Па сцежках таемных, з ляска да ляска,
Ідзе ў Беларусь пасланец ад ЦК.
Заданне адказнае: спешна з Масквы
Даставіць атрадам наказ баявы.
За поясам — фінка, мяшок на плячах.
А ў полі мяцеліцы спяць на шляхах.
Кранешся іх дотыкам лёгкім нагі —
Завые вятрыска, закружыць снягі:
— Спяшай, чалавеча, да выбраных мэт,
Мы зараз засыплем, завеем твой след!
І вось — ані сцежак ужо, ні дарог...
А нельга зайсці да людзей на парог!
Абходзячы вабны над хатай дымок,
Ганец павяртае ізноў у лясок.
У лесе зацішна. Няблага б спачыць,
Ды важны наказ пад ватоўкай ляжыць.
І ноч навылёт чалавек не засне.
Ці дзяцел застукае дзе на сасне,
Ці шышка пакоціцца з елкі наніз,
Ці пройдзе, павольна ступаючы, ліс,
Ці заяц праскочыць па свежым сняжку,
Не спіць пасланец, пасланец начыку.
Не гэтак уласнай шкада галавы,
Як шкода заветнага слова з Масквы,
Якое ганец пад ватоўкай нясе,
Якога так прагна чакаюць усе.
І, ледзь адпачыўшы, з ляска да ляска
Ідзе ў Беларусь пасланец ад ЦК.
Заданне адказнае: трэба з Масквы
Даставіць атрадам наказ баявы.
За поясам — фінка, мяшок на плячах...
Нямецкая варта стаіць на шляхах.
Благія шляхі, і няма ім канца,
Ды ў крыўду радзіма не дасць пасланца.
Кашлатыя пушчы даюць яму дом,
Ад сцюжы кусты ахінаюць крысом,
Мільёны на небе рассыпаных зор
Выводзяць з аблуды на чысты прастор,
А ў чыстых палях ад пагібельных воч
Яго прыкрывае завейная ноч.
І ён без спазнення, ў прызначаны час
Прыносіць з Масквы партызанам наказ.
Яго абступаюць, пытаюць навін.
Ён гутарыць з хлопцамі пару гадзін,
Гаворыць ім простыя словы: «Братва!
Трымайцеся, з вамі заўсёды Масква!»
І вестка ідзе ад байца да байца,
Яна абганяе свайго пасланца,
Яна падымае атрады на бой
І новыя сілы вядзе за сабой.
Аж неба ад выбухаў грозных гудзе,
І вораг не мае спакою нідзе.
Тым часам ізноў ад ляска да ляска
Ідзе пасланец з даручэннем ЦК.
Заданне адказнае: спешна з Масквы
Даставіць атрадам наказ баявы.
За поясам — фінка, мяшок на плячах...
Мяцеліцы белыя спяць на шляхах...
1943 г.