epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Дума аб бессмяротнасці

І
ІІ
ІІІ


 

 

І

Палеткі ў сонечным убранні,

Між сосен вецер, што гусляр,

Мяне хвалюе заўжды ранне,

Нібы ў ім свет свой мые твар.

 

Я неба звон празрыста-сіні

Над зелянінай так люблю.

І вось я зноў у той мясціне,

Дзе ўпершыню стаў на зямлю.

 

Гляджу на ўзбуджаныя гоні,

Мінулых год вяду падлік,—

Інакшы рытм у працы сёння,

Матораў розных пералік.

 

Машыны ўсё ўзялі на плечы,

Вядуць усюды гоман свой...

І скрозь па-за рулямі дзеці

Бацькоў, што сохлі за сахой.

 

Бацькоў яны пераганяюць

У кожнай справе, з кожным днём...

А я пра тых успамінаю,

Каму мы ўдзячныя жыццём.

 

Пры абеліску пры высокім

Стаю, скуль зорка ззяе нам,

Каб перадаць паклон глыбокі

Сваім таварышам-сябрам.

 

А зорка гэтак прамяніцца

Барвовай,

чыстай раніцой,

Як паглядзіш — пад сонцам быццам

Наліта воінаў крывёй.

 

Яны ў сваёй зямлі ў спакоі

Ляжаць.

Жыццё ёй аддалі.

Я з вамі гавару, героі,

Калісьці разам мы раслі.

 

Кастрычнік даў нам змалку крылы,

На шлях далейшы ускрыліў.

Радзіма нас усіх вучыла,

З нас кожны ў справе майстрам быў.

 

Цяпер пад зоркаю агністай

Спіцё,

за волю змагары —

Настаўнікі, і трактарысты,

І кавалі, і цесляры...

 

I той,

хто цуд рабіў у садзе,

Хто пчаляром вядомым быў,

І проста тыя, хто ў брыгадзе

На працу розную хадзіў.

 

Яны загінулі ў змаганні,

Ім вецер рэквіем пяе...

Ляжаць там мсціўцы-партызаны,

Усе таварышы мае.

 

Ляжыць, на выбухі славутны,

З гадоў дваццатых камуніст —

Кузьма Пілюта. Даўпа чутны

Ва ўсім раёне трактарыст.

 

Аб ім жывуць паданні сёння;

Быў храбрым партызанам ён —

Варожых многа эшалонаў

Праз ночы скінуў пад адхон.

 

Усё жыццё быў працавітым,

Ды і загінуў як герой.

Ён, мост знішчаўшы, быў забіты

Па-над Ушачкаю-ракой.

 

Калі калгас распачынаўся,

«Фардзона» некалі вадзіў,

Дастойна і ў вайну змагаўся...

Устань,

Пілюта,

паглядзі —

 

Прайшла фашысцкая навала,

Жыццё інакшае ідзе...

Глядзі,

як твой унук удала

Па полю «Беларусь» вядзе.

 

Машыну гэтую прыкмеціш

Далёка ты,

не толькі збліз,

Ды гэты ж трактар,

знаны ў свеце,

Сягоння выпускае Мінск.

 

Цяпер наш трактар проста звычны,

Ды ўсе дзівіліся ў свой час.

Ты чуеш гул яго рытмічны,

Што далятае аж да вас.

 

Пры абеліску я чырвоным,

У гонар воінаў-бацькоў,

Гляджу на надпісы імёнаў,

Хто з грознай далі не прыйшоў.

 

Стаю, панікшы галавою,

І слова роздуму бяру:

— Я з вамі гавару,

героі,

Нібы з жывымі гавару.

 

Вы чуеце — гамоняць гоні.

Узняўся зноў наш родны дом.

Калі б усталі вы сягоння,

Сказалі б:

— Добра мы жывём!

 

Мы ўсё, як ёсць, адбудавалі —

Свой кут спрадвечны, баравы;

Мы так аддана працавалі,

Як працаваць хацелі вы.

 

Што зроблена — завём мы рунню,

Яшчэ вясновы наш паход,

І Ленін наш — ён вечна юны,

Хоць яму сёлета — сто год.

 

Ён заўжды,

скрозь

з працоўным людам,

На бой астатні іх узняў,

Ён тут між нас і ён усюды,

Яму на свеце многа спраў.

 

Ён на вякі дарогі значыць,

Яго заўсёды верны шлях,

У час цяжкі баёў гарачых

На баявых ён быў сцягах.

 

Ён вас ніколі не забудзе,

Ён рады вас усіх вітаць —

Вы ўбілі кол фашызму ў грудзі

Насмерць.

Хоць ён спрабуе ўстаць.

 

Дарма!

Яго падолеў вызнаць

У свеце кожны ўжо народ.

Прайшла мяжа сацыялізма —

Удаль на захад і на ўсход.

 

Хоць шмат яшчэ брахні атрутнай

На нас спрабуюць выліваць,

Ды пене іх агідна-бруднай

Магутнай плыні не стрымаць.

 

Мы ж моц сваю яшчэ патроім,

Заўсёды з намі — маладосць!

Я з вамі гавару, героі,

Што мы на варце ўсе, як ёсць!

 

 

ІІ

Паўдзён. Я зноў пры абеліску,

Бо сэрца прывяло да вас,—

Да вас, мне родных, шчырых, блізкіх,

Звяртаюся. Мне чуць адказ.

 

Не скончыў з вамі я гаворкі,

Калі прыходзіў раніцой.

Цяпер паўдзён. Над вамі зорка

Здаецца ярка-залатой.

 

Яна з дзяцінства сустракае,

Пасля вядзе ў далёкі шлях,—

Гарэла некалі такая

У вас, між боек, на грудзях.

 

А вось цяпер яе найболей

Людзям за працу выдаюць...

Паўдзён ужо.

Чутно, як з поля

Усе на полудзень ідуць.

 

Каго вязуць дадому МАЗы,

Чакае іх жаданы дом.

Другім прывозяць, што ўсе разам

Палуднуюць сваім кружком.

 

А што ёсць лепш за круг сяброўскі,

Які прысядзе адпачыць...

А я гляджу — Ягор Макоўскі,

Ён паміж іх павінен быць.

 

Жартаўніком жа быў бясконцым,

Казалі:

— Ну й хлапец — арол!..

Аб’ехаў на паўтаратонцы

Усю акругу навакол.

 

Здавалася, не ведаў зморы —

Хоць суткі не заплюшчыць воч,—

Усе дзівіліся з Ягора,

Што за рулём і дзень і ноч.

 

Калі ж Макоўскі партызаніў,

Няхай хадзіў ён пехатой,

Яму ад рання і да рання

Тым больш нязнаны быў спакой.

 

Скрозь партызанская брыгада

Наводзіла на катаў жах,—

Ягор быў першым у засадах

На ўсіх дарогах і шляхах.

 

За гора роднай Беларусі

Вёў,

помсцячы,

рахунак свой,

Але аднойчы не вярнуўся

Ён з аперацыі адной.

 

І я, прыйшоўшы, па-сяброўску

Кажу яму:

— Герой-арол,

Устань, Ягор!..

Устань, Макоўскі,

Прыгледзься добра навакол.

 

Прыслухайся —

нібы варкуе

Матор на наш увесь калгас;

Ды гэта ж сын твой меншы, чуеш,

Павёў кудысьці дужы МАЗ.

 

Машынай можна ганарыцца,

Яна не знае перашкод.

Ды гэта ж, ведай, Мінск-сталіца

Іх вырабляе колькі год.

 

І гідрастанцыі краіны

Сягоння дзякуюць ім шмат,

Дзе клаўся ў дужыя плаціны

І беларускі наш уклад.

 

Будуем мы свой кут бацькоўскі,

І справа ў радасных руках.

Ты паглядзі, Ягор Макоўскі,

Якая школа!..

Што за гмах!..

 

Паміж вясковых ніў, сялібаў

Такою школа не была —

Высокі дах, па сажню шыбы,

У кожным класе шмат святла.

 

А вунь далей, вунь побліз лесу,

Узняўся за апошні час

Будынак у абдымках бэзу...

Ды гэта ж сад дзіцячы наш.

 

Кіруе дзецьмі там другая,

А мы з часоў вайны цяжкой

Аб партызанцы ўспамінаем,

Аб партызанцы-сувязной,

 

Што да вайны калісьці ў садзе

За выхавальніцу была —

У партызанскай жа брыгадзе

Разведкаю дапамагла.

 

Яна была — само бесстрашша,

Між куль хадзіла па начах.

Яе ж павесілі, спаймаўшы,

Ля роднай хаты ўсім на страх.

 

Я слову, што хачу прамовіць,

Кажу:

— Ты Раю абудзі!..

Устань жа, Рая Галубковіч,

Устань жа, Рая, паглядзі!

 

Вунь колькі іх,

маленькіх,

мілых,

Бы кветнічак жывы гудзе,—

Адна з малых, што ты вадзіла,

Цяпер ужо другіх вядзе.

 

Мы рады,

шмат іх паўзрастала,

Як быццам кветак веснавых...

Ты ім жыццё ахвяравала,

І сёння ты жывеш між іх.

 

І я хілюся галавою

Да вас, як да сяброў сваіх:

Я з вамі гавару, героі,

Здаецца, бачу вас усіх.

 

У час, як смерць над светам вісла,—

Збавіцелі вы ўсёй зямлі.

Здаецца, бачу тых, што з Віслы,

З Дуная,

Шпрэе не прыйшлі,

 

Мы помнім іх і заўжды шчыра

Успамінаем, дзе яны,—

Яны ляжаць на варце міру...

А іх ахоўваюць сыны.

 

А іхніх спраў і думак крылы

Высока рушылі ў палёт,

Бо з намі Ленін —

поўны сілы,

Хоць яму сёлета сто год.

 

І сёння скрозь — усе краіны

Пераканаў вялікі плён —

Паўдзён Савецкае айчыны,

Здзяйсненняў ленінскіх паўдзён!

 

ІІІ

Я вечарам сустрэўся з вамі,

Пакуль няма бліскучых зор,

Ён прыкрывае, што сцягамі

Чырвонымі, зялёны бор.

 

Туман прыўзняўся над ракою.

Спачыць збіраецца калгас.

А я да вас прыйшоў, героі,

У гэты вечаровы час.

 

Зямлі айчыннае дазорцы,

Далі вы нелюдзям урок.

Стаю ізноў пры вашай зорцы,

Што як чырвоны аганёк.

 

Агні ўсіх хутка пасклікаюць.

І птушкі ўжо імкнуць да гнёзд.

А я цябе прыпамінаю,

Стары пчаляр Мікола Дрозд.

 

Было яно вайной.

Уночы

У вёсцы фрыцы загулі —

Так да цябе ў твой дом аднойчы

На аганёк яны прыйшлі.

 

Пра мёд дазналіся дакладна,

Давёў ім паліцай-жандар;

Спыталі быццам далікатна:

— Ану, дай мёду, гер пчаляр.

 

Пра шынку павялі развагі,

Пра агуркі,

пра іх засол...

Яны ж паклалі для павагі

Бізун і пісталет на стол.

 

І ты, як мог,

гасцей забавіў,

З пашанаю падносіў сам.

Ды што казаць — усё паставіў,

Як добрым некалі людзям.

 

І фрыцы прагна пілі, елі,

І хтосьці «Гітлер хайль» крычаў,

Але як трэба пахмялелі.

Такую ты закуску даў,

 

Што ад таго твайго частунку

Ім мала што дапамагло б.

Раўлі жахліва:

— Гвалт!.. Ратунку!..

Ды вочы вылезлі на лоб.

 

Ты вызначыў для іх дарогу,

Як злосным трутням, чорнай тлі,

А сам уцёк.

Ды ненадоўга.

Цябе эсэсаўцы знайшлі.

 

Ты смела стрэў канец гвалтоўны,

З пятлёй, на ўласным жа двары...

Ты спіш, Мікола Дрозд шаноўны,

Паміж сваіх, пчаляр стары.

 

Устань жа, глянь на край вясёлы,

На свой ізноў абжыты кут.

Ты паглядзі, што нават пчолы

Цябе наведваюць і тут.

 

Ніводзін вулей не пакінуў

Цябе.

Працуе дацямна.

І кожны іх палёт пчаліны —

Нібы звінячая струна.

 

А пасека цяпер такая,

Што йдзе рашуча навырост,

А твой заступца ўспамінае

Пра вас усіх,

Мікола Дрозд!

 

Мы з вамі ўсёю грамадою.

Мы з вамі кожны, кожны дзень.

Схіліўся я пры вас,

героі,

І мой схіліўся доўгі цень.

 

Ужо і вечар травы росіць.

І сонца жухне, не пячэ,

Хоць на вяршынях гонкіх сосен

Яно гушкаецца яшчэ.

 

Ды праца скончана сягоння,

Хай цемра між ялін густых,

Ды з клуба светлага гармонік

На вечар кліча маладых.

 

І клуб з вучобай і з гульнёю,

Як муравейнік той жывы...

Я з вамі гавару, героі,—

Усё заваявалі вы.

 

На абеліск кідаю вока,

Дзе землякоў імёнаў шмат,

Што не прыйшлі з франтоў далёкіх...

Між іх —

Янута Беласад.

 

Наканавала табе доля

Быць пехацінцам між байцоў.

Ты дома працаваў на полі,

Пяшком палі вайны прайшоў.

 

Ты, як прыпала, харчаваўся,

Хоць пот не пакідаў твой лоб.

Ды ўсё прайшоў-прапоўз, прарваўся,

Прабег з акопа ды ў акоп.

 

Ты здолеў у Берлін дабрацца

Адным з найпершых, Беласад,

Хоць на рэйхстазе распісацца

Табе не выпала, салдат.

 

Ты паў у логаве разбою,

І хай рэйхстага не дапяў —

Скрозь распісаўся ты крывёю,

Па ўсёй зямлі, што вызваляў.

 

Калі ў Берлін я прыязджаю,

Дык, сэрца здзейснячы наказ,

У Трэптаў-парку пазіраю

На помнік.

Быццам ты якраз!

 

Я добра ведаю і месца,

Дзе пахаваны ты ляжыш,

Ды мне ж усё,

усё здаецца,

Што з дзіцем гэта ты стаіш.

 

Тваё імя я тут чытаю,

Дзе разам мы з табой жылі,—

Мы славім вас і ўспамінаем,

Дзе б вы далёка ні былі.

 

Хто ўспамінае бацьку, сына,

А хто братоў, сясцёр сваіх...

А колькі іх па ўсёй Айчыне,

Такіх узгоркаў дарагіх,

 

Якія ў гонар родных, блізкіх

Узняў савецкі чалавек,

Дзе запісаны ў абелісках

Імёны вашы ўсе навек.

 

Мы славім вас,

хто ноч развеяў,

У неўміручасці імён,—

Хто ля Дуная паў, ля Шпрэе,

Хто дома нёс фашыстам скон.

 

Мы славім

плёнам працавітым,

Паверхам, што ўзвышае дом,

Мы славім

коласам налітым,

Паэм узбуджаным радком;

 

І новай домнай,

так нагрэтай,

Што выплаўляе сталь як след,

І той касмічнаю ракетай,

Што раскрывае нам сусвет;

 

Усім,

здабытым сёння намі,

Зрабіць што здолеў чалавек,—

Пустынь зацвіўшымі садамі,

Плацінамі магутных рэк;

 

Машын бясконцай чарадою,

Чароўнай мастака рукой,

А найгалоўнае —

сваёю

Крыштальна чыстаю душой.

 

Мы чвэрць стагоддзя вольна сеем.

Як наша зернета ўзрасло!

Стаю пры вас.

Ужо цямнее.

На захад сонца паплыло.

 

Яно ж на сілу не слабее,

Пайшло ў далейшы кругаход...

Так наш і Ленін — не старэе,

Хоць яму сёлета сто год.


сакавік 1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 4. Вершы, паэма 1965-1972.- Мн.: Маст. літ., 1989. - с. 497-508
Крыніца: скан