epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Голас сэрца

І
ІІ
ІІІ
IV


 

 

Памяці маці маёй

 

 

І

Думаў я, пройдуць зімы і вёсны,

Сціхне ў грудзях маіх боль невыносны,

 

Сэрца забудзе часіну цяжкую...

Боль не сціхае. Маўчаць не магу я!

 

Я ўсхваляваны, узрушаны й сёння.

Маці, адна ты, а вас жа мільёны.

 

Зніклі вы ўсе ў непраглядныя ночы...

Помню, хадзіў я увосень аднойчы,

 

Поўнымі гора, пакуты вачыма

Клікаў цябе між дратоў Асвянціма.

 

Толькі вятры мне адказвалі гулам,

Як ні гукаў я,— ты не пачула.

 

Шыбы ў бараках былі ледзянымі,

Мулкія нары стаялі пустымі.

 

Глянуў я ў карцэр — таксама нікога.

Дыхала стынню з цэменту падлога.

 

Нават наручнікі моўчкі ляжалі,

Быццам па целе людскім сумавалі.

 

Маці! І тут табе быць давялося,

Колькі тваёй тут крыві пралілося.

 

Знаю, ў жалезе былі твае рукі —

І гэта і гэта не ўсе яшчэ мукі...

 

Хай бы лепш сэрца не чула, не знала,

Што мне адна паланянка сказала.

 

Ціхай, знявечанай і ледзяною

З часу таго ты стаіш прада мною,

 

З болем, што сэрца маё не пазбудзе,

З нумарам, што прапаліў мае грудзі.

 

Узімку, як снежныя ветры кружылі,

Каты тваю галаву агалілі

 

І на прамерзлы, лядовы дзядзінец

Вывелі босай ў сарочцы адзінай.

 

Падала. Білі раз’юшана боты.

А знепрытомнела — пала, а потым...

 

Шмат валасоў я жаночых пабачыў,

Горы ўзвышаліся іх, не іначай —

 

Светлыя, чорныя і агнявыя,

Цьмяныя, з попелам, часта сівыя,

 

Былі, што й колеру нельга адзначыць,

Былі, што лянок пяшчотны, дзіцячы...

 

Маці, тваю там няшчасную долю

Бачыў, цябе ж знайсці я не здолеў.

 

Што між барханаў пустэльні пясчынка,

Ты ў такім моры не больш, як слязінка.

 

Там жа плач матак сабраны са свету...

Як жа забыліся хутка пра гэта!

 

Шмат каму мусіць яно прыгадацца,

Як з валасоў тых рабілі матрацы.

 

Дзе ж яны, што карысталіся імі?

Многія ходзяць сягоння жывымі.

 

Як жа яны, крыважэрныя, спалі,

Спалі на слёзах людскіх, як на хвалях?

 

Выйшаў. Ад болю пачаў я хістацца,

Чорныя коміны ўбачыў на пляцы,

 

Быццам што чорныя здані якія,

Памочнікі катаў, каты нямыя.

 

Колькі крыві на іх з дымам асела,

Колькі жыцця цераз іх праляцела...

 

Колькі вачэй, і сястрыных і братніх,

На іх паглядала у час свой астатні.

 

Ведалі, пэўна, старыя, малыя —

Шлях свой праз чорныя коміны тыя.

 

Выгляд іх чорны звяроў не трывожыў.

Думка жывых пагадзіцца не можа.

 

Тады, як у печах людзі каналі,

Гралі аркестры і каты скакалі,

 

Ведзьмы у спадніцах дарылі ім ласкі,

Бразгалі чаркі, кубкі з шампанскім.

 

І ў задаволенні рэдкасным балем

Рот да вушэй раздзіралі там «хайлем».

 

Зноў падступаю да комінаў грозна...

Ды з нежывымі спрачацца няможна.

 

Дык як жа знайсці нам катаў на свеце,

Тых, што скакалі ля вогнішчаў смерці?

 

Сэрца ахутала болем трывога.

Маці гукаў я... Нідзе і нікога...

 

Многа хадзіў я там па сцяжынках,

Можа, з’яўлялася ты мне пылінкай,

 

Што майго вока кранулася, тою,

Той, на якую азваўся слязою.

 

Можа, дзе там, на зарослых палетках,

Ты на мяне узіралася кветкай,

 

Кветкай, што быццам слязой налілася,

Тою, што з сэрца твайго узнялася.

 

Маці! Я з болем глядзеў на палетак,

Колькі вас, колькі загубленых кветак,

 

Колькі дзе згінула вас, невядома,

Колькі дагэтуль чакаюць вас дома.

 

ІІ

Я ж і дагэтуль спакою не маю,

Часта я, часта дамоў наязджаю.

 

Сэрцам хаваю адну спадзяванку:

Можа, сустрэнеш, як раней, на ганку,

 

Скажаш: — Як ты без мяне там гаруеш?

І са слязой, як заўжды, пацалуеш.

 

Досыць мне ростані, родная, досыць.

Што ты загінула,— можа, здалося.

 

Сенцы адчыніш, паклічаш у хату.

Можа, й не быў я ў тым месцы праклятым,

 

Дзе ты збылася ў пакуце пякельнай...

А каля печы зазвоніш патэльняй

 

Ды за сталом, за абрусам бялюткім,

Будзеш расказваць навіны ціхутка.

 

Лягу з дарогі, а ты пры мне сядзеш,

Сядзеш, маю галаву ты пагладзіш,

 

Скажаш: — Які ж ты, які ж ты сівенькі...—

А я прыгадаю, як быў шчэ маленькім,

 

Нашу старую, нізенькую хатку,

Ранне, калі ты пякла нам аладкі,

 

Полудзень з поліўкай, з кашаю ячною,

Потым вячэру з бульбай смачною,

 

Казку, якая дагэтуль мне сніцца...

Не, мне ніколі таго не забыцца,

 

Як ты спявала, як прала, як жала,

Як шыла кашульку, як вышывала,

 

Як пахлі рукі твае лебядою,

І хлебам жытнёвым, і сырадоем...

 

Як яны нас абдымалі і грэлі,

Як твае вочы ласкава глядзелі...

 

Маці, прыехаў, цябе я гукаю.

Ты ж не выходзіш, бо ява такая,

 

Што сілы няма яе перайначыць.

Ніколі цябе я больш не пабачу.

 

Віхуры вайны даўно адшугалі,

У тых, хто вярнуўся, хаты пасталі.

 

На месцы ж даўнейшай нашай хаціны

Толькі зарослы падмурак адзіны,

 

Ды поблізу ганка сінім аблокам

Бэзавы куст высокі, шырокі,

 

Здаецца, ўзляціць, уздымаючы крылы..

Гэта яго ты без нас пасадзіла.

 

Ён уцалеў ад навалы-пажару.

Вярнуўся і я. А ты ж — толькі ў марах

 

Мне бэзавы куст як быццам гаворыць,

Як ты тут жыла у бядоце, у горы,

 

Як на світанні уранку ўставала,

На ўсход паглядала, нас ты чакала,

 

А мы былі дзесьці ў полымі бою.

Ты ж заставалася ў хаце адною.

 

Боязна ў час той ў спусцеўшае хаце,

Хто ж табе, маці, памог у няшчасці?

 

Не, не заціх твой у сполаху ганак,

Сталі сынамі ў цябе партызаны.

 

Хай ты пісанага слова не знала,—

Чыстую праўду ты сэрцам чытала,

 

Ты з партызанамі, з чорнай аблогі

Разам шукала да волі дарогі...

 

Стрэў брыгадзіра я, дзядзьку Ісая,

Ён аб тых днях, пра цябе ўспамінае.

 

Ў шэрае світцы — простым мундзіры

Быў брыгадзір наш тады камандзірам.

 

Быў яго дом пад сасной і пад грабам,

Не раз і ў цябе ён спыняўся са штабам.

 

Не раз ты шаптала ім пры лучынцы,

Як лютавалі ў акрузе чужынцы,

 

Абвязвала раны белай хусцінкай,

Дзялілася з імі хлеба скарынкай.

 

Зваў жа Ісай цябе мацяю добрай,

Быў жа Ісай камандзірам харобрым.

 

Дзе ні пакажацца,— ў трасцу кідала,

Ад радавога да генерала.

 

Дзе ён з арламі сваімі спыняўся —

Волі агеньчык да неба ўздымаўся.

 

Вёскамі, сёламі, ўсімі шляхамі

Ўспыхвала помста ўвысь аганькамі,

 

Чырванню над небасхілам лілася,

Покуль ў суцэльны пажар не сышлася,

 

Покуль не зведаў пракляты чужынец,

Што спапялець яму ў гэтай краіне.

 

Маці! А з нашае роднае хаты

Іскраю яркай, маленькай была ты,

 

Іскрай, што родным, як светач, свяціла,

Іскрай, што набрыдзь-чужынцаў паліла,

 

Што прывяла акупантаў да скону...

І ты ёй была, адной між мільёнаў.

 

Маці, мінулі пакутныя ночы,

З тым, што няма вас, мірыцца не хочам.

 

Толькі адно супакойвае ў жалі,

Што нездарма вы жыццё аддавалі.

 

Каб ты магла як узняцца з пылінкі

І каб з’явілася хоць на часінку —

 

Ўбачыла б край свой у яркім цвіценні,

Ўбачыла б новыя ты пакаленні.

 

Сонечны ранак над хатамі грае.

Ты б не пазнала сягоння Ісая —

 

У брыгадзіра няма аўтамата,

Качак гадуе Ісай, куранятаў...

 

Гэтая праца Ісаю так люба,

Кожнаму ледзь не цалуе ён дзюбу.

 

Каб жа на нашу зямлю не напалі,

Ягоныя б рукі зброі не зналі.

 

Катаў не знішчыш рукамі пустымі.

Шкода вас, родных, загубленых імі.

 

І маці мне кажа, так мне здалося:

— Досыць па нас вы паплакалі, досыць.

 

Шануйце, пільнуйце, што збудавалі,

Каб болей пакутаў людзі не зналі.

 

Словы яе ўсхвалявалі глыбока,

Думка мая сіганула далёка.

 

Што гэта? Фюрэра дух апантаны?

Зноўку вайсковыя б’юць барабаны.

 

Зноўку па пляцы за ротаю рота,

Тупат і грукат ад кованых ботаў.

 

Трубяць фанфары, і б’юць барабаны,

Чорная свастыка зноўку ў пашане,

 

Цягнецца к горлу людзей прагавіта,

Хай сабе сцягам інакшым прыкрыта.

 

Выпаўзлі з пораў «героі» былыя,

Крык звар’яцелы напоўніў піўныя,

 

Прагна яны паглядаюць да ўсходу,

Фюрэра славяць, завуць у паходы,

 

Прагнуць крыві іх драпежныя рукі,

Мала, напэўна, было ім навукі.

 

Кружаць галовы ім збродныя мары,

Іх не кранаюць мільёны ахвяраў,

 

Іх не ўстрывожыла, не засмуціла,

Што за плячамі магілы, магілы...

 

Кожны з іх любіць толькі самога,

За чалавека не лічыць другога.

 

Канцлер на розум не вельмі, ды ўпарты,

Ён папярэдняга канцлера варты.

 

Канцлеру даўняй вялікасці шкода,

Кліча салдатаў за Нэйсэ і Одэр.

 

Зноўку бароны высоўваюць шыі,

Сняцца ім, сняцца палацы былыя,

 

Сняцца ім замкі, дзе вежы з арламі,

Сняцца маёнткі з былымі рабамі.

 

Хочацца светам валодаць сягоння.

Б'юць барабаны вайсковыя ў Боне,

 

Мчаць па шляхах ашалелыя танкі,

Цешацца гэтым цыбатыя янкі,

 

Шлюць самалёты для практыкі лётнай,

Шлюць і ракеты з начынкай смяротнай.

 

Прагнуць ракеты людское загубы,

Хіжа свае панацэльвалі дзюбы,

 

Злосна гарматы наставілі жэрлы,

Толькі пусціце,— усё б яны зжэрлі.

 

Крывавай, крывавай прагнуць работы

Іх мінамёты, іх кулямёты...

 

Так нечакана успыхваюць войны.

Людзі! Не можам глядзець мы спакойна.

 

Бачыце, як ланцугі вам куюцца,

Помніце Фучыка: «Пільнымі будзьце!»

 

Многім з бядой давялося сустрэцца,

Грукае кожнаму попел у сэрца.

 

Ці мала, ці мала на горкай дарозе

Мы рассыпалі крывавыя слёзы?

 

Помніце, як захлыналіся ў дыме,

Помніце, як засыпалі жывымі?

 

Могуць забыцца адны толькі здрайцы,

Як з-пад зямлі шавяліліся пальцы,

 

Як кулакі яны моцна сціскалі,

Што за наказы яны нам давалі?

 

Чуеце — вораг узняўся, адужаў,

Ён не збіраецца несці вам ружы.

 

Яго падбіваюць, хціва смяюцца.

Помніце, людзі,— пільнымі будзьце!

 

Хто яму значыць дарогу такую?

Сэрца — у гневе, маўчаць не магу я!

 

ІІІ

Шмат паблукаў я, паездзіў па свеце,

Многа ў жыцці я пабачыў і стрэціў.

 

Быў я, дзе сонца пячэ уладарна,

Быў я аднойчы за кругам палярным,

 

Быў, дзе красуюцца пальмы, платаны,

Быў я далёка па-за акіянам.

 

Знаю, што гэта адкрыццём не будзе —

Вайны не жадаюць простыя людзі.

 

Маглі б спаць спакойна дзеці малыя,

Бяда, што пануюць людзі другія,

 

Тыя, што кроплі не зведалі гора,

Седзячы недзе далёка за морам.

 

З рэчкі, што кроўю цякла налітая,

Ім ручаінка плыла залатая.

 

Іх не змушае вайна хвалявацца

Болей, чым кроў на парэзаным пальцы.

 

Войны ім — толькі карысная справа,

Толькі нажыва і толькі забава.

 

Покуль жа будзе такі хоць адзіны,

Людзі сусвету маўчаць не павінны.

 

Яго б адвучыць ад намеру дурнога,

Ўсім напаказ вадзіць бы такога,

 

Дзе жахаў былога руіны відны,

З дашчэчкай на грудзях, што хоча вайны.

 

Людзі! Ёсць многа, што прагнуць разбою,

Нельга сягоння сядзець у спакоі,

 

Нельга казаць так: «Абыдзецца неяк»,

Покуль ракеты не ўзнімуцца з рэек...

 

Так памыліцца да гібелі можна,

Войкнеце потым, ды будзе запозна.

 

Што ж мяне гэтак хвалюе сягоння?

Прыгожы Патомак у Вашынгтоне

 

Хвалі зялёныя ціха гайдае.

Помнік Лінкольну на іх паглядае,

 

Ён над Патомкам ўзняўся удала.

Што ж на другім яго беразе стала?

 

Што за будынак, суровы па модзе?

Людзі імкнуцца яго абыходзіць.

 

Вось ён і ёсць, дзе рыхтуюцца войны,

Дарма, што гучна завуць Пентагонам.

 

На Арлінгтон узіраецца пільна —

Бог там яго пад плітою магільнай.

 

Ён, праўда, на шчасце, не зварухнецца,

Богам ягоным — Далес завецца.

 

Бога такога не пусцяць да раю!

Не, Пентагон — не Амерыка, знаю.

 

І сэрца маё ніяк не забудзе —

Ёсць у Амерыцы добрыя людзі,

 

Тыя, што ў працы цяжкой на заводзе,

Тыя, што трактар палеткамі водзяць.

 

Тыя, што сеюць разумнае слова,

Што ў кабінетах сядзяць навуковых,

 

Тыя, што працы адданыя шчыра

І так, як і мы, дбаюць аб міры.

 

А ёсць, што завём мы зграяй ліхою,

Што пагражаюць знішчальнай вайною.

 

Яны не слабыя, хай іх і мала,

Яны мільянеры і генералы.

 

Што ж іх так цягне, так цягне да бою?

Грошы і зброя, грошы і зброя.

 

Грошы заўжды павялічваюць зброю —

Растуць генералы — далараў героі,

 

Зброя заўжды павялічвае грошы —

Грабуць мільянеры золата коўшам.

 

Бомбы не нішчылі іхнія хаты,

Каты не стрыглі сясцёр іх і матак,

 

Не гналі да печы з іх вязняў панурых

І не рабілі пальчатак са скуры.

 

Калі ж каму сёння хочацца бою,

Людзі, параім зрабіць ім такое —

 

Усім, хто да бойкі вельмі імкнецца,

Даць дзесьці выспу пустэльную ў свеце.

 

Даць ім пячоры, даць сутарэнні,

Даць ім у рукі дубіны й каменні,

 

Хай, не зважаючы рангаў і звання,

Б'юцца ў ахвоту ад рання да рання,

 

Адзін па другому і ў злосці і ў поце

Хай там малоцяць, хай там малоцяць...

 

Тым, што абрыдне вось так забаўляцца,

Можна параіць заняцца і працай.

 

Ды гэта лятункі, нязбытныя мары...

Бяздзейнасці нам не даруюць ахвяры.

 

Прэч абыякавасць! Зрабіць мусім самі.

Кажуць, што кропля пакрышыць і камень,

 

Мы паяднаемся — моц узрастае,

Мы — гэта камень, іх — кропля малая.

 

Калі ж гэта кропля атрутай нальецца,

Каменю кроплю знішчаць давядзецца.

 

Трэба адрэзаць дарогу для войнаў,

Каб чалавецтва магло жыць спакойна.

 

 

IV

Нішчыць нікому не дадзена права.

Людзі, а колькі у нас яшчэ справы,

 

Справы, каб гора не ведалі людзі,

Справы, каб гора не кратала грудзі.

 

Калі мы наперад думкай ляцелі,

Калі за вякі мы паразумнелі

 

І на зямлі ёсць куточкі ўжо раю,

Калі мы на Месяц пэўна сігаем,

 

Калі, як жывыя, птушкі-ракеты

Лятуць над усёю нашай планетай,

 

Калі так узняўся спрыт чалавечы,—

Чаму б не дадумаць простае рэчы,

 

Каб сэрцы не пазбаўляліся жалю,

Адзін каб другога не забівалі.

 

Трэба з вар’яцтва такога нам выйсці:

Клыкі ў звярыны і вострыя кіпці.

 

А колькі атруты, згубы і здзекаў,

Колькі надумана на чалавека?

 

Досыць нам войнаў, пакутаў і смерці,

Давайце лепш глянем, што робіцца ў свеце.

 

Многа балотаў, пустэльняў бязводных,

Многа без вопратак, многа галодных,

 

Колькі без лекаў пакутліва стогне,

Колькі не маюць павязкі на сцёгны,

 

Колькім цвіка нат няма на патрэбу,

А колькім страхою — адзінае неба.

 

Многа нямытых, у брудзе, у гною,

Многа працуе — дзіцё за спіною.

 

Многа, што радасці ў свеце не знаюць,

Так і не зведаўшы шчасця, канаюць.

 

Скрозь па зямлі, на розных дарогах

Ёсць іх, на гора, яшчэ вельмі многа.

 

Мы мусім даць раду сваімі рукамі,

Калі ў нашых грудзях сэрца, не камень.

 

Давайце збудуем добрыя хаты

Заместа ракет, заместа гарматаў,

 

Давайце ж бальніцы, школы памножым

Заместа знішчальнікаў і бамбавозаў.

 

Хопіць работы адважным і смелым,

Хопіць для чорных, жоўтых і белых!

 

Будзем падмуркі і цэглу мы класці,

Каб на зямлі людзі зведалі шчасце.

 

Лепей на кветку ўглядацца малую,

Чым на гармату найболей цяжкую.

 

Лепш самалётам нам лётаць у госці,

Чымся знішчаць дзесь жывога кагосьці.

 

Хай над забойцамі віснуць праклёны...

Маці! Адна ты, адна між мільёнаў.

 

Чорныя коміны вас пахавалі,

Мы ж вас дадому заўсёды чакалі.

 

Вы гадавалі, вучылі на тое,

Каб мы заўсёды любілі жывое.

 

Маці! Каб глянуць магла ты вачыма,

Каб жа ты знала, што ў нас на Радзіме!

 

Збожжа ўздымаецца быццам гарою,

Пчолы на дрэвах за роямі роі,

 

З возерам рэчка, здаецца, гамоніць,

Жаўра на небе шархоткамі звоніць,

 

Шэпат вішнёвы пры кожнае хаце,

Кветак вачыма глядзяць сенажаці.

 

Бусел клякоча, сказаць нешта хоча,

Трактар узбуджана дзесьці грукоча,

 

І адгукаецца з новай запруды

Станцыя роўным, размераным гудам.

 

Дапытна глядзяць дзяцей вачаняты,

Большае ў гнёздах малых птушанятаў,

 

А на ўзышоўшых нядаўна дубочках

Быццам хто выразаў спрытна лісточкі.

 

Цераз палеткі, лясы і разлогі

Ва ўсе канцы свету леглі дарогі.

 

Дзе ж я ні ездзіў, а ездзіў багата,

Бліжай дарога да роднае хаты.

 

Вольна ў нас дыхаюць вольныя грудзі.

Маці! Пакутных мы вас не забудзем,

 

Помнілі ў горы і ў радасці помнім —

Помнік на ўзгорку ля вёскі сягоння.

 

З каменю нашага ён збудаваны,

Там стаяце на ім вы, партызаны.

 

Сцяг на тым помніку горда лунае,

На ім камандзір, як быццам Ісая.

 

Побач, нацэліўшы ўдаль аўтаматы,

Нашыя хлопцы і нашы дзяўчаты.

 

Маці. І ты там хусцінку ўздымаеш,

Быццам адтуль на мяне паглядаеш.

 

Погляд вачэй тваіх добра вядомы,

Ты заклікаеш з дарогі дадому.

 

Маці! Мы кажам, былыя салдаты,—

Ворага болей не пусцім да хаты.

 

Сёння імкнёмся насустрач мы зорам,

Сёння не стрэльбамі ў свеце гаворым,

 

З сэрцамі сэрцы ўзнімаюць размовы.

Сёння магутныя нашыя словы

 

Скрозь над зямлёю праменнямі свецяць:

— Мір ва ўсім свеце! Мір ва ўсім свеце!


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, паэмы, 1954-1964.- Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 411-425
Крыніца: скан