epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Ясны кут

 

Я прыйшоў і ля дрэўца стаю.

Гэты клён

Той вясной я знайшоў у гаю,

Адкапаў там ашчадна,

Прынёс,

Пасадзіў у садку, каб ён рос,

Каб ён цешыў сялібу маю.

З той пары

Ён мой сон, ён мой дом;

Гэта ён мне шырокім лістом

Гаманіў над шпітальным акном

І ў бяссонных пакутных начах

Мне ратункам стаяў у вачах.

Я падняўся. Прайшоў між завей,

Я вярнуўся да родных мясцін.

Клён на тры ўжо калены вышэй,

Толькі ж я тут хадзіў не адзін.

Дзе ж ён той,

Што мяне забаўляў,

Што мне несці цябе пасабляў,

Мой сынок

Васілёк?!

 

Тут вясна,

Тут святло,

Тут жа сіняе неба, як шкло,

Тут крыніцы, як срэбра, відны,

Толькі ў вочах маіх туманы.

Я не чую,

Не бачу зялёных бяроз,—

Мае вочы аслеплі ад слёз,

Паміж чорных абвугленых дрэў,

Мне здаецца, я сам спапялеў.

Толькі ты ўсё шуміш,

Мной пасаджаны клён,

Я ж не бачу сялібы,

Ні ціхіх акон.

Мне яны не раскрыліся радасна ў хаце,

Не пабачыў я там сваю маці

На прыпірышчы сумным сваім.

Я малым стаў,

Малым.

Я гляджу на дарожны пясок,—

Сын мой, сын,

Васілёк!

 

Я знямелы стаю да цямна

І шукаю сляды, дзе яна?

У палях, у жытах за сялом,

Хто ж устаў там з бліскучым сярпом?

Хто там жніўную песню пяе?

Я маленькім ляжу ў таганах,

Я ўстаю і на голас яе

Першы раз па іржышчы іду

Ў свой далёкі, няскончаны шлях.

А цяпер

Я стаю і гляджу

На сухі на дарожны пясок.

Ўжо вечар. З-пад рэчкі, з асок

Рассцілаецца коўдрай туман.

Сын мой, сын,

Васілёк!

 

А цябе ўсё няма,

І няма маёй маці.

Між бароў, між лясоў

Я ж цябе, быццам кветку, знайшоў.

Мне нацешыцца дня было мала,

Так яна і мяне даглядала,

Ад вятроў, ад дажджоў

У хусціне ля сэрца трымала.

Не спала.

Колькі ночак да самага ранку

Прастаяла яна з калыханкай,

Сагравала мяне ціхім сном,

І паіла мяне малаком,

І ў жыцці мне заместа вясла

Свае словы і песню дала,

Каб знаходзіў дарогу здалёк

Я заўсёды у матчын куток.

Сын мой, сын!

Васілёк!

 

Я вярнуўся з адбітай рукой.

Я стаю. Ужо ноч нада мной.

Папялішчы ахутаў туман...

Вас няма!

Як спяшаўся я трапіць сюды!

Па-за мною ляжаць гарады,

І палеткі ў крыві,

І зямля, што казала: жыві!

Ты йшчэ прыйдзеш дамоў.

Я па трупах фашысцкіх ішоў,

І лажыла мяне і ўзнімала зара,

Маё сэрца не чула дабра,

Бо па іхніх калючых вачах

Прачытаў я свой боль,

Гэты жах.

 

Я прылёг на зямлю разам з горам сваім,—

Як маўкліва пад небам маім!

Хіба ж зоры вісяць нада мною уночы?

Не! То плачуць забітых сумотныя вочы,

А кругом паміж імі рассыпаўся дым.

 

Я маўчаў.

Ноч.

Не знаю пары.

Мне няма з кім абмовіцца словам,

Толькі ж я не адзін,

Як жывыя, стаяць каптуры

І, здаецца, са мною вядуць перамовы.

Світкі шэрыя ў іх,

З твараў сумных, блядных

Паспадалі бароды да долу, здаецца...

Пачакай, ці то здань.

А ці то сапраўды,

Што адзін з іх крануўся,

Да мяне падаецца.

Я гляджу насцярожаны чутка,

Ўжо абрысы пазнаў галавы,

Так і ёсць,—

Ён жывы.

Нават зорка на ім пяцікутка.

Я настрэчу ўзнімаюся хутка.

А на ўсходзе кавалак зары

Загарэўся ў той момант якраз.

Я пазнаў, я абняў, гаварыў:

— Дзед Лукаш, дзед Лукаш,

Я вярнуўся, падпасавіч ваш!

Мы сіроты з табой, землякі! —

Адказаў ён спагадна, як мог:

— У цябе не хапае рукі,

Будзе тры ў нас,

Нам хопіць на двох,

Адбудуем уласны парог.

Як ты скора вярнуўся ў свой дом!

Тут нядаўна хадзіў яшчэ кат.

Толькі ўчора наш выйшаў атрад

І з’яднаўся з гвардзейскім палком.

Я пакінуў іх там,

за Дняпром,

Яны далей і далей ад нас.

Мы ж з табою наладзім калгас.

 

Паглядзі,

Быццам пуста кругом,

Так сустрэўся ты з родным сялом.

Ты не бачыш людзей.

Ёсць жа ў нас хоць нямнога сямей

На пажарышчах,

сном спавітых.

У зямлянках жывуць, што краты...

Глянь,

Выходзяць адтуль на святло.

Адбудуем мы з імі сяло.

 

Па сялу,

Паміж чорных, нямых каміноў,

І павёў ён мяне,

І павёў...

Не злічыць па грудзях маіх ран,—

Яшчэ болей нясе іх жуда.

Мы стаім,

Перад намі курган,

Ён высокі, як наша бяда.

Ён глыбокі, што ў моры вада;

Ён жа боль,

Ён жа жах, смутак наш.

Пры курганах панурых такіх

Колькі нас засталося адных!

 

Я маўчу.

Мне гаворыць Лукаш:

— Два гады ўжо з таго адышло,

Як загінула наша сяло.

Пад курганам ляжыць

Паўсяла,

А другая палова пайшла

На чужыну далёка, далёка...

Я не знаю, дзе хто,

Сваім вокам

Я не бачыў жахлівай падзеі,

Лес мяне не аддаў ліхадзеям.—

Да зямлі прыкаваўся мой зрок:

Сын мой, сын,

Васілёк!

 

Толькі сонца не знае тугі,

Яно роўна абходзіць кругі

Над зямлёй

І цяпер апаўдні

Рассмяялася над галавой,

І праменне над рэчкай звініць...

А вакол, як абняць, паплавы

Прабіваюцца крыкам травы:

— Жыць!

Бор таксама крычыць:

— Жыць!

 

Бачым,

Выйшлі жанчыны

І працуюць з пілой,

За гумном хлапчанё захадзіўся з касой

Грушу-бэру старанна

Ад гарэлай кары

Абчышчае стары.

Што такое, адкуль кулямёт?

Фронт?

Далёка адсунуўся фронт,

Да яго многа вёсак і сёл...

 

Мы глядзім з Лукашом навакол,

Нас усмешка сагрэла цяплом —

На вязу,

Над старым калясом,

Ладзіць бусел няхітры свой дом

Ды клякоча сабе

Пакрысе,

Стаючы

На высокай назе.

 

Паглядзеў з нас адзін і другі

Навакол на свае берагі,

Ды пайшлі ўдвух сцяжынкай адной,

Спілавалі там дуб над ракой.

Сто гадоў рос ты, дуб,

Быў нам дораг і люб!

Мы ж спілілі цябе

На адзін толькі слуп.

Каб ты стаў, родны дуб,

Болей дораг і люб!

 

Гэты слуп я прынёс і Лукаш,

І ўкапалі на выгане ў нас,

Каб стаяў многа год,

Многа дзён,

Каб здалёку быў добра відзён,

Абсадзілі карэннямі руж.

А з сяла

І стары і малы

Стаў пры слупе сваім;

І прыбілі мы дошку на ім,

Каб ўсе зналі, што тут

Наш калгас: «Ясны кут»,

Трыста душ.

 

Мы пайшлі абхадзіць па мяжы

Наш калгас,

Дзе чакаць нам сваіх,

Дзе нам жыць.

Захад гас,

І праменняў яго палазы

Упіраліся ў рэчку канцамі...

Мы ішлі з Лукашом гушчарамі.

Дзень канчаўся,

І нам было шкода,

Толькі зналі, што заўтра з усходу

Зноўку блісне святло,

Разбяжыцца агнямі,

Будзе тут, на зямлі нашай,

З намі!

 

Раптам з лесу, зусім на змярканні,

Даляцела к нам конскае ржанне.

Мы пабеглі і ўбачылі —

Пегі, пануры,

Стаіць паміж елак

З нямецкаю фурай.

Відаць, што прыкончылі нашы салдата,

А конь не патрапіў дабрацца дахаты.

І жартуе Лукаш:

— Гэта будзе палонны

Наш!

 

А на раніцу, ледзьве на золак,

Мы за плугам гамонім вясёла:

Мы сваю сустракаем вясну

І ўладарна кладзём баразну,

Ажыўляючы родныя гоні.

А суседні калгас

Даў насенне для нас.

 

Пройдзем мы,

А па следу аратых

Хутка стануць шаптацца зярняты;

Будуць цешыць ячмень і авёс

Нас да слёз;

Разбяжыцца, як быстрая рэчка,

Наша белая, белая грэчка,

І на градах паснуць качаны.

Ажывае сяло.

 

Мы з табою, Лукаш,

Не адны:

Бачаць нашую працу здалёк

Мая маці і сын Васілёк.

О, як дораг ім гэты куток!

Дзень за днём,

Дзень за днём

Працаваў наш калгас,

Працавалі мы так з Лукашом.

Ужо ўсходы плылі па зямлі

І ажыны ў садку зацвілі.

 

Час прыйшоў нам наладзіць свой дом.

Ад цямна да цямна

Мы складалі бярно да бярна,

Каб за весну прытулак займець,

Мы лажылі вянец на вянец.

І ўздымаўся смалісты і радасны ён

Ад падмурку да самых акон,

А пасля ён увысь узляцеў галавой,

Жоўтай, жоўтай страхой.

 

А да нас з-за зялёных бароў

Ужо чэрвень пахучы прыйшоў,

І на захад далёка прайшоў наш салдат,

Не чутно ані куль, ні гармат.

Тут жыццё нас уцехаю дорыць,

Мы на ганку сядзім і гаворым —

Я, прыйшоўшы сюды пасля ран,

І стары партызан.

А над намі дрымотная высь.

Месяц, быццам падкова, павіс

На зялёнай сасне.

Сам пачаў зелянець,

Што зязюля гатова туды ўзляцець,

Каб адтуль нам з гары пракуваць,

Доўгіх год пажадаць.

Ціха, ціха. Нікога нідзе.

Што ж за зорка з-за рэчкі ідзе? —

Белы кужаль, не твар,

Валасы, як той попел, як дым...

Мы ўстаём з Лукашом і глядзім,

Нас кідае у жар:

Гэта ж наша дзяўчынка,

Аўгінька,

Кавалёва дачка,

Што нагадвала нам светлячка.

Мы ёй кажам:

— Ты ў пору прыйшла,

Бачыш, яблынька ў нас расцвіла.

А яна у адказ — і слязіны між слоў,

Быццам кроплі дажджу між лістоў:

— Я была на вайне,

На чужой старане.

Я вярнулася толькі з вайны,

З той нялюбай чужой стараны.

Я не знаю сваіх, дзе яны,

Разлучылі ўсіх нас бізуны.

Я насіла свой боль і дакор

Паміж рускіх гаротных сясцёр.

Калі б нашага плачу рака усплыла,

Той бы рэчкай да вас прыплыла.

Каб сабраць наш пакутлівы стогн,

Аглушыў бы Нямеччыну ён.—

Мы праплакалі зрок.

Наша кроў —

Што ні крок.

Сын мой, сын,

Васілёк!

 

Я пабачыў твой горасны шлях

У Аўгінькі ў журботных вачах.

Мы Аўгіньку сваю, як дачку,

З Лукашом узялі пад руку,

Абышлі ўсе старыя загоны,

Накапалі там кветак чырвоных

І вярнуліся ў хату сваю.

Мы паставілі кветкі на вокнах радамі,

Каб гарэлі яны аганькамі;

Каб жа кожны, дамоў ідучы,

Бачыў днём іх

І позна ўначы,

Каб ён ведаў,

Свой лёс несучы,

Дзе ад нашага шчасця ключы.

Колькі, колькі са свету дарог

Прывядзе іх на родны парог!

Мы выходзім на ганак утрох —

Перад намі крыніцы бруяць,

Хвоі голавы хіляць здалёк:

Чуеш, маці мая,

Сын мой, сын,

Васілёк!

 

Вас чакае свой родны куток.

Ён у сэрцы маім, ваш пакутлівы шлях.

О, як хораша ў нас на палях,

Тут і ветры свае,

Тут і птушка пяе,

Жытні колас па твару нам б’е.

Побліз нас ля гаёў

Бык на пожні зароў,

А на пожнях трава, як віном, палітая:

Ён сям’ю сваю мужна склікае.

На шырокія выйшаўшы гоні,

Зноўку трактар гамоніць.

Мы глядзім на суседні калгас,—

Колькі там адбудована хат,

Колькі там маладзіц і дзяўчат!

Скора вернуцца, будзе і ў нас

Шмат.

Мне чуцён Ужо твой галасок,

Сын мой, сын,

Васілёк!

 

Многа вернецца нашых салдат,

Што ў вароты Германіі б’юць.

Будзь жа,

Будзь

Ты на іхнім шляху, перамога

І да хаты пад сонцам дарога,

Каб шляхамі да родных сялібаў і зор

Прывялі сваіх матак, братоў і сясцёр.

Тут

Бацькоўскі наш кут,

Край узроджаны наш.

Мы стаім —

Я, Аўгінька, Лукаш —

І з чужога, далёкага краю

Вас дадому чакаем.

Нашы сосны —

Для вас маякі,

Вас на вокнах завуць аганькі.


1944

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 2. Вершы, паэмы, 1941-1953.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 253-262
Крыніца: скан