epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

У тыя дні

І
ІІ
III
IV
V
VI
VII
VIII
ІХ
Х
ХІ
XII
XIII
XIV


 

 

У тыя дні, мае сябры,

Крывёй гарэла неба,

У тыя дні былі жадны

Скарынцы чэрствай хлеба.

 

У тыя дні, мае сябры,

Цямнелі грозна далі,

У тыя дні жалезным сном

Пад сцюжай засыналі.

 

У тыя дні, мае сябры,

Мы вельмі мала мелі:

Вінтоўку, шаблю, кулямёт

І шэрыя шынелі.

 

Мінуліся, мае сябры,

Падзеі жорсткай явы,

Але застаўся успамін

І песні мужнай славы.

 

Сягоння я, мае сябры,

Да краю імі повен...

Паслухайце ж пра тыя дні

Суровую аповесць.

 

 

І

Вайна...

Адзінокія фабрыкі тужаць.

Апусцелі палі —

Ні касцоў, ні аратых...

Па загаду цара

Ўсіх здаровых і дужых,

Ад малых да старых,

Паздавалі ў салдаты.

 

Не пачуеш ні смеху,

Ні песень вясёлых,

Толькі — стогны і плач,

Толькі — слёзы і лямант.

Гарады — у трывозе,

Калоцяцца сёлы,

Дні і ночы

Гарматы гудуць над палямі.

 

Па старых,

Зруйнаваных вайною гасцінцах

Цягнуць бежанцы бедны,

Убогі пажытак.

У падраных шынелях

Ідуць пехацінцы,

Кавалерыя топча

Высокае жыта.

 

Цішыня, цішыня!..

Нават гром кананады

Не развее тугі

З амярцвелага сэрца:

Ні адзення, ні хлеба,

Ні слова спагады...

З набалелай душы

Крык на вусны ірвецца:

 

— Эх, каб сілы былі

Ды каб дружна паўсталі!..

Толькі, мусіць, ніколі

Такога не будзе:

З родных месц

Ільіча на чужыну загналі,

У выгнаннях, у турмах

Найлепшыя людзі.

 

Але голас,

Узняты над лямантам бойні,

І адтуль урываеца

Ў рокаты бою,

Заклікае закончыць

Нялюдскія войны

Поўным мірам людскім —

Грамадзянскай вайною.

 

Кліч ідзе на заводы,

Трапляе ў акопы

І, памножаны сілаю

Зброі і працы,

Навальніцай грыміць:

— Нацярпеліся! Хопіць!

— Мір хацінам,

Вайна апантаным палацам!

 

Вее з Балтыкі

Лютаўскі вецер халодны.

Петраград — у агні,

У завеях суровых —

Пачынае шумець.

Сотні тысяч галодных

Узнімаюць, як сцяг,

Два агністыя словы:

 

— Мір і хлеб! —

Поўніць вуліцы

Крык Петраграда.

Забастоўкі растуць,

Спавяшчаюць змаганне.

І надзейных салдат

І рабочых атрады

У зімовую ноч

Падымаюць паўстанне.

 

Дружным націскам

Царскія збіты аковы,

Але новыя ладзяць

Народу кайданы:

У Часовым урадзе —

Паны мілюковы,

У Саветах рабочых —

Прадажныя даны.

 

Не для гэтага мерлі

Таварышы нашы,

Не для гэтага бура

Імперыю трэсла,

Каб змяніць рэвалюцыю

Мірненькім маршам

Ад прастола цара

Да прэм’ерскага крэсла!

 

 

ІІ

Вясна ішла шырокім крокам,

Але не цешыла вясна,—

Лілася кроў густым патокам,

І не канчалася вайна.

 

— Зямлі! — крычалі грозна вёскі,

Прасіла іхніх рук зямля.

Міністры пасылалі войска

Душыць абураных сялян.

 

— Даволі! — хмурыя салдаты

Складалі шаблі і штыкі.

А трапяткія адвакаты

Збіралі новыя палкі.

 

Крывёй, а не вясковым сокам

Скрозь палівалася зямля.

Але ішлі «Лісты здалёку»

І асвятлялі цёмны шлях.

 

У кожным ракатала сіла,

Гатовая зламаць граніт.

Яе нядарам паланілі

Глухімі кратамі граніц.

 

Не заняволяць толькі сэрца,

Яно з народам прагне жыць

І ў родную краіну рвецца

Цераз граніцы й рубяжы.

 

Бо хіба ж выкажаш у словах

Усе шляхі да перамог?!

І Ленін кожны дзень нанова

Шукае сцежак і дарог

 

Туды,

туды...

Дзе супраць здрады

Мільёны рушаць у паход,

Дзе на крывавых барыкадах

Змагаецца яго народ.

 

Радзіма!

Доўгімі начамі

Ты снілася ў кароткіх снах

З тваімі ціхімі палямі,

З маркотным шумам па лясах,

 

З тваім народам працавітым,

Гатовым на рашучы бой,

Каб імператары-бандыты

Не панавалі над табой.

 

Ты блізка, родная!..

Вагоны

Прайшлі слупоў гранічных рад.

Салдаты рускія гамоняць,

І Лепін слухае салдат.

 

 

III

Паўсталі

Вякамі закутыя сілы,

Магутнаю хваляю

Змылі цара

І рушаць па ціхіх

Прасторах Расіі

У вобразе Леніна —

Правадыра...

 

Палацы і замкі

Трасе ліхаманка,

Князі і магнаты

Ад злосці дрыжаць:

Цяпер не паверыць народ

Абяцанкам,

Не будзе пакорны

Цярпець і стагнаць.

 

Не будзе калець

У сцюдзёных акопах,

Не будзе вякамі

На катарзе гніць...

І вось — засвісталі

Майстры на паклёпы

І прагнуць

Імя Ільіча ачарніць,

 

Хто сам бессаромна

Рабуе і крадзе.

Імперскай ахранкі

Служылыя псы —

Імкнуцца чарніць,

Вінаваціць у здрадзе

Таго, хто душою

Чысцей ад расы.

 

Таго, чыё сэрца

Гадамі балела

За долю краіны,

За струджаны лёс,

Таго, хто заўсёды

Адважна і смела

Вялікую праўду

Прыгнечаным нёс.

 

Ні земным праклёнам,

Ні карай найвышняй

Ніхто не запляміць

Святое імя...

Насустрач любімаму Леніну

Выйшла

Уся неабдымная

Наша сям’я!

 

Паплечнікі, вучні,

Салдаты, матросы,

Чырвонае гвардыі

Першы атрад,

Увесь працавіты

Мільённагалосы,

Закураны дымам

Стары Петраград.

 

Фінляндскі вакзал

Баявыя калоны

З усіх чатырох

Замыкаюць старон.

Узрушаны Ленін

Выходзіць з вагона

І шпаркай хадою

Мінае перон.

 

Вось ён узышоў

На прыступкі вакзала,

Аркестры ударылі

Радасны марш.

І мора людское

Кругом задрыжала:

— Няхай жыве Ленін!

Ён з намі і наш!

 

Не сілаю рук,

А пачуццямі сэрца

Узнеслі яго

На круты бранявік.

Самкнулі шарэнгі

Чырвонагвардзейцы,

І Ленінскі заклік

Ад бурнай Нявы

 

Імчыцца па земных

Прасторах вялізных:

— Няхай для шчаслівых

І радасных мэт

Зара рэвалюцыі Сацыялізма

Запаліць увесь

Заняволены свет.

 

Бяссмертную ісціну

Вызналі людзі,

І радасна пела

Гарачая кроў:

Вялікі змагар,

Правадыр рэвалюцыі

Заняў сваё месца

Ў радах змагароў.

 

 

IV

Слова маё!

Узнімайся высока,

Будзь загартованым,

Цвёрдым, як сталь.

Вечна імкніся,

Наліўшыся сокам,

Чыстым, як гэта

Празрыстая даль!

 

Стань у рады,

Хоць ад самага краю,

Слоў гартаваных

У яркім агні!..

Гонару большага —

Я не жадаю...

Помніш, у тыя

Вялікія дні:

 

Леніна слова —

Мільёны збірала,

Партыі слова —

На бітву вяло!

Вось яны коцяцца

Узрушаным валам

З горада ў горад,

З сяла у сяло.

 

Дом-асабняк

Балерыны Кшасінскай

Поўняць прыбоі

Жывых галасоў:

Куйбышаў, Стасава,

Фелікс Дзяржынскі,

Клім Варашылаў і

Якаў Свярдлоў...

 

З высылкі, з фронту,

З далёкіх ускраін

Дружна збіралася

Гвардыя мас.

Быў красавік.

Над разбураным краем

Бурна каціўся

Ўстрывожаны час.

 

Кожны павет

Выбіраў дэлагатаў,

З цвёрдым наказам

Усіх пасылаў:

Выслухаць Леніна

Думкі-парады,

Вырашыць

Тысячы й тысячы спраў.

 

Дзесяць гадзін...

На высокай трыбуне

Стомлены Ленін

Чытае даклад:

— Наша задача —

Дзяржава-камуна,

Новы грамадскі

Парадак і лад.

 

Мір і братанне!..

Улада — Саветам,

Шахты — рабочым,

Сялянам — зямля,

Зброя — народу...

Да гэтае мэты

Нам рэвалюцыя

Выракла шлях.

 

І на змаганне

З Часовым урадам

Сілы збіраць

Заклікае Ільіч.

Цераз заставы

Вакол Петраграда

Скрозь над Расіяй

Ідзе гэты кліч.

 

Слова прынята

Маўклівым пажарам,

Толькі крані —

Запалае агонь.

Людзям заводаў,

Палёў і казарам

Сэрцам нясуць

Камуністы яго...

 

 

V

А тым часам так званы

Часовы урад,

Меншавіцкая сволач

І гады-эсэры

Замест хлеба і міру

Падносяць загад,

Выкрываючы планы

Свае і намеры:

 

— Рэвалюцыя скончана,

Годзе сядзець!

Пад гарматы айчына

Свабодная кліча.

Памірайце дзесяткамі

Тысяч штодзень.

Мы яшчэ не дабіліся

Нашай здабычы.

 

Маршыруюць студэнты...

У радасным сне

Зіхацяць пад нагамі

Квадраты брусчаткі...

— Слава нашым міністрам!

— Вітанне вайне! —

Афіцэры і крамнікі

Плешчуць у ладкі:

 

— У акопы! На фронт,

Разняволены брат! —

Але іншыя спеюць

Настроі і думкі:

Шчыльна зубы сціскае

Матрос і салдат,

Нецярплівай рукой

Папраўляюць падсумкі.

 

Разлятаецца дымам

Даверлівасць мас:

— Вы ж нядаўна за мір,

За спакой прысягалі,

А цяпер на франты

Выганяеце нас?!

Значыць, зноў прадалі?!

Значыць, зноў ашукалі?!

 

Ад палка да палка

Голас гневу ідзе:

— У калоны! На вуліцы!

Строем на плошчы! —

Дэманстрацыя вірам

Грымотным гудзе,

Над галовамі вецер

Плакаты палошча:

 

— Прэч прадажных міністраў!

— Даволі вайны!

— Мір краінам!

— Улада Саветам рабочых!

Бранірованым мурам

Жалезнай сцяны

Экіпажы, палкі

І рабочыя крочаць.

 

Ад ускраін да Неўскага

Рушыцца вал.

Заціхаюць адразу ж

Калоны багатых.

І Ліцейны праспект,

За кварталам квартал,

Як чужыя акопы,

Займаюць салдаты.

 

Не, не будуць над намі

Купцы панаваць,

Не паложаць ярма

На гарбатыя шыі!

Дні і ночы кіпіць

Петраград і Масква,

Гарады, і мястэчкі,

І вёскі Расіі.

 

 

VI

Ледзянымі крыгамі

І марозам хваленым,

З цёплымі адлігамі,

З трапяткімі хвалямі,

 

Звонам рэчак песенных,

Бурнаю паводкаю

Адышло прадвесенне

І вясна кароткая.

 

Зацвіталі яблыні,

Белым цветам крыліся

І ніколі, зяблыя,

Сцюжам не карыліся.

 

Што ж цяпер пялёсткамі

Цёмны дол усыпалі

Пад дубамі жорсткімі,

Пад старымі ліпамі?!

 

Як відаць, нягодаю

Ваша доля чэрнена —

Душнаю пагодаю

Маладога чэрвеня.

 

Ён прыйшоў нясмелаю,

Ды хадою спорнаю;

Сталі ночы белыя,

А падзеі — чорныя.

 

Скліканы Саветамі

Першы з’езд збіраецца.

Здраднікі з кадэтамі

Пахаджаюць, раюцца...

 

Столь і сцены белыя

Курывам ахутаны.

Дні і ночы цэлыя

Засядаюць, гутараць.

 

Слухаюць рабочыя,

Засынаюць з прыкрасці...

Згоднікі ж таймуюцца,

Як уладу выкрасці.

 

На трыбуне трагікам

Цэрэтэлі курчыцца,

Соладка і прагненька

Цешыцца і мучыцца.

 

Тонкаю руладаю

Цягне, аж заходзіцца:

— Стаць цяпер уладаю —

Партыі не знойдзецца!..

 

Над крыклівай помпаю

Трагікаў і эпікаў

Выбухае бомбаю

Ленінская рэпліка:

 

— Ёсць такая партыя!..—

І крутой лавінаю

Цішыня упартая

У праходы рынула.

 

Як вулей развязаны,

Загулі, прачнуліся:

— Што за словы сказаны?

— І адкуль пачуліся?

 

 

VII

А ён, вялікі, і магутны,

І радасны, як светлы дзень,

Паходкай лёгкай і нячутнай

Ужо ў прэзідыум ідзе.

 

— Міністр сказаў нядаўна слова,

Што партыі няма цяпер,

Каторая была б гатова

Узяць уладу на сябе.

 

А я сцвярджаю — ёсць! Дачасна

Вы засмяяліся, міністр...

Шляхі да мэты сонцам ясным

Нам асвятляе камунізм.

 

І, як вясною па каменнях

Празрысты залаты ручай,

Гарачым і жывым струменем

Ліюцца словы Ільіча:

 

Як у акопах людзі гінуць,

Як хлусяць там меншавікі,

Як нішчаць волю і краіну

Нажывы прагнай хіжакі.

 

Ні гучных фраз, ні спрытных жэстаў,

Але праўдзівых слоў цяжар,

Насычаных глыбокім зместам,

Гарыць у сэрцах, як пажар.

 

Заціхла зала. Вымер лямант.

Як вадаспад, імчыцца час.

Ужо канчаецца рэгламент

І завадатаі крычаць:

 

— Даволі!

— Час! —

Але, як бура,

Устрапянуўся злы пратэст,

Зляцелі воплескі віхурай

І зашумелі, быццам лес.

 

Салдатам і рабочым люба

Паслухаць словы Ільіча.

Кіраўнікі, зацяўшы зубы,

Прымушаны прадоўжыць час.

 

За сказам — сказ, за словам — слова

Ізноў вядзе расказ Ільіч.

І з слоў спакойных і суровых

Выроствае грымотны кліч:

 

— Мы не баімся ўзяць уладу:

Мы — партыя рабочых мас...—

І радавыя дэлегаты

Прымаюць ленінскі наказ.

 

 

VIII

Абурэнне расце.

Гневам стомленых мас

Дышуць вуліцы фабрык

І сцены казарм.

Толькі словам крані —

І навальна, не ў час

Абліюцца панелі

Крывёй і пажарам.

 

Нельга болей цярпець,

Нельга далей чакаць,

Покуль здраднікі рук

У крыві не спалошчуць.

І прымае наказ

Бальшавіцкі ЦК:

На дзесятае чэрвеня

Выйсці на плошчу.

 

Дэманстрацыя мірных

Рабочых калон

Ставіць лозунгам дня

Непарушную мэту:

Вызнаць волю працоўных,

Іх цвёрды закон —

Перадаць над краінай

Уладу Саветам.

 

Хай народнае волі

Гучаць галасы,

Хай пачуюць трывогу

Прадажныя душы.

І адразу ж кругом

Меншавіцкія псы

Навастрылі свой нюх,

Натапырылі вушы.

 

Чуюць, рушыцца

Іхні пагібельны лад.

І, каб толькі на хлебе

У пана застацца,

Слугі вынесці рады

Суровы загад:

Выступленне — спыніць,

Адмяніць дэманстрацыю.

 

Ды ніякія сілы

Не могуць стрымаць

Разлютованай хвалі

Рабочых ускраін.

Ні дарог, ні ратунку,

Ні выйсця няма

Напалоханым лідэрам

Чорнае зграі.

 

Моляць бога яны

За Часовы урад,

Але слугі прыносяць

Нядобрыя весці,

І тады вырашаюць

Прызначыць парад

І пад згодніцкім сцягам

Калоны павесці.

 

Ашукаліся!..

Сонечны чэрвеньскі дзень

Іх надзеі не спраўдзіў.

На Марсавым Полі

Сотні тысяч галодных,

Пакутных людзей

Галасуюць за мір,

За Саветы і волю.

 

Бальшавіцкае слова,

І лозунг, і сцяг,

Нават поступ калоны

І крок — бальшавіцкі.

І дрыжыць напалоханы

Неўскі прасцяг

І Зімовы палац,

Шырачэзны і нізкі.

 

Праваліўся нашчэнт

Аб’яднаны паход

Верных служак цара

І французскіх банкіраў:

Узнімае гатовы

На бітвы народ

Супраць панскай вайны

Сцяг народнага міру.

 

Міністэрскія крэслы,

Як некалі трон,

Скалануліся дробна

Дрыготкаю частай.

І чыны з Петраграда

Імчацца на фронт —

Непакорную армію

Рушыць у наступ.

 

 

ІХ

Над фронтам ціш. Маўчаць гарматы,

Але ў вушах не моўкне гром...

У круг сабраўшыся, салдаты

Успамінаюць родны дом.

 

Якая ціш у іхняй хаце!

Якая скруха і туга!

Чыясьці згорбленая маці

Збірае шчаўе на лугах.

 

Чыясьці жонка-парабчанка,

Чужое поле аручы,

Спявае сыну калыханку

І горка плача пеючы.

 

Чыесьці скрыўджаныя дзеці

Ідуць па сёлах жабраваць...

Навошта ж гэты плач на свеце?!

За што ж пакутным ваяваць?!

 

Жыццём клянецца агітатар:

— Як выйграем апошні бой,

Вас павязуць усіх дахаты,

Надзеляць хлебам і зямлёй.

 

І, ашуканыя падманам,

Без кіраўнічае рукі,

Па недарэчных царскіх планах

У наступ рушылі палкі.

 

На мармуровых плітах высеч

Патрэбна б золата імён:

Іх шэсцьдзесят суровых тысяч

Загінула за дзесяць дзён.

 

Урал спраўляе перамогу,

Смяецца хіжы Мілюкоў:

— Віншую, панства! Дзякуй богу,

Паменшала бальшавікоў!

 

Дачасна цешыцеся, гады!..

Саюз рабочых і сялян

Змяце, як логавішча здрады,

Увесь часовы балаган.

 

Грымяць суровай эпапеяй

«Акопнай праўды» тыражы...

Нядарам медзь сваіх капеек,

Свае медалі і крыжы,

 

Свой крык, надзеямі сагрэты

Душу маўклівую сваю —

Салдаты за жыццё газеты,

Як за радзіму, аддаюць.

 

 

Х

Трывожныя весці

Трасуць Петраград:

На фронце — пагібель!

Над горадам — голад!

І трэцяга ліпеня

Сходы салдат

У першым палку

Падымаюць свой голас:

 

— Да зброі, таварышы! —

Грозна штыкі

Замерлі дазорам

На крыллях машыны.

З Кранштата на помач

Ідуць маракі,

З ускраін рабочыя

Рушаць лавіны.

 

— Спыніце сяброў,

Дэлегаты палка,

Яшчэ не пара

І не час для атакі:

Над намі пагрозаю —

Кара штыка,

Вас юнкеры знішчаць,

Раздушаць казакі.

 

— Не можа салдацкае

Сэрца цярпець! —

Дакорамі сыплюцца

Словы адказу:

— Як мае нас мучыць

Павольная смерць,

Дык лепей на бруку

Загінуць адразу.

 

Канчаецца ноч.

У бялёсай імгле

Абуджаных вуліц

Расце ажыўленне.

І Ленінскі штаб

Паўстае на чале,

Сваімі шляхамі

Вядзе выступленне.

 

Па слову ЦК

На мастах над Нявой

Атрады займаюць

Пасты абароны.

Спакойна і мірна

Суровай хадой

Пад ленінскім сцягам

Праходзяць калоны.

 

І раптам жалезны,

Распалены град

Бунтуе калоны,

Змятае і косіць...

Агнём кулямётным

Часовы урад

Вітае салдата,

Частуе матроса.

 

— Вы хочаце міру?

Вам трэба Савет?

Мы самі калісь

Ваявалі з арламі,

Але не да гэтых

Імкнуліся мэт —

Расіі патрэбны

Вайна і парламент!

 

Ізноў наступіла

І вымерла ноч,

А чорная зграя

Грыміць і скрыгоча.

Маўклівыя плошчы

І вуліцы зноў

Заліты свінцом

І крывёю рабочых.

 

Разбіты рэдакцыі

Нашых газет,

Палацы Кшасінскай

Займаюць казакі.

— На катаргу Леніна! —

Хрыпне кадэт,

І кожную сцежку

Віжуюць сабакі.

 

У ноч, у падполле

Ідзе правадыр,

У бедных хацінах

Шукае прыстанку.

І нюхаюць доўга

На бруку сляды

Халодныя ноздры

Сабак і ахранкі.

 

 

ХІ

Так на трыбунах Марсавага Поля

І па дварцах на берагах Нявы,

Сваёй камедыі сыграўшы ролі,

Міністры сталі ў строй гарадавых.

 

Але маны крывёю не спалошчуць:

Сляпая вера і цярплівасць мас

Расстрэляны нашчэнт на мірных плошчах,

І ведае цяпер рабочы клас,

 

Куды ісці, за што і як змагацца,

Каму гаротнае жыццё аддаць,

Каб занядбаная спрадвеку праца

Магла жыццём краіны заўладаць.

 

Няясныя пачуцці і настроі

Гартуюць думкамі бальшавікі:

«Прыходзіць час узяцца ўсім за зброю,

Узняць над ворагам свае штыкі».

 

І сёлы разгінаюць стан нахілы,

Становяцца ў шарэнгу гарады,

І кожны дзень дужэюць нашы сілы,

Шырэюць бальшавіцкія рады.

 

Хто ж вернымі і простымі шляхамі

У грозны час на бітву павядзе?

Далёка дзесь за цёмнымі лясамі

Вялікі Ленін сустракае дзень.

 

За ім ахраннікі па следу шараць,

Шукаючы ахвяры для мяча.

І здраднікі спакойна вырашаюць

На суд ганьбы павесці Ільіча.

 

На чый жа суд? На суд ваеннай банды,

Нядаўніх слуг крывавага цара,

На люты суд банкірскіх ад’ютантаў,

Каторым трэба смерць правадыра.

 

Не, здраднікі і гандляры! Не выйдзе:

Ад вашых рук і ненавісці злой —

Дзяржынскі і Сярго Арджанікідзе

Яго заслоняць радасна сабой.

 

На варце Леніна мільёны сталі,

Запаленыя гнеўным пачуццём,

І кожны з нас, без смутку і без жалю,

Аддасць за Леніна сваё жыццё.

 

 

XII

Мінае лета. Першыя лісты,

Пакрытыя сухім налётам сонца,

Спадаюць з дрэва. Ціхія кусты

Палаюць залатым агнём чырвонца.

 

Начамі зябка. Лёгкае пальто

Падшыта ветрам і асенняй сцюжай.

Усё пазбудзецца, усё — нішто,

Абы змагчы бяду і гора здужаць.

 

Абы жыццё рабочых і сялян

Навек збыло ярмо капіталізму.

І Ленін у Разліве піша план —

Пралог рэспублікі сацыялізма.

 

Ён вернай партыі дае наказ:

— Бальшавікі павінны ўзяць уладу! —

І неўзабаве сам у грозны час

З’яўляецца на плошчах Петраграда.

 

Паўстанне блізіцца. Ужо ЦК

На вырашэнне дзень і план выносіць,

А ворагаў прадажная рука

Ахранкам шле на партыю даносы.

 

Спужаліся, штрэйкбрэхеры, вайны?!

Вам страшна, што народ на бітву крочыць?!

А дзе ж былі, калі ў крыві паны

Тапілі тысячы і тысячы рабочых?!

 

Праклён вам, здраднікі! Ў наш новы век

Не спыніце жыцця ганебнай здрадай!

Па слову Леніна працоўны чалавек

Не пабаіцца стаць на барыкады.

 

 

XIII

Горад вымер і згас.

Толькі свеціцца Смольны.

Штаб паўстання жыве

Небывалым жыццём.

Ані страху, ні болю

Ў вачах навакольных,

Нават смутак гарыць

Баявым пачуццём.

 

У пакоях ад дыму

Няма куды дзецца.

За акном пад нагамі

Грукочуць тарцы:

Адыходзяць атрады

Чырвонагвардзейцаў,

Прабягаюць разведчыкі

І пасланцы.

 

І на момант усё

Заціхае і гасне —

І гамонкі, і крокі,

І словы, і шум...

Ленін моўчкі стаіць.

У вачах яго ясных

Многа светлых надзей

І няздзейсненых дум.

 

Бачыць ён, як праз годы

Пакут і змагання

Новы век над зямлёю

Займаецца скрозь.

І яго апаноўвае

Зноў хваляванне:

— Што ж яны там маўчаць?

Што марудзяць?

І вось —

Першы залп за Няву

Пасылае «Аўрора».

Ды не хоча здавацца

Зімовы палац:

Кулямётным агнём

З залатых калідораў

Афіцэры бароняць

Пакінуты пляц.

 

Зноў ударыў з гармат

Бранірованы крэйсер,

Дробным шротам пасыпаўся

Белы карніз.

І міністры з высокіх

Наседжаных крэсел —

Недаступных вышынь —

Апаўзаюць наніз.

 

З Петрапаўлаўскай крэпасці

Б’юць кулямёты,

І чырвонагвардзейцы

Выходзяць на пляц,

Маракі і адборныя

Часці пяхоты

Дружным штурмам займаюць

Зімовы палац.

 

Ноч мінае.

Зара над краінай усходзіць.

Над жыццём гаспадарыць

Рабочы Савет.

Аб зямлі, аб сапраўднай

Народнай свабодзе

Мудры Ленін падпісвае

Першы дэкрэт.

 

 

XIV

Многа дзён я знаю урачыстых,

Непаўтораных ніколі і нідзе,

Ды няма на свеце больш вячыстых,

Як жывы Кастрычнікаўскі дзень.

 

Дні такія не забудуцца ніколі!..

У жыцці, на працы, у баю,

Паміраючы на ратным полі

За радзіму слаўную сваю,

 

Хто не ўспомніць гэтай светлай даты?

Хто не ўспомніць, як ішлі на бой

Верныя матросы і салдаты

І рабочыя дружынай баявой;

 

Як адважна моўчкі паміралі

На дварцовых плошчах і палях;

Як навек над Смольным падымалі

Апалосканы крывёю сцяг;

 

Як на шэрых лапленых шынелях

Неслі раненых сваіх сяброў;

Як ішлі па вуліцах і пелі

Песню новых легендарных слоў;

 

Як усюды на шырокім свеце

Тысячы рабочых і салдат

Плакалі ад радасці, як дзеці,

Абдымаліся, як з братам брат?

 

Слава вам, байцы суровай бітвы!

Слава вам, памёршым і жывым!

Ваша мужнасць намі не забыта,

Не забыт і шлях ваш баявы.

 

Вамі заваёваны Кастрычнік,

Вамі высака падняты сцяг —

Беражэ адважны пагранічнік

Кожнай кропляю свайго жыцця.

 


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 2. Балады. Паэмы.- Мн.: Маст. літ., 1985.- 351 с., 4 л. іл.
Крыніца: скан