epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Глебка

Вершы (1925-1967)

1925—1930
  * * *
  ЗВОН ВЯСНЬІ
    * * *
    * * *
    * * *
  * * *
  ЭХ, СКАРЭЙ БЫ!..
  МАЁВА-ПІЯНЕРСКАЕ
  ВЫЙДУ Я РАНІЦАЙ
  ПАСЛЯ НОЧЫ
  УРАДЖАЙ
  ПЕСНЯ ЖНЯІ
  РАДАСЦЬ ВЁСКІ
  УСПАМІНЫ ПАДПАСКА
  НУ, ДЫК ШТО...
  ПАЛЮБІЎ Я ЯЕ
  ВОЧЫ СІНІЯ
  ВЕЕ ВЕЦЕР
  * * *
  ДРЫЖАЦЬ У ШЭРАНІ БЯРОЗЫ
  ЗІМА
  ЗІМА
  ВЯСНА
  ЖАДАННЕ
  ЯК РАНЕЙ
  Я ХАЦЕЎ БЫ
  О, НЕ!..
  НЕ ДУМАЎ НІКОЛІ
  * * *
  ГНУЦЦА ВЕРБЫ
  ВЯНЕ ЎСМЕШКА
  ЗАЦВІЛІ ЗАРНІЦЫ
  ЗАШАЛЯСЦЕЛА
  КЛЁН ЗАВЯЎ
  МЕСЯЦ НЫРАЕ
  ЯКУБУ КОЛАСУ
  Я НЕ КАЖУ
  ЛІСТ У ВЁСКУ
    * * *
    * * *
  І ЗОРЫ, І МЕСЯЦ
  НАШТО ЗАХАВАЛА
  НЕ КАЖЫ
  СПАТКАЕМ ВЯСНУ
  М. БАГДАНОВІЧУ
  * * *
  * * *
  БЕЛАРУСЬ
  БЕЛАРУСІ САВЕЦКАЙ
  КРАСАВАЛА ЖЫТА
    1
    2
    3
  ДАЛЁКІ ВЯСКОВЫ УЗОР
  ВІТАННЕ
  УРАЧЫСТЫЯ ДНІ
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
  ЧЫРВОНАЙ АРМІІ ПАРАД
  ЗАМЕСТ ВЯНКА
  ЗІМОВЫ АДПАЧЫНАК
  ЗАКЛІК ДА ВЯСНЫ
  ДЗЕЎЧЫНЕ З ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ
  СЛОВА ПЕРАМОГІ
1931—1935
  УРАЧЫСТАСЦЬ
  БУДУЙЦЕ ШЛЯХ ДА МЭТЫ
  ТРЫВОГА
  ЧАТЫРЫ ВЯТРЫ
  МОЙ ШЛЯХ
  ПРА СВАЁ ЖЫЦЦЁ
  МАЛАДОСЦЬ
  ДУЖАСЦЬ
  НАША ПАСТАНОВА
  ПАЧАТАК ВЯСНЫ
  ПЕРАМОГА
  СЯБРОЎСТВА
  СКАЖЫ МНЕ, КРАІНА
  ЭКЗОТЫКА
  ДЗЕЎЧЫНА САВЕЦКАЕ КРАІНЫ
  ВЕРНАСЦЬ
  АДЗІНАЯ АЙЧЫНА
  «ЗВЯЗДА»
  УМОЎНЫ ЗНАК
  ВЯСЁЛЫЯ ПЕСНІ
    І
    ІІ
  ПЕСНЯ
  АД ШЧЫРАГА СЭРЦА
  НА МОРЫ
1936—1940
  НА ПАЧАТКУ ЛЕТА
  ЛЕТНІ ДЗЕНЬ
  КАЛЫХАНКА
  НА ВАРЦЕ
  ДАЗОРНЫ
  ПЕСНІ АБ ГРАНІЦЫ
    I
    ІІ
  БРАТЭРСТВА
  НАПРАДВЕСНІ
  ПРОВАДЫ
  ПАЛЁТ
  ПІЛОТАМ
  ПРЫЗНАННЕ
  РАДАСЦЬ
  ЛІСТ БРАТУ
  ПЕСНЯ ВЯЗНЯ
  ПЕСНЯ ПРА НАРКОМА
  ВЯЛІКІ СЫН НАРОДА
  * * *
  ЗІМОВЫ МАЛЮНАК
  ПРЫВІТАННЕ РАДЗІМЕ
  РОДНЫМ БРАТАМ
  НАВАГОДНІ ТОСТ
  ПАМЯЦІ СЯРГО АРДЖАНІКІДЗЕ
  НА НІВАХ КАЛГАСНЫХ
  ХМАРКІ
  НАШ ЛЕС
  НА РЭЧЦЫ
  ПЛЫТЫ
  РЫБАК
  ГРЫБЫ
  ЯГАДЫ
  У ПАРКУ
  КАНЕЦ ЛЕТА
  ДНІ СУЧАСНАСЦІ
  ПРЫСЯГА
1941—1945
  БЛАГАСЛАВЕННЕ
  ДЗЕНЬ ВАЙНЫ
  МУЖАЙСЯ
  ГАЛАСЫ ДАРОГ
  МЫ ВЕРНЕМСЯ
  УПАРТАСЦЬ
  КАЛГАСНЫ ВАРТАЎНІК
  ЖНІВО
  ГЕРОІ
  ЗЯМЛЯ
  ХМАРА
  СЛОВА ПРЫСЯГІ
  ГОРАДУ НА ДЗВІНЕ
  НЕ СПІЦЕ
  ДРУГУ Ў НЯВОЛІ
  ВІНТОЎКА
  ПЕРШАМАЙСКІ САЛЮТ
  АБ ЧЫМ СПЯВАЮЦЬ САЛАЎІ?
  ПАСЫЛКА
  ВЯЧЭРНІЯ ДУМЫ
  З НОВЫМ ГОДАМ
  РАЙКОМ
  РОДНЫ ХЛЕБ
  ДЗЯЎЧЫНЕ З КЛІМАВІЧ
  НАКАЗ
  ГАЙ
  БЕЛАРУСІ
  РОЗДУМ ПАД НОВЫ ГОД
  СМЕРЦЬ САЛДАТА
  ВЕРШ ПРА МЕДАЛЬ
  ПІСЬМО З НЯВОЛІ
  ПРА КНІГІ
  СНЫ ХЛАПЧУКА
  ЖЫВОЕ СЛОВА
  НАША СЛАВА
  ЧЫРВОНАЙ АРМІІ
  ВЯСНА
  ВЫЗВАЛЕНАМУ МІНСКУ
  ПЕРАМОГА
  НОВЫ ДОМ
  ЗВАРОТ
  ШЧАСЛІВЫ МАЙ
  ПАД НЕБАМ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ
1946—1965
  СЛАВА КАСТРЫЧНІКУ
  ПАМЯЦІ М. І. КАЛІНІНА
  РАЗМОВА АБ ШЧАСЦІ
  РАДЗІМЫ НАШАЕ ЗАКОН
  РАДЗІМЫ НАШАЙ СЛАВА
  НАШ СЦЯГ
  РАКА
  МІНСК
  АПАВЯДАННЕ АБ ЗЯМЛІ
  СЛОВА МІРУ
  ЛЕНІНСКАЙ ПРАЎДЫ СВЯТЛО
  МІНСКІЯ ЎРОЧЫШЧЫ
  ДАРОГА
  СКАРГА
  СВЯТОЧНЫ РАНАК
  СЛАВА ЕДНАСЦІ НАШАЙ
  ПРА ХІМІЮ І ПАЭЗІЮ
  ДАЎГАЛЕЦЦЕ
  БУДАЎНІКІ
  АГНІ
  РАСКАЗ ЦЕСЛЯРА
  ГОСЦІ
  У НОВЫМ ДОМЕ
    * * *
  КАЛЫХАНКА
  ТЫ ПУЦЯВОДНАЙ СВЕЦІШ ЗОРКАЙ
  БЕЛАРУСЬ
  * * *
  МАЛЕННЕ АБ ДАЖДЖЫ
  АДЗІНАЕ СЭРЦА
  БЕЛАРУСКІЯ СЫНЫ
  ПІЯНЕРСКАЯ ПАХОДНАЯ
  ГАРОХ
  ДАПЫТЛІВЫ
  ЛОСЬ
  ВЯСЁЛКА
З вершаў аб заграніцы
  У ДАРОЗЕ
  СУСТРЭЧА З АМЕРЫКАЙ
  ПЕРАД СТАТУЯЙ СВАБОДЫ
  СЛОВА Ў ДЫСКУСІІ
  РОДНЫ ПРЫВІД
  ЗЯМЛЯЧЦЬІ
  РАЗМОВА З АКІЯНАМ
  ДЗІВАКІ
  ХВАЛЯ
Сатырычныя вершы
  ЯК ПАРТЫЗАН «ДЗЕД» ЗАДАЎ ФРЫЦАМ АБЕД
  ВЯСНОВЫЯ РЭЗЕРВЫ
  ПАРТРЭТЫ ФАШЫСЦКІХ ВАЯК
    «Налётчык-знішчальнік»
    «Майстра штыкавога ўдару»
    «Абаронца»
    «Герой»
    «Пераможца»
  НЕЧАКАНАЯ СУСТРЭЧА
  ДВА ПАРАДКІ
  ВЯСЕННЕ-ЛЕТНІЯ РАБОТЫ
  ФАШЫСЦКІЯ ПАРАДКІ — ГРАБЕЖ І ПАДАТКІ
  ПА «ДОБРАЙ» ВОЛІ
  ПРЫГОДЫ ГАМБУРГСКІХ ДАМ
    * * *
  «ЗНАТОК» БЕЛАРУСІ
  ДОБРАЯ ЦЁТКА
  МАЛЫЯ ЖАРТЫ
  САБАКАМ — САБАЧАЯ СМЕРЦЬ
  ВЯРОЎКА БУДЗЕ
  ГІТЛЕР ПЕСЕНЬ НЕ ПЯЕ
  ЭПІТАФІІ ДЛЯ АРЫЙСКАЙ ПОГАНІ
    Над магілай невядомага салдата
    Над магілай афіцэра
    Над магілай памешчыка
  УСЕАГУЛЬНАЯ РАСПРАДАЖА
  БОТЫ
  НА ПРЫЁМЕ Ў МЭРА ГОРАДА
  ХТО ЁН?
  ЗДАРЭННЕ НА АДНЫМ СХОДЗЕ
  АМЕРЫКАНСКІ ЛАД ЖЫЦЦЯ
Пасмяротныя публікацыі
  * * *
  * * *
  ПАРЭЧКІ
  К. В. КІСЯЛЁВУ
  (Надпіс на кнізе выбраных твораў)
  ДЫПЛАМАТЫ
  * * *
Вершы з кнігі «Дасэні»
  ДАСЭНІ
  * * *
  СТРОФЫ
  * * *
  * * *
  * * *
  НАСЛЕДАВАННЕ БЁРНСУ
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  КАНКОРДЫЯ
  * * *
  * * *
  * * *


 

1925—1930

 

* * *

Нашто гадаць і марыць аб далёкім,

Каму ў жыццё не верыцца душой?

Нальецца яблыня крамяным сокам

І заўтра апране раскошны шоўк.

 

А не збярэ яна апалых лісцяў,

Не зацвіце ў старых пялёстках зноў,

Бо толькі зоры — тыя, што й калісьці,

Ды неба сінь з дымкамі аблакоў.

 

Як маладзік, навокал гляну вокам —

Я разгадаць наступны дзень прыйшоў:

Гадае той аб прышласці далёкай,

Хто верыць у сучаснае душой.

 

1925 г.

 

 

ЗВОН ВЯСНЬІ

Быў малы, калі кулі свісталі

Ў лазняках ля вясковых аколіц.

А сягоння — і я ужо сталы,

А сягоння — і я камсамолец.

 

Ці ж не мне развінуць свае плечы,

Расказаць пра былыя паходы,

Як на фронт адыходзілі ўвечар

Камсамольска-чырвоныя роты?!

 

* * *

Беларусь! Хіба ж можна сягоння

Утапіць успамін аб няволі?

Не, мы помнім, як панскія коні

Дратавалі сялянскае поле.

 

Не забудзем, як скрозь над прасцягам

У вялікай напружанай бойцы

Неслі мужна чырвоныя сцягі

Маладыя байцы-камсамольцы.

 

* * *

Горад, горад і родная вёска!

Адышлі дні пакут і прымусу,

Вы красуеце сёння ў пялёстках

Дзіўнай кветкі жывой — Беларусі.

 

Усміхаецца сонца вясёла

Ля абноўленых нашых аколіц,—

Зруйнаваныя фабрыкі й сёлы

Аднавіў працаўнік-камсамолец.

 

* * *

Ён і сёння штурмуе нязменна

Карла Маркса і Леніна томы.

Камсамол — КПБ пакаленне:

Як яна — ён не ведае ўтомы.

 

Быў малы, калі кулі свісталі,

А сягоння яго не стрымаеш:

Вочы — сінія, зірк у іх — сталлю,

І душа разліваецца маем.

 

1925 г.

 

 

* * *

Сэрца, думкі,— гэй, наперад!

Бо не нам у смутку ныць.

У душы — стальная вера,—

Значыць, буду ў шчасці жыць.

 

Выйду ў поле на загоны,

Пад блакітны небакрай.

Рунь кусцістая на гонях,—

Значыць, будзе ураджай.

 

Гэй жа, поле, луг шырокі

І ад лёну сіні дол!

Вас не змераць сёння вокам,

Як не змераць камсамол.

 

1925 г.

 

 

ЭХ, СКАРЭЙ БЫ!..

Зажурчала вада раўчакамі,

Па разорах у полі рагоча...

Эх, скарэй бы да нас бальшакамі

Падарунак прыйшоў ад рабочых!

 

Што нам цацкацца з плугам на нівах,

Калі нашы хлапцы ў камсамоле

Хочуць жыць і рабіць калектывам

І даўно перайшлі на шматполле.

 

А праз тыдзень зубчатае сонца

Грабянцамі зямельку ачысціць

І па полі, шырокім бясконца,

Пойдзе трактар сталёвы ўрачыста.

 

Ён паспорыць сялянскую працу —

Ненатомны і дужы, як волат,

І пад вечар у клубе-палацы

Адпачне і вясковая моладзь.

 

Зазвіняць камсамольскія песні,

Як у полі вясна загрукоча,

Каб хутчэй толькі з подыхам веснім

Падарунак прыйшоў ад рабочых.

 

1925 г.

 

 

МАЁВА-ПІЯНЕРСКАЕ

Першамай! Сёння горад і вёска

Апранулі святочны убор,

І людскія патокі-усплёскі

Заліваюць шырокі прастор.

 

Камяніц мураваныя гмахі,

Як дзяўчаты істужкі ў касу,

Паўпляталі чырвоныя сцягі,

Люба глянуць на гэту красу.

 

Эх, прыгожасць вясёлага мая,

Безупынная воля-разгон!

Сёння й вецер нам песні спявае,

Сёння й сонца кладзе нам паклон.

 

За калонай фабрычных рабочых,

Адбіваючы такт ў барабан,

Піянеры шарэнгамі крочаць

На шырокую плошчу-майдан.

 

Камсамольская песня маёвая

Маладняцкім задорам звініць...

Эх, жыццё наша светлае, новае,

Ну і як жа цябе не любіць?!

 

1925 г.

 

 

ВЫЙДУ Я РАНІЦАЙ

Выйду я раніцай з плугам у поле,

Поле — шырокі разлог;

Лес, нахіліўшыся голлем дадолу,

Голлем дадолу прылёг.

 

Вецер пракоціцца, будзячы нівы,—

Нівы калоссем шумяць,

Поўнячы грудзі і думкі імкліва,

Думкі імкліва ляцяць.

 

Знекуль даносяцца звонкія гукі,

Гукі — душы пераліў.

Песня ўзвіваецца водгуллем гулкім,

Водгуллем гулкім між ніў.

 

Вось яна коціцца, быццам бы хвалі,—

Хвалі-струмені крыніц,

Думка за ёю ўсё вышай і далей,

Вышай і далей звініць.

 

І распускаюцца дзіўныя краскі,

Краскі ўпрыгожылі луг,

Быццам не нівы, а нейкія казкі,

Нейкія казкі наўкруг.

 

Гэта ўзышло над палеткамі сонца,

Сонца жыцця і красы,

І разліваецца срэбра бясконца,

Срэбра крыштальнай расы.

 

1925 г.

 

 

ПАСЛЯ НОЧЫ

Белакудры юнак — дзень ліпнёвы,

Ты сягоння на песні багаты,

А калісьці лясы і дубровы

Весяліў кулямёт ды гарматы.

 

О, я помню той дзень навальнічны!

Ужо з самага ранняга рана

За балотам у нетрах крынічных

Пахаваліся людзі ад пана.

 

З кожным грукатам-стрэлам гарматы

Дзед старэнькі хрысціўся тры разы:

— Ой, не скора мы пойдзем дахаты,

Як не выганяць панскай заразы!

 

Як прачнуліся ж мы пасля ночы,

Бачым — дзень...

Кулямёт не рагоча,

Сціхла вінтоўка,

Наўкола змоўкла.

Ціша... Ціша...

Ледзь калыша

Вецер штандар чырвоны.

Працоўных калоны

Сваю перамогу святкуюць.

Помню я раніцу тую:

 

Заірзалі ў дуброве коні,

Зарыкалі каровы ў гаі,

Вецер пусціўся ў пагоню

Па светла-зялёным галлі.

 

Павыходзілі з лесу сяляне,

Час вітаючы радасны, новы...

Дык ці ж можна забыць пра паўстанне

Ў гэты дзень вызвалення ліпнёвы?

 

Дык ці ж можна забыць яго сёння,

Калі нас падзяляюць шчэ межы,

Калі там сыны родных загонаў

Партызаніць пайшлі ў Белавежу?!

 

Не! Пара вызвалення настане,

Што і Нёман шырокі і Вісла

Пасля доўгіх баёў і змагання

Заспяваюць свабодна, як Свіслач.

 

Радасць новая сэрцы напоўніць,

Я схілю перад ёю калені,

Каб дастойнаю песняй успомніць

Новы час, новы дзень вызвалення.

 

1925 г.

 

 

УРАДЖАЙ

Ой, пайду я рана

Ды мурог-мяжою

Ў поле пад гарою

Жытам любавацца.

Люба мне, як збожжа

Хваляю высокай

У палях шырокіх

Стане хвалявацца.

 

Выйшаў я на поле...

На разлогіх гонях

Не вятры, не коні

Грывамі махаюць.

Гэта наша жыта

З горкі да лагчыны

Ў цёмныя чупрыны

Кудры завівае.

 

Нахіляе голаў

Да зямлі калоссе...

Сэрца залілося

Радасцю-уцехай,

Аж у цёмным лесе,

У бары сасновым

У адказ на словы

Загрымела рэха.

 

1925 г.

 

 

ПЕСНЯ ЖНЯІ

Жнейка маладая —

Стройная каліна

У глухой даліне

Жыта дажынала,

На мяжы мурожнай

Вольнаю часінай

Над калыскай сына

Песню напявала:

 

— Спі-засні, мой хлопчык,

Мой малы дуронік!

Ты на гэтых гонях

Будзеш жыць іначай:

Там, дзе ўчора дзед твой

Плакаў на загоне,

Твая маці сёння

Больш ужо не плача.

 

Хоць цяжкая праца,

Але ты шчаслівы:

Пройдзе час імкліва,

І ў глухіх далінах

На жніво палеткаў

Нашых урадлівых

З дружным калектывам

Выедзе машына.

 

1925 г.

 

 

РАДАСЦЬ ВЁСКІ

Завіліся дажджынкі ў каралі

І павіслі слязьмі на бярозах.

Ну, а сэрца — імкліваю хваляй

Срэбразвонных уцех залілося.

 

На гумне, пад асеннія свісты

Адзінокай бязлістай асіны,

Ярына закружылася лістам

Пад цапамі сталёвай машыны.

 

Радасць сочыцца спелым налівам...

Я згадаў сёння думкі людскія:

— Шмат спарней працаваць калектывам,

Калі ёсць малатарні такія...

 

Усміхаецца вёска машынам:

— Цэп дубовы цяпер не прылада!..

У сузор’ях вясёлкава-сініх

Мітульгой рассыпаецца радасць.

 

1925 г.

 

 

УСПАМІНЫ ПАДПАСКА

Я падпаскам у тую быў восень,

Жоўты дол усцілаўся лістамі...

Што казаць, як тады мне жылося,—

Я не раз заліваўся слязамі.

 

І любіў як і кожны падпасак,

Затуліцца ад гора ў дуброве,

Бо ад бацькі не ведаў я ласак

І не чуў яго добрага слова.

 

Нават я і не помніў старога,

Толькі часта казала матуля,

Што ён вернецца хутка з астрога,

Да грудзей свайго сына прытуліць.

 

Помню дзень у семнаццатым годзе,

Была восень тады, як і сёння.

Многа чутак хадзіла ў народзе,—

Не сціхаў рэвалюцыі гоман.

 

Гнаў я статак пагонам у вёску,

Дзьмулі ветры з паўночнага боку.

Па настроях мне братам і цёзкам

Быў пажоўклы дубок адзінокі.

 

Ахіналіся сінія далі

Невыразнай асенняй журботай.

Кулямёты ізноў сакаталі,

Рассыпаючы пошчакі шротам.

 

I тады каля самае вёскі

Я пабачыў якогась салдата.

У грудзях радасць сэрца загоскала:

Я пазнаў яго — гэта быў тата...

 

Слёзы шчасця змяшаліся з жалем,

Пакаціліся хваляй крынічнай.

Родны бацька — былы катаржанін —

Прынёс вестку пра светлы Кастрычпік.

 

Я падпаскам у тую быў восень,

Рассыпалася лісце на доле,

А сягоння — Кастрычніку восем,

А мне два ўжо, як я ў камсамоле.

 

Два і восем — у думках-імкненнях,

Два і восем — глыбока ў істоце,

Дык таму і журбы сёння меней

У пажоўклай дубовай лістоце.

 

Успаміны звіваюцца ў песні,

Прысвячаю іх Захаду сёння.

Стане людзям у турмах там цесна,

І семнаццаты год там зазвоніць.

 

1925 г.

 

 

НУ, ДЫК ШТО...

Ну, дык што, калі сэрца, як жулік,

Затаілася недзе ў калінах?

Усё роўна ж мяне не прытуліць

Чарнабровая гэта дзяўчына.

 

Не злуюся,— таго я і варты,

Каб блукаць па лясах ды палянах,

Калі сам жа за сэрцам упартым

Я заўсёды іду паслухмяна.

 

Толькі клікне — і зараз імкліва

Выбягаю за ім у дуброву

Слухаць шэлест калін сіратлівых,

Наглядаць, як пасуцца каровы.

 

Быў я некалі змалку падпаскам,

І дасюль з той юнацкай часіны

Я не ведаў цяплейшае ласкі,

Як маўклівая ласка каліны.

 

І цяпер, калі сэрца ад болю

Зашчыміць і пакліча без слова,

Я выходжу ў шырокае поле,

Я іду да калін у дуброву.

 

1925 г.

 

 

ПАЛЮБІЎ Я ЯЕ

Я спаткаў яе летам у жніва,

Калі месяц, нібы з рукава,

Шчодра высыпаў росы на нівы,

Аж бялела пад імі трава.

 

Ноч іх полагам цёмным накрыла,

І заснулі спакойна сады...

— Палюбі,— сэрца мне гаварыла,

Гэты радасны твар малады.

 

Яна мне пра сяло расказала,

Пра работу ячэйкі, жыццё...

І туга маё сэрца сціскала,

Што я з вёскі ды ў горад уцёк.

 

Расказала, а сэрца не змоўкла,

Гаварыла ізноў аб усім...

Палюбіў я яе, камсамолку,

Ды за тое, што ў сэрцы быў КІМ.

 

1925 г.

 

 

ВОЧЫ СІНІЯ

Васільковыя сінія вочы,

Не пазнаць вашых дум-таямніц!

Калі вецер бярозу паточыць,

Дык і дуб нахіляецца ніц.

 

Так і сэрца маё спапялела:

Зірк вачэй для мяне быў агонь.

Стрэў на пожні яе з тварам белым

Стрэў і сціснуў далонямі скронь.

 

З тых часоў у маіх вандраваннях

Сэрца сочыць блакіты вачэй

І гучыць у напевах-прызнаннях

Сіні колер званчэй і званчэй.

 

Я не першы ў гады маладыя,

Калі сэрца крыніцай бурліць.

Заспяваў пра блакітныя тыя

Вочы, поўныя дум-таямніц.

 

Не шкада залатога дзяцінства,

Адцвітуць усё роўна сады:

І на цяжкіх і лёгкіх гасцінцах

Чалавек толькі раз малады.

 

1925 г.

 

 

ВЕЕ ВЕЦЕР

Вее вецер — лёгкі подых,

На дарозе снежны пыл.

Перажытага не шкода,

Маладым бы толькі быць!

 

Ды не ўмелі, мусіць, вочы

Зберагчы агонь жывы...

Помню тонкі стан дзявочы,

Муражныя паплавы.

 

Помню ціхі зорны вечар.

Пад праменнем трапяткім

Косы падалі на плечы

Вадаспадам залатым,

 

Вусны рдзелі, як маліны...

Што было — таго не знаць:

Сведкі ж немыя, дзяўчына,—

Што раскажа сенажаць?!

 

А цяпер я хмуру бровы —

Восень, вецер, снег і дождж...

Эх, лясы мае, дубровы,

Знаць, і вам кахання досць!

 

І са шчок ірдзень спадае,

Вяне ўсмешка на губах.

Дзе ж ты, радасць маладая,

Саду бэзавага пах?!

 

1925 г.

 

 

* * *

Што мне вусны і што мне дзяўчына?

Сэрца лістам у песнях развею,

Толькі б край, як у лісці лагчына,

Патанаў каб у песнях-завеях.

 

Песні, песні! Ці шчырыя словы?

І ці ўзросцяць іх людзі, ці зглумяць?

Адтаго вось і хмурацца бровы,

Агартаюць маркотныя думы.

 

Веру моцна я ў светлае Заўтра,

Бо ўжо мак зацвітае на градах;

З яго цвету і з верасу лаўры

Буду віць я краіне на радасць.

 

Што ж мне вусны і што мне дзяўчына?

Сэрца лістам у песнях развею,

Толькі б край, як у лісці лагчына,

Патанаў каб у песнях-завеях.

 

1925 г.

 

 

ДРЫЖАЦЬ У ШЭРАНІ БЯРОЗЫ

Дрыжаць у шэрані бярозы,

Бялеюць снежныя палі.

Зімы вясёлкавая россып

Убрала срэбрам тапалі.

 

Трымціцца сонца на сувеях,

А гурбы снегу — да акон.

Пайду туды, дзе ветры веюць,

Імклівых дум рассыплю звон.

 

Але маўчыць прастор у снезе...

Каму ж я радасць панясу?

Улетку толькі на начлезе

Я запляту яе ў касу.

 

І я люблю вясну, завеі,

Бо мы жывём у добры час:

Вясною шчасце пунсавее,

Зімою — радасць на вачах.

 

1925 г.

 

 

ЗІМА

І вось — ужо зіма. Ірдзельныя абрусы,

Як для ўрачыстасці, пасланы на палях.

Мне свет увесь здаецца роднай Беларуссю,—

Такі на захад і на ўсход прасторны шлях.

 

Выходжу сцежкаю ў заснежанае поле,

Дарогі дальнія і клічуць і завуць.

Здаецца, мы й тугі не ведалі ніколі,

Бо думы зорныя нітуюць галаву.

 

Ідзеш упэўнена — тады і не павалішся,

І шлях ясней відаць пад снегам і зарой:

Вось нашы ворагі, а вось — таварышы...

І шырыцца яшчэ спарней напорны крок.

 

Не нам прапасці суджана, не нам загінуць!

Хай зубы ляскаюць ад роспачы ў другіх.

Нічога, што зіма —

імкненні не астынуць,

Калі свет будучы так моцна дарагі.

 

Няхай асвяне маладосць сваім абліччам,

А непакорны дух не кіне вымагаць,

Бо нашых светлых дзён вякамі не палічыш

І мы не ведаем утомы у нагах.

 

Выходжу сцежкаю ў заснежанае поле,

Дарогі дальнія і клічуць і завуць.

Здаецца, мы й тугі не ведалі ніколі,

Бо думы зорныя нітуюць галаву.

 

Цудоўная зіма! Ірдзельныя абрусы,

Як для ўрачыстасці, пасланы на палях.

Мне свет увесь здаецца роднай

Беларуссю,—

Такі на захад і на ўсход прасторны шлях!

 

1926 г.

 

 

ЗІМА

Зіма. Снягі. Мароз. Завеі.

Дарога звонкая, як сталь.

Бярозы ў шэрані сівеюць,

Палі бялеюць, як паркаль.

 

Люблю я раніцаю звонкай,

Запрогшы быстрага каня,

Імчацца ў лес, наперагонкі

З далёкім воблакам з паўдня.

 

А лес стаіць маўклівы ціха,

Не зварухне свайго галля...

Зіма, зіма... Бы ў цвеце ліпа,

У белым снезе ўся зямля.

 

Люблю я гэтым белым полем,

Дзе месяц пыл ацерушыў,

Назад варочацца паволі.

Драмаць на санях і ў цішы

 

Снаваць за думкай думку... Бомы

То заміраюць, то гудуць.

У шлях, нікому невядомы,

Слупы дарожныя ідуць.

 

Бярозы ў шэрані сівеюць,

Палі бялеюць, як паркаль.

Зіма, зіма... Снягі, завеі,

Дарога звонкая, як сталь.

 

1926 г.

 

 

ВЯСНА

Ты, вясна,— маладая красуня.

А ці ж я не такі малады?

Сэрца радасцю ціхай красуе,

І красуюць у цвеце сады.

 

Зелянеюць на сонцы узгоркі,

І сіней за нябёсы рака...

Ой, дзяўчаткі мае, камсамолкі,

Выйдзем разам вясну сустракаць!

 

Заспявайце вясновую песню,

Я вам буду і сам падпяваць.

Сонца косы шаўковыя песціць,

На узмежку ўзыходзіць трава.

 

Ты, вясна,— маладая красуня,

Прыгажэй за прыгожых дзяўчат:

Галава буйным цветам красуе,

Зацвілі васількі у вачах.

 

1926 г.

 

 

ЖАДАННЕ

Быльняговыя межы агорклі,—

Радасць новая ў сэрцы цяпер:

Я хачу, каб пяскі і узгоркі

Не сціскалі, краіна, цябе.

 

Я хачу, каб балоты і багны,

Быццам радасць у цвецені ліп,

Снегавою раўнінаю прагна

Без загонаў і межаў ляглі.

 

Быльняговыя межы агорклі,—

Іншай радасці прагну цяпер:

Расцвітай, Беларусь мая, зоркай

На сузорных шляхах СССР!

 

1926 г.

 

 

ЯК РАНЕЙ

Як раней, я маўклівы і просты,

Толькі іншае сэрцам пасяг:

Залацісты над клёнамі россып

Беларусі збіраю ў пасаг.

 

Як адзене яна свае строі,

Упляце шаўкавіцу ў касу

Ды як выйдзе паважна і стройна —

Залюбуюцца ўсе на красу.

 

Залюбуюцца людзі на поступ,

Гэта сёння я сэрцам пасяг

І пурпуравай восені россып

Беларусі збіраю ў пасаг.

 

1926 г.

 

 

Я ХАЦЕЎ БЫ

Я хацеў бы асыпаць прасторы

Беларускіх маўклівых палёў

Зернем чыстым, як гэтыя зоры,

Самых лепшых і радасных слоў.

 

Ды, відаць, не судзіла мне доля

Гэты спеў, малады і жывы:

Дацвіла мая радасць у полі

Сярод горкай лазы і травы.

 

Толькі веру, што прыйдзе — і скора!

Невядомы дагэтуль паэт,

Заспявае — пасыплюцца зоры

І на край, і на цэлы сусвет.

 

1926 г.

 

О, НЕ!..

О, не!..

Сваёю простаю усмешкай

Ты не кранеш ні сэрца мне, ні дум:

Мяне ў жыцці зусім другое цешыць,

І я другімі сцежкамі іду.

 

Магчыма, ты забудзешся на крыўду,

Калі пачну я ростань цалаваць,

І можа быць, што блізкія не прыйдуць,

А станеш з іх адна ты ў галавах.

 

Адна абложыш дзёрнам і магілу,

Рассыплеш кветкі белыя на жвір...

І ўсё ж чамусь няведамая сіла

Заве мяне і вабіць зорны зірк

 

Да іншых дум, да іншых летуценняў,

Дзе ласкі кволай, як твая, няма,

А ёсць адвага мужная ў імкненнях

І для імкненняў — велічны размах.

 

Калі яна ў кроў маю і жылы

Прасочыцца, як сонца да ліста,—

Тады не зарасце мая магіла:

На ёй шыпшына будзе расцвітаць.

 

Дык вось чаму табе сваёй усмешкай

Ні сэрца не крануць майго, ні дум,—

Мяне ў жыцці зусім другое цешыць,

І я другімі сцежкамі іду.

 

1926 г.

 

 

НЕ ДУМАЎ НІКОЛІ

Не думаў ніколі, што позірк вачэй —

Прадонне без дна і без краю.

Пра гэта казаў я нядаўна яшчэ,

А сёння ёй песні складаю.

 

Прайшла, толькі строі далёка шасцяць,

Усмешку на вуснах стаіла.

Ад гэтай усмешкі няма мне жыцця —

У ёй чараўнічая сіла.

 

Сустрэнеш — і хочацца ў радасці ніц

Упасці й красе пакланіцца.

Паглядзіць — здаецца, што бляскі зарніц

Успыхнулі ў цёмнай крыніцы.

 

А косы распусціць — здаецца, туман

Над рэчкаю ветры гайдаюць...

Учора казаў я, што любай няма,

А сёння ёй песні складаю,—

Не думаў, што вочы — прадонне...

 

1926 г.

 

 

* * *

За гаем сонца патухае,

З-за гор выходзіць маладзік.

Дзяўчына любая чакае

Мяне ў прысадах маладых.

 

Адзін выходжу на дарогу,

Буйное жыта ледзь шуміць,

Ды насцярожана і строга

З-за хмаркі месячык глядзіць.

 

Маўчаць высокія бярозы,

Маўчаць туманныя палі.

І вось мой твар шчыкочуць косы,

І рукі шыю абнялі...

 

Мы доўга ў мораку гуляем,

Выходзіць зорак карагод,

Тады яна мяне пужае,

Што мы спазніліся на сход.

 

І мы бяжым па росных сцежках.

На адзінокі аганёк.

Сябры здагадлівай усмешкай

Страчаюць нас яшчэ здалёк.

 

А потым, позна, калі месяц

За горы пойдзе на спачын,

Вяртаемся са сходу з песняй

У белых воблаках лагчын.

 

Іржуць дзесь коні пры дарозе,

З жытоў дыміцца свежы пах,

Шумяць зялёныя бярозы,

Начной імглой сінее шлях.

 

1926 г.

 

 

ГНУЦЦА ВЕРБЫ

Гнуцца вербы,

Гнуцца нізка,

Гнуцца аж дадолу...

Дарагая, сядзь жа блізка,

Раскажы пра долю.

 

Я вачэй тваіх праменні

Пад нябесны колер

Расцалую:

Можа, меней

Будзе ў сэрцы болю.

 

Гнуцца вербы,

Гнуцца ніжай,

Гнуцца аж дадолу...

Дарагая, сядзь жа бліжай,

Раскажы пра долю.

 

1926 г.

 

 

ВЯНЕ ЎСМЕШКА

Вяне усмешка на вуснах,

Русая жоўкне каса,

Смутак на сэрцы і вусціш...

Ведаю боль,— што казаць.

 

Сам перажыў гэту здраду,

Словы спагады лавіў,

Плакаў камусьці на радасць,

Кожную ласку хваліў.

 

Праўда, я сонцу ўсміхаўся,

Ткаў з яго кос паясы,—

Вось і надзея ўзвілася...

Кінь жа і ты галасіць!

 

Плюнь на спагаду і здраду,

Слёзы збяры у прыпол,—

Знойдзеш і ласку і радасць,

Лістам не ляжаш на дол.

 

Ведаю, цяжка і горна:

Русая жоўкне каса,—

Ды не зважай на пакорных,

Плюнь, не зірнуўшы назад!

 

1926 г.

 

 

ЗАЦВІЛІ ЗАРНІЦЫ

Зацвілі зарніцы, зацвілі над гаем...

Думае дзяўчына, думае-гадае:

 

«У палях дарогі, у палях сцяжынкі...

Падаюць на скроні, падаюць сняжынкі.

 

Дзе ж ты, мая радасць, дзе ты мая наквець?»

Заламала рукі, заламала накрыж.

 

А навошта слёзы і навошта роспач?

Заспявай, дзяўчына, заспявай папросту.

 

Наскія дарогі, наскія пуціны

У пясках не знікнуць, у пясках не згінуць.

 

Зацвілі зарніцы, зацвілі сузор’ем,

Звоняць над нізінай, звоняць над узгор’ем.

 

Паглядзі на зоры, паглядзі над краем,—

Знойдзеш сваю сцежку, знойдзеш, дарагая.

 

1926 г.

 

 

ЗАШАЛЯСЦЕЛА

Зашалясцела ў цёмным лісці клёнаў,

Зашалясцела звонам серабра...

І з ветлаю падзякаю-паклонам

Схілілася над рэчкаю вярба.

 

Як з хмары дождж, ліюцца думы светла

На ціхія палеткі і сады...

А хто ж успомніць нашу песню ветла,

Складаючы напеў свой малады?

 

1926 г.

 

 

КЛЁН ЗАВЯЎ

Клён завяў ды стаіць у раздум’і,

Галаву апусціўшы на дол:

Паляцелі лісты, быццам думы,

Паляцелі зямлі на прыпол.

 

Я і сам прыціхаю пад клёнам:

Паляцець залатым бы лісцём

Ды упасці далёка... з паклонам

Перад новай красой і жыццём.

 

Я іду, а лісты адлятаюць;

І чамусьці хмурнее мой твар:

Здэцца б сэрца аддаў развітанню —

У няведамым шмат хараства.

 

1926 г.

 

 

МЕСЯЦ НЫРАЕ

Месяц нырае ў бяздонні

Белых, як пух, аблакоў.

Ён, як вядома, бяздомнік

З самых далёкіх вякоў.

 

Чуў я, аднак, у дзяцінстве,

Слых і дагэтуль не змоўк:

Люба яму пры гасцінцы

Песціць бярозавы шоўк.

 

Я — што і месяц вандроўны.

Дзе я закончу мой спеў?

Можа быць, гэта ўсё роўна,

Я ж бы ўсім сэрцам хацеў —

 

Там, дзе над возерам сінім,

Сіньшым за колер нябёс,

Зорка вячэрняя гіне

Ў шоўку расцвіўшых бяроз.

 

1926 г.

 

 

ЯКУБУ КОЛАСУ

Ну, што ж яму сказаць?

Якой хвалой усцешыць?

А можа ў глыб вачэй

Папросту паглядзець?

Ні слова цёплае,

Ні добрая усмешка,

Напэўна, не сатруць

На вуснах горкі след.

 

Ці чулі вы калі,

Браточкі дарагія,

Як хмурнай раніцай

Маркоціцца зара,

Як росы падаюць,

Як у тумане гінуць,

А сонца выплыве —

Тады гараць, гараць?..

 

Вось так і Беларусь:

Ад краю і да краю

Слязьмі зрасіла скрозь

Зарослыя шляхі...

Адны казалі нам,

Што доля пакарала,

Другія цешылі,

Што гэта лёс такі.

 

Дзе песні чуюцца —

Там віўся немы лямант,

Здавалася, пакут

Ніяк не збыць ліхіх...

Балота, возера —

А можа гэта плямы

Паміж сухіх пяскоў

Ад нашых слёз былых?

 

Сягоння слёзы ўсе

Мы пазбіралі ў наквець,

Каб край глухіх балот

Закрасаваў, зацвіў.

І радасна цяпер,

Што ў непагоду нават

Раса пад ветрамі

Не падае на жвір.

 

Але нам помніцца,

Як плачуць навальніцы,

Як стогне сумны бор

І шалясцяць лясы,

Маўчаць панурыя

Дарогі і гасцінцы

І хмары чорныя

Выходзяць галасіць.

 

Тады і наш паэт

Выходзіў на дарогу,

Каб вартаваць ад зла

Пясчаныя палі.

Балюча ранілі

І смех і кплівы рогат,

Што думы ў песнях ён

Мужыцкіх запаліў.

 

Што ж вінаваціць нам

Цяпер яго ў маркоце?!

Ці не затым адно,

Што сёння весялосць?

Хай песня сумная,—

А хто яе заводзіў,

Хто першы ёй праклаў

Дарогу ў маладосць?

 

Браточкі любыя,

Браточкі дарагія,

Калі навалы б’юць

І крышаць берагі —

Не шмат знаходзіцца

Адважных, каб загінуць

За песню родную,

За радасць без тугі.

 

Ці не таму калісь

Маркотная усмешка

Лягла на твар яго,

Вясёлы і жывы?

Дык што ж яму сказаць?

Якой хвалой усцешыць?

Які вянок яму

На галаву завіць?

 

Не трэба пышных слоў,

Не трэба гучных одаў,—

Хай песня водгуллем

У сэрцы зазвініць!

За песню гэтую

Уславяць ўсе народы,

Звіюць яму вянок

З калоссяў і зарніц.

 

1926 г.

 

 

Я НЕ КАЖУ

Я не кажу, што вечна малады,

І не кажу, што бровы паліняюць:

Цвітуць сады, адцвітваюць сады —

Вось гэта ведаю, вось гэта знаю.

 

Таму і ў сэрцы цвёрдая упартасць,

І думы шэпчуць песнямі зарок:

Мы самі пабудуем наша заўтра

На скрыжаванні ўсіх дарог.

 

Аддам усё на гэта будаванне,

А трэба — пралію і кроў:

Каб увайсці ў наступных дзён світанне,

Трэ сэрца прысвяціць — не толькі крок.

 

Дык не кажу, што вечна малады я,

І не кажу — павісне галава:

Няхай галёкаюць пра гэтае другія,

А мы упарта будзем будаваць!

 

1926 г.

 

 

ЛІСТ У ВЁСКУ

Глухая ноч. На небе гаснуць зоры.

А я не супакою ўсё душу:

На вокнах ноч намалявала ўзоры,

І я па іх ў вёску ліст пішу.

 

* * *

Дзень добры, любыя мае, дзень добры!

Ну, як у вас зіма, як маразы?

У нас ад снегу клёны стан свой горбяць

І ў гурбах патанаюць палазы.

 

У вас, відаць, не меншыя завеі,

І розніцы ніякае няма:

У нас карункамі драты сівеюць,

У вас лясы бялеюць, як туман.

 

На жаль, яны зімою не гамоняць,

А тут, бадай што, на любым рагу

Заводы, фабрыкі няспынна звоняць

І раннія гудкі ўзнімаюць гул.

 

Яшчэ адным магу вам пахваліцца:

Захочам зор — запалім ліхтары.

Маёвая вячэрняя зарніца

Такім святлом ніколі не гарыць.

 

І ўсё ж, далёкія і дарагія,

Я шлю лясам аснежаным паклон.

І ў вас настануць хутка дні другія —

Электрыка засвеціць над акном.

 

Нядарам я буяню і сваволю,

Каб сноп аўса з яе снапом звянчаць;

Тады не будзе больш у сэрцы болю

За лёс краіны, матак і дзяўчат.

 

І хоць зіма навокала, завеі,

Мяне не страшыць снегавая жудзь!

Я вам, мая радня і дабрадзеі,

Пра будучыню ў песні раскажу.

 

Вы помніце, а мне і не забыцца,

Калі пакінуў я сваё сяло.

Пажоўклы ліст і хвойную ігліцу

Тады вятрамі ў полі размяло.

 

І гаварылі мне мае суседзі:

— Мы пражылі без граматы свой век,

Дык нейк жа пражывуць і нашы дзеці,

А ты загінуць хочаш, чалавек!..

 

І нават родныя не раз казалі:

— Дарэмна, сынку, кідаеш саху.

І маці з гора горкімі слязамі

Расіла сцежкі ў полі і ў садку.

 

Не выказаць таго ніякім словам,

Што сэрца мне паліла, як палын,

Калі, правёўшы сына за дуброву,

І бацька мне сказаў: — Ідзі адзін!..

 

Перада мной цямнелі грозна далі,

Я паглядзеў назад, у родны бок:

Стары стаяў без шапкі; быццам хвалі,

Сівыя пасмы зыбаў вецярок.

 

Перада мной ляжаў мой шлях суровы,

Над ім бярозы ніклі далавах.

Ой, дарагія, любыя дубровы,

Няўжо ж загіне марна галава?

 

Ішоў напорна я, ішоў да мэты;

Прайшла як бачыш першая зіма,

Вясна мінула, прамільгнула лета,

А вестачкі ад сына ўсё няма.

 

Даруйце, любыя! Даруй, матуля!

Я ведаю, ты ўспомніла не раз,

Што я нашу нямытую кашулю

І, як відаць, зусім забыў пра вас.

 

О не, каханая! Ну, як забыцца

Сваё сяло, палеткі і лугі?

Я вам пішу і чую, як крыніца

Шуміць вадой, цалуе берагі.

 

Нібы наяве, бачу я і вёску,

Не здрадзіў ёй, не здраджу і заўжды:

Як зацвітуць сялянскія палоскі,

Прыеду я, прыеду зноў туды.

 

Скажыце толькі мне, навошта межы,

Навошта вас сціскаюць берагі,

Я палюбіў шырокае бязмежжа,

Яно адкрыла мне і свет другі.

 

Я горад палюбіў з яго змаганнем,

Бо тут жыццё ідзе зусім інакш,

І ад яго я шлю вам прывітанне,

Бо я вясковы ўсё ж, я родны ваш.

 

Ты не маліся толькі больш на зоры

І не глядзі з надзеяй, маці, ўвысь:

Мы на зямных расквечаных прасторах

Збудуем наша шчасце для жывых.

 

Нядарам я буяню і сваволю,

Каб сноп аўса з электрыкай звянчаць,

Тады не будзе больш у сэрцы болю

За лёс краіны, матак і дзяўчат.

 

* * *

Успыхнула і дагарэла свечка.

Закончан ліст, і я ізноў адзін.

На вежы дзесь адрывіста і рэдка

Гадзіннік выбівае пяць гадзін.

 

1927 г.

 

 

І ЗОРЫ, І МЕСЯЦ

І зоры, і месяц, і сінь над палямі

Вячыста не моўкнуць — шасцяць.

А думкі віюць, развіваюць памалу

Вялікую песню жыцця.

Над морам, над лесам, над дзікаю стромай

Узвеяла сонца свой сцяг.

Яго шаўкавістыя, дзіўныя строі

У ветрах вякоў шалясцяць.

Загэтым сугучнасць навокал і стройнасць,

Загэтым у цвеце зямля.

І мы сваю радасць на стужкі пакроім,

Каб выслаць кілімамі шлях.

 

1927 г.

 

 

НАШТО ЗАХАВАЛА

Нашто захавала на сэрцы тугу?

Ці ж радасць прыходзіць без гора?

Глядзі, як гамоніць трава на лугу,

Туманам спавітая ўчора —

спавітая ўчора.

 

Бывае маркотна жалоба і сум,—

Я зведаў такія навалы,

А ўсё ж маладосці шчаслівай вясну

Навотлю не кінуў на хвалі —

не кінуў на хвалі.

 

Без суму і радасць ярчэй не гарыць,

А роспачы, плачу — не трэба.

Маўклівая хвоя стаіць на гары,

Стаіць і глядзіцца у неба —

глядзіцца у неба.

 

У будучнасць глянь, у мінулае глянь

Імкнуцца, імкнуліся людзі,

Тады ты не станеш, як белая здань,

І плачу ніколі не будзе —

ніколі не будзе!

 

1927 г.

 

 

НЕ КАЖЫ

Не кажы, не паверу ніколі —

Хмары сіняга неба не засцяць,

Гэта поле заснежана, поле,

А ў тым полі і гора і шчасце.

 

Сам я ведаю добра і знаю,

Скуль ідуць яны — смутак і радасць,

І парадай сябе разважаю,

Што не трэба ні стынуць, ні надаць.

 

І таму так і хочацца крыкнуць

Гэтай замеці снежнай і веі:

К чорту дзікую роспач і ўсхліпы,

Калі ветры усходнія веюць.

 

І кажу — не паверу ніколі:

Хмары сіняга неба не засцяць,—

Калі свеціцца сонечны колер,

Дык красуе і радасць і шчасце.

 

1927 г.

 

 

СПАТКАЕМ ВЯСНУ

Ноч туманная. Ціха і золка.

Мусіць, скора настане вясна.

Дзе ж ты ходзіш, мая камсамолка?

Што ж ты робіш сягоння адна?

 

Выйдзі лепш на дарогу у поле,

Мы спаткаем з табою вясну.

Штось трывожнае сэрца мне коле,—

Я баюся, каб гэта не сум.

 

Прынясі ж мне усмешку на вуснах,

Прынясі мне блакіт у вачах,

Каб не плакалі струны на гуслях

Пра нядолю і долю дзяўчат.

 

Веру я маладосці і шчасцю:

У самоце не будзеш ты жыць,

З тваім спрытам нідзе не прапасці

І не ведаць дажджлівай імжы.

 

Не заломіш ты ў роспачы рукі,

А сама пабудуеш свой лёс.

Дык чаму ж гэта ўсё-такі скруха

Завіваецца ў росквіт бяроз?

 

Мусіць, ты запляла свае косы

Чорна-сінія белай істужкай.

Дык на лес, на халодныя росы

Кінь маркоту, каб вецер разгушкаў.

 

І выходзь за прысады у поле,

Дзе дарэшты развеецца сум

І не будзе тужлівага болю,—

Мы спактаем вясну.

 

1927 г.

 

 

М. БАГДАНОВІЧУ

Ці то восень была, ці зіма, ці вясна,

А ці сонца свяціла, ці зоры?

Пахіліўся на дол і пагорбіўся стан...

Кіпарысы наўкола і мора.

 

Хвалі на моры

Сумуюць, гавораць:

Хто і дзе?

Вецер галосіць,

Чорная просінь

На вадзе.

 

Не цвілі васількі, а кізілы цвілі,

Калі жвір на труну уссыпалі,

Скаргі скрозь праляглі на пясчанай зямлі,

Толькі бурна імкнуліся хвалі.

 

Хвалі на моры

Сумуюць, гавораць:

Хтосьці знік.

Людзі прыпалі,

На стромкія скалы

Палі ніц.

 

Ці стаяў, а ці не над магілаю крыж,

Толькі помнік стаіць на узвышшы.

Не зязюля, а чайкі узвеялі крык,

Узняліся над морам і вышай...

 

Хвалі на моры

Сумуюць, гавораць:

Скрозь — туман.

Ён цяжкай часінай

Заўчасна загінуў

І... няма.

 

Спавіла яго смерць, але песня жыве —

Хіба песня калі бо загіне?!

Да магілы сляды на зялёнай траве,

Быццам шлях на азёрах на сініх...

 

Хвалі на моры

Сумуюць, гавораць,

Коцяць жвір.

Вэлюм на вочы...

Хвалі прарочаць:

Ён — жывы!

 

1927 г.

 

 

* * *

Мы золата, срэбра не маем,

Наш скарб небагаты і просты:

З заходу да ўсходу над краем

Красы зачарованай россып.

 

Па каліву фарбу да фарбы

З палетка, дубровы і нетры

Збіраю я гэтыя скарбы,

Каб іх не развеялі ветры.

 

1927 г.

 

 

* * *

Я краскі і словы завіў у вянок,

Звязаў шаўкавістай травою;

Для водару кветак не пырскаў віном,—

Крынічнай апырскаў вадою.

 

Ні сябру, ні брату, ні сёстрам сваім

І нават ні дзеўчыне русай

Я гэты вянок шаўкавісты завіў,—

Завіў я яго Беларусі.

 

1927 г.

 

 

БЕЛАРУСЬ

Зімой — снягі, мяцеліцы, завеі;

Вясною — бурныя паводкі скрозь;

Улетку — сумныя напевы жнеяў;

Увосень — золкасці халоднай рось;

 

Балота; лес паміж азёраў сініх;

На цёмным небе цьмяная зара...

І называлі гэтую краіну

«Заходнерускі край».

 

Ды час настаў...

Загаманілі нетры,

Прачнуліся балоты і лясы:

З усходу новага прымчалі ветры

І радасці і шчасця галасы.

 

Ад тых часоў краіну сталі клікаць

Яе сапраўдным імем —

Беларусь.

Мне помніцца той дзень

Вясны Вялікай

І над зямлёй вясёлкавы абрус.

 

Дык як жа мне ў няпраўду зноў паверыць,

Калі гавораць, быццам гэта лёс,

Што там браты пакутуюць без меры,

Льючы крывавыя крыніцы слёз.

 

Няпраўда ўсё!

Я веру, веру моцна:

Яшчэ настане помсты дзень і там,

За крыўду горкую, атрутны воцат

Паўстаннямі адплацім мы панам.

 

Тады над той, забранай Беларуссю1

Таксама ўзыдзе ясная зара;

Усходу, захаду я тройчы пакланюся,—

Няхай агні не гаснучы гараць.

 

1927 г.

 

 

1 Маецца на ўвазе Заходняя Беларусь, якая да 1939 года знаходзілася пад прыгнётам польскіх памешчыкаў і капіталістаў.

БЕЛАРУСІ САВЕЦКАЙ

Ты, Беларусь, у бітвах і пакутах

Да новых дзён чырвоны несла сцяг.

Варожы свет дарогамі апутаў

Твае прасторы ўсе наўсцяж.

 

Сапраўды, хто тваіх палёў шырокіх,

Паходы ладзячы, не дратаваў?!

З тваёй зямлі смакталі прагна сокі,

І рос на ёй палын-трава.

 

Ты дачакалася цяпер Саветаў,

Звіла дарогі ўсе ў адзіны шлях,

І смела ты ідзеш да звыклай мэты,

Каб красавала ўся зямля.

 

Скрыгочуць ворагі зубамі ў злосці,

Яны дасюль не ўрымсцяцца ніяк,

Што ты ў сваёй прывабнай маладосці

Гарыш, як вогненны маяк.

 

Яны не трацяць чорнае надзеі

Твой новы лёс і шчасце адабраць,

Бразгочуць зброяй грозна, ліхадзеі,

Каб зноў шляхі твае стаптаць.

 

Ды толькі — не!..

Разораю крывавай

Не пройдзе па табе варожы след:

Твайго народа мужнасці і славы

Не здолее вяльможны свет.

 

Не будзеш ты цяпер ужо ніколі

Цягнуць ярма нявольніцкі цяжар,—

Да камунізма сцяг здабытай волі

Ты данясеш як свой штандар.

 

1927 г.

 

 

КРАСАВАЛА ЖЫТА

 

1

На палетках панскіх, ля бярозаў белых,

Красавала жыта, красавала-спела.

 

А з сялянскай хаты на прыгон-няволю

Выганялі жнеяў, выганялі ў поле.

 

Ногі пагарэлі, папякліся пяты,

Плечы ім параніў цівун-прыганяты.

 

І спявалі жнеі, ды спявалі сумна —

Аб цяжкой нядолі турбавалі думы.

 

Красавала жыта, быццам мак на градах,

Ой буйное жыта, ды малая радасць!

 

2

Зноў на тых палетках, ля бярозаў белых

Красавала жыта, красавала-спела.

 

А з сялянскай хаты, як і ў час прыгону,

Сумна ішлі жнеі ў поле на загоны.

 

Гнала іх нядоля з родных хат упрочкі,

Дык ішла і маці, дык ішлі і дочкі.

 

Папякліся рукі, пагарэлі косы,

І звінела песня сумна, як бярозы.

 

Красавала жыта, быццам мак на градах,—

Ой буйное жыта, ды малая радасць!

 

3

Трэці раз на полі, ля бярозаў белых,

Зашумела жыта коласам наспелым.

 

І з сялянскай хаты, распусціўшы косы,

Выйшлі маладзіцы, выйшлі на палосы.

 

Загараць іх рукі, пасмуглеюць шчокі,

Бо шырокай нівы не акінуць вокам.

 

І спяваюць песню, ды няма ў ёй суму,

Добрыя ў ёй словы, добрыя і думы.

 

І звініць надзеяй песня па-над трактам:

— Скора ў нашым полі загуляе трактар.

 

Ой буйное жыта, быццам мак на градах,—

Адцвіла нядоля, расцвітае радасць!

 

1927 г.

 

ДАЛЁКІ ВЯСКОВЫ УЗОР

Як толькі на момант самжу свае вочы,

З-над светлых лясоў і азёр

Ткуць сны залатыя мне ў цёмныя ночы

Далёкі вясковы узор.

 

Стаю і гляджу, па палеткі дзіўлюся:

Зялёнаю хваляй ракі

Гайдаецца жыта — краса Беларусі,

Калоссем цалуе блакіт.

 

Як воку даступна — на цэлым прасторы

Шасцяць каласы, шалясцяць,

І чую, здаецца, як сэрцу гавораць:

— Прыйдзі на радзіму сканаць.

 

Ах, сны, летуценні мае залатыя,

Які ж вы саткалі узор!

А дзе ж яны, нівы бязмежныя тыя

На ўвесь неабсяжны прастор?

 

Я марам аддаўся, паверыў жаданням,

Бо ведаю, гэта не сон:

Пара неўзабаве такая настане,

Звядзём да загона загон.

 

Шуміце ж, шчаслівыя родныя нівы,

Пад ціхія шэпты прысад,

Красуй, каласістае жыта, шумліва,

Краіны савецкай краса!

 

1927 г.

 

 

ВІТАННЕ

Шляхі віюцца між палямі.

А над шляхамі — віхрам пыл.

Імчымся мы, і перад намі

Бягуць дарожныя слупы.

 

За слупам слуп — вярстою меней,

Вярстою бліжай да сяла.

Насустрач госцю — на гуменні

Сасна абдымкі разняла.

 

А навакол красуе жыта,

Аўсы чупрынай шалясцяць.

Усланы шлях наш аксамітам,

Кані, як шалыя, імчаць.

 

Шалёны міг і міг шчаслівы!

У пазалоце тоне луг...

Вітанне вам, палеткі, нівы,

Вітанне роднаму сялу!

 

1928 г.

 

 

УРАЧЫСТЫЯ ДНІ

 

* * *

Мінае дзень, а ноч на змену,

У прыгажосці і красе,

Зусім інакшай і адменнай,

Бліжэй падходзіць пакрысе.

 

І сіні змрок чарнее вомірг,

І загараецца зара.

Для адпачынку ад утомы

Прыходзіць ціхая пара.

 

* * *

Мінае ноч, а дзень на змену,

У прыгажосці і красе,

Ізноў інакшай і адменнай,

Бліжэй падходзіць пакрысе.

 

Празрыстасць ясная навокал,

І залатога сонца круг,

А ноч пайшла, а ноч далёка,—

І ў працы зноў мільёны рук.

 

* * *

Адходзяць так — за хваляй хваля

За ноччу дзень і ноч за днём:

То сон утомаю люляе,

Акрыўшы ветліва крылом;

 

То праца рупная турбуе,

Імклівасць родзіцца тады.

І дзень за днём удаль вяслуюць,

А з імі — месяцы, гады...

 

* * *

Але бываюць дні другія:

Дні успамінаў і трывог

Пра нашы годы баявыя,

Пра нашу веліч перамог.

 

Я слаўлю гэту урачыстасць,

Я слаўлю радасныя дні,

Калі ў праменнях залацістых

Над краем вольным і квяцістым

Гараць святочныя агні.

 

1929 г.

 

 

ЧЫРВОНАЙ АРМІІ ПАРАД

Над горадам сігнальны пошчак

І сцягі вогненна гараць —

Сягоння ў нас на люднай плошчы

Чырвонай Арміі парад.

 

За крокам —

крок,

За ротай —

рота,

За батальёнам —

батальён.

Ідзе суровая пяхота,

Разведкі лёгкі эскадрон.

 

Да самай ночы ад світанку,

Ад самых ранішніх зарніц

Паўзуць жалезным брухам танкі,

Аж стогнуць сцены камяніц.

 

Імчацца конніцы калоны,

Рыпяць марозна капыты,

Храпуць успуджаныя коні

І падымаюць снежны пыл.

 

І гэта стройная лавіна

Мне навявае успамін

Пра барацьбу маёй краіны,

Пра слаўныя былыя дні.

 

Пра тыя дні,

Калі на полі.

У віхры смерці і адваг,

Палкі чырвоныя за волю

Галовы слалі далавах.

 

Не для геройства,

Не для славы:

Каб скінуць з плеч навек ярмо —

Ішлі на Крым

І на Варшаву

І дасягнулі перамог.

 

Настане дзень,

Калі ізноўку

Над светам пройдзе вал вайны.

Мацней сціскаючы вінтоўкі,

Саветы выйдзем бараніць.

 

Не зможа нас ніхто ў паходах,

І закрасуе воля скрозь:

Ты паглядзі,

Які ў пяхоты

Упэўнены

І цвёрды крок!

 

Ты паглядзі,

Як ад світанку,

Ад самых ранішніх зарніц

Паўзуць жалезным брухам танкі,

Аж стогнуць сцены камяніц.

 

Імчацца конніцы калоны,

Рыпяць марозна капыты,

Храпуць успуджаныя коні

І падымаюць снежны пыл.

 

А вецер сцягі развявае,

Яны агністасцю гараць.

Урад рэспублікі прымае

Чырвонай Арміі парад.

 

1929 г.

 

 

ЗАМЕСТ ВЯНКА

 

На магілу маладога песняра

Паўлюка Труса

 

Любы дружа, як жа ты далёка!

А ні песень-казак, а ні слоў не чуеш.

Крыллямі лапоча над магілай сокал

І тугу і скруху чорную пільнуе.

 

Прыйдзе зорны вечар, сумам апавіты,

Белы месяц стане ціха над садамі.

І нап’юцца кветкі роснай акавіты,

Музыкі пальюцца залатыя гамы.

 

Пададуць сігналы, зашумяць турбіны,

Усміхнецца сонца ясна над крыніцай,

Толькі табе гэтай музыкаю дзіўнай

Не судзіла доля, любы дружа, ўпіцца.

 

Кветкамі убралі тваю хату людзі,

Ні вянкоў, ні песень ты з іх не звіваеш.

І рыдаюць сёстры, падаюць на грудзі,

А краіна змоўкла, быццам нежывая.

 

Беларусь, даволі над магілай плакаць —

Гэтай цяжкай страты аніяк не вернеш.

Як вясна настане — будзем гора латаць:

Кветкамі магілу мы яго ўбяром.

 

Будуць тыя кветкі складзены, як песні,

Бо замест пялёсткаў — залатыя словы,

Расцвітуць чароўна рана напрадвесні

І не звяне вечна цвет іх каляровы.

 

Прыйдзе зорны вечар, сумам апавіты,

Белы месяц стане ціха над садамі.

І нап’юцца кветкі роснай акавіты,

Музыкі пальюцца залатыя гамы.

 

Аж да зор акорды узляцяць высока,

У надхмар’і цьмяным ноччу заначуюць

Любы дружа, будзеш ты далёка,

Але песні тыя ўсё ж такі пачуеш.

 

1929 г.

 

 

ЗІМОВЫ АДПАЧЫНАК

Наш камсамольскі сад даўно заснежан,

Ячэйка перанесла працу ў клуб.

Але сінеючы прастор бязмежны

Нам і цяпер, як і калісьці, люб.

 

Як толькі прагудзе гудок надвечар,

Заціхне віратлівы гул машын,

Я развінаю стомленыя плечы,

На лыжах з сябрам выязджаю ў шыр.

 

Які разгон! Які прастор і веліч!

Насустрач нам паўзе з нізіны змрок...

Бывай, раўніна снежная мяцеліц!

Ірдзень, як іскры, сыплецца са шчок.

 

А змрок бліжэй ідзе з нізін аддальных,

І ў прыцемку далёкі гоман дзесь

Развеяўся, як покліч развітальны,

І разам з ім пагас кароткі дзень.

 

Вярсты за тры ад гарадскіх ускраін,

Вясёлыя вяртаемся дамоў,

Нам маладзік на правадах іграе

Мелодыю сваіх зімовых сноў.

 

Як і заўжды такімі вечарамі,

Цярушацца сняжынкі на зямлю,

Дзяўчына з вёдрамі стаіць ля брамы...

О мілы від, як я цябе люблю!

 

Здаецца, любаваўся б век табою,

Ды час ідзе — пара адпачываць,

Каб заўтра з новай сілай маладою

На працу зноў каля машыны стаць.

 

1929 г.

 

 

ЗАКЛІК ДА ВЯСНЫ

Вясна мая! Развей утому!

Няхай вятры на лес нясуць

Трывогу горкую і сум,

Няхай нясуць каму другому.

 

На нашу сціплую бадзёрасць

Глядзяць наступныя вякі.

Вясна! Ты чуеш? — скрозь гудкі.

Ты чуеш? — гоман на азёрах.

 

Будзі, вясна, магутныя акорды,

Да творчай працы заклікай,

Гартуй нам дужасць у руках,

А на абліччах нашых — гордасць.

 

Бо як ахопіць скруха смуткам

Па чорнай глыбіні вачэй —

На цягу дзён і ўсіх начэй

Шукацьмеш і не знойдзеш скутку.

 

Жыццё ж такіх не вельмі песціць,

А нам жа трэба будаваць...

Ты чуеш, як шуміць трава,—

Дзявочым наслядуе песням?

 

Развей жа ты, вясна, утому,

Няхай вятры на лес нясуць

Трывогу горкую і сум,

Няхай нясуць каму другому.

 

1929 г.

 

 

ДЗЕЎЧЫНЕ З ЗАХОДНЯЙ БЕЛАРУСІ

Раскажы,

Каханая мая,

Адчаго маркота на абліччы?

Ці таму,

Што патрывожыў я

Супакой тваёй святліцы?

 

А ці думы вечныя прыйшлі

Аб краіне,

Ворагам забранай?

Ведаю,

Што сніцца росквіт ліп

У ружовы летні ранак.

 

І здаецца:

Маці будзіць жаць,

Але сон зацяў твае павекі...

Асыпаецца празрыстая імжа

На твае абветраныя вейкі.

 

Ты ідзеш дарогаю адна,

Углядаешся ў аддалі пільна,

Галасы імкнуцца пераняць —

Гэта водзыўкі з далёкай Вільні.

 

Каляровасць позняе вясны

Упрыгожыла праменнем ранак...

Ведаю,

Што сняцца сны

Аб краіне,

Ворагам забранай.

 

Аднаго не ўмею разгадаць —

Адчаго ты сумная такая?

Можа, вецер дальні нагадаў,

Што і ты далёкая,

Чужая?

 

Дык на вір,

На лес сухі адкінь

Гэту немарасць,

Мая дзяўчына:

Для цябе,

Мяне

І для такіх —

Ёсць у нас адзіная айчына.

 

Калі ж зірк мой,

Любая мая,

Абудзіў трывогу на абліччы,

Ты скажы —

Не патрывожу я

Супакой тваёй святліцы.

 

1929 г.

 

 

СЛОВА ПЕРАМОГІ

Радзіла нас

нядоля чорная

І гадавала нас,

як мачыха;

Мы вырасталі,

непакорныя,

Жыццё ліхое

перайначваць.

Нам развіццём грамадства

суджана

Павесці перад

у гісторыі...

Дармо, што лектары

дасужыя

Нас не вучылі

ў аўдыторыях.

Вучыла нас

змагацца партыя,

Вяла прайсці

шляхі калючыя.

І выйшлі мы,

як сталь, упартыя

На бой

пад сцягам рэвалюцыі.

Ланцуг няволі

цяжкім молатам

Разбілі мы

на векі вечныя

І здабылі правы

на моладасць

Краіны новае —

Савецкае.

 

1930 г.

 

 

1931—1935

 

УРАЧЫСТАСЦЬ

Асыпана зорамі вецце,

І снег першазімкавы — чысты.

Таварыш,

Сягоння пачнецца

Вялікая скрозь урачыстасць.

 

На плошчы марознай увечар

Краіна мая маладая

Выпроствае дужыя плечы,

Работу сваю аглядае.

 

Хоць рукі натруджаны вельмі,

Хоць нервы напяты аж надта —

Не катуе сэрца пякельнасць,

Бо вынік у працы багаты.

 

На чорных выжарах-руінах,

Дзе першых каралі паўстанцаў,

Гудуць правады над краінай

Магутных электрыкастанцый.

 

Гамоняць фабрычныя трубы:

«Каб рукі сахой не вярэдзіць,

Пытанне пастаўлена рубам —

Дагнаць,

Перагнаць,

Апярэдзіць!»

 

Адолены прорвы і гаці,

Змятаем загоны і межы,

Каб вольна прасцерлася праца

На нашых прасторах бязмежных,

Каб скрозь на палетках калгасных

Работу рабілі камбайны,

Каб ветла смяялася шчасце,

Радзілі палі ураджайна.

 

Хоць сцежка цяжкая надзіва —

Кірунку да мэты не зменім:

Гісторыя шлях прысудзіла,

А думкамі вызначыў Ленін.

 

Рэспубліка ў новыя строі

І горад і вёску адзела.

Змаганняў вялікіх героі,

Не выцвітуць вашы надзеі!

 

Нядарма вы мужна пранеслі

На дужых плячах рэвалюцыю:

Вясёлыя гімны і песні

Паводкай шумлівай ліюцца.

 

Мы помнім,

Што кроўю здабыта

На працу вялікае права,

І множым упарта здабыткі,

Як гонар,

Геройства

І славу.

 

1931 г.

 

 

БУДУЙЦЕ ШЛЯХ ДА МЭТЫ

Яркімі рысамі

мэта акрэслена,

Шлях аж да мэты

намечаны вехамі.

Грабар і муляр,

каменшчыкі з цеслямі

Стройцеся дружна

ударнымі цэхамі!

Цераз балоты,

узгоркі і зараслі —

Брудную спадчыну

дзён адвякованых —

Шлях давялося

намеціць да радасці,—

Трэба зрабіць яго

цвёрдым, брукованым.

Рушым да мэты —

камуны вялікае —

Не пехатой,

не з рукамі парожнімі:

Нашы здабыткі,

у бойках здабытыя,

Досыць цяжкая

паклажа дарожная.

Сталь і жалеза

мільённымі тонамі,

Тысячы тысяч

вагонаў

пад вугалем,

Нафта

ў цыстэрнах тугіх

эшалонамі,

Склады бавоўны,

і воўны,

і кужалю,

Плуг электрычны,

бароны жалезныя,

Сеялкі,

арфы,

камбайны

і трактары —

Мусяць быць намі

да мэты завезены

Цвёрдымі

забрукаванымі трактамі.

Скажам,

камбайн —

не саха дзеравяная,

Ён не паедзе

выбоістай грэбляю.

Дзе ж кіламетры дарог,

брукаваныя

Друзам,

каменнем,

цэментам

і цэглаю?!

Як жа здабыткі

часоў рэканструкцыі

Нам перабавіць

да дзён камунізмавых?!

Слухайце,

я зачытаю інструкцыю,

Слухайце добра,

яна

невялізная.

Мы

на жарству

перашкоды раструшчылі,

Поспехі нашыя

намі ўзгадованы,

Сотні заводаў разбураных —

пушчана,

Тысячы новых заводаў —

збудована.

Сіла такая

яшчэ не радзілася,

Сілу каб нашу

у бойцы падолела...

Хіба ж такою

магутнаю сілаю

Мы бездарожжа

не зломім,

не здолеем?!

Не ў абарону,

а штурмам

у наступ нам

Рушыцца трэба

на грэблю выбойную.

План загатовак

камення і насцілу

Выканаць мусім

у тэрмін і поўнасцю!

Бездараж

сіле ударнай

пакорыцца,

Хоць і здаецца

вялікай і грознаю.

Стройцеся цесна

ў рады аўтадораўцаў,

Стройцеся шчыльна

ў калоны дарожнікаў!

Стройцеся дружна,

ударнымі цэхамі —

Грабар і муляр,

каменшчыкі з цеслямі!

Шлях аж да мэты

намечаны вехамі,

Яркімі рысамі

мэта акрэслена.

 

1931 г.

 

 

ТРЫВОГА

Ноч была цёмная.

Цяжка і глуха

Дождж барабаніў у шыбы акон.

Раптам —

Пачула трывожнае вуха

Нечыя крокі

(У сне ці праз сон).

 

Слых навастрыўся да болю

І хруснуў,

Сэрца паклікала стаць у дазор.

Борзда на плечы накінуўшы хустку,

Дзеўчына босая выйшла на двор.

 

Цемра густая,

Хоць выкалі вока,

Белага свету нідзе не відно,

Толькі вятры запяваюць навокал

І завіваюцца хіжа ля ног.

 

Помніць дзяўчына:

Такою парою

Брата забілі на цёмным шляху...

Можа й цяпер за крутою гарою

Ворагі долю чыю сцерагуць?

 

Можа ізноўку рыхтуюць забойства,

Можа зацеплілі новы пажар?

Сэрца заныла балюча і востра,

І скалыхнуўся, як полымя, жах.

 

Бегма пабегла да новай аборы

(Босыя ногі,

Халодная гразь).

Варта не спіць...

Вартавыя гавораць...

Значыць,

Надзейна пільнуюць калгас.

 

Нервы напятыя стынуць паволі,

Цяжка спадае на плечы каса...

Вецер імчыцца у чыстае поле

І не вяртаецца болей назад.

 

Сонны спакой ахінае крыламі,

Хутка прачнецца клапотлівы дзень,

Раннія зоры ўстаюць над палямі,

Дзеўчына ціха да хаты ідзе.

 

...Гэтак асеннімі часта начамі

Будзіць трывога на варту ісці —

Кожную дробязь сваімі вачамі

Трэба дагледзець у гэтым жыцці.

 

І недарэмна у цёмныя ночы

Б’ецца узрушана сэрца і кроў —

Вораг яшчэ прытаіўся і сочыць

Кожны няверна настромлены крок.

 

Хай жа трывога ніколі не гасне!..

Трэба мець пільнасць і рупнасць ваяк,

Каб красавала капрызнае шчасце,

Слаўная дзеўчына,

Радасць мая!

 

1931 г.

 

 

ЧАТЫРЫ ВЯТРЫ

Ёсць чатыры кірункі свету —

Скрозь прасторы краіны мае,

Ёсць чатыры кірункі ветру —

Кожны песню адну пяе.

 

З усходу — вятры,

І на захад — вятры,

З паўночы — вятры,

І на поўдзень — вятры,

Па ўсёй,

Па маёй,

Па краіне — вятры.

 

Я пяскамі прайшоў на ўсход,

Я па моры аб’ехаў Крым,

Я глядзеў, як на поўначы лёд

Разбіваюць нашчэнт вятры —

 

З усходу — вятры,

І на захад — вятры,

З паўночы — вятры,

І на поўдзень — вятры,

Па ўсёй,

Па маёй,

Па краіне — вятры.

 

Дзе ступала мая нага —

На балотах, на скалах гор —

Завіхаюцца як мага,

Падымаюць круты віхор

 

З усходу — вятры,

І на захад — вятры,

З паўночы — вятры,

І на поўдзень — вятры,

Па ўсёй,

Па маёй,

Па краіне — вятры.

 

Гэта нашы лясы шалясцяць,

Гэта нашы заводы гудуць,

Гэта з нашай будоўлі — наўсцяж

Цераз горы і моры ідуць

 

З усходу — вятры,

І на захад — вятры,

З паўночы — вятры,

І на поўдзень — вятры,

Па ўсёй,

Па маёй,

Па краіне — вятры.

 

I я знаю, што спеў турбін,

Наш агонь і гарачую кроў

Цераз межы чужых краін

Пранясуць у навалах скрозь

 

З усходу — вятры,

І на захад — вятры,

З паўночы — вятры,

І на поўдзень — вятры,

Па ўсіх,

Ды па тых,

Па краінах — вятры.

 

Першы вецер скірую на ўсход,

Дзе Бенгалія і Кітай...

Хай ідуць вызваляць народ,

Ланцугі векавыя скідаць

 

З усходу — вятры,

І на захад — вятры,

З паўночы — вятры,

І на поўдзень — вятры,

Па ўсіх,

Ды па тых,

Па краінах — вятры.

 

Пойдзе к захаду вецер другі —

Паднявольную ўзняць Беларусь.

Заспяваюць у Лондане гімн,

У Парыжы запаляць зару

 

З усходу — вятры,

І на захад — вятры,

З паўночы — вятры,

І на поўдзень — вятры,

Па ўсіх,

Ды па тых,

Па краінах — вятры.

 

Трэці вецер па поўнач пашлю...

Перайшоўшы праз горы завей,

На змаганне падымуць люд

За правы і здабыткі свае

 

З усходу — вятры,

І на захад — вятры,

З паўночы — вятры,

І на поўдзень — вятры,

Па ўсіх,

Ды па тых,

Па краінах — вятры.

 

І чацвёртага ветру шлях

Я на поўдзень сухі павяду,

Каб і там красавала зямля

І наўсцяж праставалі хаду

 

З усходу — вятры,

І на захад — вятры,

З паўночы — вятры,

I на поўдзень — вятры,

Па ўсіх,

Ды па тых,

Па краінах — вятры.

 

Так я вызначыў шлях і мэту;

Хай жа, вотлю адкінуўшы сум,

У чатыры кірункі свету

Песню мужную пранясуць

 

З усходу — вятры,

І на захад — вятры,

З паўночы — вятры,

І на поўдзень — вятры,

Па ўсіх,

Ды па тых,

Па краінах — вятры.

 

1932 г.

 

 

МОЙ ШЛЯХ

Ты вельмі багатая,

Наша зямля:

І горы

І нетры

Належаць табе.

Ты вузкі занадта

І доўгі быў, шлях:

Ніхто да канца

Не праходзіў цябе.

 

А я, непакорны,

Наважыў прайсці

І горы,

І нетры,

І далеч дарог,

Бо дужасць маю

У маланках расціў

Найбольшай навалы

Разгневаны гром.

 

Ты вельмі багатая,

Наша зямля;

Я такжа

Багаты

(вялікасцю дум),

І я перайду цябе,

Доўгі мой шлях:

Эпоха маю

Акрыляе хаду.

 

1932 г.

 

 

ПРА СВАЁ ЖЫЦЦЁ

Я мінаю,

Мая краіна,

Ланцугі тваіх дзён і гор,

Я праходжу,

Мая краіна,

Твой шырокі,

Як свет,

Прастор.

 

І калі ёсць такая радасць,

Не развеюць якой вятры,—

Я нясу гэту добрую радасць,

Як усмешку мае сястры.

 

Бо на лес успаміны кінуў,

Патапіў у віры маладосць —

Занядбаную сіраціну...

Іх аплакаў танклявы дождж.

 

Так была

Пакарана памяць

Пра былыя гады і дні,

Каб не засціла

Чорная памяць

Маладога жыцця агні.

 

Я мінаю,

Мая краіна,

Ланцугі тваіх дзён і гор,

Я праходжу,

Мая краіна,

Твой вялізны,

Як свет,

Прастор.

 

1932 г.

 

 

МАЛАДОСЦЬ

Ёсць вялікая сіла

вятроў і планет,

І такая ж —

у нашых плячах:

Яна вырасла,

новы будуючы свет,

Пакарыла прастору і час.

Яна з’іншыла

рочаць глыбокую рэк

І высокія водшыбы гор,

Спапяліла тугу,

каб агнём не гарэў

Недаказанай жальбы дакор.

 

Яна здолела

з цвёрдай і крохкай руды

Непагаснае сонца дастаць...

Падуладныя

дужасці гэтай

сады

Не адмовяцца больш зацвітаць.

 

Так пакоранай стала

абыклая смерць,

Пераможна ступае жыццё,

Залатымі праменнямі

сочыцца смех

На празрыстага сонца касцёр.

 

Значыць,

сіла такая —

вялікая —

ёсць,

Што й навалу абложыць напрост:

Гэта наша —

твая і мая —

маладосць,

Гэта нашых рэспублік узрост.

 

1932 г.

 

 

ДУЖАСЦЬ

Гады праходзілі.

Краіна

Ішла наўсцяж да перамог.

Мы будавалі безупынна

Вяршаліны яе дамоў.

 

І насупор дажджу і ветру

Вялі прасторныя шляхі

Цераз балоты,

Цераз нетры,

Цераз пяскі пустынь сухіх.

 

Таймуючы тугу і здраду

Чужынскіх дум,

Варожых дзей,

Мы падымалі барыкады,

Каб вораг не прайшоў нідзе.

 

І скрозь —

На ўсіх пясках пустыні,

На стромах рэк,

На скалах гор —

Паўсталі крэпасці краіны:

Турксіб,

Кузнецк,

Магнітагорск.

 

І гэтай велічы не зрушыць

Ні вораг злы,

Ні люты час:

Мы палажылі ў сцены дужасць,

Якой валодае наш клас.

 

1933 г.

 

 

НАША ПАСТАНОВА

Дужасць шырокіх тваіх плячэй,

Цвёрдасць маіх спрактыкованых рук,

Яркія сонцы тваіх вачэй,

Сэрца майго непадкуплены стук —

Усё,

Чым багаты шчаслівы наш лёс:

І сілу тваю,

І мужнасць маю

Узгадаваў і праз буры пранёс

Нашых рэспублік вялікі Саюз.

 

Рабочы Данбаса капаў руду,

Рабочы Масквы вырабляў прадукт,

Ферганскі калгаснік збіраў пахту,

Чароды авец гадаваў пастух,

Рабочы палеткаў вырошчваў хлеб,

Рабочы чыгункі яго вазіў —

І я перажыў васемнаццаць лет,

І ты перажыў васемнаццаць зім.

 

Вось так пакрысе ад рэспублік усіх

Работнікі фабрык,

Зямлі

І сяла

Нам перадалі часцінку сіл,

Долю гарачай крыві і цяпла.

І я,

Узгадованы сілаю рук,

Што будавалі краіну маю,

Я падымаю й на плечы бяру

Штодзённай работы часціну сваю.

 

Ты такжа сумленна нясеш яе —

Вялікае працы маленькую дзель,

І долю работы твае і мае

Мы вымяраем на цвёрды рубель.

Наліты крамянасцю нашых год,

Ён дужасці поўны,

Агню і цяпла,

І мы парашылі аддаць яго,

Каб паша краіна ярчэй цвіла.

 

І я кладу першы яго на стол,

І ты кладзеш першы яго на стол,

І я падымаю руку за сто,

І ты падымаеш руку за сто,

За сто паўнакроўных

Адсоткаў пазыкі

Другой пяцігодкі вялікай.

Няхай наша дужасць шырокіх плячэй,

Няхай наша цвёрдасць упартых рук,

Няхай нашы сонцы праменных вачэй,

Няхай нашых пульсаў узгоднены стук,

Няхай наша сіла

І наша кроў,

Што ў сэрцах няспынна гудуць і пяюць,

Няхай жа бароняць і росцяць скрозь

Нашых рэспублік вялікі Саюз.

 

1933 г.

 

 

ПАЧАТАК ВЯСНЫ

Вясна прыходзіла звычайна:

На берагі глухіх нізін

Сачыліся з узгоркаў тайна

Крывыя вены ручаін.

 

Пасля з грымотамі і звонам

Вада шчапала крохкі лёд;

Складалі кайстры плытагоны

І шыхаваліся ў паход.

 

Тады ішоў за сонцам сівер

Быльнёг праветрыць на мяжы;

Са стрэх,

Бядою даўняй сівых,

Плылі дадолу капяжы.

 

Галодныя каровы гвалтам

Будзілі вусціш веснавы,

Ламалі дзверы на кавалкі

І ў поле йшлі шукаць травы.

 

Чародамі хадзілі дзеці

Бацькоў сваіх заўважыць след,

Што дзесьці там,

На белым свеце,

Рупліва здабывалі хлеб.

 

Нарэшце скрозь дарогі сохлі,

Вярталіся бацькі дамоў,

Аглядвалі старыя сохі

Пад шэпты дзедаўскіх замоў,

 

І клянучы і так пракляты

Свой лёс

І чорны смутак дум,

На вузкія палосы з хаты

Вывозілі сваю бяду.

 

Дзяўчаты клікалі вяснянак,

Але напеў самотны быў...

Так пачынаўся першы ранак

І дзень вясновае сяўбы;

 

Так пачыналася звычайна

Згрызота думак

І яна —

Мізэрная людская дбайнасць,—

Так пачыналася вясна.

 

Даўнейшыя адпеты песні,

Вясна бярэ інакшы шлях:

Адменнае зусім прадвесне

Мая рэспубліка прайшла.

 

Падняўшы струджаныя сілы

На стоптаных абшарах скрозь,

Яна ў змаганні нарадзіла

І ўзгадавала дужы рост.

 

Яна старанна так і дбайна

Да мэты высцілала шлях,

І на палі прыйшлі камбайны,

І радасць новая прыйшла.

 

Зруйнованы дашчэнту межы,

Прастораў зрокам не абняць,

Да іх навальна з ветрам свежым

Прыходзіць бурная вясна.

 

Яшчэ грыміць з лясоў паводка,

А поле смагне скрозь і схне:

Надзвычай вызначан кароткі

I клапатлівы час вясне.

 

І трэба выйсці дружным строем,

Раней ад ранняе зары,—

Вясны навальныя настроі

Магутнай сіле пакарыць.

 

Каб адплаціла злая глеба

За наш калішні горкі пот

Арудамі цяжкога хлеба,

Стократ узняўшы умалот.

 

Каб весялейшы ад вяснянак

Мажор калгаснай песні быў...

Так пачынацца мусіць ранак

І дзень вясновае сяўбы.

 

Так пачынацца скрозь павінна

Вялікай працы шырыня,

Руплівая людская пільнасць

І бальшавіцкая вясна.

 

1933 г.

 

 

ПЕРАМОГА

У нас было шмат

для гаворкі прычын:

Над садам вясна

рассыпала пялёсткі,

Чарэмшынай пахкай

цвіла далячынь,

Заходзіла сонца

ў ружовых усплёсках.

 

Мы дбайнай рукой

дасявалі ганкі,

Наступнага планы

разгортвалі шырай,

Нам ветла ўсміхаліся

нашы жанкі —

І гэтае ўсё

выклікала на шчырасць.

 

Адменнае слова

сказаў старшыня:

— Мой сын на граніцы

чырвонаармейцам,

Мы з ім парашылі,

што кожнаму з нас

Належыць змагацца

за першае месца.

 

І я, безумоўна,

шчаслівы і рад,

Што добра зародзіць

густая пшаніца,

Што сын мой —

савецкай краіны салдат

Пільней вартаваць будзе

нашы граніцы.

 

Наступнае слова

трымаў брыгадзір:

— Мы доўга, бывала,

спрачаліся з братам,

Пакуль не сказалі:

адзін на адзін

Ідуць у спаборніцтва

нашы брыгады.

 

І я гэтаксама

сягоннячы рад,

Што нашы аўсы

падымаюцца ўгору,

Што слесару Мішу,

каторы мой брат,

Не будзе за брата

малодшага сорам.

 

Апошняе слова

сказаў трактарыст:

— А мы падпісалі

умову з дзяўчынай:

Хто першы закончыць

сяўбу да пары,

Таму не жаніцца

не будзе прычыны.

 

І я, прызнаюся,

да чорцікаў рад,

Што нашы палі

зашумяць каласамі,

Што дзеўчына будзе

старацца стократ

І выйдзе-такі

за мяне яна замуж.

 

Ад гэтай прамовы

смяяліся ўсе —

Прычын весялосці

у нас было многа:

Вясна развіналася

ў поўнай красе,

Руплівай хадою

ішла перамога.

 

Мы дбайнай рукой

дасявалі ганкі,

Наступнага планы

разгортвалі шырай;

Нам ветла ўсміхаліся

нашы жанкі,

А мы іх любілі,

любілі іх шчыра.

 

1933 г.

 

 

СЯБРОЎСТВА

Яшчэ не сплывае настоены змрок

гусцейшы за чорныя хмары,—

на голас сірэны ідуць яны ўтрох,

і кожны другому —

таварыш.

 

Дармо,

што старэйшаму шэсцьдзесят год,

сярэдняму —

сорак чатыры,

малодшаму —

трыццаць

(і то без чаго),

вітаюцца ветла і шчыра.

 

Сяброўства такое вядзецца здаўна,

яго не закрэсліць,

не сцерці,

яно нарадзілася сілы з’яднаць,

Яно ратавала ад смерці;

 

яно разграміла нашчэнт Калчака,

бандытаў усякіх пакрояў,

яно гартавала ў баях хлапчука —

малодшага з нашых герояў;

 

яно правяло цераз горы віюх

да Віслы ад Чорнага мора,

яны яго неслі,

як дужасць сваю,

і пакарылі прастору.

 

Цяпер,

знітаваныя шчыльна утрох,

дзе кожны другому —

таварыш,

падходзяць яны да заводскіх варот

з прысудам суровым на тварах.

 

Каб словам дачасным не скрыўдзіць каго,

на вочы другому не трапіць,

яны абыходзяць адзін аднаго,

чытаюць уважліва графік.

 

Малодшага выраб —

семнаццаць звыш ста,

сярэдняга — сто і семнаццаць,

старэйшы, вядома,

ад іх не адстаў,

а значыць —

ільга прывітацца.

 

Ніхто ўжо самоты не можа цярпець,

усмешка зіяе на тварах,

нібыта заўважылі толькі цяпер,

што кожны другому —

таварыш.

 

Сяброўства ж такое

вядзецца здаўна,

яго ні закрэсліць, ні сцерці,

яно нарадзілася сілы з’яднасць,

яно ратавала ад смерці;

 

яно і на новых узмежках дарог

кладзецца цяжкімі слядамі,

яно да вялікіх вядзе перамог,

мінае гады за гадамі;

 

яны яго мераць,

як дужасць сваю,

на лічбы заводскага росту,

і гэта адзіны праўдзівы саюз,

праўдзівая мэта сяброўства.

 

1933 г.

 

 

СКАЖЫ МНЕ, КРАІНА

Краіна мая!

Ты прайшла праз агонь,

Праз буры,

Руіны

І росквіт...

Скажы ж,

Маладая мая,

Адчаго

Завялі на захадзе росы?

 

Скажы мне,

Якою часінай,

Калі

Ізноў скалыхнецца зямля

І зоры асыплюцца

Цветам калін

І высцелюць —

Белыя —

Шлях?

Я хочу

Братэрству наступных камун

Да каліва радасць аддаць.

Каму ж мне нянавісць

Пакінуць?

Каму

Суровы мой гнеў перадаць?

Занадта,

Аж вельмі,

Малая дачка,

І сын не радзіўся яшчэ...

Скажы ж мне,

Краіна,

Ці доўга чакаць,

Калі у глыбінях вачэй

 

Народы няволі

Патопяць свой сум,

Адзіны уславяць саюз,

І дзеці мае,

Як вясну, панясуць

Не гнеў мой,

А радасць маю?

 

У песнях,

У маршах

Рэспублік тваіх,

У бітвах прыгнечаных мас —

Я чую,

Краіна,

Як грозна грыміць

Над светам

Праўдзівы адказ:

 

«Надходзіць

Вялікіх паўстанняў пара.

Яна не адступіць назад!»

І я —

Непрыкметны работнікпяра —

Выконваю сціпла загад:

 

Каб радасць

Вясёлым нашчадкам займець,

Над строем варожых галоў

Вышэй узнімаю

Адзіны мой меч —

Нянавісць

І гнеў маіх слоў.

 

1933 г.

 

 

ЭКЗОТЫКА

— Кіпарысы і Крым?..

Ах, якая экзотыка!

Улюбёны паэтам

з маленства

герой —

Маладая смуглянка

ў саф’янавых боціках

Вас прытуліць пад лёгкай,

як вецер,

чадрой.

На вяршалінах гор

дыярыту і мармуру

Ап’янееце шалам

надземнай красы,

Пра якую вы самі

не снілі,

не марылі,

І якой не пабачыць

ніколі

ваш сын.

Ах, якая экзотыка! —

Гойкала публіка,

Знатакі разбівалі

ад шчырасці лоб.

Так нядаўна яшчэ

выслаўлялі рэспубліку,

Да каторай мы йшлі

праз круты Перакоп.

Дзе ж ім ведаць,

аматарам лёгкай экзотыкі,

Што інакшую дзеўчыну

вырасціў Крым?!

Яна ходзіць у простых

патоптаных боціках,

Пазірае шырока

на свет

без чадры.

Яна дні заклапочана

працаю спорнаю,

А пасля,

вечарамі,

з малодшай сястрой

Выбягае на пляж,

маладая і стройная,

Мой таварыш,

мой друг,

мой любімы герой.

І я з ёю

сапраўды

навекі заручаны

І пазбаўлен

законнага права

на смерць,

Покуль песня мая,

агнявая і гучная,

Так,

як вочы дзяўчыны,

не будзе гарэць.

 

1933 г.

 

 

ДЗЕЎЧЫНА САВЕЦКАЕ КРАІНЫ

Дзіўныя твае занадта вочы,

Немагчыма нават разгадаць:

Цёмныя,

Як восеньскія ночы,

Светлыя,

Як морская вада.

 

Не сказаў бы,

Што і стан твой гнуткі...

Што ж мяне пародніла з табой?

Можа тонкія,

Абветраныя рукі,

Што прапахлі сонцам і вясной?

 

Можа косы русыя,

Дзяўчына,

Што на старце вецер расплятаў?

Я не ведаю нічога аб прычынах

І пра гэта думаць перастаў.

 

Я цябе прымаю,

Быццам песню,

Што праходзіць праз маё жыццё:

Бурную,

Як ранняе прадвесне,

Ясную,

Як поначы касцёр.

 

Несціханая твая гамонка,

Апавітая жывым цяплом,

Адклікаецца у рытмах звонкіх

У радках маіх ласкавых слоў.

 

І тваю шумлівую вясёласць,

Поўную напружнага жыцця,

Я прабую выспеваць уголас,

Вынесці у песнях на прасцяг,

 

Каб твае пачуцці і настроі,

Чым заўсёды маладосць жыве,

Супраць нашых ворагаў,

Як зброю,

Загартоўвалі мой грозны верш.

 

Толькі, пэўна, з гэтае прычыны

Заручыў нас тэнісовы старт...

Дзеўчына савецкае краіны,

Ты мая найлепшая сястра!

 

І няхай пакеплівыя вочы

Немагчыма нават разгадаць —

Цёмныя,

Як ліпеньскія ночы,

Светлыя,

Як морская вада,—

 

Я цябе прымаю,

Быццам песню,

Што праходзіць праз маё жыццё:

Бурную,

Як ранняе прадвесне,

Ясную,

Як поначы касцёр.

 

1933 г.

 

 

ВЕРНАСЦЬ

Малая!

Дай тваю руку.

Ты нечага, здаецца, тужыш?

Дзівачка!

На тваім вяку

Я самым верным буду мужам.

 

Мне падабаецца

Твой смелы спрыт,

Твая заўзятасць да работы,

Калі на вусны ад зары

Усмешка скрадзецца употай,

 

А вочы возьмуцца гарэць

Агнямі дрэў,

Травы

І кветак...

Цяплом іх можна абагрэць

Халодныя краіны свету.

 

За гэта смешнае цяпло,

За спрытныя

Малыя рукі,

За гібкі стан,

За весялосць,

За песні радасці і скрухі —

Я аддаю табе навек,

На поўнае тваё ўладанне

Глыбіны самых стромкіх рэк,

Дарог шырокіх скрыжаванні,

 

Кірункі чатырох вятроў,

Вышыні гор,

Усплёскі мора,

Усе напевы ўсіх лясоў

І ўсе над светам зоры.

 

Ніколі толькі не аддам

За слаўнае тваё жыццё

Рэспублікі,

Дарованае нам

За смерць братоў,

За смерць сясцёр.

 

Яна збудована сям’ёй камун,

Рукамі нашымі,

Тваімі,

Мы палажылі ў яе грунт

І сэрца нашае

І імя.

 

І хай паквапяць груганы

На край узрошчаны напасці —

Я першы выйду бараніць

Краіну сонечнага шчасця.

 

Як бачыш,

На тваім вяку

Я верны буду аж да смерці.

Давай жа мне тваю руку,

Тваю руку і сэрца.

 

1933 г.

 

 

АДЗІНАЯ АЙЧЫНА

Яна ідзе хадою дбайнай,

Напружана і чынна,

Спрацованых і занядбаных

Адзіная айчына.

 

І на прасторах земнай кулі

Грымяць мажныя крокі:

Над глыбінёю нашых вуліц

Будынкі высяць кроквы;

 

Над шырынёй палёў бязмежных

Шумяць гаі пшаніцы;

Над даўжынёй савецкіх межаў

Не дрэмле пагранічнік;

 

Над вышынёй узлётаў нашых

Заводы ўзносяць плечы;

Аркестры гучна граюць маршы

Над лёсам чалавечым.

 

І думка-песня аб Камуне —

Наш смутак і вясёласць —

Ідзе ва ўсіх васьмі кірунках

Па гарадах і сёлах.

 

Яе — праз горы, акіяны,

Пяскі, лясы і нетры —

Да паднявольных, зрабаваных

Нясуць чатыры ветры.

 

І людзі ведаюць, як дбайна,

Напружана і чынна

Будуем мы для занядбаных

Адзіную айчыну.

 

1934 г.

 

 

«ЗВЯЗДА»

Ходзяць зоры над краінай нізка...

Досвіткам, калі чуць-чуць відно,

Самая вялікая зарніца

Падае ў маё акно.

Рассыпаецца ў мільёнах літар

Роўнымі шарэнгамі радкоў,

Разрываецца магутным дынамітам

Радасных і гнеўных слоў.

І чуваць выразна ў словах трубных,

Як магутнае жыццё пяе —

Я чытаю пройдзены й наступны

Шлях рэспублікі мае.

Малады, напорысты і ўпарты,

Я імкнуся па яе слядах.

На стале разгорнута, як карта,

Яркая вялізная «Звязда».

 

1934 г.

 

 

УМОЎНЫ ЗНАК

Плывуць над палямі аблокі —

Вялізманыя караблі...

Ёсць недзе за морам далёка

Прасторы чужое зямлі.

 

Там ходзяць дарогамі людзі —

Мае супараты, браты...

Напэўна,

Няшчасная,

Блудзіш

У гэтых натоўпах і ты.

 

Ад вечнага гора —

Плечы

Скаваў невядомы страх.

Не ведаю,

Як пры сустрэчы

Цябе і пазнаць,

Сястра?

 

Не ведаю,

Як твой голас

Адрозніць ад крыкаў нямых?

Усіх вас закатаваў голад

На волі і ў турмах глухіх.

 

Плывуць над палямі аблокі —

Вялізманыя караблі...

Аднекуль з-за мора,

Здалёку,

З прастораў чужое зямлі

 

Ідзе і шуміць,

Як вецер,

Суровы й ласкавы адказ:

— Ты стрэнеш мяне увечар

Пры цьмяным святле барыкад.

 

Між тысяч

Жывых і мёртвых,

Пытаеш,—

Пазнаць мяне як?

Запомні ж,

Мой дружа,

Цвёрда

Наступны умоўны знак:

 

Калі перамогу зайграюць

Шырокія маршы жыцця,—

Я першай стаяцьму ад краю,

Высока ўзнімаючы сцяг;

 

Калі ж не ўтрымаюць рукі

І вырве яго ў мяне смерць,—

Агнём на халодным бруку,

Як сцяг,

Будзе сэрца гарэць.

 

1934 г.

 

 

ВЯСЁЛЫЯ ПЕСНІ

 

І

Ад першай нашай стрэчы

І па астатні дзень

Мы ходзім кожны вечар

На мора паглядзець.

 

У гэты час,

Пад поўнач,

З усіх канцоў зямлі,

Нагружаныя поўна,

Прыходзяць караблі.

 

Абвеяныя ветрам,

Абмытыя вадой,

Матросы ў шэрых гетрах

Спяшаюць за табой.

 

Як гонар свой,

Нясу я

Тады тваю руку...

Падумаеш —

Красуня,

Хусцінка на баку!

 

Такіх за мною трыста

Хадзіла па слядах,

Як сходзілі на прыстань

Мы ў дальніх гарадах.

 

Табе мо невядома,

Што нашых маракоў

Вітаюць,

Як знаёмых,

Ля кожных берагоў.

 

Мы з вольнае краіны,

Адной на цэлы свет,

І кожная дзяўчына

Глядзіць нам доўга ўслед.

 

Любую з іх за жонку

Я мог сабе ўзяць.

А ты смяешся звонка,

Не хочаш і гуляць.

 

Не задавайся ж надта:

Праз некалькі гадзін

Мяне чакае вахта —

Давай жа паглядзім,

 

Як поначы на прыстань

З усіх канцоў зямлі

Высокія ўрачыста

Прыходзяць караблі.

 

ІІ

Ад першай нашай стрэчы

І па астатні дзень

Мы ходзім кожны вечар

На мора паглядзець.

 

У гэты час,

Пад поўнач,

З усіх канцоў зямлі

Нагружаныя поўна

Прыходзяць караблі.

 

Абвеяныя ветрам,

Абмытыя вадой,

Матросы ў шэрых гетрах

Вітаюцца са мной.

 

Як гонар свой,

Тады ты

Нясеш маю руку,

Раўнівы і сярдзіты,

З наганам на баку.

 

Падумаеш —

Прыгожы,

Адзін на цэлы свет!

У шырачэзным клёшы,

Значок на рукаве!

 

Ты паглядзі на прыстань

Матросамі кішыць,

Адно маргну,

I трыста

За мною пабяжыць.

 

Табе мо невядома,

Які ў мяне пасаг? —

Заводы,

Шахты,

Домны

І русая каса.

 

Нядарам строяць жарты

Чужыя маракі —

Магу любога заўтра

Узяць у прымакі.

 

Не задавайся ж вельмі:

Праз некалькі гадзін

Мне трэба на цагельню —

Давай жа паглядзім,

 

Як поначы на прыстань

З усіх канцоў зямлі

Высокія ўрачыста

Прыходзяць караблі.

 

1934 г.

 

 

ПЕСНЯ

 

Янку Купалу

 

Я памятаю ноч:

Маўклівая дарога

Вілася, вузкая,

У цемры, як змяя;

Абапал пышныя дубы

Стаялі строга,

А мы ішлі —

Мае таварышы і я.

 

У нас тады была

Напружная работа:

Увесь вялікі дзень

Мы пілавалі лес;

Закончылі;

Пайшлі;

І нейкая самота

За намі рушылася

І пайшла услед.

 

Такімі мы тады

Вярталіся дадому:

Маўклівыя,

Нібы далёкімі былі;

Мы неслі на сваіх плячах

Цяжар утомы,

І ногі нашы

Прыліпалі да зямлі.

 

Не выстарчала сіл

Цярпець самоту далей,

І нехта першы

Ціха песню заспяваў,

Мы падхапілі ўсе,

Да зор яе паднялі,

І пакацілася яна,

Як морскі вал.

 

Ускалыхнуўся стромкі лес,

Запелі нетры,

Вяршаліны старых дубоў

Аж загулі;

Шырокія,

Ва ўсіх кірунках ветры

Прайшлі па стомленай

І змучанай зямлі.

 

Павеяла вясеннім

Подыхам знаёмым,

Агні празрыстыя

З’явіліся ў вачах...

І мы цяпер

Не цяжкую утому,

А песню лёгкую

Панеслі на плячах.

 

Высокі месяц узышоў

І стаў дазорцам

Над скрыжаваннямі

Глухіх дарог;

Па іх панеслі мы

Жывое сэрца творцы

На свой далёкі,

Стоптаны бядой парог.

 

І ён зайшоў

І гасцяваў у нашым доме —

Вялікіх песень маг

І сэрцаў валадар.

Няхай імя яго

Было нам невядома,—

Мы неслі ўсе яму

Свой лепшы шчыры дар.

 

Я памятаю тую ноч...

Яна ў навалах

Сплыла ў нябыт вякоў,

У морачную даль;

Мы ведаем цяпер

Тваё імя, Купала,

Вялікіх песень маг

І сэрцаў валадар.

 

1935 г.

 

 

АД ШЧЫРАГА СЭРЦА

Ты спіш...

За акном асыпаюцца зоры,

Ідуць безупынна вятры,

У садах

Калышуцца дрэвы,

Ажыны гавораць,

У ставах шуміць

Веснавая вада.

 

Пакой твой

Напоўнілі

Цёмныя цені,

Святло,

Цішыня

І легенды вясны.

Ты спіш...

Да цябе праз высокія сцены

Прыходзяць спакойныя,

Добрыя сны.

 

Прачнуўшыся заўтра,

Ты іх прыгадаеш,

Работа заспорыцца

Ў спрытных руках,

І моўчкі на вуснах тваіх,

Маладая,

Усмешка вясёлая

Будзе блукаць.

 

І ты не падумаеш,

Можа, ніколі,

Што гэта каханне маё

Берагло

І сон твой спакойны,

І рук тваіх холад,

І вуснаў тваіх

Палахлівых

Цяпло.

 

Ты лёгкую шапачку

Моўчкі адзенеш,

Вясёлая выйдзеш

З другімі гуляць.

Авацыяй вас

Мая крыўда не стрэне,

І зайздрасць услед вам

Не будзе крычаць.

 

Я вас прывітаю,

Як друг і таварыш,

Аднолькава роўна

Ўсміхнуся усім,

З другою вясёлаю

Стану у пары

І буду ад шчырага

Сэрца прасіць:

 

Няхай над галовамі вашымі

Неба

Раскрые крутыя далоні свае;

Няхай урадлівая,

Тлустая глеба

Вам шчодра

Багаты свой плён аддае;

 

Няхай дыванамі

Лістоў каляровых

Вятры будуць

Вашы шляхі высцілаць;

Няхай вам спяваюць

Лясы і дубровы;

Няхай вам

Дажджы залатыя шумяць;

 

Няхай для цябе

Асыпаюцца зоры,

Ідуць безупынна вятры,

У садах

Калышуцца дрэвы,

Ажыны гавораць,

У ставах шуміць

Веснавая вада.

 

1935 г.

 

 

НА МОРЫ

Чорнае мора, пярэстыя хвалі,

Вы адзіноту маю ўкалыхалі.

 

Я падымаю над лодкаю ветразь,—

Сэрца да сэрца імчыцца пад ветрам.

 

Дзеўчына, ты ў Беларусі далёкай!

Колькі цябе ні гукай, ні галёкай,—

 

Не адклікаешся, тужыш і мучыш...

Толькі дарэмна: я вельмі жывучы!

 

Марна вачэй тваіх хлопцы шукалі,—

Мора шумела, каціліся хвалі...

 

Я не скарыўся, бо ведаю-знаю:

Дзесьці (і скора) цябе напаткаю.

 

Чую, як сэрца імчыцца да сэрца,—

Ветразь над лодкай пад ветрам ірвецца.

 

1935 г.

 

 

1936—1940

 

НА ПАЧАТКУ ЛЕТА

Я не знаю месяца

Больш за май шчаслівага,

Калі пушчы цешацца

З гоману шумлівага;

 

Калі вербы ніцыя

Рвуцца ўвысь галінамі;

Калі скрозь пшаніцаю

Пахне над далінамі...

 

Але новы сёлета

Подых на аселіцах:

Юны чэрвень молада

Больш за май вяселіцца.

 

Травы пахнуць кветкамі,

Кветкі пахнуць зорамі,

Зоры над палеткамі —

Лесам і азёрамі.

 

І наўсцяж краінаю,

Радасць услаўляючы,

Песні салаўіныя

Льюцца не сціхаючы.

 

Нівы пладавітыя

Шэпчуць грузнымколасам,

Людзі працавітыя

Кажуць дружным голасам:

 

— Лета, болей шчаснага,

Доля не адзначыла,

Сонца, болей яснага,

Беларусь не бачыла!

 

І яшчэ гаворыцца

Ў песнях рэвалюцыі,

Як жыццё азорыцца

Новай канстытуцыяй.

 

І пяройдзе ў спадчыну

Гэта быль вячыстая

Разам з мовай матчынай,

З песняй урачыстаю.

 

1936 г.

 

 

ЛЕТНІ ДЗЕНЬ

За драўлянымі млынамі,

Дзе канчаюцца масты,

Шырачэзнымі лістамі

Ахінуліся кусты.

 

Ад крутых віроў глыбокіх

На пясчаны перакат

Прамяністая ад спёкі

Выгінаецца рака.

 

Перад поплавам на градах

Мак высокі і густы;

Там камандуе парадам

Сам сланечнік залаты.

 

А за рэчкаю, на правых,

На высокіх берагах

Знепакоіліся травы

У някошаных лугах.

 

Луг заліўся галасамі:

Да яго ва ўсе канцы

Выйшлі стройнымі радамі

Загарэлыя касцы.

 

У кашулях ярка-белых,

У чырвоных паясах...

І на голас іх запела,

Адгукнулася каса.

 

Не пракосы, а палосы

Выжынае чыста сталь,

І навостраныя косы

Асыпаюць звонам даль.

 

Слава травам, слава кветкам,

Слава летнім яркім дням,

І засеяным палеткам,

І пакошаным лугам!

 

Слава людзям дружнай працы,

Слава ім!

Мінуць вякі,—

Будзе такжа выгінацца

Шкло празрыстае ракі,

 

Будзе мак цвісці на градах,

Будзе ў сэрцы з веку ў век

Несці творчай працы радасць

Непакорны чалавек.

 

1936 г.

 

 

КАЛЫХАНКА

Ходзяць зоры над краінай,

Дрэвы стомленыя спяць,

Толькі маці з любым сынам

Будзе доўга размаўляць.

 

Спаць малога палажыла,

Неспакойны сын не спіць:

— Раскажы, як Варашылаў

Вёў рабочых панства біць.

 

І гаворыць калыханка,

Як збіраўся рад у рад

За ракою за Луганкай

Варашылаўскі атрад.

 

Выціралі ўпотай слёзы

Непаслушныя жанкі.

Камандзір — луганскі слёсар —

Аглядаў браневікі.

 

Капытамі білі коні —

Беланогія данцы...

Ні атакі, ні пагоні

Не баяліся байцы.

 

Добра помніць Дубавязка,

Як, пакінуўшы майдан,

Уцякалі немцы ў касках

Ад луганскіх партызан.

 

Помніць Харкаў і Чугуеў,

Як рабочыя ў той час

Ад германскага буржуя

Баранілі свой Данбас.

 

Помняць сёлы і станіцы,

Як пад гром гармат і звон

Варашылаў у Царыцын

Вывеў войска цераз Дон,

 

Як прайшоў пасля з Будзённым

Ён па ўсіх шляхах вайны,

Як ад шабель Першай коннай

Беглі польскія паны.

 

Слава нашага наркома

Прагрымела з краю ў край!..

Будзь і ты, сынок, свядомы,

Нам на радасць падрастай.

 

Будзь адважным, мужным сынам,

Падрастай на ўцеху ўсім,

Беражы сваю краіну,

Як луганскі слёсар Клім.

 

1936 г.

 

 

НА ВАРЦЕ

Маўклівая ноч паланіла Дзвіну —

І хвалі звіваюцца вужам,

І вецер імкнецца наўсцяж развінуць

Сваю першабытную дужасць.

 

Ён доўга блукаў па краінах чужых,

Балотам прапах і паморкам,

І вось ён наважыў

Праз грані мяжы

Прабіцца да нашых узгоркаў.

 

Дарэмна!

Найлепш было крылле зламаць,

Як біцца ў тузе навальнічнай:

Бяскрайні прастор наш і творчы размах

Вартуе мой брат — пагранічнік.

 

Да болю напяўшы і позірк і слых,

Ён чуе хаду тваю, вецер!

Ён крокі пазнае сваіх і чужых

Па лёгкаму шэлесту вецця.

 

У вечную спадчыну

Пільнасць і спрыт

Яму адказалі героі —

Вялікай радзімы маёй змагары

За наша жыццё маладое.

 

Сягоння ўзмужалае гэта жыццё

На варту пастаўлена класам,

Каб вораг крывавай рукі не прасцёр

Над нашым прасторам і часам.

 

Няхай сабе ноч агартае Дзвіну,

І хвалі звіваюцца вужам,

І вецер імкнецца наўсцяж развінуць

Сваю першабытную дужасць,—

 

Не спіць пагранічнік.

Напружыўшы слых,

Пакуль цішыня не парвецца,

Ён слухае крокі рэспублік сваіх,

Пульсацыю іхняга сэрца.

 

Шырокі прастор за плячыма ляжыць...

А вецер,

Балотны і горкі,

Імкнецца ізноў цераз грані мяжы

 

Прабіцца да нашых узгоркаў.

За ветрам з-пад шыбеніц чорных ідуць

Нямотныя стогны і лямант;

Чуваць, як гарматы над светам гудуць,

Як ходзіць вайна над палямі.

 

Мужайся, таварыш мой!

Нашы сыны

Запішуць імя тваё ў вечнасць:

Адны мы баронім ад страшнай вайны

Работу і мір чалавечы.

 

1936 г.

 

 

ДАЗОРНЫ

Мінала ноч.

Займаўся ранак.

На снежных верхавінах дрэў,

Ні ў якіх казках не сказаны,

Ружовы досвітак гарэў.

 

Удоўж мяжы ішоў дазорны,

Успамінаў утульнасць хат,

Вясёлы твар,

І позірк зорны,

І ўсмешкі ветлыя дзяўчат.

 

Успамінаў...

А пільным вокам

Сачыў трушчобы дзікіх нетр,

І раптам —

У снягах глыбокіх

Заўважыў нечы свежы след.

 

Відаць, нядаўна,

На світанні,

Граніцу вораг перайшоў;

Яго слядоў незатаптаных

Яшчэ і вецер не замёў.

 

Да баявой прыгоды звычны,

Без меркаванняў і разваг

Шынель скідае пагранічнік,

Бяжыць з вінтоўкай па слядах.

 

Абліўся твар гарачым потам,

А цела ўсё

Калоціць дрож...

Цяжэюць ногі...

Скінуў боты

І вось

Імчыцца басанож...

 

Калючы снег у ногі коле...

Дармо!..

Настаў апошні час:

Ужо відаць за лесам поле,

А там —

Дарога і калгас.

 

Ужо калгаснікі і дзеці

Бягуць гуртом наперарэз,

Але і вораг іх прыкмеціў

І — зноў, як воўк, пабег у лес.

 

Бяжы.

Не ўдасца план злачынны!

Сабраўшы сілы,

Вартавы

Прабег яшчэ адну хвіліну,

І вораг здаўся,

Ледзь жывы...

 

А ногі белы снег крывавяць,

Дазорны нікне галавой...

— Скажыце хлопцам на заставе,

Я здзейсніў абавязак свой...

 

І ён упаў.

Да бліжняй хаты

Яго панеслі на руках,

І ён ледзь помніў,

Як дзяўчаты

Яго Іго }праводзілі ў слязах.

 

1936 г.

 

 

ПЕСНІ АБ ГРАНІЦЫ

 

I

На захадзе і ўсходзе

Па лініях крывых

Уздоўж граніцы ходзіць

Савецкі вартавы.

 

Таварыш, будзь жа пільны

Святыя рубяжы

Вялікае краіны

Адважна беражы!

 

Няспынна поўнымходам

Працуюць за табой

Магутныя заводы

І новых фабрык строй.

 

Таварыш, будзь жа пільны

Святыя рубяжы

Вялікае краіны

Адважна беражы!

 

Жытамі і пшаніцай

Шумяць твае палі,

Па рэках у сталіцу

Прыходзяць караблі.

 

Таварыш, будзь жа пільны,

Святыя рубяжы

Вялікае краіны

Адважна беражы!

 

Работай мірнай шчаснай

Заняты твой народ:

Рабочы і калгаснік,

Вучоны і пілот.

 

Таварыш, будзь жа пільны

Святыя рубяжы

Вялікае краіны

Адважна беражы!

 

Па гарадах і сёлах,

Далёкі наш зямляк,

Заможна і вясёла

Жыве твая сям’я.

 

Таварыш, будзь жа пільны

Святыя рубяжы

Вялікае краты

Адважна беражы!

 

На край твой працавіты,

На мірны твой народ

Фашысты і бандыты

Рыхтуюць свой налёт.

 

Таварыш, будзь жа пільны

Святыя рубяжы

Вялікае краіны

Адважна беражы!

 

Табе надалі права

Стаяць на варце дзён

Радзіма гордай славы,

Яе святы закон.

 

Таварыш, будзь жа пільны

Святыя рубяжы

Вялікае краіны

Адважна беражы!

 

ІІ

Ад зорак вячорных

Да ранняй зарніцы,

Калі непагоды гудуць,

Праз цэлую ноч

Да заходняй граніцы

За думамі думы лятуць.

 

Там сын, там каханы,

Там брат і таварыш

На варце краіны стаяць.

Над імі — завеі

І чорныя хмары,

Над імі вятры шалясцяць.

 

Іх мерныя крокі,

Іх погляд крыштальны

Варожая сочыць рука.

А вочы стаміліся,

Ногі прысталі,

І вісне цяжар на штыках.

 

Устань жа, высокае

Сонца, над імі

І выйдзі дазоры мяняць,

Хай першым на змену

Прасторы радзімы

Другія ідуць вартаваць!

 

І яснае сонца

У ясных вышынях

Над краем ізноў устае.

Спакойна на працу

Выходзіць краіна,—

Надзейная варта ў яе.

 

І гэтак штоночы,

Да першай зарніцы,

Калі непагоды гудуць,

Адна за другой

Да заходняй граніцы

Турботныя думы лятуць.

 

1936 г.

 

 

БРАТЭРСТВА

За сінім морам,

За гарамі,—

Прыслухайся,

Таварыш мой,—

У цесных долах Гвадарамы

Каторы дзень не моўкне бой.

 

Няспынна,

Цеснаю сцяною

Мяцежнікі ідуць да гор;

Шахцёры мужнасцю адною

Трымаюць іх круты напор.

 

Няма гармат,

Няма патронаў,

Няма ні хлеба,

Ні вады...

А па далінах,

Па адхонах

Шумяць крыніцы і сады.

 

Там гаспадарыць стан варожы,

Там генералы і паны...

— У бой, сябры,

Мы пераможам,

Не будуць панаваць яны!

 

І вось —

Пакінуты акопы...

Узняўшы грозныя штыкі,

Па камяністых вузкіх тропах

У наступ рушылі палкі.

 

Яны ідуць...

І поплеч з імі,

Пад кулямётны гром і свіст,

За волю братняе радзімы

Ідзе нямецкі камуніст.

 

Шыракаплечы,

Ясны,

Строгі,

Ён першы развінае рух.

І раптам...

Ацяжэлі ногі,

Вінтоўка выпадае з рук.

 

Над ім схіляецца таварыш,

У вочы з ласкаю глядзіць,

А на яго знямелым твары

Ужо смяротны цень дрыжыць.

 

І ціхім голасам глыбокім

Ён просіць блізкім перадаць:

— Скажы маім...

Братам далёкім,

За што ішоў я паміраць.

 

Выгнаннік роднае краіны,

Я згінуў у чужых гарах,

Каб над Германскаю раўнінай

Запалымнеў чырвоны сцяг.

 

Скажы...

Я не баяўся смерці...—

Ён слоў сваіх не даказаў

І з імем Тэльмана у сэрцы

На скалы цвёрдыя упаў.

 

— Мы скажам! —

Рэха над гарамі.—

Мы скажам ім тады,

Калі

З тваімі роднымі братамі

Паўстанем вызваляць Берлін.

 

Мы скажам блізкай перамогай

Над зграяй цёмных махляроў,—

Непераможнаю дарогай

Ідуць мільёны змагароў!

 

Мы скажам ім

Пра гэта ўзвышша,

Пра твой пакінуты акоп,

І смерць тваю браты запішуць,

Як смертны бой за Перакоп.

 

1936 г.

 

 

НАПРАДВЕСНІ

 

Петрусю Броўку

 

Яшчэ сняжыць сырымі днямі,

Яшчэ марозіць ноч у ноч,

А над высокімі палямі

Праменні падаюць насторч.

 

І на маўклівыя нізіны

Бяжыць, шалеючы, вада,

І ломяцца, як шкло, ільдзіны,

І крыгі гнуцца, як слюда.

 

У бронь закованыя рэкі

Разносяць штурмам берагі,

Паводак безупынных рэхі

Ідуць за стромкі перагіб.

 

Там прагне высмяглая глеба

Напіцца соку на ўмалот,

Там у блакітах ясных неба

Ідзе высокі самалёт.

 

Там пачынаюцца густыя

І задуменныя бары,

Там трактарысты маладыя

Вядуць у поле трактары.

 

Там агнявой вяснянкай-песняй,

Што сэрца выпаліць да дна,

Канчаецца ізноў прадвесне

І пачынаецца вясна.

 

Мая вялікая радзіма,

Люблю твой бурны подых дзён!..

Нядаўні леташні зазімак

Успамінаецца, як сон.

 

І мы вясну вітаем дбала,

Бо толькі нам вядома двум,

Што надышла і наша сталасць

З трывогамі суровых дум.

 

1937 г.

 

 

ПРОВАДЫ

Ходзяць зоры над краінай,

А дарожанька бяжыць...

Выпраўляе маці сына

У чырвоны полк служыць:

 

— Будзь адважны і харобры,

Рэвалюцыі салдат,

І з няславаю нядобрай

Не варочайся назад!

 

Ходзяць зорачкі над ярам...

Сын матулі адказаў:

— За спакой твой і за старасць

Не ступлю ў баях назад.

 

А калі ад ран нязмерных

Над акопам упаду,

Я памру, як сын твой верны,

Але з ганьбай не прыйду.

 

Ходзяць зоранькі над хатай,

А дарожанька бяжыць...

Выпраўляюць сёстры брата

У чырвоны полк служыць:

 

— Будзь адважны і харобры.

Рэвалюцыі салдат,

І з няславаю нядобрай

Не варочайся назад!

 

Ходзяць зоранькі над полем...

Брат сястрыцам адказаў:

— Я за светласць вашай долі

Не ступлю ў баях назад.

 

А калі ад ран нязмерных

Над акопам упаду,

Я памру, як брат ваш верны,

Але з ганьбай не прыйду.

 

Ходзяць зоры над залужжам,

А дарожанька бяжыць...

Выпраўляе жонка мужа

У чырвоны полк служыць:

 

— Будзь адважны і харобры.

Рэвалюцыі салдат,

І з няславаю нядобрай

Не варочайся назад!

 

Ходзяць зоранькі над нівай...

Муж каханай адказаў:

— За дзяцей сваіх шчаслівых

Не ступлю ў баях назад.

 

А калі ад ран нязмерных

Над акопам упаду,

Я памру, як бацька верны,

Але з ганьбай не прыйду.

 

Ходзяць зоры над далінай,

А дарожанька бяжыць...

Выпраўляе нас краіна

У чырвоны полк служыць:

 

— Будзь адважны і харобры.

Рэвалюцыі салдат,

І з няславаю нядобрай

Не варочайся назад!

 

Ходзяць зоры ў небе сінім...

Сын радзіме адказаў:

— За жыццё тваё, краіна,

Не ступлю ў баях назад.

 

А калі ад ран нязмерных

Над акопам упаду,

Я памру салдатам верным,

Але з ганьбай не прыйду.

 

1937 г.

 

 

ПАЛЁТ

Гарачы дзень.

Ад лютай спёкі,

Згубіўшы прыкры сорам свой,

У рэчку чыстую глыбока

Упала сонца з галавой.

 

А там,

Высока па-над намі,

У сінь,

Халодную, як лёд,

Не страпянуўшыся крыламі,

Паплыў празрысты самалёт.

 

Пад залатой планетай зоркі,

Што яркім знакам на крыле,

Ідуць чародамі узгоркі

І табунамі цёмны лес.

 

Пілот,

Імклівы і адважны,

Яшчэ Ішчэ }вышэй бярэ разгон,

І вось —

Нікому недасяжны —

Ідзе за сіні гарызонт.

 

Але і там праходзяць міма

Шырокіх крылляў карабля:

Пад левым —

Воблакі радзімы,

Пад правым —

Родная зямля.

 

Але і там,

Нячутным ценем

Мінаючы заслоны хмар,

Ён чуе нашы летуценні

І нашыя палёты мар:

 

У крыллях і маторах б’ецца

Жывая кроў гарачых жыл,

Часцінка нашых чыстых сэрцаў,

Замілавання і душы.

 

1937 г.

 

 

ПІЛОТАМ

Я ведаю вашу усмешку:

Шырокай ракою цяпла

Ад сонца праменная сцежка

Да вашых вачэй працякла.

 

Я ведаю вашу паходку:

Разлічаны крок і размах

І лёгкасць у жэстах кароткіх,

Якой не ўладае і птах.

 

Я ведаю вашу пасадку:

Упэўнены курс на маяк,

Тры кропкі на вузкіх плашчадках

І тонкае лініі знак.

 

Я ведаю вашы палёты

У лютых завеях пургі,

Над страшным нязведаным лёдам,

Праз вечную ноч і снягі.

 

Я ведаю вашы рэкорды

Па роўнай, крутой і крывой,

На веліч і мужнасць, на гордасць,

За славу краіны сваёй.

 

Адно не абняць і не змераць

Пачуццяў савецкіх людзей,

Чыя непарушная вера

Да мэты нязменна вядзе,

 

Чый смутак па вас і клапоты

І шчырае сэрца чыё

За вамі і з вамі ў палётах,

Пілоты радзімы маёй.

 

1937 г.

 

 

ПРЫЗНАННЕ

Колькі вытаптана сцежак,

Колькі выбіта дарог!..

Па цяпло тваіх усмешак

Шмат хадзіла на парог,

 

Камандзір высокі танка,

Трактарысты,

Кавалі

Кожны вечар каля ганка

За цябе вайну вялі.

 

Там вясной

Шумелі травы,

А ў кастрычніку —

Лісты...

Ты смяялася ласкава

Звонкім смехам залатым.

 

З кожным,

Добрых ці суровых,

Гаварыла колькі слоў;

Аднаму ў тваіх размовах —

Мне

Увагі не было.

 

Быццам нашая брыгада

Першых месц не заняла?!

Быццам мы на ўсіх парадах

Не праславілі сяла?!

 

Быццам сам я,

Асабіста,

Не пад густ тваёй красе,

Не высокі,

Не плячысты,

Не прыгожы,

Як усе?!

 

Адкажы ж мне,

Толькі шчыра,

Што за прыхамаць была,

Калі моўчкі брыгадзіра

Ты увагай абышла?

 

Толькі раз пры нашай стрэчы

Усміхнулася няўзнак...

Што ж мне думаць

Пра той вечар,

Разумець цябе мне як?!

 

І дзяўчына адказала:

— Я шчаслівая была

І з усімі

Жартавала,

А з табою —

Не магла.

 

І нядарам біты сцежкі

Непракладзеных дарог,

І нядарам па усмешкі

Ты хадзіў на мой парог.

 

1937 г.

 

 

РАДАСЦЬ

Над галавой шумелі клёны,

І вадаспадамі лісты

Ліліся на мурог зялёны,

Дзе ціхая стаяла ты.

 

Канчаўся дзень,

Над зжатай нівай

Ішлі ключамі журавы,

Ты іх праводзіла маўклівым

Узмахам русай галавы.

 

На момант у вачах самотных

Успалыхнуў асенні сум.

І лёгкі вецер бестурботна

Развіў завітую касу.

 

І шкода стала маладосці

І перажытых летніх дзён...

Але, як сокам, весялосцю

Наліўся дбайнай працы плён,

 

Ад ярыны трашчалі гумны,

Раслі высокія стагі,

І малатарні хорам шумным

Будзілі рэчак берагі.

 

Там, на калгасных агародах,

Багаты бралі ураджай,

Там за турботы нагарода

Лілася мёдам цераз край.

 

Там ціхія рачныя тоні

Гулі ад рыб, як вір круты,

Там спелі познія антоны,

Гарэлі сонцам залатым.

 

І моўчкі мы гарэлі самі

Вялікай радасцю зямлі.

І над шчаслівымі пад намі

Аблокі вечнасці ішлі.

 

1937 г.

 

ЛІСТ БРАТУ

Мой друг, мой брат!

У летні вечар,

Калі цямнее шкло ракі,

На стромкім беразе

Сустрэчы

Са мной чакаюць рыбакі.

 

Спускаем лодку...

Лёгкай чайкай

Яна кранаецца вады.

І грудзі пад вільготнай майкай

Гараць парывам маладым.

 

Узмах вясла,—

І сонны бераг

Адразу пачынае жыць:

Ідуць радамі ў шапках шэрых

Кусты парэчак і ажын.

 

На водах згушчанай затокі

Адбіткі зорнага агню.

І месяц, строгі і высокі,

Вартуе сон і цішыню.

 

І нам тады прыходзіць думка,

Што дзесьці над другой ракой

І ты —

З вінтоўкай і ў падсумках —

Вартуеш такжа наш спакой.

 

На хвалях заміраюць вёслы

Ад успамінаў рыбакоў.

І нашы зімы,

Нашы вёсны

Ідуць у далячынь вякоў...

 

Там накрыж бізуном крывавым

Запісана на спінах дзён

Народу змучанага права —

Былой імперыі закон.

 

Як на старонках кніг,

На гонях

Чытаю літары слядоў.

Перада мной,

Як на далоні,

Ідзе жыццё маіх дзядоў.

 

Сляпыя,

Нізенькія хаты

Травой і мохам параслі.

Пляцецца згорблены араты

На вузенькім шнуры зямлі.

 

А на шырокай

Панскай ніве,

Стаіўшы чалавечы боль,

Спяваюць жнеі...

Спеў тужлівы

На сэрца сцелецца, як золь.

 

Старымі,

Бітымі шляхамі,

Цераз усю нямую шыр,

Вядуць закутых ланцугамі

У непраходную Сібір.

 

Там замірае шлях жыццёвы,

І супакоеным у снах

Прытулак пад крыжом сасновым

Дае сасновая трупа.

 

На змену прадзедам і дзедам —

Рабамі працы і турмы,

Шляхамі тымі ж,

Тым жа следам

Ішлі б, асуджаныя, мы.

 

І на пясках дрымотных поля,

Разняўшы прывіды свае,

Мая няздзейсненая доля

Такою, брат мой, паўстае:

 

Заліўшыся дзіцячым плачам,

Пад злымі сцюжамі калець;

Маўклівым позіркам жабрачым

Прасіць пад вокнамі на хлеб;

 

Пакорным парабкам да ночы

На панскай ніве спіну гнуць;

У шахтах

Катаржным рабочым

Ярмо праклятае цягнуць;

 

Цярпець пабоі,

Здзек і кпіны,

Звярыны нораў кулака;

Бяздомным пасынкам краіны

Шляхамі роднымі блукаць;

 

На войнах паміраць крывавых

За панскі хлеб,

За царскі гнеў —

Было б маім адзіным правам,

Законам царскім для мяне.

 

Мой друг, мой брат,

Якое шчасце!

Ужо мінула дваццаць год,

Як на законы самаўладства

Паўстаў прыгнечаны народ.

 

І ў тыя дні вячыстай славы

Абрабаваны,

Бедны люд

Крывёй плаціў за наша права

На хлеб,

На працу,

На зямлю;

 

За права на лясы і горы,

На залатыя скарбы руд;

За права цеслі і шахцёра

На ўласныя здабыткі рук;

 

За права змучаных аратых

На каласісты ураджай;

За наша права

На багаты,

На сонечны,

Квяцісты край;

 

За права жыць і гаспадарыць,

Людзьмі назвацца між людзей;

За права на спакой пад старасць

І на вясёлы смех дзяцей.

 

І мы ні слёз,

Ні крыўд не знаем:

Работу нашу,

Быт і сон

Ад хіжых рук аберагае

Радзімы нашае Закон.

 

Скажы,

А чым жа мы заплацім

За ўсе клапоты і любоў,

За супакой старэнькай маці,

За бесклапотны смех братоў,

 

За нашы вёсны,

Нашы зімы.

За радасць нашых светлых дзён,

За хараство сваёй радзімы

І за яе святы Закон?

 

Наш скарб,

Мой брат,

Уся краіна.

Дык помні гордыя правы:

Дастойным будзь грамадзянінам —

Работнікам і вартавым.

 

І ў час вялікай абароны,

Калі загадны ўзмах рукі,

Якой напісаны законы,

На бітву выведзе палкі,—

 

Умей адважна, друг, змагацца

І ворагаў перамагаць,

Каб добры гонар сына працы

Жыццём і смерцю апраўдаць.

 

Але жыццё аддай нядарам:

Памры,

На прыступ ідучы,

Як паміраюць камунары,

Каб смерцю

Смерць перамагчы.

 

1937 г.

 

 

ПЕСНЯ ВЯЗНЯ

Гляджу на дарогі шырокай зямлі

З-за кратаў панурай турмы,—

Да прыстані дальняй ідуць караблі,

І вецер над імі шуміць.

 

За мора, за сіні круты небакрай

Лятуць мае думкі цяпер:

Там дзесьці далёка шчаслівы ёсць край

Святая зямля СССР.

 

Матросы яго адплываюць дамоў,

Вясёлыя песні пяюць...

Адважных і мужных вялікіх сыноў

Чакае магутны Саюз.

 

Матросы свабоднай савецкай зямлі,

Мяне забярыце з сабой!..

Да прыстані дальняй ідуць караблі,

Барты абмывае прыбой.

 

У белым тумане, як воблака дым,

Апошняя знікла карма...

І толькі на беразе дзікім, нямым

Панурая стыне турма.

 

1937 г.

 

 

ПЕСНЯ ПРА НАРКОМА

Збірайцеся дружна сябрынаю цеснай,

Спяём пра наркома, таварышы, песню,

Яшчэ раз успомнім мінулыя годы,

Суровыя бітвы і нашы паходы.

 

За шчасце людское, за волю радзімы —

На ворагаў лютых, да радасных мэт

Вёў нашую армію маршал любімы

І наш дэпутат у Вярхоўны Савет.

 

Супроць акупантаў і наймітаў панскіх

Збіраў Варашылаў атрад партызанскі,

Праз голыя стэпы, глухія станіцы

Пад сцягам чырвоным ішоў у Царыцын.

 

За шчасце людское, за волю радзімы —

На ворагаў лютых, да радасных мэт

Вёў нашую армію маршал любімы

І наш дэпутат у Вярхоўны Савет.

 

У шэрагах Першае арміі коннай

На польскае панства ён вёў эскадроны,

І помняць дагэтуль Замосце і Снежна,

Як беглі палкі генералаў мяцежных.

 

За шчасце людское, за волю радзімы —

На ворагаў лютых, да радасных мэт

Вёў нашую армію маршал любімы

І наш дэпутат у Вярхоўны Савет.

 

На хвалях жывых пад крутым Перакопам,

На роўных палях і лугах пад Майкопам,

На сцягах армейскіх, на шаблях і піках

Гарыць яго слава зарою вялікай.

 

За шчасце людское, за волю радзімы —

На ворагаў лютых, да радасных мэт

Вёў нашую армію маршал любімы

І наш дэпутат у Вярхоўны Савет.

 

І хай паспрабуюць бандыты напасці

На сонечны край чалавечага шчасця,

На мірную працу, палі і заводы,—

Ізноў мы успомнім былыя паходы.

 

І нас на змаганне за волю радзімы,

На ворагаў лютых, да радасных мэт

Усіх павядзе палкаводзец любімы

І наш дэпутат у Вярхоўны Савет.

 

1937 г.

 

 

ВЯЛІКІ СЫН НАРОДА

Калісьці даўняю часінай,

Пад царскім гнётам і ярмом,

Мая цудоўная краіна

Была магілай і турмой.

 

І вось над цемрай вуліц цесных,

Над жудасцю куткоў лясных

Узняўся горды буравеснік —

Вяшчун змагання і вясны.

 

Бясстрашны сын свайго народа,

Ён сэрца аддаваў з грудзей

За наша шчасце і свабоду,

За гонар скрыўджаных людзей.

 

Пад небам восені панурай,

Пры цьмяных вогнішчах палян

Яго жыццё шумела бурай

І хвалявала акіян.

 

Травою крыліся узгоркі,

Кіпела ціш глухіх нізін,

Дзе ён ішоў, магутны Горкі —

Паэт, баец, грамадзянін.

 

Прачутае, жывое слова,

Як сталь адменнага ліцця,

Грымела мужна і сурова

Над злой няпраўдаю жыцця.

 

А ў час трывожнае самоты,

Калі на сэрцы слаўся сум,

Яго праўдзівых слоў ясноты

І залатыя скарбы дум

 

На лёгкіх крыллях летуцення,

На бурных хвалях пачуцця

Зноў неслі людзям захапленне

І радасць творчага жыцця.

 

І над абуджаным прасцягам,

Увысь узнятае плячом,

Жывое слова стала сцягам

І загартованым мячом.

 

З-пад цёмнай хмары недавяркі,

Найміты панскія і псы

Перад яго паходняй яркай

Магутнай сілы і красы

 

Дрыжалі ў сполаху і люта

Непераможнага арла

Паілі ўпотайкі атрутай,

Каб смерць бяссмертнага змагла.

 

Ён паў, аплаканы народам...

Але жыве ягоны гнеў,

Яго любоў, яго пяшчота,

Ягоны неўміручы спеў.

 

І гэта сіла агнявая —

Усе пачуцці, думкі ўсе

І нават смерць — жыццё сцвярджае

І кару ворагам нясе.

 

І светлы воблік не пагасне,

Не згіне памяць у вяках

Таго, хто нёс паходню яснай

У струджаных сваіх руках.

 

Жывой паэзіі крыніца

Напоіць смагу маладых

І будзе, светлая, бруіцца

Праз незлічоныя гады.

 

1937 г.

 

 

* * *

Ты падбірала лён і пела

Адна на ўвесь шырокі дол,

І песня так твая звінела,

Што ўсё прыціхла навакол.

 

Работу скончыўшы, замоўкла,

Шырока рукі развяла

I на сухой траве пажоўклай

На адпачынак прылягла.

 

Мне стала страшна ад спакою,

Што надышоў у паплавах:

Двухрогі месяц над табою

Стаяў, як крыж у галавах.

 

Але твае жывыя вочы

Такім успыхнулі агнём,

Што страшны прывід цёмнай ночы

Стаў залатым асеннім днём.

 

Зноў ажылі лугі і долы,

І я цяпер сказаць магу,

Што будзе смерць твая вясёлай,

Як чысты голас на лугу.

 

1938 г.

 

 

ЗІМОВЫ МАЛЮНАК

Шпарка санкі імчацца з горкі,

Рассыпаецца звонкі смех,

Толькі дзеўчынка плача горка,

Атрасаючы мокры снег.

 

Невялікая крыўда ў дзіцяці,

Але рэкамі слёзы цякуць.

Маладая, вясёлая маці

Суцяшае малую дачку:

 

«Вытры слёзы, умыйся снегам,

Будзь румяная, быццам зара,

Хай звініць серабрыстым смехам

Залатога маленства пара.

 

Будуць горшыя дні напасці

На тваім чалавечым вяку.

Але наша агульнае шчасце

Падтрымае цябе за руку.

 

Ты не будзеш адна ніколі

Ні ў трывогах сваіх, ні ў бядзе:

Нас усіх непадзельная доля

Не пакіне самотных нідзе.

 

Вытры ж слёзы, умыйся снегам,

Будзь румяная, быццам зара,

Хай звініць серабрыстым смехам

Залатога маленства пара».

 

1938 г.

 

 

ПРЫВІТАННЕ РАДЗІМЕ

Радзіма, прымі маё шчырае слова

І сціплага верша не зганьбі сурова!

 

Чыё можа сэрца адклікнуцца песняй,

Дастойнай тваёй маладосці пачэснай?

 

Сама ты, радзіма, жывая паэма,

Вялікасны твор бальшавіцкага племя.

 

І кожны радок твае светлае долі

На плошчах шырокіх, на стоптаным полі

 

У годы змагання, часінай паходнай

Напісан крывёю і славай народнай.

 

У роўным дыханні жыцця твайго б'ецца

Вялікага Леніна думка і сэрца.

 

Як глянеш, здаецца, прасцяг твой прасторны

Пакрыты не снегам, а полымем зорным.

 

І скрозь — тваім чыстым, нясплямленым словам

Гамоняць сягоння лясы і дубровы,

 

Пяюць гарады і багатыя сёлы,

І люд разняволены, дужы й вясёлы.

 

Жыві ж і красуйся у вёсны і зімы,

Краіна свабодных, шчаслівых радзіма!

 

Ты мужная ў працы і ў подзвігах ратных,

Ты верная ў дружбе рэспублікаў братніх.

 

Твой шлях гераічны, былы і наступны,

Твой дружны народ, працавіты і рупны,

 

Ад веку на век, маладая дзяржава,

Абвеян працоўнай і ратнаю славай.

 

1939 г.

 

 

РОДНЫМ БРАТАМ

Родны брат мой, таварыш гаротны,

Сонца праўды і волю вітай.

Станавіся ў шарэнгі свабодных

Будаваць свой разбураны край!

 

Нас адна нарадзіла краіна,

Ды няроўнае шчасце дала:

Мы квітнелі, раслі безупынна,—

Ваша доля пакутнай была.

 

У каляным ад поту шарачку,

Зруйнаваны пакінуўшы дом,

Ваша маці стаяла жабрачкай

На марозе пад панскім акном;

 

Сёстры мерлі на вуліцах брудных;

Ад цямна да цямна праз вякі

За сахою хадзілі пакутнай,

Парабкамі служылі бацькі.

 

Край заходні зямлі беларускай,

Край, растоптаны панскай нагой!

Колькі слёз на палях тваіх вузкіх,

Колькі здзекаў, палітых крывёй!

 

Годзе гэтых пакут і знямогі,

Вызваляйся з няволі і з крат!

Па-братэрску руку дапамогі

Падаём мы табе, родны брат.

 

1939 г.

 

 

НАВАГОДНІ ТОСТ

Сябры! Прыгожая зіма

У нас па ўсёй краіне.

Нідзе на свеце больш няма

Такой прасторы сіняй.

 

Вы паглядзіце — што за ноч,

Якая урачыстасць!

Блакітам сцелецца да ног

Марозная празрыстасць.

 

Заснулі дрэвы ў пухавых

Аснежаных уборах,

І чыстым золатам на іх

Ліюцца ціха зоры.

 

У бляску іхняга святла

Снуюцца нашы мары.

Устаньце ж дружна з-за стала,

Наліце поўна чары.

 

Дванаццаць раз гадзіннік б’е,

Адзначым год-спатканне:

Старому славу прапяем,

А новаму — вітанне.

 

Падымем самы шчыры тост

За хараство радзімы,

За новы год, за новы рост,

За наш народ любімы;

 

За ўсіх працоўных, за людзей

Вялікай творчай справы;

За нашых матак і дзяцей,

Шчаслівых і ласкавых;

 

За ўсю сям’ю бальшавікоў,

За славу нашай зброі,

За камандзіраў і байцоў,

За тысячы герояў;

 

За веліч дум і пачуцця,

За нашы летуценні,

За радасць светлага жыцця,

За мудры творчы геній.

 

1939 г.

 

 

ПАМЯЦІ СЯРГО АРДЖАНІКІДЗЕ

Мне вечна помняцца хвіліны,

Калі вялікая Масква

І ўся магутная краіна

Стаялі ціха ў галавах

 

Свайго любімага наркома,

І безупынна дзень пры дні

Плылі натоўпы нерухома,

Гарэлі мірныя агні.

 

Так у апошнюю дарогу

Мы ўсе праводзілі свайго

Героя слаўных перамогаў,

Свайго любімага Сярго.

 

І ў першых кроках за труною

Ў зялёным і жывым вянцы

Ішлі суроваю ступою

Яго саратнікі-байцы.

 

Калісьці так са сцягам волі

За ім праходзілі яны

Шляхі суровага падполля

І грамадзянскае вайны.

 

Ні сцюжы дальняга Якуцка,

Ні холад лютае зімы,

Ні жудасць катаргі нялюдскай,

Ні жахі царскае турмы

 

Ягонай сілы не зламалі...

З геройствам мужнага байца

Ён быў між тымі, што паўсталі

На штурм Зімовага дварца.

 

Ён гнаў няшчадна акупантаў,

У першых шэрагах ішоў,

Граміў бязлітасныя банды

Белагвардзейцаў і паноў.

 

І не забудзе Украіна,

Ні бурны Церак, ні Каўказ,

Ні Беларусь, мая краіна,

Дзе ён праславіўся не раз,

 

Дзе пад Барысавам, як сведка,

Вам кожная раскажа з хат,

Як у атаку і разведку

Хадзіў ён просты, як салдат.

 

Народа друг і смелы воін,

Ад самых першых, юных дзён

Не пакідаў ён поля бою

І нашых баявых калон.

 

Калі у верасні уранку

На захадзе успыхнуў бой —

Ішлі збудованыя танкі

Ягонай воляй і рукой.

 

І вось цяпер ізноў — на ратных

Халодных водах і палях

У залпах велічных гарматных,

Ва ўсіх снасцях на караблях,

 

У дужых крыллях самалётаў,

У кожнай кропельцы свінца —

Жыве ягоная работа,

Душа адважнага байца.

 

Не зарасце яго дарога!..

Вякамі будзе бачыць свет

Ва ўсіх баях і перамогах

Яго жывы і верны след.

 

1940 г.

 

НА НІВАХ КАЛГАСНЫХ

На нівах калгасных вясна,

Вясна на бязмежных прасторах.

Гайдаецца шумна сасна,

І хвалі трымцяць на азёрах.

 

І грукаюць голлем дубы,

І ветры паўднёвыя веюць,

І ўзгоркі крутыя гарбы

Пад сонечнай спёкаю грэюць.

 

На нівы прыйшоў першамай,

І ў гуках празрыстых і яркіх

Чуваць, як ад краю у край

Гудуць трактары і сявалкі.

 

Што снілася некалі ў снах —

Праўдзіваю сталася явай:

На нівах калгасных вясна

Адзначана справай і славай.

 

1940 г.

 

 

ХМАРКІ

Ад лютай летняй спёкі

Гарыць сухі пясок,

І пачарнеў далёкі

Нахмураны лясок.

 

Заціхлі скрозь жняяркі —

Прыпынак на абед.

А перыстыя хмаркі

Плывуць няспынна ў свет.

 

Ад іхніх крыл у ясны,

Гарачы летні дзень

На полі невыразны

Кладзецца лёгкі цень.

 

І павявае з долаў

Цудоўным халадком,

І жыта хіліць голаў

Пад свежым вецярком.

 

Падзяку шэпчуць дрэвы

За гэты добры дар,

І жывяць іх павевы

Людскі спацелы твар.

 

Вітанне ж вам, аблокі!

Вы, быццам, чарадзей,

Бароніце ад спёкі

І травы і людзей.

 

1940 г.

 

 

НАШ ЛЕС

Вузкаю палоскаю

На краі нябёс

Лёг за нашай вёскаю

Старадаўні лес.

 

Там, казалі, водзяцца

Сарны і дзікі,

Там, казалі, плодзяцца

Ў норах барсукі.

 

Там у таямнічыя

Ночы ля дубоў

Нашы паляўнічыя

Вабілі ваўкоў.

 

Дзівамі і казкамі

Быў ахутан лес,

Залатымі краскамі

Ён парос увесь.

 

І пайшлі аднойчы мы

На высокі груд

З выжламі і гончымі —

Паглядзець на цуд.

 

Мы ішлі дарогаю,

Мы блукалі дзесь

І пасля з трывогаю

Уступілі ў лес.

 

Там задорна-смелыя

Сосны параслі,

Там бярозы белыя

Нікнуць да зямлі.

 

Цішынёй і холадам

Вее ад нізін.

Дзяцел носам-долатам

Стукае адзін.

 

Ды вавёркі жвавыя

То вось тут, то там

Лапкамі, ласкавыя,

Пагражаюць пам.

 

Мы ідзём, галёкаем,

І аж восем раз

Водгулле далёкае

Паўтарае нас.

 

І ні следу сквапнага,

Ні звяроў жывых,

І ні паху вабнага

Красак залатых.

 

Але пушча вырасце,

Родзяцца ласі,

Бо у нас, па шчырасці,

Добрыя лясы.

 

А найлепшы з бачаных

Аж на свет увесь —

Цішынёй адзначаны,

Наш дрымотны лес.

 

1940 г.

 

 

НА РЭЧЦЫ

На небе ані хмары...

Такой часінай дня

Густая, быццам пара,

Стаіць гарачыня.

 

Замерлі дрэў макушкі,

Не зварухнецца ліст;

Пявучай самай птушкі

Замоўк апошні свіст.

 

Адно пярэстым роем

Ля самае зямлі

У каляровых строях

Лятаюць матылі.

 

Ды трапяткія хвалі

Вясёлай чарадой

Спяваюць, як спявалі,

Гамоняць з асакой.

 

І вее прахалодай

Ад чыстае ракі,

І па жывыя воды

Спяшаюць хлапчукі.

 

Ад променяў пякучых

У глыб вады рачной

Яны з высокай кручы

Ныраюць з галавой.

 

Ляцяць навокал пырскі,

І жвавыя кругі

Бягуць і мыюць блізкі

І дальні берагі.

 

І ў дружны хор шчаслівы

Зліваецца шчыльней

І гоман хваль шумлівых,

І звонкі смех дзяцей.

 

1940 г.

 

 

ПЛЫТЫ

Над вадой шумяць крушыны

І лазовыя кусты.

Загарэлыя мужчыны

Гоняць рэчкаю плыты.

 

Дбайна ўзрошчаныя клёны,

Сосны, звонкія, як сталь,

Туга звязаныя ў згоны,

Без канца плывуць удаль.

 

Мы, сустрэўшы іх, гадаем,

Як далёка і куды.

Плытагон стары махае:

«Паплывём у гарады.

 

Там з такой красы-пароды,

Небывалай доўгі час,

Лесапільныя заводы

Дзіва вырабяць для вас.

 

Пойдзе клён і ясень гэты

І дубовыя ствалы

На узорныя паркеты,

На цудоўныя сталы».

 

Голас дзеда далятае,

Быццам гоман вецярка,

І ў адказ яму спявае

Наша быстрая рака.

 

І спяваюць плытагоны

Пра далёкі акіян.

І плывуць за згонам згоны,

Як дзівосны караван.

 

1940 г.

 

 

РЫБАК

Як толькі выходны дзянёк настае,

Ён вуды і снасці збірае свае,

І досвіткам раннім на бераг ідзе,

І ціха спускаецца к цёмнай вадзе.

 

Стаіўшыся ў дзікім, густым лазняку,

Ён вуды свае закідае ў раку.

А там, адліваючы срэбнай луской,

Бліскучыя рыбы ідуць чарадой.

 

Напяўшы тугія свае плаўнікі,

Хвастамі ад прагнасці б’юць шчупакі,

Шырокія плоткі з чырвоным пяром

Снуюць над празрыстым, прасвечаным дном.

 

У змроку, у іле ляжаць карасі,

У зеллі багністым жыруюць язі,

У ціне лянівыя ходзяць ліні,

А ў тонях пярэстыя спяць акуні.

 

Мільёны вялікіх і дробненькіх рыб

Наверх усплываюць, ныраюць углыб,

Гуляюць на хвалях, жыруюць на дне,

А вось за кручок ні адна не кране.

 

І раптам, схіліўшыся трошкі набок,

Схіснуўся і знік пад вадой паплавок,

Вудзільна сагнулася ў спрытнай руцэ,

І хвалі кругамі пайшлі па рацэ.

 

І вось праз секунду, а можа, праз дзве

Трапечацца лешч на вільготнай траве.

На шчасце закінуўшы вуду ізноў,

Рыбак аглядае свой першы улоў.

 

1940 г.

 

 

ГРЫБЫ

Нам сказалі, што за борам,

Дзе растуць адны дубы,

Зацвіла зямля і скора

Ў лесе з’явяцца грыбы.

 

Дзён праз сем, а можа, дзесяць,

Не забыўшы гэтых слоў,

Мы ўсямёх сышліся ў лесе

І пайшлі шукаць грыбоў.

 

Мы хадзілі, мы шукалі,

Кожны кусцік аглядалі,—

Хоць бы дзе адзін грыбок,

Толькі мох ды верасок,

Ды навокала палянкі

Чарадой раслі паганкі,

Ды пад сонцам на прасторы

Чырванелі мухаморы.

 

Мы гадалі, што за ліха?

А грыбы сядзелі ціха,

Так схаваўшыся у мох,

Што не толькі белых ног —

Не відаць было і шапак.

Ды не выцерпеў абабак:

З моху выглянуў, гарэза.

 

Я нагнуўся яго зрэзаць.

А нагнуўся, аглянуўся —

І ад радасці схіснуўся:

Ля абабка — махавік,

А наводдаль — чашчавік,

А за імі каля сцежкі —

Чарадою сыраежкі

І, як родныя сястрычкі,

Маладзенькія лісічкі.

 

Я сяброў сваіх склікаю,

Далей-болей аглядаю:

Паміж леташніх лістоў

Чырванее асавік,

А за ім — кароль грыбоў,

Сам магутны баравік.

 

Я набраў іх цэлы кошык,

Палажыў наверсе ножык

І падумаў, што кашолкі

І сябрам ільга набраць,

Калі толькі, калі толькі,

Добра ўмеючы, шукаць.

 

Трудна першы грыб здабудзеш,

А другі ўжо сам ідзе,

Бо яны, як мы, як людзі,

Любяць жыць у грамадзе.

 

1940 г.

 

 

ЯГАДЫ

Які сяголета шчаслівы

І ураджайны выпаў год:

Ва ўсіх садах агрэст і слівы,

Клубнікі повен агарод.

 

Пустыр, закінуты калішні,

І той увесь зазелянеў,

І наліліся сокам вішні,

Аж ломяцца галіны дрэў.

 

А за аселіцай, над рэчкай,

Паміж разгалістых крушын,

Набракла дзікая парэчка,

Кусты смародзін і ажын.

 

А што за ягады лясныя

У нас адразу зацвілі,

Як толькі промні веснавыя

Цяпло разнеслі па зямлі!

 

Спачатку сочныя суніцы

Заружавелі па лясах,

За імі следам і чарніцы

Закрасавалі ў верасах.

 

Цяпер салодкія маліны

Свае галовы хіляць ніц,

І ўсе сухія баравіны

Пакрыты завяззю брусніц,

 

І ўсе балотныя палянкі

Цвітуць агнямі журавін,

І неўзабаве ўспыхнуць гранкі

Чырвоных, яркіх арабін.

 

Які сяголета шчаслівы

І незвычайны выпаў год,

Які багаты і ўрадлівы

І сад, і лес, і агарод!

 

1940 г.

 

 

У ПАРКУ

Нейк ужо зусім пад восень

Мне аднойчы давялося

Быць з падружкаю Адаркай

У выходны дзень у парку.

 

Толькі выйшлі мы з сяброўкай

На шырокую пляцоўку —

Як памалу ды патрошку

Нас прывабілі дарожкі,

І ліповыя прысады,

І грымучыя каскады,

І зялёныя каштаны,

І шумлівыя фантаны.

 

У глыб парку ўслед за людам

Мы ўзглянуць пайшлі на цуда,

І вось там надзвычай многа

Мы пабачылі дзіўнога.

 

Перш за ўсё мы паглядзелі,

Як гайдаліся арэлі,

После бачылі «гіганты»,

Дзе каталіся курсанты,

А затым і самі селі

Праляцець на каруселі.

 

Нагуляўшыся, аж лішак,

Адпачыць пайшлі ў зацішак.

Там раслі высока травы,

Там кругом стаялі лавы,

Перад імі ж — скрозь газоны,

І над імі — парасоны...

 

Не то з гіпсу, не то з гліны

Там стаяла і дзяўчына.

На яе мы паглядалі

І нарэшце спадабалі:

Хоць яна і нежывая,

Але мілая такая.

 

Дзень жа быў пагодны, яркі...

Раптам выплылі дзве хмаркі,

Хмаркі выраслі у хмару,

Свіснуў вецер, гром ударыў,

Палі дрэвы голлем ніцма,

І зайграла навальніца.

 

Па ўтрамбованых дарожках,

У балетках, басаножках

Мы, шукаючы прыстанку,

Уцякаем у альтанку.

 

Селі там, глядзім праз вокны,

А дзяўчынка наша мокне,

Дождж малую палівае.

Што ж з таго, што нежывая?

Шкода нам дзяўчыны стала,

І я моцна зарыдала.

А за мной — праз слёзы бачу —

І мая Адарка плача.

 

Адчаго? Бо нам здалося,

Што ужо настала восень,

Скора пойдзем мы у школу,

Будзе клас у нас вясёлы.

А вось гэтая дзяўчына,

Не то з гіпсу, не то з гліны,

Застанецца тут, бядняжка.

Будзе ёй надзвычай цяжка

Пад дажджом і снегам мокнуць,

Пазіраць на нас праз вокны.

 

Вось чаму аднойчы ў парку

Мы заплакалі з Адаркай,

Бо нялёгка адзінокай

Ад сябровак жыць далёка.

 

1940 г.

 

 

КАНЕЦ ЛЕТА

Яблыкі даспелі...

У ярах глыбокіх

Дацвітае лета

Цветам журавін.

 

Адспявалі жнеі

На палях шырокіх.

Заспяваюць скора

Ў небе журавы.

 

Заўтра нам у школу...

Развітацца трэба

З тымі, з кім гулялі

Летняю парой:

З нашым шумным лесам,

З нашым сінім небам,

З нашаю блакітнай,

Быстраю ракой.

 

Мы ідзём на поле...

Тонкім павучыннем

І расой халоднай

Крыецца прастор.

Мы ідзём у пушчу...

Быццам у кручыне,

Галаву схіляе

Старадаўні бор.

 

Мы ідзём да рэчкі...

З намі па дарозе —

З поўначы сцюдзёны

Подых вецярка.

І пад ім на воды

Ліст раняюць лозы,

І шуміць маркотна

Нашая рака.

 

Чуе, скора лёдам

Будзе ўся адзета,

На палях закружаць

Белыя снягі...

Да спаткання ж, рэчка!

Да другога лета,

Дарагія пушчы,

Нівы і лугі!

 

Заўтра нам у школу...

За сталы, за парты

Сядзем мы па класах,

Будзем працаваць,

Будзем весяліцца

І вучыцца ўпарта,

Будзем вечарамі

Лета ўспамінаць.

 

1940 г.

 

 

ДНІ СУЧАСНАСЦІ

Дні вялікай сучаснасці,

Нашы бурныя дні!

У праменнях, у яснасці,

У святочным агні

 

Бачу вас, залацістыя,

Праз гады і вякі.

Вас спаўюць у квяцістыя,

У жывыя вянкі.

 

Вас аздобяць паданнямі

Нашых дум і трывог.

Вы багаты змаганнямі

І красой перамог.

 

Вы геройствам адзначаны

Небывалых падзей.

Вы крывёю аплачаны

Нашых лепшых людзей.

 

Вы аплачаны дорага,

Ды затое ўвесь час

Рукі бруднага ворага

Не крануліся вас.

 

І — часамі суровыя,

Часам ветлыя — скрозь

Вы, адменныя й новыя,

Як аблокі нябёс,

 

Пралятаеце выраем

Насустрэчу вякам,

Многа радасці шчырае

Пакідаючы нам.

 

І трывогі назолыя

Нашых душ не змаглі:

Усё такжа вясёлыя

Мы ідзём па зямлі.

 

А прыляжам, канаючы,

На дарожны пясок,

Скалыхнецца, рыдаючы,

Кожны куст і лясок.

 

Шчыра выплачуць росамі

Горкі смутак і жаль.

З маладымі бярозамі

Зноў загледзяцца ўдаль.

 

Там пракладзенай сцежкаю

На прасторы вясны

З нашым гартам і ўсмешкаю

Выйдуць нашы сыны.

 

Вы ніколі не згасніце —

Ні пры нас, ні пры іх,

Дні вялікай сучаснасці,

Дні трывог баявых.

 

1940 г.

 

 

ПРЫСЯГА

Асенняй раніцою,

Па нашай звычцы свойскай,

Нас цэлай грамадою

Праводзілі у войска.

 

Рвануліся вагоны,

І сотні рук зычліва

І родны сцяг чырвоны

Махнулі нам: — Шчасліва!

 

І праз адну хвіліну

Расталі і прапалі...

А мы яшчэ гадзіну

У той бок пазіралі.

 

Нарэшце, зняўшы ранцы,

На трэцім перагоне

Чатыры навабранцы

Сабраліся ў вагоне.

 

Успомнілі, згадалі

Яны свае мясціны:

Хто палявыя далі,

Хто гоман ручаіны,

 

Хто лісцік на бярозе,

Хто воблака на ўсходзе,

Хто пыл на той дарозе,

Якою ён праходзіў.

 

І мы паабяцалі:

Не баючыся смерці,

За палявыя далі,

За родны край памерці.

 

Пад гэтыя пагудкі,

Прагнаўшы засмучэнне,

Прыехалі праз суткі

На месца прызначэння.

 

І там, пры самым выйсці

На вуліцу з вакзала,

Я ўспомніў, як калісьці

Мне маці так казала:

 

— Цаніць ты маеш права

І недруга і друга

Па іх сапраўдных справах,

Па іх жывых заслугах.

 

У форме, у падсумках

Ля палкавога сцяга

З адзінай гэтай думкай

Я падпісаў прысягу.

 

Пакляўся быць сумленным,

Харобрым скрозь і дбайным,

Дзяржаўнай і ваеннай

Не распаўсюджваць тайны.

 

Пакляўся быць навечна

Байцом краіны шчырым,

Выконваць беспярэчна

Загады камандзіраў.

 

Пакляўся авалодаць

Як след ваеннай справай,

Каб за спакой народа

Змагацца мог са славай.

 

Стрымаў я гэта слова

Ў вучобе і ў рабоце,

І на парад маёвы

Я выйду ў першай роце.

 

Калі ж напад стрывожыць

Жыццё маёй краіны —

Ад ярых куль варожых

Я марна не загіну.

 

Раней, чым вораг злосны

Праз труп мой пераступіць,

Ён крок неасцярожны

Цаной вялікай купіць.

 

Бо ўмела штык мой коле,

Удар прыклада — трапны...

На наш прастор ніколі

Не ступіць вораг сквапны!

 

І я сваю прысягу

Ніколі не парушу:

Калі і мёртвы злягу —

Прыкрыю целам сушу,

 

Залью крывёю рэкі,

Каб захлынуўся вораг,

Каб расцвіла навекі

Радзіма ў мірных зорах.

 

1940 г.

 

 

1941—1945

 

БЛАГАСЛАВЕННЕ

Суровы час. Мая Радзіма

Гарыць у полымі вайны.

З паходнай кайстрай за плячыма

На зборны пункт ідуць сыны.

 

Яны надоўга пакідаюць

Свой родны дом, свой мілы кут,

Усіх, усіх, каго кахаюць,

Усё, усё, што люба тут.

 

Употай ніцыя бярозы

І задуменныя лясы

Па іх раняюць горка слёзы

Буйнымі кроплямі расы.

 

А ім насустрач сонца ўсходзіць,

Махаюць крыллем ветракі,

І ў дальні шлях, на ратны подзвіг

Благаслаўляюць іх бацькі.

 

— Ідзі, мой сын,— гаворыць маці,

Будзь непахісным у баю

За мір і шчасце ў нашай хаце,

Спакой і маладосць тваю.

 

Цябе на гэтыя паходы

Благаслаўляю, сыне мой,

Вялікай мужнасцю народа

І шчырай любасцю сваёй.

 

Хай беражэ цябе ад кулі

І ад варожых злых штыкоў

Святое пачуццё матулі —

Мая бязмежная любоў.

 

І горда выпрастаўшы плечы,

Шляхамі цяжкімі вайны,

Баям і славе насустрэчу

Ідуць адважныя сыны.

 

1941 г.

 

 

ДЗЕНЬ ВАЙНЫ

Праз цэлы дзень гулі зеніткі.

У бомбы злітыя агні,

І зло, спрасованае ў пліткі,

Знішчаючы жыццё й набыткі,

Ляцелі з чорнай вышыні.

 

І запяліся скрозь пажары —

Гарэў завод, кнігарня, дом...

І дыму шэрыя стажары,

І пах удушлівае гары

Заслалі горад палатном.

 

І хоць адзіны светлы дом бы!

Вісіць пад небам бляхі ліст,

Руіны, прорвы, катакомбы,

І скрозь агонь, і бомбы, бомбы,

І страшны гул, і страшны свіст.

 

Нарэшце вызарыўся вечар,

І стала ціха. З блізкіх гор

Падзьмуў лясны гарачы вецер.

Унурыўшы галовы ў плечы,

Жывыя выпаўзалі з нор.

 

Збянтэжаны, але разважны

І абнадзеяны народ

Зашавяліўся, як мурашнік,

І па руінах вуліц страшных

У поле рынуўся — на ўсход.

 

Ён высыпаў на ўсе дарогі —

Жывыя тысячы людзей.

Балелі рукі, млелі ногі,

Старыя падалі ад змогі,

І чуўся плач і крык дзяцей.

 

Яны ішлі ўсё далей, далей,

А гнеў назад, на помсту зваў.

І перад імі днелі далі,

За імі вуліцы палалі —

Там родны горад дагараў.

 

1941 г.

 

 

МУЖАЙСЯ

Чорнай зграяй у небе кружаць

Над краінай маёй груганы...

Будзь адважны, мужайся, дружа,

Помні вечны закон вайны:

 

Толькі той у баях пераможа,

Зломіць люты чужынскі рух,

Хто пад націскам зграі варожай

Захавае свой цвёрды дух.

 

Добра ведаю: вельмі горка —

Пад дажджамі снарадаў і мін

Пакідаць на высокіх узгорках

Цяжка ранены родны Мінск.

 

Хто яго ў навальніцу прытуліць?

Хто прыкрые сабой ад завей

З гэтай веліччу мяккіх вуліц,

З гэтай жменькай самотных людзей?

 

Ёсць, мой друг, цесляры-мінчане:

Камень Мінска ў іх сэрцы звініць,

Сэрца кожнага каменем стане —

Легчы ў сцены яго камяніц.

 

Каб у іх не абвялі рукі,

Не размылася вапна ад слёз,—

Непатрэбна ні скарг, ні скрухі,

Ні глухіх нараканняў на лёс.

 

Толькі той у баях пераможа,

Зломіць люты чужынскі рух,

Хто пад націскам зграі варожай

Захавае свой цвёрды дух.

 

1941 г.

 

 

ГАЛАСЫ ДАРОГ

Штодзень па гэтай магістралі

Мы праязджалі ў мірны час.

У сёлах людзі нас віталі,

У лесе дрэвы зналі нас.

 

Цяпер выгнаннікам, без песні

Брыду праз вёскі, саснякі,

І ўсюды з клёкатам злавесным

У небе кружаць хіжакі.

 

Як дзікі вецер, кулямёты

Змялі з дарог людзей і пыл.

На ўзмежках, скручаныя дротам,

Гараць і курчацца слупы.

 

У каляіне злёгшы гразкай,

Уся дзіравая ад ран,

Стаіць дзіцячая каляска,

Ляжыць разбіты чамадан.

 

А воддаль на грудку высокім,

Нібы не зрокшыся жыцця,

Ляжыць пажоўклае ад спёкі

І нерухомае дзіця.

 

Падол і рукавы кашулькі

Пасек густы свінцовы град.

Чатыры хвойныя шыпулькі

Прыкрылі зрэнкі вачанят.

 

І разам з мёртвымі вачамі

Яны гукаюць у прасцяг,

І разам з іншымі шляхамі

Крычыць і Магілёўскі шлях:

 

— Адпомсці ім!

— Адпомсці! — ўторыць

Маскоўска-Мінскае шасэ.

Усе шляхі ў адно гавораць,

Дарогі ўсе і сцежкі ўсе.

 

1941 г.

 

 

МЫ ВЕРНЕМСЯ

У засціле пылу, шляхамі вайны,

Як знак набліжэння баёў,

Плятуцца пад спёкай авец табуны,

Чароды маркотных кароў.

 

Ім помняцца сочныя дома лугі

І засень кляновых прысад,

І вочы іх нема галосяць з тугі:

— Мы вернемся скора,

Мы прыйдзем назад!

 

Забіты чыгункі. Ахрыплі гудкі.

Трывожна сірэны крычаць.

І круглыя суткі не спяць цягнікі,

Начальнікі станцый не спяць.

 

Марудна паўзуць эшалоны машын,

Грукоча жалеза не ў лад,

А голас і ў стогнах, і ў скаргах — адзін:

— Мы вернемся скора,

Мы прыйдзем назад!

 

У смутку пакінуўшы бацькаўскі кут,

Ідзе на выгнанне народ:

Ад чорпай заразы, ад лютых пакут

Да сонца спяшае на ўсход.

 

Далёка ўжо родная дзесь старана,

І хаты, і поле, і сад...

Вядзе іх наперад надзея адна:

— Мы вернемся скора,

Мы прыйдзем назад!

 

Пад націскам тройчы узбольшаных сіл,

На бераг шырокай ракі

Апошнімі, мужна, між свежых магіл,

З баямі адходзяць палкі.

 

Гатовыя к смерці ў няроўным баю,

Слухмяна спаўняюць загад

І толькі маўкліва прысягу даюць:

— Мы вернемся скора,

Мы прыйдзем назад!

 

Зямля беларуская, сонечны край,

Пачуй жа наш голас любві!

У шчодрасці стомленым дужасці дай,

Знябытых ад мук ажыві.

 

Услаўшы да родных аселішчаў шлях

Касцямі варожых салдат,

Па трупах, па жылах, па гэтых касцях

Мы вернемся скора,

Мы прыйдзем назад!

 

1941 г.

 

 

УПАРТАСЦЬ

Ідуць крывавыя баі —

Па сем атак на дню.

Чацвёрты дзень мае сябры

На лініі агню.

 

Два разы танкі іх прайшлі,

Засыпалі зямлёй.

Яны ўзняліся з-пад зямлі

І рушаць зноў у бой.

 

Жалезам волі не зламаць!

Яны адступяць з агнявых,

Калі не будзе больш відаць

За трупамі жывых.

 

1941 г.

 

КАЛГАСНЫ ВАРТАЎНІК

На родным прыгуменні

Калгасны вартаўнік

Спыніўся ў задуменні

І галавой панік.

 

Удоўж знаёмай сцежкі

Ляжалі трупы ў рад,

Чарнелі галавешкі

І печы мірных хат.

 

Блукала ў небе зорка,

Адна на ўвесь прасцяг...

І дзед заплакаў горка,

Заплакаў, як дзіця.

 

Пакінь, не трэба плакаць,

А трэба злом гарэць

І помсціць ім, сабакам,

За здзекі і за смерць.

 

Пакуль старая ведзьма —

Фашысцкі капітан,

Балюе дзесьці,— едзьма

У лес да партызан.

 

За вёскай на пагоне

Сябры чакаюць нас,

І нецярпліва коні

Ірвуцца на папас.

 

Там нашы трактарысты

На ўскраіне лясной

Адбітыя ў фашыстаў

Рыхтуюць танкі ў бой.

 

Дзед горача і чула

Прыпаў дадолу ніц.

І вочы ўспалыхнулі

Агнямі бліскавіц.

 

Абвёўшы зрокам нівы,

Ён выпрастаў свой стан

І рушыўся маўкліва

У лес да партызан.

 

Ён быў суровы й грозны,

Калгасны вартаўнік,

Над ім у небе зорным

Усходзіў маладзік.

 

Таварышы з атрада,

Прыміце дзеда ў часць,

Я ведаю, спагады

Ён ворагу не дасць.

 

Ніякія цяжары

Старога не сагнуць,

І справядлівай кары

Фашыстам не мінуць.

 

1941 г.

 

 

ЖНІВО

Шырокія нашы палеткі,

Паглядзіш — адно хараство.

Ды труднае сёлета ўлетку,

Нязвыклае будзе жніво.

 

Мне помніцца, як рыхтавала

Любоўна брыгада раллю,

Як лепшыя сейбіты дбала

Пасеялі зерне ў зямлю.

 

А ў холад, пад лютым вятрыскам

Штоночы з трывогай нямой

Мы так, як бацькі над калыскай,

Стаялі над нівай сваёй.

 

Гарачаю, дружнаю працай

Расцілі мы свой ураджай.

І вось пачало налівацца

Высокае жыта, як гай.

 

За ім зашумела пшаніца,

Пайшла бушаваць ярына...

І раптам, як гром-навальніца,

Ударыла грозна вайна.

 

Здрадлівы, бязлітасны вораг

Прабраўся, як злодзей, у край

І прагне на нашых прасторах

Багаты пажаць ураджай.

 

Ад голаду спухнеш, пракляты,

Раней, чым паспееш сабраць,

Бо цвёрда наважыў араты

Ні зерняці гадам не даць.

 

Аралі і сеялі самі,

Дык самі і нівы сажнём,

Сажнём не крывымі сярпамі,

А лютым і грозным агнём.

 

А вам, ашалелым бандытам,

Ад нашай жняі і сяўца

Замест беларускага жыта

Дадзім на дарогу свінца.

 

1941 г.

 

 

ГЕРОІ

Краса маёй краіны роднай —

Свабодалюбны мой народ!

Супроць фашысцкай банды зброднай

Ты мужна рушыў у паход.

 

Да ратных подзвігаў прывычны

І загартованы ў баях,

Ты ўстаў, жывы і гераічны,

На ўсіх дарогах і шляхах.

 

Твае сыны з пагардай к смерці

Сустрэлі ворага свінцом,

Бо лепш са славаю памерці,

Як жыць у ганьбе пад ярмом.

 

І зазвінела грозна зброя

Па цёмных пушчах і лясах,

І сотні, тысячы герояў

Там нараджаюцца ў баях.

 

Ярчэюць іх штодзённа справы,

І, як магутны акіян,

Шуміць над краем гоман славы

Пра беларускіх партызан.

 

Свабодна весць у Крэмль маскоўскі

Ідзе з сяла і да сяла,

Як б’ецца з ворагам Паўлоўскі,

Як нішчыць зграю іх датла;

 

Як пад ударам Бумажкова

Дрыжаць нямецкія палкі,

Як па лясах і па дубровах

Бяруць фашыстаў у штыкі.

 

Героі мужнага парода,

Яны праслаўлены ў баях

І найвышэйшай нагародай

Цяпер увенчаны ў вяках.

 

Смялей жа ў бой услед за імі,

Сыны рабочых і сялян,

Краса і цвет маёй радзімы —

Атрады храбрых партызан!

 

1941 г.

 

 

ЗЯМЛЯ

Дол, узгоркі, лугі і ралля...

Гэта наша, таварыш, зямля!

 

Як жа можна яе не любіць?

Тут з табой пачыналі мы жыць.

 

Тут рабілі мы першы свой крок,

Тут знаёмы нам кожны куток.

 

Тут, умыўшыся белай расой,

Мы з табою хадзілі з касой.

 

Тут збіралі мы свой ураджай,

Тут спявалі нам рэкі і гай.

 

Тут, на гэтай чароўнай зямлі,

Нашы думы і годы прайшлі.

 

Хіба ж можам яе мы аддаць

Чорнай бандзе дзяліць і таптаць?

 

Мы напоўнім прасторы крывёй,

Мы патопім бандытаў у ёй.

 

А свабодную нашу зямлю —

Дол, узгоркі, лугі і раллю —

 

Зберажом ад чужынцаў ліхіх

Для сябе і патомкаў сваіх,

 

Так, як нам зберагалі бацькі

Праз суровыя годы-вякі.

 

1942 г.

 

 

ХМАРА

Ёсць на Беларусі,

За ракой Бярозай,

Ціхая хаціна

З вокнамі у сад.

 

Там маё прыстанішча.

Залатыя росы

Ападаюць з яблыні,

Быццам вадаспад.

 

Некаму сабраць іх:

Зараслі крыніцы;

Некаму іх выпіць:

Людзям досыць слёз;

Некаму і высушыць:

На галінах ніцых

Сонца не развесіла

Прамяністых кос.

 

Надышла хмурынка,

Пазбірала росы,

Стала цёмнай хмарай,

Рушылася ў свет:

За былою доляю,

За мінулым лёсам,

За калішняй радасцю

І за намі ўслед.

 

Дзесьці за Валдаем

Нас яна дагнала

І пайшла над намі,

Хілячы лясы,

Бліснула маланкамі,

На палеткі ўпала

Залатымі кроплямі

Роднае расы.

 

Грукнула мне ў сэрца,

Як у тыя шыбы

Ціхае хаціны

З вокнамі у сад:

— Дзе ж тваё прыстанішча

Дзе твая сяліба?

Што ж ты не вяртаешся

Цэлы год назад?

 

1942 г.

 

 

СЛОВА ПРЫСЯГІ

Светлыя вобразы роднай краіны,

Горкая мука і радасць мая!

Сіняе неба і вочы дзяўчыны,

Гоманы нівы і спеў салаўя...

 

Я не пазбудуся вас і па смерці

Кожная рыска на сэрцы ляжыць.

Лёсам мне суджана з вамі памерці,

Нельга без вас сіратою мне жыць.

 

Ліст, ападаючы, шасне над вухам —

Мне ў гэтым шэлесце родным чуваць:

Бурай вайны разгайданыя, глуха

Пушчы маёй Белавежы шумяць.

 

Дождж за акном паліецца, як слёзы,—

Я ў гэтых кроплях асенняй тугі

Чую, як плешчуцца хвалі Бярозы,

Чую, як Нарач ірве берагі.

 

Пазарасталі дзядоўнікам сцежкі

Сёлетнім летам да нашых азёр,

Трупамі накрыж ляглі галавешкі,

Прывіды шыбеніц сталі ў дазор.

 

Ты ці не ты гэта, наша краіна?!

Перад расхлістаным ветрам акном

На пажарышчы адна арабіна

Яркім, святочным палае агнём.

 

Глянь на яе і чырвоныя сцягі

Хоць на хвіліну ізноў прыгадай,

Словы успомні свяшчэннай прысягі:

Жыць і памерці — за родны свой край!

 

1942 г.

 

 

ГОРАДУ НА ДЗВІНЕ

Устаўшы смела, без апаскі

На стромкіх берагах Дзвіны,

Ты баяў нам легенды-казкі,

Ты навяваў нам мары-сны.

 

І перад намі паўставалі

Сівыя, даўнія вякі,

Калі жылі і ваявалі

Не мы, а нашы землякі.

 

І я ўзыходзіў на званіцы,

Хадзіў па Замкавай гары

І аглядаў твае байніцы

І старадаўнія муры.

 

Як гэта ўсё цяпер далёка!

Тым болей прагна кліча кроў:

Упэўненым, шырокім крокам

Прайсціся каля тых муроў;

 

Прыпасці вуснамі і піць бы,

Пакуль дазволяць берагі,

Блакітныя струмені Віцьбы

З адценнем чорным ад тугі.

 

А потым, выпрастаўшы плечы,

Глядзець на зыбістае шкло,

Успомніць нашыя сустрэчы

І ўсё, што некалі было:

 

Як раніцой спяваў рубанак,

Як заліваліся гудкі,

Спакойны гоман віцяблянак

І неспакойны шум ракі.

 

Ды пуста скрозь. І вецер свішча,

І ў небе стынуць каміны,

І на шырокіх папялішчах

Начуюць совы й груганы.

 

Пустыя, выбітыя вокны

Палошчуць спорныя дажджы.

Ты, як жабрак, стаіш і мокнеш

У чорным латаным плашчы.

 

І твой яшчэ гарачы попел

Нясуць вятры ва ўсе канцы,

І фрау тоўстая з пантопель

Яго страсае на пляцы.

 

Але пад нашымі рукамі

З’явіўшыся на гэты свет,

Прыступка кожная і камень

Хаваюць наш гарачы след.

 

І мы цябе не кінем, горад:

У славе нашых перамог

Мы станем, ціхія ад гора,

На абгарэлы твой парог.

 

Як некалі ты ўзняўся з казкі,

Так после ўзнімешся з руін

І смела будзеш, без апаскі,

Глядзець ізноў удалячынь.

 

1942 г.

 

НЕ СПІЦЕ

На полі — ноч. На сэрцы — ноч.

Ноч над усім забраным краем.

І людзі падаюць насторч,

І дрэвы стогнуць: — Паміраем!

 

Знясілеўшы ад цяжкіх дум,

Ад слёз, што ўпотай праліваеш,

Кароткім сном пад гэты шум

Ты кожнай ночы засынаеш.

 

І покуль ты трывожна спіш,

Крывавай здрадніцкаю лапай

Тваё імя ў смяротны спіс

Заносяць вылюдкі з гестапа.

 

Яны з цябе не зводзяць воч,

І ноч, страшнейшую за гэту,—

Варфаламееўскую ноч

Табе рыхтуюць людаеды.

 

Цяжкую, жудасную смерць

Яны нясуць твайму дзіцяці.

Няўжо ж вы будзеце цярпець?

Устань, мой брат! Прачніся, маці!

 

Бяжыце ў пушчы, у атрад,

Туды, дзе нашы абаронцы,

Далей ад чорных, брудных здрад,

Бліжэй да волі і да сонца.

 

1942 г.

 

 

ДРУГУ Ў НЯВОЛІ

Штоноч, успёршыся на локаць,

Забыўшыся ў кароткім сне,

Я чую голас твой здалёку —

Ты ціха плачаш аба мне.

 

І после скрозь — і на паходзе,

І на спачынку, і ў баю —

Я ўпотай думаю, як злодзей,

Пра муку страшную тваю.

 

Не дай жа сілы паняверцы,

Аберагайся горкіх дум:

У набалелым моцна сэрцы

Пасее вораг чорны тлум.

 

Ён адбярэ жывое слова,

Што вырасла ў тваёй крыві,

І скажа грозна і сурова:

— Працуй маўкліва і жыві!

 

І пойдуць леты, пойдуць зімы

У змроку рабскай цемнаты,

Ні песень нашае радзімы,

Ні казак не пачуеш ты.

 

Няма на свеце большай здрады,

Як здрада роднай старане.

Адно нягодніка і гада

Такая доля не кране.

 

Ну, што ж, няхай на лёгкай службе

Цалуе рукі ён панам,

А ты будзь вернай нашай дружбе,

Надзеям радасным і снам.

 

Не за гарамі наша шчасце:

Я зноў ступлю на твой парог,

Каб да грудзей тваіх прыпасці

І ўсё аддаць, што я збярог.

 

1942 г.

 

 

ВІНТОЎКА

Зняважаны, стаптаны,

Пад ботам чорных зграй,

Да ніткі зрабаваны

Ляжыць наш вольны край.

 

Тудою, па гасцінцы,

Дзе высяцца бары,

Ідуць гурбой чужынцы,

Нібы гаспадары.

 

Твае ж малыя дзеці,

І сёстры і браты

Развеяны па свеце,

Як жоўтыя лісты.

 

Адна ў цябе сяброўка

І друг табе адзін —

Халодная вінтоўка,

Надзейны карабін.

 

Вазьмі яго і дбайна,

Як будзе цішыня,

Схавай у месцы тайным

Да заўтрашняга дня.

 

У гэты дзень расплаты

Ты будзеш не адзін —

З табой, як з родным братам,

Падружыць карабін.

 

І, выпрастаўшы плечы,

З намерам баявым

Ты выйдзеш на сустрэчу

Крыўдзіцелям тваім.

 

Адпомсціш ім за сына,

За здзекі, за прымус,

За родную краіну,

За нашу Беларусь.

 

1942 г.

 

 

ПЕРШАМАЙСКІ САЛЮТ

І ў мяне на радзіме сягоння вясна:

Па-вясноваму вецер шуміць баравы,

Дрэмле, грэючы рукі, старая сасна,

На азёры з-за мора лятуць журавы.

 

Дакраніся да дрэва, зрабі толькі знак —

Шчодра рыне густы, узбунтованы сок.

Толькі некаму будзе падставіць латак,

І гарачыя кроплі ўпадуць на пясок.

 

Я адчуў па адной толькі з гэтых драбніц,

Як сумуюць па нас і палеткі і гай,

Як галосяць употай струмені крыніц.

Як маркотна сустрэнуць сяголета май.

 

На світанні, па звычаю гэтага дня,

У акно асцярожна пастукае клён.

Не адкажа нічога яму цішыня,

І ніхто не пачуе знаёмых імён.

 

Што ж, мужайся, сяброўка, жыві і трывай,

Хай не цешыцца вораг, пачуўшы твой плач.

Прыгадай нашу дружбу, усё прыгадай

І чым-небудзь па-даўняму свята адзнач.

 

А пачуўшы, як гул патрасае зямлю,

Узнімі, абнадзей заняволены люд,—

Гэта я прывітанне табе перашлю,

Гэта вам будзе наш першамайскі салют.

 

1942 г.

 

 

АБ ЧЫМ СПЯВАЮЦЬ САЛАЎІ?

Аб чым спяваюць салаўі?

Я часта думаю над гэтым,

Калі вясёлыя гаі

І горкі смутак дум маіх

Птушыным шчэбетам сагрэты.

 

І сніцца мне

мой родны край,

Мая далёкая радзіма,

Кляновы ліст, дубовы гай

І ружаваты небакрай,

Засланы злёгку белым дымам.

 

З руін на момант уваскрос

І шэлест лісця асцярожны,

І на шляху даўгі абоз,

І ў ценю ветлівых бяроз

З кійком і кайстрай падарожны.

 

Малюнкі бацькаўскай зямлі!

Нічым вас з памяці не сцерці.

Мы змалку там з табой жылі

І ўсё да радасці ішлі,

А набліжаліся да смерці.

 

І ўсё, ад кветак на лугу

Да рыжай палявой пясчынкі,

Я дбайна ў сэрцы берагу

І толькі ўспомніць не магу

Усмешку роднае дзяўчынкі.

 

Ад той усмешкі дарагой

Ёсць штосьці ў песнях салаўіных

Пявучасць хвоі маладой,

І звон крыніцы пад гарой,

І смутны гоман арабіны.

 

І мне ўжо мроіцца парой,

Як ік }мы, пазбыўшыся напасці,

Ізноў сустрэнемся з табой

І пойдзем роўнаю хадой

Не да магілы, а да шчасця.

 

Ці ж не аб гэтым у гаі,

Ледзь толькі неба пацямнее,

Пяюць штоночы салаўі

І горкі смутак дум маіх

Вяселяць добраю надзеяй.

 

1942 г.

 

 

ПАСЫЛКА

Ноч. Халодная зямлянка.

Перастрэлка. Цішыня.

Неба, чыстае, як шклянка.

Тупат быстрага каня.

 

Мы пазналі без памылкі,

Што пад сховай цемнаты

Нам даставілі пасылкі,

Тэлеграмы і лісты.

 

Хто ад маткі, хто ад жонкі —

Кожны вестку атрымаў,

Толькі мне з маёй старонкі

Ні пасылкі, ні пісьма.

 

Не заныю, не заплачу,

Я да ласкі не прывык...

Да мяне раптоўна, бачу,

Падыходзіць паштавік.

 

Ён вымае мне са скрынкі

Шоўкам вышыты кісет,

Дзве квадратныя хусцінкі

І малюсенькі пакет.

 

Незнаёмаю рукою

Там напісана ўгары:

«Беларускаму герою

Ад сяброўкі і сястры.

 

Вышываны там, дзе горы

На святой зямлі грузін,

Каб ты ведаў, што і ўгоры

Ты на свеце не адзін».

 

Я прыняў дарунак мілы

Перад боем уначы

І да самае магілы

Буду шчыра берагчы.

 

Не пасылка дарагая,

А братэрская любоў,

Наша дружба векавая,

Дружба верная сяброў.

 

1942 г.

 

 

ВЯЧЭРНІЯ ДУМЫ

Байцы вярнуліся з перадавых.

Атросшы з гімнасцёрак шэры пыл,

Умыўшыся сцюдзёнаю вадой,

Старэйшыя ляглі адпачываць,

А маладыя выйшлі на гулянку.

Мы самі некалі з табой любілі

Пажартаваць з вясковаю красуняй,

Сказаць ёй некалькі ласкавых слоў,

Якім яна ніколі не паверыць,

А слухаць будзе усё ж такі з увагай.

Ды ўсё мінаецца на гэтым свеце,—

На захадзе яшчэ палае неба,

А над сялом ужо кладзецца змрок.

Вось так з гадамі лёгка і нячутна

На нашы скроні ляжа сівізна.

Мы нават не заўважылі з табою,

Як прамінула наша маладосць

І мы ўступілі ў сталыя гады:

Спаць звечара — мы трохі маладыя,

А для гулянак — лішне пастарэлі.

Але аб гэтым сумаваць не трэба.

Давай закурым, пасядзім пад ліпай,

Прасочым тую ціхую заранку,

Што раніцой ідзе на Беларусь.

Успомнім... Ведаеш, аб чым успомнім?

Пад Мінскам летась я пакінуў маці,

У Полацку ў цябе застаўся сын,

А ў гэтае жанчыны, што сумуе,

У Чэрвені маленькая дачка,

Якую людзі называлі Славай.

Як многа сірат засталося там!

Мы ўсіх успомнілі: і пастухоў,

І тых, што спяць пад небам у калысках;

Старэйшым пажадалі добрай ночы,

А меншым ціха спелі калыханку.

Яшчэ мы прыгадалі партызан,

Што берагуць маркотны сон дзяцей

І грэюць іх сваёй суровай ласкай.

І між імён, праслаўленых навек,

Былі імёны блізкіх і знаёмых.

І гэтак лёгка стала ў нас на сэрцы,

Што мы пачулі голас цішыні:

На дрэве калыхаўся жоўты ліст,

Шумела воблака над галавой

І падалі з вядра ля студні кроплі...

 

1942 г.

 

З НОВЫМ ГОДАМ

З Новым годам, край мой родны,

З Новым годам, люд гаротны,

З Новым годам, партызаны,

Мілы друг і брат каханы,

З Новым годам, з Новым годам,

З Новым годам і паходам,

З баявою шлях-дарогай,

З недалёкай перамогай!

 

Хай мацнеюць нашы сілы,

Хай гусцеюць іх магілы,

Іх — разбойнікаў і катаў,

Нашых ворагаў заклятых;

Хай у чыстым роўным полі,

На разлогах, на прыволлі

Беласнежная завея

Трупы чорныя завее.

 

З новым годам на радзіме

Мой народ вышэй уздыме

Сцяг вялікага змагання,

Як адзін на помсту ўстане,

На расправу з дзікім збродам;

І навекі з новым годам

Край мой любы, край мой родны

Стане вольным і свабодным.

 

1942 г.

 

 

РАЙКОМ

Я помню ў Мінску строгі дом,

Мурованы з камення.

Там быў калісьці наш райком —

Мой гонар і сумленне.

 

Ці радасць білася ў грудзях,

Ці смутак віўся горкі,

Я да райкома ведаў шлях:

Уніз з высокай горкі.

 

Бывала, з чым бы ні прыйшоў,

Уважліва і ветла

З табой пагутараць, і зноў

На сэрцы стане светла.

 

Каб не схлусіць, было і так:

Сустрэлі раз сурова,

Абмеркавалі так і сяк

І вынеслі вымову.

 

Разбурыў вораг светлы дом,

Мурованы з камення,

Але працуе наш райком —

Мой гонар і сумленне.

 

Ён там — у пушчах і лясах,

Паблізу ад палянкі,

І людзі добра знаюць шлях

Да патайной зямлянкі.

 

Яна, нібы даўнейшы дом,

У сцюжы, у завеі

І грэе іх сваім цяплом,

І жывіць іх надзеі.

 

О, калі б мне туды ізноў —

У свой райком папасці,

Я пагадзіўся б пяць вымоў

Цярпець за гэта шчасце!

 

1943 г.

 

 

РОДНЫ ХЛЕБ

Гарыць агонь. Каля зямлянкі

Аб доме тужаць землякі,

А маладыя партызанкі

Пякуць і сушаць праснакі.

 

Навечна будзь благаславёны,

Запрацаваны ў поце хлеб,

Не квашаны і не салёны.

Для важных спечаны патрэб!

 

Ад пагарэлага парогу,

Як нашай скаргі пасланец,

З табой на досвітку ў дарогу

З атрада выедзе хлапец.

 

Пасля пяшком з-пад самай Гродні

Ісці ён будзе да Масквы,

Не раз затоміцца, галодны,

І прыйдзе, можа, ледзь жывы.

 

Але з апошняе скарынкі,

Што ў кайстры змуліцца на дне,

Ён не адломіць ні крупінкі

І да сустрэчы не кране.

 

І толькі выйшаўшы з няволі,

З сябрамі сеўшы за сталом,

Успомніць хлеб, што на вуголлі

Пячэцца з кмінам і дымком.

 

І так, як след па-беларуску

Прынесці ў хату лепшы дар,—

Ён выме з кайстры на закуску

Скарынку чэрствую — сухар.

 

Разломіць ён яе як трэба

І скажа: «Покуль не пілі,

Закусім, хлопцы, родным хлебам

З далёкай бацькаўскай зямлі».

 

І — божа мой! — якім духмяным

Павее водарам яна!

Адразу кожны стане п’яны,

Але не з горкага віна.

 

Ён будзе п’яны з успамінаў

Аб нашай роднай старане

Аб той калысцы і краіне,

Дзе маці песціла мяне,

 

Дзе кожны вечар ля зямлянкі

Сумуюць нашы землякі,

Дзе маладыя партызанкі

Пякуць і сушаць праснакі.

 

1943 г.

 

 

ДЗЯЎЧЫНЕ З КЛІМАВІЧ

Незнаёмая дзяўчына з Клімавіч,

Добры веснік радасных надзей!

Як імя тваё найлепей вымавіць,

Каб яно гучала ласкавей?

 

Што ты глянула з такой апаскаю?

А ці ведаеш, чаму я рад

Самай цёплай, самай шчырай ласкаю

Ахінуць цябе, як родны брат?

 

Ты прыйшла, маўклівая пакутніца,

З той зямлі, з якой у горкі час

Злая доля — чорная разлучніца —

Разлучыла, раз’яднала нас.

 

Ты хадзіла палявымі ўзгоркамі,

Дзе шумела наша маладосць,

На твае далоні адвячоркамі

Церусіўся магілёўскі дождж.

 

На цябе з Вялікае Мядзведзіцы

Гром заранкі нашыя атрос,

І таму вось кожны не нагледзіцца,

Хто над тымі зорамі узрос.

 

Ты зірнеш, вясёлая й харошая,

Сінімі вачамі, як блакіт,—

Мне здаецца: на палях пад Оршаю

Зацвітаюць летам васількі.

 

А нахмурыш цёмна бровы грозныя —

Мне тады не цяжка адгадаць,

Як у ночы лютыя, марозныя

Каля Шклова шаблямі звіняць.

 

І я ведаю і цвёрда верую,

Што народ мой выйдзе з нематы.

Апранутая ў ватоўку шэрую,

Гэту веру мне прынесла ты.

 

Вось чаму імя тваё мне дорага,

Адназемка добрая мая.

Ды каб часам не пачулі ворагі,

Я не выкажу твайго імя.

 

Толькі блізкім самым ціхім гоманам

Намякну, што дзесьці трошкі ў бок

Ад Баранавіч, ад Слоніма, ад Нёмана

Гэта імя носіць гарадок.

 

Як жа мне яго найлепей вымавіць,

Каб яно гучала ласкавей,

Незнаёмая дзяўчына з Клімавіч,

Добры веснік радасных надзей?

 

1943 г.

 

 

НАКАЗ

Зямляк мой шчыры,

мой таварыш!

На ратны подзвіг ідучы,

Пад бляскам

жудасных пажарышч

На варце стоячы ўначы,

 

На адпачынку перад боем

Успамінаючы свой край,

Сваё юнацтва залатое,

Ніколі, друг,

не забывай:

 

Пад небам бацькаўшчыны нашай.

Шляхамі чорнымі вайны,

У світках,

тканых зрэбнай пражай,

Закутых моцна ў кайданы —

 

Ад роднай хаты і крыніцы,

Ад роднай пушчы і азёр

Вядуць

у рабства чужаніцы

Тваіх замучаных сясцёр.

 

Спяшай да родных! Помні тое,

Што больш нікога ў іх няма.

Вярні жыццё ім маладое,

Ратуй з фашысцкага ярма!

 

1943 г.

 

 

ГАЙ

Зламаўшы к вечару варожы

Умацаваны левы край,

Мы выйшлі з вёскі і на Сожы

Убачылі дубовы гай.

 

Ён пачарнеў увесь ад дыму,

І многія яго камлі,

Нібы салдаты за радзіму,

На полі бою паляглі.

 

Але і ў горы быў ён светлы,

І хоць ні гром, ні пыл не знік,

Над ім сінела неба ветла

І ўсходзіў ясны маладзік.

 

І ў гэтым казачна-праменным

Святле прастораў залатых

Гай зіхацеў усім адценнем

Асенніх колераў сваіх.

 

Ён з вышыні празрыста-сіняй

Пад ногі сыпаў нам лісты

На цёмны дол, дзе першы іней

Крануў расліны і кусты.

 

Мы прыпыніліся ў задуме,

А гай шумеў усё, шумеў...

І ў неспакойным гэтым шуме

Яшчэ раз кожны зразумеў,

 

Што не з марозу пабялела

На ўзлессі чорная ралля,

Яна ад гора пасівела,

Ад мукі высахла зямля.

 

Але душа ўсё такжа рвецца,

І ўсімі фарбамі, як гай,

Трымціць маё жывое сэрца,

Цябе пачуўшы, родны край.

 

Там нас у кожным, кожным доме

Чакае любая сям’я...

Наперад, хлопцы, блізка Гомель —

Радзіма добрая мая!

 

1943 г.

 

 

БЕЛАРУСІ

Мая старонка-паланянка!

Я сніў цябе штоночы ў снах,

Як светлы прывід, кожным ранкам

Стаяла ты ў маіх вачах.

 

Цяпер ты ўстала яснай явай,

Такой, якую я люблю:

Байцы, абвеяныя славай,

Ступілі на тваю зямлю.

 

За нас усіх падзякі словы

Скажы заступнікам тваім,

Асеннім золатам дубровы

Азалаці дарогі ім.

 

Прытулак дай пад родным небам,

Ад зла лясамі ахіні,

І пачастуй іх нашым хлебам,

І ласкай сэрцы іх крані.

 

Напой крынічнаю вадою,

Прыкрый ад холаду ў палях

І добрай матчынай рукою

Благаславі на трудны шлях.

 

Падбай аб кожным, як аб сыне,

Хай добра ведае герой:

Хто за цябе ў баях загіне,

Век будзе ў памяці тваёй.

 

1943 г.

 

 

РОЗДУМ ПАД НОВЫ ГОД

Мінуў яшчэ адзін суровы год,

Яшчэ гусцей укрылі твар маршчыны —

Сляды выпрабаванняў і нягод

Маіх уласных і маёй краіны.

Дзень навагодні! Толькі ты, як цень,

Мінеш без следу, адляціш у вырай.

А дома некалі ж у гэты дзень

Мяне віталі горача і шчыра.

Бяссмертнай бацькаўшчыны светлы дом!

Я да цябе навек цяпер вярнуўся,

Але адзін яшчэ я за сталом,

Засланым беленым тваім абрусам.

Дзе ж вы, мае вясёлыя сябры?

Як многа вас загінула дачасна

На Прыпяці, на Сожы, на Дняпры,

На плошчах гарадскіх і на калгасных

Шырокіх нівах. Памяці аб вас

З душы маёй ні выпаліць, ні сцерці.

Вы храбра біліся, і вы між нас

Былі ў жыцці і засталіся ў смерці.

Вінтоўкі ўзяўшы з вашых цёплых рук,

На змену вам жывыя мужна ўсталі

І выйшлі ў бой. Зарос травою брук

Той вуліцы, з якой іх выпраўлялі

На подзвіг і на славу. З іх адны

Таксама мо не вернуцца ніколі;

Другія прыйдуць з полымя вайны

Пад сцягам перамог і шчаснай долі;

А трэція... Між іх і ты, мой друг,

Што на чужыне сёння паланянкай...

Калі ж мы зноў збяромся ў цесны круг,

Як раніцой збіраюцца заранкі?

Не за гарамі гэты дзень, сябры,

Ён набліжаецца ў праменнях перамогі

І не міне без следу: рана на зары

Мы вернемся на родныя парогі.

Мы ўсе збяромся там у пэўны час —

Гаспадары, вандроўнікі і госці,

І толькі, мусіць, між вясёлых нас

Не будзе з намі нашай маладосці.

Не трэба наракаць. Яе красой

Мы будучыню нашу здабывалі,

І мы за дзень сівелі й паміралі

Не марна: у шчаслівых нашых дзецях

Ёсць наша юнасць і на гэтым свеце.

 

1943 г.

 

 

СМЕРЦЬ САЛДАТА

На ратным полі паміраў салдат.

Ён мужна біўся да апошняй кулі,

Ужо сябры яго навек заснулі,

І поруч з імі злёг і ён у рад.

 

Але не марна ён аддаў сваё жыццё:

Прастрэліўшы дзесяткі чорных касак,

Ён выканаў сумленна абавязак

І адыходзіў ціха ў небыццё.

 

І толькі прагна аднаго хацеў:

Апошні раз убачыць луг зялёны,

Узяць травінку кволую ў далоні,

Паслухаць зважны гоман родных дрэў.

 

Ды пуста навакол было зусім —

Трава счарнела, хвоі пагарэлі,

Пластом ляжалі скошаныя елі,

І па зямлі качаўся горкі дым.

 

Як даўнія асілкі-змагары,

Ўжо на парозе цёмнае магілы

Салдат сабраў астаткі сілы

І павярнуўся тварам дагары.

 

Над галавой цямнеў густы блакіт.

Дзень пагасаў, і сонца памірала,

За край зямлі павольна адплывала,

Нібы плыло пад цень магільных пліт.

 

Але яго бяссмертнае святло

Паружавіла белыя аблокі,

Пазалаціла небакрай далёкі

І кожную пясчынку і сцябло.

 

Нарэшце сонца ўжо зайшло на чвэрць.

Салдат глядзеў шырокімі вачыма:

«Якое хараство ў цябе, радзіма,

Калі так пышна ўбрала нават смерць!

 

Я не вярнуся больш да родных хат,

Але жыццё ніколі там не згасне.

Красуйся ж вечна, мілы край мой, шчасна!»

Так, паміраючы, казаў салдат.

 

Мы ўсе памалу прыйдзем к небыццю.

Судзі мне, доля, мужнаму памерці

І праспяваць перад вачамі смерці

Апошняй песняю хвалу жыццю!

 

1944 г.

 

 

ВЕРШ ПРА МЕДАЛЬ

Аб нашых смелых справах,

Таварыш партызан,

Ідзе над светам слава

За мора-акіян.

 

І хоць мы тоім самі,

Ды што там ні кажы,

Прыемна, што вякамі

Наш подзвіг будзе жыць.

 

Здабудзем перамогу

І прыйдзем, ты і я,

Да роднага парогу,

Дзе нашая сям’я.

 

І ўсе адразу ўцямяць:

Былі хлапцы ў баях —

У кожнага, як памяць,

Медалі на грудзях.

 

Не будзе нават п’яны

Пытацца: — Хто яны? —

Відаць, што партызаны

Айчыннае вайны.

 

Прыемна будзе выйсці

З суседам пакурыць,

Аб зробленым калісьці

З людзьмі пагаварыць.

 

Старэйшага з пашанай

Абступіць гурт дзяцей,

Малодшаму каханка

Ўсміхнецца ласкавей.

 

Раскажа ўсім падружкам

Пра светлы, як паркаль,

З муаравай істужкай

Сярэбраны медаль.

 

Раскажа, як аддана

Мы пралівалі кроў,

Як нішчылі старанна

Фашысцкіх лютых псоў.

 

Мацней жа бі, таварыш,

Знішчай паганы дух!

А тых, якіх не зваліш,

Павалім, брат, удвух.

 

Павалім і засыплем

Халоднаю зямлёй,

Каб гаварылі сціпла

Сябры пра нас з табой:

 

Яны краіне славу

Кавалі так, як сталь,

І ў кожнага па праву

Сярэбраны медаль.

 

1944 г.

 

 

ПІСЬМО З НЯВОЛІ

Яно прыйшло з далёкай вёскі,

Дзе каля хаты, пры акне

Раслі, як сёстры, дзве бярозкі

І ўдзвюх памерлі без мяне.

 

Яго пісала Маці тая,

Каторай слову кожны рад;

Яго разведчыца малая

Прынесла ў кошыку ў атрад.

 

Яго па лесе і балоце

Насілі, можа, два гады

І на крылатым самалёце

Вясной адправілі сюды.

 

Яно без штампаў і пячатак;

Яго даставіў мне баец;

І невыразны ў ім пачатак

І нечытабельны канец.

 

Але і так пазнае ўсякі,

Што нам хацелі расказаць:

На ім, як гербавыя знакі,

Буйная горкая сляза.

 

1944 г.

 

 

ПРА КНІГІ

Мне гаварылі: ты ў няволі

Так страшна тужыш аба мне,

Як не тужыў ніхто ніколі

Ў вясёлай нашай старане.

 

І ты чытаеш часта вершы,

Калісь напісаныя мной...

Я не апошні і не першы

Быў зачарованы вясной.

 

Яна мне тэмы вызначала,

Памеры значыла радкоў.

І мне здаецца — там нямала

Вясёлых дум і добрых слоў.

 

Чаго ж, схіліўшыся начамі

Над сціплым зборнікам маім,

Ты плачаш горкімі слязамі? —

Няўжо ты плачаш аб былым?

 

Я там пісаў пра снег, адлігу,

Пра ўсё, што больш не напішу,

А што ж, калі б цяпер, як кнігу,

Раскрыла ты маю душу?

 

У ёй запісана ў паходах

Крывёй дасведчання майго

І гора нашага парода,

І веліч мужнасці яго.

 

1944 г.

 

 

СНЫ ХЛАПЧУКА

На нейкай станцыі ў зале

Мы ўсе чакалі цягніка,

І ці сядзелі, ці ляжалі,

Адно чамусь для хлапчука

Мясціны здатнай не знайшлося.

Як нізкарослы васілёк

Сярод высокага калосся,

Ён загубіўся. Я І }здалёк

Яго паклікаў. Ён павольна

Прабраўся моўчкі да мяне.

Мы адшукалі лапік вольны

І ўдвух прыселі пры сцяне.

Пагаварылі. А праз момант

Ён спаў дзіцячым моцным сном

І сніў, што там, за фронтам, дома,

Ёсць і ў яго бацькоўскі дом;

Мінаюць зімы, вёсны, леты...

 

Шануй жа сны свае, дзіця:

Я сню таксама часта гэты

Малюнак мірнага жыцця!

 

1944 г.

 

 

ЖЫВОЕ СЛОВА

Варожыя бомбы насторч

Лажыліся шчыльна радамі.

Над намі стамілася ноч,

Пяскі галасілі пад намі.

 

Нарэшце зайшлася зямля,

У полымі неба сканала,

І стала маўкліва. Тады спакваля

Хтось вымавіў словы Купалы:

 

— А ты, сіраціна, жыві,

Як ветрам лісток адарваны!..

І слова упала на жвір,

Свінцовым дажджом спаласканы.

 

І гэтага слова цяпло

Прабілася ў глебу праз камень,

У сэрцы людскім прарасло

Жывымі, як твары, расткамі.

 

І ўжо аксамітная рунь

На чорных палях красавала,

І поруч была Беларусь,

Апетая Янкам Купалам.

 

І ярасна біўся ў крыві

Той покліч жыцця нестрыманы:

— А ты, сіраціна, жыві,

Ты прыйдзеш да волі жаданай.

 

1944 г.

 

 

НАША СЛАВА

Калі сэрца балюча затужыць,

Што надзеі цябе падвялі,

Прыгадай непакорных і дужых

Мужных волатаў нашай зямлі.

 

Прыгадай іх усіх — з Магілёва,

З Навагрудка, Дняпра і Дзвіны...

Прыгадай пастуха Смалячкова —

Радавога Айчыннай вайны.

 

Пад яго зачарованай куляй

На пясках узбярэжных у рад

Як упала, ды так і заснула

Больш за сотню варожых салдат.

 

Хай жа згіне тваё засмучэнне,

Цвёрды будзь у цяжкой барацьбе!

Твой адважны зямляк Палаўчэня

Падтрымае заўсёды цябе.

 

Рынься ў бітву, як лётчык Гастэла,

Каб гарачае сэрца з табой

I ў жыцці, і ўміраючы пела

Перамогу над лютай ардой.

 

Знай, што добрае імя салдата

Не памеркне на цягу вякоў.

Так жыве легендарны Даватар

У грудзях беззаветных байцоў.

 

Чуеш тупат узмыленых коней?

Як суладна спяваюць клінкі!

Быццам сам ён за фронт у пагоню

Вывеў конныя нашы палкі.

 

К ім з лясоў старадаўнекрывіцкіх,

Праз блакітны, як неба, туман

Узнімаецца Міша Сільніцкі —

Неўміручы герой-партызан.

 

А між самых славутых імёнаў,

Што грымяць па дрымотных лясах,

Устае непакорны Заслонаў —

Нашай сонечнай славы краса.

 

І як сэрца часамі затужыць,

Што надзеі цябе падвялі,

Прыгадай непакорных і дужых

Змагароў беларускай зямлі.

 

Не пакорыцца паша радзіма,

Дзе адзінаю дружнай сям’ёй

І жывыя, і мёртвага імя

Супраць ворага ўсталі на бой!

 

1944 г.

 

 

ЧЫРВОНАЙ АРМІІ

Змучаны смуткам па роднай хаціне,

Вестак чакаючы з мілых мясцін,

Горкімі днямі, як радасць пакіне

І застануся з тугой на адзін,—

 

Думкай трывожнай і сэрцам збалелым

Зноў у цябе я шукаю надзей,

Армія волатаў, армія смелых,

Армія мужных савецкіх людзей.

 

Подзвігаў ратных гартаючы кнігу,

Прагна чытаю пра ўсё, што было;

Смутак знікае, і ў сэрцы паціху

Цепліцца новае веры цяпло.

 

Узгадаваная партыі воляй,

Загартаваная ў грозных баях,

Ты не пакінеш мой край у няволі,

Над занядбаным узнімеш свой сцяг.

 

Веру, што радасць мая недалёка,

Марна трывожныя думкі ўсплылі:

Ты ўжо ступаеш вялікасным крокам

Па беларускай свяшчэннай зямлі.

 

І не загіне на свеце ніколі

Воля і шчасце бацькоў і сыноў,—

Біцца за праўду на ратнае поле

Выйдзе Чырвоная Армія зноў.

 

1944 г.

 

 

ВЯСНА

Чулі добрыя навіны?

Кажуць, ёсць паведамленне,

Што вясна маёй краіны

Перайшла да наступлення.

 

Зрыхтаваўшыся на славу,

Сонца выслаўшы ў разведку,

Захапіла пераправу

І чыгуначную ветку.

 

І пасля, як пішуць зводкі,

Змыўшы рвы і агарожы,

Бурным націскам паводкі

Па тылах прайшла варожых.

 

Днём сарвала насціл з моста,

Шлях нашчэнт размыла ранкам,

Разышлася так, што проста,—

Не вясна, а партызанка.

 

Вось ідзе яна лясамі,

Скрозь кладзе сваю адзнаку

І з чырвонымі байцамі

Дружна рушыць у атаку.

 

Не праспі ж яе, суседзе!

Гаварыла мне вяснянка,

Што вясна з байцамі едзе

На машынах і на танках.

 

Рух імклівы іх і спорны.

Стань жа, выпрастаўшы плечы,

Раздзьмухай у кузнях горны,

Будзь гатовы да сустрэчы!

 

Загартоўвай цвёрда зброю,

А не мірныя нарогі,

Выйдзі з першаю зарою

На зарослыя аблогі.

 

Уздымай іх не сахою,

А гарматнымі плугамі,

Засявай не збажыною,

А варожымі касцямі.

 

Свой палетак палыновы

Палівай ты не вадою,

А густым дажджом свінцовым

І варожаю крывёю.

 

Будзеш рупіцца, араты,—

Атрымаеш нагароду:

Ураджай сажнеш багаты —

Вызваленне і свабоду.

 

Не праспі ж вясны, суседзе,

Бо яна — нібы маланка,

Не пяшком ідзе, а едзе

На машынах і на танках.

 

1944 г.

 

 

ВЫЗВАЛЕНАМУ МІНСКУ

Не марна мы таілі мару —

Яна збылася: у прасцяг,

Ярчэй ад полымя пажару,

Над Мінскам зноў узвіўся сцяг,

Чырвонай Арміі рукой

Пранесены праз люты бой.

 

І так навокал стала светла,

Што з гэтай радаснай пары

Глядзяць руіны болей ветла

І абгарэлыя муры,

Нібы на чорны дробны брук

Упалі зоры з шчодрых рук

 

І асвяцілі ўсю краіну.

На бляск узняўся цэлы люд,

І Мінску нашаму, як сыну,

Сталіца-маці шле салют:

— За вернасць шчырую ў баях

Благаславёны ты ў вяках!

 

Жыві ж, красуйся, горад стольны,

З руін да славы уставай,

Ты стаў ізноў навекі вольны,

І над табою з краю ў край

Гарыць чырвоны, яркі сцяг —

Знак адраджэння і жыцця.

 

1944 г.

 

 

ПЕРАМОГА

Бой адгрымеў. Машын шасцёркі

На адпачын павёў пілот.

Працёртым краем гімнасцёркі

Баец з аблічча выцер пот.

 

І ў ноч, на цёмныя парогі,

У кожнае акно і дом

Упала вестка перамогі,

Нібы раптоўны першы гром.

 

Але між намі нечаканай

Яна ніколі не была:

У снах байца і партызана

Ад першых дзён вайны жыла.

 

Калі ж памерці мы кляліся

За кожны родны нам куток,

Яе ледзь значныя абрысы

Былі нам бачныя здалёк.

 

У мужнай веры Ленінграда,

У грозных бітвах за Маскву,

У першых залпах Сталінграда

Яна паўстала наяву.

 

Яе мы працаю кавалі

На прадпрыемствах і палях.

Яе мы кроўю здабывалі

У самых жудасных баях.

 

І ў дзень вялікаснага свята —

З братэрскім шчырым пачуццём —

Мы помнім кожнага салдата,

Што за яе аддаў жыццё.

 

І мы ўзнімаем чаркі нашы

За камандзіраў баявых,

За памяць вечную аб паўшых,

За славу вечную жывых.

 

1945 г.

 

 

НОВЫ ДОМ

На зарослым травой пажарышчы,

Толькі золак заплешча крылом,

Звоняць пілы, гудуць тапарышчы,

Стогне дрэва — будуецца дом.

 

Разгінаючы дужыя рукі,

Працавітыя людзі ў лясах

Смаглі гэтага звону і груку,

Сумавалі аб ім па пачах.

 

Сталяры, распілоўшчыкі, цеслі,

Падкладаючы міны і тол,

Гэту смагу няўтольную неслі

Да разбураных вёсак і сёл.

 

На світанні зычліва і дбайна

Падымае на працу яна,

Бо жыве між таварышаў тайна

Запаведная думка адна.

 

Дачакаемся мы перамогі,

І нядоўга, здаецца, чакаць;

Прыйдуць хлопцы з далёкай дарогі

Трэба ж будзе іх недзе прыняць.

 

Трэба так, каб яны пры сустрэчы

У цяпле распрануцца маглі,

На абжытай, распаленай печы

Прасушылі свае шынялі.

 

Мір жа новаму, цёпламу дому!

Слава добрая будаўнікам,

Клапатліваму сэрцу людскому

І людскім працавітым рукам!

 

1945 г.

 

 

ЗВАРОТ

Ну, вось — і мы з табою дома!

За павароткай будзе сад,

А потым — хаты... Нам знаёма

Усё ад самых даўніх дат.

 

Тут вельмі борзда вечарэе,

Давай, зямляк, паскорым крок.

Вядзі нас, добрая надзея,

У занядбаны наш куток!

 

Вайною гнаныя па свеце,

Мы не былі ў ім тры гады,

І можа здарыцца, што вецер

Замёў і нашыя сляды.

 

Але нам тут усё знаёма:

За павароткай будзе сад,

А потым — хаты... Вось і дома!

Ды што такое? Стой, салдат!

 

Ці мы з табой зблудзілі ў змроку,

Ці лішне выпілі чуток?

Давай яшчэ прыбавім кроку,

Я помню добра — быў садок.

 

За ім вось тут стаяла хата,

Раслі таполі рад у рад...

Не ашукала смерць салдата,

Дык насмяяўся люты кат.

 

Няма і нашага прыстанку,

Згарэлі хаты і сады.

На чорным друзе каля ганку

Парос алешнік малады.

 

Якіх прыкмет яшчэ нам трэба?

Я пазнаю цябе, зямля,

Па тым, як свецяць зоры з неба,

Як пахне свежая ралля.

 

І тут памылкі быць не можа,

Бо сэрца верыць у зварот.

Давай, зямляк, мяшкі паложым,

Спачнем ля бацькаўскіх варот.

 

Дзе бушавала смерць з пажарам,

Разложым ціхі аганёк,

Абутак высушым, наварым

Салдацкай кашы кацялок.

 

Крыху паспім, а заўтра рана

Я — за сякеру, ты — за лом,

І ў добры час пачнём старанна

Ізноў узводзіць новы дом.

 

І стане зноў усё знаёма:

За павароткай будзе сад,

А потым — хаты... Знаеш, дома

Лягчэй кіруецца, салдат.

 

1945 г.

 

 

ШЧАСЛІВЫ МАЙ

У адной сям’і братэрскай сёння

Аб’яднаны беларускі край,

І цяпер і на заходніх гонях

Ходзіць радасны, шчаслівы май.

 

Не на панскім, на сваім палетку

Сеюць людзі сёлетняй вясной,

І багата і прыгожа ўлетку

Закрасуюць нівы збажыной.

 

І не вернецца назад ніколі

Векавечны горкі недарод,

Ні ліхая панская няволя,

Ні чужынскі жудасны прыгнёт.

 

Бо на варце нашае краіны

Сталі дружна лепшыя сыны.

І ліюцца песні безупынна

Пераможнай, радаснай вясны.

 

У адной сям’і братэрскай сёння

Аб’яднаны беларускі край,

І цяпер і на заходніх гонях

Ходзіць мірны, працавіты май.

 

1945 г.

 

ПАД НЕБАМ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ

Пад небам бацькаўшчыны нашай

Прайшла суровая вайна,

А над палеткамі, над пашай,

Над цёмнай пушчаю — вясна.

Сям-там цвісці прабуе вішня,

І тым ясней нам, што парой

Мы паспыталі, аж залішне,

І добрай долі і благой.

Вайною выгнаныя з хаты,

Ўтраціўшы абжыты кут,

Мы ўсе — і цеслі і салдаты —

Нямала вынеслі пакут.

Але і ў горкі час выгнання,

Дзе ні ступалі па зямлі,

Мы не былі без спачування

І на чужыне не жылі.

Бо хоць брылі з цяжкой паклажай,

Усё ж ішлі мы дзень пры дні

Пад небам бацькаўшчыны нашай,

Між таварыства і радні.

Дарог багата за плячыма,

І па куп'і і па трысці,

З трывогай думаю: магчыма,

Мне столькі ўжо і не прайсці.

Як глеба прагне напрадвесні

Аддаць расткам апошні плён,

Так я адной-адзінай песні

Аддаць хацеў бы рэшту дзён.

Маўклівы, нават нелюдзімы,

Я склаў бы гэты любы спеў

У гонар дружбы і Радзімы,

Ласкавых траў і чулых дрэў.

Хай зачарованаю пражай

Яны прывяжуць нас навек

Пад небам бацькаўшчыны нашай

Да родных ніў, лясоў і рэк.

 

1945 г.

 

 

1946—1965

 

СЛАВА КАСТРЫЧНІКУ

Часу мінула над светам нямала,

Доля ж давала дарогу адну:

Гора малога ў калысцы люляла,

Гора дарослага ў свет выганяла,

Гора на могілкі несла труну.

 

Так і кружыла жыццё, як завея

Кружыць увосень над полем лісты.

Ды не згасала ніколі надзея,

Што і асенняя ноч развіднее,

Зоймецца ўдосвітку дзень залаты.

 

І не загінула добрая справа

Сэрца людскога і ў змроку глухім.

Слава ж надзеям нястрачаным, слава,

Слава імкненням людскім!

 

Імі ў змаганні на подзвіг узняты,

Выпрастаў дужыя плечы народ.

З гэтай для нас пачынаецца даты

Самы вялікі і самы багаты,

Самы славуты — семнаццаты год.

 

Веліч і слава яго не ўмірае,

Шчодра ён дорыць набыткі свае:

Шчасце калыску дзіцяці люляе,

Праца багаццем людзей надзяляе,

Подзвіг Радзімы бяссмерце дае.

 

Біліся доўга за гэтае права,

Цяжка яно здабывалася нам.

Слава ж Кастрычніку, вечная слава,

Слава яго змагарам!

 

Хіжыя орды не раз прагавіта

Рваліся зграяй да нашай зямлі.

Шчодра бывалі крывёю паліты,

Густа касцямі варожымі ўкрыты

Нашы дарогі, лясы і палі.

 

Мы па сігналу ваеннай трывогі

Усе, як адзін, уставалі на бой.

Мужна прайшоўшы цяжкія дарогі,

Бурай апалены сцяг перамогі

Зноў узнімалі над цэлай зямлёй.

 

Нас не падолець у бітвах крывавых,

Страх невядомы савецкім людзям.

Слава ж магутнейшай арміі, слава,

Слава героям-байцам!

 

Так у змаганні, у бітвах суровых,

Злітыя з кропель, як рэчышчы рэк,

Мы адстаялі свае заваёвы,

Мы пачынаем сягонняшнім новы,

Самы шчаслівы ў гісторыі век.

 

Свеціцца сонца на сінім раздоллі,

Нівы вясне ураджаем шумяць,

Спорыцца праца на шахце і ў полі,

З вышак будоўлі ясней, як ніколі,

Заўтрашні дзень камунізма відаць.

 

Светлая мара становіцца явай,

Рукі свае прасціраючы нам.

Слава ж народу вялікаму, слава,

Слава савецкім людзям!

 

Верныя сэрцам і думкай Радзіме,

Мы выступаем насустрач вякоў.

Спадчыну нашу з падзякаю прыме,

Славу памножыць і вышай уздыме

Новае племя адданых сыноў.

 

Партыя іх, як і нас, гадавала,

Бурны Кастрычнік шляхі вызначаў,

Леніна воля ў жыццё выпраўляла,

Геній народа рупліва і дбала

Ленінскай мудрасці ўсіх навучаў.

 

Слава ж табе, маладая дзяржава,

Слава тваім змагарам і тварцам,

Партыі Леніна вечная слава,

Слава народам-братам!

 

1947 г.

 

 

ПАМЯЦІ М. І. КАЛІНІНА

Жалобнымі чорнымі крыламі

Махнула нягода над лядамі,

Над лёсам жняі і салдата:

Паміж немалымі магіламі,

Паміж велічэзнымі стратамі —

Яшчэ велізарная страта.

 

Прастора, як хмарай, заценена:

Па сэрцах, з Камчаткі да Таліна,

Прайшла непагодай кручына.

Між вучнямі мудрага Леніна,

Пад сцягам якога ўсе сталі мы,

Не стала вялікага сына.

 

З далёкіх давён да сучаснасці,

Хадою работніка рупнага

Прайшоў ён крутыя дарогі —

Для нашай дасягнутай шчаснасці,

Для радасці веку наступнага,

Для светлай жыцця перамогі.

 

Мужайся ж, мая непакорная,

Мацуйся, ідзі, працавітая,

Да новых здабыткаў, краіна!

Хай праца твая будзе спорная,

Хай будзе, у кветкі спавітая,

Вянком над магілаю сына.

 

1947 г.

 

 

РАЗМОВА АБ ШЧАСЦІ

Асенні дзень. Шумяць бары,—

Пара лістам апасці...

Давайце, добрыя сябры,

Пагутарым аб шчасці.

 

Ідзе кастрычнік залаты

Палямі і лясамі.

Палаюць дрэвы і кусты

Ружовымі агнямі.

 

Ад іх дымкі віюцца хмар...

А на двары, ля школы,—

Чырвоных гальштукаў пажар

І звонкі смех вясёлы.

 

Маленства радаснага час!

Сябры мае малыя!

Цяжкія мы прайшлі для вас

Дарогі баявыя.

 

Ад Сталінграда і Масквы

Да Вены і Берліна

Ішлі з баямі мы, каб вы

Валодалі краінай.

 

Суровым быў славуты шлях,—

Такіх няма на свеце.

І шмат загінула ў баях

За ваша шчасце, дзеці.

 

Але мільёны нас, жывых,

Знябытых рук не склалі;

Яшчэ ў шынелях франтавых

Мы на работу сталі.

 

І дзень у дзень для вас, сябры,

Бывалыя салдаты

У полі водзяць трактары,

У сёлах ставяць хаты.

 

Яны для вас ва ўсе канцы

Вядуць абозы з хлебам.

Яны заводы і дварцы

Будуюць вам як трэба.

 

Каб мелі — зорамі яны

Асыпалі б святліцы,

Блакітам лета і вясны

Пакрылі б камяніцы.

 

А каб маглі зрабіць майстры

З уласных сэрцаў замак,

Яны для вас, мае сябры,

Яго ўзвялі б таксама.

 

На полі працы і вайны,

У подзвігах суровых

Для шчасця вашага, сыны,

Бацькі на ўсё гатовы.

 

Вы паглядзіце на сцягі:

Якія перад вамі

Ляжаць шырокія шляхі,

Адкрытыя бацькамі!

 

Быць інжынерам хочаш — будзь,

Пілотам — калі ласка...

Ніколі толькі не забудзь

Высокіх абавязкаў!

 

Вялікай будучыні лёс,

Твайго маленства шчасце

Савецкі воін мужна нёс

Праз гора і напасці.

 

І шчасця большага няма

На ўсіх зямных шырынях.

А шчасцю нашаму імя —

Савецкая краіна.

 

1947 г.

 

 

РАДЗІМЫ НАШАЕ ЗАКОН

У нашай здружанай сям’і

Узрост малых багаты:

Адным мінула па сямі,

Другім пайшоў дзесяты...

 

Ды хто б на колькі ні падрос,—

У радаснай краіне

Усім шчаслівы выпаў лёс:

І хлопцу і дзяўчыне.

 

Ужо з маленства, з першых дзён

Савецкаму народу

Радзімы нашае Закон

Даў права на свабоду.

 

Навекі згінуў цемры час.

У гарады і сёлы

Прыйшлі з Кастрычнікам да нас

Вучылішчы і школы.

 

І покуль ты яшчэ малы

Ці малады задужа,

Сядай за парты і сталы

І навучайся, дружа.

 

Ты маеш самы шчодры плён,

Яшчэ нязнаны свету:

Радзімы нашае Закон

Даў права на асвету.

 

А вырасцеш праз колькі год,

Не будзеш мець турботы:

Краіна наша і народ

Табе дадуць работу.

 

Ты інжынерам можаш быць,

Вучоным і шахцёрам;

Ты капітанам можаш плыць

Азёрамі і морам;

 

Ты можаш сеяць добры лён

І будаваць палацы...

Радзімы нашае Закон

Даў права і на працу.

 

А затаміўшыся, мой друг,

Звярніся да краіны:

Краіна мае для паслуг

Прыгожыя мясціны.

 

Якія хочаш выбірай

Шляхі для падарожжа!

Табе адкрыты цэлы край,

І ты наведаць можаш

 

І пальму гордую, і клён,

І бераг ручаіны...

Радзімы нашае Закон

Даў права на спачынак.

 

Яшчэ ён вызначыў табе

Пачэсны абавязак:

Салдатам быць у барацьбе,—

З сваім народам разам.

 

Каб люты вораг не прайшоў

Праз нашыя граніцы,

Стань ля савецкіх рубяжоў,

Глядзі ва ўсе байніцы.

 

Вартуй свой край з усіх старон;

Шануй, як скарб любімы,

Народу нашага Закон —

Закон тваёй Радзімы.

 

1947 г.

 

 

РАДЗІМЫ НАШАЙ СЛАВА

Ад Чарнамор’я да тайгі,

Усходняй і паўночнай,

Савецкай Арміі сцягі

Успыхнулі святочна.

 

А паміж іх палае сцяг,

Якім абвіта дата,

Калі пачаўся ратны шлях;

Савецкага салдата.

 

З тых незапамятных часін,

Па закліку народа,

Нямала пройдзена краін

У бітвах і паходах.

 

Але кудой бы ні вяла

Дарога баявая,—

Як маці, з намі скрозь была

Радзіма дарагая.

 

Чырвонай зоркай агнявой

Убраўшы нашы каскі,

Яшчэ з глыбейшай цеплынёй

Яна дарыла ласкі.

 

Калі ў зімовы люты час

Мяцеліцы гудзелі,

Радзіма апранала нас

У цёплыя шыпелі.

 

Калі ж гарачаю парой

Паліла вусны смага,

Яна глядзела, каб вадой

Была наліта фляга.

 

Яна кавала зброю нам

І днямі і начамі,

Яна дзяліла папалам

І хлеб і гора з намі.

 

І мы свой вызначаны шлях,

Усе свае дарогі

Прайшлі з баямі і ў баях

Пад сцягам перамогі.

 

І слава добрая наўкруг

Ідзе аб нас па праву,

Бо наша слава, шчыры друг,

Радзімы нашай слава.

 

1948 г.

 

 

НАШ СЦЯГ

Гарачы, як сонца,

Крылаты, як вецер,

Наш сцяг пурпуровы,

Адзіны на свеце.

Ён кроўю байцоў

За свабоду абмыты,

Ён кулямі ў бітвах,

Як сэрца, прабіты.

Але прамінулі

Нягоды ліхія,

Загоены раны

Яго баявыя.

І ў знак перамогі

Над цемраю горкай

На ім пяцікутная

Свеціцца зорка.

А ў знак, што народы

Пад ім згуртаваны,

У золаце молат

І серп вышываны.

Гарыць ён, над вежай

Крамлёўскай узняты,

Пад ім у паход

Выступаюць салдаты.

Пад ім піянеры

Прыходзяць на зборы,

Пры ім, на бязмежным

Савецкім прасторы,

Заўсёды стаіць

Каравул ганаровы.

А ён развяваецца,

Сцяг пурпуровы,

Гарачы, як сонца,

Крылаты, як вецер,

Свяшчэнны, любімы,

Адзіны на свеце.

 

1948 г.

 

 

РАКА

Дзесьці ёсць і твой пачатак,

Безупынная рака,

Дзе ні моста, дзе ні кладак,

Дзе ні лодкі рыбака.

 

Абмінаючы карэнне

Пустазелля і лазы,

Там цякуць твае струмені

Ціхім поцекам слязы.

 

Потым, вырваўшыся з багны

Па зялёны чысты край,

Кропля з кропелькаю прагна

Спалучаюцца ў ручай.

 

Працавіты і руплівы,

Дзень бяжыць ён і другі

Цераз пушчы, цераз нівы

На прасторныя лугі.

 

З невысокага узгорка

І высокае гары

Да яго з сваёй гаворкай

Далучаюцца сябры.

 

На вільготнай сенажаці,

Аб’яднаўшы ўсіх ў сям’ю,

Ты становішся ім маці,

Даўшы назву ім сваю.

 

І, пачуўшы свой дастатак,

Працавіта, без маны,

Жывіш нівы, поіш статак,

Круціш цяжкія млыны.

 

Падымаеш параходы

І праз горы у сяло

Ты нясеш на шпаркіх водах

Электрычнае святло.

 

Каб не быў я чалавекам

І не меў шляхоў сваіх,

Я б зайздросціў быстрым рэкам

Сіле іх і працы іх.

 

Але мне пад небам зорным

Доля лепшы шлях дала:

Будаваць млыны і горны

Электрычнага святла;

 

Кіраваць дажджом і снегам,

І работаю станка,

І тваім няспынным бегам,

Безупынная рака.

 

1949 г.

 

 

МІНСК

Горад мой вячысты,

Горад прамяністы,

Вечна працавіты,

Вечна урачысты!

 

Дзе мы ні бывалі,

Дзе ні ваявалі,

Нашы думы-мары

Над табой луналі.

 

На шляхах бясконцых

У чужой старонцы

Ты нам уяўляўся

У красе і ў сонцы.

 

А прыйшлі з вайны мы

На твае мясціны —

Толькі і засталі

Попел ды руіны.

 

Але мужнай сілы

Гора не скрышыла,—

Мы ў твае падмуркі

Сэрцы палажылі.

 

І як славай ратнай,

Так і працай знатнай

Між сталіц рэспублік

Ты цяпер выдатны.

 

Як жа з гэтай працы

Нам не любавацца:

Вось яны — заводы,

Фабрыкі, палацы!..

 

З векам наўздагонкі

Ты ва ўсе старонкі

Як жыццё — шырокі,

І як песня — звонкі,

 

Днямі і начамі

Ты шуміш гудкамі,

Свецішся далёка

Белымі агнямі

 

І над цэлым светам

Пурпуровым цветам

У садах і парках

Зацвітаеш летам,

 

І на ўсім прасторы

Над табою зоры,

Быццам бы ніколі

Ты не быў і ў горы.

 

Горад мой вячысты,

Горад прамяністы,

Вечна працавіты,

Вечна урачысты!

 

1950 г.

 

 

АПАВЯДАННЕ АБ ЗЯМЛІ

Я прыгадаў ізноў дарогу,

Якой у векапомны год

Братам сваім на дапамогу

Ішлі мы ў верасні ў паход.

Шырокая, як мора, ніва

Ляжала скрозь навокал нас.

Гаспадары яе зычліва

Казалі нам: У добры час!

Няхай і на заходніх гонях,

Пасля трывог і барацьбы,

Настане, як у нас сягоння,

Пара калгаснае сяўбы!

 

Мы перайшлі ўначы граніцу,

І стала горка нам да слёз:

І ўзгоркі тыя ж, і крыніцы,

Але які благі іх лёс!

Перапакутаўшы ў прымусе,

Прамокшы ў поце і ў слязе,

Зямля Заходняй Беларусі

Ляжала ў смутку і тузе.

На ёй ледзь-ледзь ліпелі вёскі

І аднастайнай чарадой

Ішлі стракатыя палоскі,

Як невясёлых думак рой.

 

Але ж жыла ў людзей пяшчота,

Замілаванне да зямлі.

І чулі мы, як вёскі ўпотай

З зямлёю гутарку вялі:

— Зямля, зямля! Як ні каралі

Цябе праклятыя паны:

І на кавалкі хіжа рвалі,

І шырыню тваю кавалі

Ў глухія межы-кайданы!

Але гаючым ветрам свежым

Дыхнула з-пад усходніх зор,

І мы нашчэнт зруйнуем межы,

Дадзім палям тваім прастор.

 

Не здзейснілася мара гэта

У тыя радасныя дні:

Другія ворагі з паўсвета

Прыйшлі зямлю запаланіць,

Яны яе жалезам білі,

Палілі ярасным агнём

І, скатаваную, дзялілі

З сваім берлінскім махляром.

Але памерці ёй не далі

Сапраўдныя гаспадары:

Яны грудзьмі за волю сталі

І ў грозных бітвах адстаялі

Свае палі, лугі, бары...

 

Цяпер здзяйсняюцца іх мары,—

Багаты будзе ураджай.

І да таварыша таварыш

Гаворыць так на цэлы край:

— Сусед яднаецца з суседам,

Каб даць прастор сваім палям...

Ці не пара іх добрым следам

Пайсці, таварыш мой, і нам!

Нашто адным капацца з плугам,

Прыждаўшы веснавой пары,

Калі на поле цэлым цугам

Павесці можна трактары!

 

У нас жыве з маленства ў сэрцы

Замілаванне да зямлі.

Яна ж, як мы, да шчасця рвецца,

І мы не раз пачуць маглі,

Як, расквітаўшыся з няволяй,

Яна прасіла раскаваць

З палосак вузкіх і трохполля,

Каб за дабро дабром аддаць;

Каб межы волі не глушылі,

Каб на прасторы ў сонцы быць,

Каб красаваць у поўнай сіле

І з поўнай сілаю радзіць.

 

1950 г.

 

 

СЛОВА МІРУ

Я не слыхам — істотаю чую,

Як, гайдаючы рэхам эфір,

На світанні і ў поўнач глухую

Не сціхае магутнае: — Мір!

 

Гэта токар закончыў работу

І, вітаючы ранні гудок,

Выцірае свой воблік ад поту:

— Мір табе, працавіты станок!

 

Гэта сейбіт калгасны, рупліва

Засяваючы, кажа палям:

— Мір табе, узараная ніва,

Ураджаям тваім і пладам!

 

Гэта, ў школу праводзячы сына,

Ад глыбінь усяго пачуцця

Шэпча маці уцесе адзінай:

— Мір табе, дарагое дзіця!

 

Мір вам, людзі, лясы і дубровы!

Мір табе, залатая зямля!

Скрозь расходзяцца гэтыя словы,

Іх сусвет паўтарае здаля.

 

Толькі той, хто сумлення не мае,

Каго радуе прагнасць адна,

Пачынае свой дзень і канчае

Чорным словам злавесным: — Вайна!

 

І грымяць над палямі Карэі

Прагавітыя жэрлы гармат...

Але ім чалавечай надзеі

Не забіць, як нявінных салдат.

 

Ёсць магутная сіла ў народаў,

Што ўратуе ад вылюдкаў мір,—

Гэта мы, гэта наша свабода,

Гэта нашы браты і сябры.

 

Яны чуюць праўдзівыя словы,

Што ідуць пад сусветам з Крамля:

— Мір вам, людзі, лясы і дубровы,

Мір табе, залатая зямля!

 

1950 г.

 

 

ЛЕНІНСКАЙ ПРАЎДЫ СВЯТЛО

Шмат акрылёных надзеяй

Дум у нябыт адышло.

Толькі нязменна ярчэе

Ленінскай праўды святло.

 

Дбаючы людзям карысці,

Волі людской правадыр

Смела паклікаў калісьці

Дружна змагацца за мір.

 

Слова яго запаветам

Стала для простых людзей

І пераможна над светам

З вуснаў у вусны ідзе.

 

Вылюдкі з Белага дому

Прагнуць яго загубіць.

Толькі не ўдасца нікому

Гэтае слова спыніць.

 

Над абаронцамі міру

Ленінскі сонечны сцяг

Скрозь — ад Карпат да Паміру —

Моцна трымаем ў руках.

 

Людзі сумленнае волі

Знішчаць спрадвечнае зло.

Не, не пагасне ніколі

Ленінскай праўды святло!

 

1951 г.

 

 

МІНСКІЯ ЎРОЧЫШЧЫ

Па дарозе з Мінска на Калодзішчы,

З боку ад чыгункі і шасэ,

Размяшчаліся калісь урочышчы,

Розныя і роўныя усе.

 

Саснякі густыя з пералескамі,

Хмызнякі, парослыя лазой,

Толькі і выдатныя пралескамі,

Верасам, куп’ём і дзеразой.

 

Але ў нас ужо спрадвеку водзіцца,

Што кавалак роднае зямлі —

Родзіцца там нешта ці не родзіцца —

Мы заўсёды дбайна бераглі.

 

Тым і гэтыя славутыя ўрочышчы

Паміж нашых гарадоў і сёл,

Што фашысцкія ліхія полчышчы

Тут калісьці трапілі ў «кацёл».

 

Каб яшчэ глыбей былі завораны

Косці іхнія на самы спод,

На урочышчах даўнейшых створаны

Першай маркі трактарны завод.

 

Трактары плугамі шматлямешнымі

Уздзіраюць рэшты цаліны,

І наўсцяж над нівамі бязмежнымі

Гінуць страшныя сляды вайны.

 

І былыя мінскія урочышчы

Новай славай надзяліў народ:

Дзе варожыя каналі полчышчы,—

Вырас мірны трактарны завод.

 

1951 г.

 

 

ДАРОГА

 

Я. Коласу

 

Дарога, доўгая дарога

Да светлых дзён, да ясных мэт!

Як пра цябе ён думаў многа,

Як часта сніў цябе, паэт!

 

А ты ішла, а ты вілася

Па багне чорнага жыцця,

Пакуль да сонца не ўзнялася,

Не выйшла з цемры небыцця.

 

Цяпер ты сцелешся прасторна

Ад вышыні да вышыні,

І над табой у сцягах зорных

Гараць праменныя агні.

 

Вядзі ж ты нас, адважных, мужных,

Паміж палёў і родных рэк,

Вядзі, дарога шчырай дружбы,

У камунізма светлы век!

 

1952 г.

 

 

СКАРГА

 

Р. Г. Чарновай

 

Не хварэў я ні грыпам, ні катарам,

Быў заўсёды і дуж і здароў.

Ды сустрэўся з адным ардынатарам,

Самым строгім з усіх дактароў.

 

Не сказаўшы ні слова, у клініку

Ён адвезці мяне загадаў,

Абяцаў мне спачынак, а ў выніку

Ні хвіліны спачынку не даў.

 

— Можа маеце скаргі? — пытаецца

І глядзіць, што скажу я ў адказ.

Скарга, доктар, адзіная маецца,

І яна, гэта скарга, на вас.

 

Вы, у змове з сваімі жанчынамі,

Не дазволілі нават курыць,

Аблажылі ўсялякімі шынамі,

Каб не мог я ні ўстаць, ні ступіць.

 

А пасля, згаварыўшыся з сёстрамі,

Узяліся калоць грамадой —

І не вашымі шпількамі вострымі,

А сапраўднай іголкай стальной.

 

Вы давалі штодзень абяцаначкі,

Гаварылі: — Мацуйся, жыві!..

І пад шум гэты ў баначкі-шкляначкі

Пацягнулі нямала крыві.

 

Так нашчэнт вы мяне заняволілі,

І няволі канца не відно.

Вы на свет мне глядзець не дазволілі,

А зірніце на Свіслач адно.

 

Дзе снягамі засыпаны мосцікі,

Нечы цень кожны вечар дрыжыць.

Там, паводле маёй дыягносцікі,

Мая бедная муза стаіць.

 

Шмат нам трэба зрабіць: можа тысячы

Перабраць варыянтаў і тэм,

Каб з адзінай, як з мармуру, высячы

Вобраз, варты жыцця і паэм.

 

Перад нашай вялікай эпохаю

Мы за гэта адказнасць нясём.

Вось чаму маю музу палохае

Мой разрыў з навакольным жыццём.

 

І стаіць яна ў снезе, мяцеліцы,

І чакае... А там, на гары,

Завіруха шалёная сцелецца,

Завываюць пагрозна вятры.

 

Замяце маю музу парошаю,

Белым вэлюмам стан абаўе...

Дарагая мая і харошая,

Адпусціце мяне да яе!

 

Колькі ж ёй там з красой лебядзінаю

Адзінокай на сцюжы стаяць?!

Адпусціце!.. І гэта адзіная

Мая скарга і просьба мая.

 

1952 г.

 

 

СВЯТОЧНЫ РАНАК

Усё яшчэ было спакойна гэтым ранкам:

У вузкіх вуліцах трымаўся лёгкі змрок,

Гарэлі лямпачкі гірляндамі над ганкам,

На маставой ляжаў някрануты лядок.

 

І раптам дзе-нідзе з’яўляцца сталі людзі —

Адзін, другі... І вось ужо ідзе атрад!

Чатыры ордэны прыладзіўшы на грудзі,

Становіцца яшчэ адзін хлапец у рад.

 

Яны ідуць. Спыняюцца каля завода.

Адтуль, з двара, у залацістых кутасах

Выносяць сімвал волі нашага народа —

Праслаўлены ва ўсіх баях чырвоны сцяг.

 

Ён ахінуў людзей магутнымі крыламі,

І ўсе пад засенню шчаслівыя былі,

І шырачэзнымі з’яднанымі радамі,

Нібы за хваляй хваля, ціха пацяклі.

 

Я выйшаў на праспект. А там людское мора

Ужо кіпела скрозь без краю і канца...

Напэўна, некалі такім крутым напорам

Ішлі бацькі на штурм Зімовага дварца.

 

Далёкія, з майго маленства, успаміны!

Вы ажываеце заўсёды зноў і зноў,

Калі на плошчы людныя па ўсёй краіне

Выходзяць верныя сыны сваіх бацькоў.

 

Яны нясуць па новых вуліцах убраных

І славу даўнюю і славу нашых дзён.

І я люблю цябе, святочны светлы ранак,

Люблю і ціш тваю, і шум тваіх калон.

 

1953 г.

 

 

СЛАВА ЕДНАСЦІ НАШАЙ

Дарагая мая Украіна!

Ты была нам заўсёды сястрой

І не раз беларуса, як сына,

Засланяла адвагай сваёй.

 

Колькі раз злыя ворагі люта

Выракалі над намі прысуд!

Не баяўся ні мук, ні пакуты,

Не баяўся і смерці твой люд.

 

І калі пад нагамі ў Трасілы

Загараўся смяротны касцёр,

Незлічоныя новыя сілы

Залівалі паўстаннем прастор.

 

А за імі ад Шклова, ад Глуска,

Ад Аршанскай і Мінскай зямлі,

Ад прыгоннай зямлі беларускай

Маладыя паўстанцы ішлі.

 

І каб сталі навек пераможцам

Барацьбы справядлівай байцы,

На падмогу тваім запарожцам

Ад Масквы выступалі стральцы.

 

Слава ім, нашым продкам адданым,

Верным воінам рускай зямлі,

Што былі непарушна з'яднаны

І нам еднасць сваю аддалі!

 

Слава еднасці нашай, гадамі

Гартаванай у новых баях,—

Пад яе баявымі сцягамі

Мы на сонечны выйшлі прасцяг!

 

1954 г.

 

 

ПРА ХІМІЮ І ПАЭЗІЮ

 

Б. В. Ерафееву

 

Я знаю, хімія ніколі

Не страціць сэнсу і вагі

І нават можа ў лепшай долі

Яе сустрэне век другі.

 

І ўсё ж я думаю: магчыма

Гадоў якіх праз сорак пяць

Ад вашай хіміі любімай

Захоча ўнук вас адарваць.

 

Ну што ж, вазьміце кнігу ў рукі

І дайце хлопчыку тады

Замест пладоў сваёй навукі

Маёй паэзіі плады.

 

У ёй зашмат гаркоты трохі,

Але і ў ёй таксама ёсць

І радасць нашае эпохі

І наша з вамі маладосць.

 

1954 г.

 

 

ДАЎГАЛЕЦЦЕ

Мінуць гады. На скроні ляжа,

Як белы іней, сівізна,

А над палямі будзе такжа

Буяць няўрымсліва вясна.

 

Мы зноў даўнейшаю дарогай

З табою пройдзем за сяло

І там убачым шмат такога,

Чаго сягоння не было.

 

Да трактара прывыкшы змалку,

Мы з новай радасцю, мой друг,

Агледзім радыёсявалку

І атампы магутны плуг.

 

І ў новай сіле, новай славе

Паўстане клопат наш і тлум,

Бо ў гэтай будучай праяве

Здзяйсненне будзе нашых дум.

 

Не верыш? Вер! Калісьці продкі

Казалі слушна да дзяцей:

«Жыццё здаецца нам кароткім,

Што мы не ўлічваем надзей».

 

А ў нас надзей —

як зор на свеце!

Таму і суджана даўно

Такое, друг,

нам даўгалецце,

Якога іншым не дано.

 

1954 г.

 

 

БУДАЎНІКІ

Мы скончылі сягоння новы дом,

Густыя рыштаванні пазнімалі,

І ўспалыхнуў на сонцы ён агнём,

Нібыта выліты з бліскучай сталі.

Успёршыся рукой на парапет,

Я з вышыні дзесятага паверха

Зірнуў навокала... І цэлы свет

Паўстаў перада мной: аднекуль верхам

Праехалі калгаснікі; прайшлі

Са школы шумнаю чародкай вучні;

Прамчалася машына; па зямлі

Наўсцяж каціўся роўна голас гучны —

Гулі заводы... Толькі дом маўчаў.

Над ім хмурынка белая павісла,

Ды побач лёгкі вецер калыхаў

У нізкіх берагах крутую Свіслач.

І вось — заварушыўся дом. Здалёк

Пад’ехалі грузавікі з паклажай,

На лесвіцы пачуўся першы крок,

Павеяла дымком і свежай сажай,

Сям-там вазон з'явіўся на акне,

Паліўся знізу хваляй гоман шумны —

Будынак уступіў у строй. А мне...

Прызнаюся, мне трошкі стала сумна

І нават горка. Ведаю чаму:

Мне з гэтым домам трэба развітацца,

А я ж душу сваю аддаў яму,

Паклаў у сцены сэрца разам з працай.

Я на пляцоўку ніжнюю сышоў,

Пагладзіў поручні і падсвядома

Апошнім позіркам пад’езд абвёў

І выйшаў на панель. Насупраць дома

Стаяў з дзяўчынаю хлапец. Яны

Глядзелі ў захапленні на будынак,

І мне былі іх галасы чутны:

«Як дачакаемся з табою сына,—

Сказаў хлапец, кіўнуўшы на пустыр,—

Мы будзем жыць вунь там, у новым доме,

Абы на свеце быў жаданы мір...»

О, як мне дорага і як знаёма

Надзея гэтых маладых бацькоў!

Ёсць для каго будаўнікам старацца,

Ёсць для каго рабіць! І сэрца зноў

Забілася гарачай прагай працы.

Яно ж і дадзена на тое мне

І загартована было на тое,

Каб я ўсё павышаў яго ў цане

І не каменнае, а залатое

Аддаў да кроплі тым, каго люблю...

Паружавіўшы неба над дамамі,

Спусціўся ціхі вечар на зямлю,

І горад засвяціўся ўвесь агнямі.

А я стаяў усё і думаў: мы

Не можам адпачыць да скону веку,

Бо мы не сцены ставім, не дамы,

А мы будуем шчасце чалавеку.

 

1954 г.

 

 

АГНІ

У нашым вялізманным доме

Чатырыста дваццаць кватэр.

Жыве ў ім прафесар вядомы,

Заслужаны ўрач, інжынер.

 

Жыве тут праслаўлены токар,

Народны артыст і паэт,

Жыве малады, адзінокі,

Славуты цясляр — мой сусед.

 

Жывуць працавітыя людзі...

І ў часе рабочага дня,

На поўныя дышучы грудзі,

У доме стаіць цішыня.

 

Стаіць і з акон наглядае

За бурным жыццём на двары,

Дзе сонца прастор залівае,

Дзе гоман і смех дзетвары.

 

Там часта сярод зеляніны

Ля шумнай чародкі дзяцей

Спыняецца моўчкі жанчына

І доўга не зводзіць вачэй.

 

А ўвечар, калі загамоніць

Увесь велізарнейшы дом,—

Ружовым, зялёным, чырвоным,

Блакітным і сінім агнём

 

Ад самага верху дадолу

Гарыць ён... І толькі адно

Не свеціцца бляскам вясёлым

На трэцім паверсе акно.

 

І часам прыезджы каторы

Пытае: — А хто там жыве? —

Жыве мацярынскае гора,

Жыве не вясну і не дзве.

 

Жыве з таго часу, з якога

Да маці прыйшлі не сыны,

А грозна прыйшла да парога

Жахлівая вестка з вайны.

 

Будынкі суседнія з ласкай

З той даты ці можа спакон

Галубяць акно гэта бляскам

Усіх сваіх тысяч акон.

 

Яны, не згасаючы, свецяць,

Каб гэтае ў горы акно

Заўсёды на ўсім белым свеце

Было ўсім народам відно.

 

1955 г.

 

 

РАСКАЗ ЦЕСЛЯРА

Я, наколькі вам вядома,

Па прафесіі цясляр,

На любой будоўлі дома —

Першы госць і гаспадар.

 

Покуль возьмуцца машыны

Катлаван яшчэ капаць,

Цесляры ўжо там павінны

Агарожу збудаваць.

 

А пасля ізноў клапоты:

Ставіць кроквы, ладзіць дах...

Нам хапае, брат, работы,

Покуль выйдзе ў людзі гмах.

 

Я люблю яе бясконца,

Асабліва ў вышыні:

Паглядзіш на неба — сонца,

Хоць рукой яго крані;

 

На зямлю зірнеш — прасторы,

Ледзьве згледзіш сіні край,

Там — лясы, а там — азёры.

Там — шасэ, а там — ручай...

 

Дзень спадзе, павечарэе,

Глянеш зноў на ўсе бакі —

Пад табой зямля чарнее,

Над табой густы блакіт.

 

А вышэй у тым блакіце

Льюцца зоры серабром...

Не, сябры, што ні кажыце,

Лепш за ўсё быць цесляром!

 

Праўда, шмат не заглядайся,

Бо работы тут праз край,

Толькі ведай — завіхайся,

Толькі ведай — паспявай.

 

Мы стараліся па форме:

Без гультайства, без хлусні

Чыстых сто працэнтаў нормы

Выраблялі дзень пры дні.

 

А бывала вельмі часта

Падымаліся мы так,

Што давалі паўтараста.

І ні процанта на брак.

 

І калі канчалі справу,

Гаварылі нам не раз:

«Дом збудованы на славу,

Залатыя рукі ў вас!»

 

Я, вядома, у тым ліку

Быў нядрэнны будаўнік,

Ды нядаўна невялікі

У мяне канфлікт узнік.

 

З нейкай Любчы ці Нароўлі,

Проста, з нейкага сяла

К нам аднойчы на будоўлю

Атынкоўшчыца прыйшла.

 

Што ж, прафесія таксама

Неблагая, можна жыць,

Хоць душа, скажу вам прама,

У мяне к ёй не ляжыць.

 

Тут ні спрыту, тут ні сілы,

Маж патроху па сцяне...

Вось на гэтым і злавіла

Атынкоўшчыца мяне.

 

Падышла яна аднойчы

Нашы нормы паглядзець,

На дзяўчат скасіла вочы,

Усміхнулася ледзь-ледзь.

 

«Штосьці, кажа, я не бачу

Залатых цяслярскіх рук.

Мусіць, хваляць іх няйначай

Не за нормы, а за стук.

 

Стуку шмат, а працы мала...»

Зноў вачыма павяла,

Галавою паківала,

Пастаяла і пайшла.

 

Узгарэўся я, што порах,

Узяло за сэрца, брат,

Кожны дзень даю сто сорак,

А яна... сто пяцьдзесят.

 

Не магу ні спаць, ні есці,

На рабоце — градам пот,

Вырабляю ледзь не двесце,

А яна... вышэй двухсот.

 

І пайшло па ўсёй будоўлі

Паміж хлопцаў і дзяўчат:

«А ў работніцы з Нароўлі

Залатыя рукі, брат!»

 

Я маўчу. Нарэшце — трыста!..

Я не вытрымаў-такі

І на лодачную прыстань

Будаваць пайшоў масткі.

 

Збудавалі як умелі,

І калі прыйшло цяпло,

У мінулую нядзелю

Адчыненне іх было.

 

Тлум такі быў, што нікога

Ні пабачыць, ні знайсці.

Ды, відаць, свая дарога

Ёсць у кожнага ў жыцці.

 

Толькі стаў я на прыступкі,

Чую збоку галасок:

«Ой, дзяўчатачкі-галубкі,

Гляньце вы, які масток!

 

Гэта ж цацка!.. Ну, і рукі!

Дзе ж яны такія ёсць?

Ах, каб знала — без прынукі

Аддала б ім маладосць!

 

Хай бы песцілі ласкава

Толькі дрэва і мяне...»

Тут яна зірнула ўправа

І заўважыла ўжо мне:

 

«Праўда, цуда, а не кладкі?

Я хачу па іх прайсці.

Патрымай мае пальчаткі...»

Я ж узяў іх — і ўпусціў.

 

«Ну і рукі! Проста граблі!

Нікуды! Цяпер праз іх

І мае нашчэнт пазяблі...

На, сагрэй хоць у сваіх!»

 

Патрымаў я іх, малыя,

Дзве хвіліны патрымаў

Залатыя рукі тыя

І праз іх навек прапаў.

 

Адзінокі, кожны вечар

Я прыходжу на масткі,

Пастаю, сагнуўшы плечы,

Пагляджу на аганькі.

 

І не ведаю, ці ў рэчцы

Аж на дне яны відаць,

Ці ў маім уласным сэрцы

Не згараючы гараць.

 

1955 г.

 

 

ГОСЦІ

У мяне былі нядаўна госці —

З Украіны, з Латвіі, з Літвы...

Добрыя сябры. Адно кагосьці

Не хапала з роднае Масквы.

 

Што ж вы, любыя мае, зракліся?

Ці дарогі снегам замяло?

Ці шырока рэкі разліліся?

Ці часіны вольнай не было?

 

Толькі я падумаў — уваходзяць,

Стомленыя, родныя, свае...

Ёсць такая прыказка ў народзе,

Я навек паверыў у яе:

 

Пад любоўю брацкай палымянай

Растаюць глыбокія снягі,

А па слову дружбы — паслухмяна

Уваходзяць рэкі ў берагі.

 

1955 г.

 

 

У НОВЫМ ДОМЕ

Я не ведаю — за што і за якое

Дадзена мне гэта шырыня:

Калідор вялізны, тры пакоі,

Добрыя суседзі, цішыня...

 

З двух бакоў ліецца сонца ў вокны,

А надыдзе вечар і наўсцяж

Каляровага святла валокны

Разузораць іх, нібы вітраж.

 

Як далёка тая ноч, зямлянкі,

Аб якіх я некалі пісаў.

Як ты думаеш, надзьмуты янкі,

Хто і як нам дом пабудаваў?

 

Ён змурован з цэглы і жалеза,

Нашых нерваў, нашых сэрцаў, нашых душ.

І калі бандыт які палезе,

Мы ударым па руках: «Не руш!»

 

* * *

Напісаў і думаю: магчыма

Гэтыя нязграбныя радкі

Назавуць рыторыкай і міма

Пройдуць, як праходзяць ля ракі.

 

Можа публіцыстыкай палічаць,

Скажа крытык, Кучар ці Бур’ян:

«Што тут новага?» А я ў аблічча

Бачыў шчасця цэлы акіян.

 

Ён шуміць, магутны і вялізны,

Неспакойны, бурны... Так і быць!

Гэтай публіцыстыкі сацыялізма

Не хачу нічым я замяніць!

 

1955 г.

 

 

КАЛЫХАНКА

 

З народнага

 

Люлі-люлі, спі, мой сын,

Людзі спяць даўно. Адзін

Шэры коцік спаць не хоча,

Усё ходзіць ды варкоча.

 

Пайшоў каток пад масток,

Злавіў рыбку за хвасток.

І пабег коцік у сялібку,

Панёс коцік хлопцу рыбку.

 

На палаткі кот зайшоў,

Нарабіў ён там слядоў.

— Не хадзі, каток, па лаўцы,

Бабка будзе біць па лапцы.

 

Узлез каток на шасток,

Горка плача галубок.

— Чаго, коцік, ты варкочаш,

Можа, піць ці есці хочаш?

 

У шчарбатым чарапку

Пададзім табе мядку.

— Я за ежу не вазьмуся,

Мяне скрыўдзіла бабуся:

 

Хоча лапкі перабіць...

Чым жа рыбку мне лавіць?

— Ляж, каток, засні ля бабкі,

Зажывуць малыя лапкі,

 

Будзеш к мосціку хадзіць,

Будзеш рыбку зноў лавіць.

Спі, мой коцік, люлі-люлі,

Людзі ўжо даўно паснулі.

 

1955 г.

 

 

ТЫ ПУЦЯВОДНАЙ СВЕЦІШ ЗОРКАЙ

У дні вялікага змагання

З няволяй, з цемрай ракавой

Цябе, прадвесніцу світання,

Назвалі зоркаю — Звяздой.

 

Вайна. Галеча. Голад люты.

А слова вымавіш — турма.

Здавалася, людскім пакутам

Канца і краю ўжо няма.

 

Натхнёная гаючай сілай —

Дыханнем ленінскіх ідэй,

Ты падымала і жывіла

Мільёны змучаных людзей.

 

Пад светлай зоркай пуцяводнай

Рабочы і сялянскі люд

Ішоў хадою ўсенароднай

За мір, свабоду і зямлю.

 

Ён падымаўся, быццам волат,

За свой ратунак — за Савет.

І ты, як грознай кары Молат,

Крышыла люты панскі свет.

 

І ты, як праўды Буравеснік,

Калі лажыўся чорны цень,

У хмарах цёмных і злавесных

Вяшчала новы, ясны дзень.

 

І ён настаў. Збыла напасці

І мукі цяжкія зямля.

І ты куеш, як волат, шчасце

Свайго народа-каваля.

 

І ты завеш, як буравеснік,

У новы ясны дзень вясны;

Дзе пад бліскучым сонцам веснім

Прасторы новыя відны.

 

Як і раней, часінай горкай,

Так і шчасліваю парой

Ты пуцяводнай свеціш зоркай —

Агністай ленінскай Звяздой.

 

1957 г.

 

 

БЕЛАРУСЬ

З далёкай едучы краіны,

Я перасек Заходні Буг:

— Дзень добры, родныя мясціны,

Дзень добры, верны горад-друг!

 

І вось ад Брэста да Краснога

Перада мной ва ўсёй красе

Лягла шырокая дарога —

Маскоўска-Брэсцкае шасэ.

 

Ідуць знаёмыя малюнкі:

Дыміцца цёмнай хмаркай пыл:

Уздоўж абсаджанай чыгункі

Бягуць дарожныя слупы;

 

Раз’езды, станцыі, паўстанкі,

Заводы, вёскі навакол;

З пявучай моваю сялянкі

Падносяць хлеб і малако;

 

На спелых нівах ураджайных,

Ад краю ў край, ва ўсе канцы,

Махаюць крыламі камбайны,

Спяваюць жнеі і касцы;

 

Пасля ізноў мільгаюць сёлы,

Драты антэн на вільчаках

І паміж дрэвамі над школай

Чырвоны сцяг, савецкі сцяг...

 

О Беларусь, мая калыска,

Жыццё маё, прытулак мой!

З гарачаю любоўю нізка

Схіляюся перад табой.

 

Зямны паклон табе, радзіма,

Тваім палям, тваім лясам,

Тваім заводам з белым дымам,

Тваім гасцінцам і шляхам!

 

Няма нідзе ім падабенства!..

І тут — не то з даўнейшых кніг,

Не то з далёкіх дзён маленства —

На момант іншы край узнік.

 

Паўсталі вузкія палоскі,

Сухія дзічкі на палях,

На грэблях вербы ды бярозкі,

Пяскі ды ямы на шляхах.

 

Каля дарог — глухія сёлы,

Рады каплічак і крыжоў

І за яловым частаколам

Магілы раннія бацькоў.

 

Скупою высеяўшы меркай,

Няшмат збіралі там, жнучы,

У зрэбных світках і магерках

Радзімічы і крывічы.

 

І ты адно магла даць блізкім

З тваёй зямлі, з тваёй сасны:

Малому — дошку па калыску,

Старому — века для труны.

 

Так і жыла ты у шарачку,

Хоць мела свой і двор, і дом

І не стаяла, як жабрачка,

Ні пад чыім чужым акном.

 

Мінулі тыя ліхалецці,

Сышлі даўно ў глухі нябыт.

У яркай зелені і цвеце

Паўстаў твой новы краявід.

 

Цяпер убрана ты квяціста,

Пад колер слуцкіх паясоў,

У строі нівы залацістай,

У шаты грэчак і аўсоў.

 

Цяпер на ўсіх тваіх прасторах

Блакіт нябёс, блакіт азёр,

Блакіт ільну і... зоры, зоры —

Мільёны самых чыстых зор!

 

А пашарэе над палямі,

У змроку, быццам маякі,

Гараць чырвонымі радамі

Фабрычных вышак аганькі.

 

Асветлен імі шлях твой зорны,

І ты паміж сваіх сясцёр

Ідзеш упарта і напорна

Да новай славы на прастор.

 

Прымі ж паклон мой шчыры, нізкі,

Сагрэты чыстым пачуццём,

Мой родны край, мая калыска,

Маё бяссмертнае жыццё!

 

1959 г.

 

 

* * *

Я сябраваў заўсёды з дрэвамі...

Любіў сардэчна іх вясной,

Абмытых шчодрымі залевамі

Пад рэха музыкі лясной.

 

Любіў іх стомленыя шолахі,

Калі часінай летніх спёк

Па іх, як той зарніцы сполахі,

Каціўся лёгкі вецярок.

 

Я іх любіў наскрозь барвовыя

На ростанях маіх дарог,

Калі свае лісты ружовыя

Яны скідалі мне да ног.

 

Я іх любіў, укрытых інеем,

Калі яны сярод завей

Пад хусткамі стаялі сінімі,

Заснежаныя да брывей.

 

Заўсёды з шчырымі абдымкамі

Яны ішлі насустрач мне.

А зараз вось пад шэрай дымкаю

Стаяць маўкліва ў старане.

 

— Што ж паміж нас такое сталася? —

Пытаюся трывожна ў дрэў.

Ці то яны залішне сталыя?

Ці сам я трошкі пастарэў?

 

Ці, чарамі аплёўшы нейкімі,

Закрыла іх ад воч маіх

Зялёнымі сваімі вейкамі

Бяроза белая ў гаі?

 

1963 г.

 

 

МАЛЕННЕ АБ ДАЖДЖЫ

Я чую за маім акном буйныя кроплі:

Кап! кап! Упала і — няма. Пасля ізноў:

Кап! — Капелька! Каплюсенька! Каплюся!

А кажучы па-беларуску, кропля-кропелька,

Удар! Удар па вельмі спозненай вясне,

Па гэтым пачарнелым, наздраватым снезе,

Па вычышчаным экскаватарам асфальце,

Па чалавеку, што ідзе пад парасонам,

Па мне, па ўсіх маіх таварышах-сябрах,

Якія шмат пісалі, дождж, як ты ідзеш:

У аднаго — ступою, у другога — трухам,

У трэцяга алюрам нават... Дожджык, дождж!

Ідзі па-рознаму, але абавязкова

Удар па рэках зледзянелых, па лясах,

Удар па сэрцы земляроба і паэта,

Па нівах іх запушчаных — хай будзе хлеб!

 

1964 г.

 

 

АДЗІНАЕ СЭРЦА

Над Мінскам маім — сіняватыя ночы.

Над горадам Леніна — белыя ночы.

У Мінску ідзе падрыхтоўка да свята.

А чым ты, сястра-ленінградка, занята?

Пытаю — і чую адказ над Нявою:

«Жыву я праз дваццаць гадоў удавою.

Я ў Мінску ніколі, сябры, не бывала,

Але я там шчасце сваё пахавала.

І я буду з вамі на вашым парадзе,

Хоць я і дагэтуль жыву ў Ленінградзе.

Мне дораг ваш горад. У час утрапення

Загінуў мой муж за яго вызваленне.

Ён першы з сваім гераічным узводам

Прарваўся да спаленых мінскіх заводаў,

Да вашага гора, да вашых пажараў,

Да вашых надзей і затоеных мараў

Убачыць свой горад пасля навальніцы

Ва ўсёй прыгажосці, належнай сталіцы.

Канаючы, гледзячы ў зорнае неба,

Навек парадніўшыся з братняю глебай,

Ён першы пабачыў красу гэту зблізку...

І сэрца майго палавіна — у Мінску».

Над Мінскам сягоння — святочныя ночы.

Над горадам Леніна — белыя ночы.

Але зіхацяць яны ў бляску адзіным,

Як сэрца братэрскага дзве палавіны.

 

1964 г.

 

 

БЕЛАРУСКІЯ СЫНЫ

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

Я. Купала

 

Партызаны, партызаны,

Беларускія сыны!

Нашы пушчы і паляны

Помняць вас з часоў вайны.

 

Ды і вам самім, напэўна,

Непагодлівай парой

Сніцца шум бароў напеўны,

Сніцца ваш апошні бой.

 

Тут, па закліку братэрства,

За жыццё маіх мясцін

Супраць нелюдзяў і зверства

Вы стаялі, як адзін.

 

Дзе ж вы зараз, партызаны,

На якіх шляхах зямлі?

Ці ў бязмежных акіянах

Ведзяце вы караблі?

 

Ці далёка дзесь у Брацку

Вы узводзіце муры?

Па-ваяцку, па-сваяцку

Адгукніцеся, сябры!

 

Дзе б вас маці ні радзіла,

Дзе б каторы з вас ні рос,

Дзе б вас доля ні вадзіла

І куды б ні кінуў лёс,

 

На якіх бы сцежках свету

Ці сваёй жа стараны

Ні былі вы — вы дагэтуль

Беларускія сыны.

 

1965 г.

 

 

ПІЯНЕРСКАЯ ПАХОДНАЯ

Бывайце, школьныя сябры!

Ад роднага парогу

Мы раніцою на зары

Выходзім у дарогу.

 

Спыніўшыся паміж азёр

У ціхі час змяркання,

Разложым з хворасту касцёр

На муражной паляне.

 

Гары, касцёр, гары

Пад цёмнымі дубамі,

Свяці, касцёр, свяці

Над нашымі шляхамі!

 

Па росных сцежках лугавых

У цяжкі час змагання

Атрады хлопцаў баявых

Хадзілі на заданні.

 

Здаецца, і цяпер здалёк

Над беларускім краем

Іх партызанскі аганёк

Насустрач нам мігае.

 

Гары, касцёр, гары

Пад цёмнымі дубамі,

Свяці, касцёр, свяці

Над нашымі шляхамі!

 

Непагасальны, трапяткі,

Ты асвятляў дарогі,

Якімі некалі бацькі

Ішлі да перамогі.

 

У нашых сэрцах маладых

Твой зорны водбліск ясны,

Як жар іх сцягаў баявых,

Ніколі не пагасне.

 

Гары, касцёр, гары

Пад цёмнымі дубамі,

Свяці, касцёр, свяці

Над нашымі шляхамі!

 

1965 г.

 

 

ГАРОХ

Заспрачаліся бабка і дзедка,

Дзе пасеяць гарох на палетках:

Ці на дальніх палях пры балоце,

Дзе ён будзе адзін на самоце,

Ці на бліжніх узгорках пры лесе,

Дзе ніхто ў струкі не палезе,

Ці ля хаты ў сваім агародзе,

Дзе ён будзе на поўнай выгодзе.

 

Запрасіўся гарох, замаліўся,

Ледзь да сіняга неба не ўзвіўся:

— Ой, не сейце пры мокрым балоце,

Там мяне журавы абмалоцяць,

Не кідайце, прашу, і на ўзгоркі,

Там я стану чарвівы і горкі,

Не гадуйце мяне і ў гародзе,

Мне выгода залішняя шкодзіць.

 

Вы пасейце мяне пры дарозе,

На шырокім адкрытым разлозе,

Дзе б над цёмнай маёю калыскай

Хмары цёплыя плавалі нізка

Ды з дажджамі мяне не міналі,

Дзе б струкі мае людзі шчыпалі,

Самі елі ды дзецям насілі,

Дзеда, бабу хвалілі.

 

1965 г.

 

 

ДАПЫТЛІВЫ

Я такі дапытлівы,

Што, калі не ведаю,

Ці былі на пытлі вы,—

Я не паабедаю.

 

Буду цяжка мучыцца,

Ці мука спытлёвана,

Ды ў якой кадушачны,

Дзе яна прыхована.

 

Аб усім дазнаюся

З распытання труднага

І не часта каюся,

Што не папалуднаваў.

 

Буду я усцешаны

Позняю часінкаю:

Пірагі ж замешаны,

Ды яшчэ з разынкамі.

 

Той часінкай шэраю,

За сваё ўсёведанне,

З’ем абед з вячэраю

Заадно са снеданнем.

 

1965 г.

 

 

ЛОСЬ

У дрымотным лесе

Ходзіць лось рагаты,

У гушчар залезе

І стаіць, цыбаты.

 

З гушчару прабіцца

Да лясной дарогі

Вельмі ж замінаюць

Кручаныя рогі.

 

Лось забыў пра гульні

І, прамы і строгі,

Рушыў да цырульні,

Каб падстрыгчы рогі.

 

Яшчэ больш трывожны

Ён прыйшоў дадому:

Дзе ж ты возьмеш ножны

Волату такому?!

 

1965 г.

 

 

ВЯСЁЛКА

Хваліліся вербы

Уборам зялёным,

А возера — сінім,

А ружы — чырвоным.

Адна толькі ціха

Вясёлка маўчала,

Пакуль ад дажджынак

Уся не заззяла.

Заззяла квяціста

Над цэлай краінай —

Чырвоным, аранжавым,

Жоўтым і сінім.

 

1965 г.

 

 

З вершаў аб заграніцы

 

У ДАРОЗЕ

 

Ой ляцелі гусі

З далёкага краю.

Пачакайце, гусі,

Я вас запытаю...

З народнага

 

Якія там гусі!.. Як Гогаль казаў,

Не кожная птушка сюды даляціць.

Адно за кармою, нібы дзераза,

Зялёнай дарожкай паўзе біруза

Ды пан Атлантычны шуміць і кіпіць.

 

Хіба што у чаек сустрэчных спытай,

Што кружацца з плачам у горкай журбе.

Ды што яны скажуць пра родны твой край?!

І як ні галёкай, і як ні гукай —

Ніхто не адклікнецца, браце, табе.

 

Я выйшаў з каюты і моўчкі стаю.

Навокал шырокі, бязмежны прастор.

Як гусі ляцелі — у думках пяю...

І раптам у ціхую песню маю

Шырокім ручвом уліваецца хор.

 

На палубе недзе, на самай гары,

Дзе толькі шалёны вятрыска шуміць,

Аб возеры сінім, аб стромкім бары

Знаёмую песню спяваюць сябры,

І здэцца — яна з Беларусі ляціць.

 

Над морам развеяўся шэры туман,

Махнулі зялёнай чупрынай лясы,

Павеяла подыхам смольных палян,

І праз неабсяжны увесь акіян

Пачуў я радзімы сваёй галасы.

 

1957 г.

 

 

СУСТРЭЧА З АМЕРЫКАЙ

Я раней не бываў у Амерыцы,

Ведаў толькі па кнігах аб ёй,

І, прызнаюся, нават не верыцца,

Што нарэшце сустрэўся з самой.

 

Добры вечар, яшчэ з старадаўнасці

Расхвалёная нам старана!

Ну, якая ж ты ёсць у сапраўднасці?

Пакажыся чуток! А яна

 

Распласталася ўся, апантаная

У цынізме сваім і красе,

Больш за іншых разгульна-шантанная

І няшчасная больш, як усе.

 

Паглядзіце, яна небаскробамі

Узнялася ў надхмарную высь,

А душа... не людзьмі, а мікробамі

Затаптана ў агідную слізь.

 

Я не ведаю, колькі ёй выстаяць

Давядзецца такой на зямлі.

Я хачу, каб была яна чыстая,

Як тварцы яе славы былі.

 

Каб і белыя рукі, і чорныя

Скрыжаваліся ў брацтве адным,

Каб і шчасцем была яна зорная,

А не толькі штандарам сваім.

 

1957 г.

 

 

ПЕРАД СТАТУЯЙ СВАБОДЫ

Перад табой шуміць бязмежны акіян,

Неўтаймаваных хваль бурлівае кіпенне,

А ты — засмучаны, чало спавіў туман,

І цесна тут табе, французскае стварэнне.

 

І цесна не таму, што тут няспынны грук,

І сумна не таму, што душаць небаскробы.

Яны таксама плён не менш натхнёных рук,

Чым рукі скульптара тваёй сястры Ніобы.

 

Цябе стаміў не шум, а векавая глуш,

Дзе колькі ні гукай — ніхто не адгукнецца

У гэтым логаве пустых, нікчэмных душ,

У гэтым зборышчы прадажных нізкіх сэрцаў.

 

І ты адлучана ад свету не вадой,

На адзінокай выспе стоячы самотна;

А ты адлучана народнаю бядой,

Што разлілася скрозь ракою мнагаводнай.

 

І ці не ў гэтым будзе верны сімвал твой,

На востраў выгнаная Статуя Свабоды,

Што каб пабачыцца з далёкаю табой,

Патрэбна перайсці вялікія нягоды.

 

1957 г.

 

 

СЛОВА Ў ДЫСКУСІІ

Дванаццаты дзень ад зары да змяркання

Ідуць ў Асамблеі няспынна дэбаты.

Дазвольце ж і мне дакрануцца пытання,

Узнятага вамі, паны дэлегаты.

 

Вы палка гаворыце нам аб свабодзе...

А знаеце вы, што такое няволя?!

Напрыклад, вось вы, што на пышнай выгодзе

Радзіліся прынцам — ні меней, ні болей...

 

Ці вы, для якога ў маленстве калыску

Абсыпалі ўсю залатымі дажджамі,—

Вы бачылі хоць бы калі-небудзь зблізку,

Як плача няволя буйнымі слязамі?

 

Што ж можаце вы разумець у свабодзе?

Для вас гэта толькі звычайнае слова.

А мы, нарадзіўшыся ў простым народзе,

З маленства пазналі няволі аковы.

 

Вось гэта — народа майго дэлегаты:

З-пад Кіева, Вільнюса, Мінска, Калугі...

Адзін з іх быў некалі панскім аратым,

Другі быў прыкуты да іншага плуга.

 

Ён крукам стаяў над станком у заводзе,

Найлепшы змагар супраць рабства народа.

Дык што ж вы нас вучыце вашай свабодзе,

Калі ў нас з’явілася наша свабода?!

 

І колькі б вы нам кулаком ні гразілі,

І колькі б вады ні таўклі ў вашай ступе,

Мы нашай няволі канец палажылі,

І нашай свабоды нікому не ўступім!

 

1957 г.

 

 

РОДНЫ ПРЫВІД

Я спаў і сніў... А мо наяве

Прайшла ты лёгкаю хадой?

Не ведаю. Але на справе

Была сягоння ты са мной.

 

Я цалаваў жывыя рукі,

Глядзеў у вочы, у якіх

Было так многа цяжкай мукі

І за мяне і за другіх.

 

І я прачнуўся — у пакоі

Стаяла толькі цішыня,

Ды за акном шумелі хвоі

І клёны цёплага паўдня.

 

І я, зняверлівы, паверыў —

Са мной была твая душа:

На белым аркушы паперы

Застаўся след карандаша.

 

1957 г.

 

 

ЗЯМЛЯЧЦЬІ

Ты зайздросная трошкі, чаго там таіцца!

Гэту рысу тваю я заўважыў даўно.

І глыбокія вочы, як тая крыніца,

І паходка, і голас — мне сведчаць адно:

 

Ты зайздросціш той радаснай зорцы, якая

Узыходзіць штовечар над роднай зямлёй,

І таму Спадарожніку, што пралятае

Кожны дзень над палескаю вёскай тваёй,

 

Ты зайздросціш тым песням, якія нячутна

Напяваеш штораніцы моўчкі адна

І якія у нас, на радзіме, магутна

Запявае адкрыта уся старана,

 

Ты зайздросціш сняжынкам, што вецер загушкаў,

Ты зайздросціш, што ў нас на радзіме зіма...

А ляціць над табой легкакрылая птушка —

Ты становішся лёгкаю птушкай сама.

 

Толькі крылляў птушыных табе не хапае,

Каб ляцець і ляцець праз шырокі прастор

Аж туды, на радзіму, дзе з краю да краю

І палі, і снягі, і азёры, і бор.

 

Дык паедзем! Наш лайнер плыве на радзіму,

Ён дыміць і сірэніць, аж стогне карма,

Каміны яго ў горы счарнелі ад дыму,

А цябе ўсё няма, і няма, і няма.

 

Не, не веру! Ты з намі! Я ведаю добра:

Ты не можаш спазніцца, не можаш забыць...

І калі не сама, дык твой радасны вобраз

Разам з намі на прыстані сёння стаіць.

 

Ён, паўнюткімі зайздрасці добрай, вачыма

Аглядае на ростань чужую зямлю

І ляціць і ляціць аж туды, дзе радзіма...

І за гэта цябе я сапраўды люблю.

 

1957 г.

 

 

РАЗМОВА З АКІЯНАМ

Ну, супакоіўся, стары буян?!

А помніш — што ты вырабляў, нягоднік?

Ты ж быў не сталы, мудры акіян,

А чысты дэбашыр і грахаводнік.

 

Цяпер, уцяўшы ў неба зрок нямы,

Ляжыш, не можаш нават зварухнуцца.

А ўчора ж ты не то што да кармы,

Да мачты выхваляўся дацягнуцца.

 

Ты ж біўся, роў, качаўся па зямлі,

Кружыўся з яхтамі, нібыта юны,

Круціў у дзікім танцы караблі

І цалавацца лез да кожнай шхуны.

 

Ну-ну, не злуйся і не мармычы!..

Я ведаю, на што ты намякаеш,—

Ты хочаш мне сказаць: «Моў, не вучы,

А сам ты вось такім жа не бываеш?

 

А што ж ты за такі вялікі пан?

А я магу сказаць табе без пыхі —

Я ўсё ж такі сапраўдны акіян,

І не Індыйскі нейкі там ці Ціхі».

 

Ты гэта хочаш мне, стары, сказаць?

Дык я табе, брат, адкажу на гэта:

Цябе са мною нельга параўнаць,

Бо нельга мудраца раўняць з паэтам.

 

І ты не будзь, як я з табою, строг,

Табе няма чаго ірвацца к славе,—

Калі пад старасць сілу прыбярог,

Дык прысвяці яе разумнай справе.

 

І калі ты сапраўдны акіян,

Адкінь сваю няўрымслівую дзікасць.

Вось так я думаю, вяльможны пан

І ваша атлантычная вялікасць.

 

1957 г.

 

 

ДЗІВАКІ

Без прыпынкаў дзень і ноч імчыцца

Праз усю Еўропу наш экспрэс,

І нарэшце — вось яна, граніца,

Бераг Буга, родны горад Брэст.

 

Спадарожнікі даўно паснулі,

Спяць у снезе белыя палі.

А вы бачылі калі ці чулі,

Каб такія дзівакі былі?

 

Вось адзін стаіць ў канцы вагона,

Не самжыўшы ні на міг вачэй,

Хоць, відаць, нямала ўжо бяссонных

У дарозе ён правёў начэй.

 

Вось другі прыпаў да цёмнай шыбы

І глядзіць, забыўшы аб усім,

На далёкі аганёк сялібы,

Быццам цэлы свет у ім адным.

 

Што ж яны такое выглядаюць?

Што яны там бачаць уначы?

Не пытай, чаго яны шукаюць,

І хвілінку, дружа, памаўчы.

 

Дай нам выліць смутак па радзіме,

Дай сустрэчай сэрца наталіць,

А цяпер давай цябе абдымем

І пачнём па-брацку гаварыць.

 

Можа быць, табе і невядома,

Што мы думаем і чым жывём.

А я сам, даўно не быўшы дома,

Стаў чуток такім жа дзіваком.

 

1957 г.

 

 

ХВАЛЯ

Зорнай ноччу ў глухіх акіянскіх глыбінях

Спала стомлена хваля, стыхій гаспадыня.

На світанні ўзнялася яна пакупацца,

Ды не суджана беднай было разгуляцца,

Бо як толькі па свет паказалася голай,

Прамяністая зорка яе раскалола.

 

З адламанага з болем у хвалі кавалка

Нарадзілася тут жа маленькая хвалька

І пабегла, пабегла, як бегаюць дзеці...

За малой прыпусціўся разбуджаны вецер,

А за ветрам услед паляцелі аблокі,

Ды малая была ўжо далёка-далёка.

 

Затужыла старая магутная хваля,

То нахлыне на бераг, то ў мора адваліць,

Б’ецца ў бераг, варочае камень і гальку,

Усё кліча-гукне маленькую хвальку

І не можа дагэтуль ніяк здагадацца,

Што ніколі ўжо ёй за малою не ўгнацца.

 

Тая вырасла, стала высокай, імклівай

І сярод неспакойных сябровак бурлівых

Кружыць недзе, пакуль аж сама не прыстане,

У шырокім, бязмежным, як свет, акіяне.

 

1964 г.

 

 

Сатырычныя вершы

 

ЯК ПАРТЫЗАН «ДЗЕД» ЗАДАЎ ФРЫЦАМ АБЕД

На разведку выйшлі фрыцы,

Падыходзяць пад лясок.

— Чым бы можна пажывіцца? —

Паглядаюць у бінокль.

Бачаць прагнымі вачыма:

Па дарозе пры ляску

Цягне баба за плячыма

Падсвінака у мяшку.

Быццам гончыя сабакі,

То галопам, то трушком

Прыпусціліся ваякі

За жанчынаю з мяшком.

— Падавай,— крычаць,— для штаба

Падсвінака на абед.

Абарочваецца баба:

— Я не баба, я — сам «Дзед».

 

1942 г.

 

 

ВЯСНОВЫЯ РЭЗЕРВЫ

Гітлер страшыць наступленнем

І рыхтуе «папаўненне».

Перад ім за радам рад

Выйшла войска на парад.

Першы рад — сляпы ваяка

І бязрукі забіяка;

У другім за імі ўслед

Чыкіляе нейкі дзед;

А далей — яшчэ дзве сцервы...

Вось і ўсе яго «рэзервы».

 

1942 г.

 

 

ПАРТРЭТЫ ФАШЫСЦКІХ ВАЯК

 

«Налётчык-знішчальнік»

Ён пад неба не ўзлятае,

А свіней усё знішчае,

І як бачылі вы самі,

З капытамі, з трыбухамі.

 

«Майстра штыкавога ўдару»

Б’е ён трапна і напэўна

Толькі ў курыцу і пеўня.

 

«Абаронца»

Фрыцы Ганса атакуюць,

Трацяць кулі упустую:

«Акапаўшыся» ля крамы

За мяшкамі ды кубламі,

Ганс ніколі, аж да скону.

Не накіне абарону.

 

«Герой»

Ён калісь ва ўсіх гасціных

Паланіў берлінскіх дам.

А да нашае жанчыны

У палон папаўся сам.

 

«Пераможца»

Вось які яго партрэт:

Каска, крыжык і шкілет.

 

1942 г.

 

 

НЕЧАКАНАЯ СУСТРЭЧА

Цёплы дзень. Трава на лузе

Зелянее, як дыван.

Цішыня ва ўсёй акрузе:

Ні стральбы, ні партызан.

 

Асмялеўшы, на палянку

Над блакітнаю ракой

Выйшлі фрыцы на гулянку,

Захапляюцца красой.

 

Між сабой яны гергечуць:

— О, які прыгожы кут!

О, які прыгожы рэчка!

— Дас іст наша! Дас іст гут!

 

Раптам ціха пракаціўся

Злева шэлест, справа — хруст,

Грозна дуб зашавяліўся,

Зварухнуўся гнеўна куст.

 

Немцам больш не да красы,

Узняліся валасы,

Узняліся, сталі дуба,

Як пачуўся голас з дуба:

 

«Рукі ўгору, пёс крывавы!

Не для вас тутэйшы кут,

Рэчка — наша, нашы травы,

Наша ўсё, а вам — капут!»

 

1942 г.

 

ДВА ПАРАДКІ

Фрыцы новы ў Беларусі

Усталёўваюць парадак:

Забіраюць куры, гусі,

У Берлін вывозяць статак.

 

Вельмі ж люба для фашыста,

Каб на вёсцы стала «чыста»:

У засеку — ні зярняці,

У хляве — ні парасяці.

Ні авечкі, ні каровы...

Вось які парадак новы.

 

Селянін жа ўпарта верне

На стары савецкі лад:

Адбірае ў фрыца зерне

І вязе яго назад.

А каб поўны быў парадак —

Ён назад вядзе і статак.

 

Ласка весела рыкае,

Падсвінак у хлеў спяшае,

Бегучы, сакочуць куры...

Толькі Фрыц ідзе пануры,

Фрыц, прывязаны за хвост,

Абдзірала і прахвост.

 

1942 г.

 

 

ВЯСЕННЕ-ЛЕТНІЯ РАБОТЫ

Штодзень з нядзелі да нядзелі

Крывавы Гітлер край наш дзеліць:

Кавалак Герынгу таўстому,

Кавалак Гебельсу малому,

Кавалак Лею-валацугу,

Кавалак Гімлеру-зладзюгу

І па кавалку ўсёй брыдзе,

Што ўслед за Гімлерам ідзе.

І вось прыйшлі да нас бандыты,

Звярыны чыняць свой закон,

Людзей зганяюць на прыгон.

Ну, што ж, народ наш — працавіты

Ён працу любіць, паважае

І дружна гуртам пачынае

Вясенне-летнія работы:

Аруць арыйскімі насамі,

А косяць рускімі клінкамі.

Часамі вяжуць у снапы.

Часамі зразу — у цапы.

Пасля касьбы і малачэння —

Засыпка шкоднага насення:

На чорных костак паўасміны

Даецца жвіру тры аршыны.

 

1942 г.

 

 

ФАШЫСЦКІЯ ПАРАДКІ — ГРАБЕЖ І ПАДАТКІ

Падаткі, падаткі, падаткі, падаткі...

У Гітлера толькі такія парадкі.

 

Падатак за садзік, за дрэва пры доме,

Падатак за вокны, падатак за комін,

 

Падатак за кошку, падатак за мыш,

Падатак за тое, што ходзіш, што спіш...

 

Ды з некага дзерці падлюгам падаткі:

У лес уцяклі нашы дзеці і маткі.

 

І фрыцы падаткаў ніяк не спагоняць,

Са злосцю жывёлу на вісельню гоняць.

 

— Нядоімшчык! — грозна равуць на сабаку,

Са смехам чапляюць пятлю небараку.

 

Ну, што ж, няхай сэрцы бандыты пацешаць,

Іх скора саміх, як сабак, будуць вешаць.

 

I будзе глядзець ускудлачаны пёс,

Як Фрыц задзярэ свой расквашаны нос.

 

1942 г.

 

 

ПА «ДОБРАЙ» ВОЛІ

— Усё па добрай волі

Ты робіш, беларус:

Жывеш без круп,

без солі

Ці ж гэта наш прымус?!

 

Так пішуць у газетах

Разбойнікі пяра.

А глянь ты на кабету,

Што гоняць са двара.

 

Ад родных хат і поля,

Ад кветак на лугу

Яе па «добрай» волі

Вядуць на ланцугу.

 

На катаржную працу

У Гамбург завялі,

У панскія палацы

Найміткай аддалі.

 

Ні шчасця ёй, ні долі

Няма там, беларус:

Яна па «добрай» волі

Цягае страшны груз.

 

Яе таўстая немка

Штодзень нагайкай б’е.

Рабыня-чужаземка

Маўкліва слёзы лье.

 

А гаспадар скуголіць:

— Ты маеш вольны час

Пішы па «добрай» волі,

Як слаўна жыць у нас.

 

Няшчасная кабета,

Як загадаў фашыст,

Пад руляй пісталета

Дахаты піша ліст.

 

І вось, з тугою, з болем

Успомніўшы свой дом,

Яна па «добрай» волі

Пакончыла з жыццём.

 

1942 г.

 

 

ПРЫГОДЫ ГАМБУРГСКІХ ДАМ

Спадабаўся ў Беларусі

Акупантам умалот:

Тут да хлеба ёсць і гусі,

Ёсць і сала, ёсць і мёд.

 

Пі і еж сабе без нормы!..

І яны навезлі к нам

Для папраўкі і адкорму

Згаладалых іхніх дам.

 

Ды нядоўга дамы елі

Беларускі хлеб і мёд:

Толькі вылезці паспелі —

Чуюць, строчыць кулямёт.

 

Не да сала дамам стала —

Партызаны на сяле.

Жонка мужа засядлала,

Села, быццам на сядле.

 

І як свіснула над вухам,

Як прышпорыла пад бок,

Муж завойкаў толькі глуха,

Кавырнуў нагой пясок.

 

І памчаў ён не дарожкай,

А палямі, уцалік,

І праз момант з гэтай ношкай

У тумане дзесьці знік.

 

Да крыві хрыбет і спіну

Фрыц засёдланы нацёр,

Покуль тоўстую скаціну

Аж да Гамбурга дапёр.

 

* * *

Якая ж з гэтага навука фрыцам?

Калі задумае каторы з іх жаніцца

І, ажаніўшыся, у нашую старонку

Адважыцца прывезці жонку,

 

То перад тым, як ехаць у сяло,

Няхай прыдбае добрае сядло,

Каб, з нашай уцякаючы краіны,

Не намазоліць жонкай спіны.

 

1942 г.

 

 

«ЗНАТОК» БЕЛАРУСІ

Паўз лясы цягнік імчыцца.

У вагоне едуць фрыцы,

І адзін між іх, старэйшы,

Навучае маладзейшых:

— Беларусь я добра знаю:

Дзе руіны скрозь без краю,

Дзе палетак голы, чысты,

Там пануем мы — фашысты.

А вось тут, дзе ёсць каровы,

Сцеражыцеся дубровы...

 

Фрыц дакончыць не паспеў

І на міне узляцеў.

 

1942 г.

 

ДОБРАЯ ЦЁТКА

Перамёрзшы, акалеўшы,

Колькі дзён зусім не еўшы,

Курт даўгі і Ганс кароткі

Уваліліся да цёткі:

— Ну, старая, без утайкі

Падавай курэй і яйкі!

 

І... нябачаная справа —

Цётка кажа ім ласкава:

— Я курэй-то не гадую,

А вось пеўнем пачастую.

 

Ад здзіўлення Курт нямее,

Ганс ад радасці шалее,

А тым часам цётка гнеўна

Для «гасцей» пускае «пеўня».

 

1943 г.

 

 

МАЛЫЯ ЖАРТЫ

Раз партызанскі наш атрад

Ад немцаў атрымаў загад:

«Прыходзь усе ў камендатуру,

Іначай я спускаю шкуру».

 

Хоць камандзір у нас упарты,

Ды з фрыцамі малыя жарты.

Падумаў ён і так і гэтак,

Паслаў у вёску пяць разведак,

Пасля сабраў усіх і кажа:

— Давайце, хлопцы, немцу ўважым,

А то яшчэ сапраўды здуру

Здзярэ з сябе ад злосці шкуру.

 

І вось мы позняю парою

Да каменданта грамадою,

Каб шкуры ён не драў у злосці,

Ідзём з гранатамі ў госці.

Прыйшлі. І што ж? Фашыст падвёў!

Ледзь толькі камандзір зайшоў,

То камендант змяніў натуру:

Но ўспамінаючы пра шкуру,

Ён раптам на падлогу бух

І тут жа выпусціў свой дух.

 

1943 г.

 

САБАКАМ — САБАЧАЯ СМЕРЦЬ

Нам ветла ўсміхаліся далі,

Нас цёплаю ласкай віталі

Палеткі, лугі і лясы.

Навалай жалеза і сталі

Наш мір і спакой растапталі

Тупыя фашысцкія псы.

 

Не дай жа фашысцкай пачвары

Таптаць залатыя абшары

І ў лютасці дзікай шалець.

Грамі іх снарадам, таварыш,

Глушы іх гранатай, таварыш,

Сабакам — сабачая смерць!

 

Яны нашы хаты спалілі,

Яны нашых матак забілі,

Замучылі нашых дзяцей.

На многія вёрсты і мілі

Устала магіла к магіле

Па волі нязваных «гасцей».

 

Няхай жа курыць у пажары,

У дыме, як чорныя хмары,

Варожае мяса і шэрсць.

Палі іх агнямі, таварыш,

Знішчай іх штыкамі, таварыш,

Сабакам — сабачая смерць!

 

Няма ім ніякай патолі!

Адпомсцім ім так, як ніколі,

За пашы палеткі і гай,

За нашыя хаты і поле,

За нашу забраную волю,

За наш абрабованы край!

 

Мацней жа па гадах удары!

Агнём справядлівае кары

Хай помста не кіне гарэць.

Знішчай іх, чым можаш, таварыш,

І ты пераможаш, таварыш...

Сабакам — сабачая смерць!

 

1943 г.

 

 

ВЯРОЎКА БУДЗЕ

Ці дасце вы, людзі, веры —

Нават Гебельс, нават Герынг,

Нават Гітлер-захрыбетнік

Ачышчаюць самі сметнік.

 

Што ж іх цягне так да смецця?

Кажуць, цяжка жыць на свеце:

Час павесіцца прыходзіць,

А вяроўкі не знаходзяць.

Скрозь яны яе шукаюць...

 

Ды дарэмна час губляюць.

Марна корпаюцца ў брудзе:

Што ўжо што такой паскудзе,

А вяроўка пэўна будзе.

 

1943 г.

 

 

ГІТЛЕР ПЕСЕНЬ НЕ ПЯЕ

У раёне Таганрога

Фрыцы трапілі ў засад,

Ушчаміліся нябогі,

Што ні ўперад, ні назад.

 

І няма ўжо ім збавення:

Нашы часці навакол,

Гэта значыць — акружэнне,

А па-іхняму — кацёл.

 

Што ж, пасудак вельмі мілы!

І мы там у тым катле

Іх усіх пераварылі,

Што цудоўны выйшаў клей.

 

А пасля ўжо, каля Ельні

Ды ля іншых гарадоў,

Як падсвінкаў па патэльні,

Сталі смажыць іх сяброў.

 

Гітлер плача, Гітлер вые,

Гітлер песень не пяе,

Дні і ночы франтавыя

Думы думае свае.

 

А пакуль ён думаў думы,

Мы бліжэй прыйшлі пад Бранск,

На Ўкраіне ўзялі Сумы,

А ў Данбасе Лісічанск.

 

І пытае ён праз слёзы,

Дзе чакаць яму канца:

На Дняпры, ці на Бярозе,

А ці тут жа ля Данца.

 

1943 г.

 

 

ЭПІТАФІІ ДЛЯ АРЫЙСКАЙ ПОГАНІ

 

Над магілай невядомага салдата

Тут пахаваны невядомы фрыц,

Славуты тым між розных чужаніц,

Што больш за ўсіх ён вешаў і паліў

І першы галаву сваю злажыў.

 

Над магілай афіцэра

Раскормлены, як вол, і, як лісіца, рыжы,

Адбаляваўшы ў Празе і ў Парыжы,

Тут на спачынак злёг нямецкі афіцэр.

Не ведаем, дзе ён знаходзіцца цяпер,

Бо ад яго на гэтай вось зямлі

Адну руку і галаву знайшлі.

 

Над магілай памешчыка

У гэтай вузенькай магіле

На стоптаным пясчаным схіле

Ляжыць таўсты фашысцкі пан,

Уложаны рукой сялян.

Ён груганом на нашы землі ўбіўся

І нашаю ж зямлёю падавіўся.

 

1943 г.

 

 

УСЕАГУЛЬНАЯ РАСПРАДАЖА

Ад Маравы і да Эльбы,

Між каналаў і лясоў,

Дабіваюць нашы стрэльбы

Лютых гітлераўскіх псоў.

 

Кленучы свой лёс і маму,

З гарадка да гарадка

Цягнуць фрыцы рэшткі хламу

І пускаюць з малатка.

 

Тут і гебельсавы «качкі»,

І нямецкія арлы,

І павязаныя ў пачкі

«Непрыступныя» валы.

 

Вал усходні, вал заходні

І яшчэ якісьці вал...

Ды ніводзін непрыгодны

Для аховы абдзірал.

 

І купцоў зусім не стала,

Бо прыкончыўся запас

Нарабованага сала

І накрадзеных каўбас.

 

Гітлер сам круціў катрынку,

Ды нішто не памагло:

Пакупцоў няма на рынку

На такое барахло.

 

А тым часам, быццам бура,

Мы ўварваліся ў Берлін,

І галоўны крамнік-фюрар

Знік, як цень, сабачы сын.

 

Кажуць, быццам даў ён «дуба»:

Можа й так, калі ж не так,—

Не міне падлюгі згуба,

Як і ўсіх яго сабак.

 

І апошні з іх за марку

З малатка прадасца сам,

Каб дастаць пятлю для карку

І не здацца ў рукі нам.

 

1945 г.

 

 

БОТЫ

Ізноў ліхаманкай ваеннай гараць

Заходнегерманскія землі.

Каторую ноч генералы не спяць

І сам гаспадар іх не дрэмле.

 

Усё ўжо гатова да новай вайны —

Гарматы, бацылы і порах,

Салдатам вермахта пашыты штаны

Па амерыканскіх узорах.

 

І толькі адно непакоіць паноў —

Салдацкія простыя боты:

Яны, як вядома з мінулых баёў,

Павінны быць моцнай работы.

 

Не жартачкі, трэба да самай Масквы

Дайсці будзе арміі з часам...

І сам гаспадар правярае іх швы

І пробуе ногцем абцасы.

 

Нічога не скажаш, падэшвы цяпер

Адліты з якогась саставу,

І як ні памацай, і як ні правер —

Абутак змайстрован на славу.

 

Нядаўна ў сырой сталінградскай зямлі,

Пад час палявое работы,

У цёмнай салдацкай магіле знайшлі

Такія ж дзябёлыя боты.

 

Нямала па свеце прайшлі яны міль,

Нямала гразі памясілі,

Але не кранула ні гніль іх, ні цвіль...

Няма толькі тых, што насілі.

 

І некаму бонскаму боту сказаць:

— У гэтым абутку калісьці

Дайшла аж да Волгі фашысцкая раць,

Ды толькі не здолела выйсці.

 

1955 г.

 

 

НА ПРЫЁМЕ Ў МЭРА ГОРАДА

Аднойчы я з другімі (мэрам

І я стаў князем ці паслом)

Запрошан быў нью-йоркскім мэрам

На нейкі раут ці прыём.

 

Прыйшоў, стаю сабе ў куточку,

А навакол мяне адны,

Як снег, бялюткія сарочкі,

Як дудкі, вузкія штаны.

 

Дыпламатычныя натуры

Ад непатрэбных ім вачэй

Замаскаваны ў гарнітуры

Ад цёмнай ночанькі чарней.

 

Паглядзіш — банцікі на шыі

Ім выгляд надаюць такі,

Нібы ад страшнай ім Расіі

Яны замкнуты на замкі.

 

І тут жа поруч, недалёка,

З празрыстых крэпаў і шаўкоў

Віюцца тонкія аблокі

Усіх адценняў і таноў.

 

У гэтых лёгкіх хмарах недзе,

Нібы вар’яцкі карагод,

Лунаюць людзі і мілэдзі

Усіх узростаў і парод.

 

Іх грудзі, поўныя надзеі,

На зайздрасць іншым мацяркам

Адкрыты ў гонар Асамблеі

Усім пяці мацерыкам.

 

І тут, у гэтай зале белай,

Набітай маскамі наўсцяж,

Мне стаў нарэшце зразумелым

Амерыканскі лад жыцця:

 

Адзін вылузваецца з скуры,

Каб свету сорам паказаць,

Другі замкнуўся ў гарнітуры,

Каб бессаромнасць прыхаваць.

 

1957 г.

 

 

ХТО ЁН?

Жыве ў Нью-Йорку нейкі пан.

У кулуарах у ААН

Аб ім ужо нямала дзён

Ідзе дыскусія — хто ён?

Адны гавораць — адвакат,

Другія кажуць — дыпламат,

А там гучыць аж цэлы хор,

Што ён выдатнейшы акцёр,

Які пад маскай перуанца

Іграе слуг амерыканца,

А сам ён думае, што ён

Па меншай меры — Цыцэрон.

Калі ж сказаць без лішніх слоў,

Дык ён звычайны... Смердзякоў.

 

1957 г.

 

 

ЗДАРЭННЕ НА АДНЫМ СХОДЗЕ

На сходзе Аб’яднаных Нацый

Аднойчы выступіў Гарацый...

Не той, вядомы на ўвесь свет

Славуты рымлянін-паэт,

А просты пісарчук адзін

З краін «Амерыкен-лацін».

Свае паклёпы на Саветы

Ён сачыняў, нібы санеты,

І разышоўся ўрэшце так,

Што, праўду ведаўшы, зямляк

Не вытрымаў хлусні нахала

І крыкнуў голасна на залу:

— Пастой, а ты не брэшаш, хам,

Калі нахабна кажаш нам,

Што рускім быццам бы не любы

Сыны і Мексікі і Кубы.

Відаць, не любы ты адзін,

Дык ты ж не сын, а... сукін сын!—

Зямляк с прамоўцай добра знаўся

І, безумоўна, не мыляўся.

 

1957 г.

 

 

АМЕРЫКАНСКІ ЛАД ЖЫЦЦЯ

Я зноў у гэтым тлумным горадзе,

І гаварлівым, і нямым,

Дзе роскаш пышная і гора дзе

Зліліся ў подыху адным.

 

Брадвей у залацістым полымі,

У муравейніках машын,

Напоўнен грукатам і голымі

Натоўпамі пустых жанчын.

 

Як на кастрах калісьці блудніцы

За праграшэнні свецкіх дам,

Яны, сучасныя пакутніцы,

Гараць на вогнішчах рэклам.

 

На іх здаля глядзяць панурыя

Муры кварталаў дзелавых,

Ад золата крывава-бурыя,

З вачамі шыльдаў агнявых.

 

І тут жа поруч, дзе мільярдамі

Варочае адзін магнат,

Далей двума якімі ярдамі

Стаіць яго так званы «брат».

 

Сляпы, сагнуўшыся ад холаду,

На продаж вынес алавец,

І хоць апух увесь ад голаду,

Ён — не жабрак, а ён — «купец».

 

Маімі кпінамі адкрытымі

Я ні на кроплю не маню.

Прайдзіцеся глухімі стрытамі

Ці па бліскучых авеню,

 

Вы скрозь пабачыце аголены,

Без жаднай меры пачуцця,

Пракляты тройчы і адмолены

Амерыканскі лад жыцця.

 

1964 г.

 

 

Пасмяротныя публікацыі

 

* * *

Кружыць над полем шалёная замець,

Блізка грыміць, не сціхаючы, бой.

Ты, маё сэрца, і ты, мая памяць,

Што вы зрабілі са мной?!

 

Вы перайшоўшага мёртвы гасцінец

І прамінуўшага смерці палі —

Дзесьці, у нейкай з маскоўскіх гасцініц

Зноўку па спрэчкі з сябрамі звялі.

 

Хопіць! Абрыдала! Нас не пасварыш!

Роўна падзелім лаўровы вянец,

Так, як з таварышам верны таварыш

Дзеліць сягоння і хлеб і свінец.

 

Трэба аб сталасці дбаць памаленьку —

Скроні пакрыты сняжком сівізны.

Нашымі крыўдамі Панамарэнку

Мы надаелі яшчэ да вайны.

 

Дбайна шануючы быт беларускі,

Звычаі родных пакінутых сёл —

Хоць не багата пітва і закускі,

Сядзем давайце па-брацку за стол.

 

Слушна сцвярджае таварыш Маўчанскі:

Простыя хлопцы, як наша братва —

Слуцкі ганчар ці рыбак нарачанскі

Могуць тварыць без пайка і пітва.

 

Нашаму брату для чулага сэрца

Вострае слова ці жарт Крапівы

Лепей, як руская горкая з перцам —

Хопіш чуток — і не шум баравы.

 

Стол жа сягоння убран адмыслова:

Тут пахаджае, шуміць і звініць

Хмельнаю брагаю верш Куляшова,

З водарам кміну і спелых брусніц.

 

Лірыка Танка і лірыка Броўкі

Пеняцца ў кубках да самага дна.

Гэта хмяльней даваеннай зуброўкі

І гарачэй ад старога віна.

 

Мы гэтым словам, як брагай, сагрэты,

Што нам халодная, злая зіма!

Шумна балююць сягоння паэты,

Шкода, што Пімена з намі няма.

 

Сумна, што Колас пад небам Урала

Тужыць штовечар адзін пад акном.

Горка і цяжка, што Янка Купала

Болей не сядзе за гэтым сталом.

 

Вып’ем жа чаркі пакуты і гора

Мужна, як нашыя продкі пілі.

Верую кожнай крывінкай, што скора

Вып’ем за радасць на роднай зямлі.

 

З гэтага толькі і сэрца хмялее,

Зорнымі іскрамі сыплецца смех...

А над прасторамі кружыць завея,

Белымі хмарамі гонячы снег.

 

Холадна ў полі і жудасна ў лесе...

Чаркаю лірыкі грэючы кроў,

Танк выпівае за Рыбку Алеся,

П’е за Сялібу Аркадзь Куляшоў.

 

Слава і поспехі дзеляцца проста,

Крыўда сягоння душы не кране:

Кожнаму дадзена слова для тоста...

Вось падыходзіць чарга й да мяне.

 

Каюся, грэшны,— ніводнай паэмы,

За выключэннем якогась пісьма!

І не таму, што хвалюючай тэмы

Ці адпаведнай задумы няма.

 

Мы, раз’яднаныя, край наш, з табою,

Засумаваўшы па роднай зямлі,

Слухалі з Панчанкам рокаты бою,

После чыталі, а после пілі...

 

Толькі, таварышы, трэба вам ведаць —

Тосты і мы гаварылі не раз

І перад вамі за гэтай бяседай

Тварам, як кажуць, не ўдарым у гразь.

 

Дайце мне толькі хвіліну спакою,

Вызвальце роднае слова з ярма —

Я раскажу вам сягоння такое,

Чаго ні ў паэмах, ні ў казках няма.

 

У Мінску быў калісьці дом

З пахучым бэзам пад акном.

Паміж абломкамі руін

Там камень уцалеў адзін.

І многа зім ужо і лет

На ім відаць выразны след

Малой дзіцячае нагі.

 

1943 г.

 

 

* * *

Вавек не забудуцца добрыя справы,

Што ў гонар народа, на славу дзяржавы,

На ратных палетках смяротнай вайны

Тварылі харобрыя нашы сыны.

 

У нашай краіне ёсць возера Свіцязь,

Там рос у маленстве праслаўлены віцязь.

І толькі над возера выйдуць заранкі

Ці блісне над борам зарніца нясмела —

Нам будзе здавацца, што з громам маланкі

На голавы немцаў, на чорныя танкі

Ў апошнім палёце імчыцца Гастэла.

 

Калі ж па-над лесам пракоціцца рэха —

І сэрцы людскія агорне уцеха:

Нам здасца, што ў змроку начы сіняватай,

Прабіўшыся з нетраў на выбіты шлях,

Расхлістаўшы бурку, нястрымны Даватар

Імчыцца ўгалоп па варожых тылах;

 

Грукочуць тачанкі і бразгаюць цуглі,

Гудуць капыты, высякаючы вуглі,

Храпуць, да зямлі прыпадаючы, коні —

І вораг нічым не стрымае пагоні,

 

А выйдзем, пачуўшы гудок паравоза,

На шлях, дзе гамоніць Дняпро ці Бяроза,

Дзе стынуць масты і ў чаканні адказу

Гукае чыгунка... І ўспомнім адразу:

Тут з гэтых пакатых і стромкіх адхонаў

Спускаў эшалоны бяссмертны Заслонаў;

 

Тут біліся хлопцы яго маладыя,

Каб юнкераў прускіх нашчадкі ліхія

Таптаць беларускіх прастораў не смелі,

Каб вечна ў халодных магілах калелі.

 

І скрозь, дзе ні ступіш па нашай зямлі,—

Ці там, дзе ўміралі, ці там, дзе раслі,

Ці там, дзе шуканае шчасце знайшлі,—

Усюды пачуеш хвалу ад людзей

Геройству тваіх беларускіх дзяцей.

 

Вось гэты курган старажытны крывіцкі

Раскажа, як мужна змагаўся Сільніцкі,

А гэта маўклівая вечна дуброва —

Як ворага біў камсамол Бумажкова,

А бор магілёўскі, між сыпкіх пяскоў,—

Як ворага біў малады Смалячкоў.

 

Багатая наша зямля на імёны

Славутых герояў Айчыннай вайны!

Пра іх нам гаворыць і поплаў зялёны,

І шумныя нівы, і ціхія клёны,

І немыя сведкі баёў — курганы.

 

1944 г.

 

 

ПАРЭЧКІ

Ці вы любіце парэчкі —

Белыя, чырвоныя?..

Я нядаўна каля рэчкі

Ела іх, зялёныя.

 

Ад гаркоты ды аскомы

Ледзьве не заплакала.

А бабуся — ой, хітруся! —

Так і забалакала:

 

— От няшчасная дзяўчынка!

Трэба ж гэтак здарыцца,

Што зялёная галінка

На малую сварыцца.

 

Што ж ты зробіш, пачакаем,

Паспрабуем выстаяць,

А тады і паспытаем,

Калі добра выспеваюць.

 

Я чатыры дні чакала,

Каб не рушыць злагады,

А на пяты — не ўтрывала,

Выбегла па ягады.

 

Як забегла за будынкі,

Глянула — над рэчкаю

Аж усыпаны галінкі

Белаю парэчкаю.

 

Белаю, буйною,

Проста залатою.

 

Я нагнулася, сарвала

Шарык дзіўнае красы,

Але ягадка растала,

Белай кропляю расы.

 

Чыстаю, празрыстаю,

Пасля ночы соннаю.

 

А парэчкі каля рэчкі

Яшчэ ўсё зялёныя.

 

Я ад гора ды няўдачы

Ледзьве не заплакала,

А бабуся — ой, хітруся! —

Зноў са мной балакала:

 

— Пацярпі яшчэ, нябога,

Я кажу па шчырасці:

Будзе ягад многа-многа,

Дай ім толькі вырасці.

 

У грымотнай цёмнай хмары

Папрасі ім дожджыку

Хай абмые ад загары...

 

А парэчкі каля рэчкі,

Бачыла ж — зялёныя.

 

Кожны дзень я дожджык клічу:

Дожджык, дожджык, сыпані!

Нашу рэчку не міні

На парэчкі ты ліні!

 

Маёй просьбе паслухмяны,

Сыпануў ён апаўдні.

Над палямі, над лугамі

Дождж ішоў чатыры дні.

 

Я чатыры дні чакала,

Можа, нават цэлых пяць.

Ды нарэшце не ўтрывала —

Выйшла ягады збіраць.

 

Над лугамі — ні хмурынкі.

У кустах над рэчкаю

Аж усыпаны галінкі

Белаю парэчкаю.

 

Белаю, буйною,

Проста залатою.

 

Я нагнулася, сарвала,

Ды збянтэжана гляджу:

Тая ягадка растала

Белай кропелькай дажджу.

 

Чыстаю, празрыстаю,

Пасля ночы соннаю.

 

А парэчкі каля рэчкі

Яшчэ ўсё зялёныя!

 

Я ад гора ды няўдачы

Ледзьве не заплакала,

А бабуся — ой, хітруся! —

Так са мной балакала:

 

— Каб хутчэй над рэчкаю

Ягадка паспела,

Трэба каб зялёную

Сонейка прыгрэла.

 

Дні чатыры сонца грэла,

Можа, нават цэлых пяць.

Я на шосты рана ўстала,

Выйшла ягады збіраць.

 

Над лугамі — ні хмурынкі.

У кустах над рэчкаю

Аж усыпаны галінкі

Белаю парэчкаю.

 

Сакавітай, спелай,

Чорнаю ды белай,

Белай ды чырвонай,—

Болей не зялёнай!

 

 

К. В. КІСЯЛЁВУ

 

(Надпіс на кнізе выбраных твораў)

Кузьма Венедзіктавіч!

Гэтая кніга

Пісалася дваццаць чатыры гады.

І ёсць у ёй сцюжа, і дождж, і адліга,

І зоры, і сонца, і дзень малады.

І ёсць у ёй сейбіты, цеслі, салдаты,

Што біліся смела ў няроўным баю.

Няма толькі, каюся Вам, дыпламата,

Што верна бароніць Радзіму маю.

Але я пабачыў пасты і акопы,

Дзе мужна яны, як салдаты, стаяць,

І хочацца шчыра, каб набыты мой вопыт,

Памог мне ад сэрца пра іх напісаць.

 

1957 г.

 

 

ДЫПЛАМАТЫ

У небе — салютныя дугі ракет.

На доле — травой зарастаюць акопы.

І цешыцца мірнаю працаю свет

Ад Акіяніі і да Еўропы.

 

Даўно адгрымеў над планетаю бой,

Жывыя вярнуліся ў шчасці дахаты.

І толькі нязменна на перадавой,

Як некалі й зараз стаяць дыпламаты,

 

А наш дыпламат — гэта той жа салдат...

А можа быць — больш,— палкаводзец.

І добрых надзей на яго у нас шмат.

У нас — гэта значыць ў народзе.

 

І ён — мой зямляча, сумленна нясе

Вялікай краіны вялікую службу.

Глядзіць, каб былі не пакрыўджаны ўсе,

Каб добра народаў ўмацоўвалі дружбу.

 

Але ў яго сэрца з вялікіх трывог

Заходзіцца часта, грукоча заўзята.

І недзе на нейкай з сусветных дарог

Яно разарвецца, як тая граната.

 

Хвала табе, сэрца, што ноччу і днём

Ты б’ешся за долю народа няспынна

І вечна жывым, неўміручым агнём

Бароніш ад ворагаў шчасце краіны.

 

1964 г.

 

 

* * *

 

Майму добраму другу

Яфрэму Сцяпанавічу Сянько

і яго сям'і

 

Мой добры дружа, мой Яфрэм,

Як шмат у нас заўсёды тэм

Для добрых гутарак сяброўскіх

З гісторый мінскіх і маскоўскіх,

З прыгод шчаслівых і няшчасных,

З падзей мінулых і сучасных!

Ды вось бяда, што часу мала,

Каб пасядзець нам, як бывала,

Няхай жа гэта кніга, браце,

Заўсёды будзе ў вашай хаце

Маім паўпрэдам і паслом.

Няхай штодзённа за сталом

Яна з табой вядзе размовы

Пра наш геройскі век суровы,

Пра перажытыя падзеі,

Пра нашы думы і надзеі.

Няхай у гэтай скромнай кнізе

Уцеха будзе добрай Лізе;

Няхай яна ўспамінам будзе

Маёй любімай слаўнай Людзе;

Няхай па ёй мяркуе Міша,

Ці добра Глебка вершы піша.

Іначай кажучы, фатыга

Мая ўся ў тым, каб гэта кніга

Заўсёды другам вам была

І замяніць мяне магла,

Калі мне ў сумны нейкі час

Пакінуць давядзецца вас.

 

1969 г.

 

 

Вершы з кнігі «Дасэні»

 

ДАСЭНІ

І словы забываюцца, не толькі справы...

А ў памяці маёй яшчэ жыве яскравы

Малюнак прадвясенні ціхі,

Калі руплівыя вясковыя ткачыхі

Марылі, Кацярыны і Аксені

Будзілі ўдарамі набіліц ранак,

Выдатныя ткалі дасэні.

 

А выткаўшы нітоў у восем — дзесяць

На азяродзе іх сушыць павесяць

Або бяліць на поплаве пасцеляць

І тыя ўзорамі сваімі цвеляць

І неба сіняе, і лугавыя кветкі,

І белыя сады, і жоўтыя палеткі.

Цяпер забыўся нават тэрмін той — дасэні.

 

Забылася цяпер і слова ёмкае — дасэні,

Якое бабкі нашыя Аксені

Ці маладыя дочкі іх Марылі

Адна другой як тайну гаварылі.

 

Але я дбаю тут не пра старое ткацтва,

Мяне цікавіць нашае, маё мастацтва —

Мастацтва слова. І я сабраў адну — дзве жмені

Старой паэтыкі дасэні.

 

1967 г.

 

 

* * *

Я шмат прайшоў дарог —

Яны былі шырокія і вузкія.

Яны былі далёкія

І нашы — беларускія.

 

I дзе б я ні бываў,

Якімі б ні ішоў гасцінцамі,

Адно прасіў ад лёсу —

Каб не памерці дзе ў гасцініцы.

 

У тым пакоі добрым і дагледжаным,

Дзе ўсё і ўходжана, і ўсё аб’езджана.

Каб мне расстацца з сцежкаю маёй жыццёваю

Не пад гасцінічнаю шыльдай новаю,

А ў тым краі,

Дзе пад маёй касой трава лажылася пракосамі,

Дзе я ступаў дзіцячымі нагамі босымі.

 

1969 г.

 

 

СТРОФЫ

Ты ў мяне пытаеш, што такое строфы?

Ёсць на свеце чаплі, кнігаўкі і дрофы.

 

Робяць птушкі гнёзды з тонкае галінкі,

З тысячы пясчынак і з адной травінкі.

 

Два радкі ці дзесяць, дзесяць а ці сорак —

Важна, каб у вершы быў высокі ўзгорак.

 

З гэтага узгорка глянеш на даліну,

У красе пабачыш родную краіну.

 

З’явіцца і думка, з’явіцца і слова;

Два радкі напішаш — і страфа гатова.

 

Хіба ў назве справа, у радках ці строфах?

Ёсць на свеце чаплі, кнігаўкі і дрофы.

 

Робяць птушкі гнёзды з тонкае галінкі,

З тысячы пясчынак і з адной травінкі.

 

1944 г.

 

 

* * *

Я дакараю сваё юнацтва,

Што ў пошуках жывой красы

Не сталі творамі мастацтва

Зялёныя палі, лясы...

 

Усёй паэзіі аснова —

Пульс няўрымслівы радка і пачуцця,

Не хараство нямога слова,

А хараство твайго жыцця.

 

1968 г.

 

 

* * *

Па моры, па сінім начным акіяне

Плылі каравелы на зыбістай хвалі.

Спявалі матросы ў празрыстым тумане,

І словы іх песні каціліся ў далі.

 

Былі яны розныя, гэтыя словы,—

Пра службу і дружбу, пра гора і слёзы.

Не звязаны дружбай у самай асновы,

Яны не баяліся нават пагрозы.

 

І вернае толькі адно слова «дружба»

Засцерагала: натрапім на рыф мы.

І так яно сталася: лодка разбіта,

І словы ў бядзе сашчапіліся ў рыфмы.

 

І хваля іх вынесла дзесьці на бераг апоўначы,

І стала іх дружба навекі прывычнай

Для розных канчаткаў: мужчынскіх, жаночых

І для ганарыстых найбольш — дактылічных.

 

Рассыпаліся, як самацветы,

І імі цяпер карыстаюць паэты.

 

1968 г.

 

* * *

Я шмат грашыў — не перад богам,

А больш цяжэй — перад людзьмі,

І калі скончыцца дарога

І я ўпаду на дол грудзьмі —

Ні перад богам і ні чортам

На суд я стану за грахі.

Я стану прад сваім народам.

Судзіце строга...

 

1965 г.

 

 

НАСЛЕДАВАННЕ БЁРНСУ

Я выпіў шкляначку віна,

Падай яшчэ, афіцыянтка.

Не наша тут з табой віна,

Што не даліта шклянка.

 

Чыясь зайздросная рука

Спыніла нашу любасць,

І ты даеш для земляка

Не поўны нават кубак.

 

Не поўны кубак, а душа

Аж перапоўнена сустрэчай,

І я, мужык, як падзішах,

Твой гаспадар на вечар.

 

А раніцою ты са мной

Разыдзешся з нялюбым,

І я запомню воблік твой,

Не кубак той, а губы.

 

1965 г.

 

 

* * *

 

А. А. В.

 

З Гарохаўскай да Сокала,

Ад Сокала да «Якара» —

Абцасікамі цокала,

Смяялася і плакала.

 

Смяялася — у «Якары»,

А плакала — пакінуўшы.

І нам было ніякава,

Цябе на дзень адрынуўшы.

 

Няма без бульбы шчасцейка,

А без амлета — голадна.

І без цябе нам, Насцейка,

І моташна і холадна.

 

1943 г.

 

 

* * *

Ля Землянога Вала

Бяда мяне спаткала...

Такой яшчэ напасці

Не бачыў я ад Насці.

 

Яна мяне карміла,

Яна мяне паіла,

Яна мяне, разбойніца,

За вершы пасадзіла.

 

Пішу я дзве гадзіны,

Пішу я тры гадзіны,

А Натачка — ў краватачку

І спіць сабе ў пярыне.

 

Ой кіну я пісанні,

З-за століка устану

Ды з гора ды з гультайства

Залягу на дыване.

 

Залягу, павярнуся,

Пад коўдру забяруся

І буду спаць таксама

Пакуль аж не прачнуся.

 

1943 г.

 

 

* * *

Мяне на кветкі пацягнула зноў,

На дрэвы любавацца і на травы,

І захапляцца чырванню пладоў,

І месяца сачыць усход яскравы.

 

Не хочацца артыкулы пісаць,

А вершы ў сэрцы бродзяць, вершы...

І не ў прэзідыум, а на сенажаць

Хацеў бы выйсці я с касцамі першы.

 

І ліха ведае, што робіцца са мной,

Ці гэта нейкая благая нарасць,

Ці праяўляецца стары характар мой,

Ці маладымі крокамі прыходзіць старасць.

 

1967 г.

 

 

* * *

— Дзялі і валадар! — па ўсей планеце

Праносіўся ад веку ў векі кліч.

І людзі падзялілі ўсё на свеце

І зніклі самі, як знікае зніч.

 

За імі ўслед іду і я мяцежны,

Каб падзяляць і валадарыць век...

 

Гудзе зямля і стогне ў цяжкім гудзе,

І чую толькі невыразны шум...

Не ведаю, ці суджана мне будзе

Валадаром стаць іхніх дум.

 

1969 г.

 

 

* * *

Ноч на вокнах, на вокнах маіх і чужых,

Ноч на вокнах вясковых і на гарадскіх.

 

Як жа мне распазнаць сярод гэтых акон,

Дзе мне суджана жыць, а дзе тоіцца скон.

 

Што, пастукаць? Паклікаць каго? Пабудзіць

Ну а што, калі там мая доля ляжыць —

 

Чарнакосая доля старога ўдаўца

Спіць, сагрэтая сном маладога хлапца.

 

Не, я лепш усю ноч прастаю, прамаўчу,

Але шчасце чужое будзіць не хачу.

 

1965 г.

 

 

КАНКОРДЫЯ

Парыж. Канкордыя.

Маўклівы пляц.

Стаю і думаю:

чаму ж на свеце,

Калі ўсе бесклапотна гэтак

сняць,

Не спяць малыя дзеці?

 

Адкуль іх плач

даносіцца сюды?

З далёкага Лаоса?

Ці В’етнама?

— Укрый мяне ад смерці

і бяды,

Укрый ад страху, мама...

 

Ці не таму трывожыцца

яна,

Дзіцячая душа —

душа прарока,

Што недзе ходзіць

страшная вайна

І ходзіць недалёка.

 

Канкордыя!

Багіня добрых спраў!

Багіня згоды

старажытных рымлян,

Чаго ж маўчыш?

Чаго чакаеш ты?

Пакуль вайна бліжэй не грымне?

 

1969 г.

 

 

* * *

Вясна завяршыла свой круг.

На подступах блізкае лета,

А нам, мой таварыш і друг,

Прайсці яшчэ трэба з паўсвету.

 

На плечы дарожны мяшок,

На плечы дарожную кайстру,

У рукі дубовы кіёк,

У торбу — мядовую пляйстру.

 

Пайшлі, і пайшлі, і пайшлі,

Дзе рэкі, азёры, крыніцы,

Палеткі любімай зямлі...

Пара ім даўно пакланіцца.

 

* * *

Дзень быў доўгі, сухі і гарачы,

Ты пражыў яго нейк, чалавеча.

Над ускрайкам ждановіцкай дачы

Над зямлёю займаецца вечар.

 

Сонца падае ў Мінскае мора,

Дагарэўшы на хвалях барвова.

Так і родным маім на гора

І маё згасне некалі слова.

 

Не хачу, каб мяне праз стагоддзі!

Дзесь у пыле вякоў адшукалі,

А хачу, каб цяпер у народзе

Маю песню са мною спявалі.

 

1967 г.

 

 

* * *

Быць можа, гэты верш маім апошнім будзе словам

Да вас, мае лясы, да вас, мае дубровы,

Да вас, палі з адвечнай пладаноснай тайнай,

З узнятым над жнівом крылом камбайна,

Да вас, з крыламі лётнымі журавы і гусі,

Што двойчы пралятаеце над шыр’ю Беларусі.

Да вас, мае сучаснікі, сябры-паэты,

Да вас, патомкі, людзі ўсей планеты,—

У вашай радаснай дарозе дальняй

Апошняй будуць песняй развітальнай.

І ціха стане скрозь. Інакшыя напевы

Пачнуць заводзіць каласы і дрэвы.

І песні даўнія завянуць і пажоўкнуць,

Але хоць у адной душы, а ўсё ж не змоўкнуць.

 

1967 г.

 

 


1925-1967

Тэкст падаецца паводле выдання: Глебка П. Збор твораў. У 4-х т. Т. 1. Вершы, балады і паэмы /[Аўт. прадм. А. Вялюгін].— Мн.: Маст. літ., 1984.— 319 с. 1 л. партр.4 л. іл.
Крыніца: скан