epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Добры друг

I
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII


 

 

I

Сельская больніца.

Гоман сасны.

Домік драўляны

Над ціхай ракой —

Чатыры пабеленых вапнай сцяны —

І кабінет,

І прыёмны пакой.

 

Пахі ад кропель.

Праменні святла.

Белая марля на вокнах малых.

Шафа з прыскрынкамі

Побліз стала,

Надпіс старою лацінкай на іх.

 

Крэсла

На доўгай, крутлявай назе,

Колбы і шклянкі радамі стаяць.

З белае сценкі,

Здаецца, паўзе

Трубка гумовая,

Быццам змяя.

 

А на паліцах,

Паміж усяго,—

Ножык з дзюбастым бліскучым лязом.

Можа, і боязна там для каго,

Лене ж Патапенка —

Гэта як дом.

 

Сюды як прыслалі

Два леты назад —

Здаецца ж, было гэта

Вельмі даўно,—

Родны ёй сцены,

І з марляй акно,

І за акном тым

Увесь далягляд:

Поле,

За полем — задумлівы лес,

Просты, абсаджаны клёнам бальшак,

Дом сацкультуры,

Сельпо,

МТС,

Новы ля школы пасаджаны парк.

 

Так адышоў ён,

Студэнцкі іх свет.

Добра жылося, хоць мелі няшмат.

Што ж,

Пазычалі друг другу абед,

Па кантрамарках хадзілі ў тэатр.

 

Ды не забыць ёй

Студэнцкіх гадоў,

Той інтэрнат, дзе жылі ўсе яны.

Быццам учора яшчэ ад сяброў,

Быццам учора

Той вечар прайшоў

У актавай зале,

У дзень выпускны.

 

Ды хіба гэта трэці год

Прайшоў з часіны тое,

Як плыў павольна параход

Палескаю ракою?

Яшчэ цяпер не сходзяць з воч

Шырокай рэчкі хвалі...

Яны з Андрэем цераз ноч

На палубе стаялі.

 

Глядзелі ўдвух у даль ракі

І марылі без краю —

Дзе тыя хаты,

Аганькі,

Што доўга іх чакаюць?

А час прабег

Няма хутчэй,

Яны ўрачы сягоння.

Яна вось тут,

А ён, Андрэй,

Далей, ў другім раёне.

 

Што ж, кожнаму выпалі

Сцежкі свае,

Сцежкі ўсё далей і далей вядуць.

Доктарам,

Ленай Пятроўнай яе

Сёння з павагаю

Людзі завуць.

 

Многае,

Многае трэба ёй знаць,

Хворых выслухваць,

Лекі даваць,

Гутаркі весці, як быць у жыцці.

Доктару ж хочацца тіак пагуляць,

Доктару

Крышачку больш дваццаці.

 

Кніжка

Не дасць сумаваць ёй, аднак,

Быць ёй на сцэне героем жывым.

Громавай ролю рыхтуе яна,

З ёю гамоніць Алег Кашавы.

Заўжды гатова ісці яна з ім,

Свецяцца вочы яе чысцінёй,

Светлыя косы,

Як два ручаі,

Спадаюць за гнуткай дзявочай спіной.

 

Лена ўяўляе падполле і тыл,

Нібы ў падполлі яна,

На вайне.

Цётка Мальвіна,

Сціраючы пыл,

Гляне

І часам глыбока ўздыхне.

 

Вечар. Бліжэй

І бліжэй да цямна

Моўкне над рэчкай Лазянкаю дом.

Позпа.

За шыбамі змрок.

Цішыня.

Лена ў пакоі сядзіць за сталом.

 

Андрэй, Андрэй,

Куды ты знік?

Ды што з табой такое?

Што дзень прыходзіць паштавік

Пісьмо падасць,

Не тое!

 

Хацелася б суняць душу,

Ды крыўда не пускае —

Няма адказу...

Напішу!

Не, лепей пачакаю.

І вось

Прад ёю быццам

Свой інстытут,

Сталіца.

 

Недзе ў сталіцы

На плошчы адной

Ёсць у дзяўчыны старыя сябры.

Гэтай часінаю

Хочацца ёй

З другам-прафесарам

Пагаварыць.

 

Вось яна й піша

Аповесць сваю,

Ціха паперы лісты шамацяць.

Перад вачыма яе

Паўстаюць,

Быццам жывыя,

Кавалкі жыцця.

 

Лена ў задуме,

Як лепей зрабіць.

Хто б ёй такою хвілінай памог?

Вось ён,

Прыйшоўшы з ваенных дарог,

Побач,

Прад ёю на крэсле сядзіць,

Сёмка Вірута,

Калгасны камсорг.

 

— Доктар!

Не быў я сумотным, павер.

Быў баяністам я

Удалым,

Быў я ў Даватара хлопцам ліхім.

Глянь жа ты, доктар,

Што стала цяпер?..

 

Хіба не йграць

Мне ўжо больш на вяку,

Хіба па мне

Не засмуціцца конь...—

Выняў з кішэні ён моўчкі руку

І працягнуў

Нежывую далонь.

 

— Доктар!

Няўжо мае дні адышлі?

Гэтыя ж пальцы

Калісьці жылі,

Шаблю ўзнімалі

Над Эльбай-ракой...

 

Можа, з паўгода,

Штодня, раніцой,

Пальцы яна расцірала яму

Гэтак уважна,

А з ласкай такой,

Можа, як маці

Дзіцяці свайму.

 

Шлях жа упарта

Пракладвала кроў,

Займала ўсё далей

Каморкі свае...

Помніць —

Вірута прыйшоў да яе:

— Доктар!

Заўваж ты, мой палец здароў!

 

Можа, няпраўда,

Не верыце вы,

Скажаце, хлусіць?

Не так мо адчуў.

Вось ён, глядзіце —

Рухавы, жывы! —

І урачыста мезенец прыгнуў.

 

Хто б

Яе гэтак узрадаваць мог?

Гэта ж яе перамога,

Не зман —

Скора ўжо месяц,

Як Сёмка-камсорг

Зноў па вячорках разводзіць баян.

 

Радасна,

Плённая праца відна,

Болей усе пачалі паважаць.

Ёсць жа ў яе

Непамыснасць адна,

А як гэта стала,— сорам сказаць.

 

Неяк рукою

Трапіў пад пас —

Вывіхнуў палец

Дзядзька Ігнась.

Здаецца, нічога складанага ў тым,

Ды не паставіла пальца

Як след.

Палец паправіўся,

Стаў жа крывым,

Сорамна проста на ўвесь сельсавет.

 

Дзе толькі людзі —

Сходка ці так,—

Дзядзька Ігнась там,

На слова мастак:

— Гляньце, суседзі,

Гляньце сюды,

Навек загубіў мяне ўрач малады.

Чатыры, як трэба,

Пяты набок.

Чатыры, як пальцы —

Пяты кручок!

 

Золак,

Птушыны за вокнамі гам.

Лена канчае ў сталіцу пісаць:

«Якаў Іванавіч!

Дзякую Вам,

Добра Вы зналі, як нас настаўляць.

Каб выйсце заўсёды мы ўмелі шукаць».

 

ІІ

Спелых калоссяў

Рукой не дастаць.

Жытняга хлеба рашчынавы пах.

Конікі звоняць, жаўры звіняць...

Добра на ранку

Пайсці па палях.

 

Вецер з-пад лесу,

Як быццам віно,

Травы ў праменных ільдзінках расы.

Чуеш —

Зліваюцца недзе ў адно

Посвіст салоўкі

І посвіст касы.

 

Мроіцца Лене

Непадалёк —

З небам гамоніць,

Бурліць ручаёк.

Быццам званочак,

Звініць між травы,

Перабягае

Лугі,

Паплавы.

 

Бяжыць і бяжыць ён

Удаль,

Сугрунём,

Покуль не стрэнецца дзе

З ручаём —

Так і плывуць далей дружнай сям’ёй...

 

А Лена сумуе,

Гняце непакой:

З Андрэем, здавалася,

Зблізяць гады,

А выйшла не гэтак,—

Каторы куды.

 

Учора, нарэшце,

На ліст адказаў.

У горад ён кліча,

Засумаваў.

Мы, кажа, даволі

Ў сяле адбылі...

А дзе ж тыя словы,

Што раней былі?

 

А дзе ж тая шчырасць?

Выходзіць, што чмут.

Яна не паедзе.

Ёй хораша тут!

 

Відаць, не сыдуцца

Іх сцежкі ніяк.

Што зробіш,

Балюча...

Ды лепей, што так.

 

І вось надыходзіць

Спакой на душу,

Досыць тугі, хвалявацца не след.

Ліпы гамоняць,

Аж звоніць ўвушшу,

Лена збірае духмяны іх цвет.

 

Потым

Прайшлася на луг пры бары.

Што за паветра —

З чабору настой!

Кветкі збірае, і ўсюды сябры

Радасна, шчыра вітаюцца з ёй.

 

З лугу,

З-пад возера,

З доўгіх асок:

— Цёця! —

Крычыць пастушок Піліпок,

І, раскудлаціўшы рыжы віхор,

Ён берасцянкаю будзіць прастор.

 

Да хлопчыка

Лена імкнецца хутчэй,

Хораша часам памарыць з такім.

Якая ў малога дапытнасць з вачэй!

І вось яна разам

Ля возера з ім.

 

Пры беразе гай.

Сасна пры сасне

Задумліва ў сінія хвалі глядзяць.

Карыснейшы іл — сапрапелі

На дне,

Добра раматусы ім выганяць.

 

Моцную сілу

Ён мае, відно,

Правяцца людзі і хваляць ўсяляк.

За лекі тым ілам

Лена даўно

Ў сяле атрымала

Нямала падзяк.

 

Слаўнае возера

З золатам-дном.

На беразе гутарка йдзе з Піліпком

Гэткае месціны

Блізка няма!

Лена сцвярджае і верыць сама.

 

Лена хлапцу ўсхвалявала душу:

— Хочаш, я казку табе раскажу?

Мы сядзім

Тут над вадой,

А над нашай галавой

Вецер гойдае між хвой,

Навявае супакой.

І заснулі мы з табой...

 

Многа мы праспалі дзён,

Быў у нас даўжэзны сон,

Не сказалі нам сябры,—

Можа,

Год,

А можа,

Тры.

Разбудзіў нас песень гром,

Паглядзелі мы кругом,

Не пазналі гэты кут.

Гэта ж казка!

Гэта ж цуд!

 

Каб хацеў ты адшукаць,

Не знайсці такой красы:

Па-над возерам стаяць,

Што палацы, карпусы,

Вырас горад малады,

А вакол

Сады, сады...

 

Многа хворых ў ім цяжкіх,

Лечаць

Нашым ілам іх.

Хто ні з’явіцца

З кійком,

Пройдзе час —

Глядзіць арлом.

 

А завецца той куток

Санаторый «Туравок».

Ён здалёку ўсім відзён,

І не ў казцы будзе ён.

Мы з табой не будзем спаць,

Будзем

Горад будаваць.

 

У хлопчыка

Многа задум усплыло,

А Лену гукаюць ужо на сяло.

На ростані кажа ёй Піліпок:

— Цёця!

Збудуем з табой гарадок.

 

Праўда,

Што ў Лены

Прыхільнікаў шмат,

Каб захацела і то не злічыць —

Просіць садоўнік

Наведацца ў сад,

Бабка Тадора

Адведаць чарніц,

Хто,

каб унукаў зайшла паглядзець,

Хто на сняданне,

Хто так пасядзець.

 

Ўсіх пераведаць —

Суткі не спаць,

Часу, як хочаш,

ніяк не стае.

Некалі —

Нават здалёку чуваць,

Цётка Мальвіна ўжо кліча яе.

 

Вось яна й дома,

Збораў няшмат.

Лекі патрэбныя ставіць радком,

Хутка накінуўшы

Белы халат,

Распачынае свой ранні прыём.

 

Трэба ўсіх хворых

Уважна прыняць,

Што папрыходзілі з розных бакоў,

Добра абслухаць

І кожнаму даць

Ці мазі,

Ці кропель,

Ці парашкоў.

 

Усё тут пастаўлена

Ёй пад руку —

Вата і марля,

Ёд, шкіпінар...

Цётка Мальвіна заўжды начыку —

Яе вартаўнік,

Асістэнт,

Санітар.

 

Хворым дала яна

Многа парад.

Кожны, як трэба, агледжаны быў.

Справы ішлі,

Як той кажа, на лад,

Ды на сцяне тэлефон зазваніў.

 

Лена падбегла.

Здалёк тэлефон

Голасам клікаў трывожным:

— Доктар! Няшчасце!

Звоняць з Рамон...

Просім хутчэй, калі можна.

 

І трубка ў руцэ задрыжала ў адказ:

— Яе палажыце старанна.

Самі не рушце!

Буду я ў вас

Сёння апоўдні дакладна.

 

— Дзе гэта, дзе? —

Загудзела з куткоў.—

— Блізка, ў калгасе,

Пасля раскажу.—

Сёмка Вірута ў той міг падышоў:

— Лена Пятроўна,

Я давязу!

 

Лена сабрала ўсё ў сумку

Як след.

Хутка ля ганка і конь заірзаў.

Едуць.

Дарога ў калгас «Новы свет» —

Сем кіламетраў

Між лесу і траў.

 

Сёмку не трэба

Каня падганяць.

Лейцы ўзяў ў рукі,

І той, як агонь.

Едзе і дукрыць усё пра каня,

Толькі пра коней

Гаворка ў яго.

 

— Конь вам не так сабе.

Ён з галавой,

Трэ падыход мець,

Як кажуць, і нюх.

Доктар і я,

Толькі ў справе сваёй,

Я вам не просты калгасны канюх.

 

Бачыце, як ён

Навыскач пайшоў?

Вецер няроўня ягоным нагам.

Хіба знайсці дзе

Такіх рысакоў?

Хутка Будзённы дачуецца сам.

 

Хіба цана ёсць

Такому каню?

Можа, на выстаўку хутка пашлюць.

Што ні кажыце,

А я не маню,

Болей за бацьку я праўду люблю.

 

Гляньце,

То ж птушка,

Арол, не рысак.

Знаю, такога не бачылі вы.

Доктар, ці праўда? —

Кіўнула, што так,

Думкі ж свае не ідуць з галавы.

 

Даць паратунак

Любою цаной —

Кажа знаёмае ёй пачуццё.

Недзе тут блізка.

Ў хаціне адной,

Б’ецца сам-насам

Са смерцю жыццё.

 

Спяшыць яна,

Спяшыць яна.

У мыле ўся

Спіна ў каня.

 

З бакоў слупы,

З бакоў кусты.

Б’юць капыты

Па камянях.

 

Гамоніць шлях.

Праз гаць,

Праз мост,

Аж загуло —

І ўжо сяло.

 

Прыскакалі.

Конь у пене.

А натоўп іх абкружыў:

— Доктар! Выпадак страшэнны,

Ты хутчэй дапамажы!

 

І вось Лена ў хаце,

У хворай цяжкой —

Тая ляжыць, не кранецца ані.

Яна аб бядзе прашаптала сваёй:

— Нага паламаная

Вышай ступні.

 

Што тут хадзіць

І даходзіць здалёк,

Лена не траціць дарэмна хвілін.

Дзеўчыне Лена паклала лубок,

Хоць пальцы дрыжалі,

Няпэўны былі.

 

Здавалася,

Трэба раўней і тужэй,

Покуль зрабіла, аж потам сышла.

Каб жа на сэрцы было спакайней,

Пеніцылін на выпадак дала.

 

Поўна у сенцах

Старых і малых,

Не абышлося без плачу і слёз.

Лена спытала аб хворай у іх:

— Як гэта стала?

 

— Папала пад воз.

Ехала з возам заўчора на ток,

Перакулілася, там, дзе равок.

Вельмі шкадуе

Увесь наш калгас.

Яна працаўніца

Найлепшая ў нас.

 

Ніхто больш яе не здолеў сабраць,

Ну, а танцорка, што і казаць.

Хораша скача, добра пяе,

Вылечыць трэба, доктар, яе.

 

— Вылечыць,—

Лена сказала,— магу.

Толькі патрэбен для гэтага час.

Быць Сцепанідзе

Зноў першай у вас,

Пройдзецца слаўна яна й па кругу.

 

І ездзіла Лена

Шмат сюды дзён.

Часта сядзела, забыўшы на сон,

Праз ночы на міг не гасіла святло,

Часта на сэрцы трывожна было.

 

Ці здолее косць, як патрэбна, зрасці?

Блізка ж

Няма тут рэнтгена.

Мо да хірурга лепш адвязці?

Было, хвалявалася Лена.

 

Хай сабе сіл

Ты нямала кладзеш,

Добра ж хваробу у часе стрымаць.

Як жа прыемна,

Што хвораму лепш,

Быццам ўстаеш, маладзееш сама!

 

Сталася гэтак

З дзяўчынаю той —

Аднойчы, сабраўшыся з сілай,

Нібы ўпершыню адвыкшай нагой

Яна на падлогу ступіла.

 

І расказала паволі,

Ціхом,

Як гора здарылася з ёю:

— Воз мой вялізны, вялізны, як дом,

Засеў у гразі пад гарою.

Саскочыла я, падперла плячом,

Ды слізка было, як на тое...

 

ІІІ

Зарадзіўся лён багаты.

Ён здалёку ўсім відзён.

Поліць Даша. З ёй дзяўчаты

Прачышчаюць дбайна лён.

 

Гэты лён для ўсіх багацце!

Сёмка

Дашы дапамог —

Колькі раз ў даследчай хаце

Сабіраў гурток камсорг.

 

Лён пасеяла дзяўчына,

Працавала дзень за днём,

Лён той —

Вокам не абкінеш,

Быццам возера кругом.

 

Полюць дбайна лён дзяўчаты,

Каб вышэй яшчэ ўставаў...

 

На сяле,

Ля крайняй хаты,

Сёмка Лену адшукаў.

 

— Не выконвае задання

Наш сусед калгас «Усход».

Даў я сёння абяцанне

Склікаць там агульны сход.

 

Пойдзем мы,

Пра лён раскажам,

Знаю — кожны будзе рад,

І аб лёне слаўным нашым

Даша зробіць там даклад.

 

Трэба добры вопыт з поля

Паказаць усім людзям —

Трэба з практыкай найболей

Спалучыць навуку нам.

 

Ты схадзі

І на дарогу

Падрыхтуй сваіх сяброў. Ну, пакуль,

А я з парторгам —

У брыгады да касцоў.

 

Міг!

І Сёмкі ўжо не стала,

На лугі, відаць, пайшоў.

Лена ў поле паспяшала

Да таварышак-сяброў.

 

У палольшчыц адпачынак.

Селі дружна на лужку:

Белы хлеб,

Праснак, свініна,

Мёд у клёнавым судку.

 

Хто дастаў пірог пшанічны,

Хто сырок,

Хто агурок,

Запілі вадой крынічнай,

І ў грудзях пабег лядок.

 

І пайшла тады гаворка

Немалая у дзяўчат,

А пра што —

Ды рознай шмат:

Пра вячоркі,

Сходкі, зборы,

Аб сваім жа лёне зноў,

Пра істужкі,

Пра уборы

І, бывае, пра хлапцоў.

 

Абкружылі кругам Лену

Камсамольскія сябры:

— Ці не зноў ты нам пра гены

Будзеш сёння гаварыць?

 

— Не, сягоння пра другое —

Вас павінен знаць народ.

Проста з поля

Грамадою

Пойдзем мы ў калгас «Усход».

 

Як, скажы, даклад твой, Даша?

— Прачытала трэці раз.

Возьмем мы і ўзоры нашы...

— Калі так —

У добры час!

 

Змоўклі жарты,

Смех суняўся,

Неўгамонны гоман змоўк...

І дзяўчаты побліз Лены

Пасядалі ўсе ў кружок.

 

Палка ім тлумачыць Лена,

Быццам сэрца аддае —

Пра праполку,

пра насенне

З кніжак многа пазнае.

Быць нам трэба працавітым,

Каб займець у працы плён,

Гляньце ўвысь!

Прастор блакіту,

Ды не меней мае лён.

 

А пшаніца залатая

Буйным коласам гудзе,

А спарная, а густая,

А далёка як ідзе...

 

Перабілася гамонка.

Чуюць —

Полем гул гудзіць...

Паглядзелі, ажно Сёмка

На касілцы ўжо сядзіць.

 

Неспакойная ў ім сіла,

Здатны Сёмка да ўсяго!

Лена гутарку спыніла

І на раду да яго.

 

Як за лес апала сонца

І на полі гул прыціх,

Заспявалі камсамольцы,

Лены голас быў між іх.

 

Спеў гучаў іх пераможны

Па-над лугам,

Над ракой,

Нёс сябрам з іх шчыра кожны

Свой здабытак,

Вопыт свой.

 

Як прыйшлі назад дасвеццем —

Спала ціха ўсё сяло,

Толькі ў вокнах ў сельсавеце

Шчэ відаць было святло.

 

У дні радасці і славы

Выбіралі яго ўсе,—

Бо за ўсіх

Перад дзяржавай

Ён адказнасць тут нясе.

 

Цераз ноч усю працуюць,

Сапраўды ім мала дня.

Там сядзяць,

Сядзяць, мяркуюць

І парторг,

І старшыня.

 

Шчоты ў іх.

Шчаўкаюць косці.

Колькі б лішку здаць хто мог?

Там сядзіць і раіць штосьці

Усхвалёваны камсорг.

 

А на птушніку ў закутку

Певень біў ужо крылом,

Як ахрыплы рэпрадуктар

Распінаўся над сялом.

 

IV

Што за пагода,

Як звон угары!

Сонца —

што ўшыта на сінім сцягу.

Жыта паспела,

Дайшло да пары,

Ходзіць жняярка па жоўтым кругу.

 

З жыта

Ледзь-ледзь узнімаецца пыл,

Добра жняяркай жыты падразаць.

А следам

Жанчыны вяжуць снапы,

Пройдуць —

Снапы, што салдаты, стаяць.

 

Слаўна пяецца

Жанкам маладым,

Песень над полем узносіцца шмат.

Спорыцца праца,

І весела ім,

Тут жа на пожні дзіцячы іх сад.

 

З самага ранку,

Як толькі прыйшлі,

Кветкамі ў лузе яны расцвілі —

Марфачак,

Ганначак

І Янучкоў,

Быццам рамонкаў,

Мядункаў,

Званкоў.

 

Зашчабяталі

Птушынай сям’ёй.

Колькі іх розных,

Прыгожых, малых...

 

Вольнай часінай,

Што выпала ёй,

Лена апоўдні наведала іх.

 

Вось яны побач,

Як тыя грыбы.

Побач жняяркі пайшлі на палі.

Не, хіба гэтак

Магло калі быць?

Матчыны словы на памяць прыйшлі:

З ранку да вечара

Выстай круком,

Некалі ўзняць набалелай спіны.

З ранку да вечара

Рэжа сярпом,

А па-за ёю стаяць таганы.

Матчына сэрца

З цямна да цямна

Кроіць дзіцячы прарэзлівы плач...

 

З кніжак таксама пазнала яна

Долю,

Якою гібеў земскі ўрач.

 

Цемра

Пад стрэхамі курных хацін,

У брудзе

Няцяжка было захварэць.

Урач на павет, можа, толькі адзін,

На часткі ірвецца,

А ўсё не паспець.

 

Чараўнікі

Ачмурылі сяло

Атрутай шаптання і забабон,

Ды і лякарства

Як след не было —

Толькі рыцына ды кроплі на сон.

 

Доктар між цемры

Мусіў гібець...

Час наш зусім не падобны, другі.

Вунь як завуць

На жніве да сябе:

— Лена Пятроўна,

Наш друг дарагі!

 

Клічуць —

З гары адгукаецца гай,

Клічуць

На ўвесь шырачэзны той луг:

— Лена Пятроўна,

Прыходзь, пасабляй!

— Лена Пятроўна,

Добры наш друг!

 

І вось Лена там.

Жняярка гудзе.

Пройдзе,

А ззаду шчаціна адна.

Лена з жанкамі па ржышчы ідзе.

Спрытна пярэвяслы вяжа яна.

 

Важкі і мядзяны

Сноп там любы,

Кожнае зернятка —

Кропля цяпла,

Колас да коласа шэпчуць нібы,

Як бы прабіцца хутчэй да стала.

 

Колецца ржэўнік.

Не страшна ж ніяк.

Джалам нібы пеканецца не раз.

Жанчыны жартуюць:

— Доктар, ну як?

А Лена ў адказ:

— Я жала й да вас!

 

Што, дзе ў калгасе,

Што робіцца там,

Кожная ведаць імкнецца:

— Доктар!

А Даша, скажыце вы нам,

Хутка рэкорду даб’ецца?

 

— Лёну такога не бачна нідзе,

Большы за вашу пшаніцу!

Мабыць, нядарма

Столькі людзей

Едуць да Дашы вучыцца.

 

Дзяўчаты пытаюць нязлічана раз:

— Ці будзе яна

Гераіняй у нас?

 

Жарты.

А варта зноў песню пачаць,

Словы, што птушкі,

Лятуць, не дастаць.

Колькі прастору

І колькі жыцця!

Хораша жнеям у полі спяваць:

 

Ходзіць жыта, ходзіць жыта

жоўтай хваляй,

А мы жыта, а мы жыта зваявалі.

Між снапамі аж да роднага парогу

Залатую пралажылі мы дарогу.

 

Гулкае рэха абсыпала дол,

Слухалі елкі, схіліўшы чубы;

Як вартавыя, на полі вакол

З поўнай увагай

Застылі дубы.

 

Каласы вы, каласочкі, як паспелі

Добрым людзям на радзіны, на вяселлі.

 

Толькі і гэтая песня

Прайшла,

Чуюць жанчыны,

Паміж цішыні —

Тупат і грукат ляціць з-пад сяла.

Глянулі —

Сёмка імчыць на кані.

 

Мчаўся

Ад ветру ён, мабыць, жывей,

Аж яго чуб узлахмачаны ўзмок,

Толькі з’явіўся:

— Пятроўна, хутчэй!

Трапіў на міну

Наш Піліпок.

 

Болей нічога

Сказаць ён не мог,

Вядома ж было, што нельга чакаць,—

Можа, праз хвілю

Скакалі удвох,

Трэба ж ім смерць

Абмінуць, перагнаць.

Сэрца у Лены

Ахутваў жах —

Хлопчык няшчасны стаяў у вачах.

 

Заскочылі ў больніцу,

Лекі ўзялі,

Праз момант які ўжо

На месцы былі.

 

Лена не бачыць

Нічога вакол.

Перад вачамі — рана адна.

Перавязала,

Зрабіла укол,

Толькі тады ачуняла яна.

 

Бачыць,

Сабраўся народ

Грамадой,

Ужо вечаровыя блізка часы.

Маці, счарнелая,

Моўчкі рукой

Гладзіць пяшчотна хлапцу валасы.

 

Хтосьці стаяў —

Уздыхаў па малым,

Хтосьці паклаў берасцянку пры ім,

Бабка старая шаптала здалёк:

— Бедны ты, бедны,

Наш Піліпок!

 

Хтосьці

Капаўся і поўзаў між траў,

Штосьці даводзіў,

Ледзь зводзячы дух,

Хтосьці асколак ад міны трымаў,

І тут жа тлумачыў Сёмка-канюх:

— Міна нямецкая,

З часу вайны

Ляжала ў імшары перад карчом.

Вінны фашысты,

Забойцы яны,

Што нарабілі яны з Піліпком?

Сёмка даводзіў

Аб кары людской,

На захад махаў пагражальна рукой.

Лена забрала

Малога з сабой

Ў дом над ракою, у свой жа пакой.

 

Вечар.

Трывожна,

Хоць скрозь цішыня.

Ложак.

Маўклівы ляжыць пастушок.

Удвух неразлучны — маці й яна.

Лямпа —

Прыкручаны ледзь аганёк.

 

Цяжка хлапчыну —

Ўзнімаецца жар,

Часам прашэпча адзінае:

— Піць...—

Свеціцца белы і стомлены твар,

Маці спытаецца штосьці,—

Маўчыць...

 

Потым да Лены

Рыдаць і прасіць:

— Муж мой загінуў на гэтай вайне.

Доктар, ратуй,

Без сынка мне не жыць,

Ён жа адзіны на свеце ў мяне.

 

Як жа так сталася,

Родны сынок?

Лепш бы пайшла я мясцінай той,

Мой ты гаротнік,

Гаспадарок...—

Слухае Лена, балюча і ёй.

 

Хлопчык вясёлы,

Званок — галасок,

Быў ён любімцам сяла, Піліпок.

 

Як ён улетку

На золку будзіў,

На берасцянцы пад вокны трубіў.

Быў ён уважным

У сэрцы сваім,

Колькі прыносіў ён лекавых траў.

Знаў ён імшары,

Дубровы, гаі,

З кожнаю птушкай там размаўляў.

 

Паабыходзіў

Ён кожны куток,

Болей не бачыць прастору таго.

Ляжыць пастушок —

Прыціх галасок,

Сталі празрыстымі пальцы яго.

 

Лена зрабіла,

Што толькі магла,

Нічога не можа дадумацца больш.

Ноч наглядала яна,

Да святла,

Бачыць,

Чым далей,

Не лепей, а горш.

 

Што гэта?

Можа,

чаго не дайшла?

Можа, не ўмее чаго зразумець —

З дзядзькам Ігнасем няўдача была,

А над Піліпком

Нахілілася смерць.

 

Лена баіцца —

Не ўзнімецца ён,

Нельга узняць пажаданнем: — жыві.

Хлопчык працягне не болей двух дзён,

Выхад —

Пераліванне крыві.

 

Прыбегла на пошту.

Цёмна ў вачах.

У Мінск напісала некалькі слоў.

Пайшла тэлеграма па правадах...

А Лена той хвіляю

Зноўку дамоў.

Зрабіла укол —

Уліла хлапцу кроў,

Заснуў ён, здаецца,

глыбока.

Ранне мінула.

І поўдзень прайшоў —

Яна ж ад яго ані кроку.

 

Розных шукала

Ў ратунку шляхоў,

Сэрца яе апярэджвала зрок.

Як жа зрабіць,

Каб, як раней, ізноў

Звонка трубіў пастушок Піліпок?

 

V

Пільна на шлях пазірае пілот,

Моцна штурвал ён трымае,—

Хутка ляціць над зямлёй самалёт,

Думы ж яго абганяюць.

 

Будзіць вакол цішыню раніцой

Гул ад матора нязменны...

Якаў Іванавіч

Даўна душой

Там, дзе ля хворага Лена.

 

Доктар лічыць перастаў,

Колькі раз

Лётаў па хуткай ён справе,

Плашч.

Пад плашчом шарсцяны самавяз.

Погляд заўсёды ласкавы.

 

Рэчка Лязянка.

Запруда.

Бальніца.

Хаты і хаты наўкруг...

І самалёт пачынае кружыцца,

Потым сядае

На луг.

Якаў Іванавіч выйшаў і глянуў:

Тут,

Гадоў сорак назад,

Земскім ўрачом працаваў ён старанна,

Цяжка,

Ды ўспомніць ён рад.

 

Выбегла Лена

Насустрач з дзвярэй:

— Якаў Іванавіч,

Родны, хутчэй!

 

Лену, як бацька,

Прафесар абняў.

— Дзе ж ваш паранены? —

Ціха спытаў.

 

— Вось ён, бялюткі,

Сышоў ён крывёй...—

Лена на ложак рукой паказала.—

Цяжка было мне з хворым адной,—

І падрабязна дакладываць стала.

 

Прафесар на хворага погляд свой кінуў:

— Давайце

Агледзім спачатку хлапчыну! —

Зусім непрытомны

Ляжыць Піліпок —

Сцюдзёныя рукі,

Блукаючы зрок.

 

Якаў Іванавіч з трубкай

Падсеў,

Добра абслухаў яго, аглядзеў:

— Выпадак цяжкі,

Ды будзе ён жыць,

Варта яшчэ раз кроў пераліць!

 

І Лена ў адказ

На ягонае слова:

 

— Якаў Іванавіч! Я ўжо гатова!

— Давайце

На стол мы яго пакладзём.

— Дзе ж мой інструмент?

Хутчэй мне падайце!

Можа, асколкі схаваліся дзе,

Яны мяне больш непакояць, прызнацца.

Колькі хвілін аперацыя йшла.

Лена старанна дапамагала,

Трымала тампоны яна ля стала,

На рукі прафесара ўсё паглядала.

 

Скончыў.

Адклаўшы іголку, пінцэт,

Прафесар узняўся са шпрыцам.

Лена спакойна,

Як доктару й след,

Руку працягнула:

— Бярыце!

 

Здалося, з крывёй

Мільёны байцоў

Яна ратаваць Піліпка пасылала,

Каб толькі узняўся здаровым ён зноў —

Сэрца дарэшты яму аддавала.

 

Маці прыбегла

І стала рыдаць:

— Ратуйце,

Бо сілы маёй ўжо не стала!

Прафесар узняўся:

— Я рад вам сказаць,

Патапенка Лена яго ратавала.—

А Лена ад ложка,

Дзе быў Піліпок,

Не адыходзіла нават на крок.

 

Як пойдзе ўсё далей,

Чакала адно.

Стамілася, ў вочах мігцела імгла.

Лена у сад расчыніла акно,

А за акном тым вішня расла.

 

Вішня

На хворага хлопца глядзіць,

Лісцем зялёным шуршыць па акну.

Неяк у вішні ў адну з навальніц

Вывіхнуў вецер галіну адну.

Уважна садоўнік яе ратаваў.

Перавязаў і абмазаў як след.

Паволі ў ёй кожны лісток ажываў,

Пасля ж узмацнела,

І выбліснуў цвет.

 

Потым напоўніла завязь вясна,

Ягады сталі буйнець і буйнець —

Ад іншых галін

Цяпер не пазнаць,

Вішні на ёй пачалі чырванець.

 

Марыла Лена

Аб сіле жыцця...

Што гэта — шэпт

Ці лісты шалясцяць?

Што гэта — вецер па лісцях плыве?

 

Не, сапраўды хтосьці ціха заве.

Глянула —

Паружавеў Піліпок!

Бы кропнуў на шчокі

Вішнёвы той сок.

 

Можна надзею мець,

Будзе жывы.

Шэпча ледзь чутна, як шэпат травы:

— Цёця!

Ці доўга я буду ляжаць? —

Спытаўся і зноўку пачаў засыпаць.

 

Лена была ўсхвалявана ў той час,

Тут жа яна не заплакала ледзь —

Даруе няўдачу дзядзька Ігнась,

Здаецца,

Што ёй пераможана смерць.

 

Лена ў трывозе стаіць над малым,

Думкі адзіныя толькі аб ім:

 

Хіба не пойдуць

Ягоныя ногі,

Хіба не ўстане ён болей? Чаму?

Хлопчыка ногі

Клічуць дарогі,

Хопіць прастору і сонца яму!

 

Мусіць ён жыць,

Уставаць раніцою,

Баравікі сабіраць у бары,

Спевы саловак

Слухаць вясною,

Мчацца зімою на санках з гары,

 

Вадзіць на начлег,

Сядзець над кастрамі,

Рэзаць канькамі люстэркавы лёд,

Бегаць у школу

Разам з сябрамі,

Папрацаваць так,

каб выступіў пот.

Стаць трактарыстам,

Зведаць машыну,

Пашпарт займець,

Выбіраць у Савет.

Трэ закахацца моцна ў дзяўчыну,

На вечарынках пагрукаць як след;

 

Вырасці дужым,

Умелай рукою

Пшаніцу пасеяць на балатах,

Трэба дабіцца у працы Героя,

Маці пацешыць у старых гадах.

 

Хлопчык!

Ты многа пабачыш дарог,

Свет прад табою вялізарны лёг,

Шмат цябе сёння чакае кніжок,

Мы пабудуем з табой гарадок!

 

VI

Раніца.

Вецер шуміць у лісці.

Сонца ўзбудзіла над рэчкаю дом.

Лена й прафесар рашылі прайсці

На месца, дзе стала бяда з хлапчуком,

І вось яны полем

Гамоняць чутно.

Якаў Іванавіч апавядаў:

— Фельчарам ў воласці гэтай даўно,

Калісьці ў юнацтве, я працаваў.

 

Ведаю добра

І гэта сяло.

Чаго толькі тут пры цары не было!

У кожнай хаціне —

На печы сядун,

У кожнай сялібе —

Трасца, каўтун.

 

Не,

Нашай вёскі цяпер не пазнаць,

Гэта як дзень

Пасля чорнай начы.

Што ў ёй рабіць,

Як далей працаваць,

Якаў Іванавіч Лену вучыў.

 

Раіў ён сродкі

Мясцовыя ёй —

Многа ж іх мае і пожня і бор:

Ліповыя кветкі,

Рамонкаў настой,

Траву-падарожнік,

духмяны чабор.

 

Ля возера ён прыпыніўся

І стаў —

Пра сапрапелі ў Лены спытаў.

Успыхнуў у Лены ў вачах аганёк:

Будзе для хворых

Тут гарадок!

 

Раіў заўсёды

Даследаваць штось,

Каб толькі наперад імкненне было...

Усюды прайшлі,

Агледзелі скрозь,

Потым вярнуліся зноў у сяло.

Згінулі

Вёскі старое сляды,

Вось яна ява, не казкі і сны,

Глянуць прыемна —

Палеткі, сады,

Хата да хаты —

Сасна да сасны.

 

Вуліцы

Добрых праспектаў не горш,

Колькі тут дрэўцаў расце маладых!

Вуліцы ўпоперак,

Вуліцы ўдоўж.

Хораша сёння прайсціся па іх.

 

Дзяўчаты

Па вуліцы йдуць чарадой.

З жартамі

Хлопцы прысталі да іх.

Дзеўчына —

Лепш не знайсці маладой,

Што ні хлапец —

Прыгажэйшы жаніх.

 

Дзе-нідзе

Радыё ў хатах гуло,

Адпачываў той часінай калгас.

Апоўдні

Вярнулася з працы сяло.

Адкуль ні вазьміся — дзядзька Ігнась.

 

Стаў перад імі

Са скаргай сваёй,

Перад прафесарам круціць рукой:

— Што нарабіла!

Смяюцца наўкруг.

Гляньце, прафесар, не палец, а крук.

 

Сорамна Лене,

Схмурнела чалом.

А хлопцы стаяць і рагочуць кругом:

— Дзядзька!

Ды гэта на шчасце кручок —

Люльку лепш ладзіць

І ціснуць курок.

Спачатку

Ігнась не згаджаўся ніяк,

Пасля рассмяяўся:

— Хай сабе й так.

 

Сам госця павёў ён

Па хатах усіх.

Прафесар абходзіў — скрозь дабрыня!

Наведалі яслі,

Прытулак малых,

Глянулі ў школу — і там чысціня.

 

Восень

Адкрые вучобы часы,

Прыйдзе настаўнік, пачнецца урок.

Як загамоняць тады галасы!

Як загамоніць тады Піліпок!

 

Хутка паправіцца,

Будзе жывы,

Будзе ён добра чытаць і пісаць.

Думкі аб хворым не йдуць з галавы:

Як ён цяпер там?

Пара аглядаць.

 

І вось яны дома.

Скрозь цішыня.

Цікавяцца хворым, ці доўга ён спаў?

Для іх нечаканай была навіна —

З маткаю хворы крыху размаўляў.

 

Хлопца

Прафесар як след аглядзеў

І Лене ад сэрца мог праказаць:

— Бачыце,

Хутка на папраўку йдзе,

Можна быць пэўным

І вас прывітаць.

 

Пад вечар

На выган сышоўся народ.

Праводзіць сабраліся ўсёй грамадой —

Прафесара зноўку забраў самалёт,

А Лена вярнулася

Ў дом над ракой.

Чакаў яе

Ціхі і светлы той дом,

А цётка Мальвіна

Сустрэла з пісьмом.

 

І стала у Лены

Ў душы весялей —

Пісаў і прасіў прабачэння Андрэй.

 

VII

Памяць,

Старонкі яе прагарні,

І загамоніць усё навакол —

Помняцца

Лене Патапенка дні,

Як уступала яна ў камсамол.

 

Помняцца добра

Дзяцінства сябры,

Школа,

За партамі гул галасоў,

Лагеры,

Песня «Картошка»,

Кастры,

Гальштук з эмблемаю

«Заўжды гатоў!».

 

Многа прайшло

Непаўторных гадоў,

Многа на сэрцы жыццёвых адзнак —

Дзён адляцела,

Што з дрэва лістоў...

Ці спраўдзіла слову?

Быццам што так.

 

Цяжка бывала

Гады перажыць,

Толькі імкнулася заўжды наўпрост,

Вось і прыйшла ўжо

Да пэўнай мяжы

І на ўсю сілу адчула свой рост.

Што ж, ёй сягоння

Чаго не стае?

Дрэвам расцвіўшым імкнецца ў сад.

І вось перад ёю,

У думках яе,

Загартаванаю сілай ўстае

Партыя —

Веліч жыцця і краса;

 

Партыя —

Скарбніца дум агнявых,

Якім наша заўтра,

Што сёння відно.

Партыя —

Сэрцаў мільёны людскіх,

Што б’юцца суладжана ўсе, як адно.

 

Гэта Ангеліна,

Што за рулём,

Гэта Чуткіх за варштатам сваім,

Гэта Лазо

Прад смяротным агнём,

Гэта Гастэла ў палёце цяжкім,

Гэта

Сумленне на цэлай зямлі,

Вера, ў якую паверыў парод.

 

Некалькі тыдняў

За працай прайшлі,

І Лену пазвалі аднойчы на сход.

 

Партсход.

А сабралася вёска амаль,

Кожны з’явіўся, хто толькі мог,

І паміж імі

Пярэдня-каваль,

Садоўнік Загорны

І Сёмка-камсорг.

 

Важную справу

Мяркуюць яны —

Сваё папаўненне з сіл маладых.

Ленін

Нібыта глядзіць са сцяны

І слухае ўважна гутарку іх.

 

Усе тут свае,

Нікога чужых,

Нават сюды яны разам прыйшлі,

Лена ж гаворыць,

А голас дрыжыць,

Ружавасць на шчоках больш, як калі.

 

— Многа рабіць

Патрабуе наш час.

Толькі адна я не здолею шмат,

А калі стану

Упоплеч да вас,

Я падужэю адразу ў стократ.

 

Што мне жадаецца

Ў сэрцы маім —

Ўсё, што павінна, рабіць без заган.

У арміі мужных быць радавым,

Кропляю ў дужы ўвайсці акіян.

 

Хочацца мне сказаць

Як шчырэй,

На крок не сыду я з гэтых дарог.—

Скончыла Лена.

І слова бярэ

Услед жа за ёю Сёмка-камсорг:

 

— Подых да подыху —

Ветру узлёт.

Баец да байца — воін-народ.

Ручай да ручайкі —

Мчыцца рака.

Вось перад вамі

Салдата рука.

 

Ёю

Спускаў аўтамата курок,

Знішчаны ёю фашыст не адзін;

Гэта рука

Падымала клінок,

Маскву бараніла,

Брала Берлін.

 

Праўду люблю,

Не люблю я маны.

Вярнуўся —

Не ведаў спакою і сна,

Проста бязрукім

Прыйшоў я з вайны.

Гэту руку ажывіла яна.

 

З доктарам сёння

Мы ў мірным страі.

Подпіс я стаўлю

Салдацкай рукой —

Лена адзінае з намі сям’і,

Вернаю ў партыі

Будзе дачкой.

 

Яна ж адчувала —

Побач сябры,

Многа сумесна ім вырашыць спраў.

Пярэдня-каваль

Аб ёй гаварыў,

Садоўнік Загорны таксама сказаў:

 

— Многа пражыў я

І ўжо састарэў,

Што крыг у паводку, гадоў праплыло.

Сорак я летаў хаджу каля дрэў,

Колькі я іх насадзіў,

Даглядзеў,

Колькі ад гэтай рукі расцвіло!

 

Розных людзей

Я страчаў на вяку,

Доктара нашага рад быў спаткаць,

Яна ратавала жыццё Піліпку.

Я падымаю

Высока руку

За дзеўчыну працы,

Бальшавіка.

І вось за сталом

Невялічкі той круг

Вырас са ўздымам

Мазолістых рук.

 

Лена пабачыла —

Вышай галоў

Рукі

даярак,

жней і касцоў.

Сэрцам з ёй кожны

быў камуніст —

Сейбіт,

настаўнік

і трактарыст.

 

Лена адчула —

Яны побач з ёй,

Непадзяліма,

Ўсёй сілай сваёй.

 

Многа прайсці ім сумесна дарог.

Выйшла на ганак,

Не чуючы ног.

Быццам навокал

Пабольшала дрэў,

Быццам інакшы стаў выгляд сяла.

Вечар,

Здавалася, паружавеў,

Як з сельсавета

Дадому ішла.

 

Дома, ў прывычным

Утульным кутку,

Мальвіна сустрэла яе, як дачку.

Шмат было ў словах пяшчоты, цяпла

— Высока,

Высока ты, Лена, ўзрасла.

 

Доўга ў той вечар

Не клаліся спаць,

Ярка праз вокны свяціў аганёк...

Сёмка з’явіўся дахаты вітаць,

Праз маці

Паклон прыслаў Піліпок.

Ўсе гаманілі,

Як быццам радня,

А потым, як бачыш, вечарам тым

З «Новага свету»

Прыбыў старшыня,

Паздаравеўшая дзеўчына з ім.

 

Ён,

Рыжаваты паправіўшы вус,

З гонарам, як ён узняць толькі мог,

На стол палажыў,

На белы абрус,

Вялізны-вялізны пшанічны пірог:

 

— Доктар!

Нямала ты мела дакук.

Знай жа,

Ты золата нам зберагла —

Гэты пірог Сцепанідзіных рук...

...А Сцепаніда

Стаяла, цвіла.

 

Можа,

З прычыны дарунка таго

Селі паўкруг за прыбраным сталом.

Цётка Мальвіна знайшла усяго,

Кажучы праўду —

Няблага было.

 

Хто скварку,

Хто чарку ў бяседзе там браў,

І кожны ад сэрца, слова казаў.

Хлопчыка маці ўстае з-за стала:

 

— Лена даўно

Камуністкай была.

Кожнаму

Болька свая балючэй,

Прыпала мне гора цяжкое спаткаць.

Хіба на свеце

Што ёсць даражэй

Мне за майго сынка Піліпка?

 

Што ж, я скажу.

На хвіліну вачэй

Лена Пятроўна закрыць не магла.

Лена Пятроўна, як маці, была.

 

Лене Пятроўне

Хачу аднаго —

Заўжды быць к людзям уважнай такой.

Сёння

Ў падзяку за сына майго

Нізка схіляюся я перад ёй.

 

Сядзелі.

Хвалілі прытульны куток,

Доблесны подзвіг адданых людзей.

Пад раніцу зноў устрывожыў званок:

— Прасілі пад’ехаць

На роды хутчэй.

 

І вось развітанне.

Шмат добрых слоў

Лене сказалі ў апошні той час.

З больніцы ўсё ад’язджалі дамоў,

А Лена на працу —

Ў суседні калгас.

 

Дарога.

Ляшчыннік з бакоў. Арахі.

Дзе-нідзе выблісне рэчкі спіна.

Пыл узнімае

Арловец ліхі,

У Сёмкі, вядома, гамонка адна.

 

Лена глядзіць

У прастор палявы,

Бачыць краіны сапраўдны узлёт —

Дзе школа,

Дзе клуб, дзе млын паравы,

Дзе збудаваны цагляны завод.

 

Многа ўзнялося

Адноўленых сёл,

То на пагорку, то дзе над ракой.

Бальнічны участак

Тут, навакол,

Як па далоні увесь перад ёй.

 

Кожны павінен

Тут доўга пражыць,

Бо жыць — гэта сёння радасць адна.

Воін бароніць народ

На мяжы,

Тут абаронца народа — яна.

 

Дзе толькі хвароба

Ступіць к людзям,

Хай гэта будзе далёка ці збліз —

Доктар умомант з’явіцца там

З сумкай,

Дзе полымем значыцца крыж.

 

А думы ўсё далей

Лятуць, не стрымаць —

Праз годы яшчэ прыгажэй краявід.

Едзе.

Здаровыя. Хворых няма.

Знай адно радуйся,— ў шчасці жыві.

 

Едзе.

Страчае бадзёры народ.

Песня па сёлах ракою цячэ,—

Мала старэюць.

Пад шэсцьдзесят год

Бачыць яна ў карагодах яшчэ.

 

Ну, а пад сотню

Яны ўжо сталей,

Расказваюць ўнукам са шляху свайго.

Дзяцей, дзе ні глянь,

У кожным сяле,

Як быццам на градах маку таго.

 

Лена ўсё едзе.

Дарогі бягуць,

Вось ён і той, што патрэбен, калгас —

Рунь зелянеецца,

Хаты растуць,

Дзіця нараджаецца...

Хораша ў нас!


1949

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 2. Вершы, паэмы, 1941-1953.- Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 312-353
Крыніца: скан