epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Рытмы

Зімовы роздум
Перад навальніцай
Агні паўстання


 

 

Зімовы роздум

Сняжынкі белыя

Над полем бегалі,

Ляталі, лёгкія,

І мітусіліся.

Дарога ветліва

Ківала ветламі,

Як сон, далёкімі,

Як неба, сінімі.

 

А зоры клікалі

У даль вялікую,

У даль прасторную,

Ў прасцягі снежныя.

І людзі ў роздуме

Стаялі грозныя

Над тымі чорнымі

Сваімі сцежкамі.

 

З вятрамі лёгкімі

У высь далёкую,

У даль пагодную

Ляцелі сэрцы іх:

За тымі морамі,

За тымі горамі

Была свабодная

Зямля савецкая.

 

 

Перад навальніцай

Вятры усходнія —

такія ветлыя,

Вятры заходнія —

такія дзікія,

Вятры асеннія

навокал бегаюць,

Вятры халодныя

махаюць крыллямі.

 

З усходу веючы,

галлё пялегуюць,

А пойдуць з захаду —

прысады крышацца.

Вятры асеннія

навокал бегаюць,

Вятры халодныя

махаюць крыллямі.

 

А неба сіняе

штодзённа хмарыцца,

А хмары белыя,

а хмары чорныя

То ласкай бліскаюць,

то сілай хваляцца,—

Туга бяскрайняя

да сэрца горнецца.

 

Як хмары ўсходнія —

тады бялявыя,

Як хмары з захаду —

бядою чорныя...

Штодзённа хмарыцца,

і хмары плаваюць,—

Навала блізка ўжо,

яна разгорнецца.

 

 

Агні паўстання

Скалыхнуліся грозна лясы,

Перуны засвісталі наўсцяж;

Пашчапалася мёртвая сінь,

І маланкі агнём шалясцяць.

А ці гэта навала ідзе,

А ці помста людская гарыць —

Не чакайце на заўтрашні дзень,

Натачыце вастрэй тапары!

Ёсць за морам краіна красы,

Апавітая ў сонечны бляск.

Гэта ваша айчына, браты,

Да яе пракладайце свой шлях.

На яе станавіцеся след,

Каб краіну чужую, сваю,

Каб увесь паднявольны сусвет

Аб’яднаць у Савецкі Саюз.

 

1930 г.

 


1929-1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан