epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Памяці У.І.Леніна

 

Засвісталі вятры над далінай,

Засвісталі завеі ў палях;

Зажурылася ў лесе каліна,

Загубіўся завеяны шлях.

 

Засвісталі вятры і пад вёскай,

Забялелі пад снегам сады.

Дзе ж дзяваўся вясенні твой росквіт,

Разняволены край малады?

 

Спахмурнелі дзяўчыніны вочы,

Знікла радасць з абліччаў, як зніч.

Не сумуй, селянін і рабочы,—

Паміж вас і сягоння Ільіч!

 

Засвісталі вятры над далінай,

Засвісталі ў палях і ў бары.

Навяваюць яны успаміны,

Расказаў іх дзядуля стары.

 

* * *

Сядзіць стары. Лучына тлее.

Запалі вочы углыбінь,

А то засвецяць, як лілея,

Узняўшы ліст у ветравінь.

 

Засвецяць раптам і патухнуць,

На грудзі звісне галава,

Спадзе валоссе белым пухам:

Жыццё завяла, як трава.

 

Сядзіць стары. Лучына тлее.

Кругом унукаў чарада.

Зіма за вокнамі бялее,

Бялее ў дзеда барада.

 

— Аб чым сказаць, мае вы кветкі

У гэты дзень, жалобны дзень?

Ішло жыццё маё з падлеткаў

Цераз калоду ды на пень.

 

Аб чым сказаць у дзень жалобны,

Калі не стала Ільіча?

Я чалавек быў вельмі дробны.—

І дзед расказваць ім пачаў:

 

— З маленства я, што хвоя ў полі

Стаяў на ветры, на зыры,

Затым і радасць сэрца поіць

Святлом сягонняшняй зары.

 

Не меў зямлі сваёй ні гоняў,

Уладаром маім быў пан.

Як ліст, якога ветры гоняць,

Таптаў чужыншчыны дзірван.

 

Ганяў плыты, быў у Сібіры...

Чыіх шляхоў я ні таптаў?

Чыіх пяскоў, калючых жвіраў,

Сваёй слязой ні паліваў?

 

Так век нядолі чалавечай

Сланяўся я з кутка ў куток.

Ад родных рэк да рэчак нечых

Шукаў жыццёвых я заток.

 

Ды што казаць мне? Вам вядома

Жыццё дзядулі з ранніх дзён,—

Нахмурыў дзед сівыя бровы,

І бліснуў у вачах агонь.

 

— Пасля,— пачаў дзядуля далей,

Кастрычнік даў жыццю размах,

Заззялі новым светам далі,

Змяніўся мой жыццёвы шлях.

 

Я зноў вярнуўся ў сваю вёску,

Над рэчкай высахла вярба,

Але ў жыцці пачаўся росквіт

І пачалася барацьба.

 

А далей, помню, нейк на сходзе,

Не то зімой, не то ў вясну,

Я быў абраны пры народзе

На з’езд вялікі у Маскву.

 

Памру я скора, мае кветкі:

Жыццё даўно сваё пачаў.

А вы, як змена, мае дзеткі,

Вядзіце справу Ільіча!

 

Я помню, ён, вялікі Ленін,

Прыжмурыў вока, як трыбун,

І так сказаў: «У наступленне,

Пакуль не дойдзем да камун».

 

Прайшлі гады. Мароз, як сёння,

Узорыў вокны дымных хат,

А я ўсё тыя словы помніў

І ўспомніў зноў іх акурат.

 

Была зіма. Свісталі ветры,

І раптам весць: памёр Ільіч.

Маўчалі скованыя нетры,

Але жывы падняўся кліч:

 

Даволі плачу, слёз даволі,

Абвешчан Ленінскі прызыў.

І трошкі зменшылася болю,

Хоць можа кожны галасіў.

 

Я гэта ўспомніў, калі вецер

Ізноў наводзіць смутку цень,—

Сягоння Леніна дзень смерці,

Жалобны, дзеткі, сёння дзень.

 

Памру я скора, мае кветкі:

Струціў жыццё стары мне час,—

А вы, як змена, мае дзеткі,

Дакончце справу Ільіча.

 

Замоўк стары. Лучына тлее.

Кругом унукаў чарада.

Зіма за вокнамі бялее,

Бялее ў дзеда барада.

 

1926 г.


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 1. Вершы, балады і паэмы /[Аўт. прадм. А. Вялюгін].— Мн.: Маст. літ., 1984.— 319 с. 1 л. партр.4 л. іл.
Крыніца: скан