epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятро Васючэнка

Паэтычны свет рамана ("Калі зліваюцца рэкі" П.Броўкі)

 

На памежжы трох братніх рэспублік — Латвіі, Літвы і нашае Беларусі — раскінулася возера Дрысвяты. Больш за трыццаць год таму гэты маляўнічы куток быў абуджаны немалой па сваім часе будоўляй. Пра гэтую падзею загаварылі газеты, ёю, калі забегчы крыху паперад, натхніўся слынны беларускі паэт, прычым уражанняў яму хапіла больш як на верш або паэму — на цэлы раман. Мінуў час, эмоцыі журналістаў і пісьменнікаў пераключыліся На іншыя падзеі, іншыя будоўлі, ды памяць пра тую, даўнюю, занатавалася хаця б у вось гэтых скупых радках з Беларускай Савецкай Энцыклапедыі: «Дружба народаў», гідраэлектрастанцыя каля воз. Дрысвяты ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл. Здадзена ў эксплуатацыю ў ліп. 1953. Магутнасць 300 квт. Пабудавана працоўнымі Беларусі, Літвы, Латвіі. З 1964 уключана ў Беларускую энерг. сістэму». Абзац у такім універсальным даведніку — не так ужо і мала для электрастанцыі, магутнасць якой ніяк не параўнаеш з рабочымі якасцямі сучасных ГЭС і АЭС.

Мусіць, існуе род энергіі, якую не вымераць самымі чуйнымі і дакладнымі прыборамі,— энергія памяці. Яе выпраменьвае ўсё, што з добрымі мэтамі стваралася чалавечымі рукамі і розумам, у тым ліку старыя збудаванні: ад звычайнага ветрака да электрастанцыі, завода, храма, крэпасці. У газетах часам даводзіцца чытаць пра лёс маленькіх, «дагістарычных» электрастанцый; аўтары лістоў у рэдакцыі, звычайна людзі сталага ўзросту, просяць выратаваць ад зносу гэтыя збудаванні, працягнуць іх жыццё, якое ў значнай меры мае ўжо сімвалічны змест. Гэта жыццё помніка, які нагадвае людзям пра іх маладосць, пра бляск электрычнага святла, якое ўпершыню запалілася ў вёсцы ці ў мястэчку. А станцыя ў Дрысвятах нагадае, акрамя ўсяго іншага, пра тое, як у стваральнай працы аб’ядноўваліся намаганні і пачуцці сяброў-суседзяў — беларусаў, латышоў, літоўцаў.

Сімвалічнае яшчэ адно жыццё гэтай электрастанцыі, якое яна мае ў якасці своеасаблівага прататыпу ў згаданым вышэй рамане Петруся Броўкі «Калі зліваюцца рэкі», дзе возера Дрысвяты перайменавана ў Доўгае. І тут назіраем дзіўнае падабенства лёсаў рамана і яго жыццёвай першаасновы! Твор адразу пасля першай сваёй публікацыі (у часопісе «Полымя» ў 1956 годзе) быў сустрэты бурнай і станоўчай рэакцыяй крытыкі. На працягу другой паловы 50-х гадоў у беларускіх, літоўскіх, латышскіх выданнях, у друку іншых саюзных рэспублік з’яўляліся рэцэнзіі, аўтары якіх захапляліся стваральным, жыццесцвярджальным пафасам рамана, у якім услаўлялася дружба паміж прадстаўнікамі розных нацыянальнасцей, пераможны наступ чалавека на прыроду,— тымі старонкамі рамана, якія мелі найбольш шчыльнае дачыненне да будоўлі электрастанцыі.

Ішлі гады — і твор станавіўся аб’ектам аналізу для літаратуразнаўцаў, якія, спрабуючы вызначыць яго месца ў развіцці беларускага рамана, бачылі ў ім не адно творчыя здабыткі, але і пэўныя страты: недахоп псіхалагізму ў характарыстыцы таго ці іншага персанажа; просталінейнасць у разгортванні канфлікту; нейкія кампазіцыйныя хібы. Шмат што змянілася ў ацэнцы ідэйна-мастацкіх якасцей рамана: яе крытэрыі ўскладняліся і дазвалялі бачыць у творы нешта іншае, чым проста мастацкае ўзнаўленне і паэтызацыя былой падзеі.

Рух часу ператвараў твор у раман-помнік. А літаратурныя помнікі маюць адну спецыфічную ўласцівасць: яны адлюстроўваюць не проста гістарычную атмасферу свайго часу, але і адметнасць тагачаснага літаратурнага працэсу, з усімі яго супярэчнасцямі. Далейшае літаратурнае развіццё паказвае, што ў мастацкай сістэме твора было перспектыўным, мела працяг, а што заставалася часовай данінай літаратурнай модзе, скарыстанымі і адкінутымі стэрэатыпамі.

Напрыклад, «вытворчая» лінія ў рамане «Калі зліваюцца рэкі». Калі б яна была ў творы адзінай, што б мы мелі замест шматпластовай, рухомай мастацкай структуры? Адно банальную гісторыю пра тое, як да сябе ў вёску, дзе распачалася будоўля, прыязджае малады (адразу пасля ВНУ) інжынер Алесь Іванюта — і мусіць пераадольваць не толькі ўпартасць воднай стыхіі, але і зацятасць калгаснага старшыні Самусевіча, які, вядома, вораг усяму новаму і да таго ж любіць заглядаць у чарку. Гэты канфлікт развязваецца стэрэатыпным, даўно апрабаваным і нават скампраметаваным сюжэтным ходам: зменай старшынь.

Альбо нязгода паміж Алесем і ягоным старэйшым калегам Беразінцом. Тут як быццам сутыкаюцца юначы максімалізм і мудрасць сталага работніка, але ў гэтакай лагоднай, прыгладжанай форме, што міжволі прыгадваецца сумна вядомы «рэцэпт» канфлікту: «добрага» з «яшчэ лепшым». Паводле ўмоў свайго напісання раман мог увабраць у сябе рэшткі тады яшчэ не поўнасцю зжытай «тэорыі» (і мастацкай «практыкі») бесканфліктнасці.

Па-іншаму, але таксама ў межах колішняй літаратурнай схемы акрэслены ў рамане канфлікт, што ўзнікае на класавай глебе. Тут адчуваецца традыцыя маляваць абліччы ворагаў адзінай фарбаю — чорнай, без аніякіх паўтаноў. Калі паказваецца былы кулак, дыверсант або сабатажнік — дык у яго абавязкова нямыты, аброслы шчэццю твар, калючы, прагны або зайздрослівы позірк; абавязкова бруд, неахайнасць у ягоным жытле. І, адпаведна, гэткія ж беспрасветна чорныя душы. Адзінае адступленне ад гэтай «традыцыі» — вобраз Адэлі Гумоўскай, якая выглядае ў творы не зусім такой, якой, згодна з колішнімі штампамі, павінна малявацца дачка мацёрага кулака; Адэля, пры ўсёй сваёй легкадумнасці, хутчэй ахвяра жорсткіх сацыяльных абставін.

Калі сёе-тое ў рамане выглядае сёння наіўным, спрошчаным, варта даследаваць прыроду гэтых спрашчэнняў — і тады выявіцца, што не заўсёды яны мелі прычынай мастакоўскую абмежаванасць. Хутчэй — тыя абмежаванні, якія накладваў на творчасць мастака час, у які ён жыў. Паслухаем, як адкрыта, не хаваючы картаў, змаўляюцца паміж сабою ў рамане ворагі; «Нам трэба зрабіць так, каб ніякай дружбы паміж імі (будаўнікамі электрастанцыі. — П. В.) не было. Каб не ўдалася справа з іхняй станцыяй, чуеш? Нам нельга, каб беларус, латыш і літовец былі сябры». Каб загнаць клін паміж удзельнікамі будоўлі, змоўшчыкі — латыш Езуп Юрканс, літовец Пранас Парэчкус, беларусы Каетан Гумоўскі і Казюк Клышэўскі — ствараюць свой «інтэрнацыянальны» хаўрус. Вобраз мініяцюрнай «міжнароднай змовы» ў рамане адлюстроўвае супярэчнасці светаўспрымання пакалення, да якога належаў Пятрусь Броўка: у свядомасці яго сучаснікаў цяжкім грузам напластоўваліся ўражанні культаўскай пары, жахі крывавай вайны, адчуванне новай небяспекі, вельмі абвостранае ў перыяд так званай «халоднай вайны». Не трэба думаць, быццам «агенты сусветнага імперыялізму», якія ў мностве насялілі літаратурныя творы тае пары, сваім міфічным існаваннем абавязаны проста чыстай, нязмушанай фантазіі творцаў. Дзеці свайго часу, пісьменнікі мусілі адной з дабрачыннасцей сваіх станоўчых герояў лічыць звышпільнасць. Вунь як глыбока задумаўся адзін з персанажаў, старшыня Захар Рудак, калі ў вёсцы пабіліся п’яныя карцёжнікі: «Трэба прыгледзецца, ці не пахадзілі тут варожыя рукі».

Раман «Калі зліваюцца рэкі» неаднойчы перавыдаваўся пры жыцці аўтара. Пятрусь Броўка мог неаднаразова дапрацоўваць свой твор, і ён шырока карыстаўся гэтай магчымасцю: скарачаў шматслоўныя маналогі персанажаў, выкрэсліваў залішне рытарычныя або сентыментальныя мясціны, паглыбляў псіхалагічную матывіроўку паводзінаў персанажаў. Але ён не імкнуўся мадэрнізаваць светаадчуванне сваіх герояў, прыпадабніць іх думкі да пазнейшага ладу мыслення: больш таго, ён і сам як аўтар-апавядальнік не імкнуўся паказацца новаму чытачу іншым, чым ён быў калісь, больш сталым і ўмудроным. Куды як проста было выкінуць рэпліку маладога літоўца Йонаса, які шукаў корань нягодаў тагачаснае вёскі: «Ва ўсім вінаваты хутары». Яшчэ пры жыцці народнага паэта стала відавочным, што не ўсё гэтак проста...

Яшчэ прасцей было прыбраць з тэксту маляўнічае апісанне кукурузнага палетка, бо хто не зразумее, з якой нагоды гэты краявід з’явіўся ў рамане...

Пісьменнік не імкнуўся накладваць на твор касметыку, і гэта не таму, што ў сваіх творчых прынцыпах ён застаўся нязменны, а з мастакоўскага такту, мудрасці, якія дапамагалі Броўку бачыць свой колішні твор як шчыры дакумент пэўнага часу.

Тут узнікае прынцыповае для агульнай ацэнкі рамана пытанне: мастацкі дакумент, і не больш? Ці ёсць у ім, апрача закадзіраванай у вобразах інфармацыі, нешта такое, што магло б глыбока закрануць эстэтычнае пачуццё цяперашняга чытача?

Варта падкрэсліць тое адметнае, што вылучала твор адразу пасля яго з’яўлення з плыні тагачаснай літаратуры і што ў некранутай свежасці захавалася да нашых дзён. Гэтае адметнае вынікае з таго простага факту, што да празаічнага жанру звярнуўся паэт. Прытым паэт з ужо сфармаванай творчай манерай, чый радок у сваёй празрыстасці і глыбока прадуманай простасці быў пазбаўлены якога б там ні было рацыяналізму, штучнасці.

Калі такія якасці, як сардэчнасць, шчырасць, задушэўнасць у паэзіі могуць існаваць непрыкметна (бо яны блізкія самой прыродзе гэтага віду творчасці), то ў прозе яны адразу прыцягнуць да сябе ўвагу. У спалучэнні з заземленымі рэаліямі эпічнага твора гэтыя якасці ўтвараюць свет — адметны паэтычны свет рамана.

І калі паглыбіцца ў гэты свет, працерабіцца скрозь выпадковае і нетрывалае ў ім, выявіцца яшчэ адзін просты факт: апрача ўсяго іншага, гэта ж раман пра маладосць! Прынамсі, пра маладосць таго пакалення, з якім паэт зросся сваімі памкненнямі і сімпатыямі.

Кожная эпоха дыктуе моладзі свой стыль мыслення і паводзінаў; не было б гэтага — не існавала б і адвечнай праблемы «бацькоў і дзяцей». Разам з тым у перапляценні думак і пачуццяў, што хаваюцца за паняццямі «маладосць», «каханне», можна вылучыць знаёмае, перажытае папярэднікамі, адвечнае. Дзякуючы гэтаму падабенству (і не падабенству) сучасны малады чытач досыць лёгка ўжываецца ў інтымны свет раманаў Стэндаля, Жорж Санд альбо Тургенева.

Якія фарбы з сваёй паэтычнай палітры скарыстаў Броўка, каб у гісторыі кахання яго маладых герояў, Алеся Іванюты і літоўскай дзяўчыны Анежкі Пашкевічайтэ праглядалася адначасна і знаёмае, і непаўторнае? Прынамсі, менавіта ў гэтых эпізодах рамана, а не ў яго «вытворчых» сцэнах выявілася майстэрства псіхалагічнага напаўнення вобразаў.

А распавядаць гэтую гісторыю Броўка пачынае больш чым традыцыйна — з партрэта дзяўчыны: «Дзяўчаты ўсе былі ў стракатых, вышываных уборах, і вельмі падобныя адна на адну. Але паміж усіх яго (Алеся.— П. В.) увагу прыцягнула невялікая дзяўчынка, тоненькая, з белым даўгаватым тварам, на якім, як скалкі, блішчалі чорныя вочы. Дзяўчына маўчала і паглядала на ўсё задуменна. Зялёная сукенка, вышытая чырвонымі елачкамі і крыжыкамі, зграбна аблягала стан. Дзве чорныя касы хаваліся за спіной». Да сціплага аўтарскага апісання тут досыць натуральна прымешваецца пачуццё Алеся, якое з простай цікавасці неўпрыкмет вырасце ў вялікае захапленне.

Сучасная «інтымная» проза ўсё часцей абыходзіцца без разгорнутых, псіхалагізаваных партрэтаў, гэтак жа як «саромеецца» адкрыта апісваць пачуцці закаханых. Сэнсавая нагрузка вельмі часта прыпадае на падтэкст, недамоўленасць, прыхаваную сімволіку. На гэтым фоне проза Броўкі, з яе досыць традыцыйнымі сродкамі псіхалагізацыі, выглядае крыху старамоднай. Але гэтых простых сродкаў (аўтарскай мовы, дыялогаў) стае на тое, каб паказаць, як сутыкаюцца ў дзявочай душы два супярэчлівыя пачуцці: павага да бацькоў, якія з насцярогаю ставяцца да суседзяў з-за былога кардону, і каханне да Алеся, што спакваля абуджаецца ў ёй. Месцамі ў адносінах паміж закаханымі можна прагледзець непадробную складанасць перажыванняў — як, напрыклад, у эпізодзе, дзе Алесь дорыць Анежцы паясок, прывезены ім з Мінска:

«Падарунак ёй вельмі спадабаўся, але яна не адважвалася ў гэтым прызнацца Алесю. А больш таго, клапацілася, што ёй сказаць, калі раптам падарунак трапіць на вочы хатнім.

Думкі пра дом у гэты час яшчэ больш расхвалявалі яе. Яна ішла маўкліва побач Алеся і адчувала, што трывога яе расце: што скажуць дома, чаму яна без дазволу апынулася ў Доўгім?.. Прыгадаўся суровы твар клебонаса Казімераса, які настаўляў слухацца бацькоў, і раптам узнікшая баязлівасць скавала ёй ногі. Анежка спынілася на дарозе. Алеся здзівіла гэта:

— Што з вамі?

— Пайду дамоў, — шаптала яна, і твар яе пабялеў яшчэ больш.

— Вам жа сказаў Мешкяліс пайсці да нас?

— Гэта так, але я нічога не сказала дома...

— Вы ж пісалі, што не згодны з думкамі бацькі?

— Дазвольце мне не гнявіць яго...

— Выходзіць, што ад мяне ўсе непрыемнасці? — дапытваўся Алесь.

— Я не кажу гэтага, але я мушу быць дома!..

Анежка прыхінула рукі да грудзей, і ў гэты час з-пад выразу кофтачкі бліснула галоўка знаёмага яму срэбранага крыжыка...

— Добра! — гукнуў сярдзіта Алесь, крута павярнуўся, скочыў на каня і, стукнуўшы абцасамі ў бакі, наўгалоп памчаў у сяло.

Ён ляцеў насуперак асенняму ветру, які абдзьмуваў яго разгарачаны твар, і сам не ведаў, што рабілася ў яго грудзях. Некалькі разоў хацелася спыніцца, павярнуць, хоць глянуць назад, але моцная крыўда, як яму здавалася, непрызнанага кахання гнала яго ўперад.

Анежка стаяла, аслупянелая ад нечаканасці, глядзела ўслед Алесю, і з твару яе спадалі, як светлыя пацеркі, слёзы. Яна выняла з кішэні зялёны паясок, разгарнула і яшчэ раз прыгледзелася да яго. Міжволі яе зрок заўважыў адну крышталіну расіны на парыжэлай сцяблінцы, і Анежцы стала вельмі балюча: «А можа, гэта мая слязіна?» — падумала яна. Згарнуўшы паясок і схаваўшы яго зноў у кішэню, Анежка ўздыхнула, але, калі ўбачыла, што Алесь схаваўся за ўзгоркам, нехаця павярнулася і, ледзь ступаючы, пайшла дадому».

Рамантызацыя, падвышэнне пачуццяў, характэрныя для лірыкі Броўкі, прысутнічаюць, як мы бачым, і ў ягонай прозе. Але ў апошняй назіраем нашмат большую адлегласць паміж перажываннямі героя і пазіцыяй апавядальніка. Гэтая дыстанцыя дае магчымасць аўтару не толькі ствараць лірычны настрой, але і аналізаваць пачуцці свайго героя. Напрыклад, юначы максімалізм Алеся выклікае ў апавядальніка не толькі сімпатыю, але і ўсмешку з адценнем іроніі. «Калі б яму (Алесю.— П. В.) у той час, як ён вучыўся ў інстытуце, хто-небудзь сказаў, што ён, стаўшы начальнікам будаўніцтва, будзе пакутаваць і ўздыхаць па дзяўчыне з крыжыкам на шыі, ён бы рассмяяўся, а яшчэ больш пэўна, што пакрыўдзіўся. Як усякі юнак, захоплены рамантычнымі марамі, ён уяўляў, што яго пакахае якая-небудзь асаблівая дзяўчына, можа быць, маладая артыстка з выдатным талентам», — паблажліва кпіць апавядальнік.

Каханне насуперак бацькоўскай волі; ліст закаханага да закаханай, перахоплены нядобразычліўцам; подступы, якія гэты нягоднік чыніць супраць шчасця маладой пары; падслуханая размова і выкрыццё ліхадзея, які да ўсяго аказваецца замаскіраваным дыверсантам; прымірэнне бацькоў і дзяцей і вяселле, якое ўжо праглядваецца на сюжэтным даляглядзе, — усе гэтыя прыкметы меладраматызму прысутнічаюць у рамане «Калі зліваюцца рэкі». Але не будзем са скепсісам ставіцца да гэтых даўным-даўно знаёмых, больш чым традыцыйных элементаў раманнай структуры. Яны ж па-свойму ўзбагачаюць мастацкую сістэму твора, надаюць яму займальнасць, у пэўнай ступені процістаяць яго жорсткай зададзенасці, дыдактызму. Напрыклад, «аднамернасць» вобразаў ворагаў не так кідаецца ў вочы, калі разглядаць іх менавіта ў гэтым плане — авантурна-меладраматычным. Тут яны бачацца як традыцыйныя «зладзеі».

Інтымная і прыгодніцкая лініі ў рамане рухаюцца поруч, а месцамі яны перакрыжоўваюцца, утвараючы кульмінацыйныя сцэны. Як, напрыклад, гэтая: у літоўскім сяле Лукшты — вяселле, паміж гасцямі на ім сустракаюцца і Алесь з Анежкаю; раптам у разгар застолля чуюцца стрэлы за ваколіцай — гэта міліцыя высачыла змоўшчыкаў-дыверсантаў. Далей дзеянне разгортваецца цалкам у авантурным ключы: распачынаецца традыцыйная пагоня, у якой, паміж іншым, удзельнічае і Алесь...

Ці арганічна стасуюцца з паэтычным, прачулым ладам пісьма гэтыя прыгодніцкія калізіі?

Думаецца, яны якраз ураўнаважваюць настраёвасць рамана, якая ў іншых абставінах магла б застацца аднастайнай, размывістай. Разам з тым, вострыя сюжэтныя павароты насычаюць дзеянне якраз у такой колькасці, каб пакінуць месца і няспешнай развазе, і спакойнаму назіранню, і філасофскасці, што праглядаюцца праз канкрэтныя, някідкія дэталі. Такіх мясцін у рамане шмат, і яны па-свойму сведчаць, што перад намі — сапраўды паэтычны свет, цэласнасць якога трымаецца думкаю і пачуццём творцы.

Эпічная плынь запавольваецца, калі ўвага апавядальніка пераключаецца на прыроднае наваколле, што абкружае яго персанажаў.

У часы, калі пісаўся раман, было модаю (і не толькі літаратурнай) услаўляць пераможны крок Чалавека-пакарыцеля, які рушыць у наступ на прыроду і бярэ ад яе ўсё яму патрэбнае. У рамане «Калі зліваюцца рэкі» ёсць эпізоды, дзе пафас пакарэння стыхіі знаходзіць адназначнае ўвасабленне: вось насоўваюцца на возера экскаватары, бы нейкае войска; вось людзі з баграмі ў руках змагаюцца супраць крыгаходу і перамагаюць. Але Броўка знайшоў магчымым паказаць і іншыя формы ўзаемаадносін чалавека і прыроды, не адное іх бясконцае адзінаборства.

Напрыклад, у сцэне, дзе Алесь Іванюта ў думках развітваецца са старым млыном, які павінен загінуць у час будаўніцтва плаціны. Млын, які зліўся з прыродным наваколлем, стаў звыклай часткай азёрнага краявіду, нагадвае Алесю пра дзяцінства, што прайшло каля Доўгага, наводзіць на думкі аб неабходнасці гармоніі паміж чалавекам і прыродай.

Возера ў рамане — не толькі вытворчы аб’ект. Той ці іншы персанаж можа надоўга забыцца на свае будзённыя справы, зачараваны хараством азёрнага краявіду: «Алесь ішоў высокім берагам возера, на якім шумелі кашлатыя хвоі. Белы пясок паблізу вады быў затканы зялёнымі верасамі. Дзе-нідзе, як волаты, ахапіўшы чыгуннымі вузлаватымі карэннямі зямлю, стаялі дубы. Магутныя і велічныя постаці іх адбіліся ў люстраной вадзе...»

Пейзаж у Броўкі, як правіла, абжыты, пазначаны блізкасцю чалавека, убірае ў сябе сляды яго працы. Броўка-мастак знаходзіць магчымым любавацца хараством так званага культурнага ландшафту: «Ян Лайзан і Каспар Крумінь ішлі па высокім беразе возера і моўчкі ўглядаліся ў прасторы. З аднаго боку, як схапіць вокам, пераліваліся сінія хвалі і кружыліся над імі адзінокія чайкі, як тыя кавалкі белае паперы, параздзьмуханыя ветрам, а з другога — аж да зубчастага лесу ўдалечы — ляжалі эглайнаўскія палі. Непадалёк хвалявалася, шумела, нахіліўшы каласы, жаўтаватае жыта, роўнымі зялёнымі барознамі лапушылася бульба, доўгімі вусамі шамацеў ячмень. На ўзгорку, між ліпавага парку, бялеў двухпавярховы будынак. Гэта былі колішнія пакоі Алоіза Вайводы. Цяпер там змяшчаліся праўленне калгаса і сельскі клуб. А воддаль, ад цэнтра калгаса прыблізна за паўкіламетра, у лагчыне, парослай дробным бярэзнікам, віднеліся шыферныя дахі жывёлагадоўчых ферм і высокая сіласная вежа».

Гэта погляд вяскоўца, упэўненага ў тым, што ў ягонай гаспадарцы ўсё даведзена да ладу, усё на сваім месцы. Паняцце «гаспадаркі» як бы распаўсюджваецца і на прыроду: паказваючы, як вясна змяняецца летам, лета — восенню, Броўка дае разгорнутыя вобразы вясковых работ — сяўбы, касавіцы, жніва. Наступ тэхнікі не замінае сачыць за гэтым адвечным кругазваротам; больш таго, калі ў фінале рамана над возерам запальваюцца электрычныя агні, гэтая падзея як бы дапамагае замкнуць завершаны цыкл, — ад пачатку дзеяння мінуў роўна год. Тут яшчэ захоўваецца амаль поўнае суладдзе прыродных з'яў і турбот, думак, спраў вясковага працаўніка, знаёмае нам яшчэ па паэмах Я. Купалы «Яна і я» і Я. Коласа «Новая зямля». Для параўнання: у сучаснай «экалагічнай» прозе (у раманах В. Казько «Неруш», А. Жука «Паляванне на Апошняга Жураўля», В. Карамазава «Пушча») падкрэсліваецца ўжо разладжанасць гармоніі чалавека і прыроды, у настроі твораў пераважаюць дысанансныя матывы.

Але спакойныя вясковыя сцэны ў творах старых майстроў беларускага пісьменства валодаюць нейкай дзіўнай прыцягальнай сілай. Вяртаючыся да рамана Петруся Броўкі, цягне яшчэ раз перачытаць пра тое, як на золку рыпяць асверы ў студнях, як сыплецца долу залатая стружка ў сталярні Яна Лайзана, як Алесева маці гатуе на сняданак аладкі, а сястра Марфачка прыпраўляе смятанаю маладую цыбульку. Усё робіцца няспешна і самавіта; за яду вяскоўцы прымаюцца з гэткай жа грунтоўнасцю, што і за працу, як бы выконваюць нейкі спрадвек заведзены і непарушны рытуал. Шмат прыемных асацыяцый выклікаюць разгорнутыя апісанні сялянскага стала «Не паспелі Юозас Мешкяліс і хлопцы, прыйшоўшы з двара, агледзецца, як ужо на стале стаялі ў белым паўмісачку салёныя гуркі з кропам і на талерцы ляжалі роўна нарэзаныя скрылікі сухой сялянскай каўбасы. Пасярэдзіне ўзвышалася міска густой смятаны з тварагом. Пачэснае месца займаў паўбохан хлеба са слядамі ад падсціланага аеру на скарынцы... Пах яечні, засмажанай на вяндліне, разліўся па ўсёй хаце».

Дзеянне пераносіцца з вёскі ў вёску, фактычна — з рэспублікі ў рэспубліку, прычым Броўка выказвае сябе нядрэнным знаўцам этнаграфіі не толькі беларусаў, але і нашых прыбалтыйскіх суседзяў. Прынамсі, ён досыць густоўна паказвае, як у Доўгім, Лукштах, Эглайне прымаюць гасцей, ладзяць вяселлі, спяваюць песні, адзначаюць святы. Праз гэтыя эпізоды, а не праз гучную рыторыку лягчэй данесці думку пра тое агульнае і тое непаўторнае, што лучыць гістарычныя лёсы нашых народаў.

Паэтызуючы побыт, аўтар свядома адбірае тыя дэталі, якія з найменшымі перашкодамі ўпісваюцца ў створаны ім свет. У рамане шмат эпітэтаў, якімі вызначаецца святло, чысціня, цяпло. Натуральна, хараство і ўтульнасць пануюць усюды, дзе гаспадараць сімпатычныя аўтару персанажы. Святло, што падае на твары і постаці гэтых людзей, павінна, як гэта можа здацца, забяспечыць ім і чытацкую сімпатыю. Вось размаўляюць эглайнаўскі калгасны старшыня і стары сталяр: «Сонца стаяла высока на поўдні, і промні яго, даходзячы да сярэдзіны сталярні, асвятлялі твары Круміня і Лайзана. У Круміня залаціліся густыя рыжыя вусы, і, здавалася, свяцілася сівая галава Лайзана». А вось німб над галавою настаўніка Якуба Гаманька: «Надвечаровыя, чырванаватыя праменні атулялі ягоную постаць, і сівая галава настаўніка выглядала цяпер як быццам у ззяючай аправе».

Гэты «светлапіс» можна прыпісаць наіўнаму аўтарскаму жаданню паказаць станоўчых герояў прыгажэйшымі, чым яны ёсць. Але, думаецца, паходжанне гэтага прыёму глыбейшае: ён вырастае, як і шэраг іншых, з усёй сістэмы паэтычнага мыслення Броўкі. У каларыстычнай гаме ягонай лірыкі таксама пераважаюць светлыя фарбы і адценні. А ў рамане, апроч усяго іншага, святло ўяўляе сабой разгорнутую метафару, якая ахоплівае ўвесь твор. Расшыфраваць яе няцяжка: персанажы жывуць у чаканні святла, якое дасць вёскам будучая электрастанцыя. Метафарай раман і завяршаецца: у ззянні электрычнага святла, што разлілося над начным возерам, Алесь з Анежкай бачаць і свой запаветны агеньчык:

«— Паглядзі, Анежка, вунь і наша хата засвяцілася. Там нас чакае маці, Марфачка і вячэра...

І яны пайшлі на яркі аганёк уздоўж берага возера».

Святло асацыіруецца з дабром, з цеплынёй чалавечай душы — гэтак і ў лірыцы, і ў прозе Броўкі.

Вядома, не кожны прыём, вынайдзены Броўкам-лірыкам і перанесены ім у раманную структуру, абарочваўся творчай знаходкай — пра гэта ўжо казалася вышэй. Раман цяжка параўноўваць з узорамі сучаснай прозы — псіхалагічнай, філасофскай, публіцыстычнай. Паводле сваёй тэхнікі ён шмат у чым саступае ім, шмат у чым адрозніваецца ад іх. Але не будзем лічыць гэтае непадабенства абавязкова і цалкам пройгрышным для рамана «Калі зліваюцца рэкі». Калі сучасную інтэлектуалізаваную прозу выгадна адрознівае глыбокая канцэптуальнасць, багацце ўмоўнай вобразнасці, дык ёй часта бракуе таго, што ёсць у рамане Броўкі. Шчырасць. Натуральнасць. Цеплыня ў поглядзе на чалавека, на свет, у якім ён жыве.

Больш падабенства ў рамана Броўкі з сучаснымі ўзорамі лірычнай, таксама рамантычнай прозы. Тут ёсць сэнс казаць пра непарыўнасць і пераемнасць традыцыі, у якой, бясспрэчна, прысутнічае пэўны творчы ўклад Броўкі-празаіка.

 

 


1989

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Калі зліваюцца рэкі.- Мн.: Маст. літ., 1990. - с. 403-412
Крыніца: скан