epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Лясное водгулле

УСТУП
КАРЦІНА ПЕРШАЯ
КАРЦІНА ДРУГАЯ
КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ
КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ
КАРЦІНА ПЯТАЯ


 

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

Андрэй Касценя.

Ася.

Чапля.

Сашка.

Дзядзька Мядок.

Іван Прыгода.

Насця.

Рэйнаў.

Герман Штэкер.

Эльза.

Нагель.

Прыблында.

Рабочыя, партызаны, калгаснікі.

Нямецкія афіцэры, салдаты, жанчыны.

 

Дзея адбываецца ў першыя гады Вялікай Айчыннай вайны.

 

 

УСТУП

Светлаю марай і працай стараннай

Ў сэрцах і ў сёлах залечаны раны.

Там, дзе гулі навальніцы вайною,

Нівы сягоння шумяць збажыною,

Пазарасталі травою паляны,

Дзе ваявалі калісь партызаны.

Толькі ўсё рэха яшчэ над лясамі

Скрозь адклікаецца іх галасамі.

Крыкне дзяўчынка ад радасці: —

Квет-ка! Голас адказвае знекуль: — Разведка...

— Што за разведчыкі? Дайце ж вы рады!

Зноў жа тут голас той: — З трэцяй брыгады!

— З трэцяй брыгады? Дык дайце а-рэ-хаў!

Тут прызнаецца, што ён — толькі рэха.

Не замаўкае яно над лясамі,

Гутарыць нам партызан галасамі.

Кажуць, што гэтае водгулле ў пушчы

Кінуў калісьці камбрыг неўмірушчы.

Я раскажу вам аб гэтай прыгодзе

Так вось, як сам я пачуў у народзе.

 

 

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Прасторныя пакоі з адкрытай верандай у сад. Вечар залатой восені. На веранду адчынены дзверы. У змроку каля веранды час ад часу з’яўляецца постаць вартавога немца. У пакоях балююць нямецкія афіцэры і жанчыны.

 

Хор немцаў

Ад поўначы на поўдзень,

Ад захаду на ўсход

Мы ўсю Еўропу пройдзем,

Мы пройдзем свет за год.

 

Кліч арыйца просты:

Кроч няспынна далей!

Дранг нах Вэстэн,

Дранг нах Остэн,

Дэйтшлянд юбер алле!

 

Мы — выбраная раса

Для ўцех і барацьбы,

Мы ўсёй зямлі акраса,

А іншыя — рабы.

 

Кліч арыйца просты:

Бі, знішчай, як хваля!

Дранг нах Вэстэн,

Дранг нах Остэн,

Дэйтшлянд юбер алле!

 

Нам суджана прыродай

Над светам панаваць,

А іншыя народы

Павінны працаваць.

 

Кліч арыйца просты:

Цвёрды будзь без жалю!

Дранг нах Вэстэн,

Дранг нах Остэн,

Дэйтшлянд юбер алле!

 

Рэйнаў

Цудоўна! Добра! Вельмі гут!

Не чуў такіх я спеваў тут.

Цяпер бы, Эльза, штось такое,

Вясёлае і маладое.

 

Эльза

Наш мілы Штэкер, пан Рэйнаў,

Адну такую песню склаў.

 

Рэйнаў

Прашу, паслухаю з ахвотай.

 

Хор немцаў

Падайце ноты, дайце ноты!

 

Штэкер

Як мы былі ў Афінах,

Я меў для адпачынку

Танклявую,

Чарнявую,

Вясёлую дзяўчынку.

 

Яе ў мяне аднойчы

Адбіў начальнік бравы:

Дурэючы,

Шалеючы,

Застрэліў для забавы.

 

Навучаны бядою,

Я ў Празе ўзяў другую:

Маўклівую,

Жахлівую,

Панурую такую.

 

Яе ў мяне праз месяц

Салдаты падчапілі:

Смуткуючы,

Сумуючы,

На дрэве задавілі.

 

Прыйшлі мы у Расію,

Я думаю, гадаю:

Дзябёлую

Ці кволую

Ў Расіі пакахаю.

 

Не жыць, відаць, мне ў шчасці,

Хоць будзе іх і дзесяць:

І шумную,

І сумную —

Усіх іх тут павесяць.

 

Рэйнаў

Дасціпна! Весела як след!

Як там апошні ў вас куплет?

А ну, давайце грымнем хорам.

 

Хор немцаў

Прыйшлі мы у Расію,

Я думаю, гадаю:

Дзябёлую

Ці кволую

Ў Расіі пакахаю.

 

Не жыць, відаць, мне ў шчасці,

Хоць будзе іх і дзесяць:

І шумную,

І сумную —

Усіх іх тут павесяць.

 

Рэйнаў

Калі б такое весялосці

Паддалі мне у маладосці,—

Я нежывы пайшоў бы ў скокі.

 

Эльза

О шэф, мой валадар высокі!

А што, як Эльза заспявае,

Што шэф і зараз не ўтрывае?

{ўтрьтвае?

II }

 

Рэйнаў

Тады ён з Эльзаю танцуе.

Спрабуйце, Эльза.

 

Эльза

Паспрабую.

Што такое бліц-вайна —

Вам усім вядома:

Муж на фронце, я адна

Засталася дома.

 

І ці вернецца, ці не

Гаспадар дахаты,

Абавязак мой з мяне

Усё адно не зняты.

 

Покуль мілы будзе біць

Ворага заўзята,

Я павінна нарадзіць

Новага салдата.

 

Хто ж паможа мне, сябры,

Маладой салдатцы,

Калі кожны, як стары,

Будзе адмаўляцца?

 

Мне здаецца, на вайне

Найстарэйшы ў чыне

Мусіць першы і ўдвайне

Памагаць жанчыне.

 

І мой шэф павінен сам

Маладым даць прыклад.

Я не думаю, што вам

Гэта будзе прыкра.

 

Ды нашто гадаць цяпер,

Як там справа будзе?!

Вас за добры ваш намер

Строга не асудзяць.

Рэйнаў

Што ж, калі так — дык я для вас

Танцую абяцаны вальс.

 

Немцы танцуюць. Пад канец танцаў уваходзіць Нагель і штосьці паціху дакладвае Штэкеру. Штэкер шпарка падыходзіць да Рэйнаў.

 

Штэкер

Да вас з’явіўся інжынер Касценя.

Яго патрэбна зараз жа прыняць.

 

Рэйнаў

Прыйшоў? Вядзіце, Нагель, я гатоў.

Прашу, панове, у другі пакой.

 

Госці выходзяць. З другіх дзвярэй уваходзіць Касценя. Праз увесь час яго размовы з Райнаў за сцэнаю чуваць песня палонных дзяўчат.

 

Хор палонных дзяўчат

Сталі над краем цёмныя ночы.

Горкі і страшны лёс наш дзявочы.

 

Гвалтам забраўшы светлую долю,

Ворагі гоняць нас у няволю.

 

Скончаны нашы спевы, гулянкі,

Мы — паланянкі, мы — катаржанкі.

 

Марна штовечар маці старая

Нас на вячэру дома чакае.

 

Цяжка ступаем мы па гасцінцы,

Следам за намі крочаць чужынцы.

 

Звязаны рукі, зрэзаны ногі,

Нам не вярнуцца з дальняй дарогі.

 

Толькі ніколі ў сэрцы не згіне

Памяць аб нашай любай краіне.

 

Мы не забудзем роднае вёскі,

Нашага неба, нашай бярозкі.

 

Вобраз радзімы днямі й начамі

Будзе заўсёды перад вачамі.

 

Касценя

Вітаю, пане шэф! Мяне да вас

Прыслалі вашы людзі з біржы працы.

Я — інжынер Касценя. Быў раней

Начальнікам тутэйшага дэпо.

Зусім нядаўна я уцёк з-пад Вязьмы,

Куды мяне пры вашым наступленні

Загналі бальшавіцкія салдаты.

 

Рэйнаў

А сам вы не былі бальшавіком?

 

 

Касценя

Я — толькі інжынер, а не палітык.

 

Рэйнаў

Чаму ж вы памагалі ім вывозіць

Станкі, абсталяванне і маёмасць?

 

Касценя

Я змушан быў выконваць іх загад,

Іначай бы мяне арыштавалі,

І я не змог вярнуцца б у дэпо.

 

Рэйнаў

Чаго ж вы хочаце цяпер ад нас?

 

Касценя

Хачу мець працу там, дзе болей плацяць.

Мяркую, вы ацэніце мяне

І будзеце плаціць мне па заслугах.

 

Уваходзіць Эльза.

 

Эльза

Даруйце, пане шэф, я на хвілінку.

Без вас у зале страшная нуда,

А ў вашым лагеры спяваюць дзеўкі,

Распарадзіцеся прывесці іх сюды.

Рэйнаў

Што за цікавасць вам да нудных спеваў?

 

Эльза

Я загадаю пець ім весялей.

 

Рэйнаў

Нічога тут вясёлага няма.

Усё панурае, як хмарны дзень,—

І людзі, і зямля, і нават спевы...

Агідны край! Вы згодны, інжынер?

 

Касценя

Дзе чалавек радзіўся, там і міла.

 

Эльза

А вы таксама мілы. Праўда, шэф?

І я з такімі мілымі людзьмі

Гатова палюбіць і нудны край.

 

Рэйнаў

Пакіньце, Эльза, жартаваць!

 

Эльза

Не злуйце.

Пайдзіце загадайце вашым слугам

Прывесці з лагера дзяўчат, і я

Пакіну вас з прыгожым інжынерам.

 

Рэйнаў

Мы вас разбалавалі, Эльза. Пойдзем,

А вы мяне хвілінку пачакайце.

 

Рэйнаў і Эльза выходзяць.

 

Касценя

Якая жудасная песня! Стогны,

І слёзы матчыны, і крык дзяцей,

І кроў ахвяр я чую ў гэтай песні,

А ім, нямецкім вылюдкам і злыдням,

Яна — пустая забаўка, гульня...

О, калі б мне далі каня і шаблю,

Як радасна я сек бы ім галовы!..

Але мне іншая прыпала доля,

І я павінен лашчыцца, цярпець,

Маўкліва зносіць крыўду і абразу.

Ну, што ж!

Усё сцярплю — пагарду і знявагу,

Дзеля цябе, мой родны край!

Калі ж, не дасягнуўшы мэты, злягу —

Бязлітасна не дакарай.

 

Я бачыў скрозь уласнымі вачыма

Тваю няволю, боль і гнеў,

І я, краса мая, мая Радзіма,

Не вытрываў і не сцярпеў.

 

Я сам прыйшоў да іх, у кут звярыны,

Каб люта помсціць за цябе,

За кожную тваю дачку і сына,

За любую і за сябе.

 

Мне ў твар плююць, як подламу сабаку,

Я шчыльна зубы сашчаплю

І выцерплю, пакуль ім у «падзяку»

Усё, што здумаў, не зраблю.

 

Я вынесу пагарду і знявагу

Дзеля цябе, мой родны край!

Калі ж, не дасягнуўшы мэты, злягу —

Бязлітасна не дакарай.

 

Уваходзіць Рэйнаў.

 

Рэйнаў

Ітак — вы хочаце да нас на працу?

Ну, што ж, магу пакуль прызначыць вас

Начальнікам над рускаю брыгадай.

Прымусіце рабочых працаваць,

І я праз тыдзень дам вам павышэнне.

Калі ж за вамі дрэннае заўважу —

Вы ад мяне спагады не чакайце.

Размова скончана. Ідзіце. Нагель!

Вядзі сюды дзяўчат і кліч гасцей.

 

Касценя

А колькі будуць мне плаціць за гэта?

 

Рэйнаў

На першы раз дадзім вам марак дзвесце.

 

Касценя

Я думаю, што гэта ў тыдзень.

 

Рэйнаў

Што?!

Вы хочаце мець восемсот у месяц?

Не, мой шаноўны, гэта мнагавата.

Але калі вы будзеце старацца,

Праз нейкі час дадзім вам трыста марак.

 

З суседняга пакоя выходзяць госці. Праз другія дзверы салдаты ўганяюць натоўп зняволеных дзяўчат.

 

Касценя

Да пабачэння, пане шэф!

 

Рэйнаў

Бывайце!

 

Эльза

Вы не застаецеся? О, нядобры!

Калі ж мы з вамі ўбачымся ізноў?

Я так цікаўлюся усім тутэйшым,

Што мне патрэбна бачыцца часцей.

 

Касценя

Я вас запэўніваю, фрау Эльза,

Што мы... сустрэнемся!

 

Эльза

Да пабачэння!

 

Падносіць для пацалунка руку. Касценя цалуе, накіроўваецца да дзвярэй. Пры выхадзе ён твар у твар сустракаецца з Асяй.

 

Ася

Андрэй?! Чаго ты тут?

 

Касценя

Нічога... Так...

 

Ася

Не, ты скажы.

 

Касценя

А вам якая справа?

Дазвольце выйсці!

(Выходзіць.)

 

Ася

Божа, што я чую?

Ах, баязлівец! Кланяцца прыходзіў!

Руку лізаў паганай гэтай дзеўцы!

 

Рэйнаў

Ну, маладзіцы, заспявайце песню.

 

Эльза

Але вясёлую — я сумных не люблю.

 

Ася

У нас няма прычын для весялосці.

 

Эльза

Нічога не паробіце — вайна,

Даводзіцца быць лютым і суровым.

 

Насця (з дзіцем).

А чым жа вінавата гэтае дзіця,

Што вы яго марнуеце таксама?

Якую крыўду вам яно зрабіла,

Няшчаснае малое немаўлятка?

О божа, божа, злітуйся над ім!

Не шчасця я ў цябе яму прашу,

А я прашу хутчэйшай толькі смерці.

 

Эльза

Якія нудныя напевы! Слухай,

Цябе мы з дзіцем можам адпусціць.

Але няхай тады твае сяброўкі

Спяваюць мне, пакуль я не засну.

 

Ася

А вы адпусціце?

 

Эльза

Адпусцім. Праўда, шэф?

 

Хор дзяўчат

Ах, адпусціце, пане, адпусціце!

Што хочаце рабіце з намі ўсімі,

Не мучце толькі бедную жанчыну,

Дазвольце выратаваць ёй дзіця.

 

Рэйнаў

Эй, Нагель! Выведзі жанчыну вон!

 

Насця

Сястрыцы, Ася, дзякуй вам за ласку.

Бывайце, любыя, бывайце жывы!

 

Нагель выводзіць Насцю.

 

Штэкер

Ну, вось вам, Эльза, прыклад іх падзякі,

Не нам, а ім яна яе сказала.

Не даспадобы мне такі парадак.

 

Рэйнаў

Пан Штэкер кажа праўду, Эльза.

Я думаю, пара і пачынаць.

 

Эльза

Ну, што ж вы маўчыце? Спявайце! Чуеш?

 

Ася

Вы што? Вы думаеце і напраўду,

Што мы сабраліся спяваць вам песні?

Што станем перад вамі на калені

І папаўзём, як інжынер Касценя?!

 

Рэйнаў

Ого! Л ты, дзяўчына, з аганьком!

 

Ася

Вы заняволілі наш родны край,

Вы знішчылі багацце і красу,

Вы закавалі нас у ланцугі.

Цяпер вам хочацца залезці ў сэрца

І растаптаць яго таксама? Не!

 

Штэкер

Даволі! Змоўкні!

 

Рэйнаў

Пачакайце, Штэкер.

Няхай гаворыць. Ну, кажы далей!

 

Ася

Мы вольнымі радзіліся,

Мы вольнымі памром,

А вольнаму не боязна

Развітвацца з жыццём.

 

Над нашымі магіламі

Не вырасце драсён,

Не будзе сны дзявочыя

Душыць людскі праклён.

 

Спагадлівымі словамі

Успомняць людзі нас,

Што мы душой свабодныя

Былі і ў смертны час.

 

Рэйнаў

Цяпер нам ясна, хто ты ёсць такая...

Узяць яе!

 

Эльза

Узяць і закаваць!

 

Ася

О, не! Мяне жывою вам не ўзяць!

 

Кідаецца на веранду і знікае ў садзе. Вартавы страляе.

 

Рэйнаў

Злавіць!

 

Эльза

Злавіць!

 

Немцы

Павесіць!

 

Штэкер

Спакайней!

Ад Штэкера ніводная дзяўчына

Яшчэ ніколі не ўцякала. Нагель!

Дзяўчыну зараз жа злавіць і заўтра

Прывесці рана да мяне на допыт.

 

Рэйнаў

А гэтых — вон! У карак выгнаць! Вон!..

 

Дзяўчат выганяюць.

 

Рэйнаў

О, д’ябальскае племя!

 

Эльза

Пане шэф,

Навошта вам дарэмна хвалявацца.

Давайце будзем піць і танцаваць.

 

Іграе музыка. Немцы танцуюць.

 

 

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Праз паўгода пасля падзей першай карціны. Ранняя вясна. Пляцоўка перад чыгуначным дэпо. У будынак шырока адчынены дзверы. Навокал тупаюць нямецкія вартавыя. Сашка, тулячыся ад іх, кагосьці выглядае.

 

Сашка

От чортавы нямецкія спрунжыны,

Так акуратна ходзяць, як гадзіннік!

Ну, як кажа тут пагутарыць з Касценем?

Ша! Нехта быццам бы ідзе. Здаецца — ён.

 

Уваходзіць Касценя. Сашка, аглянуўшыся, падлятае да яго.

 

Сашка

Дазвольце далажыць, пан інжынер?

 

Касценя

Не месца, Саша.

 

Сашка

Вельмі пільна трэба.

 

Касценя

Што сталася? Не выканаў задання?

 

Сашка

Заданне выканалі: эшалон

Да фронту не дайшоў.

 

Касценя

У чым жа справа?

 

Сашка

Учора ў горадзе хадзіла Ася.

 

Касценя

Ізноў? Што за бяспечная натура!

Яе ж чакае верная пагібель!

 

Сашка

Вам трэба з ёю нейк пагаварыць.

 

Касценя

Ты ведаеш, што гэта немагчыма:

Пра Асю немцы помняць і дагэтуль;

Калі мяне заўважаць разам з ёю,

На нас падзе таксама падазронасць.

Ты чуеш, Сашка?

 

Сашка

Чую, камандзір.

 

Касценя

Дык вось: зрабі ўсё, што толькі можна,

І выпраў Асю зараз жа за горад.

 

Сашка

Я пастараюся...

 

Касценя

Цішэй! Ідуць...

 

Паказваецца Нагель; уваходзяць рабочыя: Чапля, Мядок, Прыгода і іншыя. Касценя прыкідваецца сярдзітым і разгневаным.

 

Касценя

Я прывучу вас да нямецкага парадку!

На лініі штодзень ірвуцца паравозы,

Дэпо не паспявае іх рамантаваць,

А вы мне жарты строіце. Маўчаць!

 

На крык падбягае Нагель.

 

Нагель

Цурык Цурык!

 

Касценя

Прабачце, пане Нагель,

Я хлопцу аддаю загад, а дурань

Ніяк не зразумее.

 

Нагель

Бітэ! Гут!

 

Касценя і Нагель выходзяць.

 

Дзядзька Мядок

Во, брат, граза!

А злосці — поўны косці!

 

Чапля

А як ім не злавацца,

Як немцам добрым быць —

Чыгунак шмат, а войска

Няма на чым вазіць!

 

І рэйкі ёсць, і шпалы,

Хапае і калёс,

Ды ўшыліся бацылы

У кожны паравоз.

 

І што з імі такое,—

Ніхто не разбярэ:

Ляціць, шыпіць і раптам —

Калёсы задзярэ.

 

Над паўшым без прычыны,

Без славы, без пары —

Бядуюць і вядзьмараць

Нямецкія майстры.

 

Абмацаюць, правераць

І рэбры і нутро,

На ногі зноў паставяць,

Ды ўсё не на дабро.

 

Адзін адрамантуюць,

А гэтым часам пяць

За першым пераездам

Разбітыя ляжаць.

 

Дык як тут не злавацца,

Як немцам добрым быць —

Чыгунак шмат, а войска

Няма на чым вазіць!

 

Мядок

Ах, малайчына, Чапля, маладзец!

Павесяліў перад работай добра.

 

Прыгода

Не весяліцца нам, а плакаць трэба:

Касценя ліжа подлым немцам рукі,

А паміж нас не знойдзецца нікога,

Хто плюнуў бы яму хоць раз у твар.

 

Мядок

Хто ведае, што думае Касценя?

І ў яго можа сэрца збалела

За краіну сваю і народ.

 

Прыгода

Не, няволя яму не да дзела,

Ён не ведае нашых нягод.

 

Мядок

Хіба ён не між намі радзіўся,

А ці жыў не між намі ўвесь час?

 

Прыгода

Ён з пагардай ад нас адступіўся,

Што яму, інжынеру, да нас!

 

Мядок

Што ж, мяняюцца людзі часамі,

Ды Касценя не з гэткіх хлапцоў,—

Быў заўсёды ён некалі з намі,

З намі будзе заўсёды ізноў.

 

Прыгода

Так, мяняюцца людзі часамі,

І Касценя з такіх жа хлапцоў:

Можа, некалі быў ён і з намі,

Ды ніколі не будзе ізноў.

 

Першы хор

Мядок гаворыць вельмі слушна:

З Касценем можна жыць нам дружна.

 

Другі хор

Прыгода кажа вельмі слушна:

З Касценем нельга жыць нам дружна.

 

Два хоры разам

Даволі спрэчак, час пакажа:

Ці ваша праўда, а ці наша.

 

Уваходзяць Рэйнаў і Касценя.

 

Рэйнаў

Вы лішне бесклапотны, гер Касценя,

І мала іх ганяеце: рабочы

Павінен быць заўсёды пры станку.

Ну, што ж вы стаіце. Арбайтэн шнэль!

На працу! Марш на працу, доннэрвэтар!

 

Салдаты заганяюць рабочых у дэпо.

 

Рэйнаў

Чатыры паравозы, гер Касценя,

Павінны быць гатовы неадкладна.

Я не магу праз вас цярпець вымовы.

 

Касценя

Я вас яшчэ ніколі не падводзіў,

Не падвяду і сёння, пане шэф.

 

Рэйнаў

Прашу вас вельмі, гер Касценя, бітэ.

 

Выходзіць.

 

Касценя

Відаць, не ведае пра новы выбух.

Дазнаецца — такі падыме лямант,

Які заўсёды мне гучыць, як песня.

Гэй, адлучыся, Чапля, на хвілінку!

Падыдзем зараз жа з табой на склад.

 

Касценя і Чапля выходзяць. Павольна і мерна абходзіць дэпо нямецкі вартавы. Калі ён знікае за будынкам, баязліва аглядаючыся, уваходзіць Ася.

 

Ася

Знаёмыя і родныя сцяжынкі...

Як часта я хадзіла тут з Андрэем!

О, дні шчаслівага кахання!

Вы ўсталі зноў перада мной:

Я помню нашыя спатканні

Над ціхай цёмнаю ракой.

 

У ёй на дне гарэлі зоры,

Драмалі дрэвы ўглыбіні,

А за ракою на прасторы

Спявалі травы ў цішыні.

 

Ён гаварыў мне словы ласкі,

І мне здавалася парой,

Што ён прыйшоў з прыгожай казкі,

Прыйшоў пагутарыць са мной.

 

Яго размовы, быццам чары,

Мне навявалі дзіўны сон;

Мяне на крыллях неслі мары

Да радасных, шчаслівых дзён.

 

Не дачакалася я шчасця,

Мае жаданае вясны:

Прыйшлі нягоды і напасці,

Дзявочыя разбілі сны.

 

Не радасць я ў жыцці пазнала,

А здраду чорную і зло.

Няхай жа гіне пад навалай

Усё, што некалі было.

 

Канец лятункам і надзеям,

І шчасцю нашаму канец!

Мяне разлучыць з ліхадзеем

Калі не сэрца, дык свінец.

 

З дэпо выходзіць Сашка і заўважае Асю.

 

Сашка

Ася? Зноў прыйшла? Чаго ты ходзіш?

Цябе ж і ўдзень і ўночы сочаць немцы.

 

Ася

Мне ўсё адно. Я не баюся смерці,

Каб толькі мне забіць яго...

 

Сашка

Каго?

 

Ася

Нямецкага прыслужніка Касценю.

 

Сашка

Ты што? Ты, мабыць, звар’яцела, Ася?

Ці хіба ты не ведаеш Касцені?

 

Ася

Не ведала, хоць і любіла шчыра,

Але цяпер пазнала вельмі добра.

Я бачыла яго ў пакоях шэфа,

Ён баляваў, з паненкай іх смяяўся,

Смяяўся з нас. О, подлы паслугач!

Я паклялася помсціцца да смерці,

І я прысягу даную стрымаю.

 

Сашка

Эх, неразумная твая галоўка!

Ты сапраўды не ведаеш Андрэя.

Ён дзеля нас усіх, як родны брат,

Ён дапаможа кожнаму ў бядзе,

Суцешыць абяздоленага ў горы,

А для дабра краіны і народа

Не пашкадуе нават і жыцця.

Я мог бы шмат табе аб ім сказаць,

Ды ён саб’е мяне на горкі яблык.

У добры час ён сам табе раскажа.

 

Ася

Чаму ж паверыць мне: сваім вачам,

А ці тваім такім прыемным словам?

 

Сашка

Вер, Ася, мне і зараз жа ідзі,

Ратуй сваё жыццё.

 

Ася

Не, Саша, не.

Я з ім хачу пагаварыць сама,

Апошні раз хачу праверыць сэрца.

 

Сашка

Не трэба, Ася, слухайся мяне:

Ідзі адгэтуль! Зараз жа ідзі!

Глядзі, сюды ідуць. Хадзем, хадзем!

 

Сашка амаль сілаю выводзіць Асю. Праходзіць вартавы, на момант прыслухоўваецца да песні, якая пачулася з дэпо, і пасля зноў мерна крочыць далей.

 

Хор рабочых

Ад першай заранкі да ночы

Пры горнах стаяць кавалі.

Пот выеў блакітныя вочы,

Пакрылі далонь мазалі.

 

Не праца іх плечы згінае,

Забраўшы і сон і спакой,

А горкая дума ліхая

Аб долі-няволі сваёй.

 

Яна ім судзіла благое:

Куюць без спачынку яны

Не шчасце сваё залатое,

А самі сабе кайданы.

 

Закутаных у моцныя путы,

У хмарны бязрадасны дзень,

Дарогамі страшнай пакуты

Іх вораг на смерць павядзе.

 

Пагаснуць вясёлыя горны,

Не ўстануць з магіл кавалі,

І цемра глухая агорне

Прастор паднявольнай зямлі.

 

Устаньце ж, таварышы, дбала

Знішчайце няволю і зло,

Каб чорная знікла навала,

Каб сонца над намі ўзышло.

 

Пад канец песні ўваходзяць Касценя і Чапля.

 

Касценя

Пастой, паслухаем хвілінку, Чапля,

Цудоўную спяваюць людзі песню.

 

Касценя і Чапля спыняюцца і слухаюць. Убягае з салдатамі Рэйнаў.

 

Рэйнаў

Вы песні слухаеце? Добра! Гут...

Я вас у лагер! У турму! Павешу!

 

Касценя

Не разумею, пане шэф...

 

Рэйнаў

За ноч

Зноў узарваліся два паравозы.

Напэўна, у дэпо ёсць партызаны.

 

Касценя

Пры чым жа я?

 

Рэйнаў

Прытым, што паравозы

Павінны неадкладна стаць на ногі.

Ганіце ўсіх рабочых на аўрал.

 

Касценя

Вось гэта іншая зусім размова.

Склікайце, Чапля, зараз жа людзей!

 

Чапля

Гэй, хлопцы, на аўрал, аўрал, аўрал!

 

Песня рабочых абрываецца; з дэпо высыпаюць людзі; немцы іх гоняць на аўрал.

 

Хор немцаў

Гэй, нох айн маль, гэй, нох айн маль,

Марш на аўраль, марш на аўраль!

 

Хор рабочых

Калі сталі дубам шпалы,

Не памогуць і аўралы,

Для нямецкае калейкі

Не падходзяць нашы рэйкі.

 

Хор немцаў

Не размаўляй, не размаўляй!

Марш на аўраль! Марш на аўраль!

 

 

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Падзеі адбываюцца пад вечар таго ж самага дня, што і ў другой карціне. Сонца стаіць на захадзе. Вясна ўбіраецца ў сілу. Але ціха на ўскраіннай вуліцы разбуранага горада. Касценя адзін у сваёй невясёлай кватэры.

 

Касценя

Заходзіць сонца. Вечарэе.

На брук кладзецца доўгі цень.

Закончыцца турботны дзень,

І ўсё навокал занямее.

 

Замоўкнуць птушкі за ракою,

Задрэмлюць дрэвы ў лёгкім сне,

Кусты і травы. Толькі мне

Няма ніколі супакою.

 

Цягну я дні і ночы гора,

Без таварыства і сяброў,

А на мяне з усіх бакоў

Глядзяць з пагардай і дакорам.

 

І ты, мая краса і слава,

Што верыла заўсёды мне,

Не можаш зразумець мяне,

А я сказаць не маю права.

 

Пачуй жа, друг, як я кахаю,

Свае сумненні разгані.

Я ночы цэлыя і дні

Заву цябе і заклікаю.

 

І за маўклівасць, і за словы,

І за дакорны погляд твой —

Я найвялікшаю цаной,

Цаной жыцця плаціць гатовы.

 

Але і ты мяне зраклася

Пабыць са мной, пагаварыць,

Маю самоту падзяліць

Не прыйдзеш ты, не прыйдзеш, Ася.

 

Заходзіць сонца. Вечарэе.

На брук кладзецца доўгі цень.

Закончыцца турботны дзень,

І ўсё навокал занямее.

 

Замоўкнуць птушкі за ракою,

Задрэмлюць дрэвы ў лёгкім сне,

Кусты і травы. Толькі мне

Няма ніколі супакою.

 

Да кватэры Касцені падыходзяць Штэкер і гестапаўцы.

 

Штэкер

Ты сам, Прыблында, заставайся тут

І не паказвайся людзям на вочы.

А вы пільнуйце ля дзвярэй і вокан.

 

Гестапаўцы становяцца пад вокнамі і дзвярыма; Штэкер з некалькімі немцамі ўрываюцца да Касцені.

 

Штэкер

Папаўся?! Стой! Ні з месца! Сволач! Хам!

Ты ведаеш, што я з табой зраблю?

Сагну ў дугу! Згнаю ў турме! Застрэлю!

Павешу на асіне! Вырву жылы!

Спалю! Жывога заганю ў зямлю!

 

Немцы

Я, я, застрэліць! Рыхтык, вырваць жылы.

Яволь, яволь, жывога закапаць!

 

Касценя (гнеўна).

Даволі! Змоўкніце! Чаго вам трэба?

 

Штэкер

Я вам не пан Рэйнаў і не паверу,

Што паравозы рвуцца без прычыны.

Ты падрываеш нашы паравозы!..

 

Касценя

Вы глупства кажаце, пан Штэкер.

Я вам паправіў сотню паравозаў...

 

Штэкер

А падарвалі восемдзесят пяць.

 

Касценя

На жаль, я паравозаў не ваджу!

 

Штэкер

Не вы іх водзіце, дык вашы людзі:

Вы — камандзір атрада партызан.

 

Касценя

Чым вы дакажаце?

 

Штэкер

Мінулай ноччу

У час нападу рускіх самалётаў

Вы падавалі ім з дэпо сігналы.

Папаліся?

 

Касценя

Няпраўда, пры налёце

Я з панам шэфам быў у падзямеллі.

 

Штэкер

О, д’ябал! Ведаю, што ты злачынца,

А падлавіць на справе не магу.

Але я ўсё ж такі цябе спаймаю.

 

Касценя

І атрымаеце пятнаццаць тысяч марак?

 

Штэкер

А вы не хочаце іх атрымаць?

 

Касценя

Чаму ж не зарабіць, калі даюць?

 

Штэкер

Дапамажыце мне злавіць злачынца.

Я вас азалачу. Вы згодны?

 

Касценя

Згодзен.

Я ўсё зраблю, што толькі будзе можна.

 

Штэкер

Упэўнены, што з вашай дапамогай

Мы іх падловім вельмі скора.

Бывайце, гер Касценя. (Выходзіць.)

 

Касценя

Да спаткання.

Хваробу ты каго падловіш, гіцаль!

 

Штэкер

(На вуліцы да Прыблынды.)

Сачы за гэтым домам дзень і ноч.

Усіх запісвай, хто сюды прыходзіць.

А выйдзе ён, ідзі за ім услед

І з горада не выпускай нікуды.

Ты зразумеў?

 

Прыблында

Так. Зразумеў.

 

Штэкер

За мной!

 

Штэкер і гестапаўцы выходзяць. Прыблында як зачарованы глядзіць ім услед. У гэты час у дом непрыкметна прыходзіць Ася і стукаецца да Касцені.

 

Касценя

Хто там яшчэ? Заходзьце, калі ласка...

 

Уваходзіць Ася.

 

Касценя

Дзяўчынка!..

 

Ася

Любы!..

 

Касценя

Ася!..

 

Ася

Андрэй!..

 

Касценя

Ці гэта ў сне?!.

Прыйшла?.. Не адраклася?..

 

Ася

А ты?.. А ты мяне?..

 

Касценя

Краса мая і слава!

 

Ася

Нядобры, мілы мой!

 

Касценя

Ці гэта сон, ці ява,

Што ты ізноў са мной?

Не, скончыліся мукі

І наш пакутны шлях:

Твае малыя рукі

Зноў у маіх руках.

Я чую ўсёй душою

Жывое іх цяпло;

Я бачу над сабою

Тваіх вачэй святло;

Я слухаю бясконца

Ласкавы голас твой,—

І мне здаецца, сонца

Усходзіць нада мной.

 

Ася

Ці гэта сон, ці ява,

Што я ізноў з табой?

 

Не, скончыліся мукі

І наш пакутны шлях:

Мае малыя рукі

Зноў у тваіх руках.

 

Я чую ўсёй душою

Жывое іх цяпло;

Я бачу над сабою

Тваіх вачэй святло;

 

Я слухаю бясконца

Ласкавы голас твой,—

І мне здаецца, сонца

Усходзіць нада мной.

 

Касценя і Ася

Як радасна на сэрцы,

Як светла на зямлі!

Нашто ж у паняверцы

Дагэтуль мы жылі?

 

У нас адны дарогі

І думы ў нас адны.

Мы пойдзем без трывогі

Праз полымя вайны.

 

Мы пойдзем цесным кругам —

Уся наша сям’я.

Тваім найлепшым другам

Навекі буду я.

 

Ася

Андрэй, мы не павінны траціць часу.

Я звязана з атрадам партызан,

І трэба сёння ж выбірацца ў лес.

 

Касценя

Я не магу пайсці з табою, Ася.

 

Ася

Не можаш? Як жа так? Ты ж гаварыў,

Ты ж толькі што пакляўся мне ў каханні

 

Касценя

Я звязаны тут вельмі важнай справай.

 

Ася

Якою справай? Службай немцам?! Так!

 

Касценя

У гэтай хаце сцены маюць вушы,

Я не магу сказаць.

 

Ася

Якое ашуканства!

Я знаю, што цябе трымае — немка!..

 

Касценя

Паслухай жа!..

 

Ася

Я слухала нямала,

І сёння я хачу пачуць адно:

Ты пойдзеш зараз жа са мной ці не?

 

Касценя

Я не магу...

 

Ася

Падлец жа ты! Падлец!

Няхай цябе сустрэне наша куля! (Выбягае.)

 

Касценя

Я растлумачу... Слухай, Ася... Ася!..

 

Кідаецца за Асяй на вуліцу. Заўважае, што ў твар Асі асцярожна і дапытліва зазірнуў Прыблында і стаў штосьці запісваць. Касценя шпарка вяртаецца ў пакой.

 

Касценя

За мною сочаць. О, ліхая доля,

Ты адабрала шчасце і надзею

І ты ж самому мне рыхтуеш смерць!

 

Стук у дзверы.

 

Касценя

Не, я не здамся вам! Заходзьце, можна...

 

Уваходзіць Чапля.

 

Касценя

Ты не заўважыў, Чапля, там нічога?

 

Чапля

За намі сочаць. Выстаўлена варта,

І з горада нікога не пускаюць.

 

Касценя

А як жа Ася, як жа пройдзе Ася?

 

Чапля

Якая Ася?

 

Касценя

Ты не знаеш, Чапля,

Я загубіў нявінная жыццё.

 

Чапля

Падумай аб сабе.

 

Касценя

А што мне смерць?

 

Чапля

Ты кіраўнік, і ты павінен жыць.

Перапранайся зараз жа ў маё адзенне,

На беразе чакаюць з лодкай хлопцы.

 

Касценя

Ты прапануеш ратавацца мне

Цаной уласнага твайго жыцця?

 

Чапля

Ёсць большая цана,— цана вялікай справы.

А на чале яе пастаўлен ты.

 

Касценя

Ты кажаш праўду: трэба ратаваць

Даручаную справу і людзей.

 

Шпарка пераапранаецца ў вопратку Чаплі.

 

Касценя

Бывай, мой дарагі, мой добры Чапля.

 

Чапля

Усё яшчэ наперадзе. Бывай.

 

Касценя выходзіць. На вуліцы, цікуючы за ім, паказваецца Прыблында.

 

Прыблында

Не той, зусім не той. Аднак запішам:

Прыйшоў увечары, пабыў і выйшаў.

Ах, якое гэта шчасце,

Што ўдалося мне напасці

На бальшавіка.

Тут яму ўжо не схавацца,

Бо ў мяне, калі прызнацца,

Цвёрдая рука.

Налажу спакойна лапу,

Адвяду яго ў гестапу:

— Стаўце, шэф, барыш.

Мне дадуць узнагароду,

Марак цэлы мех, як лёду,

І жалезны крыж.

Закуплю сабе фальварак,

Загадую тоўсты карак,

Проста заблішчыць.

Буду смачна піць і есці,

З самім шэфам дружбу весці,

Буду панам жыць.

 

Выходзіць Чапля.

Прыблында набліжаецца да яго.

 

Прыблында

Увага! Ён. Ды што такое?

Зусім жа непадобны тварам...

 

Кідаецца і глядзіць праз акно ў кватэру.

 

Ах, ашуканцы! Падвялі!

Прапаў мой крыж і мой фальварак.

Цяпер за ўсё адкажа карак.

 

 

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Пачатак лета. Лясны партызанскі лагер. На пярэднім плане — вартавы. Углыбіні — зямлянкі і шалашы. Каля аднаго з іх Насця калыша дзіця; Іван Прыгода і яшчэ некалькі партызан чысцяць зброю. З'яўляюцца Касценя, Чапля і Сашка.

 

Чапля

Цана на галаву тваю расце.

 

Касценя

А колькі ўжо даюць?

 

Чапля

А вось пабач:

За труп Касцені — паўтараста тысяч,

А за жывога — дзвесце тысяч марак.

 

Перадае Касценю нямецкую лістоўку.

 

Касценя

Пан Штэкер скупаваты, а скупы

Два разы траціць. За маё жыццё

Я патрабую тысячу нямецкіх.

 

Партызаны

Занадта мала, мала, камандзір!

 

Касценя

Нямецкі гарнізон у Стайках

Нам трэба разграміць нашчэнт.

Ніводзін эшалон на тым участку

Дайсці да фронту цэлым не павінен.

Іван Прыгода!

 

Прыгода

Я.

 

Касценя

Бываў у Стайках?

 

Прыгода

Я там узрос, таварыш камандзір.

 

Касценя

Бяры людзей і пойдзеш з імі ў Стайкі.

Задача ваша — ціхенька, без бою

Разведаць аб усім, адзначыць доты,

Прыкінуць, колькі войска.

 

Прыгода

Зразумела.

 

Касценя

А стрэнецца надзейны чалавек —

Спытаеце пра Асю.

 

Прыгода

Зразумела.

Дазволіце ісці?

 

Касценя

У добры час.

Жадаю поспеху. Бывайце жывы.

 

Іван Прыгода і некалькі партызан выходзяць.

 

Чапля

А ты ўсё думаеш аб той дзяўчыне?

 

Касценя

Яе жыццё разбіта праз мяне,

І я пра гэта буду помніць век.

 

Сашка

А я упэўнены, што Ася жыва.

 

Касценя

Пакінем гаварыць. Нам зараз трэба

Пад’ехаць у дванаццаты атрад.

Налёт прызначым на бліжэйшы дзень.

Гатовы коні?

 

Сашка

Так, гатовы.

 

Касценя

Едзем.

 

Касценя, Чапля і Сашка выходзяць.

 

Насця

Няма спачынку хлопцам ні хвіліны.

А навакол такое хараство!

 

У небе воблакі плывуць у дальні край;

Бяжыць, гамонячы, спяшаецца ручай.

 

Над ім схіліліся бярозы,

Свае зялёныя парасплятаўшы косы.

 

Шуміць вяршалінай стары, высокі бор;

Жыццё ўслаўляючы, пяе птушыны хор.

 

А з ім у лад гудуць чмялі і пчолы,

Аж лес увесь звініць, зялёны і вясёлы.

 

О, пушча цёмная, пявучы сіні гай!

О, родная зямля, мой добры, шчодры край!

 

Як многа ты даеш мне радасці і шчасця

Не толькі ў светлы час, але і ў час напасці.

 

Як шумна й весела ў тваёй лясной цішы,

Так радасна ў мяне сягоння на душы.

 

Ні болю, ні тугі яна цяпер не чуе,

Адно краса твая хвалюе і чаруе.

 

І я, шчаслівая, імкліва, як дзіця,

Ірвуся ўсёй душой да сонца і жыцця.

 

Вартавы

Стой! Хто ідзе?

 

Мядок

Салодкі.

Вартавы

Хто?

 

Мядок

Мядок.

 

Вартавы

Пароль?

 

Мядок

Змаганне.

 

Вартавы

Пропуск?

 

Мядок

Перамога.

 

Вартавы

Як поспехі, таварыш нарыхтоўшчык?

 

Мядок

А неблагія, пальчыкі абліжаш.

 

Насця

Што ж вы прынеслі? Дзядзечка Мядок,

Саколік мой!..

 

Мядок

Ага, затанцавала!

Я задком, перадком

Перад дзядзькам Мядком.

Даскачу да дзядзінца,

Дзядзька дасць мне гасцінца.

 

Дзядзька быў у садку,

Ён прынёс мне мядку.

 

Век салдацкі кароткі,

Хай жа будзе салодкі.

 

Глядзі, якая важная здабыча.

 

Насця

Пчаліны мёд, сапраўдны чысты мёд!

 

Мядок

Хваліцца не люблю. Але падзяку

Ад камандзіра буду мець напэўна.

 

Уваходзяць Касценя і Сашка.

 

Касценя

Адразу ж шчыра дзякую, Мядок.

 

Мядок

Браточак мой, дзеля брыгады

Мядок служыць заўсёды рады.

Дзе возьме сам, а дзе папросіць,

А ўсё што-небудзь ды прыносіць:

То бульбы мех, то бохан хлеба,—

Усё ж у гаспадарцы трэба.

У камандзіра — бойкі, слава,

А пакарміць — Мядкова справа.

Я так, мой браце, разважаю

І з тым падзяку і прымаю.

 

Касценя

А ты забыў, што я аддаў загад

Нічога ад насельніцтва не браць?

 

Мядок

Я сам не браў, я толькі папытаў:

А ці няма ў вас ад прастуды мёду?

Мне і наклалі цэлую каробку.

 

Касценя

Дык вось: пакуль ты цэлы і здаровы,

Бяры свой мёд і занясі назад.

 

Мядок

Таварыш камандзір, вы гэта — жартам?

 

Касценя

Баец Мядок, выконвайце загад!

 

Мядок

Ёсць выканаць загад! Ото няшчасце,

Убілі гвалтам людзі ў рукі мёд,

А мне цяпер нясі яго назад. (Выходзіць.)

 

Касценя

Сапраўды, горкае жыццё ў Мядка.

А ты чаго такі маркотны, Сашка?

 

Сашка

Засумаваў.

 

Касценя

Што, закахаўся? А?

А хто ж яна, твая красуня?

 

Сашка

Хочаш?

Я заспяваю песню пра яе.

 

Ёсць на Случчыне хаціна

З белым бэзам пад акном.

Там жыве мая кручына

З белакурым хлапчанём.

 

Лебядзіная паходка,

Цёмна-русая каса...

Вось якая ў той малодкі

Небяспечная краса.

 

Ды ні станам, ні хадою

І ні русаю касой,—

Заўладала яна мною

Шчырай вернасцю сваёй.

 

Кожны вечар, кожны ранак

Паглядае на шляхі,

Ці не з’явіцца каханы,

Ці не прыйдзе дарагі.

 

Не пыліць нідзе дарога,

Над палямі цішыня.

А жанчына ля парога

Усё чакае нас штодня.

 

Касценя

А вось мяне ніхто ўжо не чакае.

Ах, Ася, Ася! Як жа недарэчна,

Як дзіка разышліся нашы сцежкі!

Дзе ты цяпер і што з табою стала? —

Мне гэта думка не дае жыцця.

 

Сашка

Эге, таварыш камандзір! Ды вы

Таксама ўслед за мной засумавалі.

А ну, ударым трошкі весялей!

 

Стаіць Грыц на вуліцы і, стоячы, плача.

Марфа ў Грыца пытаецца:

— Чаго, Грыцу, плачаш?

— Ой, плачу я, плачу — у сенечкі хочу.

Марфа Грыца спалюбіла, у сенечкі упусціла:

— Ой, цыц, Грыцу, цыц, чаго, Грыцу, плачаш?

 

Плача Грыцу, плача, у сенечках стоячы.

Марфа ў Грыца пытаецца:

— Чаго, Грыцу, плачаш?

— Ой, плачу я, плачу — у хатачку хочу.

Марфа Грыца спалюбіла, у хатачку запрасіла:

— Ой, цыц, Грыцу, цыц, чаго, Грыцу, плачаш?

 

Плача Грыцу, плача, у хатачцы стоячы.

Марфа ў Грыца пытаецца:

— Чаго, Грыцу, плачаш?

— Ой, плачу я, плачу — на лавачку хочу.

Марфа Грыца спалюбіла, на лавачку насадзіла:

— Ой, цыц, Грыцу, цыц, чаго, Грыцу, плачаш?

 

Плача Грыцу, плача, на лавачцы седзячы.

Марфа ў Грыца пытаецца:

— Чаго, Грыцу, плачаш?

— Ой, плачу я, плачу — за столічак хочу.

Марфа Грыца спалюбіла, за столічак пасадзіла:

— Ой, цыц, Грыцу, цыц, чаго, Грыцу, плачаш?

 

Вартавы

Стой! Хто ідзе?

 

Прыгода

Разведчыкі, свае...

 

Вартавы

Пароль?

 

Прыгода

Змаганне.

 

Вартавы

Пропуск?

 

Прыгода

Перамога.

 

Уваходзяць партызаны-разведчыкі.

 

Касценя

Ну, як паводзілася, хлопцы?

 

Прыгода

Блага.

Даведаліся, праўда, аб усім,

Ды невясёлыя навіны: Ася...

 

Касценя

Арыштавана?

 

Прыгода

Так, арыштавана...

 

Касценя

О, час бязлітаснай напасці!

 

Насця

Пракляты дзень!

 

Сашка

Здрадлівы лёс!

 

Касценя, Насця і Сашка

Якое страшнае няшчасце

Ты нечакана нам прынёс!

Яна, што ўсіх аберагала,

Усім уцехаю была,

Усіх з няволі ратавала,—

Сама сябе не ўсцерагла.

 

Касценя

Жыццё маё, мая надзея!

 

Насця

Маленства друг!

 

Сашка

Таварыш мой!

 

Касценя, Насця і Сашка

Якую кару ліхадзеі

Цяпер учыняць над табой?

Закута моцна твая воля,

І крыллі скручаны пятлёй,

І, можа быць, ужо ніколі

Мы не сустрэнемся з табой.

 

Касценя

Мужайся, сокал мой бяскрылы!

 

Насця

Мужайся, Ася!

 

Сашка

Вер, мой друг!

 

Касценя, Насця і Сашка

Растуць, мацнеюць нашы сілы.

Да помсты кліч ідзе наўкруг.

І ў час трывог, і ў час змагання

Мы не забудзем аб табе:

Мы здзейснім наша абяцанне —

Адпомсцім люта за цябе.

 

Касценя

Так, рубанём! Склікайце партызан.

На бой! На бой!

 

Прыгода

Таварыш камандзір,

Яшчэ не ўсё. Гестапа абвясціла,

Што, калі мы адважымся напасці,

Яны замучаць Асю.

 

Касценя

О, злачынцы!

О, злыя вылюдкі! Яны мяркуюць,

Што гэта спыніць нашую расплату.

Няхай жа кроў нявіннае ахвяры

Падзе на іх галовы лютай карай!

 

Чапля

Пастой, Касценя, трэба перадумаць.

 

Касценя

Няма, няма другога выйсця, Чапля!

Ніводзін эшалон на тым участку

Дайсці да фронту цэлым не павінен.

Такі наказ нам дадзены з Масквы,

І мы свой абавязак здзейснім свята.

Дзеля жыцця і радасці радзімы

Я вырву сэрца ўласнае з грудзей,

Я растапчу сваё жыццё і шчасце

І цераз іх прайду да перамогі.

За мной, таварышы, на бой, на бой!

Не згінуць, хлопцы, нашы сілы

Ані ў агні, ані ў вадзе.

Дзе нас нядоля не насіла,

Дзе смерць павальна не касіла —

Мы не згіналіся нідзе.

 

Хор

Дзе нас нядоля не насіла,

Дзе смерць павальна не касіла —

Мы не згіналіся нідзе.

 

Касценя

І перад новаю навалай

Не схілім мы сваіх галоў.

А ці ж у нас адвагі мала,

Ці сіл людскіх забракавала,

Ці смелых не стае байцоў?

 

Хор

О, не, адвагі ў нас нямала,

Ніколі сіл не бракавала,

І смелых досыць ёсць байцоў.

 

Касценя

Гэй, уставайце ж на трывогу

Адзінай дружнаю сям’ёй!

За нашу радасць-перамогу

Смялей у цяжкую дарогу,

Смялей у грозны, люты бой!

 

Хор

За нашу радасць-перамогу

Смялей у цяжкую дарогу,

Смялей у грозны, люты бой!

 

 

КАРЦІНА ПЯТАЯ

Зарослы пустазеллем калгасны дзядзінец. Справа ад яго — сад, злева — абгарэлыя дрэвы і хаты. За вёскаю ідзе бой. Чуваць кулямётная і вінтовачная страляніна. Прыгода з групай партызан вядуць знябытую Асю.

 

Прыгода

Вось тут, у гэтым садзе, адпачнём.

 

Ася

Не, не, я не стамілася. Вядзі,

Хоць перад смерцю дай яго пабачыць.

Я вінавата перад ім. Вядзі.

 

Прыгода

Куды ж я павяду? Каго мы знойдзем,

Калі навокал бой? Сядай. Спачні.

 

Ён праводзіць Асю ў сад і садзіць на траву.

 

Ася

Якія вы нядобрыя усе!

Ой, цяжка мне!

 

Прыгода

Прыляж і адпачні.

Ну вось, ужо й забылася, заснула.

 

Прыгода накрывае Асю сваім шынялём. Пад гэты час бой заціхае. Здалёку пачулася і набліжаецца пераможная песня. На вуліцу выходзяць калгаснікі — мужчыны і жанчыны.

 

Хор партызан

На світанні рана-рана

Згуртаванай грамадой

Выйшлі з пушчы партызаны

З лютым ворагам у бой.

 

— За сваю краіну шчыра

Пастаім мы тут і там.

Слава нашым камандзірам,

Слава храбрацам!

 

Затрашчалі аўтаматы,

Мінамёты зараўлі.

Больш ніколі немцы-каты

Не падымуцца з зямлі.

 

— За сваю краіну шчыра

Пастаім мы тут і там.

Слава нашым камандзірам,

Слава храбрацам!

 

Партызаны павяртаюць

З перамогай у лясы.

Партызаны запяваюць

На чатыры галасы:

 

— За сваю краіну шчыра

Пастаім мы тут і там.

Слава нашым камандзірам,

Слава храбрацам!

 

Уваходзяць партызаны. Канвой вядзе палонных немцаў. Сярод іх — Штэкер, Рэйнаў, Эльза і іншыя.

 

Штэкер

О, майн гот! О, майн гот!

Які няўдалы наш паход!

 

Эльза

Што нас цяпер чакае тут?

 

Рэйнаў

Капут усім. Усім капут.

 

Хор немцаў

О, майн гот! О, майн гот!

Які няўдалы наш паход!

Не прычакаць нам свежых сіл,

Разбіта наша войска ў пыл,

Не вызваліць яно ўжо нас,

Прыходзіць наш смяротны час.

Зэр шлехт, зэр шлехт нам будзе тут:

Капут усім, усім капут.

 

Уваходзяць Чапля, Сашка і Мядок.

 

Мядок

Чаго скуголіце? А, пан Рэйнаў!

А як жа гэта пан сюды папаў?

 

Рэйнаў

Рабочы! Мой рабочы! Пане, слухай...

 

Сашка

Вось зараз я табе як дам у вуха!

 

Чапля

Стрымайся, Сашка!

 

Рэйнаў

Чапля!

 

Эльза

Пане Чапля!

 

Чапля

Адвесці іх пакуль што ў лес, у лагер.

 

Немцаў выводзяць.

 

Хор немцаў

О, майн гот! О, майн гот!

Які няўдалы наш паход!

Зэр шлехт, зэр шлехт нам будзе тут:

Капут усім, усім капут.

 

Сашка

Вось так, паплачце трохі, фрыцы!

А мы станцуем, маладзіцы.

 

І-эх! Ды калі ж я ў матулькі была,

Як вішанька у садочку цвіла.

 

Дасталася злому немцу у палон,

Як ліпінку мяне высушыў ён.

 

Не ўдалося мяне немцу дасушыць,—

Паляцелі партызаны немца біць.

 

Як ударылі магутнай грамадой,

Разлучыўся немец з рыжай галавой.

 

Агульны танец. Уваходзіць Касценя.

 

Касценя

Цямнее, хлопцы. Досыць забаўляцца.

Паставіць трэба варту і дазоры.

Прыгода не вярнуўся?

 

Сашка

Не відаць.

 

Прыгода

Я тут, таварыш камандзір.

 

Касценя

Ну, што?!

 

Прыгода

Паспелі да турмы своечасова

І вызвалілі ўсіх.

 

Касценя

Што з Асяй?

 

Прыгода

Ёсць.

 

Касценя

Знайшлі? Жывая? Дзе яна?

 

Прыгода

У садзе,

Нядужая надзвычай.

 

Касценя кідаецца ў сад.

 

Касценя

Ася!.. Ася..

 

Прыгода Цішэй, пабудзіце.

 

Касценя

Мая дзяўчынка,

Вось як мне выпала з табой спаткацца!

Я нават не магу цябе абняць

І прытуліць да сэрца. Спі, дзяўчынка.

Твой сон аберагаюць партызаны.

Таварыш Чапля!

 

Чапля

Я.

 

Касценя

Вазьмі людзей,

Пастаў дзе трэба варту і дазоры.

Астатнія хай спачываюць тут.

 

Некалькі партызан на чале з Чаплем выходзяць. Іншыя ідуць у хаты. Каля Асі застаецца адзін Касценя. Ноч. У бліжэйшай хаце Насця пад акном калыша дзіця і спявае калыханку.

 

Касценя

Ну, вось — мы зноў адны з табою, Ася.

А ты маўчыш і слова мне не скажаш.

Спі, слаўная, пад гэту калыханку.

Няхай спачынак дасць табе здароўя.

 

Насця

Пайшоў каток пад масток,

Злавіў рыбку за хвасток.

Пабег коцік у сялібку,

Панёс коцік хлопцу рыбку.

 

На палаткі кот зайшоў,

Нарабіў ён там слядоў.

— Не хадзі каток па лаўцы,

Будзем біць цябе па лапцы.

 

Узлез каток на шасток,

Горка плача галубок.

— Чаго, коцік, ты варкочаш,

Можа піць ці есці хочаш?

 

У шчарбатым чарапку

Пададзім табе мядку.

— Я за ежу не вазьмуся,

Мяне скрыўдзіла бабуся,

 

Хоча лапкі перабіць,

Чым жа рыбку мне лавіць?

— Ляж, каток, засні ля бабкі,

Зажывуць малыя лапкі.

 

Будзеш к мосціку хадзіць,

Будзеш рыбку зноў лавіць.

Спі, мой коцік, люлі-люлі,

Людзі ўжо даўно паснулі.

 

Убягае Чапля.

 

Чапля

Прачніся, камандзір! Устаньце, хлопцы!

Трывога: немцы акружаюць вёску.

 

Усхопліваецца Касценя. З хат выбягаюць партызаны.

 

Касценя

Да зброі! Вырвемся, сябры! Да зброі!

 

Хапаюць зброю і выбягаюць. Прачынаецца Ася. З хат выходзяць калгаснікі. Дзесьці блізка чуваць страляніна.

 

Ася

Што тут за гоман? Дзе я? Што са мной?

 

Насця

Не бойся. Ты паміж сваіх.

 

Ася

Насця?!

А дзе ж Касценя, Насця, дзе Андрэй?

 

Насця

Ён зараз прыйдзе, ты яго пабачыш.

А вось і ён...

 

Чапля і Сашка вядуць параненага Касценю. Ася рванулася да яго.

 

Ася

Андрэй!.. Каханы мой!..

Я так перад табою вінавата.

 

Касценя

Даруй мне, Ася... Позна гаварыць,

Хто вінаваты з нас... Я... паміраю...

 

Ася

Ратуйце, людзі добрыя, ратуйце!..

 

Касценя

Будзь, Ася, мужнаю. Не плач, не трэба...

Я вельмі горача цябе любіў,

Але яшчэ мацней любіў радзіму

І для яе ахвяраваў усім.

І з любасцю маёю да цябе

Перадаю і любасць да радзімы...

Кляніся мне... А дзе ж мой Чапля? Чапля!

 

Чапля

Я тут, Андрэй, з табою.

 

Касценя

Слухай, Чапля.

Кляніцеся, што гэтая зямля

Ізноў шчаслівай будзе і свабоднай,

І я, спачыўшы ў цішыні халоднай,

Пачую голас з роднага Крамля.

Ты чуеш, Чапля?

 

Чапля

Чую, камандзір.

 

Касценя

Клянешся?

 

Чапля

Так, клянуся.

 

Касценя

Нахіліся

І пацалуй мяне ў знак вернай клятвы.

Бывай, мой друг!.. Бывайце, хлопцы!.. Ася!.

 

Падае на рукі Асі і памірае.

 

Ася

Андрэй?!. Каханы мой!.. Андрэй!..

Навошта ж ты ізноў мяне пакінуў?

Адну, адну пакінуў назаўсёды.

Дахаты хлопцы вернуцца з паходаў,

Адно цябе ні дома, ні на полі

Не прычакаю я цяпер ніколі.

Андрэй!.. Каханы мой!.. Андрэй, Андрэй!..

 

Чапля

Маўчы. Зацісні зубы і маўчы.

Хай ворагі не ведаюць, што ён

Пакінуў нас. Няхай яго імя

Грыміць і наганяе на іх жах.

 

Бывай, таварыш верны мой!

Не стрэцца болей нам.

І над магілаю тваёй

Табе я клятву дам.

 

Клянуся зорамі начэй,

І сонцам залатым,

І шчасцем родных мне дзяцей,

І будучым сваім.

 

Клянуся гэтым страшным днём

Быць верным барацьбе;

Клянуся смерцю і жыццём

Адпомсціць за цябе.

 

Клянуся верны карабін

Трымаць, нібы салдат,

Пакуль тут будзе хоць адзін

Хадзіць нямецкі кат.

 

Яшчэ табе клянуся я,

Што не скрыўлю твой шлях

І пранясу тваё імя,

Як пераможны сцяг.

 

Партызаны

З табой клянецца ўся сям’я,

Што мы не скрывім шлях

І пранясём яго імя,

Як пераможны сцяг.

 

Агульны хор

Да зброі, таварыш! Над намі

Няволі грымяць кайданы.

А жыць не прывыклі рабамі

Вялікай радзімы сыны.

 

Да зброі, таварыш, да зброі!

Устань і другіх заклікай.

Будзь сынам адданым,

З няволі кайданнай

Краіну сваю вызваляй!

 

Суровая наша дарога,

Ды веры не траціць салдат,

Што вернемся мы з перамогай

Да нашых разбураных хат.

 

Да зброі, таварыш, да зброі!

Устань і другіх заклікай.

Будзь сынам адданым,

З няволі кайданнай

Краіну сваю вызваляй!

 

Здабудзем свабоду радзіме,

Яна закрасуе ізноў,

І маці з падзякай абдыме

Адважных дачок і сыноў.

 

Да зброі, таварыш, да зброі!

Устань і другіх заклікай.

Будзь сынам адданым,

З няволі кайданнай

Краіну сваю вызваляй!

 

24/XІІ.1945 г.


24.12.1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў: У 4-х т. Т. 3. Драматычныя творы.-Мн.: Маст. літ., 1985.-334 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан