epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Васілеўскі

Чалавек вярнуўся

Дзея першая
  Карціна першая
  Карціна другая
Дзея другая
  Карціна трэцяя
Дзея трэцяя
  Карціна чацвёртая
Дзея чацвёртая
  Карціна пятая


Драма ў чатырох дзеях

 

Дзеючыя асобы:

Раман Фёдаравіч Кацуба

Марфа Сямёнаўна

Віктар

Каця

Маша

Сяргей Кацуба

Блавацкі

Вадзім

Мікола Шаркун

Нядбайла (Пятроў)

 

Дзея адбываецца ў адным з гарадоў рэспублікі ў нашы дні.

Ад першай дзеі да чацвёртай праходзіць год.

 

Дзея першая

Карціна першая

Пакой у кватэры Кацубы. Стол, засланы абрусам. У кутку — шырокая тахта, застаўленая крыху шырмачкай, бо на ёй спяць. Побач з тахтой этажэрка з кнігамі. На століку каля акна — радыёпрыёмнік. На сцяне ў розных месцах — веерам фота славутых футбалістаў, акцёраў і актрыс. Крыху ў баку — старыя пажоўклыя сямейныя фота па некалькі ў адной рамцы.

Пасля таго як прагулі заводскія гудкі, са спальні выходзіць Раман Фёдаравіч. На ім піжамныя штаны і белая сподняя кашуля. Ён толькі што прачнуўся. Сівыя, коратка падстрыжаныя валасы тырчаць, як калючкі ў вожыка, пракураныя вусы абвіслі. Рамак Фёдаравіч адкашліваецца, пацірае рукой адкрытыя грудзі. Па цяжкай шоргаючай хадзе, натруджанаму кашлю і незадаволеным хмурым твары відаць, што Раману Фёдаравічу нездаровіцца.

З кухні выглядае Марфа Сямёнаўна з талеркай у руках і ручніком цераз плячо.

 

Марфа. Рамаша! Зноў з гудком прахапіўся? Спаў бы!

Раман. Гудуць, гудуць, родненькія.

Марфа. Адвыкаць ад гудкоў трэба, Рамаша. Ці ж не надакучылі за сорак год?

Раман. Ты мяне лепш не дапякай! А то зноў уцяку ў цэх!

Марфа. Адпрацаваў ты сваё, Рамаша. Цяпер няхай дзеці працуюць. (Раман пацірае грудзі.) Ные сэрца?

Раман. Ные, трасца яго бяры!

Марфа. Ты б у ванне паплёхаўся. Можа, лягчэй стане.

Раман. Мне б у лазню, ды на палок, ды венічкам!

Марфа. Нельга табе. Каця забараніла.

Раман. Каця! Каця!.. Бач ты яе! Забараніла...

Марфа. На тое яна і доктарка...

Раман. А нічога твая доктарка не разумее. Даўней людзі ад усякай хваробы лячыліся лазняй. Вып’еш гарэлкі з перцам — і на палок. Усыплеш сабе бярозавай кашы і — здаровы!

Марфа. Дык гэта ў стары час! Тады і хвароб такіх не было.

Раман. Лекараў надта шмат развялося, вось і выдумляюць... Ну дык вядзі ў твае начоўкі, паплёхаюся...

 

Абодва выходзяць.

 

Маша (з-за шырмачкі, якая засланяе тахту). Бабуля! Чуеш, бабуля! Кінь мне халат... Ну, бабуля! (Над шырмай з'яўляеццаўскудлачаная галава Машы.) Ты глядзі! Няўжо ўсе яшчэ спяць? (Ахінуўшыся коўдрай, выходзіць з-за шырмачкі. Соладка пазяхае.)

Марфа (з'яўляецца ў дзвярах). А божачка ты мой! Ці не захварэла?

Маша. Захварэла? Чаму?

Марфа. А ніколі ж так рана не прачыналася.

Маша. Скажы, калі ласка! Кашмар! Усе крытыкуюць!

Марфа. Ага, крытыкуюць... Бачыла, як цябе размалявалі ў гэтым самым «боксе»! І гэтага твайго Вадзіма. Дажылася дзеўка!

Маша. Падумаеш, указчыкі паявіліся. Як хачу, так і апранаюся! Як хачу, так і танцую.

Марфа. Дык ты танцуй па-людску!

Маша. Лявоніху загадаеш танцаваць, ці што? Вось пацеха!

Марфа. Крый божа, дзед даведаецца! Я ж яго трымаю, не пускаю на вуліцу. А раптам вырвецца? Ой, дзеўка! Гля-я-дзі!.. Яшчэ год-два пустазеллем пакрасуешся, а потым і самой непрыемна стане. Пашкадуй нас, старых. Я ж таксама пакутую.

Маша. А чаго пакутаваць?

Марфа. Родная ты нам, вось і пакутуем.

Маша. Супакойцеся! Хутка пайду ад вас...

Марфа (насцярожылася). Што гэта ты пляцеш недарэчнае?

Маша. Выходжу замуж. «Уж, замуж, невтерпёж». Дзіўна, чаму гэта ў рускай граматыцы выключэнне з агульнага правіла?

Марфа. За каго ж ты?

Маша. За мужчыну, бабуля.

Марфа. Ці не Вадзім Блавацкі мужчына гэты?

Маша. А чым ён не мужчына?

Марфа (прыслухоўваючыся). Ай! Малако пабегла!

 

Выходзіць.

Маша (падышла да фатаграфіі над тахтой). Чулі, мужчына Вадзім Блавацкі? І што ж вы сабе думаеце? Не-е, хопіць Рамеа і Джульету разыгрываць... Ну што ж, трэба апранацца. (Бярэ пантофлю.) А гэта што: тыдзень не пранасіла — ужо кашы просяць! Вось каб той кашы ўсыпаць, ды яшчэ бярозавай...

 

Уваходзіць Раман Фёдаравіч, выціраючы мокрыя валасы ручніком.

 

Раман. Ты з кім тут ваюеш, каза-дзераза?

Маша. З дырэктарам абутковай фабрыкі, каб яму тыдзень ікалася!

Раман. Вось, вось. Нам з бабуляй перадыхнуць не даеш, вазьміся цяпер за дырэктара. Учора зноў да поўначы швэндалася?

Маша. Не швэндалася, а культурна праводзіла свой вольны час у парку культуры і адпачынку імя вялікага пралетарскага пісьменніка Максіма Горкага.

Раман. Падумай аб сабе, баламутка, падумай!

Маша. Аб сабе думаць — гэта перажытак капіталізму. Я думаю толькі аб грамадстве, дзядуля.

Раман. I ў каго ты такая пустая ўдалася?

Маша. Каб жа я ведала?!

Раман. Ах ты погань! Пачуў бы гэта родны бацька... Не шкадуеш ты яго светлай памяці... (Схапіўся за грудзі.) У-у, чорт...

Маша (кінулася да дзеда, лашчыцца). Дзед, ну даруй! Вырвалася! Ты ж ведаеш... Ну, я такая! Што ж мне рабіць, калі ў мяне такі характар! Бывае, што мне і хочацца інакш, а не выходзіць... Ну, дзядуля... Я цябе больш за усіх люблю! Ты ж ведаеш... А татку свайго... Ды што казаць!.. (Адштурхнуўшы Машу, Раман ідзе ў спальню.) Вось зараз разрумзаюся... А ўчора паўдня вейкі наклейвала. (Усхліпнула.) Не буду плакаць, і ўсё! Не буду! (Плача.) Не бу-у-у... (За акном чуваць аўтамабільнысігнал. Маша схамянулася.) А, каб цябе! Ужо прыкаціў! (Падбягае да акна, расчыняе яго і звешваецца праз падаконнік.) Пакінь дудзець! Можаш зайсці. Не з’ядуць. Ну, ідзі. (Падыходзіць да люстэрка, прыхарошваецца.) Трымайся, Вадзя! Літасці не будзе.

 

Паказваецца галава Вадзіма з модным кокам.

 

Ну, уваходзь. Я адна.

Вадзім (адчыняючы дзверы). Твая старушэнцыя так на мяне паглядзела... Быццам я з таго свету з’явіўся. (Памацаў пальцам каўнерык Машынай кофтачкі.) Ух ты! Шэдэўральная ты сёння! Казка! Тысяча і адна ноч. Каралева Марго... (Нечакана.) Слухай! Мысля! Геніяльная.

Маша. У цябе? Жартуеш!

Вадзім. Давай сёння запішамся! Адразу ў загс, га? Вось будзе пацеха! Усе раты паразяўляюць. Паехалі, га? Са сваім старым я дамоўлюся. Мой старыкан — кемлівы хлопец. Усё разумее.

Маша. Колькі табе год?

Вадзім. Колькі ёсць — усе мае. Забылася? А колькі дасі?

Маша. Ад сілы — трынаццаць.

Вадзім. Я табе здаюся такім маладым?

Маша. Такім блазнюком. Мусіць, праўду гавораць: дасць бог прыгажосць, дык розум адбярэ.

Вадзім. Слухай, надакучыў мне гэты фальклор! Бач ты, народная мудрасць! Што з табою здарылася? «Бокс» гэты ідыёцкі падзейнічаў, ці што? Перавыхавалася? Можа на цаліну махнеш? Ці адгукнешся на патрыятычны заклік: са школьнай парты — да станка? Уяўляю каралеву Марго ля такарнага станка! Умора!

Віктар (з’яўляецца ў дзвярах). Чаму ўмора?

Маша (жвава павярнуўшыся на голас). Віця! Са змены? Чаму так рана?

Віктар. Ат! Хутчэй позна, чым рана.

Маша. Зразумела. Мой дзядзя самых чэсных правіл з завода сам сябе адправіў... Так? Адгадала?

Віктар (глядзіць на Вадзіма і Машу). Слухайце! А здорава вас размалявалі ў «боксе». Дастукаліся?

Вадзім. Э, не разумеюць маю паэтычную душу! (Да Машы.) Карэта пададзена, ваша каралеўская вялікасць. Мой старыкан зрабіў сёння боскую справу—адпусціў машыну на цэлы дзень... Едзем!

Маша. Нікуды я не паеду.

Вадзім. Марго! Ты ж абяцала!

Маша (падштурхоўваючы Вадзіма да дзвярэй). Давай, давай! Прыязджай гадзінкі праз дзве. Паглядзім. Мо перадумаю.

Вадзім. Амба! Знікаю.

 

Віхляючы задам і выбрыкваючы нагамі, Вадзім знікае за дзвярыма, насвістваючы штосьці джазавае.

 

Віктар (паціскаючы плячыма). Малахольны.

Маша. А цяпер мода.

Віктар. На малахольных?

Маша. Ага! Асуджаеш?

Віктар. Загадаеш песні пра вас спяваць? Не, даражэнькая, і казак пра вас не раскажуць, і песень пра вас не спяюць...

Маша. Падумаеш! Вельмі трэба. Надакучылі казкі. Не заплачам. Не маленькія. Выраслі. (Звоніць тэлефон.) Ало! Ну, я! Ды Маша, Маша! Не зайшла, і ўсё... А як жа мне з вамі размаўляць? Ведаеце што... А гэта хай вас не турбуе. Самі з вусамі. Што? З вусамі, кажу. З якімі вусамі? Звычайнымі. Як у Будзённага. Што? Які вы мне бацька? Вы — самы сапраўдны айчым...

Віктар. Маша... Яго не паважаеш — маці сваю пашкадуй... Нельга так.

Маша. А чаго ён ліпне як смала. (У трубку.) Што? Дзядзя Віця тут. Даю. (Падае трубку.) Ой, матухна родненькая! І як жа гэта ты церпіш пад бокам гэткую нудоту?

Віктар. Не ў сваю справу лезеш, пляменніца.

Маша. Трымай трубку, дзядзя. Хай ён яшчэ табе настрой на ўвесь дзень сапсуе...

Віктар. Слухаю. Добры дзень... Каму скардзіўся? Табе? А няхай хоць у суд падае. Ну і што, калі ён рэдактар? А я — рабкор. Не, нос я не задзіраў, а станавіўся да станка ды працу сваю паказваў... Я — рабочы чалавек і не пацярплю прайдзісветаў. Што? Вядома, я магу напісаць і пра гэта, але пакуль што я напісаў пра другое і патрабую, каб мой допіс быў надрукаваны. Што? Няхай будзе ультыматум. Мне ўсё роўна, як гэта будзе называцца...

Раман (уваходзячы). Што ў цябе на заводзе здарылася?.

Віктар. Ды нічога страшнага, тата.

Раман. Які там ультыматум? Гавары!

Віктар. Тата, доўга расказваць. Пачакай крыху... Мне перакусіць бы ды падрамаць гадзінку-другую... Мату-у-ля!

Марфа (уваходзячы). Я зараз, сынок...

Раман. Віцька! Ты мне дурня не строй!

Віктар. Ну што я табе раскажу, што? Вось як пастаўлю на сваім, тады і расказаць будзе што.

Раман. Не-е! Тут нешта цёмна... Сам пайду разбяруся!

Марфа. Рамаша! Абыдзецца. Першы раз з ім такое, ці што?

Раман. Падай пінжак.

Віктар. Тата...

Раман. Пінжак!

Марфа. А божухна мой! Ды куды цябе нясе?

Раман. Пінжак, я табе сказаў! (Марфа Сямёнаўна паслухмяна дастае з шафы пінжак, падае мужу.) Не гэты. Па важнай справе іду. (Марфа Сямёнаўна падае другі пінжак, на штрыфелі якога ордэны.)

Маша (любуючыся). Дзядуля ў нас, як той генерал у адстаўцы!

Раман. Цыц!

Марфа. Рамаша, плюнь. Выраслі дзеці. Самі разбяруцца. Самі ўправяцца...

Раман. Выраслі!.. Радуйся! (Стукнуўшыдзвярыма, выходзіць.)

Паўза.

Марфа. Ты еш, сынок, еш! Напэўна прагаладаўся.

Віктар (абняў маці за плечы). Матуля, усыпала б ты сваёй ненагляднай унучцы...

Марфа. Позна ўжо. Ды і маці ў яе родная ёсць...

Віктар. Такую маці таксама не пашкодзіла б...

Маша. Мамку я вам у крыўду не дам! Мамка ў мяне— во! І татка герой...

Марфа (па прывычцы ўсхліпнула). Сыночак мой любы!

Віктар. Не трэба, мама...

Марфа. Вось ужо і дачушка яго — нявеста... Толькі ён ужо не пабачыць яе ніколі.

Маша. Мой тата жывы! Вось убачыце! Я яго кожны дзень сню... Ён такі ж, як на гэтай картцы. (Узяла з этажэркі фота ў рамцы.) І вось так усміхаецца... Быццам кажа: «Вы мяне пахавалі, а я жывы!»

Віктар. А каб вярнуўся... От было б табе тады, пляменніца, на арэхі...

Маша. За што?

Віктар. А за твае прыгожыя вочы. Такіх пустых ён цярпець не мог яшчэ ў школе. Такіх ён не любіў.

Маша. А мяне палюбіць!

Віктар. Гля-я-дзі, дзеўка. Яшчэ, чаго добрага, прападзеш.

Маша. Ці ж такія прападаюць? (Прайшлася перад Віктарам.) Паглядзі!

Віктар. Вось такія і прападаюць.

Марфа. Паслухай, унучачка. Мы ж цябе з дзедам не папракаем кавалкам хлеба, родная маці не прымушае нялюбай справай займацца. Хочаш — ідзі працаваць, хочаш — вучыся далей. Хочаш яшчэ пагуляць, гуляй сабе на здароўе. Хіба табе цяжка ў нас жывецца?

Маша. Наадварот, бабуля, вельмі лёгка. Так лёгка, што аж цяжка робіцца.

Марфа. Не разумею я цябе.

Маша. А гэта вечная гісторыя. Называецца — бацькі і дзеці. Мы ў школе праходзілі. (Звуліцы даносіцца аўтамабільны гудок.) От, дудзіць ужо! Балбес!

 

Маша выбягае, Марфа Сямёнаўна прыбірае са стала.

 

Марфа. Віцька... А на заводзе што?.. Пасварыўся?

Віктар. Пасварыўся, маці.

Марфа. З кім жа?

Віктар. З любым зяцьком вашым, грамадзянінам Шаркуном...

Марфа. І што ж вы з ім не падзялілі?

Віктар. А што мне з ім дзяліць? Розны ў нас інтарэс, матуля.

Марфа. Не любіш ты яго...

Віктар. Хопіць з яго Кацінага кахання.

Марфа. Віцька! Паслухай... Здаецца мне... Кідае яна яго...

Віктар. Даўно трэба было. Лепш удавой застацца, чым з такім жыць.

Марфа. Што ты гаворыш? Маладая яна... (Уздыхнула.) Ліха яго ведае, як тут быць. Дзякуй богу, дзяцей у іх...

Віктар. Правільна! Добра, што ў іх дзяцей няма. Я такім бы тыпам, як Шаркун, спецыяльным законам катэгарычна забараніў дзяцей мець.

Марфа. Няўжо так даняў? (Прыслухоўваецца.) Ідзе, ваяка. Па хадзе чую — злосны, як чорт. Ты ўжо з ім не надта...

Віктар. Я лепш уцяку. (Выходзіць у спальню.)

 

Уваходзіць Раман Фёдаравіч, моўчкі здымае пінжак, падае Марфе Сямёнаўне. Выцірае потны лоб.

 

Раман. Гарачыня...

Марфа. І трэба было табе...

Раман. Машка дзе?

Марфа. Паехала. Толькі што.

Раман. З кім паехала? З доктарскім сынком? Дажыў стары дурань Раман Кацуба! Унучку яго родную, як пудзіла агароднае, на смех выстаўляюць!

 

Раман Фёдаравіч мітусіцца па пакоі. Схапіўшы халацік, кінуты Машай на тахту, шпурнуў яго ў кут. Потым узяўся зрываць фота над тахтой.

 

Марфа. Рамаша! Гэта ж артысты. А гэта — футбалісты.

Раман. Артысты! Футбалісты! Культура! Выгадавалі, вывучылі! Бач, якая культурная...

Марфа. І чаго ты так разышоўся, Рамаша? Дай ты дзіцяці ў жыцці разабрацца. Яна ж яшчэ малая.

Раман. Памаўчы. Бач, заступніца! А з хлопцамі цалавацца яна не малая? Прагледзелі мы з табой унучку, старая. І памяці сына не ўшанавалі. Вось так. А зяцёк наш таварыш Шаркун, хіба ён можа стаць ёй сапраўдным бацькам! Ліпкая ў яго натура. Як на пенсію мяне праводзілі, дык слязу пусціў. Дальбог! Ад рабачкома сунуў мне вудзільню гэтую з круцёлкай... Як яе!

Марфа. Спінінг.

Раман. Во, во! Лаві, кажа, рыбку і вялікую і маленькую, Раман Фёдаравіч... Значыцца, як старэйшаму члену прафсаюза ўсучыў. Выдумаў жа, чым адзначыць... На гэта ж пугаўё, мабыць, і жаба не палезе.

Марфа. А што там такога страшнага Віця нарабіў?

Раман. Ды нічога! Напісаў у заводскую шматтыражку пра беспарадкі ў сваім цэху. А рэдактар, шустры такі пеўнік у акулярах, гэты допіс да начальства. Не ведаю, якая там размова была, толькі вырашыў рэдактар допіс не друкаваць. Няправільна асвятляе, і ўсё такое... А Віктар на дыбкі! Гарачы...

Марфа. Па табе пайшоў, Раман.

Раман. Э, не скажы, старая! Розуму ў яго не хапае. Трэба спакойна, па-гаспадарску. Хаця, падумаўшы, будзе і ён гаспадаром. Яму да ўсяго справа.

Віктар (стаіць ля дзвярэй). Дзякуй табе, тата!

Раман (павярнуўшыся). А, ты тут!.. Вось што, бузацёр. Прыйдзецца табе, галубок, прасіць прабачэння.

Віктар. Не буду.

Раман. Хочаш, каб табе хуліганства прыпісалі?

Віктар. Ніякага хуліганства не было.

Раман. Як жа не было? Калі гэты рэдактар да сваёй заявы нават гузікі прычапіў.

Віктар. Ці я вінаваты, што гузікі ў яго на адной нітачцы трымаюцца...

Раман. Кінь зубы загаворваць! Бачыш, узяў моду людзей загрудкі хапаць!

Віктар. Каб жа людзей...

Раман. Замоўкні! Ты разумееш, чым гэта пахне? З заводам прыйдзецца развітацца. Ці табе ўжо родны завод — нішто? Камсамолец!

Віктар. Не станавіцца ж мне на калені!

Раман. Ніхто цябе не прымушае станавіцца на калені. Ты павінен папрасіць прабачэння ў чалавека, якога абразіў. Вось і ўсё. Па камсамольскай лініі табе, зразумела, дадуць дыхту... Але на заводзе пакінуць... Мне дырэктар слова даў... Зразумеў?

Віктар. Не, тата. Не разумею. Пазіцыя ваша для мяне незразумелая.

Раман. Пазіцыя! Герой! Грукнуць дзвярыма ў кожнага дурня розуму хопіць. А ты свайго дамажыся. Узяўся за гуж — дык цягні!

Віктар. А калі рвецца?

Раман. Вяжы вузлы! А цягні! Аднаму не пад сілу — таварышаў пакліч. А ганарыстасць сваю няма чаго паказваць... (Схапіўся за сэрца і закашляўся.)

Марфа. Не трапятаўся б ты ўжо, ваяка.

Раман. Пакуль дыхаю — трапятацца буду! Я гаспадар у доме! І, калі ласка, слухайцеся. Бач, распусціліся! Навяду парадкі! І не толькі ў сваёй хаце! (Нечакана крычыць.) Дзе сякера?

Марфа. Рамаша! Нашто табе сякера?

Раман. Дровы пайду шчапаць. (Ідзе на кухню.)

Віктар. Усхадзіўся стары. Ускіпеў.

Марфа. Растрывожылі, вось і ўскіпеў.

 

Марфа Сямёнаўна падбірае з падлогі шматкі фатаграфій. Некаторыя разгладжвае на калене і хавае ў буфет. Званок. Марфа Сямёнаўна выходзіць, хутка вяртаецца.

 

Марфа. Уваходзьце, доктар, уваходзьце!

Блавацкі (увайшоўшы). Ды ўжо такая ў мяне недарэчная прафесія — усё жыццё ў чужыя дзверы ўваходзіць...

Віктар. Добры дзень, доктар.

Блавацкі. Добры дзень, малады чалавек.

 

Уваходзіць Раман Фёдаравіч з сякерай у руках.

 

Блавацкі. Рад вас бачыць, грамадзянін хворы, у такім ваяўнічым настроі. (Бярэ з рук Рамана Фёдаравіча сякеру.) А вось такое ўзбраенне вам ужо супрацьпаказана.

Раман. Бязлітасны вы народ, дактары. Не адразу, а патрошку адбіраеце жыццё ў чалавека. Спачатку курыць кінь, потым піць, потым працаваць... Потым у пасцель пакладуць. І ў труну.

Блавацкі. Не пахвальна, не пахвальна вы нашага брата атэстуеце. Але я прывык... У вас спрадвеку да лекарскага саслоўя такія адносіны. Толькі я адмысловы лекар. Нічога не адбіраю. Курылі — курыце. Пілі — піце.

Раман. Нарэшце, хоць адзін сапраўдны доктар! (Да Марфы Сямёнаўны.) Гаварыў я табе — лякарства! Чула?

Марфа. Доктар жартуе.

Блавацкі. Жартую, жартую, паважаная Марфа Сямёнаўна. Ну-с, хворы, пакажыцеся...

Марфа. Калі ласка, сюды, за шырмачку...

 

Блавацкі і Раман Фёдаравіч ідуць за шырму.

 

Блавацкі (з-за шырмачкі). Ну-с, дыхніце...

Раман. Ды дыхаю яшчэ, дыхаю...

Блавацкі. А цяпер пакашляем. (Раман Фёдаравіч кашляе.) Вось так! Яшчэ разок. Добра. Лячыцца трэба сур’ёзна.

Раман. Э, доктар. Лячыся не лячыся — канец адзін. Ды і час. Дзеці павырасталі. Вось толькі ўнучка...

Блавацкі (выйшаўшы з-за шырмы). Дарэчы, наконт унучкі вашай... Здагадваецеся?

Раман. Ды здагадваюся. А што рабіць? Задраць спаднічку ды ўсыпаць? Позна. Не паможа. Вы мне вось што скажыце, доктар. Мы са сваёй старой людзі простыя. Можа таму і дзяцей выхавалі дрэнна. Вы — чалавек інтэлігентны, адукаваны, а сын ваш...

Блавацкі. Так. Сын — шалапай! А калі, як і чаму гэта здарылася, забіце мяне (развёў рукамі)} не ведаю. Маці ў яго рана памерла... А мне з-за чужых хвароб і балячак нават дыхнуць няма часу. Сноў людскіх не бачу. Усё нейкія мікробы сняцца.

Раман. Сынок у вас, прабачце, як тая мікроба.

Марфа. Рама-а-аша!..

Раман. Памаўчы, маці. Мужчынская гаворка. Доктар не стане злаваць за шчырае слова... І вось што я вам скажу... Вельмі ж нам са старой балюча, што нашу ўнучку на ўвесь горад ганьбяць... А пачалося гэта, калі яна з вашым сынком здружылася... Не, не, вы паслухайце! Мо ваш хлопец не такі ўжо і благі, толькі, відаць, волю вы яму вялікую далі... А мы за ўнучку нашу строгі адказ нясём перад памяццю бацькі яе, сына нашага, воіна храбрага... Ён сваё маладое жыццё за яе шчасце аддаў, дык мы павінны берагчы гэтае шчасце... І таму не хачу крывіць душой — не падабаецца мне, што яна з вашым сынам дружыць... Вось так. І не крыўдуйце!

Блавацкі (глуха). За шчырае слова крыўдаваць неразумна. Людзі мы з вамі пажылыя, і крывіць душой нам не да твару. (Зірнуў на гадзіннік.) Ну-с, грамадзянін хворы, будзьце ласкавы строга выконваць усе прызначэнні вашага ўрача. Нявестка ваша — урач талковы, яе слухаць трэба... Дамовіліся? Ну, бывайце здаровенькі, не хварэйце. А з сынам я абавязкова пагавару.

 

Блавацкі паціскае руку. Раману Фёдаравічу і выходзіць разам з Марфай Сямёнаўнай. Раман Фёдаравіч ідзе ў свой пакой.

Заслона

Карціна другая

Надвячорак. Са спальні выходзіць заспаны Віктар. Уключае радыё. Падыходзіць да акна, расчыняе яго насцеж. З кухні выходзіць Марфа Сямёнаўна, уключае люстру.

 

Марфа. Чаго гэта вецер па хаце гуляе?

Віктар. Душна, матуля. Няхай праветрыцца крыху.

Марфа. Дождж збіраецца. А гулёны нашай няма. Вымакне...

Віктар. Не цукровая — не растане. (Здалёку даносіцца заводскі гудок.) Чуеш! Гэта наш падае голас! Іду, іду!

Марфа. Бяжы, сынок. Дождж хутка ліне. Вунь якая хмара паўзе. (Зачыняе акно.) Бура пачынаецца...

Віктар. Нічога! Нас ніякай бурай не спалохаеш!

 

Віктар выходзіць. Маці глядзіць яму ўслед.

 

Марфа. Усё табе з бурамі ваяваць. Неспакойны...

 

Маланка чырканула па сінім шкле акна. Ударыў гром зусім блізка, і лінуў дождж. Убягае мокрая да ніткі Маша. Кінулася да акна. Глядзіць. Памахала камусьці рукой, засмяялася.

 

Марфа. А божачка ты мой.

Маша. Разбойнік божачка твой. Не мог пачакаць — адразу як з вядра лінуў. Дзе мой халат?

Марфа. Ды куды ж ты? Ідзі на кухню...

 

Маша бяжыць на кухню. Марфа Сямёнаўна, узяўшы халат, ідзе следам.

Марфа вяртаецца з чайнікам). Хутчэй пі чай і спаць!

Маша (выходзячы следам у халаціку). Выдумала!

Марфа. Дзед бачыў, як цябе размалявалі. Вярнуўся з завода — нібы тая хмара... Вунь, усю тваю культуру са сцяны пазрываў...

Маша. Ой! Столькі збірала! І Жэрара Філіпа парваў?

Марфа. Не хныкай. Пазбірала я, схавала. Гора ты наша горкае...

Маша смяецца.

Чаго ты?

Маша. Так! (Смяецца яшчэ мацней.)

Марфа. Дальбог, звар’яцела дзеўка!

Маша (бяжыць да акна). Ідзі сюды, бабуля. Бачыш балбеса? Вунь сярод вуліцы стаіць...

Марфа. І праўда! Чакай! Дык гэта ж Вадзім!

Маша. Ён. (Смяецца.)

Марфа. Адпусціла б ты яго...

Маша. Не! Няхай стаіць. Абяцаў да раніцы. (Ідзе да тахты.) Я спаць буду. А ён няхай стаіць. (Смяецца.)

Марфа. Ды кінь ты рагатаць. Дзеда разбудзіш. Цэлы дзень так хваляваўся, ваяка. Кладзіся і ты, разбойніца. Кладзіся. Чуеш?

Маша. Я цяпер усё чую, такая дзіўная цішыня вакол... (Грукат грому.) Хоць і гром, а цішыня...

Марфа (пазяхае). Стамілася я сёння. (Ідзе ў спальню.)

Маша (ціха заспявала):

 

Да, Мари всегда мила...

Всех она с ума свела...

 

Ой, Машка, што з табою робіцца? А можа, ты ўжо сама з глузду з’ехала? (Бяжыць да акна.) Стаіць, дурань! (Смяецца.)

 

Уваходзіць Каця, спыняецца ля парога, асцярожна здымае з сябе цэлафанавую накідку. У Каці крыху паўнаватая, але стройная фігура маладой, у самым росквіце жанчыны. Апранута строга, але з густам, па модзе.

 

Мамачка! Залатая рыбка мая!

Каця. І праўда, рыбка. Ледзь даплыла.

Маша. Дзякуй табе! Ведаеш, я сабе загадала: калі мамачка сёння прыйдзе — значыць, усё будзе, як я задумала.

Каця. А што ж ты задумала?

Маша. Сакрэт! Мама, ты мяне любіш?

Каця. Дурненькая. Каго ж мне яшчэ любіць?

Маша. А тату? Не, не! Я не пра гэтага прыкрага чалавека, твайго мужа... Я пра майго тату...

Каця. Не трывож ты маё сэрца... Хапае яму і так!

 

Маша цягне маці да тахты, абедзве садзяцца.

 

Маша. Раскажы, мамачка, пра яго... Як ты кахала?

Каця (уздыхнуўшы). Цяпер мне часта здаецца, што нічога гэтага не было... Не было Сярожы, не было нашага кахання... Тры дні адпусціла нам вайна. Усяго тры дні, дачушка... Потым прыйшла позва... За гадзіну да адыходу эшалона пабеглі мы ў загс... А на месцы загса — руіны... Так і засталіся не распісаныя...

Маша. Што ты, мама! Ён распісаўся з табой сваёй крывёю. На ўсё жыццё! І ты павінна кахаць яго вечна! (Яны моцна прыціснуліся адна да адной. Замоўклі.)

Званок.

Пачакай. Я зараз... (Выходзіць і вяртаецца з Мікалаем Шаркуном.) Мама, не едзь! Застанься!

Мікалай. Ты гаварыла з ёй? Так, так! Ліберальнічаеш. А я не пацярплю кампраметацыі! Мяне ўсе бачаць. І ўсе ведаюць — я ёй айчым... І таму я патрабую... Катэгарычна патрабую...

Каця. Мікола! Прашу цябе...

Мікалай. Гэта я прашу цябе заклікаць да парадку сваю дачку! (Да Машы.) Як табе не сорамна! Ты ж камсамолка!

Маша. Была.

Мікола. Як гэта была?

Маша. Так, была. Была і выбыла. Аўтаматычна.

Каця. Дачушка... Што ж ты нарабіла!

Мікола. Сорамна стала?

Маша. Так! Сорамна! Вам, вядома, не знаёма такое чалавечае пачуццё?

Каця. Маша!

Мікола. Едзем! Я больш не магу цярпець выбрыкі гэтага сапсаванага дзяўчаняці.

Каця. Мікола! Яна мая дачка, і я прашу цябе...

Мікола. Едзем! Пагаворым дома.

Маша. Мама! Застанься! Пабудзь сёння са мною! Я вельмі прашу цябе... Мама! Мне вельмі трэба... (Да Шаркуна.) А вы едзьце! Чуеце? Едзьце! Пакіньце нас з мамай!

Каця. Мікола, я застануся. Ты ж бачыш... Ідзі, ідзі! Маша, супакойся.

 

Маша павалілася на тахту, плача. Шаркун выходзіць. Каця падсаджваецца да дачкі.

 

Дачушка... Супакойся... Маша!

Маша (плача). Мамачка! Ты паверыла, што я ўжо не камсамолка. Паверыла? Ну, як жа ты магла? Гэта я для яго сказала, каб пазлаваць.

Каця. Але ж цябе выклікалі ў райком... Я ведаю.

Маша. Выклікалі. На бюро слухалі. Мамачка! Каб ты ведала, як мне было сорамна! Хацелася скрозь зямлю праваліцца. Асабліва сакратар балюча дапёк. Ты, гаворыць, дачка чалавека, які аддаў сваё жыццё за наша шчасце... Паверыш, мамачка, ён гаворыць, а ў мяне з вачэй слёзы самі цякуць... Пачалі выступаць... Мне аж страшна стала... Думаю, няўжо выганяць мяне з камсамола? Што ж я тады буду рабіць?! (Плача.)

Каця. Я вельмі рада... Рада, што ты ў мяне такая... Ты ўся ў свайго бацьку... І жыццё тваё будзе прыгожае, як ты сама...

Маша. Ведаеш, мама... Мо мне цяжка таму жыць, што я такая прыгожая...

Каця. Чаму, дурненькая?

Маша. Вось таму, што дурненькая... Іншы раз задумаюся, што рабіць далей... Думаю, думаю ды гляну ў люстэрка, а з люстэрка глядзіць на мяне такая цаца... каралева Марго, як Вадзька кажа... Ну і падумаеш: ці ж такая каралева прападзе? Выйдзе замуж за якога-небудзь яшчэ не вельмі старога генерала ці акадэміка і будзе плаваць, як сыр у масле...

Каця (смяецца). Думаеш, я табе і паверыла! Не такая ты ў мяне...

Маша. А калі такая?

Каця. Не веру!

Маша. А калі я заўтра выскачу замуж, што скажаш?

Каця. Пачакай... Дык ты... сур’ёзна?

Маша. Гэта ж мне не зусім забаронена іншы раз быць сур’ёзнай?

Каця. Ведаеш... Для мяне гэта нечакана... Давай адкладзём гэтую размову, га?

Маша. Давай. Бо я і сама яшчэ баюся яе...

Каця. Адно толькі памятай: вельмі адказны крок у жыцці збіраешся рабіць... І ой як лёгка аступіцца! Як лёгка! Сябе часам кепска ведаеш... А гэта ж другі чалавек! Вось я... Жыла адна. Чакала Сярожу... А тут Шаркун. Ведаю, ты яго не любіш... Вініць цябе за гэта я не магу. Разумею, што табе не лёгка. Гэта мая віна... Не, не, маўчы! Я вельмі вінавата перад табою... Пакінула цябе адну.

Маша. Не, не! Гэта ты добра зрабіла. Я ніколі, чуеш, мама, ніколі не палюблю і не прывыкну да гэтага чалавека...

Каця. Я ж прывыкла...

Маша. Пакінь яго, мама! Пакінь! Мы будзем жыць адны. Ты і я. Гэта будзе так добра!

Каця (туліць Машу да сябе). Дачушка мая... Каб ты ведала, як мне цяжка...

Маша. Пакінь яго і ўсё! (У пярэдняй— званок.) Гэта зноў ён! Не пушчу! (Бяжыць да дзвярэй.)

Каця. Маша!

Маша (вяртаецца). Уваходзьце, калі ласка... Нашы старыя ўжо спаць паляглі, а дзядзя Віця на заводзе...

Уваходзіць Сяргей. Нямая сцэна.

Каця. Сярожа!

Заслона

Дзея другая

Карціна трэцяя

 

Усё ў кватэры Кацубаў засталося на сваіх месцах. І толькі некаторыя рэчы ды пінжак дзіўнай расфарбоўкі на спінцы крэсла, разгорнутая кніга і газеты на тахце даюць зразумець, што ў кватэры з’явіўся новы чалавек.

Сяргей, задумаўшыся, стаіць ля акна. Віктар схіліўся над разгорнутымі і раскладзенымі па ўсім стале лістамі чарцяжоў. Але вось ён адхіліўся і ўважліва зірнуў на Сяргея.

 

Сяргей. Усё прыглядаешся, брат мой меншы?

Віктар. А я яшчэ як след не паспеў цябе разгледзець, брат мой старэйшы. Калі ты ў армію ішоў, я пацаном быў. Адно толькі памятаю, як я за вамі з Кацькай падглядаў...

Сяргей. Ох і паскудны ты быў!

Віктар. А я і пацаноў з усёй вуліцы прыводзіў глядзець, як вы цалуецеся. Здорава гэта ў вас выходзіла.

Сяргей. А ў цябе яшчэ не выходзіць?

Віктар. Як сказаць... Практыкі, шчыра кажучы, малавата... Разумееш, запарыўся! Вось у рацыяналізатары падаўся. Няма калі цалавацца!

Сяргей. Ну і дурань.

Віктар. Сам ведаю, што дурань.

Сяргей. Потым пашкадуеш.

Віктар. Наганю.

Сяргей. У гэтай справе наганяць цяжка.

Віктар. Было б з кім.

Сяргей. У тым і загваздка. Можна застацца ў адзіноце...

Віктар. Ну што ты!

Сяргей (стаіць ля этажэркі з кнігамі). Па такарнай справе? (Віктар кіўнуў галавой.)/А гэта што за коміксы?

Віктар. Гэта пра бокс. Таксама, разумееш, навуковыя працы пішуць...

Сяргей. Захапляешся?

Віктар. Захапляўся, пакуль морду разы тры не размалявалі.

Сяргей. Глядзі, захавалася! «Як гартавалася сталь»... (Чытаез тытульнага ліста кнігі.) «За паспяховую вучобу і добрую дысцыпліну ў апошняй вучэбнай чвэрці вучню 10 «Б» класа Сяргею Раманавічу Кацубу... Дырэктар школы...» Та-ак. А праз два месяцы пайшлі мы на вайну. Тыя, што паспяхова, нават хто і непаспяхова скончылі апошнюю чвэрць... Прама са школьнай парты...

Віктар. А ведаеш, гэтая кніга разам з намі ў эвакуацыі была. Маці брала. Памятаю, ад’ехалі за Маскву, і зноў усё мірна, ціха, быццам і вайны ніякай няма. Бабы ў полі працуюць, на агародах корпаюцца... Каровы пасуцца. Дзеўкі адвячоркамі пад гармонік пра каханне спяваюць. Бацька ў дарозе зусім засумаваў. Паслухае зводку — як хмара стане, аж зубамі скрыгоча. Зрабіў сабе будан паміж скрынямі і станкамі ды цэлымі днямі адлежваўся, як той мядзведзь у бярлозе. Нават есці не вылазіў. Маці яму прама ў будан перадавала. Знайшоў я ў матчыным клунку кнігу гэтую. Дай, думаю, бацьку падсуну. І што ты думаеш? Узяўся наш стары чытаць. Чытае! Цямнець стала, вылез са свайго будана, да дзвярэй перасеў... Чытае! Цікавая кніжка, пытаю? А мне ўсё роўна, адказвае. Толькі пра рускага чалавека, пра яго вялікую душу тут правільна напісана. Рускі чалавек ніколі на калені не стане!

Сяргей (задумліва). Бачыў я і рускіх на каленях.

Віктар. Калі ўжо рускага паставілі на калені, дык з яго душу выбілі. А без душы... які ён рускі?

Сяргей. Вельмі цяжка было там рускаму чалавеку. Бо для ворагаў ён самы ненавісны.

Віктар. Гэта таму, што рускі — савецкі чалавек. І калі хочаш застацца савецкім чалавекам — трымайся!

Званок у пярэдняй.

Сяргей. Відаць, Шаркун. Мы на гэты час дамовіліся...

Віктар (згортвае чарцяжы). Я, бадай, пайду, га?

Сяргей. Як хочаш. А мне трэба пагаварыць...

Віктар. Забраў бы ад яго Кацю, і ўся размова! Яна ж толькі цябе любіць, павер мне!

Сяргей. Кацю не чапай!

 

Віктар з чарцяжамі ідзе ў суседні пакой. Сяргей ідзе адчыняць. Чуваць галасы. Уваходзяць Мікалай Шаркун, доктар Блавацкі, следам спяшаецца Марфа Сямёнаўна.

 

Шаркун (працягваючы размову). Гэта я — бюракрат? Глупства! Ведаю, адкуль дзьме вецер. Пісакі! Гнілая інтэлігенцыя! Паслабілі за імі кантроль, вось яны і распусцілі языкі. Я карыстаюся даверам. Я працую сумленна, самааддана выконваю свой абавязак. А гэта безадказныя крыкуны бюракратам мяне абзываюць. Ніхто не дазволіць ганьбіць адказнага работніка!

Блавацкі. Значыць, бюракратаў крыкуны выдумалі?

Шаркун. Яны, ціпун ім на язык! Дзіўны народ, разумееш.

Блавацкі. Паслухайце, Шаркун. А як гэта называецца: я пасылаю да вас хворых, якія маюць патрэбу ў санаторным лячэнні...

Шаркун. А пуцёвак няма, дарагі доктар. І высмоктваць іх з пальца я яшчэ не навучыўся.

Блавацкі. Але збываць пуцёўкі чужым людзям...

Шаркун. Галаслоўныя заявы не прымаю. Факты, доктар, факты! Будуць факты, разбяром, зробім вывады. А як жа!

Блавацкі. Але мне скардзіліся рабочыя...

Шаркун. Рабочыя! Ёсць такія рабочыя — ой-ой-ой! Ты яго хлебам не кармі — дай толькі пабурчаць ды паскардзіцца. Эх і любіць наш абывацель скардзіцца! Калі зваліць у кучу ўсе кнігі скаргаў — Казбек атрымаецца.

Блавацкі. Арыгінальна разважаеце. Вельмі.

Шаркун. Становішча абавязвае.

Блавацкі. Я спяшаюся. Але наконт размеркавання пуцёвак мы яшчэ пагутарым. (Да Марфы Сямёнаўны.) Ну-с, як наш хворы?

Марфа. І не кажыце, доктар! Аніякага ладу! Калі ласка, сюды.

 

Марфа Сямёнаўна і Блавацкі выходзяць.

Шаркун. Бачыў? Таксама, разумееш, гнілая інтэлігенцыя — усюды нос суне. Пад усе бочкі — шпунт. Распусціліся, разумееш. Крытыкуюць, вешаюць на цябе ўсіх сабак.

 

Уваходзіць Марфа Сямёнаўна з патэльняй у руках.

 

Марфа. Што вы пасярод хаты пасталі? Сядайце за стол. Вось і яечня свежанькая. Закусвайце.

Шаркун. Ды вы не турбуйцеся, Марфа Сямёнаўна. Мы народ вынослівы, да любой закускі прызвычаены. (Садзіцца за стол.) Даўненька я ў вас не гасцяваў, дарагая цешча!

Марфа. Наш дом заўсёды гасцям рады.

Шаркун. Ды я не крыўдую!

Марфа. А і крыўдаваць няма за што. (Выходзіць.)

 

Увайшоў Віктар і накіраваўся да люстэрка, каб прычасацца.

Сяргей. Віктар, ты куды?

Віктар. Прайдуся. Свежага паветра глынуць.

Сяргей. Пасядзі з намі.

Шаркун. Кінь ты злаваць! Сам жа ва ўсім вінаваты. Крытыка, брат, як тая брытва вострая. Карыстацца ёю трэба з розумам, асцярожна, каб самому не парэзацца. Ты крытыкуй, але не забывай, што і цябе пакрытыкаваць могуць. Ну, вып’ем! (Выпівае, закусвае.) Я рад твайму вяртанню на родную зямлю, дружа! Прыемна прыгадаць юнацтва... Памятаеш, як мы да Кацькі заляцаліся? Пацеха!

Сяргей (нецярплівы рух). Не трэба. Забыў я ўсе.

Шаркун. Маўчу, маўчу. Усё-такі добрымі сябрамі мы былі.

Сяргей. Былі... Шмат што было, ды сплыло. І часу быццам не так многа прайшло, а ўсё вакол — непазнавальнае.

Шаркун. Ідзём наперад! Сямімільнымі крокамі ідзём наперад! Толькі паспявай!

Віктар (збіраючыся, выходзіць). Хто наперад, а хто і назад.

Шаркун. Што ж, ёсць і такія. У вялікай сям’і, ясная справа, не без вырадка. Праўда, ёсць яшчэ і такія, што памыляюцца. Жорстка памыляюцца! Накшталт цябе, Віця. Так, так! Думаюць, ідуць наперад, а на самай справе, як тыя ракі, паўзуць назад. Гарлапаняць, не разабраўшыся! (Віктар бразнуў дзвярыма.) Гарачы! Нічога. Пасталее, дык і паразумнее, астыне... Ды і без увагі не пакінем. Прывядзём да нормы.

Сяргей. Слухай, скажы, калі ласка, як ты ў начальства выбіўся?

Шаркун. А што тут дзіўнага? Галаву на плячах маю...

Сяргей (пільна глядзіць на Шаркуна, налівае ў шклянкі гарэлку). Вып’ем! (Выпіваюць.) Вось так. А цяпер давай начыстату. Ці можаш ты зрабіць для мяне сапраўдную сяброўскую паслугу?..

Шаркун. Дапамагчы на працу паступіць? Калі ласка! Прыходзь заўтра ў любы час да мяне, я загадаю сакратаршы, каб цябе без чаргі... Заходзь.

Сяргей. Пачакай... Ты мне спачатку дапамажы разабрацца...

Шаркун. Лічу сваім грамадзянскім абавязкам. Вядома, табе цяжка адразу...

Сяргей. Ты скажы шчыра: гад ты ці не? Фальшывая ў цябе душа ці не?

Шаркун. Ты п’яны!

Сяргей. Я яшчэ ніколі не быў такім цвярозым.

Шаркун. А ну цябе! Заўсёды ты быў такі...

Сяргей. Які?

Шаркун. Не як усе людзі. Яшчэ ў школе... Занадта ты мудроны. Мудрагеліш, дружа! А ў нашым сучасным жыцці гэта залішне. А таму кажы шчыра: гутарка пра Кацю — давай пра Кацю. Я, братка, прывык да яснасці. Каб усё было канкрэтна. Вось і стаў пытанне рубам: Каця. І давай паслядоўна абмяркоўваць і вырашаць гэтае пытанне...

Сяргей. Мо яшчэ на агульны прафсаюзны сход вынесем?

Шаркун. А што? Я чалавек сучасны, без усялякіх хітрыкаў, адкрыты для ўсёй грамадскасці. Калі трэба, дык і на сходзе. Толькі я мяркую, што ў гэтым выпадку можна і без сходу. Пытанне не такое складанае. Як-небудзь і самі разбяромся, што да чаго. Вось давай яшчэ пацягнем па каліву...

Сяргей. З мяне досыць...

Шаркун. Як хочаш. (П'е.) Значыцца, Каця... Дык ведаеш, што я табе скажу... Усе яны, дружа, аднолькавыя. Так! Ты думаеш яна доўга сумавала па табе? Ну, першы год пагаравала. А потым, бачу, расцвітае бабка! З кожным днём прыгажэйшая робіцца. Цвіце бабка, як тая ружа ў садзе... Ну, для блізіру, канечне, калючкі... Трымае сябе як мае быць. Але ты ж ведаеш мяне. Калі я ўжо прыняў рашэнне, дык ты ў зямлю мяне закапай — выканаю!

Сяргей. Бач ты які!

Шаркун. Такі, дружа, такі! Доўга яна трымалася, цану сабе набівала... Чаго ты моршчышся? Усе яны аднолькавыя! З год шуры-муры мы з ёй разводзілі і запісаліся... Вось жывём. Дзяцей, праўда, пакуль што няма... Я нават падазраваць яе пачаў...

Сяргей. У чым жа?

Шаркун (даверліва). Не хоча яна дзяцей. А што ёй? Сама ўрач. Ведае, што як...

Сяргей. Як табе не сорамна...

Шаркун. А чаго? Мы ж з табою мужчыны...

Сяргей. Паскуднік ты, а не мужчына... І як яна з табой жыве...

Шаркун. Жыве, дружа, не скардзіцца. Жывём, як усе жанатыя людзі. І калі пайшла ўжо такая размова, дык я табе скажу... Скажу. Закарціць ёй вярнуцца да цябе — калі ласка! Не буду плакаць. І лезці да твайго горла не стану. Не! Дзяліць, як бачыш, нам няма чаго. Гэты інцыдэнт можна вырашыць шляхам перагавораў.

Сяргей. Мо і пачнём гэтыя перагаворы?

Шаркун. Са свайго боку я заўжды гатовы.

Сяргей. Гатовы?

Шаркун. Ага! Ты разумееш, у чым тут справа... Шчыра кажучы, занадта яна для мяне мудрая... Разумееш, прыгожая, але вельмі ж патрабавальная. Ёй, разумееш, каб мужчына ды быў яшчэ і вялікім філосафам. А я так гляджу: ці мужчына, ці філосаф! Ніяк жа ёй не дагадзіць! Па-рознаму, братка, думаем мы. Табе яна больш падыходзіць, павер. Цяжка мне з ёй...

Сяргей. Ты кахаеш яе?

Шаркун (смяецца). Сказаў! Ну, якое ў мае гады каханне. Хлапчо я, ці што? Няма, братка, часу ў мяне на падобныя рамантычныя пачуцці. Ніяк такое мерапрыемства ў план жыцця не ўкладваецца. Ёсць справы больш важныя.

Сяргей. А яна... Яна цябе кахае?

Шаркун. Калі жыве, дык кахае...

Сяргей. Ну і логіка!

Шаркун. Жалезная!

Паўза.

Сяргей. Слухай. (Нахіліўся да самага твару Шаркуна.) Слухай уважліва, калі ты яшчэ здольны на гэта... Ды не лыпай ты вачыма. Біць цябе яшчэ не буду...

Шаркун. А ну цябе!

Сяргей. Слухай. Шануй Кацю. Зразумеў? Шануй. Калі ўжо ўхітрыўся ты задурыць сваёй... жалезнай логікай, дык шануй. Не дай божа, пачую, што крыўдзіш ты яе...

Шаркун. Дазволь! Якое ты маеш права...

Сяргей. Маю! Пакуты мае даюць мне гэтае права...

Шаркун (устаў з-за стала, афіцыйна)./Вось калі мы разыдземся і яна вернецца да цябе, тады і рабі з ёю, што хочаш. А пакуль што твае ЦУ для мяне ніякай сілы не маюць.

Сяргей. Дырэктывы! Эх ты... Закарэлая твая душа. І што гэта з табою здарылася? Быў жа і ты калісьці на чалавека падобны.

Шаркун. Ну, ведаеш! Хопіць крытыкі! Хопіць! Бо я чалавек! Ча-ла-век! І яшчэ які! Калі хочаш ведаць, твая Каця павінна на мяне маліцца...

Сяргей. Ідзі прэч!..

Шаркун (здзіўлена). Што-о?

Сяргей. Прэч!

Шаркун. Лягчэй, лягчэй... Гэта табе не там...

 

Сяргей наступае на Шаркуна, той падаецца да дзвярэй. З другога пакоя выходзяць Блавацкі і Марфа Сямёнаўна.

 

Блавацкі. Вось што, паважаная, трымайце хворага ў пасцелі.

Сяргей. Хіба бацька так сур’ёзна хворы?

Блавацкі. Не, сур’ёзна хварэць, малады чалавек, сэнсу няма. (Дастае з кішэні пакецік.) Няхай прымае.

Марфа. Не любіць ён парашкоў гэтых. Доктар! Можа атамамі якімі-небудзь яго палячыць?

Блавацкі. Механічнае сэрца ўжо стварылі, засталося толькі атамнае...

 

Марфа Сямёнаўна махнула рукой і выходзіць.

 

Сяргей. Доктар, а душу механічную не стварылі яшчэ?

Блавацкі. Душу? А што гэта за орган такі? Чацвёрты дзесятак заглядваю ў нутро чалавечае, а такога органа не заўважаў.

Сяргей. А чаму ж яна баліць, доктар?

Блавацкі. Людзі схільны іншы раз выдумляць сабе боль.

Сяргей. А калі іх прымушаюць верыць у гэты боль? (Мнагазначна.) Там гэта ўмеюць рабіць! Падсунуць газетку на рускай мове — іх там многа выдаюць, — пачынаем чытаць, злосць разбірае!

Блавацкі. Так. Цяжка нашаму чалавеку быць на чужыне...

Сяргей. Калі б толькі цяжка! Усё можна перанесці: катаванні, голад і холад, усё! А вось калі табе плююць у самую душу, у сэрца...

Блавацкі. Я разумею вас. (Зірнуўшы на ручны гадзіннік.) О! Час які спрытны... Ніяк яго не ўтрымаеш... Мне яшчэ абавязкова аднаго хворага грамадзяніна наведаць трэба.

Марфа (з’яўляецца з кухні). Ды пасядзіце, доктар! Хутка самавар закіпіць...

Блавацкі. Не спакушайце, Марфа Сямёнаўна! Даўненька я не каштаваў чаю з гэтага агрэгата! І на смак забыўся. А смак жа асаблівы! Але як-небудзь іншы раз. Пайду. Да пабачэння, Сяргей Раманавіч...

Сяргей. Да пабачэння, доктар. Дзякую за гутарку.

Блавацкі. Што ж... Хоць і невялікая, ды шчырая.

Сяргей. Вось за гэта і дзякую.

 

Марфа Сямёнаўна праводзіць доктара. Сяргей устаў з-за стала, падышоў да тахты, хацеў закурыць, але раптам скамячыў папяросу, кінуў яе і кінуўся ніцма на тахту... Увайшла Марфа Сямёнаўна і ўзялася наводзіць парадак на стале. Са спальні данёсся голас Рамана Фёдаравіча: «Марфа! Ідзі сюды...» Марфа Сямёнаўна спяшаецца на голас. Раман Фёдаравіч пытаецца: «Ты куды штаны схавала?» Голас Марфы Сямёнаўны адказвае: «Нельга табе, Рамаша! Доктар загадаў ляжаць...»

 

Раман (выходзячы). Вось няхай сам і ляжыць... (Падышоў да стала.) Чэрці! Самі гарэлку жлукцяць, а мяне ў пасцель палажылі. (Налівае чарку.)

Марфа (са спальні). Нельга табе!

Раман. Калі чарка ў руках трымаецца — можна. (Выпівае. Убачыў Сяргея.) Спіць? Усё ніяк не адаспіцца... Яно, вядома, з такога пекла вырваўшыся...

Марфа (уваходзячы). Табе парашок прымаць...

Раман. Та-а-к... Капіталізм! Слова якое цяжкае. Быццам чыгунная балванка. (Наліў з графіна вады ў шклянку, усыпаў у рот парашок, запівае.) Дрэнь!

Марфа. Доктар кажа: дапамагае.

Раман. Як мёртваму прыпаркі. (Падышоў да двух чамаданаў каля буфета.) Навошта ён такі груз цягнуў?

Марфа. Не думалі, не чакалі жывога...

Раман. Целам жывы. А душу, відаць, пакарабацілі хлопцу. Капітальны рамонт патрэбен.

Марфа. Нічога. Абы жывы. У сваёй сям’і ачуняе.

Раман. Э, старая! Тут прычына больш складаная... Ты вось што... Ідзі. Ідзі па сваёй справе...

Марфа. Хай бы паспаў...

Раман. Я пачакаю, пакуль прачнецца...

Сяргей. Не сплю я... (Падняўся з тахты.)

Марфа. Дык я пайду... У магазін схаджу.

 

Марфа Сямёнаўна выйшла. Паўза.

Раман. Сынок... Ты зразумей мяне... Амаль пятнаццаць год не было цябе з намі. Гэта ж вялікі час, цэлае чалавечае жыццё...

Сяргей. Я разумею. Табе хочацца ведаць, як твой сын пражыў гэтае жыццё... Што ж, законнае жаданне. Дык я табе скажу: кепска пражыў. Нават успамінаць прыкра. Не хочацца...

Раман. Гэта так, сынок... Але ж, скажы, па-людску ты пражыў гэтыя гады? Не страціў сумленне?

Сяргей. Гледзячы што лічыць сумленнем. Мо і страціў. Бо нормы чалавечага сумлення там зусім іншыя.

Раман. Але ж ты рускі, савецкі чалавек! Сын рабочага!

Сяргей. Пра гэта я ніколі там не забываў, тата.

Раман. Тады добра. Гэта самае галоўнае. Ну... І скажы ты мне, што далей рабіць збіраешся?

Сяргей. Пакуль што выспацца і наесціся ўдосталь.

Раман. А потым?

Сяргей. Потым відаць будзе. Працаваць пайду. А калі ўсё добра будзе, дык завочна вучыцца пачну... Трэба ж скончыць пачатае яшчэ да вайны...

Раман. Вось гэта ты правільна вырашыў. Так і трымай! А мяне прабач, што ўсё дапытваюся... Сын жа ты мой старэйшы. Гордасць мая рабочая... Пайду я. Лягу...

 

Раман Фёдаравіч выходзіць. Сяргей зноў лажыцца на тахту. Уваходзіць Каця.

 

Каця (падышла да тахты). Спіш і нічога, нічога не чуеш... Не чуеш, што тут робіцца. (Дакранулася да сэрца.) Ну і спі. Спі...

Сяргей (паварочваючыся). А я і не сплю. І ўсё чую. Дзень добры, Каця.

Каця. Дзень добры. А я Машу зайшла праведаць...

Сяргей. З раніцы панеслася недзе з жаніхом...

 

Паўза.

Каця. Вадзім табе не падабаецца?

Сяргей. Яшчэ не разгледзеў.

Каця. А Машу?

Сяргей. Прыглядаюся.

Каця. Ну, а... мяне ты ўжо разгледзеў? Я перамянілася?

Сяргей. Для мяне — не.

Паўза.

Каця. Ты мяне дакараеш?

Сяргей. За што?

Каця. Ну-у... Што (з націскам) так цябе чакала...

Сяргей. Хіба важна (з націскам) як ты мяне чакала? Па-мойму, важней (з націскам), каго ты дачакалася?

Каця. Як жа далей?

Сяргей. Паеду.

Каця (голас яе задрыжаў). Паедзеш? Куды?

Сяргей. Свет вялікі.

Каця. Не надакучыла бадзяцца па свеце?

Сяргей. Абрыдла.

Каця. Што ж цябе гоніць, што?

Сяргей. Калі скажу страх — паверыш?

Каця. Але што цябе страшыць? Што?

Сяргей. Калі скажу жыццё — паверыш?

Каця. Жыццё? Наша жыццё?

Сяргей. Не ваша — маё.

Каця. Зноў загадкі...

Паўза.

Каця. Відаць, я не дачакаюся Машы... Толькі навошта хлусіць? Я ж да цябе ішла... Вырашыла шчыра пагаварыць...

Сяргей. Я зразумеў.

Каця. Вось мы і пагаварылі...

Сяргей (рэзка, нечакана). Ты кахаеш Шаркуна?

Каця. Навошта ты пра гэта пытаеш?

Сяргей. Скажы.

Каця. Сказаць? Не кахаю.

Сяргей. А жывеш!

Каця. Што ты патрабуеш ад мяне?

Сяргей. Я нічога не патрабую. Не маю права.

Каця. Чаму? Чаму ж?

Сяргей. Так. Ты... ідзі. Так будзе лепш.

Каця. Ты мяне гоніш?

Сяргей. Так трэба. Прашу цябе...

Каця. Добра. Я пайду.

Сяргей. Бывай, Каця.

Каця. Чаму «бывай»?

Сяргей. На ўсякі выпадак. Глядзі нашу дачку. І забудзь усё. Усё!

Каця, закрыўшы твар рукамі, хутка выходзіць. Уваходзіць Марфа Сямёнаўна, дастае з сумкі хлеб, кладзе яго ў шуфлядку буфета, цішком назірае за Сяргеем.

 

Марфа. Ты на Кацю не крыўдуй, сынок. Не вінавата яна. Доўга ён яе абходжваў. А як атрымалі паведамленне аб табе, зусім пасмялеў... Нямала пагаравалі мы з ёю, паплакалі... А той усё над душой стаіць. Падумала я тады, не прападаць жа такой жанчыне... І не ўдава, і не дзеўка. Так што ва ўсім я вінаватая. Мяне карай. А яе не вінаваць.

Сяргей. Нікога я не віню, мама. Дзякуй, што дачку выгадавалі.

Марфа. Чалавек ты яшчэ малады...

Сяргей. Стары я! Ох, які стары.

Марфа. Гэта ты дарэмна, сынок.

 

З пярэдняй даносяцца галасы.

Чуеш? Гулёна наша з’явілася... Пасварыўся б ты на яе...

Сяргей. А ці варта? Ды і права я такога не маю.

Марфа. Твая дачка?

Сяртей. Мая... Але...

Маша (убягае). Татка! Любы мой татка! Цэлы дзень адзін. Ой, якая я дрэнь! Праўда? Давай я цябе пацалую... (Увайшоў Вадзім.) Татка, даручаю табе гэтага балбеса. Пайду пераапрануся...

Марфа. Перакусіла б, непаседа.

Маша. Не хачу! Бабуля, ідзі сюды. Чуеш? Ідзі!

 

Марфа выходзіць следам за Маша й. Вадзім топчацца ў дзвярах.

 

Сяргей. Прысаджвайцеся да стала, малады чалавек. Можа вып’ем? Для знаёмства.

Вадзім. З вамі?

Сяргей. А то з кім жа? (Выпіваюць.) Закусвайце, закусвайце.

Вадзім. Дзякую.

Сяргей. Яшчэ па адной?

Вадзім. Яшчэ... А... можа не варта?

Сяргей. Вам больш відаць.

Вадзім. Тады не варта. Мы з Марго... выбачайце, з Машай у тэатр сабраліся...

Сяргей (нечакана). У вас сур’ёзна?

Вадзім. Вы пра што? А? Намёртва. Не верыце?

Сяргей. Я — што? Яна верыць?

Вадзім. Шчыра?

Сяргей. А як вам лепш?

Вадзім. З вамі? Толькі шчыра.

Сяргей. Дзякую за давер.

Вадзім. Ведаеце... І верыць і не верыць!

Сяргей. Чаму гэта так?

Вадзім. Не прыстасаваныя мы з ёю.

Сяргей. Не прыстасаваныя? Да чаго?

Вадзім. Да жыцця. Ну і аглядваемся.

Сяргей. А чаго?

Вадзім. Ды так... Вы не глядзіце, што я такі... (Зрабіў рух пальцамі.) Я таксама перажываю. Яшчэ як! Іншы раз аж моташна стане. Бацька пачне сароміць — вочы няма куды дзець. Ну і прыкідваешся гэтакім Пячорыным... Героем нашага часу...

Сяргей. Правільна — не героем?

Вадзім! Які ўжо тут герой! Дзесяць класаў скончыў і стоп! Тата кажа: перад табою ўсе шляхі адкрыты, ідзі!

Сяргей. А ці не так?

Вадзім. Так! Вельмі проста: калі ласка, на завод, дарагі дзесяцікласнічак, мятлу ў рукі і арудуйце са стружкамі!

Сяргей. Што ж тут страшнага?

Вадзім. Страшнага нічога, але і прыемнага мала.

Сяргей. Толькі гультаю праца — непрыемнасць. Гэта так.

Вадзім. Ды я не гультай! Але што рабіць?

Сяргей. Я вам скажу. Скажу.

Вадзім. Буду вельмі ўдзячны за добрую параду.

Сяргей. Трэба мазгі прачысціць. Смецця ў вас там шмат.

Вадзім. Мае мазгавыя звіліны і ў школе, і ў камсамоле чысцілі, чысцілі, а што карысці? Кот наплакаў. Прыкладаў не бачу...

Сяргей. Не хочаце бачыць. Вось жа мой брат Віктар. Ды ці ён адзін працуе на заводзе. Звычайны токар — і шчаслівы.

Вадзім. Кожнаму сваё шчасце.

Сяргей. Бач ты, якая патрабавальнасць! Сустракаў я такіх звышчалавекаў. Толькі ў тых бацькі мільянеры. А ў вас — простыя працаўнікі. Жыць на іх капейкі, бадай, не вельмі прыемна, га?

Вадзім. А я на работу паступаю. У тэатр. Сяргей. Прызванне?

Вадзім. Неабходнасць. Вы ж самі гаворыце, сорамна жыць на бацькавы капейкі...

Сяргей. Гляджу я на вас, малады чалавек, і ўспамінаю: у вашыя гады мы былі больш сур’ёзныя, самастойныя. Нас менш песцілі, відаць...

Вадзім. Значыць, вы супраць...

Сяргей. Чаму ж? Наадварот. Жаніцеся. Можа вам удваіх лягчэй будзе...

Вадзім. Вы... Вы сур’ёзна?

Сяргей. Зусім. Калі яна вас кахае...

Вадзім. Кахае! Кахае! (Ускочыў з-за стала.) Ведаеце што... Я пайду. Буду чакаць яе ў пад’ездзе... А вы, калі ласка...

Сяргей. Ёй сказаць?

Вадзім. Так! Прашу вас! Вы — сапраўдны чалавек!

Сяргей (іранічна). Што вы кажаце? Ну, добра. Ідзіце. Чакайце ў пад’ездзе сваё шчасце... (Вадзім бяжыць з пакоя.) Дзіцячы сад!

 

Уваходзіць Маша. На ёй белая лёгкая сукенка. І ўся яна перапоўнена радасцю.

 

Маша. А дзе ж мой рыцар?

Сяргей. Чакае цябе ў пад’ездзе.

Маша. Ты... яго прагнаў? Так?

Сяргей. А трэба?

Маша. Як хочаш...

Сяргей. А ты?

Маша. Перажыву.

Сяргей. Не кахаеш?

Маша. Калі ён дурнем прыкідваецца — не кахаю, а калі раптам задумаецца — кахаю.

Сяргей. А часта ён задумваецца?

Маша. Саромеецца.

Сяргей. А можа баіцца?

Маша. Можа...

Сяргей. Як жа ты будзеш жыць... з баязліўцам?

Маша. А можа ўдваіх мы смялейшыя станем.

Сяргей. А хіба ты ў мяне таксама баязлівіца?

Маша. Таксама, разумееш, задумваюся!

Сяргей. Задумваешся?.. Скажы шчыра... Чаму табе ў інстытут не паступіць...

Маша. З маім атэстатам? Толькі па трупах медалістаў! А іх ведаеш колькі развялося... І ведаеш, татка, прызнаюся табе шчыра. Не хочацца мне больш вучыцца. Ламаносава з мяне ўсё роўна не атрымаецца.

Сяргей. Дык чаго ж ты хочаш?

Маша. Хачу быць толькі маці! І ўсё! Ці не маю права?

Сяргей. Значыць, замуж закарцела...

Маша. Ды не закарцела, стаіць жа над душой. Вось чакае... Што яму адказаць?

Сяргей. А што табе тваё сэрца падказвае?

Маша. Ведаеш, тата, не хачу я свайму сэрцу давяраць. Яно ў мяне дурное...

Сяргей. А ці будзеш ты шчаслівая?

Маша. Не ведаю... Але чамусьці мне здаецца, што гэта прынясе мне спакой... Думала я, думала...

Сяргей. У такой справе сем раз падумай...

Маша. Ды я ўжо сто разоў падумала!

Сяргей. Ну дык рэж!

Маша (смяецца). Каго? Жаніха?

Сяргей (смяецца). Няхай жыве! Хлопец ён, відаць, неблагі, толькі шмат смецця ў галаве. Ды нічога! Жыццё — добрая мятла. Усё вымеце!

Маша. А калі... не вымеце?

Сяргей. Тады цяжка вам будзе. З жыццём жарты кароткія.

Маша. Гэта мяне і палохае...

Сяргей. Ад цябе будзе шмат залежаць. Трымай яго ў руках!

Маша. Гэта будзь упэўнен! Я за яго вазьмуся — не пікне!

Сяргей (смяецца). Не зайздрошчу я твайму рыцару! (Званок тэлефона, Сяргей бярэ трубку.) Алё! А, гэта вы... Лёгкі на ўспамін... (Да Машы.) Рыцар твой хвалюецца ў пад’ездзе.

Маша. Хай хвалюецца!

Сяргей. Ідзі. Пакутуе хлопец.

Маша. Тата, хадзем з намі ў тэатр! Пасумуем разам, га?

Сяргей. Не, не! Сумуйце без мяне. Дом для мяне самае жаданае месца на зямлі. Ідзі, ідзі!

 

Цмокнуўшы бацьку ў лоб, Маша выбягае з пакоя. Уваходзіць Марфа Сямёнаўна. Запальвае верхняе святло.

 

Глядзі ты! Ужо вечар... Як час ляціць.

Марфа. Паляцела птушка? І Віці няма... Усе загулялі! А ты чаго сядзіш у хаце? Вечар такі добры...

Сяргей. Хачу адсядзецца, мама, за ўсе гады.

Марфа. Фу! Замарылася... На сон штосьці хіліць.

Сяргей. А вы ідзіце адпачываць.

Марфа. Віцю дачакацца трэба. На змену выправіць...

Сяргей. Што ён, маленькі? Кладзіцеся!

Марфа. Ну, добра. Захоча чаю — у духоўцы чайнік... Пайду. Трэба Рамана Фёдаравіча накарміць.

Застаўшыся адзін, Сяргей уключае радыё на самае ціхае гучанне. Льецца задуменная мелодыя «Асенняй песні» Чайкоўскага.

 

Сяргей (ціха). Добры дзень, Пётр Ільіч. Вось мы і сустрэліся зноў. Каб вы толькі ведалі, як не хапала вас там, на чужыне...

Віктар (уваходзячы). Ты што мармычаш? Молішся?

Сяргей. Малюся, брат мой малодшы! Малюся Чайкоўскаму. А ты дзе бадзяўся?

Віктар. Не бадзяўся, а працаваў, брат мой старэйшы!

Сяргей (смяецца). Глядзі, прыесца!

Віктар. Не! У самы смак убіўся! (Смяецца.) З заўтрашняга дня пераходжу на першую змену, каб вечары былі свабодныя. (Глянуў на гадзіннік.) Ого! Трэба бегчы...

Сяргей. Чай у духоўцы.

Віктар. Які чай! Пазнюся! Да заўтра!

 

Віктар выходзіць. Сяргей падышоў да акна, звесіўся праз падаконнік, глядзіць на вуліцу. Са спальні выходзіць Раман Фёдаравіч. Ён у сподняй сарочцы і піжамных штанах.

 

Раман. Адзін ты ў хаце...

Сяргей. Тата... Ці можна табе?

Раман (бурчыць). Мне ўжо нічога не можна... Усё забаронена. У арыштанта ператварылі. Дык вось, пакуль уласная міліцыя спіць, крыху пасяджу. Чалавекам сябе адчую. (Глядзіць на цыгарку ў руках Сяргея.) Закурыць даў бы...

Сяргей. Нельга табе...

Раман. Ну дык і сам не куры! Не спакушай. (Сяргей раздавіў акурак аб край попельніцы.) Сынок... Скажы ты мне... Няўжо ўсе гэтыя гады ты сядзеў у лагеры?

Сяргей. Спачатку трымалі ў лагеры, потым выпусцілі. Бадзяўся, як валацуга, па Мюнхене...

Раман. А жыў як?

Сяргей. Так і жыў. Рабіў самую брыдкую работу. А потым і яе не стала... Аднойчы ноччу схапілі мяне ў парку эмпі... Так паліцэйскія там завуцца. Месяц трымалі ў адзіночнай камеры, потым зноў выкінулі на вуліцу. А ўжо восень. Хоць ідзі ды кідайся з моста. Можна, я закуру?

Раман. Куры! Куры, сынок.

Сяргей. Мабыць, і сігануў бы я з моста...

Раман. Што ты, сынок! Чалавек павінен трымацца да апошняга. Вось бачыш жа, вытрымаў!

Сяргей. Загінуў бы я, калі б не адзін выпадак... (Задумаўся.) А мо лепш, каб і не было яго. Адным словам, сустрэўся я з адным знаёмым. Разам у лагеры сядзелі. Таксама беларус, з Магілёва родам. Нядбайла яго прозвішча. Разгаварыліся. Ён і кажа: «Хадзем да нас у ЦАПЭ...»

Раман. А што гэта за ЦАПЭ такое?

Сяргей. Цэнтральнае аб’яднанне пасляваенных эмігрантаў... Я адмовіўся. А гэты Нядбайла не адстае. Не хочаш, кажа, членам стаць, я цябе прызначу рассыльным пры рэдакцыі часопіса «Свабода». Выдаецца там усялякай друкаванай брыдоты шмат... Не хацеў я. Але і здыхаць ад галадухі таксама не хацелася...

Раман. Вядома, сынок, голад — не цётка. І ніхто цябе не мае права папракнуць...

Сяргей. Ды я рабіў сваю маленькую справу — разносіў розныя паперкі па горадзе і ні ў якую палітыку не лез. Але месяцы праз тры клічуць мяне да самога гаспадара ЦАПЭ Рыгора Клімава... Ён жа і рэдактар гэтай «Свабоды»... Прыходжу ў кабінет. Пачаставаў ён мяне амерыканскай цыгарэтай, аб працы пытае, аб жыцці... Да мяне, гаворыць, дайшлі звесткі, што вы вучыліся на гістарычным факультэце беларускага універсітэта. Кажу — вучыўся. Гэта вельмі добра, кажа. Ці не здолееце вы прачытаць некалькі лекцый для нашых суайчыннікаў па гісторыі Беларусі? Вельмі людзі хочуць паслухаць пра сваю родную старонку. Згадзіўся я...

Марфа (выглядае з дзвярэй спальні). А божачка мой! Што гэта ты сабе думаеш? Зараз жа кладзіся ў пасцель! Чуеш?

Раман. О! Прачнулася міліцыя. Іду, іду!

Марфа. Сярожа, кладзіся і ты... Я табе зараз пасцялю.

Сяргей. Я сам! Сам. Не турбуйся.

Марфа. Спакойнай табе ночы.

Сяргей. Табе таксама.

 

Раман Фёдаравіч і Марфа Сямёнаўна выходзяць. Сяргей пачынае слаць пасцель на тахце.
У пярэдняй звініць званок.

 

Сяргей (усміхаецца). Ідзе нявеста...

 

Сяргей выходзіць і праз хвіліну вяртаецца з немаладым чалавекам, у руках якога невялікі чамаданчык. Госць насцярожана азіраецца. Гэта — Нядбайла.

 

Нядбайла. Што, не пазнаеш? Няўжо я так змяніўся?

Сяргей. Нядбайла!

Нядбайла, Ён самы! Прызнаў?

Сяргей. Ты... адтуль?

Нядбайла. Адтуль, братка, адтуль. Следам за табою пацягнула на радзіму. З вялікімі цяжкасцямі, братка, вырваўся ад іх.

Сяргей. Ты... сядай! Мо есці хочаш?

Нядбайла. Ад ежы ніколі не адмаўляюся. Ты ж памятаеш, у лагеры... Ежа, братка, галоўны стымул жыцця. (Са спальні выходзіць Марфа. Нядбайла падняўся.) Здагадваюся: гэта твая маці.

Марфа. Так, маці. Вельмі рада...

Сяргей. Гэта мой знаёмы... Разам сядзелі ў лагеры, потым па Мюнхене бадзяліся, працу і прытулак шукалі...

Нядбайла. Хапіла гора горкага!

Марфа. Дзякуй богу, што вырваліся. Як вас...

Нядбайла. Завуць Іванам. Па-бацьку Пятровіч. І прозвішча — Пятроў. У нас уся вёска — Пятровы...

Марфа. Дык вы тут пагутарыце, я вам зараз чаго-небудзь перакусіць...

Нядбайла. Ды вы не турбуйцеся, маці!

Марфа. Не, не! У гэтай хаце добрых гасцей заўсёды шануюць.

 

Марфа выходзіць на кухню. Сяргей падазрона глядзіць на Нядбайлу. Той усміхаецца.

 

Нядбайла. Цябе здзівіла маё новае імя? Так, я вымушан быў змяніць сваё «дзявочае» прозвішча... Гучыць яно не вельмі мілагучна: Нядбайла... Зусім іншая справа — Пятроў. Га?

Сяргей. І пашпарт у цябе... ёсць?

Нядбайла. А як жа! Гэта я яшчэ не забыў — чалавек у нашай айчыне павінен мець пашпарт. Чалавек без пашпарта — не чалавек. Дарэчы, ты ўжо, вядома, працуеш? Дзе?

Сяргей. Яшчэ не працую. Думаю пайсці на завод...

Нядбайла. Правільна! І мне дапаможаш. Таксама хачу на завод. Дык дамовіліся?

Сяргей. А што я за шышка такая, каб дапамагаць?

Нядбайла. Ты не шышка, дык твой бацька шышка. Ганаровы пенсіянер! Нашчадак вялікай рабочай фаміліі Кацубаў!

Сяргей. Адкуль ты ўсё гэта ведаеш?

Нядбайла. Як адкуль? Сам расказваў. Забыў? Ну, а калі бацьку не хочаш турбаваць, хай дапаможа гэты тып, што тваё месца ў шлюбным ложку заняў... Га?

Сяргей. А гэта адкуль ведаеш? Пра гэта я табе ніколі не расказваў, бо і сам не ведаў...

Нядбайла. Ая шмат чаго ведаю. Зразумеў?

Сяргей. Не. Не зразумеў.

Нядбайла. А ты не спяшайся. Не лезь раней за бацьку ў пекла... Вось маці падсілкавацца нясе. Навошта нам на галодны страўнік сур’ёзную размову пачынаць? (Марфа ставіць патэльню з яечняй на стол.) Дзякуй, мамаша. Не пашкадавалі для лепшага сябра вашага сына. Бачу, ад усёй душы...

Марфа. Чым багаты, тым і рады. Каштуйце, не саромейцеся.

Сяргей. Маці, ідзі, калі ласка, спаць. Позна ўжо...

Нядбайла. Мамаша! Ідзіце. Ідзіце! Мы ўжо тут самі... Выбачайце за турботы... Вельмі ж хацелася сёння сустрэцца з сябрам. Проста з вакзала да яго.

Марфа. А ў вас сваякоў тут няма?

Нядбайла. Нікога ў мяне няма. Адзін застаўся на белым свеце. Вайна!

Марфа. Дык дзе ж вы прытулак знойдзеце на ноч гледзячы?

Сяргей. Не турбуйся, мама. Я ўсё зраблю. Ідзі. (Марфа, паглядзеўшы на сына і на яго госця, выходзіць.) Ну, еш!

Нядбайла. На гэтую справу нас не трэба доўга ўгаворваць.

 

Нядбайла з прагнасцю налягае на ежу. Сяргей глядзіць на яго. Адышоў да акна. Думае.

 

Сяргей. Скажы, як табе ўдалося адтуль вырвацца?

Нядбайла. Усімі праўдамі і няпраўдамі.

Сяргей. Хітруеш?.. Кажы шчыра.

Нядбайла. А ты што — пракурор?

Сяргей. А не хочаш шчыра, дык вымятайся. Знаць цябе не хачу.

Нядбайла. Ты не хочаш, а я хачу. Зразумеў?

Сяргей. Патрабуеш?

Нядбайла. Вядома, калі ты не згодзішся па-сяброўску...

Сяргей. Кінь! Які ты мне вялікі сябар?

Нядбайла. Мала я табе дапамагаў там? Га? Кепская ж у цябе памяць. Але калі трэба будзе, я напомню, напомню... Факты вось тут у кішэні. Ты лепш не гарачыся, а падумай як след... Падумай!

Сяргей. Вось я і думаю... Нездарма ты з’явіўся сюды.

Нядбайла. Вядома, нездарма! Гэта ж мая вялікая радзіма! Сюды так сабе нечага з’яўляцца...

Сяргей. Хопіць загадак! Што ты ад мяне хочаш?

Нядбайла. Я? Пакуль што нічога страшнага. (Жорсткім тонам.) Трэба прыхаваць да часу вось гэты чамаданчык. Зразумела?

Сяргей. Пайшоў вон.

Нядбайла (нядобра ўсміхаецца). Які зайздросны тэмперамент!

Сяргей. Вон!

Нядбайла. Ай-ай-ай! Так няветліва абыходзіцца з дарагім госцем, з чалавекам, які зрабіў шмат дабра... (Дастае з бакавой кішэні кіпу фотаздымкаў.) Аб чым сведчаць вось гэтыя фотадакументы... Палюбуйцеся, сэр! Якія прыемныя ўспаміны. Ці не так? Звярніце ўвагу, сэр, вось на гэтага высакароднага джэнтльмена, што стаіць побач з вамі... Ведаеце што гэта за джэнтльмен? Сусветна вядомы Гары Крок, ён жа Вілі Шрайдар, ён жа Гасан-ібн-Зейнаб і яшчэ шмат розных імён... О, гэта вялікі чалавек! Яго ведаюць разведчыкі ўсяго свету. Вы, вядома, здагадаліся, шаноўны сэр, што гэта ў яго шпіёнскай школе вы чыталі свае красамоўныя лекцыі па гісторыі Беларусі. Яны вельмі былі карысныя, і шэф быў задаволены вамі, сэр... (Узрушаны Сяргей ірве фотаздымкі.) Сэр! Якая наіўнасць! Фотаздымкі можна і знішчыць, а як быць са сваім мінулым? Яго вось так не распатроніш! Не-е! (Іншым тонам.) Таму ты будзеш рабіць усё, што я загадаю. Зразумеў? Ну! (Сяргей наступае на яго.) Што ж, я не варвар. У мяне чулая душа... (Адступаючы да дзвярэй.) Даю вам, сэр, дваццаць чатыры гадзіны на вашы ўласныя перажыванні. У наш век шалёных хуткасцей гэта дастаткова, каб прыняць разумнае рашэнне. (Прыўзняў капялюш.) Адзью! Заўтра роўна ў дзесяць гадзін раніцы я буду чакаць цябе на вакзале, у рэстаране на другім паверсе... Глядзі, не пазніся! (Ужо ад дзвярэй.) Ды не ўздумай ад мяне хавацца! Пад зямлёй знайду.

Нядбайла выходзіць. Сяргей кідаецца да акна, глядзіць. Ходзіць па пакоі. Збірае шматкі парваных фотаздымкаў. Падышоў да дзвярэй спальні, паслухаў. Дастаў з-пад тахты чамадан, ліхаманкава збірае свае рэчы, пхае іх у чамадан. Зноў падышоў да стала, штосьці піша на паперцы, вырванай з блакнота.

Сяргей. Вось і ўсё...

Сяргей доўгім позіркам акідае пакой, гасіць верхняе святло, бярэ ў рукі чамадан і выходзіць. Сцэна нейкі час пустуе. Потым дзверы ціха адчыняюцца, паказваецца вясёлы твар Машы.

 

Маша (ціха). Спяць! (Ідзе на пальчыках праз увесь пакой да акна.) Дурань цара нябеснага. Ідзі дамоў! Што? Ну і стой! Вунь міліцыянер ідзе. Яшчэ падумае, што злодзей пад вокнамі бадзяецца... Што? Запалкі? Зараз пашукаю... (Падыходзіць да стала, бачыць запіску.) Што гэта? «Дарагія тата і мама! Дарагая мая дачушка... У імя вашага шчасця я павінен пакінуць вас... Не хвалюйцеся за мяне... Усё будзе добра...» Нічога не разумею! Татка! Што гэта? Чаму?

 

Заслона

Дзея трэцяя

Карціна чацвёртая

 

За акном зіма. Ціхі і сонечны дзень. Чуваць гудок аўтамабіля. У пакоі ўсюды сляды паспешлівых збораў. Марфа Сямёнаўна старанна захутвае шалікам Рамана Фёдаравіча. Доктар Блавацкі стаіць пасярод пакоя і ад нецярплівасці стараецца дапамагчы Марфе Сямёнаўне.

 

Раман. Адчапіся, Марфа! Што я — дзіця малое? (Хоча сарваць шалік.) Што ты мяне хутаеш? Едзем!

Марфа. Без шапкі?

Блавацкі. Ну вось! Цяпер шапку будзем шукаць. (На вуліцы зноў загудзеў аўтамабіль. Доктар падбег да акна, пагразіў камусьці кулаком.) Замоўкні! Хочаш штраф атрымаць? Дзе ж шапка?

Марфа. Трымала ў руках... А куды дзела?..

 

Усе бяруцца шукаць шапку. Раман Фёдаравіч падыходзіць да буфета і пазірае ў каструлю.

 

Раман (выцягваючы шапку з каструлі). Ты што, варыць яе надумала?

Марфа. Зусім з глузду з’ехала. Гэта ж я збіралася каструлі на кухню занесці...

Рама н. Паехалі!

Блавацкі (мацае ў кішэнях). Паедзем, калі знайду ключ.

Марфа. Вы стаялі вось тут і круцілі ключ на пальцы. Я добра памятаю.

Блавацкі. Круціў і скруціў.

Раман. Ну і добра. Паедзем аўтобусам. Не прывык я на «Пабедах» раз’язджаць...

 

У дзвярах з’яўляецца Вадзім. Ён у моднай кароткай куртачцы з вялікім каўняром і ў фетравым зялёным капелюшы.

 

Вадзім. Продкі! Колькі можна чакаць? Блавацкі. Згубіў ключ ад машыны... (Вадзім моўчкі тузае ланцужок з ключом, які вісіць на гузіку доктарскага паліто.) Гм... Чартаўшчына нейкая. Паехалі!

 

Усе накіроўваюцца да дзвярэй. Насустрач — Віктар.

 

Марфа. Вось і Віктар. Хутчэй збірайся. Мы едзем у радзільны дом.

Віктар. Ай-ай-ай! Вось няўдача! Без мяне ўнука прынясуць у дом! Сёння ж прафсаюзны сход. Справаздача таварыша Шаркуна...

Марфа. А без цябе не могуць?

Віктар. Не-не! Я гэтага сходу доўга чакаў! Без мяне ніяк нельга.

Вадзім. Ну, ведаеце, грамадзяне продкі! З такімі зборамі нованароджаны сам продкам стане.

Віктар. Усе бацькі такія нервовыя?

Вадзім. Паспрабуй, будзеш ведаць. (Выходзіць.)

Марфа. Абед у духоўцы. Даставай сам. Не перакулі каструльку з малаком. Іду, іду, іду! Ох і нецярплівы ў мяне зяцёк!

 

Усе пайшлі. Віктар дастае з шафы касцюм, хутка пераапранаецца. Бяжыць на кухню, вяртаецца з каструлькай, таропка есць. Падыходзіць да люстэрка, завязвае на сабе гальштук. У пярэдняй раздаецца званок. Віктар ідзе ў сенцы. Адтуль даносіцца шум вясёлай мітусні.

 

Віктар (уваходзіць з двума чамаданамі). Як хочаш. Хоць ты і брат мой старэйшы, а свіння. Хіба так можна? Паехаў — і ні слыху ні дыху...

Сяргей. Так атрымалася. А дзе ўсе?

Віктар. Толькі што паехалі. А куды — не скажу. Ух, гісторыя! Здзівішся! Не, не! Не прасі. Не скажу. Няхай табе сюрпрыз будзе. (У дзверы.) Уваходзьце, чаго ж вы засталіся ў калідоры?

Нядбайла (з'явіўсяў дзвярах). Не маю права перашкаджаць радаснай сустрэчы. Сяргей многа гаварыў пра вас.

Віктар. А гэта ён дарма. Ну, уладжвайцеся. Есці хочаце — глядзіце на кухні і ў буфеце.

Сяргей. Ты ўжо ідзеш?

Віктар. Пазнюся! Хлопцы мяне чакаюць...

Сяргей. А што ў вас такое?

Віктар. Сёння Шаркуна перавыбіраем!

Сяргей. Што ты кажаш! Цікава.

Віктар. Ну, я пабег! (Выходзіць.)

Нядбайл а. Жадаю поспеху на грамадзянскай ніве!

Сяргей. Слухай, Нядбайла, я цябе прасіў трымаць язык за зубамі.

Нядбайла. Сэр, хоць мы і адны ў гэтых камунальных палатах, не называй мяне маім дзявочым прозвішчам. Так, так! Я памяняў яго. Ты існуеш на гэтым свеце з законным пашпартам. А ў мяне...

Сяргей. Пашпарт — ліпа?

Нядбайла. Смярдзючая. Такі паскудны дакумент я ўпершыню нашу ля свайго хворага сэрца. Таму мне хутчэй трэба акапацца на заводзе. Хопіць бадзяцца! І спадзяюся, ты ўжо зразумеў, што ад мяне не схаваешся. Хоць і вялікая наша маці Расія, але схавацца няма дзе. Бо, зразумей, дружа, не адзін я тут. Не-не! Таму я цябе і не баюся. Калі што — усё роўна табе не жыць! Зразумеў? Не баюся я цябе.

Сяргей. Не, баішся. І мяне. І самога сябе. Усяго баішся. А ці доўга можна жыць такім жыццём?

Нядбайла. Што ты клапоцішся аб маім жыцці? Ты аб сваім падумай!

Сяргей. А я думаю. Увесь час думаю...

Нядбайла. Ты думай, думай! Ды толькі памятай — мяне загубіш, сам загінеш. Не, братка, звязаў нас чорт вяровачкай — нікому цяпер не развязаць! Узялі мы, братка, чужую вяроўку ды на сваю шыю! Так з гэтай вяроўкай і жыць трэба...

Сяргей. Не хачу так жыць! Зразумей гэта, калі ў цябе хоць кропля сапраўднага чалавека засталася.

Нядбайла. А калі не засталася?

Сяргей. Ну дык зацягні на сваёй шыі вяроўку гэтую! Не замінай другім жыць!

Нядбайла. Бач чаго захацеў! На ціхае жыццё шмат ахвотнікаў знойдзецца. А ты вось жыві, як лёс табе падказвае. Як абставіны патрабуюць. Прывыкай падпарадкавацца.

Сяргей. Табе?

Нядбайла. А хоць бы і мне. Нада мной жа таксама ўладары ёсць. А як жа! Людзі, братка, дзеляцца на рабоў і ўладароў. Мы з табою рабы.

Сяргей. Не! Я не раб. Гэта ты хочаш зрабіць мяне рабом. Толькі нічога ў цябе не выйдзе.

Нядбайла. А якая табе асалода быць вольным, ды ў труне?

Сяргей. Пакінь мяне палохаць труной, чуеш? Лепш не дражні!

Нядбайла. А ты мяне не дражні!

Сяргей. А ты адчапіся ад мяне. Ідзі сабе...

Нядбайла. Аб гэтым не можа быць і размовы. Ты павінен мне дапамагаць. І ты будзеш! Памятай, тваё жыццё гэта яшчэ не ўся расплата... Падумай аб сваіх родных. Аб сваім бацьку, маці, брату. Аб сваёй дачцэ...

Сяргей. Змоўкні!

Нядбайла. Гэта калі ласка. Хоць, шчыра кажучы, я супраць маўчання...

Сяргей. А я кажу — змоўкні!

Нядбайла (знімае паліто і капялюш). Мяркуючы па колькасці дзвярэй у калідоры, у гэтым камунальным раі прадугледжаны клазет і ванная? Я з асалодай наведаў бы абодва гэтыя месцы.

Сяргей. Ідзі, ідзі. Хоць там памаўчыш.

Нядбайла. Так, гэта адзінае ва ўсім свеце месца, дзе можна і памаўчаць. (Выходзіць.)

 

Застаўшыся адзін, Сяргей ходзіць па пакоі, мацае рэчы, разглядае фатаграфіі. Убачыў фатаграфію Машы і Вадзіма.

Сяргей. Ах ты разбойніца! Выскачыла ўсё-такі за свайго лыцара. А як жывеш? (Звоніць тэлефон. Сяргей уздрыгнуў, працягнуў руку да трубкі, але не ўзяў... Званок не змаўкае. Сяргей бярэ трубку.) Алё... Куды вы звоніце? Так, кватэра Кацубы. Яго няма. А хто гэта пытаецца? Ты, Шаркун? Не пазнаў. Навошта табе стары? Ну, прыехаў, прыехаў. Дзень добры. Навошта табе стары? А што такое? Ну, прыходзь, калі такая пільная патрэба...

Нядбайла (увайшоўшы, падазрона). Тэлефон? Хто?

Сяргей. Прыйдзе адзін знаёмы... Ты пры ім не вельмі язык распускай.

Нядбайла. Наадварот! Зусім наадварот! Поўная ілюзія сумленнага жыцця, да краёў напоўненага гераічнай працай на карысць дзяржаве. Сябры-цаліннікі.

Сяргей. Шэры воўк табе сябар.

Нядбайла. Людзі горшыя за ваўкоў.

Сяргей. Ат! Надакучыла мне гэтая воўчая філасофія!

Нядбайла ( дастаез чамадана закуску, бутэльку віна). Не філасофія, а найгалоўнейшы закон жыцця. Сядай, перакусім.

Сяргей. Не хачу.

Нядбайла. А я прагаладаўся.

Сяргей. Закон жыцця... Брэшаш! Няма такога закону. Я цяпер усюды пабываў. Шэф вялікае глупства зрабіў, дазволіўшы нам на яго грошы па Саюзу разгульваць.

Нядбайла. Пашкадаваў яго тугрыкі?

Сяргей. Смяюся з яго глупства. Хіба за свае грошы я змог бы аб’ездзіць усю краіну, паглядзець, як жывуць людзі, як працуюць, што будуюць?

Нядбайла. А вось гэта і цікава нашаму шэфу! На гэта тугрыкаў ён не шкадуе.

Сяргей. Ну і чорт з ім! А толькі жыццё я паглядзеў.

Нядбайла. І што ты ўбачыў?

Сяргей. А тое, што жыццё непераможнае. Зразумеў? Колькі б ні шалелі твае заакіянскія гаспадары, нічога ў іх не выйдзе! Такі народ не зламаць! І не па твайму звярынаму закону жывуць тут людзі, не-е! Яны працуюць не шкадуючы сіл, каб лепш жыць сёння, і жывуць з надзеяй на яшчэ лепшае заўтра.

Нядбайла (закусваючы). А як жа! Яны будуюць камунізм.

Сяргей. На жаль, акрамя будаўнікоў камунізма на гэтым богам праклятым свеце існуюць яшчэ і будаўнікі капіталізму.

Званок.

Нядбайла. Чорт вазьмі. Пабіць бы морду за такое нахабства...

Сяргей (накіроўваючыся ў пярэднюю). Ідзі ў той пакой.

 

Нядбайла, паслухаўшы, што адбываецца ў калідоры, ідзе ў спальню і зачыняе за сабою дзверы на ключ. Сяргей вяртаецца з Шаркуном.

 

Шаркун. Стары мне вельмі патрэбен Куды яны ўсе пайшлі?

Сяргей. Не ведаю. Віктар не сказаў...

Шаркун. Ну як ты?

Сяргей. Як бачыш...

Шаркун. Дык кажаш — цаліна! Цікава, цікава! Цяпер там снег. Мароз. Завіруха. Бураны. Паэзія!

Сяргей. Паэзія, дык давай! Чаго ж да крэсла прыляпіўся?

Шаркун. Сам я, ці што? Народ! Вось перавыберуць, тады...

Сяргей. Усё-такі могуць! А гаварыў...

Шаркун (махнуўшы рукой). Могуць! Усё яны могуць. Сітуацыя змянілася. Памятаеш гісторыю з артыкулам? Артыкул прыйшлося надрукаваць. Я прымушаны быў рэагаваць. Ледзь выкруціўся ад вымовы. А цяпер, мой дарагі сваячок, твой брат Віктар разгарнуў супраць мяне такую кампанію, што добрая палавіна членаў прафсаюза на мяне ваўкамі глядзяць. Глядзі, што могуць з’есці, не дачакаўшыся вынікаў галасавання. Усе чакаюць выступлення Віктара. Падумаеш, аратар!

Сяргей. Няўжо ад яго выступлення так многа залежыць?

Шаркун. А як жа! Час такі. Гуляем, разумееш, у дэмакратыю. Лёс вопытнага, перспектыўнага работніка залежыць ад гарлапана.

Сяргей. Брэшаш! Не ад гарлапана лёс твой залежыць, а ад рабочага чалавека! Ад гаспадара жыцця! Гаспадар жыцця Віктар Кацуба не жадае мець з табою справы. Зразумеў? Э, ні чарта ты не разумееш. І вельмі добра будзе, калі цябе з трэскам пракоцяць.

Шаркун. Ну і сямейка! Толькі не выйдзе! Шаркуна голымі рукамі не возьмеш. Ёсць у яго яшчэ порах у парахаўніцы! Мы яшчэ паваюем! (Выходзіць.)

Сяргей. Будзеш біты!

Нядбайла (выходзячы са спальні). Бойку ніколі не варта адкладваць.

Сяргей. Ды спі ты!

Нядбайла. Паспрабуй заснуць, калі ў цябе пад бокам б’юцца.

Сяргей. Хто б’ецца?

Нядбайла. Цёмныя сілы. Смешна. Ты так заўзята выкрываў гэтага таварыша, быццам ён кроўны твой вораг.

Сяргей. А калі вораг?

Нядбайла. Тады я табе не зайздрошчу. Шэф не любіць такіх жартаў. На ўсякія душэўныя непаладкі ў яго нюх востры.

Сяргей. А мне напляваць! Мне б толькі разабрацца...

Нядбайла (схапіў Сяргея загрудкі). Ты што задумаў?

Сяргей (адарваў яго рукі). Што задумаў — пры мне.

 

На вуліцы загудзеў аўтамабіль.

 

Нядбайла. Хто? Хто пад’ехаў? (Абодва кідаюцца да акна.)

Сяргей. Спакойна. Гэта мае... Вунь бацька, маці...

Нядбайла. Спадзяюся, што пры іх ты будзеш паводзіць сябе джэнтльменам... Вазьмі сябе ў рукі. Чуеш? У нашым становішчы так распускаць нервы...

 

Сяргей, адмахнуўшыся, ідзе ў пярэднюю. Нядбайла — следам за ім. Сцэна некаторы час пустая. За сцэнай — галасы і шум сустрэчы. Каця і Сяргей уводзяць Рамана Фёдаравіча. Яму млосна, але стары трымаецца. Следам ідуць Марфа Сямёнаўна і Нядбайла, які ўвесь час імкнецца дапамагчы весці Рамана Фёдаравіча. Апошнім пляцецца, падвыпіўшы, з блазнаватаю ўсмешкаю Вадзім.

 

Давайце вашу шапку. (Бярэ з рук Рамана Фёдаравіча шапку.)

 

Раман (глядзіць на Сяргея). Прыехаў... Што ж ты, га? Мы хвалюемся тут, а ад цябе ні слыху ні дыху...

Марфа. Адзін ліст напісаў, ды і ў тым адрас свой прыпісаць забыўся. Ці ты на нас злуешся за што, сынок?

Раман. Дык сказаў бы... А так хіба можна?

Сяргей. За што ж мне крыўдаваць на вас?

Нядбайла. Пасаромце, пасаромце яго! Заслужыў. Гаварыў яму: напішы дамоў. Паабяцае і забывае. Яно, вядома, вольнага часу там мала. Працы шмат. Асабліва для тых, хто ідзе наперадзе мас... (Асекся, злавіўшы позірк Сяргея.) Саромце яго, саромце!

Вадзім. Падумаеш, пісьмы! Хто цяпер піша пісьмы! Перажытак. Можна ж па тэлефоне...

Марфа. А ты памаўчы. Па тэлефоне... Сам ты гэты самы перажытак і ёсць.

Вадзім (жартуючы). Паважаная пра-прабабуля! Дазвольце вам заўважыць, што я цяпер сам бацька і ў свой адрас крытыкі не пацярплю.

Раман. Бацька... (Хоча прысесці на крэсла.) Такога б бацьку...

Каця. Вам трэба легчы...

Раман. Дай жа з сынам пагутарыць.

Сяргей. Вы кладзіцеся, і пагутарым...

 

Сяргей і Каця адводзяць Рамана Фёдаравіча ў спальню. Захапіўшы графін з вадою, следам спяшаецца Марфа Сямёнаўна. Нядбайла, жмурачыся, нядобрымі вачыма разглядае Вадзіма.

 

Нядбайла. Дык вы ўжо шчаслівы тата, аказваецца? Па старарускаму звычаю з вас належыць!

Вадзім (дастае з кішэні паліто бутэльку). Усё прадугледжана.

Нядбайла. Вы — свой у дошку! Я рад сустрэць вас на сваім цярністым шляху. (Разлажыў закусь.) Прашу! Вып’ем за здароўе новага грамадзяніна, законнага нашчадка адной шостай часткі свету! Выбачайце, род нованароджанага?

Вадзім. Хлопчык! Во мужчына! Чатыры кіло дзвесце грамаў, як у аптэцы!

Нядбайла. Хлопчык, гэта добра. Мы таксама былі хлопчыкамі. Вып’ем за хлопчыкаў, пакуль яны хлопчыкі. Калі яны вырастуць, не заўсёды хочацца за іх піць...

Вадзім. Вып’ем. (П'юць.)

Нядбайла. Другую — за прыемнае знаёмства!

Вадзім. На брудэршафт, га?

Нядбайла. Ёсць прапанова выпіць на брудэршафт. Хто «за»? (Абодва падымаюць рукі.) Хто «супраць»? Няма. Хто ўстрымаўся? Няма. Прымаецца аднагалосна. Дэмакратыя! (Выпіваюць.)

Вадзім (закусваючы). Ну, як там наша гераічная цаліна?

Нядбайла. Дыхае.

Вадзім. Ты па якой частцы штурмаваў?

Нядбайла. Культурна-масавая.

Вадзім. Дык мы калегі! Я працую ў тэатры.

Нядбайла. Артыст? Я так і думаў...

Вадзім. Сказаў! Артыст цяпер апошняя асоба ў тэатры. Я — упаўнаважаны па распаўсюджванню білетаў.

Нядбайла. Працвітаеш?

Вадзім. Дзе там! Тая ж цаліна. Адных народных — шэсць штук. Паспрабуй, пракармі такую зграю. Пры нашым рэпертуары. А хто гэта робіць? Мы! На нас трымаецца тэатр! А нас не цэняць.

Нядбайла. Трымайся, брат! Мастацтва патрабуе ахвяр.

Вадзім. За мастацтва!

Нядбайла. Можна. За яго ўжо столькі выпіта, што наша кропля не пашкодзіць.

Вадзім (разглядаючы Нядбайлу). А ты стыльны! (Узяў за адварот пінжака.) Ад той мамы?

Нядбайла. Толькі — ша! Ёсць сякія-такія знаёмствы...

Вадзім. Пазнаём, га? Пазнаёміш? Па-сяброўску!

Нядбайла. Добра. Толькі — ша!

Вадзім. Магіла!

Нядбайла. Замётана. Фінансы дазваляюць?

Вадзім. Чэсна? Фінансы пяюць рамансы. Прыйдзецца зноў прасіць доўгатэрміновую пазыку ў майго старога.

Нядбайла. Не трэба турбаваць старых. Пад маё слова можна і без грошай... Будзеш часткамі выплачваць...

Вадзім. Ну-у! Здорава! Дамовіліся?

 

Уваходзіць Марфа Сямёнаўна, шукае штосьці ў буфеце.

 

Марфа. І куды я сунула гэты валідол?

Вадзім. Паважаная, самая старажытная мая сваячка! Прашу выпіць!

Марфа. Хопіць піць!

Вадзім. За маю жонку — за нашу каралеву Марго і нашага наследнага прынца...

Марфа. Ну, панёс! Што з табою, баламутам, зробіш. За праўнука вып’ю!

 

Марфа Сямёнаўна прыгубіла чарку, узяла карабок з парашкамі і пайшла ў спальню.

Вадзім. Продкі. Можна цярпець. Бываюць, ведаеш, якія? А ў мяне, бачыш, якія карцінныя? Гістарычныя тыпы.

Нядбайла. Штосьці гэтыя гістарычныя тыпы не вельмі цябе шануюць.

Вадзім. А я пляваў! Цешча мяне паважае. Марго мяне кахае. Кропка! А ведаеш, якая яна разумная? Якая прыгожая! (Сарваў са сцяны фота.) Вось! Каралева, га?

Нядбайла. Упаўне. Шкада, без трона.

Вадзім. Эпоха! (Уключае прыёмнік.) Паслухаем музычку...

Каця (выглянула з дзвярэй спальні). Вадзім! Не шумі. Прашу цябе.

Вадзім. А, цешча! Жадаю выпіць з уласнай цешчай! (Каця зачыніла дзверы.)

Нядбайла. Не жадае.

Вадзім. Не жадаюць! Так. Ага. Нас не жадаюць. Тады пойдзем, дзе нас жадаюць. Пайшлі! Не пашкадуеш. (Абодва апранаюцца.) Я табе кажу — не пашкадуеш.

Нядбайла. Трэба папярэдзіць...

Вадзім. Цешча! Ну! Не чуюць. Гу-та-раць. Ці-ха!

 

З перабольшанай асцярожнасцю, расставіўшы рукі, на дыбачках ідзе да дзвярэй. Нядбайла — следам. Уваходзяць Сяргей і Маша.

 

Сяргей. Дачушка мая мілая! Вось ты і маці... А я дзед. (Пакланіўся.) Дзякуй табе! Ад шчырага сэрца...

Маша. Татка! Скажы... Чаму ты паехаў ад нас?. Мне так цябе не хапала гэты час. І мамка без цябе вельмі сумавала. Яна ж цябе кахае! Толькі аднаго цябе... Ты больш не паедзеш ад нас?

Сяргей. Эх... Каб ты ведала, як мне хочацца быць разам з вамі! Ніколі не пакідаць родны дом...

Маша. Больш мы з мамкай нікуды цябе не пусцім!

Сяргей. Ну, як ты жывеш са сваім рыцарам?

Маша. Добра! Ён мяне паважае, слухаецца. Вось толькі работа яго мне не падабаецца. Абяцаў пакінуць і знайсці добрую пасаду... Ён вельмі змяніўся... Хоць і дурэе іншы раз... Хлапчо!

Сяргей. Маці! Мая Маша маці!

Маша. О, я зусім цяпер іншая! Нават сама сябе не пазнаю. Як успомню, якой цацай была — не верыцца! Мо гэта ўжо старасць, ці што?

Сяргей (смяецца). Далёка табе яшчэ да старасці... Ну, вядома, крыху пасталела...

Маша. Вось падрасце мой хлопец, і пайду я працаваць на завод. Раней баялася, а цяпер лепшага месца і ўявіць сабе не магу... Ляжала я ў палаце, і там усе заводскія былі... Якія гэта жанчыны! І не ўсім жывецца лёгка, дзе там! Паверыш, мне сорамна стала, што год таму назад я шмат чаго не разумела...

Сяргей. А калі б людзі адразу ўсё разумелі, дык вельмі б сумна было. Жыццё вучыць. А бывае і мучыць...

Маша. Татка! Не муч ты сябе. Усё будзе добра. Вось паглядзіш. Мамка цябе любіць. Толькі клікні — на край свету за табою пойдзе.

Сяргей. У яе ёсць муж...

Маша. Татка! Ты ж нічога не ведаеш... Яны жывуць у розных пакоях... З таго дня, як ты прыехаў... Шаркун толькі прасіў яе, каб не адразу ў суд... Усё чакаў перавыбараў. Кажа, не выберуць больш. Зноў у цэх трэба будзе ісці. Усё спачатку пачынаць. Тады, кажа, і разыходзіцца будзем... Бо я табе не пара, кажа. Быццам маме вельмі патрэбна была яго пасада...

Сяргей. Усё гэта, дачушка, больш складана...

Маша (прыслухалася). Ой! Плача! Ты чуеш, які галасісты? Іду, іду, крыкунчык мой дарагі! (Паспешліва ідзе ў спальню. Насустрач ёй — Каця.)

Каця. Бяжы, бяжы, дачушка. Толькі не перакормлівай...

Сяргей. Як бацька?

Каця. Спіць. Не трэба было браць яго з сабою...

Марфа (уваходзіць з кухні). Як жа! Утрымаеш яго!

Каця. Дзе ж мой зяцёк? Дзе шчаслівы бацька?

Сяргей (спалохана). Дзе? Дзе яны? Я і забыў пра яго... Дзе гэты... Дзе госць? Куды яны пайшлі? (Кінуўся да дзвярэй.) Іх трэба вярнуць...

Марфа. Чаго ты хвалюешся? Маленькія яны, ці што? Ну, выпілі лішку, хай праветрацца...

Каця. Гэты твой таварыш... Не надта прыемны тып. Лепш пабыць без яго ў гэтыя хвіліны. Дзень які ў нас сёння!

Сяргей (разгублена ўсміхаецца). Сапраўды... Мая Маша маці... (Заглянуў у адкрытыя дзверы спальні.) Мая дачка корміць свайго сына! Сон нейкі... Не верыцца... Пацеха!

Марфа. Вам, мужчынам, пацеха, а нам — турботы. Кацюша, ты пасядзі, а мне ў аптэку трэба...

Марфа Сямёнаўна выходзіць.
Каця падышла да акна, прыціснулася лбом да шкла.

Сяргей (са штучнай бесклапотнасцю). Што засумавала, бабуля?

Каця (яму ў тон). Нявесела, дзядуля.

Паўза.

Сяргей (збянтэжана). Та-ак... Вось мы з табою дзядуля і бабуля...

Каця (павярнуўшыся да яго, рэзка). Ты чаго вярнуўся?

Сяргей (разгубіўся). Я думаў...

Каця. Падобна на тое, што ты развучыўся думаць. Не, я не пра сябе. Пра мяне ты можаш не думаць. Але ў цябе дачка. Родная. Яна любіць, верыць і паважае цябе. А ты паехаў, нават не развітаўшыся... Божа мой, як ты змяніўся!

Сяргей. Ты толькі цяпер заўважыла?

Каця. Пакінь гэты тон! Як не сорамна? Ты ніколі не крыўляўся...

Сяргей (горка смяецца). А ўяві сабе, што я і цяпер не крыўляюся. Што тады?

Каця. Цябе ніхто не прымушаў вяртацца зноў.

Сяргей. Ты... выганяеш мяне?

Каця. Ты сам ідзеш ад нас.

Сяргей. Каця... Паслухай! Паслухай...

Каця. Я слухаю... Сяргей! Гавары...

Сяргей. Можаш ты яшчэ крыху пацярпець?

Каця. А што зменіцца?

Сяргей. Ты мне абяцай, абяцай пачакаць. Я прашу цябе, Каця...

Каця. Я столькі чакала... Мне не прывыкаць.

Сяргей. Прабач мне за ўсё. Можаш?

Каця. Ці магу я? Ах, Сярожа... (Уваходзіць узбуджаны і вясёлы Віктар.) А вось і Віця, слаўны наш...

Сяргей. Мы ўжо бачыліся. Ну, як?

Віктар. Парадак, Каця! Можаш павіншаваць мяне. Разлажыў твайго шаноўнага мужа на абедзве лапаткі. Радуйся!

Марфа (увайшла следам за Віктарам). Вось узрадаваў! (Працягвае Каці кулёчкі.) Трымай. Тут прысыпка. А вось соска на ўсякі выпадак... Ды ты не хвалюйся, дачушка! Без працы не пакінуць...

Каця. Хоць дадому не вяртайся...

Віктар. А чаго ты?

Каця. Ах, абрыдла яго вечнае ныццё...

Марфа. Заставайся ў нас... Месца хопіць.

Каця. Не, паеду. Трэба ехаць. (Хутка выходзіць.)

Сяргей (задуменна). Значыць, правалілі Шаркуна...

Віктар. З трэскам!

Марфа. Чаго ж ты радуешся? Як жа яны цяпер на адну Каціну зарплату?!

Віктар (абхапіўшы маці за талію, кружыць). Ох і жаласлівая ты ў нас! Усіх ты шкадуеш, за ўсіх заступаешся.

Марфа. Пусці, разбойнік! І адкуль у цябе толькі сіла бярэцца? Ля станка змену адстаіць, на сходзе да ночы...

Віктар. У мяне цяпер сіл удвая прыбавілася! Таму — паверыў у сілу сваю, маці. Віцька Кацуба — токар вышэйшага разраду — усё можа! Усё!

Марфа. Сядай, чай пі, а я спаць пайду.

Віктар. Правільна! Ідзі спаць. Спі спакойна, наша маці! Ды не глядзі ты на мяне так...

Марфа. Вось дурань! (Усміхнулася.) І ўсе вы ў мяне такія. (Выходзіць.)

Сяргей. Значыць, зляцеў Шаркун?

Віктар (сеў за стол, п'ечай). Зляцеў! Добры сход быў! Мне гэтыя сходы раней — во! (Чыркануў рабром далоні пад падбародкам.) Усё стараўся як бы змыцца. А сёння зразумеў — вялі-і-ка-я сіла наш сход!

Сяргей. Слухай, Віктар... А што, калі я да вас на завод папрашуся — возьмуць?

Віктар. Вядома! Давай да нас у цэх! Будзем разам працаваць. Я цябе такарнай справе навучу. Здорава, га?

Сяргей. Угаварыў. А нашто мяне ўгаворваць? Можа для мяне гэта самае вялікае шчасце, стаць ля станка і працаваць. Ты што ж мне пра ўнука адразу не сказаў?

Віктар. Сюрпрыз! Вось табе і Маша!

 

Бярэ з этажэркі згорнутыя ў трубку чарцяжы і накіроўваецца да дзвярэй.

 

Сяргей. Ты куды?

Віктар. Пайду да Сашкі Скакуна. Усё роўна спаць не хочацца... Пасядзім, памазгуем над сваім рацыяналізатарствам. Ну, добрай табе ночы.

Сяргей. А-а... якая яна добрая...

 

Застаўшыся адзін, Сяргей у хваляванні прайшоўся па пакоі. Пастаяў ля акна, узіраючыся ў цемру. Схапіў сваё паліто, стаў паспешліва апранаць яго. Пайшоў да дзвярэй, але дзверы адчыніліся і на парозе з’явіўся Нядбайла.

 

Сяргей (злым шэптам). Ты? Як ты ўвайшоў?

Нядбайла. А я думаў, усе ўжо спяць. Не хацеў турбаваць.

Сяргей. Як ты адчыніў дзверы?

Нядбайла. Хіба гэта праблема ў наш час?

Сяргей. Дзе быў?

Нядбайла. У розных месцах, сэр.

Сяргей. Ты што задумаў, агідная твая душа? Нашто табе Вадзім?

Нядбайла. Чыста сяброўскія пабуджэнні. Хлопчыку цяжка жыць. Яго запатрабаванні перараслі яго магчымасці. Супярэчнасць!

Сяргей (наблізіўсяда Нядбайлы ўшчыльную). Ты пакінеш Вадзіма ў спакоі. Пакінь Вадзіма! Чуеш?

Нядбайла. Мне патрэбны людзі. Жывыя людзі. Са слабасцямі і недахопамі, з радзімымі плямамі капіталізму. Ты можаш гэта зразумець? Мне патрэбны жывыя людзі!

Сяргей. Не крычы. Людзі спяць.

Нядбайла. Так, спяць! У мяккіх пасцелях, на чыстых просцінах. Спяць спакойна, не ўздрыгваюць у сне і не прахопліваюцца ад самага нязначнага шораху...

Сяргей. Баязлівец! Падлюга!

Нядбайла. Так, я баязлівец! Некалькі разоў на дзень я паміраю ад страху. Я адчуваю сябе трупам. Я бачу сябе ў сырой магіле і адчуваю, як магільная тля жрэ маё цела. Але ведаеш, што я табе скажу: ты таксама труп. І не прыкідвайся, калі ласка, жывым. Не ашуквай сябе. Кінь свае перажыванні. Прадалі мы душу д’яблу, і няма нам вяртання на чыстую зямлю. Няма! (Бярэ чамадан.) Я пакідаю твой сямейны рай. Мне тут агідна. (Ад дзвярэй.) І запомні: вяртання няма! (Пайшоў.)

Сяргей (адзін). Брэшаш, гад! Я вярнуся. Няхай мёртвым, але вярнуся. Я вярнуся! Чуеш? (Хутка апранаецца.)

 

Заслона

Дзея чацвёртая

Карціна пятая

Нядзеля. У пакоі адзін Сяргей. Ён стаіць ля радыёпрыёмніка. Гучыць усхваляваны, хрыплаваты голас: «...затым нас павезлі ў Данцыг. Змясцілі ў загарадным доме. Дом стаяў у вялікім парку, які быў абнесен высокай каменнай сцяной. За гэтай сцяной пратрымалі нас два месяцы. Нас добра кармілі, прымушалі займацца фізкультурай. Асабліва боксам і стральбой з пісталета. Кожны дзень нас наведвалі розныя людзі. Прозвішча свайго яны ніколі не называлі, прадстаўляліся як госці гаспадара дома. Яны прыносілі нам газеты на рускай і беларускай мовах. Памятаю, што ў гэтай бібліятэцы было некалькі экземпляраў кнігі «Мая барацьба» Гітлера на рускай мове. «Госці» падоўгу гутарылі з намі. Размовы звычайна вяліся вакол Савецкага Саюза. Асабліва цікавіліся яны тымі месцамі, з якіх мы былі родам. Мы хутка зразумелі, у якую страшэнную пастку трапілі. Адзін з нашых таварышаў паспрабаваў вырвацца з гэтай пасткі і быў забіты, як потым пісалі ў газетах, пры невядомых абставінах. Хутка нас усіх пераправілі ў Мюнхен і прызначылі ў разведвальную школу. Так стаў я здраднікам сваёй Радзімы. Стаў ім у выніку прымусу амерыканскай ваеншчыны».

У пакой уваходзіць Віктар. У руках у яго баксёрскія рукавіцы. Сяргей выключае радыё.

 

Віктар. Што там? Зноў шпіёны каюцца?

Сяргей. Куды сабраўся?

Віктар (узмахнуў баксёрскімі рукавіцамі). На трэніроўку.

Сяргей. Зноў пацягнула?

Віктар. Ага! Крыўдна, разумееш, кідаць. Трэба ж расквітацца. І наогул, у жыцці можа спатрэбіцца. Мне ж восенню ў армію.

Сяргей. Як? Табе ўжо ў армію?

Віктар. А што? Чым не салдат? А ну, станавіся ў пазіцыю!

Сяргей. Хочаш? Ну, трымайся...

 

Сяргей і Віктар пачынаюць бой. Сяргей дакладным прафесіянальным ударам б’е Віктара. І той кулём коціцца ў кут. Здзіўлена глядзіць на Сяргея. Падымаецца, паціраючы пабітыя мясціны.

 

Віктар. Ух ты, чарцяка! Спрытна! Дзе ж ты навучыўся?

Сяргей. Навучылі...

Віктар. Сяргей! Разыграем штуку! Ідзём са мною. Я скажу трэнеру, што ты першы раз. А навічку ён перш за ўсё дае дыхту, каб, значыць, меў уяўленне, на што ідзе... А ты яму і змажаш пару разоў, га? Вось смеху будзе! Пайшлі! Ну што за радасць у нядзелю сядзець дома?

Сяргей. Няма часу. Пільная справа ёсць.

Віктар. Добра. Сядзі. Я пайшоў. Кацьку чакаеш? Так бы і сказаў...

 

Хітра падміргнуўшы, Віктар выходзіць. Сяргей, пачакаўшы, пакуль бразнулі ў пярэдняй дзверы, зноў уключыў прыёмнік... Але перадаецца ўжо музыка. Велічныя гукі паланеза Агінскага напаўняюць пакой. Сяргей ніцма кідаецца на тахту. Са спальні выходзіць Раман Фёдаравіч. За апошні час згорбіўся, калматая галава пабялела.

 

Рама н. Разбегліся? А ты зноў дома...

Сяргей. Вам трэба ляжаць.

Раман. Не пад сілу. Ляжаць чалавеку цяжэй за ўсё, аказваецца. (Прысаджваеццада стала, падсоўвае слоік з кветкамі.) Бач, якія вясёлыя! Зямлёй пахнуць. Хто ж гэта прынёс кветкі! Акрамя Каці, аматараў у нас...

Сяргей. Гэта Каця прынесла.

Раман. Каця! Ці даўно бегала такая даўганогая дзяўчынка з касічкамі, а цяпер, бач, якая важная дама... Доктарка! Свавольніца была дзяўчынка! Ад вас, хлапчукоў, не адставала... (Павярнуў галаву, слухае.) Прыгожая музыка... Цяпер я часта музыку слухаю. У доме цішыня — Віктар на заводзе, маці ў магазін пойдзе, — а я адзін і слухаю... Іншы раз так за сэрца возьме, паверыш, аж слёзы выступаюць... Да таго хораша! Гэта хто прыдумаў такую музыку?

Сяргей. Кампазітар Агінскі. Называецца — паланез.

Раман. Паланез. Прыгожае слова. Сяргей, а яшчэ такая чартаўшчына са мною робіцца. Гаварыць мне хочацца. Усё жыццё маўчальнікам быў, слова з мяне абцугамі не выцягнеш, а то хачу гаварыць, і кропка. Адзін я ў доме. Дык, паверыш, сам з сабою пачынаю размаўляць. Відаць, зусім стары Кацуба, дурнець пачаў... Яно ўжо і час! Час! Хоць наша кацубаўская парода вельмі жывучая, а хварэць надакучыла...

 

Званок. Сяргей ідзе ў сенцы і вяртаецца з Кацяй. Дапамагае зняць светлы макінтош, беражліва вешае яго на спінку крэсла.

 

Каця. Што гэта такое? Зараз жа ў пасцель! Зараз жа! (Дапамагае Раману Фёдаравічу.) Ох і дагуляецеся вы ў мяне! Дальбог, пакладу ў бальніцу.

Раман. Эх, шкада, што ў маленстве крапівой цябе не частаваў. Усё ж цяпер было б лягчэй такую катаргу пераносіць...

 

Каця вядзе Рамана Фёдаравіча ў спальню. Сяргей падыходзіць да люстэрка, зачэсвае ўскудлачаныя валасы. Задумлівы, падыходзіць да акна. Каця выйшла са спальні, ціха падыходзіць да яго. Маўчанне. Каця працягнула руку, каб пагладзіць Сяргея па валасах, але ён зварухнуўся, і яна імгненна адхапіла руку, быццам апяклася.

Сяргей. Гэта праўда, што Шаркун...

Каця. Так. Учора прыслаў па рэчы...

Сяргей. Як жа ты цяпер?

Каця. Як раней. Ты ж нічога не ведаеш... Ніхто не ведае. Мы ўжо даўно жывём паасобку. Ён утойваў. Аўтарытэт, бачыш, баяўся падмачыць. Я таксама маўчала...

Сяргей. Як ты магла?

Каця. А чаму не магла?

Сяргей. Ты ж была такая...

Каця. Якая? Скажы... Ну, якая?

Сяргей. Ты была незвычайная.

Каця. Не, Сяргей. Я была, як усе, звычайная. Проста мы кахалі адзін аднаго... А можа і не было ніякага кахання. Адна дзіцячая гульня ў каханне... Мо кахалі мы адзін у адным тое, чаго на самай справе ў нас і не было. Выдумалі саміх сябе...

Сяргей. А калі гэта і ёсць каханне?

Каця. Не! Цяпер я ведаю — не! Каб пакахаць, не трэба нічога выдумляць. Кахаеш чалавека, які ён ёсць... І гэта сапраўднае каханне. Сярожа, скажы, чаму мы з табой такія нешчаслівыя?

 

Сяргей павярнуўся да Каці, узяў яе за плечы, уважліва глядзіць у твар. Яна пакорліва замерла ў яго руках.

 

Сяргей. Што табе трэба для шчасця?

Каця. Вельмі мала. Можа і многа. Не ведаю...

Сяргей. Калі б ведаць!

Каця. Хіба ты не бачыш, Сяргей, хіба ты не бачыш?

Сяргей. Я баюся гэтаму верыць. Цяпер я баюся.

Каця. Я разумею. І нічога ад цябе не патрабую. Нічога не навязваю. Бачыш, я спакойная. Мне не сорамна. І не балюча. Я ведала, што мне ўжо не прабіцца да твайго сэрца.

Сяргей. А навошта гэта табе?

Каця. Што ты гаворыш?

Сяргей. Я не хачу рабіць табе горка, зразумей.

Каця. Горка? Мне ўсё роўна, кахаеш ты мяне ці не, зразумей! Я ведаю, ты жывеш на зямлі, ты тут, побач... Больш мне нічога не трэба.

Сяргей. Калі б ты ведала, як балюча мне слухаць усё гэта!

Каця. Але чаму? Чаму?

Сяргей. Я не маю права на каханне. Маё каханне прынясе табе гора! Я не хачу гэтага.

Каця. Але чаму гора? Каханне — гэта шчасце. Гэта заўсёды шчасце. (Сяргей застагнаў ад нейкага ўнутранага болю.) Я яшчэ да твайго ад’езду заўважыла. Цябе штосьці мучыць. Сярожа, даверся мне. Я нічога не баюся. І ты не бойся. Я гатова на любую ахвяру.

Паўза.

Сяргей. Ну, Каця, ведай, ты ўзяла на сябе вялізную ношку. Ты будзеш несці яе адна. Табе ніхто не паможа. Толькі ты адна. Зусім адна...

Каця. Я гатова. Мы разам...

Сяргей. Мяне не будзе. Ты застанешся адна.

Каця. Гавары. Няхай будзе самае страшнае...

Сяргей. Самае жудаснае. Каця, перад табой першай я вымаўляю ўголас гэтыя страшэнныя словы... Слухай жа, Каця. Я здраднік Радзімы. Перад табою вораг.

 

Паўза.

Каця. Як жа гэта?

Сяргей. Цяпер я сам часта пытаюся ў сябе: як жа гэта магло здарыцца? Але гэта здарылася...

Каця. Не гавары! Не трэба!

Сяргей. Мае мазгі атручвалі агіднай хлуснёй, плявалі ў душу. Яны хацелі хутка пазбавіць нас веры і ў Радзіму і ў саміх сябе... Там я ўсімі сродкамі цураўся гэтых прайдзісветаў. Яны дабраліся да мяне ўжо тут, на Радзіме... Цяпер я разумею, чаму яны лёгка адпусцілі мяне дамоў... Я хацеў уцячы... Але не здолеў. І вось я праехаў амаль па ўсяму Савецкаму Саюзу. Быў на цаліне, на Кахоўскім моры, на будаўніцтве Брацкай ГЭС... Я зноў бачыў наша жыццё, памяць аб якім так старанна хацелі выбіць з маёй галавы. Я ўбачыў наша жыццё яшчэ прыгажэйшым за тое, якое я памятаў. І мне стала страшна... Я павінен узняць руку на гэтае жыццё, на жыццё майго народа, маіх блізкіх і родных... Я вярнуўся ў Мінск з цвёрдым намерам прызнацца ва ўсім уладзе. Але калі зноў убачыў сваіх: цябе, Каця, хворага бацьку, пастарэлую маці, брата Віцю, калі ўбачыў Машу, маю дарагую дачку, і яе дзіця, майго ўнука, які яшчэ нічога не разумее, але ўжо чалавек, — я не здолеў... Мужнасць яшчэ раз здрадзіла мне...

Каця. Не гавары так! Нашы людзі не звяры. Шчырае раскаянне яны прымуць. Прымуць! Павер! Скажы, Сярожа... Ты ўжо... Ну...

Сяргей. Я разумею, Каця. Не, ад мяне яшчэ нічога не патрабавалі. Нічога! Але разумееш... я звязаны з чалавекам, які дзейнічае... Ён тут, у Мінску... Ён знік. Калі я не затрымаю яго, мне няма з чым вяртацца. Ён вельмі небяспечны.

Каця. Ты павінен усё расказаць. Ты сёння ж, зараз пойдзеш і ўсё раскажаш... Вось так, як расказаў мне. І не бойся. Нічога не бойся! Нам усім будзе цяжка. Вельмі цяжка. Але ты не маеш права больш ашукваць сваю Радзіму і ўсіх нас. Ты не маеш права маўчаць!

Сяргей. Дзякую табе, Каця! І што б са мною цяпер ні здарылася, я буду думаць, што ты верыла мне... Верыш?

Каця. Веру. І калі ты кахаеш мяне, не апагань гэтую веру. Ты сам цяпер ведаеш, як гэта страшна.

Сяргей. Я абяцаю табе. Ты... будзеш чакаць мяне?

Каця. Я ўжо дачакалася! Ты назаўсёды са мною. Назаўсёды, што б ні здарылася...

Сяргей. Можна цябе пацалаваць? (Беражліва цалуе ў лоб.) А цяпер ідзі. Ідзі, Каця. Я пабуду адзін. Падрыхтуюся...

Каця. Добра. Я пайду... Да пабачэння, Сярожа.

 

Павольна ідзе да дзвярэй. Павярнулася, глядзіць на Сяргея.

Сяргей. Да пабачэння, Каця. Я хачу спадзявацца...

 

Закрыўшы твар рукамі, Каця выбягае з пакоя. Сяргей імгненне стаіць нерухома, потым кідаецца да тахты, падымае верх, выцягвае чамадан і з ліхаманкавай паспешлівасцю выкідвае з яго проста на падлогу пачкі грошай, скрыначкі, флаконы, мініяцюрны фотаапарат. Загортвае ўсё выкінутае ў газеты. З бакавой кішэні дастае маленькі браўнінг, правярае яго... У гэты момант у сенцах шчоўкнуў замок. Сяргей здрыгануўся і паспешліва схаваў браўнінг у кішэню. Уваходзіць Маша. У яе на руках загорнутае дзіця. Твар яе страшны — ён быццам застыў, акамянеў. Вочы ззяюць дзвюма цёмнымі бяздоннымі ўпадзінамі. Яна глядзіць прама перад сабой, але нічога не бачыць. Марфа Сямёнаўна, якая ўвайшла следам, асцярожна, нібы сляпую, вядзе яе да тахты, усаджвае.

Марфа. Вось мы і дома. Дай малога. Пакладзем на ложак, няхай спіць, дзіцятка... Маша, дай мне дзіцё...

Маша (прыціскаючы да сябе дзіця). Не дам! Гэта мой. Сыночак мой... Не дам! Яго не дам! Хопіць... Гэта мой! Мой!

Сяргей. Што з ёю? Маша! Што здарылася?

Маша. Не трэба, не трэба! Ён мой!

Марфа. Машанька, гэта ж тата. Не пазнала? Ты паглядзі. Твой тата. Ну, дай дзіцё...

Маша. А, тата... Мілы мой тата... А я гляджу — хто гэта?

 

Марфа Сямёнаўна ўзяла дзіця і панесла яго ў спальню. Маша плача.

 

Сыночак мой...

Сяргей (схапіўшы яе за рукі). Маша! Супакойся! Машанька! Дачушка мая... Што здарылася? Скажы, што здарылася?

Маша (глядзіць на Сяргея). Што здарылася? Так. Здарылася. Татачка, мілы... Вадзіма... Мужа майго...

Сяргей. Забілі!

Маша. Ты ўжо ведаеш... Вось і ўсё... Удава я, татка. Гэта ты можаш зразумець?

Сяргей. Калі гэта... адбылося? Дзе?

 

Са спальні выходзяць Марфа Сямёнаўна і Раман Фёдаравіч.

 

Марфа. Яго знайшлі сёння раніцаю за горадам, на шашы...

Сяргей. Яго забіла машына? Так? Машына?

Маша. Татка... Якая машына? Я бачыла. Я ўсё бачыла. У яго прастрэленая галава. І на валасах... вось тут... кроў. Кроў! (Рыдае.) А твар... Твар белы, зусім белы. І вочы расплюшчаныя... Глядзіць, як жывы. Вочы ясныя такія, чыстыя. Я ніколі не бачыла... Ці, мо, увагі не звяртала. Вочы і вочы... Татка! Ведаеш, апошнія дні ён хаваў ад мяне вочы... Хаваў! Чаму? Чаму ён хаваў вочы? (Крычыць.) Чаму ён хаваў вочы?

Сяргей. Дзе ён... цяпер?

Марфа. Павезлі ў бальніцу ўскрываць. Вось яно як — увечары на сваіх нагах пайшоў, а раніцаю павезлі.

Раман. Дзе мой пінжак?

Марфа. Ты што выдумаў?

Раман. Пінжак!

Марфа. А божачка ты мой! Ну куды ты спяшаешся? Доктар абяцаў заехаць. І ўсе паедзем...

Маша. Паедзем? Куды? Туды? Я не паеду! Не паеду! Я баюся.

Марфа. Ты адпачні. Не бойся. Пойдзем. (Вядзе Машу ў спальню.)

Рама н. Што ж гэта робіцца на белым свеце, га? Што ж гэта вы, маладыя, робіце?

 

Уваходзіць Віктар. Спыніўся на парозе. Шпурнуў у кут баксёрскія рукавіцы. Падышоў да тахты, сеў побач з Сяргеем.

 

Віктар. Цёмная гісторыя. На мінулым тыдні гулялі мы ў парку з Сашам Скакуном. Зайшлі ў «Лета». Селі за столік. Гляджу — у кутку састаўленыя сталы, сядзіць за імі цёплая кампанія. Вадзім убачыў мяне, падсеў. П’яны, ледзь языком варочае. Пачаў несці бязглуздзіцу. Нічога я не разумеў, але адну фразу запомніў. Ён яе ўвесь час, як папугай, паўтараў. «Капут, — кажа, — Вадзьку. Заблытаўся Вадзька». Я кажу: ніякая халера цябе не возьме. А ён раптам быццам цвярозы стаў. Глядзіць на мяне такімі вачыма і кажа: «Возьме! І хутка». Сказаў і пайшоў...

Марфа (пад канец расказу Віктара яна выйшла са спальні). А Маша мне таксама скардзілася, што з Вадзькам штосьці робіцца незразумелае... Учора ён прызнаўся ёй, што вінен вялікую суму грошай. Гэтыя грошы трэба аддаць, інакш будзе вельмі дрэнна.

Сяргей. Каму ён вінен?

Марфа. Маша таксама дапытвалася — не прызнаўся. Пасварыліся яны... Пераапрануўся ён у свой лепшы касцюм, пагаліўся і кажа Машы: «Бывай. Можа, не вярнуся...» (У сенцах званок. Віктар ідзе адчыняць.) Машу шкада... Усё-такі кахала яна...

Раман. Шалапут. У яго на лбе было напісана, што блага скончыць...

Марфа. Позна цяпер асуджаць, Рамаша...

 

Ўваходзіць Блавацкі. Моўчкі кіўнуў галавой у знак прывітання. Цяжка апусціўся на крэсла пасярод пакоя. Маўчанне.

 

Блавацкі. Маша ў вас?

Марфа. Спіць.

Блавацкі. Яго прывезлі ўжо дадому...

Сяргей. Доктар, як гэта здарылася?

Блавацкі. Недарэчнае жыццё, недарэчная смерць... Хтосьці страляў у яго. З далёкай адлегласці прама ў скроню. Куля замежнага паходжання.

Сяргей. Дзе яна?

Блавацкі. Забраў следчы. А сына няма. Застаўся я адзін. Назаўсёды.

Марфа. Чаму ж так гаворыце, доктар? У вас унук... Людзі свае вакол...

Блавацкі. Так, так. Людзі... (Устаў.) Пойдзем? (Да Рамана Фёдаравіча.) А вам Раман Фёдаравіч, не варта...

Раман. Паеду. Нічога...

Марфа. Віця, дапамажы бацьку...

 

Усе пайшлі. Сяргей кідаецца да акна, глядзіць. Потым таропка збіраецца: апранае пінжак, правярае ў кішэнях дакументы. Падыходзіць да тэлефона, здымае трубку і пачынае набіраць нумар. Нячутна ўваходзіць Нядбайла. Паўза.

 

Нядбайла. Я бачыў, твае ўсе паехалі...

Сяргей (насоўваючыся на Нядбайлу). Навошта ты гэта зрабіў?

Нядбайла (істэрычна). А што я павінен быў рабіць? Што? Гэта ж такі гад! Рашыў мяне абвесці вакол пальца... Прыкідваўся піжонам, свойскім хлопцам, а як дайшло да справы, дык ледзь не здаў у лапы следчых. Ну і народ! Гэта ж трэба, Нядбайлу магло праваліць такое шчанё! Дык што мне было рабіць? Што? Не было ж ніякага выбару: ці я, ці ён! Я, вядома, рашыў, што лепш я, чым ён... Я больш пакутаваў на гэтым праклятым свеце, каб так, ні за панюшку тытуню, аддаць богу маю шматпакутную душу... Не-е! Я абараняў сваё жыццё! Зразумеў? Ты што? Ты што? Здурэў? Нам неабходна зараз жа змотваць вуды. Трэба знікаць, пакуль не позна! Пойдзем!

Сяргей. Нікуды мы не пойдзем!

Нядбайла. Ты што задумаў? Ідыёт! Думаеш, даруюць? Крэцін! Балда цара нябеснага! У гэтай краіне ніколі не даруюць. Чуеш? Ніколі! І помсцяць аж да сёмага калена. Я ведаю! На сабе адчуў. Павер... Пойдзем! Трэба хутчэй выбрацца з горада... Паедзем на поўнач. Там спакайней...

Сяргей. Нікуды мы больш не паедзем. Хопіць! Наездзіліся.

Нядбайла. Ты што? Звар’яцеў? Га?

Сяргей схапіў Нядбайлу. Ён вырваўся з рук Сяргея. Кінуўся да дзвярэй. Сяргей следам. Барацьба. Жорсткасць насмерць. Сяргей зверху. Б’е некалькі разоў Нядбайлу. Той слабее.

Сяргей падняўся, цяжка дыхае. Падыходзіць да тэлефона і рашуча набірае нумар.

 

Сяргей. Мне дзяжурнага... Таварыш дзяжурны? Слухайце... На кватэры па Даўгабродскай, дом 7, кватэра 5, затрыман невядомы... Што? Так, так, падазроны... Добра, буду чакаць. (Апусціў трубку.)

 

Сяргей стаіць, падняўшы галаву, нібы да чагосьці прыслухоўваецца. У пакой уваходзіць Каця. Кідаецца да Сяргея, абдымае яго.

 

Каця. Сярожа! Дарагі мой! Усё будзе добра! Я з табою... Усё будзе добра...

 

Яны стаяць, моцна абняўшыся, напружана прыслухоўваючыся. Вось к дому пад’ехала машына. Чутны крокі... Рэзкі, патрабавальны званок. Сяргей і Каця зрабілі крок насустрач.

 

Заслона