epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Васілеўскі

Любоў, надзея, вера...

Дзея першая
Дзея другая
Дзея трэцяя


Драма ў трох дзеях

 

Дзеючыя асобы:

Час

Вера

Любоў

Надзея

Васіль Корань

Сяргей Зорын

Ганна Корань

Іван Кісялёў

Аляксей Каляда

Мікола Лыкаў

Сямён Гальчэня

Нюра Люцікава

Акуліна Нічыпаровіч

Жора Цуканаў

Дэраш

Жур

Хлопцы, дзяўчаты, рабочыя

Падзеі адбываюцца ў нашы дні на будаўніцтве хімічнага камбіната.

 

Дзея першая

 

Ноч. Зорнае неба. Далёка, да ледзь акрэсленай лініі гарызонта, бяжыць роўная шырокая дарога — светлы шлях, які вядзе нас у прыгожае заўтра. Яркія сузор’і зіхацяць над дарогай з крыштальным звонам, і ў бязмежных прасторах, нібы з электронных апаратаў, нараджаецца дзіўная, незвычайная мелодыя. Мелодыя шырыцца, і ў яе ўліваюцца знаёмыя гукі — пазыўныя Спадарожніка. І тады даносіцца голас Часу...

 

Час. Вы чуеце? Гэта ў прадонні сусвету б’ецца стальное сэрца нябеснага цела, зробленага, закінутага ў касмічныя вышыні тваім геніем, слаўны савецкі чалавек. Слухай жа голас Спадарожніка! Сёння гэта мой голас, голас Часу. Чалавек! Я выклікаю цябе на душэўную і сур’ёзную размову...

 

Узнікаюць фігуры 3орына і Любы. Яны стаяць побач і глядзяць на зоркі.

 

Люба (нечакана). Загадай жаданне!

Зорын (здзіўлена). Якое жаданне?

Люба. Згарэла...

Зорын. Што згарэла?

Люба. Зорачка.

Зорын. Дзівачка. Гэта ж была твая зорачка. Сама б і задумвала.

Люба. Пакуль збярэшся з думкамі, зорачка і згарыць.

Зорын. Ты, відаць, зашмат чакаеш ад жыцця.

Люба. О, калі б спраўдзіліся ўсе мае мары!

Зорын. Мары часта астаюцца марамі.

Люба. Але ж можна жыць і аднымі імі.

Зорын. Вось я і кажу — фантазёрка ты.

Люба. Табе гэта не падабаецца?

Зорын. Шчыра сказаць?

Люба. А ты можаш быць і няшчыры?

Зорын. Я ж чалавек! Звычайны мужчына... Зямны, жывучы, хоць у партызанах жыццём і не даражыў. Я ніколі не адрываюся ад нашай матухны-зямелькі. А ты... Ты ўвесь час дзесьці там, у паднябессі.

Люба. Дык падыміся да мяне!

Зорын (уздыхнуў). Вельмі ж цяжкі груз мінулага нясу я праз жыццё...

Паўза.

Люба. Ты думаеш пра яе?

Зорын. Не магу не думаць! Яна ж ні ў чым не вінаватая.

Люба. Ну і думай! (Зіроніяй.) Ці ж я маю права забараніць?

Зорын. А калі б магла — забараніла б?

Люба. Не ведаю... Я ведаю толькі адно: люблю, люблю, люблю! І калі гэта эгаізм, чым жа я вінавата? (Памаўчаўшы.) Вось яшчэ зорачка ўпала... Не глядзі на мяне так! Я не люблю, калі мяне вывучаюць... (Раптам з напеўнай інтанацыяй пачынае чытаць вершы.)

 

О, не гляди так легко и приветно!

Я так боюсь забыться как-нибудь.

Твоей души мне глубина заветна,

В свою судьбу боюсь я заглянуть...

 

Зорын. Хто гэта?

Люба. Фет.

Зорын (задуменна). «В свою судьбу боюсь я заглянуть...» Не! Не трэба баяцца! Трэба смела ісці насустрач свайму лёсу.

Люба (з надзеяй). Тады вазьмі мяне з сабою на будаўніцтва! Вазьмі!

Зорын. Ты ж вучышся!

Люба. Няміла мне ў інстытуце, нецікава... Сяргейка! Мілы! Я хачу быць з табою, толькі з табою!

Зорын (цвёрда). Гэта немагчыма. Зразумей жа, Люба!

Люба (у роспачы). І гэта наша апошняя ноч?

Зорын. Ноч канчаецца. Глядзі, світае... Скончылася ноч!

Люба (глядзіць на неба). Не... Для мяне яна толькі пачынаецца... Завязаў ты мне белы свет. (Плача.)

Зорын. Люба, дурненькая, не трэба... Хадзем! Мяне ўжо чакаюць... Хадзем... (Выходзяць.)

 

Уваходзіць Жора Цуканаў. У руках у яго стары пацёрты чамадан і гітара. Спыніўся, глядзіць на дарогу.

 

Жора (сеўшы ўскрай дарогі і разглядваючы дакументы). «Дадзена гэта пасведчанне гр. Цуканаву Георгію Мікалаевічу ў тым, што ім закончаны шасцімесячныя курсы шафёраў і тарыфікацыйнай камісіяй Дзяржаўнай Аўтаінспекцыі нададзена яму...» (Сунуў дакумент у кішэню курткі.) Будзь здароў, гр. Цуканаў, не кашляй. Прывет! Руль у рукі — і газуй! Дарожка роўная, жыццё крывое! (Узяў гітару і з фальшывым надрывам спявае.)

 

Ходзіць Гамлет з пісталетам,

Хоча сам сябе забіць.

І стаіць пытанне прад Гамлетам:

Быць альбо не быць?..

 

Але-е... Быць альбо не быць? Вось у чым пытанне. Начхаць! Пражывём! (Падхоплівае чамадан, ускідвае гітару на плячо. Азірнуўся, уздыхнуў, памахаў рукой і знік.)

 

Убягае Вера. На ёй чорны шынель фабрычна-заводскай вучаніцы, на пышных залацістых валасах — чорны берэт.

 

Вера. Вось яна, дарога! Роўненькая, простая! Па такой ісці ды ісці! Далёка-далёка!

Каляда (ідзе следам, пакульгваючы,абапіраючысяна палку). Не вельмі радуйся, сястрычка. Яна хоць і простая, але ісці па ёйцяжка. Сцеражыся, каб не збочыць.

Вера. Добры мой брацік, ты за мяне не бойся. Вера Каляда не збочыць. Ніколі! Хапіла мне гора сіратою гадаваўшыся, а цяпер можна і парадавацца!

Каляда. Цяпер мы будзем разам. Дай руку. Вялікая справа чакае нас. (Узяўшыся за рукі, выходзяць.)

 

Уваходзяць Корань і Ганна. Абое задуменныя, маркотныя. Спыняюцца, глядзяць, як на ўсходзе разгараецца неба.

 

Ганна. Сядзем пасядзім... (Садзяцца.)

Корань. Вось я думаю, чаму нам так часта прыходзіцца развітвацца. Гады ж ідуць...

Ганна (уздыхнуўшы). Ідуць...

Корань. Жыць бы і працаваць разам... Каб ведаў, што ты такая, не жаніўся б.

Ганна (усміхаецца). А мне здаецца, што толькі таму і жаніўся. Ты лепш глядзі Любу, нешта яна зусім ад рук адбілася. Думкі дзявочыя — цёмны лес.

Корань. А скажы, хто за намі глядзеў? Нічога, скончыць інстытут, пачне працаваць, дарогу знойдзе.

Ганна. Ох, боязна мне за яе!

Корань. А я за яе зусім спакойны.

Ганна (дакараючы). Ты за ўсіх спакойны... Мне гаварылі, што ў міністэрстве амаль усе супроць Зорына і толькі ты адзін заўзята яго бараніў. А калі падвядзе? Кіраўнік ён яшчэ малады, гарачы...

Корань. Але здольны. І не адзін жа ён на будаўніцтве. Такую гвардыю туды рушылі. Хі-мі-я. Слова ж якое!

Ганна. І Дэраш даў згоду к Зорыну намеснікам?

Корань. А што яму аставалася рабіць? Няхай дзякуе і за гэта... А вось табе, Ганначка, можна было б...

Ганна. Не-не! Сам гаворыш — вялікая будоўля. І для ўрача там месца знойдзецца.

Корань (замілавана). Эх, старэнькая мая энтузіястка! Як убачыў цябе першы раз стрыжанай у юнг-штурмаўцы на камсамольскім суботніку, такой ты і асталася на ўсё жыццё...

Ганна. І ты для мяне не змяніўся. (Абняліся.)

Корань. Што ж гэта Люба позніцца?

Ганна. Можа яна і не прыйдзе?..

Корань. Чаму?

Ганна. Ёсць прычына...

Корань. Значыцца, гэта праўда?

Ганна. Праўда.

Корань. Што ж ты мне раней не гаварыла?

Ганна. Я сама не ведала.

Корань. А! Мімалётнае захапленне. Ён паедзе на будоўлю, а яна агледзіцца — і пройдзе гэты чад.

Ганна. Можа... Але ж хочацца, каб яна была шчаслівая.

Корань. Шчасце... А ведаеш, што ў наш век трэба для сапраўднага чалавечага шчасця? Любіць, спадзявацца і верыць.

Ганна (задумаўшыся). Любоў, надзея, вера...

Голас Часу. Любоў, надзея, вера...

 

У музыцы тэма Часу. Спачатку гучыць яна ў струнных інструментах. Мякка, лірычна. Потым чуваць некалькі глухіх, трывожных акордаў, але іх перамагае светлая, радасная мелодыя. Корань і Ганна глядзяць на дарогу.

І вось дарога нібы знікае ў прасторах Часу. Усходзіць сонца. Сціхае музыка. Паступова вырысоўваюцца контуры інтэрната будаўнікоў хімкамбіната. Хоць ён ужо і заселен, але не закончан. У кутку прасторнага вестыбюля яшчэ стаяць сталюгі: ён пабелены толькі напалавіну. Мэбля расстаўлена абы-як, відаць, нядаўна прывезлі, частка яе яшчэ не распакавана. Вокны без фіранак. Замест іх — старыя пажаўцелыя газеты. А за вокнамі шырока раскінулася вялікая будаўнічая пляцоўка.

Ноч, але на мачтах гараць пражэктары, чырвоным колерам выбліскваюць сігнальныя агні на стрэлах будаўнічых кранаў — работа не спыняецца і ўночы. І таму, што за вокнамі жывы, кіпучы свет, тут, у вестыбюлі недабудаванага інтэрната, асабліва непрытульна і маркотна. Ледзь відна ў змроку лесвіца на другі паверх, цьмяная лямпачка гарыць толькі пад лесвіцаю — тут адгароджаны куток для дзяжурнага. Цёмна ў двух пакоях інтэрната, размешчаных па правы і па левы бок вестыбюля. За бар’ерам, палажыўшы галаву на край стала, моцна храпе Акуліна. Стукае маятнік сценнага гадзінніка. Цішыня і спакой. Але вось з другога паверха сходзяць уніз некалькі хлопцаў з чамаданамі і куфэркамі. Спыняюцца сярод вестыбюля, азіраюцца, нібы развітваючыся з тым месцам, дзе яны жылі некаторы час. Настрой у іх пануры, прыгнечаны.

Мікола (з няшчырай бесклапотнасцю). Бывайце здаровы, жывіце багата, а мы ўжо...

Сямён. Ціха ты! Спяць жа...

Мікола (зірнуўшы на Акуліну). А ёй хоць з гарматы над вухам страляй... Цётка Акуліна!

Акуліна (прачынаючыся). Чаго табе?

Мікола. Спіш ты, цётка, як пшаніцу прадаўшы!

Акуліна. А ну цябе, баламут... Чаго вы сярод ночы?

Мікола. На шпацыр сабраліся, цётачка.

Акуліна. Э-э! Уцякаць надумаліся... Ну і чорт вас бяры! Без вас спакайней будзе. (Шпурнула ключы на стол.) Можаце!.. На ўсе чатыры бакі!.. Летуны бессаромныя...

Сямён (бярэ ключ). Не лайся, цётка... І без цябе моташна. (Да хлопцаў.) Пайшлі!

 

Хлопцы кіруюцца да дзвярэй. На лесвіцы з’яўляецца Кісялёў. Ён без рэчаў, пінжак вісіць на плячы.

 

Кісялёў. Стойце, хлопцы!

 

Хлопцы аглядваюцца на Кісялёва.

Пачакайце!

Сямён. Што ж гэта ты? Познімся!

Кісялёў (спускаючыся ўніз). Хлопцы... Не магу!

Сямён. Ты што? Сам жа...

Кісялёў. Сам! А не магу. Учора першая шахта соль пачала даваць. Падумаць трэба, хлопцы.

Сямён. Мы падумалі. А от пра нас не падумалі. (Падыходзіць да Кісялёва.) Іван, друг... Ты што ж гэта? Пакідаеш нас?

Кісялёў. Я сур’ёзна.

Мікола (вывернуў кішэні). Які ж тут сур’ёз, калі ў кішэні вецер гуляе?

 

Па лесвіцы спускаецца Дэраш і падыходзіць да хлопцаў, следам за ім бяжыць трушком заспаны Жур. Дэраш дастае з фрэнча, накінутага на сарочку, грошы і працягвае іх Міколу, які ўсё яшчэ выварочвае пустыя кішэні.

Дэраш. На! Трымай!

Мікола. Міласціны не бяру.

Сямён. Не строй з сябе дабрадзея, начальнічак!

Кісялёў. Доўга думаў, таварыш Дэраш?

Жур (да Дэраша), Ён, ён... Сам чуў, як дамаўляліся. Брыгадзір, называецца. Анархія!

Мікола. Сам ты анархія!

Кісялёў. Не задзірайся, Мікола.

Дэраш. Дурні. (Стукае ў пакой да Зорына.) Спіш, таварыш Зорын? Салодкія сны бачыш? Уставай!

Акуліна (уздыхае). Хоць бы далі падрамаць чалавеку. А другой гадзіне лёг.

З’яўляецца Зорын.

Зорын. Што такое?

Мікола. Глядзі! Не разумее.

Сямён. Прыкідваецца.

Дэраш (да Кісялёва). Гавары, куды народ вядзеш?

Кісялёў. На станцыю.

Мікола. Пакрыўджаны рабочы клас.

Дэраш (гнеўна). Рвач ты, а не рабочы клас.

Кісялёў. Таварыш намеснік, гэта вы дарэмна. Я ў сваёй брыгадзе рвачоў не трымаю.

Сямён. А ну іх! Хадзем, хлопцы!

Зорын. Што такое, пытаю?

Дэраш. Працаваць не хочуць. Гультаі, абібокі!

Сямён. Гэта мы гультаі?! Ты работу давай!

Зорын. Работы непачаты край!

Кісялёў. Вось што, начальнік. Не магу я ў вочы хлопцам глядзець. Механізмы прастойваюць. Грошай у хлопцаў ні капейкі.

Сямён (да Зорына). Таварыш начальнік, дазвольце запытацца. Колькі вы ў гэтым месяцы пеці-меці агрэблі?

Зорын (ухіляючыся). Колькі належыць, столькі і агроб.

Сямён. А іменна? Колькі соцень?

Зорын. Ну-у... дзве.

Сямён. Чулі, грамадзяне рабочы клас?

Кісялёў. І мы б маглі, каб быў толк на будоўлі.

Мікола. Гэта каб быў толк, а раз яго няма — адлічылі мне адзінаццаць рублікаў, нават за бяздзетнасць не ўзялі. Па такім заробку жыў будзеш, а дзяцей...

Сямён. Такія грошы я дзе хочаш зарабіў бы.

Дэраш. Па доўгі рубель прыехаў?

Сямён. А што? Стымул!

Дэраш. Будаўнікі, называецца. Цьфу! Распуста! Прывыклі на гатовенькае.

Сямён. Вербавалі — горы залатыя абяцалі...

Зорын. Няпраўда! Не абяцаў я залатых гор, а ствараць іх клікаў!

Дэраш. А каб ствараць, папацець трэба.

Сямён. Пацеем! Толькі ад бязладдзя.

Мікола. Клуб абяцалі. А ён вышэй фундамента ніяк падняцца не можа.

Дэраш. Клуб! Падумаеш, — праблема!

Мікола. А што? Мне і клуб і народны тэатр трэба. А як жа! Я ж табе не лапцюжнік які-небудзь, а кваліфікаваны рабочы... Дрэнныя вы арганізатары, вось што я вам скажу, таварышы начальнікі.

Дэраш. А гэта не твайго розуму справа. Смаркач ты яшчэ вучыць. Ці абсохла малако на губах?

Кісялёў. Вось што, таварышы начальнікі! У вас свой розум, а ў нас свой. Савецкі Саюз вялікі. І работы — абы толькі ахвота!

Дэраш. Вось і будуй камунізм з такімі кісялямі.

Зорын. Слухайце, хлопцы, ну чаго вы? Давайце па-добраму.

Кісялёў. А табе, таварыш Зорын, скажу — чалавек ты можа і добры. А толькі нецікава мне з табой будаваць. Уткнуў вочы ў зямлю і далей свайго носа не бачыш. Не па сіле ношу на сябе ўзваліў. Мая брыгада калісьці грымела! А цяпер... Ганьба!

Зорын. Чакайце, чакайце... Таварышы!

Дэраш. А я кажу — даволі ліберальнічаць! Слухай, Кісель...

Кісялёў. Між іншым, прозвішча маё — Кісялёў. Іван Мацвеевіч Кісялёў. Вось так. Бывайце здаровы.

Мікола. Жывіце багата!

 

Хлопцы выходзяць. Прыкрае маўчанне. Кісялёў, махнуўшы рукою, ідзе следам за хлопцамі. Жур шмыгануў на другі паверх. Зорын і Дэраш астаюцца адны.

 

Дэраш. Ты бачыў? Зусім ад рук адбіўся народ. Як яны з намі гаварылі! Гэта ж развал, поўны развал! А ты, таварыш Зорын, не ў той бок гнеш. Няма ў цябе хваткі.

Зорын (насмешліва). А што, калі сапраўды няма?

Дэраш. Раз начальнікам прызначылі, павінна быць.

Зорын. І што ты раіш?

Дэраш. Быць строгім і рашучым. Мы як будавалі? Гадамі ў зямлянках жылі. Кавалак звычайнага мыла — самая высокая прэмія за ўдарную работу! І цярпелі!

Зорын. Цяпер жа не той час!

Дэраш. І цярпелі!..

Трывожна завыла сірэна. Усе насцярожыліся.

Акуліна. А божа! Няўжо бяда якая?

Дэраш. Не каркай!

 

З вуліцы ўбягае Каляда. На ім інжынерская куртка. Ён цяжка дыхае. Хоча нешта сказаць і не можа. Зорын хапае яго за грудзі.

 

Зорын. Што здарылася?

Каляда. Прарвала!.. Плывуны!.. Шахту залівае...

Зорын. Якія плывуны? Чаму прарвала? Каляда. Хутчэй!.. Не пытайся... Потым!

Зорын. Гавары, душа з цябе вон! За праходку ты адказваеш, у цябе і пытаюся!

Каляда. І адкажу, калі вінаваты. Трэба людзей... і доктара.

 

На лесвіцы з’яўляюцца Ганна і Жур.

Ганна. Я тут!

Зорын (спужаўшыся). Як? Есць ахвяры?

Каляда. Калі няма, дык могуць быць. Гэта ж... стыхія!

Ганна. Я зараз! (Бяжыць наверх.)

Зорын (разгублена). Што ж гэта такое? Я ж кожны цюбінг сам праверыў, са штрэкаў не вылазіў...

Каляда. Кажу, стыхія! (Да Жура.) Слухай ... Як гэта ў пакой да дзяўчат прабрацца?

Жур. Што гэта табе раптам... да дзяўчат?

Каляда. Ідзі ты к чорту! Сястра зусім голая... Прыбегла проста з танцулек у лёгенькай сукенцы і ў шахту кінулася... Адзежу б ёй якую...

Акуліна. Хадзем!

 

Акуліна адчыняе пакой дзяўчат і заходзіць туды разам з Калядой.

 

Дэраш (да Зорына, шматзначна). Усё гэта звенні аднаго ланцуга. Май на ўвазе...

Зорын. Ох, разарву я гэты ланцуг, разарву! (Спяшаецца да выхада.)

Дэраш (услед). Пазнавата рваць сабраўся. (Выходзіць.)

 

Інтэрнат апусцеў. Дзверы адчынены насцеж, і на парозе з’яўляецца Люба з чамаданам у руцэ.

 

Люба (аглядаючыся). Людзі! Хто тут ёсць? Нікога. Як у лесе. Адзін гэты дом на чалавечае жыллё падобны... і ні душы. Я да людзей, а яны ад мяне. (Глядзіць у акно.) Світае. (Пазяхнула.) Фу! Спаць хочацца страшэнна. (Апускаецца ў крэсла, мармыча.) Палову жыцця спім і ніяк адаспацца не можам... Якое глупства!

Акуліна (з'яўляючысяз калідора). А божа! І як улезла? (Бярэ Любу за плячо.) Эй, грамадзянка! Прыехалі!

Люба (расплюшчыўшы вочы). Прыехалі? Куды?

Акуліна. А табе куды трэба?

Люба. Сюды.

Акуліна. Камандзіровачная?

Люба. Не.

Акуліна. Па камсамольскай пуцёўцы?

Люба. Не. Сама па сабе.

Акуліна. Цяпер так не бывае. Аслабані жылплошчу. Тут толькі для начальства і перадавікоў. Бач, расселася! Не для цябе мэбля!

Люба. А куды ж мне?

Акуліна. У кантору ідзі. Начальства разбярэцца. Ездзяць тут усякія фіфы. Круць-верць хвастом і — фью! Толькі яе і бачылі. Адна цякучасць праз вас...

Люба. Цякучасць? Якая цякучасць?

Акуліна. Цякучасць кадраў. Вось якая. Дзе твае рэчы? Памагу да парога данесці.

Люба. Нікуды я адсюль не пайду. Мне патрэбен начальнік будаўніцтва таварыш Зорын.

Акуліна. А ты хто яму?

Люба (рашуча). Хто? Жонка.

Акуліна (недаверліва). Жонка? (Прыглядаецца.) Я ў яго пакоі кожны дзень прыбіраю. На стале фатаграфія ў рамцы. Аніколечкі не падобна!

Люба. Змянілася, відаць.

Акуліна. Бывае, бывае... І мяняюцца, і мяняюць. Толькі без яго я цябе ў пакой усё роўна не пушчу.

Люба. А я і не спяшаюся. Дзе ў вас памыцца можна?

Акуліна. Хадзем пакажу.

 

Люба дастае з чамадана ручнік, ідзе следам за Акулінай. З вуліцы ўваходзіць Жур. На твары ў яго давольная, яхідная ўсмешачка.

 

Жур. Вось гэта факцікі! Як ні прыкінь, а Зорыну труба. Разгільдзяйства — раз, недагляд — два, бяздушнасць да людзей — тры... Таго трошкі, таго трошкі — і анкета на ўсё астатняе жыццё сапсаваная. Ай-яй-яй! Квартальны план усяго на сорак тры працэнцікі, дзяржаўныя грошыкі замарожаны... матэрыялаў няма, рабочыя ўцякаюць. Ай-яй-яй! Што робіцца! Труба! Капцы на месцы! Нядоўга ён будзе мяне ў чорным целе трымаць. А калі Цімафея Фядотавіча начальнікам прызначаць, бо каго ж больш? То пойдзе ў гору і таварыш Жур. Пойдзе!

 

З вуліцы ўваходзіць Жора Цуканаў, адзеты з прэтэнзіяй на франтаватасць.
У зубах папяроса.

 

Жора (нядбайна махнуўшы рукою). Былой наменклатуры — наша персанальнае!

Жур (хмурачыся). Трапло ты пустапарожняе. І як гэта цябе начальства цярпіць каля сябе?

Жора. Узаемна. Яно мяне, а я яго. (Нахіліўся, ціха.) У багажніку ваша кантрабанда, грамадзянін быт.

Жур (паспешна). Цвікі?

Жора. Першага гатунку. Хоць у труну заганяй. Цэлая скрынка.

Жур (нездаволена). Начарта мне скрынка! Я ж прасіў...

Жора. Буду я на драбязе пэцкаць сваё крыштальна чыстае сумленне. Кепска вы ведаеце Жору Цуканава, будучы грамадзянін падсудны. І, між намі, дзяўчаткамі, кажучы, тугрыкі на бочку.

 

Уздыхнуўшы, Жур дастае кашалёк, корпаецца ў ім, працягвае Жору грошы.

 

Усяго?

Жур (даючы яшчэ некалькі паперак). Грабіш, Цуканаў! Бязбожна грабіш!

Жора. Вы ж, можа, не дзяржава.

Жур. Ох, звязаўся я з табою сабе на бяду! Хадзем, завязеш да мяне.

Жора. Айн мамент! Перш чым кідацца ў прорву злачынства, хачу пабачыцца з каханай дзяўчынай. (Стукае ў вушак дзвярэй да дзяўчат.) Вера, Верачка! Радасць мая халасцяцкая! Зірні на ахвяру ўласных пачуццяў. Адгукніся! Пачуй мяне, харошая... Ах, якая бяздушнасць!.. А можа, я загіну ў дарозе пры выкананні службовых абавязкаў... Урэжуся ў сустрэчны транспарт... (Спявае.) «И никто не узнает, где могилка моя...»

Жур. Дурань! Там нікога няма.

Жора (збянтэжана). А я... рэпецірую.

 

Жур і Жора выходзяць.

Світае. Каля дзвярэй з’яўляюцца Вера і Нюра. Выхадныя плацці ў гразі, падраныя. На плячах целагрэйкі. Нюра ледзь трымаецца на нагах. Дзяўчаты ўваходзяць у свой пакой. Нюра, як сляпая, дабіраецца да свайго ложка, валіцца на пасцель.

 

Вера (смяецца). Ну і ночка! А ты, дзеўка, зусім расклеілася. Кволыя вы нейкія... Чуць што, дык і лапкі ўгору!

Нюра (жаласна). Ну, што ты з мяне насміхаешся?

Вера. Смешна! (Заходзіць за шырму, адкручвае кран.) Ух і вадзічка сцюдзёная! Проста як з крыніцы. У нас за дзетдомам дуброва была, а ў ёй крыніца... Мы туды бегалі кветкі рваць. Такая слаўная крынічка...

Нюра (разглядвае свае рукі). Ой, ручкі мае, ручанькі-і-і...

Вера (выходзіць з-за шырмы ў халаце, з распушчанымі валасамі). Нічога, жывая будзеш! Ідзі спаласніся.

 

Нюра паслухмяна ідзе за шырму.

 

Ну і ночка! Як заліло мяне вадою — прапала, думаю. Каб не брат, захлынулася б. Выцягнуў, як утопленую. (Смяецца.) А Кісялёў са сваімі хлопцамі — бачыла? Так дружна ўзяліся... Між іншым, ён усё на цябе паглядаў. Вачэй не зводзіў: а раптам нырца дасі... Ох і любіць жа ён цябе, Нюра!

Нюра (выходзіць з-за шырмы). Падумаеш, патрэбен ён мне!

Вера. Дарэмна фыркаеш. З такім не прападзеш. (Дастае з тумбачкі ежу.) Зараз перакусім і — спаць. Хочаш, чарачку дам? Ад Жоры Цуканава капелька асталася. Нацадзіць? Кажуць, памагае. (Узяла з падаконніка бутэльку, наліла трошкі ў шклянку.) Пі! Толькі адразу. Як рыцыну.

 

Нюра глытнула і папярхнулася.

 

Дзіўлюся! І які ў ёй смак мужчыны знаходзяць? Цьфу! Ты закусвай, закусвай! Сама бяры. Рэж больш.

 

Нюра раптам заплакала.

 

Чаго румзаеш? Хопіць на сёння вады.

Нюра. Ну, чаго ты прычапілася як смала?

Вера (суха). А чаго ехала сюды? Думала, на будоўлі так сабе — хаханькі? Сядзела б дома на печы. У цябе ж і бацька, і маці...

Нюра. Бацька! Маці! Ёсць жа яшчэ разумныя дзядзькі там. (Падняла вочы.) Прыдумалі ж: у інстытут з вытворчасці прымаць.

Вера. І правільна! А то прыязджала тут да нас адна інжынерка... Смех і грэх! Збегла праз тыдзень. А я вось з самага першага дня — і нічога! Трымаюся.

Нюра. Табе што? Ты прывыкла. А я не магу. Не магу... Ах, Вера! Ты проста не бачыла другога жыцця.

Вера. Бачыла. Усё бачыла. А толькі не зайздрошчу я тым, што на шыі ў бацькоў сядзяць альбо за мужаву спіну хаваюцца. Сама праб’юся. Я — работніца, і ў гэтым мая гордасць. І нікому ў крыўду сябе не дам!

Нюра. А чаму ж ты Жору Цуканаву дазваляеш?

Вера. Ну і што? Ён /мне падабаецца.

Нюра. Ён многім падабаецца. А я б яму такому вочы выдрала.

Вера. І мне ён часамі агідны. Але ведаеш, Нюра... Ёсць у ім нешта чалавечнае...

Нюра. Морда прыгожая, вось і ўся яго чалавечнасць. (Падымаецца з-за стала.) Ох, як усё баліць! Мабыць, я захварэю. (Ідзе да ложка.)

Вера. Эх! І да чаго ж вы, татавы ды маміны, да жыцця не прыстасаваны. Але нічога! Жыццё — нянька добрая. Выняньчыць!

 

За вокнамі развіднела. Перапэцканыя, у мокрай адзежы, уваходзяць хлопцы з брыгады Кісялёва, паволі падымаюцца на другі паверх. Мікола спыніўся на верхняй пляцоўцы, дэкламуе.

 

Мікола. «Мой родны кут, як ты мне мілы! Забыць цябе не маю сілы...» Якуб Колас. «Новая зямля».

Сямён. Цішэй ты! Артыст з пагарэлага тэатра...

 

З вуліцы ўваходзяць Зорын і Кісялёў. У Зорына абвязаны лоб.
Спыніліся, закурваюць.

 

Зорын (прыціснуўшы далонь да скроні). Чорт...

Кісялёў (спагадліва). Вельмі трэба было першаму туды лезці?

Зорын. Трэба, брат!

Кісялёў. Навошта? У камандзіра сваё месца ёсць.

Зорын. Калі гарыць — яго месца ў агні. А хіба ты з хлопцамі не рызыкаваў? Сёння ж вынесу падзяку ў загадзе. Малайчына! Але ж (уважліва паглядзеў на Кісялёва)... ці перадумаў?

Кісялёў. Перадумаў.

Зорын. Правільна. І давай жыць мірна.

Кісялёў. Мірна? Не.

Зорын. Тады... не затрымліваю.

Жора (заглядвае ў дзверы з вуліцы). Таварыш начальнік, паедзем яшчэ куды? Перакусіць бы вінегрэту якога...

Зорын (зірнуў на ручны гадзіннік). Даю трыццаць мінут. На станцыю паедзем.

 

Жора хаваецца.

 

Так што... не затрымліваю, Кісялёў. Магу нават да станцыі падкінуць.

Кісялёў. Нікуды я не паеду. Пагарачыліся. Дэраш, намеснік твой, дапёк. Але я думаю так: павінны ж прыняць нейкія меры, раз ты не спраўляешся. А як жа? Закон нашага жыцця!

Зорын. Вось які ты, Кісялёў!

Кісялёў. Такі!

Зорын. Ну-ну.

Кісялёў. Пакрыўдзіўся, начальнік?

Зорын. А ты як думаеш?

Кісялёў. Думаю, што чэсны камуніст не павінен крыўдзіцца на праўду.

Зорын. Правільна думаеш. Што ж! Можа і дачакаешся — будзе табе новы начальнік.

Кісялёў. Мне не начальнік, мне парадак патрэбен.

 

Шпурнуўшы недакурак у сметніцу, Кісялёў падымаецца на другі паверх. Зорын нервова курыць. Стаіць, задумаўшыся. Уваходзіць Люба.

 

Люба. Сяргей... Сяргейка! (Кінулася да яго.) Мілы!

Зорын (уражаны). Ты? Тут? Што здарылася? Чаго ты прыехала?

Люба. Па шчасце.

Зорын. Ты... кінула інстытут?

Люба. Пацалуй жа мяне!

Зорын. Дзеля гэтага ты і прыехала?

Люба. І дзеля гэтага. (Цалуюцца.)

Зорын (бярэ Любін чамадан). Хадзем да мяне.

 

Люба ідзе следам за Зорыным і спыняецца ў дзвярах.

 

Што ж ты стала каля парога?

Люба. Пераступіць парог не так лёгка.

 

Абое ўваходзяць у пакой.

Вось так ты і жывеш?

Зорын. Так і жыву.

Люба. І ты хацеў прагнаць мяне?

Зорын. Думаеш, нам будзе лягчэй удваіх?

Люба (ускінуўшы рукі яму на плечы). Не ведаю, лягчэй ці цяжэй... Мне ўсё роўна. (Прыслухоўваецца.) Чуеш?

Зорын. Нехта ходзіць наверсе...

Люба. Гэта наша шчасце! Яно тут! Яно просіцца да нас у дом!

 

Люба падбягае да дзвярэй і адчыняе іх. Жур, які падслухоўваў каля дзвярэй, схапіўшыся за лоб, адыходзіць да лесвіцы. Збянтэжаная Люба глядзіць на Зорына.

 

Зорын (горка ўсміхнуўшыся). Пакуль тое шчасце, дык няшчасце ўжо тут.

Люба. Не-не! Мы абаронім сваё шчасце. (Туліцца да Зорына.)

 

Жур, паціраючы рукі, ідзе да выхада.

Жур. А вось і новы факт — бытавое разлажэнне.

 

Зорын адышоў да акна, разгублена кудлачыць свой чуб. Люба стаіць сярод пакоя, прыціскаючы да грудзей сашчэпленыя рукі.

 

Люба (з запалам). Што я магу зрабіць, калі такі свет! Калі адзін чалавек можа стаць для цябе ўсім: і жыццём, і розумам, і радасцю, і жаданнем!

Зорын. Ты думаеш толькі пра сябе.

Люба. Я думаю толькі пра цябе! Толькі пра цябе! Скажы — любіш? Любіш?

Зорын. Калі скажу не люблю — паедзеш?

Люба. Не! (Кідаецца да яго, абняла за шыю.) Сяргейка, я не магу без цябе!.. Я буду разам з табою... Пайду на самую цяжкую работу. Толькі не гані мяне...

Зорын (уздыхнуўшы). Калі б я мог... Цяжка нам будзе, ох цяжка.

 

З вуліцы ў вестыбюль уваходзіць усхваляваная Ганна. За ёю — Жур. Лёгкі шаль упаў з плячэй — не заўважыла. Кінулася да пакоя Зорына.

 

Жур. Там, там! Сам бачыў. Карцінка, я вам скажу! Казка! Тысяча і адна ноч...

 

Ганна рашуча адчыняе дзверы ў пакой Зорына. Люба і Зорын стаяць абняўшыся, са здзіўленнем глядзяць на Ганну. Ганна ў замяшанні прыхілілася да вушака.

 

Ганна. Люба! Дачушка!

Люба. Мама!

Ганна. Лепш аслепнуць, чым убачыць гэтакае.

Люба. Мамачка, паслухай...

Ганна. Маўчы! Зараз жа выйдзі адгэтуль! Чуеш? Зараз жа!

Люба. Мамачка! (У роспачы.) Не чую і слухаць не хачу.

Паўза.

Ганна (падышоўшы да Зорына). Сяргей! Прашу цябе... Апамятайся...

Зорын (тужліва). Ганна Рыгораўна! Зразумейце!.. Я люблю...

Ганна. А Надзя? Ты ж жанаты! Як ты смеў разлюбіць Надзю? Ты ж з ёю ўвесь фронт прайшоў. Разлюбіць Надзю! І гэта ты, ты! Не магу паверыць, Сяргей. Апамятайся, прашу цябе. Не губі дзяўчыны.

Люба. Мама!

Ганна. Маўчы. Распусцілася!.. Як вы не разумееце? Вы ж абое будзеце няшчасныя. Гэта ваша дурасць пройдзе.

Люба (цвёрда). Гэта не дурасць, мама.

Ганна. Маўчы.

Зорын. А калі б Люба не была вашай дачкой?

Ганна (упарта). Усё роўна!

Люба. Мама! Ты добрая... і такая бессардэчная!

Ганна. Я маці!

Зорын (стомлена). Рабіце, што хочаце. Праўда на вашым баку. Але я люблю, і ніхто — чуеце? — ніхто не адбярэ ў мяне права любіць.

Ганна. Ах, які ты эгаіст! Хто табе даў права на такую любоў? Хто? Маўчыш?

 

Люба падышла да Зорына, абняла, прытулілася да яго. Ганна ў знямозе апусцілася на канапу, плача. Зацямненне. Парывістая бурная мелодыя. У навальнічным небе клубяцца хмары.

 

Час. Шчасце. Звычайнае чалавечае шчасце... Колькі сіл, натхнення, адвагі і баязлівасці, волі і бязволля штодзённа праяўляе чалавек у пошуках шчасця! Чалавек упарта верыць у шчасце, нават калі яго абяцаюць на тым свеце. І кожнаму хочацца ведаць, што рабіць, як жыць, каб шчасце не абмінула яго...

 

Музыка сціхае. Сонечная раніца. Вестыбюль інтэрната. У расхінутым плашчы шпарка ўваходзіць Дэраш. Следам за ім подбежкам — Жур. Скінуўшы шапку, Дэраш абмахваецца ёю, як веерам.

 

Дэраш. Фу! Горача!

Жур. Афрыка. Дык вы кажаце, едзе?

Дэраш. Едзе. Вось і прыехалі да нашага калодзежа напіцца!

Жур. Дачакаліся!

З вуліцы чуваць шум аўтамашыны.

Мабыць, ён! (Падбягае да акна. Расчаравана.) Не, не ён... Жонка яго на сваім санітарным драндулеце падкаціла...

Дэраш. Гануля? Ты вось што... (Робіць Журу знак, каб той знік.)

Уваходзіць засмучаная Ганна.

Ганна. Цягнік прыйшоў, а яго няма.

Дэраш. Відаць, прыедзе на машыне. Чакаеш? Ну, вядома. Вось прыедзе Корань, Корань нас рассудзіць...

Ганна. Ох, не ведаю, не ведаю, як ён рассудзіць.

Дэраш. Нічога! Гэта справа не аднаго Кораня датычыцца, хоць ён і бацька...

Ганна. Я цябе не разумею.

Дэраш. Яна мяне не разумее! Загадкі ёй задаю. Гні дрэва, пакуль гнецца; вучы дзіцятка, пакуль слухаецца.

Ганна (уздыхнула). Позна. Дзіцятка ўжо жыве сваім розумам.

Дэраш (безапеляцыйна). Яна ж камсамолка!

Ганна (устрывожана). Што ты надумаў, Фядот Цімафеевіч?

Дэраш (з запалам). Гануля, я цябе не пазнаю! Ты ж была заўсёды прынцыповая. І тут пытанне такое, што думаць няма чаго. Тут дыктуе партыйнае сумленне.

Ганна. І што яно табе дыктуе?

Дэраш. Не давай спуску, Гануля! Змагайся за чалавека, за дачку! Ці барацьбы спужалася?

Ганна. Не барацьбы, а брудных плётак. І, калі ласка, не павышай голасу, я не глухая.

Дэраш (з дакорам). Дзіўлюся! Адкуль ты набралася такога? Хочаш, каб я маўчаў? Не магу! Завод моладзь будуе. А які прыклад яна бачыць? Распуста! Так што гэта не ваша сямейная справа, а грамадская! (Рэзка нацягвае шапку на вушы і, глянуўшы строга на Ганну, выходзіць.)

 

Ганна стаіць, апусціўшы галаву. Потым падыходзіць да пакоя Зорына і нерашуча стукае ў дзверы. У лёгкім летнім халаціку выходзіць Люба.

 

Люба. Мама? Заходзь.

Ганна. Не-не. Пагаворым тут. Ты чула? Прыязджае бацька.

Люба. Бацька? Чаго?

Ганна. А хіба ты не хочаш, каб ён прыехаў?

Люба. Мама, зразумей. Няма такой сілы, каб разлучыць нас. Няма!

Ганна (тужліва). Ты стала зусім чужая. Чужая! І як, калі гэта здарылася?

Люба. Даўно. Я вырасла, мама. А ты не заўважыла.

Ганна. Не заўважыла.

Люба (не вытрымаўшы, з плачам кідаецца да маці). Мамачка! Ну чаго ты так гаруеш? Я ж шчаслівая! Зразумей, я такая шчаслівая! Ну чаго ты так гаруеш?

Ганна. Гарую, дзіцятка маё, што ты ў няшчасці бачыш сваё шчасце.

Паўза.

Люба. Мамачка, вось я думаю — жыве чалавек, нешта робіць. І раптам яго жыццё азараецца ярка-ярка. І адразу перад ім раскрываюцца такія прасторы, аб якіх ён і не марыў. Сяргей для мяне — усё. За яго я гатова пайсці на любыя пакуты.

Ганна. Гэта — страшна! Я ніколі, чуеш, ніколі не дарую яму. (Падымаецца на другі паверх.)

Люба. Мама!

Ганна. Ніколі!

 

З вуліцы ўваходзіць Надзея, чамадан ставіць каля парога, аглядваецца.

 

Надзея. Ганна Рыгораўна...

Ганна (рэзка павярнулася). Надзя! Ты прыехала?

Надзея. Але, прыехала. Хоць мяне тут ніхто не чакае.

 

Зацямненне. Са змроку паволі выступаюць рэдкія сасёнкі, ускапаная зямля. Здалёку відаць контуры вялікай будоўлі. На першым плане — цэгла, жалезабетонныя блокі, арматура. У шырокую, імклівую мелодыю ўліваецца тэма Часу. З’яўляюцца Корань і Дэраш.

 

Дэраш. Агледзеў?

Корань. Агледзеў.

Дэраш. Ну і як?

Корань. Як бы ні было, а будуем! (Шырокі жэст у прастор.) А гэта галоўнае. Ехаў да вас — аж кіпеў ад злосці. А паглядзеў на гэта хараство — адлягло.

Дэраш. Добры ты вельмі.

Паўза.

Корань. З’еў Зорына?

Дэраш, Ён сам сябе з’еў.

Корань. А я думаў, ты прыціх, супакоіўся.

Дэраш. Дрэнна ж ты пра мяне думаў. Ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! Яшчэ магу! Магу! Не тое, што твой Зорын. Адразу ж выдахся.

Корань. Тваімі намаганнямі. Замест таго каб памагаць...

Дэраш. Калі б было каму памагаць. Пустое месца! І сумленне не дазваляе мне маўчаць. Вось я і ўдарыў ва ўсе званы.

Корань. Сумленне. А ты хоць раз пытаўся ў свайго сумлення: ці не падводзіць яно цябе?

Дэраш. Пытаўся.

Корань. І што ж яно табе адказала?

Дэраш. А кажа, лепш дзесяць разоў памыліцца ў чалавеку, чым адзін раз недаглядзець.

Корань. А ці не замнога — дзесяць разоў? Цябе не пужае такая прапорцыя?

Дэраш. Я вельмі люблю савецкую ўладу, каб пужацца.

Корань. Пры такой любві, Дэраш, можна астацца без узаемнасці.

Дэраш (насцярожыўшыся). А што... ёсць рашэнне?

Корань. Пакуль што няма. Але можа быць.

Дэраш. Эге! Зноў мае ворагі хвост падымаюць.

Корань. Усё яшчэ шукаеш ворагаў? Ты лепш сабою займіся! Энергіі ў цябе хоць адбаўляй, а накіроўваеш яе не туды, куды трэба.

Дэраш. Дэраша голымі рукамі не возьмеш! Не!

Уваходзіць Каляда.

Каляда (крычыць). Ганна Рыгораўна! Сюды ідзіце! Яны тут.

 

Уваходзіць Ганна. Спынілася, прыціснула рукі да грудзей, Корань падышоў да яе, паклаў ёй рукі на плечы.

 

Корань. Аня... Ну што ж ты!!

Ганна. Як заўсёды... Быццам з неба.

Корань. Ты мяне не чакала?

Ганна. Я цябе ўсё жыццё чакаю... Надоўга да нас?

Корань. Зусім!

Ганна. Не жартуй!

Корань. Якія могуць быць жарты? Наламалі вы тут дроў.

Каляда. У лесе жывём... Добры дзень, Васіль Пятровіч!

Корань. Відаць, што ў лесе... Добры дзень! (Глядзіць на Каляду.) Нешта ты, хлопча, схуднеў.

Каляда. Ад вясёлага жыцця.

Корань. Дык у чым жа ўсё-такі загваздка?

Каляда. У чым загваздка? У Зорыне.

Уваходзіць Зорын.

Зорын. Гавары, гавары...

Каляда. Сам скажаш.

Зорын (моўчкі паціскае руку Кораню). Магу і сам.

Корань. Давай.

Зорын. Думаеш, апраўдвацца буду?

Корань. Не думаю.

Зорын. Табе як рапартаваць: вусна ці ў пісьмовай форме?

Корань. Адна халера — ці савой аб пень, ці пнём аб саву.

Зорын. Тады слухай. План гэтага квартала — дай божа, калі напалавіну асілім.

Дэраш. Вось іменна: дай божа!

Зорын (цвёрда). Цэментны завод на фундаменце застыў, а з будаўнічымі матэрыяламі... (Махнуў рукою.)

Корань. Бачыў.

Зорын. Адсюль — цякучасць кадраў.

Каляда. Ну-у... І яшчэ цэлы кош розных грахоў: голае адміністраванне і глушэнне крытыкі і самакрытыкі... Гэта ўсё ў пратаколе партсходу запісана — можаш сам пазнаёміцца.

Дэраш. Пра бытавое разлажэнне забыў...

Паўза.

Корань (да Зорына). Як далей жыць думаеш?

Зорын. Яшчэ не думаў.

Корань. Чаму?

Зорын. Няхай цяпер за мяне другія думаюць.

Дэраш. Бач ты яго! Не, браток! Рана цябе начальнікам зрабілі... Прывык кіраваць і ўжо іначай жыць не можа...

Зорын. Магу. (Да Кораня.) Калі прымаць справы будзеш?

Корань. Такія справы і прымаць не захочацца.

Зорын. Відаць, у міністэрстве табе сказалі: ты абараняў Зорына, ты і выручай. Ці не так?

Корань. Прыблізна так.

Дэраш. Та-а-ак...

Каляда. Не ведаю, як хто, а я рад твайму прызначэнню, Васіль Пятровіч. Такі завод будуем! І няма чаго тут міндальнічаць.

Дэраш (да Кораня). Значыць, развітваемся?

Корань. Да заўтра.

Дэраш. А заўтра?

Корань. Працаваць будзем, Дэраш. Зразумеў?

 

Заслона

 

Дзея другая

Прайшоў час. На дрэвах за вокнамі інтэрната — рэдкае пажоўклае лісце. У сіняватай асенняй смузе — панарама будоўлі. Над трыма капрамі шахтаў загарэліся рубінавыя зоркі. Інтэрнат будаўнікоў ужо абжыты. У вестыбюлі з’явіліся стандартныя адзнакі казённага шыку — кадушкі з пальмамі, дывановыя дарожкі, вялізныя мяккія крэслы. На вокнах — плюшавыя шторы з фестончыкамі. І толькі ў пакоях абсталяванне больш разнастайнае, у залежнасці ад густаў жыхароў. Вечарэе. Людзі вяртаюцца з работы. Праз вестыбюль праходзіць гаварлівая чарада дзяўчат.

 

Першая дзяўчына. А ён і гаворыць: «Мяне, — кажа, — усё роўна не пусцяць у камунізм,. Я гарэлку люблю. А там — па патрэбнасці! Сап’юся!..» Вось дурань!

Дзяўчаты смяюцца.

Другая дзяўчына. А я вам, дзяўчаткі, так скажу: у дурной галаве — дурны розум. Патураем мы мужчынам. Вось яны і здзекуюцца з нас. (Рашуча.) Я свайго біць буду.

Першая дзяўчына (смеючыся). Даведаюцца хлопцы — пачнуць за кіламетр абыходзіць.

Другая дзяўчына. Нічога, падчаплю якога-небудзь. Ім толькі закінь вудачку...

Першая дзяўчына. Ой, дзяўчаты! Забыла... Сёння сход камсамольскі.

Трэцяя дзяўчына. Зноў сход? Не пайду. Хопіць мне галаву тлуміць. Я ўжо свядомая.

Першая дзяўчына. Начальнікаву дачку будуць пясочыць.

Трэцяя дзяўчына. За што?

Першая дзяўчына. За тое самае!

Трэцяя дзяўчына. А калі яна любіць?

Першая дзяўчына. Камсамольскі сход вырашыць.

Трэцяя дзяўчына. Такія справы сэрца вырашае.

Першая дзяўчына. Вось ты на сходзе пра сэрца і скажы.

Трэцяя дзяўчына. І скажу! Скажу!

 

Дзяўчаты выходзяць. З вуліцы ўваходзіць Корань. Следам — подбежкам Жур. Ён увесь час стараецца выскачыць наперад.

 

Корань (гнеўна). Будаўніцтва задыхаецца без матэрыялаў, а ты асабняк будуеш?!

Жур (прыціскаючырукі да грудзей). Што вы, Васіль Пятровіч! Які асабняк? Тры маленькія катушкі і кухня... Васіль Пятровіч! Паслухайце...

Корань. Нічога не хачу слухаць.

Жур. Ясна... Выходзіць, не заслужыў Жур за столькі гадоў працы мець сабе прытулак пад старасць? Так яму і трэба, старому дурню! Што ж! Рэпрэсіруйце Жура за два кілаграмы цвікоў.

Корань. Рэпрэсіруйце... Якое слова цяжкае! Эх, Жур! Не тым жыццём жывеш... Колькі табе да пенсіі асталося?

Жур. Год, два месяцы і трынаццаць дзён.

Корань. Падлічыў! Ну, вось што... За матэрыял выплаціш усё да капейкі па камерцыйнай цане.

Жур. Выплачу! Дзякуй вам, Васіль Пятровіч. Выплачу! Пашкадавалі мяне...

Корань. Не цябе, пенсію тваю пашкадаваў. Падобных табе даўно на пенсію спісваць трэба. Раннія вы пенсіянеры.

Жур. Яшчэ папрацуем'!

Корань. Працуй! А толькі намеснікам па быту больш не будзеш.

Жур (уражаны). Як?

Корань. А так. Не ўмееш ты клапаціцца аб людзях.

Жур. Ва... Васіль Пятровіч! Як жа... А?

Корань. Вырашана! І не хныкай. Не люблю.

Жур (мяняючы тон). А я хныкаць не буду. Я скардзіцца буду.

Корань (глянуўшы яму ў твар). Гэтаму цябе не вучыць.

Жур (жаласна). З семнаццатага года, не разгінаючы спіны, савецкай уладзе служу...

Корань. Вось гэта і дрэнна, што не разгінаючы спіны. Савецкая ўлада ў лакеях патрэбы не мае. Усё, Жур! (Ідзе да лесвіцы.)

У дзвярах з’яўляецца Жора.

Жора. Таварыш начальнік!

Корань (аглядваючыся). Чаго табе?

Жора. Я наконт канстытуцыі... Права на адпачынак не адменена? Другі тыдзень без выхаднога...

Корань. Адпачывай, Цуканаў. Даю табе адгул.

Жора. Мерсі.

Корань выходзіць.

Жур (услед Кораню). Нічога. Знойдзем управу. Не ты першы, не ты апошні на Журы паслізнешся...

Жора. Наступіўшы на слімака, сапраўды можна паслізнуцца.

Жур. Што-што? Паўтары!

Жора. Ты лепш не рыпайся. Скончылася тваё свята. Улез, як жук, дык сядзі і галавы не высоўвай. Адарвуць.

Жур. І ты хвост падымаеш? Мала я табе дабра зрабіў?

Жора. Тваё дабро горш за ліха. Ад яго ўчадзееш. А я хачу свежым паветрам дыхаць. І каб неба светлае над галавою...

Жур. Бач ты які? Табе ж пры святле горш будзе.

Жора. Прыладжуся.

Жур. Яно то так. Ты спрытны! Давай у згодзе жыць.

Жора. Няма міру пад алівамі. Кропка.

Жур. Не, яшчэ не кропка... Ты мне шыферу павінен прывезці...

Жора (дастае з кішэні грошы, падае Журу). Бяры назад свае тугрыкі і не псуй мне апетыту.

Жур. Я табе, байструку, біяграфію сапсую.

Жора. Мне мой апетыт даражэй.

Жур. Глядзі, Цуканаў! Пакусаеш сабе локці!

Жора. Што я — ідыёт, свае кусаць? Калі што — я ў твае зубамі ўчаплюся.

 

Жур хацеў нешта адказаць, пазяхнуў і, махнуўшы рукою, выйшаў. Жора, пераканаўшыся, што нікога няма, падыходзіць да пакоя дзяўчат. Стукае.

 

О-го-го! Верачка-Вярунчык, адчыніся! Не муч хлопчыка. Ало! Ёсць хто жывы альбо мёртвы ў гэтай камунальнай кватэры?

 

Жора спрабуе адчыніць дзверы. На верхняй пляцоўцы з’яўляецца Акуліна.

 

Акуліна. Куды ломішся? Не прыйшлі яшчэ з работы. І што гэта на цябе, баламут, упынку няма! Нешта вельмі часта хадзіць пачаў...

Жора. З самымі добрымі душэўнымі намерамі, цётка.

Акуліна. З душэўнымі намерамі? Ой, глядзі! Паламае табе рэбры за Веру брат яе. Ён чалавек гарачы. Гэта табе не з іншымі круціць.

Жора. У мяне, цётка, рэбры даўно паламаныя.

Акуліна. Хто ж гэта цябе?

Жора. Жыццё.

Акуліна (з пагардай). Блазнюк! Жыцця ты яшчэ не бачыў.

Жора. Правільна! Не бачыў.

Акуліна. Мудруеце вы! Вам цяпер толькі жыць ды радавацца.

Жора (прыклаўшы руку да шапкі). Слухаю, цётка Акуліна! (Маршыруючыда выхада, спявае.)

 

Легко на сердце от песни веселой,

Она скучать не дает никогда!

И любят песню деревни и села,

И любят песню большие города!.. (Выходзіць.)

 

Акуліна. А каб табе громам па жываце, маланкай па патыліцы! Праўду кажуць: на хлапца не шкадуй дубца... (Выходзіць.)

 

Гучыць лёгкая, празрыстая мелодыя. На ярка асветленую дарогу выбягаюць дзеці ў школьнай форме. У руках восеньскія кветкі і жоўтае лісце. На дарозе паказалася задуменная Надзея. Убачыўшы сваю настаўніцу, дзеці вясёлай чародкай акружаюць яе, працягваюць кветкі і лісце. Штосьці шчабечуць усе разам. Усхваляваная Надзея падымае на рукі самую маленькую дзяўчынку, туліць да грудзей, цалуе. Яна шчаслівая ў гэтую хвіліну. Гэта той непарушны і дарагі свет яе жыцця, у якім яна знаходзіць заўсёды спакой і радасць.

З’яўляецца Дэраш. Крыху насмешліва назірае за гэтай, на яго думку, сентыментальнай сцэнай.

Прыціскаючы да грудзей кветкі, Надзея ідзе да дзвярэй. Дэраш ідзе следам.

 

Дэраш. Так-так... бачу... Восень! Як гэта там... у Пушкіна? А мы, рабочыя, працуем, і няма нам часу прыглядвацца. Зімою і летам — адным цветам. Хіба толькі вясною, калі сонца добра прыгрэе, успомніш — пара на летнюю амуніцыю пераходзіць. Дык, значыцца, восень? Так-так. Паганы настрой, кажаш?

Надзея. Восень... Восень... «Унылая пора, очей очарованье».

Дэраш (строга). Перастань хандрыць!

Надзея (не слухаючы). І не заўважыла, як прыйшла... Заўтра першы дзень заняткаў у школе. Дзесяты год настаўніцкай работы. А першы дзень — ён заўсёды першы. Не ведаю, што б я рабіла без гэтага першага дня. Забярыце ад мяне і гэта, тады...

Дэраш. Ніхто нічога ад цябе не забірае, калі сама не аддасі. Помні, партыя цябе заўсёды абароніць. Дык вось, афіцыйна паведамляю, што выношу гэту справу на грамадскі суд. Ён партыец, яна камсамолка. Народ арганізаваны. Разбяромся!

Надзея. Не трэба, Фядот Цімафеевіч. Разбяромся як-небудзь самі.

Дэраш. Каб жа так! Але, выбачай за шчырасць, сэрца ў цябе бабскае. Ты яму не паддавайся. Змагацца за сям’ю трэба. Ваяваць! А ты — восень, восень...

Надзея. Змагацца... А можа, мне трэба з сабою змагацца, са сваёй непрызнанай любоўю.

Дэраш. Так-так... Выдумляй сама сабе пакуты. Ох, гэтыя мне... інтэлігентныя хлюпікі! (Строга.) Паводзіны камуніста Зорына — справа партыйная. І паколькі статут партыі асуджае падобныя ўчынкі, дык дазволь нам дзейнічаць так, як патрабуе наш партыйны абавязак. Няўжо не ясна?

Надзея. Табе заўсёды ўсё ясна.

Дэраш. Кваліфікуеш як недахоп?

Надзея (паглядзела на лісце, прыгарнула да твару). Восень... Восень... (Павольна ідзе да дзвярэй пакоя Зорына.)

Дэраш (паціскае плячамі, з пагардай). Заныла... Восень! Восень! На вечную вясну спадзявалася?

Надзея (каля дзвярэй). Вясны ў мяне ніколі не было... (Знікае ў пакоі.)

Дэраш. Што робіцца з людзьмі! Была ж баявой партызанскай разведчыцай, а цяпер...

З вуліцы ўваходзяць Каляда, Ганна і Кісялёў.

Каляда (апусціўшыся ў крэсла, папраўляе новы пратэз). Ох, гэтыя косці... Мабыць, разваляцца, не даскрыпеўшы да пенсіі.

Ганна. Косці ў цябе моцныя. А вось сэрца... лячыць трэба. Ніяк да цябе не дабяруся.

Каляда (махнуўшы рукой). Лячыцца будзем пазней.

Ганна. Ну, не! Мы, медыкі, будзем дабівацца закону, каб нядбайныя адносіны да свайго здароўя разглядваліся як крадзеж дзяржаўнай маёмасці.

Кісялёў (усміхаецца). Ад вас, дактароў, усяго можна чакаць.

Ганна. А як жа іначай? Была я сёння ў бараках. Жывуць у іх цудоўныя людзі. Залатыя рукі! А жывуць так, што глядзець агідна. Непрытульнасць. Бруд. Антысанітарныя ўмовы. Пытаюся, як церпіце? Адказваюць, жыць можна. Старая песня!

Каляда. Хай сабе старая, а слоў з яе не выкінеш. Дрэвы, ведаеце, дзяды садзяць, а іх ценем унукі карыстаюцца. Закон прыроды.

Ганна. Але ж мы мяняем законы прыроды!

Дэраш. Э, Гануля! Каб гэта можна было адным махам пакончыць з усімі непаладкамі!..

Ганна. Усё ў нашых руках! Не трэба апускаць іх!

Каляда. Калі ж во часам самі апускаюцца. Месяц гавару Журу, каб адрамантаваў дах у інтэрнаце мантажнікаў — як гарох аб сцяну! Абяцае, а не робіць!

Кісялёў. Такіх работнічкаў з воза — кабыле лягчэй...

Корань (спускаючыся па лесвіцы). Вось і добра. Мы з табою аднае думкі, Кісялёў. Будзеш намеснікам па быту.

Кісялёў (збянтэжана). Я? Ды што вы, Васіль Пятровіч... Што гэта вы так раптам... несур’ёзна жартаваць пачалі...

Корань. Ніякіх жартаў. Заўтра ж прымай у Жура справы.

Кісялёў. Браткі! Чым я праштрафіўся? Які з мяне намеснік?! Ды яшчэ па быту! У нашым быце чорт нагу зломіць!

Корань. Чорт зломіць, а ты не павінен. Наладжвай быт і забеспячэнне рабочага класа.

Кісялёў. Займацца забеспячэннем... Ды я не ўмею. Я чалавек сумленны.

Корань. На гэта і разлічваем. Навучышся. Пара, браток, узяць на свае шырокія плечы груз цяжэйшы, чым брыгада. Тым больш, у кандыдаты партыі цябе прынялі.

Кісялёў. Васіль Пятровіч... Падумайце...

Корань (паклаў руку яму на плячо). Смялей, смялей, Кісялёў! (Да Дэраша.) Заўтра аформіш загадам звальненне Жура і прызначэнне Кісялёва. (Да Каляды.) Чаму не пачынаеце мантаж чацвёртага агрэгата?

Паўза.

Каляда. Разумееш, якая гісторыя... Даручыў дакументацыю маладой практыкантцы. Ну, яна і запарылася. Пасаромелася да мяне звярнуцца, а калі прыйшла, было позна. Заўтра раніцай пачнём.

Корань. Заўтра раніцай ты атрымаеш суровую вымову.

Каляда. Я ж табе тлумачу...

Корань. А мне не трэба ніякіх тлумачэнняў. І так усё ясна: чацвёрты агрэгат не будзе здадзены ў час праз цябе. Вось і ўсё тлумачэнне.

Каляда. Ну, ведаеш...

Корань. Ведаю. Я сякі-такі, гэтакі... У далейшым, даручаючы важную справу навічкам, будзеш глядзець за іх работай, а не пускаць на самацёк. А Зорын яшчэ не паяўляўся?

Дэраш (нядобра ўсміхаецца). Днюе і начуе на сёмым...

Корань. Вось яшчэ... упартая душа. Таго і глядзі, захварэе, тым і скончыцца. Быў я ў яго сёння на аб’екце. Стаіць на самай верхатуры пад усімі вятрамі, голымі рукамі за жалеза сцюдзёнае трымаецца...

Ганна (добразычліва дакараючы). А я гляджу, дзе ты дзеў свае рукавіцы...

Дэраш (іранічна). Клопаты аб жывым чалавеку! Амаль зяцю... Прабач. Пажартаваў.

Паўза. Агульная збянтэжанасць.

Корань. Развучыўся ты жартаваць, Дэраш. Вось што... З заўтрашняга дня тры брыгады з сёмага на чацвёрты. Кроў з носа — праз дзесяць дзён цэх павінен уступіць у строй!

Дэраш. Не ведаю, як цэх, а кроў з носа будзе. Наконт брыгад сам з Зорыным дамаўляйся.

Корань. А мне няма чаго дамаўляцца. Я загадваю.

Дэраш. Гэта іншая справа.

Корань. Усё.

 

Усе ўстаюць і накіроўваюцца да лесвіцы. З калідора выходзіць Жур і робіць знакі Дэрашу, каб той затрымаўся.

 

Дэраш. Ты чаго мне грымасы строіш? Што гэта цябе так перакрывіла?

Жур. Бяда, Фядот Цімафеевіч! Без верных саюзнікаў Корань пакідае вас. Поўная блакада вам... Самага шчырага вашага прыхільніка і памочніка праганяе. Ратуйце!

Дэраш. І пальцам не паварушу.

Жур (разгубіўся). Фядот Цімафеевіч!.. Што я чую? Вашага вернага паслугача, а вы...

Дэраш. Паслугач... Праз такіх вось паслугачоў і вешаюць цяпер на нашага брата ўсіх сабак. Як я цябе, падхаліма, раней не разгледзеў. Я за праўду, за строгасць змагаюся, а ты... дошкі крадзеш. Ды яшчэ, мабыць, маім імем спекулюеш? А? Гавары.

Жур. Ні-ні! Усё сам! На сваю рызыку. (Зплачам у голасе.) Хоць пахадайнічайце, каб пасаду мне без вялікай розніцы ў зарплаце... Пенсія ж лясне. Па старой дружбе, Фядот Цімафеевіч!

Дэраш. Канец нашай дружбе, Жур!

Жур. Фядот Цімафеевіч! Зрабіце ласку! З чалавекалюбства...

Дэраш. Чалавекалюбства? А што гэта такое?

Жур. Ну-у... Чалавекалюбства! І ўсё...

Дэраш. І ўсё? Для мяне ўсё гэта — пусты гук. (Выходзіць.)

Жур. Ай-яй-яй! А я ж на яго спадзяваўся! Як на бога маліўся. Пераступіў і нагой адшпурнуў... (Выходзіць.)

 

На ганку інтэрната вясёлая мітусня. Некалькі хлопцаў пад камандай Сямёна ўцягваюць у вестыбюль канцэртны раяль.

Нюра з цікавасцю назірае і ўваходзіць следам.

 

Сямён. Куды ты вернеш, цецярук сляпы! Занось, занось, кажу! Цяпер сюды... Сюды, кажу!

Мікола. Гаварыць лёгка! А ты сам паспрабуй! Кіраваць кожны дурань зможа, толькі дазволь!

Сямён (смяецца). Дазваляю! Давай, кіруй!

Мікола. Гэта мы можам, гэта як плюнуць. Трымайце... Зараз абдумаем, як лепш...

Хлопец. Адыдзі, чорт! Мы трымаем, а ён думаць будзе!

Мікола. Адставіць крытыку! А то паўгадзіны думаць буду. А ну! Узялі! Ра-зам! Дружна! Пайшла... Пакацілася...

 

Падаткнуўшы падол, з анучай у руцэ з калідора з’яўляецца Акуліна.

 

Акуліна. Толькі музыкі нам і не хапала.

Кісялёў. Няхай пастаіць, пакуль клуб закончаць.

Нюра. Доўга яму стаяць прыйдзецца.

Акуліна. Што гэта вам тут — склад, ці што?

 

Кісялёў крануў клавішу. Пачуўся нізкі, працяжны гук. Хлопцы ў захапленні прыслухоўваюцца.

 

Сямён. Сіла! Вось гэта бандура! Пудоў на сто!

Мікола. Ох ты! Бандура! Раяль. Паважаць трэба.

Сямён. А! Па мне — трохрадачка ў самы раз! (Робіць выгляд, што іграе на гармоніку.) Захацела стара баба дый разбагацеці — пасадзіла курапату, каб вывела дзеці.

Кісялёў нацягвае яму на твар шапку.

А што? Для настрою музыка ў самы раз. А такую гаргару... куды ты яе возьмеш? Ды і сімфоніяў гэтых я не разумею. Як завядуць — вушы вянуць.

Кісялёў. Ты сабе камунізм якім уяўляеш?

Сямён. Якім? Есці — во! Ад пуза. Адзежы — на выбар! Тры выхадныя на тыдзень.

Мікола (задуменна). Не, браткі... Каб быць толькі сытым і абутым, я за камунізм змагацца не буду. Для мяне камунізм, браткі, гэта каб я разумней стаў. Каб я паслухаў сімфонію альбо гэтую самую... як яе... «Лунную санату» і зразумеў яе. Або каб і сам мог сыграць яе на раялі.

Кісялёў. Правільна.

Сямён (фыркнуў). Тэарэтыкі! (Да хлопцаў.) Хадзем лепш у сталоўку. Кажуць, піва свежае прывезлі.

 

Хлопцы ідуць да выхада.

 

Мікола (стаў у позу). Яна мяне за мукі палюбіла! (Выходзіць.)

Нюра. Смешны гэты Мікола.

Кісялёў. Нішто хлопец. Толькі клёпкі адной не хапае. Хварэе на артыста.

Нюра (хітравата). А ведаеш... Ён мне сімпатызуе.

Кісялёў. Зялёны! Што ён разумее ў каханні...

Нюра. Разумее, ды яшчэ як разумее.

Кісялёў. Ат! Не дражніся. (Дастае з кішэні флакон духоў.) На...

Нюра. Ой! «Агні Масквы»! Дзе дастаў?

Кісялёў. Дзе дастаў, там няма.

Нюра. І як здагадаўся, што гэта мае любімыя?

Кісялёў. Бачыў, як ты ў магазіне прынюхвалася і ўздыхала.

Нюра. Дзякую. Вось не думала, што ты такі ўважлівы.

Кісялёў. Гляджу я на цябе...

Нюра. І што бачыш?

Кісялёў. Звычайная ты... А вось жа ўбілася ў сэрца, і ніяк не вырвеш. Няўжо гэта і ёсць тое, што завецца каханнем?

Нюра. Пра каханне я і думаць не хачу. Няма ніякага кахання.

Кісялёў. А што тады паміж намі?

Нюра. Не ведаю... Узаемная павага.

Кісялёў. Павага, няхай павага. Можна пацярпець. Паглядзім, чым гэта ўзаемная павага скончыцца. Пасля сходу ў кіно пойдзем?

Нюра. Зноў упоцемку цалавацца будзеш?

Кісялёў (упарта). Буду.

Нюра. Не пайду.

Кісялёў. Не падабаецца?

Нюра. Яно то падабаецца, але хіба можна?

Кісялёў. Добра. Калі падабаецца — можна і ўстрымацца. Яшчэ нацалуемся. Наперадзе жыццё доўгае...

Нюра. Ну, глядзі! Каб без гэтых самых... Парушыш слова — усё...

 

Нюра ідзе ў свой пакой. Кісялёў ухмыляецца, разводзіць рукамі і, засаромеўшыся, выходзіць.

За вокнамі цямнее. Далёка мігцяць дробныя агеньчыкі. З вуліцы ўваходзяць Вера і Люба ў целагрэйках, ватовых штанах, каляровых шарсцяных хустках. На руках велізарныя рукавіцы.

 

Люба. Раяль! Божа мой! Адкуль ён узяўся? (Падбягае да раяля, адчыняе века.) Сапраўдны раяль! (Развязвае хустку, скідае целагрэйку, садзіцца і бярэ некалькі акордаў.) Сто гадоў не дакраналася. (Іграе «Элегію» Рахманінава.)

 

З пакоя Зорына, накінуўшы на плечы белы пуховы шаль, выходзіць сумная Надзея. Яна робіць знак Веры, і тая ціхенька хаваецца ў сваім пакоі, Люба абрывае ігру, паварочваецца да Надзеі і моўчкі глядзіць на яе.

 

Надзея. Што ж ты перастала іграць? Я перашкодзіла? (Горка ўсміхнуўшыся.) Перашкаджаю... А ў чым мая віна? За які грэх прыходзіцца мне пакутаваць?

Люба. Хіба вы адна пакутуеце?

Надзея. Якое ж ты маеш права на яго любоў?

Люба. На любоў усе маюць права.

Надзея. Бач, якая ты разумная! Вядома! Я — простая баба. На раялі не вучылася іграць. І музыкі гэтай не разумею. Не да музыкі мне было... Басаногаю дзяўчынкай вайна застала. Бацьку, маці, сясцёр маіх крывапівец Гітлер знішчыў, а я ў лес уцякла да партызанаў. Там і Сяргея сустрэла.

Люба. Нашто вы ўсё гэта мне расказваеце? Я ўсё ведаю.

Надзея. Ведаеш... Табе што, свет на ім клінам сышоўся? Маладая, прыгожая, разумная...

Люба. Але вы зразумейце! Жыццё і ён — для мяне адно. Не будзе яго — не будзе і мяне. (Ззапалам.) Ведаеце, вось я стаю на рыштаваннях, і халодны вецер пранізвае мяне наскрозь... Стынуць рукі... Замірае сэрца. Здаецца, вось-вось упаду. І няма ў мяне сілы цярпець! І тады, ведаеце, што я раблю? Я клічу яго. Так-так. Ціха-ціхенька. Сяргей... Сяргейка... (Засаромеўшыся, змоўкла.) Даруйце... Не трэба было гэтага гаварыць...

Надзея. Дык вось чым ты яго прываражыла! Паэзіяй. Казачкамі. Што ж? Я так прыгожа любіць не ўмею.

Люба (шчыра). Каб я магла што-небудзь зрабіць дзеля вас, то...

Надзея (з раптоўным спадзяваннем). Едзь адсюль! Прашу цябе, едзь. На калені гатова перад табою стаць.

Люба. Ну, паеду... Але як жа вы будзеце з ім...

Надзея. А гэта ўжо не твой клопат.

Люба. Не разумею...

Надзея. Не разумееш!.. За ўсе мукі мае аднаго табе жадаю, разлучніца... каб ты тое самае мела!

Люба. Разважаеце вы неяк... па-старасвецку. Разлучніца.

Надзея. Затое ты надта сучасная. Сораму ў вас няма, у цяперашніх дзяўчат! Ні сораму, ні сціпласці. Жанаты не жанаты, малады не малады — вам усё роўна.

Люба. Калі б мяне разлюбілі...

Надзея. Што? Што б ты зрабіла? Што?

Люба. Не ведаю. Але я ніколі не дазволіла б сабе прыніжацца.

Надзея. А я сабе дазволіла! Дазволіла! Таму што ведаю — адчэпішся ты ад яго, і ён забудзе цябе! І любоў яго вернецца.

Люба (журботна). Не... Страчаная любоў не вяртаецца.

Надзея. Бач ты яе, якая спрактыкаваная! Брэшаш! Маю гордасць растрывожыць хочаш? Дарэмна! Пабачым, хто з нас мацнейшы. Пабачым, які ў цябе выгляд будзе сёння на камсамольскім сходзе...

Люба. Чаму вам так хочацца, каб я не паважала вас?

Надзея. А мне не патрэбна твая павага! Мяне людзі паважаюць! А вось ты паспрабуй дабіся, каб цябе паважалі! Паспрабуй!..

Люба. Калі ласка... Не ўніжайцеся перада мною.

Надзея. Ах ты! Дрэнь... Дрэнь! І як такая гадзюка магла вырасці ў добрай савецкай сям’і?

Люба. Не трэба так! Лепш ударце мяне.

 

Уся раптам панікшы, нацягваючы на сябе шаль, Надзея паспешна, нібы ўцякаючы ад Любы, хаваецца ў сваім пакоі. Люба, закрыўшы твар рукамі, апускаецца на ступеньку лесвіцы.

Паварот сцэны. Пакой дзяўчат. На стале, прысунутым да Верынага ложка, закуска і бутэлька віна. Жора, крыху падпіўшы, сядзіць на ложку побач з Верай. Раззлаваная Нюра стаіць каля акна.

 

Жора. Падумаеш! Грэбуе... Каралева Марго не хоча выпіць з Жорам Цуканавым!

Нюра. Не хачу!

Жора. Ах, не хочаце, ваша каралеўская вялікасць! А мне начхаць — царыца вы ці прачка! Ясна? Я табе так скажу, цыпа. Няма чаго перад Жорам нос задзіраць. У яго таксама на дне чамадана атэстат сталасці.

Нюра. Адны тройкі?

Жора. Ну і што? Законная ацэнка. А галоўнае — кацялок варыць.

Нюра (фыркнуўшы, ідзе за шырму). Нешта не заўважыла...

Жора. А ты наогул на людзей не глядзіш. Сама сабою любуешся.

Нюра (з-за шырмы). Хм... Табою любавацца? Падумаеш!

Жора. Пагарджае! Нуль увагі, фунт знявагі. Ну, як жа не пагарджаць Жорам Цуканавым! Круціць баранку і рад. Не шукае сабе цёплага месца ў жыцці. А мог бы не горш за другіх прышвартавацца. Мог бы! А не хоча.

Нюра выходзіць з-за шырмы пераадзетая.

Толькі няма чаго табе перада мною фарсіць. Няма чаго і няма чым. Душа ў цябе голая, непрыкметная, дрыжыць. І няма табе дзе прыткнуцца.

Паўза.

Вера. Бачыш, які ён. Толькі прыкідваецца прасцячком.

Нюра. Тым і страшны. Прагнала б ты яго.

Вера (пакрыўдзіўшыся). А табе што? Я ж цябе не асуджаю, а магла б!

Нюра. Вера!

Вера. Не першы год Вера! Абыдуся без нянек!

Жора (да Нюры). З’ела? (Абняў Веру.)/Ух ты! Птушачка...

Нюра. Цуканаў! Як табе не сорамна?

Жора. Згінь! Не перашкаджай жыць.

Нюра (Веры). На сход не пойдзеш?

Вера. Не пайду.

Нюра. Я так і думала.

Вера. Што ты думала?

Нюра. Што ты яе апраўдваеш.

Вера. Хто любіць, таму не патрэбна апраўданне.

Нюра. Якія вы ўсе... амаральныя!

Жора. Чуеш, маралістка! Шкада мне цябе. Нейкая ты дзікая, шурпатая... Не зайздрошчу таму, хто цябе палюбіць.

Нюра. Абыдуся! Чым такая любоў, лепш у дзеўках векаваць.

Жора. Афелія! Ідзі ў манастыр!

Нюра. Хадзем, Вера. Не аставайся з ім. Загубіць і вокам не маргне.

Жора. Згінь!

Нюра выходзіць, стукнуўшы дзвярыма.

Ух, язва! Ні гарыць ні тлее. Ад такіх толькі чад, нуда на свеце. Ты яе не слухай. Па-мойму: жыві, пакуль жывецца, бяры, пакуль бярэцца... (Абдымае Веру.)

Вера вырываецца і адыходзіць убок.

Вера. Жора! Перастань!

Жора. Дурная! Ажанюся! Ну! Ажанюся, кажу. Чаго табе яшчэ? Заўтра ж запішамся. Люблю ж! Ну!..

Вера. Не трэба мне такой любві.

Жора. А якой жа табе трэба?

Вера. Брыдкі ты цяпер. Злы. І чаму я цябе так палюбіла на сваю бяду? Чаму ты такі нядобры?

Жора. Я добры, добры! Чэснае піянерскае! Ну, люблю. Каб не любіў, стаў бы я...

Вера. Ідзі ад мяне. Не магу глядзець на цябе такога.

Жора. А я думаў, ты смелая. Любіш дык любіш! А ты... як усе! Грубасці спужалася. Любоў, называецца!

Вера. Жора! Любы мой... Як жа я буду жыць далей, калі ты мяне пакрыўдзіш?

 

Жора моўчкі падышоў да Веры і прытуліў яе да сябе.

Паварот сцэны. Люба, закрыўшы твар рукамі, сядзіць на ступеньцы. З вуліцы ўваходзіць у вестыбюль Зорын. Спыніўся ў дзвярах, глядзіць на Любу. Горка ўсміхнуўся. Падышоў да яе, працягнуў рукі.

 

Люба (кінуўшыся яму на грудзі). Божа мой... Калі гэта ўсё скончыцца?

Зорын (здагадваючыся). Ты... гаварыла з Надзяй?

Люба (з болем). Хіба так можна гаварыць? Мы мучылі адна адну.

Зорын. Бедная мая...

Люба. Я не магу больш... Няма ў мяне сілы.

Зоры н. Пацярпі яшчэ трошкі. Вырашыцца. Пацярпі, дарагая.

Люба (уздыхнула). Цярпення ў мяне, можа, і хопіць. А вось вера, што мы будзем калі-небудзь шчаслівыя, слабее...

Зорын. А хіба мы нешчаслівыя?

Люба (задумалася). Калі шчасце такое балючае, чаму людзі імкнуцца да яго? Чаму ўсё так складана? Чаму?

Зорын. А каб усё было проста — гэта лепш?

Люба. Не ведаю. Цяпер нічога не ведаю.

Зорын (летуценна). А помніш, ты працягнула мне рукі... вось так... і сказала: вядзі хоць на край свету! І заплюшчыла вочы... Помніш?

Люба (заплюшчыла вочы і працягвае Зорыну рукі). Вядзі! Чаго ж ты?

Паўза.

Зорын (трывожна). Гэта папрок?

Люба. За што? Калі чалавек уночы ідзе незнаёмай дарогай, ён спачатку прыглядваецца, ступае асцярожна, потым яму гэта надакучвае, і ён ідзе як папала. Вось і я так...

Паўза.

Зорын (моршчыцца, як ад болю, хапаецца за галаву). Што рабіць? Што рабіць? Зусім я разгубіўся.

 

Люба і Зорын глядзяць адно аднаму ў вочы. Зоры н адварочваецца і рашуча ідзе ў свой пакой. Уся загарэўшыся, Люба глядзіць яму ўслед.

У пакоі Зорына на крэсле ляжыць расчынены чамадан, і Надзея паспешна складвае ў яго свае плацці. Уваходзіць Зорын. Надзея зачыніла чамадан і паставіла яго на падлогу.

 

Чакала?

Надзея. Нічога я ўжо не чакаю, Сяргей...

Зорын. Чаму ты так... злосна? Так, я вінаваты перад табой. Але я ніколі не хацеў і не хачу прычыняць табе боль.

Надзея. Боль праходзіць... І каб я ведала, што ты будзеш з ёю шчаслівы...

Зорын. Не клапаціся аб маім шчасці!

Надзея. ...калі разлюблю.

Зорын. Ты разлічваеш на маю велікадушнасць?

Надзея. Не. (Здымае з вешалкі паліто.) Я пайду, Сяргей... зусім.

Зорын. Ты ўжо мяне пакідала...

Надзея. Я хацела паспрабаваць жыць адна і не змагла...

Зорын. А цяпер зможаш?

Надзея. Цяпер змагу.

Зорын. А што змянілася?

Надзея. Сяргей... Я ўсё перажывала ў сабе. Мне было вельмі цяжка прыняць гэта рашэнне. Але я павінна. Даволі! Даволі! Нашто нам гэтыя пакуты? Учора, калі ты спаў, а я думала і плакала, ты шаптаў у сне — Люба... Так што... табе я чужая. Праклятая вайна. Усё забрала. І нават дзіцяці ў мяне няма ад цябе. Ну, што ж. Кожнаму сваё...

 

Журботная лірычная мелодыя, у якую ўступае тэма Часу.

 

Час. Што ж ты маўчыш? Адкажы ёй. Яна ні ў чым не вінавата.

Зорын (адказваючы свайму сумленню). Віна мая!

Час. Ты шукаеш апраўдання? Але ж ты любіў Надзею?

Зоры н. Любіў...

Час. І кінуў яе на паўдарозе. А сам пайшоў наперад. Вырваўся на прастор... І сустрэў Любу...

Зорын (упарта). Я кахаю яе.

Час. Ты ў гэтым перакананы?

Зорын. Я кахаю яе!

Час. Тады ты павінен вырашыць.

Зорын. Цяпер?

Час. Цяпер. Праз некалькі хвілін будзе позна.

Паўза.

Надзея (сама з сабой). Ён цяпер зусім слабы, разгублены. Я магу астацца. І ён змірыцца... А любіць не будзе... Няўжо маё шчасце не вернецца?.. Сяргейка... Родны мой! Я б табе ўсё даравала...

Час. Вырашай. Цяпер альбо ніколі.

 

Музыка сціхае. Зорын і Надзея пакутліва глядзяць адно на аднаго.

 

Надзея. Дык я пайду.

Зорын (рэзка). Ідзі.

Надзея. Не гневайся. Мне было цяжка адважыцца. Але я знайду ў сабе сілы... Не ўспамінай мяне ліхам! Думай пра мяне добра... Як і я пра цябе.

 

Зацямненне. Панарама будоўлі ў вячэрніх агнях.
З’яўляюцца дзяўчаты. Спыніліся, любуюцца.

 

Першая дзяўчына. Прыгожа, праўда?

Другая дзяўчына. Днём неяк не заўважаеш, а вось увечары...

Першая дзяўчына. Ты толькі паглядзі, якое хараство! І ўсё гэта наша, вось гэтымі рукамі зробленае!

Другая дзяўчына. Агні — як зорачкі... А раней было балота з камарамі. А цяпер горад! Новенькі, чысценькі... Як лялька!

Трэцяя дзяўчына (панура). Горад новы, а жывём па-старому.

Другая дзяўчына. Выказалася!

Трэцяя дзяўчына. Як раней здзекаваліся з дзяўчат, так і цяпер.

Першая дзяўчына. Яшчэ адзін абаронца знайшоўся!

Трэцяя дзяўчына. Каханне ж у іх сапраўднае...

Першая дзяўчына. Чым такое каханне, лепш у вір галавой. Праўда, дзяўчаткі? Хоць і шкада яе, а правільна, што з камсамола выключылі.

Трэцяя дзяўчына. Няправільна. І райком усё роўна не зацвердзіць.

Першая дзяўчына. Будуць яны вельмі разбірацца! Цяпер за разлажэнне ведаеш як строга... Можа ў яе і была доля чалавечай праўды, але як камсамолка...

Трэцяя дзяўчына. Калі чалавечая праўда, дык і камсамольская. А напалі на яе з зайздрасці. У сардэчных справах баба заўсёды баба. Калі свайго сапраўднага кахання не мела, дык чужога цярпець не можа.

Другая дзяўчына. Такі сорам! Не хацела б я быць на месцы Любы.

Трэцяя дзяўчына (з панурай рашучасцю). А я хацела б.

Першая дзяўчына (заўважыла хлопцаў). Дзяўчаткі, гляньце! Хлопцы падыходзіць баяцца. Во страху нагналі! (Прытворна ўздыхае.) Канец любві!

 

Смеючыся, дзяўчаты выходзяць. З’яўляюцца хлопцы. Сямён дастае папяросы. Моўчкі закурваюць.

 

Мікола (шматзначна). Кувыр-куль-легія...

Сямён. Заўсёды так. Дзе чорт не можа, там бабу пашле.

Хлопец. І чаго Нюрка так вызверылася? Аж трыбуну грызла! Выключыць, і ўсё. Гэта ёй даручылі, ці як?

Мікола (спявае і скача). Спытай у яе. А я не я, і кабыла не мая.

Сямён. Несур’ёзны ты чалавек!

Мікола. А нашто? Бачыў, што з сур’ёзнымі робяць? Каб у іх было гэта так... фіглі-міглі, тады — парадачак. А то лірыка, настрой... Вось за гэтыя настроі ім і ўсыпалі. Не, хлопцы! Любоў — тая ж зараза. Горш за вірусны грып. І для закаханых пагалоўная прафілактыка патрэбна. Гіпнозам трэба лячыць, як ад п’янства і курэння.

Хлопец. А пачынаць трэба з нашага былога брыгадзіра. (Паказвае пальцам на Кісялёва і Нюру, якія падыходзяць.)

Мікола. Хапайце іх. Трымайце! У іх бацылы.

Нюра. Сам ты бацыла!

Мікола. Наколькі я памятаю граматыку, бацыла — жаночага роду.

Хлопец. Што яна на сходзе і даказала.

Нюра. Я гаварыла праўду!

Хлопец. Тваю праўду ў мех завязаць ды ў лесе на сук павесіць. Хадзем, хлопцы, пакуль на нас не накінулася.

 

Хлопцы выходзяць. Збянтэжаная Нюра глядзіць ім услед,
потым зірнула на Кісялёва.

 

Нюра. Падумаеш! Асуджаюць! Усе вы амаральныя тыпы. Ты чаго надзьмуўся, як індык? Каб ты не пачаў абараняць яе, я б і рота не разявіла. Усе вы такія... Распуснікі! Усе! Чуе маё сэрца, загубіш ты маё маладое жыццё! Загубіш і растопчаш!

Кісялёў. Падумай, што гаворыш!

Нюра. Не, ты спачатку скажы, чаму ты так выступаў?

Кісялёў. Далікатная гэта справа...

Нюра. Далікатная справа... Разлюбіць сям’ю?

Кісялёў. А калі ніякай сям’і не было?

Нюра. Значыць, па-твойму, я дурная? Скажы, дурная?

Кісялёў (ускіпеў). Чаго ты ад мяне хочаш?

Нюра. Нічога! Магу пайсці. Назаўсёды!

Кісялёў. Ну і характар у цябе! Наравістая...

Нюра. Ах, вось як! Яму ўжо мой характар не падыходзіць! Ну і роўненькай табе дарожкі! Не заплачу!

 

Кісялёў зірнуў спадылба на Нюру, моўчкі павярнуўся і пайшоў. Спалоханая Нюра глядзіць яму ўслед.

 

Ваня! (Разгублена.) Пайшоў... Мамачка родненькая! Што ж гэта я нарабіла? Ваня! Вярніся... (Кінулася ўслед.)

 

З'яўляецца Люба. Спынілася. Глядзіць невідушчымі вачамі. Здалёку чуваць: «Люба!» Яна ўздрыгнула, азірнулася і адышла ў цень за штабель цэглы. Уваходзіць Зорын.

 

Зорын. Дзе ж яна? Здаецца, была тут... Люба! (Апусціў галаву.) А што я ёй скажу? Чым уцешу? Ах, як гэта нядобра! Як пагляджу ў яе вочы? І няўжо я вінаваты? У чым жа? Перад кім? Перад ёй? Перад людзьмі? Ці перад сваім сумленнем?

 

Не падымаючы галавы, Зорын павольна выходзіць. Паказалася Люба, працягнула руку, хацела клікнуць яго і стрымалася.

 

Ганна (за сцэнай). Ідзі сюды! Яна не магла пайсці далёка.

Корань (за сцэнай). Выбегла сама не свая.

 

Уваходзяць Ганна і Корань. Люба хаваецца.

 

Ганна. Беднае дзіця!

Корань (задуменна). Яна багацейшая за нас з табою.

Ганна (уражаная). Чым жа?

Корань. Душэўным багаццем. А мы з табою, бабулька, за грукатам будоўляў часта пра душу забываліся.

Ганна. Што ты такое гаворыш?

Корань. Ну як жа! Ці забыла, як у трыццатыя гады давалі табе ў косці на камсамольскім сходзе за доўгія косы?

Ганна (уздыхнуўшы). Памятаю... І падстрыглася! А якія косы былі!..

Корань. А прыпомні першую нашу сямейную сварку... Пусцячная, недарэчная... А што табе ў ячэйцы тады сказалі?

Ганна (усміхнуўшыся). Сказалі... пакінь яго... Знойдзеш другога...

Корань. Бачыш, як мы перагібалі? І цяпер яшчэ сядзіць у нас гэта ў крыві. Вось таму і не разумеем часам уласных дзяцей...

Ганна. А яны хіба не перагібаюць?

Корань. Ты не верыш сваёй дачцэ? Не верыш, што яна кахае па-сапраўднаму?

Ганна. Не разумею я такога кахання! І не хачу разумець.

Корань. У тым і бяда наша...

Ганна. Ты ва ўсім вінаваты. Залішне многа ёй волі даваў. Ну, дзе ж яна? Люба!

Корань. Яна, напэўна, ужо дома. Ты ідзі. А я яшчэ пашукаю.

Ганна. Ох, трывожна мне... Люба! (Выходзіць.)

 

Выбягае Люба і кідаецца на грудзі бацьку.

 

Люба. Тата! Ты разумны. Чулы. Добры. Скажы, як нам жыць далей? Што мне рабіць?

Корань. А калі я скажу, ты ж не паслухаеш?

Люба (з дакорам). Чаму? Тата, скажы... Мне цяпер так патрэбна твая парада, твая дапамога!

Корань. Едзь адгэтуль!

Люба (здзіўлена). Паехаць? Мне? Адной? Без Сяргейкі?

Корань, Так трэба.

Люба. Чаму? Ніхто не можа разлучыць нас! Ніхто!

Корань. А хіба разлука перашкаджае любіць?

Люба. Я не магу без яго!

Корань. І ён без цябе. Але ж яму трэба будаваць. І гэта галоўнае. А для гэтага трэба мець светлую галаву, моцныя нервы і здаровае сэрца.

Люба. Ты думаеш пра яго галаву, нервы, сэрца. Ён табе патрэбен як будаўнік. А як жа я?

Корань. Я клапачуся і аб табе. Ты павінна скончыць інстытут.

Люба. У інстытут я не вярнуся. Педагога з мяне не будзе. Не будзе. Я ў гэтым пераканалася.

Корань. Табе трэба выехаць, Люба.

 

Паўза.

 

Люба. Добра. Я падумаю. Ты ідзі дадому, скажы маме, што я зараз прыйду.

Кора н ь. А можа пойдзем разам?

Люба. Я зараз прыйду.

Корань. Хадзем, Любачка...

Люба. Тата... Дазволь мне пабыць адной... Я прыйду.

 

Корань пацалаваў Любу ў шчаку і павольна, нехаця выйшаў. Люба знікае ў цемры. З’яўляюцца Дэраш і Каляда.

 

Дэраш. А я табе кажу — разбэсціліся маладыя. Кожны смаркач, разумееш, нацягне на сябе штаны-дудачкі і пачынае свае прэтэнзіі выстаўляць, пачынае, разумееш, за рэспубліку думаць. Ёсць каму думаць і без іх. А ты працуй, вучыся, да людзей прыглядайся ды прыклад бяры са старэйшых...

Каляда. Значыць, з цябе? А калі яны не хочуць?

Дэраш. Прымусім.

Каляда. Вось як! Па якому ж гэта праву?

Дэраш. А па такому!.. Мы будуем новы свет, і ўсіх гэтых вузкаштанных мудрацоў прыходзіцца сілком цягнуць у наша светлае заўтра...

Каляда. Памыляешся, Дэраш. Сілай людзей не ашчаслівіш.

Дэраш. Разводзіш тут мне, знаеш, ліберальныя утопіі. З падобнай філасофіяй сядуць табе на шыю, і яшчэ ўсякі дурань паганяць будзе. А трэба, каб людзі ішлі за табою.

Каляда. Каб весці людзей, іх трэба любіць, верыць ім.

Дэраш. А я, значыць, не люблю і не веру?

Каляда. Выходзіць...

Дэраш. Безадказная заява, таварыш Каляда. Мае вушы нічога не чулі.

Каляда. Магу паўтарыць.

Дэраш. Не чую!

Каляда. Калі не па шэрсці, ты заўсёды глухі. Раней я думаў, што ў табе нешта ёсць, а цяпер бачу — недарэчным жыццём жывеш. Ішоў бы ты на пенсію, ці што...

Дэраш. Я б пайшоў. Але ж боязна на вас, блазнюкоў, дзяржаву пакідаць. Загубіце!

Каляда. Калі ты не загубіў, дык ніхто не загубіць. (Выходзіць.)

Дэраш (абурана). Падпявала коранеўскі! (Засопшыся, прысеў на штабель, выцірае хустачкай пот.) І ён ужо чапляецца! Зусім абнаглелі...

 

З’яўляецца Люба. Яна хоча прайсці міма.

 

Дэраш (насцярожана). Хто тут ходзіць? А... гэта ты, бядовая?

Люба (са смуткам). Пакуль што я.

Дэраш. Ішла б дадому. Што ты тут робіш?

Люба. У небе зоркі лічу.

Дэраш. Сур’ёзны занятак. А як сябе адчуваеш?

Люба. Лепш за ўсіх.

Дэраш. Так-так... Злуешся ты на мяне. А дарэмна. Дарэмна. Я ж для цябе стараўся. Ратаваў тваю маладосць.

Люба. Дзякуй.

Дэраш. І падзякуеш, калі набярэшся розуму. Думаеш, тваю любоў парушаюць? Не. Якая тут к чорту любоў?! Гэта опіум, дурман... Бач ты яго, кавалер марцовы, спакусіў такую ягадку.

Люба. Скажыце... А вы калі-небудзь каго-небудзь любілі?

Дэраш. Э! Не ўкладвалася такое мерапрыемства ў план майго жыцця.

Люба. Гэта і відаць...

Дэраш. Нічога табе не відаць, дзеўка. Плюнь на яго. Знойдзеш сабе ў сто разоў лепшага. І маладзенькага, і табе да пары. А ты нюні распусціла. У ногі пакланіцца трэба грамадскасці, што цябе перасцерагае. Пакаешся — адновяць у камсамоле.

Люба. А куды мне каяцца ісці? Да папа, ці што?

Дэраш. Жартуеш... Гэта добра. А можа і дрэнна. Відаць, не дайшло. Болю не адчуваеш.

Люба. Скажыце, Фядот Цімафеевіч, чаму вам так прыемна, калі людзі адчуваюць боль? Які ў гэтым сэнс?

Дэраш (збянтэжана). Не тое ты, дзеўка, гаворыш.

Люба. Вось прыйдзецца вам... паміраць, і ніхто вас добрым словам не ўспомніць.

Дэраш. Паміраць я яшчэ не збіраюся. Не было яшчэ такой дырэктывы. Што ты на мяне глядзіш так? Як на ворага...

Люба. Вы не вораг. Вы проста — вялікае непаразуменне.

 

Заслона

 

Дзея трэцяя

Пакой Зорына. Ноч. У акне — водбліскі далёкіх агнёў. Цішыня. І толькі аднастайны, прыглушаны адлегласцю гул вялікага будаўніцтва ледзь-ледзь прасочваецца праз сцены. І гэты гул яшчэ больш падкрэслівае цішыню.

Люба стаіць каля акна. Яна ў халаце, з распушчанымі валасамі. Зорын сядзіць на ложку, курыць.

Зорын. Дзіўная ты... Пара ўціхамірыцца.

Люба. Ніколі!

Паўза.

Глядзі! Снег падае.

Зоры н. Толькі яго і не хапала. У мяне на ўчастку самы разгар мантажных работ.

Люба. А я люблю снег. Усюды бела, чыста...

Зорын. А мне гэта рамантыка вось тут сядзіць.

Люба. Не разумею... За што ж ты мяне любіш?

Зорын. А ты мяне за што?

Люба. Я ведаю.

Зорын. Сумняваюся.

Люба. Чаму?

Зорын. Ты — выдумшчыца.

Люба. Так лягчэй.

Зорын. А потым цяжэй.

Люба. «Потым» мне не страшна.

Зорын. Ну, чаму ты ўсё ўскладняеш?

Люба. А табе хочацца, каб усё было прасцей? (Падыходзіць да яго.) Пацалуй мяне.

Зорын. Не, я сур’ёзна. Скажы...

Люба. Пацалуй мяне.

Зорын. Чаму ты не адказваеш на маё пытанне?

Люба. Я табе надакучыла?

Зорын. Што ты! Што ты!

Люба. А чаму ты такі невясёлы?

Зорын. Ах, Люба! Выдумваеш ты ўсё. Зрабіла з мяне нейкі ідэал... А я звычайны чалавек. З усімі чалавечымі слабасцямі. Ну, чаму ты не можаш мяне любіць такога, які я ёсць?

Звоніць тэлефон. Зорын падымае трубку.

 

Так. Ну, я. А ты куды глядзеў? І слухаць не хачу. Каб да раніцы ўсё было гатова. Ясна? Вось што, Каляда, ты адказваеш за мантаж, і ніякіх адгаворак... Што? А ты пра мой сон не клапаціся. Зараз прыеду. Прыеду, кажу. (Шпурнуў трубку. Апранаецца.)

Люба. Сяргейка... Ты збіраешся ехаць? Не пушчу!

Зорын. Ты што? Першы раз на будаўніцтве?

Люба. Ты пакідаеш мяне адну? У такую мінуту...

Зорын. Наперадзе ў нас яшчэ многа такіх мінут.

Люба. Шчаслівых мінут у нас усё менш і менш.

Зорын. Тым горш! Люба, ты ж ведаеш, якое становішча ў нас на сёмым.

Люба (сама сабе). Не прайшло і месяца...

Паўза.

Зорын. Я магу ісці?

Люба. Ідзі.

 

Зорын выйшаў. Люба ў слязах кінулася на ложак.

Зорын выходзіць праз вестыбюль. Заспаная Нюра падымаецца з канапы.

 

Зорын. Дзяжурыце, Люцікава?

Нюра. Ага... Цётцы Акуліне адгул далі. Таварыш Кісялёў папрасіў падмяніць. Грамадская нагрузка... А вы куды гэта ад маладой жонкі ўночы ўцякаеце?

 

Зорын выйшаў, стукнуўшы дзвярыма.

 

А, заела! Відаць, пасварыліся. (Падкрадваецца да дзвярэй пакоя Зорына, слухае.) Здаецца, плача. Пачынаюцца дні залатыя... (Асцярожна стукае.) Любачка, да цябе можна?

 

Люба ўсхапілася з ложка, выцерла слёзы, адчыняе дзверы, упускае Нюру.

 

Толькі што бачыла твайго. Нешта ён не ў настроі. Падумала, што і ты не спіш. Акуліне Нічыпаровіч адгул далі. Адной мне сядзець нудна. Дай, думаю, зайду... Ой, які ў цябе міленькі халацік! Гатовы ці пашыла? Вось запішамся, і я сабе такі пашыю.

Люба. З кім жа гэта ты збіраешся запісвацца?

Нюра. А ты хіба не ведаеш? Хітрая!.. Між іншым, ён ужо цябе не абараняе. Але ты не звяртай увагі. Мужчыны ўсе такія. Сёння адно, заўтра другое.

Люба. Ты пра каго? Пра Кісялёва?

Нюра (радасна). А кажаш — не ведаеш! Не такая ўжо Нюра варона, як некаторым здавалася. Хочаш, параду дам? Плюнь на ўсё, беражы здароўе. Я раней таксама пра ўсякія высокія матэрыі думала. Паверыш, абсалютна шчыра прыехала сюды на будаўніцтва. Думала, вось дзе сапраўдны гераізм! А як прыгледзелася, нацярпелася... Ой, якая я дурная была! Я ж у школе ў насценгазету крытычныя заметкі пісала. Даручэнні ўсякія выконвала. А як пажыла самастойна, пераканалася: хто як умее, той так і прыстасоўваецца. Праўда, у кожным населеным пункце ёсць свае меланхолікі, як наша Верка ці твой Зорын, альбо нават мой Кісель.

Люба. Чаму яны меланхолікі?

Нюра. Таму што самі не жывуць і другім не даюць.

Люба. А ты ж за Кісялёва замуж ідзеш.

Нюра. А за каго мне ісці? За такога бандыта, як Жора Цуканаў? Што ад Веркі асталося? Адзін цень. А я перасцерагала! Не паслухала. Між іншым, скажу табе па сакрэту: ужо на чацвёртым месяцы ходзіць.

Люба. А калі яна любіць?

Нюра. Любіць! Скажыце, калі ласка, якія тонкасці!

Люба. Дзіўлюся!

Нюра. Што? Хіба няправільна?

Люба. Не веру я табе. Гэта ты хочаш сама сабе даказаць, што жыццё такое.

Нюра (задзірыста). А хіба не такое?

Люба. Калі такое, то не варта жыць.

Нюра. Не, чаму? Жыць можна. Толькі трэба з толкам. Ліхое абыходзь, а за добрае чапляйся.

Люба. І ты гэта самае Кісялёву гаворыш?

Нюра. Навошта? Калі трэба будзе — скажу.

Люба. І, думаеш, ён з табою згодзіцца?

Нюра. Будзе любіць — згодзіцца.

Люба. Калі будзе любіць — ніколі не згодзіцца. Павер мне.

Нюра (здзіўлена глядзіць на Любу). Не разумею цябе. Сама няшчасная, а людзей жыць вучыш. (Прытворна ўздыхае.) Шкада мне цябе...

 

Люба падышла да акна, прытулілася да шкла. За акном падае снег. Музыка. Нюра ціхенька шмыгнула за дзверы.

 

Час. Ты шукаеш большага, чым можа даць жыццё. Твае мары ўзлятаюць высока, і ты траціш сувязь з зямлёй.

Люба. Яна сказала, што я няшчасная. Можа гэта і праўда?

Час. Гэта будзе праўдай, калі ты перастанеш верыць сама сабе.

Люба. Але навошта гэтыя пакуты? Чаму я ніколі не адчуваю сябе шчаслівай да канца?

Час. Чалавечае шчасце бязмежна. Яно — як прастора і час. Час няспынна адлічвае хвіліны жыцця. На змену вам з’явяцца новыя людзі...

Люба (летуценна). І яны будуць жыць іначай. Яны будуць жыць мудра, у згодзе і ў радасці...

Час. Гэта так. Але патомкі вашы будуць зайздросціць вам!

Люба. Але жыццё наперадзе яшчэ больш цудоўнае.

Час. Жыццё заўсёды цудоўнае, калі яно ў барацьбе. Ці думаеш — там, наперадзе, без барацьбы?

Люба. Але за другое!

Час. За тое ж самае. За лепшага чалавека, за яго шчасце. А за гэта трэба змагацца!

Люба. Я не радзілася барацьбітом.

Час. Ты павінна ім стаць!

Люба. Але ж я нічога не значу.

Час. Ты нічога не значыш, калі ты адна. Ты абараніла сваё права на любоў. Цяпер змагайся за любімага... Але, змагаючыся за сваё шчасце, думай аб шчасці другіх...

Люба (адыходзіць ад акна і кладзецца на ложак). Я ўсё гатова аддаць для шчасця другіх... А толькі чаму такі боль? Так горка на сэрцы?

Час. Не паддавайся, думай.

Люба (глуха). Думаю...

 

Музыка сціхае. Люба ляжыць на ложку ў глыбокім роздуме.

Паварот сцэны. З пакоя дзяўчат выходзіць Цуканаў. Следам выбягае Вера.

 

Вера. Жора! Пастой! Мінутку!

Жора. Стаю мінутку.

Вера. Як табе не брыдка?

Жора. Стаю пяцьдзесят дзевяць секунд...

Вера. Нам пагаварыць трэба...

Жора. Заяц трапацца не любіць.

Вера. Ну, чаму ты сам з сябе так здзекуешся?

Жора (бурчыць). Нядоўга дрыгала бабулька, калі яе праткнуў кінжал...

Вера. Жора, перастань. Не прыкідвайся грубіянам.

Жора. Карамбаліна! Карамбалета!

Вера. Чаго ты перада мной рысуешся? Я ж табе не чужая. Ніхто на свеце цябе так не любіць, як я...

Жора (крычыць). Не лезь, дзеўка, у маю душу, паслізнешся!

Вера (пераможна). А!.. Значыцца, душа ў цябе ўсё-такі ёсць, хоць і слізкая.

Жора. Кажу, дарэмна стараешся. (Палажыў далонь сабе на сэрца.) Тут у Жоры Цуканава наглуха заклёпана.

Вера. Хлусіш ты ўсё.

Жора. Паверыла, што ажанюся, так?

Вера. Не, не паверыла.

Жора (здзівіўся). Ды ну?!

Вера. Не паверыла!

Жора. О!.. А як жа ты... гэтае самае, а? Разыгрываеш! А я, лапух, вушы развесіў. Пачакай, завыеш!

Вера. Не бойся. Не завыю.

Жора. Ух ты, якая гераіня нашага часу! Ты ж, мабыць, скардзіцца пабяжыш?

Вера. Куды? На каго?

Жора (азадачана). І то праўда... Ай! Не веру я табе! Чаго ты ад мяне хочаш? Жыццё маё перакроіць?

Вера. Тваё жыццё? Хіба ты жывеш?

Жора. А што? Мая справа — круці баранку. А рэшта — няхай за мяне вучоныя думаюць. Ім за гэта вялікія грошы плацяць.

Вера. Эх, Жора, Жора!.. Шкада мне цябе.

Жора. Ідзі ты к манахам! Ну, чаго мудруеш? Чаго? Кінь, Верка! Мы з табою людзі простыя. Атам расшчапляць не збіраемся. Ясна? Ну, чаго ты хочаш? Чаго?

Вера (рашуча). Нічога!

Жора. От ненармальная. Каб ведаў, абыходзіў бы.

Вера (гнеўна). А яшчэ не позна! Абыходзь! Каб мае вочы цябе не бачылі! Пустацвет! Баязлівая твая душа!.. На каленях прыпаўзеш прасіць прабачэння. На каленях! (Стукнуўшы дзвярыма, хаваецца ў пакоі.)

Жора. Ой, мама, радзі мяне зноў! Кашмар!

 

На лесвіцы з’яўляецца Кісялёў.

 

Кісялёў (спускаючыся па лесвіцы). Што гэта ў цябе вочы шалёныя? П’яны?

Жора. Наадварот. Цвярозы ў дым.

Кісялёў. Да Веры ўсё ходзіш... Ой, пара за цябе ўзяцца! Ты хоць раз задумаўся, навошта смуродзіш свет?

Жора. Не.

Кісялёў. Баішся?

Жора. Ага, баюся. Дуба даць. Ад інфаркта.

Кісялёў. Не бойся. Ад інфаркта толькі разумныя людзі паміраюць.

Жора. Вось іменна.

Кісялёў. Пара за цябе брацца, хлопец, па-сапраўднаму.

Жора. Не трэба. Вы як-небудзь ужо без мяне. Я козыту баюся.

Кісялёў. Эх ты! Філосаф.

Жора. Чхаў я на філасофію. Я містык-кібернетык.

Кісялёў. Свістун ты! Прасвішчаш жыццё як у дуду.

Жора. Кожны свішча як умее.

Кісялёў. Свіснуць бы табе паміж вачэй... Пайшоў адсюль!

Жора. Но-но! Не вельмі. Я начальніка чакаю.

 

Недзе наверсе загаварыла радыё. Пачатак ранішніх перадач. Па лесвіцы спускаецца Корань.

 

Кісялёў. Васіль Пятровіч! (Выхапіў з кішэні нейкія паперы.) То як жа будзе?

Корань. І ты тут? Сказаў, не падпішу!

Кісялёў. Падпішыце. Майце на ўвазе — санітарная камісія пад кіраўніцтвам вашай жонкі склала акт. Рабочыя павінны мець душ на кожным участку.

Корань. А ці не занадта?

Кісялёў (развёў рукамі). Патрэба жыцця, Васіль Пятровіч. Не забывайце, у які час жывём.

Корань (смяецца). Я ж табе кажу — грошай няма.

Кісялёў. Гэта для рабочага класа.

Корань. Хіцёр! Ведаеш, чым мяне купіць. Давай! (Падпісвае паперу.) Бяры! Што з табою зробіш... (Да Жоры.) Паехалі!

 

Корань і Жора выходзяць. Чуваць, як ад інтэрната ад’ехала машына. Кісялёў ходзіць па вестыбюлі і водзіць пальцамі па розных прадметах.

 

Акуліна (выходзячы з калідора). Ох, і ўедлівы ты! Жур — той, бывала, толькі бегаць умеў. Не правярай, не правярай! Няма пылу.

 

З умывальнага пакоя з ручніком цераз плячо выходзіць Нюра. Спынілася, робіць знакі Акуліне.

 

Вось так як станеш, дык і загаворышся. А яшчэ паўдома не прыбрана.

 

Акуліна выходзіць. Нюра, зрабіўшы выгляд, што не заўважае Кісялёва, ідзе да дзвярэй свайго пакоя.

 

Кісялёў. Нюра! Ты што ж гэта праходзіш міма і нават не глянеш!

Нюра. Ах, гэта ты! Добрага рання.

Кісялёў. Ранне то добрае... Ну, дык як жа? А? Нюра!

Нюра (адразу). У абедзенны перапынак я цябе буду чакаць каля загса. Не забудзь запрасіць сведак. З майго боку ўжо ёсць.

Кісялёў. Пачакай... Ды ты... Ды я... Не, ты... сур’ёзна?

Нюра. А ты што? Жартуеш? (Усхліпнула.) Прадчувала маё сэрца... Сёння ж афармляй нашы адносіны, альбо... я не знаю-ю-ю...

Кісялёў. Афармляю! Усё! Канец майму халасцяцтву! (Падхоплівае яе на рукі.) Ух ты, птушачка мая шызакрылая!

Нюра. Несур’ёзны ты, несур’ёзны. Вось цябе і начальнікам паставілі, а ты як і быў...

Кісялёў. Нічога. Ты ж у мяне сур’ёзная за дваіх.

Нюра. Ты яшчэ мяне не ведаеш. Я ж вельмі гаспадарлівая. І пашыць, і памыць... Акурацістка. У мяне парадак ведаеш які будзе? І з’ясі смачна, і паспіш у мякенькім... Такое гняздзечка ў нас будзе, ну проста рай...

Кісялёў. Ды з табою — хоць у пекла!

Нюра. Фу, які ты несур’ёзны! Ваня, золатка маё, ты ж не стой, а ідзі ў кантору, рабі, што табе трэба. І глядзі, не пазніся. Каб а палове трэцяй быў як штык каля дзвярэй загса.

Кісялёў (хныкае, перадражніваючы Нюру). Ой, Нюрачка, злавіла ты мяне ў клетку, загубіла маю хлапечую красу...

Абое смяюцца. Махаюць адно аднаму рукамі. Нюра ідзе да сябе ў пакой.

Пакой дзяўчат цяпер больш утульны. Вышыўкі, покрыўкі, кілімы, дарожкі. У кутку кніжная паліца поўна кніг. Некалькі карцін у багетавых рамках. Вера перад люстэркам зачэсвае валасы.

 

Нюра (з выглядам пераможцы). Можаш мяне павіншаваць.

Вера. З чым?

Нюра. З законным шлюбам.

Вера. Праўда?! Віншую. Шчасця вам і доўгага жыцця. Кісялёў добры хлопец.

Нюра. Прыйдзеш на вяселле?

Вера. Калі запросіш.

Нюра. А як жа! Усіх запрашу! А цябе і твайго брата — у першую чаргу. Мы з табою столькі перажылі! І мне цябе вельмі шкада... Я табе так спачуваю.

Вера. Што гэта ты ўздумала мяне шкадаваць?

Нюра. Я ўсё бачу! Я ўсё чыста бачу!.. А толькі на тваім месцы не бегала б я за ім, плюнула б яму ў нахабныя вочы і ўсё!

Вера (засаромеўшыся). Ох, і любіш ты не ў сваё нос соваць...

Нюра. Калі ж бо маё сэрца разрываецца. Праўду кажуць: зрабі чалавеку дабро, дык ён табе першы і напаскудзіць.

 

Вера пачынае збірацца ў дарогу. У дзверы стукаюць.

 

Вера. Заходзьце!

Каляда (уваходзячы). Здарова, шчабятухі!

Нюра. Бягу... (Выходзіць.)

Вера. Снедаў?

Каляда. Так рана?

Вера. Няма табе часу і паесці. Ходзіш галодны па аб’ектах да вечара. Сядай. Чаем напаю. З клубнічным варэннем. Сама варыла.

Каляда. З варэннем, кажаш? Не прывык я.

Вера. Эх ты! Бабыль беспрытульны! Ажаніўся б, ці што...

Каляда. Хопіць з мяне і твайго жаніхоўства.

Вера. Усе мяне шкадуюць! І кожны ўпікае! Не прашу. Не трэба. Не трэба!.. (Адвярнулася.) Вось...

Каляда. Сястрычка, не ўпікаю я цябе. За што? Ты ж не маленькая. Сама за сябе заступішся, праўда?

Вера. Не ведаю... Алёша... Братка мой родненькі... Дзіця ў мяне будзе... Ад яго...

Паўза.

Каляда (у гневе). Заб’ю! Знявечу! Скаціна!..

Вера. І мяне з ім разам... Я яшчэ больш вінавата.

Каляда. Падлюга!

Вера. Ён не падлюга, Алёша. Дурны ён, няўдачлівы. Храбрыцца, робіць выгляд, што на ўсё плюе, а на душы кошкі скрабуць. Ведае, што не так жыве, а перайначыць жыццё сілы не хапае. Вось і са мною... цешыць сваю гордасць. Думаў, на каленях буду поўзаць перад ім... Не дачакаўся. І не дачакаецца!

Каляда. А ты чаго чакаеш?

Вера. Чакаю, калі ён сам да мяне на каленях прыпаўзе.

Каляда. А калі не прыпаўзе?

Вера. Прыпаўзе! Абавязкова прыпаўзе. Я ж люблю яго... А ён ніколі сапраўднай любві не ведаў. Куды ён дзенецца?

Каляда. Толькі ты глядзі... Май гонар. Нічога. Як-небудзь выгадуем. Удваіх будзем гадаваць тваё дзіця.

Вера. Дзякуй за добрае слова, Алёша...

Каляда (са смуткам). Толькі добрым словам і магу табе памагчы...

Вера. Куды ж ты? А чай?

Каляда махнуў рукой і выйшаў.

Мама, мама!.. Каб ты была жывая...

 

Зацямненне.

Нарастае ўрачыстая мелодыя, і вырысоўваецца панарама будоўлі. Многае ўжо закончана. Задымілі першыя коміны цэхаў. Блішчаць на сонцы вокны шматпавярховых карпусоў заводскага пасёлка.

 

Час. Чалавек мяняе прыроду. Мільёны гадоў развіваецца жыццё на зямлі, падпарадкаванае адвечным законам матэрыі. І ніколі яшчэ чалавечы розум не пранікаў так глыбока ў асновы гэтых законаў, не выкарыстоўваў іх з такой упартай энергіяй. Змяніліся меры часу. Секунда стала прасторная, як вечнасць.

 

Уваходзіць Корань. Насустрач яму Дэраш.

 

Дэраш. Здароў, Васіль Пятровіч. Любуешся?

Корань. А так... Ёсць на што паглядзець.

Дэраш. Нішто сабе заводзік мы з табой адгрукалі.

Корань. Не мы з табой, а людзі.

Дэраш. Я ж кажу: народ... пад нашым кіраўніцтвам.

Корань. Ну, што да кіраўніцтва, то не вельмі зазнавайся. Куды ідзеш?

Дэраш. Правяраю. У Зорына зноў нешта не ладзіцца.

Корань. А я ў яго толькі што быў. Нават вельмі ладзіцца.

Дэраш. Ну, гэта як сказаць. У мяне ёсць сігналы.

Корань. У цябе ёсць сігналы. А ў яго рукі і галава.

Дэраш. Не цэніш ты мяне, не цэніш. (Надзьмуўшыся.) Дык ці не лепш нам разысціся?

Корань. Што ж... Сілай трымаць не збіраюся.

 

Не заўважаючы бацькі, праходзіць Люба. Непрыязна глянуўшы на Кораня, Дэраш выходзіць.

 

Люба!

Люба (падышоўшы да бацькі). Добры дзень, тата.

Корань. Ты на нас зусім забылася. Не заходзіш. Ну, як жывеш?

Люба. Дзякуй. Нічога.

Корань. Нічога, гэта значыць — дрэнна.

Люба (засаромеўшыся). Не, у мяне ўсё добра. Працую.

Корань. А праца даспадобы? Не цяжка?

Люба. Ты на мяне не злуешся, што я не паехала?

Корань. Што ж цяпер злавацца? Ты свайго дабілася...

Люба (горка). Нічога я не дабілася. Жыву, працую, а радасці няма.

Кора н ь. Ты... пачынаеш сумнявацца?

Люба. Не ведаю...

Корань. А ён? Не крыўдзіць цябе?

Люба. Не...

Корань. Дык у чым жа справа?

Люба (апусціла галаву). Я ўвесь час адна. Адна...

Корань (узлаваўшыся). Ды ты што? Малое дзіця? Не ведаеш, чым заняцца? Ты толькі паглядзі, які прастор! Колькі магчымасцей! Не вучышся! Ад камсамола адарвалася! Ты што, хочаш, каб Сяргей быў табе за няньку?

Люба. Тата... Ты не зразумеў...

Корань. Я ўсё зразумеў!

Люба. Але ж я зусім пра другую адзіноту... Зусім пра другую!

Корань. Не хачу слухаць! Трэба выкінуць з галавы дурныя фантазіі. Гэта за цябе гаворыць твой эгаізм.

Люба. Тата! Ты... ты вінаваціш мяне?

Корань. І сябе! Сябе ў першую чаргу.

Люба. Добра... Я пастараюся, тата... каб нікому не было сорамна за мяне... Бывай, мой дарагі... І маці скажы. Скажы, што я вельмі яе люблю. Бывайце! (Хутка выходзіць.)

Корань (у трывозе). Люба!

 

Зацямненне.

Вестыбюль інтэрната. У ім прасторна, светла. Няма нічога лішняга, паказнога. Вясновая раніца. Свята. Прабеглі дзяўчаты, асцярожна несучы на выцягнутых руках адпрасаваныя сукенкі. З вуліцы ў святочным касцюме ўваходзіць Кісялёў. У яго на грудзях новенькі ордэн. З другога паверха паважна спускаюцца хлопцы на чале з брыгадзірам Сямёнам. Амаль у кожнага на пінжаку ордэн або медаль.

 

Мікола (выпрастаўся і вылупіў вочы). Смі-ірна! Раўненне на былога класнага брыгадзіра, а цяпер... ні рыба ні мяса.

Кісялёў (крывіцца). Пакінь, Мікола.

Мікола. Слухаю, таварыш начальнік! Дазвольце стаяць вольна?

Кісялёў (махнуў рукою). Віншую вас, хлопцы, з узнагародамі.

Хлопцы (хорам). Служым Савецкаму Саюзу!

Кісялёў. Добра служыце. Чэрці! Сумна мне без вас...

Мікола. А ты не ведаеш, што зрабіць? (Нахіляецца і гаворыць Кісялёву на вуха.) Развалі работу, і цябе зноў турнуць назад брыгадзірам.

Кісялёў (смяецца). Прыйдзецца так і зрабіць.

Мікола. Толькі ты нам цяпер не патрэбен. (Да Сямёна.) Правільна, брыгадзір?

Кісялёў. За што ж такая няласка?

Мікола. Хапае нам і тваёй мілай жонкі. Яна ў брыгадзе як будзільнік. І верашчыць, і звініць... Праўда, хлопцы? Слухай, прыладзіў бы ты яе да гаршкоў і да дзетак, а?

У новым плацці, памаладзелая і расчуленая, уваходзіць з вуліцы Акуліна. На грудзях у яе медаль.

 

Акуліна. Галубочкі! Родненькія! І мяне ўзнагародзілі! За доблесную працу. А што я такое доблеснае зрабіла?

Кісялёў. Тады вярні ўзнагароду.

Акуліна. Што?! Як вярні? А калі мой муж на фронт пайшоў, хто замяніў яго каля станка? Акуліна Фёдараўна Нічыпаровіч! Вось хто! А пасля вайны хто аднаўляў разбураны горад? Акуліна! І сюды, у гэтае балота, Акуліна адна з першых прыехала! І кухаркай была, і прачкай... Для рабочых старалася! А ты... ты... (Плача )

Кісялёў. Цётка Акуліна! Я ж пажартаваў!

 

Па лесвіцы спускаюцца Корань і Каляда.

 

Корань. Значыцца, парадак такі. Мітынг адкрываю я. Даю слова Зорыну. Між іншым, дзе ён?

Каляда. На сёмым, як заўсёды. Перад пускам вырашыў праверыць яшчэ раз кожную дэталь.

Корань. Зусім знямогся чалавек... Пасля Зорына — ад моладзі выпусцім... Хто найбольш праявіў сябе?

Мікола. Хіба ўсіх пералічыш? Камсамол!

Корань. Добра! Выберам на месцы. Што яшчэ? Так! (Да Кісялёва.) Ордэры на кватэры — адразу ж пасля мітынгу, і няхай сёння ж людзі спраўляюць наваселле. (Да Жоры, які ўвайшоў з вуліцы.) Ты вольны на ўвесь дзень.

 

З другога паверха сходзіць Нюра ў квяцістым шаўковым плацці. Выгляд у яе строгі, важны. Корань прапускае яе наперад.

 

Нюра. Добры дзень, Васіль Пятровіч.

Корань. Здарова, маладзіца.

Нюра (азірнуўшыся на Кісялёва, які стаіцьунізе). Васіль Пятровіч, я да вас са скаргаю.

Корань. У такі дзень? На каго?

Нюра. На свайго мужа.

Корань. Нешта вельмі скора. Цікава...

Нюра. Скажыце, ён мае права на кватэру?

Корань. А як жа! У першую чаргу.

Нюра. Вось! А ён мне што кажа? У апошнюю! У нас жа сям’я!

Кісялёў. Нюра!

Нюра (лагодным тонам). Іду, іду, Ванечка... (Да Кораня.) Васіль Пятровіч, зрабіце нам для шчасця сям’і...

Корань. Для шчасця сям’і — можна!

Кісялёў. Нюра! Не прыставай!

Нюра (спускаючыся да Кісялёва). Я нічога... Пагаварыла трошкі з начальнікам. Такі слаўны дзянёк!

Кісялёў. Ой, глядзі! Будзе табе слаўны дзянёк!

 

Усе выходзяць. Астаецца адзін Цуканаў. Падыходзіць да дзвярэй пакоя дзяўчат, стукае.

Жора. Вера... Ты адна? Хто, хто... Ну, я! Жора... Што? А я гавару — пусці! Вось яшчэ, узяла моду... Колькі можна здзекавацца з любімага мужчыны! Упусці, кажу! Пагаварыць трэба...

Вера (з'яўляючысяў дзвярах). Пра што?

Жора. Хіба няма пра што?

Вера. Няма! (Хоча зачыніць дзверы, Жора падстаўляе бот.) Выйдзі! Мне на цябе глядзець агідна...

Жора. Ай! Ну, навошта так... катэгарычна?

Вера. Заслужыў! Хопіць!

Жора (бядуючы). Прападзе такі чалавек... І праз каго? Праз бабу... Ай-яй-яй! Такі чалавек!

Вера. Чалавек... Інфузорыя ты, а не чалавек.

Жора. Што-што? Інфузорыя?.. Ты мне кінь гэту заалогію!

 

Войкнуўшы, Вера з трэскам зачыняе дзверы. Цуканаў азіраецца. З другога паверха спускаецца Корань.

Паўза.

 

Корань. Так... Чалавекам быць не лёгка. Свіннёй куды лягчэй.

Жора (пахмура). Адпусцілі б вы мяне. Паехаў бы...

Корань. Добра. Адпушчу. Паедзеш. А далей што?

Жора. Мне б толькі вырвацца.

Корань. Ну, вырвешся. А далей? Пустата. Адбушуеш і завянеш.

Жора (з нечаканай шчырасцю). Васіль Пятровіч... Хочаце — верце, хочаце — не... Мне цяпер усё роўна. Толькі я ж да яе ўсёй душой... Я не ведаю, што са мною цяпер робіцца. А толькі я нібы нешта вельмі дарагое навекі страціў. Яна мяне інфузорыяй назвала, і вы... таксама. А яна ж была маім лепшым другам. Выйдзеш, бывала, ад яе, сядзеш у машыну — і такая сіла ў руках, ляціш як птушка. Гаварыць са мною не хоча. Растапталі ўсю маю гордасць... Эх!

Корань. Не гордасць, а фанабэрыю тваю растапталі. А калі ў цябе ёсць сапраўдная гордасць, ідзі да яе, прасі прабачэння. Можа і даруе, калі любіць. А прагоніць — сам вінаваты. Ідзі!

Жора. І пайду!

 

Жора рашуча адчыняе дзверы ў пакой дзяўчат. І адразу ж адтуль выбягае Вера. Корань усміхнуўся, але робіць выгляд, што нічога не ведае.

 

Корань. Ты што ж, брыгадзірша, на мітынг не збіраешся?

Вера. Скончылася маё свята, Васіль Пятровіч. Мітынгуйце без мяне.

Корань. Як гэта без цябе? Сёмы пускаем! На месяц раней тэрміну. З яго пачынае жыць наш завод. Хіба ты не чакала гэтага дня? Там жа ёсць і твая праца. Хутчэй адзявайся, прышпільвай ордэн — і на мітынг. Выступіш ад моладзі.

Вера (з запалам). А што ж? І выступлю. І скажу. Вось такім дурніцам, як сама. Скажу: дзяўчаты, як нам ні цяжка, а духам падаць не будзем. У кожнай з нас сваё маленькае, часта не вельмі ўдалае жыццё, а калі ўсе мы разам, жыццё наша становіцца вялікім і прыгожым. Мы будуем гарады і заводы. Мы асвойваем новыя землі, мы... (Глянула на Кораня і збянтэжылася.)

Корань. Правільныя тэзісы! Зацвярджаю. Вось так і скажаш. Прыходзь. (Ідзе да дзвярэй.)

 

Паварот сцэны. Пакой дзяўчат. Пасярэдзіне стаіць на каленях Цуканаў. Уваходзіць Вера.

 

Вера. Стаіш?

Жора. Стаю!

Вера. Стой. (Заходзіць за шырму, мяняе плацце, прычэсваецца перад люстэркам.) Не мулка стаяць?

Жора. Мулка.

Вера. Гэта добра.

Жора. Эгаістка! Толькі пра сябе думаеш...

Вера. І пра яго.

Жора. Дык ён жа і мой!

Вера. Не. Ты яму не бацька.

Жора (падпаўзае да яе, абдымае за ногі). Дурная! Люблю!

Вера. Я гэта не раз чула: і дурная, і люблю.

Жора. Верачка! Даруй! Ну, памучыла, памучыла ж. Хопіць. Прападу я без цябе, прападу...

Вера. Прападай. Невялікая страта... Пайду. Мяне людзі чакаюць.

Жора. А я, значыцца, не чалавек, так? Мяне растаптаць можна... Ідзі. А я стаяць буду. Дзень буду стаяць. Тыдзень буду стаяць. Год! Усё жыццё! Увесь век! Мне цяпер усё роўна.

Вера. Стой. А я пайду. (Выходзіць у вестыбюль і ў знемажэнні прыхінаецца да дзвярэй. Непакорная, шчаслівая ўсмешка кранае яе губы.) Любіць. Любіць! Прыпоўз, родненькі! (Асцярожна прачыняе дзверы, заглядвае ў пакой.) Стаіць! Гора ты маё горкае! Ведаю, нацярплюся я яшчэ з табою, баламутам, а толькі сіл маіх больш няма... (Ціха ўваходзіць у пакой, падыходзіць да Жоры і моўчкі апускаецца на калені побач з ім, кладзе яму руку на плячо.)

Жора (сумна). І што гэта такое на мяне найшло? Замарачэнне нейкае... Уніжаюся, а сораму няма. Нават радасна. І чым ты мяне ўзяла? Перавярнула ўсю душу...

Вера (прытуліўшыся). Дурненькі мой, не перавярнула, а на месца паставіла.

Жора. Верыш?

Вера (цвёрда). Веру.

Жора. Табе добра са мною?

Вера. Добра. А табе?

Жора. Яшчэ не разабраўся. Трэба пажыць. Можна ўстаць?

Вера. Ой, што ж я! Хутчэй! Уставай! Сёння ж свята. Хадзем да людзей. Цяпер нам не будзе сорамна перад імі.

 

Узяўшыся за рукі, яны выходзяць у вестыбюль. І адразу ж аркестр зайграў марш. Паўз вокны праплываюць сцягі і транспаранты.

 

Глядзі! Вунь нашы! Хадзем! (Выходзяць.)

 

Інтэрнат апусцеў. Іграе музыка і чуваць крокі дэманстрантаў. Раптам музыка абрываецца. Шырока адчыніліся дзверы, і з вуліцы ўносяць на руках непрытомную Любу. Каля яе Ганна і Зорын. Ганна машынальна папраўляе валасы. Любу ўносяць у пакой Зорына.

 

Каляда. Як гэта здарылася?

Сямён. А так і здарылася... Стаміўся чалавек...

Каляда. Ад чаго?

Сямён. Ці мала ад чаго стамляецца чалавек... Кажуць, метал — і той стамляецца. А гэта ж чалавек!

Каляда. Яна ўпала?

Сямён. Упала... Жыў чалавек і ўпаў...

Каляда. Зверху, з рыштаванняў?

Сямён. Не, ужо спускалася ўніз... Усю работу закончылі і спускаліся ўніз... (Сярдзіта.) І нашто табе ўсё гэта высвятляць цяпер?

 

У пакоі Зорына. Ганна, скамянелая, сядзіць каля Любы ў галавах. Зорын стаіць на каленях перад канапай і, нахіліўшыся над Любай, глядзіць ёй у твар.

 

Зорын. Люба!.. Гэта я... Сяргей... Скажы мне што-небудзь... Я зразумею...

Ганна (глуха). Што яна можа табе сказаць...

Зорын (у роспачы). Люба! Даруй! За ўсё даруй! Што? Што яна сказала?

Ганна (нахіляецца да Любы, слухае). Яна кажа, што ты ні ў чым не вінаваты... Што яна шчаслівая... (Раптам устае, сурова.) Але я не дарую! Не магу дараваць!

 

Абхапіўшы галаву рукамі, Зорын, хістаючыся, ідзе да дзвярэй. Усе перад ім расступаюцца. Ён выходзіць у вестыбюль. Насустрач яму ўбягае з вуліцы ўстрывожаная Надзея.

Надзея. Сяргей! Гэта праўда?

Зорын (глядзіць на Надзею, як бы ўспамінаючы яе). А... Гэта ты... Надзя... Ты заўсёды побач, калі мне...

Надзея. Не адчайвайся.

Зорын. Асірацеў я... А яшчэ так доўга трэба жыць.

 

Уваходзіць Корань. Надзея адышла да акна, адвярнулася, хаваючы слёзы. Корань спыніўся каля дзвярэй.

 

Корань. Яна там?

 

Зорын кіўнуў галавою.

Корань уваходзіць у пакой, набліжаецца да Ганны, якая па-ранейшаму сядзіць каля Любы.

 

Акуліна. Ганна Рыгораўна... Вось і муж ваш прыйшоў...

Здалёку пачулася музыка.

Ганна (здрыганулася). Музыка...

Акуліна. У людзей свята.

Ганна. У людзей свята... І Любачка наша там... Яна ж працавала. Старалася. Праўда?

Корань. Ганна... (Робіць знак Акуліне.)

Акуліна (абняўшы Ганну, спрабуе яе павесці). Хадзем, галубка. Няхай дзіцятка адпачывае.

Ганна. Пакіньце мяне. Не суцяшайце. Я зусім спакойная. Бачыце, я спакойная... (Рыдае.)

Корань. Ганна!

Акуліна. Няхай паплача. Выплача гора... І я, старая, каля яе пасяджу. А ты, бацька, ідзі. Табе няма чаго тут рабіць.

 

Зацямненне.

У вестыбюлі на лесвіцы, апусціўшы галаву, сядзіць Зорын. Музыка прыглушаная, трывожная. Гучыць тэма Часу.

 

Час. Устань.

Зорын. Навошта?

Час. Трэба ісці.

Зорын. Куды?

Час. У будучыню.

Зорын. Я не магу без яе.

Час. Яна не дайшла.

 

Некалькі рэзкіх акордаў, і шырокая, светлая мелодыя, у якую ўключаюцца ўсе інструменты, вырываецца на прастор. Уваходзіць Корань. Зорын устае і падыходзіць да яго.

 

Зорын. Яна так марыла аб шчасці... І не дачакалася яго.

Корань. Думаючы аб шчасці для ўсіх, мы часта забываем тых, каго любім, хто побач з намі... І жыццё бязлітасна карае нас.

Зорын (у роспачы). Дык няхай бы мяне! Мяне!

Корань. Будзь мужны, Сяргей. Ты не маеш права.

 

Перад імі ўзнікае блакітны небасхіл, і да яго бяжыць удалечыню шырокая, прамая дарога.

 

Бачыш, небасхіл наблізіўся! А за ім — наша светлая мара. Яшчэ некалькі крокаў, і мы ўбачым наш заўтрашні дзень.

Зорын. Апошні крок заўсёды цяжкі.

Корань. І мы павінны зрабіць яго! Бо навошта мы жылі? Навошта пралілі столькі крыві і поту? Навошта былі нашы пакуты і сумненні? Навошта? Пойдзем жа! Час кліча!

 

Яны выходзяць на дарогу. Пераможна, урачыста грыміць музыка.

 

Заслона