epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Прыходзька

Жывы нятленнай працы плён

 

Выдатны беларускі паэт Антон Пятровіч Бялевіч быў верным сынам і песняром Радзімы, з якой на ўсё жыццё звязаў свой лёс, свае шляхі-дарогі і да апошняга дня служыў ёй усім сэрцам, шчырымі, гарачымі пачуццямі.

Творчасць Антона Бялевіча вядома шырокаму колу чытачоў не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі. На яго творчым рахунку больш трыццаці кніг паэзіі і мастацкай прозы, якія выходзілі на беларускай і рускай мовах. Асобныя творы друкаваліся ў другіх рэспубліках і ў братніх сацыялістычных краінах. Шырока вядомы яго паэмы «Мой майстра», «Сям’я», «Ідзі, мой сын!», «Васіль Вашчыла» і іншыя. Яны сталі здабыткам не толькі беларускай, але і ўсёй шматнацыянальнай савецкай літаратуры.

Выдатнай з’явай стала кніга Антона Бялевіча «Чарадзеі», у якой змешчаны артыкулы, творчыя партрэты, успаміны пра народных паэтаў Беларусі Янку Купалу, Якуба Коласа, Аркадзя Куляшова, класіка беларускай прозы Кузьму Чорнага, пра цудоўных майстроў рускай паэзіі Аляксандра Твардоўскага, Мікалая Асеева, Аляксандра Пракоф’ева і іншых сучасных пісьменнікаў. У гэтай кнізе Антон Бялевіч выказаў не толькі свае асабістыя ўражанні аб сустрэчах з тымі, каго ён блізка ведаў, з кім творча сябраваў, але і даў глыбокі аналіз іх творчасці, іх высокай грамадзянскай адказнасці перад сваім народам.

Усё, пра што б ні пісаў Антон Пятровіч,— пра сваю родную Дуброўку ці пра партызанскую маці Маланню, пра герояў нашых працоўных будняў ці пра пякучы боль Хатыні,— усё было звязана з гераічнай гісторыяй нашага народа, з яго доляй.

У прадмове да сваёй кнігі выбранай лірыкі «Высокі поўдзень» Антон Бялевіч пісаў:

«Зборніку маіх лірычных вершаў я даў назву «Высокі поўдзень» не толькі з той прычыны, што сёлета спаўняецца мне паўвека, што пяцідзесяты май уздымае нада мною ў небе жаваранкаў, а яшчэ і таму, што высокі поўдзень маёй сталасці яснымі промнямі асвятляе мой шлях у далячынь, на той запаветны бераг нашага шчасця, куды ідзём вялікім паходам, пад сцягам Кастрычніка, дарогай Леніна».

У гэтых словах, як і ва ўсёй творчасці Антона Бялевіча, выказана яго паэтычнае і грамадзянскае крэда — і словам і справай да канца служыць нашай рэвалюцыі, справе партыі вялікага Леніна, справе сацыялістычнай Радзімы.

Сэрца людское падуладна часу. Але плён творчай працы паэта нятленны. Ён жыве ў кожным яго слове, у кожнай песні.

Прыгадваюцца радкі з цудоўнага верша Антона Бялевіча «Люблю жыццё»:

 

Праб’юся зноў у той лагчыне,

Зноў учаплюся за зямлю.

Пад небам роднае Айчыны

Любіў, люблю, не разлюблю.

 

Жыццё і ўсе яго вытокі

Кахання, радасці, падзей.

Люблю жыццё, яго высокі

Святы закон і ўзлёт людзей.

 

Аўтар гэтых радкоў сам быў у няспынным палёце, у пошуках і здабытках багатага творчага плёну. Да апошняй сваёй хвіліны ён нястомна працаваў, любіў жыццё, любіў людзей, свой народ, Радзіму. І такі ён для нас застанецца назаўсёды.

Мне пашчасціла сябраваць і працаваць з Антонам Бялевічам на працягу многіх гадоў, яшчэ з даваеннай пары. Бялевіч для многіх з нас быў заўсёды чулым таварышам, шчырым сябрам, родным братам, які мог дапамагчы не толькі слушнай заўвагай, карыснай парадай, а і сваім багатым творчым вопытам.

Бываюць у нашым жыцці вялікія святы, радасныя працоўныя будні, але ёсць і віхуры, нягоды, якія трэба пераадольваць, з якімі трэба змагацца. І ў гэтым змаганні лепшым сябрам, байцом для нас будзе паэзія Антона Бялевіча. На творчым шляху паэта-песняра вечна будзе свяціць сонца, высокі поўдзень чалавечай сталасці, чырвань нашага сцяга.

Новая, і на жаль апошняя, кніга паэзіі Антона Бялевіча, падрыхтаваная да друку ім самім,— яркая кветка ў рамонкавым лузе беларускай паэзіі.

Пятро Прыходзька


1980?

Тэкст падаецца паводле выдання: Бялевіч А. Сосны ў жыце: Вершы і паэмы. - Мн.: Маст. літ., 1980. - с. 3-4
Крыніца: скан