epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Пра вясну і рэвалюцыю

 

Гэта вы,

мне здаецца,

нядаўна сказалі?

Ці то ваша суседка

з паднятым брывом?

Адным, словам,

я чуў

кагадзе

ў гэтай залі,

Што вясна не прыносіць

ні дум,

ні трывог.

Я лічыў бы за жарт

гэтай прыкрасці выраз,

Каб, напоперак думкам

і волі самой,

Аж спадыспаду дзён

у вялізманы вобраз

не вырас

Дзень маленства майго

і вясновых самот.

Я згадаў,

як гайсала

галоднае рэха

Па парожніх свірнах...

І каб толькі пражыць —

Уздзіралі на корм

абымшэлыя стрэхі

Перад тым,

як пачнуць

аплываць капяжы.

Я збіраў басанож

крапіву каля плоту

Перад тым,

як зямля наліецца цяплом...

Можа, вы

і не ведалі

гэтых клапотаў,

А для нас яно —

нашым маленствам было.

І таму

хлапчукамі

ў семнаццатым годзе,

Занядбаўшы забавы,

не знаючы сну,

Мы галодную восень

пры халоднай пагодзе

Сустракалі,

як лепшую

нашу вясну.

Ды нашто перагортваць

старонкі гісторыі,

Калі дзеі сучаснасці

катуюць нас!

Я хачу расказаць,

як няўгойнае гора

Залячыла надзеяй

вялікай

вясна.

 

Дзесьці блізка зусім

адзінокая маці

Абабіла парогі

пастарункаў

і гмін...

Засталася на ўцеху

вяроўка у хаце,

Бо навекі засуджаны

быў яе сын.

І яна,

што сваю

аднастайную сцежку

Пратаптала

праз гора,

нядолю

і жвір,

І яна

загубіла

апошнюю

ўсмешку,

Без каторай нікому

не суджана жыць.

І на цягу начэй,

да вар’яцтва бяссонных,

Калі месяц

над полем

аснежаным

стыў,

Яна білася ў роспачы —

дзікай,

шалёнай,

І чытала на памяць

ад сына лісты:

— Сынку...

Сынку...

Ты пішаш:

«Мужайся!»

Абяцаеш вярнуцца

дваццатай вясной...

Покуль тая паводка —

паводкаю жалю

Захлынецца жыццё маё,

добранькі мой!

Хіба ж выцерпіць

гэтае

маці пакорна,

Доляй выкляты,

любы мой сын? —

І, звіваючы рукі,

рыдаючы горна,

Яна доўга глядзела

кудысь ўдалячынь.

Так было,

калі краем

хадзіла зіма,

Калі біліся

цені

і вецер

у хату,

Калі дрэвы,

узняўшы

галіны наўзмах,

Вартавалі дарогі

ў адзенні

кашлатым.

А пазней,

напрадвесні,

калі уначы

Варушыліся дрэвы,

збіраліся ў сад,

Калі бразгалі

звонка

вяснянак ключы,—

Сын да маткі

таемна

пісаў:

 

— Маці...

Матанька...

Надзялі мяне сілай!

Дай мне дужасць

разбіць

мураваныя сцены!

Я сягоння пачуў,

калі ты галасіла...

Галасі ж,

галасі,

каб рыдала каменне!

Бурны подых вясны

мне прыносіць твой голас.

І ці знаеш,

як жудасна

хочацца жыць,

Калі скрозь

наліваецца сілаю

поле,

Калі скрозь

аплываюць

са стрэх капяжы!

Станеш вечарам,

клічаш, клічаш

Праз турэмныя краты

сваю маладосць,

І яна

з далячынь,

быццам гул навальнічны,

Адгукаецца рэхам

і прыходзіць,

як госць.

Значыць,

вырасце,

чую,

такая адвага,

Што на волю

з каменных муроў

правядзе.

Вельмі просты наш план,

і з халоднай развагай

Мы рыхтуем

сваё вызваленне

штодзень.

Без ключоў адамкнём

заржавелыя дзверы

Перад тым, як зусім

аплывуць капяжы.

І прыйду да цябе,

поўны сілы і веры,

Каб ізноўку

за волю змагацца

і жыць.

Гэтак сын абяцаў

на мінулым прадвесні,

І ніхто не разважыў,

што гэта вясна

Напляла дзікіх планаў,

каторых не здзейсніць,

Пра каторыя

вязні

адно толькі сняць.

Але ж сталася штосьці

на свеце

такое,

Што навалай шумяць

напрадвесні лясы.

І самотная маці

з халодным спакоем

І дагэтуль чакае,

што вернецца сын.

Дзе ж ёй ведаць,

старой,

што не шэнціла сыну

Перайсці цераз сцены

Лукішскі астрог

І што сын —

вось за гэты

адважны учынак —

Быў павешан

у ліку

другіх чатырох

Так бывае...

А вы мне

нядаўна сказалі

Ці то ваша суседка

з падпятым брывом...

Адным словам,

я чуў

кагадзе

ў гэтай залі,

Што вясна не прыносіць

ні дум,

ні трывог.

Я

жыццём

безыменным сваім

пратэстую

І надзею,

як тая матуля,

рашчу,

Што мы стрэнем яе,

вясну маладую —

Рэвалюцыю свету,

каторай не ўшчуць.

Яна прыйдзе

пасля баявога прадвесня,

Яна стане

на ўсіх

скрыжаваннях дарог,

Яна будзе гучаць,

як магутная песня,

Поўным голасам дум

і вялікіх трывог.

 

1932 г.

 


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан