epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Калі ласка!

У любімай мове, роднай, наскай,

Ах, якія словы: "Калі ласка!.."

Як звіняць яны сардэчнаю струною,

Праз усё жыццё ідуць са мною.

Трапіць госць у будзень, а ці ў свята:

– Калі ласка, калі ласка, ў хату!

Не паспелі сесці пры сустрэчы,

Як патэльня засквірчэла ў печы,

Ды і чарка бліснула дарэчы.

Бульба, смажаніна і каўбаска,

Пакаштуйце, людцы, калі ласка!

Хлопец кажа дарагой дзячыне:

– Калі ласка! Будзеш гаспадыняй!..

Эх, жыццё збудуем мы прыгожа,

Ўсе з табой нягоды пераможам.

Гром грыміць. З нябёсамі размова:

– Калі ласка, цёплы дождж вясновы!

І не вельмі буйны і не рэдкі –

На сады, на пушчы, на палеткі,

На грыбы, на ягады, на кветкі...

– Калі ласка! – наш зварот бясконцы.

Мы гаворым ранішняму сонцу:

– Калі ласка, сонца, выйдзі з хмары,

Радасцю аблашчы нашы твары,

Ты ўзнімі з сабою нашы мары!

– Калі ласка!.. – нашай роднай мовы

Шчырыя і ветлівыя словы.

 

1970

 


1969; 1970

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў. У 9 т. - Т. 4. Вершы, паэма, 1965-1972. - Мн.: Маст. літ., 1989. - с. 225?
Крыніца: невядомая