epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Бацькаў дом

 

Праўдзіва ўвесь сцвярджае люд:

Няма радней, чым родны кут.

Калі страха

Над галавой,

Калі дымок

Па-над страхой,

Тады на сэрцы супакой.

 

Ляжыць да нашых ціхіх хат

Сцяжынак

І дарожак шмат,

Дзе, можа, й ты калісьці ўзрос

Пад гоман сосен і бяроз.

 

Вось аб прыстанішчы адным

Хачу паведаць сёння ўсім.

 

Яшчэ задаўна,

Пры цары,

Стаяла хатка на гары,

Як бы зірнуць вакол сяла

Яна на ўзгорак узышла,

Бары пабачыла,

Палі...

Ды і застыгла пры зямлі.

Яна ў сяле сваім старым

Не вылучалася нічым —

Ні падмуроўкай,

Ні сцяной,

Ані ўскудлачанай страхой,

Ані заторкнутым акном,

Ані пахілым каміном.

Нямала гэткіх хат кругом.

А ў гэтай здаўна жыў Арцём,

З мякіны дзьмуў на лебяду,

Адно што меў багата — душ.

Калі ж узяцца падлічыць,—

Сыноў дарослых толькі пяць,

Дачок і ўнукаў

Нарасло,

Дзе ж разгарнуцца не было.

 

Ад хаты ў бор,

Цераз пясок,

Ляжаў шнурок,

Што паясок.

Тут і жытное, і папар.

Вось тут, як хочаш, гаспадар.

 

А супраць —

Панскі быў абшар;

Палеткі, пожні і бары

Не аббягуць за дзень вятры.

 

Як гляне з ганка наш Арцём

Усюды панскае,

кругом. Худоба ўзыдзе —

Забяруць,

Свінчо ускочыць —

Падаб’юць,

А певень ўспырхне —

Штраф дадуць.

 

У пана луг і паплавы,

Тут не прыложыш галавы,

Бяры, як хочаш, і жыві.

 

Але на ўсё свая пара.

Ўзышла Кастрычніка зара,

З прастолу скінулі цара,

Прагналі пана са двара.

 

Ускалыхнуў прасторы гром,

Павесялеў бядняк Арцём.

Лясы, дубровы і палі

Цяпер ягонымі былі.

 

Мільёны стала з тых часоў

Такіх, як ён,

гаспадароў.

Пайшоў з сынамі за плугом,

За бараною —

Наш Арцём.

Прыйшла ў краіну маладосць,

Усюды песні,

Радасць скрозь;

Здаецца, у хаце на гары

Зайгралі гучна гусляры,

А побач зруб

Пад новы дом

З сынамі вылажыў Арцём.

 

Ды не суняліся паны,

Сваё надумалі яны —

Зямлю ў Арцёма адабраць,

Яго з сынамі пакараць,

Хаціну ж вынішчыць агнём,

Каб стаў ён вечным парабком.

Буржуй буржую ёсць сваяк,

Буржуй заморскі слаў ваяк;

Пайшоў Юдзеніч

І Калчак,

Пайшоў Пілсудскі

І Махно,

Пайшлі...

І краю не відно!

 

Запаланілі скрозь,

кругом,

Але не здаўся наш Арцём.

Да часу кінуў

Новы зруб

І родны кут,

Што сэрцу люб,

З сынамі дужымі пайшоў

На ўсе чатырнаццаць франтоў.

Ён з рускім братам

След у след

Знішчаў тых ворагаў нашчэнт,

З сям’ёй адданаю братоў

Прагнаў заморскіх ваякоў,

Прагнаў пілсудскіх,

Калчакоў;

Не стала следу больш відно

Ані Пятлюры,

Ні Махно.

 

Арцём з сынамі перамог,

Хоць павярнуўся ўчатырох,

І загудзелі гусляры

Ізноўку ў хаце на гары.

 

А неўзабаве пад акном

Узняўся адмысловы дом,

Ну, з чым яго нам параўнаць?

Нібы сасновы той палац.

Як звон,

Ні шчыліны нідзе,

Бярна краніся —

Загудзе.

Прыйдзі ж часінай хоць якой —

Адкрыты дзверы прад табой.

Далёка славіўся Арцём,

Сыны яго

І светлы дом.

 

Прыйшоў на вёску новы час,

Сяло наладзіла калгас,

І дом высокі

Над гарой

Зажыў з сялом адной сям’ёй.

Ад сэрца цешыўся Арцём —

Усё яго,

Усё кругом.

 

Прайшло, мінула колькі год,

Узрос, расправіўся народ,

Пайшоў ў жыцці на ўсё прыплод,

Узняўся з поля умалот,

З’явілася здабыткаў шмат.

Пад вокнамі узняўся сад,

Вясною пеніўся увесь,

Ажно кружыў галовы

Бэз.

Арцём дажыўся да ўсяго,

А колькі ўнукаў у яго!

Аднойчы ў свята

Новы дом сабраў за радаснымсталом

Бяседу цёплую,

Сваю —

Яго вялікую сям’ю.

 

Там быў калгасны брыгадзір,

Студэнт,

Адважны камандзір,

Дзве фельчарыцы, аграном,

Мастак,

Ляснічы, астраном,

Настаўніца, ды ці адна,

І сам калгасны старшыня.

 

Да хаты бацькавай Любоў

Сабрала іх са ўсіх бакоў.

Са ўзгорка роднага яна

На ўвесь Саюз была відна.

Быў гэты дом усім вядом

І слаўнай працай, і дабром,

Сваёй гасціннасцю, цяплом,

І быў здаволены Арцём.

 

Здавалася б, што жыць і жыць.

Не знаў жа ён, што набяжыць

Такое ліха,

Чорны час,

Што прамяністы дзень пагас,

Што знікла з поля цішыня,—

З заходу ўдарыла вайна.

 

І загудзеў з усім сялом,

Як вулей той,

Арцёмаў дом.

На фронт у першы дзень вайны

Пайшлі і ўнукі і сыны,

А ўнукаў меншых і сяброў

У цёмны лес Арцём павёў.

 

Трывожна грозны бор гудзеў,

Спакою наш Арцём не меў.

Адкуль жа будзе той спакой,

Калі ліецца кроў ракой,

Калі спусціўся груганом

Чужынец-кат на родны дом,

Калі, на свет нагнаўшы жах,

Той дом трымае ў кіпцюрах.

 

Тужыў Арцём,

Гарэў, не жыў,

Як бы хто сэрца падпаліў.

Але ён ведаў, што рабіць,—

Што злосных катаў трэба біць.

 

Ён між бароў,

Ён між палян

Пайшоў з атрадам партызан.

Чужынцам помсціў дзед Арцём

За любы кут, за родны дом.

Снапамі клаліся яны —

Звяры, забойцы, дзікуны.

На фронце ж біліся сыны,

 

І ім здаваўся з кожным днём

Бліжэй свой кут

І бацькаў дом.

 

Але ў тым доме на гары,

Што прысланіўся пры бары,

Дзе раней гралі гусляры,

Што ўвесь свяціўся на зары,

Што славен быў на ўсё сяло,—

Пажыць не суджана было.

 

Як быццам ён адруз, аслаб,

Стаяў у ім фашысцкі штаб,

І гралі там не гусляры,

А здзек чынілі свой звяры.

З яго закрачаных акон

Не песні чуліся, а стогн.

Не гоман ліўся ад смыкоў,

А кроў сцякала з бізуноў.

 

І вось наважыўся Арцём

З грудзей навек той вырваць дом.

Аднойчы ў катаў пір ішоў.

Арцём жа з групаю байцоў

Здалёк у вокны паглядаў,

Чакаў,

Каб зручны час настаў,

А прычакаў —

Падпоўз ціхом,

Без жалю дом

Пусціў з агнём,

І тых, хто быў у доме тым,

Пусціў таксама ён на дым.

 

Застаўся попел ды пясок,

Ды сумны дуб непадалёк,

Што вартаваў калісьці дом.

 

Вярнуўся зноўку ў лес Арцём,

Як далей быць,

Мяркуе ён.

 

Фашысты ўзнялі вэрхал,

Звон —

Рашылі дзеда адшукаць,

У лес хоць цэлы полк паслаць,

Каб толькі люта пакараць.

 

І вось наслалі

Немцаў шмат,

Наслалі танкаў і гармат

Ды абкружылі імі ўвесь

Прытулак мужных хлопцаў — лес.

 

І пачалося,

І пайшло,

Усё ў тым лесе загуло.

Адбіць драпежніцкі напад,

Як волат, ўстаў увесь атрад.

 

Фашыстаў ён панішчыў шмат,

Нападу ўсё ж не змог адбіць,

Бо іх так шмат, што не злічыць.

Атрад Арцёмаў ў балатах

Яны прыціснулі, што жах,

Не стала храбрых хлопцаў шмат,

Патронаў вобмаль і гранат.

Здавалася, настаў канец,

Ды так, што й рады не займець,

Яшчэ дзень, два і прыйдзе смерць.

Бо ўсё мацней душыў ланцуг,

Усё тужэй сціскаўся круг.

Сем дзён няспынна гром грымеў,

Крышыла дрэвы, бор смылеў.

Адбілі бойку ў восьмы дзень.

Але ратунку — анідзе.

 

На момант сціхла уначы.

Арцём, прылёгшы адпачыць

На мох сівы,

Пад тоўстым пнём

Заснуў...

І ўбачыў — родны дом

У бляску ранняе зары

Стаіць, як раней, на гары,

Як бы ніколі не гарэў,

А больш таго, папрыгажэў.

 

Крануўся ён ісці дамоў,

Ледзь-ледзь з балота адышоў,

Але ўзысці на свой бальшак

Не можа ён, Арцём, ніяк,

 

Бо там, дзе хмыз стаіць гусцей,

Балота поўнае чарцей,

Фашысцкіх вылюдкаў страшных,

Што ў д’яблаў лютых, морды іх.

Куды ні кідаўся Арцём,

Не мог прабіцца ў родны дом...

Прачнуўся,

Як вятох ўзышоў,

Праверыў варту між дубоў.

А раніцой Арцём хлапцоў

Ізноў ў рашучы бой павёў.

 

Спытайце ў сосен вы

І ў траў —

Ніхто жыцця не шкадаваў;

Магіл раскажуць курганы,

Як прабіваліся яны

З балот на родны свой прасцяг,

З бяздоння смерці да жыцця.

І дзіва!

Там, паміж палёў,

Сустрэлі радасных братоў.

Яны прайшлі праз доўгі шлях

З надзеяй светлай у вачах,

Са сцягам волі у руках.

Пад пераможны кліч байцоў

Арцём абняў сваіх сыноў.

 

Прайшоў, адгаманіў віхор,

Прыйшлі дахаты змагары.

Арцём ізноўку на гары

Працуе аж да сініх зор.

 

І так

Ад рання да цямна

Стаялі ў працы дзень за днём,

Бярно лажылі да бярна,

Пакуль не ўзняўся

Новы дом.

 

Ну, з чым яго нам параўнаць?

Нібы сасновы той палац.

Ён ад падмурка да страхі

Загаманіў на ўсе шляхі.

 

Шмат яблынь, вішань і малін

Як бы прыйшлі са ўсіх далін

І абкружылі гэты дом.

Вясёла зноў жыве

Арцём,

Бо славен дом яго кругом,

Бо ў ім ізноўку, як раней,

Адкрыты дзверы для гасцей.

 

Здалёку добра ён відаць,

Яму цяпер ўвесь век стаяць,

Бо з роднай зліты ён зямлёй,

Бо гэта месца над гарой

Кастрычнік асвятліў зарой.


1947

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 2. Вершы, паэмы, 1941-1953.- Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 287-295
Крыніца: скан