epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Александрына

Мне не забыцца песні той даўняе вясны:

- На Мурамскай дарожцы стаялі тры сасны...

 

Хадзілі мы, спявалі, і з песняй ты цвіла.

Александрына, помніш, якою ты была?

 

Цяпер магу прызнацца, тады пачаў кахаць,

Цябе з ніякай кветкай не мог я параўнаць.

 

Сказаць, што васілёчак, дык фарба ў ім адна,

Сказаць, што ты лілея, - сцюдзёная ж яна.

 

Сказаць, што ты званочак... Ды ўсіх жа мала іх!..

Такою ты здалася ў семнаццаць год маіх.

 

Мінула часу многа. Мне навявалі сны,

Як дзесьці на дарожцы стаялі тры сасны.

 

Прайшлі вясна, і лета, і восень, і зіма...

Александрына, дзе ты? Шукаю я - няма...

 


1961

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, паэмы, 1954-1964.- Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 221?
Крыніца: http://vershy.ru/content/aleksandryna