epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Чырвон-гарадок

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII
ІХ
Х
XI


 

 

І

Чырвон-гарадок,

Чырвон-гарадок!

Над Прыпяццю-рэчкай

Прыгожы куток.

 

Высокі пагурак

Здалёку відзён —

Адтуль пазірае

Нямала сасён.

Узгорак як быццам

Увесь абнялі:

Пад стрэхі,

Пад самыя вокны прыйшлі.

 

Іх голле, як струны,

Да самай зары

Перабіраюць

Вятры-гусляры.

 

Са ўзгорка глядзіць

На шырокі бальшак

Радыёвышкі

Высокі маяк.

Над мачтай, што голуб,

Крылаты сцяжок;

Як воблак,

Над дрэўкамбінатам дымок.

 

Дамы, што ў вянках,

Між садамі стаяць,

Як быццам на раду

Сышліся на пляц.

 

Туды,

Дзе прад помнікам,

Прад Ільічом —

Чырвонгарадоцкі сельскі райком.

На пляц той

Сыходзіцца з розных бакоў

Нямала дарожак, сцяжынак,

Шляхоў.

 

Чырвон-гарадок!

Чырвон-гарадок!

Над Прыпяццю-рэчкай

Прывабны куток!

 

ІІ

Яшчэ толькі ўспыхнулі зарніцы,

Халадок прадранішні ў паветры —

Грукнулі на вокнах аканіцы...

Рана прасынаюцца ў райцэнтры.

 

Загула над прыстанню сірэна,

Краем з рэчкі выбліснула сонца.

Міліцыянер заўзята і адменна

Даў кірунак першай сямітонцы.

 

Шляхам з гарадка яна шырокім

Паплыла удаль руплівым часам,—

Павязла прысланае здалёку

Новае насенне для калгасаў.

 

На палях сяўба ўжо распачата.

Працы ўсім хапае, як вядома.

Раніцой вяртаюцца дахаты

Сакратар райкома з аграномам.

 

У райцэнтр,

відаць яшчэ ад ночы,

Шмат ідзе калгаснага народу —

Ціт Заграй па вуліцы ўжо крочыць,

Старшыня з «Чырвонага усходу».

 

Ён ідзе праз плошчу,

Каля рынка,

Прыкідае гаспадарскім вокам —

Вышай сосен клуб стаіць высокі,

Бач, ізноўку новыя будынкі...

Да чаго змянілася навокал!

 

Радзівілаў —

Гэта месца звалі,

Пры Пілсудскім тут жылося горка —

Гміна ўпоплечкі з карчмой стаялі

Ды касцёл маячыў на прыгорку.

 

Ціт Заграй хадзіў сюды нямала,

Так было, што ледзьве не жабрачыў,—

Гміна аж да ніткі рабавала,

А касцёл прызваніваў ў прыдачу.

 

Навакол жа,

Пазгінаўшы спіны,

Як сіроты, галасілі вёскі,

Забіралі ўсё там на чужыну,

Заганяючы ў трыбух заморскі.

 

Што панам? —

Абы кішэня поўна,

Што яны расцілі, гадавалі?

Лес і збожжа, сала, лён і воўну

За грашы на Захад адсылалі.

 

Ім адно было па сэрцу люба —

Адшукаць, што толькі не прадана,

Нат людзей вывозілі на згубу

У ярме хадзіць за акіянам.

 

Ціт Заграй ідзе,

А дзень вясновы,

Дзе ні глянь — бярэцца ўжо за працу.

Не, зусім інакшыя размовы,

Як Чырвоным гарадок стаў звацца!

 

Узняліся каміны пад неба,

Хлеб вакол — народнае багацце!

Гарадок азначаны, як трэба,

На вялікай, на савецкай карце.

 

Ён цяпер упоплечы з усімі,

Сцяг над ім чырвоны палыхае,

Кожны, аглядаючы Радзіму,

І на ім пагляд свой сунімае.

 

Пра яго цяпер далёка знаюць,

Спраў у ім для кожнага багата —

Вось той дом, патрэбен ён Заграю,—

Выканком Савета дэпутатаў.

 

У пакоі да сцяны сасновай

План сяўбы калгаснае прыбіты.

Старшыня таварыш Валатовіч

Аб усім распытывае Ціта.

 

Ціт Заграй ўсё выканаў, запэўніў

Ды хутчэй спяшае развітацца:

— Дзякую за добрае насенне,

Пабягу пра грузавік дазнацца!

 

Хутка ён убачыў і машыну,

Тую, абяцалі што зімою,

Шофер стрэціў, скочыў у кабіну

І за руль узяўся ён рукою:

 

— Што ж, калі патрэбна —

Поўным ходам,

Хоць куды сягоння пракатаю,

Старшыня з «Чырвонага усходу»,

Я ж ад учарашняга чакаю!

 

Ад прыбытку Ціт Заграй вясёлы —

У калгасе будзе болей сілы.

Руль крануў ён і памацаў колы...

Скуль сябры ўзяліся,

Абкружылі —

Старшыня — сусед Тамаш Калыска,

Каця з паляводчае брыгады,

Васілёнак, чый калгас тут блізка,

І пастух з раённае нарады.

 

Знай, што хваляць новую машыну:

— З ёй ты станеш яшчэ больш багаты!

Ціт Заграй, ты нас усіх павінен

Развязці, як мае быць, па хатах!

 

— Што ж, давайце, я з паўдня паеду...

І пайшлі яны, куды каторы —

Хто ў райком, хто РВК наведаць,

А хто ў краму набіраць уборы.

 

Там адкажуць справай ім і словам,

Будуць скрозь уважліва сустрэты —

Чырвонгарадоцкія ўстановы

Славяцца сягоння і ў газетах.

 

Не змаўкае тут зімой і летам,

Мчаць машыны, звоняць тэлефоны,

Цягнуцца драты ад сельсаветаў,

Быццам тыя нервы, да раёна.

 

У раёне ты пазнаеш многа,

Школы, клубы, розных кніг багата —

Тут парада, тут і дапамога,

Тут і кара ёсць для вінаватых.

 

Што было ў кутку такім сіроцкім:

Млын ды дзве смалярні, мусіць.

Рэчы маркі чырвонгарадоцкай

Сёння ўсёй вядомы Беларусі.

 

Ёсць плугі, жалезныя бароны,

Бляшаныя конаўкі і місы —

Посуд просты, посуд і гранёны,

Мэбля з дубу — проста заглядзішся.

 

Абады, калёсы, панарады,

Хамуты і збруя там любая...

І ніхто пустым цяпер дахаты

З Чырвон-гарадка не прыязджае.

 

Як дамоў збіраліся апоўдні —

Нёс пастух бідоны і дайніцы,

Васілёнак — радыёпрыёмнік,

Каця — мех насеннае пшаніцы.

 

Набылі яшчэ пакункаў многа,

Селі з чамаданамі, кулямі...

Загула машына у дарогу

З чырвонгарадоцкімі дарамі.

 

ІІІ

Ах, дарогі вы дарогі, шыр-раздолле,

Няма краю вам між бору і між поля!

Праз лугі паедзеш — кветкамі уп’ешся,

Што ў крышталю, ў кожнай рэчцы адаб’ешся.

 

Дзе сасна цябе прывеціць, дзе таполя,

Ах, дарогі вы дарогі, шыр-раздолле!

Нам нямала вас праехаць давялося,

Добра ехаць па вас летам, добра ўвосень!

 

Ці на ўзгорак узнімацца, ці спускацца долу,

Ад Чырвон-гарадка ўсе шляхі вясёлы!

 

Лес і луг,

На лузе кветкі,

Азярцо, што люстра,

І сасёнкі, што падлеткі,

Выбеглі насустрач.

 

Абмінае іх трохтонка,

А на ёй гамонка:

Кажа штось сусед суседу,

Хоць бы хто пануры,

У дарозе без бяседы

Не язда — хаўтуры.

 

Васілёнак ўсхваляваны

Між усіх садзіцца:

— Братцы,

сёння калі гляну,—

Сэрца весяліцца!

 

Гляньце й вы, зямля якая

З краю і да краю,

Ну, няйначай, як жывая,

З намі размаўляе.

 

Сёння дорага яна мне,

Быццам маці сыну.

За яе, была часіна,

Ледзь я не загінуў:

 

Пры панах ля нашай вёскі

Жыў магнат багаты,

Адабраў у нас ён поле

Па самыя хаты.

 

Я пайшоў да войта ў гміну,

Праўду каб давесці,

Войт пры ўсіх мяне спачатку

Лаянкаю збэсціў.

 

Думаў я ў павет падацца,

Каб знайсці ратунак,

Войт адвёў мяне на кару

Аж у пастарунак.

 

Стаў крычаць я на ўвесь голас:

— Хіба так мажліва? —

Пан і войт мяне загналі

Аж у дэфензіву.

 

Не суняўся, не паддаўся

Я на іх пагрозы,

А раз так, адна дарога —

Да Картуз-Бярозы.

 

Па-за кратамі, дратамі

Моцна катавалі,

Толькі волю ў нашых сэрцах

Каты не зламалі.

 

Калі вера ёсць у грудзях,

Дык ніхто не страшан,

Дачакаліся, нарэшце,

Што зямля ўся наша!

 

Ні паноў, ні катаў-гіцляў,

Ані пастарункаў —

Вось ён, наш калгас, глядзіце —

Быццам на малюнку.

 

Брама.

А на браме зорка

Дзеразой спавіта,

Сад разбегся на прыгорку

Да самага жыта.

 

Дом цагляны выглядае

З зялёнага парку...

Васілёнак запрашае

Да сябе на чарку.

 

— Прыпыніцеся на хвілю, што вы за суседзі?

Адказалі ўсе з падзякай:

— Некалі, паедзем!

 

Зноўку далей зашуршала па шашы машына,

Толькі збоку застаюцца сосны і яліны.

У машыне той гамонка не магла суняцца,

Ды заместа Васілёнка размаўляе Каця:

— Служба ў пана,

Вось дзе гора.

Раніцой, ледзь пройдзе морак:

— Прэндзэй, Каця! Да аборы!

 

Яшчэ ў пана пазяханне:

— Прэндзэй, Каця! Ладзь сняданне!

 

Пачне пані прасынацца:

— Плацце пані, прэндзэй, Каця!

 

Пан і пані йдуць гуляці:

— Прэндзэй, Каця! Жыта жаці!

 

Пані й пану трэ вячэру:

— Прэндзэй, Каця! Ты халера!

 

Шмат зазнала я абразы, шмат зазнала плачу,

Праўду кажуць, што батрачы — гэта хлеб сабачы.

Ды настала нам часіна, і паноў — ні звання,

Я сама сабе сягоння гаспадар і пані!

І Тамаш услед за Кацяй распачаў размову:

— Хто ў жыцці адведаў гора болей Тамашова.

 

Трапіў я ў руднік заморскі

З роднай Беларусі,

Калі ёсць на свеце пекла,

Пекла не баюся.

 

Пад зямлёю, што ў скляпенні,

Трацілі мы сілы.

Падбівала нас каменнем

І агнём смаліла.

 

Каб было прыбытку болей,

Бэсцілі бясконца...

Ледзь я вырваўся на волю,

Рад, што ўбачыў сонца!

 

Перабіў пастух размову, стаў аж выхваляцца:

— Вы пра гора, ды пра гора,

я ж хачу пра шчасце.

 

Я жыву, што лепш не трэба! Кожны можа слухаць,

Як труба спявае ў полі — сэрца весялуха...

Як зайграю, як зальюся, гэтак чыста, звонка,

Ажно грукаюць ўпрысядкі ля шляха сасёнкі.

 

І пастух пераканальна так гаворыць людзям:

— Сёння болей пра былое гаманіць не будзем,

Я хачу, каб адказалі на адно мне слова,

Ну, чыё жыццё ў калгасе лепш за пастухова?

 

Пастуху на гэты словы

Ціт Заграй заўважыў:

— Апанас! Табе адкажам

Мабыць, другім разам!

 

А каму сягоння лепей,

То йшчэ невядома.

Злазь, праехалі дарогу,

Мы сягоння дома!

 

IV

Сіла ў нашых руках,

Сіла ў новым часе —

Ля Чырвон-гарадка

Навакол калгасы.

 

Многа скрозь пасёлкаў

Добрай гаспадаркі,

Ані тых маёнткаў,

Ані тых фальваркаў.

 

На зямлю сяляне

Маюць уладанне,

Ані табе пана,

Ані табе пані.

 

Ні старое гміны,

Знік і войт-забойца —

У сям’і адзінай

Чырвонаусходцы.

 

Іх шнуркі былыя

Леглі б і ў прыполе,

А цяпер якія —

Не агледзіш поля.

 

А вакол прыгожа,

Так і не прысніцца,

А на полі збожжа

Густа каласіцца.

 

Грэчка бела ўлетку,

Што смятана тая,

А ячмень на ветры

Вусы раздзьмухае.

 

Жыта мкне плячамі

Аж увысь, здаецца,

Белы мак крыламі

Узляцець імкнецца.

 

І спяваюць быццам

Скрозь ляны з аўсамі,

Шапаціць пшаніца

З грэчкай, ячмянямі.

 

Сонца аж смяецца,

Промні раскідае —

Радасна на сэрцы

Старшыні Заграю.

 

Стаў прыгожы наш куток,

Вось дык перамена —

Даў Чырвон-гарадок

Добрае насенне.

 

Будзе ў гэтым годзе

З хлебам урадліва,

Ціт Заграй абходзіць

Па брыгадах нівы.

 

Сам сабе ён дукрыць,

Штосьці разважае,

А Тамаш насустрач

З «Вясёлага гаю»...

 

— У маім калгасе

Поле ты наведай.—

І пайшлі ўжо разам

Два сябры-суседы.

 

Слова ды да слова,

Пра калгасы спрэчка:

У адным дуброва,

У другім жа рэчка.

 

У адным майстэрня —

Абады і шыны,

У другім цагельня

І ў дадатак пільня.

 

У аднаго поле —

Толькі любавацца,

У другога — болей

Добрай сенажаці.

 

Проста ганкі ў ганкі,

Іх сялібы блізка,

Чутны пеўні ранкам,

Як рыпяць калыскі.

 

Іх сумесны гоні,

Разам іх брыгады,

Ды старшыні сёння

Не дайдуць да ладу.

 

Ціт Заграй, каб зліцца,

А Тамаш — ні блізка...

Нельга згаварыцца

З Тамашом Калыскай.

 

Праз усю бяседу:

— Не хачу, дый годзе!..—

Ціт Заграй суседу —

Так і сяк даводзіць:

 

— Быць адным калгасам

Трэба нашым хатам,—

Калі станем разам,

Будзем больш багаты.

 

А Тамаш: — Не трэба!

Вельмі ты харобры!..

Нам хапае хлеба,

Нам і гэтак добра!

 

Ціт Заграй: — Будзь пэўны,

Людзі скажуць самі,

Што ты ўпёрся ў сценку,

Быццам вол рагамі.

 

А Калыска: — Вочы

Пяліш на чужое,

Над усім быць хочаш,

Мабыць, старшынёю.

 

Ціт Заграй: — На сходзе

Гэта абмяркуюць!..—

Апанас падходзіць

На гаворку тую.

 

Стаў ён. Разважае.

Трубу ўзняўшы ўгору:

— Нам з «Вясёлым гаем»

Жыць асобна сорам.

 

Хай з’яднае згода

Разам нашы вёскі,

І ў мяне ў паходах

Стане болей войска.

 

Знаю, перамога

Нас усіх чакае...

І ўжо ўтрох дарогай

Між палёў блукаюць.

 

Шум між каласамі,

Ды яны не чуюць,

Неўзабаве, днямі

Сход склікаць мяркуюць.

 

V

У калгасным садзе сходка моцна ўсіх усхвалявала,

З двух калгасаў люд гаворыць, ну, здаецца,— завіруха.

А навокал таго люду дрэў у круг нямала стала,

Быццам яблыні і грушы падышлі таксама слухаць.

 

Быццам птушкі грукнуць крыллем,

калі хтосьці ўдала скажа,

Часам бас прарэжа цішу, як бы ўдараць бубны грому,

Ціт Заграй, Тамаш на сходзе пасядаюць сёння разам,

З імі побач Валатовіч — старшыня райвыканкома.

 

І Тамаш дае пытанні — быццам ўсё яму загадка:

— Як жа будзе з працаднямі, як у вас падрыхтавана?

— А скажыце, калі ласка, ці не будзе непарадку?

— Можа, спаць усе ахвочы, не ўзнімаецеся рана?

 

Апанас: — Ды што такое, хіба мелі б мы Героя?

Ёсць у нас яшчэ надзея, што і гэты не апошні.

— Нам з «Вясёлым гаем», знаю,

аб’яднацца смела можна.

Наш калгас ды з іх калгасам, сапраўды,

як брат з сястрою.—

 

Ціт Заграй гаворыць людзям:

— Мы адно жаданне чуем.

Каб як лепей гаспадарка ўздымалася сягоння.

Што ж, калі мы зложым сілы, дык чаго не пабудуем.

Ды і трактару на полі шмат прыбавіцца разгону.

 

— Згода? Згода! — Валатовіч устае і запрашае

Старшыню праўлення выбраць, ды найлепшага, вядома:

За таварыша Заграя рук ўзляцела, быццам стая...

І Тамаш руку паціснуў сябруку свайму старому.

 

А калгаснікі на працу сталі дружна сабірацца.

Летні час цяпер на полі,

а такога часу шкода,

І пайшлі яны ўсе разам на палі, на сенажаці...

Так з’яднаўся «Гай вясёлы» назаўжды

з «Чырвоным ўсходам».

 

Разышліся па брыгадах, у сялібах стала пуста,

Толькі чуць,

як млын грукоча ды гагочуць гусі недзе.

Валатовіч жа Заграя запрашае ў газік шустры:

— Дай з табой па сельсавету пацікавімся, праедзем!

 

І пайшлі кружыць дарогі ад хаціны да хаціны,

Праплываюць перад імі сельсавецкія абшары —

Вунь знаёмая смалярня, пры панах завод адзіны,

МТС за ёй ўзнялася, што машынамі ўладарыць.

 

А за ёю сыраварня для калгаснае патрэбы,

Пільня з вышкаю высознай, дзе агнём маячыць зорка,

А далей завод цагляны комін вывеў аж пад неба,

Цераз лес вядзе размовы з элеватарам на ўзгорку.

 

На балоце экскаватар заграбае спорым коўшам...

Валатовіч да Заграя: — Бач,

як скрозь закрасавала? —

А Заграй яму на гэта, навакол рукой абвёўшы:

— Сёння столькі ў сельсавеце,

што і ў гміне не бывала!

 

У бяседзе едуць далей. Бачаць поле залатое,

А на полі смех і гоман, жартаўлівая размова...

Ходзіць Каця між жытамі і дзяўчаты разам з ёю

Ды вяроўкаю ў калоссяў бы прычэсваюць галовы.

 

І глядзяць яны пшаніцу, а яна шуміць, густая,

Каласы вакол гамоняць, ну, здаецца, што жывыя,

Воскам сонечным наліты,

ад сцябла на дол спадаюць,

Сцёблы тоўстыя такія, быццам з дроту, медзяныя.

 

Валатовіч цісне руку Кацярыне на расстанні:

— Каця! Лес, а не пшаніца,

не чакаў сустрэць такую,

Што ж, дазволь нам пакланіцца,

знаеш нашы пажаданні,

Зорка не абы-якая па табе, відаць, сумуе!

 

— Вось каб гэтак, ды усюды,—

Валатовіч Ціту кажа,—

Зноўку газік плыў палямі,

як на фронце дзе ў паходзе...

— А то ёсць такія людзі, што зямлі ад іх абраза,

Невядома, як працуюць, толькі клопаты, дый годзе!..

 

Трэба ж так зрабіць,

хай добры скрозь благога навучае,

Хто адстаў, няхай працуе,

покуль лепшых не дагоніць.—

Валатовіч ў захапленні, аж калоціць ён Заграя;

— Гэтай восенню нам трэба зладзіць выстаўку ў раёне!

 

VI

Поўны клеці дабра

Жнівень з поля сабраў.

Лісця ўзняўся віхор,

І кастрычнік — на двор.

 

Гоман-гуд на шашы,

Колькі мчыцца машын,

Тупат, грукат з бакоў

Ад пралётак, вазкоў.

 

А куды іх нясе,

Ажно курыць пясок —

Ды на выстаўку ўсе,

У Чырвон-гарадок!

 

У Чырвон-гарадок едуць свята спраўляць,

І людзей паглядзець, і сябе паказаць;

І шуміць, і гудзіць, і спявае народ

На дзядзінцы ў калгасе «Чырвоны усход».

 

Збожжа ў свірнах ляжыць, кружыць восеньскі ліст,

Пахаджае дваром Апанас-гарманіст.

А гармонік яго — што за лад галасоў!

З ім за Одэр схадзіў, з ім вярнуўся дамоў.

 

А дзяўчат ля яго неўгамонлівы рой,

Аглядаюць уборы на адной, на другой.

— Што за брошкі, каралі, што за дзіва шнуркі? —

Несціхана шумяць на дзяўчатах шаўкі,

Кветак, стужак вакол паначэплена шмат.

Домна з фермы птушынай падышла да дзяўчат:

 

— Знаю, хорашы вы,

Не адстану й сама —

У Чырвон-гарадку пэўне лепшых няма! —

Пры трохтонцы ўбаку хлопцы сталі гуртом,

Толькі рогат вакол, толькі дым аж слупом.

 

На дзядзінцы тым гул, людзі ходзяць, шумяць —

Дзе вазы, дзе вазкі, дзе пралёткі стаяць.

Коні моцна іржуць, дугі ў стужках гараць.

 

Старшыня Ціт Заграй глянуў зырка на шлях,—

Грудзі ў промнях усе, грудзі ўсе ў медалях.

 

Аглянуўся назад:

— Палявод, дзе ты там?

Ці не спознімся мы? Час на выстаўку нам!

 

Знекуль выскачыў газік, падбег сугрунём,

На ім дзядзька Тамаш з велічэзным снапом.

Маладжавы на твар, хоць як снег валасы,

Курыць люлечку ён і смяецца ў вусы.

 

— Будзе што паглядзець. Ёсць нямала навін.

Я з Чырвон-гарадка, можа, сорак хвілін —

Наша ўсё там дабро, як на картцы, стаіць,

Што ж, ды лепей сябе мы не будзем хваліць!

Дай каманду, бо час!

А на выстаўцы наш не паддасца калгас! —

Да яго старшыня сеў,

Рукою махнуў —

Увесь поезд тады, быццам вулей, загуў.

На пярэдняй машыне ўзвіўся крыллямі сцяг,

Як чырвоны арол, узляцеў ён на шлях.

 

На трохтонцы за ім трубы ў лад загулі,

Увабраныя голлем ўслед машыны пайшлі.

Кожны думаў бы так, каб пабачыў здалёк:

— Гай няйначай паплыў у Чырвон-гарадок!

І крычалі з калёс да імклівых машын:

— Не адстанем мы больш

Чым на дваццаць хвілін.—

На Чырвон-гарадок шлях аж гулам гудзіць...

Старшыня Ціт Заграй між сябрамі сядзіць.

 

З імі летаў нямала ён у працы правёў,

Не злічыць у яго і суседзяў-сяброў,

Каб сабраць — не змясціць і ў вялізарны дом,

Столькі іх, колькі ёсць тут калгасаў кругом.

 

Вось і сёння на выстаўку яны разам спяшаць,

Да яго на шляху іх вітанні гучаць.

Ці пад рокат машын, ці пад грук капытоў:

— Як жывеш, Ціт Заграй?

— Ціт Заграй, як здароў?

 

VII

На шырокім бальшаку

Гул не моўкне суткі —

У Чырвон-гарадку

Вуліцы паўнюткі.

 

Тут спаткаеш хоць каго —

Кожны госць жаданы.

У Чырвон-гарадку

Вуліцы прыбраны.

 

Чырвань,

хвоя на дамах,

Лозунгі, вядома.

У палотнішчах, сцягах

РВК з райкомам.

 

І відно яшчэ здалёк,

Зазываюць крамы —

Прыязджае ў гарадок

Ціт Заграй з сябрамі.

 

У машынах, у вазках

Мкнуцца ўсе наперад,

Азначаюць спрытна шлях

Міліцыянеры.

 

Шмат на вуліцах галоў,

Бы цвіце паляна,—

Ля кіёскаў, ля ларкоў

Гоман нестрыманы.

 

Гапака, аж гул гудзе,

Адбіваюць хлопцы,

Не спыняюцца нідзе

Чырвонаусходцы.

 

У напрамку мкнуць адным,

Дзе наўпрост, дзе з краю,

Быць на выстаўцы яны

Перш за ўсё жадаюць.

 

Гул матораў, грук калёс,

Шмат народу едзе,—

Ціт Заграй дарогай скрозь

Пазнае суседзяў.

 

Хустку, быццам аганёк,

Вецярок калыша,—

Едзе Каця Гаманёк,

З «Горак» брыгадзірша.

 

Каця ростам не ўзяла,

Ды — як вішня быццам.

Той пшаніцай, што дала,

Можа пахваліцца.

 

Пазнае Ціт седака,

Што прамчаў дарогай,—

Васілёнка Петрака,

Друга баявога.

 

Далей дзіўна,

Што за шык?

Распазнаў ён ледзьве —

Старшыня Мікіта Цвік

Едзе на «Пабедзе».

 

Ціт Заграй ўздыхнуў не раз

Ўслед Цвіку сягоння:

— Што ж, пакуль яго калгас

Першы ў раёне.

 

Едзе далей,

А ў грудзях

Аж пячэ нібыта:

— Вось і брама ўся ў вянках,

Выстаўка адкрыта!

 

VIII

Канца і краю не відаць

На выстаўцы сябрам,—

Раскінуўся вялізны пляц,

І поўны ён дабра.

 

Тут і пшаніцы, і жыты,

І грэчка, і аўсы,—

Стаяць, гамоняць каласы

Аб леце пражытым.

 

Машын, бы хто сабраў на сход,

Якіх там не спаткаць,—

Там трактары, абцёршы пот,

З павагаю стаяць.

 

Сявярні там спаткаліся,

Сяўбы правёўшы план,

З павагай углядаліся

Жняяркі на камбайн.

 

А побач — з краю аж у край —

Пастала збажына,

Ідзе з сябрамі Ціт Заграй,

І думка ў іх адна.

 

Што ёсць найлепшага ў другіх

Прыкмеціць, пераняць,

І кожны так жадае з іх,

Сваё каб паказаць.

 

Стаіць высока у снапах

Пшаніца, аж шасціць,—

У Каці Гаманёк ў вачах

Як бы іскра свіціць.

 

Яна ўслаўляе свой калгас

І хваліцца сама:

— Такой пшаніцы, як у нас,

Відаць, нідзе няма?

 

Ды цягне за рукаў Тамаш,

Хвалюецца аж ён:

— Ды гляньце,

чым жа горшы наш,

Такі адменны лён!

 

А Ціт Заграй да Петрака,

Яго не цягне ледзь:

— Ты шчэ не бачыў, брат, быка,

А ёсць што паглядзець!

 

Ну і вялізны, як гара,

Спужаешся — зірнеш,

Такога, браце мой, зубра

Не мае Белавеж!

 

І быццам ён пачуў здалёк,

Што бык яго раве...

— Ды гэта ж, браце, мой Вянок.

Хадзі, ён нас заве!

 

Прыйшлі.

Дзівуецца Пятрок,

Аж рукі ён развёў:

— Нічога, брат, сабе Вянок!

Не менш як сто пудоў!

 

А бык раве, глядзіць на дол,

Рагамі ўпёрся ў плот.

Каля быка і навакол

Гудзіць, як рой, народ.

 

А побач, колькі там кароў,

Ягнят, цялят, авец,

Буланы жарабок Улоў,

Ну, дзе такога стрэць?

 

Ажно ўзаўецца, ледзь кранеш,

Гатоў скрышыць загон,

Зірне — маланкаю блісне,

Капытам грукне — звон!

 

А далей — новыя рады,

Плугоў, баронаў шмат,

Нат сепаратары сюды

Зрабіў промкамбінат.

 

Ідуць, глядзяць на ўсё сябры —

Сякеры скрозь, нажы,

Начоўкі, дзежачкі, цабры,

Калёсы, палазы.

 

Талеркі, місы і судкі,

А колькі лыжак тых,

І з гліны пеўнікі-свісткі —

Забаўкі для малых.

 

Праходзіць Ціт ў кружку сваім

І чуе: з вецярком

Дыхнула пахам садавым,

Капустай, агурком.

 

Нібыта ў сад яны прыйшлі,

Шчаслівыя праз край:

— Калі ёсць рай дзе на зямлі,

Дык вось дзе, братцы, рай!

 

Апорты з кропінкай зары

Наліты, як віном,

Антонаўкі, нібы сыры,

Даспелыя кругом.

 

А груш які там выбар быў,

А слуцкіх бэр гара,

А белы-белы той наліў,

Што сонца усё забраў.

 

Праменнем чырвані палаў

Там кожны памідор,

Як бы хто з неба пазбіраў

Гару чырвоных зор.

 

А далей солад, хлебны квас,

З агрэсту сок, як шкло.

Вы запытайце лепей нас,

Чаго там не было.

 

Народ хадзіў не для забаў,

Ён лепшага шукаў —

Хто з кім насенне там мяняў

І збажыны, і траў.

 

А да Заграя ў Петрака

Ёсць просьба на хаду:

— Дазволь, ад добрага быка

Я племя завяду.

 

— Ну, што ж,

я гэта раю вам,

Няма між нас чужых,

А ты, браток, па лёну нам

Вясной дапамажы!

 

— Ты мне гудзіш усё пра лён,

Як бы сышоўся свет,

Ды не адзіны толькі ён,

Усё ў мяне як след.

 

Бо трэба знаць душу ў палях,

У кожным нораў свой.

Якое зерне дзе зямля

Ўскалыша над сабой.

 

Што я табе скажу, дружок,

Вы хваліцеся чым —

Пшаніцай Каця Гаманёк,

А ты быком сваім.

 

А ты, на міг, сюды хадзі,

Тут ёсць усё якраз,—

Ты паглядзі, ты паглядзі,

Што можа мець калгас.

 

Пшаніца, што там дзіваваць,

Што месяц, глянь, сыры,

І птушка — раз,

І рыба — два,

І мёд для сэрца — тры!

 

А Ціт Заграй тады знарок

Сябру кідае жарт:

— Відаць, па-твойму, я, Пятрок,

Нічога ўжо не варт!

 

Я знаю так, як трэба жыць,

Нам шмат яшчэ рабіць!

 

Пайшло і сонца асядаць

За бор у гэты час.

Ужо чакаюць іх,

відаць,

І Каця і Тамаш.

 

— Ну, братцы, толькі паглядзеў,

На вус адно матай,

Не бачыў гэткага нідзе,—

Ім кажа Ціт Заграй.

 

— Цяпер зусім інакшы час,

Другімі сталі й мы.

Бывала, прыйдзеш на кірмаш,

Ды з гора да карчмы.

 

Займееш грош які малы,

Пачнеш сівуху піць,

Нап’ешся... потым за калы...

А пан над намі кпіць.

 

Цяпер прыемна нам глядзець,

Што сталася з зямлёй...

Усе да лепшага ідзём

З прасветленай душой.

 

А я камуну так спазнаў —

Ўсё маеш для патрэб,

Каб чалавек араў

І жаў —

Для сэрца працаваў,

Каб чалавек пра чорны хлеб

Ніколі і не дбаў.

 

Камуну бачу я такой,

Што ў ёй расці, цвісці,

Назаўжды скончана з вайной,

Мінулі голад, жах...

І чалавек на ўсім жыцці

Не знае, што за страх.

 

Я так камуну разглядзеў —

Шчаслівы сэрцы ўсіх,

А слёз, ды іх няма нідзе,

Хіба ў дзяцей малых.

Камуны бачу я прыход,

Каб кожны моц набыў,

Каб чалавек да сотні год,

Ну, сама меней, жыў.

 

Каля прамоўцы люд загуў,

Шчыльней яго абняў,

І сакратар райкома чуў,

Што Ціт Заграй казаў.

 

Ён чуў — дзень заўтрашні людзям

Здаецца залатым,

І вось бярэ ён слова сам,

Ад сэрца кажа ўсім:

 

— Твой, Ціт Заграй, праўдзівы сказ —

Узняўся наш куток,

І гэта выстаўка для нас —

Наперад добры крок.

 

Чаго дасяглі мы пакуль —

Маглі ўсе аглядаць.

З вас кожны лепшае адсюль

Павінен пераняць.

 

Каб кожны да зямлі ішоў

І сэрца прыкладаў,

Каб абібокаў, гультаёў

Раён у нас не знаў.

 

Каб незаможных не было,

Каб наша кожнае сяло

Найболей расцвіло,

Бо да камуны нам бліжэй,

Калі мы багацей!

Ну, а цяпер — дачкам, сынам

Прыгледзьце вы абноў,

Без падарункаў сёння вам

Няма хады дамоў.

 

ІХ

Вецер над дамамі сцягамі палошча.

Неўгамонна сёння гарадская плошча —

Параскрылі вочы зыркія вітрыны.

Просяць, каб наведалі людзі магазіны.

 

Паміж крам паважных,

З габляваных дошак,

Быццам маладухі, кніжныя кіёскі.

На людзей з калгаснай, нашай новай вёскі

Паглядаюць з шыбаў Пушкін, Маякоўскі.

 

Песня ў родным слове там жа красавала,

Пасядаюць побач Колас і Купала.

Кожны выбірае, што яму жадана,

У калгасе кніжцы добрая пашана.

 

Побліз крам народу, быццам ходзяць хвалі,

А па крамах поўна дзіўнага паркалю,

Аж паліцы гнуцца, ажно глянуць люба,

Хочаш для старога, хочаш і да шлюбу.

 

Як раскрыюць шоўку трубку вам якую,

Быццам луг увесну кветкамі красуе.

А калі ў блакітным ёсць у вас патрэба,

Вам дадуць такога, як самое неба.

 

Курткі і сукенкі, хусткі і капоты

Набірае дзецям шчасная Дарота.

Мае брыгадзірша пяць дачок у хаце,

Кожная з іх хоча, як найлепш, прыбрацца.

 

Трэба па каралях і па шляпцы кожнай,

Што ж, у чым тут справа, сёння гэта можна.

Адышлі пакуты,

Чорныя навалы,

Уздыхнула цяжка, толькі прыгадала —

Муж забіты ў бойцы, кат жа знішчыў хату,

Выкінуў сіротак, бы з гнёздаў птушанятаў.

Мабыць, і загінулі б тым пакутным часам,

Каб не перамога ды каб не калгасы.

 

— Што ты ўсю, суседка,

Краму абчышчаеш? —

Глянула Дарота, хто жартуе ў краме,

Бачыць, ажно гэта Ціт Заграй з сябрамі.

І па кпін ягоны кпінам адказала:

— Вам, чырвонаўсходцы, тут і крама мала.—

Хтосьці жартаваў з іх, хто казаў сур’ёзна,

Толькі да паліцаў падыходзіць кожны.

 

Вось Тамаш прыгнуўся

Ціха каля сценкі,

Сыну браў скуранку,

А дачцэ — сукенку.

Цётка Домна й Каця сталі ля паркалю,

Дзетак вельмі слаўных шмат нагадавалі.

 

А Пятрок прыкмеціў добрага фасону

Гарнітур адменны з сіняга бастону.

Хтосьці выбраў боты, рад, што нос шырокі,

Ціт Заграй той «тулку» выверыў на вока.

А вакол —

Крамніны, сукны і тканіны,

Матацыклы, стрэльбы, швейныя машыны,

Чаравікі, шляпкі, шапкі і берэты...

Слаўны тыя рукі, што зрабілі гэта.

 

Дзе яны працуюць — блізка ці далёка,—

Мы да іх з падзякай ставімся глыбокай.

Гул стаіць у краме,

Радасна суседзям.

Час жа не чакае, ён пакрыху едзе.

 

Сонца ледзь варушыць промнямі-крыламі

За Чырвон-гарадком,

па-за камінамі.

— Ну, пара дадому.—

Выйшлі ўсе на плошчу.

Толькі адыходзіць аніхто не хоча.

Жарты ды размовы.

Ўсе стаяць ля крамы...

Васілёнак пляснуў гулка даланямі:

— Што мы тут пасталі,

Не заносіць колы,

Хочаце прабавіць час які вясёла —

Дык, сябры-таварышы, так я прапаную:

Едзем да мяне ўсе — добра пачастую!

 

Х

Вокны аж іскрацца,

Ля акон сасёнкі.

Гул стаіць у хаце

Пётры Васілёнка.

 

Скрозь прыбрана ўдала,

Люстра аж палае,

Скрыпка і цымбалы

«Вальс асенні» граюць.

 

Чаркі за сталамі

Размаўляюць звонка,

А паміж сябрамі

Дружная гамонка.

 

То пра гаспадарку,

То аб чым размовы...

Узнімае чарку

Ўгору Валатовіч.

 

— Раз за стол паселі

Сёння з перамогай —

Налівайце белай

Ці віна якога.

 

Выпілі, паволі

Завялі «Каліну».

Рады, як ніколі,

Ціт Заграй з дружынай.

 

Што ж, калі няспынна

Паляцелі хвілі...

Ды не хмель прычына,

Сэрцы гаварылі.

 

Першы Васілёнак

Распачаў гаворку:

— Некалі батрачыў, жыў я вельмі горка...—

Уздыхнула Каця:

— Хто быў сіратою...

 

А Тамаш азваўся:

— Гэта вам не тое.

Каменем у горле стаў мне хлеб заморскі,

Ледзь жывым не клаўся паміраць у дошкі!

 

Домна:

— Я дык за кудзеляй вочы праглядзела...

А Дарота зноўку:

— Пяць сірот ты мела?

 

Ціт Заграй ўсміхнуўся,

Узмахнуў рукамі:

— Як відаць, мы роўнымі ўсе былі панамі.—

Гул, што далей, болей

Круг займаў наўкола,

Устае паволі Апанас з-за стола.

 

— Слухаю вас доўга, сам сказаць жадаю —

У ксяндза батрачыў, пекла больш не знаю.

Ксёндз і сёння ладзіць да старога часу,

Чулі, як ён пнецца насупроць калгасаў.

 

Ды жыццю другому здалі мы экзамен —

Адказалі проста: — Досыць, ксенжа! Аман!

Гора прамінула, канула ў бяздонне,

Дайце пагамонім, як жывём сягоння!

 

Няблага ў нас жыве народ,

Вось наш куток, зважай —

Калгас «Прамень», «Чырвоны ўсход»

І збоку — «Першы май».

 

А «Першы май» — зямля мая,

Калгасны статак — мой!

І сапраўды, хвалюся я

Работаю сваёй.

 

Як скончу вечарам паход,

Ды граю ўсім: страчай!

Калгас «Прамень», «Чырвоны ўсход»,

Прыгожы «Першы май»!

 

Гаварыць адразу захацелі трое,

П’яныя не з чаркі, з добрага настрою.

Каця з Васілёнкам пачала размову,

Толькі перабіла слова Тамашова:

 

— Вось, калі свой лёс я стрэціў,

Што старэю шкода,

Хіба ёсць каму на свеце

Лепш, як паляводу?

 

Біўся я даўней з сахою,

Сам я пан сягоння.

З першым жаўрам ў нас вясною

Трактары гамоняць.

 

Рассцілаюць скібы роўна,

Ходзяць уладарна,

І зямлю ў дыван цудоўны

Зернем ткуць сявярні.

 

Поле ў цвеце, сэрца рада,

Што кругом красуе —

Ад брыгады да брыгады

Цэлы дзень хаджу я.

 

За работаю з сябрамі

Весялей, чым дома,

Што іх робіцца рукамі,

Добра ўсім вядома.

 

А калі паспеюць нівы —

Глянуць асалода.

Ну, скажыце, хто шчаслівы

Больш за палявода?

 

Маю ўсё, што толькі трэба,

Гэта знаюць людзі,

Думка сёння не аб хлебе,—

Пра жыццё, што будзе.

 

Бо паны не сціхлі, выюць,

Пан стаіць за пана,

Асабліва злосны тыя,

Што за акіянам.

 

Свет жа ім занадта цесен,

Страшна спраў калгасных —

Нашых зерняў,

Нашых песень,

Зорак нашых ясных.

 

Джалам сыкаюць, як змеі,

Хочуць свет загрэбці,

Што ж, відаць, яны шалеюць

Прад сваёю смерцю.

 

Сеў Тамаш.

Паважна ўшанавалі друга,

Абышлі яшчэ раз чаркамі па кругу —

Пра сябе ж напомніць кожнаму ахвота,

Слова сваё кажа шчасная Дарота.

 

— Пражыла сваё я гора

І таксама штосьці значу,

Калі ўходжу я ў абору,

Весялею я няйначай.

 

А прыйду дадому з працы,

Як жа мне не захапляцца —

Пяць дачок я маю ў хаце,

Хіба гэта не багацце?

 

І вясёла ў нас і жыва,

Адпакутвалі, і годзе —

Хто за вышыўкай ці швівам,

Хто ад кніжак не адходзіць.

 

Да навукі цяпер блізка,

Можна стаць і дактарамі:

Хочаш ты — вучыся ў Мінску,

І Масква не за гарамі.

 

Дзе такое шчасце стрэціш,

Толькі ў нас, усім вядома.

Сапраўды, так мне здаецца,

Лепш, як мне, няма нікому.

 

Загудзела за сталамі бы ў віхор між бору,

Так прайшло, не зразумееш,

хто за кім гаворыць —

Васілёнак запэўняе:

— Вам вядома, што я маю.

 

Валатовіч супыняе (цішыня настала ў хаце):

— І дадому не дабрацца, калі гэтак выхваляцца.

Што й казаць,

аб справах добрых пахваліцца можа кожны,

І не дзіва, ёсць такія, што цяпер жывуць заможна,

Ды ляжыць яшчэ прад намі немаленькая дарога,

Нас чакае спраў нямала і рабіць яшчэ нам многа,

Каб раслі ўсе, багацелі несупынна з кожным годам,

Мы пра ўсе свае калгасы мусім думаць і заўсёды.

Трэба так,

каб да драбочка мы зямлю ўсю засявалі,

Каб сады вакол сядзібаў белай пенай красавалі,

Каб дамы пад чарапіцай, цагляныя скрозь пасталі,

Каб машыны на палетках усё большы круг займалі,

Каб авец, кароў і коней многа мы нагадавалі,

Каб ніякае патрэбы мы ні ў чым ані не зналі.

— Зробім? Зробім! —

Узняліся ўсе яны ў хвіліну тую —

Ёсць у нас зямля такая, у якой мы сэрца чуем,

Ёсць паветра, ды якое, лепш усякага настою,

Ёсць у нас такія людзі, што ні глянеш, дык героі...

 

Яшчэ доўга б, мусіць,

Людзі гаварылі,

Ды акон крануўся

Золак сінім крыллем.

 

Певень як бы госцяў

Прывітаў заўзята,

І азваўся хтосьці:

— Ці не час дахаты!

 

Не прайшло гадзіны,

З двору ад’язджалі —

Загулі машыны,

Коні заірзалі.

 

XI

Ранне.

Шляхі праз палі і бары.

З выстаўкі едуць

Дадому сябры.

 

Руні вакол

Зелянеецца шоўк —

У кожнага ў думах —

Чырвон-гарадок.

 

У кожнага ў сэрцы

Нямала клапот —

З чым заявіцца

Туды цераз год?

 

Думае, што паказаць,

Апанас;

Марыць аб лепшай

Жывёле Тамаш.

 

Усхваляваны Заграй

І здавён

Думае думу,

Як вырасціць лён.

 

Марыць Дарота

Пабольшыць удой,

Каця — аб новай

Пшаніцы сваёй.

 

І кожны з іх дбае

Пра новы наш час,

Каб рос, узнімаўся

Іх родны калгас.

 

Каб ведалі ўсюды

Пра слаўны куток,

Што ёсць ў Беларусі

Чырвон-гарадок!


1950

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 2. Вершы, паэмы, 1941-1953.- Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 354-385
Крыніца: скан