epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Партызаны

 

Перад захадам сонца

Ёсць хвіліна тугі...

Аднастайна бясконца

Шалясцяць сітнягі.

 

На асеннія пожні.

Завяршаючы дзень,

Ападае апошні

Надвячоркавы цень.

 

Потым лёгка па дрэвах,

Па шурпатай кары

Пройдуць справа налева

І замоўкнуць вятры.

 

Жоўты ліст,

непрыкметна

Збіты імі з галін,

Доўга кружыць бязмэтна,

Ў цэлым свеце адзін.

 

Апусціўшы ад стомы

Нізка рукі на дол,

Тужыць лес нерухомы

Над магіламі сёл.

 

Моўчкі думае думу

Аб пакутлівых днях.

І ні шэпту, ні шуму —

Цішыня, цішня...

 

Ды такая нямая,

Што, калі не прывык,

Ты пачуеш над краем

Сэрца кожнага крык.

 

І здаецца, што грудзі

Здушыць чорны адчай,

І не ўздымуцца людзі,

І не ўстане мой край.

 

Раптам вырвуцца крокі

З нежывой цішыні,

Быццам дзесьці далёка

Едзе хтось на кані.

 

Клён нахіліцца к вязу,

Шэпнуць мовай галля

Штось другім... І адразу

Ажывае зямля.

 

На лясныя паляны

З цёмных нетраў і нор

Устаюць партызаны

І выходзяць на збор.

 

Ноч, густая, як сажа,

Зберажэ іх ад куль,

Не прадасць і не скажа,

Хто яны і адкуль.

 

Толькі мы, ды радзіма,

Ды балотны гушчар

Помнім кожнага імя,

Знаем многіх у твар.

 

Гэта — нашы суседзі:

З тым сумесна жылі,

З гэтым, помніцца, недзе

Нават чарку пілі...

 

Мы б пагутарыць рады,

Ды цяпер не пара:

Камандзіру брыгады

Час, як кажуць, з двара.

 

Дзед — таксама знаёмы,

Можа, нават радня —

Клапатліва, як дома,

Запрагае каня.

 

Хлопцы з першае роты,

З кім дружыў я і рос,

Два ручных кулямёты

Ставяць дзеду на воз.

 

Пажылыя мужчыны,

Угінаючы дол,

Носяць палкія міны,

Грузяць ярасны тол.

 

Маладая кабета

Правярае курок.

А наводдаль падлетак,

Селавы пастушок,

 

Пагарджаючы боязь,

Як бывалы салдат,

Затыкае за пояс

Пяць гарачых гранат.

 

Я не ведаю — порах

Ці нянавісць у іх,

Гэта зведае вораг

На галовах сваіх.

 

Помста добра паспела!

І, пачуўшы загад,

Рушыць дружна і смела

Партызанскі атрад.

 

На якімсь кіламетры

Ад лясной глухаты

Узляцяць у паветра

Цягнікі і масты.

 

Грымне ярасны выбух,

Як маланкавы гром,

Бразне ў кожную шыбу,

Страсяне кожны дом.

 

Бляск паўнеба асвеціць,

І, прачнуўшыся ўраз,

Скажуць шэпатам дзеці:

— Гэта бацька за нас.

 

Сцепануўшыся зябка,

Як таймуючы плач,

Перахрысціцца бабка:

— Дай ім, божа, удач!

 

Маці выйдзе ў вароты,

Доўга будзе лавіць

Роўны стук кулямёта,

Шэлест роснай травы.

 

После ў сінім сутонні,

На світальнай зары

Знікнуць людзі і коні

У лясным гушчары.

 

Ноч, густая, як сажа,

Зберажэ іх ад куль,

Не прадасць і не скажа,

Хто яны і адкуль.

 

Толькі мы, ды радзіма,

Ды балотны гушчар

Помнім кожнага імя,

Знаем многіх у твар.

 

1942 г.

 


07.03.1943

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан