epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Кармэнсіта

 

Б. НОРДУ

О Кармэн, мне печально и дивно,

Что приснился мне сон о тебе.

 

А. Блок

 

Незвычайны быў нейкі час:

І гадзіны яшчэ не прабіла,

А за вокнамі

Клён зачах,

Апалосканы шэрым пылам;

 

А за вокнамі

Плавіўся брук,

Карабаціўся выгнутым хібам;

Сухажылле напяўшы рук,

Сонца білася ў нашы шыбы.

 

Ад санлівасці позірк тух

На балонах чужых рукапісаў:

Не мірыўся мой творчы дух

З тым,

Што я...

Рэдакцыйны пісар.

 

Звадыяшная думка праз сон

Неадчэпна звінела упарта:

— Я не веру,

Каб быў закон

Катаваць чалавечы характар!

Я не веру,

Каб быў дазвол

Замяняць у паэзіі душы

Фізкультурнай гульнёй у футбол,

Апісаннямі мора і сушы.

Толькі з ясных глыбінь нутра

Падымаецца творчы геній,

Толькі так пачынаецца йгра

Чорнай подласці і сумлення.

Вось чаму

Не хачу й не магу

Адзіноты свае патурыць:

Я самотных людзей берагу

І здымаю з іх тонкую скуру,

На далоні душу бяру,

Разразаю на часткі глыбока,

І тады —

Даручаю пяру,

І тады —

Станаўлюся прарокам.

 

Пэўна, вырас бы ў злосны учынак

Самахвальства майго пастулат,

Але шэнціла нейкай дзяўчыне

Заблудзіць ля майго стала.

Яна віхрам прайшла кабінетам

І адразу пайшла крышыць:

Напішы,

Калі ты паэта,

Біяграфію нечай душы.

Пражывала там некалі недзе

Маладая такая Кармэн —

Не то лэдзі,

Не то мілэдзі,

Не то ў Слуцку,

Не то ў Карме.

Словам,

Прывіды галюцынацый

Перайшлі цераз край уваччу.

Я гатоў быў сумленна прызнацца,

Што ніколі такое не чуў.

 

Але памяць мая і мудрасць

Спакусілі ізноў мяне:

Прыгадалася белая пудра

З чужаземнаю назвай «Кармэн».

 

— Значыць, вам напісаць агітку,

Каб ішоў парфумовы тавар? —

Не то з жалем,

Не то з агідай

Паглядзела дзяўчына ў твар:

— Вы залішне, паэт, наіўны —

Кармэнсіту кахаў Хазэ...

Гэта ёй

Перуновыя гімны

Прысвяціў кампазітар Бізэ.

Гэта к ёй —

Недаступна далёкай —

Як бацькоўскі да сына доўг,

Незвычайныя словы Блока

Перайшлі цераз горы гадоў.

Гэта з ёю Лявоніха наша

І французская Жанна д’Арк

На бульварах спявалі маршы,

Каб сусветны узняць пажар.

І калі ты сапраўды паэта —

Неадкладна бяры і пішы

Напаказ занядбанаму свету

Біяграфію гэтай душы.

 

Што ты скажаш такой благое?

Усміхнешся таквеле чуць

І дасі абяцанне любое,

Абы крыку таго не чуць.

А пасля,

Дажджавым адвячоркам,

У лібрэта упяўшы зрок,

Будзеш слухаць такую гаворку,

Ад каторай сціскаецца кроў.

І нарэшце

Дырэктар Гітгарц,

А ці можа таварыш Норд,

Скамячыўшы цябе,

Як гідру,

Адыграюць апошні акорд:

 

— Каб даставіў у час інтэрмедыі,

Каб не болей,

Радкоў як на сто,

Каб фрывольнасць была камедыі

І трагічны не выпетраў тон.

 

Ты раз’юшаны гэтай пачосткай:

— Пачакай жа,

Мая Кармэн,

Я няшчадна цябе і жорстка

Адлучу ад твайго Мерымэ.

Я разбуру твае салоны,

Пасваруся нашчэнт з Бізэ,

Кропляй поту,

Атрутна-салонай,

Я спалю вас усіх пакрысе.

 

І, дахаты вярнуўшыся позна,

Калі зорамі высыпан сад,

Быццам хмара,

Пануры і грозны,

Я саджуся за стол пісаць.

 

Мой рабочы пакой —

Невялікі і просты:

Злева —

Кніжная шафа,

Направа —

Дыван,

А як глянеш з дзвярэй —

Перад поглядам проста

Літаграфскі малюнак

Палёў гаалян.

 

Цэлы кут ля акна

Заняла этажэрка,

Перадаўшы паліцу

Пад Ленінаў бюст;

Наўкасы аркушы рукапісаў

На жэрдках

Паразвешаны скрозь

На пісьменніцкі густ.

 

Міжваконны прамежак

Таксама замошчан,

Ля сцяны падняліся

Паліцы пад столь...

Вось і ўся,

Як гаворыцца,

Наша жылплошча,

Бо два метры займае

Пісьмовы мой стол.

 

І скажы,

Дарагі мой чытач,

Калі ласка,

Дзе ж вялікае тут

Разгарнуць палатно,

Калі нават

І гэтай паэмы завязку

Перанесці даводзіцца нам

За акно?

Там —

Маёвая ноч,

На калюшках шыпшыны

Ацяжэла раса,

Аж асыплецца вось...

Можа так і пачаць?

Але гэта дзяўчына

Зноў прыходзіць,

Капрызна падняўшы брыво.

Што ёй трэба —

Такой,

Як вясна,

Сінявокай?

А яна запявае

З вятрамі у лад:

— Дагані

І вярні

Свае думкі здалёку,

Каб сучаснасці дзель

І ў мінулым была.

Каб спявала цыганка,

А словы дзяўчыны

Галасілі,

Як горы,

Лясы

І зямля,

Каб пазналі,

Што й наша старая айчына

Векавую гісторыю

Горда прайшла.

І не сілай разваг

І халоднай здагадкі,

А навальнай паводкай

Твайго пачуцця

Ты падымеш яе,

Пранясеш цераз кладкі

Гэту дужую сілу

Чужога жыцця.

І радкі непачатых

Тваіх інтэрмедый

Перакрыюць гучаннем

Гучанне вякоў,

І з далёкага даўняга

Рокатам медзі

Адгукнуцца і крыкі

І стогны рабоў.

Пакідай жа самоту

І смутак турэмны,

Я цябе павяду

У далёкія дні,

Дзе грымеў ланцугамі

Народ пад’ярэмны,

Дзе надземнай красы

Палыхаюць агні.

Пакідай жа свае

Спарахнелыя сцены,

Я цябе павяду

На прасторы вясны!

Усміхаецца

Гіпсавым воблікам

Ленін,

А дзяўчына заходзіцца

Рэхам лясным.

 

— Адступіся,

Праклятая!..

Дай мне спачынак!

Я не хочу тваіх

Невыразных трывог.

 

А яна —

Сінявокая

Гэта дзяўчына —

Падымае ізноўку

Капрызна брыво.

Каб не ведаць спакусы,

Тамамі Граната

Адлучаю ад зор

І ад свету

Душу,

І пад літарай «Г»,

Адшукаўшы Гранаду,

Ноч наўсцяж

Без спачынку

Сяджу і пішу.

 

І пакуль за гарамі,

За пушчаю недзе,

Нараджаўся вясновы

Заранкавы дзень,

У мяне ўжо ляжала

Аж пяць інтэрмедый

Да вядомае оперы

Жоржа Бізэ.

 

Дзень паказу стаў на ростань,

Затрымцела зала ў люстрах,

І прыйшлі дзве роўных сёстры,

Ды няроўных толькі густаў.

 

Я сказаў ім:

— Добры вечар! —

Маладой руку паціснуў.

І яна пры гэтай стрэчы

Падняла брыво капрызна.

 

Неўгамонліва вітала

Мой удзел у іх тэатры,

А пасля кагось шукала

На другім, здаецца, пятры.

 

Я стаяў,

Злажыўшы рукі,

Напусціўшы выгляд посны,

Бо тачыла сэрца скруха,

Бо расла нявера ў поспех.

 

І тады сястра малодшай

Пачала са мной гаворку:

 

— Не сумуйце!..

Мой харошы,

Разганіце смутак горкі.

Вы ж, напэўна, прачыталі,

Што пісаў калісьці Ленін

Пра культуру пакаленняў.

Шлях цяпер да славы просты,

Скрозь назначан яркай вехай,

Застаецца —

Стаць на ростань,

Асядлаць каня і ехаць.

 

Як жа мне было прызнацца,

Што,

На мой вялікі сорам,

Не кранулі мае пальцы

Ні балонкі з гэтых твораў.

І, абы сказаць што-кольвек,

Я сказаў сястры старэйшай:

— Гэта наш ружовы золак

Даў іспанскі колер вершу.

 

А сястра малодшай зноўку

Гаварыла гэтым часам:

— Вам дала ў красу пуцёўку

Маладая сіла класа.—

І пазней

(Ужо аж после

Першых крыкаў трубнай медзі).

— Я ручаюся за поспех

Вашых сціплых

інтэрмедый!

 

Але выдаў твар здзіўленне,

Замарозіў вусны холад,

Калі ў змроку з авансцэны

Прагучаў акторскі голас:

 

— Дарагія таварышы!

Мы стварылі паказ

Не для той,

што апранута ў золата, публікі.

Веліч дум і пачуццяў

мы неслі для вас,

Для сыноў маладых

маладое рэспублікі.

Вы прабачыце нам

недадуманы жэст,

Непатрэбную,

можа,

супынку між тонамі,

Але разам падымеце

грозны пратэст

Супраць тых,

што царылі

мячом і законамі.

Перад вамі разгорнецца

просты сюжэт:

Закахаўся Хазэ

ў Кармэнсіту,

каторая

Гадавала лятункі

пра волю

і свет...

Надзвычайна

звычайная

будзе гісторыя.

І таму

не шукайце

надзённых ідэй,

Пахваліўшы герояў

ад пят і да гузікаў,

А бярыце

імклівую

радасць людзей,

Што напоўнілі сілаю

песню і музыку.

Разрывайце вузлы

асабовых інтрыг,

Каб яны не заціснулі

рытмікі масавай,

І пад кволенькім пульсам

любоўнай ігры —

Вы пачуеце пульс

супярэчнасцей класавых.

Я гадаю, што вы

запытаеце ўсе:

— Ці павінна Кармэн

авалодаць увагаю?

Яна іскру,

таварышы,

праўды нясе

Абяздоленых,

поўных

жыццёваю смагаю.

Яна мужна...

Ды зрэшты,

нашто гаварыць?

Каб суджэнняў чыіх

мае словы не ўразілі —

Прыглядайцеся лепш

да самое ігры,

А пакуль —

адлятайце

на крыллях фантазіі,

Уявіце Іспанію,

сонца,

базар,

Вартаўнічую будку,

цыгарную фабрыку.

Адыдзіце гадоў...

на сто дваццаць

назад,

На далёкія вуліцы,

поўныя фарбамі.

Ну,

ітак,

пачынаем...

Маэстра!

Смялей!..

Няхай павадкай

рокаты струн

разліваюцца.

Вы гатовы,

акторы?

Выходзьце хутчэй!

Запаліце пражэктар!

Заслона ўзвіваецца.

Цераз бераг галёркі

Пасыпаўся свіст.

І замоўк.

І прыйшла адзінота.

Я пачуў,

Як у садзе

Калышацца ліст,

Ашалёстаны ветрам,

Склізотай.

Над пагнутаю рампай

Нязграбны мой цень

Быў такі непатрэбны

І лішні,

Бо смяялася

Хіжаю самкай Кармэн

І сачыліся вусны,

Як вішні.

Калыхаліся круглыя

Дыні грудзей,

Выгіналіся рук

Лебядзіныя шыі,

Апляталі вузей

І сціскалі тужэй,

Катавалі,

Гнялі

І душылі.

І пад гэтым праклёнам

Ніводзін жывы

Не скрануў цішыні і прасторы,

І фантазія несла

На злом галавы

Аж пад самыя цёмныя зоры.

 

Так на цягу гадзіны,

А можа і двух,

Чалавек не пачуў

Чалавечага слова,

Але музыка змоўкла,

Пражэктар патух

І апала цяжкая заслона.

 

Быў антракт —

Даўгі, як вечнасць:

У тунелях калідораў,

Загубіўшы чалавечнасць,

Кожны быў каханнем хворы.

 

А Кармэн хадзіла следам

І злучала рукі парна.

Сінявокай вобраз бледны

Прамільгнуў,

Як прывід карны.

І сястры старэйшай вочы

Паланіў агонь і вусціш,

І здавалася,

Што моўчкі

Галасілі яе вусны:

— Адлучыце гэту жрыцу

Бажавольнага кахання,

Каб яна асела крыцам,

Не дайшоўшы рыштаванняў.

І вітайце іншы вобраз —

Непакорнай Кармэнсіты,

Што ішла з жабрацкай торбай

І прасіла хлеба ў сытых,

Што агнём паліла замкі

З нарабованым багаццем!..

Адлучыце ж злую самку

І сваю Кармэн вітайце.

 

Я хацеў,

Наколькі змога,

Закрычаць трывогу тлуму,

Але іншаю дарогай

Папляліся нішкам думы:

— Што з такога стане крыку,

Калі спадчына культуры

Падлажыла гэты прыкуп?!

 

...Зноў ігралі уверцюру,

Зноў хістаўся цень мой чорны,

Пападаючы у такту,

Зноў чытаў актор напорна

Інтэрмедыю да акту:

 

— Упартая хада падзей

нязменна

Вядзе далей герояў нашых.

Прайшлі яны

імкліва авансцэнай,

І на паўцалі

долі не дагнаўшы.

Ад інквізітарскіх

ярэм турэмных

Кармэн знайшла

ў натоўпе паратунак.

Тым часам

нечакана і дарэмна

Папаў Хазэ

у гэты пастарунак.

Ці то іронія

чыіх настрояў,

Ці лёс, як кажуць,

насваволіў,

Але ж

сапраўды

стаў салдат героем

Насупраць дум сваіх

і ўласнай волі.

За кратамі

ён цешыць сэрца стрэчай

З Кармэн прыгожаю,

вясёлаю дзяўчынай,

А з захаду

прыйшоў паволі вечар

І людзям загадаў

на адпачынак.

Кармэн знайшла

прытул у Лілас-Пасця,

Сярод бадзяг,

бяздомных і галодных,

Што пражывалі дні

лятункамі пра шчасце,

Што гадавалі гнеў

суровы і халодны,

Што стромаю маглі

навальна рынуць

На гандляроў

крывавага чырвонца,

Каб зваяваць

і нашчадкам пакінуць

Хоць месца на жыццё

пад кругам сонца.

Кармэн з Хазэ

таксама хоча стрэцца,

Каб выказаць яму

сваю удзячнасць,

Але ж дзявочае

такое сэрца,

Што выведаць яго

надзвычай цяжка.

Ды што я станаўлюся

ў роль прарока?!

Вы знойдзеце і самі

праўды зерне.

Паўстане зараз

перад вашым зрокам

Усімі занядбаная

таверна.

Начамі тут,

пакінуўшы свой кляштар,

Чырвонец тулячы

за пазухаю душнай,

Сыходзяцца крадком

манахі часта

Пацешыць жываты свае

і душы.

Адсюль

і пачынаем дзею зноўку...

Я слова вам перадаю, маэстра,

Каб вы

аддалі дыспаноўку

І права на пачын — аркестру!

 

Рассыпаўся звонам акорд,

Не здолеўшы ў высі падняцца,

Замоўкнуў збянтэжаны хор,

Заглушаны громам авацый.

 

Узмах дырыжоравых рук,

Гнуткасць балетных ног,

Шалёных музык ігру —

Так не страчалі даўно.

Біўся далоняў пляск,

Біўся,

Бунтуючы кроў,

Біўся праз вокны

На бляск

Мутных шкляных ліхтароў.

— Што ж ты, паэт, стаіш,

Горбячы плечы свае?

Чуеш,

У вершах тваіх

Звярыная кроў пяе?!

Выйдзі і слова скажы,

Каб пакарыла стыхію.

Мы хочам спяваць і жыць

Іначай зусім, як другія!

Мы хочам культуру вякоў —

Набыткі вялікае працы,

Падняць

І паставіць ізноў

За нашую долю змагацца.

Каб словы —

Грымелі, як гром,

Каб словы —

Шумелі, як мора,

Каб словы —

Гарэлі агнём,

Каб словы —

Звінелі, як зоры!

 

Дзе ж мне набраць было сіл

На гучную песню мажору,

І я пагражаў і прасіў

Непаслухмяных актораў:

 

— Вы не чытайце слоў,

Каторых я вам не пісаў,

У вершах маіх не было

Ніякіх, здаецца, пісаг.

І ўсё ж такі зноў

непакорны актор

Чытаў тую ж лірыку

ветру і гор.

І вышай і вышай,

ямчэй і ямчэй

Голас ягоны

над залай гучэў:

 

— Там, дзе вецер

Шуміць і звоніць,

Дзе прыстанак знайшлі беглякі,

Дзе няўладны былі законы

Каралеўскіх мячоў і рукі;

Там,

Дзе віхрам

Сляды замятала,

Не пакінуўшы жадных адзнак,—

На высокіх,

На дзікіх

На скалах

Пачынаецца трэці акт.

І калі скалыхнецца заслона

І павольна ўгару папаўзе,

На змайстрованых намі адхонах

Вы пабачыце дон Хазэ.

Ён заўсёды сумленна і шчыра

Каралю і айчыне служыў,

Але стаў праз Кармэн дэзерцірам

І прымушан з бадзягамі жыць.

Ды апрыкрала веліч прасторы

І лятункаў пра волю

Няма,

Бо ніколі не ведаў ён гора,

Не насіўшы цяжкога ярма.

І цяпер,

Ахінёны задумай,

Ён адзін сярод дзікіх цяснін,

І плывуць яго ціхія думы

Да радзімых утульных мясцін,

Да спакойнай сваёй нарачонай,

Да маўклівай старэнькай царквы,

Да севільскіх напеваў вячорніх,

Да малюнкаў,

Як памяць,

Жывых.

І калі скалыхнецца заслона

І павольна ўгару папаўзе,

На змайстрованых намі адхонах

Вы пабачыце дон Хазэ.

Пачынайце ж ігру,

Музыкі,

Каб герояў бадзяжных жарт

На высокіх

На скалах,

На дзікіх

Ракатаў і грымеў,

Як пажар!

 

Так урачыста

закончыў актор

Пажоўклую лірыку

ветру і гор.

І ён не паспеў

адступіць за кулісы,

Як строгія столкі

заслоны ўзвіліся.

 

Яна прайшла,

Як чорны вусціш

Ідзе праз морак і туман,

І не сачыліся больш вусны,

Не выгінаўся хіжа стан.

Аблашчаная скрозь рукамі

Да самых дальніх

Цёмных рыс —

Яна,

Успёршыся на камень,

Маўкліва плакала наўзрыд.

Але хапіла цвёрдай змогі

Сказаць Хазэ апошні раз:

— Ідзі ад нас сваёй дарогай

На спажыўны,

На свой папас.

Мы самі дойдзем цесным кругам

Да ясных дзён.

Да светлых рат...—

І паслухмяна валацугі

Выконвалі яе загад.

Хвалёная вякамі самка,

Паэтамі прапетая наскрозь,

Вяла паліць на попел замкі,

Звярыную спаліўшы кроў.

Так вырас сціпла вобраз новы

Зняслаўленай,

Старой Кармэн,

Яму я сам шукаў асновы,

Але ніяк знайсці не ўмеў.

І я,

Пагардлівы,

Карыўся,

Далоняй у далонь пляскаў,

Калі адходзіла актрыса,

Калі партнёр яе знікаў.

 

Музыкі правялі іх маршам,

І змоўклі струны,

Змоўкла медзь,

Адно суладна сэрцы нашы

Не пакідалі доўга пець.

 

Я гэту песню слухаў дбайна,

Як слухаюць вялікі хор,

Тым часам

Зноўку аднастайна

Чытаў радкі мае актор:

— Мы бачылі з вамі,

як нашы героі

(Галоўных было,

калі помніце, трое)

То праўдаю чуць,

то няпраўдаю крыху

Вілі, развівалі

патроху інтрыгу.

Цяпер, з рэжысёрскай

ці з аўтарскай ласкі,

Мы хутка падходзім

да самай развязкі.

Хазэ,

занядбаны

сваёй Кармэнсітай

Вярнуўся ізноў

да спакойных і сытых,

Дзе шуму няма,

апрача самавара,

Дзе добра насмажаць

і смачна навараць.

Наліха яму

над вяршаліны ўзлёты,

Калі ён і так

пражыве без клапотаў

Пад знакам апек

каралеўскіх законаў,

 

Пад вартай

драгунскіх

ліхіх эскадронаў.

Кармэн —

процілеглыя думы насіла,

І хоць бы не стрэла

зусім Эскаміллё,

Хазэ ўсё адно

занядбала б яна,

Бо ёй у цішы —

супакою няма,

Бо дух неспакойны яе —

не закован,

Бо ёй каралі —

не пісалі законаў,

Бо ў грудзях яе —

апаражана сэрца,

Яно на прасторы

шырокія рвецца.

І думку такую

Кармэн гадавала:

Вярнуцца ізноў

з Эскаміллё у скалы

І там,

з дружакамі бадзяжнай няволі,

Змагацца за лепшую,

светлую долю.

І вось Кармэнсіта

і дон Эскаміллё,

Мінаючы вёскі,

і вёрсты,

і мілі,

Адкінуўшы смутак

і песцячы радасць,

Спяшаюць

на бойку быкоў

у Гранаду.

Там шумны,

цвятлівы

натоўп каля цырку,

Там плешчацца сонца

у колерах зыркіх,

Там дзіўным узорам

звіваюцца цені...

Вы зараз пабачыце

гэта на сцэне.

Зайграйце ж, музыкі,

апошнюю песню,

Што ў сэрцы Кармэн,

як паходню, пранесла,

Што грозна грымела,

што трэсла палацы,

Што клікала мужна

за волю змагацца.

А вы, дарагія, таварышы з залы,

Каб дружнай авацыяй

нам адказалі.

 

Я не чуў,

Калі звіўся

Заслонавы зыб,

Бо распаліся сцены

І людзі аглухлі,

І пад тонкімі пальцамі

Першых музык

Цішыня разраслася

І залы набухлі.

 

Пашчапаўшы дашчэнту

Дзвярэй касякі,

Гукі маршу, як гром,

Паплылі калідорамі,—

Перад цыркам у танец

Ішлі басякі

І над лёсам смяяліся

І над гісторыяй.

 

Хто ж ім песню

Вясёлую гэту стварыў?

Дзе мне тайну знайсці

Іхняй мужнасці дзікай?

Пачакай,

Кармэнсіта!

Са мной гавары...

Пачакайце!

Са мною іграйце, музыкі!

 

Але голас фагота

Чамусьці асіп,

Вось і флейты сыгралі

Апошняе скерца,

І прыйшла

І лягла,

Як лавіна,

На ўсім

Цішыня і туга

Адзінокага сэрца.

 

Тады прайшлі няўлоўным ценем

Цераз парог маіх задум

Шуканні,

Смутак

І сумненні,

Урыўкі зблытаныя дум.

Сястры старэйшай строгі вобраз,

Як грозны статуй, камянеў,

І позіркі

Ліхіх і добрых,—

Усе былі супроць мяне.

 

А я ж хацеў душой самотнай

Падняць цяжар сівых вякоў,

Усцерагчы ад самкі моднай

Яшчэ не грэшных юнакоў.

 

І вось яны панеслі радасць —

Чужынскай песні цвёрды дух,

Мае ж радкі прайшлі парадам,

Не закрануўшы іхніх душ.

 

І я,

Што браўся быць прарокам,

На палях важыў сэрцы іх,

Я сам лунаю дзесь далёка,

Сярод сваіх,

Сярод чужых.

 

Я сам іду за іхнім маршам,

Я сам люблю цябе,

Кармэн,

Я сам,

Да ног тваіх прыпаўшы,

Благаслаўляю Мерымэ.

 

Я сам з Бізэ паладзіў тайна,

Цалую вусны ўсіх актрыс,

Што з любасцю тварылі дбайна

Знаёмы вобраз з новых рыс.

 

Я сам сяброў сваіх па ўзросту

Вітаю ўсіх,

Сабраўшы ў круг,

Што прыпялі Кармэн папросту:

Як дзеўчыну

І як сястру.

 

Я сам цяпер не разумею,

Дзе шлях прарока і папас,

Дзе лучацца натхнення змеі

І галасы вялікіх мас.

 

Я сам у вершах сваіх чую

Іронію калючых слоў,

Фальшывую,

Наскрозь чужую,

Якой дагэтуль не было.

 

І я крычу:

— Гучней, валторны!

Яшчэ не скончана ігра.

Чытай, актор!..

 

І ён пакорна

Чытаў апошнюю мараль.

— Ітак, за кароткі

сягонняшні вечар —

Ад самай

Ад першай

(на рынку)

сустрэчы

Да самых апошніх

фінальных настрояў

Прайшло перад вамі

змаганне герояў.

І здэцца — не будзе

ніякіх дакораў,

Што быццам бы дрэнна

ігралі акторы,

Што часта ірваліся

струны ў аркестры,

Што мала стараўся

калега маэстра.

Усё,

мне здаецца,

было беззаганна,

Адно можа толькі

паўстане пытанне:

— Якую ж мараль

мы падносім паказам?

На гэта вы самі

шукайце адказу.

Вядома, няхай

не бярэ з вас

ніводзін

Трыманне герояў

за прыклад паводзін.

Але,

адшвырнуўшы

любоўныя сцэны,

Прымайце

людзей занядбаных

імкненні,

Іх гнеўны пратэст

супроць панскай сваволі,

Іх прагныя пошукі

лепшае долі.

Бярыце бадзёрую

іхнюю песню,

Што горда яны

у змаганні пранеслі,

Каб тыя акорды

магутнае сілы

Кранулі

і рэхам

адказ абудзілі

Інакшае песні

пра волю і шчасце,

Што ў нашых

у сэрцах

ніколі не згасне,

Бо гэтая песня

надзей і трывогі —

Ёсць песня вялікай, як свет,

перамогі

Адгрымелі музыкі акордамі,

Рагатала над роспаччу радасць,

І пайшлі

Непадкупныя й гордыя

Гукі Марша далёкай Гранады.

 

Я стаяў пад галёркай высокаю,

Нежывым апалосканы смехам,

І прайшла праз мяне сінявокая,

А за крокамі гналася рэха.

Гаслі зоры над цьмянымі люстрамі,

Абязлюдзела душная зала.

Я спытаў пасінелымі вуснамі,

І дзяўчына здалёк адказала:

— Я вяла цябе тымі дарогамі,

Дзе краса ланцугамі закута.

Ты адрокся развагамі строгімі

І сябе асудзіў на пакуты.

І сябе перадаў на пасмешышча,

Баязлівец,

Рыторык

І здраднік!

Хай цяпер твае ворагі цешацца,

Урачыстую правячы радасць.

Не ўдалося табе павесіцца,

Зачапіўшы за рог вяроўку,

На халодным высокім месяцы —

Паспрабуй, калі хочаш, ізноўку.

Можа дзіва такое станецца,

Што ад гэтых вар’яцкіх хаўтураў

Закалышацца, захістаецца

Высачэзная вежа культуры.

Але ж нехта на свеце валодае

Невымоўнае дужасці словам,

Ад каторага ляжа калодаю

Беларускае песні аснова.

Ад каторага даўняя спадчына

Стане зноўку труізнаю вострай...

Гэта слёзы пальюцца матчыны,

Гэта рогатам зойдуцца сёстры.

Гэта будуць паліць пачуццямі

Вас,

Халодных і цвёрдых,

Як камень,

Што сваімі прамовамі гучнымі

Разлучылі мяне з вякамі.

 

Так закончыла краля важная

І пайшла,

Развітаўшыся суха,

Недаступная,

Толькі прадажная,

Маладая,

Куслівая сука.

Але дробнай,

Смяртэльнай дрыготкаю

Скалануліся круглыя плечы,

Калі слова,

Як крык, кароткае,

Перакрэсліла шлях

да сустрэчы.

 

Я сказаў ёй:

— Раскаешся, блудніца,

Станеш зноў пацяшацца блудам,

Бо на стоптаных мінскіх вуліцах

Я ніколі вісець не буду.

І хаўтуры мае дачасныя

Не развеюць твайго спалоху:

Дні шчаслівыя,

Дні няшчасныя

Заклікаюць мяне ў дарогу.

Я прайду незлічоныя тысячы

Кіламетраў

Праз прорвы і гаці,

І ніякая гібель не высеча

На чале ракавой пячаці.

Бо мае маладыя равеснікі —

Я пазнаў —

Не скупыя на сэрцы,

І яны завалодаюць песнямі,

Недаступнымі нават і смерці.

 

І па цёмных,

Спустошаных вуліцах

Я шукаў таго новага слова,

Ад каторага вежы сутуляцца

І губляюць сваю аснову,

Ад каторага цені мінулага

У смяртэльных звіваюцца звівах,

Ад каторага родзяцца чулыя

Гамы песень жывых і праўдзівых.

 

Але вуліцы спалі зацятыя,

Не хацелі майго сяброўства,

І самотны вярнуўся дахаты я

У пакой невялікі і просты.

 

Нахапіўся звычайны дзень,

Даўжыню і шырыні абняўшы,

І ў ягонай у сціплай хадзе

Зноў пачуліся крокі нашы.

 

І, напэўна, ніхто не згадаў

Учарашняга дзікага палу,

Бо рытмічна звінела хада

І на роздум хвілін не хапала.

 

Але ж нехта, аднак, з-за акна,

Адхіліўшы навотлю фіранку,

Цікаваў за падзеямі дня

Аж да ночы ад самага ранку.

 

Непакоіла думка, відаць,

Што, падняўшы чужую уцеху,

Не падолеюць людзі падняць

План заводаў сваіх і цэхаў.

 

Вельмі смешная сувязь разваг,

Але ж быў гэты выпадак прыкры,

І пара мне героя назваць,

Каб не зблытаў імён нашых крытык.

 

Час пакласці між намі мяжу —

І пяро прытупела і тэма,

Я сумленна цяпер раскажу

Пра героя вось гэтай паэмы.

 

Ён радзіўся на свет апаўдні —

Безыменны паэт і рамантык,

Калі хаты гарэлі ў агні,

Раз’язджалі апрычнікаў банды,

 

Выракалі прысуд грамадзе,

Заклікалі на край непагоду,

Залівалі крывёю мяцеж

Непакорнага пятага году.

 

Хлапчуком ён ганяў чараду,

А падлеткам —

Хадзіў за сахою,

І натоўпы лятункаў і дум

Захапілі юнацтва героя.

 

Каб пазбыцца самоты на міг,

Думка песень праўдзівых шукала,

І яму адгукнуліся з кніг

Перуновыя словы Купалы.

 

Так з’явіўся на свет —

Непакліканы

І непрызнаны —

Малады безыменны паэт,

Да вушэй у красу закаханы.

 

Ён шукаў незвычайнай красы,

Ад каторай дужэюць калекі,

Ад каторай палі і лясы

Б’юць паклоны да ног чалавеку.

 

Ён ад свету сябе адлучыў,

Ён адрокся ад скарбаў культуры

І з халодным спакоем сачыў,

Як душа апранаецца ў скуру.

 

Потым скальпелем скуру здымаў,

Станавіўся у ролю прарока,

І аднойчы прыйшла праз туман

Невыразная здань сінявокай.

 

Яна клікала некуды ўдаль,

Цалавала у вусны паэта,

Абяцала ўладарства аддаць

Над мінулым і будучым светам.

 

Перад гэтым,

Ласкавы чытач,

Мы якраз і спаткалі героя,

Перайшлі з ім праз прорвы няўдач

І праз чорныя тхлані настрояў.

 

Ашалёваны смехам людскім,

Ён пракляў сінявокую суку

I пайшоў адзінокі,

Ні з кім

Не заручаны цвёрдай зарукай.

 

Мы дахаты яго правялі

І пазаўтра яшчэ цікавалі,

Калі дзень узышоў на зямлі

І на роздум хвілін не хапала,

 

Калі сумны герой з-за акна,

Адхіліўшы навотлю фіранку,

Цікаваў за падзеямі дня

Аж да ночы ад самага ранку.

 

Непакоіла думка, відаць,

Што, падняўшы чужую уцеху,

Не падолеюць людзі падняць

План заводаў сваіх і цэхаў.

 

Але гэты ліхі неспакой

Нечакана развеяла стрэча,

Што якраз адбылася у той

Веснавы кармазынавы вечар,

 

Калі воддаль,

За стромкай гарой

Маладзік узыходзіў крамяны...

Хай пра гэта раскажа герой —

Безыменны паэт і рамантык.

 

Спакайней жа,

Мае чытачы,

Нахіліце дадолу галовы:

Я ўжо чую —

Ідзе з далячынь

Пакаяннае шчырае слова.

 

Казалі мне калісьці ўсе

(Не верыў я,

Нашто хавацца):

—Ёсць сіла, роўная красе,

Багатшая за ўсе багацці.

 

Я толькі сёння распазнаў

Глыбокі сэнс звычайных ісцін...

Прыйшла,

Як позняя вясна,

І зашумелі дрэвы лісцем.

 

Я недаверліва спаткаў

Яе мужчынскі,

Цвёрды поступ.

Але кранулася рука

Маіх плячэй

Ласкава й проста.

 

І дзеўчына сказала мне

(Сястра вядомай сінявокай):

— Засумаваў, хлапчук, па мне,

А я хадзіла ў свет далёка.

 

Як шмат цікавых ёсць краін!

Але шчаслівай я не стрэла.

Ты вопратку маю крані —

Яна ад пылу пасівела.

 

Як дым, ён сцелецца густы

Ад разбурэння

І ад смерці...

І чым жа не здаволен ты,

Канструктар чалавечых сэрцаў?

 

Калі рэспубліка твая

Ідзе непераможным крокам;

Калі высока,

Як маяк,

Становяцца над хатай кроквы;

 

Калі навокала цябе

Гудзе няспынная работа;

Калі і вецер наш цяпер

Прапах наскрозь вясной і нотам;

 

Калі і твой цвілы пакой

Напоен пахам смольнай хвоі,—

Змяні свой вузенькі настрой

На шырыню людскіх настрояў.

 

Вазьмі, жывы,

Сабе жывых,

Адлушч нягодную палову,

І загудзе ў людской крыві

Тваё абноўленае слова.

 

І водгуллем пальецца спеў

На шырачэзныя прасторы,

І будуць песні твае спець,

Як маладыя нашы зоры.

 

— Чакай! —

Спыніў дзяўчыну я:

— Мяне ж гісторыя патурыць,

Калі паэзія мая

Не здолее вякоў культуры.

 

А хто мне выкрасіць красу

На крэмені чужых настрояў?

Самотную душу нясу

І ўсю на песні перакрою.

 

— Самота душ —

Мана суздром:

Ёсць пульс жыцця

І рытмы смерці.

Паводле іх пульсуе кроў

І лучацца людскія сэрцы.

 

Таму,

Хто першы пульс нясе,

Няма чаго жыцця хавацца:

Ёсць сіла,

Роўная красе,

Багатшая за ўсе багацці.

 

Глядзі,

Зняверлівы паэт,—

Акно дзяўчына адчыняе,—

Яны стары руйнуюць свет

І новы свет красы ствараюць! —

 

Над плошчай узнімаўся гмах,

Упарта працавалі цеслі,

І кожны іхні крок і ўзмах

Напоўнен быў маўклівай песняй.

 

Нарэшце

Нехта не сцярпеў,

Адбіўшы такт двума нагамі,

Ён выбраў словы

І запеў

Дзівацкую якуюсь гаму.

 

Яна расла, і сотні рук

Яе паднялі і панеслі,

Пасля рассыпалі на брук

Кавалкамі жывое песні.

 

І над галовамі людзей і стрэх

Цягнуўся альт,

Грымеў басіла,

Каціўся дыскантовы смех,

І ў сценах ракатала сіла.

 

Я сілу гэтую адчуў,

Як незнаёмую прыгожасць,

І я сказаў:

— Я сам хачу

Сысці з крывога раздарожжа.

 

Я сам пазнаў,

Што не Кармэн

Гарачым абсыпала прыскам

Сухое дрэва панскіх сцэн,

А гэта ты, мая актрыса.

 

Узяўшы песню даўніх дзён,

Сягонняшнім агнём гарэла.

І ты не ведаеш імён,

Але з табой мільёны пелі.

 

І ты не знаеш іх вачэй,

Але яны цябе віталі —

Над светам голас твой гучэў

Грамамі бур,

Агню

І сталі.

 

Вядзі ж у гэты свет цяпер

Мяне ад вузкага пакою.

Няхай жыццё мой сціплы верш

Густымі сокамі напоіць,

 

Няхай у стройным тканні жыл

Жывая кроў людзей заб’ецца,—

Тады ён толькі будзе жыць

І хваляваць людскія сэрцы.

 

Я змоўк...

І на маім вяку

Упершыню маўчала вусціш.

Дзяўчына сціснула руку,

Пацалавала ціха вусны.

 

Такі шаблонны быў канец

Гісторыі і Кармэнсіты —

Жывая дзеўчына мяне

Прывабіла вачэй блакітам.

 

Але шчэ ў песнях прапяюць,

Яшчэ у музыцы уславяць,

Якімі сродкамі

Маю

Нягодную ламалі славу.

 

Якімі горнамі цяпла

Мой голас

І мае настроі

На мужны гартавалі лад

Уласныя мае героі,

 

Героі фабрык і садоў,

Высозных гор,

Марэй вялізных,

Героі сёл і гарадоў —

Будаўнікі сацыялізму.

 

1933 г.


1932-1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан