

Вуха прыложыць

да самага долу

І чуе камрот,

як галосіць лаза, —

Гэта збіваюць

сялян за нядолю,

Катуюць матку,

што сын партызан.

 

— Ты, старая,

Сама бальшавічка!

І цябе прычакае

Асіна яшчэ...

 

І жанчына гаворыць

З пакорай прывычнай:

— За вяроўку хапайся

І вешай хутчэй...

Мы спазналі пакуты

Без меры і краю,

Але гэтак яшчэ

Аніхто не тужыў:

Цяжка мне,

Што я сілы не маю,

Каб сваімі рукамі

Цябе задушыць!

 

— Змоўкні, сцерва!

— Не гойкай, паночку,

Не пачуеш ні слова больш.

 

Бізунамі на йстужкі

Насеклі сарочку,

А яна не сказала

Ні слова пра боль.

 

Гэты боль вырастаў

у людскую нянавісць,

Яго неслі начамі

ў лясы і бары

І чакалі хвіліны

праўдзівай расправы

І тачылі аб камень

свае тапары.

 

Праз балоты ішлі

да чырвонага стану,

Гартавалі упартасць,

як полымя — сталь,

І чакалі, што час

вызвалення настане,

І пагодлівы дзень

неўзабаве настаў.

 

Ад самае ночы

грымелі гарматы,

Стагнала зямля,

папялелі палі,

Жывыя і трупы

валіліся падам,

Пагінулі сотні,—

мільёны прайшлі.

 

Праз гэты агонь

навальніцы нялюдскай

Адзіная мэта

працоўных вяла:

Узняць над краінай

штандар рэвалюцыі,

Каб вольнаю праца

людская была.

 

Вось так,

на крывавых шляхах і дарогах,

Па вуліцах спаленых,

збітых нашчэнт,

Чырвоная Армія

сцяг перамогі

Прынесла, як сонца,

ў зруйнованы Мінск.

 

Краіна спраўляла

сваё вызваленне,

Агні залівалі

ваду і зямлю,

Героям, што згінулі

ў бойках праменных,

Байцы аддавалі

апошні салют:

— Таварышы нашы,

Браты і сябры!

Няхай вам спяваюць

Бары і вятры

Вялікую песню

Людскіх перамог —

Вы мужна загінулі

У слаўных баёх.

Клянёмся ж над вашай

Труною ваяк —

Узняць над сусветам

Камуны маяк.

 

— Наперад жа, хлопцы! —

сказаў камандзір.—

Нас партыя кліча

на фронт будаўніцтва,

Дык выйдзем жа дружна

усе як адзін,

Як дружна ішлі

ад паноў бараніцца.

Я веру, што нас

ні маланка, ні гром

Не скрышыць ніколі

ні ў якіх навалах.

Бярыце ж цвярдзейшы,

таварышы, крок,

Бадзёрую песню

давай, запявала! —

І скрозь —

над прасторамі вуліц і ніў,

Па хатах,

старэнькіх і цесных,—

Ішла,

нараджоная ў віхры й агні,

Грымела

магутная песня:

— Мы агнём і мячом здабывалі яе

Маладую рэспубліку працы,

Аддавалі красу і жыццё за яе —

Маладую рэспубліку працы.

 

На руінах яна пачынае свой дзень

Маладая рэспубліка працы,

Да камуны шляхі непакорна вядзе

Маладая рэспубліка працы.

 

І калі зноў ахопяць навалы агні

Маладую рэспубліку працы.

Як адзін мы паўстанем яе бараніць —

Маладую рэспубліку працы.

 

Дапаможа народы з няволі падняць

Маладая рэспубліка працы,

І на свеце шырокім паўстане адна

Маладая рэспубліка працы.

 

1933 г.


1933

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан