epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Васілеўскі

2x2=?

1
2
3
4
5
6
7
8
9
10
11
12
13


Сцэны з жыцця бацькоў і дзяцей

 

Дзеючыя асобы:

Ярашэвіч Васіль Мікалаевіч

Алена Аляксееўна

Юра

Пеця

Iра

Вася Несцярок

Круглоў Цімафей Феафілавіч

Валерыя Герасімаўна

Іосіф (Ося)

 

Дзе адбываюцца падзеі гэтай історыі?

Ды ў любой сям'і. У любым горадзе, у любым мястэчку і вёсцы, дзе жывуць бацькі са сваімі дзецьмі, са сваімі турботамі і трывогамі, радасцямі і спадзяваннямі, перамогамі і паражэннямі...

1

Перад фасадам стандартнага дома дзесьці ў раёне мясцовых Чаромушак з’яўляюцца Юра, Ося і Іра. Яны вяртаюцца пасля заняткаў у школе.

 

Юра (нюхае паветра). Гарым, браточкі! Гарым!

Іра. Ой, гэта ж у нас гарыць!

Ося. Гарэлым салам пахне...

Іра (крычыць). Бабуля! Ба-ба Се-ра-фіма!

Юра і Ося (разам). Ба-ба Се-ра-фіма-а-а!

Чуваць голас бабы Серафімы: «Чаго галосіце, быццам вас рэжуць?»

Іра. Дык гарыць жа! (Голас бабы Серафімы: «Сала смажу. Восьі гарыць».) А чаму такі дым? («Дурніца! Раз гарыць, дык і дыміць...»)

Юра (смяецца). Ну і бабуля ў цябе! Філосаф.

Ося. А наш дом з першага па шосты паверх аднымі філосафамі нашпігаваны. Музейныя экспанаты... Можна дуба даць ад самоты.

Іра. Робат ты, а не чалавек! Няма ў цябе цікаўнасці да жывых людзей.

Ося. А што цікавага? Робат — зусім другая справа! Тэхнічны цуд!

Іра. Сам ты... тэхнічны цуд! Не, хлопчыкі! Для мяне ёсць толькі адзін цуд...

Юра. Ты сама.

Iра. Усе людзі! І я хацела б усіх ведаць, з кожным сябраваць...

Ося. Ну і жаданні!

Юра. А гэта новая мода: распісвацца ў любві да ўсяго чалавецтва, а любіць аднаго сябе. Ірка ніколі не адстае ад моды...

Іра. Гэта гумар? Можна смяяцца? Ха-ха-ха.

Паўза.

Ося. Ір! А вунь твой кот мацыёніць... Глядзі, на якую верхатуру забраўся!

Іра. Вось валацуга! Вяртаецца дахаты брудны, як парсюк...

Чуваць голас Пеці: «Юрэц! Глядзі сюды!»

Юра (падняў галаву, крычыць). Чаго табе? Якое пісьмо? Ад бацькі? Кідай! (Зверху падае пісьмо.) Вось маляўка! Марку ўжо сцібрыў (праглядвае пісьмо). А ведаеце, якая зараз гарачыня ў Гаване? Сорак у цяні!

Ося. Вось гэта тэмпературка! (Спявае.) «Гавана, Гавана-а-а-а... Цудоўны край мой!» Вось дзе рай! Хачу на Кубу!

Іра. Я таксама!

Ося. Зайздрошчу твайму бацьку. Але я буду не я, калі не пабываю там... (Паклон.) Сіньярыта! Ці не згодны...

Іра. Згодна, згодна! Хоць зараз!

 

Іра робіць некалькі рухаў у стылі іспанскіх танцаў, шчоўкае пальцамі, імітыруючы кастаньеты. Падыходзіць Вася Несцярок.

 

Вася. Канцэрт па заяўках, ці што?

Ося. А! Гэта ты... Гегемон!

Вася. Інтэлігенцыя!

Ося. Не прызнаеш?

Вася. Вось з’явіцеся да мяне ў цэх на практыку. Паглядзім!

Ося. Палохаеш?

Вася. Не. Цану вашу хачу ведаць...

Ося. А навошта? Купляць нас збіраешся?

Вася. Патрэбны вы мне...

Іра. Пралетарыят і інтэлігенцыя абмяняліся думкамі...

Ося. Спачатку іх трэба мець...

Вася. А ты маеш?

Ося. Маю.

Вася. Далёка пойдзеш, калі маеш.

Ося. Ды, мабыць, далей за цябе...

Юра. Старыкі! Хопіць вам пікіравацца... (Да Васі.) Пісьмо ад бацькі прыйшло... Усяму цэху прывітанне...

Вася. Дзякую ад усіх нашых... Ён думае вяртацца?

Юра. Піша, што чакаюць сафры. Будуць выпрабоўваць машыны ў справе...

Іра. А што такое сафра?

Ося. Рэзка цукровага траснягу.

Іра. А-а-а...

Вася. Бэ-э-э-э...

Юра. Ося, вунь твой бацька...

Вася. Увага! Увага! Нашы тэлекамеры ўстаноўлены ў двары нумар 38 па вуліцы Светлая... Вы зараз бачыце на сваіх блакітных экранах Цімафея Феафілавіча Круглова! Усё прагрэсіўнае чалавецтва вітае яго. Увага! Вось ён дастае з кішэні кавалак батона... Глядзіце ўважліва! Зараз паважаны Цімафей Феафілавіч будзе частаваць галубоў... Які высакародны ўчынак! Пакуль жывуць на свеце такія людзі...

Ося. Змоўкні!

Вася. Нельга пажартаваць?

Ося. Мне абрыдлі твае бязглуздыя жарты!

Паўза.

Вася. Ты што — сапраўды пакрыўдзіўся? Даруй. Салют інтэлігенцыі! Трэба на змену... (Пайшоў.)

Ося (глядзіць яму ўслед). І ён быў нашым сябрам...

Іра. Чаму быў?

Ося (задуменна). Жылі-былі тры таварышы... Як у казцы. Але ж мы расцём... Казкам надыходзіць канец.

Іра. Я не разумею цябе...

Ося. Дзе ж табе разумець, калі ты збіраешся сябраваць з усім чалавецтвам. А я не Хрыстос, каб усіх любіць... Ну, магу я не любіць грамадзяніна Несцярка? Магу ці не магу?

Юра. Можаш. Але чаму?

Ося. Таму што, калі мы былі саплівымі падшывальцамі, Васька Несцярок верхаводзіў намі. Мы яго слухаліся, бо ён быў спрытны, смелы і кулак у яго быў мацнейшы за наш... Мы зайздросцілі яму... Я нават пайшоў у секцыю бокса... Вельмі ж мне хацелася ўзяць над ім верх... З боксам у мяне нічога не атрымалася, але яго перавага скончылася... І цяпер Васька Несцярок будзе заўсёды зайздросціць нам...

Юра. Чаму?

Ося. Таму, што вось тут (стукае пальцам сабе па лбе) у нас больш, чым у яго.

Юра. Ты ў гэтым упэўнены?

Ося. А ты — не?

Паўза.

Іра. Хлопчыкі, сёння з вамі не цікава. Чао! (Пайшла.)

Ося. Чао! Вечарам на тым жа месцы? (Іра кіўнула галавою.)

Юра. Слухай... Ты заўсёды такі ці толькі перад Іркай...

Ося. Мне няма чаго перад ёю, што ты там думаеш... Вось вам з Васькай... (Юра зрабіў рух да Осі.) Бой не прымаю! Я за мір!

Юра. Ведаеш, што я табе скажу...

 

Махнуў рукою, пайшоў. Ося памкнуўся следам.

 

Ося. Юрка! Ты што? Ты ж ведаеш... Няма ў мяне лепшага сябра, чым ты... Ці я вінаваты, што Ірка... Юра! Пачакай...

 

Уваходзіць Круглоў. У руцэ — «авоська», паўнюсенькая бутэлек з-пад баржому. Глядзіць на сына. Потым перавёў позірк у той бок, куды пайшоў Юра.

 

Круглоў. Пасварыліся? Не любяць яны цябе?

Паўза.

Ося (падняў галаву, уважліва глядзіць на бацьку). А ты... Ты мяне любіш?

Круглоў. Дзіўнае пытанне!

Ося. Чаму дзіўнае?

Круглоў. Я твой бацька. Ты мой сын. Гэтым усё сказана.

Ося. А ці ўсё?

Круглоў (насцярожана). Я цябе пакрыўдзіў?

Ося. Ды не.

Круглоў. Канечне, з табою больш маці няньчылася... Ты быў, як кажуць, мамчын сынок... Ты павінен цяпер разумець... Маё жыццё поўнасцю належала народу, і вельмі мала заставалася часу на сям’ю... Але ты мой сын! І я хачу, каб ты сеў на свайго каня, добра прышпорыў яго і на ўсім скаку, алюрам, алюрам у самастойнае жыццё!

Ося (усміхнуўся). Я ж не кавалерыст...

Круглоў. Зразумела, зразумела... Час зараз другі. Другія і коні...

Ося. Вось іменна. А на маім матаролеры далёка не заедзеш...

Круглоў. Нічога! Прыйдзе час — зменіш на «Волгу»...

Ося. Лёгка сказаць...

Круглоў. Вядома — не лёгка (ляпае сына па спіне). Галоўнае, каб хрыбет быў моцны і гнуткі...

Ося. Навошта?

Круглоў (пасміхаецца). Каб раней часу не пераламаўся. А таму — не трэба лезці на ражон. Не трэба лезці з уласнымі парадамі, калі іх у цябе не пытаюць. Не спяшайся прымаць рашэнні, пакуль іх не прыняў той, хто вышэй цябе...

Ося. Бог, ці што?

Круглоў (смяецца). А табе палец у рот не кладзі! Разумееш гумар. Гэта добра. У наш час трэба разумець гумар. Ухваляю. Вось я табе і кажу: другі час, другія коні! Я ўжо свайго стаенніка з’ездзіў, а твой яшчэ дзікуном гуляе ў чыстым полі... Няхай пагуляе, спрыту набярэцца. А мне, сынок, засталося толькі пехтурою па пенсіянерскае пітво шпацырыць...

 

Ускінуў «авоську» з бутэлькамі і, схіліўшы галаву, павольна ідзе. Ося праводзіць бацьку задуменным позіркам. Чуваць жаночыя галасы. Ося пайшоў.

Калі ён хаваецца за вугал дома, з’яўляецца, цяжка дыхаючы, Валерыя Герасімаўна. У руцэ — паўнюсенькая сумка. Валерыя Герасімаўна ставіць сумку на лаўку і плюхаецца сама побач. Следам уваходзіць Алена Аляксееўна, маці Юры і Пеці.

 

Алена Аляксееўна. Ося — цудоўны хлопчык. Ветлівы, кемлівы...

Валерыя Герасімаўна. Ося! Мая радасць, маё жыццё. Я зраблю ўсё, каб ён быў шчаслівы. Ён будзе славутым скрыпачом! Як Саша Хейфіц, як гэты... дылда... Ну як яго?

Алена Аляксееўна. Ван Кліберн?

Валерыя Герасімаўна. Во-во. Ён самы... Музыка — гэта прыгожа і грошай шмат.

Алена Аляксееўна. А ці ёсць у яго талент, прызванне?

Валерыя Герасімаўна. Калі няма, дык будзе. Я не пашкадую ніякіх сродкаў! Трэба, мая дарагуша, прыслухоўвацца да пульсу часу. Музыка ў наш час — усё! Куды ні сунься — усюды музыка! Ад нараджэння да пахавання — усё пад музыку! Вы ведаеце, калі я хавала сваю бедную мамачку, у колькі ўляцеў нам духавы аркестр? Сто рублёў, як адна капейка! А што яны сыгралі? Трэнь-брэнь калі выносілі, брэнь-трэнь калі закопвалі... Я вам так скажу. Быў час, калі ўсе лезлі ў начальства. Кожны хацеў кіраваць! Цяпер на гэта мода прайшла. Вось мой Цімафей. Што засталося ад Цімафея Круглова? А вось Іосіф Круглоў будзе гонарам рускай музыкі! Не сысці мне з гэтага месца!

Алена Аляксееўна. Зайздрошчу вашаму аптымізму.

Валерыя Герасімаўна. Чаго-чаго, а аптымізму ў мяне хапае. Хапіла б здароўя. Але аптымізм аптымізмам, а галоўнае, своечасова прыняць меры. Вы ведаеце, я перадаю Осю ў рукі новага маэстры.

Алена Аляксееўна. Навошта? Аляксандра Сяргееўна вельмі вопытны педагог...

Валерыя Герасімаўна. Можа быць, можа быць. Але маэстра Купершток праслухаў майго Осю і вось так паківаў галавою... (Ківае галавою.) Ён сказаў, што метад Аляксандры Сяргееўны — анахранізм. Сёння ўся справа ў тэхніцы. А Аляксандра Сяргееўна дзяўбе, нібы дзяцел: індывідуальнасць, індывідуальнасць! Нам патрэбны віртуозы, а не індывідуалісты! Калі трэба, я магу сказаць Аляксандры Сяргееўне гэта прама ў вочы...

Алена Аляксееўна. Аляксандра Сяргееўна — інтэлігентная жанчына...

Валерыя Герасімаўна. За такія грошы і вярблюд стане інтэлігентным. Не будзе пляваць куды папала... Неяк у заапарку гэты гарбаты інтэлігент ляпнуў мне прама... (Ляпае далонню сябе па галаве.) А я толькі што зрабіла перманент... Не, дарагуша, далей ад такой інтэлігенцыі... Бо з кім павядзешся, ад таго і набярэшся. Неяк я заходзіла да іх... Пакойчык, як кабіна ліфта. Ірачка спіць на раскладушцы...

Алена Аляксееўна. Мае хлопцы таксама. А што будзеш рабіць?

Валерыя Герасімаўна. Прабачце, дарагуша, але ў такіх умовах цяжка захаваць сваю культуру.

Алена Аляксееўна. І ўсё ж гэта культурная сям’я. І бабуля Серафіма, і Аляксандра Сяргееўна. А Ірачка? Цудоўная дзяўчынка!

Валерыя Герасімаўна. У вас, дарагуша, усе цудоўныя. А калі б гэта было так, дык мы б даўно з вамі жылі ў камунізме...

Алена Аляксееўна. Можа вы і маеце рацыю, але Ірачка вельмі мне падабаецца.

Валерыя Герасімаўна. Ха! Яна не толькі вам падабаецца. У гэтым і справа. Тут трэба вока ды вока. Вось мой Ося сябруе з вашым Юрам. І я нічога супраць не маю. Але ж каля іх пасецца гэты Васька Несцярок...

Алена Аляксееўна. Яны ж сябруюць... (Голас Пеці: «Мам! А Юрэц каструлю з кісялём перакуліў!») Ой! Пайду. Пакуль яны кватэру дымам не пусцілі... Заходзьце, калі ласка!

 

Алена Аляксееўна пайшла. Увайшоў Круглоў. Павесіў «авоську» на спінку лаўкі, сеў. Цяжка дыхае, сапе, адкашліваецца, выцірае хусцінкай твар. Валерыя Герасімаўна глядзіць на яго з такім выразам на твары, быццам праглынула нешта кіслае. І раптам яна пачынае хлюпаць носам, плечы яе закалыхаліся.

Цімафей Феафілавіч скасавурыўся на яе і адвярнуўся. Валерыя Герасімаўна адчыніла сумачку, капаецца ў ёй.

 

Валерыя Герасімаўна. Ірад! Дай чым слёзы выцерці...

Круглоў (працягвае ёй хустачку). Нешта ў апошні час з цябе зашмат вады выліваецца.

Валерыя Герасімаўна. Мучыцель... Ты дачакаешся — ад мяне застанецца мокрае месца.

Круглоў. Вялікае месца будзе. Купацца можна.

Валерыя Герасімаўна. Ты ўсё жыццё купаешся ў маіх слязах!

Круглоў. Ох, любіш ты трагедыі разводзіць.

Валерыя Герасімаўна. А ці ж гэта не трагедыя? Зрабіць такую памылку: звязаць сябе на ўсё жыццё з такім шэрым-шэрым чалавекам!

Круглоў (пакрыўджаны). А ты якая? Блакітна-ружовая?

Валерыя Герасімаўна. Якая б ні была — разумнейшая за цябе. Што б ты без мяне рабіў?

Круглоў (смяецца). Нічога б не рабіў!

Валерыя Герасімаўна. Бачыш! Гора ты маё горкае...

Круглоў. Гора тваё горкае хоча есці. Пайшлі дахаты...

Валерыя Герасімаўна. Цярпі. Ты на галоднай дыеце...

Круглоў. Хочаш голадам мяне замарыць?

Валерыя Герасімаўна. Пры чым тут я? Гэта ж лекары...

 

2

Пакой кватэры Ярашэвічаў, які можна лічыць гасцінай. Сучасная мэбля, некалькі афортаў у непафарбаваных рамках. Пакой абстаўлены з добрым густам — нічога лішняга, усё да месца.

Юра стаіць перад люстрам у дзверцах серванта і маніпуліруе гантэлямі. Пеця расклаў на стале сваю калекцыю заўзятага філатэліста. З кухні ўваходзіць Алена Аляксееўна, дастае з серванта посуд.

 

Пеця. Мам! Глянь! (Маці падыходзіць да стала.) Нічога сабе марачка?

Алена Аляксееўна. Чыя гэта?

Пеця. Бераг Слановай Косці. А ведаеш, у колькі яна мне ўляцела? (Уздыхае.) Усю рэшту з хлеба і цукру...

Алена Аляксееўна. Пеця! Ты даў мне слова...

Пеця (уздыхае). Даў... І не стрымаў. Хобі мяне загубіць...

Алена Аляксееўна. Не, гэта вы мяне загубіце, дзеткі мае мілыя! Разам з бацькам... Той валэндаецца па ўсяму беламу свету, а гэтыя панавыдумлялі сабе розных хобі...

Юра. Ма! Шкадуй клеткі. Яны дадзены толькі на адзін раз...

Алена Аляксееўна. Дзякую за параду, мой дарагі Юры Васільевіч! Магу і табе таксама даць параду...

Юра. Ма! Твае парады для мяне закон! Давай!

Алена Аляксееўна (смяецца). Баламуты! На вас і злавацца па-сапраўднаму нельга. Несур’ёзныя вы людзі. Ты ўпэўнены, што вось гэта маханне гантэлямі завецца культурызмам? Ты памыляешся. Кажу табе як урач. У цябе ніякай сістэмы. І, шчыра кажучы, не думай, што мускулы ўпрыгожваюць чалавека...

Пеця. Чалавека ўпрыгожваюць мазгавыя звіліны.

Алена Аляксееўна. Правільна! (Пайшла.)

Юра (кінуў гантэлі пад стэлаж, глядзіць на паліцу). Гэй ты, разумнік! Зноў узяў «Дэкамерона»? Рана табе чытаць такія кнігі. Пакладзі на месца!

Пеця. А біблію мне можна чытаць?

Юра. Біблію? Чытай!

Пеця. Біблію можна, а «Дэкамерона» нельга? Чаму?

Юра. Таму, што ў бібліі ты ўсё роўна нічога не зразумееш.

Пеця. А ў «Дэкамероне» ўсё зразумею?

Юра. На «Дэкамерона» ў цябе звілін хопіць.

Пеця. Не, не хапае ў мяне звілін. Вось ніяк не магу зразумець! У калідоры на сценцы напісана: «Ося, Вася, Юра плюс Іра раўняецца любоў». Дык што гэта будзе? Вы ўсе жэніцеся на гэтай...

Юра. Вось я цябе зараз ажаню! (Пеця адскочыў.) Ці не ты сам гэту муць нашкрэбаў? Ці Валерка? Скажы яму, калі злаўлю...

Пеця. А чаго ты злуеш? Не жаніся на гэтай Ірцы, і ўсё!

Алена Аляксееўна (на парозе). Пётр Васільевіч, скажыце, калі ласка, хто гэта падае голас з-пад майго ложка?

Пеця. З-пад ложка?

Алена Аляксееўна. Так, так, з-пад ложка.

Пеця. А-а! Гэта, мабыць, Вецярок.

Алена Аляксееўна. Які яшчэ «вецярок»?

Пеця. Сістэмы — звычайная дварняга.

Алена Аляксееўна. А ты не знаходзіш, што месца для гэтай сістэмы на двары?

Пеця. Ма, гэта не гуманна.

Алена Аляксееўна. Глядзі ты на яго, гуманіст аб’явіўся!

Пеця. Сабакі ўнеслі такі вялікі ўклад у навуку! Асабліва ў медыцыну, мама. Сабака — лепшы сябар чалавека!

Алена Аляксееўна. Зараз жа забяры свайго сябра з-пад ложка і памый рукі. Будзем абедаць. (Пеця выходзіць.) Ох, зусім вы мяне замардавалі. Але трымайцеся! Вось прыедзе бацька...

Юра. ...бацька нас рассудзіць!

Алена Аляксееўна. А што мне рабіць? Я ўжо для вас не аўтарытэт. Для вас наогул няма аўтарытэтаў! Вялікімі разумнікамі сталі.

Пеця (уваходзячы). Якімі вачыма ён глядзеў на мяне! Ніколі не забуду гэты позірк... Ведаеце, што ён мне сказаў?

Алена Аляксееўна (усміхаецца). А гэты размаўляе з сабакам! І разумеюць адно аднаго! А чаму ты не разумееш вось так настаўніцу нямецкай мовы? Чвэрць хутка пройдзе, а ў цябе двойка...

Пеця. Дык не выклікае!

Алена Аляксееўна. Чаму сам не напомніш?

Пеця. Сама ж вучыш: трэба быць сціплым...

Алена .Аляксееўна. Ой, загубіць цябе такая сціпласць!

 

3

Другая палова дня. Юра, Ося і Вася сядзяць верхам на зэдліках пасярод пакоя. Кожны трымае шклянку з нейкім пітвом. Да сценкі прымацаваны польскі кіначасопіс з фота Брыджыт Бардо.

Юра (падае шклянку). За ББ!

Вася. Ух! За такую красунечку — палову жыцця!

Ося. Гледзячы што гэта за жыццё...

Вася. Ну, вядома! Тваё жыццё пойдзе па другой цане...

Ося. А я не збіраюся гандляваць маім жыццём.

Вася. Пажывём — пабачым!

 

Званок. Юра прыслухаўся і бяжыць адчыняць. Вяртаецца з Ірай.

 

Іра. Распустай займаецеся, хлопчыкі? Фі! І што асаблівае знаходзяць у гэтай ББ? Я ж прыгажэй за яе! Хіба не?

Вася. Вочы ў цябе прыгожыя...

Юра. Але яны не люстэрка тваёй душы...

Іра. Падумаеш! Не хапала мне, каб кожны дурань заглядваў у маю душу.

Вася. А душа ў цябе ёсць?

Іра. Ёсць! Чыстая, нібы алмаз!

Вася. Ай... Звычайныя яны шкельцы, што валяюцца на сметніку. Сонейка пападзе, яны і зазіхацелі...

Ося. Гэта ў цябе звычайная зайздрасць загаварыла.

Вася. Каму зайздросціць? Ці не табе?

Ося. Мне! Яму! Ёй! Усім, хто здольны ўзяць ад жыцця больш, чым некаторыя. А табе заўсёды будзе здавацца, што цябе падманулі, аб’ягорылі, выхапілі прама з зубоў. Ці не так?

Паўза.

Юра. Старыкі! Ша! Што гэта з вамі? Як толькі сустрэнецеся — пачынаеце кідацца адзін на аднаго... (Да Осі.) Ну чаго ты чапляешся да яго?

Ося. Памыляешся, старык. Гэта ён да нас чапляецца. Мы без яго як-небудзь пражывём, а ён без нас не можа...

Іра. Нічога не разумею!

Вася. Што тут незразумелага? Яго вялікасць Іосіф Круглоў не жадае дыхаць адным паветрам з плебеем Несцярком... Генія корчыць! Разлічвае на асаблівае месца ў жыцці. Па якому праву?

Юра. Старыкі! Скончым! (Уключае магнітафон.) Даю Акуджаву!

 

Усе робяць выгляд, што слухаюць. Але настрой сапсаваны. Вася памкнуўся яшчэ нешта сказаць, але Юра робіць знак: маўчы!

Званок. Юра хапае шклянкі, бутэльку, часопіс з кіназоркай і бяжыць адчыняць. Вяртаецца з Пецькам.

 

Падонак. Чаму звоніш, як мама?

Пеця. А таму, што калі я званю, як я, дык ты не вельмі спяшаешся адчыняць. (Юра прымацаваў на старое месца часопіс, ставіць шклянкі і бутэльку.) Та-а-а-ак! Бытавое разлажэнне. Жанчыны. Віно. Музычка... (Катэгарычна.) Скажу маме.

Юра. У, маляўка!

Пеця. Дай глынуць — не скажу.

Вася (працягвае сваю шклянку). Давай, старык, глыні!

Пеця (паспрабаваў). Цьфу! Хлебны квас.

Ося. А ты што думаў?

Пеця. Думаў — каньяк.

Юра. Гэць адсюль! Каша ў духоўцы, малако ў халадзільніку... (Пеця пайшоў.)

Вася (смяецца). Смешны ў цябе пацан.

Юра. Дурны яшчэ...

Іра. Я штосьці не заўважыла, каб вы былі разумнейшымі. Ну аб чым тут можна спрачацца?

Вася (хмура). Аб жыцці...

Іра. Ну і што такое жыццё?

Ося. Форма існавання бялковых цел.

Іра. І ўсё?

Ося.Усё астатняе табе растлумачыць вялікі філосаф нашага часу Вася Несцярок, а мне трэба ісці. (Бярэ футляр са скрыпкай.)

Іра. Ося! Я забылася табе сказаць... Мама не будзе з табой займацца.

Ося. Ведаю. Сёння я іду да маэстры Куперштока... Слухай, старуха. А ці не пахне тут нейкай змовай? А! Пляваць! (Ціха.) Вечарам на старым месцы... (Іра кіўнула галавой і пачырванела.) Чао!

Юра. Чао!

 

Ося глядзіць у бок Васі — той разглядае каробкі з магнітафоннымі запісамі. Ося ўсміхаецца. Юра падыдыходзіць да Васі, выключае магнітафон.

 

Старыкі! Вашы лапы! (Узяў руку Васі.) Ося! Ірка! Вось так!

 

Яны трымаюцца за рукі. Але згоды няма. Гэтага не бачыць толькі Юра. Першым выцягвае сваю руку Вася.

 

Ося. Ну, іду на сваю музычную катаргу.

 

Ося пайшоў. Чуваць галасы: «Добры вечар, Алена Аляксееўна!» — «Вечар сёння цудоўны! Нават у хату не хочацца з вуліцы ісці... А ты, Осенька, заўсёды са скрыпкай! Быць табе вялікім музыкантам...»

 

Вася. Эх! Не паспеў змыцца... Зараз будзе гвалт.

Юра. Не гавары глупства!

Вася (да маці Юры, якая ўжо на парозе). Я прыйшоў сказаць, Алена Аляксееўна, што вашы шмоткі маці памыла...

Алена Аляксееўна. Па-першае, добры вечар. (Вася ківае ў адказ.) Па-другое, шмоткі — што гэта?

Вася. Ну-у, бялізну...

Алена Аляксееўна. Так бы і казаў. Юра, збегай да іх, прынясі...

Вася. Я сам! (Пайшоў.)

Юра. Мам... Навошта ты так з ім?

Алена Аляксееўна. Не трэба так хвалявацца. Ужо не скажы пра Васю ні слова... Іруся! Якая ты шыкоўная! Усё табе да твару, усё з густам... Не тое, што мае абармоты! Ты паглядзі на Юру. Кожны дзень раблю напамінак: пастрыжыся! На каго ён падобны? Снежны чалавек!

Іра. А зараз мода такая.

Алена Аляксееўна. Ох! Гэтыя мне моды! Зараз будзем вячэраць. Іруся, ты з намі...

Іра. Не, не, Алена Аляксееўна! Я ніколі не вячэраю...

Алена Аляксееўна. Зусім дарэмна! У твае гады яшчэ можна не турбавацца — добрая вячэра фігуру не сапсуе... Хлопчыкі вы мае! А хлеба зноў няма! Юра, марш у булачную.

Юра. Няхай Пецька.

Алена Аляксееўна. Пецька згубіў мой давер. Не вяртае рэшту...

Пеця (уздыхае). Філатэлія патрабуе ахвяр...

Юра. З-за гэтай філатэліі ты вырасцеш злодзеем.

Пеця (пакорна). Усё можа быць... (Да Юры.) Ты ідзі, пакуль булачная працуе...

Юра. У, маляўка! Прыладзіўся. Ір! Ты мяне пачакай, добра? (Пайшоў.)

Пеця. Ідзі, ідзі. Я яе затрымаю.

Іра (усміхаецца). Чым жа ты мяне затрымаеш?

Пеця. Пытаннем — ці верыш ты ў бога?

Іра. Ну і спытаў! Як жа я магу верыць, калі яго няма?

Пеця. Для каго няма, а для каго і ёсць.

Іра. А ты што — паверыў у бога?

Пеця. Ага.

Іра. І калі гэта здарылася?

Пеця. Сёння. На матэматыцы. Я прыклады не зрабіў... А матэматычка ў нас ведаеш якая? Усіх наскрозь бачыць. Мы яе «рэнтгенам» клічам. Ну, сяджу, дрыжыкі прадаю. І раптам падумаў: бог, калі ты сапраўды ёсць, зрабі так, каб настаўніца мяне не выклікала! (Увайшла маці і робіць знак Іры, каб яна не звяртала ўвагі — няхай расказвае...) І калі яна мяне не выклікае, дык абяцаю паверыць у цябе на ўсё жыццё!

Іра. І што — паслухаў цябе бог?

Пеця. Ага. Нават і не паглядзела ў мой бок! Валерку выклікала, бац — дваялу! А мне — хоць бы хны! Я цяпер да самага дзесятага класа спакойны. Калі што якое, дык бог дапаможа!

Іра. Няўжо будзеш верыць у бога?

Пеця. Ага! І ў бога і ў чорта.

Алена Аляксееўна. Можаш верыць хоць у Магамета! А ўрокі будзеш рабіць!

Пеця. З дапамогай усявышняга! (Бяжыць/з пакоя.)

Іра. Смешны ён у вас!

Алена Аляксееўна. Такі смешны, што плакаць хочацца.

Іра (усміхаецца). Мая мама таксама любіць піліць, а калі адпусціць куды — тут жа тэлеграму дае, каб я вярталася....

Алена Аляксееўна. Тваёй маме грэх цябе піліць. Дзяўчынка — гэта не хлопцы ў сям’і...

Іра. І мая кажа: калі б у яе былі хлопцы, дык яна б гора не ведала. Вось і зразумей вас!

Алена Аляксееўна. Нічога. Пройдзе час — зразумееце. Ды яшчэ пашкадуеце, што так доўга не разумелі... Але я вельмі задаволена, што ты сябруеш з Юрам. Твой добры ўплыў на яго вельмі адчувальны... Праўда, сучасным дзяўчынкам падабаюцца зусім іншыя... Вось такія, як Ося...

Іра (сумелася). Ваш Юрка таксама карыстаецца поспехам...

Алена Аляксееўна. Няўжо?

Іра. Адна дзяўчынка ў нашым класе прама ўся змарнела... А ён нічога не заўважае...

Алена Аляксееўна (усміхнулася). А ён не заўважае... А ведаеш чаму? Не ў яе бок глядзіць...

Вася (уваходзіць з вузлом бялізны). Вось вашы шмоткі... Прабачце, бялізна.

Іра. Да пабачэння, Алена Аляксееўна.

Алена Аляксееўна. А Юра прасіў, каб ты яго пачакала...

Іра. Няма часу. Я яшчэ ўрокі не рабіла...

Вася. Я таксама пайду.

Алена Аляксееўна. Пачакай... Скажы шчыра — ты падгаварваў Юру кінуць школу разам з табою? Падгаварваў! Ну, кінуў ты школу. А навошта ты гэта зрабіў?

Вася. Таму, што я дэфектыўны.

Алена Аляксееўна. Адкуль гэта табе вядома?

Вася. Доктар сказаў. Паглядзеў на рэнтгене і сказаў, што ў мяне адной клёпкі не хапае...

Паўза.

Алена Аляксееўна. Дзіўны ты чалавек, Вася Несцярок. Ну, чаму табе хочацца быць горшым, чым ты на самай справе ёсць?

Вася (разводзіць рукамі). Дэфектыўны!

Алена Аляксееўна. Ну, добра. Можаш быць дэфектыўным. Мне ўсё роўна. Толькі дай мне слова, што ты не будзеш падбіваць Юру на кепскае...

Вася. А на добрае можна?

Алена Аляксееўна. Ты не хочаш мяне зразумець... Я маці! І я хачу, каб маім дзецям ніхто не перашкаджаў.

Юра (ён стаіць на парозе). Мама!

 

Вася паглядзеў уважліва на Алену Аляксееўну, на Юру і пайшоў.

 

Алена Аляксееўна. Юра... Я хацела...

 

Алена Аляксееўна пайшла да акна, прыткнулася лбом да шыбы. Юра глядзіць на яе.

 

Дзень павялічыўся... Ужо дзевятая гадзіна, а яшчэ светла... А бацькі нашага ўсё няма і няма... (Званок тэлефона.) Паслухай... Мабыць, зноў мяне ў бальніцу выклікаюць...

Юра (у трубку тэлефона). Ну, кватэра Ярашэвіча... Валерка? Чаго табе? А ты зрабіў тое... Сцёр? А на лаўцы? Як не ты? Я, брат, тваю чорную руку ведаю... І калі яшчэ раз убачу надпісы — абламаю рукі! (Крычыць.) Пецька!

Пеця (уваходзіць, бярэ трубку). Космас слухае! Апаратура працуе дакладна. Праз дваццаць хвілін выходзь на стыкоўку.

Алена Аляксееўна (ціха, дакорліва). А ўрокі, сынок?

Пеця (цяжка ўздыхае). Чуеш, Валера... Выхад у адкрыты космас часова адкладваецца... Чаму, чаму... Зачамукаў... Непаладкі ў сістэме. У якой сістэме? (Паглядзеў у бок маці і брата. Юра паказаў яму кулак.) У сістэме выхавання...

Юра. Ідзі адсюль! Гэць! (Пеця выходзіць. Юра падыходзіць да маці, абдымае яе за плечы.) Ма! Ты на нас не вельмі крыўдуй...

Алена Аляксееўна. Крыўдую ці радуюся — усё роўна я жыву толькі вамі... А вы? І ты, і Пецька, і бацька...

Юра. Бацька наш во! (Выставіў вялікі палец.) Гэта ўсе кажуць. Ведаеш, як пра яго на заводзе гавораць? Чалавек з камунізма! Думаеш, гэта за прыгожыя ягоныя вочы гавораць?

Алена Аляксееўна. Гэта ўжо, мабыць, камсамольцы прыдумалі...

Юра. І нічога яны не прыдумалі! Цяпер возьмем нас з Пецькам. Не такія мы ўжо падонкі, каб такі лямант падымаць...

Алена Аляксееўна. А чаму кепска вучыцеся?

Юра. Ну, не зусім жа кепска. Цярпіма.

Алена Аляксееўна. Цярпіма?! Адны тройкі. У наш касмічны век на тройках далёка не паедзеш. Дзе сядзеш, там і злезеш. Табе не поўны год застаўся. Адзін толькі год! А што далей?

Юра. Далей будзе відаць. Беспрацоўных жа ў нас няма! Знойдзецца і для мяне справа...

Алена Аляксееўна. І табе ўсё роўна, што рабіць?

Юра. А ў нас любая праца — ганаровая.

Алена Аляксееўна. Вось так можна размаўляць толькі спадзеючыся, што юнацтва табе дадзена на ўсё жыццё. Дурань! Не паспееш агледзецца, а яго ўжо і следу няма! Павер мне...

Юра. Дык што, за хвост трымаць гэтыя самыя маладыя гады?

Алена Аляксееўна. Выліты ты бацька! Такі ж несур’ёзны...

Юра. Выліты?

Алена Аляксееўна. Цюцелька ў цюцельку!

Юра. А ты яго пакахала!

Алена Аляксееўна. Зрабіла такое глупства. Ён жа прыгажун, а я...

Юра. А бацька гаворыць, што прыгажэй за цябе нікога няма на свеце...

 

4

Вечар. Вокны ў доме асветлены ў блакітны, ружовы, жоўты колеры. Каля вугла стаяць Іра і Ося.

 

Іра. Не! Не веру! Не хачу верыць!

Ося. А ты павер.

Іра. Але ж тое, што ты гаварыў, — звычайны цынізм!

Ося. А чаму не звычайная логіка і цвярозы погляд на рэчаіснасць? У школе, у камсамоле нам даўбуць і дзяўбуць аб рамантыцы... Нават збіраць металалом рамантычна! Нас прывучаюць амаль з калыскі верыць, што наперадзе нас чакае цікавае, рамантычнае жыццё. Усіх чакае! Ну, а раз так, мы пачынаем вучыцца абы-як. Усе турботы аб сабе мы перадаём усялякім адказным дзядзям... Кінуць яны кліч: усе на заводы звычайнымі рабацягамі — калі ласка! Усе на асваенне цаліны — гатовы!

Іра. Ну, а як жа інакш?

Ося. Інакш? Ну, а што, калі я не хачу ўсё жыццё стаяць ля станка?

Іра. Можаш быць міністрам. Хто табе не дае?

Ося. Міністрам? Не, гэта не для мяне. Мяне цікавіць электроніка — будучае тэхнікі. І тут не рамантычны лямант патрэбны, а востры розум, упартасць, уседлівасць. І пабольш мазгавых звілін. А яны ў мяне ёсць, ты ведаеш. А ўся гэта паэзія дальніх дарог і ўсялякая другая рамантычная мура не для мяне.

Іра. Гэта ж няпраўда! Моладзь едзе па закліку сэрца, і працуе не шкадуючы сіл... А які энтузіязм!

Ося. Вось на энтузіязм такіх дурніц, як ты, і разлічваюць некаторыя. Ім і трэба, каб мы не шкадавалі сваіх сіл. А я шкадую! Бо хачу размеркаваць іх рацыянальна, каб прынесці больш карысці... Ты, канечне, яшчэ не станеш глядзець на свет маімі вачыма. Але пройдзе час, і ты сама ўбачыш, што нас, рацыяналістаў, стане больш, чым гэтых наіўных рамантыкаў. Мы яшчэ жывём кожны сам па сабе, але прыйдзе час і мы возьмемся за рукі... (Бярэ Іру за руку.) І ты будзеш побач, бо ты самы дарагі для мяне чалавек...

Іра (задуменна). Калі ты так гаворыш, мне вельмі хочацца верыць табе... Але вось я застаюся адна, і...

Ося. Нічога. Гэта пройдзе. Як двойчы два — чатыры... Позна ці рана, а з гэтым прыйдзецца згадзіцца...

Іра. Я так хачу табе верыць! Так хачу...

 

Яны абдымаюцца. У глыбіні двара з’явілася Валерыя Герасімаўна. Іра войкнула, вызвалілася з рук Осі і пабегла.

 

Валерыя Герасімаўна (падыходзячы). Гм... Нічога сабе... Красуня... Толькі гэта несур’ёзна...

Ося. А чаму ты рашыла, што гэта несур’ёзна?

Валерыя Герасімаўна. Таму, што ты не думаеш аб выніках.

Ося. Да іх яшчэ далёка.

Валерыя Герасімаўна. Вынікі з’яўляюцца, калі іх не чакаеш. Па сабе ведаю. Ну, і што далей?

Ося. Кажу, я пра гэта яшчэ не думаў.

Валерыя Герасімаўна. А трэба думаць, мая радасць, трэба думаць. Ну, які пасаг у тваёй красуні, апроч прыгожай мордачкі? Дачка пасрэднай настаўніцы музыкі, безбацькоўшчына, жывуць у цеснаце і крыўдзе...

Ося. Якое гэта мае значэнне?

Валерыя Герасімаўна. Вялікае, сынок, вялікае. Самае галоўнае, не зрабіць памылкі ўпачатку...

Ося. Але я яе кахаю!

Валерыя Герасімаўна. Ну і няхай сабе! Я гавару не пра каханне.

Ося. А пра што?

Валерыя Герасімаўна (шматзначна). Я гавару пра жыццё. Вось паслухай, малыш, сваю мамачку... Калі б дзевятнаццаць гадоў таму назад яна пайшла замуж за таго чалавека, якога кахала, дык мне нават цяжка сабе ўявіць цяпер, што гэта было б за жыццё... А ён быў малады, прыгожы. А як ён спяваў пад гітару!..

Ося. Мама, навошта такія падрабязнасці?

Валерыя Герасімаўна. Сапраўды — навошта? Адны хваляванні... Дык вось, калі б тваім бацькам стаў той чалавек, а гэта вельмі лёгка магло здарыцца, дык сёння не было б у цябе ні асобнага пакоя, ні модных касцюмаў, ні матаролера... Жылі б мы ў адным пакойчыку і лічылі б кожную капейку... Я была б ужо старэнькай бабулькай... А ён прыходзіў бы дамоў амаль кожны дзень п’яны і здзекаваўся б з мяне і з цябе...

Ося. Чаму?

Валерыя Герасімаўна. Таму, што з гэтага прыгажуна, з гэтага захаплення маёй маладосці нічога не атрымалася. Як пачаў звычайным электраманцёрам, так, бадай, і скончыць...

Ося. А ён яшчэ жывы?

Валерыя Герасімаўна. Жывы! Такія вельмі жывучыя... Аднойчы я яго нават бачыла. Ён ажаніўся. Пяцёра дзяцей. Жывуць кепска. Жонка хварэе.

Ося. А ён... п’е?

Валерыя Герасімаўна. А што яму застаецца? Цяпер ты разумееш, чаму я аддала перавагу твайму бацьку?

Ося. Не, не разумею...

Валерыя Герасімаўна. А што тут незразумелага? Ты паслухайся сваёй мамачкі! У тваім класе вучыцца дачка дырэктара завода. Вельмі міленькая! Чаму ты яе не прыкмеціў?

Ося. Прыкмеціў, што яна вялікая дурніца...

Валерыя Герасімаўна. Ну і што? Думаеш твая дарагая мамачка ў такіх гадах была вялікая разумніца? Але ў яе хапіла розуму зрабіць свой выбар і пабудаваць сваё жыццё, як ёй хацелася... Дык на гэта пры тваёй дапамозе хопіць розуму ў гэтай... як яе завуць?

Ося. Тамара.

Валерыя Герасімаўна. Прыгожае імя!

Ося. Мама! Зразумей жа! Я люблю Іру! І гэта сур’ёзна.

Валерыя Герасімаўна. Я разумею. Ты ўжо надаваў ёй усялякіх абяцанняў і, як высакародны малады чалавек, хочаш стрымаць сваё слова... Глупства!

Ося. Мама! У мяне ёсць сваё асабістае жыццё...

Валерыя Герасімаўна (абурылася). Яго асабістае жыццё! Тваё асабістае жыццё — гэта маё асабістае жыццё! Ося! Ты для мяне ўсё: радасць, святло, надзеі... І калі ты мяне не паслухаеш, я памру. Вось так лягу і памру. Абяцай мне...

Ося. Я абяцаю табе...

Валерыя Герасімаўна (падазрона). А што ты мне абяцаеш?

Ося. Што ты з-за мяне не памрэш.

Валерыя Герасімаўна. Ну, глядзі! Стрымай сваё слова...

 

5

У Ярашэвічаў госці з выпадку вяртання з-за мяжы гаспадара. Васіль Мікалаевіч і Круглоў сядзяць за сталом. Гаспадыня раскінула на тахце перад Валерыяй Герасімаўнай заморскія падарункі. Рабяты зацікавіліся магнітафонам і транзістарам.

 

Круглоў. Федзю бачыў?

Ярашэвіч (не зразумеў). Якога... Федзю? А! Кастро... Бачыў... Некалькі разоў на мітынгах. І на сафру ён да нас прыязджаў...

Юра. Тата! Ты гаварыў з ім?

Ярашэвіч. Вось як з табой... Ён цікавіўся канструкцыяй нашых машын. Я тлумачыў... Потым нават разам абедалі...

Круглоў. Цікавы дзядзька.

Валерыя Герасімаўна. Сапраўдны мужчына! У-у-ух!

Круглоў. Можа б, прытрымала язык за зубамі?

Валерыя Герасімаўна. Падумаеш... Атэла-раўнівец знайшоўся. (Схапіла нейкую стракатую сукенку, разглядае.) Якая прыгажосць! Умеюць людзі рабіць прыгожыя рэчы!

Круглоў. Ну, а гэтага, які падпаліў траснікі, схапілі?

Ярашэвіч. Сам прыйшоў.

Круглоў. Сам? Контррэвалюцыянер?

Ярашэвіч. У тым і складанасць барацьбы на Кубе... Гэта быў звычайны батрак... Усё жыццё нічога свайго не меў... ні кала ні двара, ні сям’і, ні зямлі... А вось пайшоў супраць народа, падняў руку на рэспубліку...

Круглоў. Як жа гэта ён?

Ярашэвіч. Яшчэ пры Батысце задаўжаў свайму пану-плантатару і лічыў сябе навекі яму абавязаным. А тут з’явіўся сынок гэтага пана. Вось ён і патрабаваў, каб гэты небарака падпаліў плантацыю...

Вася. Схапілі гэтага гада?

Ярашэвіч. Ледзь было ўжо не ўцёк. Але пагранічнікі ля самай ужо нейтральнай паласы далі па яго маторцы залп і — да акул...

Алена Аляксееўна. Дзе толькі страляніна — там абавязкова мой муж...

Ярашэвіч. Гэта ты дарэмна. Дзе страляюць, там я не быў... Кубінцы і самі справіліся.

Алена Аляксееўна. А навошта ў агонь сігануў?

Ярашэвіч. Аленка! Я ж табе гаварыў... Машыны мае гарэлі, як жа я мог спакойна глядзець?

Круглоў. Мабыць жа сапраўды табе, як замежнаму спецыялісту, неабавязкова было лезці ў агонь?

Ярашэвіч. Нават не пускалі...

Алена Аляксееўна. Ну вось!

Вася. Страшна было?

Ярашэвіч. Страшна, цёзка, вельмі страшна... Акіян агню! Аж да самага небасхілу палыхае полымя... Уражанне такое, быццам гарыць уся зямля... Кінуўся я ратаваць машыны, а думаў пра цябе, Алёна, пра хлопцаў сваіх... Быццам іх ратаваў...

Круглоў. Канечне... І ўсё ж... Калі цябе не пускалі навошта лез? Гэта парушэнне дысцыпліны... Калі кожны пачне рабіць тое, што яму хочацца, — ніякага парадку, анархія. Кожны павінен выконваць свой абавязак... і ніякай самадзейнасці!

Вася. Дык Васіль Мікалаевіч яго і выконваў...

Валерыя Герасімаўна. О! Вася Несцярок падае голас у абарону недысцыплінаванасці. Яму дысцыпліна, што сабаку ашэйнік...

Ося. Мама! Не твая справа!

Валерыя Герасімаўна. Дык мне ён, як вы кажаце, да лямпачкі! І няхай бы ён не круціўся каля вас. Цімох! Не чапай селядзец!

Круглоў. Чаму? Ён мне падабаецца.

Валерыя Герасімаўна, Ён яму падабаецца! У страўніку няма жывога месца, а ён хапае селядзец!

Круглоў. Не чапляйся ты за мой страўнік! Пры такой тыраніі я ўсё роўна дам дуба ад інфаркту. Давядзеш!

Валерыя Герасімаўна. Турбуешся аб ім, і вось... падзяка! Алена Аляксееўна! Каб вы ведалі, як я вам зайздрошчу! (Да Ярашэвіча.) А скажыце, вам дадуць ордэн за ваш гераічны ўчынак?

Ярашэвіч. Ну, калі пачнуць выдаваць узнагароды толькі за тое, што чалавек выканаў свой грамадзянскі абавязак...

Валерыя Герасімаўна. Як жа інакш?

Ярашэвіч. Самая вялікая ўзнагарода — гэта калі табе не сорамна за свае ўчынкі...

Круглоў (падняўся). Ну, хопіць надакучаць суседзям... Пойдзем дахаты!

Алена Герасімаўна. Куды ж вы? А чай?!

Круглоў. Я па чаю не скучаю. (Смяецца.) Некалі ж пісаў вершы...

Ося (здзіўлены). Ты... пісаў вершы?

Валерыя Герасімаўна. Гэтыя вершы ён прысвячаў мне...

Круглоў (адышоў да Ярашэвіча). Пагаварылі мы з табою... І неяк лягчэй на сэрцы.

Ярашэвіч. А што цябе непакоіла?

Круглоў. Як табе сказаць, каб ты мяне зразумеў... Вось ішоў на пенсію, і раптам боязна стала... Як без нас у вас справы пойдуць?

Ярашэвіч. Як бачыш — ідуць! І няблага ідуць!

Круглоў. Ідуць, ідуць... Бачу. Але вось іх (ківае ў бок рабят) вам ужо не ўзяць у рукі... Адбіліся! Яны яшчэ вам пакажуць, дзе ракі зімуюць...

Ярашэвіч. Нам? Мы што — другая дзяржава?

Круглоў. Дзяржава ў нас адна. Ды людзі розныя! У нас быў парадак! На кулямёты ішлі, калі трэба было... А гэтыя?!

Ярашэвіч. І гэтыя пойдуць. Калі трэба будзе.

Круглоў. Чакай! Пойдуць. У рэстаран. На танцулькі. Не-е-е, распесцілі! Відаць, паспяшаліся нас на пенсіі паспіхваць... Мы такую эпоху на сваіх плячах вынеслі! І ёсць, ёсць у нас яшчэ порах у парахаўніцах!

Вася. Ёсць, толькі ўжо сыплецца!

Круглоў. Бачыш? Ніякай павагі!

Ярашэвіч. Растуць...

Круглоў (уздыхае). Прайшло жыццё...

Ярашэвіч. Для каго прайшло. Для каго пачынаецца. Закон жыцця.

Круглоў. Закон! А яго парушаць нельга! Нельга...

Вася (падышоў даЯрашэвіча). Васіль Мікалаевіч... Дазвольце мне на адзін дзень узяць японскі транзістар... Хачу разабрацца ў схеме.

Ярашэвіч. Бяры. Цікавішся? Гэта добра...

Круглоў (смяецца). Вася Несцярок хоча ўцерці нос Японіі! Ты спачатку майстар-ламайстар свой вытры. (Вася машынальна шморгае рукавом пад носам). Вось так!

Вася (раззлаваўся). А ну вас да... манахаў!

Круглоў. Но, но! Цішэй!

Ярашэвіч. Дарэчы, Вася, твая шасцяронка цалкам вытрымала экзамен. Абавязкова наладзім выпуск гэтых шасцяронак па тваёй тэхналогіі!..

Круглоў. Ну, хопіць гасцяваць!

Алена Аляксееўна. Не спяшайцеся. Гасцюйце... Мы так рэдка збіраемся...

Валерыя Герасімаўна. Рэдка, ды метка! (Смяецца.)

 

Валерыя Герасімаўна цалуецца з гаспадыняй, ідзе следам за Кругловым. Потым пайшоў Ося.

 

Алена Аляксееўна. Вася! Ты чай піць будзеш?

Вася (беражліва трымае ў руцэ транзістар). Не! Дзякую вам... Я таксама пайду...

 

Юра, Пеця і Вася пайшлі. Алена Аляксееўна падыходзіць да мужа, абдымае яго, лашчыцца.

 

Алена Аляксееўна. Хопіць! Больш нікуды цябе не пушчу! (Цалуе.) Не пушчу! Не пушчу! Не пушчу! Ты чуеш?

Ярашэвіч. Не, не чую...

Алена Аляксееўна. Але ты павінен пачуць мяне, калі любіш...

Ярашэвіч. Люблю! Люблю! Ты гэта ведаеш. І мне хочацца заўсёды быць разам з табою, з нашымі хлопцамі...

Алена Аляксееўна. Васілёк ты мой! Каб ты ведаў, як мне цяжка з імі цяпер! Што з імі робіцца — не разумею!

Ярашэвіч. Растуць хлопцы. А гэта, кажуць, вельмі складаны працэс. Дзеці! Цяжка з імі, а без іх яшчэ цяжэй... Ведаеш, калі я кінуўся ў агонь, бачу — ляжыць тварам уніз на ахапцы трыснягу хлопчык... І шыйка ў яго танюсенькая, валасы льняныя кучаравяцца... Я аж увесь здрыгануўся: Пецька мой! Падняў я хлапчука, прыціснуў да сэрца і пабег... Бягу, а ўжо дыхаць няма чым. А тут калдобіна нейкая. Грохнуўся я ў гэтую яміну... Але гэта і выратавала — агонь верхам пайшоў...

Алена Аляксееўна. Не трэба! Не трэба ўспамінаць... Гэта жудасна!

Ярашэвіч. Так, жудасна. Таму гэтага не павінна быць! Дык ці схаваешся за сценамі сваёй хаты, калі гэта ёсць і з гэтым трэба змагацца?

Алена Аляксееўна. Я ўсё разумею! Тут (дакранулася лба)усё ўкладваецца! А вось тут (паклала руку сабе на сэрца), тут не хоча! І нічога з ім не магу зрабіць...

Ярашэвіч прыціскае яе да сябе, цалуе.

 

6

Зіма. З вуліцы ўваходзіць Ярашэвіч. Рука ў яго яшчэ на перавязі, і ёй ён прыціскае трубкі чарцяжоў. Алена Аляксееўна дапамагае яму распрануцца.

Ярашэвіч. Ну і кругаверць сёння! Сняжынкі вось такія! (Сцяў кулак.) Даўно такой снежнай зімы не было. Будзем з ураджаем! (Глядзіць на жонку.) Та-а-а-ак! Мы ў кепскім настроі...

Алена Аляксееўна. Васіль! Не да жартаў.

Ярашэвіч. А я і не жартую.

Алена Аляксееўна. Што будзем рабіць з дзецьмі?

Ярашэвіч. А што з імі трэба рабіць?!

Алена Аляксееўна. Ну, калі ты такі спакойны, дык сам займайся іх выхаваннем.

Ярашэвіч. Супакойся... Што здарылася?

Алена Аляксееўна. Што?! Зараз сустрэла Пецькаву піянерважатую. І ведаеш, што яна мне расказала? (На парозе з'яўляеццаПеця.) Няхай ён сам!

Ярашэвіч. Прашу вас, малады чалавек.

Пеця (паціскае плячыма). Схапіў дваялу па фізіцы...

Алена Аляксееўна. Да ўсяго яшчэ і фізіка!

Ярашэвіч. Абрадаваў! А што ў цябе за канфлікт з піянерважатай?

Пеця (паціскае плячыма). Я ішоў па калідоры. А яна насустрач. І прычапілася, чаму без гальштука... Я на яе вось так паглядзеў... І ўсё!

Алена Аляксееўна. Ён так паглядзеў! Ты сказаў: дурніца.

Пеця. Не гаварыў! Я толькі падумаў. Я ж не ведаў, што наша піянерважатая можа чытаць думкі...

Ярашэвіч (прыкрыў рот, каб не выдаць усмешкі). Ты павінен ведаць, што ў наш час кожны дарослы можа чытаць думкі вось такіх блазнюкоў, як ты... Чаму ты не носіш гальштука?

Пеця. А чаму ты на работу ходзіш без сцяга?

Ярашэвіч. Сцяг выносяць толькі ў час вялікіх урачыстасцей...

Пеця. Вельмі разумна робяць! А чаму ж нас прымушаюць насіць яго кожны дзень?

Ярашэвіч. Такі парадак у піянераў.

Пеця. А што — парадкі нельга мяняць?

Ярашэвіч. Але ёсць адзін стары парадак, і вельмі разумны. Бывала, бацька возьме папружку...

Пеця. Тата, мне сорамна за цябе. Я не ведаў, што ты такі... цемрашал. Дазволь мне пайсці.

Ярашэвіч (разгубіўся). Ідзі... (Пеця хуценька знік.)

Алена Аляксееўна. Ты яго распускаеш! І расце ён свавольнікам!

Ярашэвіч. Алёнка... А можа, гэта не так страшна, як табе здаецца? У іх зараз складваецца характар... І гэты перыяд жыцця самы цікавы, як цуд... Ён здзіўляе і пужае. І зараз мяне больш непакоіць Юра...

Алена Аляксееўна. Ты ж абяцаў пагаварыць з ім як мужчына з мужчынам...

Ярашэвіч. Неяк не атрымліваецца ў нас такая размова... Але мы пагаворым. Абавязкова пагаворым! А зараз добра было б перахапіць чаго, ды трэба ў тэхнічную бібліятэку...

Алена Аляксееўна. Зноў на ўвесь вечар? Не пушчу! Пасядзі сёння дома.

 

7

Каля дома з’яўляюцца Вася, Ося, Юра і Іра. Яны ў спартыўных касцюмах, праз плечы перакінуты канькі. У руках Юры і Васі хакейныя клюшкі. Усе садзяцца на лаўку, выцягваюць ногі.

Ося (працягвае размову). Не, я сур’ёзна! Навокал балабоняць: паважайце бацькоў, паважайце бацькоў! Ніякага канфлікту пакаленняў не існуе! Паважайце старэйшых! Паважайце тату з мамай, дзеда з бабкай, цётку з дзядзькамі! За што? За тое, што нас парадзілі?

Юра. Ці справа толькі ў гэтым?

Ося. Ну, як жа! Яны яшчэ далі нам савецкую ўладу. Вялікае дзякуй ім за савецкую ўладу. Гэта лепшая ўлада на зямлі. І другой улады ў нас не будзе і не трэба. Але ўлада — ёсць улада. Гэта мы ўсе разам. А калі мы застаемся паасобку? Адзін на адзін са сваімі думкамі... Няўжо з нас ніхто не прыкмеціў, што чагосьці не хапае сучаснаму чалавеку?

Вася. У цябе з горла прэ, а табе ўсё мала...

Ося. Цяжка з табой гаварыць, Вася. Праз некаторы час і ты будзеш забяспечан па самыя вушы. Набудуем новых заводаў, фабрык, навучымся здымаць па тры ці чатыры ўраджаі...

Юра. Цікава, чаго ж табе не хапае?

Ося. Не ведаю, як іншым, а мне... Вы чулі аб такім абстрактным паняцці, як свабода духу?

Вася. Дух усялякі бывае...

Іра (да Осі). Свабода духу? Што гэта?

Ося. А гэта, калі ніхто не стаіць над тваёй душою...

Іра. А хто стаіць над тваёй душою?

Ося. Усіх не пералічыш.

Вася. Бач ты яго! Свабоды духу яму захацелася! Чакаеш, што табе гэтую свабоду духу прынясуць на сподачку з блакітнай каёмачкай. Не! Не будзе гэтага! Вось табе свабода духу! (Тыцнуў дулю.)

Юра. Два нуль у карысць Васі.

Іра. Я згодна з Васем. За свабоду трэба змагацца!

Ося. Змагайся, пакуль які-небудзь вар’ят не націсне кнопку...

Вася. А калі спатрэбіцца стрымаць руку гэтага вар’ята... Калі спатрэбіцца кінуцца на амбразуру... Кінешся?

Ося. А ты?

Вася. Табе хочацца, каб за цябе гэта зрабіў нехта іншы? Ну, прызнайся!

Ося. А калі не прызнаюся — што будзе?

Вася. Што будзе?

Паўза.

Юра. Хлопцы, хопіць!

Ося (да Васі). Чаго чакаеш?

Вася (раптоўна б'еОсю па твары). А цяпер ты павінен пляснуць мне ў адказ. Бі! Ну? Я чакаю.

Ося. Не дачакаешся. (Сустрэўся вачыма з Ірай і ўсміхнуўся.) Не дачакаешся...

Вася. Змагайся за свабоду духу, гніда!

Іра. Ты... яму даруеш?

Вася. Даруе! Я магу яшчэ раз пляснуць яго па мордзе, а ён зноў даруе. Вось глядзі!

Вася робіць замах, але Юра стаў паміж ім і Осем. Іра адыходзіць і глядзіць на Осю здзіўлена, нічога не разумеючы...

 

Іра. Чаму ты яму дараваў? Чаму?

Ося. Таму, што я чалавек і не магу біць жывёліну...

Вася. Ах ты гніда! Бачыш! Ён усё можа растлумачыць, ён усяму знойдзе апраўданне. Нават баязлівасці і здрадзе... Ненавіджу такіх! Ненавіджу!

Ося. А я такіх, як ты, шкадую...

 

Ося пайшоў. За ім следам пайшлі Іра і Юра. Вася глядзіць у іх бок, зрабіў некалькі крокаў следам і прыпыніўся. Сеў на лаўку. Вяртаецца Іра. Глядзіць на Васю.

 

Вася (глуха). Ты прабач мне... Не ведаю, як гэта здарылася... Я не хацеў! Павер, не хацеў... Неяк само атрымалася... Прабач, га?

Іра (жорстка). Ніколі! Чуеш? Ніколі. Як ты мог? А я верыла ўсяму, што ты тут гаварыў... Але не можа быць праўдзівым той, хто можа ўдарыць чалавека...

Вася. Я кажу: не хацеў! Ён давёў мяне!

Іра. Ты яго ўдарыў толькі таму, што ён... Што мы з ім... Ты хацеў яго ўнізіць перада мною... Ведай жа! Ты ўнізіў толькі самога сябе. (Пайшла).

 

Вася застаўся адзін. Сядзіць, апусціўшы плечы. Паваліў снег. Чымсьці засмучаны з’яўляецца Пеця. У руцэ — «авоська». У ёй два батоны, бутэлькі з малаком. Садзіцца разам з Васем.

 

Пеця. У цябе таксама кепскі настрой?

Вася. У мяне — зразумела. А чаго табе сумаваць?

Пеця (уздыхае). Хацеў зрабіць эканомію ў карысць філатэліі, ды прыйшлося купляць білет...

Вася. Як гэта здарылася?

Пеця. Не паглядзеў, ускочыў у аўтобус, гляджу — самаабслугоўванне. Вось і прыйшлося...

Вася. Чаму?

Пеця. Дык усе ж глядзяць! Кожны сам сабе кандуктар і кантралёр...

Вася. Так... Цяжка вам, філатэлістам, даецца самаабслугоўванне!

Пеця. Нейкі наш вораг прыдумаў гэтае самаабслугоўванне... А ў цябе што здарылася?

Вася. Дыскусія.

Пеця. На якую тэму?

Вася. Тэма, браток, адна: адкуль бяруцца ў нашым жыцці падлюгі?

Пеця. А я ведаю! Вельмі шмат настаўнікаў. Куды ні ткніся — усюды вучаць! Вось назло ім чалавек і робіцца падлюгам...

Вася. Нешта ты блытаеш, старык.

Пеця. Нічога я не блытаю! Па сабе ведаю...

Вася. Не, старык! Трымайся. У гэтай справе галоўнае не прапусціць момант...

Пеця. Які момант?

Вася. Чуў, як рэактыўны самалёт бярэ гукавы бар’ер?

Пеця. Ага! Выстрал чуваць: ба-а-ах!

Вася. Во, во! Дык вось так і з подласцю... Спачатку робіш дробязнае глупства, потым: ба-а-ах! Глядзіш, ты ўжо закончаны падлюга. Зразумеў? (Пеця кіўнуў галавою.) Ну, ідзі... Дома хлеб чакаюць, а ты тут філасофію разводзіш...

Пеця. Не адным хлебам жывы чалавек.

Вася (усміхаецца). Міравецкі ты пацан, Пецька! Хочаш сябраваць?

Пеця. Хачу!

Вася (працягвае руку). Трымай! Вось толькі як твая маці на наша сяброўства паглядзіць?

Пеця. Яна ж добрая!

Вася. Я так і думаў... Ну, ідзі.

 

8

Ярашэвіч сядзіць за чарцёжнай дошкай. Зрабіў некалькі рысак і павярнуўся да Юры, які стаіць ля акна.

 

Ярашэвіч. Чаго ж ты змоўк? Гавары!

Юра. Каб жа ведаць дакладна — чаго вы ад нас патрабуеце?

Ярашэвіч. Ах, вось як! Ты загаварыў ад імя ўсяго свайго пакалення. І не палохае цябе такая адказнасць? Ну, тады і я буду гаварыць з табою ад імя майго пакалення. Улічы: палова нас ляжыць у сырой зямлі. І я буду гаварыць ад іх імя. Я буду гаварыць ад імя майго бацькі, твайго дзеда. Дарэчы, ты ведаеш, колькі было яму год, калі ён упаў з баявога каня пад Перакопам?

Юра. Дваццаць два...

Ярашэвіч. Правільна. Усяго на чатыры гады быў старэйшы за цябе твой дзед...

Юра. Ці я вінаваты, што рэвалюцыя і грамадзянская адбыліся без мяне...

Ярашэвіч. Цябе ніхто не папракае... Ты толькі павінен памятаць, што твой дзед, а мой бацька ахвяраваў сваё жыццё дзеля цябе, і дзеля мяне, і дзеля ўсіх нас... А думаеш, яму не хацелася дажыць да нашых дзён? Яшчэ як хацелася!

Юра. Тата! Я ўсё гэта разумею. Але ж гэта ўжо далёкая гісторыя! І бывае ж так — тое, што калісьці здавалася незвычайным, нават трагічным, зараз выклікае смех... Вось як у старой хроніцы. Бягуць, дзёргаюцца, як у ліхаманцы, белыя генералы на крывых ножках, тоўстыя буржуі мітусяцца... Вельмі смешна! Ці дэманстрацыя крочыць, быццам кожнага ў кіршэнь штурхаюць...

Ярашэвіч. Гэта ж хвалюючыя дакументы! Не разумею, чаму табе смешна... Але няхай! Бо туманныя малюнкі на экране гэта толькі адбітак гісторыі... Ну, а сама гісторыя нашай Радзімы?! Наш высокі ўзлёт ад Расіі лапцюжнай да касманаўтаў! Ведаеш, колькі каштавала гэта сіл? Зараз незразумела — адкуль толькі яны браліся? І для вас гэта ўсё толькі смешныя малюнкі кінахронікі... Вы спакойна праходзіце міма вялікага цуда...

Юра. Каб мы і захацелі, дык нічога не выйдзе. Бо ўсё, аб чым ты гаворыш, нам пачынаюць гаварыць, калі мы яшчэ ў калысцы ляжым... Дзяўбуць і дзяўбуць!

Ярашэвіч (падыходзіць да Юры, кладзе рукі яму на плечы). Юра, я не пазнаю цябе... Калі гэта здарылася?

Юра. А што здарылася?

Ярашэвіч. Не, гэта не ты! Я не магу паверыць, што ты вось так думаеш, гэтым жывеш... Нехта другі ўклаў табе ў галаву гэта смецце. Хто ён? Пакажы мне гэтага мярзотніка, і я сваімі рукамі...

 

Званок. Нейкая размова ў калідоры. Потым у дзверы заглядвае Алена Аляксееўна.

 

Алена Аляксееўна. Госць да цябе...

Ярашэвіч. Які госць? Я не чакаю гасцей...

Ося (уваходзіць). Гэта я, Васіль Мікалаевіч. Вы мне абяцалі рэванш...

Ярашэвіч. Рэванш дык рэванш! Юра, а ты, калі ласка, зрабі надпісы на чарцяжы... Там алоўкам намечана. (Юра падыходзіць да чарцёжнай дошкі.) Толькі без выкрутасаў! Звычайныя прамыя літары...

Юра. Прамыя дык прамыя...

Ося. Зноў мне чорныя. Гэты колер не люблю.

Ярашэвіч. Магу ўступіць белыя.

Ося. Уступак не прымаю.

Ярашэвіч. Пахвальны прынцып.

Ося. У наш час без прынцыпаў нельга.

Ярашэвіч. Правільна!

Юра. Ён у нас правільны!

Ярашэвіч. Вось і бяры прыклад.

Юра. Падумаю.

Ося (робіць ход). Мой стары хваліўся, што ўчора даў вам мат...

Ярашэвіч. Тактыка ў твайго папашы нейкая... стыхійная! Ніякай сістэмы...

Юра. ...адно нахабства!

Ярашэвіч. Юра! Што ты гаворыш?

Ося. У шахматах нахабствам не возьмеш.

Юра. А ў жыцці?

Ярашэвіч. Паспрабуй, убачыш.

Юра. Ося, паспрабуем?

Ося. Навошта? Мы жывём у незвычайны час! У нахабстве няма патрэбы. Перад намі ўсе дзверы насцеж — заходзь у любыя! Колькі магчымасцей! Дык навошта нахабства? З гэтымі праявамі мы павінны змагацца...

Ярашэвіч (да Юры, які засмяяўся). Ты чаго зайшоўся? Правільна ён гаворыць! Ты не згодзен?

Юра. З ім? Ты хацеў бы, каб я з ім быў згодны?

Ярашэвіч. А чаму — не? З кім жа ты згодны?

Ося. Ён дурыцца... Дарэчы, Юра! Заводскія хлопцы прасілі дапамагчы манціраваць новую лінію. Пойдзем? Ведаеш, вельмі цікава! Аўтаматыка і тэлемеханіка!

Ярашэвіч. Схема цікавая. Вы папрасіце майстра, каб ён паставіў вас на мантаж трэцяй лініі. Вось там аўтаматыка! Гэта заўтрашні дзень усяго нашага завода.

Ося. Я вельмі хацеў... Але там Вася Несцярок камандуе...

Ярашэвіч. Ну і што! Гэта я даручыў яму. Ён хлопец кемлівы. І вы ж сябры! Вось і працуйце разам!

Ося. Калі трэба для справы, дык я і з д’яблам працаваць буду... (Глядзіць на шахматную дошку.) Здаецца, прыціснулі...

Ярашэвіч. У цябе добры ход фярзём...

Ося. Вось так?

Ярашэвіч (паказвае). Лепш вось так... Я губляю пешку.

Ося. Ход добры. Але, прабачце, Васіль Мікалаевіч, мой прынцып — не карыстацца чужым рашэннем...

Ярашэвіч. Зноў жа добры прынцып! (Юра смяецца.) Нешта цябе сёння разбірае смех у тых месцах, дзе табе плакаць трэба. Ося! Ты на мяне не звяртай увагі — адкажы яму як трэба!

Ося. Прабач мяне, Юра. Але я заўважыў, што твая ўспрымаючая сістэма, калі гаварыць тэрмінамі кібернетыкі, дзейнічае вельмі прамалінейна...

Ярашэвіч. І прымітыўна!

Ося. Хутчэй — наіўна. Ты згодзен?

Юра. Згодзен! Дзякую за добры ўрок, Іосіф Круглоў, непрамалінейна запраграміраваны чалавек нашага часу!

Ося. Рад заўсёды дапамагчы! Узаемадапамога — закон нашага жыцця! За выключэннем шахмат...

Ярашэвіч. Тады зрабіце ваш апошні ход, малады чалавек.

Ося. Та-а-ак... Сюды — мат. Сюды таксама... І сюды... А вось так? Я так... Вы так! І так мат, і гэтак... Рэваншу не атрымалася.

Ярашэвіч (уважліва глядзіць на Осю).У цябе ўсё наперадзе.

Ося. На гэта і спадзяюся... (Да Юры.) Ну, пойдзем дапамагаць Васілю Несцярку рухаць наперад тэхніку!

Алена Аляксееўна (уваходзіць). Ты ж толькі доўга не баўся...

Пеця (на парозе). Тата! Можна мне з імі?

Алена Аляксееўна. Яшчэ паспееш гэтага шчасця хлябнуць... Калі так будзеце вучыцца, як вучыцеся, дык дзе дзенецеся? На завод!

Ярашэвіч. А чаго ты палохаеш іх заводам?

Алена Аляксееўна. Я іх не палохаю. Самі спалохаюцца. Вось Ося малайчына! ён пойдзе ў кансерваторыю, будзе славутым музыкантам...

Ося. А я не пайду ў кансерваторыю.

Алена Аляксееўна. Што ты гаворыш?!

Ося. Я не хачу быць славутым музыкантам.

Алена Аляксееўна. Мама пра гэта ведае?

Ося. Яшчэ не ведае.

Алена Аляксееўна. Калі даведаецца — ох і будзе гвалту...

Ося. Лепш адзін раз перажыць гвалт, чым потым усё жыццё кусаць сабе локці...

Алена Аляксееўна. Такі яшчэ малады і такі ўжо разважлівы! Куды ж збіраешся?

Ося. У політэхнічны.

Алена Аляксееўна. І маці нічога не ведае! Ах, дзеткі, дзеткі!

Ося. Да пабачэння. Мы пойдзем...

 

Ося і Юра пайшлі. Ярашэвіч стаіць у задуменні.

 

Алена Аляксееўна. Бачыш, дзеці зусім адыходзяць ад нас! Яны не разумеюць нас, бацькоў...

Ярашэвіч. Мяне непакоіць другое: я пачынаю неразумець іх!

Пеця. А Юрачка зноў без шапкі пайшоў!

Алена Аляксееўна. Вось піжон паршывы! Падхопіць грып, потым танцуй вакол яго...

Пеця. А я прыдумаў, як адным махам перавесці піжонаў! Піжоны ходзяць без шапак, так? Мода такая... Што трэба зрабіць? Няхай хто-небудзь смелы выйдзе ў самы люты мароз у адных трусіках...

Алена Аляксееўна. Што ты трызніш?

Пеця. Не, ты паслухай! Пройдзе гэты чалавек па цэнтры горада, быццам мода такая... А праз некаторы час усе піжоны вымерзнуць, як маманты!

Ярашэвіч (смяецца). Арыгінальны праект!

Алена Аляксееўна (да мужа). І ён яшчэ здзіўляецца, у каго яны? У цябе!

Ярашэвіч (смяецца). Нічога страшнага! Пойдзем чай піць.

 

Пайшлі. Праз некаторы час у пакой уваходзіць Пеця, асцярожна шыбуе да тэлефона, бярэ трубку.

 

Пеця. Ало... Гэта кватэра Сямёнавых? Можна Валерку... Гэта яго лепшы друг... Ага, Пеця. Я толькі на адну хвілінку! Валерка! Ты? Інфармуй! (Слухае.) Слухай, ты не заліваеш? Інфармацыя дакладная? А то можа ў цябе здзвіг фаз? Не? Тады ты ведаеш хто? Балда! Перадаю па літарах: баран, асёл, лапша, дурань і яшчэ раз — асёл! Вось так! Чаму ты не ўлічыў мой вопыт? Ты думаў! Каб думаць, трэба мець чым думаць... Не чакаў, што ён пачне гаўкаць? Дык гэта ён табе хацеў растлумачыць, што пад ложкам ён ужо сядзеў і з гэтага нічога добрага не атрымалася... Не зразумеў! Дзе там!.. Нават з такім разумным сабакам не мог дамовіцца... Ну і што цяпер будзем рабіць? Дзе ён зараз? На балконе? Тады вось што... Слухай уважліва. Вазьмі кошык, пасадзі ў яго Вецярка, прывяжы вяроўку і перакінь яе на наш балкон... Зразумеў? Паўтараць не трэба, а то твае пачуюць... Дзейнічай! Выходжу ў адкрыты космас... (Кладзе трубку, асцярожна адчыняе дзверы на балкон, выходзіць і праз некаторы час вяртаецца з кошыкам.) Калі цяўкнеш — крыўдуй на сябе. Можаш тады сам шукаць сабе прытулак... (Прыслухаўся і паспешна ставіць кошык за сервант. Уваходзіць Алена Аляксееўна. Падазрона глядзіць на Пецю.) Мама, ты не памятаеш, калі была другая Пунічная вайна?

Алена Аляксееўна. А іх было дзве? (Нюхае паветра.) Зноў у кватэры пахне псінай!

Пеця. Ды не! Гэта я...

Алена Аляксееўна. Хм... Вось не чакала, што мае дзеці будуць пахнуць псінай... Ты адчыняў дзверы на балкон?

Пеця. Хацеў праветрыць...

Алена Аляксееўна. Вось і напусціў з вуліцы псіны... Ідзі дапамажы мне мыць талеркі. (Пайшла.)

Пеця. Іду! (Нахіліўся да кошыка з сабакам.) Памятай: тваё шчасце ў сваіх уласных лапах! Зразумеў? Ну, глядзі! (Званок тэлефона.) Гэта ты, Валерка? Поўны парадак! Назначаю цябе адказным за харч. Мне нельга! Мама адразу заўважыць... Нічога! Сам не даясі... Табе толькі на карысць. І больш не звані мне па гэтаму пытанню. Поўная канспірацыя! (Паклаў трубку і адразу ж званок.) Слухай, калі ты яшчэ раз... Хто? Прабачце! Зараз паклічу. Мама!

Алена Аляксееўна (уваходзіць, бярэ трубку). Слухаю... Гэта вы, Насця? Не, тэлефон спраўны... Так. Што вы кажаце? Насця, прашу вас, гаварыце прама: гэта Юра? Вася Несцярок? (Перадыхнула.) Божухна. Няхай зараз жа рыхтуюць да аперацыі! Еду!

 

9

Каля дома з’яўляецца Валерыя Герасімаўна і Ося.

 

Валерыя Герасімаўна (трагічна). Дай цябе памацаць. Я павінна быць упэўнена, што ты жывы..'.

Ося. Жывы, жывы! Ніводнай драпіны...

Валерыя Герасімаўна. Не, не, я павінна сама... Тут не баліць?.. А цяпер прысядзь. Устань! Не баліць? Дай я паслухаю твае грудзі. (Прыклалася вухам да грудзей Осі.) Я чую нейкія падазроныя хрыпы!

Ося. Гэта ты чуеш свае хрыпы. А ў мяне парадак. Я цалёханькі!

Валерыя Герасімаўна. Не, не, не! Я наладжу табе строгі каранцін. Толькі тады я супакоюся. (Падводзіць Осю да лаўкі, усаджвае.) Высунь язык.

Ося. Мама!

Валерыя Герасімаўна. Ося, не нервіруй мяне! Высунь язык. (Ося слухаецца.) Чырвоны... Хіба ён павінен быць чырвоным? (Дастае люстэрка, глядзіць свой язык.) У мяне... таксама чырвоны. Ося! Я павінна паказаць цябе прафесару Маркаву.

Ося. Не трэба мяне паказваць!

Валерыя Герасімаўна. Ты не павінен пярэчыць сваёй мамачцы! Толькі яна цябе любіць! Калі я пачула пра няшчасце, у мяне спынілася сэрца... Хачу дыхнуць і не магу!

Ося. Дык гэта не сэрца, а лёгкія.

Валерыя Герасімаўна. Вельмі я думала ў тую хвіліну... Адной нагой я ўжо была на тым свеце... Мой хлопчык! Памятай заўсёды пра мяне! Заводаў шмат, а ты ў мяне — адзін.

Ося. Ты бачыла маці Васі?

Валерыя Герасімаўна. Сустрэла ў прыёмным пакоі паліклінікі. Яна была сама не свая... Я разумею яе гора. Як выхаваны чалавек, падыходжу, каб паспачуваць, а яна глядзіць на мяне нейкімі дзікімі вачыма і маўчыць... (Прыціснулася вухам да грудзей Осі.) Дыхні! Дыхні на ўсе лёгкія, мой хлопчык! Я табе даю святую клятву: цяпер ні адзін валасок не ўпадзе з тваёй галавы! Ніякіх заводаў! Ніякіх фабрык! Ты павінен стаць славутым музыкантам, і баста!

 

10

Ноч. Уваходзіць Алена Аляксееўна. За нешта зачапілася. Перачакала, прыслухоўваючыся. Далей пайшла асцярожна. Дабралася да тэлефона, нізка нахіліўшыся да дыска, набірае нумар.

 

Алена Аляксееўна (ціха). Паліклініка? Гэта вы, Фрося? Ну, як ён? Не спіць? А бром давалі? Дайце яшчэ адзін парашок... І прашу вас, Фрося, званіць мне, калі што... Дамовіліся? Ну, спакойнай вам ночы... (Паклала трубку, павярнулася, каб пайсці, і ўбачыла на парозе Юру і Пецю.) Ну, вось! Разбудзіла я вас...

Юра. Мы не спалі...

Ярашэвіч (уваходзіць). Самі не спіце і людзям не даяце... Як ён там?

Алена Аляксееўна. Таксама не спіць.

Юра (рашуча падыходзіць да тэлефона, набірае нумар). Гэта кватэра Кругловых? Можна паклікаць Осю? Спіць? Моцна спіць? А калі ён лёг? Гадзін у дзесяць... Не, няхай спіць. Няхай моцна спіць Іосіф Круглоў... Хто звоніць? Адзін яго знаёмы... (Паклаўтрубку.)/Іосіф Круглоў спіць...

Алена Аляксееўна. Ну, а што ж яму рабіць? Ліха яго мінавала, яму можна спакойна спаць... (Абдымае сыноў за плечы.) Калі б з адным з вас здарылася такое няшчасце, я страціла б розум... (Крычыць на Пецю.) Колькі разоў табе кажу: не перабягай вуліцу перад машынамі!

Пеця. Я не перабягаю. Я заўсёды чакаю светафора...

Алена Аляксееўна. Я бачыла, як ты чакаеш!

Юра (задуменна). Як жа ён цяпер без рукі жыць будзе?

Паўза.

Алена Аляксееўна. Пойдзем спаць...

Юра. Я ўсё пытаю ў самога сябе... Ці змог бы я? Гэта ж толькі адышоў і раптам — крык!

Алена Аляксееўна. Не трэба і думаць аб гэтым!

Юра. Чаму?

Ярашэвіч. Аб гэтым трэба думаць... Трэба!

Алена Аляксееўна. А ты маўчы! Ты ўжо аднойчы сігануў у агонь, ні пра што не думаючы.

Паўза.

Юра. А раптам бы я не змог?.. Тата! Гэта кепска?

Ярашэвіч. Ну, што табе сказаць? Калі ўлічваць, што ты яшчэ толькі палова самастойнага чалавека, дык твае рашэнні могуць быць палавінчатымі... (Да жонкі.) Гаспадыня ты наша добрая! Можа, па шклянцы моцнага чаю... Усё роўна сон перабілі.

Алена Аляксееўна. Ніякага чаю! Калі хочаце — па шклянцы малака...

Ярашэвіч. Малако дык малако... (Алена Аляксееўна пайшла на кухню.) Дык слухай, сынок. Я не хацеў бы, каб ты прымаў палавінчатыя рашэнні. Ты разумееш мяне? У гэтай бядзе ты мог бы зрабіць так, як падказала б табе сумленне. І ніхто не папракнуў бы цябе...

Юра. Ніхто?

Ярашэвіч. Ніхто. Апрача ўласнага сумлення. Зразумеў?

Юра. Зразумеў.

Ярашэвіч. Вось і добра!

Алена Аляксееўна прынесла малако. Бацька і сын бяруць шклянкі, чокаюцца імі і п’юць.

 

Алена Аляксееўна (падазрона). Аб чым вы гаварылі?

Ярашэвіч. Мужчынская размова.

Алена Аляксееўна. Ну, вось і добра, што пагаварылі...

 

11

На другі дзень. Каля дома стаяць Іра і Ося.

Іра. Ты вельмі хваляваўся?

Ося. Пытаеш! Адзін момант — і рукі як не было! Ты можаш уявіць мяне без адной рукі?

Іра. Цябе? Не ведаю... А яго без рукі ты можаш уявіць? Калі я зайшла ў палату...

Ося. Ты хадзіла да Васі?

Іра. А ты яшчэ не хадзіў? Ты павінен!

Ося. А можа, ён не хоча мяне бачыць...

Іра. Усё роўна ты павінен... Я зайшла ў палату, а ён ляжыць на спіне і глядзіць угару. А паверх коўдры — забінтаваная кульцяпка. Не хацелася на яе глядзець, а вочы не слухаюцца... (Пасля паўзы.) Скажы, Ося, а ты кінуўся б? Толькі шчыра! Вельмі прашу цябе быць зараз шчырым...

Ося. Тады дай падумаць...

Іра. Думай колькі хочаш, можаш нават сёння і не адказваць, толькі скажы праўду!

Паўза.

Ося (цвёрда). Не, не кінуўся б. Чаго ты на мяне так глядзіш? Ты прасіла быць шчырым... Я разумею. Ты спадзявалася на другі адказ. Але табе я не хачу хлусіць. Скажы і ты шчыра: ты мяне любіш?

Іра. Люблю...

Ося. Я табе патрэбны?

Іра. Патрэбны...

Ося. Жывы?

Іра. Дзіўнае пытанне...

Ося. Чаму дзіўнае? Ну, вось я кідаюся ратаваць Васю ці яшчэ кагосьці, і мяне ўжо няма ў жывых... Разумееш, няма больш Іосіфа Круглова, якога ты любіш. Няма яго! Цікава, што было б з тваім каханнем? Ты таксама не спяшайся з адказам. Я магу пачакаць...

Іра. Не ведаю, Ося... Але мабыць, я любіла б цябе яшчэ больш...

Ося. Вялікае табе дзякуй за такое палымянае каханне да халоднага трупа Іосіфа Круглова! Толькі калі б я застаўся з адной рукой, я ўжо не змог бы любіць цябе так, як люблю з абедзвюма рукамі... Ты разумееш мяне?

Іра. А як жа цяпер Вася?

Ося. Што — Вася! Ды ён, магчыма, зрабіў свой адзіны гераічны ўчынак, які яму было прадпісана зрабіць у жыцці. І я стаў прычынай гэтага высакароднага ўчынку! Я, вядома, вельмі ўдзячны яму за выратаванне майго жыцця. Але калі б ён гэтага не зрабіў, ён бы на ўсё жыццё застаўся толькі Васькам Несцярком. А так ён герой! Нават ты стала глядзець на яго іншымі вачыма. Гэта ж так? (Іра кіўнула ў знак згоды.) Ну, вось бачыш! Што ж яму яшчэ трэба?

Іра. Ведаеш... Я ўжо не рада, што патрабавала ад цябе быць шчырым...

Ося. А ты хацела, каб я і з табою гаварыў, як з усімі? Хацела?

 

12

Вясна. Вокны насцеж. Ветрык уздымае фіранкі. У пакой уваходзіць Вася, за ім Юра.

Юра. Ты есці хочаш? (Вася круціць галавою.) Дык можа чаю? (Вася круціць галавою.)/А ведаеш, што яшчэ ёсць? Кісель з журавін! Смачны!

Вася. Нічога я не хачу. Чаго ты ўсхадзіўся?

Юра. Само неяк атрымліваецца...

Вася. Мне гэта непрыемна.

Юра. Я разумею...

Вася. Нічога ты не разумееш! Ты, як і ўсе, думаеш: не трэба было з-за яго рызыкаваць жыццём. Ён, можа, і не варты гэтага... Была і ў мяне такая хвіліна, як убачыў сваю кульцяпку... Аж зубамі заскрыгатаў ад крыўды... Але, разумееш, якая пятрушка! Вось ляжу я ў палаце і ўсё думаю, думаю... Ажно галава пухне! Ужо і не хачу думаць, само думаецца... Ты ж ведаеш, я Оську ніколі не любіў... За што? Цяжка нават сказаць. Ведаю, што да жыцця ён лоўка прыстасуецца. Жыць ён будзе лепш за мяне ў некалькі разоў. І жанчыны будуць любіць яго прыгожыя і нават разумныя, вось як Ірка... Адным словам, жыццё выдасць яму па самай вялікай норме і па малой цане. І заўсёды ў жыцці будзе яму шанцаваць. Другія будуць за яго аддаваць рукі, ногі, розум і нервы, а ён...

Юра. Ну і партрэцік ты намаляваў!

Вася. І ўсё ж я яму не зайздрошчу! Ведаеш чаму? Я вось кінуўся ратаваць, а ён — не! Ён не зрабіў бы гэтага.

Юра. Чаму?

Вася. Бо ён раб. Разумееш? Звычайны раб. Вось ён пра свабоду духу ўсё гаворку вядзе. Чаму? Таму што адчувае, якая душа ў яго рабская.

Юра. Вася! Ну, даць табе кісялю? Такі смачны!

Вася. Ды ідзі ты са сваім кісялём...

Юра. Мне хочацца зрабіць для цябе што-небудзь... Вось я...

Вася. Ты не круціся... Галоўнае — хацець зрабіць нешта, а час прыйдзе — зробіш.

Юра. Ты ведай! Калі табе...

Вася. Добра. Буду ведаць. І больш не будзем трапацца па гэтаму пытанню. Будзем мужчынамі.

Юра. Будзем мужчынамі.

Вася. А цяпер так і быць! Цягні свой кісель... (Юра бяжыць на кухню. Вася раскручвае свой пакунак, дастае самаробны транзістар, уключае яго. Чуваць музыка. Юра цягне вялікую каструлю і два кубкі.) Гэта мне аднаму?

Юра. Хопіць на двух. Зрабіў транзістар? Японіі нос падцёр?

Вася. Запчастак не хапіла... Ды і канчаць ужо прыйшлося без яе... (Ківок на кульцяпку.) Але я, братка, цяпер так зубамі прыладзіўся — хоць у цырку паказвай! Я цяпер зубастым стаў! А гэты транзістар хачу тваёй маці падараваць...

Юра. Яна будзе вельмі рада...

Вася. Я на гэта не вельмі спадзяюся... А толькі прызнаюся табе, калі паклалі мяне на аперацыйны стол, убачыў яе вочы... Рот павязкай закрыты, адны толькі вочы... І зразумеў: сапраўдны чалавек твая маці!

Юра (працягвае кубак). Гэта яна гатавала...

Вася (паспрабаваў кісель). Смачны! Ты ведаеш, чыя гэта музыка? Я ў бальніцы музыку прызвычаіўся слухаць... Раней усялякія гэтыя сімфоніі цярпець не мог...

Юра (прыслухоўваецца да музыкі). Падобна на Моцарта. Можа Гайдн... Я ў класічнай музыцы таксама ні бум-бум! Вось Ося...

Паўза.

Вася. Дарэмна мы самі сябе абкрадаем. Слухаеш такую музыку, і добра калі яшчэ не ведаеш, чыя яна... А калі зусім не разумееш? Быццам глухі, не чуеш і ўсё. Вось гэта шкада...

Юра. А па-мойму, невялікая бяда. Па гэтаму жыць можна...

Вася. Жыць, канечне, можна. Амёба таксама жыве... Ты гэтыя настроі кінь. Ты памятаеш, якім фертам я хадзіў, калі кінуў школу? Нават цябе падбухторваў... Во дурны быў! Ну, цяжка мне было вучыцца... Бацька збег і грошы перастаў прысылаць. Маманя з гора пачала здаваць. Захварэла... А ўсё ж трэба было вучыцца! Не хапіла мужнасці... А цяпер цвёрда вырашыў: пайду на вячэрні факультэт політэхнічнага... Абы галава вытрымала!

Юра. Галава вытрымае! Дзесьці я вычытаў, што калі пабудаваць кібернетычную мадэль нашай галавы, ведаеш колькі яна зойме? Вялікі дзесяціпавярховы дом! Ну дык у такую махіну колькі ведаў павінна змясціцца?!

Вася. Нічога! Тэхніка ў свой час зробіць галаву як галаву...

Юра. А ці трэба гэта?

Вася. Трэба! Няхай нашай галаве будзе сорамна перад тэхнічнай. Гэта пойдзе на карысць. Вось у мяне засела адна задума... Руку сабе зраблю. Электронную. Чуў пра прынцып імпульсаў? Як сапраўдная будзе! Мне б толькі дэталі...

Юра (загарэўся). Ведаеш, мы ўсім класам дапамагаць табе будзем!

Вася. За гэта толькі дзякуй скажу. Калі зраблю такую руку, у мяне зноў добрая жытуха пачнецца. Ёй жа нічога не страшна: ні холад, ні гарачыня, ні боль... Не, бадай, боль застанецца. Ён застанецца на ўсё жыццё... Вось жа рукі няма? А, разумееш, баліць! А ў сне, дык яна, наогул, у мяне ёсць! Нават пальцы сціскаю, рухі ўсялякія раблю... Прачнуся і яшчэ адчуваю, што рука тут! Пакуль не пагляджу...

Паўза.

Юра. Хочаш яшчэ кісялю? А можа, наліць табе чарачку каньяку? У бацькі ёсць...

Вася (не звяртае ўвагі, працягвае). А галоўнае, забудзешся і раптам рука пачынае балець. І не ў плячы! А пальцы баляць, якіх ужо няма.

Юра. Гэта пройдзе...

Вася. Думаеш? Шкада...

Званок. Юра пабег адчыняць і вяртаецца з Кругловым.

 

Круглоў. Усю хату перавярнуў — як праз зямлю праваліўся! І шкада ж вельмі! Можна сказаць, гістарычная рэліквія...

Юра. Вы ў нас забыліся сваю гістарычную рэліквію. Вось яна. (Падае Круглову партсігар.) Ваш?

Круглоў. Мой! Вось і надпіс. Як на магільным помніку... «Дорогому, уважаемому, всеми любимому в день шестидесятилетия...» Тфу! Нават не змаглі сфармуляваць як трэба... (Да Васі.) Ну, як жыццё, герой?

Вася. Калі герой, дык і жыццё геройскае.

Круглоў. Гэта ты правільна сфармуляваў. Ухваляю. За сына я табе вельмі ўдзячны. Гэта я табе з усёй адказнасцю заяўляю. Бо я заўсёды быў скупы на пахвалу. А ты заслужыў. (Дастае пачак грошай.) Вось трымай... Бяры, кажу табе. Тут якраз палова пенсіі. Чаму не бярэш? Што я магу яшчэ зрабіць для цябе?

Вася. А чаму вы рашылі, што я павінен узяць?

Круглоў. Чалавек павінен браць, калі даюць.

Вася. Гледзячы які чалавек.

Круглоў. Любы! Такі, як ты. Як я! Як ён...

Юра. Сабака таксама бярэ, калі даюць.

Круглоў. Глядзі ты, якія прынцыповыя! Нечага з сябе незалежных корчыць! Вы яшчэ смаркачы і павінны слухаць дарослых. Я табе загадваю ўзяць грошы!

Юра (уражаны). Загадваеце?

Вася. Гэта ён па прывычцы.

Круглоў. Чаго прычапіліся да фармуліроўкі? Бяры грошы!

Вася. Вы што — хочаце грашыма адкупіцца?

Паўза.

Круглоў. А што ты яшчэ хочаш?

Вася. Я ж вам сказаў — нічога.

Круглоў. Не верыцца.

Вася. А вы паверце!

Круглоў. Вася, паслухай. Ну, кепска я пра цябе думаў! А можа і зусім не думаў. Ці мала вас на двары, сарванцоў, бегае? І для мяне ўсе вы былі на адзін твар. Вось толькі калі ты каля Осі пачаў вярцецца, я на цябе звярнуў увагу... Жонка нагаворвала... Я і паслухаў... А цяпер бачу, што ты сапраўдны чалавек! І не крыўдуй на мяне — вазьмі грошы... Не трэба прыніжаць старога чалавека...

Вася. Дык вы самі сябе прыніжаеце.

Круглоў (доўга глядзіць на Васю, потым хавае грошы ў кішэню). Можа ты і маеш рацыю... Я стары, зусім, братка, стары чалавек... Чагосьці ўжо не разумею. І разумець ужо позна... Толькі я ведаю, што ўвесь дом будзе на мяне глядзець цяпер коса — не дапамог! Ніхто не паверыць, што ты сам адмовіўся... А думаеш, мне хочацца, каб на мяне глядзелі, як на злыдня?

Юра. Вы не турбуйцеся, Цімафей Феафілавіч! Ніхто на вас не глядзіць...

Круглоў (горкая ўсмешка). Гэта ты дакладна сфармуляваў! Сапраўды, ніхто не глядзіць ужо на Цімафея Феафілавіча Круглова! Перасталі заўважаць. Наскрозь, разумееш, глядзяць. Нібы я са шкла. Як акварыум. А хто дазволіў ператвараць мяне ў акварыум? Хто?

 

13

Лета. Каля дома з’яўляюцца Васіль Мікалаевіч і Алена Аляксееўна. Яны апрануты ў святочнае, ды і самі зіхацяць святочнай радасцю. Прыпыніліся і глядзяць у бок вуліцы.

Алена Аляксееўна. Васіль, паглядзі! Бачыш, хто гэта стаіць каля тытунёвага ларка?

Ярашэвіч. Здаецца, наш сын, паважаная Алена Аляксееўна!

Алена Аляксееўна. Не, ты паглядзі на гэтага нахалюгу! Ён купляе папяросы! (Крычыць.) Юра! Што ты робіш?

Ярашэвіч. Паважаная Алена Аляксееўна! Не рвіце свае галасавыя звязкі. Паберажыце іх. Ваш сын ужо самастойны мужчына.

Алена Аляксееўна. Сапраўды... Наш сын — мужчына. Дзесяць гадоў я чакала гэтага моманту. І вось ён настаў: наш сын у адной руцэ трымае атэстат сталасці, а ў другой... «Беламор»!

Ярашэвіч. Мая марка. Прыйдзецца цяпер дзяліцца...

Алена Аляксееўна. Ну не! Ён яшчэ крыху пачакае, пакуль я яму дазволю курыць! (Уваходзіць Юра з папяросай у зубах. Пускае дым і глядзіць на бацькоў.) Зараз жа кінь папяросу! Каму я гавару?!

Ярашэвіч. Алена Аляксееўна!

Алена Аляксееўна (збавіла тон). Ты можаш курыць. Але як урач, я павінна цябе папярэдзіць, што толькі адзін грам нікаціну...

Юра. ...забівае каня. Тым горш для яго.

Алена Аляксееўна (разгублена. Павярнулася да Ярашэвіча). І гэта мы павінны цяпер выносіць?

Ярашэвіч. Не ведаю. Я першы раз апынуўся ў ролі бацькі дарослага сына...

Алена Аляксееўна. Які ён дарослы? Юрка! Зараз жа кінь папяросу! Я не дазваляю табе курыць! Ты чуеш!

Юра (усміхаецца). Чую. У цябе вельмі зычны голас.

Алена Аляксееўна. Ты павінен мяне чуць усё жыццё. Заўсёды! Усюды! (Вырывае з зубоў сына папяросу, машынальна зацягваецца сама.) Абяцай мне, што ўсё жыццё будзеш мяне слухацца!

Юра (усміхаецца). Абяцаю!

Ярашэвіч. А чаму ты рад? Гэта ж праляцелі твае самыя светлыя, легкакрылыя гады! А ён сабе ўсміхаецца!

Юра. Надакучылі гэтыя светлыя гады, як горкая рэдзька! Кожны дзень дрыжыкі прадаваў, каб двойку не схапіць, потым перавадныя экзамены, пераэкзаменоўкі... А здача на атэстат сталасці чаго каштавала! Не! Я гэтых гадоў не шкадую!

Ярашэвіч. Яшчэ як пашкадуеш!

Юра (падняў над галавою атэстат). Цяпер я ў бок школы нават і не зірну. Вуліцу тую абыходзіць буду...

Алена Аляксееўна. А інстытут на той жа вуліцы! Паступіш у інстытут і прыйдзецца табе зноў па той жа вуліцы хадзіць...

Юра. А калі не паступлю?

Алена Аляксееўна. Як гэта не паступіш?

Юра. Вельмі проста: не прайду па конкурсу.

Алена Аляксееўна. Ты не маеш права нават думаць аб гэтым! Ты павінен паступіць у інстытут, і ўсё! У цябе адна дарога — у інстытут!

Юра. У мяне шмат дарог!

Алена Аляксееўна. У цябе адна дарога з двума канцамі. На адным — інстытут, на другім — армія.

Юра. Ну і што? Трэба ж камусьці бараніць мірную працу савецкіх людзей...

Алена Аляксееўна. Ёсць каму без цябе бараніць. Абыдуцца без цябе. Цяпер хапае розных страшных ракет і бомбаў, каб ім век ляжаць у сховішчах... У армію ты не пойдзеш.

Юра. Мо дамовішся з маршалам Грэчкам?

Алена Аляксееўна. Калі трэба будзе, дык і з маршалам дамоўлюся. Бо зараз у арміі патрэбны людзі з вышэйшай тэхнічнай адукацыяй. Атрымаеш дыплом інжынера, тады маршал Грэчка даверыць табе ракету ці бомбу. Самую вялікую...

Юра. Бацька! Растлумач ты ёй, што я ўжо маю права на свае ўласныя рашэнні...

Алена Аляксееўна. Індывідуаліст! Гэтага ў нашай сям’і не будзе! Усё будзем вырашаць сумесна...

Юра. Бацька! Заступіся!

Ярашэвіч. Адно я табе скажу, сын... Не ашуквай сябе, што скончыліся цяжкасці. Яны толькі пачынаюцца. Жыццёвы шлях, сынок, мае дзіўную асаблівасць: чым па ім далей ідзеш, тым больш цяжка робіцца... Май гэта на ўвазе.

Алена Аляксееўна. Навошта ты яго палохаеш? Калі паступіць у інстытут, усё будзе добра...

 

З’яўляецца Пеця. Ён у лепшым сваім адзенні.

На грудзях піянерскі гальштук.

 

Алена Аляксееўна. Гляньце на яго! Нават гальштук завязаў! Юра, бачыш, як паважае цябе малодшы брат?

Юра (працягвае Пецю руку). Дазваляю яму паціснуць мне руку.

Пеця (паціскае руку). Адчуваеш?

Юра. Ага, адчуваю брацкі поціск рукі.

Пеця. А моц поціску — як?

Юра. Нічога... У цябе стала стальная рука, стары!

Пеця. І ведаеш, гэтага я дабіўся ў кароткі гістарычны тэрмін. Я ж зараз павінен у школе сам сябе бараніць...

Юра. Быццам цябе крыўдзяць.

Пеця. Дык гэта цябе баяліся. (Уздыхае.) А цяпер я застануся адзін... (Працягвае брату зажыгалку.) Гэта табе.

Юра (разглядае зажыгалку). Глядзі ты! З музыкай!

Ярашэвіч. Гэта музыка каштуе немалыя грошы...

Алена Аляксееўна. Адкуль у цябе такі капітал?

Пеця (стрымана ўздыхае). Ліквідаваў калекцыю.

Юра. Прадаў маркі? Ну, гэтага ты мог і не рабіць...

Пеця. Філатэлія мяне ўжо не цікавіць...

Юра. Ты, Пецька, малаток!

Пеця. Ты, Юрка, таксама малаток.

Алена Аляксееўна. Адным словам, вы ў нас два малаткі — пара... Малодшанькі малаток, можа ты злятаеш у магазін, возьмеш бутэльку сухога віна?..

Ярашэвіч. Не дадуць.

Алена Аляксееўна. Сухога віна?

Ярашэвіч. Ні сухога, ні мокрага... Прыйдзецца мне...

Юра. Лепш я! Мне ўсё роўна трэба рабят пачакаць... Пецька, трымай! (Працягвае атэстат.) Цягні яго ў роднае бенгало...

Пеця. Эх! Хутчэй бы і мне гэтакую кніжачку адхапіць!

Юра. Дык я пайду...

Алена Аляксееўна. Ідзі. Толькі не баўся! Мы без цябе не сядзем за стол... Пеця! Ты прызначаешся галоўным цырыманіймайстрам сённяшняга свята. Ідзі рыхтуй стол.

Пеця. Ясна. Быў я неграм, неграм і застаюся... (Пайшоў.)

Алена Аляксееўна. Смешныя яны ў нас з табою...

Паўза.

Ярашэвіч. Алёнка...

Алена Аляксееўна (у трывозе). Ты мне штосьці хочаш сказаць непрыемнае...

Ярашэвіч. А як ты здагадалася?

Алена Аляксееўна. Я ж цябе ведаю, як нікога на свеце... Сёння ты ўвесь час муляешся пачаць размову і не можаш... Дарэмна! Гавары ўжо...

Ярашэвіч. Наогул, нічога страшнага... Ты ж сама разумееш, што зараз дзеецца на белым свеце...

Алена Аляксееўна. Так, так! Я чытаю газеты, слухаю радыё, і ты можаш без гэтых уступных матываў пачынаць тваю галоўную песню...

Ярашэвіч. Ты павінна мяне зразумець... Не магу я быць у такі час убаку...

Паўза.

Алена Аляксееўна. Куды і калі?

Ярашэвіч. В’етнам. Заўтра ў Маскву, а з Масквы самалётам...

Алена Аляксееўна. А некалькі хвілін таму назад я была такая шчаслівая... Ну, чаму ты не сказаў мне раней?

Ярашэвіч. Баяўся...

Алена Аляксееўна. Даць згоду ты не баяўся... Там жа ваююць! Страляюць...

Ярашэвіч. Страляюць. І сеюць рыс. Сеюць і жнуць. Таму трэба в’етнамцам не толькі ракеты, а і мае мірныя машыны... Ты ж павінна разумець, калі мне прапанавалі, я не мог адмовіцца...

Алена Аляксееўна. Ды я разумею! У тым вось і бяда мая... Куды лепш было б не разумець і патрабаваць сваё...

Ярашэвіч! Абяцаю табе, што гэта ў апошні...

Алена Аляксееўна. Толькі не абяцай! Не люблю, калі ты хочаш мяне супакоіць, абнадзеіць... Праходзіць час, і ты зноў заводзіш сваю песню... О, калі б ты ведаў, як абрыдла мне гэта твая песня, як я яе баюся... Але ты яе заводзіш, і я слухаю... слухаю...

Ярашэвіч. Цудоўная ты мая...

Алена Аляксееўна. Звычайная я, Васіль... А ты гэтым карыстаешся. Вось трымаюся, нешта табе кажу, а самой бялугай раўці хочацца... (Патрабавальна.) Абнімі мяне!

Ярашэвіч. Прама тут? Можа лепей дома...

Алена Аляксееўна. Не, тут! Няхай глядзіць увесь дом, горад, увесь свет, усе тыя, хто адымае цябе ў мяне... Няхай глядзяць!

 

Яны абнімаюцца. Ярашэвіч цалуе жонку. Потым бачыць Кругловых, якія падыходзяць да дома.

 

Ярашэвіч. Кругловы ідуць сюды...

Алена Аляксееўна. Пойдзем! Не хачу іх зараз бачыць...

 

Ярашэвіч ы пайшлі. З’яўляюцца Кругловы. Садзяцца на лаўку. Валерыя Герасімаўна абмахвае сябе хусцінкай, потым працягвае хусцінку мужу.

 

Валерыя Герасімаўна. Махай ты! Я стамілася... Дзе ж Ося? Вось разбойнік! Знікнуць у такі дзень... Схапіў атэстат з залатым медалём і нібы скрозь зямлю праваліўся...

Круглоў. Нічога! З залатымі медалямі ніхто яшчэ не правальваўся...

Валерыя Герасімаўна. Ой! Ой-ёй-ёй! Я пачынаю здагадвацца, дзе зараз наш медаляносец... Ён у гэтай распуснай Іркі... Яна зацягнула нашага бездапаможнага, даверлівага Осеньку ў сваю камунальную бярлогу... Цімох! Трубі баявую трывогу! Мы губляем сына!

Круглоў. Не панікуй, Валерыя! Цэлы будзе твой Ося.

Валерыя Герасімаўна. Мой? А табе ён не сын?

Круглоў. Я свайму сыну даў вялікае імя — Іосіф! А ты ператварыла яго ў Оську. Добра, што вось гэтай часткай цела (ляпае сябе па галаве) ён пайшоў у мяне...

Валерыя Герасімаўна. Ты ўпэўнены, што ў цябе?

Круглоў. А ў каго ж ён такі разумны вырас?

Валерыя Герасімаўна. А хто яго вырасціў? Хто? Ты ўсё жыццё апрача свайго службовага крэсла і пуза нічога не бачыў. Ты не маеш ніякага права на сына! Гэта маё стварэнне! І я сама буду ратаваць яго. (Павярнулася, крычыць.) Баба Серафіма! Вы чуеце? Баба Серафіма! (Голас бабы Серафімы: «Чаго галосіш? Не глухая. Чую я цябе. Голас у цябе такі, што і на тым свеце пачуеш... Чаго табе?») Наш хлопчык у вас? («Які гэта хлопчык?») Ды наш Ося... («А, гэты прылізаны хлюст... Няма яго ў нас. Няма, і дзякуй богу... Вось бачыш — дарэмна толькі на ўвесь квартал верашчала...») Фі! Якая бескультурнасць! І калі хочаце ведаць, гэты прылізаны хлюст адзін з усяго класа атрымаў залаты медаль! («А такі ўсё атрымае! Ўсягоў жыцці нахапае!») Паслухайце! Я не пагляджу, што вы старая разваліна! Я вам такую характарыстыку...

Круглоў. Валерыя, змоўкні. Людзі ў вокны павысоўваліся.

Валерыя Герасімаўна. Пляваць на гэтых людзей! У нашым доме сапраўдных людзей днём з агнём не знойдзеш... І Осю я выцягну з гэтага балота! Вось паступіць ён у кансерваторыю, і мы зробім абмен кватэры... Хопіць цярпець такое акружэнне...

Круглоў. Рабі што хочаш. Толькі памаўчы ты хоць сёння. (Паглядзеў на ручны гадзіннік.) Тым больш час абедаць...

Валерыя Герасімаўна. А табе не здаецца, таварыш Круглоў, што ты робішся абжорам? Толькі аб ежы і думаеш! І гэта пры тваёй камплекцыі!

Круглоў. Ты паглядзі на сваю камплекцыю, а потым крытыкуй! Я маю права на трохразовае харчаванне?

Валерыя Герасімаўна. З тваёй пенсіяй ты маеш права на рацыён вярблюда — адзін раз у тры тыдні. (Круглоў цяжка ўстае з лаўкі і тупае да пад'езда.) Куды ты? Без Осі я... А можа ён ужо дома? Цімафей! Пачакай! (Пайшла следам за Кругловым.)

 

Уваходзяць Іра і Ося. Прыпыніліся. Іра падняла галаву, глядзіць на вокны дома. Шчаслівая ўсмешка кранае яе губы.

Іра. Пазнаеш?

Ося. Каго?

Іра. Наш дом!

Ося. Можна і не пазнаць... Глянь! Усе дамы стаяць як салдаты ў страі, і ў кожнага аднолькавы твар.

Іра. Ты сляпы! У кожнага дома свой твар! Трэба толькі ўважліва прыгледзецца. Мілы ты мой вялікі хлопчык! Гэта наш дом. Разумееш? Наш! Тут мы сустрэліся, тут скончылася наша дзяцінства і пачалося юнацтва... Мо тут прыйдзе да нас і старасць...

Ося. Не! Жыць да старасці ў гэтым камунальным куратніку?

Іра. Ну, чаму ты так не любіш наш дом?

Ося. Прабач, але гэта смешна — любіць дом. Ды яшчэ такі непрыгожы...

Іра. Скептык ты!

Ося. А ты ведаеш, чаму вучылі скептыкі?

Іра. Чаму б яны там ні вучылі, а для мяне скептык — проста зануда-крытык.

Ося. Святая наіўнасць!

Іра. Чаму — «наіўнасць»? Скептык — гэта ж тып, якому на ўсё напляваць. Ці не так?

Ося (усмешка). Не, зусім не так. Скептык — гэта чалавек, які добра ведае, чаго можна, а чаго нельга чакаць ад жыцця. Калі хочаш ведаць, усе нашы беды таму, што мала ў нас цвярозага скептыцызму і зашмат цялячага аптымізму.

Паўза.

Іра. Ося... Як жа ты будзеш жыць са сваім «цвярозым скептыцызмам»?

Ося. Я ведаю, пра мяне думаюць, што я кар’ерыст, будучы бюракрат, хапуга... Ну і няхай сабе думаюць. А на самай справе ў мяне ўжо дасканала распрацаваны маршрут па жыццю. У думках я па ім прайшоў з канца ў канец.

Іра. Ну і як? Гладзенькая твая дарожанька?

Ося. Я быў бы набітым дурнем, калі б спадзяваўся на гладзенькую дарожаньку. Не! Усё на ёй ёсць — і калдобіны, і аб’езды, і гразь па самыя вушы... Але я даб’юся свайго! Не можа быць, каб я не сказаў свайго слова ў тэхніцы! Так што ты за мяне не хвалюйся, ты лепш падумай пра сябе, старуха...

Іра. Ды вось я ўсё думаю, думаю...

Ося. Думай, думай, старуха. Век, калі за нас нехта думаў, даўно ўжо скончыўся. Гады, калі можна было не думаючы рубіць з пляча, таксама не вернуцца... Цяпер кожны сам за сябе павінен думаць, прымаць рашэнні і выконваць іх...

Іра. Аб чым ты гаворыш? У такі момант...

Ося. Момант зараз якраз такі, калі трэба думаць, што рабіць далей...

Іра (рэзка павярнулася да О сі, глядзіць яму ў вочы). Ты любіш мяне?

 

Паўза.

 

Ося. Табе зараз добра са мною?

Іра. Чаму ты не адказваеш прама?

Ося. Ды адказаць на гэтае пытанне прасцей простага...

Іра. А ты проста і скажы: любіш ці не любіш?

Ося. Гэта ж падобна на дзіцячую гульню!

Іра. Дзяцінства скончылася, Ося! Ты ж гэта сам сказаў...

Ося. Так, дзяцінства скончылася. Але ў некаторых пры гэтым не наступіла сталасць, як я бачу...

Іра. Што ты хочаш сказаць?

Ося. Хоць бы тое, што з атэстатам сталасці не абавязкова прыходзіць сталасць...

Іра. Ося, не хітруй. Не круціся, як уюн на патэльні...

Ося. Я пытаюся: вось у гэту хвіліну нам добра разам?

Іра. І што далей?

Ося. Ого, каб усе закаханыя ведалі, што іх чакае далей! Мабыць, род чалавечы даўно б ужо перастаў існаваць...

Іра (здзіўлена). Пачакай, пачакай... Ося! Я нічога не разумею! Вось слухаю цябе, хачу зразумець, аб чым ты гаворыш, і ніяк не магу! Што гэта са мною робіцца?

Ося. У кібернетыцы ў такіх выпадках гавораць: залішняя інфармацыя. Не кожная сістэма можа асіліць...

Іра. Можа і сапраўды я дурніца набітая... Залішняя інфармацыя, кажаш... А мне здаецца, што якраз паўнаты інфармацыі не хапае! Смешна! Чаму я не зразумела гэтага даўно? Бо ўсё ж вельмі проста! Так проста, аж плакаць хочацца... Так проста, як...

Ося. ...двойчы два чатыры!

Іра. Двойчы два чатыры. І так было заўсёды?

Ося. Не ведаю, як для цябе, а для мяне — заўсёды...

Іра. Так, так... Ты заўсёды ведаў, што двойчы два чатыры... На тры ты ніколі б не згадзіўся, бо для цябе гэта мала. А пяць, ты ўпэўнены — не можа быць... І ты кажаш, што будучыня вось за такімі, як ты? Тады я не хачу такой будучыні. Не хачу!

Ося (жорстка). А сапраўды ў маёй будучыні табе будзе цяжка... Там патрэбны людзі дысцыплінаваныя, без усялякіх рамантычных выкрутасаў... У маёй будучыні няма месца слюнцяйству і ныццю... Ты павінна гэта ведаць, каб потым не расчароўвацца... Таму я шчыра табе кажу: ты адзіная дзяўчынка, з якой мне пакуль што добра, але абяцаць табе, што так будзе заўсёды...

Іра (рэзка). Тады згінь назаўсёды!

 

Паўза.

 

Ося. Ну, што ж... Магу. А ты — малаток! Абышліся б без меладрамы... Астынеш— звані! (Пайшоў.)

 

Іра глядзіць прама перад сабою. Абхапіла галаву рукамі, заплакала. Да лаўкі падышоў Вася. З жалем глядзіць на Іру.

 

Вася. Віншую цябе!

Іра. З чым ты мяне віншуеш — ведаеш?

Вася. З атэстатам сталасці...

Іра. Не, Вася!

Вася. Не далі?!

Іра. Далі. Толькі ты мяне лепш павіншуй з вялікім адкрыццём...

Вася. Што ты такое вялікае адкрыла?

Іра. Што двойчы два чатыры. (Плача.)

 

Паўза.

Вася. Ір! А ты калі-небудзь бачыла, як спяць дрэвы? Я сёння падхапіўся ні свет ні зара... Выйшаў на вуліцу. Сонейка толькі-толькі пачало вылазіць вунь з-за гэтых дамоў... Дайшоў я да нашай сажалкі... Глянуў на дрэвы. А яны спяць! Ні адзін лісточак не шалахнецца! Прыклаўся я вухам да дрэва, а яно ціха так дыхае... Не верыш? А ты павер! Можаш сама праверыць. Толькі выходзіць з дому трэба рана-ранюсенька, калі ўсе яшчэ спяць... І выходзь босай. І ідзі проста па траве. На ёй расінкі, як шкляныя званочкі... Чапляешся за іх, а яны: дзінь-дзінь... І за табою дымны след на траве... Вось як ад рэактыўнага самалёта ў светлым небе... (Глядзіць у твар Іры.) Няўжо ты ніколі яшчэ не хадзіла па расістай траве-мураве?

Іра. Не, Вася... Не хадзіла я па расе, не бачыла, як спяць дрэвы... Няма маіх слядоў на траве... Няма!

Вася. Будуць! Трэба толькі не праспаць...

 

Падышоў Юра з бутэлькай віна ў руцэ. Паглядзеў на Іру, потым на Васю. Той паціснуў плячыма. Юра сеў на лаўку. Іра зноў заплакала. Вася і Юра сядзелі побач з дзяўчынкай разгубленыя і ўстрывожаныя, бо яшчэ не ўмелі суцяшаць...

 

Канец