epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Васючэнка

Маленькі збраяносец

Рыцарская п'еса ў дзвюх дзеях

Асобы
Пралог
Дзея першая
  Сцэна першая
  Сцэна другая
  Сцэна трэцяя
Дзея другая
  Сцэна чацвёртая
  Сцэна пятая


Асобы

 

Злата (Зоська - залаташвачка) - прынцэса Краіны Сланечнікаў.

Тарантул - кароль Краіны Павукоў.

Ківайла (Язэп) - стары жаўнер.

Штокала (Піліп) - малады жаўнер.

Дармедонт - рыцар ордэна Жалезнага Кракадзіла.

Андрусь - збраяносец.

Марселіна (Марцэля) - фрэйліна.

Матруна - вясковая кабета.

Цмок Васька (Васіль).

Удзельнікі пахавальнага шэсця ў каралеўскім палацы Краіны Павукоў.

Прыдворныя, варта ў каралеўскім палацы Краіны Сланечнікаў.

 

 

Пралог

 

Авансцэна ўяўляе сабою шлях, пасярэдзіне - слуп з дарожнаю шыльдай. Гучыць «Дуброва»:

 

Ой, дуброва, ты зялёна,

Ой, дуброва, ты зялёна,

Цераз цябе шлях-дарога...

 

Пад гукі старой жаўнерскай песні на авансцэну выходзіць Матруна - здарожаная сялянка ў запыленай вопратцы, з кайстрай за плячыма, замест посаха ў руках - дзяркач.

 

Матруна. Мае вы каханенькія... Ці не сустракалі вы майго мужа? Язэпам зваць. (Паўза.) Як пайшоў на вайну, дык ніякай весткі аб ім не чутно. (Выцірае слязу.) А за ім мой большанькі сынок... Піліпам зваць. Падгадаваўся, пачаў за дзеўкамі бегаць. А дзеўкі - ад яго. Дражніліся, што ўвесь у рабацінні. А ён пакрыўдзіўся ды кажа: «Пайду да таткі ў войска, стану ахвіцэрам, вярнуся дахаты ўвесь у медалях - тады дзеўкі не ад мяне, а да мяне бегаць пачнуць. Будуць гронкамі на шыю вешацца». Узяў хлеба, кавалак сала ды ўцёк з дому. І таксама весткі не падае. (Выцірае слязу.) Быў у мяне сынок серадольшанькі. Андрэйкам зваць. Гэты быў добры, аж занадта. Шкадаваў катоў, сабак, ад гіцляў іх бараніў. Пачалі яго дражніць каціным татам. Так задражнілі, што ён аднойчы кажа: «Пайду абараняць слабых». Пайшоў... Дзе ты цяпер, абаронца мой... (Выцірае слязу.) Быў у мяне меншанькі сынок. Васількам зваць. Гэтага ніхто не дражніў. Гэты сам усіх дражніў. Усе ад яго хаваліся, як ад чумы. Ажно яму сумна стала. «Пайду, кажа, па белу свету, пашукаю, каго яшчэ падражніць». Пайшоў... Ну, гэты, мусібыць, не прападзе... (Выцірае слязу.) Раскаціліся мае дзеткі па свеце, як з грушы дзічкі... Цярпела я сваю сірочу долю - ды вось і выправілася ў дарогу, шукаць сваіх. (Гнеўна.) І хто гэта выдумаў тую дарогу, што мужыкоў з дому зводзіць?! Ну, хлопцы, дайце ж толькі вас адшукаць! Я ўжо вам! Я ўжо вам! (Хвошча дзеркачом.) Вось так, вось так! (Да залы.) А вам, бачу, смешна? Чакайце, як будуць у вас саміх дзеткі, як пачнуць дурэць - будуць і вам смешачкі. (Падыходзіць да прыдарожнага слупа, чытае надпісы на шыльдзе.) «Налева - Краіна Павукоў. Направа - Краіна Сланечнікаў». Куды ж падацца? Каб жа толькі ведаць, дзе мае мужыкі брындаюцца..... Пайду, куды ногі панясуць.

 

Марудна выходзіць са сцэны пад гукі жаўнерскай песні:

 

Ой, салдаты, вы, жаўнеры,

Ой, салдаты, вы, жаўнеры,

Дзе ж вы майго мужа дзелі?

 

 

Дзея першая

 

Сцэна першая

 

Тронная зала ў палацы караля Краіны Павукоў. Інтэр'ер у барвовых і шэрых колерах. Пад столлю цягнецца срэбнае дэкаратыўнае павучынне. Пад ім партрэты караля і каралевы. Твар апошняй - дзівосна прыгожы, але сумны, бледны. Унізе статуя васьмілапага ідала, якому пакланяюцца і прыносяць ахвяры жыхары краіны. На ахвярніку каля ног статуі гарыць агонь. Апроч партрэтаў на сцяне вісіць карта з выявамі краін, зваяваных каралём Тарантулам. Сам кароль у глыбокім задуменні сядзіць на троне.

З'яўляюцца Штокала і Ківайла, малады і стары жаўнеры. Хапаюць адзін аднаго ўзагрудкі, штурхаюцца, каб першым дабегчы да трона.

 

Штокала. Ды пусці ты мяне, Ківайла! Я першы далажу! Я спрытнейшы!

Ківайла. Не, я! Я, стары жаўнер, ветэран чатырох войнаў... Я павінен першы далажыць яго вялікасці каралю...

Тарантул. Ну! Што там у вас?

 

Ківайла і Штокала працягваюць штурхацца.

 

(Нецярпліва.) Што вы там тузаецеся? Дакладвайце. Як здароўе маладой каралевы?

Штокала і Ківайла (кідаюцца да трона разам, бухаюцца наўколенцы, гавораць навыперадкі).

 

- Ёй лепш!

- Новыя лекі падзейнічалі!

- Каралева ачуняла!

- Каралева адплюшчыла вочы!

- Хутка паправіцца!

 

Тарантул. Нічога не зразумеў. Няхай адзін гаворыць. Ты, стары, кажы.

Ківайла. Каралеве лепш. Новыя лекі падзейнічалі. Каралева апрытомнела, расплюшчыла вочы і сказала...

 

Паўза.

 

Тарантул. «Каралева сказала...» Дык што ж яна сказала? Кажы ты, маладзейшы! Толькі праўду. Іначай пойдзеш у агонь, на ахвярнік.

Штокала (спяшаючыся). Яна сказала: «Ах, як балюча! Як шкада... Я так марыла памерці...»

Тарантул. Яна гэта сказала? Ты лжэш! (Паказвае на ахвярнік.)

Ківайла (паспешліва выступае наперад). Даруйце яму, ваша павучыная вялікасць. Ён яшчэ малады, глухаваты. Не так пачуў. Вось я, стары жаўнер, пачуў правільна: «Якое шчасце! Я буду жыць! Я сустрэнуся з маім уладаром, яго павучынай вялікасцю, каралём Тарантулам, магістрам Ордэна Павучыння!..» Гэта ўсё гаварыла маладая каралева.

Тарантул (недаверліва). Яна ўсё гэта гаварыла? Такі доўгі сказ?

Ківайла. А яна гаварыла... з перапынкамі.

Тарантул. Добра. Што кажа каралеўскі лекар?

Штокала. Ён кажа, што адно з двух. Або каралева пойдзе на папраўку, або...

Тарантул. Што «або»?

Ківайла. Або паправіцца яшчэ хутчэй, чым усе спадзяваліся.

Тарантул (падумаўшы). Па-мойму, вы чагосьці не дагаворваеце. Ану, паклічце да мяне прыдворнага лекара.

 

Ківайла і Штокала выходзяць.

 

Ёлупні, баязліўцы! Паспрабуй здзейсніць з такімі слугамі мае грандыёзныя планы. Усіх трэба паслаць на ахвярнік. І наняць новае войска.

 

Вяртаюцца Ківайла і Штокала, на гэты раз у зусім іншым настроі. Цяпер яны падштурхоўваюць адзін аднаго да трона.

 

Ківайла. Ідзі дакладвай каралю, Штокала. Ты ж хацеў. Ты ж маладзейшы.

Штокала. Не пайду. Ты ж сам кажаш: «Не лезь упоперад бацькі ў пекла». Ідзі ты. Бо ты старэйшы.

Тарантул. Ну! Што так рана вярнуліся? Чаму няма лекара?

Штокала. Ён... ён...

Тарантул. Што ён? Кажы ты, стары!

Ківайла. Лекар... не можа прыйсці, ваша павучыная вялікасць...

Тарантул. Што значыць «не можа»? Прывядзіце яго!

Ківайла. Яго няможна прывесці, бо ён...

Тарантул. Што ён? Ану ты, малады!

Штокала. Ён атруціўся, ваша павучыная вялікасць!

Тарантул. Мой прыдворны лекар атруціўся? Хто яму дазволіў? Хто цяпер будзе лячыць маладую каралеву?

Штокала. А яе... ужо не трэба лячыць.

Тарантул. Што ты вярзеш, гарматнае мяса?!

Штокала. Яна памерла, ваша павучыная вялікасць... Мы прыйшлі - а яна ўжо нежывая. І лекар кажа: «Лепш я таксама памру, чым цярпець катаванні». І як бачыш атруціўся. Вось усё.

 

Цяжкая паўза. Штокала і Ківайла перашэптваюцца.

 

Бач, маўчыць. Сапе. Думае. Пра што ён думае?

Ківайла. Не ведаеш пра што? Ён думае, якім спосабам нас катаваць, перш чым кінуць у ахвярнік...

Штокала. За што? Ён жа, кажуць, не любіў маладую жонку.

Ківайла. Мала што не любіў. Затое ён любіў яе мучыць. А цяпер злуе, што няма каго мучыць. Вось і возьмецца за нас. Глядзі, ужо надумаў нешта.

Тарантул. Эй ты, малады! Прынясі мне партрэты найпрыгажэйшых прынцэс свету. Незамужніх.

Ківайла (шэптам). Здаецца, уберагліся. Кароль надумаўся жаніцца. (Выходзіць.)

Тарантул. А ты, стары, здымі партрэт нябожчыцы.

 

Штокала выконвае загад.

 

(Назіраючы за ягонай працай.) Яна магла б быць нядрэннай каралевай... Прыгожая... Вось толькі кволая... І жаласлівая да ўсяго жывога. Хіба з такімі заваёўваюць свет? Жанчына павінна быць памочніцай мужу нават у крывавых справах...

 

З'яўляецца Ківайла з партрэтамі. Тарантул бярэ іх у яго з рук, разглядае. Спыняецца на адным з партрэтаў. Уважліва ўглядаецца.

 

(Да Штокалы.) Павесь гэты партрэт побач з маім.

 

Штокала выконвае загад. Ківайла чухае патыліцу.

 

Ну, а ты чаго чухаешся, старое гарматнае мяса? Не пазнаеш прыгажуню? Ці лічыш мой выбар няўдалым?

Ківайла. Няўдалым? Ды гэта ж Злата, прынцэса Краіны Сланечнікаў! Пра яе хараство спяваюць менестрэлі па ўсім свеце! Маладыя рыцары губляюць розум. Нават я, стары жаўнер...

Тарантул. То ў чым жа справа? Кажы! Я дазваляю.

Ківайла. Ваша вялікасць забылася? Летась вы ўзялі ў палон яе бацьку. Караля Краіны Сланечнікаў. Старэнькі дагэтуль сядзіць у вашай цудоўнай, добра ўпарадкаванай турме. Год як сонца не бачыць.

Тарантул. Цяпер ён пабачыць сонца. Ён будзе гуляць на нашым вяселлі. Маім - і прынцэсы Златы.

Ківайла. Баюся, што...

Тарантул. Што яшчэ? Кажы. Дазваляю.

Ківайла. Баюся, што старэнькі не вытрымае такой навіны. Памрэ ад радасці. Альбо заб'е сябе.

Тарантул. Гм... Не хацелася б. Гэта разладзіць вяселле. І папаўзуць дурныя пагалоскі. Ну, а калі мы паставім умовы самой прынцэсе?

Ківайла. Прынцэса... Я чуў, што яна шукае па ўсім свеце высакароднага і мужнага рыцара, які здолеў бы вызваліць яе татку. А што, калі знойдзе?

Тарантул (рагоча). Ха-ха-ха! «Высакароднага і мужнага!» Дзе ты сёння знойдзеш такога? Калі ўсё вырашаюць грошы? Або ўлада? Што ж, няхай пашукае! А мы знойдзем яму годнага супраціўніка. Яшчэ больш высакароднага і яшчэ больш мужнага! І гэтым супраціўнікам будзе... Здагадваешся, хто? Ну, вядома ж, наша павучыная вялікасць! Непераможная і магутная! І тады прынцэса пачне нас паважаць! А потым пакахае. Як гэта і здарылася з нябожчыцай... Праўду я кажу, гарматнае мяса?

Ківайла. Так, так, чыстую праўду...

Тарантул. Чаго ж ты ківаешся, нібы кітайскі балванчык? А ты, малады, чаго ўтаропіўся? Нешта хочаш спытаць? Я па вачах тваіх бачу, што хочаш. А, ведаю. Ты раптам падумаў, што твой уладар закахаўся ў партрэт, закахаўся, як зялёны юнак...

Штокала. Што вы, што вы, зусім я не думаў. Мне ў галаву не магла б прыйсці такая бязглуздзіца!

Тарантул. Менавіта так: бязглуздзіца. Закахаўся - хто? Я? У партрэт? Ды што я, з глузду з'ехаў? Проста я ўмею цаніць хараство. Жаночае хараство існуе не для таго, каб устаўляць яго ў партрэт. Яно - для таго, каб уладарыць. Гэтага не захацела зразумець каралева нябожчыца: таго, што светам кіруюць мудрасць і хараство. (Да жаўнераў.) Ну, чаго паразяўлялі раты? Не разумееце? Эх, ёлупні! Гэтая мудрасць не для вас. (Звяртаецца да залы.) Чуеце, вы? Мудрасць і хараство кіруюць светам. І не кажыце мне там пра нейкую дабрыню і міласэрнасць! Вось вы, хлопцы, якую дзяўчыну першую запросіце на танец? Прыгожую або разумную? А вы, дзяўчаткі, за каго марыце пайсці замуж? Няйнакш, за прыгожага прынца? (Падыходзіць да карты.) Вунь колькі дзяржаў зваявала наша павучыная вялікасць. (Паказвае.) І вунь колькі яшчэ зваюе, пасля таго як ажэніцца. І слава пра наша хараство і нашу мудрасць пойдзе па ўсім свеце!.. (Да жаўнераў.) Годзе балбатні. У Краіну Сланечнікаў - ганца з выклікам на рыцарскі паядынак. І я перамагу ў ім, як заўжды перамагаў. Не толькі сілай, але і мудрасцю. Павук - мой сімвал. Ён цярплівы і мудры ў сваёй няспешнасці. Ён раскідвае павуцінне сваёй мудрасці і заўжды перамагае. Я ўсё сказаў.

 

Тарантул выходзіць. Нейкі час два жаўнеры сядзяць нерухома, як агаломшаныя. Нарэшце Ківайла ўздыхае, дастае з кайстры два ражончыкі, чапляе на іх сала і пачынае смажыць на ахвярніку.

 

Ківайла. Глядзі сюды, малады. Вось я смажу сала, каб падсілкавацца перад дарогай. А калі б не мая дыпламатыя, дык на гэтым агні смажыліся б мы з табой. Глядзі і вучыся.

Штокала. «Дыпламатыя». Падтаквай ды ківайся - уся твая дыпламатыя. Недарэмна цябе Ківайлам празвалі.

Ківайла. А ты - лепшы? Хіба ты сам яму не служыш? І чаго ты сюды пасунуўся, не разумею. Сядзеў бы сабе ў вёсцы. Еў бы квас з грыбамі, трымаў язык за зубамі...

Штокала. Я табе ўжо сто разоў казаў, чаго. Рамантыкі мне захацелася, разумееш? Дзеўкі мяне не любілі, разумееш? А як дахаты вярнуся з медалямі, яны мне на шыю пачнуць гронкамі вешацца...

Ківайла. Глядзі, каб самога за шыю не падвесілі.

Штокала. Ну, добра, а сам ты чаго сюды прыцёгся? Чаго служыш? І каму? Нейкаму павуку, каб на яго! Цьфу!

Ківайла (спалохана азіраецца). Чшш, не плюй. Пачуюць. І запомні: я служу не каралю, а сабе, сваёй кішэні. Ясна?

Штокала. Не брыдка табе? Усю службу праківаешся. А яшчэ стары жаўнер!

Ківайла. Ну, не кажы. Я не проста праківаўся. Я слухаю, а сам дулю ў кішэні трымаю. Я, калі хочаш, і дагэтуль яе трымаю. Не верыш? На, паглядзі. (Дастае з кішэні дулю, падстаўляе яе Штокалу пад нос.) Во! Слухаць трэба старых людзей.

 

Гучыць жалобная музыка. Уваходзіць пахавальнае шэсце. Ківайла хавае дулю ў кішэню, робіць посны твар.

 

Штокала. Каралева памерла! Няхай жыве новая каралева!

 

Заслона

 

 

Сцэна другая

 

Тронная зала ў каралеўскім палацы Краіны Сланечнікаў. Сонечнага колеру шпалеры і габелены. На сцяне - незямнога хараства партрэт прынцэсы Златы, які мы бачылі ў палацы караля Тарантула. Сама прынцэса Злата сядзіць на высокім троне. Яе аблічча схаванае бліскучым, у залатую іскрынку, вэлюмам. Прынцэсе няёмка, мулка на троне, але яна з усяе сілы імкнецца захаваць паважнасць.

У адно з адчыненых вокнаў раптам залятае чмель, губляе арыентацыю, пачынае біцца ў шкло і жаласна зумкаць.

 

Злата. А, пане Чмель! Вітаю госця! Будзем знаёмыя: Злата, прынцэса Краіны Сланечнікаў. Шкада, што не магу паціснуць лапку шаноўнаму госцю, бо мушу сядзець на троне.

 

Чмель, аднак, працягвае незадаволена гусці і біцца аб шыбу.

 

Злата. Пану Чмялю ў нас не падабаецца? А як наконт лыжачкі мёду? Пазней, калі я сыду з гэтага мулкага трона? А, разумею, госцю хочацца на волю... І я б не супраць пагуляць на волі, але ж абавязкі... А што, прыгожа ў нас у краіне, пане Чмель? Якраз зацвілі сланечнікі... І кожны паварочвае следам за сонцам сваю залатую макаўку...

 

Чмель пранізліва гудзе. І прынцэса не вытрымлівае - саскоквае з трона, адчыняе фортку і вызваляе чмяля.

 

Свабоду чмялям!

 

Нечакана ўваходзіць Фрэйліна.

 

Фрэйліна (строга). Хто дазволіў прынцэсе пакідаць трон?

Злата (паспешліва вяртаецца на месца). Трон занадта высокі, цётухна. Ведама, ён жа не мой. Ён татаў.

Фрэйліна. Я прасіла не называць мяне цётухнай...

Злата. Чаму, цётухна?

Фрэйліна. Для цябе я не цётухна, а старэйшая фрэйліна. Запомні: старэйшая, а не старая. Або пані Марселіна. А вам, ваша светласць, час ужо прывыкаць да каралеўскага трона. Бог ведае, калі вернецца ваш татуля, і ці вернецца... (Пусціла слязу.)

Злата. Не кажыце так, цё... пані Марселіна. Тата абавязкова вернецца. Вось з'явіцца рыцар... самы смелы і моцны рыцар у свеце, і вызваліць тату.

Фрэйліна. Каб жа так, дзетка... Кароль той павучыны кінуў выклік усяму рыцарству - і што? Шаноўнае рыцарства маўчыць. Няма ахвотнікаў барукацца з гэтым Тарантулам. Бо ён калі не сілай, дык хітрасцю адужае...

Злата. І ўсё-такі ён ёсць...

Фрэйліна (спалохана). Хто ёсць? (Зазірае пад дываны, выглядае ў акно.) Дзе? Хто сюды прабраўся, дзетка?

Злата (летуценна). Ён ёсць. Той, адзіны ў свеце рыцар. Мужны, моцны і добры. Той, што выратуе тату.

Фрэйліна. Табе нельга чытаць рыцарскія раманы. У нашай вёсцы... Я хацела сказаць, у любай нашаму сэрцу правінцыі быў пастух. Таксама кніжкі пра рыцараў чытаў. Да таго зачытаўся, што схапіў сякеру і пайшоў з млыном біцца. І што добрага? Пасек млын, цяпер людзям не стала дзе зерне малоць. А самога вадой адлівалі.

Злата. Гэта быў Дон Кіхот, цётухна?

Фрэйліна. Які табе Кіхот? Кажу: пастух быў. Яўхімам звалі.

Злата. Можа, мяне таксама трэба вадой адліваць, а, цётухна? Бо я толькі заплюшчу вочы... (заплюшчвае вочы) - і бачу, чую: вось ён ідзе, высакародны...

 

Чуюцца крокі.

 

... і адважны рыцар...

 

Уваходзіць Андрусь, невялікага расточку, але паважны, у адзенні збраяносца.

 

Фрэйліна (смяецца). Адплюшчвайце вочы, прынцэса. Ён прыйшоў. Праўда, не такі, як вы чакалі. Расточкам крыху не выйшаў.

Злата (расплюшчвае вочы, бачыць Андруся). Ах...

Андрусь (зірнуў на партрэт, потым на прынцэсу ў вэлюме, у захапленні). Ах...

Фрэйліна. Чаго вам трэба, хлопчык? Хто пускае ў палац дзяцей?

Андрусь. Трэба думаць, я размаўляю з прынцэсай Златай...

Злата. Вы ж не бачыце майго аблічча.

Андрусь. Ваш голас, прынцэса... Ён - нібы срэбны ручаёк. І адпавядае вунь таму цудоўнаму партрэту.

Фрэйліна. Ха-ха! Маленькі паж умее казаць кампліменты!

Андрусь (абражаны). Я не паж. Я збраяносец самага адважнага, самага дужага рыцара, роўных якому не было ад часоў караля Артура. Рыцар прапаноўвае прынцэсе свае паслугі.

Фрэйліна. Хоць адзін знайшоўся! І хто такі?

Андрусь. У Егіпце ён упаляваў Жалезнага Кракадзіла, скарыстаўшы пры гэтым магніт. Удзячны фараон надаў гаспадару тытул рыцара Жалезнага Кракадзіла.

Фрэйліна. Не сказаць, каб было надта мілагучна. А хрысціянскае імя ў яго ёсць?

Андрусь. Дармедонт. Той самы Дармедонт, што дасягнуў чароўнага замка Карбеніка і піў са свяшчэннага келіха Грааля...

Фрэйліна. Крый божа! Дык ён, выпадкам, не п'яніца, твой гаспадар?

Андрусь. Рыцар Жалезнага Кракадзіла не прапусціў ніводнага з крыжацкіх паходаў. Падчас апошняга ён адцяў галовы сарака няверным. Яны каціліся з гары, нібы гарбузы!

Фрэйліна. Які жах! Ты, хлопчык, не павінен захапляцца такімі сцэнамі.

Андрусь. А яны першыя палезлі! Як замахаюць сваімі крывымі шаблямі! Як загалёкаюць! Апроч таго, яны язычнікі.

Фрэйліна. У нашай краіне мы пільнуемся прынцыпу рэлігійнай талерантнасці...

Андрусь. Чаго?

Фрэйліна. Кожны верыць у Бога, як яму заўгодна... Праўду я кажу, прынцэса? Вой, яна вочы заплюшчыла!.. Самлела... А ўсё ты са сваімі страхамі! Ну, паглядзіце ж на мяне, прынцэса!..

Злата (адплюшчвае вочы). Прабачце. Проста я... задумалася. Хлопчык расказваў - і мне прымроіўся хтось высокі, дужы... добры... Ён вёў мяне праз сутарэнне, перад ім расчыняліся ўсе брамы. Нарэшце ён падвёў мяне да дзвярэй у вязніцу, адчыніў іх лязом свайго мяча і прамовіў, гэтак пяшчотна і шчыра: «Прынцэса, вось ваш тата». (Паўза.) Што вы так гледзіце на мяне?

Андрусь. Гэта прарочы сон. Мой гаспадар, добры і дужы рыцар, вызваліць вашага тату. Перадаць яму, што вы прымаеце яго дапамогу, прынцэса?

Злата. Так. Перадай яму, што я... што мы... што наша каралеўства... Словам, ты сам ведаеш, што яму перадаць. У цябе разумныя і добрыя вочы, хлопчык. Як цябе зваць?

Андрусь. Андрусь.

Злата. Скажы яму ўсё, Андрусь. Бывай. (Выходзіць.)

Андрусь (разгублена). Бывайце, прынцэса. (Хоча пайсці.)

Фрэйліна. Ану, пачакай, галубок. Адкажы, чаго ты такі нашатыраны? Або незадаволены чым?

Андрусь. Я... не паспеў як след пагаварыць з прынцэсай. Не абгаварыў умовы...

Фрэйліна. Умовы? Якія ўмовы? Тут усё зразумела. Пераможа твой Дармедонт - і прынцэса пойдзе за яго замуж.. Усё ж лепш, чым за таго павука кашлатага.

Андрусь. І... прынцэса гэта ўжо вырашыла? Так хутка?

Фрэйліна. А як жа яшчэ, мілы? Усе так замуж ідуць - як у вір галавой.

Андрусь. Нават яго не пабачыўшы?..

Фрэйліна. А рэклама? Гэтыя байкі пра жалезных кракадзілаў, якія мы не ад цябе першага чуем? Гэтыя шлягеры, што наскладалі пра твайго гаспадара мінезінгеры? (Прыглядаецца да Андруся.) Э-э, галубок... Чагой-та ты збялеў так? Губкі дрыжаць... Закахаўся, ці што?

Андрусь. Што вы, мадам?!

Фрэйліна. А Божа ж мой... Гэтага нам яшчэ не хапала. Не трэба, галубок. Табе яшчэ рана, гэта самае, пакутаваць ад стрэл Амура. Цьфу, якую ж я дурніцу нясу! Ну, хлопчык, сам падумай, маладзенькі ты для яе. Твая нявеста яшчэ пад стол пешкі ходзіць. (Андрусь маўчыць.) Ды не кахай ты яе, хлопчык, прашу цябе. Ты яе яшчэ не ведаеш. Яна не цукар, ох, не цукар. Яна свавольная. Ганарлівая. У яе мухі ў носе. Яна фізіку не хоча вучыць.

Андрусь. Вы знарок нагаворваеце на яе.

Фрэйліна. Ну, хай сабе і знарок. Хай нагаворваю. Для тваёй жа карысці. Забудзься на яе, хлопчык. (Андрусь адмоўна хітнуў галавой.) Не хочаш? Ну, як сабе хочаш. Яно можа й няблага. Безнадзейнае каханне. Гадоў праз сто пра цябе і прынцэсу складуць любоўны раман з нешчаслівым фіналам. Як пра Трыстана ды Ізольду. І той, хто яго прачытае, зарыдае ад шкадавання... (Усхліпвае.) Ну, што ты ўсё маўчыш? (Нечакана.) Даўно з Арэхаўкі?

Андрусь. А... адкуль вы ведаеце?

Фрэйліна. Мой хлопча, адкуль яшчэ бяруцца такія бялявыя, як не з Арэхаўкі? (Праводзіць рукой па валасах Андруся.)

Андрусь. Дык, можа, вы... таксама?

Фрэйліна. Маўчы! (Шэптам.) Я таксама з Арэхаўкі. Толькі гэта таямніца. Нікому не кажы. Тут, ведаеш, адбылася такая гісторыя... Такая рамантычная, што я сама ў яе не веру. Каралеўскі камергер... Ну, тады ён яшчэ быў не камергер, а просты рыцар. І пасварыўся са сваім татам. І пайшоў з дому. І ў гневе даў зарок - ажаніцца з першай стрэчнай дзяўчынай. Пусціў каня, а той прывёз яго проста ў Арэхаўку. А Бог даў, што я збірала ў лесе ягады і выйшла яму насустрач. Якое шчасце, што гэта была я, а не якая-небудзь мымра!.. Як жа мне цяжка было пасля дагадзіць свайму свёкру! Але я змякчыла ягонае сэрца - аладкамі з грэцкай мукі і мёду. Ніхто ў каралеўстве не гатуе іх лепш за мяне. А цяпер мне няма каго частаваць тымі аладкамі, бо і свёкар, і мой мілы муж аддалі Богу душу... (Праслязілася.) Ну, кажы, як там, у Арэхаўцы?

Андрусь. Што я скажу? Я сам пяць гадоў як сышоў адтуль... Там па-ранейшаму сеюць грэчку і ставяць борці. Збіраюць мёд, салодкі і залацісты, бы сонца. А сланечнікі паабапал дарогі ківаюць галовамі кожнаму стрэчнаму.

Фрэйліна. А як там Яўтух? Што каровы пасвіў?

Андрусь. Ён памёр восем гадоў таму.

Фрэйліна. А мае сяброўкі? Матруна? Мы з ёй колісь на вечарынкі разам хадзілі? Яна збіралася замуж за каваля. Як яна? Мусіць, дзеткамі паабчаплялася?

Андрусь. Нічога, нічога не магу вам паведаміць. Кажу ж: я там даўно не быў.

Фрэйліна. Чакай! Сам ты чый?

Андрусь. Нічый!

Фрэйліна. Сіротка... (Хоча абняць Андруся.)

Андрусь (ухіляецца). Цётухна, мне трэба ісці. Служба.

Фрэйліна. Ну, ідзі, як трэба. Можаш пагуляць па каралеўскім садзе. Толькі не хадзі каля сажалкі.

Андрусь. Чаму гэта?

Фрэйліна. Як табе сказаць... там... гэтая... Па-вучонаму кажуць - рэптылія.

Андрусь. Рэп... хто?

Фрэйліна. Ну, гад вадзяны, цмок ці ліха яшчэ хто. Сядзіць у сажалцы, усе яго баяцца. Можа ўкусіць.

Андрусь. Я не баюся ніякіх цмокаў. Бывайце. (Выходзіць.)

Фрэйліна. Навошта я яго папярэджвала? Цяпер ён абавязкова туды пасунецца - каб паказаць, што не баіцца. (Ківае галавой.)

 

Заслона

 

 

Сцэна трэцяя

 

Аддалены куток каралеўскага саду. Сажалка. Над ёй павіслі стракозы са смарагдавымі крыльцамі. Над вадой схіляецца старая вярба. На заднім плане - зараснік вербалозу.

З-за кустоў па-пластунску выпаўзаюць шпегі - Ківайла і Штокала.

 

Ківайла (дастае план, звяраецца з ім). Сажалка, вярба, кусты. Тое самае месца ў каралеўскім парку, пра якое нам казала ягоная павучыная вялікасць...

Штокала. А я чуў, што ў сажалцы жыве нейкае страшыдла...

Ківайла. Ат! Лухта, бабскія плёткі.

 

У сажалцы нешта плёснула. З-пад вады чуюцца дзіўныя гукі, нібы чыёсь незадаволенае буркатанне.

 

Штокала. Ш-ш-што г-гэта к-крэкча?

Ківайла. М-можа, жаб-бкі. Аб-бо рыб-б-кі...

Штокала. А ш-ш-што, калі гэта цмок?

Ківайла. Цмокаў не бывае, зусім вымерлы від. Іх усіх павынішчалі вандроўныя рыцары.

Штокала. Але ж людзі гавораць...

Ківайла. Няхай гавораць. Няхай баяцца. Нам гэта выгодна. Ніхто сюды не паткнецца. А мы ўсё зробім так, як загадаў ягоная вялікасць... цьфу, каб на яго... Тут, у кустах, схаваем атручаныя кінжалы. (Кладзе зброю пад кусты.)

Штокала. А гэта будзе чэсна? Хіба кароль Тарантул, самы моцны рыцар у свеце, не можа перамагчы чэсна?

Ківайла. Ты задаеш шмат пытанняў. Ты ведаеш, што такое ваенная хітрасць? Гэта значыць: заманіць супраціўніка ў гэты вербалоз, падалей ад сведак, і тут перамагчы яго... чэсна. Зразумеў?

Штокала. Гэта ты называеш: перамагчы чэсна?

Ківайла. Ты надта чэсны... Маці пакінуў, братоў, у войска ўцёк... Славы яму захацелася. Бач, каб дзеўкі яго любілі... Чэсны мне знайшоўся. Служы вось цяпер гэтаму павуку... цьфу, каб яго...

Штокала. А што ты ўвесь час плюешся, як пра яго гаворыш?

Ківайла. Чш-ш... (Азіраецца.) Ніхто не чуў? А плююся я таму, што ведаю народны выраз: плюй на ўсё і беражы здароўе. Ясна?

Штокала. Ага. (Углядаецца.) А вунь дзеўка ідзе. Здаецца, да нас шыбуе.

Ківайла. Дзе? (Углядаецца.) Праўда. Схаваемся!

 

Хаваюцца ў вербалозе.

Уваходзіць Зоська, штосьці напяваючы. Дзяўчына гадоў пятнаццаці, не каралева хараства, але рухавая, жвавая, а голас - што срэбны ручаёк. Апранутая ў зрэбную, але акуратную сукенку. У руках кошык. Падыходзіць да сажалкі, пачынае ціхенька да некага гаварыць.

 

Зоська. Ва-ась, а Вась... Васілька, плыві сюды...

 

З вады чуецца нейкае булькатанне.

 

Плыві сюды, я цябе пачастую карасямі. Свежыя. Толькі-толькі з каралеўскай кухні.

 

Невыразнае буркатанне.

 

Смешны які. Баішся нечага? Не бойся. Тут нікога няма.

 

Ківайла і Штокала перамаўляюцца ў кустах.

 

Ківайла. Адна! І нікога побач.

Штокала. Дык што?

Ківайла. Злавіць можна. Потым з бацькоў выкуп узяць.

Штокала. А гэта будзе...

Ківайла. Чэсна, чэсна. Гэта будзе баявы трафей. Слухай каманду. На лік «тры» я хапаю яе за руку, а ты за нагу.

Штокала. А што калі ўбрыкне?

Ківайла. Маўчаць! Слухаць каманду! Раз, два...

Штокала. Ідзе нехта!

 

Хаваюцца ў кустах.

Уваходзіць збраяносец Андрусь.

 

Андрусь. Хацеў пабыць на самоце - а тут дзеўка нейкая... (Гучна.) Эй! Ты што тут робіш?

Зоська (паварочваецца да яго, жвава). А я думала, што збраяносцы спачатку вітаюцца, потым прадстаўляюцца, а потым задаюць пытанні.

Андрусь (збянтэжаны). Прабач. Вітаю цябе. Мяне зваць Андрусь. Я проста за цябе спалохаўся, таму не з таго пачаў.

Зоська. Спалохаўся за мяне? А што мне можа пагражаць?

Андрусь. Тут, кажуць, цмок жыве нейкі...

Зоська. Цмок? А чаго мне яго баяцца? Цмокі харчуюцца прынцэсамі, арыстакраткамі. А я ўсяго толькі бедная дзяўчына.

Андрусь. Няўжо? А мне, калі пачуў твой голас, падалося інакш. Здаецца, я ўжо чуў яго ў каралеўскіх пакоях.

Зоська. Пра што ты? Я там не бываю. Саромеюся.

Андрусь. Чаму? Чаго табе саромецца?

Зоська. Мая бедная вопратка... І - знешнасць.

Андрусь (аглядае яе). Нармальная знешнасць...

Зоська. Нарма-альная? Вось дык камплімент! (З доляй какецтва.) А гэта што такое?

Андрусь. Як што? Нос.

Зоська. Няўжо? А па-мойму, бульбіна. Нармальная, як ты кажаш, бульбіна.

Андрусь. Паслухай, мілая...

Зоська. Між іншым, мяне клічуць Зоська.

Андрусь. Паслухай, Зоська, што ты носішся са сваім носам, як быццам у цябе няма іншых праблем? Кажу табе: ты прыгожая. Калі б я сустрэў цябе на каралеўскім балі, дык першую запрасіў бы на вальс.

Зоська. Хіба? А я думаю, што ты запрасіў бы іншую. Напрыклад, прынцэсу Злату.

Андрусь (сумеўся). Аб чым ты, Зоська? Мне гэта не ўдалося б... Яе запрашаў бы мой гаспадар. А яна яго.

Зоська. Яна - яго?! Як ты смееш так казаць пра прынцэсу?!

Андрусь. А што?

Зоська. Яна - мая гаспадыня. Я патрабую да яе павагі!

Андрусь. Твая гаспадыня?

Зоська. Так. Я - залаташвачка. Вышываю для прынцэсы яе хусцінкі з літарай «зэт».

Андрусь. Чаму ты лічыш, што я не паважаю прынцэсу? Танцаваць з маім гаспадаром, рыцарам, - для яе таксама гонар. Хіба ты не ведаеш, што ён - самы высакародны, самы мужны рыцар ад часоў...

Зоська. ...караля Артура. Гэта мы ўжо чулі. Але ці хопіць у яго сілы перамагчы гэтага Тарантула? Ты ведаеш, мая гаспадыня шмат чым рызыкуе. Напэўна, жыццём. Бо яна нізавошта не пойдзе ў палац за гэтым павуком, калі ён раптам пераможа. Лепш смерць... (Паўза.) Раскажы мне трошкі пра твайго гаспадара, добра, Андрусь? А я буду слухаць і працаваць.

 

Яна сядае, раскладвае на каленях шытво. Андрусь распавядае ёй аб чымсь напаўголаса. Тым часам Штокала і Ківайла зноў пачынаюць шаптацца.

 

Штокала. Ён! Кажу табе: гэта ён!

Ківайла. Не ён. Той быў малы.

Штокала. Дык вырас жа! Кажу табе, гэта ён! І клічуць Андрусем.

Ківайла. Не магу паверыць. Той валаводзіўся з катамі, сабакамі. Быў каціны тата. А гэты глядзі які малайчына.

Штокала. А памятаеш, як ён хвацка біўся? Аднойчы як свісне мне па вуху! Я яму - у адказ. А ён...

Ківайла. Ну, а калі гэта і ён, дык што?

Штокала. Выйдзем да яго.

Ківайла. Няможна. Ён служыць на варожым баку. Нам Тарантул грошы плоціць, а яму Дармедонт.

 

Каля сажалкі - свая гутарка.

 

Зоська. Пачакай, Андрусь. Пра Жалезнага Кракадзіла я ўжо чула. Ты мне скажы, ці ёсць у рыцара дама сэрца?

Андрусь. Пэўна. На сёння гэта - прынцэса Злата. Ён ёй служыць.

Зоська. А раней... ён служыў іншым паннам?

Андрусь. Ну... служыў. Але, як бачыш, не ажаніўся яшчэ. Хаця на гэты раз ён, здаецца, ажэніцца.

Зоська. Ты верыш у гэта?

Андрусь. А ты - не? Ды пераможа ён гэтага павука Тарантула. І пакоціцца ягоная галава з плеч, нібы гарбуз.

Зоська. Я не пра гэта. Ці падабаецца яму прынцэса?

Андрусь. Нягож. Як яна можа не падабацца, такая прыгажуня. Рыцар высока цэніць жаночае хараство.

Зоська (надзьмуўшы губы). Толькі хараство?

Андрусь. А ты, здаецца, пакрыўдзілася? Не хвалюйся, ты таксама прыгожая. (Спрабуе абняць яе.)

Зоська. Рукі! Яшчэ не рыцар, а ўжо рукі распускаеш!

Андрусь. Але я буду калі-небудзь рыцарам. Ты ведаеш? Я памалу ўжо авалодваю рыцарскімі майстэрствамі.

Зоська. Якія ж гэта майстэрствы? Дзяўчат абдымаць?

Андрусь (сур'ёзна). Фехтаванне. Кіданне кап'я. Плаванне. Гульня ў шахматы. Паляванне. Вершаскладанне. Спевы. Усяго сем.

Зоська. Ану, пакажы мне што-небудзь!

Андрусь. Што ж табе паказаць? Плаванне? У гэтай калюжыне? (Паказвае на сажалку.)

Зоська. Пакажы, як ты фехтуеш.

Андрусь. З кім жа мне фехтаваць? І на чым?

Зоська. Са мной! На прутках!.. (Дастае з кошыка доўгія пруткі, адзін уручае Андрусю.) Абараняйцеся, збраяносец Андрусь! (Робіць выпад.)

Андрусь. Ах, ты гэтак?!

 

Пачынаецца фехтавальны паядынак на прутках, падчас якога Андрусь і Зоська абменьваюцца некалькімі ўколамі.

 

(Засопшыся.) Я думаю, досыць. Ты малайчына, добра фехтуеш. Хто цябе навучыў?

Зоська. Тата...

Андрусь. Тата? Хіба ён рыцар?

Зоська. Не... ён так, зброю робіць. Ну, а што ты яшчэ ўмееш? Можа, спяваць?

Андрусь. Не, вось гэтага я якраз не ўмею. Слыху няма.

Зоська. Глупства! Слых ва ўсіх ёсць. Давай разам. Падцягвай.

 

Спяваюць разам раманс.

 

Бачыш? Атрымалася. Можна і ў рыцары цябе прысвячаць.

Андрусь. Не, гэтага мала. Трэба здзейсніць... штось такое здзейсніць, каб усе наўкол сказалі: «Ах!»

 

Чуваць голас рыцара Дармедонта, які кліча: «Андрусь!»

 

Вось. Гэта мяне гаспадар кліча.

Зоська. Бяжы, Андрусь. Удачы табе.

 

Андрусь пабег. Зоська зноў падыходзіць да сажалкі. Глядзіцца ў яе, нібы ў люстэрка, мацае свой нос.

 

І гэта нос? Бульбіна, а не нос!.. (Кліча.) Васька! Ды калі ж ты выплывеш, шалапут?! (З-пад вады даносіцца буркатанне.) Што мне, самой карасёў есці?

 

У вербалозе працягваюць перашэптвацца Ківайла і Штокала.

 

Ківайла. Дык што, будзем лавіць дзеўку або не будзем? Яна зноў адна.

Штокала. Нешта страшнавата. Бачыў, як яна прутком арудавала? Спрытная! Схопіць кошык ды як урэжа паміж вачэй!

Ківайла. Дзяўчыны збаяўся? Ану, марш у атаку!

Штокала. Сам марш!

Ківайла. Чаму я?

Штокала. Бо ты старэйшы...

Ківайла. Ану, разам! Напалохаем яе!

 

Выскокваюць з кустоў з дзікім лямантам.

 

О-го-го!!!

Штокала. І-га-га!!!

Зоська. Вой-вой-вой!

 

Раптам сажалка пачынае бурапеніць, нібы кіпень у чыгуне. З вады паказваецца Цмок. Ён не надта вялікіх памераў, бо кватаруе ў сажалцы, а не дзе-небудзь у Лахнескім возеры. Але ў яго ўсё ёсць, што мае быць у цмока: зубастая пашча, лускаватая скура, кіпцюрастыя лапы і скрыдлы. Толькі погляд у яго нейкі тужлівы, нібы Цмок закахаўся ў кагось або ў яго адабралі любімую цацку. Але ён паказвае нораў: рыкае і пагрозліва стукае хвастом аб зямлю.

 

Цмок. Гр-р-р!

Ківайла. Вой-вой-вой!

Штокала. Вуй-вуй-вуй!

 

Цмок падымаецца на заднія лапы і пачынае ганяцца за імі. Яны ўцякаюць, накручваючы колы вакол сажалкі. Цмок даганяе. Мімаходзь зачапіў Штокалу зубам.

 

Вой-вой-вой! Ён кусаецца!

 

Нашыя жаўнеры здолелі-такі даць драла ў кусты. Цмок задзірае голаў і пераможна рыкае. Убягае Андрусь з аголеным мячом.

 

Андрусь. Хто рыкаў? Хто прасіў аб паратунку? (Бачыць Цмока.) О-о! Пачвара! Ну, я табе пакажу! (Замахваецца мячом.) Зараз галаву знясу!

 

Зоська становіцца паміж ім і Цмокам.

 

Зоська. Гэта Васька! Не трэба яму зносіць галаву. Ён мяне ад бандытаў ратаваў!

Андрусь. Які Васька? Якія бандыты? Дзе яны?

Зоська. Яны паўцякалі. А Васька - мой сябар. Ён свойскі. Не кусаецца.

 

Цмок тым часам паспеў плюхнуцца ў сажалку.

 

Вось, уцёк. Нашто ты яго пакрыўдзіў?

Андрусь. Хто яго крыўдзіў? Гэта ж цмок! Цмокі спусташаюць дзяржавы і крадуць прынцэс. Іхнюю пароду знішчаць трэба! Пачытай падручнік пачынаючага рыцара. Там пра ўсё гэта ёсць.

Зоська. Гэта тэорыя састарэла. Сам падумай: пазнішчаеце ўсіх цмокаў, з кім тады змагацца будзеце?

 

Андрусь маўчыць, раздумвае над новым для яго пытаннем.

 

Цмокаў у Чырвоную Кнігу заносіць трэба. Як выміраючы від.

Андрусь. Ды што ты пра яго ведаеш? Адкуль ён у вас узяўся, гэты гад?

Зоська. Гэта не гад. Гэта Васька. Кажуць, што раней ён быў хлопчыкам. Прыйшоў невядома адкуль і пачаў дражніцца з усімі прыдворнымі. А найбольш ён пакрыўдзіў старэнькага чараўніка Мерліна. Хвігі яму круціў. Дзядуля, хоць і добры, але раззлаваўся і абярнуў хлопчыка ў цмока. З тае пары ён і жыве ў сажалцы.

Андрусь. Надта жорстка. Варта было б і назад яго адчараваць.

Зоська. Спрабавалі. Мерлін што толькі не рабіў. Але ён ужо старэнькі, склероз у яго. Як чалавека ў цмока абярнуць - памятае, а як назад у чалавека - забыўся...

Андрусь. Слухай, я ведаю адзін стары сродак... (Чухае патыліцу.) Не, гэта не падыходзіць.

Зоська. Кажы, прашу цябе.

Андрусь (нерашуча). Цмок ператворыцца ў чалавека, калі аднойчы дзяўчына пашкадуе яго і...

Зоська. І што? Дагаворвай. Пашкадуе і... пацалуе яго? Так? Ты лічыш, гэта яму дапаможа? (Кідаецца да сажалкі.) Васька, ану, плыві сюды!

Андрусь. Ты што?!

Зоська. Вася, пакажы носік!

 

З сажалкі вытыркаецца нос Цмока. Зоська цмокнула яго ў самую дзюбку. Стаіўшы дыханне, чакае пераўтварэння. Але цуд не адбываецца. Бурленне вады. Уздых. Нос знікае.

 

Ну вось... Нічога не атрымалася.

Андрусь. Напэўна, умова была іншая. Дзяўчына павінна пакахаць Цмока.

Зоська. Што паробіш... сэрцу не загадаеш.

 

Ізноў чуецца покліч Дармедонта: «Андрусь!»

 

Андрусь. Гаспадар! Ён ідзе сюды.

Зоська. Я пабегла. Нельга, каб ён мяне бачыў. (Знікае.)

 

Уваходзіць рыцар Дармедонт. Ён не ў гуморы.

 

Дармедонт. Заўтра паядынак. Такі адказны. А ты яшчэ меч не навастрыў.

Андрусь. Зараз зраблю, гаспадар. (Бярэ меч, пачынае вадзіць па ім бруском.)

Дармедонт (раздражнёна). Як ты робіш? Так толькі ў вёсцы мужыкі косы востраць. Твая вясковая парода навідавоку, хоць ты са мной усю Еўропу аб'ездзіў. І Афрыку. (Паўза.) Што ты маўчыш? Назад, у вёску захацеў? Можаш вяртацца. Круці быкам хвасты, касі асаку на балоце...

Андрусь (у роспачы). Гаспадар!

Дармедонт. Ладна. Я пажартаваў. Ну, скончыў вастрыць? (Бярэ меч, які пасля Андрусевай работы зіхціць у сонечных промнях, нібы дыямент. Размахваецца, са свістам рассякае паветра.) Ну, як?

Андрусь (у захапленні). Бліскуча, гаспадар!

 

Меч, якім размахвае Дармедонт, іскрыцца на сонцы. Нават Цмок захапіўся незвычайным відовішчам і вылез з сажалкі.

 

(Заўважыўшы яго.) Назад! У ваду! А то галаву адрэжуць.

Дармедонт (таксама заўважыў). О! Пачвара! Зараз мы яго...

Андрусь. Не трэба, гаспадар! (Загарадзіў Цмока сабой.)

 

Над галавой Андруся прасвістаў меч. Напалоханы Цмок боўтнуўся ў сажалку.

 

Дармедонт. Ты што? Чаму не даў мне прыкончыць гэтага гада?

Андрусь. Гэта не гад. Гэта... выміраючы від.

Дармедонт. Што за лухта! Хто табе наплёў пра гэта?

Андрусь. Зоська...

Дармедонт. Якая яшчэ Зоська?

Андрусь. Каралеўская залаташвачка. Яна кажа, што цмокаў нельга забіваць. Тым больш калі яны - каралеўская маёмасць.

Дармедонт. «Маёмасць...» Распладзілі ўсялякую нечысць. Жаночыя капрызы...

 

З'яўляецца Фрэйліна.

 

Фрэйліна. Вы маеце нешта супраць жанчын, шаноўны рыцар?

Дармедонт. А, гэта вы... Не, я не маю нічога супраць жанчын, шаноўная Фрэйліна. Наадварот: мы, рыцары, павінны выконваць вашы капрызы, дараваць вам усё: слёзы, хітрыкі, плёткі, звычку падслухоўваць...

Фрэйліна. Гэта намёк? Я і не думала вас падслухоўваць!

Дармедонт. Вядома, вядома. Вы проста праходзілі міма, нюхалі маргарыткі...

Фрэйліна (упарта). Менавіта так. Я праходзіла міма, нюхала маргарыткі і шукала прынцэсу. Дарэчы, дзе яна?

Андрусь. Тут была толькі Зоська. Яна некуды пабегла.

Фрэйліна. Мусібыць, у каралеўскі палац. Усе бягуць туды, каб паслухаць прароцтвы Мерліна. Старэнькі чарадзей маўчаў, маўчаў - і раптам загаварыў! І ведаеце пра каго? Пра вас, шаноўны рыцар! І пра заўтрашні паядынак.

Дармедонт. Што за глупства!

Фрэйліна. Не глупства. Мерлін кажа, што вам нешта пагражае. Нешта больш страшнае, чым смерць.

Дармедонт. Стары выжыў з розуму. Нічога страшнейшага за смерць няма.

Фрэйліна. Не кажыце так. Мерлін - дасведчаны чарадзей. Ён раіць адкласці паядынак.

Дармедонт. Каб потым плявузгалі, што я спалохаўся? Глупства! Словам, я пайшоў адпачываць. (Да Андруся.) А ты яшчэ меч павастры. (Выходзіць.)

Фрэйліна. Ён даволі бесцырымонны, гэты рыцар. Крыху здзічэў у сваіх паходах. Ну, а ты, хлопчык? Прызнавайся, пра што вы тут балбаталі з гэтай дурнічкай Зоськай?

Андрусь (горача). Яна не дурнічка! Яна разумная і... прывабная.

Фрэйліна. Як?! Ты ўжо і ў гэту закахаўся? А прынцэсу ўжо выкінуў з галавы? Ці адразу ў абедзвюх закахаўся? Што ж, для твайго ўзросту гэта натуральна.

 

Андрусь нічога не адказвае, бярэ брусок і пачынае вастрыць меч.

 

(З усмешкай.) Хопіць ужо вастрыць, а то парэжашся. (Бярэ яго за плечы.) Слухай, мілы, я зноў цябе расчарую. Гэтая Зоська, наколькі я ведаю, таксама закахалася ў твайго гаспадара. Па самыя вушы. Што паробіш, у нашым палацы ўсе фрэйліны і служанкі па ім сохнуць. Як усё адно пашалелі ўсе. Ці ж гэта справядліва - аднаму ўсё, а іншаму - нічога. А мне гэты Дармедонт не дужа падабаецца. І цябе ён задужа муштруе.

Андрусь. Ён хоча зрабіць з мяне сапраўднага рыцара.

Фрэйліна. Сапраўднага рыцара можа зрабіць з мужчыны жанчына, калі яна яго пакахае. Або ён яе. Але ты пра гэта яшчэ не ведаеш. Хадзем у палац, Андрусь. Па дарозе я раскажу табе гісторыю пра сапраўднае каханне...

 

Выходзяць. Паказваюцца Штокала і Ківайла.

 

Ківайла. Нарэшце пайшлі. І гэты... чорт вадзяны ўгаманіўся. Нават бурбалак не пакінуў. А можа, яго і не было зусім? Можа, прымроілася?

Штокала. А кусаўся хто? А ніжэй спіны мяне хто цяпнуў? (Паказвае пакусанае месца.) Цяпер я сядзець не магу. Толькі стаяць.

Ківайла. Не трэба сядзець. Трэба на дрэва лезці.

Штокала. Гэта нашто?

Ківайла. Трэба абследаваць мясцовасць. Ану, палез!

 

Штокала неахвотна лезе на дрэва.

 

Ну, ці бачыш што-небудзь?

Штокала. Ну, бачу. Кабета нейкая ідзе.

Ківайла. Куды ідзе?

Штокала. Сюды ідзе. Вой-вой-вой! Дык гэта ж наша...

 

Ён не паспявае дагаварыць. На сцэну выбягае Матруна.

 

Матруна. Дык вось дзе ён, прайдзісвет! Дык вось дзе ён, абібок! Дык вось дзе ён, латруга несусветны! (Ідзе ў наступ, размахваючы дзеркачом.)

Ківайла. Жанчына, гэта ўсё не пра мяне. Вы абазналіся. Прыбярыце зброю. (Адступае.)

Матруна. Вочы твае бессаромныя! Як жа мне не пазнаць свайго Язэпа! Гэтага бадзягу, гэтага валацугу!

 

Прыступаецца да яго. Ківайла спрабуе ўратавацца за ствалом вярбы, але Матруна ўсюды яго дастае дзеркачом. Пачынаецца беганіна вакол сажалкі.

 

Ківайла (змарыўшыся). Жонка, пачакай. Дай слова сказаць.

Матруна. А, даняло? Пазнаў-такі? Пойдзем дахаты. Там усё скажаш.

Ківайла. Якое дахаты, Матруна? Я ж на службе. У караля Тарантула... каб на яго, цьфу!

Матруна. Дык ты яшчэ плюешся? Я ж табе! (Падносіць дзяркач да яго носа.)

Ківайла. Супакойся, жанчына, перад табой бацька тваіх дзяцей!

Матруна. Гэта ты - бацька?! Пазводзіў дзяцей з хаты, сам уцёк... Ты свінскі тата, а не бацька!

Штокала (з дрэва, абражаны). Мама, не так груба. Я не парсюк.

Матруна. О, і ты тут, Піліпок? Ану, злазь з вярбы!

Штокала. Няма дурных.

 

Матруна пачынае трэсці вярбу і страсае Штокалу, нібы майскага хрушча.

 

(Падаючы з дрэва.) Вой-вой-вой!

 

Зваліўся ў сажалку. З яе паказваецца страшная мыза Цмока. Ён рыкае. Але вочы ягоныя застаюцца па-ранейшаму сумныя. Усе ў жаху.

 

Ай-яй-яй!

Ківайла. Уй-юй-юй!

Матруна. Авохці мне!

 

Скарыстаўшы момант, Ківайла і Штокала ўцякаюць.

 

Куды вы? Стойце! Пабеглі... (Уздыхае). Мяне, сіраціну, кінулі... (Да Цмока.) Пудзіла ты, пудзіла... Нашто ж ты маіх мужыкоў распудзіла?

 

Цмок уздыхае і адступае да сажалкі.

 

Сорамна табе? Нашто буркалкі свае адварочваеш? Стой! Пакажы вочы! Пакажы вочы, кажу табе!

 

Цмок плюхаецца ў сажалку і знікае.

 

І гэты ўцёк. Усе ад мяне ўцякаюць, як ад чумы. Нават пудзіла гэтае...

 

Заслона

 

 

Дзея другая

 

Сцэна чацвёртая

 

Ізноў аддалены куток саду, сажалка. Ківайла і Штокала топчуцца каля куста, з насцярогаю паглядаючы на сажалку.

 

Штокала (паказваючы на сажалку). Маўчыць?

Ківайла. Ціха. Можа гэта была галюцынацыя?

Штокала (пачухаўшы ніжэй спіны). Нішто сабе галюцынацыя.

 

Чуюцца аддаленыя гукі трубы.

 

Ківайла. Пачынаецца! Ану, лезь на дрэва!

Штокала. Ізноў на дрэва? Мне ўжо надакучыла з яго падаць. (З неахвотаю залазіць на дрэва.)

 

Даносіцца гоман натоўпу. Воклічы.

 

Ківайла. Ну, што бачыш?

Штокала. Цалуюцца.

Ківайла. Здурэў? Яны ж біцца павінны, а не цалавацца.

Штокала. Ды не тое. Дармедонт пацалаваў руку прынцэсе. А яна гатовая да яго кінуцца на шыю, ды этыкет не дазваляе. А ён ёй паказвае, як будзе шаткаваць нашага караля, нібы капусту. А сам увесь у жалеззі, проста страх.

 

Лязгат зброі, крыкі натоўпу: «Віват каралю Тарантулу!»

 

Наш цісне... Заганяе ў кут... Віват! А ты чаго не крычыш?

Ківайла (без энтузіязму). Віват каралю Тарантулу!

Штокала. Во даў дык даў! З левай рукі як жахне!

Ківайла. Віват каралю Тарантулу!

Штокала. Што ж ты крычыш, стары? Гэта ж нашых б'юць! Дармедонт нашаму заехаў у вуха...

Ківайла. Добра даў? Ужо не падымецца?

Штокала. Не думаю.

Ківайла. Віват Дармедонту! Далоў тыранію!

Штокала. Пачакай крычаць. Ён усё-такі падняўся. Значыць, прыкідваўся. Залез на каня і скача сюды. А рыцар за ім гоніцца. А астатнія паразяўлялі раты і стаяць, як дурні.

 

Конскі тупат.

 

Сюды скачуць.

Ківайла. Хаваймася.

 

Штокала саскочыў з дрэва, абодва схаваліся ў кустах. З'яўляюцца Дармедонт і Тарантул. Адбываецца паядынак двух моцных, прыблізна роўных па сіле супраціўнікаў. Дармедонт дужы і напорысты, Тарантул вёрткі і такі худы, што ўсе ўдары, скіраваныя супраць яго, трапляюць у паветра. Усё-такі Дармедонту ўдаецца прыціснуць Тарантула да ствала вярбы. Дакладны ўдар - і меч Тарантула адкінуты на некалькі крокаў.

 

Дармедонт. Чытайце малітву. Толькі самую кароткую. Хутка сюды ўсе збягуцца. Да таго часу мне трэба паспець прыкалоць вас да ствала вярбы.

Тарантул. Добра. Зараз я дастану свой ружанец і памалюся. (Мацае рукой вакол сябе, дастае з-пад вярбы прыхаваны кінжал.) Верую ў лёс, што здабываюць спрытныя розумам. Верую ў павуцінне думак, у якім заблытаецца неабачлівы. Верую ў перамогу хітрасці над тупой сілай...

Дармедонт. Дзіўная малітва. Няўжо вы ў гэта верыце?

Тарантул. Хто не верыць у гэта - гіне, як муха.

 

Робіць маланкавы ўдар - і з-пад кальчугі Дармедонта пачынае сцякаць струменьчык крыві. Рыцар хістаецца, меч выпадае з ягонай рукі.

 

Дармедонт. О, Тарантул прыхаваў джала!..

Тарантул. Атручанае джала. (Паказвае кінжал.) Зброя хітрых. Добрая, высокаякасная атрута. Адчуваеш, як твае рукі і ногі наліваюцца свінцом? Ты будзеш паміраць доўга, як муха, атручаная павучыным ядам. Гэта нашмат цікавей, чым памерці адразу ад удару мяча.

 

Ногі Дармедонта падкошваюцца, ён падае.

 

(Выціраючы кінжал.) Гэй вы, там! Здыміце з яго даспехі, а самога схавайце ў кустах. Няхай ляжыць там і спакойненька памірае. А я пайду паведамлю прынцэсе пра перамогу. Яна заскача ад радасці! І нарэшце здыме свой вэлюм. Мы будзем танцаваць з ёю тарантэлу - павучыны танец - на нашым вяселлі. (Выходзіць.)

 

Ківайла і Штокала здымаюць з рыцара даспехі, зацягваюць ягонае нерухомае цела ў кусты.

 

Штокала. Ох, і цяжкі ж. Не раўнуючы вяпрук.

 

Уваходзіць Андрусь.

 

Андрусь. Дзе ён? Дзе гаспадар?

Штокала. Бацька, гэта ён!

Ківайла. Хаваймася!

 

Хаваюцца ў кустах.

 

Андрусь. Няўжо гэта праўда? Няўжо гаспадар загінуў? (Бачыць даспехі.) Што гэта? Даспехі майго рыцара... Калі б гаспадар быў жывы, ён бы ніколі іх не кінуў... Вось гэтым кінжалам ён і быў забіты. Нож увесь у крыві... Што цяпер будзе? Прынцэса пойдзе ў палац да гэтай пачвары? Ды не бываць гэтаму! Цяпер, калі гаспадара няма, я сам буду абараняць яе! Гаспадар, твае даспехі яшчэ паслужаць! (Апранае рыцаравы даспехі.) Велікаватыя, але нічога.

Ківайла (вызірае з-за кустоў). Ён знясе трафеі. Яго трэба затрымаць!

Штокала. Ён нас пазнае.

Ківайла. Маскі апранем, каб не пазнаў.

 

Нацягваюць маскі і са страшнымі мордамі выскокваюць з кустоў.

 

Здымай жалязякі! А то згубіш!

Андрусь (выхоплівае кінжал). Прэч адсюль, страшныя морды!

Штокала (спалохаўся). О-о! Халодная зброя!

 

Ківайлу ўдаецца выбіць з рук Андруся клінок.

 

Старэйшых палохаеш? Ану, здымай жалезныя штаны! Я табе крапівы ўсыплю!

Андрусь. Дык вы што - удвух на аднаго?!

 

Сажалка бурліць, з яе паказваецца Цмок. Страшная галава, полымя пыхкае з пашчы. І толькі вочы па-ранейшаму - сумныя-сумныя.

 

Штокала. Авой! Ізноў? І што гэта ты прычапіўся да нас, жабук? Чаго табе ў сажалцы не сядзіцца?

 

Цмок становіцца на заднія лапы, рыкае.

 

Ну што ты дзярэшся? Гоніш нас? Ну, добра, мы пойдзем... Звярына ты негасцінная... (Спяшаецца следам за Ківайлам, які паспеў ужо рэціравацца.)

Андрусь. Так вам і трэба! Не будзеце ўдвух на аднаго наскокваць! Праўда, Цмок? (Азірнуўся - а Цмока ўжо няма, нырнуў у сажалку.) Нейкі Цмок сарамяжлівы - і не пагаворыш з ім. Што ж, у яго свая справа, у мяне - свая. Помста! Зараз я зраблю так, каб мяне ніхто не пазнаў. (Апускае забрала.)

 

Уваходзіць Тарантул.

 

Тарантул. Дзе гэтыя ёлупні? (Заўважае маўклівага рыцара ў даспехах з апушчаным забралам.) Хто ты? Можа, здань? Або атрута была няякасная, і ты ачомаўся?

 

Рыцар бярэцца за кінжал і моўчкі наступае.

 

Дармедонт быў вышэйшы ростам... Хто ж ты? Што ж ты маўчыш, прыхадзень?

 

Рыцар працягвае наступаць. Тарантул, скрыгатнуўшы зубамі, хапаецца за меч. Сталь высякае іскры з брані рыцара. Але ён спрытна арудуе кінжалам, адціскаючы Тарантула да сажалкі.

 

Ды скажы ты хоць слова, ідал! Скуль ты зваліўся на маю галаву? Чаго ты хочаш?

 

Гэткім чынам ён спрабуе адцягнуць увагу супраціўніка. Сам у гэты час наносіць страшны, падступны ўдар. Рыцар усё ж нейкім цудам яго адбівае. Сноп іскраў. І маланкавы, нібы ўкус шэршня, удар кінжалам.

 

О-о! Адчуваю маю атруту!.. Добрая, якасная, свежая... Але хто б мог падумаць... якая яна... балючая... (Падае ў непрытомнасці.)

Андрусь (падняўшы забрала). Гаспадар, ты адпомшчаны. Няхай усе лічаць, што гэта ты ў смяротным паядынку забіў свайго ворага. Пра тваю слаўную пагібель будуць складаць песні менестрэлі ўсіх краін. Ты пачуеш іх, дзе б ты ні быў, рыцар Дармедонт!

 

Андрусь здымае даспехі, кладзе іх побач з целам Тарантула, выходзіць.

З'яўляецца Дармедонт. Ён цяжка дыхае, пахістваецца.

 

Дармедонт. Што са мной? Мне снілася, быццам я змагаюся са зданню, халоднай і сіняй, як лёд. Я раблю выпад, мой меч ламаецца, а мне робіцца холадна-холадна... І паступова я сам ператвараюся ў лядзяш... Але галава мая палае, як агонь... (Бачыць нерухомага Тарантула.) Што гэта? Вораг мёртвы? Значыцца, я ўсё-ткі прыкончыў яго! Мае даспехі... Мне ўжо ніколі не апрануць іх... Холадна... І цёмна... Ноч настае... Або гэта прыходзіць смерць?

 

Згушчаюцца прыцемкі. Высвечваецца цьмяная белая постаць.

 

(Страпянуўся.) Хто там? Хто тая жанчына ў белым? Ага, разумею. Гэта яна. Вітаю вас, пані Смерць. Рыцар Дармедонт гатовы пайсці за вамі.

Постаць у белымонт. Не, ты не памрэш!

Дармедонт. Хто ты? Хіба ты не Смерць?

Постаць у белымонт. Збраяносец разнёс вестку пра тваю перамогу. Я сэрцам адчувала, што ты жывы. І прыйшла, каб перавязаць твае раны маёй хустачкай. (Перавязвае яго раны.)

Дармедонт. Хто ты, дзяўчына? Я пазнаю гэты голас... Няўжо прынцэса Зла...

Постаць у белымонт. Я - тая, хто не дасць табе памерці. Выпі гэта. (Падносіць да вуснаў Дармедонта кубак.) Пі, не бойся. Гэта бальзам з кароны сланечніка, прыгатаваны яшчэ маёй матуляй. Ён ратуе ад павучынай атруты.

Дармедонт (паслухмяна п'е). Быццам вадкае сонца пацякло па жылах... Мне ўжо не холадна.

Постаць у белымонт. Цяпер я мушу пайсці.

Дармедонт. Чым я аддзячу табе за выратаванне, дзяўчына? Хочаш, я назаву цябе сваёй жонкай? Слова гонару!

Постаць у белымонт. Рыцар, не давайце паспешлівых абяцанняў.

Дармедонт. Мне лёгка гэта абяцаць. Таму што я ведаю, хто ты... (Спрабуе наблізіцца да яе.)

Постаць у белымонт. Сюды спяшаюцца слугі і прыдворныя. Вам дапамогуць. (Знікае ў змроку.)

Дармедонт. Пабегла... Але я знайду цябе. Вось па гэтай хустачцы знайду. І паспрабуй тады сказаць, што ты - гэта не ты.

 

Заслона

 

Сцэна пятая

 

Тронная зала ў каралеўскім палацы Краіны Сланечнікаў. Вядуць размову рыцар Дармедонт і Андрусь.

 

Дармедонт. Дык пра што размаўляюць прыдворныя?

Андрусь. Выключна пра ваш подзвіг...

Дармедонт. А што робяць музыкі і паэты?

Андрусь. Яны складаюць паэмы і оды ў ваш гонар. І спаборнічаюць, хто напіша даўжэйшую.

Дармедонт. А прынцэса? Што кажа прынцэса?

Андрусь. Яна ў захапленні ад вашага ўчынку. І, вядома, шчаслівая, што сустрэлася з татам.

Дармедонт. Вядома! Перамагчы такую пачвару! Як яго пахавалі? Напэўна, закінулі куды на сметнік?

Андрусь. Яго не пахавалі. Таму што ён не памёр. Прынцэса пашкадавала Тарантула і вылечыла. Цяпер ён працуе прыдворным ткачом. Кажа, што перавыхаваўся.

Дармедонт. Пашкадавала? Якая легкадумнасць! Але ж яна дзівачка, гэтая прынцэса. Шкадаваць такое мярзоцце...

Андрусь. Проста ў яе добрая душа, гаспадар.

Дармедонт. Што ж, гэта не праблема. А як наконт вяселля? Я маю на ўвазе - майго і Златы. Яго прызначылі?

Андрусь. Пакуль не. Яны нечага чакаюць.

Дармедонт. А, разумею. Прынцэса баіцца, што я раздумаю жаніцца. Што ж, свабода - рэч каштоўная. Адмовіцца ад дарогі, сустрэч, прыгодаў... Краіна Сланечнікаў - не самая вялікая ў свеце. Хутчэй, наадварот. Дый эканоміка тут адсталая. Пасаг, што і казаць, незайздросны. Але прынцэса... (Паказвае на партрэт.) Яе незямное хараство... Яе хараство, мая мужнасць - і мы будзем лепшай парай у свеце. І гэта дапаможа нам пашырыць межы нашай маленькай дзяржавы. А потым... Што ж ты маўчыш, збраяносец?

Андрусь. Я... так. Задумаўся.

Дармедонт. Ты не сумуй. Надыдзе і твая чарга. Ты станеш рыцарам, праславішся подзвігамі і ажэнішся з якой-небудзь знатнай паннай. Не выключана, нават, што з баранэсай...

 

Уваходзіць Фрэйліна.

 

Фрэйліна. Як здароўе праслаўленага рыцара?

Дармедонт. Нічога. Рана яшчэ крыху смыліць і галава крыху гудзе. Мне здаецца, што я нешта забыўся. Спрабую прыгадаць - і тады галава яшчэ горш баліць.

Фрэйліна. Нічога. Гэта пройдзе.

Дармедонт. А як здароўе выратаванага мною караля?

Фрэйліна. Ён яшчэ слабенькі. Хварэе. Ляжыць у ложку.

Дармедонт. Шкада. Значыць, і на вяселлі не пагуляе.

Фрэйліна. На вяселлі? Хіба вы рабілі прапанову прынцэсе, высакародны рыцар?

Дармедонт. Дык што, затрымка толькі за гэтым? Тады клічце сюды прынцэсу, я буду рабіць ёй прапанову.

 

Фрэйліна выходзіць.

 

Не падабаюцца мне гэтыя цырымоніі. Ці не рыхтуюць мне якую пастку?

 

Уваходзяць прынцэса Злата, Фрэйліна, прыдворныя. Прынцэса па-ранейшаму хавае твар пад вэлюмам.

Злата. Вітаю вас, рыцар! Не падымайцеся! Вам нельга, вы ж паранены. Сядайце сюды. (Садзіць рыцара на трон.)

Фрэйліна. Прынцэса, апамятайцеся! Гэта ж трон!

Злата. Высакародны рыцар выратаваў і гэты трон, і ўсю краіну, і нас з вамі.

Дармедонт. Не трэба, прынцэса. Я выконваў свой рыцарскі абавязак.

Злата. Тым не менш... Подзвіг патрабуе ўзнагароды.

Дармедонт. Што ж, калі так... Дазвольце вашу руку, прынцэса. (Бярэ яе за руку.) Яна магла б дастацца гэтаму людажэру Тарантулу. А цяпер яе трымаю я. І прапаную вам, прынцэса, сваю.

Злата. Рыцар! Вы добра падумалі?

Дармедонт. Гэтая рука... Прыгажэй няма ва ўсім свеце... І вы пытаецеся ў мяне... Якім жа павінен быць твар! Не хавайце яго, прынцэса. Час настаў. Ваш тата вызвалены. Я прашу вашай рукі. Здыміце вэлюм, прынцэса, прашу вас! (Хоча адгарнуць вэлюм).

Злата (адхіснулася). Не! Толькі не гэта!

Дармедонт. Чаму? Вы саромеецеся свайго хараства? Але яно творыць цуды! Ваш партрэт уразіў, натхніў мяне - і я перамог Тарантула. Але я разумею вас: вы здымеце вэлюм пасля вяселля? Нашага з вамі? Што ж, я згодны і на гэта.

Злата (крыху збянтэжаная). Ваша прапанова... падабаецца мне. Але ці маеце вы права яе рабіць?

Дармедонт. Хто? Я? Не маю права?

Злата. Так. Ці свабоднае ваша сэрца?

Дармедонт. Чыё? Маё?

Злата. Магчыма, вы забыліся, высакародны рыцар, што вы звязалі сябе абяцаннем... Ажаніцца з адной беднай дзяўчынай, якая перавязала вам раны і вылечыла вас.

Дармедонт. Праўда? Нешта мае думкі блытаюцца... Здаецца, я пачынаю штось прыгадваць. Так-так... Дзяўчына ў белым, цудадзейны бальзам... Але ж гэта былі вы! Вы! Хіба не так?!

Злата. Вы бачылі мой твар?

Дармедонт. Ды не, як я мог бачыць? Было цёмна. Але я маю рэч, якая, без сумніву, належыць вам, прынцэса. (Дастае хустачку.) Гэтай хустачкай была перавязана мая рана. На ёй ваш вензель? Літара «зэт».

Злата. «Зэт» - не абавязкова Злата. Гэта можа быць і Зоська.

Дармедонт. Зоська... Нічога не разумею.

Андрусь. Так завуць каралеўскую залаташвачку, шаноўны рыцар.

Злата. Так, залаташвачка. Яна... не прыгажуня, гэтая бедная дзяўчына, але ў яе адданае, залатое сэрца.

Дармедонт. Якое сэрца? Нічога не разумею.

Злата. Хутка вы яе пабачыце. І ўсё зразумееце. (Выходзіць.)

Дармедонт (да Андруся). Тут нейкая інтрыга. Сачы. Ці не збіраюцца нас абдурыць? Можа, стары ўпёрся і не хоча аддаваць палову каралеўства?

 

З'яўляецца Зоська ў простай сукенцы.

 

Зоська (нясмела). Яе светласць прынцэса загадала мне прыйсці сюды...

Дармедонт. Хм... Навошта? Цябе завуць, здаецца...

Зоська. Зоська, высакародны рыцар.

Дармедонт. Тут нейкае непаразуменне, Зоська. (Паказвае хустачку.) Кажуць, што гэта твая рэч?

Зоська. Так. Гэта мая хустачка, высакародны рыцар.

Дармедонт. Сапраўды? І лекі, ад якіх я паздаравеў, таксама твае?

Зоська. Гэта матулін бальзам. Ён ратуе ад павучынай атруты.

Дармедонт. Дык, значыцца, гэта ты мяне выратавала?

 

Зоська ківае, кланяецца.

 

І я табе за гэта нештачкі абяцаў?

 

Зоська зноў ківае.

 

(Нервова смяецца.) Ха-ха! Дзяўчынка, памятаеш, у якім я быў стане? Амаль у непрытомнасці. У мяне была тэмпература. Потым, я думаў, што ты - гэта не ты. Разумеееш?

 

Зоська маўчыць.

 

Што ж ты маўчыш? Чаго ж ты хочаш? Можа, у цябе кепскае матэрыяльнае становішча? Тады я... Неўзабаве я буду багаты, ты ж ведаеш...

Фрэйліна. Што вы сабе дазваляеце, рыцар?

Дармедонт. Ну што? Як бачу, ты не супраць, каб я з табой ажаніўся? Але мілая, гэта несур'ёзна. Як жа табе растлумачыць папулярна? Ну, дапусцім, ажэнімся мы з табой. І вось прыязджаем на каралеўскі баль, гасцей - процьма, усё графіні, баранэсы, у пышных строях, прыгажуні - вачэй не адвесці. І паміж іх - ты, мая мілая. Ды табе самой, ты разумееш, будзе няёмка там знаходзіцца.

Фрэйліна. Рыцар! Тое, што вы гаворыце, - гнюсна!

Дармедонт. А, нічога! Вам, шаноўная, якая да ўсяго гэтага справа? Сваха мне знайшлася. (Да Зоські.) Вядома, ты не Афрадыта, але ж разумненькая, як мне здаецца. Ты ж не хочаш зрабіць нас абаіх няшчаснымі? Вось табе за маё выратаванне. (Укладвае ў яе руку кашалёк з грашыма.) А ўзамен вярні мне маё рыцарскае абяцанне.

 

Зоська ківае, машынальна бярэ кашалёк і моўчкі выходзіць.

 

Фрэйліна. Не, я не магу гэтага бачыць! Вы далі ёй золата! А яна чакала вашага кахання...

Дармедонт. Але і ад золата, як бачыце, не адмовілася. О, гэтыя жанчыны! А вы, Фрэйліна, лепш памаўчалі б. Я наскрозь бачу вашыя інтрыгі. Гэтыя маніпуляцыя з хустачкамі і вензелямі.

 

З'яўляецца Злата, у шыкоўнай сукні, але па-ранейшаму пад вэлюмам.

 

А, прынцэса! Я размаўляў з гэтай дзяўчынай. Яна вельмі кемлівая. Усё адразу зразумела. Мы ўладзілі ўсе праблемы. І цяпер няма ніякіх перашкод для нашага шчасця.

Злата. Ніякіх? Вы так лічыце?

Дармедонт. Так, маё каханне. Вы можаце, нарэшце, паказаць ваша аблічча.

Злата. Вы сапраўды гэтага хочаце? Што ж, няхай будзе па-вашаму.

 

Злата здымае вэлюм. Усе проста ахнулі, убачыўшы тварык залаташвачкі Зоські.

 

Дармедонт. О, майн Гот!

Фрэйліна. Па-нямецку выражаецца. А яшчэ рыцар.

Андрусь (парывіста). Дык гэта ты, Зоська! (Стрымаўшыся.) Прабачце, прынцэса Злата. Я не ведаў...

Дармедонт. Так-так... Цяпер я ўжо не ведаю, хто перада мной - швачка або прынцэса? Што за недарэчны маскарад? І яшчэ: я пераканаўся, што ў гэтым свеце ўсе лгуць. У тым ліку прыдворныя мастакі.

Злата. Супакойцеся, рыцар. Я - прынцэса Злата, у гэтым можаце не сумнявацца. Магчыма, гэта нядобра - што я нікому не паказвала свой твар. Людзі складалі легенды пра маё хараство, я ім не пярэчыла. А мастак? Ці ж я вінаватая, што ён уявіў мяне прыгажуняй? Хіба я магла яму забараніць? У нас, ведаеце, свабода творчасці.

Дармедонт. Гэта падхалімаж, а не свабода творчасці...

Фрэйліна. Няпраўда! Гэта надзвычай таленавіты мастак. Ён паказвае не фізічнае, а душэўнае хараство. Ён разгледзеў у прынцэсе тое, чаго не ўбачылі вы, - прыгажосць душы.

Дармедонт. «Хараство душы»... Усё словы, словы... Хто яго бачыў, гэтае хараство? Хіба што ваш мастак, авангардыст няшчасны...

Фрэйліна. Ну-ну! Папрашу не брыдкасловіць пры жанчынах!

 

Дармедонт і Фрэйліна раз'юшана глядзяць адно на аднаго. Вось-вось - і ўчэпяцца адно ў аднаго.

 

Злата. Супакойцеся. Я яшчэ не ўсё патлумачыла. Мастак стварыў мяне лепшай, чым я ёсць - і я не пярэчыла гэтаму. Чаму? Бо партрэт пабачылі лепшыя рыцары ў свеце. Я спадзявалася, што адзін з іх выратуе майго тату. Ім аказаліся вы, рыцар. Дзякуй вам і прабачце...

Дармедонт (раздражнёна). На здароўе. Патлумачце заадно, нашто вам спатрэбілася пераапранацца ў Зоську і ў рызманах разгульваць па садзе?

Злата. Высакародны рыцар, а ці змаглі б вы ўвесь час хадзіць у даспехах і з апушчаным забралам? Часам так хочацца пабыць самой сабою, зняць вэлюм, паблукаць у садочку...

Дармедонт. Ведаеце што? Калі б я ведаў, што Зоська і вы - адна і тая ж асоба, магчыма, я...

Злата. Што? Дагаворвайце, рыцар! Паспрабавалі б мяне пакахаць? Гэта значыць - хлусілі б мне, самому сабе? Ведаеце, мне хацелася высветліць вашы сапраўдныя пачуцці. Прынцэсу Злату вы пакахалі за яе незвычайнае хараство. А потым выявілася, што хараства няма. Магчыма, яго б магло замяніць пяшчотнае і адданае сэрца. Але вам яно не патрэбна...

Дармедонт. Не! Мне здаецца, што патрэбна! Вельмі патрэбна!

Злата. Рыцар, вы няшчырыя.

Дармедонт. Прынцэса, вы мяне крыўдзіце! Паверце, вы мне падабаецеся. Я нават пачынаю захапляцца вамі. Такая адвага, рашучасць, высокасць душы!.. Яшчэ хвіліна - і я пакахаю вас такой, якая вы ёсць.

Злата. Не рабіце гэтага, рыцар. Баюся, што я ўжо ніколі не пакахаю вас.

Дармедонт. Пачакайце, прынцэса. Не будзем гарачыцца. Давайце разбярэмся. Я выканаў свой абавязак - перамог праклятую пачвару. Памятаеце, што вы абяцалі мне? То як быць з вашым абяцаннем?

Злата. Рыцар, вы таксама абяцалі нешта Зосьцы, беднай залаташвачцы. А потым адкупіліся ад яе вось гэтым кашальком. Цяпер ваша чарга. Вярніце мне маё абяцанне. За подзвіг можаце прасіць усякую іншую ўзнагароду. А вось ваш кашалёк. (Вяртае рыцару кашалёк з золатам.)

Фрэйліна. Брава, прынцэса! Выдатны адказ!

Дармедонт (з горыччу). Дзякуй, прынцэса. Вы геніяльна адпомсцілі мне. Даруйце мне яшчэ раз. Я просты рыцар, не разбіраюся ў тонкіх душэўных перажываннях. Трэба каго-небудзь ратаваць - ратую. Гіне каралеўства - бягу на дапамогу. І вось якую атрымліваю ўзнагароду. Служыш ім, служыш... А ўзамен - розныя штучкі, фінціфлюшкі, перажыванні, пераапрананні, хустачкі, вензелі, шмензелі... Бывайце, прынцэса. Хадзем, Андрусь. Пара ў дарогу, да новых прыгодаў. Няма чаго бавіць час каля гэтых баб.

Фрэйліна. Вы чуеце, як ён гаворыць пра жанчын? Якое хамства! Я зараз прытомнасць страчу. (Страчвае прытомнасць.)

Дармедонт. А як яшчэ вас назваць? Падступных і няўдзячных? Ты тут кроў праліваеш, рэжаш жалезных кракадзілаў і тарантулаў, а яны... Хадзем, Андрусь. Я зраблю з цябе сапраўднага воя.

Фрэйліна (імгненна прыходзіць у сябе). А чаго гэта вы раскамандаваліся? Тут вам не прыдарожная карчма. І няма чаго хваліцца сваімі заслугамі. Я, напрыклад, не веру, што гэта вы перамаглі Тарантула!

Дармедонт. Не верыце? Ха-ха!

Фрэйліна. І не толькі я. Мерлін таксама сумняваецца. А ён вельмі паважаны чарадзей.

Дармедонт. У вас у абаіх паплылі мазгі. Ад старасці.

Фрэйліна. Не, вы чулі?! Чулі? Хам! Самазванец! Прыпісвае сабе чужы подзвіг!

Дармедонт. Цудоўна. Закрануты мой рыцарскі гонар. Вы не верыце ў маю перамогу? Добра. Я патрабую следства. Апытаем сведак.

Андрусь. Не трэба, гаспадар!

Дармедонт. І ты з імі заадно? Маўчы! Ніхто цябе не пытае. Паклічам палонных, хай гавораць. Я хачу гэтага.

Злата (да варты). Прывядзіце палонных.

 

Прыводзяць сведак - Штокалу, Ківайлу, Тарантула.

 

Дармедонт. Ну! Кажыце!

Штокала (змрочна). А што казаць? Мы нічога не ведаем.

Фрэйліна. Дармедонт, вы і з мужчынамі не ўмееце гаварыць, не толькі з жанчынамі. Дазвольце, я сама іх апытаю.

Дармедонт. Ха-ха! Следчы ў спадніцы!

Фрэйліна (да Ківайлы). Скажыце, папраўдзе, дзядуля: хто параніў караля Тарантула?

 

У гэты час Ківайла з Андрусем перамаўляюцца на мігах. Андрусь прыкладвае палец да вуснаў.

 

Ківайла. А што казаць? Мы - людзі падначаленыя. Прыйшоў у жалеззі, як усмаліў - той і апрогся...

Фрэйліна. Божухна! На якой гэта мове? Нічога не зразумела.

Дармедонт. Што тут разумець? Гэта яны пра мяне кажуць. Прыйшоў, пабачыў, перамог.

Фрэйліна. Па-мойму, яны нечага баяцца. Трэба спытаць у Тарантула. Шаноўны прыдворны ткач, можа, вы паведамілі б нам, хто нанёс вам такую цяжкую рану?

Тарантул (глуха). Гэта мінулае. Я не хачу гаварыць пра мінулае. Я хацеў бы, каб яно зацягнулася павуціннем забыцця. Супраць мяне выступіў рыцар у даспехах з апушчаным забралам. Ён параніў мяне маім жа атручаным кінжалам. Хітрасць была пакараная. Усё. Больш мне няма чаго сказаць. Адвядзіце мяне да маіх кроснаў.

 

Варта выводзіць яго.

 

Андрусь (сам сабе). Тата! Братка! Яны пазналі мяне! Божа мілы, каму ж яны служылі?! Гэтакай пачвары. Напэўна, таму і саромеюцца прызнаць мяне пры іншых.

Фрэйліна. Тарантул казаў пра атручаны кінжал. Вы захавалі гэтую зброю, Дармедонт?

Дармедонт. Я недзе яго згубіў.

Фрэйліна. Каго б яшчэ апытаць? Як шкада, што сведак больш няма...

 

Чуваць аддаленае лопанне крылаў і гудзенне - нібы набліжаецца самалёт-бамбардзіроўшчык.

 

Прыдворныя. Што гэта? Што за дзіўны гук?

 

Гудзенне павялічваецца.

 

Злата. Божа мой! Я ведаю, хто гэта! Гэта Васька ляціць. Я забылася яго сёння накарміць. Вось ён і вырваўся з сажалкі.

 

Вылятае шыбіна, і пад віск прыдворных дам у зале паказваецца Цмок. Усе з жахам і цікавасцю абступаюць яго, а ён фыркае, пыхкае полымем і туліцца бліжэй да Златы.

 

Вася... Згаладаўся, бедны. Рыбкі захацеў. (Да астатніх.) Знаёмцеся: гэта мой сябра Васіль, прыдворны цмок.

Фрэйліна. Вось ён! Вось галоўны сведка! Ён усё бачыў! Ён сядзеў у сажалцы і бачыў усё ад пачатку да канца! Васіль! Ты праўда ўсё бачыў?

 

Цмок ківае галавой.

 

А ты ведаеш, даражэнькі, хто перамог Тарантула?

 

Цмок ізноў ківае.

 

Хто ж ён? Можаш паказаць?

 

Цмок падымае кіпцюрастую лапу і паказвае на Андруся. Усеагульнае здзіўленне.

 

Прыдворныя. Андрусь? Вось дык навіна! Вось дык дзіва! Хто б падумаў?!

Дармедонт. Каго вы слухаеце? Бязмозглую рэптылію! Вы б яшчэ паздымалі паказанні ў жаб, што жывуць у сажалцы.

 

Чуецца тупат. У залу ўрываецца Матруна з дзеркачом у руках.

 

Матруна. Вось калі я ўсіх накрыла! Усіх як міленькіх! А маці сядзі дома, слёзы пралівай, а яны тут бяседу ладзяць! (Да Ківайлы.) А ты, стары корч? Не сорамна табе? Чула я ад людзей, якому ты страхапуду служыў. Сораму ад суседзяў не абярэшся. (Падымае дзяркач.) Ух, будзе табе зараз апошні бой.

Ківайла. Жонка, маўчы. Я быў на вайне. А на вайне, сама ведаеш, як на вайне. А ля гер ком а ля гер.

Матруна. Я табе пагергечу, гусь ты шкадлівы.

Ківайла. Матруначка, супакойся. Вакол чужыя людзі.

Матруна. Дзяцей нашто звёў з хаты? Піліпку? (Бачыць збраяносца.) Во, і гэтага, Андрэйку! (Да Андруся.) А ты што робіш тут, каціны тата?

Андрусь. Мама, не кліч мяне каціным татам! Я цяпер - збраяносец рыцара Дармедонта!

Матруна. Я табе выпішу рыцарства, браняносец ты Дармедонтавы! Дзеркачом выпішу!

Злата (да Фрэйліны). Вы ведаеце, хто гэтая бабуля?

Фрэйліна. Здаецца, ведаю. Гэта ўсіхная мама. (Падыходзіць да Матруны, шэпча.) Матрунка! Ці пазнаеш мяне?

Матруна. Марцэля! Сябровачка! Як жа ты тут?

Фрэйліна. Чш-ш! Не называй мяне Марцэляй. Я цяпер Марселіна. Старэйшая фрэйліна. Ну, я табе пасля ўсё раскажу.

Матруна. Марцэлька, а як бы мне маіх мужыкоў дамоў запраторыць?

Фрэйліна. Ды яны і самі пойдуць. Куды ім падзецца?

Ківайла. Ну. Мы пойдзем. Адваяваліся.

Матруна. Аднаго не бачу, меншанькага. Васільку майго куды падзелі?

 

У гэты час Цмок цішком прабіраецца да сцяны, спрабуючы схавацца ад Матруны. Яна, аднак, яго заўважае.

 

Во! І пудзіла з сажалкі тут! Ты чаго адпаўзаеш ад мяне, пудзіла? Чаго ты ад мяне морду сваю бессаромную адварочваеш? Ану, пакажы мне свае вочы! Пакажы вочы, кажу табе! (Хапае Цмока за мызу, заглядае ў вочы.) Бацюхны! Васільковы вочы! Нібы валошкі! Сынок!

Злата. Гэта ваш сын, цётухна? Вельмі прыемна. Мы з ім сябры. Я яго заўсёды свежанькай рыбкай кармлю.

Матруна. Дзякуй, дачушка. (Да Цмока.) Ну, кажы, чаго гэта ты ў пудзіла ператварыўся? Га? Напэўна, дражніўся з некім? Праўда? Ах ты, бессаромнік! А во табе за гэта! А во! (Хвошча яго дзеркачом.)

Цмок ( у яго раптам прарэзаўся чалавечы голас). М-мама, не трэба!.. М-мама, я не буду больш дражніцца!

 

Лускаватая скура Цмока ападае, і перад прысутнымі з'яўляецца хлопчык гадоў чатырнаццаці.

 

Матруна. Васілька!.. (Абдымае яго.)

Ківайла. Сынок!

Андрусь. Братка...

 

Усе чацвёра абдымаюцца.

 

Штокала (стоячы ўбаку, сярдзіта). А я б табе, Васька, яшчэ б кухталёў надаваў, хоць ты і брат. Навошта ты мяне вось за гэта месца ўкусіў? Ты ведаеш, што я дагэтуль сесці не магу?

Васіль. Братка! Ну, даруй. Ну, калі хочаш, ты мяне ўкусі за гэтае самае месца! Хочаш?

Штокала. Не, дзякуй, не хачу.

Прыдворныя. Якое дзіва дзіўнае! Якая сустрэча!..

Фрэйліна. Вось цуд, роўны чарадзействам Мерліна! Вось сіла матчынай любові! Ператварыла цмока ў чалавека з дапамогай дзеркача!.. Гэты выпадак апішуць ва ўсіх падручніках па магіі.

Васіль. Пачакай, матуля, мне трэба штось сказаць гэтым людзям. Вы хацелі даведацца, хто Тарантула параніў? Я ж вам казаў, а вы мне не паверылі, бо я гадам быў. Але ж я з сажалкі ўсё бачыў. Як вы, Дармедонт, у кусціках адпачывалі. І як Андрусь вашы даспехі апрануў. Як ён параніў Тарантула ягоным жа кінжалам.

Андрусь. Маўчы, братка! Нічога больш не кажы!

Васіль. Не, братка, не буду маўчаць. Я ўжо ў сажалцы поруч з жабамі і намачаўся, і намаўчаўся. А цяпер буду гаварыць, гаварыць, гаварыць... Чыстую праўду, каб ізноў цмокам не абярнуцца. Не разумею, Андрусь, чаму ты не прызнаешся? Навошта кінжал схаваў? Вунь, глядзіце, пад плашчом у яго кінжал схаваны! Той самы, якім Тарантула параніў! (Выхоплівае з-пад крыса Андрусева плашча кінжал.)

 

Галасы здзіўлення.

 

Фрэйліна. Андрусь! Дык ты праўда перамог гэтую пачвару? І не страшна табе было?

Андрусь. Страшна. І за прынцэсу, і за нас усіх. За гэты край.

Фрэйліна. А вы, Дармедонт, чаму маўчыце? Будзеце зноў спрачацца?

Дармедонт. Не... Не буду. Мне сорамна. Перадайце, Фрэйліна, мае прабачэнні паважанаму Мерліну. Ён не памыліўся ў прадказанні. Ёсць рэч страшнейшая за смерць. Гэта ганьба. (Закрывае твар рукамі.) Бывайце, Злата. Бывайце ўсе. (Збіраецца пайсці.)

Андрусь (кідаецца следам за ім). Гаспадар!

Дармедонт. Не, не ідзі за мной, Андрусь. Ты ўжо навучыўся ўсяму, што павінен умець рыцар. Вучыцца трэба мне.

Фрэйліна. Добра сказалі, рыцар. Не забудзьцеся навучыцца павазе да жанчыны.

Дармедонт. Не забуду, шаноўная Фрэйліна. Бывайце. (Выходзіць.)

Матруна (да Андруся). Вось і добра. І мы пойдзем дахаты, сынку.

Андрусь. Я не магу, мама. Не магу, пакуль мяне не прысвяцілі ў рыцары.

Матруна. Я цябе пасвянчу! Я цябе пасвянчу ў рыцары... дзеркачом вось гэтым!

Фрэйліна (шэпча Матруне на вуха). Не пярэч, Матруначка. Пакінь маладых адных. Хай самі разбіраюцца. Можа, дасць Бог, Андрэйку твайго ажэнім. Будзе каралеўскім зяцем.

Матруна. Няўжо?

Фрэйліна. Праўду кажу табе. Пойдзем, пойдзем. (Да астатніх.) І вы ўсе выбірайцеся, чаго раты паразяўлялі? Дайце людзям пагаварыць.

 

Усе, за выключэннем Андруся і Златы, выходзяць.

 

Злата (пяшчотна). Маленькі збраяносец!.. Мілы Андрусь... Ты не крыўдуеш на мяне, што я не пазнала цябе, калі ты з'яўляўся ў маіх снах? Дужы, пяшчотны, высакародны? Ты мне даруеш? Ты вось мяне заўсёды пазнаваў, нават у абліччы залаташвачкі, а я... Чаму ты не адказваеш?

Андрусь. Вы абяцалі...

Злата (летуценна). Што? Пайсці замуж за пераможцу?

Андрусь. Прысвяціць мяне ў рыцары.

Злата (раззлавана). У рыцары? Добра. На калені!

 

Андрусь укленчвае. Злата б'е яго плазам мяча па спіне.

 

Уставай, Андрусь, рыцар ордэна Сланечніку!

Андрусь (падымаецца, чухае спіну). Ну ты ж мне і ўрэзала.

Злата. Такі рытуал. (Пяшчотна.) Табе балюча?

Андрусь. Крыху.

Злата (цалуе яго). І гэта таксама... рытуал...

 

Глядзяць адно аднаму ў вочы.

 

Заслона

 


1997

Тэкст падаецца паводле выдання: Сучасная беларуская п'еса, Менск, Мастацкая літаратура, 2009
Крыніца: скан