epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Дванаццаты з'езд КПБ

Вершаваная хроніка
  1
  2
  3
  4
    Прывітанне ад рабочых
    Прывітанне ад сялян
    Прывітанне ад інжынераў
  5
  6
    Заключнае слова
  7


 

 

Вершаваная хроніка

У яркасці белай і снежнай

Зарніца гаворыць з зарой.

У думках такая разбежнасць,

Што вызначыць цяжка настрой.

 

Ні сум і ні радасць, прынамсі;

Ні прозу, ні вершы пісаць...

Настрой пад увагу прыняўшы,

Пакінуў я песенны сад.

 

І хронікай важнай заняўся

(Прабачыць няхай рэпарцёр);

Нядарам я некалі кляўся

Уславіць у песнях жыццё.

 

Ды песні мяняюць свой нораў,

Мяняюць дарогу і след;

Няхай праспявае іх жораў,

Пакуль не з’явіўся паэт.

 

Жыццё паспрабую уславіць,

Адкінуўшы песенны шум:

Вялікую хроніку слаўна

У вершах сваіх напішу.

 

 

1

Харошая зіма. Марозная зіма.

Такой не ведалі і нашы продкі.

А вуліцы шумяць,

на вуліцах размах

Наколькі выстарчае сродкаў.

 

Каля ЦК аўто... аж пяць аўто!

У Мінску гэта трохі дзіўна...

І вось пытаюцца цікавыя —

нашто? —

Індывідуальна і калектыўна.

 

Уцямім сэнс сягонняшніх падзей

У заўтрашніх радках газеты свежай.

Мінае дзень, згасае дзень,

І надыходзіць зорны вечар.

 

 

2

Ціха зараз у цэхах.

На вуліцах — гоман.

Белы вечар і снег,

Электрычнасці бляск.

Хутка восем гадзін.

Да партыйнага дома

Людзі мераюць

Мернымі крокамі шлях.

 

Ад Мазырскіх балот,

І ад Слуцкай раўніны,

І ад Мінскіх узгоркаў,

Бабруйскіх нізін,

З найдалейшых і блізкіх

Ускраін краіны,

Ад працоўнага люду

Усе, як адзін...

 

З думкай яснай і смелай —

Жыццё перайначыць —

На вялікі і слаўны

Сабраліся з’езд.

Прывітанне маё

З пажаданнем у працы

Дасягнуць перамог,

Нечуваных нідзе!

 

 

3

Званок прыпыніў на хвіліну размовы.

Успыхнулі дружныя ў зале агні.

Таварыш Гамарнік кароткай прамовай

Дванаццаты з’езд КПБ адчыніў.

.................................................................

Год мінуў. Падлічым дасягненні,

Нашы цяжкасці і веліч перамог.

У падмурак моцнае каменне

Дружна клаў рабочы клас як мог.

 

Збудавалі фабрыкі, заводы,

Засвяціла электрычнасць скрозь.

На шляху былі і перашкоды,

Што імкнуліся спыніць узрост.

 

А памылак мы хіба не сустракалі?

Іх рабілі нават сумысля.

Я да працы пільнай заклікаю,

Жджэ яе Савецкая зямля.

 

Супраць вывіхаў, ухілаў і зацішкаў,

За адзіны, ленінскі партыйны шлях.

Не гуляць з палітыкай у цот і лішку,

А сумленна несці прамяністы сцяг.

 

На завод, на поле трэба рушыць,

Там ідзе цяпер апошні бой

За жыццё працоўнай Беларусі,

Бой з адвечнай цемрай і бядой.

 

 

4

Пакуль у залу нам зайсці,

Дзе пойдуць спрэчкі па дакладзе,

Дазвольце вам апавясціць

Вітанні партыі і ўладзе.

 

 

Прывітанне ад рабочых

Сябры-таварышы, якое шчасце

Вітаць са з’ездам КПБ!

У працы гарт наш не пагасне,

Як не пагас у барацьбе.

 

Мы верым партыі нязменна,

Рупліва будзем працаваць;

Не мы — дык наша пакаленне

Камуну зможа збудаваць.

 

Расце упартасць і свядомасць,

І ў сэрцах творчыя агні,

І перашкоды мы ўсе зломім,

Іх пераможа ленінізм.

 

 

Прывітанне ад сялян

З далёкае вёскі, з сялянскіх палёў

Прыйшлі мы вітаць вас са з’ездам.

Яшчэ ў нас часамі на межах быльнёг

Красуе купчастым агрэстам.

 

Ды толькі не страшыць такая бяда:

Мы знаем ад гэтага сродкі

І зможам як трэба ўраджаі падняць —

На сорак і болей адсоткаў.

 

Адна толькі просьба: не дрэмле кулак,

Сачыце за ворагам пільна,

Тады яго гуртам мы зможам сяк-так...

Няхай жа красуе краіна!

 

 

Прывітанне ад інжынераў

Вітанне шле вам Асінбуд!

Размах работ у нас вялізны:

У хуткім часе прабягуць

Па дроце іскры камунізма.

 

І ў кожнай хаце, дзе свяча,

Дзе тлее комінак сялянскі,

Засвеціць лямпа Ільіча,

Раскінуўшы навокал бляскі.

 

Агні далёка пабягуць,

Над светам будуць разлівацца.

Вітанне шле вам Асінбуд,

Жадае поспехаў у працы!

............................................................

Закончылі госці прамовы,

Дарэчы і нам адпачыць.

На вуліцы вечар бялёвы

Пачаў ужо зоры тушыць.

 

 

5

Раным-рана штодзень ажывае пад’езд,

Дзе дымяцца таполі, як свечкі.

Там працягвае працу дванаццаты з’езд,

Запытанні, дыскусіі, спрэчкі...

 

А хвіліны лятуць, а дзянёчкі бягуць,

Нават лёту таго не заўважыць,

Ды кладуцца яны на такую вагу,

Дзе і хібы і поспех узважаць.

 

 

6

У сцягах чырвоных эстрада

І Леніна светлы партрэт.

Гарыць прамяністая радасць,

Вялікая радасць, паэт.

 

Яе не парушыць асновы,

Як нельга зямлю павярнуць.

Сягоння заключнае слова

Прыйшлі дэлегаты пачуць.

 

 

Заключнае слова

Праца нядрэнная, добрая праца,

Слаўная праца за год.

Смела наперад, не трэба баяцца

Цяжкасцей і перашкод.

 

Шлях наш вядомы —

ён роўны і просты,

Ён да камуны вядзе.

Будзе адзіны наказ вам на ростань:

Смела хай кожны ідзе.

 

Там, дзе заводы, і там, дзе палеткі,

Зерне пасейце, сябры,

Хай закрасуюць калоссе і кветкі,

Радасць людская гарыць.

 

Роднай краіне, сягоння забранай

Ворагам лютым і злым,

Шлём прывітанне сваё тэлеграмай,

Шлём ад Савецкай зямлі.

 

Хай паўстаюць,

у змаганні адважным

Прыйдзе, народзіцца дзень —

Крыўду падлічым, няволю паважым,

Радасць на поле ўпадзе.

 

І, аб’яднаўшыся, выйдзе, сустрэне

Шчасце камуны сусвет...

Сейце, таварышы, буйнае зерне,

Хай закалосіцца цвет!

 

 

7

Цягнік імчыць, мінае пераезды,

Мінае вёскі і лясы.

Стаяць у вокнах дэлегаты з’езда,

Не зводзячы вачэй з красы.

 

А думы ткуць другія ім узоры —

І вырастаюць спакваля

Перад вачамі іншыя прасторы,

Дзе мёртвая ляжыць зямля.

 

Цягнік імчыць. А з ім наперагонкі

Дэпешу сэрцы іх нясуць:

— Паўстань, народ зняволенай старонкі,

Выходзь спаткаць вясну!

 

1929 г.


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан