epub
 
Падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Беларусь

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII
IX
Х
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
ХХ
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV


 

Мой родны кут,

Як ты мне мілы!..

Якуб Колас

 

 

І

Зямля Беларусі! Бары і дубровы,

Жытнёвае поле, шаўковы мурог,

У промнях рабіны заход вечаровы,

Што клёкат буслоў — ручаёў перамовы

І ў шумных прысадах істужкі дарог.

 

Зямля Беларусі! Вачамі азёраў

Глядзіш ты ў празрыстыя высі нябёс,

Начамі, што яблыкі, падаюць зоры,

Знікаюць па водах, па чорных разорах,

Па травах, абсыпаных кроплямі рос.

 

Былога быліны, старога паданні

Плывуць, як аблітыя сонцам чаўны,

Па краю зялёным, прасторах бяскрайніх

Ад Нёмна да Сожа, ад Буга да Гайны,

Па хвалях Дняпра і шырокай Дзвіны.

 

Бацькоў нашых слава на іх узбярэжжах,

Гамоняць пра гэта бары-байкары,

Гамоняць пра гэта і Полацка вежы,

І Турава сцены, і шум Белавежы,

І роднага Мінска сівыя муры.

 

ІІ

Зямля Беларусі! Ты ў полымі бою,

Ты ў бітвах суровых Айчыннай вайны;

Ты ўстала і зноўку ўзялася за зброю,

І меч свой напояць варожай крывёю

Твае непахісныя ў бойцы сыны.

 

Іх сіла, як сіла дубоў на Палессі,—

Высокія ростам, магутны ў плячах!

Іх многа, як сосен смалістых у лесе,

Як зор, што на небе абсыпалі месяц,

Як траў па шырокіх, бязмежных лугах.

 

За справу святую свабоды і чэсці

Ідзе незлічоная, дужая раць:

«Смерць вырадкам лютым!» — адзіныя весці

У Мінску і Гродне, у Пінску і Брэсце,—

Па ўсёй Беларусі сягоння гучаць.

 

І помста няўмольна праходзіць шляхамі

Ад позняе ночы да ранняй зары.

Як гор не развеяць ліхімі вятрамі,

Як рэчак не высушыць злосці агнямі,—

Так сілы народнай нічым не скарыць!

 

ІІІ

Дзяды нашы білі драпежнікаў прускіх,

Не даўшы надзець на сябе кайданы,—

Пад Грунвальдам білі, на возеры Чудскім,

Там разам з украінскім братам і рускім

Сваю Беларусь баранілі яны.

 

Змагаліся з рознай напасцю варожай,

Прайшлі па смаленскіх, палтаўскіх палях,

Ішлі казакамі, у стэп Запарожжа,

І верылі цвёрда — ніхто іх не зможа,

Бо вечнаю праўдай жыла іх зямля!

 

Спытайцеся ў кожнай сасны і бярозкі,—

Яны вам раскажуць, як даўняй парой

Хадзіў тут Вашчыла, Хвясько, Каліноўскі,

Вадзілі атрады на подзвіг геройскі,

Іх слава, як сонца, стаіць над зямлёй.

 

Скарыць не падолелі іх чужаніцы,

Бо быў ім прытулкам і крэпасцю бор,

Чало асвятлялі з-пад Нёмна зарніцы,

І грудзі, як сталлю,

паілі крыніцы,

А шлях азначаўся мільёнамі зор.

 

IV

Яшчэ ў дні старыя, у век наш лучынны,

Аб горадзе Полацку слава ішла,—

Друкар там выдатны Георгій Скарына,

Што зоры, рассыпаў па роднай краіне

Крыштальныя словы навукі-святла;

 

Нямала народаў з крыніц яго піла

І брала ад мудрасці вечны агонь,

У літарах першых знаходзячы сілу...

Ты слаўна, зямля, што вякам нарадзіла

Такога выдатнага сына свайго!

 

На грудзях тваіх, як скарбніцы жывыя,

Чалом выплываючы з даўняй імглы,

Стаяць гарадзенскія гмахі сівыя,

Муры Навагрудчыны, вежы Сафіі

І замкаў Заслаўля крутыя валы.

 

Аб славе народнай гамоняць зарніцы,

А думы яго захавалі ў сабе,

Як чыстыя перлы, азёры, крыніцы,

І неба вясёлкамі імі іскрыцца,

Што шлях асвятляюць яму ў барацьбе.

 

V

Мы ў годы узлётаў і боек суровых

З Расіяй, Украінай разам былі.

Адзінага дрэва ў нас гучныя словы,

Як говар Дзвіны і гамонкі Дняпровы,

Яны нас ядналі на нашай зямлі.

 

Мы браліся разам за грозную зброю,

Крывёй мацавалі нярушны саюз,

Як чуўся гул ратны пад роднай Масквою,

Званілі мячы пад Чарнечай гарою,—

І бор твой у гневе гудзеў, Беларусь!

 

Ты кроўная з імі і лёсам і родам,

Адною асветлена ўсходняй зарой.

Ні немцам-магнатам, ні шляхцічам гордым

Цябе разлучыць не ўдалося. Заўсёды

Была ты з Расіяй, старэйшай сястрой.

 

Заўсёды ты з ёй на сумеснай дарозе

І ў яснае ранне і ў цёмнай начы.

І сонца праменні, і сцюжу марозаў,

І радасць уцехі, і горкія слёзы

Дзялілі вы, разам ў жыцці ідучы.

 

VI

Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі

Вярнулася ворагаў мала дамоў —

На даўняй Нямізе іх слалі снапамі,

Крышыў на капусту іх Віцебск мячамі,

У Полацку варам варылі з валоў.

 

Скуголіць панурая цень Банапарта,

На хмурым чале яго чорны вянец:

«Чаго я імкнуўся сюды так упарта?

З расійцамі біцца ніколі не варта,—

Скарыць іх не зможаш, а знойдзеш канец».

 

І грознымі хвалямі кажа Бяроза:

«Чужынцам я заўжды прыносіла жах,

Нямала глынула я трупаў варожых,

Нямала іх змерзла на беразе ў лозах,

А колькі касцей у старых курганах».

 

Гамоняць над рэчкай дубы і чароты

Аб сіле народнай у тыя гады,

Як лезлі з усходу французскія роты,

Як іх дабівалі ў лясах і балотах

Сякерамі, віламі нашы дзяды.

 

VII

Зямля Беларусі! Не знала ты горшых,

Як немцаў-бандытаў, чужынцаў-звяроў.

Але уцякалі і кайзера бошы

З-пад сцен Магілёва, з-пад Полацка, Оршы

Пад грозным ударам чырвоных байцоў.

 

Палала пад краем Кастрычніка ззянне,

Народ узнімаўся мільёнамі сіл,

Па сёлах і вёсках гудзелі паўстанні,—

Не ўдалася катам праменнага рання

На гонях раскутых тваіх пагасіць.

 

І ты, не зважаўшы на раны і болі,

Выходзіла ў пошуках праўды, святла.

Як шумам дажджу ты ачысціла поле,

Як дуб медналісты, расправіла голле

І пошасць атрэсла і з долу змяла.

 

І будзе ён слаўны ва ўсіх пакаленнях

На родных прасторах той памятны год,

Навек незабыўны твой дзень абуджэння,

Як рунню займаліся зоры насення,

Як крыллі ўздымаліся ў буйны палёт.

 

VIII

Народ беларускі! Ты ўзняўся героем,

Даволі набыўся ў нядолі, бядзе —

І, твар свой абмыўшы крынічнай вадою,

Абцёршы усходняй, шаўковай зарою,

У будучнасць смела, адкрыта глядзеў.

 

Расправіўшы плечы, магутны, высокі,

Стаяў ты, як волат, між родных далін,

Як бор, галавою дастаўшы аблокаў,

Над шумным жытнёвым прасторам шырокім,

І вусны цвілі, як агні журавін.

 

Браты па нягодзе цябе раскавалі,

З вачэй тваіх чорныя хмары знялі;

Як бурнай паводкаю дужыя хвалі,

Як буйныя ветры, што хвалі гайдалі,

Абняў ты палеткі па вольнай зямлі.

 

Як гоман крынічны, як звон ручаёвы,

Як плёскат бязмежных, блакітных азёр,

Як гоман вясновых лістоў на дубровах,

Тваё зазвінела свабоднае слова,

Хвалой узляцеўшы да сонца і зор.

 

IX

Кастрычніку вечная, вечная слава,—

Вялікія дні твой азначылі шлях,

Ты вырасла дужай, ты стала дзяржавай,

І, роўнай між роўных назваўшы па праву,

Кастрычнік прывёў па шырокі прасцяг.

 

Ты ў вымытай бела кужэльнай сарочцы.

Стан поясам слуцкім, як быццам зарой,

Абвіла. І лёнам цвілі твае вочы,

Калі ты, мінуўшы пахмурыя ночы,

Упоплеч з вялікаю стала сястрой.

 

Ты сэрцам гарачым сваім адчувала,

Што новае долі сустрэла часы.

І ветры на хвалях, нібы на цымбалах,

Аб днях урачыстасці гралі удала,

І шумна спявалі бары і лясы.

 

Навек адыходзілі крыўды, абразы...

Прыняўшы адзіны магутны саюз,

У вольнай сям’і ты ўзнялася адразу,

І вусны Паўночы і вусны Каўказа

З любоўю шапталі імя — Беларусь.

 

Х

Цябе, Беларусь, я шчасліваю бачыў,

Як ты расквітнела на гонях сваіх.

Спеў лірнікаў сумных над торбай жабрачай

І горкія слёзы сірочага плачу

Тады адышлі на дарогах тваіх.

 

А як ажывіўся прастор твой багаты!

Вясна, як вясёлка, над полем прайшла —

І выпрастаў плечы пакутны араты,

І зніклі з лучынаю курныя хаты,

А з імі мякіна сышла са стала.

 

Загойкалі пілы па лесе вясёла,

Плугі захадзілі па чорнай раллі,

Як звон, зазвінелі сасновыя сёлы,

Сцяной загудзелі жытнёвыя долы,

Крыніцамі песні твае пацяклі.

 

Як дорага сэрцу ты стала, краіна,

І поле тваё, і твае паплавы,

І дом твой, для госця адкрыты гасцінна,

І гоман пад небам, як спеў жураўліны,

І грозны, суровы твой шум баравы!

 

XI

О, як ты збіралася, сіла народа,

Як мора прымала раку і ручай,

І воляю партыі ў дні пяцігодак

Гамонкаю фабрык, гамонкай заводаў

Напоўніла родны, абуджаны край.

 

Турбіны-асілкі спакойна і важка,

Скарыўшы адвечныя нетры жуды,

Агнямі Арэсы — балотнае казкі,

Іх рухам нястрымным, і гулам, і бляскам —

Жыццём акрылілі твае гарады.

 

І чулася пам у прасторах шырокіх,

Як песняй спавіўшы лясы і палі,

Гудкі ўсіх заводаў гудзелі навокал,

У родных размовах здалёку-далёку

Да фабрык сталіцы, да Мінска ішлі.

 

Мы славілі час урачысты і новы,

Над полем калгасным другую зару,

Тваіх трактароў і машын перамовы...

Не ў лапцях лазовых, не ў світцы суровай,

А ў новым убранні жыла Беларусь!

 

XII

Мы ўвосень не зналі здабытку, як змераць,

Па свірнах засекі стаялі з дабром,

Па клунях ад збожжа ламаліся дзверы;

Буйныя антоны і слуцкія бэры,

Чарэшні і вішні былі за сталом.

 

Мы сеялі дбала, збіралі мы густа,

Мы з працы калгаснае ведалі плён —

У нас па вядру ураджала капуста,

І спорыла бульба рассыпчатым кустам,

І ў добрую сажань адборлівы лён.

 

А колькі ў нас ягад, чарніц і ажыны,

Па мхах журавіны да самай зімы;

А колькі вадзілася ў лесе дзічыны,

Шумелі чароты пад крыллем гусіным,

Чародамі ў рэках хадзілі самы.

 

Зямля Беларусі давала, што трэба.

Мы чулі, як сокі па нетрах гудуць,

І хлеб нам штодзённы, і ўсё, што да хлеба,

Здавалася нават, што зоры на небе,—

На гонкіх вяршалінах бору растуць.

 

XIII

Зямля Беларусі! Былі ў нас клапоты,

Каб ты урадліваю ўся зацвіла,

Мы багну ўздымалі з адвечнай дрымоты,

Каналамі рэзалі нетры балотаў —

І з тванню знікала туманаў імгла.

 

Народная сіла скарыла паўсюды;

І там, дзе гібелі лаза ды імхі,

Дзе вокны бяздоння ляжалі пад хлудам,

Дзе продкі вялі з лесуном перасуды,—

Ішлі з перамогаю нашы плугі.

 

Мы ўзмахам рыдлёвак нядолю хавалі

І стомы ніколі не зналі ў руках.

Глухія палескія сумныя далі,

Як стрэлы, прабілі наскрозь магістралі,

І сталі сялібы на іх берагах.

 

Калі прыгадаеш, дык дзіву даешся,

Як многа зрабілася ў тыя часы.

О, як вы ўставалі, прасторы Палесся,

У нівах шырокіх, што ў казачных песнях,

У гомане буйнай жытнёвай красы.

 

XIV

Зямля Беларусі! Табой мы сагрэты,

Ніколі не сходзіш ты з нашых вачэй.

О, як ты прыгожа над Нёманам, лета!

Чаборам, рамонкам, мядункавым цветам

І водарам ясных купальскіх начэй.

 

Па вішнях і яблынях сонца разліта,

Яно над кустамі парэчак, малін;

Блішчаць сенажаці травой-аксамітам,

Хвалюецца возерам спелае жыта,

І шум канюшыны ўзлятае з лагчын.

 

Дарогі ў прысадах, бярозы, таполі,

Блакітнага неба струменіць віно,

Вятры пралятаюць, як песні над голлем.

Шырока-шырока калгаснае поле,

Куды ні паглянеш,— мяжы не відно.

 

Ніколі, ніколі, нідзе не забыцца,

Як хлопцы выходзяць адранкам касіць,

І росны мурог перад імі іскрыцца,

Як песні спяваюць вясёлыя жніцы,

Заплёўшыя ў косы красу зараніц.

 

XV

Знаходзілі мы адпачынак здаровы

Па ціхіх дубровах, па звонкіх гаях.

Азёры пад Леплем, бары Аўгустова

Дарылі паветрам смалістым, сасновым,—

Мы сілу, што крэмень, насілі ў грудзях.

 

Як добра, устаўшы вясной раніцою,

Адчуўшы на целе праменні цяпла,

Напіцца з цвітучых палёў сырадою

І ў чоўне паплыць задуменнай ракою

Пад мерныя ўсплёскі на хвалях вясла.

 

А з берага хіляць галовы купавы,

А кветак на полі, нібы аганькоў,

І ветры ўсяго абдымаюць ласкава,

І кратаюць вусны духмяныя травы,

А гоман птушыны, як хор гусляроў.

 

А як вы чароўны, Наддзвіння заходы,

І ў дзень вераснёвы і ў сонечны май!

Хто быў там аднойчы з якое нагоды,

Дык той праканаўся і скажа заўсёды —

Здаровы, прыгожы, азёрны наш край.

 

XVI

Зямля Беларусі, зялёныя долы!

З крыніц тваіх чыстых пад шумнай вярбой

Зачэрпнулі думы Купала і Колас,

На кожнай сцяжынцы іх песня і голас

З тваёю журбою і ўцехай тваёй.

 

Пад гоманы бору, куванне зязюлі

Злажыў Багдановіч тут яркі вянок...

І поле, і пушчы, і рэкі тут чулі,

Як Цётка спявала, як марыў Бядуля,

Як слёзы рассыпаў Мацей Бурачок.

 

А як разгарнуўся наш росквіт вялікі

У дні нашай бурнай, прыгожай вясны.

Мы радасным песням не ведалі ліку —

Раслі спевакі, песняры і музыкі.

Аб шчасці народным спявалі яны.

 

Зямля Беларусі! Ты ў граях-вяснянках,

Ты ў звоне вясёлак, ты ў гуслях вятроў;

Ты песня сама ад крыніц да заранкі,

Ад зорак паўночных да сіняга ранку,

Ты наша паэма з бурштынавых слоў!

 

XVII

Як гэта ўсё дорага сэрцу і блізка —

Над ціхаю Свіслаччу строі муроў,

Прасторныя плошчы і вуліцы Мінска...

Сталіца! Ты — нашага росту калыска,

Спрадвечная слава бацькоў і дзядоў.

 

Сталіца! Магутнасць твая незлічона,

Не раз ты суровую знала пару,

Тут шаблі крышылі французы, тэўтоны,

І шведы, і ляхі. Чужынцаў з праклёнам

Ты біла, збіраючы ўсю Беларусь.

 

Сталіца! Цябе будавалі мы дбала

У нашы савецкія, шчасныя дні,

Ты быццам на крыллях увысь узлятала,

Палац за палацам, квартал за кварталам,

Такая, якою ніхто і не сніў.

 

Блакітнае неба над горадам-садам,

Ускраіны ў гулкіх фабрычных гудках,

І бронзавы Ленін ля Дома Урада

Вітаў нашу сілу і буйную радасць

І зваў нас нязломнымі быць у вяках!

 

XVIII

Мы славілі час той пад сцягам чырвоным,

Што раны балючыя нам загаіў,

Калі мы з братамі з-пад Буга і Нёмна,

Разбіўшы іх путаў ланцуг пад’яромны,

Сышліся навечна ў адзінай сям’і.

 

Адна гадавала нас родная маці,

Хто ж мог нас дратамі мяжы падзяліць?

Хто права займеў у прыгнечанай хаце

Забраць у братоў нашых скарбы, багацці

І волю пакінуць адну — галасіць?

 

Зямлю адабраўшы і роднае слова,

Не ведалі майстры прыгнёту-ярма,

Як Прыпяці нельга пасеч напалову,

Як вольных вятроў не суцішыць размовы,

Так нельга народ у палоне трымаць.

 

Калі мы з’ядналіся, слёзы, як росы,

Ад шчасця па тварах у нас пацяклі,

Бо прагнага сэрца жаданне збылося —

У промнях рабіны вясёлая восень

Хадзіла па ўсёй беларускай зямлі.

 

XIX

Дык будзьце пракляты на вечныя векі,

Фашысцкай краіны забойцы-сыны,

Што страцілі воблік, душу чалавека,

Што ўсё разбурылі праз гвалты і здзекі,

Што ў край наш прынеслі пакуты вайны.

 

Агорнута сэрца і болем і жалем,

Ніяк не забыцца таго, Беларусь,

Як ветры тужылі, як рэкі рыдалі,

Як беглі па нівах крывавыя хвалі,

Як хмары закрылі пад небам зару.

 

Як нікла здабытае намі ў сталеццях,

Як горад ахуталі морак, жуда,

Як нішчылі вуліцы выбухі смерці,

Як чэзлі ў руінах забітыя дзеці,

Як сонца з-за хмараў было не відаць.

 

Як зграі з’явіліся з гвалтам, прымусам,

Як полымя крыллі плылі па начах...

Ды толькі не здаўся народ Беларусі,

Не стаў на калені, не паў, не сагнуўся,

А ворага стрэціў ударам мяча!

 

ХХ

Зямля Беларусі! Ты ў гневе, ты ў ранах,

Твой гнеў разгараецца сёння ў агні.

Палямі-барамі сыны-партызаны,

Жыцця не шкадуючы, б’юцца аддана,—

Не рэкі гамоняць, а зброя звініць!

 

Ты ўстала паўстанкай прад набрыддзю дзікай

З азёрамі помсты ў грозных вачах.

Ды гэта ж не сосны, а вострыя пікі,

Ды гэта ж не вецер, а смерці музыка,

Што грае на чорных, варожых касцях.

 

Па ўсіх неабдымных прасторах-абшарах

Устала расплата, крывёй загула,

Знаходзіць чужынцаў суровая кара,

Грымяць Налібокі, хвалюецца Нарач,

На бераг з палону выходзіць Сула.

 

Зямля Беларусі! Ў часіны нягоды

Тваіх абаронцаў нязломная раць.

Хто жыў тваім хлебам, хто піў твае воды,

Хто меў тут прытулак у час непагоды,

Гатоў той памерці, цябе ж ратаваць!

 

XXI

Бор шумны, бор грозны, вяшчун наш зялёны!

Гамоніш вячыстай, сівой галавой,

Як з вернай дружынай адважны Заслонаў

Знішчаў акупантаў,

скідаў эшалоны, Маланкам і бурам ён родны і свой.

 

Бор шумны, бор грозны, гамоніш з вятрамі,

Галінамі сосен, ялін і дубоў,

Як Міша Сільніцкі хадзіў тут шляхамі,

Як роснае поле прыкрыў ён грудзямі

І зоркай над роднай зямлёй узышоў.

 

Бор шумны, бор грозны, гамонкай сяброўскай

Сягоння ты ўзняўся да самых аблок,—

Як ворага косіць наш храбры Дуброўскі,

Як нішчаць злачынцаў па сёлах і вёсках

Паўлоўскі, Казлоў, Бумажкоў, Лабанок.

 

Бор шумны, бор грозны гудзіць над краінай...

Сустрэнеш старога, малога — спытай,

Спытайцеся ў хлопца, спытайся ў дзяўчыны,

Адказ вы пачуеце толькі адзіны,—

Што помсцяць яны за разбураны край!

 

XXII

Зямля Беларусі! У гуле і звоне

Сягоння ўздымаешся вольнаю ты,

Грымяць батарэі, імчаць эскадроны,

Цябе вызваляюць з прыгнёту-палону

Упоплеч з сынамі са ўсходу браты...

 

Не залпы гарматаў, а сотні вясёлак

Пад снежаньскім небам высока лятуць.

О, як асвятляе чырвоны наш золак

Твае гарады і калгасныя сёлы,

Што болей і болей з няволі ўстаюць.

 

А ветры спяваюць чужынцам хаўтуры,

Ім некуды дзецца ад грозных байцоў,

Што йдуць з Украіны, Сібіры, Амура.

Ні снег, ні марозы, ні буры-віхуры

Ніколі не спыняць гвардзейскіх палкоў.

 

Да іх партызаны выходзяць сям’ёю,

На ўсю Беларусь узлятае святло,

Хай нашы палеткі абліты крывёю,

Ты мужнаю ўстанеш і яснай вясною

Рамонкамі зноўку расквеціш чало.

 

XXIII

Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі

Мы рэйкі праложым, збудуем масты,

Равы зараўнуем, засыплем плугамі,

Сялібы абсадзім густымі садамі,

На кожнай галіне расправім лісты.

 

Саберамся ў новай сасновай мы хаце,

Пасадзім бярозку пад самым акном,

Прыберам сірот у кужэльныя плацці,

На покут пасадзім старэнькую маці

І сядзем за радасным нашым сталом.

 

Мы пройдзем па вуліцах Мінска-сталіцы,

Прыберам руіны, агледзім муры,

Высока-высока ўзвядзём камяніцы,

І зноўку над імі святло заіскрыцца

У промнях вясёлых чырвонай зары.

 

Мы працаю ўзнімем за горадам горад,

Зялёнаю рунню засцелем палі.

І будуць пад борам бурштынныя зоры,

І будуць спяваць нам крыніцы, азёры

І шумныя рэкі на роднай зямлі.

 

XXIV

Зямля Беларусі! Мы знаем — нямала

Загінула ў бойках адважных сыноў.

Мы верым, што знішчана будзе навала,

Бо ўсіх нас адзінаю воляй з’яднала

Магутная партыя бальшавікоў.

 

Яна нас нязломнымі быць навучыла,

Нідзе не баяцца ніякіх нягод,

У дні навальніцы давала нам сілу,

Праз моракі ночы заранкай свяціла,

Дала нам арліныя крыллі ў палёт.

 

Яна ўзгадавала нас дбайна, старанна,

Дала неўміручы, жыццёвы наказ.

Як з кроплі да кроплі гудуць акіяны,

Так мы загартованы ў ёй і сабраны,—

На свеце ніхто не падолее нас.

 

Славутыя сцягі ўздымаюцца горда

Па грозных напрамках ваенных дарог,

У братнім яднанні сям’ёю народаў

Ідзём мы наперад упэўнена, цвёрда,

І ўсходзіць над намі зара перамог!

 

XXV

Зямля Беларусі! Радзіма герояў!

Сягоння ў змаганні бязмежная шыр.

Ты ворага знішчыш, бо заўжды з табою

Народы Саветаў з адданай душою.

Ты шчасце сустрэнеш і радасны мір!

 

Як толькі з вайною на мірныя гоні

З’явілася зграя чужынцаў ліхіх,

Ты ўся паднялася пад сцягам чырвоным

І, мужна зрываючы путы палону,

Жывеш партызанкай між дзён баявых.

 

Зямля Беларусі! Палямі, барамі

Тваімі вакол вызваленне ідзе,

Праз буры-віхуры і снежную замець

Гвардзейцаў праходзяць палкі за палкамі,

А іх сустракаюць мільёны людзей.

 

Ідуць яны — сонца ўздымаецца, свеціць

Ад горада ў горад, з сяла да сяла.

Па ўсёй Беларусі і маткі і дзеці

Гавораць сягоння ад шчырага сэрца:

— Народу і партыі нашай хвала!




Беларуская Палічка: http://knihi.com