epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Як ліст дубовы...

Не страшна мне

Ні твань, ні багна,

Ані віхуры гул і свіст -

Я за жыццё схапіўся прагна,

Як за галлё

Дубовы ліст.

 

Па восені,

Мядзяны, дужы,

Між хмурай стыні ён гарыць...

Трасуць яго вятры і сцюжы,

А ён адно ў адказ -

Звініць.

 

Калі зімой

Мятлюга грае

І злосна шчэрыцца мароз,

Ён, як далонню, прыкрывае

Галінку тую,

Дзе прарос.

 

І толькі ў ясны дзень

Вясновы,

Калі красуе ўсё вакол, -

Перад лістком зялёным, новым

Ён ціха падае

На дол.

 

1956

 


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, паэмы, 1954-1964.- Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 43?
Крыніца: невядомая