epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Песні жалобы

* * *
* * *
* * *
* * *


 

 

Гады прамінаюць, праходзяць, як сон,

Знікае і радасць і смутак,

І новай вясною бярозавы сок

Залечвае раны, пакуты.

 

І новай зімой акрываюць снягі

Душу і палеткі аздобай.

Адно не пазбыцца маўклівай тугі,

Навеянай людзям жалобай.

 

Адно не пазбыцца надломаных дум,

Навеяных стратай вялікай.

Ён дужы, як волат,

магутны, як дуб,

Выходзіў да светлага клікаць.

 

А сёння не выйдзе

пакласці свой след,

Ні думак, ні слова не ўзвее:

У рамках жалобных ягоны партрэт

І здымак яго маўзалея.

 

Гляджу і не веру —

здаецца, жывы:

Сур’ёзнасць і сіла ў абліччы.

Здаецца, вось зараз кіўком галавы

Да працы ізноўку пакліча.

 

Але нерухомы у рамках партрэт —

Хістаецца чорная стужка...

«Усё гэта — мары, таварыш паэт!»

І думы ўзвіваюцца птушкай.

 

 

* * *

Мне сніцца наяве яго сілуэт,

Нязломная воля ў жаданнях.

На кожнай дарозе ён вызначыў след,

На кожнай сцяжынцы дазвання.

 

Усё, што настане, і ўсё, што было,

Агорнута ленінскай думай;

Вячыстаю мудрасцю свеціць чало,

І ясныя вочы ў задуме.

 

І мы прыпыняем на момант хаду,

Змаўкаем прад іменем «Ленін»,

Паклоны кладзём яго велічы дум,

Яго неўміручым тварэнням.

 

І пройдзе нямала і дзён і гадоў,

А вобраз не згіне ніколі,

Бо ён увасобіў на многа вякоў

І мудрасць народа, і волю.

 

 

* * *

Пралятаюць думы

Міма весялосці;

І не скажаш думам —

Турбаваці досыць.

 

Навяваюць думы

Сэрцу успаміны.

Пралятаюць думы

Весялосці міма.

 

.....................................

 

Былі маразы, і маўчалі палі,

Не гнуліся долу бярозы.

У белым убранні каліны былі,

Як нашы юнацкія крозы.

 

У снежных карунках застылі драты,

Слупы пры дарозе застылі.

І раптам... трывожна гудуць правады,

Слязьмі асыпаецца іней.

 

Бяроза над хатай схіснула галлём,

Заплакала ў снезе каліна.

Прамчалася вестка

наўсцяж над зямлёй:

— Вялікая страта ў краіне.

 

І людзі прыпалі да цьмянай зямлі —

Апошняе выслухаць слова;

І зноўку упарта да мэты пайшлі,

Ад болю нахмурыўшы бровы.

 

І ворагі плачу не ўчулі ані —

Гарэлі напорнасцю вочы:

Пакляўся наказам яго селянін,

Пакляўся наказам рабочы.

...............................................

 

Праляцелі годы

У напружанай працы.

Выйдзі да усходу

Ростам любавацца.

 

Выйдзі да усходу

Раненька сягоння:

Праляцелі годы —

Ці збудован помнік?!

 

 

* * *

Праходжу па вуліцах.

Скрозь — супакой.

А скора абудзіцца горад.

У змроку зімовым такою парой

Агні дагараюць, як зоры.

 

І веліччу дзіўнай здаюцца дамы...

Праходжу па Ленінскай далей —

Туды, дзе на снезе качаецца дым

І носяцца скогаты сталі.

 

З Траецкай дзіўлюся на новы узрост:

Паўсталі заводы, палацы...

Усё гэта ты, пралетарый, узнёс

Напружнай, нязменнаю працай.

 

І радасна неяк і нейк весялей,

Хоць сёння дзень смутны жалобы:

Наказ не забыты: яго маўзалей —

Краіну працоўных — аздобім.

 

 

* * *

Гады прамінаюць,

праходзяць, як сон,

Знікае і радасць і смутак,

І новай вясною бярозавы сок

Залечвае раны, пакуты.

І новай зімой адкрываюць снягі

Душу і палеткі аздобай.

Адно не пазбыцца маўклівай тугі,

Навеянай людзям жалобай.

Адно не пазбыцца надломаных дум,

Навеяных стратай вялікай.

Ён дужы,

як волат, нязломны,

як дуб,

Выходзіў да светлага клікаць.

А сёння не выйдзе пакласці свой след,

Ні думак, ні слова не ўзвее...

Ды помнім мы вечна яго запавет

І здзейсніць таксама умеем.

І вось калі здолеем гэта зрабіць

І словы яго ажыццёвім —

Загояцца раны маўклівай тугі

І скрухі не будзе ў аснове.

Таварыш мой любы, журбу адгані,

На працу вялікую — першым!

Заводы, палацы, электраагні —

То Леніну помнік найлепшы.

 

1928 г.


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан