epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Калі зліваюцца рэкі

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VII
VIII
ІХ
Х
ХІ
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
ХХ
XXI
XXII
XXIII
XXIV
XXV
XXVI


 

І

Агата не можа наглядзецца на сына. Ён спіць на ложку, паклаўшы шчаку на далонь, а тонкія губы яго час ад часу ледзь прыкметна варушацца, як бы хочуць нешта сказаць. Алесь і заснуў за гаворкаю з маці, а тая праседзела да самага відна, не спускаючы вачэй з сына. Першыя ранішнія промні пранізалі пафарбаваную коўдру, якой было завешана акно, і напоўнілі чырванаватым моракам хату. Бялявыя валасы Алеся яшчэ выразней азначыліся на падушцы. Паміж броваў стала прыкметнейшай, чым раней, энергічная складка.

Агата ўздыхнула. Відаць, нямала розных клопатаў турбуюць Алеся. Яна ціхенька падышла і з павагаю, нават з нейкай бояззю паглядзела на сынавы дакументы, якія ляжалі грудком на краі стала. Паміж некалькіх кніжачак бялелі акуратна складзеныя таямнічыя для яе паперы. «Па каторай жа з іх, — разважала Агата,— прыехаў Алесь дадому?» І, можа, таму, што ёй уяўлялася нейкай асаблівай сіла гэтых паперак, яна нават не дазволіла сабе дакрануцца да іх, а падняла Алесевы шкарпэткі з падлогі і, падышоўшы да акна, пачала іх цыраваць. «Па якой сабе паперы ні прыехаў,— думала старая, — а вялікая радасць, што ён ужо дома».

Пяць год вучыўся Алесь у Мінску, у політэхнічным інстытуце. І вось цяпер ужо інжынер. Думала, што не часта будзе бачыцца з сынам. Свет вялік! Мала куды могуць паслаць на працу, а тут на табе, прыехаў і будзе працаваць у сваім жа сяле. Ды яшчэ якую работу рабіць — будаваць электрастанцыю! Агата з нейкай асаблівай замілаванасцю прыгадала старога Алесевага настаўніка Якуба Гаманька, які некалькі год упарта даводзіў усім калгаснікам, што без электрычнага святла жыць у Доўгім нельга. Ды і Захар Рудак, калгасны парторг, вельмі заўзята браўся за гэта. «І як хутка пайшло, — думала Агата, — усяго два тыдні, як парашылі аб будоўлі, а вось ужо і Алесь прыехаў, і не кім-небудзь, а начальнікам будаўніцтва».

Алесь заварушыўся на ложку, і Агата ажно стаіла дыханне, прыпыніўшы работу, каб толькі не разбудзіць сына. Відаць, ён моцна змарыўся — трэба ж было з Мінска дабрацца да Полацка, а адтуль, атрымаўшы прызначэнне, сюды. Але, калі заўважыла, што Алесь па-ранейшаму моцна спаў, супакоілася і пачала аглядаць яго гарнітур. Усё, што належала сыну, здавалася Агаце асабліва прыгожым, нават простая шэрая кашуля, якая вісела на крэсле, думала яна, асабліва Алесю да твару.

«Які ён ладны. Вельмі падобны на бацьку. — І сэрца Агаты балюча зашчымела. — Ігнат так і не пажыў як трэба. Пры Пілсудскім паны не давалі. Хацелася мець кавалак зямлі, каб можна было са сваёй працы хоць наесціся ўволю. Ды дзе там! Хіба пры Пілсудскім бедны чалавек мог выбіцца ў людзі? Так і не выйшаў Ігнат з парабкоўства, мусіў гнуцца на пана, бо знаў, што на адной дзесяціне пяску, якую меў, — брускоў наробіш, а хлеба не нажнеш. А пасля на момант пасвятлела. Прыйшлі Саветы ў трыццаць дзевятым, далі зямлі, можна было станавіцца на ногі, каб не Гітлер пракляты».

Агату ажно скаланула. Яна ўспомніла, як пайшоў Ігнат у лес, у партызаны, дык і не вярнуўся. Помніць як цяпер — стаіць ён са стрэльбай каля возера Доўгага, просіць і суцяшае яе: «Беражы дзяцей, родная!.. Дзетак беражы...» Так і не ўбачыла болей. Перад самым прыходам волі загінуў ён у блакаду. Сусед Каспар Крумінь з калгаса Яна Райніса звадзіў Агату і паказаў тую магілу, дзе ляжыць Ігнат з сябрамі. Вось і цяпер з вачэй у Агаты пырснулі слёзы, як у той час, калі яна стаяла над апошнім Ігнатавым прыпірышчам у лесе. Яна схамянулася, выцерла вочы ражком хусткі і была задаволена, што яе слёз ніхто не бачыў.

А на дварэ сонца набірала сілы. Ужо не чырванаваты морак вісеў у хаце, а чырвань як бы заліла ўсю сцяну за спіной Алеся, і ад гэтага стала ў хаце яшчэ больш урачыста. Стол, на якім ляжалі сынавы дакументы, быў па-святочнаму прыбраны. Нават вёдры, што стаялі на лаве ў кутку, блішчалі, як медзяныя, а ўжо тыя ходзікі, што віселі на сцяне, здавалася, не шапталі, а ўвесь час выхваляліся: госць!.. госць!..

«Ну і госць! І сапраўды госць!» — радавалася Агата, гледзячы на сына. «Ды які там госць — самы лепшы мой гаспадар, — цешылася яна. І гордасць напаўняла матчына сэрца. — Дарма, што адзінокая, а вывучыла. Цяпер мы з Марфачкай не прападзём». І Агата з замілаваннем паглядзела на лаву, дзе ў куце, скруціўшыся ў клубочак, спала малая дачка. Але няма такой радасці чалавечай, па якой не прабягалі б хмурынкі ценю. Агата ганарыцца Алесем, што ён прыгожы, дужы, але нешта трывожыць яе. «Яшчэ, чаго добрага, возьмуць ды адбяруць хлопца? Ну, калі прычэпіцца якая дзяўчына!» — наплывае надакучлівая думка. «Не!.. Алесю яшчэ рана...» Яна адганяе гэтае насланнё ад сябе, але думка варочаецца зноў. «Ну чаго ты прычапілася?» — злуецца Агата і ў той жа час міжволі пачынае ўспамінаць дзяўчат у Доўгім. Прыдзірліва яна перабірае ў памяці то адну, то другую... Не, няма тут роўні для яе Алеся!

За акном прарэзліва і няўмела заспяваў малады певень. Агата спахапілася — гэта ж яна дагэтуль не выпусціла каровы на пашу! Схапіла з кута жоўтую, быццам нацёртую воскам, даёнку і на пальчыках выйшла на двор.

Калі вярнулася ў хату, ранішняга ружаватага мораку як і не было. Праз адпятыя вокны сонца залівала жоўтую падлогу і сцены, а ў куце каля мыцельніка ўзляталі пырскі і смех. Марфачка палівала з вялізнай конаўкі брату на рукі, а той задаволена фыркаў, моцна націраючы далонямі твар.

— Чаго ж ты так рана ўзняўся, сынок? — заклапочана запытала маці. — Яшчэ б крыху паспаў...

— Некалі спаць, маці, — адазваўся Алесь і, адчуваючы сябе ў добрым настроі, шчыра прызнаўся: — Я ўжо выспаўся так, што болей няма куды... — і пацалаваў старую.

Агату гэта вельмі расхвалявала. Яна раптам заварушылася і пачала завіхацца ля печы. Алесю пачуліся здаўна знаёмыя ранішнія перамовы місак і патэльні, якія выклікалі жаданне смачна паснедаць. Ён сядзеў на лаве за шырокім, засланым абрусам сталом і наглядаў, як маці пякла аладкі, а Марфачка прыпраўляла смятанай маладую цыбулю. З дзяцінства зведаны і назаўсёды памятны прыемны пах разліўся па хаце. Усё гэта прыгадала Алесю часы, калі яны жылі з бацькам. Хлопец адказваў на запытанні маці, а сам думамі быў далёка. Вось тут жа за сталом некалі сядзеў бацька. Алесь добра помніць яго хударлявую, але стройную постаць і пушыстыя чорныя вусы, з-пад якіх часта свяцілася ўсмешка. «Вунь тая конаўка з дзвюма моцнымі ручкамі, што і цяпер стаіць каля вядра, часта была ў бацькавых руках, — прыгадвае Алесь. Ён помніць, з якім смакам спаражняў конаўку бацька, прыйшоўшы пасля цяжкай працы дадому, і як асабліва здаволена пасля праводзіў далоняю па вуснах. А цяпер засталася толькі адзінокая, парыжэлая ад часу картка на сцяне ў простай драўлянай аправе ды ўспамін, які наводзіў на роздум.

Маці заўважыла сынаву ўзрушанасць і пазвала яго. Алесь страпянуўся.

— А каб ты ведаў, колькі разоў Якуб Панасавіч да цябе прыходзіў...

— А хіба ён ведаў, што я павінен прыехаць?

— Можа, і не знаў, бо мне не казаў пра гэта, але, відаць, адчуваў таксама, як і я.

— А што ён, такі ж непаседлівы, як і раней, наш дзядзька Гаманёк?

— Ды яшчэ жвавейшы стаў, — з ахвотаю расказвала маці, то скідаючы аладкі ў місу, то наліваючы цеста на патэльню.— Не глядзі, што пад семдзесят, усюды ўпраўляецца: і ў школе сваё зробіць, і на калгасным полі паходзіць, і на скрыпачцы пайграе...

— Ведаеш, маці, як часта я ў Мінску ўспамінаў Якуба Панасавіча. Вось, бывае, сядзіш ноч над чарцяжом, нічога не выходзіць, і рукі апускаюцца. Хочацца ўстаць і кінуць усё... А прыгадаеш, як гаварыў Якуб Панасавіч: «Пакінь вешаць нос, не дзеля гэтага рос, хлопча!..» — дык і сілы адкуль бяруцца. Насядзеш і зробіш!.. А што ж гэта ён сягоння да нас не прыйшоў, маці?

— Ах, я ж і забылася табе сказаць, сынок! — І Агата, адышоўшы ад печы, па-жаночы скрыжавала рукі на грудзях. — Сягоння ж у нас свята ладзіцца, і Якуб Панасавіч гэтым заняты. Свята песні. Вось ужо другі год, як на Антонавым лузе каля Доўгага збіраемся мы з літоўцамі і латышамі...

— Мама, мама!.. І я пайду! — ускочыла з лавы Марфачка. — А як там весела будзе, Алесь! — Бліскучымі вачанятамі яна зірнула на брата.

— Ну, добра, маці, будзем снедаць... Мне таксама там пабыць хочацца. — І Алесь, як некалі бацька, сеў у куце за сталом.

Маці хуценька адхінула святочны абрус і, заслаўшы край стала чыстым шырокім ручніком, паставіла місу з аладкамі, патэльню скварак, цыбулю са смятанай і гладыш кіслага малака. Яны селі ўтраіх, сваёй невялічкай сям’ёй, за снеданне, і ніколі Алесю не здаваліся такімі смачнымі матчыны аладкі, як сягоння. Утульны выгляд бацькавай хаты, сонечныя ніты на сцяне, спакойная сінь возера, якое віднелася далёка за расчыненым акном, і светлыя павевы ветру, якія адчуваліся ў палісадніку, выклікалі нейкае асаблівае замілаванне. «Нарэшце дома, і ўся наша сям’я тут разам». Пачуццё адказнасці за гэты кут міжволі надавала нейкую паважнасць Алесеваму твару. Але тое, што сягоння на Антонавым лузе збіраецца свята песні, выбівала Алеся з раўнавагі. Ён спяшаўся есці, як бы баючыся куды спазніцца.

Алесь помніць, як ліпепьскімі днямі сорак чацвёртага года па дарозе на захад ад сяла Доўгага і ад літоўскага і латышскага сёл Лукштаў і Эглайне, што стаяць каля аднаго возера, беглі разбітыя фашысты. Няшмат прайшло часу, як пры Савецкай уладзе вольна ўздыхнула гэтая зямля. А людзей каля возера Доўгага не пазнаць. Змяніліся нават звычаі.

Алесю расказваў бацька, ды і сам ён успамінае, што даўней кожнае сяло адзначала сваё летняе свята паасобку: доўгаўцы на Купалле — палілі агні і скакалі цераз іх; лукштанцы на Енінас, — параскладаўшы вогнішчы на беразе, вадзілі карагоды і гадалі на вянках; эглайнаўцы ў ноч Ліга, — запаліўшы высока паднятыя на слупах бочкі са смалою, пілі піва, спявалі і танцавалі. А вось цяпер у адзнаку перамогі над фашыстамі ўсе суседзі парашылі збірацца разам. Па-новаму ўжо завуцца іхнія сёлы: Доўгае — «Чырвоная зорка», Лукшты — «Пергале»1, Эглайне — калгас імя Райніса. Па-новаму ладзяць яны і сваё летняе свята.

Алесю не сядзелася; хоць добра падсмажаныя аладкі былі смачныя, але хацелася хутчэй ісці туды, дзе сягоння можна пабачыць усіх сяброў, з кім рос і гадаваўся, тых, з кім цяпер давядзецца працаваць. Ён дапіваў кубак кіслага малака, як у хаце расчыніліся дзверы і на парозе з’явілася шырокая, прыземістая постаць Захара Рудака.

— Прывітанне начальству! — гукнуў той жартаўліва і спрытна разгладзіў бялявыя вусы.

Алесь збянтэжыўся, нешта думаў сказаць у адказ і не паспеў, як Захар Рудак, моцна яго аблапіўшы, страсянуў:

— А мы, брат, цябе так чакалі, ёлкі зялёныя!.. Сягоння ж у нас каронны дзень! Добра, што ты заявіўся!

— Ты жартуеш, Захар Сямёнавіч, які я там начальнік?.. Хіба, можа, ты пра гэта намякаеш? — І Алесь, выняўшы з кішэні сваё накіраванне, не без здавальнення паказаў Рудаку.

Той ціхенька прабег паперку вачыма.

— Ай, які ты фармаліст, таварыш Іванюта! Ды мы ж цябе і без гэтай паперкі прымем. Сядай, браце, раскажу табе, што ў нас дзеецца.

І яны прыселі каля стала адзін супраць аднаго. Рудак выняў з кішэні сваёй жоўтай брызентавай курткі шмат паперак.

— Бачыш, брат! Будаваць яшчэ не пачалі, а ў мяне ўжо цэлая паходная канцылярыя сабралася, — гаварыў ён, раскладаючы паперы. — Добра, што Гаманёк памагае, а то зашыліся б!..

— А дзе Якуб Панасавіч? Я па ім ужо засумаваў, — не прамінуў запытацца Алесь.

— Відаць, ён думае, што ты адпачываеш, шкадуе, не хоча трывожыць свайго вучня. А потым, як я ведаю, дык у нядзелю ён, ёлкі зялёныя, кожную раніцу на возеры сядзіць. Любіць рыбку стары!.. Ды мы яго знойдзем, нідзе дзенецца.

— А ты пісьмо наша атрымаў? — раптам пасур’ёзнеўшы, запытаў Рудак.

— Яшчэ месяц назад...

— Ну і як?..

— Зрабіў, што вы прасілі. Праўда, не зусім, але, маючы на ўвазе тыповы праект, прыкінуў так, што мае лічбы не павінны вельмі адрознівацца ад канчатковага каштарыса...

Рудак прасвятлеў і ўзяў Алеся за плячо:

— Глядзі, брат, сюды, Алесь! Думаю, што мы не інжынеры, а таксама не драмалі і тое-сёе прыкінулі з Гаманьком.

І раптам, стаўшы заклапочаным, Захар Рудак пачаў выкладаць свае разлікі. У простым вучнёўскім сшытку Алесь убачыў роўненькія і дробненькія, як мак, літары, напісаныя рукой Якуба Панасавіча, і калонкі акуратных лічбаў. Алесю яшчэ з таго часу, калі быў вучнем, здавалася, што ў свеце няма прыгажэйшага почырку, як у іхняга настаўніка. Нездарма ён сам доўга практыкаваўся, каб пісаць хоць крыху падобна да настаўніка. Колькі разоў, бывала, Алесь з замілаваннем прыглядаўся да адзнак, напісаных рукой Якуба Панасавіча ў сшытку. Але гэта былі ўсё сшыткі са школьнымі дыктоўкамі і практыкаваннямі, а сягоння, як убачыў Алесь, тут ужо амаль цэлыя інжынерскія выклады, каштарысы.

— Як бачу я, дык мне няма чаго тут і рабіць, усё вы з Якубам Панасавічам зробіце! — пажартаваў Алесь і па-сяброўску абняў Захара Рудака.

— Ты, браце, не выскаляйся з нас, мы цябе недарма вучылі і чакалі, але і нашай бальшавіцкай дапамогі не адкідай. Мы, брат, таксама нешта ведаем... — І Рудак пачаў паважна скручваць сшытак, каб пакласці ў кішэню.

— А я і не думаў, што наш парторг такі абразлівы. — І Алесь, выхапіўшы з рук Рудака сшытак, пачаў уважліва знаёміцца з яго зместам.

Рудак працаваў брыгадзірам у калгасе «Чырвоная зорка» нядаўна. У вайну, калі ён ляжаў паранены ў адной з хацін Доўгага, спадабалася яму сціплая дзяўчына Каця. «Я абавязкова вярнуся да цябе», — паабяцаў Рудак дзяўчыне, цалуючы яе ў губы. А тая пасабляла яму зашпільваць шынель, і вейкі ў яе міргалі невядома ад чаго — ад смутку ці радасці. Як толькі скончылася вайна, Рудак і заявіўся ў Доўгае, хоць сам працаваў да вайны рыбаком недзе каля Мурманска. З таго часу маленькая Каця стала яго жонкай і «залатой рыбкай» у хвіліны замілавання. А сам Захар Рудак адпусціў вусы і працаваў так аддана, што ўсе доўгаўцы не маглі сабе ўявіць, што ён некалі не жыў у іхнім калгасе.

Алесь таксама вельмі паважаў Захара Сямёнавіча. Нягледзячы на даволі грузную постаць, брыгадзір быў вельмі рухавы. Ад самага ранку да вечара ніхто не бачыў, каб ён дзе прысеў, і ніколі яго рукі не былі без працы. Можа, з гэтай прычыны вясковыя камуністы ўжо каторы год выбіралі яго сваім парторгам.

Алесь сур’ёзна разглядаў разлікі ў сшытку і, кінуўшы позірк на парторга, заўважыў, з якой цікавасцю сочаць таго вочы.

— Я проста хачу падзякаваць за дапамогу, — усміхнуўся Алесь, моцна паціснуўшы руку Рудаку. — Напэўна, я зманіў бы, калі б сказаў, што ўсё тут спатрэбіцца, але вось падрахункі, якія вы зрабілі, колькі чаго нарыхтаваць: камення, пяску, лесу, цэглы, амаль блізка да таго... Думаю, што калі ўсе будуць так брацца за справу, дык пойдзе добра...

— А што ж ты думаў... — усміхнуўся Рудак.

За акном, як кулямёт, засакатаў матацыкл.

— Паглядзіце, гэта ж Каспар Крумінь ужо на свята са свайго калгаса паехаў, — азвалася Агата, якая сядзела і задуменна паглядала ў акно.

— Калі паехаў Каспар, дык час і нам збірацца. Крумінь такі чалавек, што ўсё робіць па плану!.. Хадзем, Алесь! — па-сяброўску прапанаваў Рудак.

Алесь у знак згоды кіўнуў галавой і пачаў папраўляць перад люстэркам каўнер вышыванай кашулі. Адтуль паглядаў на яго малады, загарэлы, крыху заклапочаны твар.

— І я з вамі!.. — зашчабятала Марфачка і замітусілася па хаце.

— Чакай, дачушка! Мы з табой яшчэ паспеем. У мужчын многа спраў да таго, пакуль гульні пачнуцца. А на песні ды гулянні мы з табой якраз у час і прыйдзем, — супакоіла малую Агата.

Алесь і Рудак некаторы час ішлі моўчкі ўздоўж вуліцы. «Як імкліва ідзе час і як многа новага прыносіць», — думаў Алесь. Калі скончылася вайна, ён быў бездапаможным дзіцем, а сягоння стаў інжынерам і будзе будаваць на сваім жа возеры гідрастанцыю. Пачуццё радасці і ў той жа час нейкай баязлівасці за далейшае напаўняла яго грудзі. А што скажуць на тое, што ён прызначаны начальнікам будаўніцтва, доўгаўскія суседзі — латышы і літоўцы? Хто яго ведае, як усё тут зложыцца!.. Вядома, часы змяніліся, ды і старога перажытага, як кажуць па-простаму, пад печ не сунеш, за парог не вымецеш... Але цвёрдыя крокі і ўпэўненая гаворка Захара Рудака настройвалі яго на добры лад. «З такімі не загінеш, — яны і ў вайну крышылі ворага і цяпер жыццё за грыву трымаюць, — думаў Алесь. — Гэтакія людзі, як Захар Рудак, вярнуўшыся з вайны, не сядзелі склаўшы рукі». І Алесь з прыемнасцю прыкмячаў, што нават за апошнія два гады, калі ён не быў дома, сяло Доўгае значна папрыгажэла: на пагарэлішчы ўдавы Шавойчыхі стаіць новы пяцісцен, да акон Хаценчыкавай хаты падняліся акацыі, на многіх дамах узняліся ў неба вострыя пікі антэн. А што асабліва ўсхвалявала яго, дык гэта тое, што маленькі клён, пасаджаны ім у час развітання са школай перад акном класа, вырас на некалькі кален і цяпер зялёным чубам ледзь не дакранаецца страхі.

— Расцём, — здаволена выказаў сваю думку Алесь.

— Расцём-то расцём, ды не зусім так, як трэба, ёлкі зялёныя!.. Бывае, што і набок выпінаем, а то зусім хілімся, — нахмурыўшы лоб, адказаў Рудак.

Алеся гэта занепакоіла. Ён ведаў Рудака як чалавека сур’ёзнага, у якога разам з рухавасцю была ў характары сталая разважлівасць і які дарэмна не ўзнімае трывогі.

— А ў чым рэч? — зацікаўлена перапытаў Алесь.

— Э-хэ-хэ...— уздыхнуў Рудак і пачухаў патыліцу, — у тым, мой дарагі, што няма ў нашым калгасе сапраўднага парадку. Гэта ж толькі падумаць, якая тут выгода кругом. Возера, лес, зямля неблагая, ты толькі прылашчы гэтую зямлю — і яна табе во як аддарыць, — развёў Рудак шырока рукамі, паказваючы на прасцяг, які адкрываўся за сялом.— Як тыя людзі кажуць, ты бярэш зямлі жменю, а яна цябе абдымае ўсяго, глянь — якія лугі і што за трава? Мурог — шафран, сапраўдны шафран. Ніякага табе чаю не трэба, заварвай і пі. А паша якая?..

Алесь уважліва сачыў за гаворкай Захара Сямёнавіча. Рудак гаварыў, размахваючы рукамі так, што шырокае крыссе яго брызентавай курткі разляталася, быццам шэрыя крылы нейкай велізарнай птушкі. Даўгаваты нос і маленькія, вострыя, глыбока пасаджаныя вочы надавалі яму сапраўды такі выгляд, які даваў думаць — яшчэ хвіліна, і Рудак узляціць услед за сваімі словамі, што сыпаліся ў яго бесперапынна.

— Ты толькі памяркуй, — час ад часу хапаючы Алеся за рукаў, гаварыў Рудак. — Такая выгода, а якія нашы каровы сёлета выйшлі з зімы? Як ракі тыя, поўзалі ўвесну каля возера. А чаму? І накасілі слаба, і сіласу не нарыхтавалі. Ты паглядзі, што ў латышоў, у Круміня, робіцца? Ён, браце, заняў летась такі кавалак кукурузай, што ў яго кожная жывёліна, як печ, выйшла з зімы. А ты глянь, Алесь, на наша возера, — І Рудак паказаў на блакітную роўнядзь, ахопленую лугамі і лесам, — чаго мы з яго толькі мець не можам. І гусей, і качак, а ў нас хоць бы адна качка... А рыбы! А мы жывём — плотка ды яшчэ верхаводка... — І Захар Рудак з болем глянуў на возера.

Алесь слухаў парторга і сам міжволі захапляўся родным краявідам. Калгасныя непаладкі хвалявалі яго душу. Але тое, што адкрывалася вачам, уздымала настрой.

Алесь глядзеў на возера, што ляжала такое ж, якое ён памятае яшчэ з дзяцінства. Вока Алеся ледзь заўважала супрацьлеглы бераг з сіняй каёмкай сасновага лесу. З таго боку ўпадала ў возера невялічкая рачулка Мускувіца. Як бачыў зрок, пад лёгкім ветрам бегалі і плескаталі дробныя хвалі. А тут, дзе яно канчалася, непадалёк стаяў шэры, пасівелы млын, цераз ставы якога з нейкім глухім, таямнічым гулам спадала вада.

— А скажы мне, ад чаго гэта залежыць, што ў нас так яшчэ блага? — адарваўшыся ад свайго роздуму, перапытаў Рудака Алесь.

— Тут, брат, многа прычын, пажывеш — убачыш!.. Ат, — неяк са злосцю секануў рукою па паветры Захар Рудак ды перавёў гаворку на іншае. — Глянь, вунь ці не Якуб Панасавіч сядзіць. — І Рудак паказаў рукой на зарослы вербалозам бераг.

Алесь глянуў туды, дзе стаяла старая, разгалістая вярба, і сэрца закалацілася ад радасці. Ягоная любімая мясціна, дзе ён некалі цягаў акунькоў, не пуставала. Прыгнутая постаць у шэрым пінжаку нерухома сядзела над трыма ўторкнутымі ў зямлю вудамі. Па рудым, выцвілым, а некалі зялёным брылі і па тым, што бесперастанна з-за плячэй узвіваўся сіняваты дымок тытуню, Алесь пазнаў Якуба Панасавіча і ўзрадаваўся.

Рудак сцішыў крокі і, хітра падміргваючы Алесю, падаваў знакі, што ён хоча з’явіцца каля настаўніка нечакана, але Алесь не вытрымаў і гучна крыкнуў:

— Дзень добры, Якуб Панасавіч!

— А, што... — крута павярнуўшыся, паволі прыўзняўся Якуб Панасавіч з памятай травы і рассмяяўся. — Так напалохаць! Адкуль ты ўзяўся? — І, па-бацькоўску абняўшы Алеся, моцна пацалаваў яго ў твар.

— А хіба вы не ведаеце?

— Мала, што ведаю, але ад цябе самога не чуў...

— Прыехаў зноў пад ваш загад, Якуб Панасавіч!..

— Не, ты цяпер, Алесь, не жартуй, ты ўжо выйшаў з-пад майго загаду. Будаваць, значыць, будзем?..

— Будаваць! — цвёрда і ўпэўнена адказаў Алесь.

— Вось гэта справа!.. Сядайце, а то рыбу перапудзіце. Бо, як самі бачыце: рыбка ў рацэ, а не ў руцэ!

— Ну вы ўжо не прыбеднівайцеся, — сказаў Алесь і прысеў з Рудаком следам за Якубам Панасавічам, які прагна прыглядаўся да паплаўкоў і для якога нічога цяпер амаль не існавала. Гаманёк гаварыў з імі адрывіста і механічна. Паплавок на адной з вуд торгаўся, так і выпісваў такія кропкі і працяжнікі, як бы на нейкай асаблівай азбуцы Морзе размаўляў з возерам.

— Скончыў, значыць...

— Як бачыце, Якуб Панасавіч!

— Будзеш, выходзіць, будаваць... так?

— Калі дапамагаць будзеце!

— Чакай, чакай!.. не задавайся!.. — І, раптам ажыўшы, Якуб Панасавіч падсек лёску і выхапіў з вады невялічкага акунька. Дрыжачымі рукамі выцягнуў з праколатай губы акуня кручок і, узяўшы здабычу ў згорнутыя далоні, прыгледзеўся. Акунёк лапатаў у руках у Гаманька, калючым веерам распускаў спінны плаўнік, а стары настаўнік асцярожна панёс яго ў вядро з вадою, пастаўленае ў аеры, ды, папляваўшы на свежага чарвяка, закінуў зноў на шчасце...

Па шашы, у кірунку на Антонаў луг, за возерам узняўся вялікі рух. Чутно было, як прагула грузавая машына і прасакатала некалькі матацыклаў. Часцей далятала з Доўгага знаёмае тахканне колаў па невялічкай грэблі.

— А ці не пара і нам, Якуб Панасавіч? — азваўся Рудак, які да гэтага сядзеў маўкліва і з цікавасцю наглядаў за сустрэчаю настаўніка і вучня.

Стары, ласкава прыжмурыўшы вочы, паглядзеў на Рудака і, уздыхнуўшы, пачаў скручваць вуды.

— Нічога не зробіш, трэба ісці. А каб вы ведалі, як не хочацца адыходзіць ад такога возера. Адно толькі суцяшае, што аб ім жа сягоння і клопат у нас. Эх, Доўгае, наша Доўгае, — пачаў як бы сам сабе гаварыць Гаманёк, але ў той жа час заўважыў, як пільна сочаць за ім маладзейшыя. — Дзе яшчэ ёсць такое возера, як наша? Нездарма яно Доўгім завецца. Доўгае яно і па сваёй даўжыні і па часу. Паглядзіце кругом, колькі хат адусюль сышлося да яго берагоў, быццам тых авечак папіць сцюдзёнай вады. І ўсім хапіла месца: і беларусам, і літоўцам, і латышам... Нямала яно бачыла на сваім вяку... Ай, загаварыўся ж я, усё роўна як у школе, — спахапіўся Гаманёк. — Нічога не зробіш, даўняя прывычка. — І, паклаўшы вудачкі на плячо, пачаў падымацца на высокі бераг.

Якуб Панасавіч, нягледзячы на свае вялікія гады (яму было пад семдзесят), выглядаў яшчэ даволі рухавым. Ён порстка ступаў па прыбярэжным пяску, і ў ягоных кроках не адчувалася звычайнай старэчай няўпэўненасці. А ў загарэлым, абветраным твары, у пасмах пасівелых валасоў, Алесю здавалася, не змянілася нічога з таго часу, як ён яго помніць. Ніколі Алесь не бачыў свайго настаўніка бяздзейным. Ён знаў на сяле ўсіх, усе ведалі яго, і жыццё людзей было ягоным жыццём, іх думы і клопаты — яго думамі і клопатамі. Вось і цяпер, адышоўшыся ад берага, настаўнік пачаў гаварыць аб тым, што яго хвалявала, не давала спакою.

— Дык, значыць, сягоння канчаткова вырашаем справу?

— Абавязкова, — пацвердзіў Рудак, разгладжваючы свае вусы.

— І ты гатовы? — звярнуўся Гаманёк да свайго вучня.

— А я, як піянер: заўжды гатоў! — усміхнуўся Алесь, хоць, па праўдзе кажучы, на душы ў яго было далёка не так спакойна, як хацелася б яму.

Па шашы каля возера яшчэ болей узмацніўся рух. Ужо было відаць, што не толькі на машынах і калёсах едуць адусюль на свята людзі, а многа людзей ідзе і пехатою. Рознакаляровыя хусткі, быццам рознакаляровы мак, стракацелі па дарозе.

— Добра, што так упэўнена адказваеш, сынок! — пахваліў Алеся Гаманёк. — Вунь ідуць людзі. Ты думаеш, каб толькі паспяваць, голас свой паказаць? І дзеля гэтага, і дзеля таго, ведаеце, каб рукі свае прыкласці. Яны, сынок, думаюць — як ды што. Справа добрая, але нялёгкая...

За гаворкай яны не заўважылі, як раптам на вялізным буланым жарабку, запрэжаным у чырванаватую лінейку, загрымеў каля іх старшыня калгаса Антон Самусевіч. І хоць Самусевіч выскачыў з-за ўзгорка нечакана, выгляд яго быў далёка не такі імклівы, як з’яўленне. Мешкаваты і ацеслівы, з тварам, пабітым на чырвоныя плямы, сядзеў ён на лінейцы, нязграбна расставіўшы ногі. І гаворка яго ледзь ішла; здавалася, што Самусевічу цяжка раскрываць рот і выпускаць адтуль кожнае слова.

Быццам кожнае слова яму даводзілася купляць, а аддаваць дарма.

— Дык, значыць... вы скора будзеце... Ага, і ты, таварыш Іванюта, прыехаў... Добра. Чакаю вас усіх разам... А ты, таварыш Рудак, можа, са мной цяпер?..

У вачах Захара Рудака паказаліся ледзь прыкметныя іскаркі нездавальнення, але ён суняў сябе, разважыўшы, што яму сапраўды час быць на месцы, і паспешна ўскочыў на лінейку.

— Якуб Панасавіч, Алесь! — крыкнуў Захар Рудак, калі лінейка ўжо кацілася ў бок Антонава лугу, — не прымушайце чакаць!

— Добра!.. — амаль разам выгукнулі Гаманёк з Алесем. — Вось толькі занясём гэтую снасць у школу і рушым, — гукнуў яшчэ раз услед Гаманёк.

Калі засталіся ўдвух, стары настаўнік пачаў выкладаць вучню ўсё, што яго трывожыла.

— А ўсё ж няма толку ў нашай гаспадарцы, Алеська!.. Мы нават не бярэм усяго, што нам само даецца ў рукі. Антон Самусевіч на кожным кроку крычыць калгаснікам: «Хто з вас сядзіць без хлеба? А забыліся, як не мелі яго пры панах?» Вось ты і падумай: і правільна, і няправільна. Праўда, што ніхто не галадае цяпер, але і засекі не ломяцца. Антон Самусевіч крычыць: «Я вам па паўтара кілаграма даў...» Не глядзі, што ён на выгляд, як мяшок з бульбай, а выхваляцца ўмее. А хіба мы так можам жыць?..

Якуб Панасавіч выняў вялікі кішанёвы гадзіннік і паглядзеў, колькі часу. Алесю было прыемна бачыць у руках у настаўніка вядомы яму з дзяцінства срэбны гадзіннік «Павел Бурэ». Заўсёды, калі Якуб Панасавіч паглядаў на яго, гэта азначала блізкі перапынак.

Але цяпер настрой старога не паказваў, што ён збіраецца адпачываць. Алесь бачыў, як нервова перабіраў пальцамі вольнай рукі настаўнік і як у часе гаворкі ўсё вастрэй і вастрэй загараліся ягоныя вочы. Відаць, моцна непакоілі Гаманька калгасныя нелады. Алесь сэрцам адчуваў, што многа праўды ў тым, аб чым гаварыў сягоння Рудак, і ў тым, пра што гаворыць цяпер стары.

— Мы бяром ад зямлі, што яна сама дае, а нам трэба зрабіць так, каб кожны кавалачак зямлі даваў нам усё, што толькі можа даць. Вось ты прыгледзься да Самусевіча, ён як быццам і правільна гаворыць: «Хлеб — наша багацце!» — і на полі ён увесь час. А на ўсё астатняе плюе...

Самусевіч такі старшыня, што баіцца, каб чаго не выйшла. Няма ў яго ні плана, ні рызыкі... Вось, ты думаеш, ён хоча, каб станцыя будавалася? Калі ён будзе і мямліць што-небудзь пра гэта — не вер! Ты лепш паслухай, што будзе гаварыць кладаўшчык Баркоўскі, ён словамі Самусевіча загаворыць.

— Я не разумею аднаго, — усхваляваўся Алесь. — А навошта тады вы яго трымаеце? Чаго маўчыць Рудак?..

— І Рудак не маўчыць, і я не маўчу, Алесь. Але прыціснуць да сценкі яго не так проста. Падабаецца ён многім калгаснікам. Некаторыя з іх разлічваюць так: менш жывёлы і птушак — болей застанецца хлеба... Вось ты пачуеш шмат чаго сягоння і сам.

Першую раніцу быў Алесь у сяле, а жыццё, такое прывабнае, калі на яго глядзець збоку, паказала цяпер яму свае выбоіны і калдобы. Заняты такімі думкамі, ён не заўважыў, як апынуўся на школьным двары. Але, адчыніўшы невялічкую штакетную фортку, адчуў нешта даўно знаёмае. Нават сам пах густых кустоў руты і агрэсту, што абляпілі ўсю агароджу, вярнуў яго да тых дзён, калі ён тут навучаўся. Вялізны, зарослы травою двор з фізкультурнаю пляцоўкай, дзе да высозных слупоў нахілілася гімнастычная лесвіца і віселі шасты, сустрэў яго як свайго. Якуб Панасавіч увайшоў у адзін з класаў і паставіў вудачкі каля грубкі. Нерухомая цішыня спавівала цяпер сасновыя сцены, пазавешаныя картамі, а Алесь помніць, як, быццам той разварушаны вулей, гудзеў гэты клас на перапынках.

— Ты ўжо вярнуўся? — даляцеў да іх голас з двара, і Алесь пазнаў, што гэта пыталася Вера Пятроўна.

— Я тут, а вось і Алесь Іванюта, — з гонарам паказваў жонцы свайго вучня Якуб Панасавіч. — І не абы-хто, а інжынер...

— Дзень добры. А можа б, вы паснедалі? — як бы не звяртаючы ўвагі на мужавы словы, прапанавала Вера Пятроўна.

— Не да яды цяпер, Верачка! — адказаў Якуб Панасавіч так, як неаднойчы адказваў на працягу амаль паўстагоддзя сумеснага жыцця.

— Ну дык хоць кваску выпі!.. — настойвала старая.

— Гэта можна!.. — І ён з асалодаю выпіў поўны кубак хлебнага квасу, пачаставаўшы і Алеся.

— Дык ты ж не баўся вельмі! — гаварыла ўслед Вера Пятроўна, калі Гаманёк з Алесем апынуліся ўжо за каліткай.

— А гэта як выпадзе!.. — жартаваў Якуб Панасавіч.— Як нашы справы пойдуць! — І Алесь бачыў у ім усё таго ж свайго вечна заклапочанага і энергічнага настаўніка. Відаць, і Вера Пятроўна добра прывыкла да непаседлівасці мужа і падавала парады больш для прыліку.

За сялом рух усё ўзмацняўся. На шашу, непадалёк адна ад другой, узбягалі дзве пясчаныя дарожкі. І хоць ішлі яны з розных бакоў, але, як тыя дзве ручаінкі, што адыходзілі ад возера па баках, сыходзіліся разам каля Доўгага... Адна з іх ішла ад сяла Эглайне, а другая — ад хутароў Лукштаў. І на абедзвюх рухаліся вазкі і чулася людская гамонка. У гэты святочны тлум урываўся аднастайны звон з касцёла, што стаяў на лукштанскім узгорку.

«Можа, ксёндз яшчэ там пануе», — падумаў Алесь, глянуўшы ў бок лукштанскіх хутароў.

— Блямкае бесперастання, — як бы адгадаўшы думкі вучня, праказаў Якуб Панасавіч. — Заманьвае...

— І шмат яшчэ такіх, што адгукаюцца на гэтыя заклікі?

— На вялікі жаль, многа!.. І асабліва ў Лукштах. Відаць, гэтыя хутары самі спрыяюць таму... Шмат яшчэ ў нас цемры, Алесь! — І стары, уздыхнуўшы, пачаў ладаваць сваю люльку.

Раптам наляцела грузавая машына і, рэзка, ажно да піску затармазіўшы, спынілася. У кузаве стаяў такі вэрхал, што цяжка было што-небудзь разабраць. Там назбіралася поўна дзяўчат, якія стараліся пераспяваць і перакрычаць адна адну. Ад іх сукенак, абвешаных рознакаляровымі стужкамі, ажно рабацела ўваччу. На галовах узвышаліся аздобленыя золатам і срэбрам «кіпурэлі»2. Гэта ехала на свята песні моладзь з калгаса «Пергале».

З кабіны выскачыў Йонас Нерута, таварыш Алеся ад самага маленства. Перш чым прывітацца з сябрам, ён пагрозліва кінуў на кузаў:

— Ды ціха вы!

Дзяўчаты, не так напалоханыя, як зацікаўленыя, адразу ж змоўклі. А сам Йонас, неяк засаромеўшыся, пайшоў да Алеся з Гаманьком. Як бы рыхтуючыся да нечага важнага, ён раз-поразу пагладжваў свой чорны непакорлівы чуб.

— Свейке3, таварыш Алесь! Свейке, дзядзька Гаманёк! — спаважна паціскаючы рукі, зірнуў Йонас на свайго даўняга сябра. Відаць, выгляд Алеся і ягоная вопратка змяніліся так, што Йонас не адважыўся ўжо звяртацца да яго па-ранейшаму. — І вы да нас прыехалі, таварыш Алесь! Скажыце, надоўга?

— Назусім, Йонас!.. — І Алесь моцна скалануў яго за плечы, як бы даючы зразумець, што за гэтыя гады ў адносінах паміж імі нічога не змянілася.

— Начальнікам будаўніцтва да нас прыехаў, — палічыў патрэбным не без гонару растлумачыць Гаманёк.

— О, герай!..4 — захапіўся Йонас. — Возьмеце мяне, Алесь, да сябе? — не то ў жарт, не то сур’ёзна запытаў ён.

— Не толькі вазьму цябе, дружа, а нават вельмі прасіць буду.

— Ачу, ачу5, таварыш Алесь! Дзякуй за памяць. А ў мяне, бачыў, якая гаспадарка? — Йонас, падміргваючы, паказаў на кузаў машыны, дзе, на хвілю прыціхшыя, зноў расшчабяталіся дзяўчаты. Алесь заўважыў, што многія з іх з цікавасцю паглядалі на яго, і, заінтрыгаваны, сам міжволі кідаў позірк на гэтую дзявочую мітусню. Дзяўчаты ўсе былі ў стракатых, вышываных уборах і вельмі падобныя адна на адну. Але паміж усіх яго ўвагу прыцягнула невялікая дзяўчынка, тоненькая, з белым даўгаватым тварам, на якім, як скалкі, блішчалі чорныя вочы. Дзяўчына маўчала і паглядала на ўсё задуменна. Зялёная сукенка, вышытая чырвонымі ёлачкамі і крыжыкамі, зграбна аблягала стан. Дзве чорныя касы хаваліся за спіной.

— Воз красунь, і ўсе мяне чакаюць, — засмяяўся Йонас. — Можа, паедзем разам?

— Не, вы ўжо, маладыя, як хочаце, а я па-старэчы, пяшочкам, — адмовіўся Якуб Панасавіч.

— І я з вамі, — далучыўся да яго Алесь, хоць сам быў не супроць паехаць з дзяўчатамі. Йонас ускочыў у кабінку, і хутка машына з песнямі і гоманам схавалася за маладым сасоннікам.

На лузе было людна. Чаму звалася Антонавым лугам мясціна, зусім не падобная на луг, ніхто не ведаў. Гэта быў даволі высокі буй, парослы верасам і дробным сасоннічкам, каля возера Доўгага. Цяпер на гэтым узгорку, закрытым ляском з трох бакоў і адкрытым з боку возера, стаяла некалькі машын і мноства параспраганых вазкоў і каламажак з узнятымі ўгару аглоблямі.

— Глядзі, Алесь, — паказаў Гаманёк, — ты ж яшчэ не быў на нашым сумесным свяце...

Гаманёк не гаварыў аб усім падрабязна, ды Алесь ведаў, што стары настаўнік ганарыцца сягоння вялікім зборышчам людзей і тым, што гэты, некалі зусім глухі куток каля возера Доўгага стаў цяпер такім шумным, ледзь не падобным да гарадской плошчы. У канцы паляны з-пад брызентавых казыркоў паглядалі два ларкі, а крыху воддаль стаяла і крамка на гумавых колах. Шыльды і плакаты былі напісаны на трох мовах — на беларускай, літоўскай і латышскай. У глыбіні сасонніку прасвечвалі часова змайстраваныя дашчаныя падмосткі, якія павінны былі замяніць сцэну, і роўныя рады лаў, прыбітых проста да сасновых пянькоў. Некаторыя месцы былі ўжо заняты, але больш за ўсё людзі тоўпіліся яшчэ на ўскраі пляцоўкі. Увагу прыцягнуў вялізны, на двух пабеленых аркушах фанеры, плакат у вершах:

 

Электрастанцыя — нам палёгка адразу!

Па-першае, нам не патрэбна газы,

Крутнуў штэпсель — і гары,

Лямпачка-маланка, да зары!

Па-другое, ў хату прыйдуць правады,

А за імі — у краны колькі хочаш вады.

А па-трэцяе, станцыя — гэта матор сілы такой:

І дровы наколе, і жывёлу забяспечыць ядой.

Хутчэй на будоўлю, асабліва дзяўчаты!

Пры электрычным святле

Ўсё больш прыгажэйшыя!

 

— Гэта што ж за паэт у нас вынайшаўся? — усміхнуўся Алесь. — Ці не Ярошка гэта?

— Мусіць, ён... Калі пра дзяўчат ды прыгажосць — дык каму болей? — незадаволена забубніў Якуб Панасавіч. — Можа, вершы вычытаў дзе-небудзь, а канцоўку ўжо абавязкова сам прырабіў... Мешчанін гэты...

— Што вы, Якуб Панасавіч! — не пагадзіўся Алесь. — Жарт у вялікай справе — рэч карысная. Я толькі дзіўлюся, адкуль у Ярошкі такі імпэт?..

— Ну, імпэту ў яго хапае... У яго на кожны дзень свой талент, шкада толькі, што ўсё разам не складаецца, магло б што-небудзь і сур’ёзнае выйсці...

Каля плакатаў спыняліся людзі, чыталі, цмокалі языкамі, пасмейваліся. Папыхваючы люлечкай, пажылы мужчына з белымі, як ільняная кудзеля, бровамі даводзіў:

— Галоўнае — гэта, што дровы пілаваць будзе! Я з маёй старою як вазьмуся за гэтую справу, дык адразу лаянка: то я хутка цягну, то павольна, то занадта націскаю, то поверху пускаю... Не так дрэва, як адзін аднаго пілуем!

— А можа, і брэшуць, — выказала сумненне жанчына ў стракатай сукенцы. — Можа, яна, гэтая станцыя, пілаваць і не стане...

— Будзе! — настойваў мужчына. — Прымусім...

— Вось каб яна яшчэ піва варыла! — засмяяўся крыху п’янаваты хлапец.

— Каму што, а свінні месіва, — упікнула яго жанчына...

Самаробны плакат закранаў кожнага па-свойму, паўз яго нельга было прайсці абыякава, і гэта азначала, што аўтары разлічылі правільна. Сяло ўжо не заўважала крыклівых лозунгаў, у якіх няма ні сапраўдных фактаў, ні жывой думкі... Нарэшце ў сасонніку ўзнікла і паплыла над галовамі песня. Хутка з лясной дарожкі паказалася група эглайнаўскіх дзяўчат. Яны ішлі ў рознакаляровых доўгіх сукенках, падвязаных прыгожымі саматканымі паясамі. Следам за імі павольна крочылі высокія хлопцы. На паляне песня скончылася апошнім узлётам:

 

...Кур ту тэцы, кур ту тэцы, гайліты ману,

Но рытыня агрума...6

 

— Весела будзе! — узрадаваўся Гаманёк. — Вунь колькі моладзі назбіралася!..

Усё тут цікавіла Алеся, і, апрача таго, у яго з’явілася няяснае жаданне пабачыць яшчэ раз тую, у зялёнай сукенцы. Але гэтае жаданне адціскалася думкамі аб будаўніцтве — ён быў перакананы ў сваіх ведах, ды ўсё ж упершыню браўся за такую сур’ёзную работу. Як ён здолее яе арганізаваць? Ці хопіць вытрымкі, характару, умення пераадолець тэхнічныя цяжкасці і складанасць людскіх узаемаадносін?

— А вось і яны! — даляцеў з лагчынкі, акружанай тонкімі бярозкамі, высокі голас Захара Рудака.

Проста на мураве сядзелі мужчыны. Якуб Панасавіч і Алесь убачылі там апрача Рудака з Самусевічам двух старшынь калгасаў: літоўскага — Юозаса Мешкяліса і латышскага — Каспара Круміня. Гаманёк і Алесь прывіталіся і моўчкі прыселі побач. І хоць выгляд у старшынь калгасаў быў святочны, паслухаўшы збоку, нельга было сказаць, што яны адпачывалі. Адно ўразіла Алеся: у спрэчках сяброў-суседзяў ён не пачуў ні слова аб будаўніцтве, дзеля якога сягоння сабраліся сюды. Няма чаго казаць, непакоіла яшчэ і тое, што, як яму здалося, для іх быў абыякавы яго прыход.

— Дай ты мне тваю зямлю, — насядаў на Антона Самусевіча хударлявы і рухавы Юозас Мешкяліс, — дык буду ведаць, куды жывёлу дзяваць.

— Добра табе казаць, калі ў цябе лугоў болей, — спакойна спрачаўся Самусевіч.

— А ў каго зямля лепшая, га?

— Лёгка ў чужой кішэні грошыкі падлічваць. А іх, можа, не так і многа! Зямля ў нас цяжкая, пакуль узнімеш — порткі парвеш...

— Падвязвай мацней! — пажартаваў Каспар Крумінь і, пагартаўшы сваю замусоленую запісную кніжачку, дадаў: — Жывёлы, праўду кажучы, у нас болей, а хлеба і лёну ў вас...

— У нас статак на паглядах, каровы ёсць, а малака няма! — пакпіў Рудак.— Хвасты, ды і тыя брудныя...

— Колькі можам пратрымаць, столькі і ёсць, — басавіта, як авадзень, загуў Самусевіч.

— Няпраўда! — усхапіўся з месца Якуб Гаманёк. — У калгасе Райніса колькі сенажаці? Столькі ж, колькі і ў нас. А кароў колькі, і якія каровы?

— У іх лугі лепшыя, — вёў сваё Самусевіч.

— А ты свае не запускай, а дамагайся, каб трава добра расла.

— Ды я што, супроць?

— Не, не супроць, але і не за...

Самусевіч нахмурыўся і пакрыўджана змоўк, бо лічыў, што ягоныя вартасці прыніжаюцца перад суседзямі. Усім стала няёмка ад таго, што замест сяброўскай гутаркі атрымалася сварка.

— Раскрычаліся так, што і пра свята забыліся, — знайшоў выйсце Гаманёк. — А я вам яшчэ і начальніка будаўніцтва прывёз, таварыша Іванюту. Вось, знаёмцеся!

Алесь павітаўся з Каспарам Крумінем і Юозасам Мешкялісам.

— Каму ж адкрываць сход? — спытаўся Самусевіч не без тайнае думкі, што гэтую чэсць прапануюць яму.

Каспар Крумінь, падумаўшы, сказаў:

— Самы старэйшы сярод нас, хай толькі не крывіць душой, Якуб Панасавіч, калі не лічыць таварыша Лайзана, які яго аднагодак. Але паколькі Якуб Панасавіч і самы стары камуніст, дык няхай ён і пачынае.

І хоць стары настаўнік спрабаваў аднеквацца, давялося яму першаму ўзбірацца на дашчаны падмостак. Худы, у шэрым пінжачку, ён узняў руку, запрашаючы ўсіх займаць месцы. З правага і левага боку ад сябе ён пасадзіў старшынь калгасаў і Алеся Іванюту. Потым, калі на лавах ужо не заставалася вольных месцаў, а частка людзей тоўпілася каля памосту, сказаў:

— Вось што, родныя, сягоння, па заведзеным звычаі, праводзім мы свята песні. І спяём мы, і паскачам — ды і чаму б нам не павесяліцца? Дзесяты год як прагналі фашыстаў і жывём у вялікай савецкай сям’і... І паспяваем, і патанцуем — маем мы на гэта права і жаданне! Папрацавалі мы няблага, ды і наперадзе яшчэ многа спраў, а работа на карысць і душу радуе. Правільна я кажу?

— Правільна! — гукнуў нечы магутны бас.

Якуб Панасавіч гаварыў проста, ад сэрца, і слухалі яго з увагаю. Толькі адзін чалавек, які стаяў наводшыбе пад бярозкай і да якога не адразу прыгледзеўся настаўнік, непрыемна ўразіў яго. «Навошта ён прыцягнуўся сюды?» — падумаў ён. Гэта быў Каетан Гумоўскі.

Ён жыў на адзінокім хутары ў лесе і зрэдку калі наогул выходзіў адтуль. Асабліва не паказваўся на людзі пасля таго, як абрэзалі ў яго зямлю. Жыў Гумоўскі на хутары са сваёй старою, меў двое дзяцей: прыгажуню дачку Адэлю і прыдуркаватага сына Вінцэнта. Цяпер на зборышчы ён адасобіўся ад людзей, прыбедніўся, стаяў пануры, і толькі вочы з-пад густых броваў, як чорныя вугалі, пазіралі на сцэну.

Гаманёк гаварыў далей, стараючыся не глядзець у той бок, дзе быў Гумоўскі. Стары камуніст, даўні бязбожнік, Якуб Гаманёк быў не пазбаўлены адной смешнай слабасці — ён верыў у некаторыя прыкметы, хоць і не надаваў гэтаму сур’ёзнага значэння. Аднак варта было чорнай кошцы перабегчы дарогу, калі ён ішоў вудзіць рыбу, альбо натрапіцца жанчыне з парожнімі вёдрамі, як ён ціхенька лаяўся, злаваўся, бо лічыў, што кляваць не будзе. Калі лавілася добра, ён забываўся пра гэта, а калі блага, уздыхаў: «Так я і ведаў!» Гумоўскі, якога ён заўважыў у часе сваёй прамовы, быў для яго падобны той чорнай кошцы, якая перабягала дарогу... Тым не менш Якуб Панасавіч не збіўся ў сваёй гаворцы і не забыўся памянуць пра тое, што хутка пачнецца будаўніцтва станцыі і трэба будзе ўсім папрацаваць як след.

— Каб крыху спіне лягчэй было! — узляцеў усхваляваны жаночы голас. Відаць, яна прачытала Ярошкаў плакат, а можа, была і на сходзе, дзе прымалася рашэнне аб будоўлі — там пра ўсё гаварылі падрабязна.

— Дык яна ж іх, спіны вашыя, часаць не будзе, — пакпіў нехта з мужчын пад агульны рогат.

— Часальшчыкаў на свае спіны мы знойдзем, — не разгубілася жанчына. — Хай толькі рукі вызваліць...

— А колькі гэта будзе каштаваць, не сакрэт? — пачуўся з задніх радоў хрыплаваты голас кладаўшчыка Баркоўскага.

— Ну, ты ніколі не запытаеш, каб не падкалупнуць,— буркнуў незадаволена Гаманёк. — Вось тут у нас інжынер Алесь Іванюта. Ён скажа...

Алесь збянтэжыўся ад нечаканасці — ён не збіраўся выступаць, але рабіць няма чаго, пайшоў да трыбуны. Упершыню бачыў ён перад сабой столькі твараў і ўважлівых вачэй, да таго ж ён яшчэ памятаў, што недзе тут знаходзіцца і маці, і Марфачка, і тая, у зялёнай сукенцы. Прамова яго таму атрымалася адрывістая і сухаватая, густа перасыпаная лічбамі, значэння якіх многія не зразумелі. Некалькі разоў памянуў ён слова «мільён», і калі сеў, дык з натоўпу паляцеў выкрык:

— А дзе ў нас гэтыя мільёны?

— Мільёншчыкі... Штаны лапленыя! — засмяяўся Баркоўскі.

— Ну, вы, ціха! — узняўшыся, прыкрыкнуў на сваіх калгаснікаў Самусевіч. — Калі вырашана, дык няма чаго таўчы ваду ў ступе...

— Ды я што? — напалохаўся Баркоўскі. — Жартую...

— Жартуй, ды спачатку розуму здабудзь...

Якуб Панасавіч падняўся за сталом і прапанаваў выказацца. Яго крыху здзівіла, што першы выйшаў Ян Лайзан. Гаманёк ведаў характар Лайзана. Працаваць той мог бясконца, а гаварыць не вельмі любіў. А тут ён убачыў, як Лайзан рашуча падымаўся па сходках да трыбуны і твар яго быў разгневаны.

— Мы ўсе тут адзін аднаго ведаем, — пачаў ён. — Спрадвеку жывём побач... Мяне вельмі ўразіў выкрык чырваназоркаўскага кладаўшчыка. «Мільёншчыкі — штаны лапленыя...» А што ж, мы разам не мільёншчыкі? Што мы, не можам мільённай справы падняць? А калі чый калгас яшчэ не мільёншчык, дык хай падумае пра мільён. Ён нікому не завадзіць. А ты нас, Баркоўскі, штанамі лапленымі не ўпікай. Вядома, адкуль мы прыйшлі. Ты нам нашых слёз у твар не кідай! І не прыбядняйся сягоння: мы ведаем, як ты жывеш! У лапленых штанах не стаў бы кожны дзень гарэлку смактаць! — рэзка скончыў сваё слова Ян Лайзан і сышоў з памосту.

— Сорамна нам за цябе, таварыш Баркоўскі,— як чмель, прагуў у прэзідыуме Самусевіч, і Захара Рудака здзівіла, чаму старшыня калгаса раптам асуджае свайго друга.

— Так!.. Так!.. — загуло вакол.

— Суцінку!.. Суцінку!..7

А ў гэты час да трыбуны прабіраўся ўжо Юозас Мешкяліс.

— Вядома, каб у нас, у літоўскай дывізіі, дык гаварылі б з такімі інакш, а тут, у калгасе, дык даводзіць трэба...

— А вы ж, таварыш Мешкяліс, сягоння не ў літоўскай дывізіі, — заўважыў яму Захар Рудак.

— Дык я па-мірнаму, але па-строгаму і гавару Пранасу Парэчкусу, які ўвесь час тут злосна кепікі выгуквае: ёсць у нас мільёны, яны ў нашых руках. Скажам, мы, літоўцы, можам лес даць, а другія яшчэ што дадуць...

— Цэглай і вапнай мы забяспечым, — азваўся Каспар Крумінь.

— І мы, доўгаўцы, і лесу дадзім, і камення навозім... і яшчэ чаго трэба падкінем, — рашуча заявіў Рудак.

— Вось бачыце, усё ў нас ёсць, — усхвалявана сцвярджаў Юозас Мешкяліс. — Няма машын, дык машыны дзяржава дасць...

— Абы грошы былі... — памякчэўшы, праказаў Баркоўскі.

— І частку грошай нам пазычыць дзяржава, вось як! Так што мы ў сваёй дзяржаве не прападзём. Дзяржава Волга-Дон пабудавала, у Куйбышаве і Сталінградзе не такія гмахі будуе, — гаварыў ужо Мешкяліс, ідучы на сваё месца за стол прэзідыума, — а мы сваёй станцыі не пабудуем, ці што?..

— Чаго там гаварыць доўга. Хай начальнік будаўніцтва скажа, што павінен даць кожны калгас хоць заўтра, і мы гатовы, — Каспар прапанаваў Крумінь сходу, прыўзняўшыся з-за стала.

— Згодны з гэтым? — запытаўся ва ўсіх Гаманёк.

— Згодны... Суцінку!.. Лайёт!..8— загуло ў натоўпе.

На гэтым сход скончыўся. Але народ не разыходзіўся, а сядзеў і глядзеў на апусцелую сцэну. Зараз павінна было пачацца свята песні. І сцэна нядоўга пуставала. На дашчаны памост ускочыў рахункавод з «Чырвонай зоркі» Паўлюк Ярошка, і ўсе дабрадушна засмяяліся. Можа, ад таго, што даўно ведалі Ярошкаву жартаўлівую натуру, а можа, з тае прычыны, што сягоння ён быў неяк адмыслова прыбраны: пад барадой у яго матляўся прышпілены «гальштук-бабачка», а з кішэні пінжака на грудзях тырчаў рог белае хустачкі, як у сапраўднага артыста.

— Прашу!.. Прашу ўвагі!.. Хвіліначку!.. — спрабаваў суцішыць грамаду ўзбуджаны Паўлюк Ярошка, і жартаўлівы гул паступова змоўк.

Алесь сеў каля Йонаса Неруты і маці з Марфачкай. Па матчыных вачах, якія свяціліся сягоння асабліва ласкава, ён адчуваў, што маці здаволена ягонай прамовай. Яна і сядзела так, як быццам гаварыла: «Глядзіце, які ў мяне ладны сын!»

Паўлюк Ярошка пачаў весці праграму. І пасля таго як ён абвясціў першы нумар, на сцэну выйшаў вялікі хор. У гэтым хоры перамяшалася моладзь трох калгасаў. Гулка і ўрачыста праляцеў над возерам Доўгім Гімн Савецкага Саюза.

Алесь прыглядаўся да ўдзельнікаў хору, апранутых у стракатыя нацыянальныя гарнітуры, і многіх пазнаваў. Заўважыў ён і тых дзяўчат з калгаса «Пергале», якіх сустрэў раніцой на бальшаку. Але, як ні шукаў, не мог знайсці паміж іх невялічкае дзяўчыны ў зялёнай сукенцы. Яго здзівіла, калі, агледзеўшыся вакол сябе, заўважыў, што яна сядзіць адна сярод пажылых пергалеўцаў і сумна паглядае на сцэну.

— Скажы мне, Йонас, чаму тая ў зялёным не спявае з усімі? — запытаўся Алесь.

— А-а!.. гэта Анежка Пашкевічайтэ, — з нейкай абыякавасцю адказаў Йонас, — яна, брат, спяваць тут не будзе, ёй няможна.

— Чаму няможна?..

— Вось каб у касцёле ды з кантычкай у руках, тады ў яе пайшло б!

— Такая маладая... — з жалем праказаў Алесь.

— Такая маладая, а да касцёла самая заўзятая. Уся сям’я нашых Пашкевічусаў такая. Пан клебонас9 у іх самы найгалоўнейшы ў свеце. Ты толькі паглядзі на таго сухара, што з ёю побач сядзіць. Гэта Пранас Парэчкус, ты, можа, яго і ведаеш, — яе дзядзька, у нашым калгасе вартаўніком працуе. Дык ён, брат, цэлую ноч паміж хутароў ходзіць і ўсё свае модлы спявае.

— Шкада дзяўчыны!.. — сказаў Алесь, а сам яшчэ раз паглядзеў на Анежку і, як надзіва, адчуў, што яе самота яго ўсхвалявала. «Я прыехаў сюды працаваць, а не вылупліваць вочы на багамольных прыгажунь, — сурова асудзіў ён сябе. — Што скажуць людзі пра начальніка будаўніцтва, які страляе вачыма па кожнай сустрэчнай?»

Пасля гімна хор спяваў латышскія, літоўскія і беларускія народныя песні. Усе яны гучалі шчыра і цёпла. І гэта не дзіва, бо кожны з удзельнікаў, калі недасканала ведаў мову суседзяў, дык словы песень памятаў яшчэ з маленства.

Пасля хору на сцэне з’явілася бялявая дзяўчына з «Пергале». Алесь заўважыў, што пры яе выхадзе Йонас не мог спакойна сядзець на месцы. А калі дзяўчына спявала песню пра каханне:

 

Ад твайго пагляду

Ў маім сэрцы раны...

Што ж, хай знаюць людзі,

Як я закахана!..—

 

 

Алесь бачыў, як у друга заварушыліся вусны і як ён сам сабе нашэптваў словы тае ж песні.

— Што за яна? — запытаў Алесь.

— А гэта, я вам скажу, што мая!.. — І Йонас зачырванеўся.

— Як твая?

— Ды не, пакуль яшчэ не мая. Гэта Зосітэ, нашага садоўніка дачка, але будзе маёй! — І ўсміхнуўся.

Алесь моўчкі паціснуў яму руку.

Раптоўны гул перапыніў іх гаворку. Яны глянулі на сцэну і ўбачылі там Яна Лайзана. Перад ім на зэдліку стаялі цымбалы. Высокі, смуглаваты, з сівымі пасмамі валасоў, падстрыжанымі роўна ў кружок, ён пакланіўся людзям і дрыжачым голасам загаварыў:

— Семдзесят год пражыў я тут каля возера Доўгага. Многа бачыў на сваім вяку. Але такога, як сёння, яшчэ не ведаў. Шмат я дойнаў, што склаў народ, праспяваў людзям, а сягоння сам склаў дойну і вам праспяваю. — Ён сеў на зэдаль і, паставіўшы цымбалы на калені, ударыў па струнах:

 

...Далёка з Доўгага нясуцца весці,

                                                яшчэ й якія —

Тры хлопцы ў бацькі, усе тры,

                                браточкі, як дубы тыя.

А як здольны, а як жа спрытны,

                                        далёка чутны,—

Ніхто не скрыўдзіць, ніхто не зломіць —

                                                яны магутны.

Зямлёю роднай яны узняты,

                                яны сагрэты!

Дык дзякуй, маці — зямелька наша,

                                        табе за гэта!

 

Аж загрымела вакол ад дружных воплескаў, якія несліся ў падзяку Яну Лайзану за шчырую песню.

Дзяўчаты ўскочылі на сцэну і ўсклалі старому на сівую галаву вянок з палявых кветак.

Час ішоў. Ужо сонца спусцілася нізка над доўгаўскім лесам. Яшчэ крыху, і яно кранулася вострых сасновых верхавін. Вялізныя цені паслаліся ад дрэў на Антонавым лузе. Моладзь пасля канцэрта знайшла сваё месца адразу. Ледзь толькі скончыў Ян Лайзан песню, як непадалёк зайгралі гармонікі, скрыпкі і цымбалы. Зазвінелі званкі, што шархоткі. Загахкалі бубны. Ужо шмат пар ішло па велізарным крузе. Стракацелі вышываныя кофтачкі доўгаўскіх дзяўчат, як рознакаляровыя макаўкі, у прыгожых «кіпурэлях» плылі галовы пергалеўскіх, павольна шалясцелі доўгія, прыгожыя сукенкі райнісаўскіх дзяўчат, а стракатыя паясы ў часе скокаў лёталі за імі, як матыліныя крылы.

Каля крам і ларкоў таксама было людна. Алесю хацелася паглядзець, дзе што робіцца, але ён не мог адысціся ад Якуба Панасавіча і Захара Рудака, якія ўсё яшчэ даводзілі яму, як хутчэй наладзіць арганізацыю будаўніцтва. І толькі калі маці запыталася, ці пойдзе ён разам дамоў, Якуб Панасавіч адпусціў Алеся.

— А я зусім забыўся, што ты малады. Мусіць, табе і самому паскакаць хочацца.

Алесь развітаўся, але дахаты не пайшоў.

Морак паволі поўз ад лесу, зацягваў возера Доўгае і прабіраўся да Антонава луга. На ўзгорку ярка ўспыхнула смаляная бочка, падпаленая эглайнаўскімі хлопцамі, і ўсё асвятлілася навокал. Потым загарэліся другая і трэцяя. І хоць паміж вялізных агнёў на слупах уся грамада яшчэ больш загаманіла, старыя паступова пачалі раз’язджацца і разыходзіцца па хатах. Алесь напаткаў Йонаса, а той падвёў яго і пазнаёміў з Зосітэ, якая зрабіла на Алеся ўражанне бойкай, жартаўлівай дзяўчыны, такой, што, здаецца, ніколі не гаруе. Затое калі Алесь угледзеў яшчэ раз Анежку Пашкевічайтэ, тая здзівіла яго яшчэ большым смуткам, які ляжаў на яе бялявым твары. Водблескі ад агнёў, запаленых над палянай, асвятлялі яе задумлівае аблічча, рабілі яго трывожным і таямнічым. Заўважыўшы, што Анежка збіраецца сесці ў калёсы да Пранаса Парэчкуса, Алесь запытаўся ў Зосітэ:

— Куды яна так рана?..

— Ды гэта ж яе дзядзька спяшаецца, дамоў гоніць. Баіцца, каб дурнога духу не набралася,— пажартавала Зосітэ, але ў словах яе было і адчуванне спагады да дзяўчыны.— Слаўная яна ў пас, але прыгнечаная. Без бацькоў і Парэчкуса баіцца і кроку ступіць.

Калі Анежка з Парэчкусам праязджала побач, Алесю здалося, што яна, кіўком галавы развітваючыся з сябрамі, затрымала больш доўгі позірк і на ім.

Йонас і Зосітэ прапанавалі Алесю пайсці паскакаць, але той адмовіўся, бо лічыў, што гэта яму не да твару. А праз некалькі хвілін ён ужо бачыў гэтую вясёлую пару, якая заўзята кружыла ў крузе моладзі.

Алесю захацелася пабыць на адзіноце. Ён пайшоў невялічкаю сцяжынкаю ў бок возера. Месяц, выплыўшы над лесам, стараўся і не мог перасіліць агнёў, якія палалі навокал. Толькі калі Алесь прайшоў добрыя гоні, заўважыў, як пад святлом месяца пабліскваюць на мураве свежыя росы.

Ідучы берагам возера, ён думаў аб тым, якія вялікія агні павінны загарэцца тут праз год і колькі трэба прыкласці сіл дзеля гэтага. Прыгадалася яму і Анежка Пашкевічайтэ. «Дзіўная дзяўчына!» — разважаў ён і прыкмеціў, што яна не пакідае ягоных думак.

 

1 Перагале – перамога (літ.)

2 Кіпурэлі — галаўныя ўборы (літ.).

3 Свейке — прывітанне (літ.).

4 О, герай!.. — Ай, добра!.. (літ.)

5 Ачу — дзякуй (літ.).

6 Куды імкнешся, пеўнічак, так рана-раніцой... (латыш.)

7 Суцінку!.. — Згодны!.. (лат.)

8 Лайёт..! — Давай!.. (латыш.)

9 Клебонс — ксёндж (літ.).

ІІ

Сталярня ў калгасе Райніса стаяла на ўскрайку лесу, ля возера. Гэта была крытая гонтамі пуня, якая адным канцом навісала над абрывістым берагам, а другім упіралася ў густы ельнік. Блізка ніякіх будынкаў не было. Праз гоні ад сталярні віднелася праўленне калгаса, якое размяшчалася ў каменным будынку былога панка Алоіза Найводы. Ян Лайзан вельмі любіў мясціну, дзе стаяла сталярня, ды і самую будыніну. А гэта і не дзіва, бо папрацаваў ён пад гэтым дахам больш за трыццаць год. Амаль увесь час прастаяў то з фуганкам за доўгім варштатам, а то з пілой ці сякераю. Праз усе гэтыя гады бачылі ягоную нахіленую над варштатам постаць пацямнелыя ад часу і як бы задымленыя сасновыя сцены. Смольныя сукі, нібы чорнымі зрэнкамі, углядаліся ў яго. Адны з іх, здавалася Яну Лайзану, паглядалі ласкава і спагадна, а былі і такія вострыя, што заўсёды са злосцю праціналі ўсяго так, як у жыцці вочы самога Алоіза Вайводы. Але, калі сціхаў піск фуганка, шум пілы ці грук сякеры і Ян Лайзан садзіўся тут жа на дубовы кругляк адпачыць, падабалася яму слухаць навакольны шум. Як бы дзве істоты гаварылі з ім: з аднаго боку бухматымі голлямі шапацелі хвоі, а з другога — пад ветрам ракаталі хвалі, усхліпваючы і скардзячыся на свой неспакойны лёс. Часта ён сам як бы раіўся з імі. А крыўд, што ранілі яго душу, зносіў ён нямала. Да Алоіза Вайводы ў гэтую сталярню Ян Лайзан трапіў даўно, яшчэ перад рэвалюцыяй. А было гэта так. Працаваў ён рабочым на цагельным заводзе ў Рызе. Разам з ім працаваў і ягоны сусед з Доўгага — Якуб Гаманёк. Жыць было цяжка. На свае заробкі яны ледзь маглі сябе прахарчаваць, а каб каму памагчы, нельга было і думаць. У рабочым пасёлку на ўскраіне за Ілгецыелсам пад Рыгай была такая бяднота, што на ўсё было страшна глядзець. Старыя, пахіленыя баракі з вокнамі, пазатыканымі рыззём замест шыбаў. На брудных дварах капорхаліся ў смецці дзеці з параздзіманымі жыватамі. Жылі там людзі з розных краёў. Туды ішлі ўсе, хто не меў магчымасці прыстроіцца дзе ў іншым месцы. Сабраліся там латышская бедната, сяляне-адходнікі з Віцебшчыны, беззямельныя літоўцы з-пад Шаўляя і галеча з-пад Вялікіх Лук. Гаравалі разам, а пасобіць адзін аднаму ніхто не мог.

Настаўніка Якуба Гаманька выгналі з Доўгаўскай школы за тое, што ён раіў бедным сялянам адстойваць свае правы, памагаў ім судзіцца з панам. Наогул, у мясцовых улад Гаманёк лічыўся «сацыялістам». З «воўчым білетам», па якім нідзе не прымалі на працу, адно толькі заставалася — ісці на самую цяжкую і чорную работу. Так і апынуўся доўгаўскі настаўнік Якуб Гаманёк на цагельні ў Рызе, і, як блізкія суседзі, пасябравалі яны там з Янам Лайзанам.

Ян Лайзан помніць, як да Якуба Гаманька прыходзілі таварышы з рыжскага порта, з якімі ён паспеў пазнаёміцца. У вольныя хвіліны яны падоўгу гутарылі аб цяжкім становішчы. Раілі не скарацца пакорліва перад гаспадарамі і ўзнімаць голас за свае правы.

І адзін дзень на ўвесь час застаўся ў памяці Яна Лайзана з жыцця ў гэтым пасёлку. З самага ранку прыйшлі Якубавы таварышы з рыжскага порта і ўзнялі народ. Цяпер Ян Лайзан добра ведаў, што яны былі бальшавікамі.

А тады — помніць толькі, як угаворвалі яны падтрымаць агульную забастоўку, абвешчаную ў горадзе. І народ рушыў за імі. Ішлі нястройным натоўпам з жанчынамі і дзецьмі, і чырвоны сцяг, узняты на доўгім шосце, плыў над галовамі. Калі падыходзілі да моста праз Даўгаву, аднекуль вынырнуў стражнік і спрабаваў спыніць натоўп. Лайзан прыгадвае, што стражніка адштурхнуў Якуб Гаманёк, і ўсхваляваныя людзі, мінуўшы мост праз Даўгаву, пачалі набліжацца да цэнтра. Над натоўпам рабочых, як чырвоныя агеньчыкі, успыхнулі сцягі.

А далей усё закружылася, што ў віры. На падыходзе да цэнтра наляцелі казакі, пачалі свістаць скураныя бізуны і ўзлятаць шаблі. Дэманстрацыю разагналі, а многіх пасадзілі за краты. Трапілі туды і Ян Лайзан з Якубам Гаманьком. Схапілі іх абодвух разам з партовымі таварышамі. А пасля — год турмы, і Яну Лайзану, як некалі Гаманьку, «воўчы білет» у прыдачу.

Пацягнуліся яны ўдвух з Рыгі дахаты. Абодва ведалі, што няма ў іх прыстанку і там, але куды было ісці? У Якуба Гаманька быў невялічкі кавалак зямлі ў Доўгім, ды не хацелася зноў ісці пад нагляд паліцыі, а ў Яна Лайзана не было зусім нічога. Толькі ведаў ён, што нарадзіўся каля возера Доўгага, а ісці не было да каго.

Помніць, як цяпер, Ян Лайзан — падышлі яны да возера Доўгага і спыніліся. Прыйшлі. А куды? І чаго? На берагах возера здалёк віднеліся пахілыя доўгаўскія хаты, якія самі як бы імкнуліся схавацца ад страху ў дробным сасонніку. Якуб Гаманёк, пастаяўшы з хвіліну на беразе, моўчкі падаў руку таварышу. Ян Лайзан заўважыў, як з Якубавых вачэй, быццам расінкі, пырснулі слёзы. Паціснуў руку і пайшоў.

— Куды, Якубе? — толькі паспеў запытаць Лайзан.

— Свет вялік, можа, не загіну... — данеслася ўжо здалёк.

Ян Лайзан пацягнуўся дарогаю адзін, і калі глядзеў на прыдарожную траву, абсыпаную ранішняю расою, яму ўсё здавалася, што гэта Якубавы слёзы.

А сам Лайзан пайшоў у суседні ад сваёй вёскі фальварак. Там і застаўся працаваць толькі за харчы ў Алоіза Вайводы. Марыў, каб з часам як-небудзь вырвацца з гэтай пятлі, займець свой кавалачак зямлі, але нічога з таго не выйшла. Алоіз Вайвода прыняў Лайзана спачатку за здаровы выгляд — такі горы пераверне,— а пасля трымаў за залатыя рукі: мог ён зрабіць калёсы, паправіць каламажку, наладзіць сеялку, малатарню. З ягоных рук лепш, як з фабрыкі, выходзілі крэслы, сталы і шафы. Але заробак быў такі малы, што яго ніколі не хапала нават разлічыцца з даўгамі. Так і не выбіўся на самастойную дарогу. І пры буржуазнай Латвіі не здолеў знайсці выйсця. Хіба ён мог здабыць кавалак зямлі, калі сам яго гаспадар, Алоіз Вайвода, як павук, цягнуў адусюль да сябе, скупліваў зямлю ў сялян і ўсё прыточваў да свайго вялізнага куса? Ажаніўся Ян Лайзан позна. Расма — ціхая і добрая жанчына, была парабчанкаю ў Вайводы. Уздыхае Лайзан, успамінаючы сваю жонку. Нядоўга пажылі яны разам. Памерла Расма ад цяжкіх родаў, можа, таму, што не па сілах працавала. Нежывым нарадзілася і дзіця. Застаўся Ян Лайзан адзін і жыве цяпер, як бабыль, у невялічкай хатцы ў дубовым гаі ля дарогі на Доўгае. Але больш за ўсё ён бывае ў сваёй сталярні, да якой вельмі прывык і дзе за работай яму спакайней, чым у хаце. Многа перажыў Ян Лайзан пад дахам гэтай будыніны, шмат тут правёў горкіх і цяжкіх дзён, але так прывык да гэтага кутка, нават да густога смольнага паху, які нязменна стаяў там, што прыходзіў сюды з прыемнасцю.

Вось і сёння, нягледзячы на тое што ўчора прыехаў позна са свята ў Доўгім, ён роўна ў шэсць гадзін раніцы адчыніў шчыльна збітыя дашчаныя вароты. З сярэдзіны дыхнула знаёмым пахам. Прашастаўшы нагамі па стружках, ён падышоў да сваёй калодкі. Сеў, выняў абсмаленую, з вішнёвым цыбуком, люльку і задыміў. Люлечка ціхенька заклекатала, і колцы дыму паплылі каля загарэлага, з буйнымі рысамі, цёмна-карычневага твару. Цьмяны колер твару вылучаўся яшчэ таму, што галаву абрамлялі доўгія, падстрыжаныя сівыя валасы.

Ян Лайзан цягнуў люльку і ўспамінаў учарашняе свята. Праз расчыненыя вароты ўглядаўся ў даль доўгаўскай дарогі. А потым, прыгадаўшы, як спявалі там людзі, і сам, адклаўшы люлечку ўбок, ціхенька заспяваў, як некалі ў маладыя гады:

 

Ходзяць хлопцы да дзяўчат. Ліга!.. Ліга!..

 

Цешыла яго тое, што так добра прынялі на свяце ягоную песню. Успомніў Ян цёплую сустрэчу са сваім другам Якубам Гаманьком, і думкі яго закружыліся там, каля Антонава лугу, дзе яны па-сяброўску пасядзелі. Мары Лайзана перапыніў ягоны памочнік, малады хлопец Петэр. Заўсёды рухавы, ён і сягоння ўварваўся ў сталярню, прынёсшы з сабою шмат ажыўлення.

— Дзеду Ян! Добрага ранку. Даўно прыйшлі?.. — адразу некалькі прывітанняў і запытанняў вылецела з вуснаў у Петэра.

— Сядай! — перш-наперш спакойна адказаў Ян Лайзан, паказаўшы Петэру на сасновы кругляк. І калі той прысеў, стары, паволі выпусціўшы з рота дым, запытаўся:

— Я-то даўно прыйшоў, а вось чаму ты спазніўся?

Петэр вінавата глянуў на Лайзана.

— Хадзіў у Доўгае. Трэба было сёе-тое ў краме купіць...

— А што табе так пільна спатрэбілася?

— Солі не хапіла, — схлусіў Петэр, а па самай справе ён збегаў і купіў флакон адэкалону, які думаў сёння падарыць пры сустрэчы сваёй каханай Марце. Ужо каторы год ён угаворвае Марту Зібене, каб выйшла за яго замуж. А тая ані блізка. Петэр марыў аб сваім кутку, нават больш таго, час ад часу ўздыхаў па абагуленым бацькавым надзеле. «Я табе наладжу такі куточак, — нашэптваў ён Марце, — што ты як у раі будзеш. Чаго табе поўзаць на калгасную працу?» — «Не, мне, Петэр, твайго раю не трэба, мне вось дзе рай — там, дзе людзі!» — адкідала дзяўчына яго меркаванні.

— Другі раз ты хоць у мяне пытай, калі куды ідзеш, — пасуровеўшы, павучаў яго Лайзан. — А што ты ў Доўгім, апрача куплі, бачыў?

— Людзей наехала розных, — адказаў Петэр.

— Якіх розных?

— Ды поўзаюць там каля возера, каля млына. Усё нешта вымяраюць, выглядаюць...

— Ну, гэта, брат, патрэбныя людзі, інжынеры. Хутка, значыць, будоўля пойдзе вось як!.. — і Лайзан здаволена зноў пасмактаў люлечку.

— Толькі як яна пойдзе, — сказаў Петэр, і стары адчуў у яго словах ноткі недаверлівасці. — Людзі ўсё тыя ж, а, памятаеце, як лаяліся...

— Тыя, ды не тыя, Петэр! Ты малады, мала прыглядаешся, а каб прыгледзеўся добра, тады ўбачыў бы. Ды ты і не ведаеш шмат чаго. Каб ты ведаў, як тут людзі даўней жылі... Хіба магло быць раней, каб эглайнаўцы, доўгаўцы і лукштанцы разам святкавалі? Не, такога не было. «Каб я ды з гэтай жмуддзю разам гуляў?..» — крычалі на літоўцаў некалі доўгаўцы. «Нечага хадзіць да гэтых бульбянікаў-доўгаўцаў», — ганарыліся эглайнаўцы. «Путра... і больш нічога», — гаварылі пра нас лукштанцы. А давялося неяк перад вялікаднем у адзін касцёл сабрацца, дык, ведаеш,— пабіліся: кожны хацеў наперадзе быць. Блізка да паўсмерці пазабіваліся старыя — Іванюта з Доўгага і Пашкевічус з Лукштаў. А цяпер мы на свяце сядзелі як адна сям’я. А мой друг Якуб Гаманёк як бы яшчэ раднейшы стаў. Ну што ж, даволі адпачываць, возьмемся за працу, — сказаў Лайзан і ўзяўся за долата.

Петэр падышоў да варштата і пачаў габляваць так, што стружкі веерам разляталіся ў бакі. Лайзан ладзіў новую брыку. Раз-пораз грукаючы малатком, ён адшчэпліваў дробныя трэсачкі ад кляновай плашкі, прабіваючы дзіркі для драбін, а Петэр фуганкам абстругваў трайню. Работа ў сталярні ішла спорна. Пад полудзень стаяла ўжо на доле высозная брыка, амаль гатовая для кузні. Перад тым як пайсці на полудзень, Ян Лайзан і Петэр парашылі адпачыць. Як заўсёды, кожны з іх сядзеў на сваёй калодцы. Лайзан вельмі любіў парадак, і так у яго было заведзена, што кожная рэч ведала сваё месца. У сталярні было лепш, як у якой гаспадыні ў хаце. Пасярэдзіне стаяў доўгі драўляны варштат. За варштатам на сцяне заўсёды ў парадку віселі пілы і пілачкі. З правага боку, на паліцы, прымайстраванай да сцяны, выставіўшы вострыя лязы, ляжалі роўныя фуганкі, а з левага, праз дзіркі прыбітай да сцяны дошкі, пазвесілі ўніз дзюбы шматлікія долаты і стамескі.

Петэр узяўся за газету. Чытаючы, чуў, як спрытна ходзіць па кляніне нож у Лайзана. Ён ведаў, што стары ўзяўся за сваю любімую справу — разьбу па дрэве. Калі Петэр прагледзеў газету, дык убачыў, як у руках у Лайзана быццам ажываў кавалачак простага дрэва. Стружкі з-пад нажа падалі яму на калені і сыпаліся вакол. Стары ўмела націскаў нажом, і з кавалка, які колькі хвілін назад быў нічым, ужо вызначаўся човен. Як чараўнік, Лайзан валодаў нажом. Яшчэ прайшло колькі часу, і з-пад нажа, як бы народжаны, на чоўне стаяў пад ветразем рыбак і прасціраў руку ўдалеч.

— Вас хоць на выстаўку пасылай, дзеду! — пажартаваў Петэр. — Вунь колькі гэтага дабра ў вас! І куды вы яго падзенеце?

— Не клапаціся! — нібы пакрыўджана адказаў Лайзан. — Я ведаю, куды такія рэчы дзяваць. Ты бачыў, як радуюцца цацкам дзеці, — і тваіх, прыйдзе час, не раз пацешу.

Выразанне з дрэва параходаў, самалётаў, чоўнаў, розных фігурак было для Лайзана не проста любоўю да мастацтва, а сродкам падтрымліваць самыя сяброўскія адносіны з усімі дзецьмі хутароў. Суровы на выгляд, заўсёды адзінокі, ён адчуваў вялікую пяшчоту да басаногіх і белагаловых хлапчукоў, якія, набегаўшыся ў лесе ці каля рэчкі, раптам цэлымі табунамі з’яўляліся на двары сталярні.

— Дык вы дзеда праведаць прыйшлі?.. — усміхаўся Лайзан. — Мне ўсё тут сарока сказала...

— А мы былі ў ягадах, — адзываўся хто-небудзь з іх і падаваў невялічкі кошык з паземкамі старому.

— А мы на рыбу хадзілі, — дадаваў другі.

— Нешта ж я вашай рыбы не бачу. Можа, яна яшчэ ў возеры?..

Хлопчык не губляўся і тлумачыў:

— Рыбу мамка смажыць...

— Ну, значыць, пакаштуем... А што ж мне вам даць? — заклапочана пытаўся Ян Лайзан. — Ды колькі ж вас тут? Раз, два, тры... Ажно восем! Можа, і падарункаў не хопіць? Ну, што ж, бачыш, Петэр, пастараемся ўсім знайсці. — І ён ішоў у запаветны куток, дзе на жоўценькай гладкай палічцы, як на кірмашы, стаялі драўляныя самаробныя цацкі. Чаго толькі там не было! Драўляныя пеўнікі з пафарбаванымі чырвонымі грабеньчыкамі, белыя гускі, карычневыя, нібы калматыя, мядзведзі, буслы на адной назе. Стаялі там невялічкія сталы і куфры, нават маленькія калаўроты, колы якіх сапраўды круціліся.

Трэба было бачыць, з якім захапленнем, з якім чаканнем сачылі шэрыя, блакітныя, цёмныя вачаняты за тым, як Ян Лайзан, знарок не спяшаючыся, лазіў па паліцы ў кутку, трэба было бачыць дзіцячую радасць, калі рабілася вядома, што падарункаў хопіць усім, ды яшчэ, можа быць, і застанецца тое-сёе на другі раз. Адзін атрымоўваў качку, другі самалёт, трэці мядзведзіка з паднятай калматай лапай,— і сталярня, звычайна змрочная і маўклівая, раптам нібы святлела і напаўнялася цмоканнем, гудам і крыкам — кожны не толькі падаваў голас за сваю цацку, але на ўсю сілу стараўся перакрычаць другога.

На гэты раз замест дзіцячых галасоў Ян Лайзан пачуў, як затупацеў конь на двары. Глянуў на вароты і ўбачыў, што Каспар Крумінь, саскочыўшы з каня, прывязвае яго да шулы. Каспар быў грузны, але і ростам з добры сажань. Такіх блізка на ўсёй аколіцы не было. Некаторыя жартавалі, што калі Каспар варочаецца дамоў з Доўгага, дык галава яго відаць ажно з-за доўгаўскага гаю. Але, нягледзячы на свае сталыя гады і таўшчыню, Каспар быў даволі рухавы. Вось і цяпер, саскочыўшы з каня і абцягнуўшы свой бардовы саматканы пінжак, ён жвава надышоў да старога Яна.

— Дзяцей недалёка бачыў, як бобу таго... Відаць, да вас беглі, а пасаромеліся мяне. Мусіць, і мой Томас з імі... І я да вас, дзядзька Ян, — гаварыў Крумінь, паціскаючы старому руку.

— Забягае і Томас у нашу канцылярыю, — пажартаваў Ян Лайзан. — Ды і ты вось не забываешся...

Каспар Крумінь вельмі паважаў старога Яна і часта наязджаў да яго. Стары быў найлепшы яму дарадчык. З малых год Каспар ведаў дзеда Яна. Малым, як і сённяшнія дзеці, прыбягаў сюды па падарункі і не аднаго пеўніка ці мядзведзя меў з тае самае палічкі. Вырас на вачах у Лайзана. Каспар помніць, што заўсёды раіўся са старым. І тады, калі ішоў у салдаты, і тады, калі жаніўся, і тады, калі адыходзіў у партызаны... А цяпер, калі яго выбралі старшынёй калгаса, ён часта пад’язджаў у сталярню, каб па справах перакінуцца параю слоў з дзедам Янам.

— Канцылярыя ваша лепшая за маю, прынамсі, спакайнейшая, — жартам на жарт адказаў Крумінь, усаджваючыся на прыгатаваны панарад. Сеў і Лайзан. Сонца стаяла высока на поўдні, і промні яго, даходзячы да сярэдзіны сталярні, асвятлялі твары Круміня і Лайзана. У Круміня залаціліся густыя рыжыя вусы, і, здавалася, свяцілася сівая галава Лайзана.

— Дык што, дзядзька Ян, пойдзем на будоўлю ў Доўгае?

— Гэта ты да мяне?.. — усхвалявана запытаў Лайзан. — Ты не жартуеш?

— А чаго мне жартаваць, лепш за цябе сталяркі там ніхто не зробіць.

— Ну што ж, калі патрэбна будзе сталярка, я гатоў. Гэта ж не жарты, дзе сталярку рабіць буду!

— На самой электрычнай станцыі!.. — з павагаю дадаў Крумінь.

— І яшчэ што, — разгаварыўся Лайзан. — Спачатку я ў гэтай станцыі пагаблюю і памагу, а потым яна мне паможа: фуганкі ды рубанкі ганяць, пілу круціць будзе...

— Ды не толькі твая сталярня, дзеду, — увесь наш калгас інакш зажыве... А то ці мала ў нас яшчэ рознага непарадку?

Каспар Крумінь выняў папяросу з драўлянага партабака і запаліў. Твар яго спахмурнеў. Відаць было, што клопату ў Каспара нямала. Ён гаварыў, і пальцы яго нервова перабіралі раменьчык скураной сумкі, якая вісела цераз плячо.

— Прыедуць доўгаўцы сацспаборніцтва правяраць, а нас гэты Езуп Юрканс уніз цягне...

— То, мусіць, што брудна на ферме...

— Сам бачыш, пра тое самае... Ужо колькі разоў гаварыў — усё знаходзіць адгаворкі: то людзей не хапае, то крыўдзіцца, што мы прыдзіраемся... Вось і сёння зайшоў — ажно брыдка глядзець... І што з ім рабіць? Накрычыш — глядзіш, назаўтра ўсё ў парадку, а потым зноў цераз пень-калоду...

— А я табе казаў, — заўважыў, вострачы на шырокім бруску лязо фуганка, Лайзан, — гэты Езуп языком у Рызе, а з работай за печчу. Не ляжыць у Езупа Юрканса душа да калгаснай гаспадаркі. Лічыць, што не яго гэта. Ён сам Алоізам Вайводам хацеў быць. Ты не глядзі, што ён языком меле так мякка, быццам аж пад ногі яго падсцілае, а што ён думае...

— Ну, ты, можа, ужо занадта, дарагі Ян. Езуп — хутаранец не такі ўжо багаты...

— Не стаў багатым, бо не паспеў, а каб час быў, дык ты б не пазнаў яго. Ты ж бачыў, як ён перад вайной нізавошта кавалак зямлі ўдавы Марцініхі прыгарнуў... Запаіў суддзю і забраў, як быццам за даўгі, а жанчыну пусціў жабрачыць па свеце.

— Добра, дзеду Ян, але ж у вайну ён нічога благога не рабіў, — выказваў сваю думку Каспар, які хацеў заўсёды знайсці ў чалавеку што-небудзь станоўчае.

— Нічога благога, але і нічога добрага. І ты, і я, і шмат хто з эглайнаўцаў пайшлі ў лес, а Езуп застаўся. Езуп, бачыце, плакаў — у яго жонка хворая, а яна і мяне і цябе перажыве. Хоць бы адзін раз ён прыслаў у атрад мех мукі. Усё ныў, што паліцыянты адабралі. А гэта няпраўда — усё было ў яго схавана, гандляваў потым — золата збіраў... Як сабе хочаш, а не веру я гэтаму чалавеку!

— А можа, ён яшчэ паправіцца, — спрабаваў улагодзіць старога Лайзана Каспар, але той не здаваўся.

— Не веру, і ўсё!.. Ты хочаш у калгасе такіх свіней гадаваць, каб на ўсю рэспубліку слава была, — дык адпрэч яго. У Езуіта на хутары былі такія яркшыры, што ў хляўчук не ўлазілі, а ты яшчэ такіх не маеш.

Словы Лайзана ўзрушылі Каспара. Захацелася давесці старому, што не ўсё ў іх так блага.

— А можа, пройдземся гадзінку, паглядзім, што на полі робіцца, і зойдзем на свінарнік...

— Што ж, гэта можна, — згадзіўся стары.

Ян Лайзан і Каспар Крумінь ішлі па высокім беразе возера і моўчкі ўглядаліся ў прасторы. З аднаго боку, як ахапіць вокам, пераліваліся сінія хвалі і кружылі над імі адзінокія чайкі, як тыя кавалкі белае паперы, параздзьмуханыя ветрам, а з другога — аж да зубчастага лесу ўдалечы — ляжалі эглайнаўскія палі. Непадалёк хвалявалася, шумела, нахіліўшы каласы, жаўтаватае жыта, роўнымі зялёнымі барознамі лапушылася бульба, доўгімі вусамі шамацеў ячмень. На ўзгорку, між ліпавага парку, бялеў двухпавярховы будынак. Гэта былі колішнія пакоі Алоіза Вайводы. Цяпер там змяшчаліся праўленне калгаса і сельскі клуб. А воддаль, ад цэнтра калгаса прыблізна за паўкіламетра, у лагчыне, парослай дробным бярэзнікам, віднеліся шыферныя дахі жывёлагадоўчых ферм і высокая сіласная вежа. Скрозь, як глянуць вакол, стаялі параскіданыя хаты хутароў, нібы паразбягаліся яны ў розныя бакі ад якога страху. Толькі адна дарога, якая ішла ў мястэчка Драву, здавалася, і аб’ядноўвала іх.

Лайзан і Крумінь глядзелі вакол, і кожны па-свойму ўспамінаў перажытае тут. Параўняўшыся са старою ніцаю бярозай, голле якой зялёнымі струменьчыкамі спадала да зямлі, Лайзан успомніў, як сядзеў ён тут яшчэ малады, вярнуўшыся з Рыгі, гадаючы, — куды падацца. Не раз адсюль, з берага возера, паглядаў ён у бок Доўгага, дзе жыў ягоны сябра Якуб Гаманёк, але ўбачыцца з ім не мог. Праз два кіламетры ляжала ўжо мяжа Польшчы, дзе стаяў бела-чырвоны слуп з «бялым орлэм», які раздзяляў іх... Крумінь, убачыўшы вялізны абрыў у яловым хмызняку, прыпомніў, як збіраліся сюды ўначы парабкі дзеля таго, каб дагаварыцца патрабаваць павелічэння заработку ад Алоіза Вайводы. І толькі калі параўняліся з вузкаю, пятлястаю, зарослаю травой дарожкай, якая ўпаўзала ў далёкі густы лес, што віднеўся за ўзгоркам, Каспар Крумінь і Ян Лайзан амаль разам сказалі:

— Наша партызанская!..

І кожны па-свойму ўспамінаў свае падарожжы па ёй. Лайзан уздыхнуў, бо вярнуўся адтуль і ўжо не сустрэў сваёй Расмы, а Каспар хоць і знайшоў у хаце жонку з дзецьмі, але гора было нямала. Не ўстала Аўстра насустрач яму, не прыпала да пляча. Яна ляжала хворая ў ложку. Яе так збілі паліцыянты, дапытваючыся пра партызан, што зусім змарнела. Першы час яшчэ трымалася і рабіла тое-сёе каля хаты, а вось ужо два гады як і ўстаць не можа.

Сонца павярнула з паўдня. Яшчэ на ўзгорку да іх даляцела аднастайнае сакатанне касілкі. Калгас распачаў касьбу. Калі Крумінь і Лайзан спусціліся на дол, да іх, абышоўшы шырокі круг па сенажаці, на касілцы пад’ехала Марта Зібене. Каўнер яе лёгкай квяцістай кофтачкі быў расшпілены.

— Дзень добры, Марта! — крыкнуў стары Лайзан.

— Дзень добры вам! — голасна адказала яна і спыніла коней.

— Ну, як косіцца? — па-гаспадарску запытаў Марту Крумінь.

— А так, што да вечара ўсё гэта скончу! — сказала яна і абвяла наўкруг рукой.

Расчырванелая, з яркімі сінімі вачыма і крыху раскалашмачанымі валасамі, яна, здавалася, уваходзіла ў самы смак працы.

Лайзан і Крумінь, непрыкметна для Марты, перакінуліся параю слоў, і Крумінь звярнуўся да яе:

— А можа, табе цяжка?

— Не, ніколечкі...

— Ды гэта ж хлапецкая работа.

— А што я, слабейшая за іх? — і яна крутнулася на сядзенні, як бы знарок паказваючы свае дужыя плечы.

— Хочаш на лягчэйшую, Марта? — па-старэчы спачувальна запытаўся Лайзан.

— А што ж вы мне прапануеце? — Хітра прыжмурыўшы вочы, дзяўчына глянула на абодвух.

— Што?.. Хочаш брыгадзірам на свінарнік? — рашуча заявіў Крумінь.

— Ха-ха-ха... — І яна зарагатала, ледзь не скацілася ад смеху з касілкі. — Каб мяне яшчэ «свіною нявестай» звалі... Хай Езуп Юрканс свінням хвасты круціць, яму гэта падыходзіць... А я прастор люблю, ветрык...

Яна не стала болей слухаць, сцебанула коней і паехала.

— Агонь — не дзяўчына, — засмяяўся стары Лайзан. — Нездарма ж па ёй Петэр сохне...

— Агонь-то агонь, а да свіней яе трэба ўсё ж паставіць, — парашыў Каспар Крумінь.

Калі падыходзілі да фермы ў бярэзніку, да іх насустрач з варыўні, дзе гатавалі корм свінням, выбег Езуп Юрканс. Малога росту, таўставаты, ён каціўся, быццам качулка. Ацеслівы твар яго з вялізным кірпатым носам нагадваў лыч. Нездарма, жартуючы, Езупа звалі — «свіны тата». І гаварыў ён, неяк прыхлёбваючы словы, як бы качаючы гарачую бульбіну ў роце. Маленькія хітраватыя вочкі хаваліся пад ілбом глыбока. Ён, здавалася, каціўся насустрач на тоўстых крывых ножках, а твар расплываўся ў штучнай усмешцы.

— Да нас, таварышы Ян і Каспар? — Езуп заўсёды зваў іх афіцыйна: «таварышы». Лічыў, што гэта лепшы доказ яго сучасных поглядаў, але, пачуўшы халодны адказ, спахмурнеў.

Каспар, доўга не прымяраючыся, адразу ўзяўся за Езупа:

— Што за двор у цябе?.. Гэта ж — памыйная яма... Ты такі двор у сябе ля хаты меў? Да нас жа суседзі прыедуць. І табе не сорамна будзе паказаць гэта, вэлне!1

Нахмураны Ян маўчаў, а Каспар, знаходзячы яшчэ большыя непарадкі, гарачыўся:

— Тут не месца бульбе на корм ляжаць. У цябе ж ёсць склеп, чаго яна валяецца на двары?..

— Учора толькі прывезлі, яшчэ не паспелі ссыпаць, таварышы!.. — апраўдваўся Юрканс.

— І гэтых дзвярэй надзець не паспелі? — паказаў Крумінь на дзверы ў хлеў, якія ляжалі, знятыя з завесаў.

— У нас няма каму гэтага зрабіць... — выкручваўся Езуп.

— Табе, можа, лакея трэба прыставіць штаны падпяразваць? — раззлавана закрычаў Каспар. — Дзіця ты, ці што?..

А ў хляве Крумінь яшчэ больш раззлаваўся. У загарадцы, дзе раней стаяў дванаццаціпудовы яркшыр Слаўны, было пуста.

— А дзе парсюк?

— Захварэў...

— Ад чаго захварэў? — падскочыў да Езупа Каспар.

— Ветэрынар прыедзе, скажа, а я што ведаю?..

— Пад суд!.. Пад суд цябе аддам, калі што, помні гэта! — абураўся расчырванелы Каспар.

— А ты на яго так не крычы, — спакойна заўважыў Ян Лайзан, — а проста скажы: калі праз два дні не будзе на ферме парадку ды калі яшчэ свінні будуць прападаць, то мы падумаем, што зрабіць. — І, звярнуўшыся да Юрканса, стары Лайзан цвёрда сказаў: — Помні, Езуп, табе даверылі, а ты што робіш?

— Ды я ж стараюся, таварышы! Ну, можа, чаго не даглядзеў... А вы адразу пад суд. У мяне ж малыя дзеці... Хіба так можна савецкага чалавека?.. — захлёбваўся ён. — Вы ж яшчэ паглядзіце, ці вінаваты я? Ветэрынар скажа, чаму так сталася.

У гэты час якраз падышоў ветфельчар Зэелдэ. Ён ужо агледзеў Слаўнага і растлумачыў, што япрук проста захварэў на страўнік і нічога яму не пагражае.

— А вы мяне пад суд невінаватага хацелі... — скардзіўся, ледзь не ўсхліпваючы, Езуп Юрканс.

— Усё роўна я яму не веру, — сказаў Каспару Лайзан, калі яны выходзілі з фермы.

Стары Ян пайшоў на абед, а Каспар Крумінь ужо адвячоркам вярнуўся дамоў на полудзень. Яго абсыпалі малыя дзеці. А было іх шасцёра — тры дзяўчынкі і тры хлопчыкі. Старэйшай толькі чатырнаццаць год. Каспар сядзеў за сталом у куце і смачна еў смажаную бульбу з салам. Малога Томаса ён трымаў на каленях, а двое побач цікавалі, чакаючы, калі бацька і іх возьме.

— Ды не чапіцеся вы да таты... Дайце яму хоць перакусіць... — сварылася на малых хворая Аўстра.

Каспар уздыхнуў. Не шанцуе яму ў жыцці. Вось ужо каторы год як хварэе жонка. Колькі ні прывозілі дактароў, ніяк не можа паправіцца. А дома без гаспадыні блага. Усё лягло на чатырнаццацігадовую Візму. Вядома, што малыя былі без догляду. Хоць бы ён сам часцей быў дома, а то дзе там — ледзь хапае часу, каб забегчы ўзяць чаго ў рот. Каспар вельмі перажываў хваробу жонкі. Крыху і сябе ў гэтым вінаваціў. Паліцаі білі Аўстру і дапытваліся — дзе ён?.. Чаму не здолеў тады падысці на паратунак?

Каспар скончыў абедаць і нясмела зайшоў у камору да жонкі. Яна ляжала там, высока падняўшы галаву на падушках. Худы твар яе быў бледны, з зеленаватым адценнем. Глыбока запалыя вочы мякка свяціліся і як бы прасілі спагады. Чорныя валасы, акуратна прычэсаныя, яшчэ больш падкрэслівалі яе бездапаможнае імкненне выглядаць хоць крыху прывабней і ў часе хваробы. Каспар сеў побач на табурэтку і ўзяў Аўстру за руку.

— Ну, як ты сягоння, маці?..

Аўстра дрэнна адчувала сябе. Ёй было цяжка дыхаць, але яна не хацела непакоіць Каспара і таму, стараючыся быць весялейшай, сказала:

— А ведаеш, мне лепш!.. Мне так здаецца...

— Можа, цябе ў бальніцу, Аўстра?..

— Не, не, ні ў якую бальніцу я не хачу. Я буду здарова... а ты сябе сам шануй, Каспар... — Яна палажыла сваю худую руку на яго калена. — Дзеля дзяцей беражыся!..

І як Аўстра ні трымалася, а нечаканая слязіна спала і прабегла па сухой шчацэ...

Каспар, устрывожаны, выйшаў ад жонкі.

 

1 Вэлне — чорт (латыш.).

ІІІ

Алесь прачнуўся, калі яшчэ ледзь бралася на світанне, і колькі ні варочаўся, але заснуць ужо не мог. Гэтулькі клапот адразу! Добра, ёсць пастанова сходу аб будаўніцтве, але яшчэ няма вылучаных на гэта сродкаў, а галоўнае — матэрыялаў. А час не церпіць. Усе прасілі, каб паскорыць праект будоўлі, і вось ужо з’явіліся інжынер-праекціроўшчык Барыс Васільевіч Беразінец, два тапографы-геадэзісты — Зіна Малькова і Міша Грабоўскі — і геолаг Андрэй Касцючэнка. Людзі гатовы адразу ўзяцца за працу, а тут не толькі нічога не арганізавана, а ледзь знайшлі месца, дзе размясціць прыезджых. Дзякуй, што Якуб Панасавіч пайшоў насустрач: памяшканне школы ў летні час вольнае — аддаў два класы. Калі праводзілі сход, здавалася, што будзе лягчэй, а тут быццам і дробязь — размясціць некалькі чалавек, а столькі турбот...

Алесь устаў і, каб нікога не патрывожыць, асцярожненька адчыніўшы дзверы, выйшаў на двор. На агародзіку каля хлява сонца пасерабрыла расу на агурэчніку, і ад зямлі ўздымалася ледзь прыкметная пара. Галубы пад страхою вялі сваю ціхую пяшчотную варкатню. З возера павяваў свежы, вільготны ветрык, які, здавалася, ласкавымі, нябачнымі пальцамі перабіраў даўгаватыя лісты рабіны. І ўсё гэта так залагодзіла Алеся, што на сэрцы яго паспакайнела. Ён выйшаў на вуліцу і накіраваўся да калгаснай канцылярыі, якая стаяла на ўскраіне сяла. Хаты ўжо ажывалі. Рыпелі асверы на студнях, звонкія дзіцячыя галасы даляталі праз расчыненыя вокны. То з адной, то з другой каліткі выходзілі людзі, спяшаючыся на працу. У летні час вёска прачынаецца рана, і Алесь парашыў, што і ў канцылярыі ў гэткую пару могуць працаваць. А можа, усталі і прыезджыя? Але, калі праходзіў паўз школу, зайсці не адважыўся. Няёмка будзіць малазнаёмых людзей у гэткую рань. Пасаромеўся пагукаць і Якуба Панасавіча, які корпаўся на градках невялікага школьнага ўчастка. Як быццам нічога не змянілася за гэтыя гады. Алесь, як помніць, дык заўсёды ўлетку бачыў знаёмую настаўнікаву постаць, прыгнутую вось так жа над градкай і нават у тым жа адзенні: Якуб Панасавіч натхнёна прывучаў сваіх вучняў да працы на зямлі, і многія з іх, скончыўшы школу, пайшлі вучыцца на аграномаў і садаводаў. І ў часе канікул прыходзілі некаторыя вучні, каб папрацаваць на школьным агародзе. Стары настаўнік не любіў, калі чалавек не быў да чаго-небудзь моцна прывязаны ў жыцці. Адзін вучань Доўгаўскай школы, кінуўшы сёмы клас, пайшоў працаваць у чайную, і гэта глыбока абразіла настаўніка.

— Дарма ён гэта зрабіў, — гаварыў сваім выхаванцам Якуб Панасавіч. — Ну што з таго будзе, калі ён змалку хапіўся за брызентавы партфель і за прылавак стаў...

Алесь з прыемнасцю ўспамінае словы Якуба Панасавіча, якімі настаўнік праводзіў яго некалі ў дарогу:

— Не губіце маладых год. Сорамна не навучыцца спецыяльнасці. Трэба прыносіць карысць людзям.

Алесь падыходзіў да калгаснай канцылярыі. Гэта быў пасівелы ад дажджоў, але яшчэ даволі моцны пяцісцен. Зруб яго застаўся ад асадніка, які збег некуды у трыццаць дзевятым годзе, калі прыйшла Чырвоная Армія, і назад не вярнуўся. У адной палавіне хаты стаялі сталы старшыні праўлення і рахункавода, а ў трысцене размяшчаўся чырвоны куток. У канцылярыі Алесь застаў рахункавода Паўлюка Ярошку, які сядзеў, схіліўшыся над паперамі, і кладаўшчыка Марціна Баркоўскага. Алесь увайшоў так ціха, што тыя нават не заўважылі яго за вялікаю спрэчкаю. Ярошка са злосцю тыркаў пальцам у нейкую паперу, а ў Баркоўскага ажно запатнела лысіна і павыступалі чырвоныя плямы на шчоках. Дым ад папярос слупом стаяў над іх галовамі. Не спадабаўся Алесю і агульны выгляд канцылярыі. Сталы былі непрыбраныя. На сцяне вісеў жоўты ліст паперы, заседжаны мухамі, на якім быў напісаны графік работы калгасных брыгад, а побач тулілася некалькі абавязковых пастаноў райвыканкома, парудзелых ад часу і ўжо нікому не патрэбных.

Калі Алесь прывітаўся, Ярошка і Баркоўскі порстка ўзнялі галовы. Баркоўскі, нешта буркнуўшы ў адказ, зноў утаропіўся ў свае запісы, а Паўлюк Ярошка хутка ўсхапіўся з-за стала і выйшаў Алесю насустрач. Вяснушкавы твар яго з барадаўкай на шчацэ свяціўся сапраўднай радасцю.

— Добра, што ты зайшоў да нас, таварыш Іванюта. Мне даўно хацелася з табой пагаварыць. Можа, ты паможаш нам у клубе?

Ярошка быў заўзяты кіраўнік самадзейнасці, і невядома чаму — рахункаводству ці ўдзелу ў самадзейнасці — ён аддаваў больш увагі.

Алесь ведаў захапленні старога таварыша і дабрадушна ўсміхнуўся ў адказ:

— Ты мне дай, Паўлюк, з маёю работай справіцца, а ты мяне ўжо немаведама куды запрагаеш. — Ён адхіліў прапанову Ярошкі яшчэ таму, што лічыў: начальніку будаўніцтва не пасуе выступаць у самадзейнасці. — Ты вось паглядзі, Паўлюк, што ў цябе ў канцылярыі робіцца. — Алесь, скрывіўшыся, паказаў Ярошку на смецце каля стала.

Паўлюк збянтэжыўся ад такой гаворкі, неяк незразумела махнуў рукой і, прысеўшы за стол, зноў накінуўся на Баркоўскага:

— Адкуль у цябе запісана, што ты з млына фунтоў дзве тоны прыняў, калі вось даведка мельніка Шаплыкі, што ён здаў табе дзве тоны і пятнаццаць кілаграмаў?

— Дык што я, па-твойму, злодзей, га? — зноў зачырванеўся Баркоўскі. — Ты мне не давяраеш... Ты, блазен, мне, сталаму чалавеку?..

— Запомні раз і назаўсёды, таварыш Баркоўскі, — усхвалявана адказаў Ярошка і пальцамі адкінуў костачку на лічыльніках. — Улік праўду любіць — раз! — Адкінуў ён другую костачку. — Лічбы — упартая рэч, а яны вось што кажуць — два! Без папраўкі мельніка Шаплыкі і я нічога паправіць не могу — тры!.. — І ён апошні раз, са злосцю, адкінуў некалькі костачак.

Відаць, яны яшчэ доўга спрачаліся б, калі б у гэты час не ўвайшоў у пакой мельнік, аб якім ішла гаворка. Пакуль Ярошка глядзеў у паперы, Алесь заўважыў, што ўзрушаны Баркоўскі на прывітанне мельніка ледзь прыкметна падміргнуў яму. І калі Ярошка запрапанаваў таму пацвердзіць сваю даведку, ён у адказ рашуча заявіў:

— А яшчэ рахункавод, і не бачыш, што лічба пятнаццаць закрэслена. Рысачка, праўда, слабая, але вось яна... — Ён правёў па лічбе чорным кіпцем.

— Цяпер дык я бачу, калі ты націснуў пазногцем лепш, чым алоўкам, а раней ніяк не мог здагадацца. Наогул, выразней пішыце, таварыш Шаплыка, а ты не гарачыся, Баркоўскі!

— Калі ж ты заўсёды да мяне чэпішся, — ледзь цэдзячы словы, пакрыўджана сказаў Баркоўскі.

Бразнулі дзверы, і ў канцылярыю ўвайшлі Антон Самусевіч і Захар Рудак. Відаць, да гэтага яны палаяліся, бо абодва былі нахмураныя. Прывітаўшыся з Алесем, прыселі каля старшынскага стала.

— Ты, відаць, зачакаўся мяне, таварыш Іванюта? — неяк безуважна запытаў Самусевіч.

Алеся гэта раззлавала, і ён даволі гнеўна выпаліў тое, што набалела:

— Добра было б, каб я не хадзіў дваццаць разоў з-за ўсялякага глупства і не траціў дарма часу...

— А што такое? — як бы нічога не ведаючы, зноў жа абыякава пацікавіўся Самусевіч.

— А тое, што на словах вы адно кажаце, а на справе другое робіце.

Захар Рудак вострым паглядам працінаў Самусевіча, а таго нічога не ўзрушала.

— Выразней!.. Выразней, таварыш Іванюта! — сказаў ён і вачамі ўбіўся ў газету, якая ляжала на стале.

— А тое выразней, што вы будаўніцтва зрываеце! Дзе вашы людзі? Калі так пачынаць, дык што далей будзе! Два чалавекі патрэбны геадэзістам, і тых няма! Абяцалі каменне збіраць, а дзе яно?..

— Спакайней! Вы не крычыце на мяне, таварыш Іванюта. Я не баюся. Чаму гэта, скажыце, адна наша «Чырвоная зорка» павінна людзей даваць?.. А латышы, а літоўцы дзе, га?

Захар Рудак устаў і захадзіў па хаце.

— Я проста не ведаю, што вам адказаць па гэта. — Алесь развёў рукамі і прысеў на лаву, а сам думаў, што цяжка будзе з такімі, як Самусевіч, знарок ён усё гэта вытварае, ці што...

Нават Паўлюк Ярошка ад сораму не мог узняць вачэй ад папер. А Захар Рудак не вытрымаў. Ён падышоў да стала і, утаропіўшы грозны позірк у твар старшыні, загаварыў з запалам:

— Даволі вала круціць, Антон Рыгоравіч! Вы жартуеце, ці што, ёлкі зялёныя, я не разумею! Нарэшце, гэта ж не па-партыйнаму! Будзеце вы выконваць волю народа ці не?

Гэта, відаць, вывела Самусевіча з раўнавагі.

— Не забывайцеся, таварыш Рудак, што пакуль я гаспадар... — запярэчыў ён.

— Сход — гаспадар, а вы яго выканаўца. Камуністу даўно трэба было ведаць пра гэта.

— Чаго вы ўзгарачыліся? — паспрабаваў супакоіць усіх Самусевіч. — Колькі чалавек сягоння трэба? Колькі, таварыш Іванюта?

— Два, каб толькі насіць ленту і памагаць перастаўляць тэадаліт...

— Ну дык зараз і будуць, — запэўніў Самусевіч.

Але Рудака, заўсёды напорыстага і адкрытага, нялёгка было супакоіць.

Падышоўшы да дзвярэй, ён узяўся за клямку і кінуў:

— Мы з вамі яшчэ на партгрупе пагаворым, Антон Рыгоравіч!

— Вось і паспрабуйце папрацаваць з такім брыгадзірам і парторгам... — немаведама каму паскардзіўся Самусевіч. — А-а... вось добра, што ты з’явіўся, — сустрэў ён Кузьму Шавойку, які якраз увайшоў у калгасную канцылярыю.

— А чаго такога? — пралапатаў шапялява Шавойка. Па чырвоных вачах яго відаць было, што ён пад хмяльком.

— Пойдзеш геадэзістам памагаць — тэадаліт насіць. Возьмеш яшчэ каго з Рудаковай брыгады.

— Як табе не сорамна, Кузьма, — выходзіш на работу, а язык заплятаецца... Ды яшчэ камсамолец... — упікнуў Алесь.

— Абы ногі не запляталіся, — агрызнуўся Шавойка.

Гаворку перапыніла тое, што з’явіліся інжынер Беразінец і геадэзісты. Алесь устаў ім насустрач і прывітаўся.

— А я не хацеў непакоіць вас, сябры, думаў, што яшчэ адпачываеце.

— Мы да вас не адпачываць прыехалі, а працаваць, — заўважыў акуратна апрануты і па-вайсковаму падцягнуты інжынер Беразінец. — Праўду я кажу, таварышы? — звярнуўся ён да Грабоўскага і Мальковай.

— Давайце людзей, і мы зараз жа за працу! — засакатала тоненькая і крутлявая Малькова. — А то колькі дарэмна часу марнуецца!

— Вось вам таварыш Шавойка, ды яшчэ ён хлопца пакліча, пачынайце, і жадаю поспеху, таварышы, — праказаў Алесь.

— А дзе будзе наш так званы штаб? — запытаў Беразінец у Алеся і, калі той адказаў, што часова ў калгаснай канцылярыі, не марудзячы, выйшаў з геадэзістамі ўслед за Шавойкам на двор. Відаць было, што інжынер Беразінец і Малькова сапраўды не прывыклі дарэмна траціць часу.

— Ну, што я казаў? Вось і людзі ёсць, чаго было гарачыцца, — апраўдваўся Самусевіч.

— Не, Антон Рыгоравіч, было чаго гарачыцца. Калі з вамі кожны дзень размаўляць так, дык толку не будзе. Хопіць мне таго, каб арганізаваць усё ў «Пергале» і ў калгасе Райніса. А вы дома, самі павінны былі б ісці насустрач.

— А хіба я не іду?..

— Ну як жа, ужо каторы тыдзень хоць бы воз камення падвезлі!

— Усяму свой час, тут у мяне жніво на шыі, а ты — каменне!

— Дык, можа, адмовімся ад будоўлі?

— Ну, ціха, ціха... — заспакоіў Самусевіч. — Пашлю людзей і па каменне. Толькі не хвалюйцеся дарма!

Горка было на душы ў Алеся. Ён, праўда, ведаў, што ўсялякае будаўніцтва пачынаецца з розных клопатаў, але ніколі не меркаваў, што ў яго на радзіме гэтыя клопаты будуць такія прыкрыя. Псаваць нервы ўсю раніцу толькі ад таго, што няма двух чалавек у дапамогу геадэзістам, вымольваць воз камення, калі будуць патрэбны тысячы і тысячы такіх вазоў, слухаць нараканні на латышоў і літоўцаў... Колькі пафасу і паэзіі было там на свяце, калі ўсё гэта пачыналася, — і вось гэтая хваля прайшла, расплылася, а заместа яе ледзь цурчыць і пятляе слабенькая ручаінка афіцыйнай падтрымкі. Што можна зрабіць з такімі непаваротлівымі людзьмі, як Самусевіч? Ці надоўга хопіць напорыстасці ў Рудака, занадта простай і часамі шматслоўнай? Ці не час яму пабыць у суседзяў, каб хоць уявіць сапраўдныя адносіны да будаўніцтва?

Зайшоўшы дахаты, Алесь пачаў ладзіцца ісці ў «Пергале». Сёння нават маці заўважыла, што ён даўжэй звычайнага збіраўся ў дарогу. Старанна ваксаваў чаравікі і наводзіў бляск чорнаю суконкаю, а скончыўшы чысціць, акуратна склаў суконку, загарнуў яе ў паперу і паклаў у кішэню — яшчэ спатрэбіцца. Пачысціў шчоткаю свае сінія штаны і, надзеўшы белую шаўковую кашулю, уважліва прыглядаўся да каўняра, вышытага прыгожым узорам. «Па адзенні сустракаюць», — думаў ён, і яму хацелася, каб, нягледзячы на маладосць, усе бачылі ў ім чалавека сур’ёзнага і акуратнага.

Маці нават была здзіўлена, куды так Алесь старанна выбіраецца, але, не паказваючы выгляду, дастала з куфра шырокі, вышываны бацькаў пояс, падала:

— На, некалі гэта так прыгожа было... Ды і цяпер, відаць, не блага.

Алесь, падперазаўшыся, пакруціўся яшчэ крыху перад люстэркам, прыгладзіў бялявыя ўскудлачаныя валасы і, сказаўшы маці, што ідзе ў госці да Йонаса, выйшаў з хаты.

Як толькі Алесь апынуўся за вёскай і ўбачыў дарогу, што вяла на «Пергале», адразу на яго найшло хваляванне. Усё навакольнае, здавалася, заўважала ягоны настрой, у якім ён сам не мог як след разабрацца. Побач з клопатамі аб справах жылі ў яго сэрцы яшчэ настроі нязлоўныя, але прыемныя. Тры сасны, як тры сястры, што стаялі ля дарогі ў жыце на ўзгорку, здавалася, даўно прыкмецілі Алесеў роздум і, хістаючыся ад ветру, нібы шапталі: «Ведаем — не толькі Йонас яго цікавіць... а цікавіць тая ў зялёнай сукенцы». «Няўжо яна запала мне ў сэрца? — думаў ён. — Яна сапраўды выглядае такою прывабнаю...» — І вобраз Анежкі зноў усплываў перад ім. Стаіць такая задуменная, а ў прыгожых чорных вачах, здаецца, вось-вось бліснуць слёзы. «Няшчасная», — думаў Алесь, а вочы яе нястрымна вабілі да сябе. І яму рабілася і трывожна і хораша на душы. Алесю было даволі часу на мары, бо хоць дарога ад Доўгага да «Пергале» невялікая — усяго некалькі кіламетраў, затое думы чалавечыя так хутка ўзнікаюць і так далёка сягаюць, што за гэты час Алесь Іванюта пабыў не толькі там, дзе сустрэўся з Анежкай Пашкевічайтэ, а і ў Мінску, і ў Маскве, дзе яму хацелася цяпер пабыць, але ўжо з ёю разам. Ён нават так задумаўся, што, калі астыў ад сваіх мараў, не верылася, быццам Анежкі няма побач і што не гаварыў з ёю цяпер...

Алесь ішоў высокім берагам возера, на якім шумелі кашлатыя хвоі. Белы пясок побліз вады быў затканы зялёнымі верасамі. Дзе-нідзе, як волаты, ахапіўшы чыгуннымі вузлаватымі карэннямі зямлю, стаялі дубы. Магутныя і велічныя постаці іх адбіліся ў люстранай вадзе...

«Ах, як шкада, што няма яе цяпер са мною. Тут жа такія прыгожыя мясціны!..» — думаў Алесь, а малюнкі прыроды мяняліся адзін за другім. Толькі што ён захапляўся высокім абрывістым берагам, як раптам дарожка, што белая ручаінка, пакацілася з узгорка наніз, і перад вачыма яго развінулася бязмежная сенажаць, як бы разаслаў хто вялізны-вялізны дыван, што зліваўся ўдалечыні з блакітным шоўкам чэрвеньскага неба. Дзе-нідзе толькі віднеліся на гэтай неабсяжнай зялёнай роўнядзі асобныя купкі беланогіх бярозак, якія стаялі мясцінамі, што тыя дзяўчаты ў карагодзе. Зусім на доле дарожку перабягаў невялікі ручай, які цурчаў з-пад маладой алешыны, што ўзнімалася над чаратамі. Вада была такая чыстая, з нейкім крыштальным адценнем, што нават круглыя, гладкія каменьчыкі, якія ляжалі на дне ручая, здаваліся белымі каралямі. І хоць Алесю ў той час не хацелася піць, ён нахіліўся, і прыемны халадок асвяжыў яго ўсяго. Пасля падняўся, далоняю выцер губы, абтрос з кашулі празрыстыя кропелькі і адчуў, што прасвятлела ў вачах. Нават лягчэй цяпер ступалі ногі...

Была такая пара лета, калі не ўбачыш маўклівай птушкі. Усё спявала навакол. Ляшчыннік над ручаём ажно калаціўся без ветру — неўгамонныя птахі спявалі і варушылі яго голле не толькі крыламі, а, здавалася, галасамі... Радавалася і душа Алеся. Хутка ён будзе ў «Пергале», дагаворыцца з Мешкялісам, наладзіць як належыць справу і, напэўна, пабачыць тую, што так часта прыходзіць на памяць.

Вось ён мінае ручай і ступае на літоўскую зямлю. Вунь, на ўзгорку, відаць гонтавыя і чарапічныя дахі пергалеўскіх хат. І раптам прыйшла думка: усяго гэтага магло не быць. Крыху больш за дзесяць год назад тут была дзяржаўная мяжа папскай Польшчы і Літвы, і яму нечага было думаць, каб тады перайсці гэты мосцік. Тут стаялі слупы, на адным з іх красаваўся белы арол, а на другім скакаў коннік, падняўшы шаблю. Малы быў Алесь Іванюта, але памятае, што падысці сюды было нельга. А яшчэ помніць ён, што калі прыходзілі жаўнеры ў вёску, дык насміхаліся з усіх, абзываючы «мужыкамі». Алесь уважліва прыглядаецца. Ніякай розніцы ў краявідзе: з аднаго боку звісала над вадою дуплаватая задумлівая вярба, а з другога — хілілася да яе старая алешына. Абедзве як бы гаманілі з ручаём. І трава, і кветкі, і матылі, і конікі — усё тое ж самае, усё жыло разам.

«Як добра, што ўсё змянілася, — падумаў Алесь і закрочыў далей па пергалеўскай дарозе. — Гэта ж ніколі, напэўне, і не давялося б пабыць тут».

У «Пергале» Алесь хутка знайшоў Йонасаву хату. Некалькі год назад, перад ад’ездам у Мінск на вучобу, Алесь быў тут. Яшчэ здалёку ён пазнаў гонтавы дах у зялёным садку. І хоць дах крыху парудзеў за гэты час, але не змяніўся выгляд вакол. Так жа каля акон шумелі дрэвы і маладая рабінка стаяла пры ганку. Хата была наводшыбе, каля гайку, і як быццам выйшла адтуль нядаўна і пазірала сінімі шыбамі на дарогу.

З двара кінуўся на Алеся чорны калматы сабака. Але, не дастаўшы колькі крокаў, высока падскочыў, затрыманы ланцугом, і спыніўся.

З сяней паказалася Йонасава маці. Крыху прыгледзеўшыся, паставіўшы далонь над вачыма, яна, відаць, пазнала Алеся, бо сардэчная ўсмешка асвяціла яе маршчыністы твар.

— Вы да Йонаса... Ах, як шкада, што яго няма... Але заходзьце, заходзьце ў хату. Ён хутка прыйдзе... Будзьце як дома. — І пацягнула Алеся за рукаў.

Відаць, усе нашы маткі такія, што сябры іх дзяцей вельмі дарагія ім. Алесь бачыў, як старалася яна ўвесці яго ў хату, пасадзіць у найлепшым месцы і чым-небудзь заняць. Йонасава маці была ўжо ў гадах, але яшчэ рухавая. Апошнія гады амаль не закранулі яе — гэтак жа, як і тады, хутка ходзіць па хаце і да ўсяго прыкладаюцца яе рукі: то пераставіць крэсла, то захіне фіранку ў камору.

Алесь размаўляў са старою і ў той жа час прыглядаўся, ці змянілася што ў хаце. Ён добра помніў, якою была яна тры гады назад, і здавалася, што ўсё было на месцы. Таксама стаяў у куце стол, засланы белым ільняным абрусам, а з бакоў — дзве белыя табурэткі і чорнае, высокае, разьбяное крэсла. Да дашчанай сцяны, якая адгароджвала камору, прытулілася таго ж колеру, што і крэсла, шафа. Каля печы на невялічкім услоніку — драўлянае вядро з вадою і вялізны жоўты бляшаны кубак. На вокнах, як і раней, стаяў рагаты калючы альяс і цвілі бабіны. Алесь звярнуў увагу, што Хрыстос, які распасціраў рукі на драўляным крыжы ў куце, па-ранейшаму быў таксама ўбраны дзеразою. «Значыць, яшчэ моцны ў старых каталіцкі дух», — падумаў ён, але заўважыў хутка і тое новае, што з’явілася ў хаце. Па-першае, амаль у куце, на відным месцы ля акна, быў прыклеены надрукаваны на добрай паперы «Гімн Савецкага Саюза». На дашчанай сцяне, што перагароджвала хату, віселі малюнкі з «Огонька» — «Бітва пад Белгарадам» і «Бурлакі» Рэпіна. А вышэй іх — партрэт Леніна, акуратна аздоблены чырвонаю папяроваю рамкай. Побліз стала на сцяне красаваліся фотаздымкі, на адным з якіх Алесь пазнаў Йонаса ў вялікай групе мужчын.

— Дзе гэта Йонас здымаўся?

— А яшчэ ў Вільнюсе на курсах брыгадзіраў.

— Даўно?

— Гады са тры...

«Значыць, калгас тут арганізаваўся адразу ж, як я паехаў, — падумаў Алесь, — і Йонас, відаць, лічыцца неблагім брыгадзірам». Але Алеся цікавіў не толькі гэты бок жыцця таварыша.

— А як жа Йонас... жаніцца не збіраецца? — запытаў ён.

— Ды ўсё нешта не выходзіць...

— Можа, таму, што дзяўчыны няма?

— Ды ёсць, і не адна,— пакрыўджаная такім запытаннем, адказала маці і прымусіла насцеражыцца Алеся.

— А якая ж яму больш падабаецца?

— Як мне здаецца, дык Зосітэ — дачка Юстаса, садоўніка... — І, як бы схамянуўшыся, што сказала лішняе, старая, падышоўшы да Алеся, папрасіла: — Але ж вы яму не кажыце пра гэта!

— Не, не... маці... ні за што не скажу... Ён сам мне пра ўсё раскажа, але чакаць яго доўга я не магу і пайду шукаць. Дзе ён працуе?

— Ды пасядзелі б, але калі так спяшаецеся, дык, мне здаецца, вы яго на бульбе знойдзеце. Вунь у тым баку, за ўзгоркам. — Яна паказала ў поле рукой праз расчыненае акно.

Алесь хацеў адразу ж ісці, але мусіў затрымацца, бо старая не адпусціла яго, пакуль ён не з’еў суніц з малаком. Дарэмна адмаўляўся, што нядаўна снедаў дома. Даўшы ёй абяцанне, што яшчэ зойдзе, накіраваўся шукаць Йонаса.

Алесь ішоў на поле пергалеўскаю вуліцай. Тут некалі было сяло Лукшты, а цяпер вуліца вілася паміж рэдка параскіданых хутароў. Сметана ў часы свайго панавання разбіў амаль усю Літву на хутары. Сядзеў на такім хутары чалавек і дзічэў. Дзіва што не дбаў пра суседа, бо сустракаўся з ім вельмі рэдка. Чалавек жыў сваім невялічкім светам: сваёй хатай, дваром, свіронкам, хлевам, кавалкам поля, адгароджаным ад суседа якім ляшчыннікам ці сасоннікам, і нікога зусім не цікавіла, што рабілася далей. А Сметану падабалася адно — каб кожны з іх спраўна плаціў падаткі. А што людзі дзічэлі, дык гэта ж яшчэ лепш, такім ніколі не дагаварыцца паміж сабой, каб скінуць парадак, які быў заведзены ў краіне. Алесь прыглядаўся да гэтых адзінокіх хацін і ўспамінаў, як скардзіўся яму Йонас на тое, што вельмі цяжка кіраваць брыгадаю, калі яна так распылена.

Ідучы, ён заўважыў і змены. На ўзгорку бялеў нядаўна пабудаваны каменны дом з антэнай над ім. Відаць, там змяшчаліся праўленне і клуб калгаса. Крыху далей стаяў доўгі драўляны свіран, а за ім — будынкі, напэўна, розных майстэрняў, бо перад некаторымі віднеліся звезеныя плугі і бароны. Тачыла, як велізарны круглы пірог, тырчала паміж дзвюх прыбітых да станка дошак. Воддаль, за паўгоней адсюль, цягнуліся хлявы з высокаю чырвонаю сіласнай вежаю побліз іх.

Гэтым ужо вызначаўся новы гаспадарчы цэнтр калгаса «Пергале». І калі глянуць збоку, дык можна заўважыць, што сцяжынкі ад усіх хутароў, якія стаяць на доле, бягуць сюды на ўзгорак, як бы на якую параду. Алесю здаецца нават больш: што амаль усе гэтыя хаты павярнуліся і паглядаюць вокнамі таксама ўгору, туды, дзе над будынкам праўлення, што чырвоны агеньчык, палыхае сцяг.

Калі Алесь зайшоў за ўзгорак, ён заўважыў, што сёлета вялікае поле пергалеўцы занялі бульбаю і льном. Амаль на палове поля ляжалі доўгія зялёныя барозны, па якіх хадзіў маленькі чырвоны трактар «Беларусь», які абганяў бульбу, а далей, да самага лесу, на ўсёй роўнядзі стаяў лён. Ён ужо спрабаваў месцамі зацвітаць, і там, дзе ледзь распускаліся блакітныя кветкі, здавалася, што на зялёнае поле набягалі азёрныя хвалі, бо з правага боку і сапраўды сінела шырокае возера Доўгае. Сярод лёну быццам стракацелі рознакаляровыя макавыя кветкі — гэта палолі дзяўчаты. Там, мусіць, было шумна, але толькі асобныя словы даляталі да вушэй, бо перашкаджаў гэтаму роўны, аднастайны гул трактара.

Алесь надыходзіў да бульбы, і трактар якраз ішоў яму насустрач з супрацьлеглага боку. Яшчэ здалёк было відаць, што адзін чалавек кіраваў ім, а другі ішоў побач. Калі трактар наблізіўся, Алесь убачыў за рулём Йонаса. Чорныя валасы яго калмаціліся на ветры. Відаць, Йонас пазнаў Алеся, бо нешта гойкнуў здалёк, падняўшы ўгару руку. Пад’ехаўшы, ён спыніў трактар, перадаў руль маладому хлопцу, а сам падбег да Алеся.

— Таварыш Іванюта, я вельмі рад, што вы прыйшлі да нас!..

— Чаму ты, Йонас, гаворыш са мной так афіцыйна? Я ж твой друг!

— Друг-то друг, — неяк замяўся Йонас, — але па грамаце далёка ад мяне пайшоў!..

— Дык хіба грамата перашкаджае дружбе?

— Ну, ладна, — як бы ўсё зразумеў Йонас, — хай будзе, як ты кажаш.

— Я б хацеў, каб мы разам пайшлі да Мешкяліса: справы неадкладныя, — папрасіў Алесь.

— Добра, я цябе хутка звяду з ім, але спачатку глянь на нашых дзяўчат. Павер мне, што яны тут не горшыя, чым на свяце. — І ён пацягнуў Алеся туды, дзе дзяўчаты палолі лён.

Алесь крыху аднекваўся, але ў душы быў рад, бо меў надзею, што сярод тых, вясёлыя галасы якіх несліся цяпер над шырокім полем ільну, ёсць і Анежка Пашкевічайтэ. Сэрца яго не памылілася. Як толькі падышлі бліжэй, Алесь адразу вылучыў яе. Яна была сягоння ў шэрай спаднічцы і белай кофтачцы. Чорныя косы яе, павязаныя чырвонаю стужкаю, прыгожа абвівалі галаву. Варта было ёй толькі раз павярнуцца і глянуць на яго, як ён адчуў, што зноў, як тады, дасталі да ягонага сэрца яе бліскучыя журботныя вочы. Алесь нават пачырванеў ад нечаканасці і, баючыся, каб Йонас не заўважыў гэтага, павёў гаворку зусім у другі бок:

— Йонас, а скажы, колькі рук трэба, каб выпалаць гектар ільну?

— Ды ты сам павінен бы ведаць, што гэта залежыць ад таго, колькі ў ільне пустазелля і якія рукі яго полюць. Але вось што я табе скажу, Алесь: наш лён лепшы за ваш. — Ён вырваў каліва льну і, паказваючы Алесю, працягваў свае доказы. — Хіба за гэтыя дні ваш шугануў, а ў часы свята я мераў, і, верыш, наш во наколькі вышэйшы.— І ён развёў вялікі і ўказальны пальцы.

— А можа, і не лепшы... — няўпэўнена запярэчыў Алесь.

— Лепшы, лепшы!.. — азвалася раптам адна дзяўчына і, усміхнуўшыся, зноў нахілілася над жоўтаю свірэпіцаю. Алесь здагадаўся, што гэта была Зосітэ.

— Лепшы!.. — падтрымала яе нават ціхая Анежка, а старэйшая дзябёлая жанчына, якая працавала крыху ўбаку, раптам закамандавала:

— Дзяўчаты, пара адпачыць, тым больш што хлопцы прыйшлі, — і, хітра падміргнуўшы ўсім, накіравалася да Йонаса і Алеся.

Хутка яны сядзелі на зялёным пагорку ў кружку дзяўчат, якія бесперапынна шчабяталі.

Алесь увесь час сачыў за Анежкай. Сёння яна яму падабалася яшчэ больш. На маладым, задумлівым твары з’яўлялася часамі прыгожая ўсмешка, а маленькія ямачкі на шчоках, калі яна смяялася, рабілі твар яе нейкім асабліва ласкавым. «Відаць, яна па характары не такая панурая, як здаецца спачатку», — думаў Алесь, не перастаючы разглядаць яе загарэлыя ножкі з мяккімі паглыбленнямі каля шчыкалатак, яе рукі з аксамітам скуры і грудзі, якія, здавалася, хацелі выскачыць з кофтачкі, нібы дзяўчына толькі прыбегла аднекуль.

Адно, што непрыемна ўразіла Алеся, — гэта тое, што на шыі ў яе на тоненькім срэбраным ланцужку вісеў невялічкі крыжык. Ён прыгледзеўся да другіх дзяўчат — не, ні ў кога няма. Відаць, Анежка пад такім уплывам клебонаса і бацькоў, заўзятых католікаў, што ніколі гэтага крыжа з шыі і не здымае.

— Што ваш лён лепшы, з гэтым я не пагаджуся, а вось дзяўчаты лепшыя — згодзен... — засмяяўся ён і неўспадзеўкі зірнуў на Анежку. Яму здалося, што яна пачырванела.

— Відаць, наша ўсё лепшае, — рашуча адрэзала дзябёлая жанчына, якую Йонас зваў цёткай Восілене.

— Не, цётка Восілене, ты ўжо занадта,— перапыніў яе Йонас, — я там бачыў такіх дзяўчат, што наглядзецца мала...

— Глядзі, глядзі, цішэй гавары, а то нехта табе не так скажа... — пагразіла Восілене яму пальцам, глянуўшы на Зосітэ.

Алесю хацелася выклікаць Анежку на размову, і, ведаючы, што яна любіць песні, ён сказаў нібы жартам:

— А яшчэ салаўі ў вас, кажуць, добрыя. Толькі чаму яны на свяце не спявалі?

— Гэта наша Анежка, можа, — зноў адказала Восілене. — Толькі яна рэдка з намі спявае. Больш за ўсё там!.. — Яна паказала на касцёл.

— Навошта смяяцца, — зусім сур’ёзна сказала Анежка, — як я там асабліва спяваю...

Але па тым, як яна адказала, Алесь зразумеў, што да песні яе сэрца неабыякава. І ўсім давялося перамяніць гаворку.

Але неўгамонная Восілене не ўнімалася. Відно было, што яна — незамянімы чалавек у грамадзе. Калі не так, дык знойдзе другі ход, каб павесяліць моладзь, і цяпер умомант павярнула гаворку ў другі бок.

— Скажыце, а ў вас хлопцы жэняцца?..

— Жэняцца, — адказаў Алесь.

— А ў нас не...

— Ды як гэта не, не можа быць.

— Ды вось жа Йонас ніяк не збярэцца.

— Дык яму ж яшчэ рана...

— Добрае рана. Дваццаць пяць год, а яшчэ рана... А ты сябра абараняеш, бо сам, відаць, такі ж, як ён!..

— І сам такі...

— Ха-ха-ха... — залівалася пад смех дзяўчат Восілене. — Гэта ж, відаць, як старыя шляхтуны, пад пяцьдзесят год жаніцца будзеце... Тады, як палысееце...

— Ды чаго вы на нас напалі, можа, вы не агледзіцеся, як мы да шлюбу пойдзем,— адрэзаў Йонас.

Алесю таксама хацелася спыніць жарты. Ён глядзеў на Анежку і бачыў, што гэтыя жарты не вельмі ёй падабаюцца. Да таго ж Алесь баяўся, што дзяўчаты зараз падымуцца і пойдуць палоць, а яму так і не ўдасца перамовіцца з Анежкаю параю слоў ці нават знайсці спосаб, каб неўзабаве сустрэцца зноў. І таму, ухіліўшыся ад колкіх нападаў удавы Восілене, Алесь запрапанаваў:

— Цікавая моладзь у вас. Вось цётка Восілене не верыць, але вы самі бачылі на свяце — ладныя хлопцы і дзяўчаты і ў нас. Чаму б нам не сустракацца разам? Якія б мы маглі разам песні спяваць! У нас жа ёсць Паўлюк Ярошка, дык ён усё роўна як гарадскі артыст хорам кіруе.

— А да яго ды нашую Анежку, — зноў пажартавала Восілене, але тая маўчала.

І Алесь адважыўся:

— Ну, скажыце, Анежка, будзеце вы спяваць, калі мы арганізуем сумесны хор?

— Як вам сказаць... не ведаю... — сумелася яна.

— А мы пойдзем! Пойдзем!.. — загудзелі хорам дзяўчаты.

— Куды вы пойдзеце? — азваўся раптам злосны голас за спіной.

Усе глянулі і ўбачылі Юозаса Мешкяліса — старшыню калгаса.

— У Доўгае пойдзем. І паспяваем і паскачам там...

— Спяваць — гэта добрая рэч, — казаў далей, вітаючыся з Алесем, Юозас Мешкяліс, — але вы бачыце, што таварыш Іванюта, відаць, не па песні да нас прыйшоў, і, мне здаецца, што раней, чым спяваць, трэба будзе пайсці да яго папрацаваць...

— Вы праўду сказалі, таварыш Мешкяліс, — я прыйшоў, каб пагаварыць з вамі па гэтай справе.

— Дык у чым справа, мы, як і казалі, гатовы да працы, хоць цяпер гарачая пара ў нас.

— Лес і цэгла патрэбны...

— З лесам, можа, вы крыху пачакаеце, а цэглу заўтра ж вазіць пачнём...

Алесю было прыемна, што Юозас Мешкяліс так ахвотна бярэцца за справу, і ў той жа час крыўдна за свайго старшыню Самусевіча.

Анежка непрыкметна ўвесь час сачыла за Алесем. Ёй падабаўся гэты малады, энергічны інжынер з такім добрым і простым тварам. Яшчэ тады, на Антонавым лузе, яна звярнула ўвагу, што Алесь назірае за ёй. Было нават прыемна. Але тады не была ўпэўнена ў гэтым. А сёння... і яе сэрца радасна забілася. Яна заўважыла, як засмуціліся Алесевы вочы, калі яна не адказала згодай на яго запрашэнне ў Доўгае, а паружавелыя шчокі выдалі, што ён усхваляваны і зацікаўлены ў тым, каб яна прыйшла.

Але ёсць спрадвечная дзявочая хітрасць: раней часу не выдаваць сябе. Анежка ўвесь час наглядала за Алесем і адзначала ўсё для сябе. Ёй падабаўся яго загарэлы, абветраны твар, і валасы, і сінія вочы, што так уважліва паглядалі... Нават вышываная кашуля на ім была нейкая асаблівая. Такога ўзору ў «Пергале» і не было ні ў каго — блакітныя кветкі ў крыжык і елачку. Захацелася пайсці ў Доўгае разам з дзяўчатамі. Толькі як гэта зрабіць, каб не пакрыўдзіліся бацькі?

Анежка так нічога і не прыдумала, бо Мешкяліс прыспешваў, каб ужо ішлі на працу.

Дзяўчаты падняліся, і Анежка разам з імі, адна ўдава Восілене яшчэ не пераставала седзячы кпіць. Алесю было шкада, што так хутка абарвалася сустрэча. Хацелася калі не пагаварыць, дык хоць бы пабыць даўжэй каля Анежкі.

Але Мешкяліс прымусіў брацца за працу і Восілене.

— Хадзем і параімся, што і калі трэба ад нас, — і старшыня павёў Алеся з Йонасам да хутароў.

— Я прашу вас да мяне зайсці, там і пагаворым, — прапанаваў Йонас.

— А чаму не? — ажывіўся Мешкяліс і нават напаўголасу заспяваў жартоўную песеньку:

 

Мы ідзём дадому,

Ноччу, ў позні час.

Хто сягоння болей

Прапіў грошы з нас?

 

— Якраз для старшыні песенька, — упікнуў Йонас.

— Ану вас!.. З вамі і пажартаваць нельга... Рушылі! — узмахнуў па-камандзірску Мешкяліс рукою.

І яны пайшлі.

Надыходзіла такая перадвечаровая часіна, калі ўсё сцішаецца вакол. Сціх вецер, які разгульваў апоўдні, і лісце на дубах, алешынах, арэшніку застыла. Ледзь-ледзь краталася толькі бляшанае лісце асін, і то, Алесю здавалася, гэта з тае прычыны, што яны прайшлі побач і ўзрушылі паветра. Дрэвы стаялі з задумнымі кронамі, пяшчотна пазалочаныя праменнямі, як бы разважаючы, што іх чакае ў надыходзячым мораку ночы. Кветкі і травы знямелі ў нейкім чаканні. Ціха. Толькі адзінокія чмялі парушалі цішу басавітым гудам. Такі перадвечаровы час наводзіць на роздум і на шчырую гутарку. Юозасу Мешкялісу, відаць, хацелася сёння пагутарыць, і ён рад быў новаму чалавеку.

— Проста не верыцца, — гаварыў ён, — што так мірна і ціха цяпер. Каб не трэба было ісці, дык бы сам, здаецца, прыхінуўся да гэтых дрэў і сядзеў бы, слухаў... Такі спакой вакол. Праўду я кажу? А я ўжо думаў, што спакою ніколі не будзе...

Юозас любіў расказваць аб сваіх паходах у літоўскай дывізіі і часамі нават крыху прыманіць. Йонас ведаў гэтую слабасць свайго старшыні, але сёння дзеля Алеся не хацеў перапыняць яго. А Мешкяліс разыходзіўся:

— Ну, браточкі, калі я бег адсюль у першы дзень вайны, думаў — канец. Куды ні глянеш — блага. Ззаду б’юць, злева б’юць, з правага боку б’юць... З неба даюць дыхты... Нават спераду пашчыпваюць...

— А хто ж спераду? — перапыніў Йонас.

— А ты не ведаеш, дык маўчы. Праклятыя сметонаўцы, вось хто біў. Яны сумленнаму чалавеку і ўратавацца не давалі. А мне было што рабіць?.. Я ўжо тады сельскім дэпутатам быў. Такія сметонаўцам на самы зуб. Ледзь я вырваўся адсюль. Я вам скажу, калі падышоў пад Оршу, ажно ўздыхнуў. І хоць нялёгка было там, але затое гэтых праклятых сметонаўцаў там не было. А потым закружыўся я, як у віры. Ды і не дзіва, вялікая савецкая зямля. Дзе я не быў, чаго я толькі не рабіў! Спачатку асталяваўся я недалёка і, калі сказаць вам праўду, — някепска. У саўгасе каля Смаленска. За конюха там быў. Мясцовасць прыгожая, як і ў нас. Толькі возера няма, але не ўсе ж пры возеры жывуць, праўду я вам кажу, хлопцы!

Алесь слухаў Мешкяліса і ў той жа час думаў аб сваім. Ён не баяўся прапусціць чаго-небудзь з Мешкялісавай гаворкі, бо ўжо столькі чуў расказаў з часоў вайны ад розных людзей, і ўсе яны былі вельмі падобныя. Ён ішоў па абочыне дарогі, збіваючы кіёчкам галоўкі з дзяцеліны і пырніку, і думаў сваю думу: «Ці прыйдзе Анежка, калі яе запросіць Ярошка паспяваць у хоры?..» А Мешкяліс аднастайна цягнуў. Было такое ўражанне, што, калі б ніхто не слухаў, ён бы расказваў сам сабе.

— ...Дык я ў тым саўгасе і думаў асталявацца. Але пракляты Гітлер іначай думаў... Давялося мяняць месца... З саўгаса трапіў я на завод пад Саратаў. Дарма, што ніколі на заводзе не працаваў, а хутка ўгору пайшоў. Праз некалькі месяцаў добры разрад меў...

І раптам Мешкяліс змяніўся ў твары.

— Пастой!.. пастой!.. — узмахнуў ён рукамі. — Тут у нас не зусім ладна... Чакайце! — крыкнуў ён да жанчын, якія ішлі з лесу, і, пакінуўшы Алеся і Йонаса, шпарка накіраваўся да іх.

Калі хлопцы падышлі, Юозас Мешкяліс стаяў каля трох жанчын, якія трымалі кошыкі з ягадамі, і размахваў рукамі.

— Ну, скажыце мне, калі ласка, каб вам у сваёй гаспадарцы трэба было лён палоць, вы пайшлі б у ягады?.. Не, не пайшлі б. Выходзіць, калгасны лён — гэта не ваш, га?.. Няхай прападае... Ну, што вы мне скажаце на гэта?

— А тое скажам, — рэзка адказала яму адна, байчэйшая з усіх, паправіўшы хустку на галаве, — нам з гэтага льну кашулі не насіць, і палоць яго няма чаго...

Дзве астатнія стаялі ўбаку і хоць, можа, не падзялялі думак сваёй сяброўкі, але маўчалі.

А Юозас Мешкяліс злаваўся яшчэ болей.

— Ды гэта ж сабатаж! Праўду я кажу, хлопцы? — звярнуўся ён да Алеся і Йонаса, а потым зноў да жанчын.— Хіба вы не ведаеце, што гэты лён ваш, што за яго вам дзяржава хлеб дае, і нямала дае? Ды гэта ж усё роўна як у часе бою кінуць вінтоўку... Ды гэта ж каб у нас, у літоўскай дывізіі, дык адразу трыбунал...

— Ну, ну... сам ты трыбунал, бачыш, як пагладзеў, а быў як стусіна, — пажартавала байчэйшая. — Схадзілі раз, болей не пойдзем. Заўтра выйдзем палоць і ўсіх тваіх ударнікаў абгонім... Не крычы, Юозас, не хвалюйся!.. — І яны, павярнуўшыся, пайшлі да сваіх хутароў.

— Як жа не крычы, — кідаў услед ім Юозас. — Усё роўна без праўлення не абыдзецца!..

Жанчыны скіравалі думку Юозаса Мешкяліса ў другі бок, і ён перастаў расказваць аб сваіх вайсковых справах. Затое доўга гаварыў аб тым, як цяжка працаваць яму ў калгасе.

— Паверыце, хвіліны вольнай не маю... Сплю, як той певень на куросадні: адно вока заплюшчана, а другім гляджу... А калі ўдаецца прыжмурыць абодва, дык абавязкова раскатурхаюць. У кожнага што-небудзь да мяне знаходзіцца... То пажаніліся, то пасварыліся, нарадзілася ці захварэла, то немаведама што... Падымуць, хоць самая поўнач...

Так і не заўважылі яны, як падышлі да Йонасавай хаты. Сонца садзілася ўжо за возера, і цені іх дасягалі аж да сярэдзіны поля.

— Ну, можам адпачыць, — як бы дазваляючы ўсім і сам сабе, сказаў Юозас Мешкяліс.

З хаты выйшла Йонасава маці і вынесла вядро з вадою. Відаць, па даўно заведзеным звычаі, яна зачэрпнула кубак і пачала паліваць усім на рукі. Юозас і хлопцы памыліся, выцерліся льняным вышытым ручніком і зайшлі ў хату.

— Ледзь дачакалася вас, — гаварыла старая і ўжо завіхалася ля печы.

А яны сядзелі і адпачывалі. Добра, стаміўшыся, пасядзець ва ўтульнай хаце, тым больш у такой, праз расчыненыя вокны якой відаць возера, што навявае на душу спакой. Нават Юозас Мешкяліс маўчаў некаторы час. Але, заўважыўшы, што Алесь выцягнуў запісную кніжку, сам пачаў выкладаць свае прапановы.

— Разумею, таварыш Іванюта, у нас у літоўскай дывізіі таксама не чакалі, калі апошні гузік да шыняля прышыюць, а выпадала — і без шыняля ў бой хадзілі... Пачынаць трэба з таго, з чаго можна, абы не чакаць. Дзесяць падвод з цэглаю на заўтра хопіць?

— Цэглы-то хопіць, а вось лесу ні кавалка!..

— Лесу мне цяпер цяжка падвезці, дарога паганая. Пачакай замаразкаў.

— А што ж мне рабіць? — непакоіўся Алесь.

— Вазьмі ў Каспара крыху... У яго нарыхтаваны ёсць.

— Ну, калі няма інакшага спосабу, дык, можа, трэба і так зрабіць, — нездаволена адказаў Алесь.

Уласна кажучы, да таго як будзе зацверджаны праект, матэрыялаў многа і не трэба: толькі на падрыхтоўчыя работы. Але ён адчуваў бы сябе куды больш упэўнена, калі б усё заўчасна было на месцы.

Йонас перавёў гутарку на іншае.

— А дзе ж бацька? — спытаў ён у маці.

— А хіба ты не ведаеш, — пакуль не сцямнее, бацька дадому з саду не прыходзіць. Можа, рой, а можа, што...

Юргіс Нерута, Йонасаў бацька, здаўна працаваў па садах. Зямлі пры панах ён меў паўгектара, толькі што паставіць хату ды абысці, прытуліўшыся да сцяны, каб не патаптаць чужога. І гэтага не было б, каб не ўступіў свае часткі старэйшы брат Костас, што пры Сметоне паехаў на заробкі ў Канаду. Вядомая справа, што жыць з такога кавалка, дзе, як казалі, добрай бабе і сесці няма дзе, ён не мог. Працаваў Юргіс парабкам у суседняга пана, але яму пашэнціла, што на работу паслалі да садоўніка і агародніка. За трыццаць год працы ў панскім садзе Юргіс так пазнаў садоўніцкую і агародную справу, што, хоць не меў спецыяльнай асветы, лічыўся лепшым садаводам у наваколлі. Калі арганізаваўся калгас, яму і даручылі калгасны сад. А да таго Юргіс любіў яшчэ пчол. «А дзе сад, там і пчолы!..» — сказаў Юргіс на калгасным сходзе, калі яму намякнулі, што добра было б мець мёд, і ўзяўся за дзве работы. Сад быў яшчэ невялікі, каля двух гектараў, і то ў некалькіх кавалках, якія трэба было аб’яднаць. Пчол таксама было толькі пятнаццаць рамовак...

Ёсць адна дзіўная перавага ў старых гаспадынь. Яны вельмі хутка накрываюць стол. Не паспелі Юозас Мешкяліс і хлопцы, прыйшоўшы з двара, агледзецца, як ужо на стале стаялі ў белым паўмісачку салёныя гуркі з кропам і на талерцы ляжалі роўна нарэзаныя скрылікі сухой сялянскай каўбасы. Пасярэдзіне ўзвышалася міска густой смятаны з тварагом. Пачэснае месца займаў паўбохан хлеба са слядамі ад падсціланага аеру на скарынцы. Усё выглядала так прывабна, што Алесю па-сапраўднаму захацелася есці. Старая Неруцене прынесла на стол круглую дошчачку, а затым паставіла на яе патэльню. Пах яечні, засмажанай на вяндліне, разліўся па ўсёй хаце.

— Дык, можа, па малой?.. — услед за запрашэннем маці звярнуўся Йонас.

— А інакш і быць не можа, хіба сам не ведаеш, хіба ў Літве не па-людску, — разгладзіўшы вусы, заявіў Мешкяліс.

— Добра, каб гэта было па адной і зрэдку, — нібы сама сабе праказала старая.

Йонас зморшчыўся: ён ведаў, што гэта пра яго, і пакрыўдзіўся на маці — навошта гаворыць на людзях.

З’явілася паўлітра. Малыя рубчастыя чаркі паднялі ўгару. Выпілі да дна, толькі старая, ледзь паспытаўшы, адставіла чарку ўбок.

— Як яе толькі п’юць? — здзіўлена, як усе жанчыны, сказала яна. У адказ на гэта мужчыны толькі ўсміхнуліся і смачна пачалі закусваць.

Пасля другой чаркі жвавей пайшла гаворка. Мешкяліс, відаць, успомніў, што не дагаварыў аб сваіх ваенных прыгодах, і пачаў зноў выкладваць, прычым на гэты раз куды жвавей. Можна было б падумаць, што ён сама меней — камандаваў палком і быў Герой Савецкага Саюза.

— ...Дык я вам казаў, што на заводзе быў, так!.. Але я там доўга не пабыў... Паклікалі мяне. Куды? Ясна, у літоўскую дывізію. А чаго? Вядома, ваяваць... праўду я вам кажу, хлопцы, — узбуджана гаварыў расчырванелы Юозас.

— Еш... еш... Юозас!.. — падсоўвала да яго талеркі маці Йонаса.

Але Юозасу было ўжо не да яды. Не талеркі з агуркамі і хлебам былі перад яго вачыма, а бясконцыя франтавыя дарогі і акопы, якія ён сапраўды прайшоў.

— З Саратава нас у Маскву паслалі, — пачаў апавядаць Мешкяліс, — пасля пад Смаленск. Паверыце, зноў у тым саўгасе быў, дзе пачынаў вайну. Гналі мы іх. Самі ведаеце: гітлераўцы назад хутчэй беглі пяшком, чым сюды ехалі на машынах... А тут, паверыце, амаль каля сваёй хаты прайшоў... У Завалішках біўся. Тут ужо, я вам скажу, сметонаўцы ад мяне, а не я ад іх, уцякалі. Борздыя д'яблы, як рысакі!.. Я не лічыў, колькі тых катаў пабіў, нямала, відаць, бо толькі ад галоўнага камандавання пяць падзяк меў... Пяць, хлопцы, так!..

Ён, відаць, яшчэ доўга гаварыў бы ў тым жа плане, каб не прыйшоў Йонасаў бацька, стары Юргіс. Ён запаліў лямпу. На дварэ было ўжо змрочна. Мешкяліс, прывітаўшыся з ім, вярнуўся да сягонняшніх спраў. Тым больш што стары Юргіс запрапанаваў выпіць за добрых суседзяў. Мешкяліс любіў пагаварыць, і тут ён знайшоў для гэтага прычыну.

— Здаўна мы суседзі, — гаварыў ён. — Усяк жылі: і дружылі, і сварыліся. Бывала, па дурноце сварыліся. Паны зводзілі нас, а мы і рады — за чубы. А цяпер дружым, а трэба за справу — і паспрачаемся.

— І гэта трэба, — усміхнуўшыся, сказаў стары Нерута.

— Ай, чаго там спрачацца. Вы лепш падумайце, як сям’ю прыбавіць. Хай бы Йонас хутчэй узяў сабе падружку і мне памочніцу,— азвалася старая, стаўляючы на стол чайнік і сподак з мёдам.

— Кінь, мама, — засаромеўшыся, адказаў Йонас. — Тут пра такія важныя справы размова, а вы ўсё пра тое ж...

— І жаніцьба важная справа, Йонас,— падтрымаў старую Мешкяліс. — Пра гэта мы яшчэ пагаворым, папросіш сам мяне за свата, а сягоння вось што мне хочацца сказаць, — і ён звярнуўся да Алеся, — перадайце ўсім у Доўгім, што пергалеўцы не падвядуць і на будоўлі!

Алесь, спаслаўшыся на тое, што ўжо цёмна, устаў з-за стала і пачаў збірацца дахаты. І хоць яго затрымлівалі, ён развітаўся са старымі і Мешкялісам.

Йонас выйшаў праводзіць друга. Быў ціхі вечар. Яны ішлі дарогаю ўздоўж берага і любаваліся з таго, як бегла праз усё возера срабрыстая дарожка ад месяца. Хвалі, нагуляўшыся і нагудзеўшыся за дзень, цяпер сцішыліся. Было маўкліва вакол, толькі часам дзяркач на сенажаці, быццам пілкай, пераразаў паветра. У такія часіны вельмі цягне на шчырыя размовы.

— А скажы мне, Йонас, — паклаўшы руку яму на плячо, запытаўся Алесь, — як ты глядзіш на Анежку?

— Як я гляджу на Анежку? — пажартаваў Йонас. — Так, як на ўсіх. А вось цікава, як ты?..

— Ну, брат, я сур’ёзна, а ты кепікі строіш... Мне здавалася, што ты на свяце быў з ёю больш, як з другімі.

— Яна сяброўка Зосітэ і добрая дзяўчына. Вось я і быў больш з імі. А чаму цябе так Анежка цікавіць?

— Сказаць табе шчыра — яна мне падабаецца. Я табе цяпер проста скажу: тады на свяце я нават крыху прыраўнаваў да цябе.

— Слаўная Анежка дзяўчына, толькі адно... — І Йонас замяўся.

— Што адно?.. што адно?.. — тузаў за рукаў Йонаса Алесь. — Ты, я бачу, нечага не хочаш мне гаварыць.

— Вось што я табе скажу, Алесь. Яна добрая дзяўчына, але бацькі ў яе такія, ну, як табе сказаць, можа, і не зусім нашы. Усё яшчэ старым жывуць... Мне здаецца, што яны тайна, можа, па Сметоне ўздыхаюць... ды і рэлігійныя праз меру... Не дазволяць яны Анежцы гуляць з табою.

— А я і пытацца не буду!.. — рашуча заявіў Алесь. — Абы толькі яна супраць нічога не мела...

— А яшчэ я табе скажу, — перайшоўшы на шэпт, сказаў Йонас. — Ёсць чуткі, што наш калгасны вартаўнік Пранас Парэчкус — яе далёкі сваяк, траюрадны дзядзька, ці што... А яму, брат, я нешта не веру. Мне здаецца, што ён цёмны чалавек...

— Што ты кажаш? І яна ведае?

— Гэтага я табе не скажу... Бацькі і радня яе сцвярджаюць, што Парэчкус гаротны і адзінокі, ды ўсё. Можа, і ёй так сказалі. А мне здаецца, што яны хочуць Анежку выдаць за яго.

На мосціку над ручаём, дзе ўдзень спыняўся Алесь, яны развіталіся. Алесь ішоў уздоўж берага адзін і ўвесь час думаў пра Анежку. Здалёк свяціліся агні Доўгага.

 

 

IV

Жоўтыя мэндлі снапоў, як ахапіць вокам, стаялі каля возера.

Захар Рудак і Антон Самусевіч хадзілі па ржышчы і здаволена паглядалі вакол. Першы — ад адчування таго, што гэта праца ягонай брыгады, а другі — таму, што галоўная стаўка яго, як старшыні, у калгаснай гаспадарцы была на збожжа. Яны так лагодна разважалі, што, здавалася, не было ніколі і не магло быць паміж імі ніякіх сварак. Рудак зрываў каласы і, расціраючы на шурпатай далоні, вылузваў зерні. Буйныя і спелыя, яны свяціліся медзяным бляскам, і, калі Рудак нахіляўся да далоні, кропелькі гэтага святла як бы адсвечваліся на ягоным твары.

У такім добрым настроі і напаткаў іх Алесь, ідучы ад млына, дзе праекціроўшчыкі і геадэзісты рабілі свае вымярэнні.

— А вось і вы якраз, Антон Рыгоравіч, падлічваеце рэсурсы, — пажартаваў ён, вітаючыся з Самусевічам і Рудаком. — Дарэчы, я вас і шукаю, каб аб рэсурсах пагаварыць... — І мімаволі прыкмеціў, што яго з’яўленне не вельмі ўзрадавала старшыню праўлення.

Самусевіч глянуў на Алеся прыжмураным вокам.

— А што ж, рэсурсы неблагія.— І, выхапіўшы з мэндля пучок жытніх сцяблін, з павагаю нёс перад сабой.

— Я і не думаю сумнявацца ў гэтым, Антон Рыгоравіч, але, відаць, многа яшчэ ёсць такога, з чаго мы маглі б мець здабытак, — знарок спакойна выказаў сваю думку Алесь.

— Во!.. во!.. А я што кажу? — падхапіў Захар Рудак. Шэрыя вочы яго ўспыхнулі, а твар завастрыўся. — Ты толькі паслухай, я табе давяду... давай прысядзем!.. — Ён пацягнуў Самусевіча за рукаў на ўзмежак каля дарогі. Алесь таксама прысеў побач.

— Ты толькі паглядзі. — І Рудак паказаў на шырокі луг, які ляжаў у нізіне, каля возера. — Як ты думаеш, парадак?

— Сам знаю, што непарадак, — адказаў Самусевіч. — Лезе гэты пракляты хмыз, прайсці нельга, але што я зраблю? Хіба можна ўсё адразу?.. Рук не хапае!

— А трэба, каб хапіла... Колькі мы трацім кармоў!.. — даводзіў Рудак.

— Калі добра падлічыць і размеркаваць нашы рукі, дык іх якраз на ўсё і хопіць, — падтрымаў Алесь.

— Ну, гэта хіба вы можаце, дык і падлічвайце. Мая, відаць, галава не варыць, — пакрыўдзіўся Самусевіч.

— Ты от злуешся, ёлкі зялёныя, а дарма! Сталы чалавек, а яшчэ брыкаешся. Чаму я пра луг гавару? Хіба такія каровы павінны ў нас быць, як цяпер?.. Гэта ж ракі, а не каровы... Што з таго, што ў цябе трыста хвастоў!.. А колькі малака ад гэтай худобы?

— А я хіба адмаўляю гэта? — апраўдваўся Самусевіч. — Але дзе ж я лепшых вазьму? Каб набыць добрых кароў на племя — грошы дай!.. На свіней — таксама грошы. На электрастанцыю вы падлічылі, колькі трэба?.. Адкуль жа я вазьму?.. Дзяржбанк абрабую, ці што?..

— Калі ўлез у дугу, не кажы «не магу»! Не панікуй, не панікуй, таварыш Самусевіч, а будзь гаспадаром. Не сціскай далонямі свае галавы, а добра паварушы мазгамі. Парайся з людзьмі, і людзі табе падкажуць, — не ўнімаўся Захар.

Алеся вабілі Рудакова энергія і ўпэўненасць. «Вось у каго трэба вучыцца мне ў сваёй працы», — думаў ён і з захапленнем прыслухоўваўся да парторгавай гутаркі. А Захар Рудак адламаў з альховага куста пруцік і, водзячы ім па пяску, як бы маляваў планы ў пацвярджэнне сваіх довадаў.

— Чаму б табе не дагаварыцца з Юозасам Мешкялісам? Яны ж нашы суседзі і пойдуць насустрач. Кароў на нарыхтоўку ім трэба здаваць? Трэба! Трэба падкарміць сваіх і не даваць ім адны драбы, а даць для здачы на мяса дзесятак сытых кароў, а ў іх папрасіць хай пяць, ды пародзістых... Казалі, у Юозаса Мешкяліса бык — звер. Папрасі і бычка ў яго. Глядзі, праз некалькі год у нас вунь які статак будзе... І не так ужо многа сродкаў трэба! Праўда?

— Лёгка казаць... — цяжка ўздыхнуў Антон Самусевіч.

— Ну сапраўды, ты не можаш, каб не раззлаваць!.. А я табе кажу, што гэта не так ужо цяжка зрабіць, — засердаваў Рудак. — Ты, можа, скажаш, што кусты расцерабіць таксама нельга? Пэўне, калі спадзявацца, як даўней, на адну сякеру, дык цяжка, але калі купіць хоць адзін кустарэз, дык пойдзе, аж загудзе.

— А дзе яно, тое ў нас купіла?.. Усё, што ёсць, яму аддаць трэба. — І ён даволі непрыязна глянуў на Алеся. — І яшчэ па вушы ў даўгу будзем!..

— Ну, на гэта я вам скажу, Антон Рыгоравіч!.. — не вытрымаў Алесь і ўзлаваўся па-сапраўднаму. — Што вы ўвесь час мяне папікаеце сродкамі? Яшчэ нічога не далі, а ўжо колькі нагаварылі. Калі так — я ў вас не прашуся, сягоння сказаў здароў, а заўтра да пабачэння магу сказаць!..

— Вось гэта ўжо не па-сур’ёзнаму. — І Захар Рудак па-сяброўску крануў Алеся за рукаў. — І Самусевіч не павінен так размаўляць. Ты павінен ведаць, Антон Рыгоравіч, што твая гаворка — толькі пераказ пастрою некаторых адсталых калгаснікаў. А пастанова сходу ёсць, трэба яе выконваць. Колькі ў нас грошай на рахунку? — перавёў ён гутарку на практычны лад.

— Пакуль што ўсяго сорак тысяч... Я іх хаваю, ці што? — прабурчаў Самусевіч.

— Ну вось і ладна. Перавядзі на будаўніцтва трыццаць тысяч... Хопіць пакуль што, таварыш Іванюта?

— Думаю, што хопіць! — пагадзіўся Алесь.

— Вось, як бачыце, і няма чаго сыр-бор драць, а там увосень, глядзіш, наша каса і папаўнее... Круміню, скажам, лягчэй сягоння ўзнос на будаўніцтва зрабіць — нікому не сакрэт, які ён прыбытак ад кароў мае...

— Ты, таварыш Рудак, мяркуеш, што я не разумею гэтай карысці. Я і сам даўно перакананы ў тым, але я знаю, што трэба зрабіць па-гаспадарску — спачатку адно, а пасля другое...

— Не, брат Самусевіч, у нашай калгаснай гаспадарцы трэба адразу брацца за ўсё!.. І за збожжа, і за жывёлу, і за птушку, і за рыбу, і за яблыкі, і за ягады...

— І за апельсіны, можа, скажаш? — упікнуў Самусевіч.

— І за апельсіны, калі б яны маглі ў нас расці! А ўсё ж цяжка з табою дамовіцца, Антон Рыгоравіч. Ведай жа, калі ты не зразумееш гэтага, будзе табе дрэнна...

— Ну, досыць мяне прабіраць бясконца... Хадзем у канцылярыю, я паклікаў туды людзей, што нарыхтоўку павязуць...

— І ты з намі? — звярнуўся Захар Рудак да Алеся.

— Не, я яшчэ не снедаў. Схаджу дахаты, а потым у мяне з праекціроўшчыкамі сустрэча, — развітаўся Алесь і павярнуў на сцяжынку да возера.

Прайшоўшы колькі крокаў, ён спыніўся і паглядзеў услед Рудаку і Самусевічу. Тыя ішлі пыльнаю дарожкаю, якая бегла праз жыта на край сяла, дзе знаходзілася калгасная канцылярыя. Па тым, як энергічна Рудак размахваў рукамі, было відаць, што гарачыя спрэчкі паміж імі яшчэ не скончыліся. Грузная постаць Самусевіча, што куль мукі, аднастайна хісталася з боку на бок, і толькі час ад часу тоўстыя рукі выціралі хусцінкаю шыю.

Сягонняшняя гаворка ўстрывожыла Алеся. «Відавочна, што Самусевіч не гаспадар. Дзіўна — чаго трымаюць такога?.. Незразумела, чаму не прымае больш рашучых захадаў Рудак як парторг? Калі яго стрымлівае тое, што ён прыезджы і баіцца такой гаворкі, дык гэта несур’ёзна. Давядзецца хапіць гора!..»

— Дагаварыліся ж з латышамі і літоўцамі аб будоўлі, а тут — каб у сябе ў адным калгасе не дагаварыцца? — ажно ўголас сказаў Алесь і шпаркім крокам накіраваўся дахаты.

Довады Захара Рудака настроілі і яго на крытычны лад. «А ці я сам усё раблю правільна? Знаю толькі адно: дай сродкі і дай матэрыялы!.. Так можа хіба прыезджы рабіць, а я ж узгадаваўся тут, знаю кожную крынічку, адкуль што ідзе; ці не можна зрабіць так, каб усё танней каштавала?» І ён пачаў прыкідваць — а што трэба, каб дамагчыся гэтага... «Каменне можна ўзяць тут жа, побач, яго на полі колькі хочаш, і гэта — справа доўгаўскіх камсамольцаў, можна на суботніку сабраць. Цэглу дадуць эглайнаўцы, нездарма ў іх свая цагельня, лес прыгоняць па возеры пергалеўцы...»

— Ай, як ты схуднеў, сынок! Не шкадуеш ты зусім сябе, — сустрэла яго Агата, калі ён увайшоў у хату. — Чаго ж ты ходзіш не еўшы ад самага рання? Так жа і захварэць можна... — І яна, як заўсёды, пачала ўвіхацца каля стала.

— Ды не, маці, — супакоіў яе Алесь, — гэта я проста абветраў занадта, вось і здалося табе, што я схуднеў... А я сябе адчуваю во як! — І, жартуючы, некалькі разоў запар падняў угару найцяжэйшыя гіры, што стаялі пад лавай у кутку і з якімі займаўся кожную раніцу.

— Ты б хоць адпачываў болей, — настойвала старая, паглядзеўшы на столік у кутку, на якім былі параскіданы Алесевы паперы, — а то цэлы дзень бегаеш, а прыйдзеш — сядзіш яшчэ і дома крукам...

Алесь смачна сёрбаў халаднік з буракоў і між ядою адказваў:

— Цяпер так і трэба. У мяне каб чацвёра рук і ног было, дык бы не справіўся... Самы гарачы час! Хутка распачнём будаўніцтва. Вось я ем, а мяне ўжо, можа, людзі чакаюць... Трэба сустрэцца з таварышамі, што праекты рыхтуюць...

Агата, усё разумеючы, у знак згоды кіўнула галавою.

Гаворку перапыніла Марфачка. Яна раптоўна з’явілася ў дзвярах і адразу звярнулася да брата:

— Алесь, а Якуб Панасавіч гаварыў нам, каб і мы, піянеры, будавалі станцыю. Сягоння мы памагалі яму пасынкаваць памідоры на школьным участку, вось ён і сказаў нам пра гэта. Мы запыталіся ў Якуба Панасавіча, а што мы можам рабіць?.. Мы ж не ведаем...

— Ты мне дала задачу, — нахмурыў лоб Алесь, хоць у душы быў рад, што справа будоўлі абмяркоўваецца ўжо так шырока. — Ну, скажам, кветкі і дрэўцы садзіць вы маглі б, дык яшчэ рана. Паднесці што — дык вы яшчэ малыя, дзесяць вас збярэцца, а бервяно не падымеце. Пакалечыцеся толькі... Ага!.. стой!.. — І твар яго ажывіўся. Ён узяў Марфачкіну руку ў сваю. — Вось што вам пад сілу. Каменне нам патрэбна!.. Чакай, ты не палохайся! Каменне спатрэбіцца рознае. Вялікія камяні на полі будуць камсамольцы збіраць, а маленькія каменьчыкі здолееце і вы паднесці...

— Можам!.. можам!.. — захоплена ўсклікнула Марфачка і пляснула далонямі.

— Усяму атраду работы хопіць, таварыш старшыня атрада, — сур’ёзна праказаў Алесь.

— Адна я, відаць, нічым не памагу, няма мне калі адарвацца ад кароў і ад печы, — уставіла сваё слова Агата.

— Паможаш і ты, маці, ты ўжо тым пасабляеш, што пасля работы на ферме яшчэ нас корміш,— падбадзёрыў старую Алесь.

Хуценька перакусіўшы, Алесь заспяшаўся ў школу, дзе яго, як умовіліся, павінны былі чакаць інжынер Беразінец з геадэзістамі.

Выгляд сярэдняй школы, у якой Алесь правучыўся многа год, заўсёды абуджаў у яго неадольнае жаданне працаваць. Вось і цяпер, калі ён толькі яшчэ заўважыў падняты над бухматаю зелянінаю жоўты гонтавы дах, уявілася, як пойдзе зараз у яго з таварышамі гарачая гаворка аб месцы будаўніцтва станцыі.

На двары школы праз расчыненыя вокны да яго даляцеў знаёмы голас Якуба Панасавіча. «Калі стары настаўнік выказваецца, — падумаў Алесь, — значыць, яны ўжо абмяркоўваюць тое-сёе і без мяне».

— А мы вас чакалі! — сустрэў яго Беразінец і, падвёўшы да аркуша ватманскай паперы, разасланага на стале, запрасіў прысесці. — А пакуль што без вас раіліся з Якубам Панасавічам, як лепей зрабіць. Праўда! — з узнёсласцю пацвердзіла непаседлівая, рыжанькая Малькова, — нам тут Якуб Панасавіч шмат добрага параіў.

Доўгі, са скептычным выразам твару, Міша Грабоўскі непрыязна глянуў на Малькову, якую ён лічыў балбатухай, і вачыма паказаў на яе свайму суседу Андрэю Касцючэнку.

— Ат!.. — спакойна адмахнуўся, як ад мухі, Андрэй Касцючэнка і па-ранейшаму ўважліва паглядаў на стол.

— Дык вось, прашу пацікавіцца, таварыш Іванюта, — афіцыйна звярнуўся Беразінец да Алеся і паказаў яму на вакамерны здымак. — Мы мяркуем будаваць станцыю тут...

Алесь прагна ўглядаўся ў карту, і ўсё возера Доўгае ўставала перад яго вачыма. Раптам ён падняўся і занепакоіўся: відаць, нешта моцна яго ўзрушыла. Разгледзеўшы карту з топкімі рыскамі і драбнюткімі лічбамі на ёй, звярнуўся да Беразінца:

— Барыс Васільевіч! Калі будаваць станцыю тут, дык мы загубім наш вадзяны млын!..

— Гэта непазбежна, — спакойна адказаў Беразінец.

— А вы знаеце, што гэты млын тры сельсаветы абслугоўвае?

— Калі мы пакінем млын і пабудуем станцыю вышэй, дык затопім сорак гектараў калгаснай сенажаці.

— Сенажаці затопліваць ні ў якім разе нельга, інакш наш калгас застанецца без корму, — па настаўніцкім звычаі выразна вымаўляючы кожнае слова, заявіў Гаманёк.

— А калі б гэта зрабіць не там, дзе кажаце вы, Барыс Васільевіч, і не там, дзе кажаце вы, Алесь Ігнатавіч, а вось дзе, — засакатала непаседлівая Малькова.

Беразінец і Алесь збянтэжыліся. Але не змоўчаў Андрэй Касцючэнка. Высокі, непаваротлівы, ён устаў спакойна з крэсла і адказаў Мальковай, мяшаючы беларускія і ўкраінскія словы:

— А гэта не пійдэ, вось што!.. Вы не ведаеце, а я як геолаг ведаю: грунт у тым месцы не падыходзіць для плаціны. — І, сказаўшы гэта, спакойна зноў апусціўся на сваё крэсла.

— Лепш ахвяраваць млынам, — як бы сам сабе сказаў Якуб Панасавіч.

— Хоць першы раз у жыцці, але я мушу вам запярэчыць, — усклікнуў Алесь. — Як можна ісці на гэта?

— На колькі звычайна ўвесну ўздымаецца вада ў возеры? — пацікавіўся Беразінец. — У нас тут няма пэўных звестак, бо ніхто раней такіх вымераў не рабіў.

— Я ж вам гаварыў... Вы ж запісвалі, — адказаў Гаманёк і, таксама, як усе, узрушаны, адышоўся да акна і запаліў сваю люльку. Надвечаровыя, чырванаватыя праменні атулялі ягоную постаць, і сівая галава настаўніка выглядала цяпер, як быццам у ззяючай аправе.

— А колькі ў самую вялікую паводку?

— Хадзем, я вам лепш на месцы пакажу! — Якуб Панасавіч ўзяўся за свой капялюш.

— Пачакайце, трэба паклікаць Самусевіча і Рудака. — І Алесь паслаў па іх у калгасную канцылярыю Кузьму Шавойку, які сядзеў на двары.

Праз некаторы час яны сышліся на беразе возера і накіраваліся туды, адкуль далятаў працяглы і заўсёды нязменны шум вадзянога млына. Калі падышлі бліжэй, дык ужо добра вырысавалася каменная, запыленая мукой і зарослая па шчылінах між каменняў дробным мохам будыніна. Млын паглядаў адзінокім вокам-акном на возера, быццам чалавек, які шмат пабачыў за сваё жыццё і летняй спёкі, і сівых туманаў, што зацягвалі далі і глушылі ўсе гукі навакол, і вясновых паводак з крыгамі. Ён, як быццам здагадваючыся, што яго чакае, трывожна гудзеў жорнамі. Імклівая вада, падаючы са става, бесперапынна круціла высокія колы, якія зараслі зялёнаю цінаю, падобнаю на валасы тапельніцы. З дзверцаў, што былі на другім паверсе, звісаў доўгі ланцуг для падачы мяхоў. Каля гэтага млына, як, відаць, і каля ўсіх млыноў, пахла жытняю і ячнаю мукою, прэллю вадзяных раслін і рыбаю. На двары стаялі падводы з мяхамі, а выпражаныя коні фыркалі каля паднятых аглобель і хрумсталі сена і канюшыну.

— Вось дзе я прапаную рабіць плаціну, — наказаў Алесь на мясціну, якая двума высокімі берагамі азначалася ў самым вузкім месцы возера, — тады і млын застанецца.

Інжынер Беразінец нават пакрыўдзіўся:

— Як быццам я хачу знарок знішчыць млын? Скажыце, дзядзька Гаманёк, да якога месца ў самую вялікую паводку падыходзіць вада на гэтым беразе?

Якуб Панасавіч паказаў на лазовы куст, што як быццам ухапіўся кіпцямі за абрывісты бераг і чубам павіс над вадою.

— Аж сюды дастае! Можаце мне верыць, я ж і ў паводку не забываюся схадзіць на рыбу.

Антон Самусевіч і Захар Рудак маўчалі, прыслухоўваючыся да гаворкі інжынераў.

— А калі так, як вы кажаце, Якуб Панасавіч, дык уся тая сенажаць будзе пад вадой, — сцвердзіў Беразінец, паказаўшы рукой на велізарны луг. — Для нармальнай работы станцыі давядзецца трымаць больш высокі ўзровень вады круглы год...

— Не, на гэта ні ў якім разе нельга пайсці! — успыхнуў Захар Рудак.

— Дазвольце мне яшчэ самому падлічыць, а можа, што і выйдзе? — папрасіў Алесь.

— Хоць вы мяне і крыўдзіце, але што ж, калі ласка, толькі не зацягвайце, бо самі ведаеце, што ў мяне мала часу, — скрывіўся Беразінец.

Усе сышліся на гэтым, і стары Гаманёк, хоць і не спадзяваўся, што Алесю ўдасца выратаваць млын, але быў здаволены ўпартасцю свайго вучня.

Да пляцоўкі на ўзгорку, блізка ля таго месца, дзе меркавалася будаўніцтва, з двух розных бакоў падышло па некалькі падвод.

— Вось гэта справа! — ажно ўскрыкнуў Алесь. — Выходзіць, што затрымліваем мы! Паглядзіце, — нашы суседзі пергалеўцы і эглайнаўцы ўжо з матэрыялам з’явіліся.

І сапраўды, латышы прывезлі бярвенні, нарыхтаваныя, відаць, яшчэ раней, а літоўцы — цэглу. Падобна было, што яны загадзя ўмовіліся, каб прыехаць разам.

— Вось хто пачатак будоўлі кладзе, — прывітаўся Захар Рудак з Юозасам Мешкялісам, які адпрагаў каня, а таксама з Каспарам Крумінем і Петэрам, што акуратна скатвалі бярвенне з калёс на зямлю.

— А што ж там. У нас, як у дывізіі: сказана — зроблена, — выхваляўся Мешкяліс, папраўляючы свой чуб, які вылазіў з парыжэлай, прапатнелай шапкі.

Алесь прыслухоўваўся да таго, што гаварыў Мешкяліс, а самога хвалявала яшчэ і іншае. Каля аднаго воза стаяў Йонас, а каля другога — сярэдніх год мужчына з доўгім непрыгожым носам і калючымі вачыма. На яго калёсах сядзела Анежка, што здзівіла Алеся сваёй нечаканасцю. «Гэты непрыгожы чалавек, відаць, яе дзядзька, прывёз цэглу, — падумаў Алесь, — але чаго з’явілася яна?»

Хутка ўсё высветлілася.

— Анежка, пакуль я папасу коней, збегай да крамы, ды паедзем! — праказаў непрыглядны чалавек.

Дзяўчына пачырванела, калі віталася з Алесем, і, як бы ў сваё апраўданне, сказала:

— Маці паслала карункаў на навалачкі набраць, а дзядзька не здолеў бы выбраць. — І, спяшаючыся, пайшла ў бок сяла.

— Ты ж не пазніся!.. — крыкнула ёй услед цётка Восілене, якая па-мужчынску спрытна пагрукала каня па шыі.

Алесь гаварыў з Йонасам, але сам заўважыў, што гаворыць ён сягоння неяк разгублена. I сапраўды, Алесь размаўляў, а сам увесь час паглядаў у той бок, куды пайшла Анежка. Ён не спускаў вачэй з дзявочай постаці аж да таго часу, пакуль яна не схавалася за гарой. «Сапраўды, якая яна стройная», — захапляўся Алесь. Паходка Анежкі, як яму здавалася, адрознівалася ад хады ўсіх дзяўчат, якіх ён ведаў дагэтуль. Яна ішла так лёгка, як быццам не краналася зямлі, і толькі складкі сукенкі ды ледзь прыкметнае хістанне чорных кос на спіне азначалі яе рух.

— Алесь Ігнатавіч! Хадзіце да нас!.. — вывеў яго з задумення голас Беразінца. Інжынер сядзеў паміж калгаснікаў на ўзгорку. — Вось тут узнікаюць пытанні такія, што больш належаць да будаўніка, чым да праекціроўшчыка.

— А ў чым рэч? — перапытаў Алесь, сядаючы каля старога настаўніка.

— А справа вось у чым, таварыш Іванюта, — і Юозас Мешкяліс, звычайна жартаўлівы, скрывіўся. — Трэба пачынаць будоўлю. Вы, доўгаўцы, — дома, усталі раненька, паснедалі і на працу прыйшлі. А нам, пергалеўцам, ды і эглайнаўцам, што рабіць? Паспрабуй такую даль адмясіць, дык ні за што і ўзяцца не захочаш...

— Гэта ён наконт таго, каб загадзя сталоўку пабудаваць... — не ўтрывала гаварлівая Восілене.

— Пачакай, я сам скажу, — перапыніў яе Мешкяліс. — Пабудаваць-то пабудаваць, але раней барак, ну і хай сабе разам і сталоўку, — глянуўшы на Восілене, скончыў ён.

Не паспеў Алесь яшчэ адказаць, як з прапановаю выступіў Петэр:

— А ў нас і кухарка добрая ёсць — Марта Зібене.

Сам ён ведаў, што будзе працаваць цесляром на будаўніцтве, навука Лайзана дапамагла, а таму хацелася, каб побліз была і яго каханая.

— Не, не, гэта ўжо выбачайце, — хуценька залапатала, размахваючы рукамі, цётка Восілене. — То ўжо мая справа. Вось вам і таварыш Мешкяліс скажа, што ў «Пергале» лепш за мяне ніхто не зварыць.

— Ніхто не зманіць, — перакрывіў Мешкяліс.

— Я ж пра вайну не расказваю, як некаторыя, — укалола Мешкяліса Восілене.

— Ты не крыўдуй, я ж пажартаваў, — паправіўся Мешкяліс. — А заяўляю ўсім цвёрда — лепшага кухара, як цётка Восілене, няма. Але не я тут рашаю. Вось начальнік будаўніцтва, звяртайцеся да яго!..

— Я духмаю, што раней, чым пра кухара, трэба пра будаўніцтва баракаў і сталоўкі вырашыць, — звярнуўся да ўсіх Алесь.

— Юозас праўду кажа, нам без гэтага ніяк нельга, — азваўся Каспар Крумінь, які скручваў ужо другую цыгарку.

— А калі ўсё гэта неабходна, дык і нам пярэчыць няма чаго, — бачачы, што Самусевіч маўчыць, падтрымаў Захар Рудак. — А яшчэ я вам скажу, ёсць у мяне такая думка. Без дапамогі ўрада мы не абыдземся. Хіба мы ўсё рыдлёўкамі зробім? Трэба прасіць машын, ды і крэдыт некаторы спатрэбіцца.

— Гэта праўда, — пацвердзіў Каспар Крумінь.

— А што рабіць? — пацікавіўся Мешкяліс.

— Мне здаецца, — унёс прапанову Якуб Панасавіч, — трэба нашых людзей у сталіцы паслаць: у Мінск, Вільнюс, У Рыгу.

Гэта прапанова была такою пераканальнаю, што ўсе задумаліся.

— А каго ж паслаць? Трэба аўтарытэтных...

— У Мінск — начальніка будаўніцтва, таварыша Іванюту, — прапанаваў Рудак.

— З нашага боку падыдзе Йонас Нерута, — заявіў Мешкяліс.

І Каспар Крумінь не прымусіў сябе чакаць:

— Лепшага пасланца ў Рыгу, як Ян Лайзан, няма!

— А калі ехаць? — запытаў Алесь.

— Надоўга адкладаць не трэба, чым хутчэй, тым лепш, — параіў Рудак.

Алесю было прыемна, што за будаўніцтва па-сапраўднаму ўзяліся. Меў ён жаданне пабыць і ў Мінску, цяпер ужо не студэнтам, а чалавекам, якому даручана немалая і зусім самастойная справа.

У яго ў гэты час быў такі ўзняты настрой, што хацелася, каб збывалася жаданне кожнага. Вось чаму, успомніўшы ранейшую гаворку, ён прапанаваў:

— Сёння мы дагаварыліся пра многае. Давайце ж не будзем бюракратамі — умовімся, што запросім цётку Восілене быць у нас за кухара. Відаць, за гэта яна смачнымі стравамі нас пачастуе...

Ніхто не пярэчыў, а Восілене не змоўчала:

— Во гэта размова. — І колерам брусніц наліліся яе шчокі. — Не так, як Юозас: ні мычыць ні целіцца. Відаць, пакінуць яго давядзецца. — І яна зайшлася смехам.

Каспар Крумінь глянуў на вясёлую кабету, і нечым прываблівым яна запала яму ў вока.

Над возерам навісаў змрок. Пасмы яго цягнуліся з-за лесу і паволі ахутвалі далягляд. Узняўся ветрык. Здалёку, з-пад «Пергале», даляцеў ледзь чутны касцельны звон, і ўсе заўважылі, як Пранас Парэчкус, з якім прыехала Анежка, занепакоіўся. Ён нервова некалькі разоў зірнуў у бок сяла, нарэшце не вытрываў і пачаў запрагаць каня.

— Куды вы? — паспрабаваў спыніць яго Йонас.

— Мне хутка на варту станавіцца, спяшаюся. Калі не спаткаю Анежкі, падвязіце яе, Йонас. — І, сеўшы на кары, Парэчкус паехаў. На раздарожжы пастаяў хвіліну, паглядзеў у бок сяла, а потым са злосцю сцебануў каня і памчаў шляхам на «Пергале».

— Вы думаеце, Парэчкус сапраўды на варту спяшаецца? Каб ён так жыў, — сярдзіта сказаў Мешкяліс. — Калі Анежкі не дачакаўся, дык ужо ведай, што, апрача касцёла, нішто б яго не зрушыла з гэтага месца. Пачуў звон і памчаўся... Ён, як я думаю, яшчэ касцельным старастам служыць.

— А наліха вы яго трымаеце? — заўважыў Йонас.

— Табе лёгка разважаць, а ў мяне людзей не хапае. Ведаеш, калі на фронце не хапае актыўных штыкоў, — паспрабаваў зноў звярнуцца да літоўскай дывізіі Юозас, але тут яго перапыніў Каспар Крумінь:

— Мне не ў касцёл, не ў кірху, а да жонкі трэба ехаць... Толькі б я хацеў дазнацца, таварыш Іванюта, што яшчэ ад нас патрэбна?

— Калі будзе зроблены праект, спатрэбіцца многа і ад вас, Крумінь, і ад вас, таварыш Мешкяліс, а пакуль што вазіце цэглу і лес. Дошак трэба, і нямала, на баракі... Ну, і сродкі, вядомая рэч, перавядзіце.

— Грошы мы перавялі, як дамоўлена, пакуль што на рахунак вашага калгаса, — паведаміў Крумінь.

— А дошкі мы маем, — паспяшалася запэўніць цётка Восілене і ражком хусткі выцерла губы.

— Чакай ты, — супыніў яе Мешкяліс. — Хто ў нас старшыня — ты ці я? А ты мне слова не даеш сказаць. Дошкі пачнём заўтра ж вазіць, таварыш Іванюта.

— Камандзір у спадніцы!.. — кінуў у бок Восілене, ад’язджаючы, Петэр, нібы помсцячы за тое, што не ўдалося прыстроіць Марту за кухарку.

Неўзабаве выпраўляліся дахаты і пергалеўцы. Калі збіраліся ўжо садзіцца на вазы, з’явілася запыханая Анежка.

— Дзядзька паехаў?.. — запыталася яна і разгубілася, не ўбачыўшы Парэчкуса.

— Ай, навошта ён табе, такі дзядзька, што не пачакаў. Сядай на мой воз, а хочаш — пройдземся разам? — прапанавала Восілене.

— Добра, я пайду... — пакорліва сказала Анежка і пайшла з Восілене ўслед за яе калёсамі.

Доўгаўцы праводзілі ўсіх да раздарожжа і, развітаўшыся, павярнулі ў бок свайго сяла. З Якубам Панасавічам пайшлі праекціроўшчыкі і гідратэхнікі. Алесь мусіў таксама ісці з імі, але яго паклікаў Йонас:

— Таварыш Алесь, я хацеў бы з вамі параіцца па адным пытанні.

Йонас папрасіў, каб Алесь пагутарыў з Мешкялісам і ўзяў яго і Зосітэ на будаўніцтва.

— Ведаеш, хочацца з самага пачатку і да канца быць там, а па-другое, мне здаецца, што я шмат чаму ў народа навучуся. Адзічэў я крыху на хутары.

Алесь запэўніў, што зробіць усё, што толькі зможа, а сам увесь час думаў, як знайсці момант, каб пагаварыць з Анежкай.

А зручны выпадак, як на шчасце, зараз жа і выпаў. Дзяўчына выпусціла з рук пакунак з пакупкамі. Алесь кінуўся падымаць, і, пакуль гэта рабіў, а дзяўчына дзякавала, яны адсталі на некалькі крокаў.

Да гэтага часу Алесь быў прыгатаваў ажно некалькі спосабаў, як пачаць гаворку з Анежкай, а тут, як на ліха, нішто не лезла ў галаву. Добра, што было цемнавата і яна не бачыла яго разгубленасці. Нарэшце адважыўся пачаць гаворку з першага, што прыйшло на думку:

— Йонас просіць, каб яго і Зосітэ ўзялі на будоўлю. Скажыце, а вам не хочацца разам з імі быць?

Некалькі хвілін дзяўчына маўчала. Алесь ужо думаў, што няўдала пачаў гутарку, але Анежка неяк не то сарамліва, не то баязліва адказала:

— Мяне не пусцяць...

Алесь адчуваў, што яна хацела нешта яшчэ сказаць, але баялася. Касцельны звон, які плыў з «Пергале», нібы скаваў яе рухі.

— Ну, добра, дык прыходзьце да нас у хоры паспяваць.

— Пастараюся, — неяк няўпэўнена адказала яна.

Гаворка відавочна не ладзілася.

— Анежка!.. — пачуўся голас Восілене, і тая мусіла развітацца і даганяць падводу.

Калі б Алесь мог убачыць, як выглядала дзяўчына цяпер, дык ён бы здзівіўся. Твар яе быў белы, як тая бяроста. Сёння яна цвёрда пераканалася, што гэты малады інжынер падабаецца ёй. Запала ў сэрца тое, што ён такі ладны і прыгожы, і тое, што так уважліва і ветла ставіцца да яе.

А разам з тым нейкі страх апанаваў душу. «Божа!.. божа!.. каб усё толькі добра было...» — шаптала бегучы яна і неўпрыкметку цалавала выцягнуты з-за кофтачкі срэбраны крыжык.

Алесь варочаўся дахаты таксама занепакоены.

«Вось і сёння нічога толкам не сказаў дзяўчыне», — злаваўся ён, але надзея на часцейшыя сустрэчы была, бо гэтаму, разважаў ён, будзе памагаць будаўніцтва, якое аб’ядноўвала ўсе тры калгасы.

 

 

V

Былы хутар Каетана Гумоўскага — Малінаўка — стаяў у лесе. З трох бакоў яго як бы сціскалі абцугамі густыя яліны, а ад доўгаўскага поля адлучала вялікая імшара, зарослая карлікавымі бярозкамі і сасонкамі. І хоць у кавалку зямлі, якім некалі ўладаў Каетан Гумоўскі, было пяцьдзесят дзесяцін, але таму, што хутар быў абкружаны лесам, ён здаваўся невялікім. Нездарма Каетан Гумоўскі, калі трэба было, прыбедніваўся:

— Што вы хочаце, колькі тае ў мяне зямлі? Яна ж на адной далоні ўмесціцца.

Але гэтак ён толькі гаварыў, а на самай справе зямля Гумоўскага дазваляла трымаць добрую гаспадарку. Не без падстаў пры панскай Польшчы Каетан Гумоўскі стараўся садзіцца ў касцёле побач з вядомаю засцянковаю шляхтаю. У яго тады не паварочвалася і шыя, каб глянуць у бок мужыкоў. Трымаючы нос па ветру, ён стараўся заўсёды быць каля фальваркоўцаў, калі ж тыя яго не прымалі, дык сядзеў у сваёй Малінаўцы адзін, а падацца ў Доўгае да сялян і не думаў. Жыў ён, як казалі людзі, бы той ваўкалак. З сям’і меў старую жонку Юзэфу — маўклівую, прыбітую жанчыну, якая нічога не значыла ў хаце, а пакорліва, як рабыня, выконвала загады мужа. Можа, гэта было яшчэ і таму, што ўзяў Гумоўскі яе сірацінаю, якая была на выхаванні ў аднаго засцянкоўца і нічога не мела. Так за ўсё жыццё Юзэфа і не сказала мужу слова наперакор, ды і наогул гаварыла яна мала, здавалася, што і гаварыць нічога не ўмела, апрача: «Добра, Каетанька!..» Сын Вінцэнт быў нейкі нягеглы. На людзях мала паказваўся, а калі і трапляў каму па вочы, дык рабіў уражанне вар’ята: мычэў, нешта картавіў. Ніхто ягонай гаворкі не разумеў, можа, толькі адна Юзэфа. А дачка Адэля, наадварот, удалася такой, як быццам нарадзілася ў другіх бацькоў, — ладная, вясёлая. І хоць Каетан любіў пакору, але многа чаго дараваў сваёй любіміцы.

— Мне нічога не трэба... Усё для цябе... Адна ў мяне ты, Адэлька. — І пяшчотна гладзіў яе па круглых плячах. Можа, адчуваючы нейкую асаблівую бацькаву ласку, і дачка ставілася да яго ласкавей за ўсіх.

Каетан насіў у сэрцы мару выдаць Адэлю за суседскага сына, Казюка Клышэўскага. Ён хацеў парадніцца, як яму здавалася, з сапраўднаю шляхецкаю сям’ёю і ў той жа час думаў угаварыць Казюка прыйсці ў прымы, узяць ад бацькоў сваю частку зямлі і лесу, што падыходзілі да Малінаўкі. Тады б Малінаўка пашырылася і стала б на ўвесь павет вядомай.

Але нічога з гэтага не выйшла. «Віхор прайшоў па зямлі, — як любіў гаварыць Гумоўскі, — і перайначыў усё». Думаў ён, што асталюецца ўсё пры немцах, але дзе там... Добра, што ў тыя часы не выдаў сябе з галавой доўгаўцам; калі і памагаў немцам і самаахове, дык цішком, і партызан не цураўся. А прыйшлі доўгаўцы з лесу да яго па нарыхтоўку — сам павёў у клець, насыпаў мукі пяць мяхоў, даў яшчэ барана ў прыдачу. Мала што можа быць? Ён не забыўся нават узяць пра гэта ў партызан распіску. І цяпер хавае яе за абразамі і, калі трэба, вымае паказаць людзям. Ды нічога гэта не дало. Зямлю забралі ў калгас. Парабкаў адпусціў сам. Застаўся толькі невялікі кавалак агарода пры хаце. Каетан адчуў, што наперакор ветру не падзьмеш, і парашыў схітраваць. Ён, даводзячы сваю прыхільнасць да ўлады і сувязь з партызанамі, прасіўся ў доўгаўскі калгас, але нічога не выйшла. Той жа настаўнік Якуб Гаманёк, што сам быў у партызанах і прыязджаў па муку, выступіў на сходзе і заявіў, што кулакоў у калгасе не трэба. Спрабаваў Каетан скардзіцца ў раён — таксама не выйшла толку. Тады ён наважыў стаіцца і перачакаць — быць не можа, прыйдзе змена. Ён карыстаўся невялічкім кавалачкам зямлі пры хаце. Праўда, ухітраўся час ад часу крыху падворваць далёка дзе ў лесе, меў яшчэ запас з даўняга і гэтым жыў. Назбіраў ён за жыццё, хай сабе невялічкі гарнушак золата, але пра гэта нікому, нават любай Адэлі, не гаварыў.

«Прыйдзе час, — думаў ён, — усё зменіцца, аддам ёй, няхай тады распраўляе крылы мая ластаўка». Апрача гэтага гарнушка, хаваў Гумоўскі яшчэ крывую блішчастую шаблю пана пулкоўніка, панскага сынка. А што, калі зноў старая Польшча вернецца? Ён паднясе тады гэтую шаблю пану пулкоўніку, а калі не, дык самому старому пану, і, вядомая рэч, яму падзяка будзе. Хаваў ён на дне куфра і партрэт Пілсудскага. Усё яшчэ можа знадобіцца!.. А пакуль трэба жыць як набяжыць, з ваўкамі па-воўчаму выць, як любіў гаварыць ён на адзіноце ў сваёй сям’і. Нават у касцёл перастаў хадзіць. І, божа барані, строга наказаў жонцы, каб не гаварыла на людзях з ксяндзом. Сам хадзіў на ўсялякія сходы, спрабаваў раз выступаць і агітаваць за пазыку, быў вельмі безуважны да сваёй гаспадаркі; хай думаюць людзі, што ён перайначыўся. Той-сёй і гаварыў часамі: глядзіце, які стаў Гумоўскі, як вата, хоць бяры ды ў вуха кладзі!..

Адно моцна непакоіла Каетана Гумоўскага. Сусед Клышэўскі паехаў з немцамі. Каетан некаторы час трывожыўся, што не выйшла справа з вяселлем дачкі, а пасля таксама змірыўся, думаў, што прыйдзе час, Казюк вернецца. Але зрабілася так, як Каетан не чакаў. Казюк вярнуўся раней часу. Аднойчы вясноваю ноччу нехта ціхенька забарабаніў у акно, ля якога Гумоўскі спаў.

Каетан устрывожыўся, што такое магло быць і чаму сабакі як быццам анямелі. Ён прыпаў да шыбіны, але ў начным мораку і яго востры зрок не ўбачыў нікога. Спрабаваў гукаць — ніхто не адказвае. Насунуўшы хадакі на ногі, выйшаў у сенцы і асцярожна адчыніў дзверы. Перад ім стаяў чорны, аброслы барадой Казюк Клышэўскі.

— Езус-Мар’я, — зажагнаўся Каетан Гумоўскі, — ці не з таго свету ты, Казя?

— Пусціце ў хату, усё раскажу, — ляскаючы зубамі ад холаду, прашаптаў Казюк.

Каетан Гумоўскі ўвёў Казюка ў сваю камору. Не запальваючы святла, пасадзіў яго ў куце і пачаў распытваць:

— Адкуль ты, Казя? Дзе бацькі?

— Пачакайце, дайце хоць чаго ў душу, — прасіў Казюк, і вочы ў яго трывожна блішчалі, і рукі дрыжалі.

Гумоўскі прынёс тады яму вялізны кавалак хлеба, крышан сала і кубак квасу. Паставіўшы перад Казюком усё, ён нарыхтаваўся слухаць, падпёршы галаву рукою. Казюк Клышэўскі смачна чаўкаў і ў той жа час урачыста адказваў на пытанні, быццам ад сполаху гаўкаў:

— Бацькі ў Польшчы... Каля самай нямецкай граніцы. Атрымалі зямлю... кланяліся вам.

— Дзякую, сынок... А ты чаго тут?.. Тут жа непярэліўкі...

— Выпала так...

— Чаму выпала, араў бы ў бацькі зямлю, а дасць бог, прыйшоў бы час, дадому б вярнуўся?

— Я і араў... Але і там тое самае пачалося — за адзін стол запрашаюць...

— Што ты кажаш?

— Таксама, як і тут. А я меў нецярплівасць на сходзе сказаць супраць...

— А-яй-яй!.. — паківаў галавою Гумоўскі.

— Ну, дык сядзець і чакаць, пакуль зграбуць, я не мог. А куды мне падацца?.. Там жа скрозь чужыя, незнаёмыя мне людзі. Вось мне бацькі і параілі сюды прабівацца...

— Як жа ты дайшоў?..

— І не кажыце, ледзь жывы застаўся. А дзе Адэля?

— Адэля спіць, я прашу цябе, не трывож яе, няхай яна нічога не ведае. Лепш ты ідзі куды-небудзь. Мы таксама на прыкмеце, у нас цяпер і прыпыніцца няможна. У саміх ледзьве душа ў целе. Ідзі туды, дзе да нас жыў... А я, калі трэба, памагу, — упрошваў Гумоўскі.

— А дзе я жыву... Я вольны сокал. Куды хачу, туды і лятаю. Увесь бор — мая хата, — знарок узнёсла гаварыў, перакусіўшы, Казюк.

— Дык што ты робіш? — адчуваючы раптоўную трывогу, пытаўся Каетан, і пальцы яго забарабанілі па стале.

— Душу сваю ў целе хаваю... Нідзе я не прапісаны, ніхто мне нічога не плаціць. Самі бяром, калі трэба...

— Дык гэта ты абрабаваў сельпо ў Казлянах яшчэ на зыходзе зімы?

— Я не абрабаваў, а зрабіў нарыхтоўкі для сябе і сваіх сяброў... А такім, як я, есці трэба?

— Скажы, а многа вас?

— Вось гэта — тайна, але нямнога засталося...

— Цябе ж забіць могуць!

— Ну што ж, загіну дык загіну!

— Езус-Мар’я... Езус-Мар’я... — шаптаў Каетан Гумоўскі і калаціўся ад страху. — Дарма ты пайшоў на такую справу, Казюк. Я ж думаў, што ты інакшым вернешся... Ідзі, хавайся, беражыся, не паказвайся Адэльцы, няхай яна нічога не ведае... я прашу цябе, — маліў Каетан Казюка.

— Не, гэтага ад Адэлі не схаваеш. Я вярнуўся не на адзін дзень, а назусім. А вы, дзядзька Каетан, павінны памагаць мне — і ежаю, і рабіць тое, што я скажу.

— Ты ж загубіш мяне, — енчыў Каетан. — Ну добра, я табе падкіну сяго-таго, але ты не прыходзь да мяне і не даручай мне нічога.

— Не, так не выйдзе. Малінаўка сама не вернецца ў рукі. Я не буду вас і сына прымушаць ісці за сабою, а што здолееце, давядзецца рабіць.

— Ну, а скажы, — зацікавіўся, крыху паспакайнеўшы, Каетан, — ну, а чаго ты чакаеш?..

— Толькі ціха. — І Казюк пагразіў Гумоўскаму пальцам. — Змены чакаю...

— Адкуль ты гэта ведаеш?

— Так, як у надвор’і бывае змена, так і ў жыцці павінна быць. Нічога няма вечнага...

— Можа б, ты пераседзеў дзе ў іншым месцы, пакуль распагоднее?

— Няма ў мяне такога месца!

— А ў лесе?

— У лесе хутчэй, чым у хаце, знойдуць. Пабудзі Адэлю...

— Не трэба, — прасіўся Каетан.

— Пабудзі!.. — амаль загадаў Казюк.

І Каетан, завесіўшы акно, пашоргаў хадакамі ў другую камору.

Клышэўскі асмялеў і нават запаліў газніцу. Ён паставіў нямецкі аўтамат у кут, а сам падышоў да шыбіны і глянуў на двор. У водсветах акна ён заўважыў сябе і замармытаў нездаволена: «Яшчэ спалохаецца!» З шыбы глядзеў на яго худы, змарнелы твар, аброслы чорнаю барадою. «А некалі прыгожы быў», — уздыхнуў Казюк. Глыбокія маршчакі раней часу перарэзалі лоб. Ён стаяў і думаў, што скажа, як убачыць яго, Адэля.

— Ай, божа!.. — пачуў ён прыглушаны шэпт ззаду і хутка павярнуўся.

Да яго ішла разгубленая Адэля. Яна была ў сукенцы, якая першай трапілася пад рукі, з ільнянымі распушчанымі валасамі, уся збянтэжаная.

— Казік, гэта ты!.. — І яна прыпала да яго грудзей...

 

З таго часу прайшло ўжо каля года, і Каетан Гумоўскі не ведаў ні дня спакою. Казюк Клышэўскі, які хаваўся ў яго, зноў зрабіўся гладкі і прыгожы. Адэля як галаву страціла, не слухае бацькавай перасцярогі, толькі і глядзіць аднаго Казюка. А Каетану трывога: ну, якая гэта схова — у яго за сцяною, ды ў старой лазеньцы каля імшары ў лесе. Праўда, Казюк знікаў, бывала, на некалькі дзён. Відаць, ён меў і другія прыпірышчы, пра якія не казаў. Дарма маліўся Гумоўскі, каб той не вярнуўся, Казюк абавязкова з’яўляўся ў Малінаўцы. Няма, няма, ды, калі не было Казюка дома, даходзіла, што ў тым ці ў іншым месцы злавілі рабаўніка. А можа, Казюка? Што будзе, калі дазнаюцца, што Каетан выконвае яго даручэнні, забяспечвае харчамі час ад часу? Канец тады ўсім — і Адэлі, і Малінаўцы. Праводзячы дні ў такіх перажываннях, Каетан нудзіўся, бо яму не было з кім параіцца. Спрабаваў гаварыць з Адэляю — дзе там, у яе малы клопат, яна так верыць Казюку, што і на волас не сумняваецца ў тым, што па наступнай вясне прыйдзе змена і яны пажэняцца. А стары Каетан, які многа бачыў на сваім вяку, думаў так і сяк, і пякельныя згрызоты не давалі яму спакою. Пайсці б да ксяндза і сказаць: «Пане ксенжа, ратуй мяне, парай, як жыць, як вярнуць сваю Малінаўку», — ды боязна, заўважаць доўгаўцы і скажуць, што ў другі бок падаўся... А так маўчаць, як бы яго і на свеце няма. Але імкненне гаварыць з кім-небудзь было такое прагнае, што ён часта ноччу замыкаўся ў сваёй каморы, кленчыў перад абразамі і доўга выкладваў душу перад богам, тым больш што бог маўклівы і нікому не скажа.

Гумоўскі нават сам склаў для сябе малітву, з якой ён стаяў на каленях уночы. Была яна такою:

— Святы божа, Езус-Мар’я, анёл панскі! Даруйце мне грахі, Каетану Гумоўскаму. Малю вас і плачу, зрабіце так, каб прайшлі віхуры, каб сонца вярнулася, каб вярнулася да мяне мая Малінаўка, каб загінулі ўсе нехрысці, каб выйшла мая Адэля за Клышэўскага. Каб жылі яны ў шчасці, каб Малінаўка мая была для іх што маці. Аман, аман, аман...

І ён адбіваў паклон за паклонам. На ўсякі выпадак, каб малітва яго напэўна дайшла да бога, ён чытаў яшчэ «Ойча наш» і, бывала, так расчульваўся, што плакаў, а раніцай Адэля пыталася:

— Тата, чаму гэта ў вас вочы чырвоныя?..

Са сходу ў Доўгім вярнуўся дамоў Каетан Гумоўскі вельмі ўзнерваваны. Па тым, як ён грукнуў дзвярыма ў сенцах і вызверыўся на сабаку, які падбег лашчыцца, Юзэфа пазнала, што гаспадар не ў гуморы, і, як заўсёды ў такіх выпадках, пасунулася ўбок. Каетан зняў світу, памыў рукі ў мыцельніку і моўчкі сеў за стол.

Жонка ведала, што ў гэты час без ніякіх запытанняў трэба падаваць мужу есці, і, забразгаўшы заслонкаю, выняла з печы і паднесла Каетану паўмісак з дранымі аладкамі. Каетан смачна чаўкаў, нахіліўшыся нізка да стала, і пасівелыя вусы яго хадзілі, як у таго таракана. Ён так захапіўся ядой і ўвайшоў у свае думы, што не заўважыў, як побач з ім апынулася Адэля. Толькі тады, калі тая прыхінулася да яго, страпянуўся і, пасвятлеўшы, глянуў на яе

— Што ты такі злосны сягоння? — уважліва запытала дачка.

— А чаго мне вясёлым быць?.. — адрываючыся ад місы, адказаў Каетан. — Што, я з ігрышча прыйшоў? Што, мне смыкі на скрыпках там ігралі? — І ён разыходзіўся яшчэ болей. — Жалезнымі смыкамі, дачка, пілавалі маё там сэрца. Дзе ты бачыла! Не тое каб другія, а нават гэты прыблуда Захар Рудак не глядзіць у мой бок. Адкуль яго прынесла насланнё!.. Каб не ён, можа, у нас і ціха было б. Надумаў яшчэ электрычнае святло даць, каб табе вочы пасляпіла, — злаваўся Каетан. — Каб не верыў, што прыйдзе змена, налажыў бы рукі на сябе...

— Ай, тата, тата, якое ты глупства вярзеш. — І яна прытулілася бліжэй да бацькі.— А змены будуць, вось і Казюк пра гэта кажа...

— Дурань твой Казюк! Нічога ён не ведае!

— Ці-ш-ш-ш!.. — засыкала Адэля і, прыклаўшы яму далоні да твару, міргнула вачамі на сценку каля печы.

— Дык ён тут? — паказеліўшы вочы, засіпеў, як гусак, Гумоўскі. Старая Юзэфа падалася далей у кут, а Адэля ўсхвалявана адказала:

— Чаго вы крычыце? Тут... А дзе ж яму быць?..

— Як дзе?.. Зарэжаце вы мяне... Я ж казаў, каб удзень ён ні ў якім разе не прыходзіў у хату... — Раззлаваны Гумоўскі пачаў нервова крочыць па хаце. — Мала хто можа ўварвацца да нас?.. Ну, калі няма ўжо дзе дзецца, дык хоць бы ў лазеньцы сядзеў... Усё лягчэй адгаварыцца. Я ж цяпер і хвіліны спакойнай не маю... — І ён трывожна зірнуў на сцяну.

А хвалявацца ён меў рацыю, бо за сцяной сапраўды ляжаў у мораку Казюк Клышэўскі і, прыпаўшы вухам да бервяна, прыслухоўваўся да таго, што рабілася ў хаце. Клышэўскі ляжаў у патаемнай схове. Каетан Гумоўскі зрабіў гэтую схову для Казюка па просьбе Адэлі хутка пасля таго, як ён з’явіўся. Наладзілі яе за некалькі доўгіх начэй і так, што здагадацца пра гэта было цяжка. А зрабілі проста — паставілі другую сцяну побач са сцяной, што выходзіла на агарод. Адзін канец сцяны ўпіраўся ў велізарную печ. Каб не было відаць, што сцяна новая, злажылі яе з бёрнаў разабранай восеці. Яны былі рудыя, закураныя, так што нічым не розніліся ад іншых сцен у хаце. Ход, праўда, быў нязручны — ішоў ён праз падпечак, так што ўсякі раз Клышэўскі, забіраючыся ў сваю схоўню, стагнаў ад непрыемнасці, а стары Гумоўскі, калі быў не ў гуморы, бурчаў сабе пад нос: «Палез зброд-певень галагуцкі...» Усярэдзіне, паміж дзвюма сценамі, было каля метра прастору ў шырыню, так што вельмі разваліцца там Клышэўскі не мог. Дазнаўшыся, што Гумоўскі прыйшоў дадому, ён прыпаў вухам да сцяны і адчуў, што стары нездаволены яго прыходам. Але гэта толькі злавала Казюка. Ён, можна сказаць, кожную хвіліну рызыкуе жыццём, а той яшчэ мае нахабства гневацца на яго. Хіба ведае гэты стары пень, як яму цяжка прыходзілася апошні час? З усіх семнаццаці засталося толькі трое — астатніх перабілі і пералавілі. Колькі разоў вымушаны былі яны мяняць месцы сваіх прытулкаў, каб ратавацца ад міліцыі. Засталося трое, і тым трэба хавацца па хутарах, бо апошняя іх зямлянка выкрыта. Клышэўскі асунуўся за гэты час. Вочы яго гарэлі хваравітым бляскам, бо нервы былі не ў парадку. Казюк стаў такі няўрымслівы, што Адэля баялася, каб калі не выдаў усіх. І цяпер, пачуўшы нелагодныя словы ў свой адрас, Клышэўскі парашыў не дараваць гэтага свайму цесцю. Калі Гумоўскі ўзрушана расхаджваў па хаце і, сыкаючы, папракаў дачку, з-пад печы паказалася калматая галава Казюка.

— Дзень добры, пане Гумоўскі!.. — хітра зыркаючы вачыма, прагудзеў ён, як бы з падзямелля.

— Адкуль ты, Казюк?.. — устрапянуўся Каетан.

— Адкуль? Што, вы не ведаеце?.. З палаца, што вы мне збудавалі. — Ён падыходзіў ужо бліжэй да Гумоўскага. — Не прыкідвайцеся, што вы не ведаеце, я добра чуў, як вы нападалі на Адэлю за мяне.

— Я не нападаў, — апраўдваўся разгублены Гумоўскі, але, апамятаўшыся, пачаў пераходзіць у наступ. — Я, калі ты хочаш ведаць, абараняю яе. Я не хачу, каб ты яе загубіў.

— Як гэта я хачу загубіць сваю жонку? — насядаў на старога Клышэўскі.

— Яна табе яшчэ не жонка...

— Не, жонка, вы самі сказалі, што ў касцёл пасля пойдзем. Не з вамі разам мы чыталі малітву за нашае жыццё?..

— Ды ціха вы!.. — усцішала іх Адэля.

Яна ўзяла абодвух пад рукі і пасадзіла за стол. І, як хітрая лісіца, хуценька скочыўшы да шафкі, выняла адтуль паўбутэлькі і паставіла на стол.

— Давайце пагрэемся, а то на дварэ, бачыце, захаладала.

— А яшчэ хто наскочыць?.. — устрывожана выказаўся бацька.

— Не бойся!.. Я пасадзіла Вінцэнта пільнаваць. Ён дасць знаць, калі што.

Адэля, ладная, сінявокая, вясёлая і жвавая, умела ўлагодзіць людзей, і праз хвіліну Каетан Гумоўскі і Казюк сядзелі і размаўлялі, як быццам толькі што вярнуўшыся з кірмашу. Адэля падлівала то аднаму, то другому, час ад часу загадваючы старой маці схадзіць у свіронак па закуску. Тая прыходзіла, стаўляла перад імі талерку з нарэзанымі каўбасамі і салам ды, адышоўшы ўбок, садзілася на зэдліку ля печы. Там было яе заўсёдашняе месца.

У Казюка ад гарэлкі паружавеў твар, ён адагрэўся ды, відаць, прыйшоў у спакой, бо ўвесь стаў нейкі больш стрыманы.

— Дык што там тварылася ў Доўгім?.. — чокаючыся з Каетанам, пытаўся Казюк.

— А тварылася такое, што, як мне здаецца, нашай справе канец, — нахмурыўшыся, адказаў Каетан і, перакуліўшы чарку, абцёр далоняю вусы.

— Як гэта так?

— А так, што ўсе людзі хінуцца адзін да аднаго і задаволены.

— Чым жа яны задаволены — што сваёй зямлі не маюць?

— Чаму яны не маюць? Усё ў іх: і зямля, і нават гэты кавалак, дзе мы з табой сядзім. І хлеб у іх ёсць, і закраса ёсць, а яшчэ і святло будзе. Ды яны скора будуць смачней есці і лепей жыць, як мы некалі на гаспадарцы.

— Ды вы, тата, — спяшаючыся, гаварыў Казюк, — размаўляеце, як сам камісар. Не можа быць, каб так было. Няўжо ім не хочацца мець свайго кавалка зямлі? Ды я ніколі не паверу яшчэ, што латышы і літоўцы з доўгаўцамі пасябруюць!.. Ваўкі з розных лясоў.

— Вер не вер, а дружаць... І я ўжо прыгледзеўся, яны сягоння стаяць як адна сцяна.

— І нічым яе не праб’еш?

— Баюся, што нічым. Грукнешся галавою, галаву і разаб’еш.

— Не можа гэтага быць!.. Літоўцы і латышы з бальшавізмам не змірацца! — дзіка закрычаў Казюк, але, схамянуўшыся, трывожна глянуў у акно.

— Супакойся, Вінцэнт ходзіць па двары, — паклала руку на плячо Казюку Адэля. — А ты думаеш, тата верыць, што ўсё так застанецца? Вось прыйдзе вясна, — яна бліжэй прыхінулася да Казюка, і на яго твары з’явілася ледзь прыкметная ўсмешка, — і мы паедзем да шлюбу. Вернуцца сюды твае бацькі, зноў заспяваюць салаўі ў Малінаўцы...

— І мы паедзем да нас у Гарохавішчы, — ужо зусім размякчэўшы, бубніў Казюк Клышэўскі. Нават суровы Каетан як бы забыўшыся на сваю трывогу, паддаўся гэтаму настрою.

— Не ўжо, Казя, як хочаш, а Адэля ў Гарохавішчы не паедзе. Ну, калі ў госці, то іншая справа, а так у Малінаўцы будзеце жыць. Праўда, старая? Ды хадзі ты сюды, чаго ты там печ вартуеш? — гудзеў на ўсю хату, разышоўшыся, Гумоўскі. І Юзэфа, добра ведаючы норавы мужа, падышла і пакорліва апусцілася ля яго.

— Зямлю паяднаем, — праўда, Казя, братка ты мой?.. — Ён лез ужо да Казюка цалавацца. — Млын пабудуем... Вось што... Станцыю, гэтую станцыю, мы на млын і возьмем. Нашто нам станцыя?.. Мы і без станцыі жылі, дык дай божа!..

— Усё гэта добра, але ж яно само не прыйдзе.

— Дык што мне рабіць? Кажы зараз, усё зраблю!.. — біў сябе ў грудзі Гумоўскі.

— Рабіць тое, што я скажу. У тую нядзелю кірмаш у Тублічах. Збярэцца многа людзей. Вось вы і паедзеце туды, ды і раскідаеце там каля вазоў колькі лісткоў, што я напішу. Людзі павінны ведаць і рыхтавацца.

— Не трэба гэтага рабіць старому, — азвалася Юзэфа.

— Маўчы, старая, усё зраблю!.. — аж падскочыў з-за стала Гумоўскі.

— Але што з гэтага будзе, лістоўкай жа нічога не зробіш? — заглянуўшы ў вочы Казюку, запытала Адэля.

— Кропля камень крышыць, — пераконваў Казюк каханку. — А яшчэ я вам скажу, я сягоння ўночы пайду. Мы параімся ўтрох, што рабіць. З кім, і вам не скажу. Трэба крыху таго-сяго і папалохаць, каб у іх рукі не падымаліся. Каго, па-твойму, тата?

— Як я прыгледзеўся, дык самыя звадыяшы там — Алесь Іванюта, настаўнік Гаманёк, ды і Захар Рудак не лепшы.

— Пачакай, мы ім прышчэмім хвост. Сёння ж параюся з хлопцамі.

Відаць, гамонка накалялася б усё болей і болей, каб раптоўнае дзікае мармытанне Вінцэнта за акном не насцярожыла іх. Яны глянулі ў акно і скамянелі. Па дарозе з Доўгага ехала сюды фурманка. Куды і хмель дзяваўся! Храбры Казюк так сігануў пад печ, што і след прастыў. Забразджэлі талеркі, зазвінелі шклянкі, на століку засталася толькі адна чыстая сурвэта. Не стала ваяўнічага выгляду і ў Каетана Гумоўскага: ён неяк прыгнуўся, здавалася, ажно калаціўся і неўпрыкметку пакусваў сівы вус ад хвалявання. Адна толькі Адэля цвіла, як заўсёды. Яна круцілася перад люстэркам і папраўляла кветкі на валасах, якія вельмі былі ёй да твару.

Калі фурманка ўз’ехала на двор і Каетан Гумоўскі пазнаў у прыезджым старога Базыля з суседняй Макаўшчыны, ён аж зарагатаў:

— А бадай ён спрах, каб хто, а гэтак налякаў...

Базыль увайшоў у хату і, зняўшы шапку, ветліва прывітаўшыся, запытаў:

— Можа, у вас шворан ёсць, а то мой хруснуў на грэблі, відаць, не даеду...

— Дзе я табе вазьму шворан? — нездаволена адказаў Гумоўскі. — У самога толькі душа ў целе. Здаецца, троху дроту пад павеццю ёсць, калі знайду, дам — звяжаш і даедзеш. Шворан... дзе я табе вазьму той шворан? — І ён, раззлаваны, павёў Базыля за дзверы.

Як толькі калёсы загрукалі за брамаю, Адэля накіравалася да свайго жаніха. Прыгнуўшыся ў тры пагібелі, яна прапаўзла падпечным ходам і апынулася ў цёмнай, цеснай каморы.

— Гэта ты, Адэлька?.. — сустрэў яе шэптам Казюк. — Давай садзіся на мой ложак.

Кожны раз, калі Адэля дабіралася да Казюка, ёй быў патрэбен час, каб асвойтацца, і цяпер, яшчэ не прывыкшы да мораку, яна супыніла яго: «Пачакай, дай агледзецца». У каморы было спёртае паветра. На падлозе ляжаў сяннік, засланы коўдрай, і стаяла невялікая табурэтка ў куце. Казюк лёг, Адэля прыхінулася бокам да яго.

— Вось якія палацы ў нас з табою, бедны ты мой!.. — абняла яна свайго каханка рукой.

— Адэлька, не клапаціся... — горача цалуючы Адэліны шчокі, шаптаў Казюк. — Вось толькі прыйдзе вясна...

— Ды ўжо чула... чула пра гэта...

— І ты не верыш? А я табе кажу, што мы будзем жыць, што ў палацы. Прыедуць бацькі, я з табою пабяруся, вунь які палац збудую!..

— А я ўсё думаю, ці не падацца табе куды адсюль? Баюся, што загінеш ты...

У грудзях у Казюка абудзілася рэўнасць, бо ён даведаўся, што, калі яго няма, Адэля не мінае ніводнай вечарынкі. Ён ніяк не мог пагадзіцца з тым, што з ёй хто-небудзь гуляе, а, па-другое, яшчэ апаноўвала трывога — а раптам яна выдасць... Казюк моцна прытуліў Адэлю і, дыхаючы самагонам у твар, засіпеў:

— Помні, калі дазнаюся, што з кім-небудзь, — кулю табе, кулю сабе...

— Ды перастань ты, дурань!.. Што ты выдумляеш?

— Вось гэта так! — і горача цалаваў Адэліны рукі.

Праз які час, калі астылі любошчы, яны ўжо размаўлялі аб тым, што іх непакоіла сёння.

— Поўначчу я думаю падацца...

— Куды?

— Я ўмовіўся з адным чалавекам сустрэцца. Калі ўсё будзе добра, можа, чаго прыдбаем.

— Што вы думаеце рабіць?

— Жыць жа нам трэба. Не магу ж я ўвесь час на вашым карку сядзець...

— Ой, баюся я, што нядоўга вам хадзіць, Казюк.

— Не бойся! Свет шырокі, лес высокі... А калі што, дык так не дамся. — І ён зашчоўкаў затворам аўтамата ўпоцемку.

— Кінь ты, а то яшчэ мяне заб’еш!..

Доўга той вечар ляжалі Казюк і Адэля ў каморы... Ён цалаваў яе, моцна прыхінаючы да грудзей, надзяваў ёй у мораку нарабаваныя каралі на шыю і пярсцёнкі на пальцы. Здавалася, што яны свяціліся і ў цемры.

— Ты ж, глядзі, не забудзься ды не выйдзі ў іх, — папераджаў ён Адэлю.

— А чаму? — пыталася яна, робячы выгляд, што не зусім разумее.

— Раўную,— у цемры ўсміхаўся Казюк. — Не хачу, каб ты да сябе хлопцаў прыварожвала...

— Адкуль жа ты ўзяў такія пякноты, Казючок?..

— Маці дала мне з сабою, калі я сюды збіраўся... Да часу ў лесе ляжалі...

Між тым папярэджанні яго былі дарэмныя — Адэля сама ніколі не надзела б такіх рэчаў, толькі таму, каб цяпер не адрознівацца ад другіх, каб не звяртаць на сябе ўвагу рознымі ўборамі і пярсцёнкамі. Калі яна гаварыла Казюку пра сваю вернасць, то крыху маніла: вясёлая і чуллівая па характары, Адэля любіла, каб на яе заглядаліся хлопцы. Пераходзячы ручаінку ці лужынку, яна ўмела так падкасаць падалок сукенкі, каб паказаць свае прыгожыя ногі, так павярнуцца, каб пакрасавацца сваімі крамянымі грудзьмі, — адным словам, любіла падаць сябе, добра прыбрацца, але знала, што гэтага не трэба цяпер, каб не наклікаць бяды на бацьку і на сябе...

Поўначчу Каетан Гумоўскі і Адэля выпраўлялі Казюка. Доўга шапталіся з ім у кутку, а старая Юзэфа напакавала ў торбу харчоў.

— Лістоўку я вам напішу і дастаўлю, тата! — гаварыў ён Каетану. — Паедзеш у Тублічы, зробіш так, як табе гаварыў... А ты да пабачэння, мая галубка! Хутка вярнуся!.. — Казюк моцна пацалаваў Адэлю.

— Толькі ўдзень не прыходзь! — упрошваў Каетан.

— Не бойцеся, не падвяду!.. — Казюк надзеў аўтамат, а паверх яго накінуў шэрую світку. Запасны пісталет паклаў у кішэню. Навязаўшы торбу на кій, як быццам які падарожны, ён перакінуў яе за плечы і выйшаў у сенцы. Каетан зачыніў дзверы, а Адэля, прыклаўшы вуха да шыбы, слухала, як у бок лесу асцярожна зашамацелі крокі.

— Езус-Мар’я, хоць бы ўсё добра было! — перахрысціўся Каетан і пайшоў на ложак.

 

 

VI

Два дні Алесь аддаў таму, каб вынайсці магчымасць захаваць млын пры будаўніцтве плаціны. Ён некалькі разоў хадзіў на возера з самымі старэйшымі аднавяскоўцамі, распытваў у іх на месцы, да якіх узроўняў узнімаецца вада пры самых вялікіх паводках. Але ўсе гаварылі амаль тое, што і Якуб Панасавіч. Цэлую ноч праседзеў Алесь над вылічэннямі, раіўся з маладымі геадэзістамі-тапографамі Грабоўскім і Мальковай, але ніякага выйсця не знайшоў. Цэлы дзень, калі ўжо было ясна, што нічога ў яго не выйдзе, Алесь яшчэ не здаваўся. Хадзіў і грыз сябе: як гэта можа быць, каб не выйшла па-ягонаму. Калі быў у інстытуце, усё здавалася такім простым, толькі заставалася захацець — і ўсё выйдзе. А тут, на табе, абрамізіцца з самага пачатку. І перад усімі сябрамі. А яшчэ, калі спрачаўся, упікаў Беразінца: «Вы толькі лагарыфмічнай лінейкі прытрымліваецеся...» Што ён цяпер скажа людзям? А што падумае яна? Але выхаду не было. І хоць цяжка было прызнавацца ў сваёй неправаце, ён мусіў гэта зрабіць.

Барыс Васільевіч Беразінец, у якога ён папрасіў выбачэння, не раззлаваўся, як гэтага чакаў Алесь, а толькі спакойна ўпікнуў:

— Молада-зелена, гэта вам навука, што трэба больш верыць старэйшым.

— Калі, вы знаеце, так шкода гэтага старога млына, — апраўдваўся Алесь. — Мала таго, што ён вельмі неабходны, тут яшчэ дзіцячыя ўспаміны... Рамантыка, калі можна так сказаць...

— Што ж, рамантыка павінна ўступаць перад рэальнай неабходнасцю, — адчуваючы сваю перавагу, павучаў Беразінец.

Якуб Панасавіч, які прысутнічаў пры гэтым, пастараўся падтрымаць вучня:

— У мяне самога столькі ўспамінаў звязана з гэтым млынам, ведаеце-разумееце, што я добра разумею Алесеў настрой. Жаданне дамагацца свайго — каштоўная рэч.

Яны гаварылі аб гэтым, седзячы на лаўцы ў маладым садку на школьным участку. Кроны яблынь прыкрывалі іх ад гарачых промняў, а над квеценню насіліся чмялі і пчолы і сваім гудам стваралі нейкую адвечную сімфонію працы. Асабліва іх многа было над маладою ліпкаю, якую перасадзіў настаўнік-біёлаг гэтае школы з вучнямі з былога панскага двара.

«Жаданне дамагацца свайго — каштоўная рэч», — стаялі ў галаве Алеся словы старога настаўніка, і ён успамінаў, як у Якуба Панасавіча гэтыя словы ніколі не разыходзіліся са справамі. Памятае Алесь, што вось тут жа, дзе яны цяпер сядзяць, сем год назад была проста пустэча, зарослая палыном і закіданая каменнем. Трэба было арганізаваць вучняў і папрацаваць самому, каб гэты куток цяпер стаў адным з прыгажэйшых у сяле.

— Значыць, цяпер толькі ад вас, Барыс Васільевіч, затрымка, калі ж будзе праект?

— Затрымалі вы самі, а мяне абвінавачваеце, — адказаў Беразінец Алесю,— і вы самі знаеце, што, калі тапографы і наш геолаг не затрымаюць, я здолею гэта зрабіць праз паўтара — два месяцы. А вам бы я параіў падумаць цяпер пра тэхніку, з аднымі рыдлёўкамі цяжка будзе справіцца...

— Гэта ўжо вырашана, Барыс Васільевіч, — паведаміў праекціроўшчыку Алесь. — Нашы суседзі едуць у Вільнюс і Рыгу, а я, відаць, сягоння ж у Мінск збяруся. Думаю, што нам памогуць.

— Я ўпэўнен у гэтым, дзеці, — пацвердзіў Якуб Панасавіч. — Наша станцыя недарма калгасамі трох рэспублік будуецца! Так што ты не сумнявайся, Алесь Ігнатавіч... і не марудзь...

— Вось бачыце, вы нават не дазваляеце мне хвілінкі адпачыць каля вас, — пажартаваў Алесь і, развітаўшыся з імі, пайшоў у калгасную канцылярыю шукаць Самусевіча ці Рудака, каб дагаварыцца аб паездцы.

У канцылярыі сядзеў толькі адзін рахункавод Паўлюк Ярошка. Алесь наважыў пачакаць і наглядаў за працай свайго старога друга. Пасля таго як Алесь некалі заўважыў, што ў канцылярыі брудна, Ярошкі было не пазнаць. І наогул, Паўлюк у душы быў мастак. Калі б хто добра прыгледзеўся, як ён сядзіць за сталом, дык бы ўпэўніўся, што мае справу з сапраўдным артыстам. Ён сядзіць за сталом не панура, як многія канцылярысты, а натхнёна, як бы перад ім не простыя лічыльнікі, а музычны інструмент. Трэба бачыць, як перакідвае Паўлюк костачкі, быццам ладны музыка паважна кранаецца струн. Кучаравы чуб у Ярошкі заўсёды добра прычэсаны. І на стале адмысловы парадак. Гэта не тое што ў якой-небудзь калгаснай канцылярыі, дзе мухі распішуцца на чарнільным прыборы, ды так і стаіць ён многія гады.

У Паўлюка Ярошкі чарнільны прыбор — гэта цэлая пабудова. Зроблены ён з чорнага дубу калгасным майстрам, і, відаць, не без кансультацыі самога рахункавода. Пасярэдзіне прыбора ўзвышаецца як бы вежа, дзе стаяць добра завостраныя рознакаляровыя алоўкі, а па баках не чарнільніцы, а дзве маленькія кадушачкі з абручамі, ну якраз такія, у якіх гаспадыні соляць гуркі ці грыбы.

На стале ніводнай лішняй паперы, толькі лічыльнікі з правага боку, прэс з левага, ды і той падобны на невялічкі човен.

Сапраўды прыемна пасядзець за такім сталом.

І Ярошка, відаць, адчуваў у гэтым асалоду. Спачатку некаторыя дзяўчаты кпілі з урачыстага выгляду калгаснага рахункавода, а пасля прывыклі і перасталі. Злыя языкі кажуць, што насміхаліся доўгаўскія дзяўчаты з Паўлюка Ярошкі яшчэ і таму, што ён не звяртаў на іх увагі. А ў яго сапраўды быў недахоп. Ён лічыў, што не ў сваёй вёсцы — усё лепшае. Нясталасці ў яго таксама хапала. З кожным новым кінафільмам Ярошка быў па-новаму закаханы. То ён кахаў Марыну з «Кубанскіх казакоў», то Аксінню з «Ціхага Дона», а апошні час жыў вобразам Кацярыны з «Навальніцы» Астроўскага. Высока ўзлахмаціўшы кучаравы чуб, ён праходзіў часамі па вуліцах Доўгага і, стараючыся быць падобным да кінагероя, цягнуў высокім фальцэтам:

 

Где эта улица, где этот дом,

Где эта барышня, что я влюблен?..

 

І паўтараў гэта да таго, пакуль аднойчы сямідзесяцігадовая бабка Тадора не выскачыла з двара ды не абразіла яго на ўсю вуліцу:

«Я — твая барышня!»

Але вельмі збянтэжыць Паўлюка Ярошку было цяжка. Нягледзячы на свае маладыя гады, ён быў чалавек бывалы. У вёсцы да яго ставіліся прыязна, хоць усякі раз па-рознаму — то дабрадушна пасмейваліся, то, жартуючы, зневажалі. А справа ў тым, што з самых юнацкіх год Паўлюк Ярошка павёў сябе неяк адменна, не так, як усе. Амаль кожную вясну выходзіў ён са сваёй прыземістай хаты з торбачкай за плячыма.

— Куды ты?.. — пыталіся яго суседзі.

— Пайду, дазнаюся, чым Савецкая ўлада жыве. — І Ярошка знікаў.

Старая маці спачатку гаравала, а пасля змірылася. Паўлюк праз два-тры месяцы абавязкова вяртаўся. Звычайна пасля кожнага такога паходу твар яго рабіўся цёмны ад загару, а папружка зашпільвалася на апошнюю дзірку. Затое кожны раз, прыходзячы, абвяшчаў сябе якім-небудзь спецыялістам: то садаводам, то краўцом, то слесарам. І людзі пераконваліся, што ў тым, у чым выхваляўся, ён тое-сёе разумеў.

Відаць, Паўлюк хадзіў па гарадах, прыглядаўся да працы і навучаўся ёй. Прыходзіўшы, доўга апавядаў аб тым, што бачыў, і аб сваіх прыгодах. І не толькі маладыя, але і сталыя людзі з прыемнасцю слухалі яго.

Апошні раз з’явіўся Ярошка і абвясціў, што вывучыўся бухгалтарскай справе і стаў акцёрам. Як акцёр ён быў пакуль што не патрэбен, а за рахункавода паставілі. А пасля ўжо сам Паўлюк так узяўся за работу, што арганізаваў неблагі драмгурток пры клубе, каб паказаць, што і тут ён мастак.

— Дык як, не паможаце мне ў чым-небудзь? Можа, якую п’есу паставім, Алесь? — напомніў аб сваёй любімай справе Ярошка цяпер.

— Не, дарагі Паўлюк, — часу ні хвіліны. Вось і сягоння трэба ў Мінск ехаць. А ты б пашыраў свой хор смялей.

— Дык я ж нікому, хто які-небудзь голас мае, не адмаўляю ў Доўгім.

— Што ў Доўгім? Ты б прыцягнуў моладзь з «Пергале», з калгаса Райніса. Я чуў, што ў «Пергале» Анежка Пашкевічайтэ добра спявае, — як бы выпадкам параіў Алесь.

— Усе ў мяне будуць! — рашуча заявіў Ярошка і грукнуў прэсам па стале.

— Ну, добра з тваім хорам, — прытварыўся Алесь, што гэта яму не абыходзіць. — Лепей скажы, дзе Самусевіч?

Твар рахункавода перакрывіўся. Відаць, ён не з асабліваю пашанаю ставіўся да свайго старшыні.

— А ліха яго ведае, таварыш Іванюта! Сягоння я дык яго і не бачыў. Толькі голас учора ноччу чуў.

— Праз сон, ці што?..

— Хе-хе... — шматзначна ўсміхнуўся Ярошка, нібы намякаючы, што яму аднаму вядома нешта важнае.

— А што такое?..

— А такое, што голас нашага старшыні я амаль кожную ноч у п’яным хоры чую і заўсёды на адной ноце...

— А ў чым рэч?

— У Марціна Баркоўскага ён ночкі праводзіць. Учора ішоў з клуба, дык чуў, як там «Шумеў камыш» спяваўся. Самусевіч сваім баском падцягваў. Шкода баса, — падміргнуў Алесю Ярошка, — лепш ішоў бы да мяне ў хор спяваць!..

— А скажы, Паўлюк,— пацікавіўся Алесь у Ярошкі, — чаму так доўга церпяць яго калгаснікі?

— Многія не толькі церпяць, а нават і любяць. Вось і сёлета, як мы прыблізна падлічылі, калгаснікі па два кілаграмы збожжа на дзень атрымаюць, а што ў нас нічога ў агульны кацёл не кладзецца, дык гэта Самусевіча мала непакоіць.

— Праўду ты, відаць, кажаш, таварыш Ярошка!

— Калі гэта было, каб я няпраўду казаў! — І Ярошка з гонарам адкінуўся ў крэсле, сунуўшы свае рукі ў кішэні.

Алесь так і пайшоў, не дачакаўшыся Самусевіча. Бліжэй да канцылярыі стаяла хата Захара Рудака, і Алесь накіраваўся туды.

Выгляд Захара Рудака і яго жонкі Каці гаварыў Алесю, што ў іх адбылося нешта незвычайнае. Заўсёды рухавы і гаваркі, брыгадзір сягоння, задумаўшыся, сядзеў за сталом, успёршы галаву на далонь, а Каця нервова перабірала шкумаццё ў куфры. Прыход Алеся як бы вывеў абаіх з нейкага непрыемнага стану, і Захар Рудак, падаўшы Алесю пакамечаную рудую паперку, звярнуўся як бы з просьбай спагады:

— Вось, палюбуйся, таварыш Іванюта, да чаго мы дажылі!

Алесь хуценька прабег вачыма паперыну, і тое, што там было, ажно скаланула яго ўсяго.

— Трэба, чаго б гэта ні каштавала, знайсці тую погань. Баяцца нам няма чаго, але паскудства яна можа нарабіць.

На рудаватай, крыху пакамечанай паперы пісалася аб тым, што дарма доўгаўцы думаюць будаваць станцыю, яна іх пусціць голымі па свеце, а што прыблуду Захара Рудака здолеюць (і ёсць такія людзі!) прыбраць як належыць да рук.

— Дзе ты знайшоў гэтую брыду? — запытаўся Алесь.

Замест Рудака адказала жонка:

— Не ён, а я знайшла. Сягоння раніцай, як выходзіла карову даіць, у нас жа на сцяне і заўважыла.

— Хто б гэта мог? — устрывожана пацікавіўся Алесь.

— Ат, ёлкі зялёныя, плюньце вы на гэта, — абыякава махнуў рукой Рудак.

— Не, таварыш Рудак, на такія рэчы пляваць нельга, — сур’ёзна даводзіў Алесь. — Гэта значыць, што ёсць у нас такая поскудзь, якая падымае галаву. Тут справа не толькі ў табе!

— А ён гэтага і варты! — не то ўсур'ёз, не то жартам праказала Каця. — Захару больш за ўсіх трэба. Сядзеў бы цішэй!..

— Не, паважаная гаспадыня, тут вы зусім няправы, — як можна дазволіць гадам называць таварыша Рудака прыблудам? Хто гэта, калі не ён, ліў кроў за нашую зямлю, вызваляючы яе ад фашыстаў? Хто, як не Рудак, не ведае ні дня спакою на працы для ўсіх?

— Гэта праўда, — згадзілася Каця, і на вачах яе паказаліся слёзы.

— Трэба знайсці гэтую погань абавязкова, дай мне сюды, — рашуча заявіў Алесь, хаваючы паперняў ў кішэні пінжака.

На гэтым размова аб правакацыйнай лістоўцы скончылася, бо рыпнулі дзверы і ў хату ўвайшоў Кузьма Шавойка. Алеся зноў непрыемна ўразіў яго чырванаваты, быццам вымачаны твар і пакамечанае, зашмальцаванае адзенне.

— Вас Антон Рыгоравіч дамоў выклікае, — кінуў ён суха Захару Рудаку, і не паспеў той запытацца, у чым рэч, як Шавойка ўжо знік за дзвярыма.

Захар Рудак і Алесь прыйшлі да Антона Самусевіча разам.

Тое, што яны ўбачылі, здзівіла іх.

«Ну і дзянёк сягоння», — падумаў Алесь.

Антон Самусевіч ляжаў на ложку і стагнаў, наклаўшы тоўстую, узятую ў лучыны і абвязаную ручнікамі нагу на спінку ложка.

— Што з табой? — устрывожана запытаўся Рудак.

— Няшчасны, браце, выпадак, — ледзь кратаючы вуснамі, расказваў Самусевіч, і надзьмуты твар яго паказваў, што па меншай меры старшыня зрабіў подзвіг, падобны геройскаму ўчынку на фронце. — Няшчасны, браце, выпадак... — зноў, расцягваючы словы, паўтарыў ён. — Ездзіў ноччу на поле вартаўнікоў правяраць і зваліўся з каня... Нагу, здаецца, паламаў... Храснула так, што ажно пырскі з вачэй...

— Дык што ж вы лежыцё, у бальніцу трэба, — прапанаваў Алесь.

— Эй, дзе там, Алесь Ігнатавіч, у бальніцу, самая гарачая цяпер пара ў нас...

— Не, тут ніякіх размоў быць не можа, зараз жа трэба ехаць,— цвёрда сказаў Захар Рудак, але яго здзівіла, чаму гэта жонка Самусевіча так безуважна ставіцца да хворага мужа.

Толькі па глыбока запалых вачах было відаць, што пражыла яна нямала.

— Відаць, трэба паслухацца вас, паехаць у бальніцу,— згаджаўся ўжо Самусевіч і, мабыць, для таго, каб паверылі непрыемнаму здарэнню, пачаў расказваць, быццам сам сабе, прыводзячы сведку. — Добра, Кузьма Шавойка знайшоў і прыцягнуў дахаты, а то мог бы і загінуць у чыстым полі.

— Ну, дык добра, я зараз жа прышлі каня, з’ездзі неадкладна ў бальніцу, — даючы руку на развітанне, наважыўся пайсці Рудак.

— Чакай, Захар!.. Я, відаць, надоўга, на табе пячатку, за мяне будзеш, — прапанаваў Самусевіч, вымаючы з-пад падушкі калгасную пячатку, закручаную ў хусцінку.

— Што ж, давай, гэта рэч патрэбная, — сказаў Рудак, а Самусевіч зазначыў сабе на радасць, што той лажыў пячатку ў сваю кішэню не вельмі ахвотна.

На вуліцы Рудаку і Алесю зноў трапіўся Шавойка. Рудак загадаў яму завезці Самусевіча ў бальніцу і заўважыў, што хоць той не адпіраўся, але вельмі скрывіўся на гэту прапанову.

А Шавойку было чаго крывіцца. Ён баяўся, каб не выкрылася сапраўдная гісторыя з Самусевічам. Гэта магло пашкодзіць і яму. Ён успамінае, як цягнуў на досвецці Самусевіча, што бервяно, ад Баркоўскага хаты.

«Чаго яго чорт на гару гнаў? — злаваўся Шавойка. — Ага, помню. Каўбаскі сухенькай захацелася. «Якая яна смачная, — хваліў каўбасу Самусевіч за сталом. — З’ясі — усё роўна што ў гастраноме пабыў, такі пах...» Баркоўскі не мог ужо з лавы ўзняцца, дык палез сам... Цягні цяпер цябе, чорта, яшчэ ў бальніцу»,— пляваўся Шавойка, ідучы ў стайню запрагаць каня.

З поля ляцела песня. Паміж высокіх дзявочых і ніжэйшых хлапечых галасоў чуліся нясмелыя і яшчэ неакрэсленыя дзіцячыя.

«Вось вязі цябе, лепш бы я з імі разам быў...»

— Чуеш, Алесь Ігнатавіч, гэта нашы камсамольцы і піянеры на полі, — гаварыў Рудак, і твар яго асвятляўся радасцю.

— Збіраюць каменне,— задаволена адзначыў Алесь. — Усё гэта яшчэ болей мяне ў Мінск падганяе. Хадзем да Ярошкі, пішыце камандзіровачнае пасведчанне, — пазваў Алесь Рудака ў калгасную канцылярыю.

У канцылярыі Паўлюк Ярошка пачаў старанна афармляць дакумент Алесю, а сам перадаў Рудаку просты сіні канверт са штампам Ленінграда.

— Партыйнай арганізацыі нашага калгаса пішуць. Гэта значыць вам, таварыш Рудак!

— Давайце чытаць разам, — раскрыўшы канверт, парторг пачаў чытаць дробненька спісаны невялікі лісток паперы:

«Дарагія мае землякі, доўгаўцы!

Мала, відаць, хто памятае мяне, бо я ўжо немаладога веку. Больш як трыццаць год назад пайшоў я на заробкі ў Петраград, ды там і застаўся. Завуць мяне Янка Нікіфаровіч. Бацькі мае былі спрадвечнымі пастухамі ў Доўгім і ўжо даўно памерлі. Спытайцеся ў старых людзей, яны, відаць, добра помняць дзеда Аўласа, хата якога стаяла на самым краі. Гэта мой бацька. Дык вось што я вам скажу, мае родныя таварышы, што з таго самага часу, як паехаў я ў Петраград, цяпер Ленінград, дык там і працую на Пуцілаўскім, цяпер Кіраўскім заводзе.

Пасылаю я вам усім сваё прывітанне — ад сябе, а таксама ад маіх сыноў і нявестак. Старая мая памерла. Застаўся я адзін. І скажу я вам ад усёй душы, што мне як старому рабочаму вельмі захацелася да вас паехаць. А прызнаюся, чаму захацелася. Ведаю, што патрэбен я вам, бо я шмат чаму тут навучыўся. А яшчэ, што ў вас інакшае жыццё пачалося. Каб яно было такое, як некалі пры князю, дык бы і не падумаў, скажу вам праўду. Бо чаго мне было б ехаць туды, дзе ў такой невыноснай галечы памерлі мае бацька і маці. А цяпер мне так хочацца да вас, што вы не ведаеце. А чаму гэта так? Прачытаў я ўчора ў «Правде», што вы разам з латышамі і літоўцамі станцыю будуеце. Як падумаў я, што цяпер дзеецца ў вас, дык ледзьве не заплакаў. Гэта ж трэба, каб на нашым доўгаўскім возеры такое святло, як у нашым горадзе Леніна, запалілася! А яшчэ цікавіць мяне тое, як вы цяпер з суседзямі сябруеце?

А каб падумаць, чаго часамі біліся, дык чорт ведае. Відаць, гэта выходзіла так, як некалі казалі: «Пан рагоча, а ў мужыкоў чубы трашчаць». Дык вось, гэта вельмі добра, што вы жывеце цяпер, як кажуць, любоўна.

Родныя майму сэрцу браты-доўгаўцы! Прашу я вас — не забывайце маёй просьбы і напішыце мне пісьмо, ці магу я да вас на работу прыехаць. Скажу па праўдзе, я чалавек стары і ўжо на пенсіі, але тое-сёе яшчэ зрабіць і параіць магу. Знаю я няблага электраманцёрскую справу, бо па электрычнай часці на заводзе доўга працаваў, ды і пілкай і гэблем валодаю таксама. Там замест мяне цяпер працуюць два сыны, вы ж можаце не сумнявацца, я вам лішні не буду. Я што зраблю сам, а ў чым параджу.

Дык адпішыце мне як можна хутчэй на адрас: Ленінград, вуліца Маёрава, 30, кв. 4, Янку Нікіфаровічу, бо я буду вельмі чакаць вашага адказу. Я не магу спаць, так ірвуся, каб пабыць там, каля роднага возера Доўгага, і, чым магу, памагчы вам. Застаюся з чаканнем вашага слова.

Моцна цалую ўсіх вас.

Янка Нікіфаровіч».

— Дык вось што, значыць, — звярнуўся Захар Рудак да Алеся і Ярошкі, мнагазначна ўзняўшы рыжыя густыя бровы.

— Завіце яго хутчэй, так жаласна напісаў, — прапанаваў Паўлюк Ярошка.

— Не жаласна, а радасна, — паправіў Ярошку Рудак. — Сягоння ж параюся з членамі праўлення і напішу яму. Тут справа не толькі ў тым, што да нас на дапамогу прыедзе стары зямляк-электраманцёр, а галоўнае — што пра наша Доўгае ўвесь Савецкі Саюз загаварыў!

— Давайце дакумент хутчэй, а то баюся, што нас суседзі абгоняць, — прыспешваў Алесь.

А яму, уласна кажучы, хацелася самому пабываць у «Пергале», каб адтуль разам з Йонасам ехаць на станцыю. «А можа, удасца сустрэцца і з Анежкай?»

— Я цябе правяду, — сказаў Рудак, падпісаўшы пасведчанне і перадаючы яго Алесю.

— Не забудзься што-небудзь і для самадзейнасці прывезці, ну хоць бы таго грыму, — крычаў наўздагон Паўлюк Ярошка, калі Алесь з Рудаком ужо былі на двары.

Агата ведала пра ад’езд сына і рыхтавалася да гэтага. Калі Алесь прыйшоў дахаты з Рудаком, яна прасавала кашулі. Старанна адпрасоўвала кожную складачку: хацелася, каб хто ні глянуў на сына, адчуваў, што ў яго ёсць добрая маці.

— Вы свайго Алеся як на вяселле выпраўляеце, — пажартаваў Рудак, вітаючыся з Агатай.

— А хто яго ведае, можа, і на вяселле. У нас маладыя не пытаюцца, калі вяселлі заводзяць, — пажартавала яна.

— Ну вось, пачынаеце такія жарты, што я ажно чырванею. Маці мяне так дбайна збірае ў дарогу, бо думае: а можа, хто прыгледзіцца, а то няма з кім на вяселле ісці...

Агаце хапала клопату. Яна толькі што вярнулася з фермы, дзе працавала ад самага ранку. Трэба было сабраць Алеся ў дарогу, накарміць і даць што-небудзь з сабой.

Але ёсць такі спрыт у нашых старых гаспадынь, што часамі дзівішся, як гэта яны ўсюды паспяваюць. Агата, жвавая і ўвішная, запаўняла сабой хату, і, здавалася, без яе хата была б пустая. Вось яна, акуратна загарнуўшы ў газету, палажыла кашулі ў чамаданчык, а сама ўжо ўшывала гузік у пінжак і ў той жа час цікавілася, чым жыве сяло.

— Куды гэта Самусевіча павезлі?

— У бальніцу,— пахмура адказаў Рудак.

— Я і казала, што дап’ецца да гэтага...

— Ён нагу зламаў, — растлумачыў Алесь.

— А нагу зламаў таму, што дапіўся, — катэгарычна сцвердзіла старая.

— Няма, няма яшчэ ў нас парадку, — уздыхнуў Рудак. — Скажыце, цётка Агата, ці падкормліваеце вы хоць крыху кароў у стойле?

— Дзе вы бачылі, Самусевіч жа забараніў чапаць віку. Я дык ухітраюся сваім каровам хоць травы нанач закінуць, а астатнія стаяць, як сіроты. Шкода мне глядзець на нашу жывёлу, таварыш Рудак.

— Асабліва калі параўнаеш нашых кароў з пергалеўскімі? — трывожыў балючую рану Агаты парторг.

— Што з пергалеўскімі! Відаць, горшых, як у нас, ва ўсім раёне няма, а можа, і на ўсім свеце, — злавалася Агата.

— Дык вось вам мой загад, і перадайце яго ўсім, — па-ваеннаму цвёрда і выразна сказаў, падняўшыся, Рудак. — Сягоння ж пачынайце касіць віку і падкормліваць кароў.

— Што вы мне, даярцы, гаворыце? — здзівілася Агата. — Гэта загадчыку фермы скажыце!

— Яму таксама скажу, але такому загадчыку не гаварыць, а прагнаць яго трэба, ёлкі зялёныя!..

— Даўно варта было да гэтага дадумацца, тады б у нас не так ферма выглядала. А ведаеце, таварыш Рудак, трэба вам за парадак брацца! — слушна параіла Агата.

— Ой, як трэба, цётка Агата!.. Добра, што ў вочы кажаце праўду мне. І будзем брацца за парадак.

Успомніўшы ранішняе здарэнне, ён звярнуўся да Алеся:

— Дай мне тую паперку, а то забудзешся, а я ў райком перадам.

— А што такое? — пацікавілася Агата, калі Алесь аддаваў складзены лісток Рудаку.

— Будзем за парадак брацца, цётка Агата! — Як бы працягваючы ранейшую думку, адказаў Рудак.

Агата так увішна збірала сына ў дарогу, што не прайшло доўга часу, як чамаданчык стаяў ужо наладаваны. Алесю засталося толькі ўзяць яго ды развітацца.

— Глядзі ж, сынок, хутчэй варочайся! — цалавала сына Агата, а Рудак усё гаварыў у наказ, чаго ён павінен прасіць у сталіцы, каб хутчэй пабудаваць станцыю, бо ад гэтага залежаў і дабрабыт калгаса.

— Запрог бы каня, — каторы раз прапаноўваў Алесю Рудак.

— На гэтым кані мне спакайней будзе, — адмаўляўся Алесь, прывязваючы чамаданчык да багажніка веласіпеда.

Агата і Рудак стаялі каля хаты і паглядалі на выган, куды паехаў Алесь, пакуль ён не знік за ўзгоркам. І для маці, і для парторга гэтая паездка азначала так многа, што аб гэтым нельга было адразу і расказаць...

Да Йонаса Неруты Алесь прыехаў ужо на змярканні. Ластаўкі перад сном кармілі птушанят і бесперапынна ляталі над галавой, вострымі крыламі разразаючы паветра. Мноства стракоз праносілася пад стрэхамі ў пагоні за мошкамі, і, калі глянуць на іх, можна было ўявіць сапраўдныя паветраныя эскадрыллі, якія кінуты на галоўны ўчастак фронту. Алесь застаў Йонаса на двары.

— Свейке, дружа!..

— Свейке, свейке, таварыш Алесь!.. — ішоў яму насустрач Йонас, паклаўшы на табурэтку чаравік.

— Што, у дарогу збіраешся? — паказваючы на чаравік, запытаўся Алесь.

— У Вільнюс выпраўляюць, а я і рады гэтаму...

— А я ў Мінск, і па дарозе да цябе!

— Яшчэ лепш, — замітусіўся Йонас, — да станцыі разам паедзем.

— Добра, а свой веласіпед я пакуль у цябе пакіну...

— Вось зараз я абуюся, — прапанаваў Йонас, канчаючы падбіваць абцас, — павячэраем і сходзім на возера пагуляем... Там нам сумна не будзе. А ранкам у дарогу? — пытаўся ён Алеся.

— Каб пагуляць — я згодзен, а вось вячэраць не хачу, толькі што дома з-за стала ўстаў.

— Ну добра, дык стаўляй сваю машыну, а я тым часам памыюся, — і ён ужо рассыпаў празрыстыя пырскі пад рукамыйнікам на двары.

Прыгожае возера Доўгае летнім ліпеньскім вечарам! Ледзь чутны плёскат хваль даносіцца з яго берагоў, шумяць чароты, пастаўшы ля вады, і, калі глядзіш на іх пры святле месяца, здаецца, што атрады сярэдневяковага войска стаяць, паўзнімаўшы ўгару вострыя пікі.

Алесь і Йонас ідуць па беразе. Любуюцца ліпеньскім вечарам, углядаюцца ў агеньчыкі хат, якія мігцяць і з боку сяла Доўгага і з Эглайне, што, хоць і пры святле месяца, вылучаецца велізарнаю белаю сіласнай вежай. Відаць, усю ноч не ведае спакою возера Доўгае. Вось і цяпер чуюць сябры — з аднае мясціны раптам далятае спеў моладзі, а калі сціхла, у паветры прамчаўся покліч гармоніка, а то зусім блізка ўзнік мерны ўсплёск рыбацкага вясла.

Алесь слухае, як захоплена расказвае друг аб прыгожасці сваёй каханай, і гэта хвалюе яго і ў грудзях запальвае непераадольнае жаданне сустрэцца з Анежкай. Але і падумаць добра пра гэта не дае Йонас, бо ўвесь час гаворыць толькі пра Зосітэ, не заўважаючы таго, што ўжо некалькі разоў расказвае пра адно і тое ж. З яго гаворкі Алесь добра ўявіў, якая прыгожая Зосітэ, хоць ён яе ўжо раз бачыў. Але, выходзіць, каб добра зразумець пекнату прыяцелевай каханай, мала бачыць сваімі вачыма, а трэба глядзець на яе вачыма і сэрцам друга.

Йонас не спыніўся б, відаць, расказваць пра Зосітэ, ды гэтаму перашкодзіла яна сама. Калі сябры падыходзілі да бярозавага гайка, адтуль паказаліся дзве дзявочыя постаці.

— Гэта мая Зосітэ! — усклікнуў Йонас. — Чакай, а хто ж з ёй? Можа, Анежка? — спрабаваў пазнаць ён, і сэрца Алеся раптоўна закалацілася.

Яшчэ некалькі крокаў, і сябры пазналі дзвюх падружак — Зосітэ і Анежку, якія, узяўшыся за рукі, ішлі ім насустрач.

Была гэта сустрэча выпадковая ці ўмоўленая — Алесь не мог вырашыць.

Месяц, які ўсплыў вышэй, цяпер ужо выразна асвятляў іх галовы, прыбраныя вянкамі.

Мусіць, і дзяўчаты не чакалі тут нікога сустрэць, бо раптам спыніліся і павярнулі ў бок да возера. Але тут ужо нішто не магло стрымаць Йонаса. Хапіўшы Алеся за руку, ён пацягнуў яго да іх, радасна выгукваючы:

— Зосітэ!.. Зосітэ!.. Добры вечар, Зосітэ!..

І калі пры сустрэчы з сябрамі Зосітэ адчувала сябе спакойнай, дык Анежка была разгубленая. Здавалася, што яна не ведае, куды падзець свае рукі. Добра, што побліз быў куст рамонкаў, і яна занялася тым, што пачала рваць кветкі. Алесь, хоць і хацеў гэтае сустрэчы, а таксама крыху сумеўся ад нечаканасці. Але, асуджаючы сваю нерашучасць, ён хутка знайшоў патрэбны тон. Тым больш што гэтаму спрыяла закаханая пара — Йонас і Зосітэ, якія, адышоўшы крыху ўбок, ужо шапталіся.

— Можа, я памагу вам, — раптам прапанаваў Анежцы свае паслугі Алесь.

— Што вы... што вы... — напалохана загаварыла тая.

— Няўжо я такі страшны, што вы мяне баіцеся?..

— Адкуль вы ўзялі? — сарамліва ўзняла вочы на яго Анежка, і Алесю здалося, што ён заўважыў на твары яе ледзь прыкметную ўсмешку.

— Вы не чакалі мяне сустрэць тут?

— Прызнацца, не чакала...

— А я дык скажу вам шчырую праўду, — набраўшыся храбрасці, сказаў Алесь, — я вас чакаў і, больш таго, чакаў кожны дзень... Думаў, што прыйдзеце да нас у Доўгае ў хоры паспяваць, а вы і не прыйшлі.

Анежку ўразіла такое раптоўнае прызнанне. «Няўжо гэта праўда, што ён мною цікавіцца?» І прыемнае адчуванне разлівалася па яе грудзях, але ў той жа час нейкая баязлівасць скоўвала ўсю, і яна ледзь прашаптала ў адказ:

— Усё ніяк не выбрала часу...

Йонас і Зосітэ пайшлі прагульвацца, і Анежцы, хоць яна баялася бацькоў і дзядзькі Парэчкуса, нічога не заставалася, як ісці з Алесем за імі ўслед.

— Гэта толькі адгаворка, Анежка!.. Відаць, нешта іншае перашкаджае, — спачувальна сказаў Алесь, зноў заўважыўшы тонкі срэбраны ланцужок на шыі, на якім вісеў пад кофтачкай крыжык. І хоць Анежка маўчала, ён гаварыў далей: — А вы нікога не бойцеся, Анежка, прыходзьце да нас! Вось хутка пачнём будаваць; Йонас казаў, што разам з Зосітэ на працу прыйдзе, а чаму і вам не быць разам з сяброўкай...

Анежка прамаўчала.

— Можа, я вас пакрыўджу, — імкнуўся высветліць яе настрой Алесь, — але дазвольце запытаць: што вас прываблівае ў касцёле?

Анежка зноў не адказала.

— Вы самі верыце ў бога?

— Навошта вы мяне дапытваеце? — раптам пасуровела Анежка, і Алесю здалося, што яна хоча адысціся ад яго.

— Чакайце, прабачце маю нецярплівасць. Я вас пакрыўдзіць не хацеў. Я вам толькі дабра жадаю...

Анежка, глянуўшы яму ў вочы, сапраўды ўбачыла ў іх спагаду.

— Я на вас не крыўджуся, — сумеўшыся, растлумачыла яна. — Хочаце знаць праўду — і я сама добра не ведаю, што са мною робіцца.

— Ну, добра, я не буду болей трывожыць вас, скажыце толькі адно, — прасіў Алесь, — прыйдзеце вы ў Доўгае паспяваць у хоры, калі я вярнуся з Мінска?

— Прыйду, — падумаўшы, адказала Анежка.

— Руку вашу!..

І яна нерашуча падала невялічкую загарэлую руку.

Алесь сціснуў яе дзвюма рукамі, і на сэрцы ў яго стала горача.

Йонас і Зосітэ прыселі на камені ля берага. Давялося спыніцца каля іх і Алесю з Анежкаю. Зосітэ ўвесь час не давала спакою свайму каханаму: то закідала якімі-небудзь запытаннямі ці жартамі, то нават гулліва шчыкала яго за бакі.

— Перастань, Зосітэ!.. Як табе пры таварышу Алесю не сорамна, — упрошваў Йонас.

— А гэта я, каб ты ў Вільнюсе другой не выбраў, — апраўдвалася яна. — Ай, я ж і забылася, што вам ехаць трэба, а мы не даём вам паспаць. Пойдзем праводзім іх, Анежка...

— Не, ужо дазвольце гэта нам, а сну нам хопіць, — перабіў Зосітэ Йонас, і яны пайшлі ўсе разам да хаты на далёкім узгорку, на якую яшчэ вечарам паказваў Йонас, што там жыве яго каханая.

Варочаліся з гуляння даволі позна. Многія агеньчыкі каля возера ўжо зніклі. Мабыць, гаспадары адпачывалі, каб з новымі сіламі сустрэць заўтрашні дзень. Але паміж нямногіх, што свяціліся, адзін агеньчык гарэў асабліва ярка.

— Я ведаю, гэта ў Яна Лайзана з Эглайне, — тлумачыў Йонас. — У яго карбідная лямпа.

 

VII

Ян Лайзан доўга сядзіць за сталом па вечарах. Гэты час ён праводзіць то за кніжкай, то за сваімі запісамі ў тоўсты сшытак аб перажытым за дзень. Калі яшчэ была жыва жонка, вечарамі яны працавалі для сябе — яна прала, а ён рабіў куфры для выданніц — ды марылі аб лепшых днях у жыцці. Але Расма так і не дачакалася іх, памерла. Вярнуўшыся з партызан, Ян, каб развеяць сваё адзіноцтва, узяўся па вечарах за чытанне і з таго часу так прывык да гэтага, што ўжо няма, мусіць, у сельскай бібліятэцы кніжкі, якая б не пабывала ў яго хаце.

Сягоння ён позна заседзеўся за раманам Астроўскага «Як гартавалася сталь». «Якая моцная ў чалавека воля, — думаў ён. — А мы яшчэ сумняваемся ў тым, ці можам пабудаваць станцыю», — злаваўся Лайзан, прыгадваючы абыякія размовы свайго памочніка Петэра аб новай будоўлі. «Эх-ха-ха!.. Шкада, што цябе няма са мною, Расмачка», — успомніў ён жонку, глянуўшы на вышываны ручнік, што вісеў у куце, які яна давала яму з сабой у лес.

Стары вынес у сенцы лямпу і загасіў, каб не было смуроду ад карбіду, а сам лёг у ложак. Толькі заснуць доўга не мог. Лайзан заплюшчваў вочы і, здавалася, бачыў, як працавала электрастанцыя на возеры. Ён уяўляў будоўлю па-свойму, і тая нечым нагадвала велізарны млын, пастаўлены на магутнай плаціне. Здаецца, бурна спадае вада і круціць высозныя колы, а тыя замест жорнаў прыводзяць у рух нейкую складаную машыну, можа, падобную на адну з тых, што ён некалі бачыў у Рызе. А ад такой машыны па правадах бяжыць святло, якога і яму на старасці гадоў не хапае ў хаце. Стары Ян ляжыць у ложку, крыху ныюць косці — рады, што адпачываюць у спакоі, а душа яшчэ рвецца ўдалеч. «І цяпер бы, здаецца, пайшоў туды, на бераг Доўгага, дзе будзе электрастанцыя, і працаваў бы, працаваў, каб самому пабачыць святло, што прыйдзе адтуль. А то ўжо час такі — гадоў нагрукала многа, хто яго ведае... Ды не!.. — Лайзан адганяе ад сябе гэтую думку. — Хіба можна думаць пра смерць, калі такое робіцца навакол? А хіба ў тым старасць, што гадоў шмат?» Каб пераканаць сябе, што яшчэ не страчаны сілы, бярэцца ён за люльку, запаліўшы свечку, рупна ўстае з ложка і падыходзіць да люстэрка на сцяне. З люстэрка паглядае загарэлы твар з пасмамі сівых валасоў. «Толькі што сівы, а так нічога страшнага, — думае ён. — Ну, ёсць маршчыны, праўда, і мнагавата. Што зробіш, калі па адной на год — і то многа. Але затое вочы, дык яны амаль не змяніліся, — падумаў Лайзан, — як я іх помню, дык заўсёды былі такія. А як іх хваліла некалі Расма... Цяжка мне яе забыць. Гэта ж яна першая памыла мне кашулю, калі быў адзінокі». А пасля пачала гатаваць у сваёй печы маленькі гаршчэчак стравы па яго просьбе. Праз некаторы час сказала, што гэта лішняе, і прапанавала есці з аднаго кацялка. А як сталася, што пачалі жыць разам, дык ён і не прыгадае. «Колькі дабра мне зрабіла Расма, — уздыхае Лайзан. — Шкада толькі, што пасля сябе нікога не пакінула. Весялей было б цяпер старому...»

Лайзан зноў кладзецца, і малюнкі маладосці ўсё больш устаюць перад ім. Ён успомніў Рыгу. Як добра, што пасылаюць яго туды. Так захацелася пабыць у вялікім горадзе. Што і як там цяпер? Відаць, усё змянілася. Гэта ж добрых сорак год, як ён адтуль. «Цікава будзе глянуць на свой завод. Вось бы ды сустрэць таго гаспадара, што выклікаў некалі на іх паліцыю. Так бы, здаецца, і грукнуў цяпер яму адразу. Ды дзе там яго цяпер убачыш?.. Яго, відаць, і следу няма. Ды і здох, напэўна, ён жа быў такі рыхлы, як цеста...»

Ян Лайзан і не заўважыў, як прайшла ліпеньская кароткая ноч. Ледзь сабраўся прыжмурыць вочы, а світанак пасініў ужо шыбы, і за акном першы азваўся неўгамонны верабей.

«А няблага будзе пабыць у Рызе, — думаў ён, абдаючы свой твар сцюдзёнай вадою з умывальніка ў сенцах. — Хутчэй бы прыязджаў гэты Каспар, а то як паехаў у раён, дык другі дзень няма». Хутка паснедаўшы, Лайзан пайшоў у сталярню. На душы было весела, і ўсё навакольнае цешыла яго. З-пад лесу выплыла жоўтае, як велізарны сланечнік, сонца і адразу ахапіла цёплымі праменнямі. На траве віселі ранішнія росы, быццам пацеркі белага гарошку, а з-пад Доўгага калматымі клубамі распаўзаўся туман па нізінах. Жаваранак аж звінеў увушшу, як па струне ўзбіраючыся ў неба. Здалёк, з пожні каля бярэзніку, даносілася рыканне кароў.

«Ах, да чаго ж добра на свеце жыць!» — радаваўся Лайзан, адчыняючы вароты сталярні. На яго дыхнула пахам смольнай стружкі, глянулі здаўна знаёмыя рэчы, сталюга і фуганкі, і ён адчуў сябе на прывычным месцы. Хутка стары з ахвотаю ладзіў трайню для панарада, але думка пра Петэра не выходзіла з галавы. «Чаму яго няма? Незразумелы для мяне гэты Петэр, — разважаў ён. — Малады, а не туды цягне. Сюды дык ён з неахвотаю ідзе, а вось у сябе каля хаты цэлую ноч капаецца». А колькі Петэр яму гаварыў аб уласным кутку, які ён хоча мець з Мартай. «Як у крата нара выйдзе, а не ўласная хата, — ківаў галавою Лайзан. — Добра, што і Марта з яго дур выбівае... Трэба будзе і мне больш пільна ўзяцца за хлопца», — усхваляваўся стары і зноў завіхнуўся каля работы. Але, калі ён скончыў з трайнёй, не хацелася яму прыладжваць яе да панарада. Рупіла дазнацца аб паездцы ў Рыгу, як бы хто падказваў, што гэта ўжо недалёка. Выйшаўшы са сталярні, паглядзеў на дарогу. Петэра не было відаць. Зірнуў на сонца, а яно ўжо ўзнялося на добрыя два сажні над борам. «Значыць, Петэра не будзе, пайду да самога Каспара», — наважыў Ян і акуратна навесіў на вароты сталярні круглы з дужкаю замок.

Хата Каспара Круміня стаяла на ўзгорку пад ручаінай, што бегла з лесу ў возера. Гэта была прыгожая мясціна, якую Каспар забудаваў пасля вызвалення ад немцаў. І хоць забудова была яшчэ нядаўняю, але нават на першы погляд здавалася ўжо абжытаю. На агародзіку гаманілі са два дзесяткі дрэў, да акон прыпадалі бярозкі, а задзёрысты певень на плоце, распасцёршы крылы, так грозна заліваўся, як бы крычаў: «Не падыходзь!.. Я тут поўны гаспадар!..» А саскочыўшы долу, рэдка, паважна ступаў з нагі на нагу, як той ульманісаўскі генерал...

— Акыш!.. — крыкнуў на пеўня Ян Лайзан, і ганарлівы пявун залапатаў на загародку. Лайзан адчыніў дзверы і прывітаўся. З каморы адказала слабым голасам Аўстра:

— Хадзіце сюды, дзядзька Ян!.. Хачу я на вас паглядзець!..

Ён зайшоў у камору. Аўстра ляжала адна ў паўзмроку. Выглядала яна такою адзінокаю, што ажно зашчымела сэрца. Але стары пастараўся, каб яна не заўважыла гэтага.

— Дзе Каспар, дзеці?.. — як бы прыйшоўшы па справе, запытаўся Лайзан.

— Каспар яшчэ ад учарашняга з раёна не прыязджаў. Чула, што застаўся па справах будоўлі, а хто ж яго ведае?..

— Як хто ж яго ведае? — насцеражыўся стары, здагадваючыся аб некаторых падазрэннях Аўстры.

— Можа, дзе ў Марты сядзіць?..

— Як табе не сорамна, — па-старэчаму ўшчуваў Лайзан Аўстру. — Каспар такі паважаны чалавек, бацька гэтулькіх дзяцей, а Марта маладая. Ды і ў яе ж маладзейшы ёсць. Мой Петэр каторы год па ёй сохне...

— А хто яго ведае, я і сама разгубілася... Ну што яму са мною, з хвораю, слабаю жанчынаю. Калі падумаць, дык Каспар і не вінаваты. Я супраць Марты нічога не маю. Яна спрытная і добрая дзяўчына. Толькі Каспару было б сорамна заглядацца на маладую. Перад дзецьмі непрыемна...

— Ды перастань ты, Аўстра, табе ўсё здаецца... Гэта ўсё ад хваробы ідзе... Я ж нічога не заўважаў.

— А мне відней, я заўважала. А па яе вачах пазнала, што яна маёй смерці хоча. Прыйдзе да мяне праведаць, спачувае, а ў вачах я так і чытаю: «Хутчэй бы ты адышла, якое б я шчасце мела з Каспарам». Ды і ён, я заўважыла, неяк асабліва лагодна размаўляе з ёю. Я маўчу, а сэрца баліць... — Зеленаваты твар Аўстры, здавалася, выцягнуўся яшчэ больш.

Стары Ян пяшчотна ўзяў яе руку ў свае рукі.

— Навошта ёй такое шчасце, як твой Каспар? Ты дарма наводзіш на сябе згрызоты, Аўстра. Калі б ты не сушыла сябе, ты б хутчэй паправілася...

— Не, я ўжо не ўстану, дзядзька Ян.

— Можа, я табе з Рыгі такога лякарства прывязу, што адразу паможа.

— А што, ты едзеш у Рыгу?

— А як жа, еду, і, відаць, хутка!..

— Не паможа мне ўжо ніякае лякарства. Чую, што памру. Толькі ты не гавары Каспару нічога, дзядзька Ян. Мне баліць, і пагадзіцца са смерцю не хачу, а як падумаю — Марта зусім неблагая, вось каб толькі дзяцей глядзела. — І ціхія слёзы пакаціліся з вачэй Аўстры.

Ян Лайзан расчуліўся. Ён прыпомніў Расму. Як бы яму добра было, каб яна была з ім цяпер. А тут ён бачыў чужое гора. І хоць ён выказаў Аўстры спачуванне, надзеі на тое, што яна будзе жыць, былі малыя. «Што будзе рабіць Каспар з малымі дзецьмі? — думаў ён. — Няўжо няма такога лякарства, каб сапраўды падняць гэтую жанчыну?» Ён глядзеў на Аўстру, а думкі так і беглі ўгрунь адна за другой. «Аўстра была добрая маці для сваіх дзяцей. Як яна берагла іх, калі Каспар быў у партызанах. Ды і захварэла яна, ратуючы іх. Не давала паліцаям апошнюю карову, бо ведала, што дзеці без малака загінуць. Як яе катавалі гады! Можа, і адбілі ўсё ўсярэдзіне. Такі ўжо лёс маці: сама гіне, а дзяцей ратуе. Ах, каб можна было сапраўды выкарабкацца з хваробы!» Лайзан, правёўшы сваёю цёплай, шурпатаю рукою па шчацэ Аўстры, загаварыў далей:

— Не плач, Аўстра! Вось пабачыш, прывязу табе з Рыгі найлепшага лякарства. Да самага вышэйшага начальства дайду, а здабуду. Скажу, што хочаце рабіце, а лякарства дайце! Як гэта няма такога лякарства? Яно павінна быць! І старому Лайзаyу дадуць яго. Яны ж ведаюць, што я ў свой час у Рызе столькі цэглы нарабіў, што, можа, тыя дамы, дзе яны сягоння сядзяць, з маёй цэглы. Вось пабачыш, што дадуць!..

У хату, як клубок, укаціўся малы Томас, але, заўважыўшы дзеда Яна, нерашуча спыніўся каля дзвярэй. Аўстра выцерла слёзы і, як бы нічога не было, стараючыся быць вясёлай, запытала:

— А ты дзе быў, сынок?..

— На ручаі, чаўны пушчалі, — адказаў, спяшаючыся, малы, а сам увесь час паглядаў на кішэні старога Лайзана — і не памыліўся. Лайзан падхапіў яго на рукі, высока падняў над галавой, а спусціўшы на дол, выняў з кішэні некалькі цукерак.

— Раскрый жменю, Томас! — сурова загадаў ён малому. Той падставіў далоньку і зацікаўлена паглядаў на старога.

— Вось, трымай... З Доўгага табе прывёз!

Томаса толькі і бачылі. Бразнулі дзверы, ды чутно было, як залапатаў ён босымі пяткамі ў бок ручая.

— Шчаслівы час! — уздыхнуўшы, сказала Аўстра.

— А я і ў старасці бачу пекнату, — адказаў Лайзан Аўстры. — Ва ўсім трэба знаходзіць прыгожае. Ты яшчэ будзеш жыць і будзеш сама шчасліваю, Аўстра!

А каб яна не баялася, калі выпадзе і смерць, Лайзан па-свойму разважаў аб гэтым:

— Смерці я не баюся! Што такое смерць? Гэта — звычайны канец чалавека. Бяда толькі, калі чалавек ад хваробы пакутуе. Мне здаецца, што прырода зрабіла разумна. Калі ўсё ідзе нармальна — чалавек нараджаецца і памірае, не ведаючы болю. Адыходзячы, ён як бы засынае, як тая збажына засыхае. Але ты не думай пра смерць, Аўстра, вось пабачыш, я прывязу для цябе паратунак.

Аўстра ўдзячліва паглядзела на старога. Вочы яе нібы прасвятлелі. З двара пачуўся раптам голас Каспара. Забразгала клямка, і ён сам увайшоў у хату. Твар яго быў узбуджаны, відаць, шмат якія справы хвалявалі, бо нават не заўважыў таго, што перад яго прыходам вяліся ў хаце такія сумныя размовы.

— Вельмі добра, што вы тут, дзядзька Ян!.. Збірайцеся ў Рыгу... Папрасіце там наш урад ад імя ўсяго калгаса Яна Райніса, каб нам памаглі, чым можна.

А Ян Лайзан хоць быў узрушаны гэтым і толькі што нядаўна сам гаварыў Аўстры аб паездцы, палічыў патрэбным выказаць такую думку:

— А можа б, хто маладзейшы паехаў і лепш дайшоў бы да ўсіх спраў?

— Не, лепш за вас ніхто не зробіць. Вы стары рыжанін, вам і карты ў рукі. Так усе і парашылі!..

— Ну што ж, калі так, пастараюся зрабіць як трэба. А прызнацца, мне самому вельмі захацелася пабыць там. Дзякую за добрую спагаду.

Каспар прысеў ля Аўстры. Яна глядзела на яго сумнымі вачыма, як бы стараючыся прачытаць на яго твары, ці бачыўся ён сягоння з Мартай. А Каспар супакойваў яе, паклаўшы руку на плячо хворай:

— Усё будзе добра, Аўстра!

— Тата!.. тата прыехаў!.. — уварваўся ў хату рознагалосы гоман дзяцей. Яны абступілі яго, а меншая дачка ўзабралася на калені. Томас, якому не было месца на бацькоўскіх каленях, ускочыў да дзеда Лайзана.

Твар Каспара асвятліла шчаслівая ўсмешка.

— Паглядзі, колькі ў нас яшчэ з табой работы, Аўстра. Трэба, каб яна была вось такою... — Ён падняў малую аж пад столь, а потым закружыўся з дзяўчынкаю па хаце. Задыхаўшыся, спусціў дачку на падлогу, а сам зноў прысеў каля жонкі. Аўстра замілавана глядзела на яго. «Не, не можа быць, каб такі хаваў нешта ўпотайку ад мяне. Якая я дурная, мабыць, мне ўсё здаецца, дарэмна я пра яго думаю з Мартай...»

Ян Лайзан, адчуўшы, што, можа, перашкаджае размовам, ціхенька кашлянуўшы, пасунуўся да дзвярэй, але яго затрымаў вокліч Каспара:

— Дзядзька Ян, куды вы? Мы ж яшчэ ні да чаго не дагаварыліся. Сядайце!

— А я думаў, што мы з табой пра ўсё дамовіліся, і я ўжо рупіўся збірацца, — сказаў стары Ян.

— Дык вось што я думаю, мой родны, — паклаўшы руку Лайзану на плячо, гаварыў Каспар, — ехаць табе трэба сёння. І проста ў Рыгу. У самы Савет Міністраў.

— А ў раён не заязджаць?

— Відаць, не трэба!.. Я папрашу сакратара райкома, каб ён туды паведаміў...

— Ну добра, — пагадзіўся Лайзан, — а што мне ў Рызе гаварыць?.. — І ён нават выняў з кішэні стары сшытак, дзе стаялі розныя крывыя літары, якія азначалі патрэбныя для Лайзана памеры для работы, а таксама сталярскі аловак, і прыгатаваўся запісваць.

— А вось ты што там раскажы. — І Каспар пачаў пералічваць: — Па-першае, як мы жылі і як жывём цяпер з суседзямі, што маем сягоння ў гаспадарцы і як мы дайшлі да ладу, каб пабудаваць на возеры Доўгім электрастанцыю...

— Ну, гэта, канешне, я здолею. У мяне яшчэ і сягоння сэрца гарыць ад мінулай сустрэчы з сябрамі. Вось толькі чаго прасіць, я не ведаю...

— А ты па гэтаму не хвалюйся, усё напісана будзе, а па-другое, ты сам ведаеш, наш урад такі, што сам здагадаецца, чаго нам не хапае. А хіба і ты не адчуваеш, што нам патрэбна: некаторы крэдыт — раз, машыны — два... а астатняе ўсё мы самі зробім.

Ян Лайзан слухаў Каспара, а сам прыглядаўся да хворай Аўстры. Яна так прагна прыслухоўвалася, што ажно вочы яе блішчалі ў паўзмроку. Ён ведаў, што Каспар глыбока перажывае хваробу жонкі, і яму хацелася суцешыць яго на развітанне.

— А яшчэ я табе скажу, Каспар, — перапыніўшы яго, гаварыў стары, — пастараюся такога лякарства здабыць, каб Аўстра ўстала.

Гэта расчуліла Каспара, што ажно вейкі яго заморгалі.

— Во, ды каб гэта ўдалося, дзеду!.. Напэўна, для гэтага трэба з прафесарамі параіцца... А здолееш — угавары сюды прыехаць, я за ўсё заплачу...

— Усё здолею! Станцыю будуем, слоў няма — справа важная, а ўсё ж кажуць, што чалавек самае галоўнае. Няўжо ж мне не памогуць ратаваць чалавека?

Аўстра заплакала ад хвалявання, Каспар нахіліўся да жонкі:

— Ціха, Аўстра, не плач!.. Ты ж бачыш, як усе цябе здаровай бачыць хочуць... — І ўзяўся за Лайзана: — Пойдзем, я скажу яшчэ вам тое-сёе на развітанне.

І яны выйшлі.

Праводзячы Лайзана дахаты, Каспар так прасіў яго здабыць у Рызе лякарства, што ў таго яшчэ больш умацавалася вера ў чысціню Каспаравых адносін да жонкі.

— Каб яна толькі ўстала... Які ў мяне тады парадак у хаце быў бы! І не толькі ў хаце, нават у калгасе я зрабіў бы болей.

— Ды ты і так добра клапоцішся аб усім, Каспар, — імкнуўся супакоіць яго Лайзан.

— Не, не ўсё ў мяне яшчэ дагледжана, дзеду! Калі будуць пытацца, можаш і ў Рызе сказаць пра гэта. Ну добра, вось табе пакет, тут усе нашы просьбы выкладзены. — І ён перадаў Лайзану туга напакаваны сіні канверт.

— Пастараюся ўсё зрабіць як трэба! — запэўніў Каспара стары.

— Не забудзься пра Аўстру!..

— Што ты!.. — пакрыўджана азваўся Лайзан.

— Давай пацалуемся на развітанне.

І яны, абняўшы адзін аднаго, моцна прыпалі тварам да твару.

 

 

VIII

Казюк Клышэўскі сядзеў у сваёй патаемнай схове ў лесе. Гэта была зямлянка на глухім астраўку паміж балот, дзе яны з Езупам Юркансам хавалі нарабаванае. І хоць Казюк больш за ўсё хаваўся ў хаце Гумоўскага, але рэчы, якія могуць служыць доказам, трымаў у зямлянцы, ды і сам у небяспечныя часы адседжваўся тут. Набудавалі гэта сваё прыпірышча Клышэўскі з Юркансам адразу ж пасля таго, як упершыню ў гэтай мясцовасці абрабавалі кааператыў у Казлянах. Доўга ніхто пра гэтую зямлянку, апрача іх двух, і не ведаў, пакуль не пачаў ім дапамагаць Пранас Парэчкус з «Пергале». Зямлянка на востраве хавалася ў такім хмызе, што там нават і зверу прайсці было цяжка. Уваход у яе больш нагадваў барсуковую нару, чымся якія дзверы. Трэба было добра скурчыцца, каб увайсці. А ўсярэдзіне зямлянка, хоць была і невялікая, мела выгляд гаспадарскай пабудовы: сцены і столь са смалістых бярвенняў як бы аддавалі жылым пахам. Нічога з абсталявання ў гэтай зямлянцы не было, калі не лічыць некалькіх паліц, на якіх ляжала грудаю ўсё нарабаванае.

Нельга сказаць, каб такая сховань падабалася Клышэўскаму; куды лепей было на хутары ў Гумоўскага, але надзейны патайны куток яму быў патрэбен. Ад астраўка, дзе знаходзілася зямлянка, не так ужо далёка да Малінаўкі — кіламетраў дванаццаць, але не толькі зямлянку, сам астравок знайсці было цяжка. Ён акружаны такою непраходнаю багнаю, што мала хто ведаў туды дарогу. Твань вакол была такая, што калі ступіш на яе, дык, здаецца, увесь свет зыбаецца пад табою. Можаш прайсці якія гоні, але абавязкова аступішся. А тады ўжо засмокча. Правалішся па пояс, будзеш варушыцца, а бездань, чорная, ненажэрная, пачне зацінаць цябе больш і больш, толькі пухіры будуць булькаць вакол, пакуль не закрые ўсяго назусім. Адна толькі сцяжынка ёсць туды — з купіны на купіну, ды ніхто яе не ведае добра. Паказаў гэты ход Казюку Клышэўскаму некалі бацька перад прыходам чырвоных, на ўсякі выпадак. Тады яшчэ не вырашана ў іх было, ці ехаць з немцамі, ці заставацца.

— Я гэты востраў яшчэ ад дзеда ведаю, сыне, — гаварыў стары Клышэўскі Казюку, вострым позіркам абводзячы сухі пагорак з невялікаю сям’ёю сосен на ім. — Тут — уся наша сховань. У самыя цяжкія часы мы хаваліся тут. Дзед казаў, што яшчэ ён ратаваўся на гэтым востраве, каб не ісці ў салдаты.

«А цяпер, — думаў Казюк, — як знадобіўся мне дзедаў востраў. Толькі, бясспрэчна, дзеду было хавацца лягчэй, а тут нават кусту, а не толькі чалавеку нельга верыць. Хіба хто спагадае мне або Каетану Гумоўскаму? Усе недурныя, адразу здагадаюцца, чаго мы хочам. Не павераць жа нам, што мы добраахвотна хочам вырачыся сваіх Гарохавішчаў і Малінаўкі».

Калі Клышэўскі прыгадаў Гарохавішчы, сэрца яго моцна зашчымела. Што засталося ад іх? Амаль нічога. Цяпер на месцы іх на ўскраі лесу толькі захоўваецца сена нейкай доўгаўскай брыгады. Хаты, аборы, свірна ні следу. Няма і таго круга з кветкамі, што красаваўся некалі каля ганка. Усё заворана. Стаіць толькі адна вялізная, яшчэ бацькава, пуня, пад самы строп напакаваная сенам.

Казюк захадзіў па зямлянцы, хоць разысціся там было цяжка — тры крокі ўдоўж і столькі ж упоперак. Зняў з паліцы стары, крыху паржаўлены серп. Гэты серп аднойчы прынёс Казюк, калі хадзіў аглядаць родныя мясціны. Яшчэ з юнацкіх год ён помніў, як пад саламяную страху пуні падтыркнула гэты серп маладзенькая парабчанка Антоля. Якая яна была прыгожая! І цяпер Казюк не забыўся на яе. Балюча было, калі бацька, дазнаўшыся пра яго заляцанні, выгнаў Антолю. Дзе яна жыве? Не зблізку прыйшла некалі дзяўчына працаваць на хутар. Ён жа пра гэты серп, што ў яго руках, не забываўся ніколі. Нават калі ў самай Нямеччыне жыў, помніў пра яго. Вярнуўся, так і пацягнула адшукаць гэты ўспамінак. Ажно ўздыхнуў Казюк, праводзячы пальцам па яго паржавелых зубах, бо прыгадалася яму сытае, бесклапотнае жыццё з бацькамі ў Гарохавішчах.

Казюк асцярожна загарнуў серп у хустку і палажыў у куток на палаці. Выняў з кішэні маленькае, задымленае люстэрачка і скрывіўся ад непрыемнасці. «Не той Казюк цяпер! Ад такога можа і Адэля адцурацца». Асабліва зблажэў ён за апошні час, калі ўявіў сабе, што яго шукаюць. Заместа свежага, ружовага твару з люстэрка паглядала пашарэлая абветраная дзюба, і вочы, некалі светлыя, баязліва падаліся ў глыб ілба. Ажно плюнуў Казюк і са злосцю схаваў люстэрка ў кішэню штаноў. «Гэта ж я горш выглядаю, чым калі ўпершыню прыйшоў да Гумоўскіх».

А думка пра Адэлю не давала спакою. «Каб толькі яна не адвярнулася. Трэба будзе больш шанаваць сябе, — меркаваў Клышэўскі. — На чорта мне лезці ў непатрэбшчыну. Што я зраблю гэтымі лістоўкамі? Усё роўна ж таго агента, што абяцаў з’явіцца да мяне, каб паглядзець, што я зрабіў, няма. Каторы час прайшоў з таго, як умовіліся сустрэцца, а таго ні духу. Ну, прыхапіць чаго-кольвек у кааператыве не шкодзіць, а то калі нічога Гумоўскаму не даць, дык яшчэ выганіць. Нешта ўжо скоса ён і на свайго зяця паглядае».

Але калі Казюк думаў пра тое, як гаварыць з Езупам Юркансам і Пранасам Парэчкусам, дык настройваўся на іншы лад. Тут ужо яму здавалася, што ён сам не абы-хто, а нейкі важны дзеяч. Нават уяўляў сабе такі час, калі новая ўлада паставіць Казюка Клышэўскага войтам над гмінай, а можа, і самім павятовым начальнікам.

У такім прыўзнятым настроі і застаў яго Езуп Юрканс, паволі адчыняючы збітыя з тоўстых плашак дзверы ў зямлянку. Не паспеў ён яшчэ і раскрыць рота, як ужо Клышэўскі пагардліва наваліўся на яго:

— Ты, брат, глядзі, дысцыпліны не ведаеш... Чаму не пагрукаў, як умоўлена, тры разы, а то другі раз пальну — і ўсё! — І Казюк пакруціў руляю невялічкага рэвальвера ў Юрканса перад носам.

— Калі ж я ніколі ваенным не быў, усё забываюся, —разгубіўся Юрканс. — А ты не сярдуй, — упрошваў ён, паглядаючы на Казюка маленькімі ліслівымі вочкамі.

— Парэчкуса не бачыў? — замест адказу запытаўся Казюк.

— А як жа, бачыў, якраз учора я прывозіў бярвенне на станцыю, а ён туды цэглу...

— Дык і вы станцыю, пся маць ваша, будуеце? Замест таго каб разбураць, дык вы пасабляеце. Вось якая мне ад вас дапамога?

— А ты паспрабуй не паслухаць загаду, — апраўдваўся Юрканс, — цябе ж адразу на заметку возьмуць...

— Пачакай, магчыма, ты і праўду кажаш, — глыбакадумна ўтаропіўся на Юрканса Клышэўскі. — Чакай! — высока падняўшы палец угору, закрычаў ён. — Прыдумаў!..

— А што такое? — навастрыў вушы мардасты Юрканс.

У гэты час нехта паволі грукнуў тры разы ў дзверы.

— Заходзь, — глухавата запрасіў Клышэўскі і, калі ў дзвярах паказаўся Пранас Парэчкус, прывітаў яго са здавальненнем: — Вось у каго табе трэба павучыцца, Юрканс! Сядай, Пранас, і ты, Езуп, давайце параімся.

І яны селі ўтрох у кружок, на сасновых калодах, якія стаялі пасярэдзіне зямлянкі.

— Што чуваць, Пранас? Раскажы перш-наперш, — звярнуўся да Парэчкуса Клышэўскі.

Парэчкус злажыў рукі і падняў угару посны твар, як на маленні.

— Хай бог ратуе, нічога добрага, пане Клышэўскі. На згубу, на згубу ідзе ўсё, і няма прасвятлення аніякага...

— Што значыць — на згубу, кажы ясней, а то мне цяжка цябе зразумець. Гаспадарка ці што ў вашым калгасе ідзе на згубу?

— Ховай божа!.. Гаспадарка ў калгасе якраз пашыраецца, а так нейкае бязладдзе ў сям'і робіцца...

— Аб кім ты гародзіш? — абыякава запытаўся Казюк.

— Аб кім жа, пра Анежку ды пра начальніка будаўніцтва станцыі — Алеся Іванюту. Ад мяне нішто не схаваецца. Нешта ён зачасціў у наша «Пергале».

— Ды і нас не мінае... — уставіў сваё слова Юрканс.

— Ты яго адпрэч, Пранас! Не трэба, каб ён сеяў сваё бязбожніцкае насенне сярод вашай моладзі. Наогул, не трэба было б, каб маладыя людзі, літоўцы і беларусы, нават гулялі разам. Тут папрасі і пана клебонаса на дапамогу. Хай не толькі паклоны б’е, а сёе-тое і робіць... Гэтыя бальшавіцкія дружбы да дабра не прывядуць. Спрадвеку было і будзе — кожны сам па сабе.

— А як жа мы ўтрох сябруем? — не вытрымаў Езуп Юрканс.

— Ото дурню, даруй мне, Юрканс, — прыкрыкнуў на Езупа Клышэўскі. — Мы ж сябруем, бо мы цяпер у змаганні склалі разам сілы, каб дамагчыся свайго, а пераможам, зноў разыдземся паасобку. Не можа быць мешаніны паміж людзьмі. Вось пабачыш, што будзе, калі прыйдзе змена.

— Хоць, можа, вы на мяне і засярдуеце, але нешта я не магу дачакацца гэтай змены. А зайшлі мы так далёка, што ці не час нам падумаць, як самім ратавацца, — устрывожыўся Парэчкус.

— А-я-ёй! — завойкаў Езуп Юрканс, — добра вам гаварыць, вы адзінокія, а куды я падзенуся ад жонкі і дзяцей?

Клышэўскі зрабіў выгляд, што глыбока задумаўся.

— Не лямантуй раней часу, Езуп, — суцешыў ён. — Па-першае, калі мы пойдзем, дык ненадоўга, нідзе твая сям’я не падзенецца.

— А куды мы пойдзем? — настойваў Юрканс, і твар яго пабіла на плямы.

— Ды ціха ты, ніхто яшчэ нікуды не збіраецца. Але, праўду кажа Пранас, трэба быць гатовым да ўсяго. Доўгі час прайшоў з таго, як я, страціўшы сяброў яшчэ па дарозе сюды, не магу наладзіць сувязі з патрэбнымі мне людзьмі...

— Дык што ты думаеш, за мяжу падавацца? — усё непакоіўся Езуп.

— А куды ты думаў?..

— Не, я туды не пайду, — катэгарычна заявіў Юрканс. — Я далей сваёй воласці нідзе не быў. Гэта вы можаце сабе ісці, а я лепш застануся дома.

— Так мы цябе і пакінулі, каб ты нас выдаў і дагнаў. Не ўжо, брат, калі мы здружыліся, дык здружыліся моцна. Не толькі ў іх дружба народаў... Ха-ха-ха!.. — зарагатаў Клышэўскі.

А праз хвіліну ўжо зусім сур’ёзна даваў загад сваім аднадумцам:

— Але калі ў нас нічога не будзе за плячыма, дык нас там, распасцёршы рукі, не прымуць...

— Праўду кажаце, пане Клышэўскі, — пацвердзіў Пранас, стараючыся давесці тым, нібы і ён ведае, што і як там робіцца за мяжой.

Гэта яшчэ больш натхніла Казюка. Ён стаяў пасярэдзіне зямлянкі, падняўшы руку ўгару, як бы вялікі палкаводзец, па загаду якога павінны вось-вось рушыць палкі.

— Чакайце!.. Вось у мяне думка... Трэба здабыць узрыўчаткі...

— Навошта? — пералякаўся Юрканс і падаўся на крок да дзвярэй.

— Узарваць станцыю!

— Самі сабе смерці шукаеце, — панура мармытаў Езуп.

— Маўчы ты, калі мы ўзарвём станцыю, дык мы там, як у раі, жыць будзем.

— Праўда, — пацвердзіў Парэчкус і заморгаў маленькімі вочкамі, — толькі дзе яе здабыць, гэту ўзрыўчатку?

— Бачыце, і ў вас, Пранас, няма такога вопыту, як у мяне. — I Казюк здаволена падказаў: — Катлаван капаць будуць?

— А як жа, будуць, і мне казалі, каб прыходзіў з рыдлёўкай, — імкнуўся паддобрыцца Юрканс.

— Дурню ты, дурню, Езуп! — дабрадушна ўсміхаўся Казюк. — Што яны цяпер аднымі рыдлёўкамі робяць? Возьмуць, заложаць колькі толу, узарвуць — і катлаван гатовы!.. А яшчэ я чуў, млын зносіць трэба; што ж ты думаеш, яны яго таксама разбіраць будуць?

— Вядома, падарвуць, — цвёрда заявіў Парэчкус.

— Значыць, думай, Езуп, як нам здабыць узрыўчаткі, — павучаў Казюк. — Наогул, дзейнічаць трэба, а не спаць. І да перамычкі паспрабаваць дабрацца, прарваць, а там і пайшло на згібенне... Ну, што?..

— Ну, гэта вы як сабе хочаце, а я не магу, — зачасціў Езуп. — У краме што ўзяць — я яшчэ з вамі, а тут, выбачайце, я не бандыт!..

— А хто ж ты? — раззлаваўся Клышэўскі. — Калі мы цябе выдадзім, дык як цябе назавуць? Ну, не бандытам — рабаўніком, дык што, табе лягчэй будзе?..

— Не ўжо, даруйце, пане Клышэўскі, — увесь калаціўся Юрканс. — Няхай Парэчкус узрыўчатку дастае, а я лепш што іншае.

— Ты і здабудзеш узрыўчатку. І не спрабуй ад капання катлавана адмаўляцца. А не, дык канец, — пагразіў Юркансу Клышэўскі. — Нам што з Пранасам, сам казаў — мы адзінокія, а ў цябе жонка, дзеці...

— Не адмаўляйся, Езуп, — падышоў да Юрканса Пранас. — Усё мы гэта ў імя радзімы і бога робім. — І перажагнаўся перад ім. — А я таксама ўбаку не буду. Калі нам трэба будзе адсюль падавацца, дык такія ж мы не пойдзем. — І ён звярнуў увагу на даволі пашарпаную ва ўсіх вопратку.

— Дарога вялікая, — зазначыў Клышэўскі.

— Дык вось я і кажу, — гаварыў далей Парэчкус, — я чуў, што ў нашу пергалеўскую краму прывязуць добрае адзенне: боты розныя, скураныя і гумовыя, ды і гарнітуры будуць... Я дам знаць, калі гэта з’явіцца.

— Во, гэта чалавек, што пра ўсіх дбае, — пахваліў Клышэўскі. — Дзякую табе, дарагі Пранас! А за табой, Юрканс, узрыўчатка, і ні слова больш!..

Езуп ІОрканс моўчкі панурыў галаву.

— А цяпер давайце крыху пачастуемся. — Клышэўскі выцягнуў з палацяў паўлітровую бутэльку і кавалачак сала.

Праз колькі хвілін Юрканс забыўся на свой страх.

— Я ўсё зраблю, пане Клышэўскі, дзеля нашай справы. І ўзрыўчатку здабуду, і нават падкладу, калі трэба!..

Правёўшы Парэчкуса і Юрканса, Казюк на некаторы час застаўся ў зямлянцы. І хоць ад выпітай гарэлкі кружыла крыху ў галаве, але ён не страціў адчування сапраўднага. Яго ўласнае становішча было трывожным. «Што рабіць? Выйсця няма ніякага. Няма веры і ў тое, што прыйдзе якая-небудзь змена... Прабрацца за мяжу? Не так гэта лёгка. Юрканс дурны-дурны, а адчувае, чым гэта пахне. Але канец дык канец, — скрыгатнуўшы зубамі, падумаў Клышэўскі. — Не будзе мяне, дык не будзе ж і многіх. І цябе, Адэлька, я не пакіну, каб ты вешалася на шыю камсамольцам...»

І, парашыўшы цвёрда так, Клышэўскі пачаў збірацца да Гумоўскага. Прыгадаўшы Адэлю, ён захацеў парадаваць яе чым-небудзь на спатканні. З невялікай скрыначкі, захаванай у самым кутку палацяў, ён выняў круглы, зграбны гадзіннік «Звязда». «Занясу сягоння ёй. Можа, ніхто не здагадаецца, што нарабаваны. Такіх гадзіннікаў усюды колькі хочаш». Выняў яшчэ прыгожую зялёную касынку і блакітныя каралькі. Уявіў, як да твару ўсё будзе каханцы. І ажно ўсміхнуўся ад прыемнасці. «А чаго баяцца? Хіба такіх касынак і караляў больш няма! Мала дзе іх можна купіць?»

Акуратна прычыніўшы дзверы зямлянкі і залажыўшы лаз туды зялёным мохам, Казюк рушыў на хутар да Гумоўскага.

На дварэ ўзняўся моцны вецер. Трывожна шумелі яліны і сосны. Бухматыя галіны ялін гойдаліся перад вачыма, як драконавыя крылы. Верхавіны маладых бярозак прыгіналіся да зямлі і шумелі трывожна. Нават у сэрцы захаладала. «Вось ужо і трэцяя восень паказвае свой твар, а змены ніякай, — узрушана думаў ён. — Наадварот, нам стала горай, чым калі... Але трэба быць цвярдзейшым». — І, сцяўшы зубы, смялей скакаў з купіны на купіну. З імшары, цёмнай ад хмызу, прарэзліва закрычала сава, і ён ледзь не паваліўся ад страху.

«З’ездзіўся Казюк, з’ездзіўся! — ачухаўшыся, падумаў Клышэўскі. — А галоўнае, няма і душы вакол, якая б пашкадавала. Можа, яшчэ Адэля?» — І твар ягоны на хвілю пасвятлеў, але зараз жа спахмурнеў, калі ён пачаў капацца ва ўспамінах. Што Адэля? І яна неяк не так горача сустрэла яго апошні раз, як раней. Як быццам і не сумавала, што доўга не было. «Э, які я дурань, — даходзіў ён, — не звярнуць увагі на тое, аб чым прагаварылася Адэліна маці». А яна выказвала нездавальненне, што аднойчы Адэля позна прыйшла з вечарынкі. Па грудзях Казюка як бы паласнула гарачым нажом. Рэўнасць узбунтавала яго. «Хто ж там такі мог быць?» І ён сіліўся ўспомніць, хто б мог зачараваць Адэлю.

Клышэўскі перабіраў у памяці доўгаўскіх хлопцаў, але ён занадта мала знаў іх, каб спыніцца на кім-небудзь упэўнена.

«Можа, той самы інжынер, Алесь Іванюта, пра якога казаў Парэчкус? Пачакай жа, — наліўся чырванню ён і часцей заскакаў з купіны на купіну, — дабяруся я да цябе, Алесь Іванюта, сам і...»

Імкнучыся хутчэй ісці, ён аступіўся і ўляцеў па шыю ў самую багну. Доўга выкараскваўся, ды балотная твань неахвотна адпускала яго са сваіх абдымкаў. Неяк намацаўшы рукою невялічкі корчык, Казюк ухапіўся і вылез з твані. Брудны і злосны дапоўз да ляснога ручая. Скінуў вопратку. «Трэба абсушыцца, у такім выглядзе нельга паказвацца Адэлі. Гэта ж я так апусціўся, на самога чорта падобны». Ён агледзеў ватоўку і занепакоіўся. Зялёная касынка, якую ён хацеў падараваць Адэлі, была мокрая. Апрача таго, ён непакоіўся, што можа спыніцца і гадзіннік, а тады такі гадзіннік будзе варты таго, што і звычайны кавалак жалеза. «Што рабіць? Раскласці б цяпельца — пагрэцца ды пасушыцца самому, ды дзе там, можа, хто сноўдае па лесе». Нарэшце ён парашыў высушыць касынку на сабе. Выбраўшыся на сухі грудок, лёг на густы мох, прыклаў касынку да грудзей і прыціснуў сухою шапкай. «Хай знае Адэля, — думаў ён, — як моцна я яе кахаю... Нават у такі час не магу пакінуць думаць пра яе. Аднаго хачу — выжыць і ніколі не разлучацца з Адэляй...»

У такім настроі, пасля таго як касынка высахла і, складзеная надзейна, ляжала зноў у кішэні, Казюк рушыў далей у паход на Малінаўку. Вецер разагнаў густыя хмары, і серп месяца, прарываючыся паміж хмар, час ад часу нібы скакаў з яліны на сасну, з сасны на яліну. Святло месяца, хоць і слабае, непакоіла Казюка: а можа, хто сочыць... Ён, крадучыся, перабягаў ад куста да куста ў напрамку да знаёмай паляны. «Калі тое было, каб я па гэтых мясцінах туляўся, як злодзей? Гэта ж раней, у старыя часы, у гэтым лесе другія хаваліся ад мяне, бо гэты лес побліз Малінаўкі належаў нам, Клышэўскім. А цяпер я хаджу, як злодзей. Няўжо гэта не мінецца? Не, быць не можа! Усё перайначыцца. I я ўсё зраблю, каб фальварак і Адэля былі навечна маімі. Самога Каетана Гумоўскага ўласнымі рукамі задушу, калі ён здрадзіць свайму слову і паспрабуе стаць на дарозе».

Доўга блукаў ён у тую ноч па лесе, і часамі яму здавалася, што ён збіўся з дарогі і ідзе зусім не туды, куды збіраўся. А калі на ўсходзе прарэзалася першая зеленаватая палоска, ён пераканаўся, што трывога яго пакуль дарэмная, і прыбавіў кроку. У хату да Гумоўскага ён удзень парашыў не ісці, а перачакаць у лазні, што стаяла каля самага лесу. Апошнія кіламетры ён ішоў ужо спакойна, не хаваючыся і не аглядваючыся, толькі калі выйшаў з лесу і пабачыў лазню, зноў адчуў страх: а што, калі там хто-небудзь яго чакае?

Але страх так жа хутка знік, як і прыйшоў. Праз некалькі хвілін ён адчыніў дзверы лазенькі і ўвайшоў у яе змрок, які пахнуў бярозавым венікам...

 

ІХ

Алесь і Йонас глядзелі ў акно, а перад імі, як быццам у кіно, хутка змяняліся ўсё новыя і новыя краявіды. Паравоз цягнуў добры дзесятак пасажырскіх вагонаў, спяшаючыся ўдалеч, папыхкваў ад задавальнення і, выказваючы сваю радасць, прарэзліва гуў на ўвесь прастор на паваротах, нараджаючы бясконцае рэха, якое кацілася і знікала ўдалечыні ціхімі хвалямі. Перад сябрамі то распасціралася шырокае поле з пабялелым іржэўнікам, то раптам зелянеў луг і маленькая рэчка пятляла на ім, як быццам выбіраючы лепшае месца, а мясцінамі, як пад вялізны бухматы шацёр, поезд улятаў у лес.

Усе гэтыя сціплыя, але ў той жа час прыгожыя малюнкі роднай прыроды хвалявалі сяброў і не маглі не выклікаць у іх шчырай гутаркі. У купэ вагона больш нікога не было. Гэта яшчэ больш спрыяла.

— Ведаеш, Йопас! Колькі я ні жыў у горадзе, мяне заўсёды цягнула дамоў. Ну што, скажы, можа замяніць мне такую прыгожасць? — І ён з захапленнем паказаў Йонасу на белы бярэзнік, які стракацеў за акном.— Ты не думай, што ў горадзе нічога цікавага няма, — спяшаўся паправіцца Алесь, — многае я там упадабаў, але, відаць, я проста вясковы чалавек. Добра пабыць у тэатры, прайсціся па асветленай вуліцы, забудаванай цудоўнымі дамамі, але пабачыш у скверы кусток звычайнай траўкі, прыладзішся каля агарожы, і здаецца табе, быццам нехта з дому, з дзяцінства, табе вясціну прыслаў.

— А можа, не толькі гэтыя прыгожасці цябе тут вабяць? — пажартаваў Йонас.

— Ну, знаеш, з табой сур’ёзна і пагаварыць нельга, — наморшчыў лоб Алесь. — Варта мне было прыгадаць Анежку, як ты ўжо не даеш спакою...

— Эх, я скажу табе, таварыш Алесь, калі няма ў каго спакою, дык гэта ў мяне. Ты яшчэ толькі пазнаёміўся, а, бачыш, хвалюешся, а што ж мне рабіць?

— Табе — жаніцца, ды ўсё!

— І я так думаю. Вось аб гэтым мае і клопаты.

— А чаго тут непакоіцца, у загс, ды кончана.

— Добра, каб у загс, а што, калі бацькі Зосітэ ў касцёл цягнуць. А я камсамолец!

— Дык ты камсамолец і не можаш іх перайначыць?

— Нялёгка гэта, я скажу табе, Алесь. Бацькі ў Зосітэ хоць і не так ходзяць на павадку ў пана клебонаса, як бацькі Анежкі, але і ў іх яшчэ моцна забіты галовы рознымі набажэнствамі. Ды і мае старыя пакуль ад касцёла не адвярнуліся...

— Што гэта ў вас робіцца, я аж дзіўлюся; наша сяло побач, але няма ў ім таго, каб так за цемрашальства трымаліся!..

— І на гэта я дам адказ, Алесь. Ва ўсім вінаваты хутары. Дзіч. Адзіноцтва. Боязна. Няма да каго схадзіць. Папрацуе, папрацуе каторы, ды і за модлы. А клебонас у нас да Савецкай улады быў усё: ён і пан, ён і бог, ён і суддзя. Так што нялёгка яго адразу адпрэчыць. Вось бы ты мне памог як абмінуць яго?

— А што ж я магу зрабіць?

— Ну, хоць бы пагаварыць з Зосітэ, каб яна не паддавалася бацькам. Я табе вось што скажу, у нас вельмі паважаюць прыезджых і вучоных людзей, яна да цябе прыслухаецца...

— Ну, добра! — згадзіўся Алесь, а сам думаў пра тое, колькі патрэбна яшчэ работы, каб вырваць па-сапраўднаму з цемры гэты куток. Успомніў Анежку, і стала шкада яе. Такая прыгожая і слаўная дзяўчына, а ўжо адбітак замкнутасці і баязлівасці, навеянай касцёлам, ляжыць на яе твары. Здаецца, не будзь гэтага, і твар расцвіце і засвеціцца. І так, як Алесю захацелася пабудаваць станцыю ў родным кутку, каб яна асвятляла хаты людскія, так захацелася пайсці і на змаганне з тым, што яшчэ моцна трымала ў палоне душы некаторых.

— Добра, Йонас! — пачаў узбуджана гаварыць Алесь. — Малайчына, што праўду кажаш. Вось давай умовімся: прыедзем і як належыць, горача, па-камсамольску возьмемся за ўсе справы. Будзем будаваць і будзем выхоўваць моладзь. Сілы ў нас ёсць. Не мы адны з табой. Я думаю, што мы не толькі ўладзім тваю справу, але і вырвем Анежку з палону ў гэтага вашага пана клебонаса.

— Лёгка сказаць...

— Праўда, сказаць лягчэй, але і зрабіць можна. Усё трэба пусціць у адну плынь. І гутаркі, і кніжкі, і лекцыі, і спектаклі... Мала таго, каб адарваць людзей ад дурману,— трэба яшчэ нечым запоўніць вызваленае месца. Але пакуль што нам трэба з табой думаць, як наладзіць і зрабіць усё як трэба...

— Ты праўду кажаш!..

— А вось калі праўду, дык давай — ты ў Вільнюсе, а я ў Мінску — будзем прасіць, каб нам памаглі па-сапраўднаму, каб будаўніцтва наша пайшло без затрымкі.

— Ды я буду старацца на ўсе сілы.

— Старайся, старайся, Йонас. Галоўнае, каб у нас былі машыны. Машыны, брат, не толькі маюць фізічную сілу, яны яшчэ здольны ўплываць і на розум людзей.

— А ведаеш, — разважаў Йонас, — я заўважыў, як толькі першыя трактары пайшлі па нашых палетках, відавочна адступіла глухамань. Нават хаты ў нашым «Пергале» сталі весялей паглядаць вакол, а то, бывала, стаялі, як бы ўбіўшы свой позірк у дол.

— О, ды ты, я бачу, паэт, Йонас!

— Хай сабе не паэт, але, як ты казаў, прыгожае бачу. Вось паглядзі, як не залюбавацца!..

Алесь глянуў уперад, туды, куды, выпускаючы доўгую касу дыму, так прагна спяшаўся паравоз. Сапраўды, цудоўныя мясціны прыгарадаў Вільнюса раскрываліся перад імі. Цяжка было не захапіцца! Высозныя ўзгоркі, парослыя гонкаю сасной, плылі адзін за другім, а паміж імі ў адмысловай зялёнай аправе сінелі невялічкія азёрцы. Драўляныя дамкі з пышнымі кветнікамі ўтульна стаялі на аблюбаваных імі мясцінах. Усё часцей з’яўляліся прыгожыя гмахі з заводскімі комінамі.

На маляўнічых узгорках разлегліся ўскраіны Вільнюса, дзе паміж зялёных вуліц і вулачак раптам прарвалася шырокая плынь Віліі. І адразу за Віліёю азначыўся абрыс вялікага горада. На высокай гары Гедыміна, над мураванай вежай, трапятаў на ветры чырвоны сцяг.

— Прыгожа!.. Прыгожая твая сталіца, Йонас! — шчыра захапляўся Алесь. — Шкада толькі, што мне няма часу застацца з табой.

— А то давай так зробім: злазь, скончым справы тут і да цябе ў Мінск паедзем.

— Ты разумна гаворыш, Йонас! І хацелася б так зрабіць, ды нельга — часу мала.

— Колькі там таго часу трэба?

— Нам, браце, цяпер кожны дзень дарагі. Да замаразкаў трэба і катлаван выкапаць, і канал падвесці з вашага боку. Так што бывай, дружа Йонас, жадаю поспеху.

Гэтае развітанне было якраз у час, бо паравоз, стаміўшыся пасля вялікае дарогі, паволі сцішыў сваю хаду, пакуль нарэшце, глыбока ўздыхнуўшы і выпусціўшы клубы пары, не спыніўся на станцыі.

Йонас зняў з паліцы свой лубяны чамадан і рушыў да выхаду. З платформы ён яшчэ раз па-сяброўску памахаў Алесю рукою і знік паміж людской мітусні ў тунелі.

«Добры хлопец, — думаў Алесь, усё паглядаючы туды, куды пайшоў Йонас. — З такімі можна горы варочаць, а тое, што ў іх у «Пергале» цяжка яшчэ працаваць, дык гэта праўда».

Успомніўся касцельны звон, які ўедліва і настойліва кожны дзень далятаў з пергалеўскіх хутароў, змешваючыся з гулам трактароў. «Не адзін тут голас вядзе барацьбу за чалавека, а два», — уздыхнуў Алесь, прыгадаўшы гаворку Йонаса...

У Мінск Алесь прыехаў позна вечарам. Горад ужо відавочна сцішаўся, як бы паволі засынаючы. І хоць Алесь быў тут не так даўно, Прывакзальная плошча яго здзівіла. Выязджаў адсюль — ляжаў нязграбны брук, а цяпер, уся залітая асфальтам, яна свяцілася пад промнямі электрычнасці. Пасля дажджу, які, відаць, нядаўна прайшоў, колы машын, што ў люстры, адбіваліся на доле. Заўважыў яшчэ Алесь, што ўздымалася ўжо другая вежа шматпавярховага дома. Алесь нават пазайздросціў — вось, каб так хутка набудаваць і плаціну...

Толькі Алесь доўга не затрымліваўся, разглядаючы новае: трэба было думаць аб начлезе. Калі падышоў патрэбны аўтобус, ён без вагання ўскочыў у яго і паехаў у напрамку да Камароўкі. Непадалёк знаходзіўся студэнцкі інтэрнат іхняга інстытута, дзе Алесь думаў пераспаць. Хто яго ведае, ці ёсць яшчэ месца ў гасцініцы?

Неўзабаве ён прыйшоў да чырвонага мураванага дома ў ціхім завулку. Колькі ўспамінаў раптам сышло на яго! Гэты дом быў яму вельмі блізкі. І так, як рупіла некалі хутчэй адчыніць дзверы сваёй хаты ў Доўгім, так вельмі захацелася цяпер хутчэй увайсці ў сярэдзіну чырвонага гмаха, у якім ён пражыў каля пяці год. У вестыбюлі дыхнула на яго халаднаватым паветрам, якое ўласціва цагляным будынкам улетку. У пустых калідорах гулка разносіліся яго крокі. Алесь падышоў да прычыненых дзвярэй у канцы першага паверха і ціхенька пастукаў. Азваўся жаночы голас.

— Вечар добры! — радасна прывітаўся Алесь з жанчынаю пажылых год у акулярах, адна дужка якіх была падвязана шнурочкам. Яна прыўзнялася з-за стала, на якім ляжала разгорнутая кніга, і спакойна прывіталася:

— Добры вечар, таварыш інжынер! Давучвацца прыехалі?..

— Як бачыце, цёця Маша! Ніяк не магу ад вас адвыкнуць. — Паставіўшы чамаданчык у куток пакоя, ён прысеў на крэсла, якое стаяла ля стала.

— Ну што ж, гэта добра, што на нас не забываецеся, як-ніяк, мы вам не чужыя, — задаволеная сустрэчай з Алесем, гаварыла цёця Маша, а сама ўжо неўпрыкметку ўключыла чайнік, які стаяў на невялікай тумбачцы пры сцяне.

Алесь глядзеў на цёцю Машу і радаваўся, што зноў убачыў яе. Бываюць такія людзі, якія, здаецца, і не вызначаюцца нічым асаблівым, а вельмі вабяць да сябе. Цёця Маша — адзінокая, гадоў пад пяцьдзесят жанчына, працавала прыбіральшчыцай у інтэрнаце ад пачатку яго заснавання. Яе просты, адкрыты твар, крануты ўжо многімі маршчынкамі, свяціўся нейкім асаблівым унутраным святлом. Як помніць Алесь, цёця Маша, заўсёды апранутая ў чорную, прасторную сукенку з белым каўнерыкам, ніколі не сядзела без справы. То яе бачылі са шчоткаю на падлозе, то з мокраю анучаю ля акон, то ля вялізнага куба, дзе гатавалася вада для студэнтаў. Ніхто ніколі не чуў, каб яна калі-небудзь павышала голас ці злавалася, вось чаму, адчуваючы ў ёй рысы і звычкі сваіх матак, студэнты глыбока паважалі яе. Крыўды, нанесеныя цёці Машы, успрымаліся б як абраза ўсяму калектыву.

— Справы да нас зноў загналі? — пыталася цёця Маша заклапочана. — Ну, ладна, давай вып’ем чайку.

І хоць Алесь аднекваўся, яна ўжо наліла кубкі. Алесь раскрыў свой чамаданчык і выняў адтуль каўбасу і сала, што маці дала яму ў дарогу.

— Можа, пакаштуеце, цёця Маша?

— З вялікай прыемнасцю, я так даўно не ела такіх прысмакаў! Відаць, маці прыгатавала?..

Алесь і цёця Маша доўга сядзелі за чаем у той вечар. Гаварылі аб рабоце яго, аб тым, што новага цяпер робіцца на вёсцы, аб яго сябрах, якія таксама час ад часу з працы з’яўляюцца сюды. І на сэрцы ў Алеся было так прыемна, як бы ён сустрэўся з родным, вельмі блізкім чалавекам.

Ужо за поўнач цёця Маша прывяла яго ў той самы пакой, у якім ён пражыў пяць год. Адамкнуўшы, яна адчыніла дзверы і, прапусціўшы яго, сказала:

— Усё, як і было, можаш нават на свой ложак класціся... Спакойнай ночы!..

— Дзякую!.. Добрай ночы і вам, цёця Маша! — ад шчырага сэрца сказаў Алесь і на хвіліну прысеў на свой ложак.

У пакоі стаяла пяць ложкаў. Алесь, глянуўшы на іх, успомніў сваіх сяброў. Дзе яны цяпер? Відаць, таксама, як і ён, жывуць ужо новымі справамі і ў кожнага свае клопаты.

— Дзе вы, сябры-таварышы?.. — уголас праказаў Алесь і, прыгадаўшы Віцю Шаркевіча, які цяпер працаваў недзе на Волзе, нават пазайздросціў яму: «Вось дзе размах!»

Голыя сцены маўчалі, толькі з адной паглядаў добрым позіркам праз акуляры Міхаіл Іванавіч Калінін, як усе пяць год раней. Алеся ахапілі ўспаміны. І хоць час быў позні, спаць яму не хацелася. Пачуўшы, што сцішыліся ў канцы калідора крокі цёці Машы, ён устаў і, адчыніўшы акно, пачаў хадзіць па пакоі. Дыхнула ледзь вільготным асеннім паветрам, і перад ім рассыпалася цэлая сяйва агнёў новага Мінска. Алесь глядзеў на агні горада, які яму за пяць год стаў родным, і нейкая прыемная ўсхваляванасць напаўняла грудзі. Па агнях ён уяўляў, дзе што знаходзіцца. За столькі год і па гэтых прыкметах усё можна было пазнаць. Ён чытаў гэтыя агні таксама, як астраном зорнае неба. Ён нават спрабаваў уявіць, дзе парк Горкага. Колькі разоў даводзілася быць там! Прыгадаў, што неяк аднойчы там было прызначана спатканне. А што засталося з яго? Нічога. Мільганула перад вачыма тая дзяўчына, з якой пазнаёміўся на першамайскім нарадзе. Ліза казала, што працуе сакратаркай. Вечар. Пустыя размовы. У перапоўненым моладдзю парку здавалася старэйшай за яго самога і вельмі языкастай. Развіталіся. Алесь абяцаў сустрэцца. У дзень, калі было прызначана новае спатканне, паліў дождж як з вядра. Вось і ўсё. Не сустрэліся і ўжо не шукалі адно аднаго. «Відаць, гэты дождж астудзіў увесь запал», — смяяўся сам сабе некалі Алесь.

Але ўсё гэта навяло на другую думку. «Што гэта робіцца? — думаў ён. — Усяго некалькі разоў, як я бачыў Анежку, можна сказаць, добра і не пагаварыў з ёй ні разу, а чаму яна не выходзіць з галавы? Можа, суткі ўсяго, як бачыўся з ёю, а здаецца, што не чуў Анежчынага голасу даўно-даўно... Што яна думае пра мяне? Ці зразумела хоць тое, як я да яе стаўлюся? Ах, Анежка, Анежка!..» — І журботныя вочы далёкай каханай усплывалі перад ім сярод агнёў начнога горада.

Доўга ў тую ноч марыў на адзіноце Алесь. Але, хоць заснуў няхутка, назаўтра прахапіўся вельмі рана і пайшоў у горад. Да адкрыцця ўстаноў было каля дзвюх гадзін, а яму так хацелася паглядзець, якія змены адбыліся ў горадзе за гэты час, што ён быў у Доўгім.

Калі Алесь выйшаў на праспект, горад ахапіў яго адразу сваім працоўным рытмам, які нараджаецца над усім ад самага світання. Па тратуарах шорхалі мётламі прыбіральшчыцы, калгасніцы спяшаліся на рынак з бітонамі малака і зелянінаю ў кошыках, дзе-нідзе маладыя маці везлі ў калясачках дзяцей, якія бесклапотна пазіралі ў неба блакітнымі вачыма і чмокалі соскамі. Прашумеў шынамі па асфальце першы тралейбус, поўны рабочых, якія спяшаліся на працу.

Алесь ішоў у напрамку да Круглай плошчы і глядзеў, што вакол усё больш і больш уставалі шматпавярховыя камяніцы, а маленькія, струхлелыя ад часу хаты стаялі з паўгінанымі сценамі, як бы чакаючы, калі іх прыбяруць. Ад скрыжавання Даўгабродскай вуліцы раскрылася перад ім новая плошча. Высокі шпіль помніка героям Айчыннай вайны, увенчаны ордэнам «Перамогі», гарэў у праменнях ранішняга сонца. Калі Алесь ад’язджаў, гэты помнік быў яшчэ ў рыштаваннях. І дзіўная справа — на адзін момант ён злавіў сябе на такім адчуванні, што зайздросціць тым, чые подзвігі ўвенчаны ў гэтым помніку, а потым падумаў, што гэта помнік і тым, хто застаўся жывы і будуе горад. Жывыя ставяць помнікі загінуўшым, нават не разумеючы таго, што гэта помнікі і самім сабе.

На вуліцы павялічваўся рух. Тратуары напоўніліся службоўцамі. Па праспекце ўсё часцей праплывалі тралейбусы і аўтобусы. Адна за адной спяшаліся легкавыя машыны.

«Аднак і мне пара», — падумаў Алесь і накіраваўся ў сталовую, каб там паснедаць, а пасля пайсці па справах.

У сталоўцы было поўна людзей. Алесю давялося пачакаць, пакуль афіцыянтка прынесла яму чай і закуску. Чакаючы снедання, ён думаў: «З чаго пачынаць сягонняшні дзень, куды ісці? Звярнуцца раней у «Белсельэлектра», да свайго непасрэднага начальства? Але ці здолеюць там усё вырашыць? Гэта ж не проста звычайнае будаўніцтва, якіх многа ў рэспубліцы, а такое, што ўслаўляе сабою дружбу народаў. Не, гэтаю справай павінны зацікавіцца вышэй, а каб арганізаваць яе як належыць, трэба і дапамогі прасіць там»,— меркаваў Алесь і цвёрда наважыў накіравацца ў Савет Міністраў рэспублікі.

Ён так баяўся спазніцца туды, што ўжо вельмі падганяў афіцыянтку, каб яна хутчэй разлічылася.

— Адкуль вы такія гарачыя прыязджаеце? — пажартавала тая.

Алесь толькі ўсміхнуўся ў адказ і выйшаў на вуліцу.

А праз некалькі хвілін ён ужо быў на плошчы імя Леніна. Дзесяціпавярховы будынак Дома ўрада паглядаў на яго безліччу акон. Алесь пастаяў крыху, падумаў, а можа, лепш звярнуцца да свайго начальства, але, вырашыўшы, што так будзе правільней, увайшоў у правае крыло будынка. Быў самы пачатак працы, і Алеся закружыла, як у віры: уваходзілі шматлікія наведвальнікі. Ён знаў гул свайго інстытута і студэнцкага інтэрната, але вельмі слаба ўяўляў жыццё вялікай установы, дзе кожную хвіліну вырашаецца лёс чалавека, а сярод дробных спраў і велізарныя справы дзяржаўнага значэння.

Сустракаліся тут розныя людзі з раёнаў і абласцей, якія прыехалі па выкліку, і, відаць, кіраўнікі вялікіх прадпрыемстваў, якія праходзілі з таўшчэзнымі партфелямі і папкамі. Трапляліся там некаторыя, якія, здавалася Алесю, жывуць мастацтвам, — можа, артысты ці мастакі. Калгаснікі вылучаліся адразу загарэлымі тварамі. Стары дзядок з белаю кайстраю ў руках пра нешта распытваў у дзяжурнага, і Алесь успомніў пра Лайзана, які таксама недзе блукае цяпер у Рызе па ўстановах. Перабягаючы з адных у другія дзверы, сноўдалі з паперкамі супрацоўнікі. Два ліфты падымалі людзей на высокія паверхі бесперапынна. Увесь гэты рух адбываўся як бы на нейкаму плану, і чалавеку, які прыязджаў упершыню, цяжка было адразу патрапіць куды трэба.

Так здарылася з Алесем. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў сталоўцы ён вырашыў ісці да самога старшыні Савета Міністраў, тут, калі апынуўся ў гэтым людскім мурашніку, у першыя хвіліны разгубіўся.

«Відаць, нялёгка дабіцца!..» — падумаў ён.

Але выйшла якраз наадварот. Калі ён звярнуўся з запытаннем да ветлівай дзяжурнай, яна далажыла ў прыёмную, і памочнік старшыні папрасіў яго зайсці.

Падняўшыся на другі паверх, Алесь увайшоў у прасторны пакой, дзе на канапах і за сталом сядзела ўжо некалькі чалавек, чакаючы выкліку. Памочнік старшыні Савета Міністраў прапанаваў пачытаць газеты. Алесь разгарнуў «Звязду». Спачатку ён спакойна пераглядаў уборыста надрукаваныя слупкі, але, дайшоўшы да пэўнага месца, ажно падскочыў.

Прысутныя пераглянуліся. Іх зацікавіла такая яго ўзбуджанасць. А Алесь не мог адарвацца ад газеты, у якой пісалася: «Беларусы, літоўцы і латышы парашылі будаваць па возеры Доўгім гідрастанцыю і ў гонар нацыянальнай палітыкі партыі назваць яе «Дружба народаў»...

Ён не помніў, каб хто-небудзь на сходцы гаварыў аб такой назве, можа быць, яе нават сам карэспандэнт прыдумаў, але гэта яму спадабалася. А пакрыўдзіла яго тое, што допіс кароткі. Як можна так на некалькі радкоў паведамляць пра вялікую справу, якая мусіць змяніць лёс трох калгасаў, многіх людзей. Ён не разумеў, што ў газетнай справе для большага матэрыялу патрэбна больш фактаў, а яны па сутнасці яшчэ нічога не зрабілі.

Алеся паклікалі.

У прасторным кабінеце, сцены якога зроблены пад дуб, з-за доўгага стала насустрач яму падняўся старшыня Савета Міністраў. Ён быў апрануты ў светлы гарнітур, на якім выразна вылучаўся чырвоны значок дэпутата. Праз расчыненыя вокны сонца лілося ў пакой, і промні яго мякка клаліся на сцяну, дзе вісела вялікая карта рэспублікі. І хоць усё ў кабінеце здавалася святочна ўрачыстым, на спакойным твары старшыні Алесь заўважыў нейкую асаблівую заклапочанасць. Тоненькія маршчынкі на лбе і ледзь адзначаныя сінявой кругі пад вачыма гаварылі аб тым, што працаваць тут даводзіцца многа.

Цёпла прывітаўшыся, старшыня запрасіў Алеся сесці.

— Думаеце гідрастанцыю будаваць?

— Па гэтай справе і прыйшоў да вас... — адказаў Алесь, здзіўленым тым, што так лёгка пачалася размова, зусім не падобна на тое, як ён прыкідваў у сваёй галаве.

— Ведаю... ведаю... Званілі мне ўжо з райкома і абкома. Ды і ў газеце сёння чытаў... Што ж, гэта жаданне ўсіх калгаснікаў? Ці падказаў хто? — запытаў ён.

— Не, самі! Вось і дакументы, якія гавораць аб гэтым, — вымаючы з кішэні пастанову сходу, паказаў Алесь.

— Што ж, і дакументы разгледзім, — сказаў, усміхнуўшыся, старшыня і пачаў чытаць пастанову і пісьмо міжкалгаснага савета. — Добрая справа!.. Добрая справа!.. — як бы мяркуючы аб нечым, гаварыў ён сам сабе. — А вось што, таварыш Іванюта, — і вострыя карыя вочы старшыні засвяціліся, — вы задумалі справу, якая ўсхвалюе многіх... А дружна, па-суседску, жывеце?

— Каб не дружылі, дык, мусіць, і да будоўлі не дагаварыліся б, — прыгадаўшы чамусьці Парэчкуса, Самусевіча і Баркоўскага, як бы засаромеўшыся, адказаў Алесь.

— А калі вам даверылі такую справу, дык раскажыце, калі ласка, як думаеце будаваць?

Алесю давялося расказаць пра ўсё: аб тым, як зарадзілася ў калгаснікаў-суседзяў думка аб будаўніцтве, якія былі аб гэтым гаворкі, што трэба, па меркаванню калгаснікаў, зрабіць, каб справа пайшла добра.

Старшыня ўважліва выслухаў яго расказ і ў канцы задаў пытанне:

— Кажучы коратка, мы сягоння павінны вырашыць адно: што зробяць самі калгаснікі і чым павінна дапамагчы дзяржава? Якая ваша думка, таварыш Іванюта?

У гэты час прынеслі чай. І гаворка пайшла яшчэ больш проста.

— Мне здаецца, таварыш старшыня, што мы зробім усё. Такое ў нас жаданне. І сілы ёсць!.. Але і просьба наша немалая: дайце нам крэдыт на дзесяць год, а галоўнае — машыны...

Крыху счакаўшы і думаючы, што яго недачулі, Алесь паўтарыў:

— Лес, каменне, чарапіцу, цэглу, пясок — усё мы маем... Памажыце нам грашыма ў доўг і машынамі...

— Усё гэта мы можам зрабіць, — на хвіліну задумаўшыся, праказаў старшыня. — Але, як вы самі кажаце, тры народы будуюць, а значыць, тры рэспублікі і клапаціцца павінны... Але і гэта нас не затрымае. — І старшыня зняў трубку.

Алесь сядзеў і ўважліва наглядаў за тым, як старшыня гутарыў з Вільнюсам і Рыгай. І хоць ён не чуў, што гаварылася ў адказ з другога канца проваду, але па асобных сказах і па выразу твару адчуваў, што ўсё складаецца для справы добра. Больш таго, ён адчуў, што яго сябры — пасланцы Йонас Нерута і Ян Лайзан — там таксама ў добрым настроі. Гэта неўзабаве і пацвердзілася. Старшыня, ужо ўстаўшы з-за стала, прывітаў Алеся:

— Кланяюцца вам вашы сябры з Вільнюса і Рыгі. Няма чаго казаць, дружна вы ўзяліся за справу. Ну што ж, давайце вашу просьбу абмяркуем і, што можам, зробім.

У гэты час, калі Алесь перадаваў старшыні паперы, у кабінет увайшоў начальнік «Белсельэлектра». Відаць, ён быў выкліканы раней. Па тым, як ён увайшоў і пачаў гаворку, можна было вызначыць, што ён чалавек вельмі рухавы.

— Вось вам, таварыш Лапо! — перадаў яму паперы старшыня. — Падрыхтуйце праект і абмяркуйце, як лепей наладзіць справу. А вы пакуль, таварыш Іванюта, адпачніце да заўтра. Гасцініцу маеце?

— Маю, — зманіў Алесь, бо ён і не думаў перабірацца ад цёці Машы. — Ад усіх калгаснікаў дзякую за дапамогу.

— Усім і вы кланяйцеся ад нас, — праказаў на развітанне старшыня.

Таварыш Лапо прывёз Алеся ў «Белсельэлектра». У невялічкім кабінеце сцены былі ўвешаны рознымі здымкамі сельскіх электрастанцый.

— Сядайце, — прапанаваў ён Алесю, і сам апусціўся за стол. — Давайце падумаем аб тэрмінах будаўніцтва. Праект пастановы я сягоння падам у Савет Міністраў, думаю, што там не затрымаюць, а вось як там справы ў геадэзістаў і ў таварыша Беразінца?

— Як мне вядома, усе падрыхтоўчыя работы імі зроблены, усё цяпер залежыць ад праекціроўшчыка.

— А калі, па-вашаму, можна скончыць праект?

— І можна, як мне здаецца, і так бы нам хацелася, каб праект быў гатовы не пазней верасня. Многа работ трэба яшчэ зрабіць да замаразкаў.

— Ну што ж, я з вамі згодзен, таварыш Іванюта. Я пастараюся падагнаць інжынера Беразінца з праектам. Калі вы яго застанеце ў сябе, скажыце, каб ён хутчэй прыязджаў сюды. А з матэрыяламі ў вас як?

— Ужо тое-сёе падвезена. Думаю, што затрымкі ў гэтым не будзе.

— Катлаван капаць будзеце?

— Я думаю, што трэба з дапамогай толу катлаван рабіць. Гэта паскорыць справу.

— Што ж, гэта няблага, але дагаварвайцеся з падрыўнікамі на месцы самі. Вы гаварылі з Беразінцом, які тып электрастанцыі ён прапануе?

— Пра гэта мы раіліся не раз, вось яна!.. — І Алесь паказаў Лапо на малюнак станцыі, якая, здавалася, і стаяла якраз на іхнім возеры.

— Ну што ж, тады добра, таварыш Іванюта, ідзіце адпачывайце, прыходзьце заўтра па рашэнне, а я сяду за праект пастановы.

Алесь развітаўся і выйшаў на вуліцу. Пачуццё задавальнення за сягонняшнюю раніцу авалодала ім. «Значыць, будоўля не затрымаецца, — пераканаўся ён. — Вялікая справа зроблена...» І яму, як заўсёды ў час радасці, хацелася з кім-небудзь пагаварыць.

Так ён хадзіў некаторы час па вуліцах Мінска, перабіраючы ўсіх сваіх знаёмых, але як ні прыгадваў, нікога не знайшоў: усе раз’ехаліся, апрача цёці Машы. «Ну, я з ёю ўвечары пагавару, — парашыў Алесь. — Вось каб была тут Анежка, я сягоння б ёй хораша расказваў аб нашых справах».

Калі ён прыгадаў Анежку, яму і сапраўды вельмі захацелася з ёю пагаварыць. «А можа, выкарыстаць тое, што я тут, ды напісаць пісьмо, — думаў ён.— А заадно скажу ёй аб усім, тым больш што на паперы гэта зрабіць лягчэй. А то, можа быць, яна наогул лічыць, што я гатоў бегаць за кожнай прыгожай дзяўчынай».

У прасторнай зале паштамта ён сеў за пісьмо. «Пакуль я прыеду, можа дайсці, і ва ўсякім выпадку дойдзе, пакуль я з’яўлюся ў «Пергале», — думаў ён. Хваляванне не пакідала яго. Некалькі разоў ён браўся за пяро, хмурыў лоб, доўга крэмзаў, рваў паперу і пачынаў пісаць зноў. Дайшло да таго, што прыйшлося купляць новую паперу, і маладзенькая паштавічка хітра ўсміхнулася яму ўслед, мусіць, здагадаўшыся, у чым рэч. Нарэшце ўсё было пераможана — пісьмо напісана і заканвертавала. «Няхай ведае адразу аб усім, — думаў Алесь, — хай знае, што мне без яе цяжка...» Ён рашуча накіраваўся да паштовай скрынкі. Але, падышоўшы, апусціць пісьмо не адважыўся. Раптам набегла трывога. «А ці так я напісаў?.. Дай падумаю, — завагаўся ён,— і на дварэ ёсць скрынка!»

Алесь выйшаў на вуліцу і пачаў хадзіць каля паштамта з канца ў канец. Перабіраў у памяці ўсе радкі пісьма. Як быццам усё было так, як і трэба. Падыходзіў ужо да цёмна-сіняе скрынкі, што вісела на сцяне, і браўся за вечка, але зноў адрываў руку: «А што, калі яна ўзлуецца і не стане пасля гэтага са мной гаварыць?» Чаму я хоць жартам не сказаў ёй у час ад’езду аб тым, што напішу? Эт! Падумаеш, кожнай дзяўчыне прыемна атрымаць пісьмо ад хлопца», — супакойваў сябе ён і падыходзіў да скрынкі, ды зноў адступаў. «А што, калі пісьмо трапіць не ёй, а бацькам? І ўявіць цяжка, што з гэтага выйдзе. Тады крыж на ўсім! Ах, Анежка, Анежка, — хваляваўся Алесь, — каб ты хоць крыху адчувала, як б’ецца па табе маё сэрца, каб ты ведала, як я пра цябе мару, можа б, і ты ў гэты час паплыла думкаю мне насустрач, і мы сустрэліся дзе разам на паўдарозе?.. Як добра нам было б!..»

І гэтыя думы надалі рашучасці Алесю. «Ат, будзь што будзе!..» — І ён, падышоўшы да скрынкі, рашуча апусціў пісьмо.

Нельга сказаць, што пасля гэтага Алесь адразу супакоіўся. Зноў набрылі тыя неспакойныя думы: а каб чаго не выйшла? Адзін час ён нават меркаваў, як гэта зрабіць, каб здабыць пісьмо назад. Вярнуўшыся да скрыпкі, прыўзняў вечка, глянуў усярэдзіну. Але, убачыўшы, што справа безнадзейная, пісьма не відаць і кавалачка, канчаткова пераканаўся, што ўсё зроблена правільна, і пайшоў адпачыць у парк.

За Свіслаччу, у парку імя Горкага, ён прысеў на лаўцы ў даўно аблюбаваным ім месцы. Гэта была сасновая горка непадалёк ад велатрэка, куды ён некалі ўвесну прыходзіў рыхтавацца да залікаў. Тут было параўнальна ціха. А яшчэ гэтая мясціна падабалася Алесю тым, што нагадвала гаёк каля возера Доўгага. І калі ён прыплюшчыў вочы, як рабіў гэта некалі раней, дык шум разгалістых сосен над ім прыгадаў яму родны куток.

Спакой, навеяны з дзяцінства ўлюбёным шэптам хвой, настроіў Алеся на развагі. Ён да самых драбніц перабіраў у памяці ўсе падзеі сённяшняга дня і застаўся імі здаволены. Непакоіла толькі, як усё зрабіць так, каб там, у сваім сяле, не было ні з чым затрымкі. Міжволі радаваўся, што Антон Самусевіч на некаторы час адышоў ад працы, хоць адчуваў, што радавацца з людской хваробы нядобра. «З Захарам Рудаком будзе куды лепш! Ён з паўслова разумее, што патрэбна ў справе. Трэба, каб калгасы далі адразу столькі людзей, колькі неабходна. Інакш не паспець з галоўнымі работамі да замаразкаў». І ён уявіў сабе, як вялікая грамада, галоўным чынам моладзь, працуе на будоўлі, і, вядома, так, як яму хацелася, уявіў паміж іх і Анежку. Зноў паўстала перад ім пісьмо. «Ці не адагнаў я, — думаў ён, — гэтым пісьмом яе ад сябе...» Раптам яго паклікаў дзявочы голас. Алесь ажно страпянуўся. Перад ім стаяла Ліза, пачырванелая ад нечаканасці, але гарэзлівыя вочы яе не гаварылі аб тым, што яна збянтэжана.

— Вось калі вы трапілі ў мае рукі, — пажартавала яна, — нічога сабе кавалерчык, праз паўгода на спатканне прыходзіць!..

Алесь замяўся, круцячы ў руках без патрэбы шапку і стараючыся нешта сказаць.

— Ды я... ведаеце, як было... памятаеце, дождж пайшоў...

— Не, мой даражэнькі, не ведаю, не ведаю, якая хмара вам вочы засланіла, але гэта не апраўданне. Затое сёння я вас са сваіх рук не выпушчу... Пойдзем сягоння ў оперу!..

І Алесь не паспеў агледзецца, як яна, падхапіўшы яго пад руку, павяла па доўгай алеі ў канец гарадскога саду.

— Дык як жа вы можаце так падводзіць дзяўчыну? Такі час не даваць пра сябе знаць! — бесперапынна сакатала Ліза, размахваючы прыгожаю сумачкаю.

— Я ўжо не ў горадзе жыву, — спрабаваў апраўдацца Алесь.

— А дзе вы цяпер?

— Далёка, на вёсцы...

— Значыць, працуеце там...

— Толькі пачынаю...

— Інжынерам?

Алесь у адказ матнуў галавой.

— Гэта не мае значэння. Усё роўна я вас сёння не адпушчу. Пойдзем зараз да мяне, паабедаем, а адтуль у тэатр.

Нельга сказаць, каб усё гэта падабалася Алесю, але, сарамлівы па натуры, ён ніяк не мог адмовіцца. Ён ішоў з Лізай, цярпліва выслухоўваў яе балбатню і, хоць хацелася рэзка спыніцца і развітацца, не мог на гэта адважыцца. «Які я дзіўны, — злаваўся ён на сябе. — Чаму, калі трэба сказаць што-небудзь непрыемнае, нават жорсткае, мужчыну, гэта мне нічога не значыць, а тут нават далікатна выкруціцца не магу». І, адчуваючы як бы нейкую віну перад Анежкай, быццам здраджваў у адносінах да яе чысціні пачуццяў, ішоў з Лізаю даволі панура.

— Скажыце, што вас так змяніла? — заўважыла яго настрой спадарожніца. — Я вас нават не пазнаю... — А сама думала: «Добра было б, каб сапраўды прываражыць яго».

Яна імкнулася выказаць нават сваё спачуванне:

— І з твару вы нават змяніліся, Алесь...

«Вось тут бы і знайсці прычыну развітацца», — падумаў Алесь, але зноў не хапіла адвагі, і сказаў тое, што першае прыйшло ў галаву:

— Клопаты. Толькі за работу бяруся. Баюся, ці спраўлюся...

— Кіньце вы гэтыя клопаты! Вось вам мая парада: век адзін, думайце пра сябе, з могілак на спатканне не прыйдзеце. За ўсіх не пераробіце, — гаварыла яна, і словы гэтыя былі вельмі падобны на яе самую. Поўная, але жвавая, з дробнымі рысамі твару, які і хвіліны не мог быць спакойны, лапатлівая, яна нагадвала таго матыля, што імкліва пералятае з кветкі на кветку. Гаварыла бясконца, не даючы што-небудзь сказаць Алесю, упэўненая: усё, што яна гаворыць, добра.

— А вунь і маё журботнае прыстанне,— нібы прадэкламавала Ліза, паказваючы на невялікі драўляны домік у ціхім завулку каля Стара-Віленскай вуліцы.

— Чаму яно журботнае? — азваўся Алесь. — Калі там жыве такая гаспадыня, гэтага не скажаш!..

— Ах вы, жартаўнік, — засмяялася Ліза. — Вось бачыце, вы і аджылі. А то сядзеў, усё роўна як мухамор нейкі!.. — І, адчыніўшы калітку ў кветнік, пазвала Алеся за сабой.

Алесь адчуваў сябе няёмка, апынуўшыся ў Лізіным пакоі. Ён быў падобны на таго вераб’я, што трапіў у чужое гняздо. Сядзеў устрывожаны і нахохлены. На сценах маленькага пакойчыка, абклееных блакітнымі абоямі, былі развешаны фотаздымкі і карткі, якія адразу гаварылі аб узроўні і густах яго жыхаркі. Былі тут і галубкі, якія цалуюцца, і вялізнае сэрца, прабітае стралою, а над акуратна засланым ложкам вісеў кілімчык, на якім белыя лебедзі, важна падняўшы галовы, гойдаліся на сініх хвалях.

Пакуль Алесь асвойваўся, Ліза, хуценька накінуўшы на сябе фартушок, ужо гаспадарыла. Яна выняла з невялічкай шафы талерку з парэзанаю вяндлінай, накроіла хлеба і, узяўшы з акна бутэльку наліўкі, запрасіла за стол.

Алесь хацеў адмовіцца ад пачастунку, але голад даваў знаць, ён сеў і з апетытам узяўся за ежу. Ліза ўвесь час падкладала яму і падлівала наліўкі. Як гаспадыня, яна была ўвішная, і гэта падабалася Алесю. А праз колькі хвілін, калі наліўка дала сябе знаць, яму ўсё пасвятлела ў пакоі. Нават у гаспадыні, якая перад гэтым здавалася прыкраю, ён пачаў знаходзіць прыгожыя рысы. А праз некаторы час Алесь і сам не заўважыў, як здарылася так, што сядзеў ужо, цесна прыхінуўшыся да яе, на канапе і яна абдымала і цалавала яго, а ён адчуваў, як у ім узнімаецца нешта пякучае, такое, што кружыць галаву. Ён адчуваў жар яе круглых, поўных плеч, блізка бачыў вільготныя вочы, а калі яго рука апынулася на яе дрыготкім калене, ён адхінуўся і ўстаў. Ліза таксама сумелася, але паспрабавала ўсё перарабіць на жарт:

— Аднак я не думала, што вы такі небяспечны!..

Так пад хмяльком і пайшоў Алесь з Лізаю ў тэатр.

Вярнуўшыся ў інтэрнат да цёці Машы і толькі застаўшыся ў пакоі адзін, ён адумаўся і занепакоіўся з таго, што здарылася. Стала вельмі непамысна. «Ну, куды я варты? Дзе ж мой характар? Толькі што паслаць пісьмо Анежцы і тут жа выпіваць з дзяўчынаю, да якой нішто не цягне, хадзіць з ёю пад руку па фае тэатра і нават туліцца, калі выключалася святло і пачыналася дзея. Нават да оперы як належыць не прыгледзеўся,— прызнаўся ён сам сабе. — А яшчэ абяцаў пісаць! Ну нікуды, нікуды я не варты», — злаваўся ён на сябе і, лёгшы на ложак, закрыўся коўдрай.

Назаўтра раніцай, пабегшы ў душ, Алесь доўга мыўся.

Хуценька сабраўшыся, пайшоў у горад. У час, калі толькі адкрываюцца ўстановы, ён сядзеў ужо ў «Белсельэлектра».

— Ну, вітаю вас, таварыш Іванюта, — вось вам рашэнне нашага ўрада, — і Лапо падаў Алесю надрукаваную пастанову з чырвоным гербам угары.

Алесь з павагаю ўзяў паперу з рук начальніка, і яму стала весялей. Нават сустрэча з Лізай адышла ў нябыт. Перачытаўшы пастанову, ён яшчэ больш узрадаваўся:

— Значыць, і машыны, і крэдыт ёсць, таварыш Лапо?

— Ёсць, таварыш Іванюта! Цяпер толькі за вамі справа. Дарэчы, і Барыс Васільевіч Беразінец мне званіў.

— Што-небудзь здарылася там? — насцеражыўся Алесь.

— Ён шмат папрацаваў над праектам, так што затрымкі не будзе.

— Ну дык і я зараз жа дамоў, марудзіць няма чаго! — запэўніў Алесь.

— А можа, пагуляеце дзянёк, сходзіце ў тэатр?

— Не, не... — зачырванеўся Алесь. — Зараз жа паеду дахаты. — А сам думаў: «Ці не бачыў Лапо мяне з Лізаю ў тэатры?»

З «Белсельэлектра» Алесь выйшаў вельмі ўзбуджаны. Сягоння ж ён паедзе дамоў. Поезд адыходзіць пад вечар, так што добрых яшчэ гадзіны тры на зборы. Ідучы каля універмага, ён падумаў, што няблага было б яму купіць тое-сёе ў падарунак для Марфачкі і маці. Ля галантарэйнага прылаўка ён выбраў хустку маці. Раптам яму прыглянуўся прыгожы зялёны паясок. «Чаму б мне не купіць яго для Анежкі?» Павагаўся хвіліну, ці зручна, і таксама выпісаў. Марфачцы выбраў школьны партфель.

Ужо калі выходзіў з магазіпа, успомніў, што нядобра будзе з пустымі рукамі развітацца і з цёцяй Машай. Вярнуўся і яшчэ купіў адну хустку.

Цёця Маша была так расчулена, калі Алесь аддаваў ёй падарунак, што нават выцерла вочы ражком хусткі.

— Вось калі хто-небудзь прыедзе з вас, дык мне так радасна, — гаварыла яна, выпраўляючы Алеся ў дарогу. — У мяне ж, апрача вас, нікога няма!.. Не забывайцеся ж!..

І Алесь адчуваў сэрцам яе сапраўдную ласку.

Праз дзве гадзіны ён ужо сядзеў у поездзе, які ішоў на Маладзечна.

Зноў мільгалі перад ім знаёмыя лясы, палі і пералескі. Паглядаючы ў акно, ён заўважыў, як хутка імчаліся вагоны, а сэрцам спяшаўся яшчэ больш і ўжо даўно быў на возеры Доўгім.

 

Х

Калі Алесь пад’язджаў бальшаком да дому, ён заўважыў навакол некаторыя змены. Дзе-нідзе шлях быў крануты жоўтымі крапінамі, пажаўцелымі лісцямі, апаўшымі з бяроз. Ды і неба здавалася больш пругкім і такім адчувальным, як быццам хто выкаваў яго з тонкае сіняе сталі, «Час не чакае, хутка падыдзе і восень», — думаў ён, і клопаты аб тым, каб хутчэй распачаць будаўніцтва, усё нарасталі. Дамоў Алесь з’явіўся пад вечар, тады, калі першыя агеньчыкі хат замільгалі ўжо над возерам. Сядзелі пры лямпе і Агата з Марфачкаю, калі Алесь паказаўся ў дзвярах. Узрадаваная маці хутка паднялася з-за стала насустрач сыну.

— Вось добра, што ты дома, а мы ўжо думалі, што сёння ты не прыедзеш, сынок...

Марфачка замілавана паглядзела на брата, чакаючы, што ён павінен сказаць нешта новае.

Алесь не прымусіў сябе чакаць. Паставіў чамадан на лаву і, раскрыўшы яго, дастаў падарункі.

— Вось табе, маці, — узмахнуў ён у паветры сіняю ў гарошынку хусткай, — а гэта Марфачцы, — і падаў сястры партфель. На хвіліну Алесь замяўся, заўважыўшы ў кутку чамадана зялёны паясок, але ціхенька прыкрыў яго паперамі.

Агата пацалавала сына ў шчаку, а малая толькі зачырванелася і адбегла ў куток разглядаць свой падарунак.

Вечарам Алесь расказваў аб сваім падарожжы ў Мінск, а маці дзялілася калгаснымі навінамі.

— Ведаеш, сынок, — захаплялася яна, — калі ўзяўся за справы Рудак, у нас на ферме ўсё змянілася. Каторы дзень падкормліваем кароў канюшынаю і вікаю. І паверыш мне, што жывёла павесялела.

— Абавязкова наведаюся да вас, маці, — абяцаў Алесь, а сам думаў пра тое, за якія справы брацца ў першую чаргу. Мяккі па характары, непалахлівы, але без вялікага вопыту, ён часта непакоіўся і цяпер, апрача будаўніцтва ды аб Анежцы, ні аб чым не думаў. Першая сур’ёзная самастойная справа ў жыцці дзіўным чынам пераплялася ў яго з першым глыбокім пачуццём, і гэта стварыла для яго зусім асобны свет надзей, трывогі і клопатаў. На ўсё навакольнае, ад самага малога да вялікага, ад здарэнняў на сяле да міжнародных падзей, ён глядзеў праз прызму сваёй справы і свайго кахання.

Крыху пасядзеўшы ў хаце, Алесь сабраўся пайсці да Рудака, але маці ўгаварыла:

— Куды ты пойдзеш, адпачні з дарогі. Чалавек ён сталы, напрацаваўся — навошта трывожыць? Усё роўна за адну ноч нічога не зменіцца.

І хоць ён паслухаўся старой, таму што сапраўды моцна стаміўся: хутка распрануўся і лёг на ложку ў сенцах, але доўга заснуць не мог. Некалькі разоў парываўся, каб устаць і пайсці на сяло, толькі не хацелася непакоіць маці. Так і варочаўся ён на адзіноце са сваімі думамі. Па некалькі разоў перабраў у памяці ўсё, што трэба зрабіць назаўтра, уявіў сваю гаворку з Барысам Васільевічам і нават паспрачаўся. Яму ўсё здавалася, што той будзе замаруджваць справу. Пабываў у калгасе ў Круміня і заехаў да Мешкяліса.

А вось калі ў марах з’явіўся туды, дык, вядома, не абмінуў Анежкі. Адразу ўсплыў на вочы зялёны паясок, які ляжыць у чамаданчыку, і клопаты ахапілі ўсяго: а як яму аддаць гэты падарунак? Але больш за ўсё хвалявала тое пісьмо, што паслаў з Мінска. Ці атрымала яго Анежка? А калі атрымала, дык як паглядзела на яго прызнанні?

Неспакойна спаў Алесь гэтую ноч. Толькі пад раніцу заснуў так моцна, што нават не пачуў, калі прыйшоў Захар Рудак у хату. Разбудзіла яго, як ні стараўся Рудак гаварыць ціха, гаворка з Агатаю. Яшчэ скрозь сон Алесю чулася, як той распытваў пра справы на ферме. А ледзь Алесь заварушыўся на ложку і адплюшчыў вочы, Рудак адразу кінуўся да яго:

— Я яшчэ ўчора дазнаўся, што ты прыехаў, не хацеў толькі трывожыць з дарогі. Здароў, брат, з прыездам!.. — І прысеў на зэдлік, што стаяў каля ложка. — Ну, як там, у нашай сталіцы, хваліся...

Алесь толькі здаволена ўсміхнуўся і замест адказу, выцягнуўшы з кішэні пінжака акуратна складзеныя паперы, разгарнуў іх перад Рудаком.

Той схапіў іх абедзвюма рукамі і ўважліва чытаў, трымаючы ледзь дрыжачымі пальцамі.

— Ну і малайчына ты, Алесь! — як бы гэта залежала толькі ад таго, што той з’ездзіў, хваліў Алеся Рудак. І, ускочыўшы з зэдля, захадзіў па хаце. — Цяпер, значыць, на поўны ход!..

— На поўны ход, таварыш Захар! — захоплена гаварыў ужо і Алесь, саскочыўшы з ложка. — Не ведаю толькі, як там у нашых сяброў?

— Прыехалі на дзень раней за цябе. Я нават ужо злаваўся, што ты так бавішся.

— А як справы?

— Таксама добрыя. У Вільнюсе і ў Рызе нас, брат, не пакрыўдзілі.

— Добра было б сустрэцца з імі.

— Не ведаю, ці будуць яны, а Круміня і Мешкяліса я запрасіў, каб сягоння прыехалі абавязкова.

— Дык, выходзіць, затрымка толькі з праектам?

— Паглядзім, давай збірайся хутчэй, ды да інжынера сходзім.

— Ты ж толькі абедаць не забывайся, — крыкнула маці праз акно на вуліцу, па якой да школы, захоплена размаўляючы і шырока размахваючы рукамі, ішлі ўжо Алесь з Рудаком. Гэта была звычайная мальба ўсіх матак на свеце, і, як усе на свеце сыны, Алесь прапусціў гэта міма ўвагі.

Захар Рудак па дарозе да школы расказваў Алесю пра калгасныя навіны, якіх, як гэта ні дзіўна, за чатыры дні назбіралася багата. І на самой справе, часамі здаецца — жыве сабе сяло і жыве, і нічога ў ім цікавага не адбываецца і адбыцца не можа. А між тым, як глыбокая плынь пад люстранаю гладдзю ракі, тут рухаюцца свае падзеі, узнікаюць свае спрэчкі і супярэчнасці. Мінае некалькі год, глянеш — і сяло не тое, і людзі змяніліся, нават думаюць і гавораць неяк іначай... Пералічваючы ўсё, што здарылася за гэты час, Рудак не забыўся памянуць і пра лістоўку:

— Аддаў каму належыць... Цяпер трэба на месцы прыгледзецца, хто ў нас гэтым займаецца...

Падыходзячы да школы, Алесь адразу адчуў першыя адзнакі восені. На двары стаялі вынесеныя з класаў парты, сталы і школьныя дошкі. А каля іх тупаў, аглядаючы, Якуб Панасавіч. Ён меркаваў сам, дзе што спатрэбіцца паправіць, каб потым дагаварыцца з бацькамі вучняў.

— Прыляцеў, арол! — прывітаўся з Алесем стары настаўнік.

— А як жа, вяду да Барыса Васільевіча, — адказаў замест Алеся Рудак. — Інжынер дома?

Якуб Панасавіч схіліў галаву ў адказ і павёў іх на ганак.

Барыс Васільевіч сядзеў перад разгорнутым планам за сталом. Так ён і не адышоўся ад стала, калі ўвайшлі Гаманёк і Алесь з Рудаком.

— Дык у вас ужо справа рухаецца? — запытаўся здаволены Алесь.

Барыс Васільевіч, разгладзіўшы вусы і хітравата прыжмурыўшы вочы, сказаў:

— Справа ідзе. Сутак вось толькі не хапае, у начы дня пазычаем!

Ён падаў Алесю эскізны праект будаўніцтва, нанесены на кальку. Той угледзеўся ў яго і занепакоіўся:

— А як жа мы будзем рабіць з машынамі? З тымі, што будуць патрэбны на плаціне, і з тымі, якія трэба ставіць у катлаван?

— Ды вельмі проста... Спуск вады застаецца там жа, на млыне, а для машын трэба пабудаваць новы, моцны мост.

— На гэта ж спатрэбіцца пры нашых магчымасцях, можа, два, а то і тры месяцы...

— Ну, і што з таго? Вось каб у вашых машын выраслі крылы, тады іншая справа...

— Не, так не пойдзе, — падняўся Алесь і захадзіў па класе. — Мы зацягнем будаўніцтва, а гэтага нельга. Я думаю зрабіць прасцей. Перакрыць зусім спуск вады моцнай земляной плацінай. Хутка і танна!

— І паставіць пад рызыку катлаван, — скрывіўся Беразінец. — Вада збярэцца такая, што аднойчы разбурыць усё... І вам давядзецца выклікаць вадалазаў, каб ратаваць машыны.

— Я ўпэўнены, што гэтага не будзе. Мы ўзмоцнім перамычку на канале, які злучае азярцо перад млынам з возерам Доўгім.

— А што, калі не ўгадаеце?

— Угадаю. Наша возера вялікае. Лета сухое. Вады збярэцца мала.

— Я не веру ў гэта і не раю вам. — І, раззлаваўшыся, Беразінец махнуў рукой. — Нарэшце, рабіце, як хочаце, а я буду рабіць па-свойму.

Невядома, як далей разгарэліся б спрэчкі, калі б з двара не з’явіліся Каспар Крумінь з Янам Лайзанам і Мешкяліс з Йонасам. Яны па-сардэчнаму прывіталіся з усімі.

— Свейке, сябры!.. Свейке! — усклікваў, паціскаючы рукі, Мешкяліс, і па твары яго, які расплываўся ва ўсмешцы, было відаць, што Юозас нечым моцна задаволены. Па-старэчаму спакойна, але з прыкметным ажыўленнем паглядаў і Ян Лайзан.

— Вось добра, што ўсе сабраліся, бо ў нас тут найшла каса на камень, — праказаў Якуб Гаманёк, запрашаючы ўсіх сесці.

— А ў чым рэч? — запытаў павольна Каспар Крумінь, прысаджваючыся на ўскраі стала, на якім была разаслана калька з эскізам.

Каспару хацеў адказаць Якуб Панасавіч, але заўважыў, што гэта збіраецца зрабіць сам праекціроўшчык, і змоўчаў.

Барыс Васільевіч некалькі разоў пакратаў вусы і тонам, у якім адчуваліся яшчэ ноткі крыўды, сказаў:

— Не давяраюць мне... Я прапаную будаваць мост для падвозкі матэрыялу, а вось таварыш Іванюта кажа, што не трэба.

Надышло нейкае няёмкае маўчанне. Алесю хацелася сказаць, што ён зусім не хоча станавіцца наперакор, а хоча толькі паскорыць будаўніцтва, але ён парашыў паслухаць другіх.

— Я думаю, што так, як гаворыць Барыс Васільевіч, і рабіць трэба! — умяшаўся ў размову Ян Лайзан. Па-першае, ён больш давяраў інжынеру Беразінцу, чалавеку сталых год, а па-другое, яму прыгадалася ўжо адна Алесева памылка з млынам.

— Я таксама згодзен, праекціроўшчык адказвае за ўсё! — далучыўся да думкі Лайзана Захар Рудак. — Я думаю, таварыш Алесь, што заўсёды не шкодзіць слухацца старэйшых.

Алесю было крыўдна, але ён не хацеў спрачацца.

— Што ж, я не пярэчу, хоць пакідаю за сабою права падумаць, — праказаў ён усхвалявана. — У маёй прапанове ёсць рызыка, але ёсць і велізарная выгода... Не рызыкуе скруціць сабе галаву адзін толькі слімак, які па лісце поўзае...

Сказаўшы гэта, Алесь падумаў, што выйшла крыху рэзкавата, і адначасова адзначыў у сабе новую рысу — упартасць і здольнасць нервавацца за справу. Ніколі раней не адчуваў.

Беразінец, які таксама не любіў заставацца пакрыўджаным, збіраўся адказаць Алесю не менш востра, але ўмяшаўся Юозас Мешкяліс.

— Значыць, можна работу пачынаць? — спытаў ён.— Так, таварыш Беразінец?

— Я думаю, таварыш Іванюта сам добра ведае, што можна рабіць. Вы работу фактычна ўжо вядзеце — матэрыял падвозіце. Час брацца за земляныя работы. Па-мойму, можна пачынаць капаць канал, які павінен павярнуць воды рачулкі Пагулянкі да возера Доўгага, праўда, таварыш Іванюта? — звярнуўся ён нават да Алеся.

— У гэтым я з вамі згодзен, — кіўнуў бяляваю галавой Алесь, падышоўшы да Беразінца.

— Ну вось, значыць, працы ў вас хопіць, аж зашмат, пакуль я праект скончу, — спакойна цягнуў сваю гутарку Барыс Васільевіч.

— Гэта яшчэ невядома, як мы рабіць будзем. А можа, і не хопіць, — не вытрымаў, каб не ўставіць свайго слова, няўрымслівы Мешкяліс.

— Ого, які ты порсткі, — перабіў яго паважны Каспар Крумінь.— Давай лепш не гарачыцца, а спакойна рабіць што трэба.

Йонасу ажно стала непрыемна за свайго старшыню, якога, здавалася, незаслужана папраўляюць, і ён паспрабаваў абараніць яго.

Мешкяліс, які знайшоў сабе падтрымку, зноў перайшоў у атаку:

— Ты думаеш, я на ўзвей-вецер гавару так, паважаны таварыш Крумінь? А што ў нас ёсць, ты ведаеш? Я не хачу гаварыць, лепш ты скажы, таварыш Йонас, што ў нас ёсць...

Йонас адвярнуўся ад акна і, зачырванелы, маўчаў.

— Ну, што там у цябе, Йонас, кажы! — падганяў яго Алесь.

— Калі Юозас пра тое думае, што я, дык гэта пра трактар, які нам у Вільнюсе далі.

Ян Лайзан палічыў, відаць, патрэбным таксама ўмяшацца ў гаворку:

— А я што, па-вашаму, дарма ў Рыгу ездзіў, ці што? Мне як старому рыжаніну ні ў чым не адмовілі: пакуль мы сваё святло пабудуем, нам ужо ў Рызе святло далі. Маленькую перасовачную станцыю, вось як!.. — І ён паважна падняў руку ўгору.

— Выходзіць, што мне трэба за Мінск слова сказаць, — прадоўжыў Алесь. — Далі нам таксама добрую рэч. Славуты экскаватар «Сута». Пабачыце, як ён будзе горы варочаць!

— Ну, дык што я казаў, хіба мы не здолеем нашых планаў перавыканаць? — усё яшчэ гарачыўся Юозас Мешкяліс. — Я ж помню, як у нас у дывізіі...

— Пачакай ты з дывізіяй, Юозас, — перапыніў яго Каспар Крумінь. — Тут вось што нам важна сёння вырашыць. Барак, сталоўку трэба нам пабудаваць, каб было дзе нашым людзям жыць гэты час і харчавацца. Што ж, людзі на сухім пайку з дому электрастанцыю будаваць будуць?

— Вось вам працы, хоць адбаўляй. Праўда, таварыш Юозас? — звярнуўся да Мешкяліса Беразінец.

— Не клапаціцеся, зробім! — стаяў на сваім Мешкяліс.

— Ну, дык і я сваю зраблю! — запэўніў Барыс Васільевіч. — Затрымкі не будзе. А цяпер, каб мне яшчэ сягоння трапіць на поезд, я павінен развітацца...

— Чакайце, мы вас завязём, — прапанаваў Захар Рудак.

— Навошта вам, я еду дахаты, я і завязу Барыса Васільевіча на станцыю, яна да нас бліжэй, — сказаў Йонас, і ўсе з гэтым пагадзіліся.

Беразінец, акуратна згарнуўшы паперы ў партфель, выняўшы з-пад драўляных козлаў, якія замянялі яму ложак, свой чамадан, пачаў развітвацца і, падышоўшы да Алеся, па-сяброўску паціснуў яму руку.

— Не крыўдуйце на мяне, я хачу, каб усё было як мага лепш.

— Я таксама гэтага хачу, Барыс Васільевіч.

І яны развіталіся без ценю непрыязнасці.

Алесь адчуў, што ўся адказнасць за падрыхтоўчыя работы ляжыць цяпер толькі на ім. Вось чаму ён наважыў зараз жа выкарыстаць зручны момант і пачаць усюды працу арганізавана.

— Як бачыце, таварышы, калі на добрае, ні ў чым і ніякай затрымкі ў нас быць не можа. Я згодзен з таварышам Мешкялісам, што пры тых машынах, якія мы будзем мець, можна справу зрабіць значна хутчэй, чымся думалі. Давайце ж паскараць нарыхтоўку матэрыялаў, а галоўнае — рабіць земляныя работы, пакуль ёсць час да замаразкаў. Правільна, што перш-наперш трэба нам пачынаць капаць канал з боку Пагулянкі. Хто б гэта мог узначаліць?

— Што за пытанне? — перабіў яго Мешкяліс. — Наша рэчка, дык хто яе павінен павярнуць на дружбу, га? Ясна, што наш калгас, «Пергале». Рэчка наша завецца Пагулянка. Вось мы ёй і скажам: досыць ты ўжо нагулялася за стагоддзі, давай папрацуем на дружбу! Правільна я кажу, таварышы? — І Юозас здаволена адхінуўся на крэсле.

— Правільна! Але, мусіць, і нам нешта сваё трэба зрабіць, — прапанаваў Рудак.

— Ну, а калі пра баракі казаць, дык усе, мабыць, згодзяцца з тым, што я там тое-сёе магу пасобіць і нават зрабіць, — прагучаў з кутка спакойны голас Яна Лайзана.

Алесь, перад якім адкрывалася цяпер многа неадкладных спраў, быў усцешаны тым, што адчуў у калгаснікаў такую вялікую падтрымку. Ён не мог утрымацца, каб не пахваліць Лайзана:

— Правільна, дарагі дзеду Ян, за ўсё нам цяпер трэба брацца дружна, і я вельмі рад, што вы ахвотна прапануеце свае паслугі.

Якуб Папасавіч, які ўвесь час сядзеў за сталом, падняўся і, падышоўшы да Лайзана, абняў таго за плечы.

— Дык я думаю, таварышы, каб нам не марудзіць, ведаеце-разумееце, пойдзем і выберам адразу мясціну пад барак і сталоўку, а там і пачнём, — пайшоў Гаманёк да дзвярэй, а за ім услед рушылі ўсе.

Алесю было добра, што цяпер у яго распачынаецца самая праца, на якой ён зможа давесці, што недарма столькі год праседзеў за кніжкай. Праўда, яго трывожылі сутычкі, якія адбыліся паміж ім і праекціроўшчыкам Беразінцом. Яшчэ больш непакоіла, што яго не падтрымаў Захар Рудак. Але ён ішоў з усімі ў бок млына, дзе меркаваў будаваць барак, размаўляў аб тым, з чаго перш-наперш распачынаць працу, і настрой яго ўвесь час павышаўся. «Быць не можа, зраблю ўсё як належыць», — думаў ён, і ўсё яго цешыла. І тое, што такія паважаныя людзі, як Ян Лайзан і Якуб Панасавіч, ідуць цяпер з ім, і тое, што далёка на ўзгорку ён заўважыў падводы, якія прывезлі лес на будаўніцтва. Нават першыя ледзь кранутыя жаўцізною лісты на малых бярозках не засмучалі, а як бы асвятлялі дарогу. Толькі на хвіліну нешта нібы балюча заварушылася ў грудзях, гэта тады, калі ўспомніў пра Анежку. Што з ёю? Ці атрымала яна пісьмо?..

— Дык вось дзе, я мяркую, і стаяць бараку, — перабіў яго думкі Ян Лайзан, паказваючы рукой на ўзгорак каля млына, да якога яны падыходзілі.

— А лепшага месца і сапраўды няма, адсюль усё як на далоні, — пацвярджаў, тупаючы па ўзгорку, Якуб Панасавіч. — Хто тут будзе жыць, дык адразу будзе ва ўсіх на віду!..

— На віду ўсяго свету і будоўля наша распачынаецца, дык чаго ж нам хавацца! — падтрымаў Гаманька Юозас Мешкяліс.

На тым і спыніліся, што неадкладна на гэтым месцы трэба будаваць барак і сталоўку.

Калі ўсе ўжо развітваліся, збіраючыся дахаты, Захар Рудак затрымаў Круміня і Мешкяліса. Яго, апрача будаўніцтва, непакоілі справы свайго калгаса.

— Хадзем, парайце, што мне рабіць, бо я новы чалавек у гэтай справе, не ведаю, за што і ўхапіцца.

І Захар Рудак павёў іх на ферму. Алеся ён таксама ўгаварыў пайсці разам з імі.

— Эх-ха-ха!.. Нялёгкі наш хлеб, таварышы, — уздыхаў Рудак, дзелячыся з сябрамі думкамі аб старшынскай працы.

— А ты думаў, што ўсё само прыйдзе? Не, браце, пяць пудоў солі з’ясі, пакуль усё да ладу давядзеш, — зазначыў сваё Мешкяліс.

— Ты толькі пачаў, а ўжо стогнеш,— усміхнуўся Каспар.

— Тут застогнеш, калі ўбачыш такое! — І Рудак паказаў сябрам на шырокі забруджаны двор жывёлагадоўчай фермы.

І сапраўды, выгляд фермы быў прыкры. Велізарная, яшчэ, мабыць, панская, стадола стаяла без ніякага догляду. Драўляныя сцены дзе-нідзе пакрывіліся ад часу, а месцамі бярвенне са сцен павыпіналася і ледзь ліпела, вось-вось гатовае пасыпацца. На страсе паміж зялёнага моху чарнелі шматлікія дзіркі. Кучы гною ляжалі скрозь на двары. Па іх, відаць, тапталіся каровы і людзі.

— Невясёлы малюнак, — сказаў папросту Юозас Мешкяліс. — Хто гэта ў цябе фермай кіруе?

— Кіраваў Язэп Пілюта. Бачыш, да чаго дакіраваўся, цяпер ужо не кіруе. З учарашняга дня прагнаў.

— Чаго ж вы глядзелі? — спачувальна, але даволі сур’ёзна прагаварыў і Каспар Крумінь.

Рудак маўчаў, таму што яму не хацелася звальваць віну на хворага Самусевіча.

Маўчаў і Алесь. Яму было непрыемна. Ягоная маці працавала на ферме, і ён як бы адчуваў тут і сваю віну за тое бязладдзе, якое яны цяпер угледзелі.

Усярэдзіне таксама было мала парадку. Кучы непрыбранага гною, тонкія жардзіны ледзь адзначалі асобныя стойлы, нават дарожка пасярод хлява была забруджаная так, што пад ботамі чаўкала. Толькі ў канцы яны выйшлі на мясціну, якая вызначалася лепшым выглядам.

— Вось тут ужо іншая справа!.. — заўважыў Мешкяліс. — Тут адчуваецца, што працуе рупны чалавек...

— А каб усе рабілі, як робіць наша Агата! — пахваліўся Захар Рудак. — Не такую б ферму мы бачылі! А знаеце, хто яна? Вось каго маці! — Ён паказаў на Алеся, і той густа пачырванеў.

— Значыць, будзе парадак і ў нас, калі такая школа ў яго, — пажартаваў Юозас.

— А дзе каровы? — запытаў Каспар.

— Каровы на пашы, ды ты, мусіць, бачыў, — адказаў Рудак.

— Няма чым пахваліцца, праўду казаць, — заспяшаўся зазначыць Мешкяліс.

З такімі, даволі непрыемнымі, размовамі яны выйшлі з аборы. Захару Рудаку і самому не хацелася доўга быць там, не толькі яго гасцям. Яны адышлі моўчкі на якія паўгоні ад сяла і, не згаворваючыся, прыселі на ўзмежку. Усім хацелася нешта сказаць, але ніхто не пачынаў першы. Захар Рудак церабіў у руках сарваную з мяжы былінку.

— Дык вось, бачыце, сябры, які ў нас парадак, — прамовіў ён, бо бачыў, што тыя не збіраюцца гаварыць і што нават Юозас вельмі спахмурнеў.— Горш няма куды!

— Благі твой Самусевіч старшыня, калі да гэтага давёў! — махнуў рукой нарэшце Мешкяліс.

— Чорт яго бяры, Самусевіча, а што рабіць? — пытаўся ў сяброў Рудак.

— Дык ты ж сам казаў, што за ўсё трэба брацца разам, вось і бярыся! — прагудзеў Каспар.

— А як?

— Раней за ўсё ферму сваю прывядзі ў парадак. У ёй жа страшна жывёлу трымаць!

— Дык і трымаць не вельмі што ёсць. Хвастоў многа, а толку мала.

— Што, і летам у вас каровы не паправіліся? З зімы, я бачыў, адны драбы выйшлі.

— Не, цяпер многія ўжо ад’еліся, — расказваў Рудак, — асабліва за апошні час, калі падкормліваць пачалі, але парода дрэнь. Ты яе раскармі, а больш, чым можа, яна табе не дасць!..

— Так... так... — мармытаў сабе ў рыжыя вусы Каспар Крумінь, ужо здагадваючыся, куды гне Рудак, і прыкідваючы, колькі пародзістых цялят і па якой цане захоча ён купіць у яго і ў Мешкяліса. Чалавек сур’ёзны, які думае шырока, ён гатовы быў дапамагчы суседу, але клапаціўся і пра свой статак.

— А ведаеце, што я вас папрасіў бы, сябры! — не спыняўся Захар, думаючы, што ўжо глеба падрыхтавана. — Ці не пайшлі б вы мне насустрач? Нарыхтоўку табе, Юозас, трэба здаваць? Вось і зрабі нам такую ласку: вазьмі ў мяне па вазе добра адкормленых дзесятак кароў і здай на мяса, а мне дай сваіх пародзістых...

Мешкяліс замычаў і задумаўся. Нічога такога не прыходзіла яму ў галаву, і ён раздумваў — ці не будзе страт ад гэтага і ці пагодзяцца калгаснікі.

Але на дапамогу Рудаку прыйшоў Каспар Крумінь. Гэтая думка зацікавіла яго, бо, звычайна павольны, ён ажывіўся, і вочы на твары глянулі святлей. Ён хутка прыкінуў усю справу абмену, зразумеў, што ніхто тут не траціць.

— Добры з цябе некалі гаспадар выйдзе, Захар!

— А знаеш, Юозас, ён праўду кажа! Табе ўсё роўна, а яму вунь якая дапамога.

Відаць было, што і Мешкяліс не вельмі ўпіраецца, аднак ён прывёў яшчэ адно сумненне:

— Я-то не супраць, але што ўсё праўленне скажа...

— А я табе і не раю без праўлення вырашаць. Але ж ты ведаеш з вопыту, што добрую справу заўсёды калгаснікі падтрымаюць.

— Дык па руках? — настойваў Рудак.

— Па руках, Захар! — І Мешкяліс, падняўшыся, моцна паціснуў рукі Рудаку і Круміню.

Не ўтрымаўся і Алесь, каб не прывітаць усіх з добраю справай:

— Адна галавешка і ў печы не гарыць, а дзве і ў полі не гаснуць. Значыць, за ўсё бярэмся адразу! — сказаў ён неяк асабліва ўрачыста. — І, галоўнае, дружна!..

— Дружна, таварыш Алесь! — пацвердзіў Каспар і абвёў кругом возера рукою, дзе ў лёгкай шэрані віднеліся хаты суседніх сяліб.

— Аднак мне пара і дадому, — успомніў Каспар і пачаў развітвацца.

— Ды і я забавіўся, — сказаў Юозас. — У мяне таксама спраў — чорт галаву зламае...— І стаў развітвацца.

Разышліся і Захар з Алесем. Рудак павярнуў зноў да фермы, якая болей за ўсё яго непакоіла, а Алесь пайшоў на ўзгорак да возера, куды падвозіліся матэрыялы. Хацелася прайсціся і сабрацца з думкамі пасля ўсяго, што адбылося. Непакоіла яго і думка аб Анежцы. Як яна паглядзела на яго пісьмо? «Не, відаць, праўду старыя кажуць, што каханне як магніт цягне». — І ён усміхнуўся.

Свежы вецер забіраўся пад яго расхрыстаную кашулю. Яшчэ на дварэ жнівень, і восень нялёгка прыкмеціць, але Алесь, які нарадзіўся і ўзгадаваўся ў вёсцы, добра распазнаваў ледзь прыкметныя подыхі восені. Чырвань кранула жоўтыя ягады рабін, лёгкі пух адуванчыкаў лётае на полі, а з адзінокае ліпы сарваўся і праляцеў цераз дарогу маленькі пажоўклы ліст. Тлустыя шпакі, сабраўшыся гуртам, пырхалі над палеткамі ячменю. Тое ж сіняе неба не было ўжо такое лагоднае, як некалі ў чэрвені, але сэрца не хацела пагадзіцца з гэтым.

Алеся непакоіла невядомасць таго, як сустрэнецца з Анежкай. Ён прысеў на валун на беразе возера і глядзеў у бок Лукштаў. Далёка на ўзгорку, каля сіняга ўскрайку лесу, стаялі хаты. З іх ён выбраў адну — з белым комінам, які, здавалася, стаяў, як маяк, на фоне хмарнага неба... Алесь ведаў, што ў гэтай хаце жыве яна — Анежка Пашкевічайтэ, якая ўсхвалявала ягонае сэрца. «Дзе яна цяпер? Ці кахае яна мяне?» І хоць Алесь ніколі не верыў ні ў якія забабоны і прымхі, сарваў рамонак і пачаў варажыць: «Любіць, не любіць... Што за чорт? Ужо некалькі разоў выходзіць адмоўны адказ». Ён зрывае рамонкі зноў і зноў, пакуль, нарэшце, не выйшла жаданае... Тады ўздыхнуў. Яму вельмі захацелася пабачыць Анежку, пачуць яе смех, падобны на пераліўчасты званочак, глянуць на заружавелыя шчочкі, пачуць лёгкае шалясценне тае ж самае зялёнае сукенкі, у якой ён бачыў яе апошні раз. Няўжо гэта сёння можа здарыцца? І хоць ён амаль не верыў у гэта, але сам быў прыбраны, як да сустрэчы. Ён сядзеў у той жа кашулі, што прыехаў з Мінска, старанна прычэсаны. Нават новы камсамольскі значок прыкалоў. «Не прыходзіш, Анежка! Ты, відаць, каб і ведала, што я тут, не прыйшла б? А нарэшце, які я вар’ят! Чаго я хачу? Таго, каб мяне адчувалі на адлегласці. І наогул трэба падумаць, што будзе ў мяне наперадзе. А чакае работа, і не маленькая... Трэба пра гэта дбаць. Нездарма кажуць разумныя людзі — чалавек на рабоце харашэе».

Ягоную ўвагу прыцягнула адзінокая постаць, якая віднелася здалёк і сцяжынкаю бралася да сяла. «Хто б гэта мог быць?» — падумаў Алесь. На момант кальнула: «А можа, Анежка?..» Але прыгледзеўся добра, пазнаў — гэта была Адэля Гумоўская. Адэля не выклікала ў навакольных падазрэнняў, бо яна заўсёды трымалася ад бацькі незалежна. Хадзіла на ўсе вясковыя вечарынкі. І ніхто не думаў, што яна можа хаваць супраць іх нешта нядобрае. А яна хавала, бо кахала Казюка Клышэўскага яшчэ змалку, і сапраўды верыла, што неўзабаве прыйдзе іхняе шчасце. Да таго ж яна была вельмі прывязана да свайго старога бацькі, які пераканаў Адэлю, што ўсё, што ён робіць, — толькі дзеля яе...

Але нялёгка было разабрацца сёння ў Адэлінай душы. Хмурынка сумнення запала і ў яе сэрца. А ці той гэта Казюк Клышэўскі, якога яна кахала? Дзе той юнак з ласкавымі і смелымі шэрымі вачыма, якому, здавалася, няма супыну, што так ірваўся, нават сваёй постаццю, уперад. Хіба гэты худы, пазелянелы ад злосці, з пагаслымі вачыма чалавек — яе каханак Казюк Клышэўскі? Выгляд яго — выгляд мерцвяка, якога пара класці ў дамавіну.

А колькі магло быць крыві на яго руках... І яна скаланулася. «Чаму я не разгледзела гэтага раней? Вось дзе хлопец!» — аж уздыхнула яна, глянуўшы на Алеся. Але гэта на момант. А пасля ўзяло верх старое. Нешта цёплае разлілося ў яе грудзях. Чаму Казюк стаў такі? Ён жа казаў, што змагаецца за Малінаўку і за яе. Хіба не гонар быць такім чалавекам? Як яна магла сумнявацца ў гэтым? І чым лепшы за яго гэты інжынер, які вучыўся за кошт дзяржавы, атрымоўвае, відаць, немалыя грошы і якому няма чаго баяцца?

Адэля знікла за пагоркам, і Алесь заўважыў, што яна даволі ладная і статная, куды прыгажэйшая за Лізу... Злавіўшы сябе на гэтай думцы, ён адчуў нейкую прыкрасць у душы і пайшоў туды, на ўзгорак, куды пад’язджалі падводы з лесам. «Чаго яна тут сноўдаецца бесперастання?»— падумаў ён, але клопаты, якія паўсталі перад ім цяпер, засланілі ўсё.

На ўзгорку, куды звозіліся матэрыялы, стаяла гамана. Ля груды бярвення распрагала свайго каня цётка Восілене, і яе звонкі голас разносіўся далёка навокал. Алесь аж страпянуўся ад нечаканасці: «Яна ж ведае ўсё пра Анежку».

Ён падышоў да яе і, крыху разгубіўшыся, прывітаўся. Затое Восілене нішто не ўзрушыла. Яна першая напала на Алеся:

— Што гэта не відаць вас, таварыш начальнік? Паабяцалі прыйсці да нас, а вашага і носа не відно.

— У ад’ездзе быў, — спрабаваў апраўдацца Алесь.

— А як жа, мы чулі, што ты быў у ад’ездзе, — яшчэ больш задзёрыста праказала Восілене. — Аб гэтым не толькі я, а ўсё «Пергале» гаворыць.

— А што такое? — ажно пабялеў Алесь, здагадваючыся, што яго пісьмо перахоплена. Ён аглянуўся навокал і, заўважыўшы, што нікога няма побліз, больш рашуча прыступіўся да Восілене.

— Што здарылася? Скажыце, — адчуваючы небяспеку, прасіў ён.

Восілене спахмурнела, што з ёю бывала рэдка. Відаць было, што тое, аб чым яна збіралася гаварыць, яе таксама моцна хвалявала.

— А здарылася, дарагі таварыш Іванюта, такое, што цяпер усім непрыемна. І вам, і Анежцы, і калі хочаце ведаць, дык нават мне. Пісьмо ваша перахапілі старыя Пашкевічусы. І цяпер Анежка плача...

— Што вы кажаце? — абурыўся Алесь,— Якое яны мелі права?

— Пашкевічусы — такія людзі, якія жывуць па сваіх законах, яны не глядзяць на тое, што можна... А здарылася гэта так, што пісьмо трапіла Пранасу Парэчкусу, і ён раззваніў пра гэта бацькам і на ўсё сяло.

— Можа, прысядзеце, — прапанаваў Алесь Восілене, і тая згадзілася. Яна разумела, што Алесь горка перажывае сваю непрадбачлівасць, але разам са спачуваннем у ёй узнімалася і пачуццё нездаволення. Не маленькі, мог бы ўжо лепш разбірацца ў людзях і характарах, разумець, што можна і чаго нельга.

— Дык, значыць, мне нельга паказацца на вочы Анежцы? — дапытліва глянуў на Восілене Алесь.

Алесю хацелася выпытаць у Восілене, можа, яна ведае, як ставіцца Анежка да яго. І хоць гэта каштавала яму многага, імкнуўся ўвесь час навесці гаворку на такі шлях.

— Дык я кажу, — запінаючыся, варочаўся ён да ранейшага зноў, — што за віна атрымаць пісьмо?

— Гледзячы якое, — хітра ўсміхнулася Восілепе, і на момант стала Алесю непамысна.

— Ну, проста ад хлопца да дзяўчыны...

— Дзе што слова — кахаю!

Алесь зачырванеўся, але, перасіліўшы сваю сарамлівасць, рашуча заявіў:

— Ну і кахаю... моцна кахаю... А што, хіба няможна?

— Як думаюць Анежкіны бацькі — няможна... Яны ніколі не згодзяцца, каб іхняя адзіная дачка пакахала беларуса, ды яшчэ бязбожніка...

— Дык гэта ж у стары час так было.

— А яны і цяпер думаюць, як у стары час. Ды яшчэ Пранас Парэчкус дадаў ім жару, што некалі твой дзед і дзед Анежкі ў касцёле галовы ледзь адзін другому не праламалі.

— Я чуў пра гэта сам, — занепакоіўся Алесь. Ён нават спрабаваў перайсці на жарт. — Праз гарэлку, відаць, усё гэта. Нездарма ж кажуць — дзе поп царкву ставіць, там пан карчму ладзіць. Каб я тады жыў, дык гэтага б не дазволіў. Мы ж зусім новыя людзі. Няўжо мы будзем жыць старымі д’ябальскімі звычаямі? І як вы думаеце, цётка Восілене, няма ў мяне ніякай надзеі? Няўжо Анежка так слепа падпарадкоўваецца ім? — І, не чуючы адказу Восілене, Алесь безнадзейна махнуў рукою. — Відаць, я адзін толькі пакутую... Толькі надакучаю Анежцы. А яна пра мяне і не ўспомніць...

— Вось гэтага б я не сказала... Не глядзі, што Анежка маўклівая... Яна можа адкрывацца людзям, асабліва мне. — І Восілене з гонарам глянула вакол. — Калі цябе не было, колькі разоў гаварыла аб тым, што нешта доўга няма вас з Йонасам з горада. Думаю, што не Йонас яе цікавіць... А яшчэ я табе скажу, што мяне наводзіць на добрыя думкі. Анежку так абразіў Парэчкус, што яна не размаўляе з ім. Калі б ёй было абыякава тваё пісьмо, яна б пасмяялася, ды годзе...

Алесь ажно павесялеў. Нейкія, хай невялікія, спадзяванні ўзняліся ў яго сэрцы. Не можа быць, каб Восілене маніла. Яна так праўдзіва расказвае аб усім.

— Цётка Восілене... — Алесь схапіў яе за рукі і ледзь не пацалаваў. — Пасоб мне. Можа, мне пайсці з табою і пагаварыць з Анежкай?

— Не раю... Хай усё ўляжацца. Я думаю, што вы яшчэ паспееце пагаварыць...

— Можа, занясеш маю запіску?

— І запіскі не панясу... Хочаш, каб Пранас Парэчкус яшчэ мяне забіў? Нех бэндзе Езус пахвалёны... — І яна зарагатала.

— Ну дык перадайце прывітанне!

— Гэта зраблю...

— Дзякую вам... — Ён гаварыў гэта ад усяе душы і думаў: «Які я быў несправядлівы хвіліну назад. Яна проста цудоўны чалавек». Яму стала нават ніякавата ад успамінаў, што ён нядаўна так непаважна ставіўся да яе.

А Восілене хутка, па-мужчынску, запрэгла каня, спрытна ўскочыла на калёсы, тарганула лейцамі і знікла за ўзгоркам на пергалеўскай дарозе.

Алесь моўчкі абышоў груды матэрыялаў, якія назвозілі да возера. Жаўцела і пахла жывіцай свежае бярвенне. Велізарныя крушні камення ўзвышаліся таксама навокал. «Хутка па-сапраўднаму возьмемся», — падумаў ён і цвёрда закрочыў у напрамку да сяла.

У Доўгім каля канторы яго чакалі Зіна Малькова, Міша Грабоўскі і з імі невядомы стары чалавек. Апрануты ў чысты чорны гарнітур, з медалём «За працоўную доблесць» на грудзях, ён сядзеў на лаве, а побач стаяў пашарпаны ледэрынавы чамадан, па рагах абабіты жоўтаю скураю.

— Вось якраз і ты! — гукнула яму насустрач Зіна Малькова.

— А мы цябе даўно чакалі, — дадаў Грабоўскі.

Відаць, яны збіраліся нешта доўга тлумачыць, але стары падняўся і, разгладжваючы вусы, сам падышоў да Алеся і сказаў, падаючы руку:

— Вось гэта я сам і ёсць!

— Вы будзеце дзядзька Нікіфаровіч? — узрушана запытаўся Алесь.

— Так.

— Як добра, што вы прыехалі!

— А я, сынок, і сам радуюся гэтаму не менш. Паверыш, яшчэ і цяпер прыйсці ў сябе не магу. Гэта ж столькі год, як я адсюль. Усё знаёма і незнаёма... Усё хочацца пабачыць.

— Хадзем дамоў, а пасля пабачыце ўсё, — прапанаваў яму Алесь.

Міша Грабоўскі ўзяўся быў за чамадан, каб занесці яго дахаты, але стары спакойна адвёў яго руку.

— Пачакайце, дзеці! Што я вам скажу... — І ён шырока развёў рукамі, як бы хочучы абняць усіх. — Я ж даў сабе слова, як толькі прыеду ў Доўгае, перш за ўсё схадзіць туды, дзе бацькава хата стаяла. Хай хто занясе чамаданчык, а мы пройдзем, — звярнуўся ён да Алеся.

— Міша, занясі да нас! — папрасіў Алесь Грабоўскага.

— А я з вамі! Добра? — падскочыла Зіна Малькова.

— Добра! — адказаў Нікіфаровіч.

Нікіфаровіч вёў Алеся і Зіну ў той канец сяла, які набліжаўся да млына. Ён з цікавасцю паглядаў паабапал вуліцы і, калі бачыў што знаёмае, раптоўна як бы ўспыхваў.

— Гэта Астапава клець? — паказваў ён на пасівелы, скасабочаны, парослы зялёным мохам свіронак.

— Не, Грышкава, — тлумачыў Алесь.

— Добра, але Грышка Астапаў сын?

— Астапаў.

— Дык гэта ж тое самае. Не кіем, дык палкай...

Нікіфаровіч прывёў Алеся і Зіну аж за сяло, на добрыя гоні ад апошняе хаты, да адзінокага шэрага каменя на полі. Яны бачылі, што хваляванне Нікіфаровіча адбілася на ягоным твары. Вейкі старога часта заморгалі, і сурова сціснуліся губы. Паволі, з жалем, ён загаварыў:

— Тут некалі стаяла наша хата. Вядома, бабыльская... Таму наводшыбе ад сяла. Тут нарадзіўся і я і адсюль пайшоў у свет. Нічога не засталося, як бачыце, цяпер. Адзін толькі гэты камень. — І ён ласкава глянуў на шэрую грамадзіну, што ляжала побліз. — Колькі я па ім паплакаў, чакаючы бацькоў з заробку. Прытулішся да яго, а ён цёплы, нагрэты сонцам...

Нікіфаровіч пастаяў, зняўшы шапку, над месцам, дзе некалі стаяла бацькава хата. Алесь і Зіна маўчалі і не перашкаджалі думаць старому.

— Ну, хопіць,— раптоўна страпянуўся Нікіфаровіч і, насунуўшы шапку на галаву, звярнуўся да моладзі. — Былому — былое, новаму — новае... Хадзем, дзеці! — І пайшоў паперад. Алесь і Зіна, самі сіроты, кожны па-свойму адчулі ў гэтым ахайным прыемным чалавеку нешта бацькоўскае, і іхнія сэрцы адразу сталі прыхільныя да яго.

— Цяпер можна і адпачыць, — вёў ён далей гутарку, — толькі пакажыце, хоць здалёку, дзе вы свой цуд будуеце?

І калі Алесь прасцёр рукі ў напрамку будоўлі, стары Нікіфаровіч запытаў:

— Там, дзе млын?

— Там, дзе млын, — пацвердзіў Алесь.

— Добрае месца!.. А глядзі, там ужо нібы мурашнік, — зірнуўшы ў бок будоўлі, праказаў Нікіфаровіч. — Э-э, ды ў вас там колькі бярвення навезена, — па-гаспадарску заўважыў стары.

— Хадзем адпачнём, — запрашала Зіна.

— Хадзем, дзеці!

І яны накіраваліся да Алесевай хаты.

Ёсць людзі нават добрыя, у прысутнасці якіх, колькі б з імі ні прабыў разам, адчуваеш нейкую сарамлівасць, насцярожанасць. Нікіфаровіч не належаў да такіх.

Не прайшло і гадзіны пасля яго прыезду, а Алесю здавалася, што ён ведае старога даўно і, больш таго, ніколі з ім не разлучаўся. Зіну таксама цягнула да старога. Яна з цікавасцю наглядала, як той, паставіўшы на лаву, паважна разбіраў свой чамадан. Агата, пакрываючы стол, раз-пораз кідала замілаваны позірк туды, дзе стары Нікіфаровіч вымаў адну рэч за другой з чамадана. Міша Грабоўскі з прыемнасцю пазіраў, як у старога ўсё акуратна складзена. Марфачка, тая дык проста прымасцілася побач і пасабляла дзеду парадкаваць рэчы. А стары Нікіфаровіч, адклаўшы ўбок некалькі пар бялізны і кашулі, даставаў інструмент: пласкагубцы, рашпілі, малаточкі, свярдзёлкі... Зазвінелі высыпаныя ім патроны для электралямп і штэпселі. Выняў ён і палажыў на стол некалькі электралямп.

— Яшчэ ж святла няма, дзядзька! — заўважыў Алесь.

— Што прайшло — таго не вернеш, а чаго не было — таму быць,— разважаў Нікіфаровіч. — Мне, брат, не ўпершыню яго праводзіць. Я, браце, электраманцёр па спецыяльнасці. Вось я і езджу са сваім запасам. Ну, а таго, што давядзецца мне гэта рабіць у Доўгім, мне нават і ў свята не снілася, хоць усялякіх цудаў я ў жыцці пабачыў нямала.

 

 

ХІ

Да возера прыкметна падкрадалася восень. На высокіх узгорках рыжэла ржышча. Узвышаліся плячыстыя стагі на паплавах. Сіратлівы бусел, задумаўшыся, стаяў на адной назе і падоўгу глядзеў, павярнуўшы дзюбу на поўдзень. Нават вада ў возеры пацямнела і ўкрылася дробнай шэранню. Прырода паволі засынала. Затое ўсё абуджалася навокал Доўгага. Ля ўзгорка, куды звозілі матэрыялы, усё часцей з усіх бакоў ішлі нагружаныя падводы. Непадалёк перамаўляліся на зрубе барака сякеры. А калі добра прыслухацца, дык ад «Пергале» даносілася вялікая гамана. Гэта працавала моладзь — капала канал ад Пагулянкі да возера.

Алесь памятае, як маўкліва тут было некалі. Тое, што ўсё навокал ажыло і загаманіла, не толькі ўзнімала яго пастрой, але і напаўняла сэрца гонарам: па маладосці, заўсёды некалькі схільнай да любавання сабой, яму здавалася, што хоць і не яго сіла і воля выклікалі да жыцця гэты рух, усё ж такі ён, былы вясковы хлапчук, які калоў ногі тут на ржышчы і цягаў з возера акунькоў і плотачак, стаіць цяпер у цэнтры гэтага ажыўлення і кіруе ім, як той дырыжор у тэатры аркестрам.

З ранку да вечара ён не ведаў спакою. Трэба было паспець усюды. Галоўнае клапаціла — як выкарыстаць час, каб найболей зрабіць да замаразкаў. А больш за ўсё непакоіла справа з катлаванам. «Відаць, пара ўжо брацца за цябе», — думаў ён, паглядаючы на млын, які трэба было разбураць.

Стары млын, сівы ад мучнога пылу, стаяў якраз на тым месцы, дзе павінна была будавацца электрастанцыя. Алесь падышоў і прысеў ля става. Млын стаяў маўклівы. Толькі шумела вада з адной адпушчанай заставы і светлым струменем спадала долу. Побліз, прыгнуўшыся да вады, спускалі доўгія галіны векавечныя вербы.

Колькі ўспамінаў выклікала ў Алеся гэта мясціна! Ажно сэрца зашчымела! Вось сюды многа разоў прыязджаў ён некалі з бацькам. Не ведае, колькі яму было тады год, але памятае адно, што быў у адных зрэбных штоніках, са шлейкай цераз плячо, якая зашпільвалася на драўляную бірку. Вясёла тады яму было тут. Што на кірмашы!

Каля мельнікавай хаты, на ўзгорку, мітусіліся завознікі. Выпражаныя калёсы былі парастаўляны без парадку, з задзёртымі ўгару аглоблямі. На панарадах, як адкормленыя япрукі, ляжалі пузатыя мяхі са збожжам. Коні, адмахваючыся хвастамі ад мух і аваднёў, хрумсталі свежую траву і канюшыну. Пахла жытам, пшаніцаю, свежай размолатаю мукою. Аднастайна гудзелі жорны і наводзілі на сон. Каля става ў празрыстай вадзе мігцелі вёрткія плоткі, тоўстыя галаўні паважна праплывалі, ледзь варочаючы шырокімі хрыбтамі. Шараватыя печкуры капашыліся чародкамі на пяску, і калі каторы-небудзь паварочваўся, дык ягоны бок блішчаў, як лязо нажа.

Угары пры млыне была пабудавана дашчаная клетка з дзвярыма ўнізе. Цераз круглую дзірку гэтых дзвярэй вісеў спушчаны ланцуг. Якім магутным і загадкавым здаваўся ён тады Алесю! Нібы яго маглі зрабіць толькі волаты з казак старое бабкі.

Вось выходзіць на ганак тоўсты, пузаты мельнік, увесь абсыпаны мучным пылам, так што бровы яго падобны на белыя кусты, і хрыпатым голасам выклікае завознікаў. Алесь бачыць, як адзін з іх бяжыць на гару, а другі, зняўшы мех з воза, зацягвае яго моцна ланцугом і з крыкам «гатоў!» глядзіць угору... Ланцуг напінаецца, спачатку некалькі разоў тузане мех ды апусціць, як бы спрабуе сваю сілу і жартуе з ахвярай, а пасля рашуча падымае яго ўгару. Мех плыве, паволі набліжаючыся да дзвярэй клеткі, потым, упёршыся моцнымі плячамі, расчыняе іх і хаваецца наверсе, а дзверы, бразнуўшы яшчэ некалькі разоў, то зачыняюцца, то расчыняюцца, як бы чакаючы новага...

А ля млына, у засені пад вярбою, ідзе гутарка. Людзі з’ехаліся сюды з розных бакоў. Ёсць блізкія, з наваколля, а ёсць і такія, што прыехалі малоць ажно за дваццаць — трыццаць вёрст. Чаго толькі там не гаворыцца за цыгаркаю махоркі, а бывае, што і за пляшкаю гарэлкі. І пачым жыта дзе ў мястэчку, і якія цэны на свіней і коней. Само сабою зразумела, што гаворка ідзе аб дажджах і спякотах, гэтых заўсёдашніх спадарожніках хлебароба. Алесь бегае з месца на месца, чаго толькі не наслухаецца і не наглядзіцца. Але вось і дзень падыходзіць да канца. Ягоны бацька, які сам стаў за дзень крыху падобны на мельніка,цягне мех з млына і ўскладае на воз. Потым кладзе побач другі. Конь запрэжаны.

Яны едуць дадому. Алесь і цяпер прыгадвае, як прыемна ляжаць на мяху свежазмолатае мукі! Цёпла, што на печы, а пахне, ну якраз так, калі маці з рошчыны пячэ свежыя аладкі ў нядзелю. А як смачна, калі іх памажаш здорам або лепш кавалкам сала. Ажно сліна цячэ...

А конь, чым бліжэй дадому, усё больш спяшаецца, спіцы на колах пачынаюць злівацца ў адзін шэры круг, і цень ад калёсаў цягнецца да самага лесу...

Так, назаўсёды ў Алеся з млынам звязаны самыя прыемныя ўспаміны. Алесь сядзіць каля става. Нікога няма. І думы яго, як бы тоненькія струменьчыкі вады, спадаюць і плывуць далей у агульнай плыні... Яму шкада, што няма бацькі, шкада і таго бесклапотнага дзяцінства, якое ўжо не вернеш. Шкада і млына. «Але нічога не зробіш. Куды ты варт, стары сівы дзед, — у думках звяртаецца Алесь да млына, — супраць таго асілка, што павінен стаць на тваё месца? Нічога не зробіш, — думае ён і ўспамінае словы дзеда Нікіфаровіча: «Што прайшло — таго не вернеш, чаго не было — таму быць». Саступай дарогу таму асілку, што будзе стаяць тут, а рукі ў новага асілка будуць такія доўгія і дужыя, што дастануць да «Пергале», да Эглайне, не кажучы ўжо пра Доўгае, якое стаіць побач. А якія гэта працавітыя рукі! Могуць змалаціць, змалоць, нарэзаць для жывёлы сечкі, напілаваць дроў, дошак, прыгнаць ваду ў хату, у аборы... Усё зробіць гэты асілак, які павінен стаць тут». Алесь ужо нават прыкінуў, дзе ён мае стаяць і як ён будзе выглядаць...

Алесь спрабуе ўявіць, якую рамантыку народзіць у сэрцах сягонняшніх хлапчукоў тое новае, што з’яўляецца тут, якія душэўныя хваляванні панясуць яны цераз усё жыццё,— і не можа. Яму на момант здаецца, што ён разбурае нешта прыгожае ў імя практычнага, але, адчуўшы няпраўду гэтага, адкідае такую думку.

На ўзгорку заверашчала цыркулярная піла. Алесь здаволена глянуў у той бок, падняўся і пайшоў. Яму хацелася агледзець, што за гэты час зроблена на будаўніцтве баракаў. Хацелася, каб, як толькі будзе гатовы праект, працу распачаць на поўную моц.

Чым бліжэй ён падыходзіў, тым выразней чуўся працоўны рытм на будаўніцтве: шоргалі пілы і, як дзятлы, пераклікаліся сякеры, а потым азначыліся і людзі, што сядзелі на зрубе. Кучаравы Йонас прыладжваў бярно на рагу. На другіх канцах будоўлі сядзелі доўгаўцы і эглайнаўцы. Смольныя трэскі ляцелі з-пад сякер і адносіліся ветрам на бакі. А непадалёк ад зруба Ян Лайзан і Нікіфаровіч арганізавалі цэлую сталярню. На самаробных станках яны габлявалі дошкі. Потым сыходзіліся разам, нешта прыкідвалі, мецілі дошкі алоўкам і зноў браліся за гэблі і долаты. Ян Лайзан з Нікіфаровічам ладзілі рамы і дзверы. Ім хацелася зрабіць так, каб ні ў чым не было затрымкі.

Алесь з вялікаю павагаю ставіўся да старога майстра Лайзана. «Вось у каго трэба шмат чаму павучыцца, каб пражыць жыццё карысна».

— Дзень добры ўдарнікам! — крыкнуў ён здалёку і адчуў нейкую нязручнасць: хваляць звычайна за работу старэйшыя малодшых, а не наадварот. — Справы ідуць, як відаць...

— У нас ідуць, — упікнуў начальніка будаўніцтва Ян Лайзан. — А ў некаторых і стаяць... Барак пабудуем, а станцыі не будзе.

— А чаму так?

— А таму, што мы ўжо да самага даху далазім, а ў вас яшчэ і належнага пачатку няма.

— Гэта правільна, дзядзька Лайзан... Толькі вы тут з далатом ды фуганкам корпаецеся, а да нас машыны падыдуць. У бульдозеры фуганак крыху мацнейшы будзе...

Лайзан прапанаваў Нікіфаровічу адпачыць.

— Пакурым, пракопцім неба, а то ў небе чэрці завядуцца.

З гары загрукацела. Алесь павярнуўся і ўбачыў, што едуць літоўцы туды, дзе пад паветкаю складалася цэгла. І ён падняўся насустрач.

— Не хочаш з намі хвілінку пасядзець, — упікнуў яго Йонас.

— Не прыставай. Яму ж усюды пабыць трэба, — перапыніў Йонаса Нікіфаровіч. — Я праз гэта ніколі б у начальнікі не пайшоў, не люблю адразу дзесяць спраў рабіць...

Алесю сапраўды хацелася пабачыць, што прывезлі з «Пергале». А яшчэ была і патаемная думка: а можа, з’явіцца Анежка. Ён ішоў да падвод і прыслухоўваўся, як кракталі калёсы, грузна накладзеныя цэглай. Колы глыбока, аж па спіцы, уядаліся ў пясок. Утулкі пішчалі, як тыя піскляты: «Ціў... ціў...» Ля пярэдняга воза паважна ішоў нахмураны Парэчкус. Ён нездаволена звярнуўся да Алеся:

— Куды цэглу класці, таварыш начальнік?

— А сюды, калі ласка, — паказаў Алесь на ўзгорак, не пярэчачы супраць такога звароту да яго. «Што ж, трэба прывыкаць!»

— Многа вас прыехала? — запытаўся ён у сваю чаргу.

— Як бачыш, дзевяць падвод... Дзесятая адстала.

— А чаму?

— Эт, вядома: вязе жаночы вазак. Не саўладала крыху. Воз абярнуўся на паўдарозе. Пакуль зложыць.

«Можа, гэта Анежка?» — кальнула ў сэрца Алеся.

— А чаму ж вы ёй не пасобілі?

— Няхай ёй д’ябал памагае, пустазвонцы!.. — адказаў Парэчкус і, сцебануўшы каня пугаю, уз’ехаў на ўзгорак.

Цэглу складалі акуратна ў слупкі. Рабочая пляцоўка каля будаўніцтва ажывала. Матэрыялаў збіралася ўсё больш. Пранас, склаўшы цэглу, як здалося Алесю, злосна глянуў на яго і, ускочыўшы на воз, забразгатаў калёсамі ў напрамку «Пергале».

Алесь хадзіў вакол звезенай цэглы і бёрнаў, прыкідваў сабе, колькі іх яшчэ трэба, і чакаў. Яго ўсё не пакідалі спадзяванні: а можа, прыедзе Анежка? Усё можа быць. Няўжо ёй не захочацца спаткацца з ім? Ён жа дык ловіць усялякі зручны момант, каб даведацца пра яе...

Хутка сумненні яго рассеяліся. Каля нагружаных цэглаю калёс, якія спускаліся з гары, ён убачыў падводчыка і спачатку расчараваўся, але, падумаўшы, узрадаваўся. Ля воза ішла цётка Восілене. Яна яшчэ здалёку, як толькі заўважыла Алеся, крыкнула яму:

— Відаць, нам суджана пабрацца з табою, таварыш начальнік! Так часта мы сустракаемся.

Алесю не спадабалася такое свавольства Восілене, але незадаволення ён паказваць не хацеў. Яшчэ раззлуецца, чаго добрага, і нічога не скажа. Ён нават пачаў пасабляць Восілене здымаць з воза і складаць цэглу. А тая, як на злосць, нічога не гаварыла. Цётцы Восілене захацелася панаглядаць, як будзе паводзіць сябе Алесь. Яна расчырванелася за працаю так, што і шчокі яе палалі, а валасы раскудлаціліся і сталі падобны на кудзелю. Скончыўшы працу, яна здаволена ўздыхнула, села і звярнулася да Алеся:

— Сядай і ты, начальнік!

Алесь нерашуча прысеў побач. Восілене яшчэ раз доўга, дапытліва паглядзела на яго і, палезшы за пазуху, выняла адтуль сіні канверцік.

— Скачы! — загадала яна Алесю. — Скачы, а то не аддам!

— Ну што вы, цётка Восілене!

— Скачы, кажу!

Алесь апусціў вочы.

— Ну, ладна ўжо! На, зважаю толькі на тое, што ты начальнік — аддаю так. А то б нізавошта!

Алесь узяў пісьмо і адышоў убок пад вярбу. Ён баязліва аглянуўся вакол, зірнуў на Восілене. Тая ляжала і адпачывала, закрыўшы далонямі вочы. Хуценька разарваў канверт. Нават пашкадаваў, што неасцярожна. Гэта ж першае пісьмо ад яе! Перад ягонымі вачыма ляжалі роўныя радкі, такія блізкія яму. Спачатку ён так усхваляваўся, што не адразу дайшоў да сэнсу. «Дружа Алесь!..» — «Значыць, добра! Яна называе мяне сваім другам. А астатняе, што там напісана, ужо не страшна». Ён глянуў яшчэ раз на пачатак і ўзяўся чытаць пісьмо па парадку:

«Дружа Алесь!

Я вельмі дзякую вам за пісьмо, хоць ад яго я мела шмат непрыемнасцей. Вам ужо, мусіць, гаварыла цётка Восілене, што здарылася ў нас. Пісьмо прынёс паштавік, калі мяне не было дома. Як на бяду, сядзеў у нас Пранас Парэчкус, якога я вельмі не люблю. Пісьмо трапіла яму ў рукі. Ён перачытаў усё ад слова да слова маім бацькам і, мала таго, яшчэ панапрыбаўляў немаведама чаго. Можаце сабе ўявіць, што рабілася тады ў нашай хаце. Маці адразу ў слёзы, а бацька нават паразбіваў усе місы ад злосці. Калі я прыйшла ў хату, бацька кінуўся да мяне. Але я не спалохалася і цвёрда глядзела яму ў вочы.

— З кім звязалася, з мужыком, з бязбожнікам? — падскокваў ён і, здавалася, вось-вось ударыць мяне.

А я гаварыла толькі адно: «Аддайце маё пісьмо!»

А калі Парэчкус падражніўся ім, я вырвала пісьмо з ягоных рук і сказала: «Вы паганец!»

Вось ужо каторы дзень, як бацькі са мною не гавораць. А пракляты Парэчкус не спускае з мяне вока. Гэтае пісьмо я напісала на рабоце і папрасіла перадаць вам. Вы не глядзіце, што пішу няскладна, у мяне яшчэ і сягоння баліць у грудзях ад непрыемнасцей і згрызот. Бацькоў я сваіх люблю. Шкода мне іх. Гэты Парэчкус, па-мойму, няшчасце для нашага дому. Так мне цяжка, што часам хочацца ўцячы... А можа, я выдумляю занадта, як кажуць мае бацькі. Толькі ведаю адно, што нешта мяне звязвае такое, што хочацца разарваць, а самой уцеч куды-небудзь.

Алесь, чаму вы забыліся на свае словы? Колькі разоў вы гаварылі, што будзеце прыходзіць у «Пергале». А вас і не чуваць. Я так чакала...

Анежка».

Алесь адчуў сябе вінаватым. «Сапраўды, закружыўся так, што не скарыстаў гэткую магчымасць. Ах, ці не дурны ж я, дзяўчына сама кажа, што хоча сустрэцца». Міжвольная ўсмешка кранула яго вусны.

— Ну што, падабаецца? — хітра запытала Восілене, якая хоць і ляжала для прыліку з заплюшчанымі вачыма, але сачыла за ім і ўсё бачыла.

Алесь устрывожыўся.

— Я прашу вас, нікому не кажыце пра гэта...

— А чаго ты баішся?

— Людскіх перасудаў да часу...

— Я на тваім месцы ні на кога б не зважала.

— Лепей цішэй!

— Дык і Анежцы нічога не казаць?

— Наадварот... — І чырвань успыхнула на Алесевых шчоках. — Падзякуйце ёй. Скажыце, што мы запрашаем яе да нас у клуб...

— А можа, і мяне б запрасілі? — Восілене ўскочыла з зямлі.

— Вас само сабой, разумеецца, цётка Восілене!

— Якая я табе цётка, мне яшчэ не сорамна з такімі, як ты, пад ручку хадзіць...

Алесь сумеўся:

— Дайце мне сказаць. Я згодзен з вамі, цётка Восілене.

— Ізноў цётка!..

— Я хацеў сказаць, што вы, напэўна, будзеце заўсёды тут, вам жа і прыходзіць не будзе патрэбы.

— Чаму? Можа, ты мяне прыносіць будзеш?

— Не прыносіць... А вам Мешкяліс казаў, што вас кухарам на будоўлю прызначаюць?

— Ну?! І ты згодзен?

— А я не супраць!

Восілене расплылася ад шчасця. Яна вельмі любіла кухарства. Навучылася яна гэтай справе даўно, у часе прыслугоўвання ў аднаго літоўскага панка. Як ні прыдзірлівая была пані, але хваліла Восілепе за ўмельства. А ў Восілене быў такі характар, што пахвальбу яна вельмі любіла. Узрадаваная ад прыемнай вясціны, Восілене захадзілася каля Алеся. Яна ўяўляла, як будуць яе хваліць за добрыя стравы, і не хто іншы, як яна, будзе карыстацца найбольшаю павагаю на будаўніцтве.

— Табе першаму такіх аладак напяку, таварыш начальнік, што і не паверыш, бо ніколі такога смаку не знаў! І каравай на вяселле прыгатую, хочаш?.. — неўгамонна сакатала яна каля Алеся.

— Ну, пакуль там каравай!..

— Усё ад мяне залежыць. Усё зраблю! І сасватаю, і каравай спяку. Вось як. Што перадаваць Анежцы?

— Я ж прасіў падзякаваць, ну, і, разумеецца, прывітанне.

— Я нават пацалую яе ад цябе! — крыкнула, ужо седзячы на возе, Восілене.

Алесь ажно разгубіўся ад нечаканай радасці. Пісьмо хоць і не гаварыла яму адкрыта аб пачуццях Анежкі, але па той шчырасці, з якой было напісана, адчувалася, што ён для дзяўчыны не абыякавы. Цяжка было толькі на сэрцы ад таго, што так няладна ў яе з бацькамі і што, некаторым чынам, і ён тут віной. Але што за характар у такой танклявай дзяўчыны! Цвёрдасць і рашучасць пісьма Анежкі падабаліся Алесю.

Яму захацелася вельмі пабачыць Анежку. «А можа, яна працуе на канале?» — падумаў Алесь і хуценька накіраваўся ў сяло. Заскочыўшы дахаты, ён сам дастаў з печы гаршчок з капустаю і на хаду перакусіў. На ўсялякі выпадак перамяніў кашулю. Не забыўся дастаць з чамадана і зялёны паясок, той, што купіў у Мінску; а можа, удасца перадаць Анежцы. Падарунак быў танны, ён гэта разумеў, але на другі ў яго не хапіла б і грошай, ды ён спадзяваўся, што дзяўчына ўсё зразумее — гэта быў паясок якраз да тае сукенкі, у якой ён пабачыў яе ў першы раз.

На калгаснай стайні Алесь асядлаў буланага жарабка, якога яму вылучыў Захар Рудак для раз’ездаў па справах. За апошні час ён навучыўся спрытна ўскокваць на каня і няблага ехаць рыссю. Вось і цяпер, лёгка закінуўшы правую нагу цераз крыж свайго буланага, ён як быццам прырос да сядла і ў часе язды мерна пагойдваўся ў такт хадзе каня. На сэрца найшло нейкае замілаванне. «Справы, як быццам, ідуць на лад, хутка можна будзе брацца і за катлаван». Нават выгляд залатога, крыху пашарэлага ад часу ржышча радаваў душу. Ён ехаў па дарозе ў літоўскі бок, і абрысы «Пергале» паўставалі перад ім усё выразней і выразней. Невялікія хаты, раскіданыя на ўзгорку ля возера, у водсветах сонца паблісквалі шыбамі адна на адну, а воддаль, абкружаны стогадовымі ліпамі, стаяў пануры вастраверхі цагляны касцёл і як бы з пагардаю паглядаў навокал. За крыж яго нібы чапляліся невялічкія светлыя воблачкі. Алеся нават гэта злавала: перашкаджае на зямлі, перашкаджае і на небе, нідзе не дае волі... Яшчэ раз глянуўшы на касцельны крыж, Алесь прыгадаў невялічкі срэбны крыжык на шыі ў Анежкі.

«Няўжо яна сапраўды верыць усяму гэтаму?» — падумаў ён.

А каб Алесь мог убачыць праз чырвоныя, цагляныя муры касцёла, што там рабілася цяпер, ён бы не сумняваўся ў гэтым. Анежка стаяла на каленях перад распяццем і горача малілася. У касцёле, апрача старасты, нікога не было, і халаднаватая цішыня ў шэрым паўзмроку панавала навакол. Нейкай таемнасцю веяла ад постацей святых, павыразаных з дрэва. Пабуцвелыя і пачарнелыя ад часу, яны, здавалася, журботна і нават злосна паглядалі звысоку на маладую дзяўчыну, быццам суддзі на вінаватую, але якую, можа быць, варта пашкадаваць...

— Анёл панскі... Матка боска! — шаптала Анежка і ўпівалася зрокам у абраз панны Мар’і, якая несла дзіцянё, прытуліўшы да грудзей.

Анежцы ўспомнілася маці, і слёзы набеглі на яе вочы. «Навошта я старую крыўджу? Хіба не яна мяне так насіла ля сэрца, як гэтая матка боская, чаму я раблю сваёй маці непамыснасць?» Глянуўшы на святога Баболега, які нечым нагадваў бацьку, Анежка падумала, а ці не ўгнявіла яна дарэмна і яго. Бацькі ёй дабра жадаюць.

Так, у цяжкія раскаянні, шэпчучы з дзяцінства вядомыя словы малітвы, яна стаяла, апусціўшы галаву. Паўзмрочную цішыню не парушала нішто. І калі на каменнай падлозе пачуліся ціхія крокі, яна пазнала, што гэта прыйшоў пан клебонас Казімерас.

Анежка не пакідала маліцца. На душы рабілася як быццам спакайней, але раптам нясцерпная крыўда напаўняла яе грудзі. «Ну, добра, я так непакоюся, каб толькі было добра бацьку і маці, а чаму ж яны не падумаюць пра мяне? Чаму яны не здагадаюцца, што робіцца цяпер у маіх грудзях? Навошта яны так неспагадліва ставяцца да Алеся? А чым ён горшы ад тых, што ходзяць у касцёл? Ён жа такі добры і разумны!.. Не, не!.. Трэба слухацца бацькоў». — І яна старалася адагнаць думку пра Алеся. Але гэта ёй не ўдавалася. Наадварот, яго бялявая галава наглядала на яе адусюль, куды яна толькі пазірала.

Пачуўшы, што клебонас ходзіць непадалёк, Анежка паднялася і, разгубленая, падышла да яго. Той здзіўлена паглядзеў на дзяўчыну.

— Я хачу паспавядацца, ойча Казімерас! — І вочы яе папоўніліся слязамі.

Клебонас моўчкі прайшоў да спавядальні і, зачыніўшы за сабой дзверы, прынік да маленькага акенца, цераз якое людзі перасылалі свае пакаянні богу.

— Якія маеш грахі, дзіця? — спытаўся клебонас Казімерас, і на яго вострым, падобным на аблупленае яйка твары забегалі маленькія, хітрушчыя вочы.

— Пакахала... ойча Казімерас... —з цяжкасцю вымавіла збянтэжаная Анежка.

— Каго пакахала, дзіця? — дапытваўся за сцяной клебонас.

— Аднаго хлопца...

— Я ведаю, што хлопца, але якога?

— Баюся сказаць нават...

— Не бойся бога, дзіця. Перад богам трэба быць зусім адкрытай.

— Алеся Іванюту, пан клебонас.

— Што?!

Анежка перапалохалася ад таго, як раптоўна пагрубеў голас у клебонаса за сцяной.

— Начальніка з Доўгага?

— Так... пан клебонас! — дрыжачым голасам адказала Анежка...

— А ты ведаеш, што ён не нашае веры?

— Ведаю.

— А ты ведаеш, што ён зусім бязбожнік?

— Не!..

— Ну, дык ведай жа, ведай!.. І выкінь яго зусім з галавы. Слухайся бацькі і маці. Не разбівай іхняга сэрца. Ты была на парозе пекла, дзіця. Ідзі зараз жа, маліся і прасі ў маткі боскай збавення. Аман!.. аман!.. — І клебонас Казімерас са злосцю зачыніў перад Анежкай фортку ў спавядальні.

Анежка выйшла з касцёла ўзрушаная. Таемны морак касцёла і суровыя словы ксяндза цяжкім каменем ляжалі на яе душы. І раптам пяшчотныя праменні яснага восеньскага дня ахапілі яе ўсю, як толькі яна апынулася на цвінтары. Азірнулася вакол: усюды светла і радасна, а да таго ж, калі яна выйшла на шлях, пажаўцелае лісце дрэў залатою заслонаю адгарадзіла ад яе морак касцёла. З-пад рэчкі Пагулянкі данесліся няясныя воклікі, і Анежка здагадалася, што там сягоння працуе моладзь, капае канал. Гэта ж яе звала Зосітэ ісці разам, але яна зманіла сяброўцы, прыкінулася хвораю і замест гэтага пайшла ў касцёл.

Анежка прыпынілася на раздарожжы. Куды пайсці? Хацелася быць там, дзе Зосітэ, адкуль раз-пораз даносіліся ўсклікі, і сэрца білася часцей ад прадчування таго, як весела там працаваць. Але словы пана клебонаса і вобраз засмучонай маці рабілі таксама сваё і заклікалі дахаты і да пакоры. «Можа, пайсці дадому, прыпасці галавою да матчыных грудзей і паплакаць, паплакаць?.. Расказаць ёй усё, што робіцца на сэрцы?» Анежка так добра ўсё гэта ўявіла, што нават адчула ласку матчынай цёплай рукі на валасах. Але ўспомніла сухі і злосны твар Парэчкуса, пагляд яго хцівых вачэй, і яе ўсю закалаціла.

Некалькі разоў яна памыкалася павярнуць на дарогу да хаты, але варочалася зноў назад. Ад канала даляцела ледзь чутная, але блізкая сэрцу мелодыя песні, і гэта вырашыла. Анежка павярнулася і пайшла на заклік сяброўскіх галасоў.

На пакошаным лузе, які распасціраўся перад ёю, стаялі свежыя стагі. Паветра было такое ціхае і нерухомае, што тонкае павуцінне, якое праплывала цераз дарогу, падоўгу вісела на адным месцы. Сонца песціла пажаўцелыя лісты на дрэвах і кустах. Наваколле мела такі выгляд, як бы гэты ясны, сонечны дзень бабінага лета ніяк не хоча разлучыцца з зямлёй. І ўсё гаварыла Анежцы: «Спяшайся, гэта апошнія прыгожыя дні гэтага года, а там падзьмуць сіверы...»

Анежка забылася на прыгнечаны настрой, які быў у яе ў касцёле, і твар яе асвятліўся. Адно гарэла ў грудзях ад нечуванае крыўды: чаму бацькі так ставяцца да Алеся? Хіба ён чужы чалавек для яе землякоў? Ён жа не горшы абліччам і душою. Вось толькі што бязбожнік, казаў клебонас. Гэта на хвілю засмуціла... Але зноў жа прыйшло параўнанне: чым ён горшы ад яе дзядзькі Пранаса, які, не адрываючыся, сядзіць за кантычкаю. «Што з таго, што Пранас не вылазіць з касцёла? Але не, не!..» — Яна адагнала думку пра касцёл. «Гэта ж грэх так думаць», праляцела ў галаве.

Падыходзячы да Пагулянкі, Анежка заўважыла, што праца там ідзе дружна. Увесь час узлятаючы над галовамі, рыдлёўкі паблісквалі на сонцы, як чайкі над возерам, а за грамадой хлапцоў і дзяўчат ужо чарнелі першыя сажні пракапанага канала. Побліз, на лузе, пасвіўся асядланы буланы конь. Анежку здзівіла, чый гэта ён мог быць; такога ж каня, яна ведала, не было ў «Пергале». А калі падышла ўжо зусім блізка, чырвань заліла яе твар, і яна зусім разгубілася. Нават прыпынілася на момант. Побліз Юозаса Мешкяліса, які стаяў, абапіраючыся на рыдлёўку, заўважыла Алеся.

Анежка так і не ведала, як ёй выйсці з такога становішча, калі б на дапамогу не прыйшла Зосітэ.

— І ты да нас, Анежка... Паправілася?

— Паправілася! — пастаралася спакойна адказаць Анежка і сапраўды адчула — тое, што сягоння прыгнятала яе ўсю раніцу, адляцела. Яна, нават не жартуючы, узялася за рыдлёўку. Гэта ёй яшчэ падабалася тым, што давала магчымасць не адразу стаць вочы на вочы з Алесем.

— Не, пачакай, — супыніла яе Зосітэ. — Ты сягоння такая белая, відаць, яшчэ не паздаравела. Паспееш яшчэ папрацаваць, — спачувала сяброўка, не ведаючы, ад чаго то бляднее, то чырванее твар у Анежкі.

А тую кінула зусім у холад, калі заўважыла, што да яе падыходзіць Алесь.

Калі б хто мог глянуць цяпер і ў грудзі Алеся, дык заўважыў бы, што рабілася ў іх. Але ж Алесь умеў валодаць сабой. На ягоным спакойным, ураўнаважаным твары нельга было заўважыць і следу хвалявання.

— Дзень добры, Анежка! — Ён падышоў і з павагаю паціснуў руку. — А я сапраўды здзівіўся, чаму вас няма з сяброўкамі?

— Дзякую за памяць, — паспрабавала гаварыць Анежка і раптам спынілася, бо баялася, што ўсе заўважаць, як моцна калоціцца сэрца ў яе грудзях.

Патрыёт літоўскай дывізіі Юозас Мешкяліс, відаць заўважыўшы, што гаворка ў маладых не клеіцца, убіўшы рыдлёўку ў зямлю, падышоў на выручку.

— Вы не падумайце, таварыш Іванюта, што яна ў нас гультайка, не раз мы яе і прэміяй адзначалі, а сягоння, як бачыш, хворая...

Анежцы давялося згадзіцца з гэтым, хоць ёй гэта было вельмі нялёгка зрабіць у прысутнасці Алеся.

— У мяне да вас усіх просьба і ў першую чаргу да вас, таварыш Мешкяліс, — звярнуўся Алесь.— Дайце сягоння Анежцы заданне, якое ёй пад сілу.

— А якое? — зацікавілася Зосітэ.

— Кажы ясней, — уставіў сваё Юозас.

— А вось якое, — гаварыў далей Алесь, — Хай прыходзіць да нас у клуб, і паспяваем разам...

— Праўду кажа таварыш Іванюта, яна ў нас першы майстра на спевы! — падбегла і абняла сяброўку Зосітэ.

— Я прасіў бы вас прайсціся да нас сягоння. У Ярошкі якраз сёння рэпетыцыя... — настойваў Алесь.

— Што вы... што вы? Ніяк не магу!.. — упіралася Анежка, хоць, па праўдзе кажучы, ёй хацелася пабыць адзін на адзін з Алесем.

Яна ўжо не думала ні пра тое, што ён бязбожнік, ні аб тым, што ён начальнік будаўніцтва, а толькі падпарадкоўвалася імкненню ўласнага сэрца.

— Варта і сапраўды схадзіць, Анежка,— падтрымаў Мешкяліс. — Хоць я, апрача ваенных, і песень ніколі не спяваў, ды справа гэта, здаецца, добрая.

— Схадзі, сястрыца!.. І мне ролю выбераш, — пажартавала Зосітэ, і гэта навяло на жарт Анежку.

— Дык як жа мы пойдзем? — упікнула яна Алеся. — Пешы ж коннаму не таварыш!

— Дзеля вас я назаўсёды спешуся, — адбіўся Алесь, але адчуў, што пачырванеў ад няёмкасці.

І Анежка згадзілася. Неўзабаве яны ішлі ў Доўгае па пясчанай дарозе паўз возера. Буланага Алесь трымаў за повад. Абаім хацелася вельмі многае сказаць. Але слоў не было. Так і ішлі яны па дарозе маўкліва некалькі хвілін, нават баючыся глянуць адно на аднаго, як быццам вочы маглі выдаць тое, што рабілася на душы ў кожнага. Алеся да таго ж непакоіў зялёны паясок, які ляжаў у кішэні пінжака; трэба было б знайсці спосаб абавязкова цяпер падараваць яго Анежцы. Ён паспрабаваў гаварыць аб спектаклі, але гаворка не ладзілася, відаць, не гэта цяпер хвалявала абаіх. Спрабаваў расказваць аб тым, што робіцца на будаўніцтве, але і вакол гэтага размова не клеілася. І тады Алесь, пачакаўшы крыху, парашыў перайсці да галоўнага, што яго цяпер цікавіла. Праўда, і да гэтага ён падступаў крыху здалёк.

— Вы не бачылі сёння Восілене?

— Калі? — засаромелася дзяўчына.

— Пасля паўдня.

— Не,— адказала яна, а сама падумала, чаму ён нічога не гаворыць пра пісьмо.

Відаць, гэтая думка прыйшла абаім разам. Алесь страпянуўся і, узяўшы за руку Анежку, праказаў:

— А я і забыўся вам падзякаваць за шчырыя словы.

Анежка вызваліла сваю руку з Алесевай і нават крыху сышла ўбок. Гэта збянтэжыла хлопца, але сёння ён вырашыў пагаварыць адкрыта аб усім і таму праз колькі хвілін зноў звярнуўся да таго, што яго непакоіла.

— Я вам зрабіў непрыемнасці пісьмом, даруйце!..

— Як вам сказаць... — разгубіўшыся, адказала дзяўчына. — Горкага было многа.

Алесю вельмі хацелася пачуць з яе вуснаў хоць адно слова прызнання ў тым, што яна была здаволена, атрымаўшы ад яго вясціну з Мінска, і яе маўчанне нават злавала яго.

Пабялелы, устрывожаны твар Анежкі быў загадкавы, і Алесю чамусьці захацелася раптам зрабіць такое, што магло б вывесці яе з нейкага цяжкага стану здранцвення. У гэты час яму нават захацелася ўкалоць яе. Рашэнне прыйшло вокамгненна. Прыпыніўшы Анежку, ён выхапіў з кішэні зялёны паясок і раптам сказаў:

— А я хачу вам зрабіць яшчэ адну непрыемнасць. — І працягнуў паясок дзяўчыне.

— Што вы? — разгублена ўсклікнула Анежка і закрыла на момант твар рукамі.

Алесь не апускаў працягнутай рукі, і аблічча яго прыкметна спахмурнела ад непамыснасці.

— Значыць, вы ні разу і не падумалі пра мяне, калі ганьбуеце маім маленькім дарункам...

— Што вы? — яшчэ раз усклікнула Анежка і сапраўды перапалохалася, што раззлавала Алеся. Яна пастаралася быць больш лагоднаю.— Дзякую вам, але, сказаць па праўдзе, я...

— Баіцеся? — настойліва сцвярджаў сваё Алесь.

Анежка нясмела ўзяла паясок і, разглядаючы яго, усё яшчэ ўстрывожана праказала:

— Крыху баюся... Навошта вам было гэта рабіць? Што я скажу дома?

— Скажаце, што купілі ў Доўгім...

— Ой не, маніць я не ўмею...

— Дык выходзіць, я вас вучу благому?

— Я не кажу гэтага, Алесь!..

— Тады схавайце да часу...

— Хіба так, — згадзілася дзяўчына і схавала паясок у кішэню сукенкі.

Падарунак ёй вельмі падабаўся, але яна не адважвалася ў гэтым прызнацца Алесю. А больш таго, клапацілася, што ёй сказаць, калі раптам падарунак трапіць на вочы хатнім.

Думкі пра дом у гэты час яшчэ больш расхвалявалі яе. Яна ішла маўкліва побач Алеся і адчувала, што трывога яе расце: што скажуць дома, чаму яна без дазволу апынулася ў Доўгім?.. Прыгадаўся суровы твар клебонаса Казімераса, які пастаўляў слухацца бацькоў, і раптам узнікшая баязлівасць скавала ёй ногі. Анежка спынілася на дарозе. Алеся здзівіла гэта:

— Што з вамі?

— Пайду дамоў, — шаптала яна, і твар яе пабялеў яшчэ болей.

— Вам жа сказаў Мешкяліс пайсці да нас?

— Гэта так, але я нічога не сказала дома...

— Вы ж пісалі, што не згодны з думкамі бацькі?

— Дазвольце мне не гнявіць яго...

— Выходзіць, што ад мяне ўсе непрыемнасці? — дапытваўся Алесь.

— Я не кажу гэтага, але я мушу быць дома!..

Анежка прыхінула рукі да грудзей, і ў гэты час з-пад выразу кофтачкі бліснула галоўка знаёмага яму срэбранага крыжыка. І яму па дзіўнай асацыяцыі, якая часамі неспадзеўкі ўзбуджае чалавечую свядомасць, раптам здалося, што гэты крыжык незадаволена глянуў на яго.

— Добра! — гукнуў сярдзіта Алесь, крута павярнуўся, скочыў на каня і, стукнуўшы абцасамі ў бакі, наўгалоп памчаў у сяло.

Ён ляцеў насуперак асенняму ветру, які абдзьмуваў яго разгарачаны твар, і сам не ведаў, што рабілася ў яго грудзях. Некалькі разоў хацелася спыніцца, павярнуць, хоць глянуць назад, але моцная крыўда, як яму здавалася, непрызнанага кахання гнала яго ўперад.

Анежка стаяла, аслупянелая ад нечаканасці, глядзела ўслед Алесю, і з твару яе спадалі, як светлыя пацеркі, слёзы. Яна выняла з кішэні зялёны паясок, разгарнула і яшчэ раз прыгледзелася да яго. Міжволі яе зрок заўважыў адну крышталіну расіны на парыжэлай сцяблінцы, і Анежцы стала вельмі балюча: «А можа, гэта мая слязіна?» — падумала яна. Згарнуўшы паясок і схаваўшы яго зноў у кішэню, Анежка ўздыхнула, але, калі ўбачыла, што Алесь схаваўся за ўзгоркам, нехаця павярнулася і, ледзь ступаючы, пайшла дадому.

Ужо каля самага возера Алесь суцішыў каня. Паехаў павольней. Ён стараўся зразумець, што здарылася, і ніяк не мог прыйсці да ладу. «Шкада, што так выйшла, навошта я абразіў Анежку, можа, яшчэ вярнуцца і перапрасіць?» Але выгляд баракаў, якія ўсё вышэй уздымаліся над узгоркам, і тое, як завіхаліся людзі на будаўнічай пляцоўцы, павярнулі ягоныя думкі ў іншы бок. «Ці да твару цяпер, калі такая адказная справа даручана мне, займацца нейкім самакапаннем? Што я знайшоў у гэтай кволай дзяўчыне? Сляпую пакору касцёлу, баязлівасць перад усім новым. Хіба такі таварыш патрэбен мне сягоння?» І ён быў гатовы ўжо вось-вось пагадзіцца з такімі вывадамі, ды раптам цёмныя задумныя вочы і такая ласкавая, крыху хваравітая ўсмешка дзяўчыны ўсплывалі перад ім і зноў цягнулі і вабілі да сябе...

У канторы, куды наведаўся Алесь, нікога не было. Не паспеў ён прысесці за стол і сабрацца з думкамі, нечакана забразгала клямка, расчыніліся дзверы, і ўвайшоў зусім неспадзявана Езуп Юрканс.

Ён стаяў ля дзвярэй, тоўсты, з грубым, ацеслівым тварам і, як здалося Алесю, хітра прыжмурыўшы вочы.

— Я да вас, таварыш начальнік!

— А навошта я вам? — здзівіўся Алесь.

— Ды, уласна кажучы, я Лайзана шукаю, — паправіўся Езуп Юрканс.

— Лайзан жыве ў свайго сябра Гаманька, — адказаў Алесь, але яго зацікавіла, чаму Лайзана шукаюць. Яшчэ адклічуць з будоўлі, а Лайзан тут вельмі патрэбен.

— Чаго ён так хутка спатрэбіўся? — спытаўся ў Юрканса Алесь.

— Каспар паслаў, сказаў, каб прывёз неадкладна.

— А што такое?..

— Ды, відаць, Аўстра памірае, — абыякава адказаў Езуп.

Звычайна глыбока ўзрушвае толькі смерць раптоўная, а адыход чалавека, які доўга і пакутліва хварэў, успрымаецца як натуральная развязка. Але ж Алесь ведаў, што Каспар, гэты сур’ёзны і стрыманы чалавек, застаецца адзін з малымі дзецьмі, і гэта глыбока засмуціла яго. Ён успёрся на край стала і абхапіў галаву рукамі — гора, якое звалілася на дом Каспара Круміня, перасіліла яго ўласны боль і адчуванне адзіноцтва пасля таго, як ён павярнуў у полі каня і пакінуў Анежку адну на дарозе...

 

 

XII

У маленькай бакоўцы пры цьмянай газніцы Захар Рудак рамантуе абутак сыну. Вераснёўская ноч падаўжэла, хапае часу паспаць і крыху агледзецца ў хаце, каля сябе. Сягоння Захар устаў да світання. Некалькі дзён як заўважыў ён, што ў малога Васілька паабдзіраліся насы ў чаравічках і пазбіваліся абцасы. Насунуўшы чаравік на вялікую драўляную лыжку, ён спрытна зашывае яго дратваю. Ад уяўлення таго, як будзе цёпла маленькай ножцы сына, твар Захара асвятляецца ўсмешкай.

Ціхае, ледзь улоўнае дыханне даносіцца да яго з-за сцяны. Захар ведае, што гэта спіць яго Кацярына і побліз яе той маленькі хлапчук, дзеля якога ён сягоння гэтак стараецца. Ён так любіць Кацю і сына, што баіцца нават кашлянуць, каб не перабіць ім сон. Перадранішняя цішыня наводзіць Захара на павольны роздум. Як шпарка ідзе час! Колькі год таму прайшло, як ляжаў ён у гэтай хаце паранены і самотны. Перад ім паўставалі тады франтавыя дарогі, і невядома было, чым яны кончацца для яго асабіста. А цяпер усё гэта засталося далёка, і часамі нават не верыцца, што можна было ўсё гэта перажыць. Але хоць тады і было цяжка, ён не адчуваў такой трывогі, як цяпер. Тады ён адказваў толькі за сябе самога: жывы — дык жывы, забіты — дык адзін забіты... Цяпер жа ён адказвае і за сваю сяброўку, маленькую і такую ласкавую жанчыну, адказвае за жыццё сына, чаравічак якога ў ягоных руках, а апрача ўсяго, ён адказвае перад людзьмі ўсяго сяла — і за тое, што будзе ў іх на стале і ў будні дзень і ў свята, і за тое, як яны будуць апранацца, і за тое, як яны будуць адзін да аднаго ставіцца. Усё, усё звязана паміж сабой, і, можа быць, толькі васемнаццацігадовыя закаханыя не здагадваюцца, што для самага высокага кахання мала аднаго сэрца, а не шкодзіць мець яшчэ і добры гарнітур, што салаўя слухаць цікава, але песні здаюцца больш цудоўныя, калі ты не галодны.

Нялёгка яму давялося, асабліва ў апошнія часы, калі доўгаўцы замест Самусевіча выбралі яго старшынёй. Ён кладзе дратваю шво за швом на сынаў чаравічак, а перад ім гэтае шво вырастае ў палявую дарогу на «Пергале», куды ён хадзіў некалькі дзён назад прасіць, каб пагадзіліся абмяняцца каровамі. «Нялёгкая гэта справа канькаць»,— думаў Рудак. Памятае ён, што ад самага малку, калі і траплялася быць галодным, заўсёды маўчаў. «Прыйдзеш, бывала, да суседзяў у сняданне, запрашаюць за стол садзіцца, падзякуеш, скажаш, што ўжо еў, а сапраўды дык, здавалася, праглынуў бы ўсё, што стаіць на стале разам з чарапкамі».

Захар забівае паціхеньку драўляныя цвічкі ў падэшву чаравіка, а сам быццам і цяпер даводзіць пераканальнымі словамі на праўленні ў «Пергале» сваю просьбу:

— Вы нічога не траціце, факт, факт! Мяса ў нарыхтоўку ад вашых кароў ці ад нашых аднолькава? Аднолькава! А для суседзяў дабро зробіце? Дабро!

— Гэтае дабро ды не за тое бярэ рабро! — памятае Рудак, так сказаў адзін з літоўскіх калгаснікаў на пасяджэнні.— Як жа ўсё аднолькава, калі на мяса мы маглі б выбракаваць самых горшых, а вам жа сорамна горшых даць?

— А навошта гэта наогул рабіць? — крычаў з кутка Парэчкус. — Я разумею так: кожны калгас па сабе жыве, яшчэ б калі памагаць у сваёй рэспубліцы, а то нам гэта, можа, і забаронена раскідваць дабро на бок...

Захар успамінае гэта і пачынае мацней малаціць па абцасы, але, спахапіўшыся, што за сцяною спяць, ізноў спакайнее. Нялёгка было выслухоўваць такія дакоры.

Добра, што Юозас Мешкяліс прыйшоў на дапамогу:

— Гаворыш ты, Парэчкус, усё роўна як не прачнуўся. Станцыю можна будаваць разам, а памагчы адзін другому нельга? Не так нас вучылі, не так! А хто нам вызваліцца памог? А мала чаго і нам папрасіць будзе трэба! Шкодная твая прамова, Пранас, шкодная... У нас у літоўскай дывізіі так не бывала.

Захар памятае, як, можа, таму, што спалохаўся, змоўк Парэчкус, і ніхто за ім ужо не пярэчыў. Наадварот, стары Юргіс, Йонасаў бацька, падтрымаў:

— Нічога мы тут вельмі не трацім, а людзям сапраўды дабро робім.

Так і парашыла праўленне задаволіць просьбу чырваназоркаўцаў і абмяняць каровы. Мешкяліс, праводзячы Захара, шапнуў тады на вуха:

— Не клапаціся, не пакрыўдзім!

Цяпер Захар думае, якіх кароў сягоння прыгоніць з «Пергале» Агата. Агату прызначылі загадчыцай фермы, і яна вызвалася сама схадзіць па кароў у «Пергале». «Быць не можа, прыгоніць добрых, Мешкяліс не пакрыўдзіць», — і Захар ад здавальнення моцна грукнуў малатком па абцасе, аж крэкнуўшы пры гэтым.

За сцяной заварушыліся. Пачуўся голас Васілька:

— Тата!..

— А каб цябе! — занепакоіўся Рудак. — Як ні стараўся, а ўсё ж такі разбудзіў. Чаго, сынок? — весела ўжо азваўся ён.

За сцяной затупалі босыя ножкі, і з-за расквечанай шырмы паказалася ўскудлачаная галава Васілька. Ён глядзеў на бацьку, асветленага газніцай, шырока расплюшчанымі блакітнымі вачаняткамі, загадзя ведаючы, што той рады яму.

Захар устаў, падбег да сына, высока падняў яго ўгору і, прытуліўшы да грудзей, сеў зноў на калодку. Пасадзіў малога на калені, пачаў яму прымерваць чаравік. Захар вельмі быў рады таму, што паспеў у пару зрабіць рамонт.

— Бачыш, сынок, які чаравік цяпер? Ладны? Ладны! Цёпла будзе ножкам? Цёпла. Бегай, бегай цяпер па вуліцы колькі хочаш! Збірай кляновае лісце ў садзе... Бачыш, колькі яго панасыпала сёння за ноч...

І за акном у шэрым досвітку ён сапраўды заўважыў, што каля плота ажно запалымнела ад густа апаўшага кляновага лісту.

— Дык пойдзеш, сынок?

— Пайду! — спакойна адказаў той і працёр маленькімі кулачкамі вачаняты.

З-за шырмы паказалася і Каця. Ласкава паглядзеўшы на бацьку з сынам, пачала завіхацца ў мыцельніку.

У гэты ранішні час, калі звычайна пачынаецца работа, у вясковых сем’ях ідзе і абмеркаванне розных сямейных спраў. Як быццам да гэтага і пагаварыць не было часу.

— Чаму ты так рана ўспорваешся? — упікнула Каця Захара.

— А хто б сыну абутак наладзіў? — з гонарам паказаў ён на Васільковы ногі і разгладзіў вусы.

— Дык ты б гэты абутак і цяпер наладзіў...

— А цяпер у мяне іншыя справы...

— Пойдзеш у калгас?

— Дасі паснедаць — і пайду!

— Скажы ты мне, Захар, навошта ты так забіваешся? Хіба Самусевіч гэтак рабіў?

Такі закід звычайна разважлівай Каці вывеў Захара з раўнавагі. Ён спусціў Васілька з каленяў на падлогу, а сам узбуджана захадзіў па хаце.

— Як ты можаш ставіць мне ў прыклад Самусевіча, ёлкі зялёныя? Ты бачыш, да чаго ён калгас давёў? А ўсё таму, што не клапаціўся. Як я спаць магу, калі людзі не спяць?

Васілёк узяўся за скварку, якую яму падсунула маці, і здзіўлена паглядзеў на бацьку.

— А хто ў нас не спіць? — недаверліва азвалася Каця.

— Як хто? Агата недзе ўжо колькі часу, як у «Пергале». Яна хутка кароў прыгоніць. Дык як, па-твойму, Агата спіць?

— Дык вас, мусіць, двое такіх — ты і Агата!..

— Двое, ды не двое... А Якуб Панасавіч, як, па-твойму, спіць? А дзед Нікіфаровіч? Я ж іх ведаю!.. Алесь, можа быць, спіць, дык гэта па маладосці, у іх на зары сон такі, што хоць з гарматы бі, а ім усё спатканні сняцца!..

— Ладна, ладна ўжо, не знала, што гэта так цябе закранула. — І Каця пастаралася ўлагодзіць гаворку.

Захар з сынам узяліся за снеданне. Каця з любоўю паглядала, як спрытна мачаюць яны, згарнуўшы трубачкай, аладкі ў смятану. І такія гэтыя аладкі здаліся смачныя, што яна сама не ўтрымалася і прысела побач з сынам.

Крыху падсілкаваўшыся, Захар ізноў узяўся за гаворку. Такі ўжо ў яго быў характар: калі не давядзе свайго, дык будзе гаварыць дзень і ноч. А яму здалося, што Каця дарэмна сягоння кінула папрок на ўсіх доўгаўцаў у нядбайстве.

— Ты кажаш, усе спяць, а ты паглядзі на Якуба Панасавіча. Што мне скажаш на гэта? Чалавеку пад семдзесят, а ён табе і ў школе, ён і ў калгасе. Паспявае і вучыць, і на рыбе пасядзець, і што ты хочаш...

— Дык хіба я добрых людзей ганю? — паспрабавала супакоіць Рудака Каця. — Я сама вельмі паважаю Якуба Панасавіча. Дарэчы, вунь ён і ідзе. — Яна паказала на акно мужу, а сама хуценька ўскочыла і выцерла фартухом край стала, каля якога сядзела.

Якуб Панасавіч, увайшоўшы ў хату, прывітаўся, павесіў капялюш на крук каля дзвярэй, а сам павольна прысеў на лаве. Каця запрасіла яго паснедаць. Захар падняўся, каб даць старому найлепшае месца, але той замахаў рукамі.

— Дзякую, я ледзьве ад Веры Пятроўны ўратаваўся. Не магу я рана есці... Вып’ю кіслага малака, і досыць будзе..

— Дык вы ж так саслабееце, — паспачувала Каця.

— Не, Кацечка, ад гэтага я не саслабну, мы, старыя, людзі цягавітыя, але ўсё ж правільна: і нам паспачуваць трэба. А то некаторыя гэтага не знаюць.

— А хіба ёсць такія? — зацікавілася Каця.

— А вось хоць бы і твой муж, Захар Сямёнавіч.

— Ды што вы, Якуб Панасавіч, ён жа заўсёды не можа намаліцца на вас! — узмахнула яна рукамі.

— Намаліўся так, што ўсю справу партгрупы мне перадаў, — ужо жартуючы, казаў Гаманёк.

Захар слухаў, усміхаючыся, гэтую гаворку. Ён адчуваў, што ў жартах старога настаўніка ёсць доля і сапраўднай скаргі, але добра ведаў, што ў гэты час, калі патрэбна напружанне ўсіх сіл у калгасе, ніхто так не павядзе партработу, як Якуб Панасавіч. Вось чаму ён цяпер пераканаўча даводзіў:

— Якуб Панасавіч! Дарагі! Я ведаю, што вам цяжка, але ж нікога ў нас няма, каб так мог...

— А калі б я памёр, ведаеш-разумееш? — задзёрыста адказаў Якуб Панасавіч і ў той жа час самім тонам гэтага адказу давёў, што ён далёка і не думае пра гэта.

— Што вы так гаворыце, дзядзька! — сапраўды пакрыўдзіўся Рудак. — Цяпер паміраюць больш маладзейшыя, то ад інфаркту, то ад перапуду... А ў вас, у старой гвардыі, закалка моцная!

— Ну ладна, закалка дык закалка, калі ўжо сасватаў мяне парторгам, дык давай гаварыць аб справах.

— Слухаю вас! — насцеражыўся Рудак і прысеў на табурэтку супраць Гаманька.

— Што мы з Самусевічам будзем рабіць? — запытаў ён. — Вось ужо каторы дзень без работы ходзіць. Правінаваціцца-то ён правінаваціўся, але ж калі мы яму рукі не пададзім, дык і зусім апусціцца...

— Я такога п’яніцу і блізка да калгаса не пусціла б, — уставіла сваё слова, стоячы каля печы, Каця.

— Не, ты ўжо занадта, Кацечка, — умяшаўся Захар Рудак. — Так можна чалавека і зусім счарніць. Піць-то ён піў, але не ўсё і блага рабіў. Справы палявыя ён разумее. Я думаю так, Якуб Панасавіч, давайце паставім яго паляводам, пабачым, як ён працаваць будзе. Можа, урок не пройдзе для яго дарма?

— А што ж, давайце на праўленні параімся. Толькі глядзі, Захар, больш за ўсё табе з ім давядзецца пакутаваць...

Якуб Панасавіч гаварыў з Рудаком, а сам не спускаў вачэй з ягонага сына. Васілёк прыстроіўся каля табурэткі ў кутку і вельмі пільна ўглядаўся ў малюнкі ў кніжцы. Ён так быў захоплены рознымі звярамі і птушкамі, якія паглядалі са старонак кніжкі, што, здаецца, болей для яго нічога не існавала. Мабыць, гэтая маленькая кніжка нямала разоў пабывала ў руках у дзіцяці, бо папера яе была ўжо добра зашмальцавана, а самі звяры дамаляваны рознымі каляровымі алоўкамі Васільком такімі, якімі яны яму ўяўляліся.

— Як я гляджу, дык твой хлапец хутка да мяне ў школу прыйдзе? Бачыш, ад кніжкі не адарвецца, — пажартаваў Якуб Панасавіч.

— Да школы яму яшчэ многа чаравічкаў давядзецца стаптаць, — пацяплеўшым голасам азваўся Захар, а Каця, якая, як кожная маці, лічыла, што на свеце няма разумнейшага і прыгажэйшага за яе Васілька, парашыла паказаць старому настаўніку ўсе сынавы таленты. Толькі сам Васілёк па-ранейшаму сядзеў утароплены, як быццам гаворка яго і не кранала.

Каця, як быццам хто даў ёй крылы, так лёгка забегала цяпер па хаце, незаўважна ні для кога хуценька выцерла хлапчуку ручніком замурзаны тварык, выняла з шафы другую кніжачку і, палажыўшы перад Васільком, папрасіла:

— Пачытай, сынок, дзядзю! Ну, пачытай вось гэта! — І сама адышлася, здаволена паглядаючы на ўсіх.

Васільку, відаць, такія просьбы былі не ўпершыню, ён уважліва глянуў на старога і, заўважыўшы спагадны позірк таго, павёў маленькім пальчыкам па радках і пачаў вызвоньваць, крыху шапялявячы:

 

Не сядзіцца ў хаце

Хлопчыку малому!..

 

— Ого, ды ты, брат, як рэпу грызеш... табе і ў школу не трэба, — рассмяяўся Якуб Панасавіч і, падышоўшы да хлопца, пагладзіў яго па галаве.

Каця пераможна паглядзела на ўсіх, асабліва на Захара, якому, здавалася, адзіны выраз яе гаварыў: «Глянь, якога я табе сына нарадзіла!»

— А ўсё ж, як крыху падрасцеш, прыходзь да мяне ў школу, там такіх у мяне многа, як ты! Мы цябе навучым чытаць як належыць, — лашчачы хлопца, гаварыў Якуб Панасавіч.

На вуліцы зароў бык. Захар Рудак схамянуўся.

— Незнаёмы голас, — пажартаваў ён. — Такога ў нас не было... Ці не Агата кароў гоніць?.. — І зараз жа пачаў збірацца.

Зацікавіла гэта і Якуба Гаманька, бо і той, насунуўшы капялюш, нецярпліва перамінаўся ўжо з нагі на нагу каля парога.

— Да ночы хоць з’явішся? — кінула Каця ўслед мужу, калі той быў ужо за дзвярыма.

На вуліцы было такое, што сапраўды ўсхвалявала Захара Рудака і Якуба Панасавіча. Пяць перапялёсых, пародзістых кароў лена брылі ў напрамку фермы, час ад часу рыкаючы, а перад імі яшчэ малады, відаць, двухгадовы бык, як камандзір, пракладаў дарогу. За каровамі ішлі Агата і Кузьма Шавойка. З-пад хусткі ў Агаты павыбіваліся косы, твар расчырванеўся. Яна была вельмі ўсхвалявана, ды і змардавалася да таго ж. Кузьма Шавойка з даўжэзным прутам ішоў, як на гулянцы, ледзь не ўзяўшыся ў бокі. Няцяжка было здагадацца, што і цяпер ён пад хмяльком.

— Ну і малайчына, цётка Агата! Так рана, і ты ўжо справілася! — радасным воклічам сустрэў яе Захар Рудак.

— А мы яшчэ цёмненька выйшлі! Затое ў пару і дома, — здаволена адказала яна.

— А я што, не маладзец? — нібы жартуючы, кінуў Рудаку Кузьма Шавойка. — Дайце закурыць! — І ён працягнуў руку па папяросу.

— Ты таксама маладзец, Кузьма, што пасобіў цётцы Агаце, — азваўся Якуб Панасавіч.— Толькі як я гляджу, дык ўжо зранку прылажыўся?

— Дзядзечка, што прылажыўся, то прылажыўся, — расчулена залапатаў Кузьма Шавойка, — а вы паглядзіце на тую звярыну. — І ён паказаў прутом на маладога быка. — Хіба з ім можна саўладаць без гэтага?.. — І, прыкурыўшы ў Рудака, пайшоў услед за каровамі. Пачаставаўшы Кузьму папяросай, Рудак і Гаманёк далучыліся да Агаты. Ім самім хацелася правесці да фермы гэты статак, ад якога павінна павесціся добрае племя ў «Чырвонай зорцы». Захар Рудак перакідваўся словамі з Агатай і Якубам Панасавічам, а сам ужо думаў аб тым, як хутка ў калгасе будзе ўвесь статак такі добры. Ён паглядаў на карову, якая ішла ззаду, і цешыўся: грудастая, тоўсты, шырокі крыж, вялізнае набраклае вымя. «Такая можа даць болей малака, як нашыя тры. Што ж, калі за ферму ўзяцца па-сапраўднаму і яшчэ тое-сёе прыдбаць, — думаў ён, — дык за год пяць-шэсць можна зусім змяніць у нас пагалоўе...»

Непакоіла толькі адно — каму даверыць кароў? Бо калі з імі што-небудзь здарыцца, з яго не толькі калгаснікі галаву здымуць, але, што яшчэ горай, засмяюць літоўскія і латышскія суседзі. Самусевіч абавязкова скажа: «Скочыў далёка, а завяз глыбока... Занёсся вельмі галавой, а жыццё цябе — тварам у самы гной!» З усіх чатырох толькі Кузьма Шавойка быў зусім абыякавы да ўсяго і жартаўліва перамаўляўся з быком.

— Ну, ты ў мяне не вельмі, — пагражаў ён, калі бык нагінаў галаву і пачынаў раўці. — Ты хоць і Сцепраліс, значыць, герой, а дурань, калі думаеш напалохаць Кузьму... Не на таго нарваўся! І не фыркай, як пан у мужыцкай хаце, тут табе такія травы над возерам, што твае сябры з «Пергале» яшчэ і пазайздросціць могуць... Кажу табе, перастань касавурыцца і прывыкай адразу!..

Якуб Панасавіч яшчэ здалёку заўважыў некаторыя змены на ферме. Па-першае, дзіркі, якія раней скоса паглядалі са страхі, былі акуратна заложаны кулявою саломаю, а тую прымацавалі даўжэзнымі жэрдкамі. Свежыя жардзіны бялелі на агарожы. Гной з двара, сабраны ў адно месца, ляжаў воддаль у адной вялізнай кучы.

— Як я бачу, дык гасцей падрыхтаваліся сустрэць, — паказаў Гаманёк на тое, што кругом было прыбрана.

— А гэта ўсё наша цётка Агата паклапацілася, — здаволена адказаў Захар Рудак.

— Якое там я, — па-жаночаму сарамліва азвалася Агата. — Прыйшлі цесляры і зрабілі. А яшчэ мы самі, даяркі, на ўборцы папрацавалі... вось і выйшла няблага...— не дакончыла яна, бо з фермы выбегла ім насустрач узбуджаная, расхрыстаная Вера Сарокава.

— А цётачка, — падбегла яна да Агаты, не зважаючы на другіх, — якіх вы прыгажунь прыгналі! — І ўчапілася за руку Агаты. — Давайце, давайце сюды, — адскочыла яна і, стаўшы каля варот, пачала зазываць кароў. — А я ім ужо і кватэры нарыхтавала.

Усярэдзіне абора мела цяпер лепшы выгляд, чымся раней. Не кідаўся ў вочы неймаверны бруд. А з правага боку, дзе, як відаць, былі падрыхтаваны месцы для новага статка, было і зусім прыстойна. На падлозе ляжала свежая салома. У кармушках зелянела атава канюшыны.

— Бачыце, ужо весялей, — ганарыўся Захар Рудак. — А мы павінны дамагацца, каб у нас і аўтапаілкі былі. І будуць...

— І будуць! — падтрымала Вера Сарокава, якая любіла сваю справу.

— Хто ж будзе гэтых кароў даглядаць? — пацікавіўся Якуб Панасавіч.

— А гэта ўжо вырашана, — усміхаючыся, сказала Агата.

— Хто?

— Ды вядома хто — Вера! Вось яна! Яна дзяўчына гаварлівая, але спраўная. І галава на месцы, і рукі не гуляюць, і сэрца ласкавае...

Вера Сарокава сцвярджальна кіўнула галавою і тут жа ўзялася за справу. Яна пазаганяла кароў па загародках, пяшчотна ляпаючы кожную па спіне. Толькі да быка баялася падысці, бо той нездаволена круціў галавою. Аднак тут на выручку прыйшоў Кузьма. Ён смела абхапіў яго за тоўстую шыю і завёў на месца.

— Ну, Герой, прывыкай да нас! — сур’ёзна праказаў Шавойка.

— А хіба яго Герой завуць? — пацікавілася Вера.

— Сцепраліс, а па-нашаму ўсё роўна што герой! — паведаміла Агата і тут жа расказала, якое развітанне было са Сцепралісам у «Пергале».

— Калі выгналі з агарожы Сцепраліса, усе баяліся да яго падступіцца. Ён раззлавана матаў галавой, не разумеючы, чаму яго адлучылі ад усяго статка. Калі Кузьма наважыўся зрабіць некалькі крокаў да яго, бык пагражальна прыгнуў галаву і рогам капануў зямлю. Мы ўжо не ведалі, як яго адтуль і ўзяць. Выручыла іхняя цялятніца Юстасене. «Сцепраліс, Сцепраліс»,— ласкава паклікала яна, і бык, нібы разумеючы, рыкнуў у адказ. Юстасене падышла і пяшчотна пагладзіла яго... Мусіць, цяжка было разлучацца са сваім гадаванцам. А бык стаяў такі пакорны, праводзячы шурпатым языком па яе руцэ... Юстасене пазвала яго і вывела на нашу дарогу. Вось як Сцепраліса шанавалі там!

— І мы яго не менш шанаваць будзем, — азвалася Вера. — А як кароў зваць?

Агата выняла з кішэні курткі паперку і, разгарнуўшы, падвяла Веру да кожнай каровы:

— Памятай, гэта Гражуоле, гэта Жвайкждуце, то Паняле, то Леле, а то проста Раготэ.

— А па-нашаму як?

— А па-нашаму так: Красуня, Зорка, Паненка, Лялька, Рагуля.

— Ну, дык мы і будзем іх клікаць па-свойму! — заявіла Вера.

— А можа, давайце, — параіў Якуб Панасавіч, — будзем зваць па-літоўску. Па-першае, яны да гэтага прывыклі, а па-другое, і мы заўсёды будзем памятаць, як нам памаглі суседзі.

Агата падтрымала старога.

Захар Рудак і Якуб Панасавіч, развітаўшыся з Агатай і Верай Сарокавай, пайшлі па сваіх справах. Якубу Панасавічу выпадаў час ужо весці ўрок, а Захара Рудака цягнула ў кантору. Як быццам нешта падказвала яму, што трэба спяшацца.

І сапраўды, калі Рудак толькі пераступіў парог канцылярыі, ён пераканаўся, што прадчуванне яго спраўдзілася. За сталом сядзелі праекціроўшчык Барыс Васільевіч Беразінец і Алесь Іванюта. Перад імі ляжала адна раскрытая карта, і некалькі папак узвышалася побач. Захар Рудак зразумеў з гэтага, што праект гатовы. Ён кінуўся насустрач Беразінцу.

— Ужо гатова?.. — моцна паціскаў яго руку Захар, — і вы прыехалі! Значыць, усё ў парадку?

— А хіба магло быць інакш? — усміхнуўся ў пушыстыя вусы Беразінец.

— Усяляк бывае...

— Калі з праекціроўшчыкам пачынае здарацца «ўсялякае», яго праганяюць, — зноў усміхнуўся ў вусы Беразінец.

Алесь сядзеў у часе гэтай гаворкі за картай і не падымаў галавы. Відаць, што нешта яго вельмі займала. І ён хваляваўся.

— Над чым ламаеш галаву? — падышоў да яго Рудак і палажыў руку на плячо.

— Старая гісторыя.

— А ў чым рэч, калі не сакрэт?

— Вось ніяк не можам дамовіцца — будаваць мост ці не? Барыс Васільевіч настойвае на сваім, а гэта нам зацягне пачатак будаўніцтва, і калі мы за зіму не выкапаем катлавана, дык вясной пачнецца чорт ведае што... Праекціроўшчыкі перастрахоўваюцца, каб потым на іх не ківалі, і ставяць пад удар будаўніцтва... Я пра такія рэчы яшчэ ў інстытуце чуў, але, прызнацца, не вельмі верыў... Трэба пайсці на рызыку!..

— Не трэба ніякай рызыкі, — паморшчыўся Барыс Васільевіч. — Навошта яна?

— А каб паскорыць будаўніцтва станцыі.

— Ну, і што ты прыдумаў, таварыш Іванюта? — як бы не ведаючы, пацікавіўся Рудак.

— А тое, каб не будаваць мост, а перакрыць раку земляною плацінай. І па ёй падвозіць матэрыялы...

— Што вы гэтым выйграеце? — устрывожыўся Беразінец.

— Выйграю некалькі месяцаў, а для нас гэта многа...

— Вы можаце ўсё паставіць пад удар, — настойваў Барыс Васільевіч.

— Я падлічу, але перакананы, што катлаван мы зробім да таго, пакуль вада стане пагражаць нам.

— Я не раіў бы вам рабіць гэтага, — сердаваў Беразінец.

Захар Рудак толькі пацепваў плячамі.

— Не разумею, чаму ты не слухаешся спрактыкаванага таварыша, Алесь?

— Таму, што я перакананы ў сваім.

— Хто з вас больш праектаў рабіў: ты ці Барыс Васільевіч? — паступаў Захар.

— Не я, — ціха адказаў Алесь.

— А вось што, таварыш Іванюта, — цвёрда заявіў Рудак, — я больш яму веру. Справа тут вельмі важная, міжкалгасная, калі што здарыцца, нам з табой не толькі апраўдвацца, а з сяла на станцыю навыскачкі давядзецца ляцець і больш вачэй сюды не паказваць...

Алесь выслухаў гэтыя горкія словы Рудака, але не пераставаў настойваць на сваім. Ён пачаў яшчэ больш цярпліва растлумачваць Рудаку, але і не без некаторай унутранай пакрыўджанасці, што будаўніцтва моста пад цяжкія машыны зойме нямала часу, асабліва пры той тэхніцы і тых нявопытных кадрах, якія мае калгас: што ў сувязі з гэтым машыны, якія з дня на дзень павінны прыбыць, будуць прастойваць, што работу ў катлаване давядзецца пачынаць, магчыма, ужо на замёрзлай зямлі — значыць, можа, трэба будзе размякчаць яе вогнішчамі. Нарэшце вясной, на сыходзе зімы, калі прыйдуць у рух верхнія і грунтавыя воды, няскончаны катлаван, відаць, непазбежна будзе затоплены, і гэта прывядзе да бясконцых дадатковых затрат.

— Алесь мае рацыю, — нечакана падтрымаў яго Беразінец, калі той скончыў свае довады. — Калі б я быў мясцовы і будаўнік, магчыма, я зрабіў бы гэтаксама... Але як праекціроўшчык я рызыкаваць не маю права — будаўнік улічвае магчымыя добразычлівыя ўмовы, а праект засноўваецца на лічбах і павінен быць вычарпальны... Вось усё, што я магу сказаць пра гэта. Нарэшце, таварыш Іванюта можа рабіць так, як гэта яму здаецца найбольш мэтазгодна.

Як ні мала знаў у гідратэхнічных справах Рудак, яму ўсё ж здалося, што ён дарэмна пагарачыўся, стаўшы адразу на бок Беразінца. Апрача таго, ён падумаў, што ў прапанове Алеся не толькі варта разабрацца глыбей і ўсё ўзважыць, але і стварыць умовы на выпадак, калі яна будзе прынята і не дасць патрэбных вынікаў. Яму хацелася, каб імя Алеся не было зганьбавана. Ён ведаў, што Алесь таксама горача і шчыра клапаціўся аб поспеху будаўніцтва, як сам Рудак аб паляпшэнні калгаснага статка, але Рудак быў загартаваны ў жыццёвых неладах, а Алесь, малады інжынер, мог лёгка падарваць сваю рэпутацыю ў самым пачатку, і ад гэтага яго трэба па магчымасці абараніць.

— Нарэшце, вы абодва разумныя людзі, — падсумаваў свае развагі Рудак. — Але з прычыны таго, што апрача вас у гэтай справе зацікаўлены тры калгасы, дык я думаю, што нам і трэба будзе параіцца ўсім разам... Як-небудзь разбярэмся!

На гэтым і парашылі.

Пахмурнасць не сыходзіла з твару ў Барыса Васільевіча. Наогул, у гэты прыезд выгляд праекціроўшчыка быў занадта стомлены, калі не хваравіты. Неўзабаве Беразінец сам пацвердзіў гэта.

— Ведаеце, таварышы, — сказаў ён, а ў самога павекі ледзь не зліпаліся, — перад выездам да вас тры ночы не спаў, усё хацелася, каб не затрымаць, ды ці не застудзіўся я, калі ехаў са станцыі, так усяго ломіць!..

— Барыс Васільевіч! Дык чаго тут чакаць? Хутчэй да мяне. Зараз вас Каця напоіць чаем, а можа, чаго яшчэ дасць кроплю ды пад кажух... Дадушы, пасля прастуды нічога лепшага на свеце не ведаю! — запрапанаваў Захар Рудак і, не даючы Беразінцу аднеквацца, пацягнуў яго дахаты,

Алесь адчуваў сябе ніякавата. Ён угнявіў чалавека, хоць і цяпер быў упэўнены ў сваім. Але ж можна было для гэтага выбраць другі час і, можа быць, пагаварыць сам-насам. Наогул апошнія дні прынеслі яму шмат трывогі. Узяць хоць бы той самы выпадак з Анежкай. Навошта было так раптоўна пакідаць яе на дарозе і як шалёнаму ўцякаць ад свайго пачуцця?

Алесь выйшаў з канторы, вырашыўшы прагуляцца, і неяк само сабой выйшла, што ён апынуўся на пергалеўскай дарозе. «Не, ад свайго пачуцця на кані не ўцячэш»,— усё думаў ён аб той сустрэчы з Анежкай. Калі б яму ў той час, як ён вучыўся ў інстытуце, хто-небудзь сказаў, што ён, стаўшы начальнікам будаўніцтва, будзе пакутаваць і ўздыхаць па дзяўчыне з крыжыкам на шыі, ён бы рассмяяўся, а яшчэ больш пэўна, што пакрыўдзіўся. Як усякі юнак, захоплены рамантычнымі марамі, ён уяўляў, што яго пакахае якая-небудзь асаблівая дзяўчына, можа быць, маладая артыстка з выдатным талентам. «Які шчаслівы гэты Алесь Іванюта, — будуць зайздросціць яго сябры і аднагодкі,— яго кахае самая прыгожая дзяўчына ў сталіцы!..» Але сталічнае жыццё скончылася сустрэчай з Лізай, а жыццё начальніка будаўніцтва пачалося ўздыханнем аб простай дзяўчыне ў зялёнай сукенцы... Што гэта, насмешка лёсу або падарунак, значэнне якога пакуль невядома?..

Алесь доўга хадзіў па полі, пабыў каля возера, дзе ён мог знадобіцца, а перад світаннем, калі ўжо варочаўся дахаты, пачуў раптоўны рокат матора, які ўзнік з-за пергалеўскага ўзгорка. Алесь добра мог адрозніць роўны гул аўтамашыны і больш адрывісты трактара, а гэта было зусім не падобна на іх. Куды хутчэй нагадвала рокат матора танка. «Чаго б тут з’явіцца танкам? Можа, манеўры?» Ён застыў на хвіліну і ўважліва прыслухаўся. А рокат усё нарастаў. Алесь зацікавіўся.

І раптам ён здагадаўся — гэта, відаць, адна з тых машын, што былі абяцаны для будаўніцтва. І ўзрадаваўся, не толькі таму, што прыемна было, нарэшце, атрымаць пад свой загад тэхніку, але ў першую чаргу таму, што гэта быў вельмі важны доказ у карысць яго прапановы. Машыны давалі яму зусім не для таго, каб яны прастойвалі!..

Сонца ўжо ўзыходзіла над возерам, і доўгія цені ад дахаў ляжалі цераз палеткі. Зеленаватая атава, здавалася, пасівела ад сцюжы, і само ранішняе паветра нібы звінела. Алесь глянуў пад «Пергале», і раптам доўгі хобат машыны ўзняўся з-за ўзгорка, а пасля выпаўзла і сама таўшчэзная, шыракагрудая.

Праз хвіліну Алесь стаяў ужо каля магутнай машыны. Хлопец у сіняй спяцоўцы выскачыў з кабіны, а матор туркаў, паволі працуючы ўхаластую.

— Я — на «Дружбу народаў»,— сказаў ён Алесю.— Далёка?

— Вы ўжо на месцы!

— А дзе мне знайсці начальніка будаўніцтва?

— Я сам, калі ласка!

Хлопец, амаль аднагодак Алеся, акінуў яго недаверлівым паглядам.

— Мне жартаваць няма калі, я не прагульваюся, вунь матор жарэ гаручае на халастым хаду.

— Я не жартую...

— Ну, тым лепш, — узрадаваўся той, — куды мне ехаць?

— Пакуль што ў сяло...

— Мне б на будаўніцтва.

— А палатку з сабой прывезлі? Ці на цэгле спаць будзеце? Там яшчэ нічога няма...

— Справа ваша, — пагадзіўся хлопец.

З’яўленне машыны ў Доўгім выклікала вясёлае ажыўленне — аб экскаватарах тут толькі чыталі ў газетах, ды яшчэ бачылі часамі на здымках у часопісах. Спачатку за ім увязаліся хлапчукі, якія, як вядома, паспяваюць усюды.

— Глядзі, глядзі... цэлая гара валіць... — захоплена заўважыў адзін і запляскаў далонямі.

— Гэта ж большая за танк! — усклікваў другі.

— А якая дзюба, даўжэйшая за буславу, — жартаваў трэці.

— Адна бяда, што няма куды ўскочыць, каб пад’ехаць, — практычна азваўся большы з іх.

Экскаватар узняў не толькі дзяцей. Калі машына прыйшла да старога млына, там ужо сабраўся цэлы натоўп.

Стары Лайзан, які лічыўся больш-менш знаўцам тэхнікі, захапляўся новаю машынаю.

— Чаго толькі няма ў нашым Саюзе, — урачыста ўсклікаў ён. — Што я вам скажу, людзі: ні ў старой Польшчы, ні ў Латвіі, ні ў Літве, калі запраўлялі паны, гэтага не магло быць!

Многія доўгаўцы, пергалеўцы і эглайпаўцы стаялі і глядзелі на машыну. І хоць матор быў спынены, але мала хто адважваўся падысці блізка, такая паважная была яна на выгляд. А раптам кранецца! Толькі паволі яны падыходзілі бліжэй, і некаторыя адважваліся нават памацаць.

— Сі-іла!.. — гаварыў захоплены Кузьма Шавойка.— Колькі ж яна гаручага жарэ?

— Меней, чым ты, — пакпіў нехта.

Адна толькі Адэля Гумоўская паглядала на ўсё гэта здалёк. Яна стаяла, прытаіўшыся за кустом, і дзівілася на нечаканае зборышча. Падысці бліжэй не адважвалася. «Мала што яшчэ падумаюць?» Асабліва яна хвалявалася пасля таго, калі падкінула лістоўку Рудаку. Але тое, што бачыла Адэля, моцна ўстрывожыла яе. «Што можа зрабіць Казюк супроць грамады, якая сабралася вакол такой сілы, як гэтая машына?.. Ды і сам ён так зблажэў, што зрабіўся непамысны»,— прызналася яна сама сабе і з вялікаю цікавасцю ўглядалася ў статную Алесеву постаць, якая ўзвышалася сярод грамады. «Глядзі, якія моцныя Саветы! Усё ў іх ёсць. Такі ваўкалак,— падумала яна пра машыну,— паверне дык паверне. А Казюк Клышэўскі гаварыў, што ў камуністаў нічога няма». І сумненне закралася ў яе душу.

Тое, што прыйшоў экскаватар, узрадавала Алеся. Значыць, хутка можна па-сапраўднаму ўзяцца за катлаван. Ён верыў, што ўсё будзе добра, хоць сённяшнія спрэчкі з Беразінцом і Рудаком страшэнна ўсхвалявалі яго. А старая маці, калі ён з’явіўся дадому, яшчэ падліла масла ў агонь. Яна нібы жартам запытала:

— А ці праўда, сынок, людзі кажуць, што ты з Пашкевічанкай з Лукштаў жэнішся?

— Хто гэта балабоніць? — не падумаўшы, запярэчыў Алесь. І тое, што ён пачуў ад маці, яшчэ больш дадало да яго сэрца згрызот. Агата, па-свойму зразумеўшы сынаву нездаволенасць, выказала свае меркаванні:

— І я кажу, ну, што ў ёй такога. Малое, ды ўсё. Калі чалавеку вучонаму жаніцца, дык я думаю, што вучоную, гарадскую трэба браць. А гэта што — адну кантычку ў касцёле чытаць і можа...

Агата не заўважыла, як нахмурыўся твар у Алеся, і, думаючы, што ён маўчыць, бо згодзен з усім, выкладала сваю думку далей:

— Ну, а калі нашу, вясковую браць, дык ужо такую, каб кроў з малаком! Каб магла папрацаваць, ды і паказаць было не сорам...

І толькі калі Алесь выйшаў за дзверы, нічога не сказаўшы, да яе закралася падазрэнне, а ці не ўгнявіла яна сына.

А Алесь сапраўды не знаходзіў сабе месца ад непамыснасці і крыўд, якія раптоўна напалі на яго. Непрыкметна для сябе, перабіраючы тое, што здарылася з ім за апошні час, ён апынуўся за сялом па пергалеўскай дарозе. Ішоў і не зважаў на тое, што ўжо морак ахутаў усё вакол і халодная ноч ранняе восені працінала яго, лёгка апранутага. Пад нагамі шамацела аслізлае лісце.

«Чаго мяне сюды панесла будаваць? — распякаў ён сябе. — Што я магу тут зрабіць, калі ніхто не разумее мяне? За адну-дзве падводы трэба лаяцца з Самусевічам. Чаму я не папрасіўся на Волгу? Вось дзе разгон! — І ён зайздросціў у гэты час Віцю Шаркевічу, ад якога ўчора атрымаў пісьмо з Куйбышава. — Гэта ж падумаць, — успамінаў ён, аб чым пісалася ў газетах і чым выхваляўся Віця, — каб пабудаваць там плаціну ГЭС, трэба сорак дзве тысячы цягнікоў, гружаных матэрыялам. Зямную кулю могуць апаясаць сабой гэтыя цягнікі і яшчэ не ўмесцяцца... А ў нас што?..»

Алесь не заўважыў, як у роздуме падышоў да сцяжынкі, што адыходзіла ад пергалёўскай дарогі і вяла ў лес. Звалі яе партызанскай. Сцюдзёны вецер быццам ледзянымі іголкамі працінаў яго праз пінжак. Алесь адчуў, як ахапілі ўсяго дрыжыкі... «Як я апынуўся тут? — падумаў ён, але, успомніўшы Анежку, усміхнуўся. — Не, мая даражэнькая маці, відаць, недарма водзіць твайго сына на гэтую дарогу. А што, калі сапраўды пайсці да Анежкі?.. Хіба я звар’яцеў: як падумае яна і што скажуць людзі, калі я прыйду туды ўночы? А яшчэ гэты сіберны холад...» — Дробна ляскалі яго зубы.

Ён дрыжаў і злаваўся на сябе за сваю слабасць. А як жа трывалі тыя, што ў большую сцюжу сядзелі тут і партызанілі ў лесе. І раптам яму ўспомніўся бацька. Алесь стаяў на дарозе каля высокае яліны ў задуменні, і на момант здалося, што быццам бацька крануўся яго пляча, лагодна гаворачы: «Супакойся, усё будзе добра, сыне!»

Хлопец нават насцярожана азірнуўся: да ягонага пляча вецер нахіляў бухматую галіну. Але тое, што ён як быццам пачуў бацькаў голас, узбадзёрыла яго. Алесь цвёрда павярнуў дадому і ўжо сотні планаў роіліся ў яго галаве... «Я давяду вам, таварышы Беразінец і Рудак, што мае словы не кідаюцца на вецер. Пабудую гэтую станцыю хутчэй і танней, як толькі можна. Пабачу, што вы скажаце тады... А сам паеду, адразу ж як скончу тут, туды, дзе гэтулькі прастору. На Волгу, ці Енісей, ці куды яшчэ... Хіба можна цяпер заспакойвацца і сядзець толькі ў сваім кутку? Усё цяпер роднае, сваё — не толькі гэтае месца, дзе нарадзіўся, а ўся савецкая зямля. Нездарма Мешкяліс кажа: ты прытуліся да кавалачка зямлі, а яна абдыме цябе ўсяго! Уся савецкая зямля мяне абдымае! І яна, Анежка, напэўна, паедзе са мной. І маці нічога не скажа...»

Так пакрысе мяняўся настрой у Алеся. А калі ён прыйшоў дахаты, дык маці не заўважыла ў ім і кроплі ранейшай разгубленасці.

 

 

XIII

Анежка хадзіла ў задуме па сваім прыгуменні. Выдаўся надзіва сонечны дзень позняй восені. Было цёпла, як улетку, толькі лісце на дрэвах парадзела. З поля павяваў лёгкі ветрык, і смольны пах маладога сасонніку, здавалася, па-веснавому п’яніў яго. Па небе плылі белыя хмаркі, як бы хто пашкуматаў марлю і пусціў яе ў паветра. На дварэ не чутно ні гуку, ні голасу. Дзень быў нядзельны. Бацька з маткаю паехалі, а куды — не сказалі, але Анежка ведала і сама, што накіраваліся, напэўна, у касцёл. Яшчэ ніводнай нядзелі яны не прапускалі, каб не пабыць у пана клебонаса. Анежку сягоння не клікалі, бо бацька, як казаў, адцураўся яе. «Ідзі на скрут галавы, рабі што хочаш!» — былі яго апошнія словы.

І хоць цяжка было чуць гэта ад бацькі, але дзяўчына адчувала, што зрабіўся важны пералом у яе жыцці, які немінуча павінен быў прыйсці. Нарэшце яна ўсумнілася: а ці варта так баяцца касцёла? А колькі год з самага маленства яна баялася і падумаць пра гэта. Клебонас Казімерас, які гаварыў аб павазе да бога, здаваўся ёй непасрэдным заступнікам бога на зямлі. Быццам кожную ноч з ім сам-насам гаварыў. Затое многія смяяліся з Анежкі.

— Гляньце, гляньце — наша манашка пайшла...

— Не ў той бок кантычку трымаеш!

Многа сіл трэба было, каб стрываць усё гэта. Анежка ўспамінае, як Йонас накрычаў аднойчы на некаторых завадатараў кпін і як прыцягнуў яе да свайго калектыву. Яна ўбачыла, што не можа жыць адна, без дружнай сям’і моладзі, і непрыкметна для сябе прапусціла ў апошнюю нядзелю імшу ў касцёле.

— Пабойся пана бога, — казаў ёй бацька і, не ведаючы, што яна ўжо была ў касцёле, пагражаў павесці да споведзі, каб зняць грахі, якія напалі на дачку.

Пасля здарэння з пісьмом Алеся бацька пад уплывам Панаса Парэчкуса настояў, каб яна пайшла з ім да пана клебонаса. Анежка не можа забыцца, як супроць волі яна пайшла ў касцёл. Ёй было страшна, калі яна ўяўляла белы твар пана клебонаса з маленькімі хітрымі вочкамі. А як ён сквапна паціскаў, успамінала яна, яе руку, як быццам з халоднага жалеза былі яго пальцы. Здавалася, пацягне кудысьці і не адпусціць.

А калі яна падыходзіла ўжо да самага касцёла, прыняла канчатковае рашэнне.

— Не пайду! — смела глянула ў вочы старому бацьку, стоячы ўжо на самым ганку касцёла.

— Анежка, што з табой? — ажно збялеў Пашкевічус.

— Не хачу я ісці сюды, я калачуся ўся... — І яна гаварыла праўду, бо з расчыненых дзвярэй касцёла патыхала такім паветрам, як з якога магільнага склепа.

— Пабойся бога!..

— Не магу я, тата... — І яна ўгрунь кінулася адтуль.

Пашкевічус крыкнуў наўздагон, што праклінае яе.

Анежка засталася сягоння дома адна і хадзіла, знерваваная, па прыгуменні. Скрозь стаяла цішыня. А ў думках не было спакою. Перакруцілася ўсё. Некалі яе так любіў бацька. Адкуль сабе ён ні прыязджаў — з поля ці з кірмашу — падхопліваў яе на рукі і кружыў высока над галавою. Яна плыла ў паветры, а ўслед за ёю развяваліся рознакаляровыя стужкі, якімі любіла яе ўпрыгожваць маці. Помніць Анежка і такую часіну. Ляжыць яна ў невялічкім драўляным ложку, які змайстраваў для яе бацька, і быццам дрэмле. Яна маленькая: які там ложак, а і да яго спінкі не дастаюць невялічкія ногі. Анежка нібы спіць, вочы моцна прыжмураны. Але яна хітра паглядае праз ледзь прыкметныя шчылінкі і заўважае, як бацька ложыць ёй пад падушку цукеркі. Хочацца адразу ўсхапіцца і ўзяць іх, але яна маўчыць да таго часу, пакуль не рыпнуць дзверы за бацькам, які адыходзіць на працу. Чакае і яшчэ колькі хвілін, бо ведае, што ён можа яшчэ раз глянуць у акно, каб убачыць сваю Анежку. А пасля дае сабе волю: ускоквае і адразу засоўвае сабе цукерку ў рот. Цукерка з прыемным халадком растае.

Не магла яна паскардзіцца і на маці. Колькі сукенак вышыла тая для сваёй дачкі! Невысокі куфар быў амаль набіты імі. Ляжалі там з замілаваннем складзеныя ўборы, вышытыя кветкамі, такімі, якія растуць у іх на лузе, — рамонкамі і званочкамі. Былі і вышытыя жытнімі васількамі.

— Ты — мой васілёчак! Ругегеле...1— не раз гаварыла маці.

Анежка глядзіць на невялікае гумно і прыгадвае сваё дзяцінства. Яно было прыгожае. Нельга сказаць, каб яе толькі насілі на руках. Праўда, бацькі рабілі ўсё, каб было весялейшае дзяцінства дачкі, але яно не было толькі святочнае. Бацькі Анежкі не такія ўжо заможныя людзі, каб гадаваць са свайго дзіцяці толькі ляльку. Тры дзесяціны пясчанай зямлі на гаспадарку не так ужо многа. Буланы конь і карова-красуля — вось амаль уся іх маёмасць. Як ні шкадавалі бацькі Анежкі, але з сямі год падымалі яе рана. Пасвіць то авечак, то гусей. А хто ж мог гэта рабіць? Бацьку трэба было і паараць, і пакасіць, а маці не ўпраўлялася на полі, яе чакала работа дома. Затое ўжо ў святочны дзень яны адзявалі і даглядалі сваю Анежку, як тую паненку.

Усё, што абкружала Анежку, было ёй блізкае і роднае. Яна так прывыкла да навакольных рэчаў, што не магла сябе і ўявіць без іх. Невялічкая, пакрыўленая, крытая саломай пуня паглядала на яе, як старая бабуля. Колькі разоў хавалася ў ёй Анежка ад дажджу! Як прыемна было сядзець у зацішку і паглядаць, як вецер гне белыя, тонкія бярозы на суседнім прыгуменні ў Юстаса. А гэты ток, дзе так прыемна пахне свежым жытам! Як добра пахадзіць улетку па яго сцюдзёным, моцна ўбітым гліняным доле! А клець, што стаіць на ўзгорку, з велізарным жорнам замест ганка! Аж цячэ слінка, калі ўспомніш, як выносіла маці адтуль кавалак вэнджанай каўбасы. Нават невялікі пярэплат па прыгуменні стаяў, трымаючы жэрдзі, як даўні знаёмы. Колькі птушак кружыла там, калі на ім тырчалі рыжыя снапы!

Усё гэта моцна хвалявала душу Анежкі. Яна помніць, што спакой і лагоднасць панавалі заўсёды ў іхняй хаце. Калі не хапала з зямлі, бацька заўсёды мог падзарабіць сталяркаю. Майстраваў ён добрыя куфры. І калі болей збіралася дзяўчат замуж, больш было працы і ягоным рукам. А што за куфры гэта былі? Невялічкія, пафарбаваныя ў карычневы ці блакітны колер, яны зачыняліся моцнымі векамі, абабітымі дзеля моцы палоскамі бляхі. Якія толькі малюнкі бацька не выводзіў на гэтых веках! Больш за ўсё тыя ж самыя кветкі, а бывае, і зялёныя елачкі. Калі адчыніш, з другога боку таксама было намалявана што-кольвек з раслін. З боку куфра паглядаў чыста выгабляваны прыскрынак, куды складаліся дзявочыя каралі і брошкі. А ў самім куфры колькі было ўтульнага месца для розных убораў!

Анежка ходзіць, і ўспаміны дзяцінства прыемна казычуць яе сэрца. Але раптоўны боль працінае так грудзі, што яна ледзьве не ўскрыквае. Чаму так змянілася ўсё? Можа, таму, што бацька пазбыўся свайго невялічкага свету, якім для яго была свая гаспадарка, і перайшоў у агульную плынь? Не! Анежка памятае, што першыя гады ён быў, як заўсёды, вясёлы, прыходзіў з працы і жартаваў, ніколі не прамінаў, каб не пацікавіцца дачкою. Хлеба і закрасы ў ягонай клеці не меншала. Праўда, часамі яго абуралі некаторыя непарадкі ў гаспадарцы, але гэта хутка мінала. Маці, як і заўсёды, была ціхая і ласкавая. Што ж сталася цяпер?

Анежка заўважыла, што з таго часу, як пасяліўся ў іх яе далёкі дзядзька Пранас Парэчкус, у хаце перавярнулася ўсё ўверх дном. Цераз які месяц бацьку як бы падмянілі. Ён рэдка смяяўся. Быў увесь час злосны, надзьмуты. Усё сваё стала яму быццам непамыснае. Анежка бачыла, як ён, прыйшоўшы з работы, са злосцю кідаў, куды траплялася, сякеру ці рыдлёўку. Маці, відаць, балюча перажывала ўсё гэта і таксама пахмурнела. Анежка была ўжо вялікая — ёй надышоў семнаццаты год, і яна працавала ў Йонасавай брыгадзе на полі. Йонас і старыя Неруты часта хвалілі Пашкевічусу ягоную дачку, але гэта мала кранала сэрца старога.

Дзяўчына здагадвалася, што ўсё гэта ідзе ад Пранаса Парэчкуса, які заўсёды глядзеў спадылба. Адкуль ён узяўся, яна не ведала. Маці сказала, што гэта стрыечны брат бацькі, і ўсё. А прыехаў ён да іх на трэці год пасля вайны аднекуль з-пад Клайпеды. Казалі, што ён змалку працаваў па канцылярскай справе. Але ў калгасе «Пергале» Парэчкус неўзабаве прыладзіўся вартаўніком. Другой пасады і не шукаў. Гаварылі, што ён чалавек адзінокі. Падобна было, што гэта так, бо нават ніхто ніколі пісьма яму не прыслаў. У вольны час Парэчкус сядзеў дома і варажыў на карты. На гэта ён быў мастак. І калі не было варажыць каму другому, дык варажыў сам сабе. Чаго ён варажыў — невядома. Пры Анежцы гаварыў мала і толькі час ад часу кідаў хцівыя позіркі на яе.

Але аднойчы ёй удалося раскрыць Парэчкусаву душу. Анежка ляжала, нікім не заўважаная, на печы, а ў хаце на покуце за сталом сядзелі яе бацькі і Парэчкус. Усе думалі, што дзяўчыны няма дома. А яна, пачуўшы іхнюю гаворку, так і ляжала моўчкі, нават баючыся паварухнуцца, пакуль яны не выйшлі з хаты. Тое, што пачула Анежка, ашаламіла яе. Пранас Парэчкус умела распальваў боль у сэрцах яе бацькоў.

— Куды вы ідзеце, падумайце самі, — шаптаў ён. — Што засталося з нажытага вамі цяжкаю працаю? Хіба ты можаш, — трывожыў ён сэрца Пашкевічуса, — назваць сябе гаспадаром? Скажы, вось заўтра нядзеля, а ты здолееш запрэгчы свайго каня ў калёсы ды паехаць куды хочаш? Не! Дык які ж ты гаспадар? Гэта ж усё роўна як за прыгонам!

— Ну, што ты кажаш, які табе прыгон, калі я вольны чалавек, не маю над сабою пана і калі гэтулькі хлеба даюць, — спрабаваў пярэчыць бацька.

— А так заўсёды, ты думаеш, будзе, заўсёды? Хлеб ляжыць у клеці, а ён не твой. Вось хутка добраахвотны закуп увядуць — і развітайся са сваім хлебам. Хі-хі-хі, багатыр... — дробненька мэкаючы, як казёл, хіхікаў Пранас Парэчкус.

Анежка так і не сказала нікому пра гэта. Ёй было нават сорамна прызнацца бацькам, што яна чула размовы Парэчкуса. А той стараўся пры дзяўчыне, калі захадзіла гаворка з яе бацькамі аб калгасных справах, трымацца не так адкрыта, а абыякава. Звычайна ён гаварыў: «А хто ж яго ведае?» — і паціскаў плячыма. Але гэта заўсёды вымаўлялася так, што зразумець можна было толькі ў горшы бок.

А чаго ён не хаваў і ад Анежкі, дык гэта сваёй нейкай празмернай любві да роднага краю. Няма чаго казаць, Анежцы вельмі падабалася мясціна, дзе яна нарадзілася: шырокае поле з невялічкімі ўзгоркамі і задумлівымі адзінокімі грушамі на іх, чыстыя ручаіны, якія выбягалі з густога сасновага лесу, велізарны луг каля возера Доўгага. Але тое, што яна чула з вуснаў Парэчкуса, было такое, што на першыя разы здзіўляла яе, а пасля і проста абурала. «Няма такога дзівоснага краю на свеце, як наш! Бог надарыў Літву самай вялікай прыгажосцю», — любіў гаварыць Парэчкус заўсёды. А калі Анежка, адчуваючы ў гэтых словах няпраўду, спрабавала давесці: «Ну, а ў Доўгім, а ў Прыедайне, што побач з намі, там жа ўсё падобна на наша?» — «Тое, ды не тое,— злаваўся Парэчкус. — Не можа быць у іх такой пекнаты. Ты толькі прыгледзься, дзяўчынка, нашы ж ручайкі, што срэбра, звіняць...» — «Добра,— гаварыла Анежка, — яны звіняць таксама і на доўгаўскім полі, і гэта ж побач?» — «Не, — упіраўся Парэчкус — ты не разумееш, там іх тон ніжэй, там зямля другая, чужая для нас; ты заўваж, што ў нас ручаінка бяжыць па пясочку, а там упадае ў нейкую багну». — «Ну добра, — ніяк не магла пагадзіцца Анежка, — скажам, жаўрукі аднолькава спяваюць для нас і для доўгаўцаў. Яны ж узнімаюцца высока, і не разбярэш, над якім полем яны звіняць, што званочкі...» — «Тыя, што ты чуеш, прыгожа спяваюць над нашым, чужога ты пачуеш і адразу адрозніш: ён спявае больш глуха...»

«Літоўская зямля», «літоўская вада», «літоўскія нябёсы» — любіў ён бубніць бесперастання і балбатаў гэта, як папугай, дзе трэба і не трэба. Парэчкус любіў хадзіць па суседніх вёсках і сноўдацца па навакольных палях і лясах. Заўсёды з такіх паходаў ён варочаўся з якімі-небудзь здабыткамі. То прынясе кавалак нейкае пераржаўленае бляхі і пачне сцвярджаць, што гэта засталося ад мяча воіна, удзельніка яшчэ Грунвальдскай бітвы, то частку якога разбітага шалома і, захлёбваючыся, даводзіць, што ён належаў не каму-небудзь, а самому Вітаўтасу. Збіраў ён старадаўнія крыжыкі, грошы, чарапкі ад посуду, гаворачы, што гэта толькі літоўскае. У той жа час ён пагардліва адварочваўся ад усяго, што было не літоўскім. Але аднойчы аскандаліўся. Прынёс іржавую-ржавую пражку ад рэменя. Каб яна мела найбольш старажытны выгляд, нікому не дазваляў сціраць іржы, нават і кратаць рукою. «Гэта пражка літоўскага воіна XV стагоддзя», — сцвярджаў ён. Як жа збянтэжыўся Парэчкус, калі аднойчы Анежка паказала яму гэтую пражку пасля таго, як сцерла ржу вехаццю, памочанаю ў газу, і на пражцы выразна праступіла нямецкае: «Gott mit uns». «Гэта не тая... Ты мне падмяніла...» — крычаў, ледзь не пляваўся Парэчкус.

«...З таго часу ён, можа... і неўзлюбіў мяне,— думала дзяўчына.— Шукаў выпадку адпомсціць і знайшоў яго, бо выпадак сам трапіў яму ў рукі ў выглядзе Алесевага пісьма». Яшчэ і сягоння востра паўстае ў памяці Анежкі тая калатня, што адбывалася ў іхняй хаце. Крычаў бацька. Парэчкус маўчаў. Але ўсё, што гаварыў бацька, было падобна на словы Парэчкуса. А сам Пранас толькі ўхмыляўся ды пакручваў пісьмом перад сабою.

— Літоўка не можа знацца з мужыком, з бязбожнікам! — аж распінаўся стары Петраc.

— А хіба яны не людзі?

— Хто ў бога не верыць, для мяне не чалавек! Я не хачу з такім знацца...

— Вас навучыў Пранас Парэчкус?

— Каму Парэчкус, а табе дзядзька.

Анежка бачыла, што ў маці набягалі слёзы, але яна баялася ўступіцца за дачку. У часе гневу Петрас Пашкевічус быў страшны.

— Напішы так гэтаму мужыку, каб ён больш і думаць пра цябе не адважваўся.

— Які ж ён мужык, ён жа больш граматны і за мяне, і за вас, і за Пранаса Парэчкуса ў прыдачу.

— Для мяне ён не мяняецца, што граматны... Адкажы яму пры мне, што ён цябе абразіў, і адашлі яму пісьмо!.. — настойваў Пашкевічус і грукаў кулаком па стале, быццам ставіў кропку пасля кожнага сказа.

— Я гэтага не зраблю!

— Значыць, ты кахаеш яго?!

— А гэта мне знаць...

— Скажы, ты будзеш слухацца свайго бацькі?..

— Калі ён добра казаць будзе...

— Значыць, ты парашыла, што перарасла розумам мяне?

— Я гэтага не кажу... але здзекавацца з сябе не дазволю.

— Ты адпрэчыш яго ці выйдзеш з мае хаты! — падскочыў разгневаны Петрас.

Анежка помніць, што ў гэты час заплакала. Накінуўшы на галаву хустку, яна выбегла на двор.

З таго часу бацька не размаўляе з ёю. «Што мне рабіць?» — думае Анежка, і невядомасць трывожыць яе сэрца.

Раптам знаёмы голас абудзіў яе ад цяжкіх, чорных дум. Бялявая Зосітэ абхапіла яе за шыю.

— Што ты нудзішся тут адна ў нядзелю?

Зосітэ жыла амаль побач з Анежкай. А іхнія невялічкія садкі стаялі так блізка, што велізарныя грушы з абодвух бакоў заглядалі сваімі галінамі да суседзяў. Дзяўчаты былі аднагодкамі. Але выглядалі па-рознаму. Танклявая, чарнявая Анежка ўсё яшчэ здавалася шаснаццацігадоваю дзяўчынкаю. Зосітэ ж, наадварот, была белая, дзябёлая, яе твар з выразнымі рысамі гаварыў пра тое, што гэтая дзяўчына ўжо ва ўзросце. І хоць ёй было ўсяго толькі семнаццаць, некаторыя думалі, што яна ўжо заседзелася ў дзеўках. Зосітэ і Анежка дружылі змалку. Можа, таму, што Зосітэ па росту была буйнейшай і выглядала больш дарослаю, Анежка прывыкла прыслухоўвацца да яе, а часамі і раіцца з ёю. Вось чаму і цяпер яна не хацела нічога хаваць ад сяброўкі.

— А куды я пайду, ты ж ведаеш, што ў нас здарылася?

— А ты перапрасі бацьку...

— Не буду... Я не вінавата. Ён мяне абразіў.

— Значыць, ты кахаеш Алеся?

— Кахаю, — рашуча выпаліла Анежка і раптам зачырванелася.

— Ён прыгожы хлопец, Анежка. Яго можна кахаць...

— Ён прыгожы не толькі тварам, а і душою...

— Адкуль ты ведаеш?

— Я наглядала за ім. А вось хочаш, ты толькі пачытай! — Яна выняла з-за кофтачкі Алесева пісьмо, з якім, відаць, не разлучалася і насіла ля сэрца, акуратна загорнутае ў хусцінку.

Таварышкі-дзяўчаты часта давяраюць адна другой свае сардэчныя тайны. Бывае, што проста хочуць пахваліцца і паганарыцца сваім каханым, а бывае, дзеля таго, каб яшчэ раз пераканацца ў сваіх адчуваннях. Анежка сачыла, як Зосітэ чытала пісьмо, і чакала, як свайго прысуду, яе слова. Але, на жаль, нічога па твары сяброўкі вызначыць не магла. І толькі калі Зосітэ пахваліла Алеся, яна з палёгкаю ўздыхнула.

— Золата-хлопец, скажу я табе, Анежка. А як ён піша, аж за сэрца бярэ... Глядзі, а то я закахаюся. — Звычайна спакойная Зосітэ прыўзнялася і заружавелася ад узбуджэння.

— У цябе ж ёсць Йонас, якая ты зайздрослівая.

— Ды не хвалюйся, я свайго Йонаса ні на каго не прамяняю,— супакоіла Зосітэ і абняла Анежку. — А твой жа Алесь — Йонасу сябра і хлопец, я табе кажу, на ўсю ваколіцу. Не, праўда, калі я ўгледжу яго, у мяне на сэрцы быццам цукерак шакаладны растае...

— Ды пакінь ты, Зосітэ...

— Ну, добра, не буду... але памятай!..

— А што мне з бацькамі рабіць?

— Нічога, пакрычаць і перастануць...

— Баюся, што не, вось ужо больш за два тыдні, як са мной не гавораць.

— А ты напалохай іх. Скажы бацьку, што, калі ён будзе так ставіцца да цябе, ты пойдзеш з хаты...

— Ён гэтага і хоча...

— Не можа быць. Ён толькі так гаворыць. А папраўдзе дык...

— А папраўдзе дык, — падхапіла Анежка, — можа, мне сабрацца і пайсці? — Яна глядзела запытальна на сяброўку, так, як быццам ад адказу тае вырашаўся яе лёс.

— Ці варта гэта рабіць так адразу? Бацькоўскі гнеў можа змяніцца на міласць. А калі не так, дык нічога страшнага. Ідзі на будоўлю. Там Йонас, цётка Восілене... Алесь...— І Зосітэ ў захапленні пачала размахваць рукамі. — Там весела... Дадушы, я пагавару з бацькамі. І сама туды падамся.

— Як быццам так, ды не так...

І Анежка, запінаючыся і чырванеючы, высказала сяброўцы аб тым, што здарылася на пергалеўскай дарозе, калі яна збіралася з Алесем схадзіць у Доўгае. Зосітэ слухала маўкліва, але не ўтрывала:

— Ах, і дурненькая ж ты, ах, і дурненькая... І з бацькам пасварылася, і з хлопцам, і з панам клебонасам... З усімі!.. Ну, я табе вось што скажу: у пана клебонаса крыўда — назаўсёды, у бацькі надоўга, а ў таго, хто кахае — на хвілю... Толькі не круціся ты каля гумна, як перапёлка, а вырашай што-небудзь пэўнае!..

Анежка ўхапілася за гэтую думку. «Сапраўды, чаму не пайсці на будаўніцтва? Адразу пазбылася б згрызот дома. Ды, можа быць, і бацька б адумаўся? А апрача таго — там ён, Алесь... Ну, пабаялася яна тады, непрыемна выйшла, але ў яго, відаць, добрая душа, і я пры выпадку скажу, што вінавата». Ах, як забілася яе сэрца... Але ў той жа час некаторыя сумненні непакоілі.

— А што я там рабіць буду? З сякерай жа я не магу...

— Ты думаеш, што там усе з сякерамі? — заахвочвала яе Зосітэ. — Там усялякая работа ёсць. А чаму табе не пайсці да Восілене?

— Трэба падумаць добра... — сказала Анежка, а ў душы была ўжо на доўгаўскай гары, па якой, як чула, поўным ходам ішла работа. І яна заўсёды будзе бачыць Алеся. Як слаўна!..

Зосітэ разварушыла і ажывіла Анежку. Але была яшчэ адна прапанова, якую яна трымала ў запасе. Убачыўшы, што Анежка крыху акрыяла ад такой гаворкі, яна перайшла да задуманага:

— А ведаеш... давай сходзім у Доўгае! Ніхто нічога і не падумае. Я да Йонаса, а ты са мной... Мала што... Можа, ты цётку Восілене захацела адведаць?

— Дзякуй, сястрыца, але мне хочацца дачакацца таты і мамы. Ніколі яшчэ не было, каб я без іхняга дазволу куды ішла. Хоць яны і крычаць на мяне, а мне іх шкада!..

— Дык цябе не зразумееш. То скардзілася, што табе цяжка жывецца з імі, то баішся іх угнявіць? — здзівілася Зосітэ.

— Я і сама не ведаю, што са мною робіцца.

— Але пайсці ў Доўгае ты б хацела?

— Хацела б...

— Хочаш, я пагавару з тваімі бацькамі і ўладжу ўсе справы, яны табе дазволяць. Нават пайсці са мною.

— Баюся, што толькі больш угняўлю бацьку...

— Ну, добра, а калі дазволяць, ты са мной пойдзеш?

— Пайду, — цвёрда заявіла Анежка.

Сяброўкі яшчэ доўга меркавалі аб тым, як здзейсніць свае намеры.

Калі сонца ўжо добра звярнула з поўдня і перайшло на другі бок гумна, на двары загрукацела каламажка і перапыніла шчырыя размовы сябровак. Прыехалі бацькі. «Тпр-р-ру!..» — не то з хмелю, не то ў злосці груба загудзеў Петрас Пашкевічус і саскочыў з калёс. Але, відаць, што не з хмелю, бо калі ён з’яўляўся п’яны, дык адразу ж многа гаварыў, а бывае, і спяваў песню. Як пачала помніць Анежка, гэтая песня была заўсёды аднолькавая:

 

Пасігераў кайп гайдзіс,

О, кае мане пабайдзіс?

Не пачос, не марчос,

О, кае мане пабучос?2

 

Але сёння песні не чулася. Анежкаў бацька быў не ў настроі. Гэта яшчэ азначалася тым, што маці хуценька злезла з воза і з мяшэчкам у руках шпарка пайшла ў хату. Стары Пашкевічус адпрог каня і, сцебануўшы яго пугаю, выгнаў на прыгуменне. Пасля доўга корпаўся ў сене і нешта даставаў, сам сабе мармычучы пад нос. Зацягнуўшы калёсы пад павець, ён пастаяў і паглядзеў на гумно. Анежка пазірала на бацьку і прыгадвала ранейшае. Ён стаяў, як і заўсёды пасля касцёла, у сваім чорным пінжаку і карычневых штанах, што былі ў яго святочныя. Шыю абвіваў саматканы шэры шалік, а на галаве красавалася сіняя шапка з бліскучым чорным казырком. Звычайна, у добрым настроі, ён абавязкова паклікаў бы яе і пажартаваў бы з Зосітэ. А сягоння толькі глянуў коса на дзяўчат, адразу павярнуўся і, цяжка ступаючы, пацягнуўся дахаты.

— Шкада мне яго, — усхвалявана сказала Анежка.

А Петрас Пашкевічус сапраўды быў не ў гуморы. Ён увайшоў у хату, кінуў шапку на куфар, паклаў клуначак на лаву, і сам як бы асунуўся за сталом. Нават свая хата здалася сёння няўтульнаю. Жоўтыя сцены, нягледзячы на сонечны дзень, як бы пацямнелі. Зеленаваты куфар і шырокая карычневая шафа стаялі нібы не там, дзе звычайна. Надакучліва звінела ў куце муха, якую абдымаў сваімі ўчэпістымі лапамі павук. Пашкевічусу здавалася, што і яго таксама нехта душыць за горла. Ён са злосцю зняў шалік з шыі і кінуў на лаву. А Пашкевічайне маўкліва паглядала, бо ведала, што ў такія хвіліны лепш даць ягонаму гневу астыць. А гнеў у Пашкевічуса на гэты раз, як надзіва, не праходзіў доўга. Ён яшчэ разгарэўся болей пасля касцёла. Пан клебонас як бы залез у Петрасаву душу, кажучы сёння ў казанні аб непаслушэнстве дзяцей. «Як быццам ён паглядзеў і ўбачыў, што робіцца ў маёй сям’і»,— злаваўся Петрас. Дачку ён вельмі любіў і думаў ласкава пагаварыць з ёю, дык на табе, сёння ўранку, як знарок, шапнуў Парэчкус, што чуў ён аб нейкіх зменах... «А што, калі сапраўды вернецца Сметона і зноў ляжа мяжа паміж імі і Доўгім? Няўжо яна звар’яцела, гэтая дзяўчына. Я ж ёй вёз гасцінчыка». — І Пашкевічус, разгарнуўшы клунак, выняў і пакруціў у руках белыя каралі, якія пераліваліся на сонцы. Ён падышоў да сцяны, дзе ў акуратных драўляных рамачках віселі фотаздымкі, і пачаў разглядаць даччыны фотакарткі. Вунь яна, маленькая, сядзіць у фатографавым крэсле, засланым коўдраю. Якія ў яе добрыя вочкі! А гэта ў час, калі канфірмавалі ў касцёле. Здаецца, анёльскі выгляд. Апошні сёлетні здымак Анежкі раззлаваў Пашкевічуса. На здымку яна пазірала непакорліва. Пашкевічус кінуў каралі на лаву, глянуў на жонку, бо яму здалося, што Анежка на гэтым здымку вельмі падобна на яе. Ён нават не вытрымаў:

— Каб яна была падобна на мяне, гэтага б не было!

— Ды ціха ты, Петрас, нічога ж такога няма. Ты сам сабе бяду выдумаў.

— Я выдумаў таго мужыка, таго бязбожніка, скажаш?

Грук у сенцах перапыніў іхнія размовы.

Пранас Парэчкус увайшоў у хату стомлены і запылены. Узяўшы кубак, ён доўга і прагна жлукціў ваду. Бачачы, што ніхто да яго не звяртаецца, сам завёў гаворку:

— Стаміўся, аж душа вылазіць...

— А дзе ты быў, далёка? — пацікавіўся Петрас.

— Хадзіў у Каралішкі.

— Ты ж не збіраўся туды сёння.

— Не збіраўся, а потым пайшоў. Не магу ж я без касцёла жыць!

— Дык чаму ж ты ў наш касцёл не ходзіш? — здзіўлена запытаў яго Пашкевічус.

— Ты яшчэ блазен, Петрас, калі я пагляджу... Ты хочаш, каб мяне адсюль прагналі? — І ён зрабіў такі няшчасны выгляд, як быццам сапраўды вельмі пакутуе ад таго, што не мае магчымасці спакойна памаліцца.

— Нешта я не чуў, каб каго-небудзь за малітву з працы праганялі.

— Мала ты яшчэ ведаеш, Петрас! — сказаў ён, а сам падумаў пра тое, што і сапраўды Пашкевічус мала чаго знае.

І цешыўся, як добра зрабіў, што сёння схадзіў да Казюка Клышэўскага. Занёс яму тое-сёе, а галоўнае — папярэдзіў, каб быў напагатове, а можа, і перайшоў бы на які час куды ў іншае месца. Парэчкус лічыў, што зрабіў гэта недарэмна. Вока ў яго наглядальнае. Учора заўважыў ён, што нешта доўга хадзіў міліцыянер па сяле. Пасля скакануў у Доўгае ды зноў вярнуўся. Размаўляў у сельсавеце. «А чаго ён доўга гаварыў з пастушкамі? Не, тут справа ясная, шукаюць слядоў. Але не так лёгка іх знайсці, — думаў Пранас. — Колькі сам выпетляў, каб патрапіць на той востраў, ды чорт гэтага Казюка і ў Гумоўскага знойдзе!» Клышэўскі быў яму як бы і ўдзячны, а ў той жа час вельмі занепакоены. «Пляваць, гінуць дык гінуць», — неяк прарвалася ў яго. «Добра, будзеш гінуць ты, але ж ты і мяне пацягнеш...» Ледзь угаварыў яго паставіцца да ўсяго сур’ёзна.

Наогул Парэчкусу здавалася, што ўжо занадта змрочна стала ў гэтай хаціне над яго галавой, і, відаць, вінаваты быў ён сам. Можа, не варта распальваць такіх непаладкаў у сям’і Петраса? Навошта і падаграваць ягоны гнеў? Ці не лепш, пакуль што, памірыць яго з дачкою? Няхай застаецца дома, а то, чаго добрага, кіне бацькоў, пойдзе, нагаворыць якой непатрэбшчыны, а пасля дакапаюцца і да яго.

I Парэчкус пачаў паволі хітрую гаворку. Сеўшы на другі бок стала, супраць Петраса, ён, як бы нічога не заўважыў, запытаўся лагодна:

— А дзе ж наша Анежка сёння?

Петраса гэта не вельмі кранула. Ён ад злосці адыходзіў паволі і нават не буркнуў ні слова Парэчкусу ў адказ. А ўсхваляваная маці, глянуўшы ў акно, ціха сказала яму:

— Вунь яна і Зосітэ... На гумне.

— Не заўважыў, дальбог, не заўважыў. А што я думаю, Петрас,— ён прыхільна палажыў далонь на руку Петрасу, — дарма ты так узлаваўся на Анежку. Ну, што значыць тое пісьмо?

— І я кажу, — ажывілася маці.

— Маўчы! — непрыязна зірнуўшы ў яе бок, крыкнуў Петрас.

— Не рэж свайго сэрца, Петрас,— гаварыў далей Парэчкус. — Яна ж яшчэ вельмі маладая. Яе і ўгаварыць можна. Помні, што бацькава слова многа важыць. Хочаш, я сам пагавару з ёю, і яна дасць слова, што будзе слухацца ва ўсім вас? Хочаш?

— Ну-ну... — як бы насцеражыўся Пашкевічус.

— Толькі ўмовімся: я буду гаварыць з ёю, а ты не крычы. Згодзен?

— Добра, — кіўнуў галавою Пашкевічус.

— Пашкевічайне, завіце яе сюды. Зараз жа! — папрасіў Парэчкус.

Дзяўчаты прыйшлі і селі на ўслон супроць старых. Анежка глядзела на маці і чакала ад яе запытання, але замест яе ліслівым голасам пачаў гаворку Парэчкус.

— Анежка, мне вельмі балюча, што так гарыць сэрца ў твайго бацькі. Не крыўдзі яго, Анежка!

— Я яго нічым і не крыўджу...

— Скажы яму, што гэтае пісьмо выпадковае.

— Выпадковае, Анежка? — падказала маці.

— Не, для мяне яно не такое...

— А вам што да яго? — падтрымала сяброўку Зосітэ.

Петрас ізноў спахмурнеў і закалаціўся. Ён не мог вытрымаць такога, як здавалася яму, нахабнага адказу дачкі.

— Не крой ты майго сэрца, Анежка! — крычаў ён, грукаючы па стале.

— Я ж не ў турме, а на волі, а вы хочаце замкнуць нада мной краты, — спакойна азвалася Анежка.

— Вось як ты аб бацькавай хаце гаворыш! Хіба табе ў ёй блага?

— Вы самі, не ведаючы, без ніякай прычыны робіце мне гора, — адказала яна.

Зосітэ хацела ўступіцца за прыяцельку і ў той жа час выканаць сваё абяцанне — выпрасіць, каб бацькі пусцілі Анежку ў Доўгае. Але як зрабіць гэта цяпер, не ведала. Аднак яна паспрабавала, як магла, змякчыць бацькоў.

— Дзядзька Петрас, — лагодна звярнулася Зосітэ да Пашкевічуса. — Ці мала чаго бывае... Ну, што значыць тое пісьмо?

— І я кажу... — уставіла маці, але, убачыўшы востры мужаў позірк, змоўкла.

— Яна ж не вінавата, што ёй прыслалі, — абараняла Зосітэ.

— Кінь ты, стары, — падсела Пашкевічайне, і вочы яе прасілі спагады.

— А я хачу, — настойваў бацька, — няхай напіша і вылае гэтага нахабніка, каб ён болей не смеў так рабіць. Зробіш так? — звярнуўся ён да Анежкі.

— Не, — спакойна і цвёрда адказала яна.

— Тады ты мне не дачка! Вон з маёй хаты! — І ён у шалёнай злосці схапіў і парваў каралі. Белыя пацеркі, як тыя слёзы, раскаціліся ў розныя бакі па падлозе.

Анежка заплакала. Зосітэ моўчкі падышла і ўзяла яе за руку. Яны выйшлі з хаты.

Маці лягла на ложак, і відаць было, што ад плачу ў яе ўздрыгваюць плечы.

— Чаго ты так разышоўся? — паспрабаваў заступіцца Парэчкус.

— Ты мне яшчэ тут указчык? Хіба не ты мне казаў, што сорамна знацца з бязбожнікамі?

— Ды яно так, — спрабаваў адгаварыцца Парэчкус, — але не трэба занадта ўжо крута.

— Крута, крута, — перадражніў яго Пашкевічус. — У душы ў мяне ўсё перакручваецца. Цяжка мне! — І, ашчапіўшы галаву рукамі, схіліўся над сталом.

...Анежка выйшла з таварышкай на двор і выцерла з твару слёзы. Што рабіць?

Яна так любіла бацьку, што яшчэ не верыла, каб ён напраўду выгнаў яе з хаты. Няпэўнасць была перад ёю.

Па вуліцы моцна загрукатала каламажка, уздымаючы клубы пылу.

Анежка глянула на фурманку поўнымі слёз вачыма, і тое, што ўбачыла, засланіла ад яе калатнечу, якая толькі што адбылася ў хаце. На каламажцы, на высока набітым сенам сядзенні, ссутуліліся Ян Лайзан, якога яна помніла па святочным вечары ў Доўгім, і лукштанскі доктар Мілкус.

— Да каго б гэта ён? — запыталася яна.

— Я чула, што ў райнісаўскага старшыні жонка памірае, — адказала спахмурнелая Зосітэ.

А Ян Лайзан сапраўды спяшаўся ў Эглайне. Звычайна ён вельмі шанаваў жывёлу, а сёння раз-пораз пасцёбваў каня. Усё яму здавалася, што конь бяжыць паволі і надзіва доўга не відаць знаёмай эглайнаўскай вежы. Доктар, заплюшчыўшы вочы, драмаў на возе. Гэта яшчэ больш злавала старога Лайзана.

«Як можа ён быць такі, — хваляваўся Лайзан, — калі чалавек памірае?» Перад вачыма старога ляжала Аўстра з худым пажаўцелым тварам. На крэсле каля яе сядзеў прыбіты горам Каспар. Пяцёра дзяцей стаяла побач. Адзін толькі бедны малы Томас нічога не разумеў і, як звычайна, скакаў на кіёчку па двары.

«Беднае дзіця! — думаў Лайзан. — Яно не ведае, якое гора яго чакае».

Лайзану было яшчэ больш горка ад таго, што так і не памагло прывезенае ім з Рыгі лякарства.

— Можа, не таго далі? — падазрона запытаў ён у доктара.

— Таго, але позна, — абыякава адказаў Мілкус.

— А можна што яшчэ зрабіць?

— Паглядзім... — зноў буркнуў доктар і схаваў свой доўгі нос у каўнер паліто.

Ян Лайзан больш не спрабаваў загаворваць з доктарам.

«Усё роўна бескарысна»,— думаў ён. На Лайзана находзіла нават сумненне. Ці не дарэмна ён скакаў па доктара ў Лукшты? Каспар яшчэ ўчора прывёз драўскага ўрача. Але Лайзану здалося, што аднаго мала. Можа, якраз гэты, якога ён вязе, і знойдзе таго гада, што без пары зводзіць Аўстру ў магілу. Яму ўяўлялася, што і чалавека так точыць чарвяк хваробы, як шашаль дрэва. Варта толькі яго адшукаць, знішчыць, і ўсё будзе добра. Лайзан вяртаўся ў Эглайне і за гэты час шмат перадумаў пра Аўстру. Няшчасная яна жанчына. Так і не пабачыла нічога ў жыцці. Ён памятае яе яшчэ малою. Была Аўстра дачкою эглайнаўскага вартаўніка Карлуса. Гадавалася сіратою, без маці. Змалку ў працы — трэба было гаспадарыць і даглядаць бацьку. Як памёр стары, пасвіла панскую жывёлу, пакуль не выйшла за Каспара. Калі і была ў яе жыцці бесклапотная пара, дык гэта першы год жыцця з Каспарам. А пасля пайшлі дзеці. Шасцёра. Трэба ўстаць раней за ўсіх і пазней легчы. Кожнае абмыць, абшыць і падумаць, як пакарміць. Асабліва цяжка было пры немцах. Ад іх пабояў і здзекаў занядужала Аўстра. Так і не паднялася. Столькі год у ложку.

— Н-но!..— мацней сцебануў каня Лайзан, заўважыўшы белую эглайнаўскую вежу.

Ён нават знарок крыкнуў моцна, каб прачнуўся гэты чэрствы доктар, якога, відаць, нішто не кранае. Мілкус сапраўды лыпнуў вачыма, чмыхнуў носам і, выцершы твар наснічкай, стаў пільна ўглядацца наперад.

Лайзан наўгалоп прымчаў да Каспаравай хаты, і яго старэчыя вочы адразу заўважылі нядобрае. Каспар сядзеў на двары, апусціўшы галаву, а побач з ім стаяў драўскі доктар.

— Позна ўжо, — сказаў ён насустрач Лайзану і Міласу.

Каспар маўчаў, але па яго вачах Ян Лайзан пазнаў, што за гэты час ён перажыў надзвычай многа. Вочы, глыбокія і бліскучыя, нібы прасілі спагады.

Калегі-ўрачы адышлі ўбок і, відаць, заняліся такімі размовамі, якія цікавяць толькі іх адных.

Лайзан, нічога не спытаўшы ў Каспара, увайшоў у хату. Там было поўна жанчын. І ўсе яны былі заняты ў гэтую хвіліну. Адны суцяшалі дзяцей, пасадзіўшы іх на лаве ў кутку, а другія стаялі каля нябожчыцы, якая ляжала яшчэ на ложку. Вусны яе застылі ва ўсмешцы, нібы яна адчула палёгку ад цяжкіх пакут. Чорная хустка, што лёгка ахінала галаву, яшчэ больш падкрэсліла белізну яе твару. Працавітыя рукі, з якіх і за час хваробы не сышлі мазалі і шурпатасць, спакойна ляжалі, складзеныя накрыж. Каля галавы нябожчыцы на зэдліку сядзела Візма. Яна як быццам анямела, нічога не гаварыла і не зводзіла вачэй з маці. Перашэптваліся жанчыны. Чуліся іх уздыханні і гаворка аб тым, якая Аўстра была добрая жанчына. У хаце было душна, пахла мятаю і дзеразою.

Ян Лайзан, зняўшы шапку, стаяў у парозе. Ён доўга ўглядаўся ў твар Аўстры і імкнуўся ўспомніць яе такою, якой пакінуў. Яна нібы і не змянілася і нават быццам хацела нешта яму сказаць. Падышоўшы бліжэй да Візмы, ён зноў утаропіўся на нябожчыцу.

«Не забывайся на маіх дзяцей, дзеду Ян!..» — вось што прачытаў на вуснах Аўстры Лайзан.

Яму цяжка было глядзець на малых, якія пакорліва сядзелі ў кутку, і ён, пакланіўшыся Аўстры, выйшаў на двор.

Езуп Юрканс ужо сядзеў на возе, а ззаду яго перамаўляліся дактары. Каспар развітаўся з імі, і каламажка неўзабаве схавалася за ліпавым саджонікам.

— Дзеду! — гукнуў Лайзана Каспар. — Хто б гэта дамавіну зрабіў?

— Хто ж зробіць ёй апошнюю хату? — здзіўлена паглядзеў на яго Лайзан. — Я зраблю!.. Хоць нялёгка гэта мне, але я сам зраблю...

Да Лайзана падбег малы Томас. Ён заўважыў дзеда, як толькі той прыехаў, увесь час сачыў за ім і цяпер прытуліўся да яго. Лайзан пагладзіў малога пяшчотна па галаве.

— Хадзем са мною, Томас, хочаш?

Лайзан вёў малога за руку і думаў: «Беднае дзіця, яно і не адчувае, што здарылася». Лайзан адчыніў дзверы сталярні, і на яго патыхнула знаёмым, прыемным пахам. Ужо больш за два тыдні стары тут не быў. Але ўсё стаяла так, як быццам пакінуў ён учора.

Лайзан падышоў да палічкі, дзе, як здалося, віталіся з ім розныя змайстраваныя ім цацкі, і, зняўшы адтуль зграбны караблік з ветразямі, аддаў яго Томасу.

— На, забаўляйся.

Босыя Томасавы ножкі затупацелі па сцяжынцы.

— Тваё ўсё наперадзе, — сказаў Лайзан і, уздыхнуўшы, пачаў выбіраць дошкі.

Ён доўга перабіраў іх, вымаючы з груду. Аўстра пасля смерці жонкі была яму самы блізкі чалавек. Колькі яна памагала адзінокаму Лайзану! Паставіць яго гаршчэчак са страваю ў сваёй печы, памые кашулю, прышые гузік. Але хіба толькі гэтым падабалася яму Аўстра? Яна была па сэрцы яму сваім ціхім характарам, такім, калі чалавек ахвяроўвае самога сябе дзеля другіх. І вось яе няма. Ён выбірае сухую сасновую дошку і кладзе на варштат. Прыжмураным вокам аглядае гэбель. Малаточкам крыху ўдарае зверху па лязу, каб яно глыбей асела. Прывычным рухам пачынае габляваць дошку. Закруціліся стружкі і белымі кольцамі пачалі спадаць па дол.

Лайзан працуе, і хочацца яму зрабіць Аўстры добрую сасновую хату. Хапіла ёй розных клопатаў у жыцці, і няхай цяпер гэтая хата стаіць у зямлі доўга, а сцены яе нагадваюць сваім пахам вось гэтыя сосны, якія так трывожна шумяць цяпер над сталярняй.

У сталярню прыйшоў і прысеў на калоду задуменны Каспар. Лайзан заўважыў, што яго твар пастарэў за гэтую ноч. Многа, відаць, перажыў і перадумаў чалавек.

Стары адклаў убок гэбель і падышоў да Каспара.

— Давай закурым!

Яны моўчкі скруцілі цыгаркі і закурылі. Два дымкі павіліся да столі.

Лайзан палажыў сваю загарэлую і жылістую руку Каспару на плечы.

— Цяжка табе, Каспар?

— Цяжка, дзеду!

— І я пахаваў жонку, Каспар. Ведаю гэта. Нялёгка, сынок. Але ж нам трэба жыць. Многа спраў у нас, асабліва ў цябе, Каспар. Ты толькі глянь,— і ён павярнуў яго ў бок Доўгага,— бачыш, аж сюды даходзіць святло ад ліхтара, што каля рухавічка павесілі. А што далей будзе?!. Многа нам яшчэ з табою работы, Каспар!

— Дзякую, дзеду, за добрае слова!

— Ідзі да дзяцей, Каспар, да людзей ідзі... А тут я адзін спраўлюся...

І зноў падалі стружкі, і зноў цяклі думы, і трывожна шумелі над страхою сталярні неўгамонныя хвоі...

 

1 Ругегеле – васілёк (літ.).

2               Выпіў я, як певень той,

        Хто ж падужыцца са мной?

        Не відаць нікога, не,

        Пацалуе ж хто мяне?

XIV

Падзьмулі халодныя вятры над Доўгім, а ў доўгаўскіх жыхароў настала самая гарачая пара. «Не прыбярэш сярпом, не з’ясі за сталом», — як кажуць людзі. Два тыдні пераклікаліся малатарні. Малацілі жыта, пшаніцу, ячмень. Суседзі ездзілі да суседзяў на каламажках, а бывае, плавалі на чоўнах, прыглядаліся да ўсяго і ўсё старанна запісвалі ў сшыткі. Правяралі вылікі сацыялістычнага спаборніцтва.

У нядзелю цэлы дзень сядзелі разам ажно тры праўленні да глыбокай ночы. Нямала было спрэчак. Кожнаму хацелася заняць першае месца. Але выйшла так, што па ўсіх паказчыках ніводнаму калгасу нельга было даць такой перавагі. Калі добра па адным, дык, глядзіш, адстае што-небудзь другое.

— Усім нам яшчэ топаць і топаць, ведаеце-разумееце... — не то іранічна, не то ўсур’ёз зазначыў Якуб Панасавіч, які прысутнічаў на пасяджэнні.

Але ўвагу ўсіх прыцягнула кукуруза, што вырасла сёлета ў калгасе Райніса.

— Дзе ты яе ўзяў? Мы ж пра гэта нічога не ведалі, — нібы раззлаваўся на Круміня Мешкяліс.

— Ды я і сам не ведаў, што з гэтага выйдзе... Паслухаўся агранома раённага, прыязджаў ён неяк перад вясной... Пяць гектараў сеяў на тарфяніку за ляском, такая мясціна, што нікому і не відна, — апраўдваўся Каспар.

— А хто табе насенне даў? — цікавіўся Рудак.

— У нашым раёне пра гэта паклапаціліся.

— А чаго ж нашы спяць? — занерваваўся Мешкяліс. — Справа ясная, — не сунімаўся ён. — Каспар мусіць забяспечыць нас насеннем кукурузы.

— Можа, і нам у раёне дадуць? — азваўся Самусевіч, які ўвесь час ціха сядзеў у кутку.

— Раён раёнам, а Каспар само сабой па-суседску не адмовіць! — настойваў Захар Рудак.

— Ды хіба я адмаўляюся. Падлічым, колькі нам трэба, а лішак можам абмяняць, — пагадзіўся Каспар.

Калгасу Райніса і прысудзілі першае месца, нягледзячы на тое што ў Доўгім быў атрыманы неблагі ўраджай новага гатунку пшаніцы. Надышоў час і Захару Рудаку разлічыцца з Мешкялісам. У абмен ён нагрузіў яму некалькі мяхоў высокагатунковага насення пшаніцы.

— Хай пшанічка ў вашым полі віецца трубою! — крычаў Захар Рудак на развітанне Мешкялісу.

Праз колькі дзён справіліся суседзі з сяўбою на зіму, і сярод рыжых узгоркаў і лагчын пачалі вызначацца зялёныя трохкутнікі і квадраты нядаўна яшчэ чорнай зямлі, быццам мясцінамі надыходзіла другая вясна.

На лёгкім ветры паволі плыло над рунню павуцінне. Драмалі асеннія прасторы. А на будоўлі ажно гудзела ўсё. Будаўнікі канчалі крыць дахі баракаў і майстравалі сталы і драўляныя ложкі. Восілене дамаглася свайго — сталовая ўжо красавалася жоўтаю страхою. У часы полудня там было гаманліва больш, чым дзе. Непадалёк ужо аднастайна тахкаў рухавічок перасовачнай электрастанцыі, каля якога корпаўся Янка Нікіфаровіч. Ён быў здаволены, што адразу знайшоў сабе месца ў працы. І выгляд яго быў такі, быццам ён заўсёды працаваў тут: у старой, прамасленай спяцоўцы, якую прывёз з Ленінграда, выглядаў ён старым рабочым майстрам.

Кузьма Шавойка з таго часу, як з’явілася перасовачная электрастанцыя, увесь вольны час праводзіў каля Нікіфаровіча. І ўжо, канешне, не маўклівы стары зацікавіў яго, — не, Кузьма Шавойка, гэты, здавалася, ветраны хлопец, з вялікаю ўвагаю прыглядаўся да машыны. Нікіфаровіч знайшоў сярод прывезенага з сабой дабра невялічкую кніжачку па электратэхніцы, але Кузьма да канца не стаў чытаць яе і вярнуў кніжку са словамі:

— Цяжкая вельмі... Ты, дзед, лепш раскажы мне пра ўсё сам...

— Цікава?

— І не кажы, як!..

Нікіфаровіч ахвотна задаволіў яго просьбу. Аднаго ён не мог трываць, калі часам Кузьма прыходзіў падвыпіўшы.

— Прэч! — гнаў ён Кузьму. — Прэч адсюль, хлопец, не на тым гаручым ты працуеш...

— Ды што вы, дзеду Янка? — выкручваўся Кузьма. — Я ж толькі адну кропельку, толькі што таго паху...

— І пах не той... Машына паху гарэлкі не любіць!

— Ды я і не працую ля машыны...

— Я ж бачу, што ты хочаш каля яе працаваць... Адыходзь, адыходзь!..

У такіх выпадках Кузьма збянтэжана чухаў патыліцу. Яму сапраўды хацелася працаваць на такой машыне — па-першае, цікава, а па-другое, праца не такая цяжкая, а па-трэцяе, як бы паглядалі на яго дзяўчаты, калі б ён першы з доўгаўскіх хлопцаў стаў майстрам і матарыстам!..

Алесь за некалькі месяцаў працы прызвычаіўся да сваёй пасады. Навучыўся загадзя, кладучыся спаць, так падрабязна прадумваць работу заўтрашняга дня, што ўсё ў яго ішло па раскладу.

У дзень, на які было прызначана ўзарваць млын, ён устаў, як звычайна, у шэсць гадзін раніцы. Як кожнае ранне, пайшоў на бераг возера. Не спяшаючыся, зрабіў зарадку, да якой прывык яшчэ ў інстытуце, нягледзячы на холад, акунуўся. Хуценька выскачыў і, моцна расцёршыся ручніком, пачаў апранацца.

Падышоў Беразінец.

— I вы не баіцеся застудзіцца? — пацікавіўся ён.

— Не.

— А ўсё ж вы рызыкуеце! Раз пройдзе, другі, а пасля — глядзіце!.. Сягоння ўзрываць будзеце?

— Але.

— Хачу паглядзець ды паехаць дамоў.

— А вы пабылі б, паглядзелі б, як катлаван пачнём капаць.

— Баюся... Маста не пабудавалі. Перакрываць, мусіць, станеце?

— Нічога не зробіцца... На колькі, па-вашаму, спадзе вада, калі ўзарвём млын?

— Метра на паўтара...

— Дык гэта ж застанецца толькі на дне на тым возеры пры млыне. І рыбы шмат загіне...

— Будзьце гаспадарамі, — параіў Барыс Васільевіч, — пастаўце брыгаду і збярыце рыбу. Частка, канешне, пройдзе праз пралом.

— Чаму ж вы раней гэтага не сказалі?

— А хіба вы самі не ведалі? Вы ж такі інжынер, як і я, — упікнуў Беразінец.

Алесь развітаўся. Яго цягнулі іншыя справы. Ён пабег дахаты, сабраўся на скорую руку і, ускочыўшы на каня, памчаў да Захара Рудака. Дамовіўшыся, як збіраць рыбу, паехаў на плаціну, якая перагароджвала канал, што ішоў у параўнаўча невялікае азярцо каля млына з возера Доўгага. Трэба было, каб вада яго была адгароджана на ўвесь час, пакуль будзе спушчана азярцо, па беразе якога пачнуць капаць велізарны катлаван.

На перамычку, што стрымлівала воды Доўгага, і была кінута ўся моладзь. Узначальваў справу на плаціне сам пергалеўскі старшыня Юозас Мешкяліс.

Яшчэ здалёк, пад’язджаючы да перамычкі, Алесь заўважыў, што праца там у самым разгары. Дружна ўзлятала зямля над загарэлымі спінамі ды паркалёвымі сукенкамі. Юозас сустрэў Алеся гучным выкрыкам, высока махаючы рыдлёўкай над галавой.

— Знай нашых! Не забудзься хоць бульбянымі медалямі ўзнагародзіць! Бачыш, які Днепрабуд адгрохалі, — жартаваў ён.

Алесь саскочыў з каня, і яны з Мешкялісам пайшлі ўздоўж насыпу. Насып быў амаль гатовы. Заставалася толькі падсыпаць крыху зямлі ў адным месцы ды колькі метраў забрукаваць каменнем. Гэта і спяшалася зрабіць брыгада моладзі, бо нават з прыездам Алеся яна не спыніла работы. Толькі Зосітэ, якая працавала на плаціне з Мешкялісам, папрасіла:

— Вы ж не забудзьцеся нас на млын запрасіць!

— Не турбуйся, усе там будзем, — замест Алеся адказаў Юозас.

— Дык вось, драўгас1, — звярнуўся да Мешкяліса Алесь. — Узарваць млын прызначана на дванаццаць гадзін. Паспееце?

— Паспеем. Загад ёсць загад, як гаварылі ў літоўскай дывізіі!..

І яны развіталіся. Мешкяліс зноў узяўся за рыдлёўку, а Алесь, ускочыўшы на каня, паехаў угору ў напрамку да млына.

«Сягоння ў нас многа спраў, — думаў ён, трухаючы паволі, — гэты выбух. Каб толькі ўсё добра было. Трэба не забыцца наказаць у сяло, каб заклеілі вокны, а то яшчэ павысыпаюцца... Чаму няма Анежкі разам з літоўскай брыгадай? Можа, яна пакрыўдзілася на мяне і не хоча сустракацца? Ці баіцца бацькоў? Хутчэй так! Пра свае пачуцці яна быццам намякнула ў пісьме... А можа, я занадта самаўпэўнены?» — І, ударыўшы абцасамі, ён падагнаў каня. Алесь ехаў, а надзея прыходзіла зноў: а можа, усё-такі яна падыдзе сягоння і яны спаткаюцца.

Алесевы развагі перапыніла сустрэчная падвода, гружаная каменнем. Як відаць, яна ішла на плаціну. Алесь глянуў на вазака і пазнаў у ім Езупа Юрканса. «Што за ліха? — здзівіўся Алесь. — Чаго ён круціцца заўсёды на дарозе? Усё роўна як знарок. Ехаў з Мінска — ён па Лайзана прыязджаў. А цяпер зноў». Лайзан расказваў Алесю пра Езупа Юрканса, і таму была непрыемная сустрэча з ім. Алесь нават спыніў свайго каня, калі параўнаваўся з падводай, і рэзка запытаў:

— А вы чаго тут?

Езуп Юрканс вылупіў вочы:

— Як чаго? Станцыю будую!

— А хто ж вас прыслаў?

— Каспар.

— А што, вам работы ў калгасе няма?

— Ёсць, але і я хачу там, дзе ўсе, парабіць. Я чалавек калгасны...— І ён махнуў пакрыўджана рукою. — Я ўжо не ведаю — і дома крывяцца, і тут...

— А тут добра вам будзе? — запытаў Алесь.

— Добра. Адзін толькі стары Ян Лайзан немаведама чаго ад мяне хоча. Працаваў у свінарніку — блага, прасіўся на сталярню — не дапусціў...

— Ну, згода! — каб адчапіцца ад яго, сказаў Алесь і, павярнуўшы каня, паскакаў на млын.

Яму было непамысна ад сустрэчы з Езупам. «Нейкі нядобры позірк у гэтага чалавека», — думаў ён.

А позірк у Езупа Юрканса быў сапраўды нядобры. Некалькі дзён назад ён зноў быў у Казюка Клышэўскага. На гэты раз знайшоў яго ў будане на востраве. Злаваўся той вельмі, бо ежы не хапала, а выпаўзаць баяўся, ведаў, што шукае яго міліцыя. Юркансу хацелася дазнацца, чаго яму чакаць у бліжэйшы час. Апошні раз на развітанне Казюк Клышэўскі сказаў, што пастараецца наладзіць сувязь са сваімі. Але нічога болей суцяшальнага не мог паведаміць. Езупу нават здалося, што Клышэўскі быў нездаволены ягоным прыходам.

— Яшчэ навядзеш каго на след,— бурчаў Казюк.— Ты помні, свайго не забывайся! Узрыўчаткі мне здабудзь, і канец!

— Як жа я гэта зраблю?

— Галаву маеш на карку?

Езуп сумеўся.

— Прыдумай сам што-небудзь! — насядаў Казюк. — І яшчэ знай, што мне паспачуваць трэба. Сяджу тут у балоце, а есці ж не вельмі што...

— Дык чым я пасаблю?

— Я на цябе аднаго не вельмі спадзяюся. Трэба нам разам вылазку рабіць.

— Куды? — насцеражыўся Езуп.

— Гэта я яшчэ падумаю, — мнагазначна заўважыў Клышэўскі і пачаў выпраўляць Юрканса.

У густым ельніку Казюк ушчуваў Езупа на дарогу:

— Май цярплівасць. Усё будзе наша. А цяпер цікуй і сам. Бачыш, мне пакуль што нельга развінуцца. А ты мяркуй. Нам трэба зрабіць так, каб ніякай дружбы паміж імі не было. Каб не ўдалася справа з іхняй станцыяй, чуеш? Нам нельга, каб беларус, латыш і літовец былі сябры.

— А як жа мы з табою дружым? — паспрабаваў запярэчыць Юрканс.

— Мы — людзі, здавён блізкія адзін да аднаго. Нам трэба трымацца дружна, каб абараніць сваю зямлю і маёмасць!

— А як мне здаецца, — даводзіў Езуп Юрканс, — дык яны дружнейшыя за нас. І, па-другое, іх многа, а нас кропля. Што мы можам зрабіць, каб іх пасварыць?

— А ты не распускай нюні, а добра падумай. Я ж табе пра ўзрыўчатку казаў... Ты ж, брат, галава, Езуп! Ну, што з таго, што нас нямнога; кропля, брат, і камень крышыць...

— Гавораць жа і так: адзін у полі не воін... Што я магу зрабіць, Казюк?

— Многае можаш, калі толькі захочаш. Галоўнае, ты павінен трапіць на будаўніцтва.

Езуп усяляк выкручваўся перад Клышэўскім, стараючыся ўнікнуць работы на станцыі. Але ён быў вельмі сквапны на грошы. А Казюк ведаў, як падліць масла ў агонь. Збегаў у будан і праз хвіліну прынёс яму пачак грошай.

— На, бяры, шкада аддаваць, але раз ты такі...

— Што гэта? — прагна кінуўся да грошай Юрканс.

— Маленькі, не пазнаеш... Грошы...

— Дык гэта ж, відаць, з Казлянскай крамы?

— Ну дык што? Іх жа ў касе не значылі...

— А навошта яны мне, калі будзе змена. Лепш, каб латы. Такія, як пры Ульманісе.

— Дурны ты, Езуп. Твае латы — гэта ўсё роўна што жабракі перад сапраўднымі панамі, перад гэтымі паперкамі. За іх золата возьмеш!

— Хто ж дасць, калі будзе змена?

— А не дуры ты мне галавы... Ты і сягоння ім спосаб знойдзеш!..

Езуп віляў, а сам быў рады; адарваўшы падкладку зашмальцаванай шапкі, старанна палажыў за яе грошы, надзеў на галаву і асцярожна памацаў, а ці добра ляжаць яны там...

Толькі тады, калі Алесь пад’ехаў да млына, ён забыўся на непрыемную сустрэчу з Юркансам. Каля млына было ўжо многа народу. Хто сядзеў на ўзгорку, хто блукаў ля берага. Двое маладых хлопцаў-падрыўнікоў поўзалі ніжэй става. Відаць, апошні раз правяралі, ці ўсё гатова як трэба. Млын маўчаў, ён, нібы прадчуваючы свой канец, стаяў нахмураны і сумна паглядаў у ваду. З адкрытых шлюзаў шумеў вадаспад.

Алесь пад’ехаў да старэйшага падрыўніка і, не злазячы з каня, запытаў:

— Ну як, гатова?

— Можам хоць зараз шугнуць да бога,— адказаў, усміхнуўшыся, той.

— Не, ты пачакай! Зробім, як умоўлена, роўна а дванаццатай. Сядай, адпачні. А ў нас яшчэ справы ёсць.— І Алесь падаўся на ўзгорак да старэйшых.

— Ты як камандуючы парадам сягоння, Алесь! — гукнуў яму насустрач Захар.

— А калі так, дык усім слухаць маю каманду, — адказаў ён і, саскочыўшы з каня, загадаў Кузьме Шавойку, які сядзеў поруч з Нікіфаровічам: — Вось табе конь, скоч умомант у сяло і скажы ўсім, няхай заклеяць шыбы. І зараз жа назад!

— Не паспеюць, — спрабаваў пярэчыць Шавойка.

— За дзве гадзіны, — глянуў Алесь на гадзіннік, — можна чорту галаву скруціць. Едзь! — І Шавойка, спрытна ўскочыўшы на каня, знік у напрамку сяла.

— А ты, цётка Восілене, пра сваю гаспадарку падумай!

— Не мог учора сказаць, — агрызнулася тая, але паднялася і пайшла.

Рудак сядзеў сярод брыгады рыбаловаў. І хоць сёння рыбу давядзецца збіраць, а не лавіць, гэта яму ўсё роўна падабалася. Ён і хлопцы-рыбаловы былі адмыслова прыбраны. Усе надзелі доўгія гумавыя боты і брызентавыя штаны і курткі. «Без мяне вам не абысціся, — пахваліўся Рудак. — Я стары марак, пах рыбы з-пад Мурманска чую!»

Ля берага стаялі прывязаныя да калкоў, падагнаныя чоўны з сеткамі і кашолкамі.

— Ты, як той кот, на рыбу ноздры раздзімаеш? А мне дык шкада яе, — сказаў, падыходзячы да Рудака, Якуб Гаманёк. — А яшчэ старшыня калгаса... Сёння знішчым рыбу, а калі яе развядзеш?

— Не турбуйся, — супакоіў старога Рудак, — я ведаю спосаб, як і развесці. А сягоння нічога не зробіш: лес сякуць — трэскі ляцяць. Важна, каб і рыба пайшла да ладу!

Алесь прыслухоўваўся да гаворкі і глядзеў, як збіраецца народ. Дзень быў святочны. І хоць ніхто нікога не запрашаў, людзі ішлі і ішлі. Ужо сабралася столькі, як ніколі не было каля млына. Стракацеў ад хустак увесь узгорак і насып каля плаціны. Алесь шукаў вачыма Анежку, але не знаходзіў. «Відаць, зноў не прыйшла? А можа, яшчэ падыдзе?» — глядзеў ён у бок «Пергале». Але адтуль, як заўважыў ён, набліжалася толькі брыгада з рыдлёўкамі на чале з Мешкялісам. Яны ішлі загарэлыя, потныя, з адчуваннем добра зробленай справы. Неяк выйшла так, што Мешкяліс крочыў збоку, ну, як сапраўдны камандзір.

— Не быў бы ты ў літоўскай дывізіі, — кінуў яму Йонас. — Як палкоўнік ідзеш.

— А я і не меншы за палкоўніка... А для цябе — дык поўны генерал, — адбіў напад Мешкяліс і падсеў да Рудака.

Алесь заўважыў, што Зосітэ, як прыйшла, села адразу каля Йонаса і нават прыхінулася да яго. Ад Алеся не схавалася і тое, як пяшчотна палажыла яна сваю руку Йонасу на плячо. Пачуццё зайздрасці ахапіла Алеся. «Як ім добра, — думаў ён, — калі ўсё ясна і ніхто не стаіць на дарозе. Глядзяць на іх усе і — каб хто-небудзь слова. А тут, як знарок, столькі перашкод».

Лайзан пасля смерці Аўстры стараўся быць часцей з Каспарам. Ён заўважыў, што Каспар, звычайна маўклівы, стаў яшчэ больш замкнуты. Стары і цяпер сядзеў каля свайго сябра, які прыехаў спецыяльна з Эглайне. Лайзану хацелася адвесці Каспаравы думкі ў іншы бок, і ён рабіў гэта ўмела: то загаворыць аб гаспадарцы, то аб дзецях.

— Як там мой Томас, Каспар?

— Томас — нічога, а старэйшым блага. Асабліва дастаецца Візме. Трэба ўсіх прыгледзець, а яна яшчэ і сама малая...

— Хоць табе цяжка гэта слухаць, але я мушу табе параіць, Каспар, — я ўжо стары... Паслухай! Цяжка табе аднаму?

І хоць Каспар не адказаў на пытанне старога, але ў душы быў з ім згодзен. Так жыць нельга. Ён глядзеў нават далей, баючыся прызнацца сабе самому. А чаму б яму не пабрацца з Восілене? Якая цудоўная жанчына! Лайзан не заўважаў позірку Каспара, а той сачыў, як у кружку суседак з «Пергале» шчабятала Восілене, што вярнулася з баракаў. Якія рукі ў гэтай жанчыны! Ён як бачыць, гэтыя рукі ніколі не знаюць спакою. «Ды і выгляд,— закралася і такая думка,— яшчэ такі, што шмат хто пазайздросціць. Яна, як тая яблыня, што ў самым цвеце». Раней ён проста выпадкова заглядаўся на Восілене, а сёння, калі глянуў, нешта такое заварушылася ў грудзях, што стрымаць было цяжка. «Як я раней гэтага не заўважаў?» — падумаў Каспар.

Мары Каспара перабіў Езуп Юрканс. Ён толькі што прыехаў з камення, адпрог каня і ўспомніў пра заданне Клышэўскага.

Юрканс падаўся ў бок ад людзей, хацеў схавацца ў лагчынцы за ўзгоркам, цікуючы, ці не можна было б як пажывіцца ўзрыўчаткай каля падрыўнікоў, але пабаяўся. «Чорт яго бяры, Клышэўскага, нашто буду я рызыкаваць?» — падумаў ён. Збіраўся ўжо прылегчы, як заўважыў непадалёк чалавека, які ляжаў, убіўшы галаву ў траву. Калі Езуп падышоў і апусціўся побач, той вызверыўся на яго:

— Чаго ты прыцягнуўся сюды?

Гэта быў мельнік Шаплыка. З раніцы ён ляжаў на гэтым месцы, і ў грудзях яго гарэла.

— А што тут дзіўнага, чалавеча? — зацікавіўся Езуп Юрканс.

— Ты глянь вунь туды, туды і туды... Падумай, што яшчэ будзе? Ці будзе яна яшчэ, ваша станцыя, а гатовы млын, што людзей карміў, хочаце адным махам знішчыць. Я ўсё жыццё сваё тут пражыў. Яшчэ за князем, калі быў малы, прыйшоў сюды... А вы хочаце пакрышыць усё...

Езуп Юрканс адчуў у Шаплыку чалавека, з якім не шкодзіць пасябраваць. Сам ён адзінокі на гэтай будоўлі. Не тое каб што зрабіць, слова няма з кім перамовіць. І Езуп спачувальна звярнуўся да Шаплыкі:

— А чаму ты думаеш, што і я хачу нішчыць?

— Таму, што вы ўсе такія...

— А я, можа, якраз такі, што нічога нішчыць не хоча. Я зрабіў бы так, каб млын стаяў і каб станцыя была побач. Адно аднаму не перашкаджае.

— Правільна гаворыш... — Шаплыка на руках падцягнуўся бліжэй да Езупа Юрканса.

Толькі цяпер Езуп адчуў, што ад яго патыхае самагонным перагарам.

— Ты разумны чалавек! Вось хто ты такі. А калі я табе кажу, дык, значыць, праўда. Шаплыка дарэмна слоў на вецер не кідае... Хочаш, я табе адну справу прапаную?

— Ну-ну? — недаверліва пакасіўся Езуп.

— Хадзем вып’ем...

— Дык як жа, а глядзець на выбух?

— А на што нам тут глядзець? Якраз добра, каб нашы і вочы не бачылі. Хадзем! — Шаплыка пацягнуў Юрканса за рукаў.

Алесь глядзеў на гадзіннік. Хутка дванаццаць. Падрыўнікі папрасілі ўсіх адысціся далей ад млына. Натоўп падаўся за ўзгорак, і там хто лёг, а хто прысеў. Толькі няўрымслівыя хлапчукі, баючыся прапусціць цікавае відовішча, увесь час выскоквалі на віднае месца, за што ім перападала ад бацькоў і матак.

З сяла прыскакаў Кузьма Шавойка.

— Ну як? — запытаў яго Алесь.

— Поўны парадак! — адказаў той і адвёў каня ў лагчыну.

Алесь яшчэ раз праверыў час. Потым, як было ўмоўлена, тры разы махнуў падрыўнікам. Усё прыціхла. Людзі прыляглі да зямлі. Хлапчукі пазашываліся за спіны дарослых. Нельга было нічога ўбачыць, што рабілі падрыўнікі. Кінулася толькі ў вочы тое, як яны беглі да людзей у лагчыну. Усе прыпалі яшчэ ніжэй да зямлі.

І раптам выбух... Загудзела паветра. Ажно захадзіла зямля пад грудзямі. Каменне высока ўзляцела ўгору і апала градам на руіны старога млына. Як быццам і не стаяў млын тут ніколі. Вада хлынула магутным патокам праз разбураную плаціну і забурліла, як на парогах.

— Сюды давай! — Захар Рудак бег да месца выбуху, дзе не паспела яшчэ астыць каменне.

За ім ледзь паспявалі два хлопцы, несучы даўжэзны невад.

— Сюды давай, не марудзь! Стаўляй тут, — загадаў ён ім і сам пачаў прымацоўваць канец сеткі. — Цяпер сачыце, рыбы тут будзе на вячэру ўсім тром калгасам, — толькі паспявай выбіраць.

Натоўп рассыпаўся вакол. Магутны паток вады, які вырваўся на волю, усё ўзмацняўся. Здавалася, што гаварыла возера Доўгае: «Ну, дзе вам падужаць мяне. Я маю такую сілу, што на ўсіх вас хопіць». Але прайшло колькі гадзін, і яно здалося: каля берагоў, аж па пояс, высунуліся з вады чараты, і там, дзе быў звычайны ўзровень вады, засталася выразная рыса на іх. Усё болей вырастаў востраў на сярэдзіне возера. Далёка адышлі ад берагоў вербалозы... То там то сям падымаліся выспачкі, і заместа аднаго возера ўтварылася шмат азярцоў. Збор рыбы захапіў усіх. Гэтым займалася ўжо не толькі брыгада Захара Рудака. Рыбу было лавіць так лёгка, што мясцінамі яе проста збіралі... Першыя кінуліся хлапчукі. Яны паздымалі кашулі і пазавязвалі рукавы, у якіх адразу ж пачалі шалпацець акунькі, плоткі і язі.

Нарэшце народ пачаў разыходзіцца. Паехалі дахаты, напакаваўшы кашы рыбаю, пергалеўцы і райнісаўцы.

Заўтра раніцою намячалася вялікая справа — трэба было брацца за катлаван. Разышліся і доўгаўцы.

Да Алеся падышоў Беразінец.

— Ну, дружа,— сказаў ён, і ні кроплі крыўды не заўважалася на ягоным твары,— жадаю поспеху, а я паехаў... І трымайце перамычку як наймацней, а то хоць і не па гадах вы смелы чалавек, а давядзецца паплаваць і нахлябацца ўсяго...

— Можа, пабылі б яшчэ, Барыс Васільевіч,— шчыра прапанаваў Алесь і нават пашкадаваў за сваю ранейшую нястрыманасць.

— Некалі, вы і самі справіцеся, а наконт плаціны раю падумаць,— сказаў на развітанне Беразінец і моцна паціснуў руку.

Алесь застаўся адзін.

«Куды ж мне падзецца дзеля свята?» — надумаў ён і парашыў пайсці дамоў паабедаць ды як належыць адаспацца, але з гэтага намеру нічога не выйшла. Толькі ён адышоў ад млына, вырасла як з-пад зямлі цётка Восілене і падышла да яго.

— А я цябе шукаю! — прашаптала яна і рукою назвала Алеся.

Вочы яе таямніча блішчалі.

— Што такое?.. Што?..— пытаўся ўстрывожаны Алесь.

— Пачакай, зараз скажу...— Але больш яна не гаварыла нічога, пакуль не апынуліся яны сам-насам.

— Прыйшла Анежка, — сказала яна ўрачыста і паглядзела, якое гэта зробіць уражанне.

Ёй няцяжка было па твары Алеся пазнаць, што рабілася ў яго душы. І трывогу, і нястрымную радасць можна было ўгледзець разам.

— Дзе яна?.. Дзе?.. — запытаўся ён, тузаючы яе за рукаў.

— Ды ў мяне, не хвалюйся!

— Зусім прыйшла?

— Казала, што зусім.

— Кінула бацькоў?

— Можа, і не так, але ад іх уцякла.

— Хадзем жа хутчэй да яе! — Ён пацягнуў Восілене за сабой.

Алесь крочыў па сцежцы, што вілася берагам Доўгага, да баракаў, дзе ў дашчаным складзе для інструментаў часова жыла Восілене. Ён не заўважыў, што ідзе вельмі хутка, і, хоць Восілене ледзь паспявала за ім, раз-пораз прыспорваў крок. Яму хацелася як мага хутчэй убачыць Анежку і пагаварыць з ёй. І хоць гэтую сцяжынку ён прамерваў кожны дзень, звычайна не заўважаючы, сёння ёй не было канца. Хацелася хутчэй убачыць твар Анежкі, паглядзець у яе вочы, адчуць, як яны глянуць на яго. Ён быў так заняты сваімі думкамі, што нават не чуў таго, аб чым гаварыла Восілене. Адно адчуваў, нягледзячы на свежы ветрык з Доўгага, — яму горача. Расшпіліў каўнер, як бы рыхтуючыся да нейкай барацьбы. І прыкметна сцішыў свой крок, толькі падыходзячы да баракаў. Восілене нават заўважыла, што Алесь неяк абмяк, разгубіўся.

— Што ты, прыстаў? — звярнулася да яго Восілене.

— Ды не... Дзе яна цяпер?

— У мяне. Я табе казала.

— Ну, вы ідзіце першая... — Ён прапусціў наперад Восілене.

Восілене, як заўсёды, паволі адчыніла дзверы і ўвайшла ў камору. Алесь ступіў за ёю. Ён убачыў, што насустрач прыўзнялася Анежка. Сэрца яго захаланула. Няўжо гэта яна сама прыйшла сюды?.. Ён чакаў сустрэць яе хворую ад няшчасця, а яна была звычайная, спакойная, і гэта моцна ўзрадавала яго. Толькі калі Анежка ўжо зусім наблізілася, Алесь заўважыў, як яна пабялела ў твары. Але рухі яе былі павольныя і, можна сказаць, спакайнейшыя, як раней, быццам нічога і не адбылося. Нават і прамовіла пры сустрэчы, як здалося Алесю, вельмі ўжо холадна:

— Не чакалі?..

— Назусім, Анежка? — Ён узяў дзяўчыну за рукі і адчуў, што мурашкі прабеглі ў яго па спіне.

— Назусім!

— Будзеце працаваць у нас?

— Калі прымеце...

— Хочаце працаваць з Восілене?

Анежка ў адказ кіўнула галавой. Але тут не вытрымала цётка Восілене:

— А як у мяне, дык ніхто і не пытае? А я надумаюся, ды не вазьму, навучыцеся тады быць ветлівымі!

— Я не паспеў яшчэ папрасіць, цётка Восілене. — Алесь ласкава крануўся яе рукі.

— І я прашуся... — з усмешкаю праказала Анежка.

— От так бы і спачатку... гаварылі... Ой, забавілася ж я, а мне трэба рыхтаваць вячэру,— больш для таго, каб пакінуць іх на адзіноце, сказала Восілене і выйшла.

Алесь хацеў павесці гаворку далей, але яна неяк не клеілася ў цеснай, змрочнай каморы. Ніякавата адчувала сябе і Анежка, апынуўшыся пасля сваёй хаты ў гэтым няўтульным кутку. Зразумеўшы гэта, Алесь запрапанаваў пайсці пагуляць. Дзяўчына ўдзячна згадзілася.

Яны пайшлі сцяжынкаю, якая паяском пралягла па лузе да лесу. Возера і людскі гоман засталіся далёка ззаду. Акраец пачырванелага сонца ўжо ледзь віднеўся з-за эглайнаўскай вежы, і павольны вечаровы змрок пяшчотна атульваў прастор. Цішыня стаяла навокал... Але неспакойна калацілася сэрца ў грудзях у Алеся. «Сёння, — думаў ён, — трэба пагаварыць так, каб усё было ясна... Здаецца, я ўжо не магу больш памыляцца, больш могуць і не дараваць...» Але ён адчуваў, што баіцца Анежкі, баіцца яе настрою — яна вельмі тонка адчувае ўсе адценні і пераходы размовы, і найменшая няяснасць насцярожвае яе і робіць замкнутай і ўпартай. Але пакуль што не знаходзілася слоў. «Ну, вось каля той алешыны»,— вырашыў ён, заўважыўшы старую алешыну на пожні, але даходзіў да яе і пачаць усё роўна не мог. Анежка ж, апынуўшыся ўпершыню на такой адзіноце з ім, саромелася і таксама маўчала. «Калі б гэта бачыў тата, ён забіў бы мяне за здраду», — пранеслася ў яе галаве.

— Можа, адпачнём, — запрапанаваў Алесь, калі яны ўвайшлі ў сасновы пералесак.

Анежка апусцілася на невялічкі курганок, навокал аброслы верасамі. Алесь прысеў збоку. А калі садзіўся, як бы выпадкова прытуліўся да яе пляча. Анежка маўчала. Гэта надало яму адвагі. Ён паклаў сваю далонь на яе руку, і тое, што дзяўчына не адняла свае рукі, пераканала яго ў яе прыязнасці.

— Анежка, — сказаў ён, — як я рад, што вы прыйшлі, думаў, што вы на мяне пакрыўдзіліся.

— А вы не раскаяліся? — сумна адказала яна.

— У чым, Анежка?

— У тым, за што я крыўджуся...

— Калі я вельмі раззлаваўся на вашу нерашучасць!..

— А вы думалі, лёгка адыходзіць ад таго, да чаго прывык змалку? Вы думаеце, проста так — узяць і кінуць бацьку?.. — На вачах яе паказаліся слёзы.

— Ну, даруйце, даруйце мне!..

Алесь не помніў, як здарылася так, што ён прынік да сваёй каханай, моцна сціснуў яе ў абдымках і пачаў цалаваць у губы, шчокі, вочы...

— Анежка!.. Анежка!.. Каб ты ведала, як я цябе кахаю, — раптам перайшоў на «ты» Алесь і туліў дзяўчыну яшчэ мацней. — Анежка!.. Каб ты знала, што я пакахаў цябе з самага таго разу, як толькі ўбачыў...

На яго найшла такая смеласць і такое жаданне гаварыць, што словы ліліся бесперапынна.

— Нідзе я такой не бачыў, як ты, Анежка...

А яна пяшчотна гладзіла яго льняныя валасы. «Хіба можна такога не кахаць?.. Ён гаворыць, і кожнае слова яго прыемна так лагодзіць вуха».

— Анежка! Прашу цябе, не ідзі ні на якія ўгаворы, не варочайся дадому, — я цябе не пушчу. — І ён яшчэ мацней сціскаў абдымкі, баючыся, што яна сапраўды возьме ды выпархне з ягоных рук.

Яны сядзелі, моцна прыхінуўшыся, як бы зліліся ў адно, і ўсё навакольнае здавалася ім асабліва прывабным. Алесь глядзеў на густую яліну, якая засланіла іх ад поля, і яна ўяўлялася яму незвычайна прыгожай. «Як гэта я не заўважаў гэтай добрай мясціны раней?» — захапляўся Алесь. І зялёная яліна здавалася яму разумнай істотай, блізкім сябрам, які падзяляе ягоныя думкі і спачувае яму. «А верас, які цвіце такімі сціплымі непрыкметнымі кветкамі... Які ён прыгожы!.. А чабор!.. Ах, які хмельны пах ад яго!..»

— Анежка, — не пераставаў пяшчотна клікаць яе Алесь, — праўда, мы будзем заўсёды з табою? Праўда, Анежка?

— Праўда, Алеська! Я рада... але вось — бацька і маці...

— Не бойся іх, Анежка... Мы нічога благога ім не робім. Яны згодзяцца з намі. Нішто нас болей не можа падзяліць.

Моцна білася сэрца ў Анежкі. Ёй было так добра ў абдымках у Алеся, што не хацелася ўставаць. Яна не заўважала часу, але перажытае нядаўна яшчэ не давала спакою, і яна ўсё вярталася думкамі да роднай хаты.

— Ты не ведаеш майго бацькі, Алесь. Ён упарты. Можа б, ён яшчэ адышоў, але гэты Пранас Парэчкус...

— А што ён там муціць?..

— Муціць, і вельмі, дарагі Алесь, — шаптала Анежка. — Мне здаецца, што ён наогул чалавек несумленны. Не наш ён, Алесь... Я падслухала, што ён гаварыў аднойчы.

— А што такое? — устрывожыўся Алесь.

— Нішто наша яму не падабаецца.

— Калгас?

— І калгас, і станцыя... А больш за ўсё ён нас не любіць.

— Хто ён такі? Адкуль узяўся? — пытаўся Алесь, а ў душы яго расло падазрэнне: а што, калі ад гэтага Парэчкуса і лістоўка, і ўсё ліха. — Ён адзінокі?

— Кажа, што адзін. Нікога ў яго няма. Толькі часта некуды з хаты знікае.

— Куды ён ходзіць?

— Гаворыць, што ў касцёл...

Алесь маўчаў, але падазронасць яго расла і гнеў уздымаўся ў грудзях. «Вось, можа, дзе тая нітачка, за якую трэба ўзяцца і разматваць увесь варожы клубок...»

— Ніхто, ніхто нас не разлучыць, Анежка...— шаптаў ён каторы раз і прынікаў вуснамі да яе вуснаў.

У гэты час у бараку, дзе жыў Езуп Юрканс, ішла гульня. Езуп вярнуўся ад Шаплыкі крыху пад хмелем і не з пустымі рукамі — прынёс у мяшку бутэлек дзесяць самагону. Ён заключыў з Шаплыкам саюз: той будзе пастаўляць, а Езуп прадаваць яго выраб. «Чаго марнаваць дарэмна час, калі можна зарабіць? — думаў Юрканс. — З аднаго працадня вельмі не паскачаш». А Шаплыка таксама быў здаволены. «Няма млына, могуць цяпер на поле пагнаць, навошта мне там вельмі пнуцца, калі можна лягчэй».

Юрканс і ў бараку адгарадзіўся ад людзей. Ён адпяў свой ложак у кутку тоўстаю коўдрай і займеў нешта накшталт асобнага пакоя. Дарма, што няма святла, яшчэ лепей у цемры. Прыцягнуўшыся ад Шаплыкі, ён схаваў мяшок з бутэлькамі пад ложак, а сам выйшаў на двор. На двары было тлумна. Крыху воддаль ад барака, пад сасною, сядзеў гарманіст і, схіліўшы галаву над мяхамі, з захапленнем іграў. На невялічкай пляцоўцы кружыліся пары...

Йонас нудзіўся адзін. Зосітэ паехала дамоў, а ён застаўся, бо трэба было ўранку весці хлопцаў на плаціну. Цяпер жа ён сумаваў і не знаходзіў сабе месца. Насустрач яму ішоў вясёлы Езуп. Шчокі яго былі ружовенькія і пухленькія. Праз невялічкія шчылінкі паглядалі вочкі, як бы намазаныя тлушчам. Йонас падышоў да Юрканса.

— Дзе ты ўзяў? — і хітра падміргнуў яму.

— Дзе ўзяў, там ты не возьмеш, — абыякава адказаў яму Езуп і, паклаўшы рукі ў кішэні, прайшоў міма.

— Чакай! — спыніў яго Йонас.

Яму сапраўды захацелася выпіць і развеяць нудоту, а тут нідзе не возьмеш, трэба бегчы ў сяло.

— Можа, ёсць крыху?

— А што я табе — манаполь?

— Ну, я проста прашу.

— Калі так, магу даць бутэльку за пятнаццаць рублёў.

— Чаго?

— Самаробнай, але, брат, і купная не дакажа таго.

— Ну, давай, — згадзіўся Йонас і пайшоў услед за Юркансам.

Езуп завёў яго за шырму. Пасадзіў у кутку, а сам палез пад ложак. Доўга шалпатаў там, пакуль не выцягнуў закуранай пляшкі, закаркаванай пакуллем.

— Давай грошы! Вось яна, галубка! — строга звярнуўся ён да Йонаса і пакруціў пляшкаю перад носам.

— Ну, добра, давай!

— З рук у рукі!.. — аддаў пляшку Юрканс і схаваў у глыбокай кішэні пятнаццаць рублёў.

Йонас выпіў цэлую шклянку, а рэшту аддаў Езупу.

— На, прыберажы!

Езуп у надзеі, што рэшта самагону застанецца ў яго, засунуў пляшку ў сяннік.

У Йонаса закружылася галава. Ён выйшаў на двор, і ўсё яму паказалася святлейшым. Хацелася весяліцца. Нават схапіў дзяўчыну, першую, якая трапіла пад рукі, і прайшоўся некалькі кругоў у танцы.

— А можа, яшчэ крыху ўзяць? — падумаў Йонас і накіраваўся назад да Езупа.

Па дарозе яму сустрэўся Кузьма Шавойка. А ў таго нюх, што ў ганчака.

— Ого! — шматзначна і з зайздрасцю ўсклікнуў Кузьма. — Хацеў бы я пагаманіць з гэтым зялёным змеем...

— Ну, дык хадзі са мною, шкадаваць не будзеш!

За шырмаю ў Езупа пляшка была апарожнена да дна. Кузьму, які любіў выпіць, гэтага паказалася мала. З’явілася другая. Пасля яе Йонасу здалося, што весялейшага месца, як гэтая камора, няма, і ён затрымаў Шавойку. Неўзабаве падышоў мельнік, лупаты Шаплыка, і, быццам не ведаючы, чыя гарэлка, развёўшы рукамі, сказаў:

— Ах, які смак! Хацеў бы я знаць, хто такі майстар! — І глянуў так, што толькі адзін Езуп зразумеў сэнс справы.

— Што ж мы далей рабіць будзем? — звярнуўся да павесялелай кампаніі Йонас. — У каго спатканне не адбылося, а каму хадзіць забаронена, як казлу ў агарод. Хіба песні спяваць?

— Чаго выць, як ваўкам на зоры? — усміхнуўся Езуп. — Можа, у карты перакінемся?.. Ды патрошку, не больш, як па паўрубля ход.

— А карты ёсць у каго-небудзь?

— У мяне ёсць, — прызнаўся Езуп. — Толькі, як належыць гаспадару, мне працэнт з банка...

Юрканс прыстроіў у кутку невялічкую свечку, якая ледзь мігцела. Ложак адцягнулі ад сцяны і селі на яго з двух бакоў. Захадзілі ў руках карты. Невялічкая горка грошай ляжала пасярэдзіне коўдры. Гульня ішла моўчкі. Хоць у бараку нікога не было, бо ўсе бавіліся на двары, але гаварылі ціха, на ўсякі выпадак, каб ніхто не перашкодзіў.

— Дваццаць!..

— Вашых няма!..

— Перабор!..

— Чатыры збоку... — чулася, як шапталі яны, і замасленыя паперкі пераходзілі з рук у рукі.

Кузьма Шавойка прайграў трыццатку і быў усхваляваны.

— Чакайце, — спыніў ён ігракоў. — Дай яшчэ пацягнуць, — звярнуўся ён да Езупа і выпіў, не адрываючыся, шклянку самагону.

— Цяпер я вас абшалёстаю! — пачаў хваліцца Кузьма.

Але гульня яму не давалася. Наадварот, ён адчуваў, што грошай у яго кішэні ўсё менее і менее. Аднаго разу, перад здачай, ён спахмурнеў і вытрас усю кішэню. Нервова пералічыў грошы.

— Дваццаць рублёў хто ўзяў?

— Ты што, вар’ят? Бачыш, як я далёка ад цябе сяджу, — упіўся маленькімі бліскучымі вачыма ў яго Езуп Юрканс.

— Можа, на мяне ты падумаеш, блазен? — пагардліва сказаў Шаплыка, які сядзеў насупраць.

— Значыць, ты!.. — наскочыў п’яны Шавойка на Йонаса.

Йонас быў так абражаны гэтым, што кінуў карты і, ударыўшы наводмаш Кузьму па твары, пайшоў да выхаду.

— Ты яшчэ біцца надумаў, жмудзь! — зароў п’яны Шавойка і, выхапіўшы кішанёвы ножык, ударыў ім Йонаса ў спіну.

У Йонаса забегалі чырвоныя кругі перад вачыма. Адна думка мільганула ў яго: «Ратавацца». Ён выбег з барака і кінуўся ўцякаць ад раз’ятранага Кузьмы, які імчаўся за ім.

— Аддай грошы, а то заб'ю!..

На двары змоўк гармонік. Усе раптам спалохаліся. Хлопцы пабеглі ў бок лесу, куды ўцякаў Йонас.

«Трэба ўцячы ад гэтага сораму», — думаў Йонас і адчуваў, што кроў цёплым струменьчыкам цячэ ў яго па спіне.

Алесь і Анежка якраз выходзілі з лесу і міжвольна спыніліся, убачыўшы гэтае відовішча.

— Ты куды? — спытаў Алесь узбуджанага Йонаса і, не пачуўшы адказу, затрымаў Шавойку, схапіўшы яго за руку.

— Гэта што? — строга прыкрыкнуў Алесь.

— Пусці, ён — злодзей! — крычаў Кузьма ўслед на Йонаса і намагаўся вырвацца.

Падбеглі хлопцы, і Алесь перадаў ім п’янага, бадай звар’яцелага Кузьму Шавойку.

Йонас стаяў акрываўлены, з апушчанымі долу вачыма.

Пабялелая Анежка сарвала з плеч хустку і, разадраўшы яе напалам, перавязала плячо Йонасу.

Алесь знямеў. Такі сягоння выключны дзень у ягоным жыцці, і раптам гэткая непрыемнасць! Ён стаяў і глядзеў з дакорам на Йонаса, так што той не вытрымаў і сказаў яму:

— Сам не разумею, як гэта здарылася, Алесь!

Кузьму ІІІавойку, які ўсё не мог супакоіцца і, лаючыся, бубнеў пад нос, хлопцы забралі і павялі ў сяло. Алесь і Анежка правялі Йонаса ў барак.

— Як усё гэта здарылася? — дапытваўся Алесь.

— Я і сам добра не разумею. Відаць, я вінаваты... — ледзь гаварыў спахмурнелы Йонас.

— Гэтага мы нікому не даруем! — раззлаваўся Алесь і пайшоў праводзіць Анежку да Восілене.

А Йонас, як зайшоў у барак, бразнуўся на свой ложак і адразу павярнуўся да сцяны тварам. Дарэмна не раз падыходзіў Езуп Юрканс, хочучы папрасіць, каб не выдаваў яго. Йонас нават не адгукнуўся. Вельмі балюча было на сэрцы. «Як магло так здарыцца, каб так абняславіць сябе? Што скажуць цяпер Зосітэ і бацькі?» Спрабаваў ён злавацца на Шавойку. Не выходзіла. «Такі ж п’яны дурань, як і я. Ды я ж сам і запрапанаваў яму выпіць». Толькі калі падыходзіў Езуп, Йонас, напружваючы ўсе свае сілы, ледзь стрымліваў сябе.

— Ты, гадзіна, ва ўсім вінаваты! — крычаў ён, і яму хацелася ўскочыць, каб плюнуць гэтай пачвары ў твар.

Позна вечарам прыехаў участковы фельчар і, перавязаўшы рану, супакоіў Йонаса. Фельчара прыслаў Алесь, а сам не паехаў, бо за гэты выпадак не на жарты пакрыўдзіўся на Йонаса.

 

 

1 Драўгас — сябра (літ.).

XV

Загаманіла, загуло Доўгае. Некалькі месяцаў сілы збіраліся: то яны выяўляліся ў мерным тахканні рухавічка на ўзгорку каля возера, то ў перастуку сякер на пабудове баракаў, то чуліся ў парыпванні вазоў, на якіх з усіх бакоў падвозілі матэрыялы. А пасля скалануў усё наваколле магутны выбух, які разбурыў млын, і гамана ўжо не сціхала... І калі раней усё рабілася і рухалася неяк паасобку, дык цяпер па-сапраўднаму аб’ядналася ў адзіны цэнтр.

На катлаване працавала брыгада моладзі з трох калгасаў. Стараліся ўсе — і хлопцы, і дзяўчаты, але рыдлёўкамі не многа зробіш, і праца падавалася павольна. Алеся гэта непакоіла: паводле яго разлікаў, з катлаванам трэба было скончыць да маразоў. Параіўшыся са старшынямі калгасаў, ён прыняў рашэнне, каб у капанні катлавана дапамог і тол.

Пра гэтую справу ён асабліва нікому не гаварыў, а запрасіў зноў тых жа падрыўнікоў, што ўзрывалі млын. Аднаго дня ранічкай ён прыйшоў з імі ў катлаван і, паклікаўшы Петэра, які ўзначальваў там працу, сказаў:

— Зараз выкінем зямлі столькі, колькі вы і за пяць тыдняў не здолееце. Будзем ірваць!

Неўзабаве з’явіліся падрыўнікі і неадкладна ўзяліся за справу. Былі падрыхтаваны шпунты, закладзены аманал. Выбух скалануў і пахістаў зямлю, хмара пяску і гліны ўздыбілася ў паветра і павольна асела. І калі ўсе пабеглі да краёў катлавана, дык убачылі, што ўсярэдзіне чарнела глыбокая яма, а пашкуматаныя краі абваліліся і згубілі звыклы выгляд.

— Што ты нарабіў, таварыш начальнік, усё пайшло на глум, — крыўдзіўся Петэр Алесю. — Мы ж бы паціхеньку ды акуратненька ўсё рыдлёўкамі зрабілі...

— Але затое паглядзі, колькі за вас працы зроблена, — супакойваў Петэра Алесь, паказваючы на груды зямлі, што ляжалі вакол.

Але хутка ён і сам занепакоіўся, бо заўважыў, што пясок, які быў прыгатаваны для бетанавання, пасля выбуху перамяшаўся з глінай. Цяпер пясок ужо не прыгодны. А яшчэ больш уразіла Алеся тое, што дно катлавана пачало займацца вадой.

— Петэр, не трацьце часу, бярыцеся раўнаваць адхоны, паспрабуйце ратаваць той пясок, які можна, а я пабягу прасіць насосаў: бачыш, што робіцца. — І, паказаўшы на ваду, што прыкметна прыбывала ў катлаване, пабег у кантору.

Праз паўгадзіны ён вярнуўся адтуль спакайнейшы, хоць усё яшчэ трывога не сыходзіла з яго твару.

— З раёна абяцалі памагчы, — каторы раз казаў ён адно і тое ж Петэру, і сам ад нецярплівасці ўзяўся за рыдлёўку.

Але ачыстка катлавана ішла марудна. Адзін тут не пасобіш, і ён парашыў сабраць усіх людзей, якія толькі былі побліз.

— Петэр, бяжы, кліч сюды ўсіх! З баракаў, са сталоўкі, адусюль: сягоння тут галоўнае! — І сам разам з моладдзю ўзяўся за рыдлёўку: расчышчаць адхоны, каб зручней было адпампаваць ваду з катлавана.

Хутка на катлаване было гаманліва, як ніколі. З'явіліся сюды ўсе. Нават Восілене з Анежкай прыбеглі са сталоўкі. Алесю было некалі нават перамовіцца з Анежкай і словам. І яна не падыходзіла блізка да яго, бо бачыла, у якім ён адчаі. І, можа быць, упершыню зразумела, якая адказнасць ляжыць на яго плячах. «А колькі я зрабіла яму непрыемнасцей сваёй палахлівасцю»,— пашкадавала яна, успамінаючы былое. Анежка ўзялася за рыдлёўку і, не разгінаючыся і не шкадуючы сіл, працавала, быццам хочучы выправіць сваю віну і хоць крыху дапамагчы яму ў цяжкую хвіліну.

Паўлюк Ярошка падміргваў хлопцам, паказваючы на Анежку:

— Бачыш, ад бацькоў уцякла!..

— Маўчы ты, ад добрай маткі не ўцякаюць з хаткі, — прыкрыкнуў на яго Янка Нікіфаровіч, які стаяў побач.

Каля паўдня заракатаў матор за ўзгоркам, і хутка адтуль вынырнуў прыгожы «Андзіжанец».

— Вось ён, наш ратунак. Цяпер навядзём парадак! — гукнуў узрадаваны Алесь і памахаў угары рыдлёўкай. І тут жа ўпікнуў сам сябе: «Зялёны, відаць, я яшчэ будаўнік, калі не падумаў пра гэта ў Мінску і не здагадаўся папрасіць насосаў...»

Машына спынілася каля катлавана. Хутка запрацаваў насос. Струмень жоўтай вады падаў з рукава далёка, а людзі, як мурашкі, капашыліся ў катлаване, ачышчаючы яго.

І так праз увесь дзень і праз усю ноч, да самага рання.

Ніхто не меў ні хвіліны адпачынку. Ужо на світанку справа была скончана: вада адпампавана, і прыток яе перапынілі бетонам.

Анежка, якая таксама працавала на катлаване, з жалем паглядала на Алеся, які, здавалася ёй, пастарэў за гэты час.

Дружна працавала там брыгада моладзі, і іх разнамоўныя жарты і ўсклікі не сціхалі ні на хвіліну. Ціхі хлопец Тэафіліс Мажэйкіс, які прыехаў з-пад Шаўляя, рабіў сваю справу маўкліва, усведамляючы ўсю адказнасць, але і ён не вытрымліваў, калі дзяўчаты за гэта дражнілі яго ксяндзом.

— Пачакайце, я вам пакажу, хто я такі. У такога клебонаса жонак не пералічыш, — пажартаваў ён, і зноў яго магутны экскаватар угрызаўся ў грунт.

Мажэйкіса захапіла старанная праца моладзі, а па-другое, на ўзгорку, за сцяной, стаяў, падняўшы высозную дзюбу, велізарны кран, які, здавалася, падганяў яго. «Ну, не марудзь... Не марудзь там... Бачыш, я стаю, мне пара ўжо брацца за цэглу і падаваць яе на сцены...»

І Тэафіліс спяшаўся. Не адставалі і брыгаднікі.

Рыдлёўкі дружна ўзляталі над галовамі, і катлаван набываў усё выразнейшыя абрысы. Азярцо за некалькі дзён, якія прайшлі пасля выбуху, зусім змялела. Адгароджанае плацінаю ад Доўгага, яно не мела вялікага прытоку і цяпер агаліла дно далёка ад берагоў. З возера тхнула ілам, прэллю водарасцяў, тхнула рыбаю, якой шмат-такі загінула. Аднекуль наляцела безліч чаек і сваім сумным клічам абудзіла наваколле.

Хлопцы і дзяўчаты сягоння жартавалі больш стрымана. Учарашняе здарэнне з Йонасам і Кузьмой Шавойкам непрыемна ўразіла іх. Зосітэ, якой пра гэта паведамілі яшчэ ўчора, прыехала праз ноч і амаль зусім не звяла вачэй — прасядзела ля Йонаса. Але на працу пайшла. Йонас яе прасіў: «Не паказвай выгляду, што ты хвалюешся». І хоць працаваць было нялёгка, Зосітэ старалася трымацца так, як бы нічога не было. Петэр, які прыйшоў капаць з будаўніцтва, стаяў побач з Анежкай. Яны час ад часу перакідваліся словам усё аб тым жа выпадку і ў неўразуменні паціскалі плячыма. Мікола Хаценчык перажываў усё асабліва востра. Ён жа сакратар аб’яднанай камсамольскай групы. Ледзьве аб’ядналіся, як на табе — панажоўшчына. Хаценчык бачыў, што гэтае здарэнне адмоўна падзейнічала на моладзь і многія замкнуліся ў сабе. Але знаходзіліся і такія, што не супраць былі і пажартаваць з усяго. Паўлюк Ярошка, як толькі з’явіўся раніцай памагаць брыгадзе, хочучы, чаго б гэта ні каштавала, развесяліць моладзь, паспрабаваў кінуць:

— Ну і вострыя пайшлі ў нас хлопцы... Без ножычка ні кроку!

Некаторыя зарагаталі ў адказ. Але тут узняўся абураны Мікола Хаценчык.

— Што тут цікавага? Тут не смяяцца, а плакаць трэба! А ты знайшоў з чаго пажартаваць! — прыкрыкнуў ён па Ярошку.

— Правільна, Мікола, мне як бы хто душу параніў,— сказала Марта, глянуўшы на Петэра.

А той, як бы нічога не заўважаючы, механічна махаў рыдлёўкаю, высока ўскідаючы скібы зямлі.

— Што людзі цяпер скажуць? — непакоіліся некаторыя.

Мікола Хаценчык імкнуўся накіраваць увагу ў другі бок.

— Людзі за гэта не пахваляць, ясная справа, — гаварыў ён. — Але чаго нам таптацца вакол аднаго? Хуліганства будзе асуджана... А мы давайце пакажам, як моладзь можа працаваць. Мы мусілі скончыць заданне пад вечар — зробім да паўдня. Згодны?

— Згодны! — адразу пачулася з усіх бакоў, і рыдлёўкі шпарчэй замільгалі на сонцы.

Зосітэ імкнулася рабіць не горш за другіх. Стоячы блізка каля Марты, яна старалася не адставаць ад той, але думка пра Йонаса не давала спакою. «Мабыць, ён вельмі нудзіцца цяпер»,— непакоілася яна.

А Йонас сапраўды хваляваўся. Ён так і не заснуў ні на хвіліну ў гэтую ноч. Колькі ён перадумаў, пакуль прыехала Зосітэ. «Не буду, нізашто не буду браць у рот болей гарэлкі. Гэта гарэлка вінавата...» — кляўся ён і са злосцю паглядаў на шырму, за якой прарэзліва хроп Езуп Юрканс. Гэта ж не жарты — так абняславіць сябе. Ён — лепшы брыгадзір у калгасе, камсамолец. Яму давяраў народ такую важную справу, як паездка ў Вільнюс, а ён узяў ды ўлез у такую гісторыю, што і галавы не відаць з бруду. А які чэрствы і халодны стаў Алесь, як бы яго хто падмяніў. «А што ж, Алесь павінен радавацца, калі я зрабіў яму столькі непрыемнасці?» Анежка, якая прыходзіла адведаць яго разам з Восілене, таксама глядзела непрыветна. «Толькі адна Зосітэ — суцяшаў сябе Йонас, — можа, і асуджае мяне, але не паказвае гэтага. Няма другой такой, як Зосітэ!» Ён успамінаў, як яна трымала яго за руку і як вочы яе толькі гаварылі аб адным: «Ці не балюча табе, Йонас?» Раніцай, адыходзячы на працу, Зосітэ напаіла яго чаем і папрасіла заснуць. Але заснуць Йонас ніяк не мог. Вельмі ж ужо растрывожыў яго Езуп Юрканс са сваім прыставаннем.

— Не кажы нікому, Йонас, што ты ў мяне піў. Табе ўсё роўна адзін адказ, а мне канец... Не гавары, Йонас, — ледзь не маліўся і хапаў яго за руку Езуп.

Йонас вырываў руку з аслізлых Езупавых пальцаў, не мог глядзець на чырвоны, як бурак, твар Юрканса, на яго апушчаны нос і толькі скрыгатаў зубамі ад болю:

— Адыдзіся!

«Добра было б, каб пайсці на працу, — думаў ён. — Тады б, можа, на гэта хутчэй забыліся людзі».

Але рана, хоць і невялічкая, а трывожыла яго.

Йонас з палёгкаю ўздыхнуў, калі Езуп Юрканс пайшоў з барака. Але той, хоць і выйшаў на двор, яшчэ доўга не даваў яму спакою. Йонас чуў, як ён запрагаў каня і раз-пораз бубніў:

— Што гэта будзе? Божа мой, божа!

Нарэшце колы заляскаталі, і Езуп Юрканс знік. У бараку стала ціха і пуста. Цішыня паволі супакоіла Йонаса, і ён пачаў ужо засынаць, калі нехта наклікаў яго. Йонас аж уздрыгнуў і расплюшчыў вочы. Перад ім стаяў з памятым тварам і апухлымі чырвонымі павекамі Кузьма Шавойка.

— Я прыйшоў, каб ты дараваў мне, Йонас, — папрасіў Кузьма глухім голасам. — Іначай я сам не ведаю, што зраблю з сабою. Я перад табой вінаваты.

Йонасу, якому ўчора Кузьма быў такі агідны, сёння нават стала шкада яго.

— Ведаеш, Кузьма! Ну і нарабілі ж мы з табой... — з болем праказаў Йонас.

— Ты гаворыш так, — браў на сябе віну Кузьма, — як бы напаіў мяне ўпершыню. Я і без цябе мог выпіць і піў, на жаль, многа. Але навошта я хапіўся за нож?

— Дурны ты, Кузьма! Ты рану нанёс не толькі мне ў спіну.

— Я, браце, параніў цябе і сябе! — спрабаваў давесці сваю шчырасць Кузьма.

— Хітрушчы гад гэты Езуп, — як бы сам сабе сказаў Йонас.

А Езуп ехаў па каменне і сапраўды, седзячы на калёсах, хітра ўсміхаўся. Ён мацаў сваю кішэню і нават вобмацкам адчуваў, як там шасталі грошы, прыдбаныя ім учора. «А што скажа Казюк Клышэўскі, калі дазнаецца? Тут, каб і хацеў, дык лепш не здолеў бы прыдумаць, як пасварыць гэтых дружбакоў. Праўда, крыху боязна, каб не павярнулася ўсё супраць мяне. Але што яны могуць зрабіць?» І ён меркаваў: «Скажуць: навошта прадаваў самагон? Няпраўда, адкажу. Не самагон, а гарэлка. Папрасілі — даў. Захочуць давесці, што я спекулянт, а як? Яшчэ ноччу затурыў усе бутэлькі ў возера і, прывязаўшы камень, спусціў у ваду. Няхай студзіцца. Карты? Дык я ж не гуляў. А што мне, шкада карт? А навошта браў па рублю з круга? Дык гэта ж жартам; падумаеш, траячка, магу і аддаць». Супакоіўшы сябе такім чынам і ўсцешаны тым, што будзе адзначаны Клышэўскім, Езуп нават заспяваў сабе песеньку пад нос:

 

Пуста ў галаве —

Дык пусты мяшок.

Не зляцеў з каня, —

Значыць, — не яздок!..

 

Адно толькі засмучала яго: як выканаць заданне Клышэўскага і здабыць узрыўчаткі. «Ат, неяк будзе!» — махнуў Юрканс пугаю і зноў забубніў песеньку.

...Алесь ехаў з сяла на будоўлю. Яго дзівіла, чаго так сягоння спявае Езуп Юрканс. Учарашні выпадак з Йонасам і Кузьмой так усхваляваў яго, што нечаканая весялосць Езупа здалася проста непамыснай. Учора ўвесь вечар яны прагаварылі аб гэтым здарэнні з Якубам Гаманьком і Міколам Хаценчыкам. Захар Рудак, які забег, калі Алесь ляжаў ужо ў ложку, параіў як след разабрацца ў гэтай справе.

— Трэба прыгледзецца, ці не пахадзілі тут варожыя рукі, — гаварыў ён.

— Зараз жа склічам партгрупу. А камсамольцам трэба ўсё абмеркаваць на сходзе і неадкладна паведаміць райкому. Такая справа — вялікая пляма для нас! — настойваў Гаманёк.

І сягоння Алесь ехаў да барака з такім памерам, каб самому як след разабрацца ў гэтай непрыемнай прыгодзе. «Трэба пагаварыць па шчырасці з Йонасам, але не шкодзіць пачуць думку другіх,— думаў ён. — Паеду да цёткі Восілене. Яна заўсёды ўсё дакладна ведае».

Восілене і Анежку ён знайшоў на кухні. Яны так былі заняты справаю, што і не заўважылі, калі Алесь пад’ехаў да ганка. Толькі калі паказаўся ў дзвярах, Восілене памахала рукамі.

— Не заходзь!.. Не заходзь... Без халата нельга! — І сама выбегла яму насустрач.

Анежка, якая стаяла каля стала і крышыла капусту, заўважыўшы Алеся, разгубілася так, што выпусціла нож з рук. «Добра, — падумала яна, — што гэтага не заўважыў Алесь». Але калі Восілене паклікала яе, дзяўчына ўзяла сябе ў рукі. «Няхай бачыць, што я ўмею трымаць сябе», — падумала яна.

Анежка прысела побач з Восілене, якая захоплена тлумачыла Алесю:

— Йонас — хлопец святы. Ты і не думай крыўдзіць Йонаса. Хто з нажом кінуўся? Кузьма! Кузьму трэба пакараць. А болей за ўсё гэтага чорта, Езупа Юрканса. Гэта ён звадыяш! А ад яго ідзе ўсё ліха. Я нікому не казала, а каб ты бачыў, як ён, некалі напіўшыся з мельнікам, прыставаў да мяне... Ледзьве вырвалася. Навошта ён тут?

— Яго Каспар Крумінь прыслаў...

— На табе, божа, што нам нягожа, — яшчэ больш разыходзілася Восілене. — Каспар быў рад ад яго адчапіцца, дык табе і падкінуў.

Алесь згаджаўся з гэтым. Ён думаў, што трэба пагаварыць яшчэ раз з дзедам Лайзанам, каб вызнаць Юрканса як належыць.

— А-я-яй! У мяне малако бяжыць! — крыкнула раптоўна Восілене і знікла.

Алесь на момант застаўся адзін на адзін з Анежкай.

— Ну, як тут жывецца? — не то па-сяброўску, не то па-службоваму запытаў ён.

— Прывыкаю... — усміхнулася Анежка.

— Мне б хацелася сёння ўбачыць цябе, Анежка, — шапнуў ён, каб не пачула Восілене.

Анежка нічога не адказала, толькі апусціла вочы. Але гэта якраз і сказала Алесю, што яна і сама так думае. Ён ужо хацеў прапанаваць сустрэцца на старым месцы, як прыпомніў, што сёння, відаць, не выпадзе часу для спаткання.

— Ах, я і забыўся, што сягоння сход, — і, як бы развітваючыся, узяў яе руку і затрымаў, — а можа, заўтра, Анежка?

— Анежка! Чаго ты там забавілася? — гукала з кухні Восілене, і Анежка толькі кіўнула галавой на развітанне і ўцякла.

Алесь зразумеў, што яна згодная з ім.

Ён ішоў у барак да Йонаса і злаваўся. Мала таго, што так абняславіў, дык гэта ж праз яго нельга сёння сустрэцца з дзяўчынаю на ўтульным курганку пад калматаю ялінаю.

Калі зайшоў Алесь, Йонас ляжаў у бараку адзін. Толькі што ад яго пабег Кузьма Шавойка, які кляўся, што возьме ўсю віну на сябе. Гэта ўразіла так Йонаса, што і ён палічыў сябе вельмі вінаватым. Калі Алесь паказаўся на парозе, Йонас сустрэў яго словамі сапраўднага болю:

— Даруй, Алесь! Я ўсё парабіў, я гатоў за ўсё і адказ несці...

Алесь прысеў каля ложка. Выраз твару яго быў сур'ёзны.

— Што ж, табе давядзецца за гэта адказваць, і адказваць цяжка, — пацвердзіў Алесь.— Ты ў самым разгары будаўніцтва падарваў аўтарытэт усяе камсамольскай арганізацыі. Зрабіў такі ўчынак, за які цябе ўсялякая брыдота пахваліць можа...

— Так, хоць я гэтага і не хацеў, Алесь...

— Вось таму, што ты гэтага не хацеў, я буду галасаваць за суровую вымову з папярэджаннем, а інакш я не задумваўся б унесці прапанову выключыць цябе.

— Мяне, Алесь?! — усклікнуў Йонас.

— Так, цябе! Ды ўжо, канешне, не Пранаса Парэчкуса! — Алесь рашуча сцяў вусны. — Ты лепш скажы мне шчыра, як ўсё адбылося?

Усхваляваны Йонас расказаў падрабязна аб усім па парадку. Алесь слухаў і ўсё больш пераконваўся, што тут дзейнічала рука Езупа Юрканса і, можа быць, невыпадкова. «Чаго ён так вясёла спяваў сягоння, едучы па каменне? Гэта варта абдумаць, ці няма тут чаго падкалоднага? Нішто сабе самадзейны спявака!..»

З Йонасам Алесь развітаўся па-сяброўску, але суцяшаць яго не стаў, — блага, калі чалавек пакутуе, але добра, калі ён з гэтага робіцца лепшы.

Сонца стаяла добра на поўдні, калі Алесь прыйшоў у брыгаду, якая працавала на будаўніцтве плаціны. Алесь яшчэ здалёк заўважыў, як старанна працуюць усе, а прыйшоўшы на месца, убачыў, што з’явіўся якраз у пару. Яшчэ некалькі часу — і апошнія метры зямлі будуць насыпаны.

— Давай пасоблю! — сказаў ён Міколу Хаценчыку і, узяўшы запасную рыдлёўку, пачаў хутка накідваць зямлю. Неўзабаве адхоны плаціны былі выраўнаваны, як па лінейцы.

— Руку, таварыш сакратар! — звярнуўся Алесь да Міколы Хаценчыка. — І вам, сябры, усім дзякуй, — пакланіўся ён усім. — А заўтра на канал да Пагулянкі.

— Зробім і там. Нам не прывыкаць! — азваўся Петэр, абапёршыся на рыдлёўку, а запыленыя віхры ўзнімаліся над яго галавою.

Восілене зазваніла на полудзень. Усе шпарка пайшлі ў сталоўку. Засталіся толькі Алесь і Хаценчык.

— Я ўжо думаў пра ўсё гэта, — гаварыў Хаценчык. — Сход склічам сягоння пасля работы ў клубе. Няхай уся моладзь прысутнічае.

Як толькі запаліліся агні ў сельскім Доме культуры, камсамольцы і моладзь пачалі сыходзіцца на сход. Усім было добра вядома, што будзе стаяць на парадку дня, і па розных кутках, яшчэ да сходу, ішло гарачае абмеркаванне. Адны вінавацілі Йонаса, другія Кузьму. Мікола Хаценчык і Алесь сядзелі побач, апусціўшы галовы.

У першым радзе нерваваўся Йонас Нерута. Яму было нялёгка. І хоць на выгляд ён амаль не змяніўся, але на сэрцы пякло ад болю і сораму... «Лепш бы мне праваліцца скрозь зямлю, чым сядзець тут сягоння». Яму здавалася, што вочы ўсіх звернуты на яго і выказваюць яму асуджэнне.

Зусім адзін, зашыўшыся ў куток, сядзеў, панурыўшы галаву, Кузьма Шавойка. Ён баяўся глянуць навокал сябе, бо адчуваў, што ні ў адным чалавеку не знойдзе спачування. Не раз яго ўшчувалі за чарку. Цяпер ужо не даруюць. «Чаму ў мяне такі характар, — распякаў ён сам сябе, — як толькі вып’ю, адразу ў бойку? Мяне, відаць, на вайну трэба пасылаць, а мірны час — ён не па мне». «Пара было б і ўгаманіцца», — так сказала яму маці, махнуўшы рукою. Ён паглядаў употай то на адных, то на другіх і нідзе не адчуваў падтрымкі. Вось чаму яго вельмі ўразіла, калі на крэсла каля яго апусціўся Янка Нікіфаровіч.

— Чаму так выйшла, Кузьма? — з дакорам запытаўся ён.

— Я і сам не знаю... — буркнуў ён у адказ, апусціўшы вочы долу.

— Дурню і лёд коўзкі. Ах, Кузьма, Кузьма... Няўжо ты не мог сябе стрымаць?

— Не мог!

— А чаму?

— Не помніў нічога ад злосці...

— Ну, а калі ты стаў цвярозы, гэтай злосці ў цябе не стала?

— Не стала...

— Значыць, вінавата гарэлка, а не ты, — хітра ўсміхнуўся Нікіфаровіч. — Ты толькі пасудзіна для гарэлкі, так?..

Кузьма глянуў на Нікіфаровіча, і той заўважыў, што вочы ў хлопца затуманіліся слязьмі. Але ён хуценька выцер іх рукавом і ціха адказаў:

— Кіну піць.

— Гэта напэўне?

— Вось пабачыце! Каб толькі паверылі мне...

— А веру трэба заслужыць, — павучальна сказаў Нікіфаровіч, — а то ў цябе выходзіць, як у таго беднага мужыка, які ніяк не мог паесці хлеба з бярозавым сокам: вясной сок ёсць — хлеба няма, восенню хлеб ёсць — бярозавага соку няма...

У гэты час пачаўся сход, які адкрыў Мікола Хаценчык.

Старшынёй выбралі Петэра, а сакратаром Веру Сарокаву.

Зала, напоўненая моладдзю і старэйшымі, якія захацелі прыняць удзел у сходзе, слухала ўважліва, калі выступаў Хаценчык. А Мікола Хаценчык няблага і гаварыў. Ён нават сам здзіўляўся, адкуль у яго з'явілася такое красамоўства, бо ніколі не ўмеў добра гаварыць. Адно адчуваў, што гэтая справа вельмі ўсхвалявала ягонае сэрца, і яму хацелася, каб і ўсе глыбока перажылі гэта.

— У наш час з такімі ўчынкамі трэба канчаць, — казаў ён і сурова паглядаў у бок Йонаса Неруты і Кузьмы Шавойкі. — Здарылася гэта ў нас упершыню, і трэба зрабіць так, каб ніколі ўжо яно не магло паўтарыцца... Мы знаем, што тут — хуліганства. Але гэта хуліганства хоча палажыць цень на нашу сённяшнюю дружбу. Яно ўваскрашае даўно аджытае. Многа год таму назад, выйшаўшы з карчмы, нашы дзяды хадзілі ў калы. Дык іх жа ўсё жыццё нацкоўвалі адзін на аднаго. А тут, калі мы сабраліся адной сям'ёю будаваць нашу гордасць — электрычную станцыю, раптам такое... І хто? Камсамольцы, якія самі павінны быць прыкладам для другіх.

Мы ведаем, што гэта звычайны хуліганскі выпадак, але нашы ворагі не мінуць падхапіць яго. «Паглядзіце, якая ў іх дружба?» — будуць крычаць яны. Мы, вядома, не баімся іхняга крыку, хай знаюць заморскія паны, што мы збіраемся дружнай сям'ёй якраз для будоўлі сваёй будучыні і што мы яе пабудуем...

Але мы не дазволім нікому пакласці і каліва ценю на нашу святую справу. І таму мы мусім вінаватых сурова пакараць. Усе мы ведаем Йонаса Неруту, — і Хаценчык убачыў, як у Йонаса ад болю перасмыкнуўся твар, — як добрага брыгадзіра ў калгасе і як прыкладнага працаўніка на будаўніцтве. Камсамольцы да гэтага часу ганарыліся ім, а здарылася так, што ён зняважыў камсамол і ўсіх будаўнікоў нашай цудоўнай станцыі.

— Бо дурань... — пачуўся голас Восілене.

— Не, ты дурнем не выгароджвай яго, — перабіў з кутка Мешкяліс. — Зрабіў, хай адказвае. Трэба было галаву мець... Галаву на плячах носяць не для таго, каб на яе шапку надзяваць.

— Галава не жывот, кашай не наб'еш, — раптам ускрыкнула Марта.

— Ну, вы ўжо занадта! Бліжэй да справы! — суняў усіх Петэр. І Хаценчык гаварыў далей:

— Можна і бліжэй... Чаму так здарылася? Таму, што Йонас думаў пра сябе, але забыўся пра калектыў. Напіўся сам, уцягнуў у п'янку таварыша, завёў гульню ў карты. Усё ён жа... А пра Кузьму Шавойку як пра камсамольца мне хочацца гаварыць у апошні раз. Мы занадта цацкаліся з ім. І самі ў гэтым вінаваты. Колькі разоў папракалі яго за п'янку, але ніколі не пакаралі сурова. Больш таго, знаходзіліся такія, якім гэта, відаць, падабалася, яны рагаталі з ягоных п'яных выбрыкаў. Добрае слова да Кузьмы не даходзіць, як пшаніца на камяні не ўсходзіць!

У зале шапталіся. Кожны па-свойму ўспрымаў сённяшні сход. Многія спачувалі Йонасу і нават Кузьме. Антон Самусевіч прыкметна асунуўся — яшчэ, чаго добрага, і да яго дабяруцца за выпіўку. А Адэля Гумоўская, якая сядзела ў кутку, цешылася: «Вось і збылося тое, аб чым шаптаў Казюк Клышэўскі: нямоцная іхняя дружба!»

Нікіфаровіч паглядаў на Кузьму і заўважаў, што той часта мяняецца ў твары — то бялее, то чырванее. Стары згаджаўся з тым, што гаварыў Хаценчык, але ў душы не мог мірыцца, што ўжо нішто не можа выправіць Кузьму. Нямала ён бачыў на сваім вяку людзей, якія пасля цяжкага падзення станавіліся на ногі.

— Кінуцца з нажом на таварыша — гэта горш за хуліганства, гэта бандытызм. Я думаю, што для Кузьмы Шавойкі мала адной кары. Яго трэба выключыць з радоў камсамола і судзіць.

Хаценчык скончыў і сеў за стол прэзідыума. Па зале прабегла гамана, як ад лёгкага ветрыку па возеры прабягае дрыготная рабізна. Петэр прапанаваў абмеркаваць пытанне. Доўга чакаць не давялося. За трыбуну стала Вера Сарокава. Яе тонкі, пераліўчасты голас, які зусім не падыходзіў да асуджэння, празвінеў пасля Хаценчыка даволі супакойліва:

— Я згодна з тым, што такі ўчынак заслугоўвае пакарання, але я не давала б яму такой ацэнкі, якую даў Хаценчык. Проста пасварыліся хлопцы, і ўсё. Ну і, вядома, выпілі залішне.

— А, па-твойму, гэта добра? — крыкнуў з залы Паўлюк Ярошка.

— Я не кажу, што добра... Прашу не перабіваць, — расхвалявалася яна. — Але які тут бандытызм?

Анежка была ўпершыню на камсамольскім сходзе. І хоць пытанне, якое стаяла сёння, здавалася вельмі непрыемным і брудным, яна адчувала, што трапіла ў сям'ю моладзі, якая не пацерпіць нічога дрэннага, што тут строга і чула ставяцца да таварыша. «А што б сказаў пан клебонас у такім выпадку? — падумала яна. — Напэўна б, нацкаваў на беларусаў...» Анежка прагна слухала Веру Сарокаву і зайздросціла ёй. «Як яна ўмее гаварыць! Пайшла за трыбуну і разважае спакойна, як быццам дома. Вось бы мне навучыцца так сябе трымаць. Не, мусіць, гэтага я ніколі не здолею...» Толькі тады, калі Вера старалася паказаць, што ўчынак Шавойкі не такі ўжо злачынны, Анежка не магла пагадзіцца з ёю. Як жа яе зацікавіла, калі слова ўзяў Алесь! Ёй здавалася, што ў гэтай зале наўрад ці хто можа так складна гаварыць, як ён. А словы яго здаваліся такімі шчырымі, як і тады, калі на адзіноце ён гаварыў з ёю.

— Усе вы знаеце, што Йонас — мой даўні таварыш, — з горыччу сказаў Алесь. — Я не хачу і сягоння адмаўляць гэтага. Але тое, што зрабіў Йонас Нерута, заслугоўвае суровага пакарання. Няхай сабе ён і пакрыўджаны. Баліць рана на спіне. Трэба, каб ён папакутаваў яшчэ і душою. Мне здаецца, што таварыша Неруту трэба выключыць.

Йонас і Зосітэ пераглянуліся і з дакорам паглядзелі на Алеся. У грудзях Анежкі таксама прабег халадок неразумення.

— ...Але выключыць умоўна, на тры ці шэсць месяцаў, — казаў далей Алесь. — А што тычыцца Кузьмы Шавойкі, дык тут і гаварыць няма чаго, я згодзен з Міколам Хаценчыкам. Мы будзем мацней, калі яго не будзе з намі!

Ва ўсіх кутках залы пачуўся шэпт. Відаць, па-рознаму меркавалі, як падысці да вінаватых. І раптам гэты шэпт сціх.

Слова ўзяў Якуб Гаманёк. Усе ведалі, што ён самы стары камуніст у гэтай мясцовасці і што ягоная думка заўсёды цікавая. А Якуб Панасавіч, правёўшы рукою па сваіх густых сівых валасах, паволі падбіраючы словы, звярнуўся да моладзі:

— Крыўдна мне, старому, што вы, маладыя людзі, робіце так... Мне здавалася, калі я глядзеў на вас у час работы, што вы ўсе такія чыстыя, харошыя... А выходзіць, недагледзелі мае вочы. Завёўся паганы чарвяк, ведаеце-разумееце, і ў некаторых з вас. — І ён шырока развёў рукамі. — Вырашайце самі, — дабрадушна кіўнуў ён галавою, — што рабіць з хлопцамі. Я толькі скажу, што кара патрэбна... Памятайце, што вам доўга жыць і працаваць разам... Вось і памяркуйце, як тут правільна зрабіць і сяброўства не парушыць.

Якуб Панасавіч сеў, а побач падняўся Ян Лайзан і працягваў яго думку:

— Чуў я, карэнні ёсць такія, што камень свідруюць і пліты крышаць... Звонку нічога не відаць, стаіць будыніна, а ён там усярэдзіне прабіваецца і разбурае... Баюся я, каб не забыліся мы пра самае галоўнае. А корань тут, мне здаецца, у Езупе Юркансу. Калі разумныя б’юцца — дурні смяюцца,— кажуць і так у народзе. І, відавочна, Езуп смяецца. Але ён не дурань. Навошта ён спаіў маладых? Чаго ён з’явіўся на будаўніцтва — сумленна працаваць ці гандляваць самагонам і на картах зарабляць? Як мне здаецца, дык хутчэй апошняе. Вы бачыце, што ён нават не прыйшоў сюды; чуе, нягоднік, што за яго могуць узяцца... Віна тут мая і Каспара Круміня, што мы дапусцілі Юрканса на будаўніцтва. Можаце не сумнявацца, мы разбярэмся з ім, таварышы! А мая парада, сябры, — разгледзець сённяшнюю бяду, і давайце так, каб болей пра гэта і не чуць.

Ён скончыў гаворку і прысеў каля свайго сябра.

— Можна мне? — глуха прагудзеў з кутка Кузьма Шавойка і, атрымаўшы дазвол, выйшаў да стала прэзідыума і пачаў гаварыць.

У зале пачуўся насцярожаны гул. Відаць, многія былі настроены супраць Кузьмы. Але паволі гул суняўся. Шавойка на гэты раз гаварыў шчыра:

— Я зрабіў дрэнна і, як бы вы мяне не пакаралі, я згодзен. Йонас тут ні пры чым. — І ўсе заўважылі, як Йонас заварушыўся на лаўцы.

— Я прасіў бы яшчэ ўсіх не аддаваць мяне пад суд. Дзядзька Нікіфаровіч, — звярнуўся ён да старога са слязьмі ў голасе, — вы правільна зразумелі мяне. Я выпраўлюся. Дайце ж мне магчымасць працаваць з вамі. — І ён пайшоў прыгнуўшыся і зноў непрыкметна ссутуліўся ў кутку.

— Я скажу адно: мне сорамна глядзець усім вам у вочы, — сказаў, падняўшыся, Йонас і зноў цяжка апусціўся на сваё месца.

— Таварышы! — не вытрымаў Юозас Мешкяліс. — Вы бачыце, што Нерута такі чалавек, што нават за сябе слова сказаць не можа. Я тут быў прыкрыкнуў на яго, але падумаў, што занадта... Я прасіў бы падысці да яго з сэрцам.

— З Кузьмой Шавойкам трэба канчаць! Ён ніколі не выправіцца! — крыкнуў нехта з залы.

Але гэтага не вытрымаў Янка Нікіфаровіч. Ён порстка падняўся з месца.

— А я кажу, што яго можна выправіць...

— Хіба вы гэта зробіце? — зноў гукнуў той жа голас.

— А што ж, і я. Яно і так бывае, што адзін дрэва гне, — другі выпроствае... — рашуча заявіў стары і, поўны пераканання ў гэтым, сеў на лаву.

Пасля абмеркавання камсамольскі сход прыняў пастанову — Кузьму ІІІавойку за ганебныя паводзіны выключыць з камсамола, а Йонасу Неруту даць суровую вымову з папярэджаннем.

Было ўжо за поўнач, калі разыходзіліся па хатах. Пахмурыя Йонас і Зосітэ ішлі да баракаў. Следам за імі — Восілене і Анежка. Абмеркаванне на сходзе так уразіла ўсіх, што нават прыкра было аб ім гаварыць. На паўдарозе іх нагнаў Алесь.

Яны ішлі сцяжынкаю каля возера. Было ціха, толькі ўсплёскі хваль ды прарэзлівы спеў пеўняў гаварылі аб тым, што набліжаецца світанне. І так як пасля чорнай ночы першыя світальныя водбліскі з’яўляюцца на небасхіле, так паступова святлела і ў душы Алеся. Сёння зроблена многа. Добра, што хуліганства спынена ў самым пачатку. Цяпер яго можна пазбегнуць і ў далейшым. Тое, што ён сказаў Йонасу шчырую праўду, таксама было прыемна. Алесь глядзеў на Анежку і бачыў, што яна як бы пасталела, падбадзёрылася, — значыць, і яна знаходзіць сваё месца ў калектыве.

— Ну што, як пасля лазні? — не вытрымала Восілене і зачапіла Йонаса.

— Выходзіць так, — вінавата ўсміхнуўся Йонас, а Зосітэ не змоўчала:

— Знойдзецца і на цябе прыпарка, цётка!

— А яна ў мяне каля катлоў кожны дзень, — спрытна выкруцілася Восілене.

Каля баракаў Алесь развітаўся з усімі і папрасіў застацца Йонаса. Ідучы сцяжынкаю да лесу, Алесь параіў таварышу:

— Пакуль загоіцца рана, адлучыся на які тыдзень дадому. Усё роўна працаваць не можаш. А па-другое, адыдзеш ад гэтага месца — хутчэй забудзешся на бяду.

— Не скажуць, што ўцёк з будаўніцтва? — усумніўся Йонас.

— Хто гэта скажа? Я адпушчу загадам... І што я цябе яшчэ папрашу. Абяцай, што зробіш.

— А што такое?

— Здаецца мне, што нейкі д’ябал сядзіць у Пранасе Парэчкусе, дзядзьку Анежкі. Табе там блізка. Можа б, ты прыгледзеў за ім?

— Парэчкус і мяне дзівіць, Алесь! Адкуль такі чорт узяўся? Што я табе скажу, Алесь: не такі ўжо я следапыт, але прыгледжуся. Мне б нават хацелася самому выкрыць гада. Можа б, хоць гэтым я згладзіў сваю віну перад вамі...

— Значыць, заўтра дамоў?

— Калі трэба!

— Трэба, Йонас! І не забудзься на ўгавор!

— Ёсць!

— Ну, бывай!

Йонас паціснуў руку і знік у бараку. Алесь жа падаўся дахаты. Ён думаў пра Йонаса. Які ён шчыры хлопец! Не баіцца суровай праўды, хоць як перажывае. Такі ніколі не падвядзе, ні ў якой справе. Быў Алесь здаволены яшчэ і тым, што сказаў яму пра Парэчкуса. Быць не можа, каб не выкрылі яго. Алесева сэрца чула, што ў гэтага Парэчкуса душа нячыстая. Дзіўна, што некалькі дзён пасля таго, як прыйшла Анежка з «Пергале», адтуль ні слыху ні дыху. Відаць, спадзяюцца, што яна засумуе і вернецца. Маці б, напэўне, не вытрымала, але, мусіць, такі наказ Парэчкуса — маўчаць і не абзывацца.

І раптам Алесевы думкі перапыніў нейкі салодкі, ліслівы галасок з боку возера.

— Вось добра, што вас убачыў, — падступіўся да Алеся Езуп Юрканс. — Не магу заснуць, такая непамыснасць у сэрцы...

— Ну і што? — сурова спытаў яго Алесь.

— Вось бачыце, а вы і не пытаецеся, чаму я не магу заснуць. — Ён спрабаваў дакрануцца да Алесевай рукі, але той адкаснуўся, як ад пошасці. — А не магу я заснуць, бо камень на сэрцы...

— А вы здыміце яго і спіце...

— Вы ўсё жартуеце, вам што — справы ідуць! А я хаджу і пакутую, хаджу і пакутую... Усю ноч тут вас чакаў!

— Слухайце, Езуп! Не стройце дурня! — раззлаваўся Алесь. — Вам давядзецца адказваць за самагон і за карты...

— Мой божа! — заверашчаў Юрканс. — Гэтак сказаць на мяне, чалавека пакрыўджанага... А дзе доказ?

— Тут і доказу не трэба, усім гэта добра відаць. Адным словам, мне не хочацца з вамі размаўляць. Вось вам маё апошняе слова: каб раніцай тут вашага і духу не было!..

— Паслухайце! — узмаліўся Юрканс. — У мяне ж дзеці...

— Бацька паразумнее — дзецям лепш.

— Ну, вы мяне вучыць пакіньце. А што скажа на гэта Каспар Крумінь? Ён нада мной гаспадар, а не ты. Падумаеш, знайшоўся! Якое ты маеш права людзьмі з другой рэспублікі распараджацца, га? — паспрабаваў перайсці ў наступ Езуп. — А дзе гэта дружба народаў?

— Пайшоў вон! З такімі, як ты, не можа быць дружбы! — І Алесь крута павярнуўся ад яго.

Світанак займаўся над лесам. Змрок адыходзіў з поля, і толькі густы асенні туман стаяў над скошанымі сенажацямі. Як прывіды, з туману выступалі доўгаўскія хаты, і адтуль, з-пад іх, яшчэ неўсталяваным голасам крычалі маладыя пеўні. Але ў сяле было зусім ціха. «Вось дзе соладка спяць», — думаў Алесь.

Аднак не ведаў таго, што ў гэтым падранішнім світанку ён не адзінокі. На лаве каля клуба з таго самага часу, як скончыўся сход, сядзелі Кузьма Шавойка і Янка Нікіфаровіч. Кузьма ўпершыню адчуў, што значыць быць выкінутым з калектыву. Яму здалося, што пасля выключэння з камсамола ўсе адвярнуліся ад яго і баяліся нават сустрэцца позіркам з ім. Мусіць, так яно і было. З клуба ён выйшаў апошні і апусціўся на першую лаву ў садзе. «Куды ісці?.. — пякло яго ўсярэдзіне. — Дамоў... Ну што я скажу маці?.. А што рабіць наогул? Уцячы куды-небудзь, — на момант узбегла такая думка. — Каму я такі патрэбен?..» — распякаў ён сябе. У яго нават з’явіліся на вачах слёзы. Кузьма думаў, што ва ўсім свеце сягоння адзінокі. Але ён памыліўся. Стары Нікіфаровіч, якому вельмі хацелася дапамагчы Кузьме, увесь час наглядаў за ім. Як жа здзівіўся Кузьма, калі ў мораку заўважыў Нікіфаровіча, што падышоў і стаў пры ім.

— Чаму не ідзеш дамоў?

— І сам не ведаю, — збянтэжыўся Кузьма. — Галава забалела, хацеў супакоіцца...

— Рукам волі не давай, дык і галава балець не будзе!

— Давай ці не давай, а дарожка перада мной спынілася...

— Сам яе ўкараціў, сам і надточвай... Ці хто іншы за цябе павінен?

— А хто паверыць майму слову?

Нікіфаровіч дабрадушна ўсміхнуўся.

— Нашы людзі вялікага сэрца, хлопча. Яны ўмеюць караць, умеюць і шкадаваць... Мы, брат, ленінградцы, чалавека разумеем... У нас увесь горад, ды і кожны чалавек і гора хапіў, і жыцця пабачыў, а яно, браце, вучыць...

— Дык пашкадуйце мяне, калі так. Я ніколі, ніколі благога болей не зраблю!

— Добра, — суцешыў яго Нікіфаровіч, — я пагавару з Хаценчыкам, Алесем і Якубам Панасавічам. Злосныя яны на цябе, ну, але, можа, як уламаю... Да мяне на працу пойдзеш?..

— Ды хоць зараз...

— Ну дык ідзі спаць, а заўтра прыходзь да мяне, пагаворым, — супакойваў Кузьму Нікіфаровіч.

 

 

XVI

Антон Самусевіч стаяў каля воза гною на двары жывёлагадоўчай фермы і настойліва даводзіў нешта Агаце. Пасля таго як яго знялі са старшыні калгаса, ён шмат перажыў. Спачатку быў закапузіўся, раззлаваўся так, што думаў зусім не ісці ні на якую работу, а пераседзець зіму ды падацца ў горад. «Звіў я тут сваю вяровачку, цяпер на асфальт імкнуся». Што, там не знойдзецца лягчэйшае работы, чым тут? А пасля, калі астыў, перадумаў. Чаго куды ехаць на скрут галавы, калі тут сям’я і хата? Ды і не гады ўжо бадзяцца па свеце. А што пакрыўдзілі, дык і сам ён шмат чаго зарабіў. Навошта было так улягаць у гэтую гарэлку? Яе, заразы, нарабілі столькі, што ніяк не выпіць... Ад такіх разваг рабілася яму прыкра, бо і цяпер яшчэ не-не дый заглядваў да Баркоўскага, дзе, як ведаў, заўсёды ёсць чым прамачыць горла. Але ўсе сумненні адыходзілі ад яго, калі думаў аб тым, як узняць сябе зноў у вачах калгаснікаў. А стаўка яго была простая і правільная. Дазнаўся, што ў калгасе Райніса кукуруза сёлета добра ўрадзіла, ды, апрача таго, пра яе ўвесь час пісалі газеты і грымела радыё.

«Мне гэты корм сягоння, можа, болей патрэбен, чым каровам! — усміхаўся ён. — Кажуць, ажно на два метры выганяе, а мне толькі на метр узняцца, дык ізноў Захара перарасту!» Пра гэта ён, збіраючыся везці гной на поле, і гаварыў Агаце.

— Ты, цётка, на мяне не паглядай коса, як халмагорка на беларускі плот, без мяне табе ніякай жывёлы не выгадаваць... Вось пагавары лепш ласкава з Антонам Самусевічам — ён табе забяспечыць усё: і прыросты, і надоі...

— Што ты, можа, слова такое пазнаў?

— Пазнаў, Агата, пазнаў... Папрасі як лепей — дык і табе скажу!

Агата, калі сустракалася з Самусевічам, злавалася на яго крыху зазнайскі тон, але адчувала і некаторую павагу — мужчына ён усе ж быў цвёрды, хоць і кручаны па характары. Але размова іх, калі яна пачыналася нават спакойна, абавязкова канчалася ўзаемнымі кпінамі. Гэта заўсёды нагадвала вазы з сенам, якія, спаткаўшыся ў вузкай вулачцы, дзе размінуцца нельга, — абавязкова паабдзіраюць адзін другому бакі.

— Позна ты даведаўся пра гэтае слова, Антон,— упікнула яго Агата. — Вунь пасля цябе кароў за вушы ледзь з гразі выцягнулі.

— Старое ўспамінаць, што лыкі жаваць... А цяпер я тваіх кароў магу так вырабіць, што і ў вароты не ўвойдуць. Давядзецца Захара Рудака прасіць, каб новыя вароты прасякаў — вось нарагочамся!

— Ну скажы, скажы мне тваё слова, можа, я і паверу.

Самусевіч нахіліўся да яе вуха і мнагазначна прагуў:

— Ку-ку-руза!

— Ат! — адмахнулася Агата. — Яшчэ яна і расці ў нас, можа, не будзе, ды і каровы нашы да яе не знаюць смаку...

Антон Самусевіч хацеў сказаць Агаце, што яна цёмны чалавек, нягледзячы на тое што мае такога сына, — газет не чытае, радыё не слухае, а апрача таго, калі гэтага не разумее, дык проста чалавек адсталы, але, убачыўшы на дарозе Анежку, парашыў нанесці ўдар з другога боку.

— Паглядзі, вунь твая нявестка пайшла.

— Ціпун табе на язык! Пасля п’янства ў Баркоўскага прыснілася, ці што? — успыхнула Агата.

— Глядзі ты, якая цёмная! У сяле ж і стары, і малы як у бубен б’юць, што Алесь з гэтай літовачкай водзіцца...

Агата заўважыла, што Самусевіч, ад’язджаючы, хітра ўсміхнуўся, і пакрыўдзілася не на яго, а болей на свайго Алеся. Яна прыгадала, як ён нічога не адказаў ёй. Што ён знайшоў? Хіба гэтая дзяўчына варта яе сына? Ізноў Агата вярнулася да старой думкі. Мала таго, што з выгляду Агата ўяўляла сабе нявестку іншай — высокай, дзябёлай, не такой шчуплай, як Анежка, яна яшчэ лічыла, што Анежка цёмная перад ім. Хіба можа такая дзяўчына зраўняцца з яе Алесем, які скончыў такую навуку?

Анежка ішла і не адчувала таго, як сачылі за яе хадою Агаціны вочы. Яна нават не заўважыла Алесевай маці, бо заклапочана была сваімі думамі. Некалькі дзён як яна працуе ўжо на будаўніцтве. Ёй тут падабаецца, а самае галоўнае — Алеся яна бачыць кожны дзень. Але ніяк не можа забыцца пра дом. «Як там жывуць бацькі, асабліва маці?» — думае Анежка і выцірае няпрошаную слязу. Пры ўспамінах пра дом сэрца баліць. Вось і гэтую ноч яна зусім мала спала, усё думала: а ці добра зрабіла, што кінула бацькоў? Калі прыгадала пана клебонаса, ажно скаланулася. Яшчэ возьме ды пракляне. Успомніла, што пад уплывам Алеся зняла крыжык, і ёй стала страшна. Не, відаць, трэба ісці дахаты. А як быць з Алесем?.. Ён жа можа адвярнуцца ад яе. Не, гэта яшчэ раз праверка яго каханню. Калі яно сапраўднае, дык не кіне.

Анежка зусім ужо выйшла на пергалеўскую дарогу, але чым далей адыходзіла ад Доўгага, рашучасць яе прападала і крокі сцішаліся. Успомніліся вочы Алеся, такія ясныя і шчырыя, стала боязна за яго. Яна спынілася на дарозе, некалькі хвілін пастаяла. Рука намацала зялёны паясок, падараваны Алесем. Не, не можа яна кінуць яго. Вось і гэты паясок нібы казаў ёй: «Што ты робіш?.. Навошта яго пакідаеш?..» Яна пастаяла яшчэ хвіліну са слязьмі ў вачах, паглядзела на комін сваёй хаты, які віднеўся здалёку, уздыхнула і павярнула назад.

Трэба ж прыдумаць, што сказаць, калі будуць дапытвацца, куды адлучалася. І Анежка наважыла зайсці да Паўлюка Ярошкі ў клуб. Некалькі разоў запрашаў ён, каб прыйшла ўзяць выпісаную для яе ролю.

Ярошка сустрэў Анежку з захапленнем.

— Нарэшце вы да нас з’явіліся! — не ведаючы, дзе пасадзіць Анежку, бегаў Паўлюк, і тое, колькі разоў папраўляў ён свой гальштук, выдавала яго хваляванне.

— А я толькі на хвілінку да вас, забраць ролю, што вы мне абяцалі...

— Ролю я вам дам. Вось яна, — і, выняўшы з шафы некалькі пакамечаных лісткоў паперы, падаў Анежцы. — Самая лепшая роля ў гэтай п’есе Крапівы — роля Насці Вярбіцкай. Толькі чаго вы спяшаецеся? Пабудзьце, я вам усё пакажу, што ў нас робіцца.

— Не, мне некалі, у мяне ж праца, дзякую, — узяўшы ролю, аднеквалася Анежка.

— А я хіба не працую? Спраўляюся і там, і тут... Ды трэба заўсёды памятаць, што нешта і для душы трэба. — І ён, узяўшы за руку Анежку, лісліва паглядзеў ёй у вочы.

Анежка вырвала сваю руку і рэзка павярнулася да дзвярэй.

— Ну, хоць не крыўдзіцеся! — крычаў ёй услед Ярошка. — Я ж хацеў, каб вы не сумавалі...

— Бывайце! — не азірнуўшыся, праказала яна і выйшла на вуліцу.

«Які ён усё ж брыдкі, гэты доўгаўскі артыст»,— падумала Анежка. Нават паперкі яго, што ляжалі цяпер у кішэні, здаліся ёй бруднымі. «Сказаць Алесю ці не, — думала яна. — Але навошта непакоіць? У яго і так клопатаў хапае. Не скажу і таго, што збіралася ўцякаць...»

Падыходзячы да баракаў, яна заўважыла, што каля рухавічка пад свежаю паветкаю корпаюцца Нікіфаровіч і Шавойка. Стары нешта старанна тлумачыў, пераціраючы шрубікі і шайбы, а Кузьма, прыгнуўшыся, прыглядаўся, нібы імкнучыся адразу спазнаць усю хітрасць складанай машыны.

Ужо адышоўшыся, здалёк, Анежка яшчэ раз азірнулася на Нікіфаровіча.

«Відаць, сур’ёзна стары за Кузьму ўзяўся», — падумала яна.

 

А на катлаване гул не змаўкаў. Тэафіліс Мажэйкіс з самага ранку сядаў на сваю машыну і шырокім сталёвым каўшом вынімаў горы зямлі. Хапала там работы і людзям. Некалькі дзесяткаў хлопцаў і дзяўчат працавалі з рыдлёўкамі і насілкамі: адны паглыблялі катлаван, а другія адносілі зямлю на насып. Назіраючы за гэтай мітуснёй, Мажэйкіс часамі пакрыкваў:

— Гэй, вы, мурашкі!..

Мажэйкіс бачыў, што са сваёй машынай робіць больш, чым усе разам, і ганарыўся гэтым. Яму падабалася працаваць тут, у кругу вясёлай моладзі, і ён шкадаваў, што прыехаў ненадоўга. Дзе ён знойдзе такую жыццярадасную сям’ю? Смех і жарты амаль не спыняліся. Няхай сабе, што работа была нялёгкая, бадзёрасць не пакідала моладзь. А колькі тут дзяўчат! Здаецца, што на рабоце яны апрануты амаль аднолькава, але калі прыгледзішся, дык убачыш і розніцу. Тэафіліс заўважыў, што пад сінім ватнікам у Зосітэ вышываная кофтачка, як і ў іхніх дзяўчат пад Шаўляем, а ў Марты зграбная куртка падвязана вышываным латышскім поясам, Вера Сарокава — у прыгожай саматканай спадніцы. Мажэйкіс звярнуў увагу на дужую, дзябёлую Зосітэ. Аднаго разу паспрабаваў зрабіць нават нейкі жартоўны закід ёй, але быў папярэджаны Петэрам:

— Глядзі, глядзі... а то з’явіцца Йонас і ногі паперабівае!

— Чорт вас тут разбярэ, — агрызнуўся Тэафіліс. — Я ж да вас ненадоўга прыехаў, хоць бы ўважылі... Але што з вамі зробіш! — І, жартоўна ўздыхнуўшы, працаваў далей.

— Табе маладзейшыя на сяле падрастаюць, — жартаваў Петэр, — дык ты не гаруй!

— Ажэнішся скора — набярэшся гора, — усміхнуўся Якуб Гаманёк, які слухаў жарты. Цяпер пасля здарэння з Кузьмой і Йонасам ён як парторг часцей быў на будаўніцтве, падоўгу гутарыў з людзьмі.

— Куды ты так спяшаешся, Тэафіліс?

— Да дзяўчат не падпускаюць, схаджу хоць паабедаю. Бачыце, перапынак, дзядзька Гаманёк...

— А схаджу і я з табой, пагляджу, што і як там, — парашыў Якуб Панасавіч.

Якуб Панасавіч, падышоўшы да барака, дзе размяшчалася сталоўка, зазірнуў у акно. Там была Анежка, якая сядзела каля буфета, і поруч з ёю нейкі чалавек, унурыўшы галаву. Анежка паднялася насустрач Гаманьку, а ў чалавеку, які павярнуўся тварам, Якуб Панасавіч пазнаў Пранаса Парэчкуса.

Хоць яны і стараліся гаварыць шэптам, рэзкія жэсты іх выдавалі, што гутарка ідзе нейкая нервовая. Надзьмуты, як індык, Парэчкус, як заўважыў Гаманёк, то чырванеў, то бялеў, мармычучы нешта сваё, а па моцна сцятых вуснах Анежкі было відаць, што яна з печым не пагаджаецца. Якуб Панасавіч ведаў пра адносіны Алеся да Анежкі, і яму было іх шкада. Аднойчы адзін на адзін Алесь расказаў свайму настаўніку і пра тое, якія склаліся абставіны ў сям’і Анежкі. Гаманёк усяляк спачуваў моладзі, і Пранас Парэчкус быў ненавісны яму.

«Ну і паганы гэты чалавек... Зводзіць дзяўчыну. Малайчына Алесь, што зацікавіўся гэтым тыпам». — І, раздумаўшы заходзіць у сталоўку, крута павярнуў на дарогу.

А Парэчкус не пераставаў нападаць на Анежку.

— Зрабіць так, як ніводная высакародная літоўка не зробіць?! — шапялявіў ён, быццам нешта не месцілася ў яго роце, і раз-пораз хапаўся за бліскучы казырок сваёй сіняй шапкі, якую ён трымаў на каленях.

— Што вы на мяне — літоўка і літоўка? А хіба мы інакшыя людзі? Я зрабіла так, як зрабіў бы кожны, каго крыўдзяць.

— Не цябе пакрыўдзілі, а ты пакрыўдзіла, Анежка!

— Каго?

— Маці твая захварэла!

Анежка аслупянела. Парэчкус заўважыў, як яна раптоўна пабялела ў твары. Рукі яе задрыжалі і пачалі нервова перабіраць каралі на шыі. Анежка любіла сваю маці і, нягледзячы на тое што тая не магла заступіцца за яе перад бацькам, не крыўдзілася. «Яна сама баіцца яго», — думала Анежка і шчыра спачувала ёй. Вестка, якую са злосцю паведаміў Парэчкус, зрабіла сваё. Усярэдзіне Анежкі ўсё замёрла. «Можа, я прычына яе хваробы?» — думала Анежка.

— І даўно? — крыху апрытомнеўшы, збялелымі вуснамі запытала яна.

— Ужо некалькі дзён, але я не хацеў трывожыць цябе. Дык як, пойдзем?!

— Пойдзем, толькі не зараз...

— Чаму?

— Я ж не магу кінуць працу і пайсці, — апраўдвалася Анежка.

Але не толькі гэта трымала яе. Яна не хацела варочацца дадому, не пагаварыўшы з Алесем.

— Дык табе работа ў доўгаўцаў даражэй за родную маці? — насядаў Парэчкус.

— Не гаварыце гэтага, — упрошвала Анежка. — Ідзіце дамоў і скажыце, што сёння я прыйду...

— Ну, добра! — згадзіўся ён, здаволены тым, што дамогся свайго. «А там і далей пойдзе», — меркаваў ён, адыходзячы.

Пранас Парэчкус хаваў у душы адну запаветную мару. Ён думаў ажаніцца з Анежкай. Ну што з таго, што ён стрыечны дзядзька, каталіцкая царква дазваляе такія шлюбы. А што ён старэйшы? Падумаеш, на якіх пятнаццаць год. Гэта нават добра. У даўнія часы ўсе паважаныя людзі жаніліся позна. Ён ішоў адзін лясною дарогаю і ўяўляў сабе, як стане жаніхом. Ягоныя мары плылі далёка і прыемна хвалявалі сэрца. Такой дзяўчыны, як Анежка, трэба пашукаць. Прыемна будзе з ёю стаяць у касцёле і бачыць яе прыгожую чарнявую галоўку, прыбраную белымі кветкамі... А ў яе на грудзях будуць вісець срэбныя пацеркі на белых стужках. Хай бачаць усе, які шчаслівы Пранас Парэчкус і якую сабе ён жонку бярэ... І Пранас, сапраўды высока падняўшы галаву, падкручваў угару рыжыя павіслыя вусы. Ён нават уголас хваліў сябе, які ён разумны, і хітра прыжмурваў вочы: «Прыплыве рыбка да мяне, нідзе яна не дзенецца...»

Анежка, выправадзіўшы Парэчкуса, як апусцілася на лаву каля акна, так і здранцвела, аддаўшыся сваім трывожным думам аб тым, як пераламалася яе жыццё за гэтае лета... Яна глядзела ў акно і, бачачы на ўзгорку адзінокую бярозку, якую разгойдваў асенні вецер, міжвольна параўнала яе з сабой. «Не!.. не!.. — адагнала яна гэтую думку, — са мною Алесь, і я не адзінокая. Але ці добра так, — находзілі зноў сумненні, — думаць толькі пра сябе, захапляцца сваім каханнем і забыцца на маці, якую так любіш?» Анежка ўяўляла, як ляжыць на ложку старая маці і як яе сумныя вочы шукаюць свае дзяўчынкі. «Пайду, пабягу зараз, — парашыла Анежка і ўжо, схапіўшы хустку, памкнулася да дзвярэй, ды схамянулася: — Пачакаю Алеся, што ён мне параіць?» — І зноў села на лаву.

Алесь Іванюта прыскакаў у «Пергале». Ён ужо бачыў на ўзгорку атулены пажаўцелымі клёнамі дом Анежкі, і сэрца яго ў трывозе забілася. Што там думаюць... І хоць гэты невялічкі дом з высокім белым комінам быў блізкі яму, ды не хацеў бы ён сягоння быць там. Адчуваў, як непрыхільна там сустрэлі б яго. Алесь нават скіраваў свайго каня на другі бок дарогі, далей на колькі крокаў ад таго дома.

Мешкяліса Алесь знайшоў у праўленні. Выгляд старшыні калгаса быў такі невясёлы, што адразу выдаваў яго нездавальненне. Ды Мешкяліс і не хаваў гэтага. Паціскаючы Алесю руку, ён загаварыў, як бы працягваючы з некім сваю ранейшую гутарку:

— Гэта ж трэба так рабіць? Возьме і пойдзе. Знікне, і шукай яго з агнямі. Не, такога нам працаўніка не трэба. Толькі падбяру іншага і дам каленкам яму...

— На каго ты так узлаваўся? — пацікавіўся Алесь.

— На каго ж, на свайго вартаўніка, на Пранаса Парэчкуса. Учора звечара знік і няма.

— А дзе ён? — запытаў Алесь, спадзеючыся гэтым дазнацца, куды цягаецца Парэчкус. А што, калі яго здагадкі апраўдаюцца?

— Дзе ноччу быў, чорт яго ведае, а цяпер кажуць, што на будоўлі...

— А-а-а... — працягнуў Алесь. — А што яму там патрэбна?

— А чорт жа яго ведае! Я прыбяру яго да рук! — узняў голас Мешкяліс.

— А ты яго па-ваеннаму! — параіў Алесь.

А Мешкяліс, не звярнуўшы ўвагі на іранічную параду, даводзіў сваё:

— У нас, брат, у літоўскай дывізіі, такога б не пацярпелі. Р-раз — і гатова: трыбунал! Ну добра, — схамянуўся Юозас, — сядай, а то я такі гаспадар, што не запрашаю нават сесці госця. З чым прыехаў? — запытаў ён Алеся, калі яны ўселіся за стол адзін супраць аднаго.

— Ды з просьбаю...

— У каханні прызнавацца ты да мяне не паедзеш. Зразумела, што з просьбай... З якой?

— Памажы вазіць каменне. Не спраўляемся. Прышлі падвод дваццаць. Ды і цэглы падкінь болей...

— Як я бачу, дык вы хочаце, каб вам пергалеўцы ўсё зрабілі: і каменне, і цэглу давалі...— не то жартам, не то ўсур’ёз адказаў Мешкяліс.

— Ты так сур’ёзна думаеш? — насцеражыўся Алесь.

— Не, я пажартаваў...

— А то я хацеў сказаць табе, што каму-каму, а доўгаўцам дык больш за ўсіх хапае. І гэта не дзіва: хто пад бокам, той хутчэй руку прыложыць.

— Ну, пайшоў, пайшоў... Здорава вас там у інстытутах гаварыць вучаць, як з нашага брата, старшынь, матэрыялы выбіваць! — І Мешкяліс па-сяброўску ўдарыў Алеся па плячы. — Я ў жарт, а ты мяне агітаваць пачынаеш.

— Некаторых несвядомых не шкодзіць і паагітаваць, — у сваю чаргу ўпікнуў Алесь.

— Гэта хто, я несвядомы? Ты на мяне так кажаш? Гэта ты, мусіць, пра Антона Самусевіча? Я, калі хочаш ведаць, больш, як хто, аб нашай дружбе дбаю. І не проста гавару, а аб справах думаю. Я, брат, мала адпачываю, бо ведаю — са сну кашы не зварыш. А працую. Хочаш, я табе скажу, якая ў мяне ідэя? Хто аб гэтым дадумаўся? Хочаш? А што ідэі нараджаюцца дзеля таго, каб іх, як грыбы, саліць? — І Мешкяліс, прысеўшы за стол, выняў ліст чыстай паперы. Акуратна разгладзіўшы яе, пачаў паважна рысаваць нешта чорным алоўкам.

— Бачыш, тут станцыя, а тут узгорак... Патрэбен ён каму-небудзь гэты ўзгорак, думаеш? Скажам ясна, як сабаку верблюдовы горб... На ім нават закаханыя не сядзяць, пясок адзін, у чаравікі насыпаецца. А цяпер, калі мы возьмем ды паставім на гэтым узгорку будыніну — і станцыю ўпрыгожыць, і відаць будзе далёка. А навошта, спытаеш, нам гэтая будыніна?

Мешкяліс паклаў аловак, узняўся крыху, паважна глянуў на Алеся і адказаў сам сабе:

— Для Дома агракультуры.

— Вось дык яно! — усміхнуўся Алесь. — Вы такога пісьменніка, Гогаля, чыталі?

— А што з таго... — ухіліўся ад адказу здзіўлены Мешкяліс.

— А тое, што ў гэтага пісьменніка ёсць адзін герой, які ўсё збіраўся цераз ставок мост пабудаваць, а па баках крамы і каб сядзельцы ў іх...

— Ого-го!.. — зарагатаў Юозас. — Вось загнуў... Не, браце, блага вам у інстытуце розум укладалі, калі ты не навучыўся Мешкяліса ад Манілава адрозніваць!.. Я ж, канешне, разумею, што ваш Захар Рудак пачне патыліцу чухаць, а Каспар Крумінь палову кніжкі лічбамі перамажа, прыбытак будзе падлічваць. А я іх такімі доказамі да сценкі прыцісну, што яны згодзяцца! Будынак павінен мець тры залы, для кожнага калгаса па зале, разумееш? Кожную восень мы будзем выстаўляць там свае экспанаты: лён, жыта, кукурузу, ячмень, бульбу, капусту, буракі — ну, што добрага будзе ў нас... Вось і відно стане кожнаму — у каго справы лепшыя і ў каго вучыцца трэба... А то спаборнічаем, а нічога не відаць. А так кожны калгаснік у свята ўраджаю сваімі вачыма ўбачыць, што добрага ёсць у суседзяў.

— А знаеш, гэта разумна,— захапіўся Алесь.

— Вось і яно, Юозас Мешкяліс дарэмна ў атаку не падымецца...

— Разумна, але... не ўсё адразу!.. Тут і на будоўлі часамі рук не хапае...

— Ды я ж і не кажу, каб заўтра пачынаць!

— А як жа з падводамі і цэглай?

Мешкяліс засмяяўся.

— Умееш прыпіраць, мне б намесніка такога... Будзе ўсё, пергалеўцы ні сябе, ні другіх не падводзяць...

Пасля гэтага Мешкяліс узяўся за свае паперы, Алесь жа пайшоў праведаць Йонаса.

Йонас узрадаваўся, што прыйшоў Алесь. Ён доўга паціскаў сябру рукі, прымаўляючы: «Як я рад, што ты прыехаў!..» Толькі бацькі Йонаса, як здалося Алесю, недаверліва паглядалі па яго. Відаць, іх моцна ўразіла непрыемнае здарэнне з сынам. Не хочучы перашкаджаць гаворцы таварышаў, яны пайшлі капацца на агарод, пакінуўшы Йонаса з Алесем у хаце.

— Ну, як ты? — па-сяброўску запытаў яго Алесь.

— А як бачыш, ачуньваю...

Алесь заўважыў, што яго сябра сапраўды ажывае, Йонасавы вочы неяк асабліва заблішчалі. Але, думаючы аб хваробе сябра, Алесь не забываўся і аб сваёй. Размаўляючы з Йонасам, ён раз-пораз кідаў позіркі ў акно на хату Анежкі. Яго хвалявалі падазрэнні на Парэчкуса, і ён паволі павярнуў гамонку ў гэтым напрамку.

— Ну, што з гэтым Парэчкусам чуваць? — запытаў Алесь.

— Збрыда ён, а не чалавек. І ведаеш, аднойчы раніцай я заўважыў, пацягнуўся Парэчкус загуменнямі проста ў лес. Дай, думаю, пацікую, куды ён папоўз? Я неўпрыкметку на гоні дзве за ім... Ён — у лес і сцяжынкай на паплавы, і я туды. На заінявелай траве сляды — іду па слядах. Прывялі на сухі бор, а далей зніклі — ні яго, ні слядоў... А за сухім борам такі хмыз, што нічога не відаць. І разумееш, вярнуўся ён толькі пад вечар.

— А дзе ж ён быў?

— У касцёл, кажа, хадзіў.

— А сёння дзе ён, знаеш?

— Я, браце, за ім так гляджу, што і сягоння разабраўся ў гэтым. Стары Петрас казаў, што пайшоў у Доўгае да Анежкі. Маці яе захварэла...

— І сур’ёзна?

— Не ведаю як, але кажуць, што ляжыць.

Алесь занепакоіўся. На момант у яго ўзнікла падазрэнне, ці не падстроена ўсё гэта, але паведамленне Йонаса ўжо не выклікала сумнення.

На двары зарыпела калітка, і за акном мільганула доўгая постаць Мешкяліса. Праз момант яго гучны голас ужо грымеў у хаце:

— Прыйшоў, каб ён згарэў... Вось толькі з’явіўся.

— Хто такі? — нібы не здагадваючыся, пацікавіўся Алесь.

— Ды той жа валацуга, Пранас Парэчкус. Я яго лаю, а ён просіць выбачэння і кажа, што хвароба Пашкевічайне прымусіла яго пайсці без дазволу.

— Не веру я яму, Мешкяліс, нейкі ён скрыты чалавек, — сказаў Йонас.

— А ты думаеш, я сам веру? Як таму ваўку. Лаю, а бачу па ім, што гэта да яго не даходзіць. У мяне вока вострае — сягоння ён проста нечым усцешаны.

Алесю раптам стала душна ў хаце. Ён расшпіліў каўнер кашулі, але ўсё роўна здавалася горача. На шыбіне білася адзінокая восеньская муха, шукаючы выйсця, і надакучліва гудзела. «Вось так і мне, канешне, трэба зараз на волю...» — І ён прыгадаў, што абавязкова мусіць заехаць сягоння на будаўніцтва.

— Ды пасядзі ты, яшчэ паспееш,— затрымліваў яго Мешкяліс.

— Не, таварышы, не магу! — спяшаўся ён. — Бывайце! Чакаю заўтра Йонаса з падводамі...

Алесь хутка ўскочыў на каля і памчаў у Доўгае.

— Звар’яцеў, — кінуў яму ўслед Мешкяліс.

Алесь імчаў па дарозе ля возера наўгалоп, і ўсё нутро ў яго ажно гарэла. А раптам не застане Анежкі, — можа, звёў пракляты Парэчкус? Яны ж могуць не выпусціць дзяўчыны з хаты. Сваімі грудзямі Алесь рассякаў моцны вецер, які, здавалася, не пускаў яго ў Доўгае. Конь пераскокваў раўчукі і ручаінкі. Нават хвоі з бакоў паглядалі на Алеся сягоння як бы нахмурана, сур’ёзна...

Ён скакаў так, пакуль, выбіўшыся з гаю, не заўважыў удалечы адзінокай постаці. Спыніў каня і пастараўся разгледзець падарожніка. Яшчэ некалькі гоняў, і ён пазнаў Анежку. Яна ішла з хатульком у руках, нізка апусціўшы галаву.

— Анежка! Куды ты? — кінуўся да яе Алесь, саскочыўшы з каня.

— А я цябе не дачакалася. Дамоў іду! — адказала яна і прыхінулася да яго.

Алесь пяшчотна абняў дзяўчыну рукою і, ласкава глянуўшы ў вочы, перапытаў:

— Дамоў?

— Але, — пацвердзіла Анежка. — Маці хворая...

— Алесь не ведаў, што ёй сказаць. Ён баяўся, каб не пакрыўдзіць. Але, прадчуваючы бяду, не хацеў разлучацца з дзяўчынай і не мог адысці ад яе. Ён глядзеў на Доўгае, і яму здавалася, што адтуль павявае холадам і неба зрабілася цямнейшае.

Алесь адпусціў повад, і конь стаў скубці траву на ўзмежку.

— Анежка, адпачнём хвілінку, пагаворым...

Яны апусціліся на пагорак каля дарогі. Але размова не выходзіла. Шастаў у дрэвах вецер, кружыліся і падалі восеньскія лісты, буланы канёк паволі скуб сцюдзёную і ўжо выцвілую траву.

Дзяўчына прыхінулася блізка да Алеся і палажыла яму галаву на плячо. Ён адчуваў, як казычуць ягоную шчаку кудзеркі яе валасоў.

— Я пайду, Алеська...

— Ты ж глядзі, не баўся, — яшчэ мацней сціскаў дзяўчыну Алесь.

— Як толькі маці паправіцца, вярнуся.

— Я буду кожны дзень цябе сустракаць, Анежка!

— Штовечар на захадзе сонца і я буду выходзіць на нашу гару над возерам. Яна ж добра відаць з Доўгага. Глядзі тады ў наш бок, Алеська.

— Ты гаворыш так, што мне робіцца боязна,— устрывожыўся Алесь. — Як быццам ты кідаеш мяне надоўга...

— Я хутка вярнуся. Не бойся, мой родны! Знай, кожны дзень будзе як год для мяне.

— Дзякую, Анежка... — І Алесь моцна пацалаваў дзяўчыну. Ён прыпаў сваімі вуснамі да яе вуснаў, слухаючы, як б'ецца яе сэрца.

— Ты ж глядзі, каб цябе там не затрымалі, Анежка...

— Ніхто мяне не затрымае...

І, успомніўшы, што ёй трэба спяшацца, яна ўстала.

— Я пайду!

— Ідзі, Анежка! І прыходзь!

— Прыйду, Алеська!

Алесь глядзеў, як па сцежачцы на «Пергале» аддалялася танклявая постаць Анежкі. Яму стала так журботна, што нават на вочы міжволі набеглі слёзы.

Алесь не адвёў позірку, аж пакуль постаць Анежкі зусім не схавалася за аголеным ляшчыннікам. Стаялі ўжо невялічкія прымаразкі, і было сцюдзёна. Паветра — нібы той першы танюсенькі лядок. Калі ўзмахнуць кіем навокал сябе, здавалася, яно зазвініць... Ды Алесь не адчуваў холаду. Цяпер ён ужо напэўна ведаў, што без Анежкі жыць не можа. Вось пайшла яна ў «Пергале», і яму ўжо не вельмі рупіць варочацца ў Доўгае.

Анежкі ўжо не было відаць зусім, а ён яшчэ доўга паглядаў у той бок.

Над галавою прашумеў крыламі крумкач і паплыў у бок «Пергале». Алесь пазайздросціў нават яму. Хутка гэты крумкач, можа, праляціць каля хаты Пашкевічуса і ўбачыць яе. Ах, як бы Алесю не хацелася разлучацца з Анежкай! Ніяк не пераадолець гэтага пачуцця. Пакуль не знаў Анежкі, яму так было добра ў хаце і здавалася, што, апрача маці, нікога ён больш на свеце не любіць... А цяпер рабілася нават боязна, чаму так не хочацца варочацца аднаму дадому. Ён любіў маці, але без Анежкі яму было б жыць немагчыма. «Нельга мне без Анежкі», — думаў Алесь і меркаваў, як яны будуць жыць з ёю разам. Ад гэтых думак пяшчотная асалода разлівалася па грудзях. Ён зробіць так, каб усюды і заўсёды быць разам з ёю.

Аднекуль здалёку, з-за «Пергале», даляцеў тонкі, як курлыканне журавоў, звон касцёла. Ён прыкра азваўся ў Алесевым сэрцы. «Ты стаіш паміж мною і Анежкай», — падумаў Алесь.

З-пад Доўгага гэты самотны касцельны звон перакрылі раптоўны піск цыркуляркі і грукат матора. «Пара ехаць!» — схамянуўся Алесь і, сеўшы на каня, таргануў за повад.

 

 

XVII

Каетан Гумоўскі сядзіць за сталом пад абразамі, нахіліўшы галаву над глінянаю місай з вадою. Праваю рукою ён капае туды воск з запаленай свечкі. Воск расплываецца няпэўнымі формамі, а хочацца, каб ён, застыўшы ў халоднай вадзе, нагадаў крыж. Гумоўскі гэтага так прагна імкнецца дасягнуць, што ледзь не мачае ў міску пасівелую бараду. Вось ды каб выйшла!.. Каетан Гумоўскі загадаў сабе: калі выйдзе крыж, дык, значыць, будзе змена. Ён ведаў, што на воску варожаць дзяўчаты, і сам надумаў паспрабаваць гэты спосаб. А можа, воск пакажа так, як трэба? Ён цярпліва сядзіць доўгі адвячорак, але, як на ліха, нічога не выходзіць. Каетан пачынае нервавацца, хутка прыйдзе старая і яшчэ, чаго добрага, Адэля, а тады ўжо варажбе — канец. Каетан злуецца. Ён нахіляе свечку, каб больш плавіўся воск. Полымя ажно хапае за пальцы, і воск цурком цячэ ў міску. Але ніякага крыжа не відаць. Вось-вось азначылася як быццам каплічка, каб цябе ліха, і замест крыжа сплялося нейкае вароняе гняздо. «Цьфу, каб ты згарэла!» — І Каетан у злосці шургануў локцем місу са стала. На падлозе забразджэлі чарапкі, свечка скацілася на лаву і пагасла. Каетан адкінуў галаву да сцяны і цяжка ўздыхнуў... Нічога не выходзіць!

У хаце было ціха. Старая перабірала бульбу ў стопцы, і Каетан ведаў, што яна не скора прыйдзе. Вінцэнт спаў у другой палове хаты, каб уночы выйсці вартаваць, а Адэля апошні час пачала позна прыходзіць. Кажа, што на пагулянках бывае, і гэта больш за ўсё хвалявала Гумоўскага. Каетан паглядаў у акно, але там у шэрым мораку толькі варушыліся, быццам скарчанелыя пальцы, голыя галіны яблыні. У хаце было суцішна. Як тараканы за шпалерамі, шапацелі ходзікі на сцяне. Каетану Гумоўскаму стала на момант проста страшна, ажно закалола ў спіну. Але ён адагнаў ад сябе непатрэбныя думкі і пачаў варажыць іншым спосабам, а можа, выйдзе? Ён імкнуўся трапіць у змроку пальцам у палец, але і так нічога не выходзіла. Мала таго, аднаго разу, калі ён абавязкова хацеў дамагчыся свайго, ён так порстка шаргануў праваю рукой па левай, што абадраў да крыві скуру на пальцах. Каетан плюнуў яшчэ раз і спыніў варажбу. Звесіў галаву над сталом, задумаўся. Ён імкнуўся ахапіць сваім розумам усё, што рабілася навокал яго, і паспрабаваць вызначыць, што будзе наперадзе, чаго можна чакаць ад наступнай вясны. Але складныя думкі не лезлі ў галаву, галава налілася быццам волавам, і толькі цьмяныя кругі плылі перад вачыма...

З такога роспачлівага стану вывела Каетана Гумоўскага дачка. Ён не паспеў і агледзецца, як яна ўпырхнула ў хату, забразгала чарапкамі па падлозе і, запаліўшы лямпу, прыстала да яго:

— Што ты парабіў, га? Чаго ты посуд б’еш? Думаеш, пабагацееш?

Адэля прысела да бацькі. Яна дазваляла сабе вольна абыходзіцца са старым, бо ведала, што гэта яму зусім не прыкра. Наадварот, Каетану часта падабаліся Адэліны вострыя жарты. Але на гэты раз яна не ўгадала, бо замест таго, каб акрыяць, ён ледзь падняў галаву і доўга глядзеў на яе журботнымі вачыма.

— Ну чаго, чаго ты так маркоцішся? — змяніла тон Адэля і абняла яго. — Хіба табе больш за ўсіх трэба? — І гэтым разлагодзіла бацьку.

Ён нават выняў наснічку з кішэні рудой самаробнай світкі і працёр вочы.

— Усё дзеля цябе, дачушка... — Каетан пагладзіў яе бялявую галаву. — Пра цябе думаў... Я хачу, каб ты не гаравала і каб я жыў пры табе ды радаваўся з цябе, з тваіх дзетак... А гэтага не выходзіць... — выціраў наснічкай Каетан заплаканыя вочы.

— А ты пра гэта не думай! Калі не хвалююся я, дык чаго ты па мне пакутуеш? Можа, мне гэтая зямля і сядзіба і зусім не патрэбны будуць?

— Як так?.. — спалохана глянуў Каетан.

— А вось вазьму і выйду за начальніка! — Яна, ускочыўшы з лавы, прайшлася, віхляючы сцёгнамі, па хаце. — Што, хіба я не прыгожая?

— Ты прыгожая, але чаму так гаворыш нядобра, — ціха прамовіў асуджальным тонам стары.

— Што ж тут нядобрага? Падбяру сабе такога начальніка, што і дваццаць Казюкоў таго не дакажуць... — Прыўзняўшы грудзі і пырскаючы ад смеху, Адэля пабегла ў бакоўку.

Каетан толькі вылупіў вочы і зажагнаўся, гледзячы на абразы.

— Езус-Мар'я! Што гэта будзе?..

А Адэля ў бакоўцы заўзята выкручвалася перад люстэркам. Люстэрка гэта было старое, з жаўтавата-бруднымі падцёкамі, з панскага трэльяжа. Яшчэ ў 1917 годзе, калі паны ўцякалі ад рэвалюцыі, Каетан, пайшоўшы пасля мужыкоў у двор, знайшоў сабе здабытак. Вылупіў гэтае люстэрка са спальні пані і прынёс дамоў. У хаце паставіць баяўся. Чаго добрага, вернецца пан — узяў і завалок яго на гару ў свіран. Абгарнуў там рыззём і прысыпаў мяліннем. А можа, народзіцца дачка. «Хай будзе ёй, — думаў Каетан, — калі падрасце». А выйшла так, як і меркаваў. Вярнулася пані. Добра, што не выставіў у хаце, а то было б клопату. Каетан выцягнуў яго зусім нядаўна. Дачцэ збрахаў, што люстэрка некалі яму падаравалі ў маёнтку, хоць тую мала трывожыла, адкуль яно. Адэля з прыемнасцю круцілася перад ім і ганарылася сабою. І хоць люстэрка не адбівала адразу ўсяго яе стану, Адэля то адыходзіла далей, то падыходзіла бліжэй, каб паступова агледзець усю сябе і пераканацца, што яна за прыгажуня.

Колькі хвілін паварочвалася Адэля і так, і гэтак, станавілася бокам, выкручвалася і паглядала цераз плячо, прысядала, выпруджвала грудзі, мацала рукамі сваё крамянае цела, усміхалася, прыціскала зубамі да чырвані губы, міргала некаму вачыма і пасля доўгага агляду павесялела яшчэ больш.

— Якая я сапраўды ладная! Мяне многія могуць пакахаць. Не адзін толькі Казюк!

І, як малое дзіця, крыўляючыся, высунула язык у бок акна да лесу.

За апошнія часы Адэля крыху змяніла свае погляды на Казюка Клышэўскага. Нельга сказаць, каб ён назусім выпаў з сэрца, але не было таго гарачага хвалявання, якое з’яўлялася раней толькі пры адным успаміне пра яго. Прычынай гэтага, можа, было тое, што вельмі ўжо зблажэў Казюк за гэты год, што цягаўся ў лесе, а яшчэ — што нічога не відаць з яго абяцанага. Дадаваўся да гэтага яшчэ страх. Чаго добрага, праз такога загінуць можна! Больш таго, як прызналася сабе Адэля, доўгаўскі Алесь стаў ёй неабыякавы. Высокі, бялявы тварам, ён выгодна адрозніваўся ад заняпалага Казюка. А да таго ж — начальнік. Такі, відаць, далёка пойдзе. І яе сэрца шчымела ад жадання завалодаць ім. «Ну няўжо я яго не ўламлю», — цвёрда надумала Адэля, адыходзячы нарэшце ад люстэрка.

У хаце ўжо сабраліся ўсе, і калі Адэля выйшла з бакоўкі, дык убачыла, што за сталом сядзеў Вінцэнт і вячэраў. Ён еў бульбу з кіслаю капустай, трымаючы ў руцэ вялізны кавалак хлеба. Вінцэнт так завіхаўся над місаю, што не заўважаў нікога. Толькі часамі, адарваўшыся ад яды, дзіка варочаў вачыма. Усе ведалі, што ён хутка ўстане і пойдзе на двор і адтуль будзе чуваць усю ноч толькі яго тупанне ды часам нейкае незразумелае мычанне. Каетан сядзеў на тым жа месцы, дзе пакінула яго Адэля, падпёршы галаву рукамі. Старая ладзіла вячэру для ўсіх і капорхалася каля печы. Адэля зноў прысела каля бацькі.

— А ты ўсё грызеш сябе... — звярнулася яна ласкава да старога.

— Не бачу, як далей жыць, дачушка!.. — уздыхнуўшы, адказаў ён. — Як ні кажы, а ў калгасе справа ідзе на лад...

Вінцэнта гэта не кранала. Ён падняўся, надзеў пару — бурнос з кажухом — і, узяўшы высозны бярозавы кій, выйшаў на двор. Маўчала і маці. Вялі гаворку толькі ўдваіх.

— А ты падумай... А што, калі табе папрасіцца ў калгас? — сказала Адэля і, прыжмурыўшы вочы, чакала адказу.

Твар Каетана Гумоўскага скрывіўся ад болю.

— Не прымуць... Я знаю, што не прымуць... Я пра гэта сам думаў і пайшоў бы цяпер з ахвотаю. Вунь як далёка зайшлі бальшавікі, аж да Берліна... А што тыя паны, што гаўкаюць за акіянам? Хіба я не знаю свайго пана? Што ён можа зрабіць, калі ў яго пальцы, як пандзэлкі? Трэба шукаць выйсця, дачушка... А інакш канец. Парай ты мне што-небудзь, — прасіў ён Адэлю.

— А я сама тут нічога не разумею... — шчыра казала яна.

Няпэўнасць ляжала на ўсім, і гэта нервавала Адэлю. Нават у хаце ўсё было параскідана, стаяў рэзрух. І Каетана апаноўваў гнеў. Сапраўды, чым далей, ён усё больш не знаходзіў выйсця са свайго становішча. Ніякіх змен, абяцаных Клышэўскім, таксама не прадбачылася. І, забыўшыся на тое, што сам быў віною збліжэння Адэлі з Казюком, цяпер накінуўся на яе:

— І ты мне нямала памагла...

— А што? — нахмурылася Адэля.

— Звязалася з гэтым прайдзісветам.

— Ты пра Казюка так?

— А пра каго ж!

— А што ты мне раней казаў пра яго і Малінаўку? — узлавалася Адэля і ўскочыла з-за стала.

— Што казаў, дык я не знаю, а што загубіць ён нас, дык гэта добра вядома...

— Ціха вы! — паспрабавала ўмяшацца маці.

Але гэта не спыніла спрэчак паміж бацькам і дачкою.

— Нашто ён нам, гэты вірутнік, гэты зброд? — крычаў Каетан, грукаючы кулаком па стале.

— А ці даўно ты яго сынком называў? — перадражніла Адэля. — Ты што, з глузду з’ехаў?

— Маўчы!

— Ну дык ведай жа, што і мне ён сягоння не вельмі што абыходзіць. Пайду і заяўлю, чаго вы разам нарабілі... Я маладая, мне што, даруюць...

Каетан грузна апусціўся на лаву. Твар яго выцягнуўся і збялеў. Чаго добрага, Адэля ўсё можа зрабіць. І ён змяніў тон.

— Не чакаў я гэтага ад цябе, Адэлька. Роднага бацьку... Таго, што больш за ўсё на свеце цябе любіць...

Адэлю праняў сапраўдны жаль да старога, і яна, зноў прынікшы да яго, супакоіла:

— Ну, я пажартавала... Я ж гэтага не зраблю. Але што нам рабіць, падумаць трэба...

— А што, калі б яго... адпрэчыць.

— Дык ён жа не будзе маўчаць.

— А так, каб змоўк!

— Што ты?.. Што ты, тата? — І яна, замахаўшы рукамі, адбеглася да парога.

Вярнуўшыся да стала, параіла бацьку:

— Давай пачакаем!.. Добра падумаем, як зрабіць.

Каетан Гумоўскі, крыху ачуняўшы ад цяжкага хвалявання, узяўся за яду. Прыселі і Адэля са старой. Усе стараліся быць спакойныя, але ў душы ў кожнага было трывожна. Адэлю сапраўды апанаваў жах, што ўсё можа скончыцца пагібеллю, і ў яе пачала ўжо нарастаць нянавісць да Казюка. А Каетану Казюк стаяў як бяльмо на воку. Ён так яму ўеўся, што нават цяпер, быццам які чорцік, увесь час скакаў перад вачыма. Гляне на акно — з акна выглядае Казюкова дзюба, сунецца з лыжкай да місы — і адтуль грозіць пальцам Казюк, адвядзе вочы на дзверы — зноў выглядае ягоны худы, пазелянелы твар... Каетан хацеў апусціць галаву і заплюшчыць вочы, але не паспеў: бразнула клямка, адчыніліся дзверы, і на парозе з’явіўся Казюк Клышэўскі.

— Што гэта, ці не здань? — голасна ўскрыкнуў ад перапуду Каетан Гумоўскі.

— Ніякая не здань, а я сам, — цвёрда адказаў Казюк, стаўляючы аўтамат у кут.

З апошняга прыходу ў Малінаўку ён яшчэ болей схуднеў. Заместа носа тырчала ў яго сапраўды нейкая груганова глюга. Ад яго суконнага рыжага фрэнча і штаноў валіла пара. Ну, якраз толькі што з бярлогі ўстаў.

— Што, не чакалі? — гамазліва прагудзеў ён.

У Адэлі на момант варухнулася калі не ранейшае пачуццё, дык проста чалавечая жаласць.

— Ідзі вячэраць, сядай!..

Але калі той, апусціўшыся побач, хацеў па-ранейшаму абняць, яна міжволі адхілілася. «Якое ён, сапраўды, пудзіла стаў... — падумала Адэля. — Хіба яго можна параўнаць з Алесем?»

Каетан не сказаў ні слова і даволі няветла паглядаў на госця. Усё гэта не абышло ўвагі Казюка Клышэўскага. «Каб чаго не выйшла?..» — насцеражыўся ён.

— Вячэрай, Казюк!.. — цяпер прапанавала старая, і Клышэўскі пакуль што прагна накінуўся на ежу. Неўзабаве на стале місы стаялі пустыя.

«Во жарэ, як не ў сябе», — падумаў Каетан Гумоўскі. Нядаўняя размова з дачкою яшчэ больш узнервавала яго. Ён лічыў цяпер, што сапраўды ўсе беды ідуць толькі ад Казюка Клышэўскага. Не будзь яго — усё магло б наладзіцца. Ледзь счакаўшы таго часу, калі Казюк наеўся, Каетан даволі груба звярнуўся да яго:

— А ты б не хадзіў так вольна, Казюк!

— А я не баюся, — жартаўліва адказаў той.

Каетан закалаціўся.

— Ты не баішся! Дык я баюся. Адэля баіцца.

— Ты баішся, Адэлька? — гулліва спытаў Казюк, спрабуючы абхапіць яе рукою.

Адэля спакойна, але цвёрда адвяла руку Клышэўскага ад сябе.

— Пакінь ты!

— Што ты мяне нешта не так сустракаеш? — накінуўся ён на Адэлю, не зважаючы на бацькоў.

— А як цябе, з паклонам трэба? — укалола яна.

— Хто вас тут збальшавічыў? — завішчаў прарэзлівым голасам Казюк.

— Не крычы! Не ў сваёй хаце! — грозна прыкрыкнуў на яго Каетан Гумоўскі.

— А дзе мая лістоўка? Дзе? — падступаў да старога Казюк.

— З тваёй пісанінай і да ветру не сходзіш. Што ты можаш разумнага скласці? А зрабіць ты напэўна нічога не можаш. Злодзей, вось хто ты сягоння... — яшчэ больш напінаўся пачырванелы Гумоўскі.

— Э-э... ды з вамі боязна гаварыць, — ускочыў Казюк Клышэўскі і, адбегшыся ў кут, схапіў аўтамат. — Яшчэ, чаго добрага, засаду зрабілі? — Ён пачаў насцярожана аглядацца па баках.

— Казюк, кінь глупства, сядай, пагаворым... — спакойна сказала Адэля, і той, крыху супакоіўшыся, прысеў каля яе.

— Тут не жарты, — казала яна. — Ты можаш загубіць нас.

— А вы хочаце, каб я з голаду здох?

— Ты сам павінен думаць пра харч. Няхай твае сябры дастаюць. Чаго ты прычапіўся толькі да нас?

Казюк не верыў сваім вачам і вушам. Як бы хто падмяніў Адэлю.

— Што ты гаворыш? Хто цябе так зыначыў? Скажы?

— Жыццё! — рашуча адказала яна.

— Ты яшчэ гатова мяне выдаць? — і прыўзняў аўтамат.

Каетан не стрываў, ударыў Казюка валасатым кулаком па карку і схапіў рукою аўтамат.

— Ты каму пагражаеш?

І яны счапіліся ўдвух. Маці схавалася ў бакоўку. Дужы Каетан сціснуў Казюка так, што ў таго ледзь не вылезлі вочы ад натугі.

— Я табе пакажу, разбойнік! — злосна шыпеў Каетан.

Але худому і вёрткаму Казюку ўсё ж удалося выслізнуць з рук Каетана і ўтрымаць сваю зброю.

— Пастраляю гадаў! — закрычаў ён, шалёна водзячы руляй аўтамата па хаце.

Адэля выпрасталася перад ім і грозна падняла руку:

— Казюк!

І ён абмяк, апусціўшы аўтамат уніз.

— Казюк, — другі раз праказала яна, — не гарачыся. З кім ваяваць прыйшоў? Трэба памеркаваць, што і як рабіць, спакойна. Прысядзь!

І ён прысеў на лаву, увесь час наглядаючы за Каетанам Гумоўскім, які цяжка дыхаў і ўсё нешта яшчэ бурчаў, седзячы ў кутку.

Казюк слухаў, што гаварыла яму Адэля, і дзівіўся, хто гэта падмяніў яе.

— Ты не павінен прыходзіць да нас, Казюк! Ты можаш загубіць усіх...

— Ты мяне не кахаеш, Адэлька?

Яна маўчала.

— І табе мяне не шкада? — настойваў ён.

— А што з таго — шкада ці не шкада? — агрызнулася яна.

— Дык вось што я табе скажу, Адэля, — зноў узнімаў голас Казюк, і быццам вымачаны твар яго наліваўся чырванню, а рукі нервова сціскалі ручку аўтамата, — вось што я табе скажу: калі вы зусім адмаўляецеся ад мяне, я зраблю так, што канец будзе ўсім адразу. Можа быць, вы тут, седзячы ў цяпле, можаце жартаваць, а я сваё аджартаваў. І на той свет мне аднаму адыходзіць сумна. Вельмі ж я люблю дзядзьку Каетана і цябе...

Каетан, які рабіў выгляд, што ўсё, што гаворыць Казюк, яго не тычыцца, пачуўшы такую пагрозу, наважыў умяшацца.

Ён зразумеў, што ступіў, як кажуць, не з той нагі, імкнуўся наладзіць справу.

— А ты зрабі так, — стараючыся быць спакойным, прапанаваў ён, падышоўшы да Казюка, — каб і табе, і нам добра было. Выйдзі адсюль куды-небудзь далей, ну, у Літву ці Латвію?

Адэля ўхапілася за бацькавы словы і паспрабавала запалохаць Казюка:

— Як я ведаю, дык цябе шукаюць...

— Адкуль ты ведаеш?

— Тут і дурны ўбачыць, як лётаюць усюды міліцыянеры.

— Нікуды я не пайду адсюль, — рашуча заявіў Казюк. — Там мяне ў першы дзень схопяць. Хто мне там кавалак хлеба дасць?

— Ну дык і я ж не дам! — зноў узлаваўся Каетан Гумоўскі.

— А раз так, — падскочыў Казюк, — зараз выбегу на двор і пушчу чаргу з аўтамата: хай гарыць ваша Малінаўка і вы з ёю разам, а сам у лес. Зловяць дык зловяць... Усё роўна мне гінуць... — І памкнуўся ў сенцы.

— Казюк! — закрычала Адэля, і ён спыніўся. — Вярніся! Мы зараз табе дадзім таго-сяго з сабой, а ты супакойся, падумай пра тое, што табе сказалі.

— Чаго ты ўмешваешся? — зароў на Адэлю Гумоўскі.

— Так трэба, тата! — уладарна праказала яна, і бацька прыціх.

Адэля пабегла ў свіран, а Каетан і Казюк сядзелі ў розных кутах хаты і, як ваўкі, паблісквалі вачыма адзін на аднаго. Неўзабаве вярнулася Адэля. Каб улагодзіць Казюка, а можа, таму, што сапраўды было шкада яго, яна вярнулася не з пустымі рукамі.

— Вось табе, Казюк. — І вылажыла з прасторнага кошыка брус сала, кавалак кумпяка, гарнушак масла, некалькі сухіх сыроў і дзве буханкі хлеба.

Казюк акуратна запакаваў усё ў торбу і закінуў яе за плечы. Ні словам не падзякаваў Адэлі за гэта. Відаць, зразумеў, што тая хоча пазбавіцца яго. Моўчкі накіраваўся да дзвярэй.

— Дык ты падумай, пра што мы табе казалі, Казюк! — крыкнула яму ўслед Адэля.

— Нічога, на тым свеце сустрэнемся! — пагразіў Клышэўскі ўжо з сенцаў і знік у цемры.

— Во гад дык гад! — схапіўся Каетан Гумоўскі за галаву.

Адэля так перахвалявалася за гэты час, што не магла прыйсці ў сябе. Яна была моцнай волі і лічыла, што зрабіла правільна, але міжволі ўся калацілася. Пагасіўшы газнічку ў бакоўцы, Адэля хуценька распранулася і ўкрылася дзвюма тоўстымі коўдрамі. Але дрыжыкі не праходзілі. Пасля таго, што адбылося, пераканалася, што толькі так павінна была зрабіць, інакш канец... І калі раней крыху яшчэ абуджаўся ў яе жаль да Казюка, дык цяпер яго не было. Ад кахання таксама не засталося і следу... «Вось каб толькі не страх, — думала яна, — дык, можа б, і не прыгадала...» Затое Алесь, такі прыгожы і жаданы, стаяў, здаецца, тут, блізка каля ложка. Адэля ўявіла сабе ўсё так адчувальна, што міжволі пасунулася на ложку да сцяны.

Каетан, той і зусім не клаўся спаць праз усю ноч. Апрануўшыся, хадзіў аж да самае раніцы вакол сваёй сялібы. Абышоў пуню, свіран, лазню на ўзлессі і ўсюды агледзеў, ці не прытаіўся дзе-небудзь Казюк. Нямала ён перакалаціўся пры гэтым. Калі адчыняў дзверы з прылазніка ў лазню, не трапляў зуб на зуб. «Яшчэ пекане са злосці, і кончана», — думаў ён. Але агляд скончыўся добра, нідзе Казюка не было. Баючыся ж, што, чаго добрага, той можа вярнуцца і нешта зрабіць благое, Каетан прахадзіў да раніцы ад гумна да двара, ад пуні да клеці і назад. Вінцэнт дзівіўся з бацькі, але па-ранейшаму блукаў сваімі сцежкамі. Толькі больш частае мармытанне гаварыла аб тым, што бацькава хваляванне перадалося і яму. Калі стала зусім ужо светла, Каетан прысунуўся ў хату, не распранаючыся лёг і заснуў на лаве, падклаўшы кажух пад галаву.

Раніцаю параіліся ўдваіх з дачкою, што ім рабіць. Парашылі, што трэба маўчаць, але ні ў якім разе больш не сустракацца з Казюком. Калі нават зловяць таго, дык можна адперціся: «Не знаем, і ўсё. Брэша ён, гад... Другіх хоча загубіць!»

Аднак, успамінаючы ўчарашнія Казюковы пагрозы, Каетан Гумоўскі ніяк не мог заспакоіцца. Яму нават стала боязна ў сваёй хаце, у якой некалі так добра адчувалася. Заўтра трэба абавязкова паглядзець, чым дыхаюць людзі. Ён быў перакананы, што па адных вачах зразумее, як цяпер доўгаўцы да яго ставяцца. А дарэчы прыгледзіцца, ці сапраўды не вядуцца пошукі Казюка. Тады трэба як мага ратавацца. Параіўшыся з Адэляй, ён наважыў прайсціся ў Доўгае.

Выняўшы з шафы старэнькі пінжак, штаны з самаробнага сукна і юхтавыя боты, якія ён некалі надзяваў каля работы, Каетан прыбраўся. У такім выглядзе ён ніяк не розніўся ад звычайнага беднага селяніна, які збіраецца ў людзі. Расчасаўшы сівую бараду і напусціўшы на твар лагодны выгляд, ён, узяўшы ядлоўцавы кіёк, паволі патупаў у Доўгае. На дварэ стаялі першыя замаразкі, боты, што касцяныя, грукалі па цвёрдай дарозе. Мясцінамі клёны ўслалі жоўтым лісцем дарогу, і яно шамацела пад нагамі, напаўняючы душу Каетана нейкім замілаваннем.

«Божа... божа... Якая прыгажосць з твае ласкі... — шаптаў ён, ідучы. — Здаецца б, толькі жыць і жыць, а тут такія непярэліўкі».

Праз Доўгае Каетан прайшоў амаль непрыкметна. Відаць, усе былі на рабоце: хто на будаўніцтве, а хто на буртоўцы бульбы. Адны толькі дзеці бегалі па дварах. Гэта ўразіла Гумоўскага. «Калі яны так зладжана працуюць і ў такую пару, — думаў ён, — значыць, будзе толк. Так працавалі толькі ў прыпарніцу, а яны і цяпер узяліся». Гэта расстройвала яго, але затое і суцяшала. «Ну, дзе там доўгаўцам знайсці час шукаць нейкага Казюка. У іх і так клопату хапае. Яны, мабыць, і забыліся на тое, што ён нядаўна нарабіў у Лясінах». І, больш-менш заспакоены, Каетан падаўся з Доўгага ў бок ранейшага млына. Пра тое, што млын узарвалі, ён ведаў ад Адэлі, ды і сам чуў, як скаланулася паветра ад выбуху, але не спадзяваўся ўбачыць таго, што было на тым месцы. «Гэта ж цэлы горад!» — гойкнуў Каетан, калі ўгледзеў будынкі на ўзгорку і людзей, якія там снавалі. Грукат экскаватара нагадваў яму гул, які ён чуў некалі, пад’язджаючы да Вільнюса.

— Здароў, чалавеча!.. — звярнуўся ён да грузнага Шаплыкі, які абвязваў дрэўцы на сваёй сядзібе, што была крыху наводшыбе ад сяла.

Тлусты Шаплыка, нехаця адрываючыся ад свайго занятку, прабурчаў:

— Здароў, калі не жартуеш!

— Э-эт, якія там жарты ў старога чалавека, ды яшчэ такога, як я, — нібы пакрыўдзіўся Каетан.

Каетан Гумоўскі, адчуўшы, што Шаплыка ніколькі не змяніўся з таго часу, калі яны блізка зналіся, бліжэй падышоў да яго і хітра падміргнуў.

— Мусіць, засталося яшчэ тое-сёе з таго часу, га? — намякнуў ён Шаплыку пра той час, калі яны ўдвух займаліся кантрабандай.

— Не табе казаць пра гэта... Ты ж у нас забіраў за схову добрую палову ўсяго. Скупасць... скупасць... А хочаш, — раптоўна змяніў гаворку Шаплыка, — гарэлкай пачастую?

Каетан памаўчаў, але, уздумаўшы, якую ноч яму давялося перажыць, згадзіўся. Неўзабаве яны ўжо сядзелі на кухні ў Шаплыкі і цягнулі самагонку. Ледзь паспелі прапусціць па чарцы, як рыпнулі дзверы і на парозе з’явіўся кладаўшчык Баркоўскі.

— Далучайся, браце, да нас! — узрадавана ўстаў яму насустрач Шаплыка.

Баркоўскага доўга запрашаць не трэба было. Ён са смакам перакуліў цэлую шклянку. «Дык вось чаму не бядуе Шаплыка: заробак ёсць, — падумаў сабе Каетан і ціхенька ўсміхнуўся. — У калгасным свірне хлеба багата». Уся кампанія чым далей, больш весялела, языкі развязваліся.

— Які ты быў гаспадар! — з павагаю зварочваўся да Каетана Шаплыка.

— Ды і ты, брат, спраўна жыў, — у сваю чаргу хваліў Шаплыку Гумоўскі.

Баркоўскі, высока закаціўшы вочы, выхваляўся, што ён і цяпер добра жыве. Ён пералічваў па пальцах, што яму давялося купіць толькі за апошні год: ложак панікеляваны, патэфон, гадзіннік насценны... Але яго пахвальбу перабіла тое, што раптоўна паявілася жонка. Жанчына ўскочыла ў хату, як віхура, трымаючы дубец у руках. Вочы яе злосна гарэлі, і калі б з іх вылецела маланка, яна б здалася чорнай.

— Вось як паганю ўсю кампанію, — кінулася яна да стала і пачала свістаць дубцом над галовамі.

Баркоўскі падняўся і паслухмяна падаўся да дзвярэй. А жонка яшчэ больш насядала:

— У турму хочаш трапіць, гад лысы?! Дзяцей загубіць?! Увесь калгас прапіць хочаш?

Толькі за дзвярыма змоўкла яна і пайшла ўслед за Баркоўскім, які пацягнуўся, унурыўшы галаву, дахаты.

— Ну — д'ябал, а не баба! — уздыхнуў Гумоўскі і падняў чарку, каб чокнуцца з Шаплыкам.

— Разбэрсанае пута ён, а не чалавек, — пацвердзіў Шаплыка. — Трэба ж так бабу распусціць. — І са злосцю хрумснуў салёны агурок.

Каетан ахмялеў, але свайго не забываўся. Ён рознымі ўскоснымі размовамі спрабаваў выведаць, што цяпер дзеецца ў Доўгім.

— Скажы ты мне, браце, што такая за неспакойная пара настала? Дзе ні глянеш, бандыты...

— Ну, тут, я табе скажу, доўга не нарабуюць, — пераканана заявіў Шаплыка. — Ты бачыш, людзей у нас на будоўлі, што на кірмашы.

— А яны, гэтыя зладзюгі, дурні, ці што — на кірмаш хадзіць?

— Знойдуць іх і там, дзе яны ходзяць!

— А дзе ж яны ходзяць? — нібы не разумеючы, праказаў Гумоўскі.

— А ты што, маленькі? — гарачыўся Шаплыка. — Не ведаеш, дзе бандыты ходзяць? У лесе! Вось дзе! І іх паловяць. Калі ўжо ўзяўся за іх Алесь Іванюта, ён, брат, давядзе. Ды так і трэба. Я, брат, зладзейства не люблю. Калі я кантрабанду насіў, дык я гандляваў. А гандляваць, брат, усякаму можна. А бандытаў я гатоў сам пад нож...

— Так... так ім і трэба! — быццам згаджаўся з Шаплыкам Гумоўскі, а сам, налякаўшыся, заспяшаў дадому. — Так... так... чалавеча. Пайду ж я...

І Гумоўскі выкаціўся з Шаплыкавай хаты.

Але хмель рабіў сваю справу. Ён закружыў галаву Каетану так, што той, адышоўшы крокаў дваццаць ад Шаплыкавай хаты, забыўся ўжо і на трывогу. Нейкая ўзбуджанасць апанавала яго. У вачах нібы пасвятлела... Ён ішоў туды, дзе на катлаване завіхаліся людзі. «О-го-о! — заўважыў ён. — І многа ж іх, болей нават, як некалі на талацэ ў пана...»

Гумоўскі загледзеўся так, што не прыкмеціў, як апынуўся на самай будоўлі. Ён нават падышоў да катлавана і, заўважыўшы, што там кладуць цэмент, пажартаваў:

— Навечна, значыць, таварышы!

Нікіфаровіч, які працаваў на часовай электрастанцыі, здалёку ўбачыў Гумоўскага. Яго здзівіла, што стары чалавек пад хмелем з’явіўся на будаўніцтва. Ён прыглядаўся да яго, і ледзь-ледзь нейкія рысы здаваліся яму знаёмымі

— Хто гэта? — запытаўся ён у Кузьмы Шавойкі.

— Гэта ж кулак Каетан.

— Гумоўскі? — здзівіўся Нікіфаровіч.

— Гумоўскі.

— Як жа вы яму дазваляеце гуляць па будоўлі? — абурыўся Нікіфаровіч. — Я ж яго яшчэ пяцьдзесят год таму назад ведаю. Малады быў, а крывапівец. Мой жа бацька ў яго парабкаваў... ды і мне даводзілася не раз касіць у яго. Не, у нас у Ленінградзе ён злыднем не пахадзіў бы. Вось чаго не чакаў, што Гумоўскі захаваецца да гэтага часу.

А Каетан Гумоўскі як знарок набліжаўся да іх. Відаць, яму ўсё захацелася агледзець як след сваімі вачыма. Нікіфаровіч схіліўся да рухавічка і не глядзеў у той бок, дзе стаяў Гумоўскі, але хутаранец яго азваў.

— А скажы мне, таварыш, якую сілу машына мае? — лісліва загаварыў ён.

— Я табе не таварыш! — злосна буркнуў Нікіфаровіч.

Каетан Гумоўскі напалохаўся і працверазеў. Ніколі ён не чакаў, што яго так агрэюць. Ён прыглядаўся да Нікіфаровіча, які, схіліўшыся каля рухавічка, нешта поркаўся ў ім, і непрыемная здагадка захаланула Гумоўскаму грудзі.

— А ці не Янка ты будзеш? — адважыўся запытацца ён нарэшце.

Нікіфаровіч толькі буркнуў у адказ:

— Пазнаў?

— Пазнаў! А як жа...

— Мог і не пазнаваць...

— А як жа не пазнаваць свайго чалавека?

— Мы такіх сваіх, як ты, у Ленінградзе даўно адпрэчылі.

— Ну і злосны ты, чалавеча... — забубніў Каетан Гумоўскі і, ссутуліўшыся, пацягнуўся сцяжынкаю на Малінаўку.

«Чаго мяне чорт гнаў на гэтую будоўлю? — распякаў ён сябе. — Чаго добрага, а гэты Янка можа са мной расквітацца...»

Нікіфаровіч пасля гэтага доўга не мог супакоіцца.

— Такому дараваць нельга. Нямала ён нашага брата ў магілу ўвагнаў. Я сам ледзь вырваўся з ягоных рук.

Нікіфаровіч сеў адпачыць і, выняўшы люльку, хацеў прыкурыць, але, цапнуўшы кішэні, агледзеўся, што няма запалак.

— Схадзі ты, хлапчына, да Яна Лайзана, папрасі запалак.

Кузьма адразу ж шпарка пайшоў да баракаў, а Нікіфаровіч глядзеў яму ўслед.

«Такому дараваць можна, — думаў Нікіфаровіч, — а гэтаму ні ў якім разе». І пагразіў кулаком у бок Каетана Гумоўскага, які хаваўся за ўзгоркам.

Стары ўспомніў сваю ўчарашнюю размову з хлопцам. Учора, нядзельным днём, наважыўся ён пайсці пагуляць каля возера. Якое хараство! Як вокам абняць, зелянела рунь на палях, чырванелі рабіны на ўзлессі. Недзе каля Эглайне ўзнікла дзявочая песня. Весялей ішлі старыя ногі. Ажно раптам каля крынічкі заўважыў пад рабінаю хлопца, што сядзеў, апусціўшы галаву. «Ці не Кузьма?» — шавяльнулася думка. Канешне, гэта быў ён. Пагаварылі па душах. «З таго часу, як здарылася ў мяне бяда з Йонасам, не магу жыць спакойна, — гаварыў Кузьма. — Мне дужа сорамна глядзець людзям у вочы. Я ўвесь час шукаю месца, каб пабыць на адзіноце...» — «Не, хлапчына, не адзінотаю лечацца ад такой хваробы. Зараз жа ідзі туды, дзе ўсе людзі. Заўтра ж прыходзь да мяне. Хваробу як рукой здыме...»

Кузьма вярнуўся з запалкамі. Па выгляду яго Нікіфаровіч заўважыў, што ён вельмі ўстрывожаны.

— Толькі што сустрэў Хаценчыка, — гаварыў ён, нервова круцячы гузік на пінжаку,— казаў, што я магу прасіць прабачэння...

— Ну дык што?

— Няёмка неяк...

— Дурны ты! — ажно плюнуў Нікіфаровіч. — Зараз жа ідзі. І я з табой.

Зазванілі ў сталёвую рэйку, і адусюль пацягнуліся людзі ў сталоўку. За доўгімі дашчанымі сталамі стаяла гамана. Мікола Хаценчык перапыніў усіх і абвясціў, што Кузьма Шавойка просіць слова. Усе павярнуліся ў той бок, дзе быў Кузьма, і заўважылі, што побач з ім сядзеў стары Нікіфаровіч, а насупраць Йонас.

Алесь Іванюта і Захар Рудак увайшлі, як на тое, з двара.

Кузьма падняўся з-за стала, ускудлачаны, расчырванелы. Відаць, што цяжка яму было сабрацца гаварыць. Але, пачакаўшы, ён выпаліў усё раптоўна.

— Вядома, я нягоднік, калі так зрабіў. Можаш ты, Йонас, дараваць мне? — І, апусціўшы вочы, сеў на лаву.

— Ну, ты ўжо занадта, — паціху падняўся з крэсла Йонас.

— Хай, хай распякае сябе... ён гэтага варт, — умяшаўся Нікіфаровіч.

— Я і кажу... — толькі азваўся Кузьма.

— Будзеш больш так рабіць? Кажы ясна! — насядаў Нікіфаровіч.

— Няхай мне лепш рукі адсякуць!

— Папраўляйся, а што цябе пакаралі, дык помні: калі ты не мычаў, як цялё, не заравеш, як вол, Кузьма! — уставіў сваё Мешкяліс.

— Ну дык падавай руку Йонасу, — параіў Алесь.

Кузьма нерашуча падышоў да Йонаса і працягнуў яму руку. Усхваляваны Йонас моцна паціснуў яе.

— Добра, Кузьма, і я таксама не святы быў...

Сказана гэта было так шчыра, што ўсе запляскалі ў далоні.

Так усё перамяшалася ў гэты дзень — старая нянавісць і адноўленае сяброўства.

 

 

XVIII

Каспар Крумінь пасля смерці Аўстры доўга не мог знайсці спакою. Звычайна маўклівы, ён стаў зусім нелюдзімы. Нават дзеці мала калі чулі ад яго ласкавае слова. Гэта вельмі трывожыла старэйшую дачку Каспара Візму, якая непакоілася, каб не захварэў бацька. Але затое Каспар як ёсць увесь аддаўся рабоце. Рэдка хто бачыў, каб ён адпачываў. Звычайна ўставаў яшчэ досвецця, калі ўсе спалі, і клаўся, калі ўсё навокал сціхала. За дзень Круміня можна было бачыць усюды: то на таку, то на кароўніку, то ў сталярні ў Лайзана, а больш за ўсё ён заходзіў у свінарнік. Здаволены тым, як выглядалі каровы ў калгасе, ён трывожыўся, што ніяк не можа наладзіць гадоўлі свіней, а якраз ад іх ён думаў мець больш за ўсё прыбытку, а таксама скварку на патэльні ці ў місе з капустай. Парода ў яго добрая: «Леле-Балта». Растуць пры належным доглядзе лепш не трэба. Гэта ён ведае з таго, што ёсць у яго свінні, дагледжаныя як належыць. Але большасць пагалоўя запушчана. Прагнаўшы Езупа Юрканса, ён перабраў ужо некалькі чалавек, ды ўсё не было толку. І корму хапала: і бульбы, і буракоў, і кукурузы, але многа ішло ў блот. На свінарніку не было парадку, якога хацелася. Несвоечасова давалася ежа, у кутах брудна, мала выпускалі свіней на прагулку. Адным словам, Каспар не бачыў патрэбнага догляду.

Нарэшце, параіўшыся з Лайзанам, ён прыйшоў да ранейшай думкі. Хоць непрыемна здымаць людзей з будоўлі, але нічога не зробіш, трэба прызначыць свінаркай Марту Зібене. Нялёгка гэта далося. Марце не тое што не хацелася ісці на такую работу, але шкада было пакідаць аднага Петэра. Тым больш Петэр, як надзіва, так здружыўся з усімі на будоўлі, што і думаць не хацеў, каб пакінуць сваю работу да канца. Марта радавалася, што і пра свой асобны куток ён гаварыў ужо не з такою гарачнасцю, як раней. У ім цяпер не адчувалася таго, што ён дбае выключна пра сябе. Толькі некалькі размоў Каспара зрабілі сваё. Марта прыйшла ў свінарнік.

— Усё ад чалавека залежыць, — разважаў сам з сабою Каспар Крумінь, ідучы аднаго дня да Марты Зібене. — Ну, колькі яна тут пабыла, а ўжо фермы не пазнаць...

Крумінь ішоў прысадамі па апалых кляновых лісцях. Марозная шэрань рабіла іх падобнымі на срэбныя. Паветра было такое ядранае, што гонтавы дах на свінарніку блішчаў пад сонцам, як ледзяны. Крумінь здалёк убачыў, як у вялізнай загарадцы прахаджаліся гладкія белыя свінні. На ветры мільганула чырвоная хустка жанчыны, якая наглядала за імі. «Гэта Марта, няйначай», — надумаў Крумінь.

Старшыня калгаса не памыліўся. Марта спаткала яго тымі задзёрыстымі, гаспадарскімі словамі, што ўласцівы людзям, якія душою хварэюць за справу.

— Калі не прывязеце вобмешкі неадкладна, кіну гэтую работу і пайду! Да Петэра. Што ты, Каспар, хочаш, каб я табе адной бульбай свіней на печ перарабіла? Дома, відаць, сваіх не так корміш! А пара і буракоў даць, і гароху, і солі... — І пайшла, і пайшла.

Але Каспару Круміню тое, што так непакоілася Марта Зібене, падабалася. Значыць, будзе толк, калі чалавек горача бярэцца за справу.

— Пачакай, не крычы! Будзе табе ўсё! — крануў ён за плячо Марту і пайшоў у свінарнік.

Марта ішла следам, крыху супакоіўшыся, але ўсё яшчэ не пераставала канькаць аб сваіх патрэбах.

На кухні свінарніка Каспару парадак таксама спадабаўся. Блішчала чыста падмеценая цэментавая падлога. Пад нагамі не было бруду, як раней. У вялізных чанах ляжала свежанатоўчаная бульба, а ў скрыні — дробна насечанае капуснае лісце.

У самым свінарніку было шмат паветра, якое ўлівалася праз адчыненыя дзверы і форткі пад бэлькамі. Пасля яды свінні ляжалі і басавіта рохкалі. Толькі ў кутку, дзе змяшчаліся свінні пасля апаросу, было неспакойна. Пісклівыя парасяты тармасілі жываты тоўстых свінаматак, узнімаючы вэрхал і адштурхоўваючы адзін другога.

Каспар прайшоўся і, спыніўшыся каля аднага катуха, дзе гадаваліся свінні на сала, здаволена праказаў:

— Будзе толк, Марта!

— Будзе, калі не пашкадуеш хлеба!

— Ды не пашкадую. Пакінь ты! Вось прычапілася як смала!

— Глядзі ж!.. — ужо ўсміхаючыся, кінула яна.

Калі Каспар ішоў ад Марты, настрой яго зусім змяніўся. «Усё залежыць ад чалавека, — думаў ён. — Тут у мяне цяпер наладзіцца, — цешыў ён сябе тым, што ўбачыў на свінарніку. — Усюды патрэбен гаспадар. Якая цудоўная дзяўчына гэтая Марта! Куды яе ні пастаў — на касьбу, на будоўлю, на ферму, — усюды справа ідзе. Шчаслівы будзе Петэр, калі возьме Марту за жонку, нездарма Аўстра раўнавала мяне да яе». І ў душы пазайздросціў, адчуўшы сваё адзіноцтва. І раптам на памяць яму ўсплыла Восілене. Яна ўжо даўно прыгледзелася Каспару, але калі хварэла Аўстра, ён адганяў такія думкі ад сябе. А цяпер Восілене ўспамінаецца яму ўсё часцей і часцей. Вось і зараз ён нібы бачыць перад сабою яе, вясёлую і рухавую. «Ты, брат, зусім раскіс, Каспар!» — здаецца, спачувальна гаворыць Восілене. У Круміня загарэўся твар. «Ну што я, як той юнак усё роўна», — спрабаваў адмахнуцца Каспар, але нічога з гэтага не выходзіла. Восілене, якая хвіліну назад спачувальна размаўляла з ім, цяпер як быццам ужо дражнілася. «О-го, якая яна спакуслівая, ды яна любую дзяўчыну за пояс заткне», — з прыемнасцю падумаў Каспар і неяк раптам прыйшоў да таго, што яму без Восілене нельга жыць. Хацелася гэтак жа, як у маладосці, пагаварыць з кім-небудзь аб сваім пачуцці. «Але ці добра гэта перад памяццю Аўстры? — спахапляўся Каспар і суцяшаў сябе адным: — А што ж тут благога? Нельга ж чалавеку ўвесь век аднаму гараваць...»

І Каспар накіраваўся да старога Лайзана.

Ужо некалькі дзён як Ян Лайзан працаваў на сваім звыклым месцы — у сталярні. Алесь Іванюта загадаў яму рабіць дзверы і рамы для будынка станцыі. Памер іх быў вядомы. Дзе ж іх ладзіць — усё роўна для будаўніцтва. Затое стары лепш адчуваў сябе тут, дзе ён папрацаваў з фуганкам ужо некалькі дзесяткаў год.

Прыйшоўшы ранкам, Лайзан не разгінаючыся прастаяў за варштатам некалькі гадзін і цяпер з прыемнасцю сядзеў на сваім любімым месцы, дубовай калодзе каля адчыненых дзвярэй сталярні, і адпачываў. Тоненькі дымок плыў з люлькі, крушынавы цыбук клекатаў так, быццам нехта размаўляў з Лайзанам паволі. Ён глядзеў на сваю гаспадарку, дзе ўсё па даўнім звычаі стаяла на месцы, і на сэрцы быў спакой. Адно, калі зірнуў на паліцу з цацкамі, устрывожыўся і прыгадаў малога Томаса, сына Каспара. А там і Аўстра з’явілася зноў перад ім — з худым, пашарэлым тварам. А вочы!.. Яны нібы і цяпер просяць яго аб дзецях. З Аўстры перанеслася думка да Круміня. «Нельга так бедаваць, як ён, — падумаў Лайзан. — Нейкая разрыўка павінна быць для яго настрою. А так загубіць і сябе і дзяцей...»

— Э-э! Ды ты ж лёгкі на ўспамін! — гукнуў Лайзан насустрач Каспару, калі той уваходзіў у сталярню.

— А што такое? — зацікавіўся Каспар і, прысеўшы каля старога, пачаў прыкурваць.

— А такое, — паволі выпусціўшы дым, казаў далей Лайзан, — што ты сябе губіш...

— Я і сам так думаю, дзеду, а выйсця не бачу...

— Як гэта не бачыш?

— Не шэнціць мне ў жыцці, вось і ўсё!

— Э-э, ды ты, брат, не туды загнуў, Каспар! Ты ведаеш, што такое шчасце? Не, мабыць, не... Жыць так, як мы з табой, вось яно, наша шчасце. Працуем для сваіх блізкіх, для дзяцей, усё мяняем вакол — хіба гэта не шчасце?.. Я знаю, што табе самотна. Гэта так! Але ж нельга так вечна. Гадаваць сваіх дзяцей, вучыць іх, рабіць карыснае для людзей — вось у чым тваё шчасце!..

Каспар уздыхнуў.

— Цяжка аднаму? — запытаў Лайзан, палажыўшы яму руку на плячо.

— Цяжка...

— А ведаеш, што я надумаў? Табе нельга заставацца адзінокім...

Каспар здзівіўся — адкуль мог стары адгадаць ягоныя думкі. Але, каб не паказацца нясціплым, перапытаў:

— А што ж рабіць?

— Жаніцца!

— А дзеці?..

— І дзецям будзе лепш. Візма ў цябе вялікая — усё зразумее. А малыя, калі будзе добрая жанчына, прывыкнуць, як да маці.

— Ну адкуль ты такі мудры? — сумеўся Каспар. — Калі прызнацца, дык я ішоў да цябе з такою думкай. А ты як бы адгадаў. Дзецям патрэбна гэта...

— Толькі дзеля дзяцей? — хітра перапытаў Лайзан.

Каспар збянтэжыўся, але, узяўшы сябе ў рукі, адказаў:

— Прызнацца, і дзеля сябе. Я ж таксама не дрэва, і ў мяне сэрца ёсць.

— А да каго ж тваё сэрца ляжыць, калі не сакрэт?

— Ды рэч у тым, што яна яшчэ аб гэтым не ведае.

— Ну, гэта не доўгая справа, толькі вазьмі мяне за свата! — І Лайзан з гонарам таркануў сябе пальцам у грудзі.

— Калі сказаць вам праўду, дык падабаецца мне Восілене...

— Што ты кажаш?

— Так!

— Ну, брат, я табе скажу, што губа ў цябе не дурная...

— Ты жартуеш, дзеду!

— Не, брат, я сур’ёзна. Яна — жанчына што трэба. Я, брат, доўга прыглядаўся да яе. Гэтая літоўка — удава, таксама, як і ты. З вас будзе сапраўдная пара... — усё больш захапляўся Лайзан.

— Толькі ты, дзеду, пакуль аб гэтым ні-ні! — прасіў Каспар.

Размова з Лайзанам яшчэ больш усхвалявала Каспара. Выйшаўшы са сталярні, ён доўга не мог супакоіцца. Калі праходзіў каля току, дзе жанчыны трапалі лён, здалося, што пачуў голас Восілене. Уздрыгнуў. «Не, гэта не жартачкі, Каспар»,— сказаў ён сам сабе, і яму сапраўды так захацелася пабачыць Восілене, што ён наважыў зрабіць гэта неадкладна. Ён нават так расчуліўся, што самому сябе стала шкада.

Сярод амаль мёртвай, пасівелай ад замаразкаў атавы на лузе, які распасціраўся навокал з невялічкімі астраўкамі голых алешын, віднелася адзінокая постаць бусла. Ён стаяў нерухома, бы скамянелы, на адной чырвонай назе і, самотна павярнуўшы галаву, пазіраў у цёплы бок. Часамі моцны вецер налятаў на яго, задзіраў пёры на крыллях, і ад гэтага выгляду бусел быў яшчэ больш варты жалю.

«Застаўся адзін, не паляцеў у вырай», — пашкадаваў Крумінь. І раптам ледзь не слёзы пырснулі ў самога з вачэй. І жаданне ласкі і цяпла стала непераадольным.

У звычайны дзень, калі ён праходзіў па гаспадарцы, ніякія непарадкі не схаваліся б ад вока Каспара. А сягоння, надумаўшы паехаць да Восілене і спяшаючыся дадому, каб сабрацца, ён не заўважаў нічога. Сярод вуліцы стаялі выпражаныя калёсы і хамут валяўся побач непрыбраны. Каспар нават не глянуў. Раней, калі б ён заўважыў гусей на руні, дык узняў бы крык на ўвесь калгас, а сёння прайшоў побач, як бы іх не было. Да аднаго імкнулася ягоная думка...

Апамятаўся ён, толькі ўвайшоўшы ў хату. Калі ж малы Томас, падбегшы да яго, абхапіў за ногі, стала ніякавата.

«А ці не дарэмнае я наважыў?» — завагаўся Каспар.

Дзеці рэдка бачылі Каспара, і той час, калі ён знаходзіўся дома, быў для іх святам. Ён прыкмячаў, што малыя нават не дурэлі пры ім, стараліся быць цішэйшыя.

Каспар пасадзіў Томаса на калені і быццам новымі вачыма паглядзеў на хату. Візма капорхалася каля печы. Яна не паспела яшчэ распрастаць як належыць дзявочых плеч, а ўжо гнулася каля цяжкіх чыгуноў. Нічога не зробіш — сям’я і гаспадарка, хоць і невялікая. Дачка не падавала выгляду, як ёй цяжка, але сам Каспар лічыў сябе злачынцам, што гэтак здзекуецца з дзяўчынкі. А ёй жа трэба хадзіць яшчэ ў восьмы клас.

— Сядай, дачушка! — неяк асабліва ласкава звярнуўся ён да Візмы.

— Я толькі гаршкі памыю! — паглядзела яна на бацьку і працягвала шараваць у мыцельніку.

— Я кажу, што ты стамілася... адпачыла б...

— Не, тату, я нічога...

А Каспар бачыў, што нялёгка яшчэ дзіцячым рукам. Ды і як бы яна ні старалася, а ў хаце не было належнага парадку. Сіратліва паглядалі незасланыя ложкі. Пасярод хаты ляжаў кінуты некім ручнік. Каспар глянуў на Томасаву куртачку. Яна была зашмальцаваная, а праз падраны локцік віднелася брудная кашулька. Бацька ўздыхнуў і моцна прытуліў Томаса да грудзей.

— Беднае дзіця, — сказаў ён, і голас яго задрыжаў.

— Што, тата?.. Табе холадна? — І Томас сінімі вачыма ўставіўся на бацьку.

— Холадна, сынок!.. — І, яшчэ мацней прытуліўшы малога да грудзей, ледзь не заплакаў.

— Ты, Візмачка, не гаруй, — звярнуўся ён да дачкі, — неяк будзе...

А сам пачаў збірацца ў дарогу. Бацька ездзіў так часта, што Візма нават не пацікавілася, куды цяпер ён збіраецца. Яна толькі заўважыла, што ладзіўся сягоння бацька больш, старанна ваксаваў загрубелыя боты.

— Дык я паехаў... — як бы спытаўся Каспар дазволу ў дачкі.

— Добра, тата! — ласкава адказала тая, і ў яе голасе ён пачуў нібы благаславенне.

Запрогшы каля стайні ў рысорную каламажку варанога жарабка, Крумінь пакаціў па доўгаўскай дарозе. Усім сэрцам ён імкнуўся туды, дзе за ўзгоркам узнімаў доўгую стралу высокі кран і адкуль далятала ракатанне матора.

Праз нейкія паўгадзіны перад ім паўстала пляцоўка будаўніцтва. Крумінь усяго некалькі дзён не быў там, а цяпер бадай што не пазнаў мясціны.

Заўсёды, калі ён прыязджаў сюды, яму, вясковаму чалавеку, здавалася, што тут робіцца цуд, бо ён прывык бачыць скібы зямлі, якія паволі пераварочваюцца плугамі, непрыкметныя ўсходы раслін, спакойную плынь вады і нават марудную хаду статка, які варочаецца з пашы. Час і праца дзесяцігоддзямі жылі адным рытмам, а цяпер на вачах у яго ўсё гэта звыклае крышылася, не перастаючы выклікаць здзіўлення і трывожных думак. Чырвоныя цагляныя сцены вырасталі над катлаванам. «Хутка, — з прыемнасцю падумаў ён. — Гэта ж нядаўна яшчэ бетанавалі сцены катлавана. Нечага сказаць, дружна працуюць!» Цешыла сэрца, што няблага паказваюць сябе і райнісаўцы. Міжволі набегла на памяць і Восілене. Яна ж таксама памагае будаўніцтву. Але, прыгадаўшы яе, затрымаў каня. Перад ім ляжала дарога, якая ішла па «Пергале». «Калі прыехаць у Доўгае, яшчэ чаго сапраўды падумаюць,— засаромеўся ён.— Як быццам няма прычыны, а я ў будні дзень скок — з’явіўся, і такі прыбраны...» Больш за ўсё баяўся самой Восілене. «Марцовы кавалер», — можа насмяяцца, чаго добрага, яна сама. «Паеду ў «Пергале», — раптам парашыў Каспар і рэзка крутнуў каня па пергалеўскую дарогу. Той фыркнуў, не разумеючы хвалявання ездака, але падпарадкаваўся. І хоць Каспар пасля не раз парываўся павярнуць назад, але ў такіх ваганнях неўзабаве даехаў да Мешкялісавай хаты. Уваходзячы туды, Крумінь усё ж не мог не аглянуцца ў бок возера Доўгага, дзе віднелася страла вежавага крана.

Алесь Іванюта хадзіў па лесе за Доўгім. Ён блукаў якраз па тых мясцінах, дзе першы раз сустракаўся з Анежкай. Яго хвалявала, што тая так доўга не варочаецца. «Гэта ж не падобна на яе. Можа, там што здарылася?» Алесь ні па складу характару, ні па ўзросту не мог быць псіхолагам, інакш ён задаў бы пытанне самому сабе — а ці не здарылася чаго-небудзь са мной? І зразумеў бы, што здарылася. У лес, далей ад людскіх вачэй, гнаў яго не толькі сум па дзяўчыне, а яшчэ і ўсё большая трывога. Колькі за гэты час перахваляваўся ён на будаўніцтве, а не было з кім адвесці душу. На сваю рызыку пайшоў. Перакрыў земляною плацінаю рачулку, насуперак таму, што на гэта глядзелі скоса Беразінец і Захар Рудак. Калі б ён пабудаваў мост і пакінуў сток, будоўля затрымалася б, і толькі. А калі б цяпер вада сарвала плаціну ці рушыла б цераз яе, яна б затапіла катлаван і натварыла б вялікай бяды і страты. Кожны дзень хадзіў ён на плаціну, дзе паступова, сантыметр за сантыметрам, здавалася, прыбывала вада не ў возеры, а ў яго грудзях, заліваючы халадком сэрца. Сіняя і празрыстая восеньская вада наступала на яго мары і імкненні, на яго будучыню, і нікому ён у гэтым не адважыўся б прызнацца, асабліва Анежцы. Тое, што Анежка не давала знаць пра сябе, яшчэ больш нервавала Алеся. Усялякія здагадкі прыходзілі ў галаву: хто яго ведае, можа, там Парэчкус з ксяндзом зноў павярнулі ўсё на свой лад і Анежка адцуралася яго. Часамі ён нават злаваўся на сябе: «Ну што я ў ёй знайшоў? Няхай бы сабе кісла ў касцёле, якая мая справа да гэтага». Але лавіў сябе на такой прыкрай думцы і бег да Восілене — а можа, што пачуе пра Анежку. «Каб хоць дазнацца, як яна там, ці думае пра мяне»,— марыў ён. Вось і сягоння, калі быў на будаўніцтве і наглядаў за кладкай сцен, стала непамысна на сэрцы. Асаблівай прычынай гэтаму былі Зосітэ і Йонас, якія, перажыўшы ліха, цяпер зусім не хавалі сваіх адносін. Алесь глядзеў на іх і зайздросціў. Йонас устаўляў вушакі ў дзвярныя праёмы, а Зосітэ падносіла мулярам цэглу. Алесь заўважыў, як увесь час яны перакідваліся ласкавымі позіркамі. Можа, такое іх суладдзе і загнала яго сягоння ў лес. Да болю захацелася прыгадаць першую сустрэчу з Анежкай, і гэта пацягнула на любімае месца. Ён хадзіў і паглядаў на кашлатую зялёную яліну, пад якой яны пазналіся. Прысаджваўся на той пень, дзе сядзелі ўдваіх, прыслухоўваўся да шолаху галін над галавой, і яму здавалася, што зялёнае голле шапоча аб тым, што яно бачыла іх шчаслівых тут... І раптам, калі палятаў вецер і кудлаціў вершаліны дрэў, Алеся апаноўвала трывога: «А ці не стала чаго з ёю?..»

Ён уставаў тады і хадзіў, узрушаны, знаёмымі сцяжынкамі. Нешта балюча смактала ўсярэдзіне, хацелася забыцца на ўсё і пабегчы туды, у «Пергале», не зважаючы ні на што. Але праходзіў і гэты настрой, і Алесь зноў блукаў тымі ж мясцінамі, апусціўшы галаву.

Такім яго ўбачыла Адэля Гумоўская. Па гэтым беразе Доўгага, па ўскраіне лесу, можна прайсці сцяжынкаю з Малінаўкі ў сяло. Яна і парашыла сёння пайсці такою дарогаю. У апошнія дні ў Адэлі быў паганы настрой, не сядзелася дома. Бацька пасля прыходу з Доўгага проста адурэў. Асабліва падзейнічала на яго сустрэча з Янкам Нікіфаровічам.

— Загубіць... Чуе маё сэрца, загубіць ён мяне, дачка... — не адзін раз скардзіўся стары.

— Што там такі за чалавек? — зацікавілася Адэля і парашыла глянуць сама.

А каб не кідалася людзям у вочы, чаго яна без патрэбы ходзіць на будаўніцтва, узяла з сабою кошык, як быццам ішла ў краму.

Вось калі Адэля падыходзіла ўжо да ўскраю лесу, яна і заўважыла Алеся Іванюту. Як толькі ўгледзела яго, перасмыкнулася ад нечаканасці. Прыпынілася за хвояй і стаіла дыханне. Так, гэта ён. Ходзіць і ходзіць самотны сцяжынкаю з канца ў канец. І нават яе не заўважае. «Што б такое з ім? Можа, якая непамыснасць на працы? Можа, рашае якую справу? Але хіба дзеля гэтага трэба хадзіць тут аднаму? Можа, закахаўся? А ў каго?.. Вось каб у мяне...» І ёй ужо захацелася выпырхнуць з радасным усклікам яму насустрач. Але яна стрымала сябе. Алесь хадзіў і хадзіў адной ступою. «А які ён сапраўды харошы!..» І Адэліна сэрца ажно млела ад нецярплівасці сказаць пра гэта яму. У думках яна раптам параўнавала Алеся з Клышэўскім. «Ну куды варты той Казюк супраць яго?» Яна нават пастаралася сабе ўявіць, як было б цудоўна з Алесем...

«Як было б добра, каб ён сапраўды пакахаў мяне. На чорта мне тая і Малінаўка. Калі б сталася так, каб не было на свеце Клышэўскага, а быў толькі адзін Алесь...»

Далей стаяць Адэля не магла. «Трэба быць смялейшаю», — наважыла яна і, рушыўшы да яго, звонкім, задзёрыстым голасам усклікнула:

— Каго я бачу!..

Алесь скалануўся. Для яго гэты выкрык быў зусім нечаканы. Апрача таго, ён здзівіўся, чаму раптам Адэля Гумоўская выказала такое захапленне ім. А яна ўжо трэсла ягоную руку, узбуджаная і расчырванелая, а сінія вочы неяк незвычайна паблісквалі. Алесь маўчаў, збянтэжаны, а яна сыпала і сыпала словамі:

— Ах, як добра, што я вас сустрэла... Вы сумуеце, бедненькі... Ну чаго вы такі самотны, скажыце мне?

Але ўбачыўшы, што гэта не ўплывае на Алеся, прыціхла.

— Мабыць, я назаляю недарэчы.

— Не, чаму?

Алесь не мог яе груба абарваць у вочы, і ў той жа час яму было прыкра яе лапатанне.

Ён і раней заўважаў, што Адэля прыгожая, але для яго яна заўсёды заставалася «дзяўчынаю з хутара», а гэта значыць з нечага перажытага. Па дзіўным ўяўленні яна здавалася яму больш старэйшаю і вопытнаю, чым была на самай справе. Апрача таго, у душы яго варушылася небяспека, а што, калі яго пабачаць тут з ёю, могуць сказаць, што гэта прызначанае спатканне. Між тым Адэля вельмі хутка ўлічыла ўсе абставіны і захацела выклікаць да сябе спачуванне.

— Алесь, вы не ведаеце, як мне цяжка... — раптоўна сказала яна.

— Я б не сказаў гэтага, — холадна прабурчаў Алесь і, глянуўшы на яе гуллівы твар і віхлявую постаць, сказаў: — Увесь ваш выгляд гаворыць адваротнае.

— Вы памыляецеся...

— Чаго б вам гараваць?

— Ат, які нездагадлівы...

— Чаму я павінен здагадвацца?

Адэля наважыла расчуліць Алеся і гэтым дамагчыся спагады.

— Можна з вамі быць шчырай?

— Чаму ж не?.. — адказаў Алесь, але ў той жа час хацелася адчапіцца ад Адэлі, і ён накіраваўся з ляска ў бок поля.

— Я гіну праз бацькаў хутар. Парайце, што мне рабіць? Я хачу быць з усімі разам, з вамі, Алесь, і з усімі... Хіба я прыдумала хутары, граніцы, усё, што адышло... Мне хочацца працаваць, як і ўсе працуюць, і песні спяваць. А вы мяне не прымаеце. Чым я вінавата, што мой бацька такі?.. Я жывы чалавек, а там у нас, як у магіле: совы крычаць уночы, лес пад самымі вокнамі, таго і глядзі, што лесуны ў шыбы пачнуць грукаць... Ляжыш ноччу, слухаеш, як вецер гудзе, і думаеш, думаеш, і так страшна робіцца, так страшна...

Алесь не ведаў, што ёй адказаць — у словах яе было шмат праўды.

— Колькі я вас ні бачу — не заўважаў, каб вас што непакоіла.

— Ах, Алеська, Алеська, не знаеце вы майго суму...

Алесю гэтыя словы здаліся такімі прытворнымі, што ён раззлаваўся:

— А чаму ваша сэрца не сумавала ў вайну, калі ў вас на хутары ўсю ноч нямецкія афіцэры скакалі?

— Дзе хацелі, там і танцавалі... У Доўгім таксама! Але ж і партызаны прыходзілі на хутар па хлеб і сала... А мы з вамі ў гэты час былі яшчэ маленькія... Хіба не так?

Пачаўшы з заігрывання, Адэля міжволі прыгадала ўсе свае надзеі і трывогі, уявіла, што можа чакаць яе наперадзе, і не на жарты расхвалявалася. Цяпер яна больш за ўсё была падобна на чалавека, які спрабуе намацаць сярод балота цвёрдую сцежку і адчувае, што гэта яму не ўдаецца...

«А можа, і мы сапраўды чаго-небудзь не ўлічылі, — разважаў у гэты час Алесь, — чалавек усё ж яна... Варта было б падумаць...»

Парашыўшы на гэтым і спаслаўшыся на неадкладныя справы, Алесь развітаўся з Адэляй.

— Не злуйцеся на мяне, Алесь! — не то папрасіла, не то параіла яна ўслед, калі ён адыходзіў, і яму пачуліся ў яе тоне гуллівыя ноткі.

Ён прыспешыў крок, каб хутчэй адысці ад Адэлі, бо сэрца яго было занята зусім іншым, і калі выйшаў з лесу і ўбачыў пергалеўскі гай на ўзгорку, дык уздыхнуў. Пастаяў, паглядзеў у бок «Пергале» і, не ўбачыўшы там нічога, павярнуў на будаўніцтва.

З «Пергале» Каспар Крумінь разам з Мешкялісам ехаў у Доўгае. Яны гутарылі аб гаспадарчых справах. Крумінь захапіўся планамі Юозаса Мешкяліса аб пабудове Дома агракультуры, і на некаторы час адышла ўбок вострая думка аб Восілене.

Мешкяліс, як больш порсткі, бесперапынку гаварыў, а Каспар Крумінь увесь час падтакваў. Але той, хто добра ведаў іхнія характары, такую гутарку лічыў бы зусім нармальнай.

— Ты бачыў мой лён? — насядаў Мешкяліс на Каспара. — Ну, скажы, калі выставіць яго ў Доме на выстаўцы?

— Глядзець будуць...

— Што?.. Што глядзець? Як табе не сорамна, Каспар! Захапляцца будуць.

— Будуць захапляцца... — спакойна згаджаўся Каспар.

— Ну што ты гаворыш, як мёртвага ў дамавіну кладзеш, — гарачыўся Мешкяліс. — Ты ж ведаеш, што такога льну, як мой, у сельсавеце няма?

— Няма...

— І ў цэлым раёне...

— І ў раёне...

— Э-эт!.. З табой доўга не пагаворыш. — І Мешкяліс плюнуў.

Ён не ведаў таго, што Каспар, звычайна малагаваркі, думкамі зноў быў каля Восілене, а з Мешкялісам толькі падтрымліваў гутарку дзеля ладу.

— Хто б гэта спяшаўся так туды? — сказаў Мешкяліс, паказаўшы Каспару на дзявочую постаць, якая віднелася ўдалечыні на дарозе. — Каму трэба быць у Доўгім, той цяпер там, а астатнія тут на рабоце. Э-э!.. ды гэта ж Анежка, — усклікнуў ён, калі яны параўняліся. — Сядай сюды!

І, спыніўшы каня, яны запрасілі Анежку на калёсы.

— Паправілася маці?

— Паправілася, — адказала Анежка, але, як заўважыў Юозас, гаварыла не вельмі ахвотна.

Каспар Крумінь узрадаваўся гэтай сустрэчы. Ён ведаў, што Анежка працуе і жыве разам з Восілене. Вось табе і зручны выпадак адразу па прыездзе пагаварыць з той. У яго нават язык развязаўся.

— Вы зноў на працу, Анежка?

— А як жа! Я і так многа прапусціла...

І па тым, як яна сказала, Крумінь адчуў, што далей аб гэтым гаварыць не варта. Вось чаму ён вярнуўся да гаспадарчых спраў, але з зусім нечаканага боку.

— Відаць, твой лён самы лепшы ва ўсёй Прыбалтыцы...

— Цьфу! — раззлаваўся Мешкяліс. — На вайне я з табой у адным акопе і дня не выседзеў бы...

Паказалася Доўгае. І кожны з трох седакоў па-свойму марыў аб сустрэчах там, у Доўгім.

Захара Рудака ў праўленні калгаса не знайшлі, і Каспар Крумінь нават быў рады гэтаму. Ён борзда выйшаў з канторы і, ускочыўшы на воз, гукнуў:

— Паехалі на будаўніцтва... Відаць, ён там!

Калёсы загрукацелі па бруку, і доўгаўскія хаты з вазонамі на вокнах пачалі адыходзіць назад. У Анежкі калацілася сэрца. Вось ужо апошнія хаты сяла, а за імі на ўзгорку барак, нібы яе дом — пад жоўтым дахам. Нават рокат экскаватара, як даўно знаёмы, неяк па-асабліваму кранаў яе. «Дзе Алесь цяпер? Добра было б, каб пагаварыць сёння з ім адзін на адзін. Шмат чаго трэба расказаць яму».

Больш за ўсіх пашанцавала Каспару Круміню. Калі яны пад’ехалі да сталоўкі, іх голасна прывітала Восілене, якая сядзела і быццам чакала іх на ганку.

— Да нас цэлы абоз старшынь калгасаў!.. — І твар яе асвятліўся шчырай усмешкай. — Анежка, я ж па табе засумавала!

— А нас не чакала! — падражніўся Юозас Мешкяліс.

Каспар толькі хадзіў каля воза і, папраўляючы шлеі на кані, ціхенька пакашліваў.

— Вас чакаць — на дарогу вочы прагледзіш, а прыехалі, калі ласка...

— Ну, калі так, дык прымайце нас! — адважыўся ўставіць сваё слова Крумінь і быў здаволены гэтым.

— А дзе Рудак? — дапытваў Мешкяліс.

— Відаць, там, — Восілене махнула рукой на дол, адкуль узнімаліся чырвоныя сцены.

— Дык я пайшоў па яго! — кінуў на хаду Мешкяліс і хутка пакрочыў сцяжынкаю ўніз.

— І я з вамі, Юозас! — гукнула Анежка і пабегла даганяць Мешкяліса.

Яна думала, што там хутчэй спаткае Алеся.

Каспар і не чакаў, што ўсё так добра выйдзе. Яны засталіся з Восілене адны. Вось калі сапраўды можна пагаварыць. Але нешта тая смеласць, якая была ўранку, знікла. Ён усё таптаўся каля воза, пакуль, нарэшце, не паклікала яго Восілене:

— Хадзем у хату. Чаго вы круціцеся каля воза, як чорт каля цвінтара?

— Дзякую за камплімент!.. — усміхнуўся Каспар і пайшоў следам.

Сэрца яго ледзь не вырывалася з грудзей.

«Гэта ж усё ідзе на лад, толькі больш настойлівасці — і справа ясная», — думаў ён.

Восілене прывяла Каспара ў невялікую бакоўку, дзе яны жылі ўдзвюх з Анежкай. Каспар адразу прыкінуў вокам: «Ну, не былі б тыя жаночыя рукі...» Ложкі акуратна і прыгожа засланы белымі капамі, горкі ўзбітых падушак, адна навалка прыгожа вышытая. «Напэўна, яе», — падумаў Каспар. На вокнах белыя фіранкі. На стале, засланым чыстым абрусам, гліняны глячок з кветкамі. Нейкі прыемны пах хваляваў Каспара.

— Сядайце!.. — запрасіла Восілене.

І Каспар, як школьнік, паслухмяна апусціўся на лаву. А вось з чаго пачаць гутарку, не ведаў. Затое Восілене не спынялася.

— Можа, хочаце папіць з дарогі?.. — І паставіла перад ім бутэльку квасу.

— Гэта можна... — толькі сказаў Каспар, а болей як зацяла, ні слова.

Піць яму не хацелася, але і адмовіцца ён не адважыўся. Марудзіў, каб падшукаць пачатак размовы, і, відаць, зладзіў бы з гэтым, калі б не пабойваўся вострага языка Восілене. Да таго ж ён раптам адчуў, як не пасуюць да гэтага чыстага і прыбранага пакоя яго хоць новы, але мешкаваты гарнітур і цяжкія боты. Засаромеўся яшчэ болей. Выручыла яго сама Восілене.

— А як маюцца вашы дзеці? — спачувальна запытала яна, і, як здалося Круміню, вочы яе пацямнелі ад спагады.

— Дзякую, здаровы... — Тут Каспар надумаў павярнуць гутарку так, каб выклікаць Восілене на размову. — Толькі, ведаеце, блага без прыгляду...

— А чаму б вам не падумаць пра гэта?

— А што з мае думкі выйдзе?

— Ну, як быццам вы маленькі?

Каспар узгарэўся. Доўга не думаючы, ён пайшоў наўпрост.

— Я такі маленькі, што адважваюся прасіць вас за гаспадыню. — І, падняўшыся з лавы, падышоў і ўзяў яе за руку.

Восілене ўспыхнула, вызваліла руку і, адыходзячы да акна, спытала:

— Што вы, Каспар? Вы гэта сур’ёзна?

— Сур’ёзна! — выгукнуў ён, і бровы на яго твары нахмурыліся.

— Ды што вы гэта ні з таго ні з сяго? — як бы абразілася яна.

— Чаму гэта ні з таго ні з сяго, можа, я аб гэтым даўно думаў? — сказаў Каспар і ў чаканні адказу пакорна апусціў галаву.

Восілене, нягледзячы на свой небаязлівы характар, была збянтэжана. Яна паважала Каспара, але не думала, што можа здарыцца так. Да таго ж яна не магла яшчэ разабрацца ў сваіх пачуццях. Ды і ўсё гэта было так нечакана! Яна шкадавала Каспара і баялася сказаць яму што-небудзь пэўнае.

— А я не падазравала, што вы такі жартаўнік, Каспар!..

Каспар хацеў нешта яшчэ сказаць у адказ, але нечакана рыпнулі дзверы і на парозе з’явіліся Захар Рудак з Мешкялісам.

— Вось ты куды забраўся!.. — укалоў яго Рудак, вітаючыся.

Каспар непакоіўся, што Восілене ў гэты час выкрые ўсю гаворку, якая была паміж імі, але тая маўчала. «Значыць, яна мяне паважае», — падумаў ён.

А між тым Мешкяліс усё развінаў свае думкі аб пабудове Дома агракультуры. Усе ведалі, што ён, загарэўшыся якой-небудзь новай задумай, лез наўпрост, як трактар, пакуль не скончыцца ўсё гаручае. У Каспара круцілася ў галаве вострая заўвага, якую ён хацеў зрабіць Юозасу, што, каб выставіць яго лён, хопіць і току, але ўстрымаўся, не жадаючы абвастраць размовы ў гэты час. А што тычыцца Рудака, дык той, як кажуць, на запал пергалеўскага старшыні ліў ваду сумнення.

— А ці справімся мы?.. Усё адразу: і станцыю, і дом...

— Ты ўжо за дарогу сэрца мне пераеў, — загарачыўся Мешкяліс і, устаўшы з табурэткі, закрочыў па цеснай бакоўцы.

— Ну што ты, Захар, — пачаў ушчуваць Каспар, — у параўнанні са станцыяй гэты дом — капейкі.

— А ведаеш, паберажы капейку — знойдзеш рубель, — не здаваўся Рудак.

— Таварыш Рудак, мяне аж злосць бярэ, — насядаў на яго Мешкяліс. — Ты, відаць, ад Самусевіча набраўся! За адным заходам зробім. Падлічы: лес будзе, цэгла ёсць, гонты таксама, майстры тут жа пад рукой. А якую культурную справу наладзім?

— Што культурную, дык я ведаю... — не здаваўся Рудак. — Я і сам знаю, бо газеты чытаю... Баюся, каб не выпала так, што ў нас на працадзень і капейкі не застанецца.

— А калі адзін год грошай і не атрымаеце? — настойваў Мешкяліс.

— Я адзін рашаць не буду. Параюся з праўленнем і тады вам скажу.

— Супраць гэтага няма чаго гаварыць, — згадзіўся Каспар і глянуў на Восілене, ці сочыць яна за іх гутаркай. Сустрэўшы яе погляд на сябе, супакоіўся.

— Я думаў, што сягоння ўсё вырашым, і прымчаўся дзеля гэтага сюды. Ну што ж, можна яшчэ параіцца, а цяпер паехалі! — запрапанаваў Круміню Мешкяліс.

І хоць Каспару хацелася яшчэ застацца, каб пагаварыць з Восілене, але не выпадала. Ён развітаўся з ёю і прапанаваў сябрам паехаць разам. Усе выйшлі на двор і, сеўшы на воз, рушылі. Ніхто не заўважыў, як неўпрыкметку Каспар азірнуўся на вокны сталоўкі, але нікога не ўбачыў.

На дварэ стаяў ужо змрок. Голыя дрэвы каля дарогі, здавалася, калаціліся ад холаду. Нідзе нікога. Толькі на будоўлі на высокім слупе, як халодны месяц, вісеў адзінокі ліхтар. На доўгаўскай дарозе было пуста. А калі Каспар пад’ехаў бліжэй да возера, яму здалося, што на сцяжынцы мільганула пара.

— Хто б гэта?.. — усміхнуўшыся, запытаў ён.

Мешкяліс, прыжмурыўшыся добра, угледзеўся ў змрок і ўрачыста заявіў сябрам:

— Ды гэта ж — наш начальнік... Алесь і Анежка, — пацвердзіў ён.

— Відаць, не на жарты, — сур’ёзна павёў гутарку Каспар Крумінь і сам уздыхнуў.

Ён ехаў і думаў: «Сядзяць побач з ім і не ведаюць, што робіцца цяпер у ягоным сэрцы».

— Усяму свой час! — голасна праказаў ён і падагнаў каня.

 

Ужо дзве гадзіны, як хадзілі Алесь і Анежка. Былі на той мясціне, дзе сустракаліся першы раз. Заходзілі сцяжынкаю аж пад Малінаўку, а цяпер ішлі ў Доўгае. Алесь угаворваў Анежку зайсці да яго ў хату, а яна аднеквалася. Казала, што сорамна перад ягонай маці. Шмат аб чым перагаварылі яны. Адно асабліва ўсхвалявала Алеся. Ён ужо некалькі разоў перапытваў пра гэта Анежку:

— Дык ты сама чула?

— Сама... як вось цябе цяпер чую.

— Дык як ён яго зваў?

— Езуп!.. Я варочалася з лякарствам для маці з Пекштаў, — тулілася Анежка бліжэй да грудзей Алеся, — прысела ля капліцы, што каля лесу, адпачыць. Раптам чую, што ў старой капліцы гамоняць. Я пералякалася. Звычайна нікога ў той капліцы не бывае. Чую, голас Парэчкуса: «Езуп!..» Я прыслухалася.

— Што яны гаварылі?

— Я ж табе казала.

— Ну, яшчэ раз. Яшчэ раз, Анежка. Вельмі важна, каб усё тут было дакладна...

— Добра я не разабрала... Налякалася вельмі. Толькі чула, што Езуп настойваў, каб той, з кім ён размаўляў, панёс некуды ежу, бо сам баіцца цяпер выходзіць. Міліцыя насцеражылася.

— А што гаварыў Парэчкус?

— Ён угаворваў: «Ты павінен зрабіць гэта, Юрканас!.. Я жыву ў чужых. Падумаеш, я ім радня, дзесятая вада на кісялі...»

— Дык вось дзе след, Анежка! — устрывожана гаварыў Алесь. — Ну, цяпер нідзе дзенецца!.. З іх, няйначай, усё паскудства кругом. Маўчы, Анежка, чуеш! А я ўсё зраблю!

— Яны цябе заб’юць, Алеська, баюся я!.. — цалавала яна Алеся, і на вачах яе блішчалі слёзы.

— Слабенькія яны, каб мяне забіць, — выпрастаўся Алесь. — Толькі ты ўжо не хадзі дамоў. Баюся я, каб яны табе чаго не зрабілі.

— А як жа маці?

— Няхай лепш яна прыходзіць сюды. А цяпер давай сходзім да маёй маці! Пабачыш, якая яна добрая.

— Не, мой любы! Пакуль не магу...

— Чаго ты так баішся, Анежка?

Яна толькі ўздыхнула ў адказ і павярнулася ў бок баракаў. Алесь ішоў, не выпускаючы яе рукі, быццам ён мог згубіць Анежку і больш не ўбачыць. А можа, гэты Парэчкус, чаго добрага, падцікуе, і што тады будзе?.. Алесь адчуваў, як уздрыгвала рука дзяўчыны, як стан яе нібы зліваўся ў хадзе з ягоным, і тады здавалася, што яны абое — адна істота.

 

 

XIX

Думкі аб тым, што расказала Анежка, усю ноч не давалі спакою Алесю. Ён ляжаў на ложку і слухаў, як па-асенняму злосна гуў за вокнамі вецер. Сухая галіна рабіны дакраналася да шыбы, і тады здавалася, быццам нехта здарожаны просіцца ў хату. Усё гэта стварала настрой таямнічасці і нават страху, і ў памяці міжволі паўставала ўсё чутае і вычытанае з кніг: прыгоды аб дыверсантах, бандытах, рабаўніках і шпіёнах, аб чорных справах, якіх яшчэ нямала робіцца на зямлі і для якіх восеньская ноч — найлепшы час. А што, калі такія, як Езуп і Парэчкус, крадуцца, можа, гэтаю начною цемраю да плаціны станцыі, у якую калгаснікі ўлажылі гэтулькі працы і якая і так ужо стрымлівае велізарны напор вады? Адзін кавалак толу, якога нямала раскідана па лясах у мінах і снарадах, і вада, шалёная і сляпая, хлыне ў катлаван, топячы машыны, падмываючы і разбураючы цэглу ў сценах, размываючы адхоны...

Алесь прыслухоўваўся, і яму здавалася, што ён чуе ўжо нечыя крокі на двары. Могуць жа такія гады прыйсці і падпаліць хату, бо ведаюць, што шмат тут і ад яго залежыць. Алесь нават прыўзняўся на ложку і глянуў у акно. Мігатлівае і няспыннае зіхаценне ліхтара на Антонавым лузе, ціхае дыханне сонных маці і Марфачкі крыху супакоілі яго. «Заўтра ж паведамлю куды трэба...» — меркаваў Алесь, ужо засынаючы.

Неспакойна правяла гэтую ноч і Анежка, бо калі зусім яшчэ ранічкай Алесь накіраваўся ў кантору, каб, пакуль нікога там няма, пазваніць у міліцыю, яна чакала яго на дарозе ўстрывожаная. Уся была запарошана першым снегам. І хоць першы снег заўсёды выклікае ў чалавека пачуццё нейкай радасці і святла на душы, выгляд дзяўчыны быў засмучоны.

— Чаго гэта так рана ходзіш, Анежка? — здзівіўся Алесь.

— Я вельмі хацела бачыць цябе. — І вочы яе апусціліся долу.

— Дзякую за памяць! — імкнуўся развесяліць дзяўчыну Алесь, але тая калацілася ад страху.

— Што з табою?

— Мне вельмі страшна...

— Чаго? — дапытваўся Алесь, хоць сам ужо здагадваўся аб прычыне яе палахлівасці.

— Баюся, каб не было бяды. — На вачах яе паказаліся слёзы.

— Давай адыдземся крыху, а то людзі ўбачаць. — І, узяўшы Анежку за руку, Алесь павёў яе на сцяжынку да возера. — Што з табою?..

— За ноч я перадумала аб усім. Ведаеш, калі дазнаецца Парэчкус, што я зрабіла, горка будзе і табе, і мне, і маім бацькам...

— А ты не палохайся! — суцяшаў Алесь. — Я цябе ў крыўду не дам!

— Алеська, я веру табе, але за бацьку і маці баюся. Ты і сам не ведаеш, што яны могуць зрабіць. Напэўне, іх многа. Парэчкуса арыштуюць — другія адпомсцяць. Можа, лепш нам змоўчаць? А што, калі я памылілася і мне ўсё здалося...

Алесь адпусціў руку Анежкі. Твар яго адразу спахмурнеў. Ён паглядзеў на возера, дзе тонкі лёд пачынаў скоўваць берагі, і адчуў, як востры холад запаланіў яго грудзі.

— Як ты можаш гаварыць мне так? — ажно ўскрыкнуў Алесь. — А я верыў у тваю чыстую душу... Вось чаму навучыў цябе клебонас у касцёле! Маніць! Зараз жа адмоўся ад сваіх слоў, інакш я ніколі больш не сустрэнуся з табой...

Суровы тон Алеся зусім збянтэжыў Анежку і нагнаў яшчэ больш страху. Яна ўяўляла ўжо, як Парэчкус распраўляецца з бацькамі, як гарыць іхняя хата, дзе ёй так было добра ў дзяцінстве, і хоць сэрца шчымела ад болю пры думцы, што яна крыўдзіць Алеся, але палахлівасць узяла сваё.

— Як сабе хочаш, Алеська, але я нічога не казала табе і нічога не ведаю... Нічога я не чула...

— Што ж яны ў манахі збіраюцца ісці? Святога ў лесе хаваюць і падкормліваюць?

— Я не ведаю... Я магла і не зразумець...

— Не, ты знаеш... — ужо грозна прыкрыкнуў Алесь і адвярнуўся ад яе. — Зараз жа пазваню ў міліцыю, і ты скажаш усё...

— Нічога я не скажу і міліцыі бачыць не хачу! Не палохай мяне! І не прыставай, калі ласка, болей, я іду дамоў! — раптам узлавалася Анежка і хуценька пабегла ад яго.

Алесь аслупянеў і глядзеў на дарогу, па якой, як тыя пячаткі, клаліся сляды дзяўчыны на свежым некранутым снезе.

Сляды гэтыя, наліваючыся празрыстаю сінню, адыходзілі ад яго на ўзгорак, а яму здавалася, што яны працягнуліся да самага небасхілу і губляюцца там сярод гурбаў і воблакаў.

Сам ён не мог разабрацца, што рабілася з ім. Была і злосць на дзяўчыну, і шкада яе, бо, відаць, яна сама не ведала, што рабіла. Гэта ж учора зусім разважала па-іншаму і была такою слухмянаю. А сёння як быццам хто падмяніў яе. Яшчэ ні разу не бачыў у Анежкі такога рашучага выразу твару і гэтакіх колкіх вачэй. Не, відаць, не пераадолееш таго, чым ачмурылі яе бацькі з клебонасам. Але трэба вырваць яе са сляпой пакоры, чаго б гэта ні каштавала. А зрабіць гэта можна толькі насуперак яе міжвольнай слабасці. І калі маленькая постаць Анежкі, адзіная жывая пляма на ярка-белым снезе, набліжалася да баракаў, ён, сам не ведаючы навошта, адламаў крохкі ад марозу лазовы дубец, перакусіў яго зубамі, кінуў канцы на сцежку і пайшоў у кантору.

У канторы нікога не было, і гэта ўзрадавала Алеся. Не трацячы ні хвіліны, ён узяўся за трубку тэлефона і, спяшаючыся, нервова закруціў ручку. А праз хвіліну размаўляў ужо з начальнікам раённай міліцыі. І калі размова скончылася, уздыхнуў з палёгкаю. Нарэшце прыгледзяцца да гэтых тыпаў, бо як можна быць спакойным за тое светлае і добрае, што робіцца вакол, калі ёсць такія паганыя людзі.

Алесь прысеў за стол і пачаў без патрэбы перагортваць паперы, якія там ляжалі. За апошні час многа розных трывог давялося перажыць. І ён адчуў стому. Што гэта такое? Няўжо стомленасць прыходзіць разам з жыццёвым вопытам да ўсіх, ці яму не пашанцавала? Ці не занадта многа выпрабаванняў адразу паставіла яму жыццё — і кіраўніцтва будаўніцтвам, і каханне, у якое, як кажуць, умешваюцца бог і чорт, і яшчэ гэтыя цёмныя справы, якія невядома кім вытвараюцца і незразумела куды могуць прывесці... Жыццё! Так усё ясна было ў інстытуце — вучыся, будуй, змагайся, весяліся! — і так усё заблыталася на справе. Цяпер не хапае толькі, каб прарвала плаціну, і тады паляціць усё ўніз, як чалавек, якога спусцілі з лесвіцы за бяспрыкладнае нахабства, і давядзецца араць носам пыл на вачах у родных і знаёмых, перад людзьмі калгасаў усіх трох рэспублік...

Ён чуў, што тытунь заспакойвае, хоць і не верыў у гэта, але ў гэтую хвіліну, упершыню ў жыцці, ён падумаў, што няблага было б закурыць, і пашкадаваў, што няма ні папярос, ні запалак.

У такім настроі ён, нават не заходзячы дамоў на снеданне, пайшоў на будаўніцтва. І першае, што яму кінулася ў вочы, — гэта тое, што стаяў экскаватар «Сута». Экскаватаршчык Мажэйкіс панура капорхаўся ў машыне.

— Што ў цябе, Тэафіліс?

Мажэйкіс вінавата правёў зашмальцаваным рукавом па носе.

— Сапсулася, і працаваць нельга... — Ён трымаў шасцяронку з паламанымі зубцамі ў руках.

— Як жа ты дапусціў да гэтага? — абурыўся Алесь, заклапочана варочаючы шасцяронку ў руках.

Мажэйкіс пакрыўджана ўскінуў бровы.

— Што я, знарок, ці што? Усяму бывае свой час... Нават людзі хварэюць і паміраюць...

Алесю стала нялоўка — сапраўды, хіба заўсёды ў паломцы машыны вінаваты той, хто на ёй працуе? «Прывычка гаварыць штампамі», — заўважыў ён сабе.

— Ну, добра, — махнуў рукой і не даказаў сваёй думкі Алесь, — імчыся зараз жа ў МТС, каб памаглі!

— А ў якую?

— Сам разумей, у тую, каторая бліжэй! Бачыш, наколькі нам затрымае працу сягоння «Сута». — Алесь паказаў на застыўшую машыну. — Бяры майго каня ў стайні і зараз жа скачы... Можа, адносіну трэба? — крыкнуў Алесь ужо наўздагон Мажэйкісу, які подбегам падымаўся на горку.

— Не трэба! Мяне там як свайго ведаюць...

Алесь абышоў яшчэ раз вакол «Суты» і накіраваўся да будынка станцыі. Яго непакоілі непаладкі, з якімі сустракаўся ён кожны дзень. Вось і цяпер гэты выпадак з шасцяронкай. Справа не такая ўжо важная, але затрымлівае работу, час ідзе, а вада прыбывае. Падумаў яшчэ і ўсміхнуўся: «Здаецца, я пачынаю філасофстваваць на мелкім месцы... Вось пасмяяліся б хлопцы з інстытута, калі б паслухалі мяне! І які надзвычайны шарж для насценнай газеты — разумная і па душах гутарка інжынера з экскаватарам». Сёння гэта яго асабліва ўсхвалявала. Застаўшыся адзін, ён адчуў дрэнны настрой. Вінавата яшчэ і Анежка. Не спадзяваўся Алесь, што яна такая палахлівая, а можа, яшчэ горш — і твар яго перасмыкнуўся ад болю — здрадная...

На будоўлі ўжо ўзвышаліся чырвоныя сцены. Алесю, калі ён, прыжмурыўшы вочы, прыглядаўся здалёк, здавалася, быццам яны самі растуць, і вежавы кран, як той казачны чараўнік, нібы выцягвае сцены з зямлі на паверхню.

Яго вабіла пайсці цяпер туды, але ён палічыў больш патрэбным пагаварыць з людзьмі, якія, нягледзячы на першыя замаразкі, дружна працавалі ў катлаване з рыдлёўкамі. Тое, што выйшла са строю «Сута», яшчэ больш прымушала іх старацца. Алесь здзівіўся, калі сярод моладзі заўважыў старога Нікіфаровіча. Вось дзе сапраўды неўгамонны. Усюды яго цягне! Стары капаў побач з Йонасам.

Непадалёк працавала Зосітэ, якая часта перапынялася і паглядала на Йонаса. Відаць, што праца гэтая была для яе цяжкаю, але жаданне быць разам з каханым перасіліла ўсё.

— Можа, адпачнем крыху і з начальствам нагаворым, — крыкнуў Йонас, заўважыўшы, што Алесь падышоў блізка.

— Што ж, гэта можна, — згадзіўся Нікіфаровіч, выціраючы наснічкаю рукі, — пакурым, Алесь Ігнатавіч!.. Ды я і забыўся, што ты гэтым глупствам не займаешся... Тады мы з Йонасам падымім, як тыя паравозы...

Прыселі на дошкі, якія ляжалі побач і пахлі свежаю смалой, закурылі.

Алесь глядзеў на старога і цешыўся з яго. Адкуль столькі сілы і ўмельства? Ён і рухавічок пусціў, і Кузьму павучае справе, а тут выйшаў яшчэ з рыдлёўкай у катлаван, пакінуўшы ля рухавічка Кузьму Шавойку.

— Дык што гэта наша «Суціха» анямела? — жартуючы, запытаў Алеся Нікіфаровіч, — як быццам і не курыць, а закашляла... Што ў яе, шрубы пазразаліся?

— Да вечара, відаць, наладзім, — пахмура адказаў Алесь.

На дарозе паказаўся Гаманёк. Якуба Панасавіча ўсе паважалі, бо чулі ад яго шмат разумнага і карыснага.

— Даўно я яго не бачыў. А я без яго, як махавік без паса, — заварушыўся Нікіфаровіч і, пасунуўшыся ўбок, падрыхтаваў месца для свайго старога таварыша.

Усе, як звычайна, чакалі ад настаўніка ласкавага ці жартоўнага слова, а выйшла наадварот. Прыйшоў Якуб Панасавіч пахмуры і, холадна павітаўшыся, запытаў:

— А Рудака не бачылі?..

— Яшчэ не бачыў сягоння, — адказаў Алесь.

— Ды і тут яго не было, — дадаў Нікіфаровіч. — А што такое?

— А тое, што не ідзе на лад у нас...

Усе ўстрывожана паглядзелі на старога.

— Зладзейства завялося, вось у чым бяда, — гаварыў сярдзіта настаўнік.

— Дзе, на будоўлі? — усхваляваўся Алесь.

— Ды не, у нашым калгасе. Але ад гэтага нам не лягчэй.

— А ты не палохай нас... Мы ж людзі баязлівыя. Лепш раскажы нам, калі можна, — папрасіў Нікіфаровіч.

— Непрыемна пра такія рэчы і гаварыць, — адказаў Гаманёк, водзячы кійком па свежай парошы, і пачаў расказваць: — Ранічкай прыбегла да мяне жонка Марціна Баркоўскага, нашага кладаўшчыка, і крычыць на ўсю хату: «Загубіў!.. Зарэзаў!..» Гляджу я, крыві няма, галава на месцы, рукі і ногі таксама. «Чаго ты? Хто загубіў, хто зарэзаў?..» — пытаюся і спрабую суцешыць. Ледзь суняў. «Марцін загубіў, дзядзечка. Няма тае начы, каб з ІІІаплыкам не пілі... А за што, вы самі можаце здагадацца. І цяпер, — кажа, — у Шаплыкі п'юць, дзядзечка...» Супакоіў я жанчыну, а сам уседзець не мог. І хоць старая не пускала, парашыў схадзіць да Шаплыкі. Падыходжу да Шаплыкавай хаты, чую... гудзе там, што ў старой манапольцы. А адчыніў дзверы, ледзь не ўпаў. Так ударыла самагонным перагарам, махорачным дымам. А за сталом мельнік Шаплыка і яшчэ — хто б вы думалі? — Антон Самусевіч з пасалавелымі вачыма. «Мне дзіўна, чаго ты тут сядзіш?» — пытаюся ў Самусевіча. «А чаму мне не сядзець? — агрызнуўся ён. — Я ж цяпер не старшыня, што хачу, тое і раблю!.. Выпі і ты з намі». — «Не хачу», — кажу. «Чаму не хочаш?..» — настойвае Баркоўскі, а сам ледзь трымаецца на нагах. «Баюся, каб не адказваць», — кажу ім. Шаплыка і Баркоўскі паспакайнелі, хоць былі і п’яныя. Адзін Самусевіч разышоўся: «Ты думаеш, калі вып’еш чарку, дык ужо і адказваць трэба? Чаму адказваць? А хто яе не п’е? І я п’ю, і яны п’юць, і ў раёне п'юць. Вось як. Пі, кажу!» — «Можа, я калі і п’ю, але за свае грошы». — «Дык што, я краду?..» — вызверыўся на мяне Самусевіч. Ледзь я вырваўся ад іх...

Алеся гэта вельмі ўстрывожыла. Цяпер, калі калгас напружвае ўсе свае сілы, каб завяршыць будаўніцтва электрастанцыі, знаходзяцца людзі, што, як тыя пацукі, расцягваюць дабро. Ён не вытрымаў і, ускочыўшы з дошак, расчырванеўся, закрычаў:

— Міліцыю зараз жа... рэвізію... пад суд! — Ён не разумеў, што крычаў, адна нянавісць клекатала ў ім.

— Пачакай, не гарачыся, — стрымліваў яго Якуб Панасавіч. — Дойдзе справа і да міліцыі... І хітрая курыца трапляе ў крапіву!

— Вось у нас заўсёды так і выходзіць: пакуль збярэмся ўдарыць нягоднікаў па руках, дык тысячы разоў прымерваемся. А яны сабе па-ранейшаму крадуць. І яшчэ камуніст у такой кампаніі п’е. — Алесь ударыў наском бота па глыжы, які рассыпаўся на пясок.

— Вось я і шукаю Рудака, ведаеш, каб пагаварыць і на партбюро паставіць. А рэвізію — твая праўда, Алесь, — трэба рабіць зараз жа, ды не чакаючы нікога, проста самім, — уздыхнуў Якуб Панасавіч і паціхеньку, абапіраючыся на кіёк, пайшоў у сяло.

Алесь быў усхваляваны непрыемным паведамленнем старога настаўніка і ў той жа час наглядаў за Йонасам і Зосітэ. Ён заўважыў, што за апошні час адносіны паміж імі сталі яшчэ больш блізкія. Зосітэ, якая сядзела каля Йонаса, увесь час гаворкі трымалася за яго руку. Гэта Алесю здалося крыху прыкрым: нельга ж так песціцца ў часе работы. Але неўзабаве ён змяніў сваю думку. Алесь заўважыў, што маладыя сябры нешта хочуць сказаць яму, яны знарок адсталі ад Нікіфаровіча. Калі засталіся толькі з Алесем, Йонас сарамліва, не так, як заўсёды, звярнуўся:

— Ёсць у нас да цябе просьба, Алесь...

І той заўважыў, як Зосітэ пры гэтым заружовілася.

— Не хочаце працаваць на будоўлі?

— Ну вось, не дасі і дагаварыць... Зусім не ў тым рэч. Тут справа ідзе, каб свой кут пабудаваць... — таксама збоку падыходзіў Йонас.

— Ды ў цябе ж добрая хата ёсць!

— Не ў хаце рэч, а вось каб з ёю разам мець свой куток. — І Йонас абняў Зосітэ, якая пакорліва прыхінулася да яго.

— Ну што ж, калі ласка! Вяселле, значыць?

— Вяселле! — усклікнулі яны.

— А калі?

— Ды ў бліжэйшую нядзелю. Запрашаем і цябе да нас. — Йонас пакланіўся пры гэтым.

— Ну і вялнес1 ты, Йонас! Такую дзяўчыну адхапіць, — пажартаваў Алесь. — Але дзякую. Абавязкова буду... хоць у мяне, шчыра кажучы, цяпер столькі непрыемнасцей!

— Ці не з Анежкай? — нечакана для сябе запытала Зосітэ.

І тут жа зразумела, што не ў час пра гэта напомніла яму, але адмаўляцца ад гэтага цяпер было позна, і яна, апусціўшы долу вочы, перабіраючы край фартушка, нехаця сказала:

— Прыбягала да мяне сёння раніцай... Казала, што да бацькоў пойдзе. Такой расхваляванай я яе ніколі не бачыла.

— А што, што яна яшчэ казала? — забыўшыся на сарамлівасць, выпытваў Алесь.

— Нічога...

— Вось яно як... — нібы сам сабе сказаў Алесь і, не развітаўшыся, пайшоў да баракаў.

Ён не мог зразумець, як гэта Анежка пойдзе дахаты, не пагаварыўшы яшчэ раз з ім. Калі гэта так, усё тое, што яна гаварыла і пісала яму, — пустое. Было балюча, што не мог разабрацца ў дзяўчыне.

У цяжкім настроі Алесь падышоў да дзвярэй каморы, дзе жылі Анежка і Восілене. На хвіліну прыпыніўся. Падумаў: «Заходзіць ці не заходзіць?..» Прыслухаўся да таго, што робіцца за дзвярыма. Нічога не чуваць. Але калі адчыніў дзверы, здзівіўся: каля акна, блізка адно да аднаго, сядзелі Восілене і Каспар Крумінь. Відаць, размаўлялі яны шэптам, і цяпер, калі ўвайшоў Алесь, яны ад разгубленасці не маглі прыйсці да ладу.

— А-а-а, гэта ты, таварыш начальнік... — неяк збянтэжана праказала Восілене, а Каспар мешкавата прыўзняўся насустрач.

— Можа, я перашкодзіў? — папрасіў выбачэння Алесь.

— Яшчэ што скажаш, — раптам акрыяла Восілене і стала па-ранейшаму задзёрыстай. — Можа, да беднае ўдавы і зайсці ўжо нікому нельга? Сядай! — І яна проста сілай пасадзіла Алеся на крэсла.

Каспар шкадаваў, што не далі яму пагаварыць з Восілене, адчуваў сябе ніякавата і пастараўся завесці гаворку пра гаспадарскія справы.

— Лайзан прасіў перадаць, што ён з рамамі не затрымае.

Алесь, які ў гэты час не думаў ні пра якія рамы, а хваляваўся аб адным — дзе Анежка, таксама падтрымаў гэтую гутарку.

— Вы прасачыце, таварыш Крумінь, самі за гэтым, хоць на дзеда Лайзана мы ўсе спадзяёмся. Бачылі, якія ўжо сцены, хутка будзем вушакі ставіць.

Каспар, заспакоіўшыся, гаварыў далей:

— А ў чым затрымка цяпер, таварыш Алесь?

— Сёння вось «Сута» сапсулася... Паслаў у МТС прасіць шасцяронку. А за што трэба брацца, дык гэта за слупы зараз.

— Ці не ранавата яшчэ? — умяшалася Восілене.

— Слупы ставіць ніколі не ранавата, — падтрымаў Алеся Каспар.

— Правільна, таварыш Крумінь, — зноў жыў надзённымі справамі Алесь. — Хутка ляжа як належыць санная дарога, трэба бярвенне падвозіць, а нам жа выпадае зрабіць нямала, толькі асноўных тры лініі. Ты ж ведаеш...

— Можа, хай кожны сам пра сябе дбае, — няўпэўнена, нібы ўголас падумаў Каспар.

— Толькі аб’ядналіся і ўжо дзяліцца... — замахала рукамі Восілене.

— Правільна цётка Восілене кажа, — ухваліў Алесь. — Усё будзем рабіць разам, аж да ўключацеля на сцяне ў кожнай хаце.

Алесь гаварыў, а самому ўвесь час карцела дазнацца, дзе Анежка. Па настроі і гаворцы цёткі Восілене даведацца пра гэта было нельга. Пазіраў на сцены — ці вісіць дзе адзенне Анежкі, але таксама нічога не заўважыў, бо, як у добрых гаспадынь, вопратка была завешана на сцяне прасцірадлам.

«Ну і вар’ят жа я, — раптам падумаў Алесь.— Калі Анежка не пайшла дамоў, дык чаго ёй тут сядзець і перашкаджаць ім? Яна ж, напэўне, у сталовай», — і раптам устаўшы, пачаў развітвацца.

— Пасядзеў бы... Можа, чаго трэба было? — пацікавілася Восілене.

— Не, так... Проста праведаць зайшоў, — адказаў Алесь і выйшаў.

Ён адчуваў, што Каспар і Восілене затрымліваць яго не мелі жадання, і гэта навяло на думку, што сядзелі яны ўдваіх недарма.

Некалькі разоў прайшоўся Алесь вакол барака, дзе размяшчалася сталовая, пакуль узышоў на ганак. Нерашуча ён браўся за клямку на дзвярах. Затое лёгка ўздыхнуў, калі апынуўся ў агульнай зале. Там нікога не было, а на кухні мільганула знаёмая постаць у шэрай сукенцы з белым фартушком. Значыць, Анежка адна, і ён, перасіліўшы ваганні, проста накіраваўся да яе.

Анежка стаяла каля шырокай пліты з двума вялікімі катламі пасярэдзіне, з якіх клубамі валіла пара. Твар дзяўчыны, ахутаны густою параю, быў чырвоны, а на вачах ледзь не праступалі слёзы. Відаць, Анежка, была рада прыходу Алеся, бо калі ён, нічога не сказаўшы, прытуліў яе да сябе, яна прыхінулася да яго грудзей і заплакала.

Некаторы час абое і стаялі так. Яна ўсхліпвала, а ён гладзіў яе чарнявыя валасы і не знаходзіў, з чаго пачаць гаворку. Адно адчуваў, што як абняў цяпер, так і не хацелася выпускаць яе з рук. Здавалася, нічога больш не існавала для іх. Яны нават забыліся на тое, што кожную хвіліну хто-небудзь мог зайсці.

Алесь пяшчотна праводзіў рукою па яе маленькай руцэ ад пляча да самай далоні і ласкава перабіраў кожны пальчык. Анежка цяпер здавалася яму такой шчырай і ў той жа час маленькай і бездапаможнай, і яму стала шкада, што ўсумніўся ў ёй.

Ён доўга шукаў патрэбных слоў, пакуль, нарэшце, нерашуча не запытаў:

— Дык ты не пойдзеш дамоў, Анежка?

Гэта нібы ацвярозіла дзяўчыну. Яна падняла галаву і глянула на яго вачыма, у якіх свяцілася просьба.

— Я хачу толькі даведацца, як жывуць цяпер тата і мама. Ці не пагражае ім што?

Алесь і Анежка селі на лаву. Анежка, расчуліўшыся, палажыла галаву на Алесева плячо. Ён моцна абняў яе за стан, потым пасадзіў к сабе на калені, сам напалохаўшыся такой вольнасці, і пацалаваў. У гэты час яна здалася яму яшчэ больш неадлучнай.

— Пачакай! Не хадзі пакуль дамоў. Я баюся за цябе. Міліцыя цяпер як належыць занялася справай... І вашым Парэчкусам.

— Ты сказаў?

— Сказаў!

— А можа, так і лепш!.. — заплакала яна ад радасці, што Алесь на яе не крыўдзіцца.

Алесь цалаваў яе заплаканыя вочы і адчуваў, што слёзы Анежкі, салёныя, але ласкавыя, нібы прабягаюць цяпер проста па яго сэрцы.

— Не бойся, Анежка! Ніхто нас не разлучыць.

— І бацькам маім няма чаго баяцца? — з вялікім даверам запыталася яна ў свайго каханага.

— Чаго ж сумленным людзям баяцца?

— Няхай адзін Парэчкус адказвае, — ужо шчабятала павесялеўшая Анежка. — Гэта ён ва ўсім вінаваты!

— І ты скажаш міліцыі ўсё, што ведаеш пра Парэчкуса?

— Скажу! — усклікнула Анежка і моцна прыстукнула абцасікам па падлозе.

— Вось такую я цябе вельмі люблю! — прытуліў яшчэ мацней дзяўчыну Алесь і, прыўзняўшы на руках, тройчы пацалаваў.

Трывога адышла ад іх. Алесь устаў, энергічна захадзіў па зале.

— Малайчына ты ў мяне! — І, падняўшы яе на рукі, закружыў па пакоі. — Можа, сустрэнемся вечарам і яшчэ пагаворым?

— У нас сёння спектакль...

— Ты іграеш?

— Так! — І Анежка апусціла галаву. — Я хацела зрабіць табе прыемнае і нечаканае — помніш, ты ўгаворваў Мешкяліса, каб ён адпусціў мяне? А я тады ўперлася і вярнулася... І ты яшчэ так раззлаваўся, што я напалохалася? Вось я і надумала...

— Прыйду паглядзець... Абавязкова прыйду.

Невядома, колькі яны яшчэ гаварылі б аб сваіх пачуццях, калі б грукат на ганку не разлучыў іх.

У сталоўку ўвайшла Восілене. Алесь паспешліва развітаўся і пайшоў, а тая хітравата глянула яму ўслед, бо ад яе ніколі і нічога схаваць было нельга.

Вечарам у клубе ставілі п’есу «Пяюць жаваранкі».

Алесь спазніўся, бо затрымаўся на рамонце «Суты». Прыйшоў ён на спектакль з Тэафілісам Мажэйкісам тады, калі ўжо ішоў першы акт. Каб не перашкаджаць нікому, яны ціхенька селі каля дзвярэй на лаву. Але калі Алесь глянуў на сцэну, дык у захапленні застыў. Насцю Вярбіцкую іграла Анежка. Ды яшчэ як! Яна была зусім не падобнай на тую маўклівую, сарамлівую дзяўчыну, якую Алесь ведаў. Дык вось ён, яе характар, які так раптоўна раскрыўся. Калі падшукваць параўнанні, яе можна было параўнаць з ціхаю лясною рэчкаю, якая доўга кацілася пятлістымі нізінамі ў зелені дрэў, толькі на момант адлюстроўваючы сонечныя праменні, а цяпер вырвалася на прастор, заблішчала, засвяцілася, забруіла. Тэафіліс, для якога галоўным была машына, нешта гаварыў яму, але Алесь не чуў і не разумеў яго. Ён успомніў, што сам, як многія маладыя людзі, у свой час марыў аб каханні вядомай артысткі — няўжо жыццё нязведанымі шляхамі прывяло яго да гэтага? Аслеплены сваім пачуццём, ён не бачыў і не хацеў бачыць ніякіх недахопаў у яе ігры, глядзеў у будучыню і бачыў яе на вялікай сцэне. Не на жарт раўнаваў, калі Паўлюк Ярошка па ходу п’есы мусіў цалаваць яго каханую.

У перапынках Алесю хацелася пабегчы ў баковачку каля сцэны, дзе адпачывала Анежка, і павіншаваць яе, але было ніякавата перад усімі, і ён мусіў гаварыць з кім хочаш і аб чым хочаш, сам нават не разумеючы добра пра што.

Затое як ён быў усцешаны, калі скончыўся спектакль і пачаліся танцы. Тут ужо, не зважаючы ні на кога, запрасіў Анежку і закружыўся з ёю ў агульным кругу моладзі.

Ён моцна туліў яе да сябе, адчуваючы цеплыню яе цела, і ягоныя вочы ясна гаварылі аб вялікіх пачуццях.

 

 

1 Вялнес — чорт (літ.).

ХХ

Надыходзіў зімні адвячорак. З захаду, ад лесу, паволі насоўваўся змрок. Снег рабіўся шэры, затое языкі полымя з вогнішча каля будоўлі ўсё болей чырванелі. Алесь стаяў каля агню і грэў рукі. Цяплом павявала яму ў твар, і гэта нагадвала яму чамусьці красавік, калі сонца раптам пачне прыграваць шчокі і невядома адкуль над праталінамі і апошнімі гурбамі снегу праляціць густы вецер, быццам гэта раптам адагрэлася і пачала дыхаць сама зямля... Але цяпер прырода спіць, і толькі жывыя агеньчыкі прабягаюць па галінах, і тыя патрэскваюць, порстка ўзлятаюць іскры ўгору. Цагляныя сцены станцыі, асветленыя вогнішчам, выглядалі на фоне белага снегу як быццам казачныя. Алесь быў адзін. Усяго некалькі хвілін як скончылі працу і разышліся, а яму захацелася на адзіноце пастаяць каля агню і памарыць.

«Сапраўды, як нейкі замак!» — думаў Алесь, прыглядаючыся да будынка.

Вострыя вершаліны сосен падымаліся над чырвонымі сценамі, як быццам высокія вежы. Бліскучыя сцюдзёныя зоры, здавалася, мігцелі ўгары, а між іх гойдаўся, нібы падвешаны, медна-блакітны акраец месяца. «Ну якраз, што ў казцы, — думаў Алесь, — нядаўна стаяў тут пануры стары млын, а цяпер які гмах падняўся!»

Адно непакоіла Алеся, што ўсяго патрэбнага абсталявання для станцыі яшчэ не было. Чаму так замарудзілі заводы з адгрузкай заказу? Там, на інстытуцкай парце, вучылі складаць планы і графікі, але не вучылі ўсялякімі сродкамі ў свой час вырываць абсталяванне. А яшчэ большая злосць была на мясцовыя арганізацыі. Да гэтага часу не было бляхі на дах. «Каб толькі не сарвалі нам справы», — хваляваўся Алесь і вырашыў назаўтра пазваніць у райком, каб там падштурхнулі каго трэба.

— Алесь! — перабіла яго думы Анежка, якая падыходзіла да вогнішча.

— Гэта ты! — радасна ўстрапянуўся ён.

— А ты забыўся, што сёння субота? — нібы пакрыўджана сказала яна.

— Аа-а!.. Што, на вяселле пара? Пра гэта ты хацела сказаць? Толькі чаму так сярдзіта? Уяўляю, якою ты будзеш... — І ён не даказаў таго, што падумаў.

Але Анежка яго зразумела.

— Не турбуйся, тады самай ласкавай буду! — І яна пяшчотна прыхінулася да яго.

Алесь прыкрыў Анежку крысом кажушка. На дварэ змяркалася, і чырванаватыя водбліскі агню пераліваліся на іх тварах. Было так хораша і добра ўдваіх ля агню, што не хацелася адыходзіць.

— Анежка!.. Анежка!.. — шаптаў Алесь у захапленні, — каб ты ведала, што самае найдаражэйшае тут са мною... Як хораша з табою, Анежка!..

— Дык пойдзем! — нарэшце вызваліўшыся з яго абдымкаў, папрасіла дзяўчына.

— Чаму пойдзем, паедзем! — згадзіўся ён і, неахвотна пакідаючы вогнішча, думаў пра тое, а ці не час і яму сур'ёзна вырашыць і скончыць з адзіноцтвам, якое ўсё часцей пачало непакоіць яго.

— І яшчэ аднаго я ў цябе прашу, Алесь! Абяцай, што зробіш.

— Ну добра... А што? — ласкава спытаў ён.

— Вазьмі мяне туды! — Яна паказала рукой на будынак станцыі.

— А хіба табе з Восілене блага? Што ты там рабіць будзеш?

— Усё, што хочаш, — хвалюючыся, даводзіла Анежка. — А то мне сорамна: станцыю хутка пабудуюць, а маёй там і цагліны не будзе!

— Добра, падумаем! — І ён зноў абняў дзяўчыну.

Так і пайшлі яны, моцна прытуліўшыся адно да аднаго.

Ужо зусім сцямнела, калі ад хаты Алеся Іванюты памчаліся сані па пергалеўскай дарозе. На санях сядзела цэлая грамада. Апрача Алеся і Анежкі — цётка Восілене, Вера Сарокава і Паўлюк Ярошка. Алесь кіраваў, а ў руках у Паўлюка так галасіста заліваўся гармонік, што ажно за сэрца брала.

Марозны, ядраны вечар набраўся поўнай сілы. Конь бег шпарка, палазы моцна рыпелі, і серп месяца скакаў над верхавінамі дрэў. Цётка Восілене не вытрымала і заспявала вясельную песню:

 

Куды мы паскачам,

Два другі, два браты?

У вёску Угутры

Да слаўнай нявесты,

Туды мы паскачам...

 

Голас Восілене пераліваўся званочкам, і здавалася, што з лесу нехта гэтак жа адказвае ёй. Паўлюк падыграў, а Алесь і Анежка падтрымалі спявачку:

 

...Што гэта, што цешча,

Як свінка, сівая,

Дачка ж, як ад сажы

Счарнелая печ...

 

Усе на момант зарагаталі. Але Восілене не сунімалася і запрашала памагаць далей:

 

...Куды мы паскачам,

Два другі, два браты?

У вёску Сурвілы

Да слаўнай нявесты,

Туды мы паскачам...

 

І ўжо зусім здаволеная сваім выкананнем, канчала песню:

 

Галубкаю белаю

Цешча выходзіць,

Як морская пена,

Дачушка яе!..

 

— Ну што! — радасна запляскала ў далоні Восілене. — Ажно ў «Пергале» чуюць і думаюць, што да іх опера едзе. — І пераможна глянула на ўсіх.

Анежка старалася быць вясёлай. Яна спявала і жартавала разам з усімі, але часамі штосьці незразумелае нават самой трывожыла яе, і яна змаўкала. Можа быць, першай як хто яна заўважыла пергалеўскія агні. Яны, што светлякі, рассыпаліся рэдка па ўзгорку над возерам. «Вунь той агеньчык — нашай хаты». І сэрца яе забілася мацней. «Мабыць, маці і бацька сядзяць цяпер за сталом і думаюць пра сённяшняе вяселле. Ці прыйдуць яны да бацькоў Зосітэ? Можа, мне самой забегчы дамоў, але калі ж гэты Парэчкус...» — І яе скаланулі агіда і страх.

— Што з табой? — запытаў яе Алесь, пяшчотна прыхінуўшыся.

— Нешта сцюдзёна, — зманіла яна.

Хата бацькоў Зосітэ стаяла на ўзгорку і віднелася, ярка асветленая, здалёк. Каб хто і не ведаў нічога, дык павінен быў падумаць, што там сёння адбываецца нешта незвычайнае. Як быццам па лямпе стаяла на кожным акне — так зырка свяціліся яны. А калі пад’ехалі бліжэй, добра пачулі і музыку. Даляталі тонкі галасок скрыпкі, пералівы акардэона і ўдары бубна.

Калі сані набліжаліся ўжо да самай хаты, цётка Восілене не ўтрывала і зноў завяла:

 

...Далей мы не паскачам,

Тут вянчацца будзем,

Апошні раз хлапцамі

Сёння пагуляем!

 

З сенцаў выйшаў стары Юстас — бацька Зосітэ — і запрасіў у хату. Праз клубы пары, якія ўвальваліся адтуль, відаць было, што моладзь не траціла часу, а дружна скакала. У хаце іх сустрэла маці Зосітэ. Анежка, калі глянула на яе, ледзьве не самлела. Няўжо і яе маці будзе такою сумнай? Старая шчыра прывіталася з усімі, і хоць, як Анежка разумела, яна павінна быць шчаслівай, што Зосітэ так добра выходзіць замуж, нейкі смутак адбіваўся на твары старой. Відаць, трывожыла дума, што дачка сёння назаўсёды адлучаецца ад сям’і. Мабыць, за шумным натоўпам гасцей і святочным выглядам відаць былі ёй цёмныя куты старое хаты і адзінокая старасць... Што рабіць? І птушаняты пакідаюць гняздо, каб віць новыя гнёзды, і старая трава нікне да зямлі, каб саступіць месца маладой... Доўгаўцаў пасадзілі на покуце, і яны пачалі разглядаць гасцей. Скокі так і не перапыняліся ні на міг. Скрыпач, малады хударлявы хлапец, відаць, не вельмі прытаміўся. Ён так націнаў смычком і падскокваў, што яшчэ крыху, і, здавалася, сам ён уляціць у гэты шумлівы круг, які так заўзята біў нагамі падлогу, быццам гэта была не падлога, а нешта такое, на што кожны злаваўся. Кружыліся пары. Тут былі паважныя хлопцы ў добра адпрасаваных гарнітурах, з вусамі як адзнакаю сталасці, і дзяўчаты, што плылі ў танцы павольна, ведалі сабе цану. Але большасць было юнакоў, апранутых хто ў шэры фрэнч, а хто і проста ў вышываную кашулю, падпяразаную самаробным паясом, ды маладзенькія дзяўчаткі, як тыя ластаўкі, пырхалі яшчэ ў даволі кароткіх спаднічках. Яны і былі асабліва няўрымслівыя. Ужо старэйшыя хлопцы дзякавалі дзяўчатам і паважна вялі іх да зэдляў, а гэтыя птушаняты ўсё кружылі і кружылі.

Акардэаніст апусціў галаву на мяхі гармоніка, нібы хацеў заснуць.

— Хутка павінны прыехаць маладыя з сельсавета, — паведаміла старая Юстасене Анежцы. — А ты ж была дома? — раптоўна запытала яна, і Анежка разгубілася.

— Не, яшчэ не паспела...

— Нядобра так, дачушка, — упікнула Юстасене. — Няўжо не адчуваеш ты, як матчына сэрца хвалюецца па вас?

У галаве Анежкі за хвіліну прабегла безліч думак. Яна ўявіла засмучоную маці і слёзы на яе вачах у той дзень, калі адыходзіла ў Доўгае, і ёй стала балюча.

— Яны павінны прыйсці да нас, — казала Юстасепе.

І гэта яшчэ больш пераканала Анежку, што трэба наведацца дахаты.

Вывела дзяўчыну з роздуму цётка Восілене. Яна прыслухоўвалася да іх размовы, пасля раптам, ўзяўшы за руку Анежку, прапанавала:

— Пойдзем!..

Анежка толькі глянула ў бок Алеся. Той, відаць, здагадаўся, у чым рэч, і правёў яе спачувальным позіркам.

Музыкі сціхлі, і скокі перапыніліся. Вясёлыя, узбуджаныя пары сядзелі цяпер па розных кутках. То там то сям чуліся жарты і рогат. Паўлюк Ярошка быў цэнтрам увагі ў адным кружку. Праз расчыненыя дзверы ў другую палову хаты віднеліся доўгія сталы, накрытыя абрусамі і застаўленыя ежай. Там хадзіла старая Юстасене і прыглядалася, ці ўсё пастаўлена як след.

Алесь застаўся адзін і адчуваў сябе ніякавата. Праўда, ён стараўся перакідвацца словамі з акардэаністам, які сядзеў побач, але гэтым толькі прыкрываў свае думкі. Увесь час ён хваляваўся, як сустрэнецца сягоння з бацькамі Анежкі. Яны ж, напэўне, добра ведаюць аб яго адносінах да іх дачкі. Няма дзіва, што наслухаліся і шмат чаго лішняга. Не кідала яго думка і пра Пранаса Парэчкуса. Цяпер, калі тое-сёе раскрыла Анежка, ён быў упэўнены, што грабежніцтва — справа Парэчкусавых рук. Хто ведае, возьме ды адпаліць што-небудзь і гэтай ноччу?..

Алесь занепакоіўся, што доўга няма Анежкі.

Нечакана на вяселле з’явілася Адэля Гумоўская. Яна ўвайшла, расчырванелая з марозу, і весела прывіталася. Распранулася і адразу прыцягнула ўвагу ўсіх. Нават Алесю здалася прыгожай. Хвалістыя валасы спадалі на плечы. Толькі трымалася яна неяк вельмі вольна, занадта выкручвалася пры хадзе, прыжмурваючы вочы. Адэля заўважыла Алеся адразу, але, можа, таму, што ён так няветла разышоўся з ёю ў той раз, прывіталася толькі здалёку і не падышла. Моладзь ужо зноў скакала, і над вухам Алеся заліваўся акардэон, але гэта не збаўляла яго ад трывожных думак. Усё часцей расчыняліся дзверы, і ў хату ўваходзілі сталыя людзі. Скокі спыніліся. Суседзі прыходзілі парамі і віталіся з гаспадарамі. Жанчыны перадавалі штосьці, загорнутае ў ручнікі. Юстасене цалавалася з імі і адносіла падарункі ў другую палову. Сэрца Алеся калацілася. А што, калі зараз прыйдуць і яны?..

Так і выйшла. Яшчэ раз рыпнулі дзверы, і ў іх паказалася высокая, худая постаць Петраса Пашкевічуса з Пашкевічайне, а за імі Анежка і Восілене. Алесь адразу пазнаў бацькоў Анежкі. Яму здалося, што стары Пашкевічус нават непрыязна бліснуў вокам у ягоны бок, але спакойны позірк Анежкі суцешыў яго. «Што рабіць, надысці прывітацца?» Ды, як надзіва, ён не мог падняцца ад хвалявання. Стала лягчэй, калі гаспадары павялі бацькоў Анежкі ў другі канец хаты. Анежка падышла да Алеся.

— Ну як?.. — спытаўся ён шэптам.

— Як быццам нічога!

— Не лаяліся?

— Я бачыла, яны рады, што я прыйшла, хоць асабліва гэтага і не выказвалі.

— А дзе Парэчкус?

— Няма ў хаце...

— Ну, добра! — Алесь неўпрыкметку моцна паціснуў руку Анежкі.

Скокі зноў распачаліся. Паўлюк Ярошка, які прыцягнуў усеагульную ўвагу, бязлітасна кружыў цяпер Адэлю Гумоўскую. Яго кучаравы чуб, добра пакалмачаны яшчэ дома, так і ўзлятаў над усімі. Ярошка то спрытна прытупваў нагамі, то плаўна кружыўся. Здавалася, што ногі ягоныя не скачуць, а проста выпісваюць нейкія цудоўныя, аднаму Ярошку вядомыя ўзоры.

Адэля адчувала, што ў лад партнёру і яна добра скача, а таму з гонарам пазірала вакол.

Раз-пораз адчыняліся дзверы, і ўвальваліся ўсё новыя госці. Гаспадары праводзілі іх на другую палову, так што і там было ўжо тлумна. Апошнімі з клубамі пары ў хату ўвайшлі Петэр і Марта. Алесь вельмі ўзрадаваўся эглайнаўскім сябрам.

— А дзе Зосітэ? — пыталася ў Анежкі Марта.

— Яна і Йонас яшчэ ў сельсавеце. З хвіліны на хвіліну чакаюць...

— О-го!.. — раптам загуў Паўлюк Ярошка і паказаў рукой на дзверы.

Ля парога стаяў Юозас Мешкяліс, прыбраны, як малады, пад руку з Восілене. Ніхто і не заўважыў, як і калі Восілене знікла, а цяпер яна стаяла прыбраная, як маладая. Да новага пінжака Мешкяліса была прыколата белая кветка, а на галаве Восілене красаваўся вянок з гарохавіння.

— Маладыя!.. Маладыя прыехалі!.. — пакацілася па хаце, і ўсе рынуліся да парога.

Але гэта былі толькі жарты. Яшчэ і цяпер захаваўся ў літоўскіх сёлах звычай, што пакуль сапраўдныя маладыя рэгіструюцца, іх месца займаюць падстаўныя, звычайна пажылыя людзі. Доўга даводзіцца пасля дружкам маладога ўпрошваць і выкупляць сабе месца за сталом.

З прыходам Мешкяліса і Восілене ўсё і пачалося. Гасцей запрасілі за сталы. Бацькі Зосітэ пасадзілі доўгаўскіх і эглайнаўскіх сяброў свае дачкі. Так яны і селі побач.

І хоць за сталом было поўна гасцей і разыгрывалася ўмоўнае вяселле, да ежы і напіткаў ніхто не дакранаўся. Гэта можна было рабіць толькі тады, як пасля доўгіх спрэчак сапраўдныя маладыя займалі сваё месца.

Затое песням цяпер было раздолле. Мешкяліс, які звычайна пераконваў усіх, што не ведае нічога, апрача ваенных маршаў, зацягнуў зусім іншае:

 

З суседняй старонкі

Сонейка ўзышло,

Дзе ж, маё ты шчасцейка,

Дзе, скажы, было?..

 

І адразу жаночыя і мужчынскія галасы дружна падхапілі так, што аж зазвінелі шыбы ў вокнах У песні не было суму, і ад радаснай мелодыі яе ва ўсіх свяціліся твары.

 

Ідзі сюды, дзяўчынка,

Ідзі, лебедзь мой,

Мы цяпер сышліся

Ўжо навек з табой...

 

Алесь слухаў песню, і ў яго паспакайнела на душы. Нават калі прыгледзеўся да старога Пашкевічуса, дык не заўважыў у таго злосці. Пашкевічус, як і ўсе, стараўся спяваць. Здавалася, ён захоплены песняй так, што зусім ні на кога не зважае. «А можа, мы самі нагналі на сябе лішняга страху?» — думаў Алесь. Ён нечакана для сябе ўключыўся ў агульную песню і як мог падцягваў, прыслухоўваючыся да вымаўлення Анежкі.

— Ну што ж, маладыя, горка? — крыкнуў нехта з канца стала.

— Горка!.. Горка!.. — дружна падтрымалі ўсе.

Мешкялісу і Восілене давялося пацалавацца.

— Глядзі, а то перападзе табе ад мае жонкі, — пажартаваў Юозас, выпускаючы Восілене з рук.

— Ты ж сягоння малады, ты ж нежанаты! — жартавала Восілене.

— Можа, ён у вас у Доўгім за нежанатага і сыходзіць! — падала свой голас Мешкялісене.

Жарты, відаць, цягнуліся б і далей, каб раптоўны бразгат шархотак на двары не ўзбударажыў усіх.

— Маладыя прыехалі!.. — на гэты раз загудзелі дружна ўсе, бо ўжо ніякага сумнення ў гэтым ні ў кога не было. — Далоў самазванцаў!

— Ну, цяпер трымайцеся! — папярэдзіў усіх Мешкяліс і, прыняўшы паважны выгляд маладога, застыў у куце.

Бацькі Зосітэ стаялі каля дзвярэй, трымаючы на талерках хлеб, соль, бутэльку віна і чаркі.

У хату ўвайшлі Зосітэ і Йонас. Іх хутка распранулі, і яны, маўклівыя, пасталі перад бацькамі.

— Вітаем вас, дзеці!.. — паважна сказаў стары і, наліўшы чаркі, падаў абаім.

Маладыя глянулі адно на аднаго, усміхнуліся, але, нізка схіліўшыся перад бацькамі, узялі па чарцы і, чокнуўшыся, выпілі. Кавалачак хлеба, памакнуты ў соль, падзялілі напалам. Бацькі Йонаса глядзелі з-за стала на свайго сына і радаваліся.

— Вось ён які малайчына! А калі тое было, што пад сталом бегаў?

Анежка не спускала вачэй з сяброўкі. Зосітэ, здавалася, папрыгажэла ў гэтай шаўковай белай сукенцы, у вянку з міртаў пад белым вуалем. Толькі ад дасціпнага вока Анежкі не схавалася, што сяброўка нечым засмучана. Відаць, нялёгка развітвацца з юнацтвам, і Анежка ўздыхнула.

Маладыя ўвайшлі ў другую палавіну хаты, а за імі — дружкі. Тое, што яны ўбачылі, іх рассмяшыла.

— Куды вы? Ідзе вяселле... Во мая маладая! — крычаў Мешкяліс, абдымаючы Восілене ў вянку з гарохавіння. Увесь кут быў прыбраны яловымі лапкамі, а каля Мешкяліса і Восілене стаялі драўляныя козлы, і на іх вісела прычэпленая калыска.

— Пусціце маладых, — спрабаваў прабіць дарогу сват Йонаса з доўгім ручніком, перакрыжаваным на грудзях.

— Куды вы?.. — затрымлівалі іх.

— У нас ужо ёсць маладыя... — шырока расставіўшы рукі, крычаў адзін дзядзька.

— Дайце дарогу! Што вы на самай справе!.. — жартоўна ўзнімаў голас дружок Йонаса.

— Памерге!..1 Дружок!.. — ускрыкнуў худы Пашкевічус, які дагэтуль сядзеў спакойна. — Хіба ты не ведаеш, што заплаціць трэба?

Дружок выняў з кішэні жменю цукерак, і Пашкевічус прапусціў маладых на крок далей. Некалькі разоў сватам і дружкам даводзілася спрачацца, упрошваць, плаціць, пакуль жаніх і нявеста прабіліся на сваё месца. Нават Алесю і Анежцы перапала некалькі цукерак, бо і яны мусілі падтрымліваць усіх і не прапускаць адразу маладых на кут.

Мешкяліс і Восілене нехаця адсунуліся і вызвалілі месца. Маладыя селі. Ударылі музыкі. Высока падняліся чаркі. А ўслед за імі ўзляцела працяглая вясельная песня. Тут ужо нельга было адрозніць, хто пачынаў. Яна ўзнялася дружна ва ўсіх кутках:

 

Рабіла я градкі каля роднай хаткі,

Сеяла я руту, сеяла я мяту,

Сеяла я руту, кветачкі садзіла,

Падышоў праведаць, падышоў мой мілы...

 

І хоць песня спявалася па-літоўску, падцягвалі ўсе. І Алесь, і Петэр з Мартаю, як блізкія суседзі, тое-сёе ведалі з літоўскіх слоў, а галоўнае, сэрцам падхоплівалі гэтую цудоўную народную мелодыю. Старыя і тыя не адставалі ад маладых. Яны стараліся асабліва заўзята. Відаць, кожнаму з іх прыпаміналіся маладыя гады, калі і іх таксама горача віталі.

 

...Што цябе, мой любы, гэтак захапляе,

Ці гэтая рута, ці я, маладая?..

 

І ў канцы асабліва дружна падхапілі мужчынскія галасы:

 

...Люблю руту-мяту, люблю й гэты кветкі,

А цябе ж, дзяўчынка, пакахаў навекі!..

 

Адэля сядзела і ўвесь час не спускала вачэй з Алеся. Вясельная песня расхвалявала яе сэрца. Які ён харошы! Яна прыглядалася да ўсіх за сталом і нікога такога прыгожага не знаходзіла. «Як непамысна складаецца жыццё! — думала яна. — Чаму б не сядзець так з ім, як сёння сядзяць Йонас і Зосітэ?» На хвіліну прыгадаўся Казюк Клышэўскі, і яе перасмыкнула ад непрыемнага пачуцця. Апошні час яна не бачыла Казюка. Як жа раніць сэрца гэта цудоўная песня:

 

...Люблю руту-мяту, люблю й гэты кветкі,

А цябе ж, дзяўчынка, пакахаў навекі!..

 

І калі Адэлі ўявілася, што ніколі не спяюць гэтай песні ёй, што, можа быць, ніколі не будзе яе вяселля, у сініх вачах яе паказаліся слёзы, і яна, адхінуўшыся ад стала, непрыкметна выцерла іх.

 

Пасярэдзіне пергалеўскіх хутароў, у пакінутай яме для бульбы, сядзелі ўдвух — старшы сяржант міліцыі Забеліс і міліцыянер Карповіч. Яны прыйшлі туды цішком упоцем і размясціліся так, каб іх ніхто не бачыў. Навокал было цёмна, толькі паасобныя агеньчыкі хат міргалі на ўзгорку. Але прызвычаенае вока заўважала шмат чаго і ў цемры. Міліцыянеры бачылі за гоні ад сябе шырокую будыніну школы з белай ліштвай на вокнах. Крыху далей на пагорку — сельскую краму, якая стаяла асобна. Ніжэй, ад возера, далятала музыка. Яны добра ведалі, што гэта з Юстасавай хаты. Цяпер там вяселле. Няма чаго казаць, што часам думалася ім: каму вяселле, а хто — калей тут на марозе. Добра яшчэ, што крыху саломы засталося. На ёй, ачышчанай ад снегу, усё ж зручней сядзець, чым на зямлі. «Што зробіш — такая наша служба, — разважаў Забеліс. — Бандзюкі ж выбіраюць якраз такі час, калі людзі чым-небудзь заняты. Ну, добра...» Ён напружваў зрок і сціскаў аўтамат у руках.

— Здорава спяваюць, — шапнуў Карповіч Забелісу.

— Вось, ліха матары, гэтыя грабежнікі! Каб не яны, хіба ж не маглі б і мы павесяліцца, як людзі, — адказаў Карповіч.

— І скажы, столькі рабункаў, а злавіць не можам... Але нічога, браце, хоць яны пераплылі мора, а ўтопяцца ў лужыне, — нават пажартаваў Забеліс.

— Ці-ш-ш!.. — злосна папярэдзіў сябра Карповіч, і яны зноў вострым зрокам упіліся ў цемру.

 

З другога боку праз хмызняк падкрадаліся да кааператыва Казюк Клышэўскі, Езуп Юрканс і Парэчкус. Яны, дачуўшыся пра вяселле, адразу ж парашылі выкарыстаць гэта і запасціся ў кааператыве ўсім, чым трэба.

— Падмацуемся і пакуль што пададзімся адсюль далей, — так раіў сябрам Клышэўскі. — На весну вернемся, а пакуль непярэліўкі, пойдзем у лясы, туды, пад Клайпеду. Там нас яшчэ не ведаюць, вось і перазімуем.

Клышэўскі поўз па раўчуку першы. Аўтамат быў у яго за спіной. Следам за ім сунуўся Юрканс. Парэчкус наглядаў, схаваўшыся за хлявом, каб хто не надышоў з боку Доўгага.

Клышэўскі на гэты раз супроць звычайнага хваляваўся. Колькі яму даводзілася быць і не ў гэткіх справах, але чамусьці заўсёды ён адчуваў сябе спакайнейшым. А тут — ледзьве сэрца не выскачыць з грудзей. Так б’ецца... Калі трэсне які сучок пад рукой ці каленам, дык яго аж закалоціць. Вось і цяпер амаль застыў, калі хруснуў пад рукой сухі сук алешыны.

— Ці-ш-ш!.. — папераджальна прасіпеў Забеліс, тузануўшы за руку Карповіча, і гэтым прыцягнуў яго ўвагу.

Між песень і гаманы, якія даляталі з Юстасавай хаты, яму пачуўся хруст. І слых, і зрок яго напружыліся. Карповіч таксама прыпаў да зямлі і ляжаў, здавалася, не дыхаючы.

— Не ўставай раней часу і не страляй, — зноў шапнуў Забеліс, а сам сачыў за постаццю, якая з’явілася ўжо каля дзвярэй крамы.

Карповіч таксама заўважыў, што нехта яшчэ кінуўся ў тым напрамку. Хмары закрылі месяц, адрозніваць рэчы ў цемры было цяжка. Толькі напрактыкаваныя вочы міліцыянераў заўважылі, што неўзабаве да постаці каля крамы далучылася яшчэ адна.

Забеліс і Карповіч былі напагатове. У кожны момант яны маглі кінуцца на злачынцаў, але разважлівасць і вопыт гаварылі, што пакуль яшчэ не час. Яны бачылі, як постаці заварушыліся каля дзвярэй крамы. Да вушэй даляцеў скрыгат жалеза. «Відаць, выдралі прабой ці паламалі замок», — падумаў Забеліс. Так яно і было: постаці зніклі ў краме, а адна — трэцяя, засталася на двары, мусіць, на варце.

Забеліс сціснуў руку Карповіча і даў яму знак падавацца бліжэй. Яны нячутна выпаўзлі з ямы і, трымаючы аўтаматы напагатове, пачалі паволі падкрадацца кустамі ў напрамку крамы.

 

— Горка!.. Горка!.. — крычалі ў хаце Юстаса, і гэта патрабаванне пацалункаў чулі і тыя, хто быў у краме, і міліцыянеры, што паўзлі па снезе, і тыя пергалеўскія хаты, якія даўно пагасілі святло, быццам заплюшчылі вочы, і спалі цяпер бесклапотным сном сярод зімняе ночы. Йонас ужо безліч разоў цалаваў Зосітэ, а тая, хоць ёй было гэта і прыемна, дзеля прыліку кожны раз спрабавала ўхіліцца. У хаце стаяў гул — хто не пераставаў крычаць «горка», хто ўгаворваў суседку выпіць яшчэ чарку, а хто высвятляў, у каго ў гэтым годзе больш хлеба.

Мешкяліс, відаць, захмялеў, бо як пачаў спяваць, дык і не спыняўся. Праспяваў ён ужо і песню літоўскай дывізіі, і ўсе паходныя, якія ведаў, а цяпер завёў такую, за якую яго жонка некалькі разоў лаяла: «Юозас, падумай! Ты ўжо не маладзенькі». А Юозас разышоўся: «Дай мне хоць сягоння пацешыцца!» І ён цягнуў, а яму пасаблялі падхмялеўшыя дзядзькі:

 

...Мне адной чарачкі мала, мала...

Вось каб пяць, вось каб шэсць,

                                можа б, і ставала.

...Мне адной дзяўчынкі мала, мала...

Вось каб пяць, вось каб шэсць,

                                мне б не бракавала.

 

— Ха-ха-ха!.. Каб ты згарэў, які ты храбры, — крычаў ужо стары Пашкевічус, і твар яго расплываўся ва ўсмешцы.

— Горка!.. Горка!.. — павярнуўся раптам Юозас да маладых.

— Горка!.. — зноў узняўся вэрхал за сталамі.

І раптам стрэлы за акном суцішылі ўсіх. Адзіночныя стрэлы і аўтаматная чарга білі зусім блізка. Усе на хвіліну анямелі.

Першы ўскочыў Алесь.

— Пайшлі, таварышы! — І ён угрунь кінуўся праз дзверы.

Перапалоханая Анежка не паспела нават агледзецца, як яго не стала.

Следам за Алесем падняліся з-за стала Йонас і Петэр. Стары Юстас паспеў усунуць у рукі Йонасу дубальтоўку. Мешкяліса не пускала жонка, але той вырваўся з рук і з крыкам: «У нас у дывізіі не казалі хавацца за бабскую спадніцу!» — кінуўся да дзвярэй.

Алесь імчаўся туды, дзе была страляніна. Ён не адчуваў страху, толькі ўсё ягонае цела як бы напружылася. Адбегшы крокаў сто, успомніў, што ў яго няма зброі, і, на хаду выламаўшы кол з плота, захапіў з сабой. Калі падбег да крамы, заўважыў, што каля яе ляжаў чалавек, а ў бок лесу нехта бег. Надарваны ахрыплы голас крычаў з цемры: «Народ!.. Сюды!» Алесь, адчуваючы, што людзі, якія бягуць за ім, агледзяць нерухомую постаць каля крамы, кінуўся на голас.

Петэр і Йонас, прыскочыўшы да крамы, спыніліся.

Чыркануўшы запалку, у непрытомным чалавеку яны пазналі міліцыянера.

— Ён яшчэ жывы!.. — узбуджана крыкнуў Йонас. — Анежка, бягом па бінты, вату! — крыкнуў ён Анежцы.

Абляцеўшы краму з другога боку, з’явіўся запыханы Мешкяліс. Ён адразу ўзяў усю каманду на сябе.

— Йонас... Петэр... Хутчэй да лесу! Чуеце, там крыкі... Вось вам зброя! — падаў ён аўтамат, які падняў каля параненага міліцыянера.

— Толькі асцярожна! — крыкнуў ён услед хлопцам, што кінуліся наўздагон рабаўнікам.

— А дзе Алесь? — хвалявалася Анежка.

— Алесь, відаць, там! — паказаў Мешкяліс у бок лесу і звярнуўся да мужчын, што падышлі: — Бярыце асцярожна, панясём у хату...

Алесь бег на ўсю сілу. Ён не заўважаў, што траплялася пад ногі, прадзіраўся праз хмыз, драпаючы рукі і твар, пераскокваў равы. Пад лесам заўважыў постаць, якая спяшалася ўскочыць ў гушчар, і закрычаў, думаючы, што гэта бандыт:

— Стой!.. Стой!..

Але калі падбег бліжэй, пазнаў участковага Забеліса.

— Бандыты... — спяшаючыся, паведаміў ён Алесю. — Адзін пабег туды, — ён паказаў у бок Эглайне, — а другі наўпрост. Вось табе. — Ён выняў з кішэні браўнінг і працягнуў яго Алесю. — Бяжы за тым, а я сюды! — І знік у напрамку Эглайне.

Алесь пабег яшчэ шпарчэй. Трымаючы рэвальвер у руцэ, ён адчуваў большую ўпэўненасць. Яму хацелася, чаго б гэта ні каштавала, дагнаць бандыта. Ірвануўся на ўсе сілы, калі пачуў уперадзе хруст. «Злавіць... злавіць!» — адно было жаданне ў яго. І хоць дыханне яго часта перарывалася і стомленасць была такая — яшчэ хвіліна і, здавалася, упадзе, але, напружваючыся да астатняга, ён імчаў уперад...

— Гэта ж наш міліцыянер Карповіч!.. — праказаў Мешкяліс, калі раненага ўнеслі ў хату. — Пашкевічус, хутчэй па доктара. А вы, Анежка і Зосітэ, сюды!

Мешкяліс зняў гімнасцёрку з Карповіча. Усе ўбачылі, што цела яго заліта крывёю. Блізка сэрца крывяніла рана. Усе, хто прыйшоў на вяселле, стаялі засмучоныя.

Анежка і Зосітэ акуратна перавязалі рану. Карповіча палажылі на ложак. Усе стаялі пабялелыя, але ніхто не ішоў адсюль. У гэтым тлуме нават не прыкмецілі, як выскачыла з хаты напалоханая Адэля Гумоўская і што ёсць духу памчалася ў бок Малінаўкі.

Карповіч на міг расплюшчыў вочы, павёў імі па людзях, але, знясілены, зноў апусціў навекі і знепрытомнеў.

— Стой!.. Стой!.. — крычаў Алесь наўздагон уцекачу, якога ён цяпер бачыў зусім выразна, але той не спыняўся і стараўся забіцца далей у гушчар.

Йонас і Петэр ужо чулі выкрыкі Алеся і як мага спяшаліся на дапамогу.

— Стой!.. — крыкнуў Алесь і, падняўшы браўнінг, стрэліў.

Бандыт, заскочыўшы за тоўстае дрэва, павярнуўся і пусціў чаргу з аўтамата. Алесь толькі пачуў свіст каля вушэй. Ён яшчэ раз стрэліў наўздагон. Яму здалося, што бандыт прысеў, але тут, як наліха, выскачыла абойма з браўнінга, і Алесь нагнуўся, шукаючы яе ў снезе. Але так і не знайшоў.

— Стой!.. — крычаў ён цяпер, бегучы ўжо з незараджаным рэвальверам. Перад сабой ён угледзеў крывавы шнур на снезе. «Ага, значыць, рабаўнік паранены і ад мяне далёка не ўцячэ». Алесь пайшоў на хітрыкі і парашыў абысці яго хмызняком збоку.

— Стой!.. — яшчэ мацней крыкнуў ён. Бандыт разгубіўся і раптам рухнуў на снег. Алесь кінуўся яму на плечы. Некалькі разоў ударыў рэвальверам па руцэ рабаўніка і выбіў у яго аўтамат.

— Здавайся, гад!.. — крыкнуў Алесь, разглядаючы пад сабой худы, аброслы калючаю барадою твар.

Але бандыт толькі моцна соп і стараўся вызваліцца з Алесевых жалезных рук. Відаць, ён быў вельмі дужы, бо праз момант крутнуўся і падмяў Алеся пад сябе. Схапіў за горла. Перад вачыма Алеся пачалі скакаць дрэвы і паплылі ружовыя кругі. «Няўжо смерць?.. — падумаў ён, як раптам адчуў, што бандыцкая рука адпусціла горла, і ўздыхнуў так, як быццам хацеў увабраць у сябе ўсё паветра, што было навокал.

Алесь заўважыў, што да яго нагнуліся Йонас і Петэр. Грудзі іх парывіста дыхалі.

— Ты жыў?.. — усхвалявана запытаў Йонас.

— Як бачыш... Дзякую вам...

— Гэта я яго так участаваў! — пахваліўся Петэр і спакойна паказаў даўбежку.

Алесь глянуў на бандыта, які нерухома ляжаў непадалёк. Рукі яго былі раскінуты на патаптаным снезе, але грудзі яшчэ ўздымаліся і апускаліся.

Алесь прыўзняўся, і сябры пачалі раіцца, што рабіць.

— Ну, Йонас, відаць, гэтыя гады ўсё паскудства і вытваралі, — узбуджана праказаў Алесь.

Ён чыркнуў запалку, прыгледзеўся да твару і аж ускрыкнуў:

— Чакайце!.. Чакайце!..

Прыгледзеўся яшчэ больш уважна і раптам закрычаў:

— Гэта ж Казюк, кулака Клышэўскага сын! Той, што з немцамі паехаў. Дык вось хто не даваў нам спакою! Вяжы яго, хлопцы! Дарма, што ледзь дыхае, адыдзе, дык яшчэ наробіць бяды...

Петэр і Йонас знялі дзягі, звязалі імі рукі і ногі злачынца. Выбраўшы доўгую жэрдку, яны прасунулі яе паміж рук і ног бандыта і, узваліўшы на плечы, як япрука, панеслі ў сяло. Алесь, падабраўшы аўтамат, ішоў за імі ззаду. Калі падыходзілі блізка да краю лесу, здалёк з-пад Эглайне пачулі некалькі стрэлаў.

— Гэта, відаць, Забеліс змагаецца, — здагадаўся Йонас, і хлопцы ўздыхнулі. Яны ведалі, як небяспечна лавіць такіх гадаў. Але, нягледзячы на перажытае, усе былі ў прыўзнятым настроі. Гэта ж яны зрабілі сягоння такую важную справу! Клышэўскі вісеў на жэрдцы сапраўды, як япрук, і раз-пораз нешта мармытаў.

На ўскраіне «Пергале» іх сустрэў Мешкяліс. Калі ён убачыў іхнюю ношку, ускрыкнуў ад радасці:

— Малайцы хлопцы!.. Ёсць адзін! Давай яго сюды, кідай!

— Чакай, ён жа яшчэ жывы! — перабіў яго Алесь.

— О, калі жывы, тады давай у свіран пад замок, а хутка міліцыя прымчыць. Разбярэцца.

Хлопцы замкнулі Клышэўскага ў свіран і прыставілі вартаваць Петэра. Як-ніяк, а Йонас жаніх, і разлучаць яго з нявестай няварта.

У хаце Юстаса была цішыня. Усе разышліся. Куды там да вяселля!.. На ложку ляжаў перавязаны Карповіч, і каля яго ўжо завіхаўся прывезены доктар.

— Будзе жыць, — упэўнена адказаў ён хлопцам.

А Анежка, якая вельмі хвалявалася за Алеся, падбегла насустрач і пацалавала яго. У яе аж пырснулі слёзы ад радасці.

Праз паўгадзіны ўвайшоў у хату збялелы, стомлены Забеліс. Ён, даведаўшыся аб здароўі сябра, паставіў аўтамат да сцяны і асіплым голасам праказаў:

— Яшчэ адзін забіты каля Эглайне... Мешкяліс, пашлі прывезці... Вады дай!.. — І ён прагна выпіў цэлую конаўку.

 

 

1 Памерге!.. — Дружок!.. (літ.)

XXI

Цэлы месяц ва ўсёй акрузе каля Доўгага толькі было гаворкі, што пра лоўлю бандытаў. А падзеі былі сапраўды цікавыя. У тую ноч, калі гулялі вяселле Йонас і Зосітэ, забілі Езупа Юрканса. Казюк Клышэўскі, ачуняўшы ў турме, выдаў усіх. Пранас Парэчкус знік, і яго ўвесь час шукалі. Трывожна было і ў хаце Гумоўскіх.

Каетан Гумоўскі спаў, калі апоўначы прыляцела з «Пергале» Адэля. Ён нават нездаволена замармытаў, калі дачка разбудзіла яго. Але, убачыўшы, як яна змянілася з твару, сам занепакоіўся.

— Татачка, татачка!.. — прыпала да яго Адэля. — Відаць, наш канец прыйшоў.

— А што? — варочаючы соннымі вачыма, пытаўся Каетан.

Але нервовасць дачкі перадалася яму, і ён, сам калоцячыся, распытваў:

— Што?.. Што, Адэлька, кажы!

— У «Пергале» страляніна. Відаць, там Казюк з сябрамі. Міліцыя і людзі пагналіся за імі...

— Нячыстая сіла — гэты Казюк! — плюнуў са злосці Гумоўскі. — Чаго ён круціцца тут?

— Баюся, што сёння ім не ўцячы, — не патрапляла зубам на зуб ад страху Адэля.

— А можа, яго, дасць бог, прыстукаюць, — выказаў здагадку Каетан, і гэтая надзея як бы крыху ажывіла яго.

— А я ўжо нічога не ведаю... Навошта мы з ім звязаліся, татачка! — Адэля загаласіла, прыпаўшы бацьку на плячо.

У хаце ўзняўся вэрхал. Ускатурхалася старая і, даведаўшыся пра ўсё, завохкала і пачала хадзіць па кутках. Нават вар'ят Вінцэнт адчуваў нешта трывожнае. Ён некалькі разоў праз ноч заходзіў у хату і нейкім доўгім і ў той жа час трывожным позіркам глядзеў на бацьку. Пастаяўшы так нерухома колькі хвілін, выходзіў зноў на двор, перамінаўся з нагі на нагу і балбатаў нешта незразумелае, як той падбіты цецярук.

Каетан Гумоўскі крыху супакоіў дачку. Параіўшыся ўдваіх, ён без вагання ўзяўся за справу. Паклікаўшы Вінцэнта, ён працаваў усю ноч, і ад дадатковай сцяны, што адлучала ад хаты схованку Казюка, не засталося і следу. Яшчэ да світання ўсе падсмаленыя бёрны ляжалі пад павеццю, прыкрытыя саломай, як бы іх адтуль і не краталі ўжо некалькі год. Прыхавалі яшчэ і тое, што здавалася асабліва каштоўным. Гарнушак з золатам закапаны быў даўно. А цяпер у загадзя падрыхтаваную яму ў восеці знеслі аўчыны, сукны, нават палатно. Там, напакаваўшы куфар і абсыпаўшы яго мяліннем, Каетан з Вінцэнтам закрылі яму і зараўнавалі дол так, што нават спрактыкаванаму воку цяжка было пазнаць што-небудзь незвычайнае.

Некалькі дзён Адэля была як не ў сабе. Асабліва яна ўстрывожылася, калі дазналася, што Казюка Клышэўскага забралі жывога. Асунулася за гэтыя дні так, што цяжка было пазнаць: схуднела, вочы пазападалі, сінія кругі пад вачыма яшчэ больш зрабілі яе твар змардаваным. «А можа, Казюк у імя кахання не выдасць?» — на хвіліну закрадалася ў сэрца надзея. Але гэта ненадоўга. «Дзе вы бачылі, каб у такога была высакароднасць!» — пераконвала сябе Адэля і яшчэ больш хмурнела.

Некалькі разоў яна хацела перасіліць свой настрой. Сабраўшы ўсю волю, схадзіла аднаго дня ў Доўгае, каб дазнацца, што чуваць там. Была на будоўлі і гэтым яшчэ больш устрывожыла сэрца. Моладзь жартуе, рагоча, як быццам нічога і не было. Будынак электрастанцыі ўзвышаецца, як палац. Ужо фарбуюць у чырвоны колер дах, а звонку і ўсярэдзіне працуюць тынкоўшчыкі. Убачыла Алеся. Той нават не заўважыў яе. Адэля прыкмеціла, што ён стаяў і жартаваў з Анежкай, якая працавала пры тынкоўшчыках. З сярэдзіны станцыі далятала песня. Адэля, можа, колькі хвілін прабыла на будаўніцтве, а сэрца ўсё залілося крывёю. «Чаму я такая дурная, звязалася з гэтым Клышэўскім? Лепш бы падносіла тут раствор».

Яшчэ больш растрывожылася Адэля ў краме. Там пачула, што арыштаваны міліцыяй кладаўшчык Марцін Баркоўскі і мельнік Шаплыка. Людзі казалі, што так ім і трэба, хай не крадуць калгаснага збожжа. Можа, іх забралі і за гэта, а можа, і за іншае... Адэля, купіўшы кілаграм цукру, выняла кавалачак яго і пачала смактаць, каб схаваць сваё хваляванне. Але дзе там! Твар яе быў бялейшы за той цукар, што яна трымала ў руках.

Выйшаўшы з крамы, паспяшалася дахаты. Хацелася як мага хутчэй ісці, а ногі падгіналіся. Чаго ніколі не было, яна нават прыпынялася, каб адпачыць: «А што, калі не пайсці дахаты, а кінуцца так, як ёсць, у белы свет, — можа, не загіну? Я ж яшчэ ладная?» Яна паспрабавала, як некалі, прайсці робленаю гулліваю хадою. «Не!.. не!.. Трэба ісці дадому і аб усім параіцца з татам. — Яна ішла, а сэрца было неспакойнае. — Чаго добрага, прыйду дамоў, а там ужо міліцыя...»

І Адэля не памылілася. Калі адчыніла дзверы ў хату, участковы міліцыянер Забеліс папрасіў яе прысесці.

Малінаўка засталася пустою.

Доўгія гады стаяў гэты хутар наводшыбе, быццам прадзёрся ён з цёмных, лясных нетраў і збаяўся пайсці далей, туды, дзе жылі людзі на віду адзін у аднаго. Але ён толькі рабіў выгляд, што жыве сам па сабе, сваім уласным, асабістым жыццём. На самай жа справе не было ў акрузе за стагоддзе з нечым ніводнай падзеі, у якой ён не адыгрываў бы сваёй асаблівай ролі. Тут, на гэтым хутары, не ўсе паміралі сваёй смерцю, і ў ранейшыя часы людзі, калі праводзілі ў касцёл у апошні шлях нябожчыка, нават не здагадваліся, што яны моляцца па забітым ці атручаным. Здаралася, што з’яўляўся ў наваколлі благі чалавек, краў і рабаваў, набіваў сабе кішэні, а потым знікаў назаўсёды, і не было аб ім нідзе ні слыху ні дыху. Хто мог сказаць, што перад гэтым заходзіў ён непагодлівым вечарам пагрэцца на хутар каля лесу, а потым, з камянём на нагах або на шыі, паволі апускаўся ў рудую багну балота? Год ці два ўзнімаліся потым над гэтым месцам пухіры — булькаючы і чаўкаючы, пераварвала дрыгва малінаўскі падарунак... Забягалі сюды дэзерціры з царскай арміі, жартавалі за гарэлачкай жандары, якія лавілі дэзерціраў, — і кожны плаціў сваю даніну хутару. Дзве вайны, разбураючы і крышачы чалавечы лёс, пранесліся над гэтым краем у новым стагоддзі. Першая парэзала зямлю каля Доўгага, каля Эглайне і «Пергале» акопамі, бліндажамі. Амаль сорак год прайшло з таго часу, але, як чалавек сляды чорнай воспы, носіць зямля адмеціны гэтых дзён, таго чалавечага шаленства. Хутар Малінаўка не толькі ацалеў, але і напакаваў на дне куфраў царскія рублі, перамешаныя з кайзераўскімі маркамі. Потым Пілсудскі, Ульманіс і Сметана доўга грызліся за гэты кавалак зямлі, і да хутара не адзін тыдзень прыглядаліся польскія, літоўскія і латышскія чыноўнікі, пакуль, нарэшце, не ўбілі пагранічнага слупа на беразе рачулкі. У 1939 годзе, калі ўжо Чырвоная Армія прайшла наперад, на хутары да раніцы калаціўся малады пілсудчык і, пакінуўшы ў падзяку жменю ўжо нікому не патрэбных злотых, знік у лесе. У часе другой сусветнай вайны на хутары, здаралася, да раніцы скакалі і раўлі песні нямецкія афіцэры, а выпадалі і такія ночы, калі гаспадар хутара гасцінна расчыняў дзверы перад партызанамі, людзьмі суровымі, ад якіх патыхала дымам ад вогнішчаў, вёў іх у свірны, каб насыпаць мукі, абы толькі далі распіску, ахоўную грамату хутару... Усім гатовы быў дагадзіць хутар, але служыў толькі сабе і думаў таксама толькі пра сябе. З чалавечае бяды і ўдачы, з радасці і гора, ад слёз і перадсмяротнага стогну імкнуўся ён выціснуць, знайсці карысць, востра прыглядаючыся сваімі маленькімі, у рудой ліштве вокнамі да трох сёл.

І вось хутара не стала. Праз колькі дзён будынкі Гумоўскага на некалькіх машынах перавезлі ў Доўгае. Ну і было ж гаворкі, калі, разбіраючы ток, адкрылі патаемную схоўню. «Скажы, гад, на ўвесь век назапасіў. Дарма, чужое ўсё роўна выходзіць бокам». А на месцы Малінаўкі застаўся толькі адзінокі сад, і той збіраліся перасадзіць пад весну бліжэй да Доўгага. Снег завеяў дарогу ў Малінаўку і сцежкі вакол яе. Толькі, бывала, вялі туды сабачыя сляды. Гэта Каетанаў сабака часамі прыбягаў аднекуль і выў там на голым месцы.

Дзікай здавалася гэтая мясціна ў лесе ў баку ад вёскі. Яна і сапраўды з’яўлялася воўчым кутом.

 

Над Доўгім стаялі сонечныя, марозныя дні. Неба было такое чыстае, што, калі б не снег, можна было падумаць, што яно веснавое. Людзі былі рады, што нарэшце выкарчавалі погань і стала вакол спакойна.

Нават пра Баркоўскага і Шаплыку стары Гаманёк казаў:

— Гэтыя прайдзісветы — аднаго поля ягады. Хіба вы забыліся, як яны з ім разам кантрабанду вазілі?

Парадак у калгасе навялі. Антону Самусевічу за п’янства абвясцілі вымову на партыйным сходзе. Ён кляўся, што гэта ніколі больш не паўторыцца. І праўда, апошні час паводзіў сябе добра. Так захапіўся падрыхтоўкай насення да вясны, што праўленне думала пакінуць яго за брыгадзіра ў паляводчай брыгадзе.

— Правільна! Усё правільна! — не раз гаварыў Антон Самусевіч. — Я сам знаю, што заслужыў гэта. Хоць, апрача чаркі, ні ў чым не вінават. Адно непамысна, што трапіў я ў такую кампанію, якраз у той час, калі бандзюкоў і Гумоўскіх арыштавалі. Яшчэ каб чаго не падумалі людзі!.. Ну, добра, я дакажу, што Самусевіч можа працаваць і не абы-як.

— Хто цябе ведае, — знарок унікалі яго. — Сала на жываце наеў, а ў галаве скразнякі загулялі.

— Цьфу! — адплёўваўся Самусевіч. — Жывот у мяне ад таго расце, што сэрца хворае... Пазайздросцілі? А я вам яшчэ і давяду. Каспар ведае, магу я ці не магу?

— Можаш, — суцяшаў Каспар. — На полі ў цябе вока добрае.

— Вось бачыце, — не сунімаўся Самусевіч.

Дружба Круміня і Восілене ўсё больш мацнела. І хоць Каспар ніколі больш не гаварыў аб вяселлі, Восілене сама адчувала, што да гэтага ідзе. Аднойчы сама спаймала сябе на тым, што без Каспара сумна. А Каспар не прымушаў сябе доўга чакаць і разы два-тры на тыдні заяўляўся ў Доўгае. Нікога ўжо не дзівіла, што ён заўсёды спыняецца каля барака, дзе жыве Восілене.

Аднойчы ён угаварыў Восілене паехаць у Эглайне. Яна адпіралася дзеля вока, а самой вельмі хацелася пабыць у Каспаравай хаце. Удава ўжо наважылася пайсці туды за гаспадыню, толькі яшчэ палохалася дзяцей. Сам Каспар добры, раўнаважны чалавек, разважала яна, такі якраз ёй даспадобы, але што рабіць з малымі сіротамі? Палохалася, а ў душы вельмі любіла дзяцей, бо не давялося мець сваіх. З якім болем успамінала яна аб тым, як гаравала, што не мела дзіцяці.

Калі пад’язджалі да Эглайне, Восілене адчула, як б’ецца яе сэрца. І хоць сядзець было ўтульна, прыхінуўшыся да Каспаравага пляча, але і крыху боязна. Яна заўважала, праязджаючы каля эглайнаўскіх хутараў, што то з адной, то з другой хаты прыпадаюць да шыб зацікаўленыя твары жанчын. І хоць Восілене была не з вельмі палахлівых, ды гэта яе непакоіла.

Калі пераступіла парог Каспаравай хаты, міжволі прыгледзелася да ўсяго. У адзін момант прыгадаўся ўласны куток у «Пергале». Быццам так, як і там, ды не зусім. Вунь і бакоўка адгароджана атынкаванаю сцяной, а не ў адну дошку, як дома. На сцяне партрэт Яна Райніса, абвіты вышываным ручніком. На стале ляжала газета. «Дыня»,— прачытала Восілене і зразумела, што газета латышская. Восілене неўпрыкметку ўздыхнула. І блізка ўсё гэта ад яе калгаса, але ўсё ж новае...

Дзеці з радасцю сустрэлі Каспара ў хаце, а да незнаёмай цёткі паставіліся насцярожана. Некалькі разоў падзывала Восілене Томаса да сябе, спакушаючы яго цукеркамі, але пакуль Каспар сам не падвёў сына, той не надышоў.

Адна толькі Візма трымалася як звычайна. Тая разумела ўсё. І хоць балюча было на сэрцы, што гэтая цётка павінна заняць месца маці, яна трымалася, бо ведала, што бацьку аднаму цяжка з малымі без гаспадыні.

Візма нават запрасіла Восілене прысесці, а сама запытала бацьку, ці не трэба чаго падрыхтаваць на перакуску.

— Добра было б, мая дачушка!.. — усхвалявана праказаў Каспар. — А яшчэ пашлі каго-небудзь па дзеда Лайзана.

І Візма паслала ў сталярню меншага брата, а сама завінулася каля печы.

Восілене ўлучыла хвіліну, шапнула Каспару, каб ён нічога не гаварыў дзецям пра іх адносіны, і гэта пэўным чынам усцешыла Каспара. Такія словы ўжо былі згодай. Ён заспакоіў Восілене, неўпрыкметку паціснуўшы ёй руку.

Ян Лайзан не прымусіў доўга чакаць сябе і праз колькі хвілін вітаўся з імі, падняўшы шапку ў парозе:

— Лаб дэн!1 Нарэшце і Каспар не адзін... — Ён падышоў і паздароўкаўся з Восілене.

Тая відавочна засаромелася, ажно Каспар паварушыўся на зэдлі і паспрабаваў апраўдацца:

— Ды вось прывёз яе, дзед Лайзан, каб паглядзела, як суседзі жывуць.

— Дык ты б прывозіў, ды ўжо і не адпускаў, — проста і секануў Лайзан.

— Навошта так, дзеду Ян? — паспрабаваў выйсці з гэтага становішча Каспар.

— Як навошта? — цвярдзіў адно Лайзан. — Што вы, малыя, ці што?.. — Але, заўважыўшы збянтэжаны позірк Восілене, змяніў гаворку: — Ну, як там, у Доўгім, хутка мяне са сталяркай пазавуць?

Восілене адразу ажыла. Яна стала такою ж неўгамоннаю, як і раней, і заместа Каспара адказала:

— А ўжо тынкаваць канчаем, так што, відаць, праз колькі дзён трэба і вокны асаджваць.

— За мной справа не стане, — паважна разгладзіўшы вусы, праказаў Лайзан, — рамы ў мяне ёсць, усё вымерана, толькі прыставіць, прыгнаць і гатова.

Візма паставіла яечню на стол. Каспар паклікаў усіх дзяцей, і яны расселіся паміж бацькам і дзедам Лайзанам.

«Нічога сабе сямейка, са мной васьмёра», — падумала Восілепе і спаймала сябе на тым, што ўжо згадзілася з думкай жыць у гэтай хаце. Як усякая добрая жанчына, яна непрыкметна для сябе зацікавілася дзецьмі.

Гэта не мінула Каспаравага вока і прыемнай цеплынёю напоўніла яго грудзі. Восілене паставіла талерачку каля малога Томаса і частавала яго. Праз колькі хвілін ён апынуўся ў яе на руках і ўжо даверліва прыслухоўваўся да гаворкі.

«Відаць, будзе толк з гэтай жанчыны», — зазначыў сам сабе Лайзан.

Пасля перакускі Каспар, Восілене і Лайзан пайшлі аглядаць калгас. Лайзан не прамінуў звадзіць Восілене ў сталярню і пахваліцца сваімі работамі. Ён зняў з паліцы драўляную цацку і паднёс ёй.

— А можа, знадобіцца?..

— Ды кіньце вы, дзеду, як вам не сорамна,— аднеквалася Восілене.

— А чаго сорамна, — вёў сваё Лайзан, — хіба гэта па людзях не ходзіць?

Каспар маўчаў, але ва ўсім быў згодзен з Лайзанам. Ён нават крыху крыўдаваў на Восілене: «Ну, чаго яна манежыцца, хіба яна першы раз замуж выходзіць?..» Але ў душы не мог нацешыцца. Калі яны ішлі каля крамы, забег і купіў цукерак. Сказаў, што дзецям, а сам быў рад пачаставаць і Восілене.

На ферме яны засталі Марту, якая, як заўсёды, накінулася на Каспара,

— Толькі выхваляцца ўмееш, а дзе твая мука, дзе, скажы?..

— Ціха, Марта! Вечна ты мяне не прапусціш! — як быццам з дакорам адказаў Каспар, і Марта, заўважыўшы, што яго бянтэжыць прысутнасць Восілене, супакоілася. Яна зразумела, што Восілене тут ходзіць зусім недарма. «Што яна — які інспектар? Ці прыехала закупляць свіней для сталоўкі? Нешта не бачылі раней такіх купцоў... А калі немаведама чаго сышлося тут двое ўдаўцоў, трэба глядзець далей...»

Яна, як сапраўдная гаспадыня, павяла Восілене доўгім праходам, паабапал якога рохкала і пішчала свіное царства. Каспар ішоў з Лайзанам і з прыемнасцю заўважаў, што Восілене здаволена.

«Няхай, няхай, — думаў ён сабе, — паглядзіць, які ў мяне парадак».

А Восілене, якая спачатку баялася ехаць у Эглайне, цяпер ужо зусім асвойталася і адчувала сябе як дома. Яна, калі падыходзіла да канца фермы, нават пажартавала з Каспара ў прысутнасці Марты:

— Каспар! Ды ты сапраўды свіны цар!.. У цябе добрага племя на ўвесь раён хопіць!

— Калі я цар, дык Марта каралева... — адказаў жартам Каспар, але Марта не змоўчала:

— Лепш падбірай каралеву па сабе! — І раптам пачырванела. Яна зразумела, што гэтым пакрыўдзіла цётку Восілене.

Каспар, як быццам не заўважыўшы нічога, ветла развітаўся з Мартай. Паабяцаў распарадзіцца наконт мукі, але сам хутчэй павёў Восілене адсюль. Яшчэ, чаго добрага, такі язык, як у Марты, можа разладзіць усю справу.

І як гэта не падумаў ён раней пра язык Марты? Такая ў хвіліну, сама таго не ўяўляючы, можа разбурыць тое, чаго ён з такой цяжкасцю дамагаўся доўгія тыдні.

Нічога больш Каспар паказваць не стаў, а ахвотна здаўся на просьбу Восілене, запрог каня і павёз яе ў Доўгае. Але клапаціўся ён дарэмна — чалавек, які любіць жартаваць і кпіць, і сам прывыкае лёгка да вострых жартаў. Вось чаму Восілене ніколькі не крыўдзілася на Марту, якая пераадрасавала «свіную каралеву» ёй. А хіба яна сама ў такім выпадку зрабіла б іначай? Мусіць, не... Куды больш яе займалі другія думы — ёй спадабаліся і хата Каспара, і яго дзеці, сустрэчы з якімі яна так баялася, спадабалася і сталярня Лайзана. Больш за ўсё непакоіла яе Візма. Гэтая дарослая дзяўчынка, вядома, усё разумела, паводзіла сябе стрымана і спакойна, а пры ўсім гэтым пазбягала проста глядзець ёй у вочы. Вядома, Візма хутка сама знойдзе сабе жаніха і, напэўне, пойдзе з дому, але і на некалькі гадоў цяжка будзе з ёй паразумецца. Да таго ж яны гавораць на розных мовах, як відаць, знойдзецца яшчэ розніца і ў звычаях... Дык што, вярнуцца пасля сканчэння будаўніцтва ў «Пергале»? Значыць, зноў і зноў адна ў хаце, цішыня і маўчанне навокал, дрыжанне ад кожнага грукату за акном у восеньскай імжы, імкненне да жывога, чалавечага цяпла?.. І няма там, у «Пергале», нікога, падобнага на Каспара...

Мякка шаркалі капыты каня, белаю плынню цяклі абапал саней снягі, дыміліся пенай пад палазамі і нечым нагадвалі павольную плынь вады, якая супакойвае і ўлагоджвае чалавека. Восілене задумалася і даверліва прытулілася да Каспара, а ён палажыў ёй руку на плячо.

— Адстань!.. Людзі бачаць!

Сяло ж было ўжо як на далоні. Яно стаяла над скаваным возерам, як быццам дрымотнае. Пакорліва сагнуліся пад вялізнымі пластамі снегу стрэхі. Толькі каля будаўніцтва тухкаў маторчык, быццам маладое сэрца гэтага вялікага паселішча. Пад дашчанай павеццю каля рухавічка ішла гаворка. Там сядзелі ўтраіх Нікіфаровіч, Кузьма Шавойка і Вера Сарокава.

Відаць, нейкая цікавая гутарка ішла паміж імі, бо выгляд Нікіфаровіча гаварыў, што ён паспеў ужо многае сказаць сваім маладым таварышам, а цяпер падмацоўваў сваю думку галоўным:

— Не, дзеці, я чалавек рабочы і мушу ў Ленінград вярнуцца. Быў дзед, ды няма... Я, брат, чалавек машынны, мне вунь іх колькі трэба. А тут я ад цішыні глухну...

— У Ленінградзе, вядома, лепей, — пагаджаўся Кузьма. — А ў нас то адно гнецца, то другое ломіцца. Відаць, на некаторых з нас добры дручок патрэбен!

— Што не ўсё добра, я і сам бачу. А цяжкага я не баюся. Мы, дзеці, на Пуцілаўскім у Ленінградзе некалі мусілі запальнічкі рабіць, а жылі... Цягне мяне і сюды: тут я нарадзіўся і хочацца вельмі памагчы вам. Але адчуваю, што дом мой цяпер там, далёка. У мяне там сыны, нявесткі, унукі. Ды не толькі яны, увесь Кіраўскі завод мая сям’я.

— І мы ж ваша сям’я, дзядзька Янка, навошта ж вы нас хочаце пакінуць? — не спынялася Вера.

— Не... не. Не магу, Вера. І палюбіў я вас вельмі, ды не магу. Як лягу спаць, дык і прысню Ленінград. А загудзіць тут гудок, усхаплюся: здаецца, наш Кіраўскі мяне заве... Там я нямала перажыў. А дзе многа бачыў гора, там сэрцу ўсё вельмі дорага.

— Вы многа перажылі ў Ленінградзе? — не супакойвалася Вера.

— Ленінграду я свой. О-хо-хо, што мы перажылі з ім? Ведаеце, дзеці, што рабілася ў нас у вайну — цяжка і ўявіць. Смерць хадзіла вакол. Што я вам скажу, дзеці! Калі вы пачуеце пра любога ленінградца, які там быў у блакаду мінулай вайны, вы не думайце, што я выхваляюся, ведайце — гэта пакутнік і герой!

І сапраўды, душа Нікіфаровіча пачала ныць і смуткаваць. Ён прыехаў у сяло, як на могілкі свайго дзяцінства, потым уцягнуўся ў новую справу і спачатку быў цалкам захоплены ёй. Цяпер ён часта задумваўся, падоўгу ўглядаўся ўдалячынь, дзе зімняе неба трымалася тонкім і крохкім берагам на цьмянай зубчатцы сасновых вяршалін, а па начах яму сніліся дымы над закуранымі камінамі, звон трамваяў, сяйвы агнёў, якія рассыпаліся далёка ў доўгіх, імжастых даляглядах вуліц. Там, у горадзе яму здавалася, што паветра палёў і цішыня сяла прыгарнуць яго назаўсёды, бо хоць рукі яго яшчэ шукаюць справы, сэрца ўжо сумуе па спакоі; там ён лічыў сябе селянінам па прыродзе, хоць і не прызнаваўся ў гэтым. І памыляўся. Ягоныя рукі зжыліся з металам, вочы з машынамі, з велізарнымі скляпеннямі цэхаў, а лёгкія — з паветрам, у якім саладкаваты пах дрэў і траў аздоблены гаркаватым смакам дымку. Калі б Нікіфаровіч мог вызначыць усё гэта, ён бы сказаў, што чалавек ад таго, да чаго прывык цераз усё жыццё, уцячы ўжо не можа.

— Сапраўды, паеду, — сцвярджаў Нікіфаровіч, як быццам сам у гэтым сумняваўся.

— А скончым хутка, — уздыхнуў Кузьма Шавойка, які прыжыўся каля рухавічка і трывожна думаў пра той час, калі станцыя будзе пабудавана і патрэба ў рухавічку адпадзе.

— Відаць, што скора скончыцца, бо ад будаўніцтва начальнік наш ні кроку, — пырснула смехам Вера.

— Ён не меней як разоў пяць на дзень прыбягае туды, — ажывіўся і Кузьма, — каб паглядзець на Анежку. Дзяўчаты, якія працуюць з ёю, ажно жартаваць пачалі: «Дадушы, дзевачкі, ён, відаць, у нас ва ўсіх закахаўся. Так часта бегае».

Алесь сапраўды з раніцы да вечара знаходзіўся на будаўніцтве, і, вядома, не таму толькі, што Анежка са сталоўкі, дзе ёй стала сумна, перайшла ў брыгаду тынкоўшчыкаў, а таму, што і сам ён не меў належнага вопыту, і тых, хто прыйшоў сюды, трэба было шмат чаму вучыць нанова. Па сучасных памерах будаўніцтва гэта было невялікае, адна куйбышаўская турбіна магла замяніць такіх штук сто, калі не болей, але працэсы будоўлі, хоць і розныя па маштабах, у прынцыпе былі падобныя. І таму ён, хуценька паснедаўшы, бег звычайна ў кантору, пераглядаў пошту, падпісваў неабходныя паперы і спяшаўся сюды. Не забываўся ён пабыць і ў Анежкі, хоць пагаварыць з ёю ўдавалася не заўсёды. А зараз, у канцы рабочага дня, ён наважыў зайсці да яе. Перапэцканая, у грубых штанах і куртцы, яна і на гэты раз здалася яму зусім маленькай, нечым нават падобнай на непастрыжапага хлапчука. Каб пабыць каля яе больш, ён узяў у яе інструмент і пачаў раўнаваць вапну на сцяне.

— Ну як, добра?..

— Ды не! Вось як трэба! — І яна, адабраўшы правідла, пачала паказваць, як трэба рабіць. — Не век жа мне бульбу скрэбці. Мне на будоўлі больш падабаецца!

— Чаму?

Анежка раптам крута павярнулася ад сцяны і з выклікам звярнулася да Алеся:

— А можа, таму, што я тут цябе часцей бачу!..

— О-го-о! — толькі гукнуў Алесь.

Алесь ніколі яшчэ не бачыў яе такой смелай і задзёрыстай. Колькі ён яе ведаў, яна бесперапынна мянялася, як палявая кветка, якая спачатку выглядае малапрыкметным бутонам, потым асцярожна выпроствае кончыкі пялёсткаў, а потым, распусціўшыся, да канца жыцця — якое кветцы наканавана — увесь час мяняе фарбы і адценні, заўсёды застаючыся сама сабой. Калі б Алесь захапляўся паэзіяй і быў здольны марыць па-старамоднаму, ён прыйшоў бы да выніку, што ў гэтым і ёсць самая галоўная прывабнасць прыгожай жанчыны. Пры першым спатканні на лузе пра Анежку можна было сказаць, што яна сімпатычная, нават прыгожая, але дзікаватая і маўклівая; пасля, на дарозе, калі ён падарыў ёй паясок з Мінска, яна была больш прывабная, але паказала сябе палахліваю і дзіўна ўпартаю — упартасць, калі не зразумець яе глыбокіх прычын, можна палічыць за капрыз ці нават за нейкую тупасць; на спектаклі ў клубе яна іграла ролю, жыла чужым жыццём, але так, быццам гэта было яе ўласнае, — іграла нібы самую сябе, глыбокую, удумлівую, бясконца мілую і прываблівую. Усялякі раз, пры нязменнай вернасці сабе, у ёй выяўлялася глыбіня, новае адценне пачуцця. І, што самае галоўнае, — у любой новай якасці яна станавілася яму яшчэ бліжэйшай, раднейшай, быццам ішла, набліжалася да яго па пятлястай сцяжынцы ў пераменным вясновым святле. Часамі, у запале радасці, ён гатовы быў сур’ёзна паверыць у праўдзівасць даўняе легенды пра тое, што мужчына і жанчына з’яўляюцца дзвюма паловамі аднае істоты, гвалтам разлучанымі і прымушанымі ўсё жыццё шукаць адно аднаго. Ён чытаў пра гэта ў кнізе на першым курсе інстытута і тады жартаваў з наіўнасці паэтычнае выдумкі. Не заўважыў ён толькі аднаго, што і сам мае дачыненне да перамен у ёй, што многія з іх — гэта водсвет і водгук таго, што нарадзілася і адбывалася ў ім самім. Абое яны сталелі, абое імкнуліся быць лепшымі, каб яшчэ больш падабацца адно аднаму. Каханне, як вясна над кветкай ці гранільшчык над алмазам, працавала над іх думкамі, пачуццямі, паспяхова, што, на жаль, бывае далёка не заўсёды.

— Анежка! Калі б ты знала, што я і хвіліны без цябе жыць не магу...

— І я таксама.

Яму здалося, што Анежка не прымае яго слоў усур'ёз, і ён перапытаў:

— Ты жартуеш?..

— Адкуль ты ўзяў?..

Тады ён паспрабаваў яе схапіць у абдымкі, але яна ўцякла.

— Перапэцкаешся!

Яна апусціла вочы.

— Хадзем дахаты, усе ўжо скончылі працу, — каб вывесці яе з няёмкага стану, змяніў гаворку Алесь.

І Алесь пайшоў праводзіць дзяўчыну да барака, у якім тая жыла з Восілене. Многія ўжо ведалі аб іх адносінах, і яны іх не хавалі ад людскога вока. Цяпер ішлі паволі, падымаючыся па вытаптанай сцяжынцы бліжэй да лесу, і гаварылі. І хоць сустракаліся амаль кожны дзень, але гаворкі заўсёды хапала. Алесь адчуў, што Анежка хоча яму нешта расказаць.

— Ведаеш, сёння прыйшла Зосітэ...

— Ну, што там? — нецярпліва запытаўся ён, ведаючы, што Анежка скажа пра нешта цікавае.

— Казала, што ў бацькоў маіх была. Стары лае на чым свет стаіць Парэчкуса, а маці плача.

— Дык, можа, ён сягоння і на мяне іначай гляне? — раптоўна акрыяў Алесь.

— Я ўпэўнена!..

Дома Алесь, не даўшы яшчэ Анежцы распрануцца, пасадзіў яе каля сябе на лаве і прытуліў.

— Як было б добра, калі б ён не здзекаваўся з нас.

— Алесь! Я пераканана, што бацька зменіцца.

— Дзе ж той валацуга падзеўся?

— Я думаю, што збег адсюль.

— Нікуды ён не ўцячэ, вось пабачыш! Знойдуць і прывядуць.

— Хутчэй бы, а то я ісці дадому баюся.

— Дурненькая ты, ён цяпер «Пергале» як чорт ладану баіцца.

Алесь прыўзняўся і глянуў у акно. Вызваліўшыся з ягоных рук, Анежка хуценька скінула жоўтую ватоўку і ў сваёй блакітнай кофтачцы стала яшчэ больш прывабнай. Алесь не вытрымаў і прыхінуўся да яе шчакі.

Гэта была іх першая вячэра з вока на вока. Ён глядзеў на яе круглыя плечы, на яе белую шыю з кольцамі валасоў і... пачырванеў ад непамыснасці, прыгадаўшы сваю сустрэчу з Лізаю ў Мінску. Быў там малюнак на цыраце з белымі лебедзямі на хвалях, паштоўкі з малюнкамі, дарожкі на падлозе, гуллівае какетнічанне, гарачае і падатнае цела неблагой па сутнасці дзяўчыны, і ўсё ж такі засталося ад усяго гэтага непрыемнае адчуванне падроблівання і нейкай таннасці, ружовай вадзіцы і бліскавак, якія лёгка спадаюць. Тут сцены былі белыя і чыстыя, як у класе, дашчаная падлога, якая раздалася, паглядала шчылінамі, гаспадыня толькі што зняла з сябе заляпанае глінаю рабочае адзенне, а ўсё гэта разам кратала і вабіла сапраўдным жыццём, шчырасцю пачуцця.

— А можа... — і яна, яшчэ раз прыгнуўшыся да шафы, выняла адтуль графін наліўкі.

Ён толькі моўчкі кіўнуў галавой. Анежка наліла. Як сапраўдная гаспадыня, яна прыгубіла чарку і перадала Алесю. Трэба было бачыць, як урачыста падымаў чарку Алесь і як, выпіўшы, пацалаваў дзяўчыну.

Якое шчасце жыць удваіх! Яму не трэба было ніякіх палацаў, ні кватэр, вось каб толькі быў такі маленькі куточак і нічога болей у ім, як ёсць цяпер, каб толькі была яна адна.

— Анежка! Я хачу прызнацца табе... — Ён блытана пачаў выкладаць сваю душу.— Не магу без цябе.

— І я... — ласкава ўсміхнулася яна ў адказ.

— Ну, дык у чым рэч. Хадзем да мяне, скажам маці: так і так...

Анежка, відаць, прыгадаўшы нешта, спахмурнела.

— І да тваіх бацькоў сходзім, калі трэба! — настойваў Алесь.

— Усё гэта так і не так! — усхвалявана адказала яму Анежка. — Ведаеш, Алесь, што я думаю? Не раўня я табе...

— Як ты можаш так казаць?

— Але ж гэта праўда.

— А як жа ты пакахала мяне? Як жа са мной сустракалася? Чаму маўчала раней? Усе людзі ведаюць...

— Пакахала для сябе, а не для людзей! — з нейкай адданасцю і рашучасцю праказала яна, падышла і абняла Алеся за шыю. — З першай сустрэчы пакахала... І пакутавала, і баялася, і богу ў касцёле малілася, і пану клебонасу спавядалася... Усё было, Алеська, усё было, добры мой!.. Уся я з табою, усёй душою, і ніколі не раскаюся ў гэтым, ніякіх людзей не баюся! Аднаго баюся — каменем на тваіх руках павіснуць, непатрэбнай для цябе сярод другіх людзей быць...

Алесь маўчаў, разгублены, а яна гаварыла, перабіраючы яго светлыя валасы, прыпаўшы грудзямі да яго пляча і шчакой да шчакі. Ён хацеў ёй сказаць, што гэта нічога не азначае, што яна павінна вучыцца і будзе вучыцца, што можна пачаць хоць заўтра,— хацеў сказаць і не паспеў: за акном пачуліся крокі. Анежка птушкай пырхнула ад стала да шафы, схавала графін, чаркі, талеркі.

Рыпнулі дзверы, і ў хату ўвайшлі Каспар і Восілене.

— Як відаць, вам без нас не сумна! — не паспеўшы прывітацца, усклікнула Восілене.

Анежка сумелася. Алесь жа на ўпік Восілене спакойна адказаў упікам:

— Я не бачу, каб і вы сумавалі... Хадзем, Анежка!

Анежка пачала апранацца.

Восілене занепакоілася.

— Што вы, можа, пакрыўдзіліся?

— Ды не, у нас свае справы... — засмяяўся Алесь.

Анежка шапнула цётцы Восілене на вуха, што яна хутка прыйдзе, і ўслед за Алесем выбегла на вуліцу.

На дварэ ўжо добра змерклася. Снег пад марозікам зрабіўся сіні і каляны. Вецер гнаў па ім снегавы пыл і перамятаў дарогу. Па дарозе Алесь узяў Анежку пад руку, і яны абое адчулі, як ім добра і хораша ісці тут сярод бясконцай снегавой роўнядзі. Не хацелася нават гаварыць. Тут, сярод сцюдзёнага поля, яны адчувалі сябе блізкімі без слоў. Здавалася, што ніхто не бачыць і не чуе іх у гэтым бязмежжы, нават зоры на небе мігцелі так пяшчотна.

Першая парушыла цішыню Анежка. Прайшоўшы добрыя паўдарогі, яна спынілася.

— Я дамоў, Алеська!..

— Дык я ж цябе і вяду дамоў!

— Не, мне не да жартаў... Мяне цётка Восілене будзе чакаць!

— Ёй не да цябе, я думаю. Няўжо ты нічога не разумееш? Пойдзем, Анежка, да мяне ў госці. Ты ж сказала, што нічога не баішся.

— Што ты ўхапіўся за маё слова?

— Ну, усё роўна я цябе не адпушчу! — рашуча сказаў Алесь і, моцна сціснуўшы яе руку, павёў у Доўгае. Яна паківала галавой, але не пярэчыла. «Цяпер усё адно, — мільганула ў яе думка, — назад дарогі няма». Яна ўспомніла, што раніцаю, перад тым як ісці на работу, зняла і, патрымаўшы амаль безуважна на далоні, кінула ў скрынку срэбны крыжык. Гэта было яе развітанне з дзяцінствам, з мінулым. Уласна кажучы, яна гатова была гэта зрабіць і раней, але думала схадзіць да маці і не хацела яе крыўдзіць, а цяпер і гэта не мела значэння. Што можа дадаць адсутнасць крыжыка да таго, што Алесь быў у яе, а яна абдымалася з ім, сама цалавала яго, а цяпер ідзе да яго дамоў, не папярэдзіўшы бацькоў і не параіўшыся з імі? Ніколі ні з адной з яе бабак ці прабабак не магло здарыцца нічога падобнага. Між іншым, яна не розумам дайшла да адмаўлення веры. Не-не ды нейкія змрочныя адчуванні таго, што яна будзе пакарана, яшчэ шавяліліся ў яе душы. Але калі багамольны Пранас Парэчкус зрабіўся бандытам, а бязбожнік, якога яна любіць, — такі добры чалавек, дык які ж можна было зрабіць выбар? Стрыманыя, сарамлівыя натуры, калі да іх прыходзіць каханне, аддаюцца яму ўсёй істотай, і для яе было лепш загінуць з каханым, чымся спадзявацца на рай без яго.

Увайшоўшы ў сяло, яны пачулі гоман ля калгаснай канцылярыі. Неўзаметку падышлі да ганка. Святло з вокнаў падала на каржакаватую постаць Захара Рудака. Побліз яго стаялі Кузьма Шавойка і Вера Сарокава. Відаць, яны нядаўна выйшлі з канцылярыі і не пакідалі сваёй ранейшай гаворкі.

— Дык заўтра, а сёмай, — яшчэ раз напамінаў Рудак, — і Самусевіч пойдзе з вамі... Глядзіце ж вы, каб пілы і сякеры былі як след.

— Піла ў мяне, як агонь! — падскоквала каля Рудака Вера.

— Сама ты піла добрая! — паспрабаваў пажартаваць Кузьма Шавойка.

— Ну, ціха вы! А то перад начальствам сорамна, — перабіў Рудак, паказваючы на Алеся.

— А куды вы збіраецеся, таварыш Рудак? — запытаў Алесь.

— У лес, у лес, дарагі таварыш Іванюта. Сам жа ты казаў, што бярвенне патрэбна. І на слупы, ды і на Дом агракультуры, што мы рашылі будаваць калгасам. Вось мы і ўмовіліся заўтра ў лесе з Мешкялісам сустрэцца. Выбераш час — прыходзь костачкі размяць.

— Ладна, прыйду, — паабяцаў Алесь.

Калі Алесь з Анежкай прыйшлі дадому, яны засталі там і Нікіфаровіча.

Старая Агата з цікавасцю сустрэла сына з дзяўчынаю. Яна ўжо добра ведала, хто гэта такая. Не раз ёй паказвалі суседкі на Анежку, як на нявестку. І хоць ёй гэта не падабалася, яна парашыла ўсё рабіць так, каб было прыемна сыну.

— Вось добра, што разам завіталі, а то ў Марфачкі тут міжнародныя справы, і яна ніяк не можа ў іх разабрацца...

Марфачка, якая спачатку засаромелася і зашылася ў куток, хутка, здаўшыся на ўгаворы брата, выйшла адтуль і дастала са школьнай сумкі жоўты канверт. Гэта было пісьмо чэхаславацкіх школьнікаў да вучняў доўгаўскай школы. Газеты ўжо не раз пісалі пра тое, як тры калгасы трох рэспублік сумесна будуюць гідрастанцыю, і, відаць, гэтыя навіны нейкімі шляхамі дайшлі да чэхаславацкіх вучняў. Чым толькі не цікавяцца сёння нашы дзеці! Чэхаславацкія школьнікі вельмі дакладна, што не заўсёды бывае ў дарослых, пісалі, што горад іх галоўным чынам робіць абутак і што, можа быць, некаторыя будаўнікі гідрастанцыі таксама ходзяць у тых чаравіках, чаму яны былі дужа рады. Апрача таго, яны паведамлялі, што раней увесь горад і нават чыгунка на трыццаць кіламетраў вакол належалі капіталісту Бацю, а цяпер таго Баці няма, памінай як звалі! Як выганялі Бацю, расказвалася вельмі падрабязна і праўдзіва, але з такім уздымам і ў такім бадзёрым тоне, што выходзіла, быццам выгнанне капіталістаў — гэта і ёсць самая лёгкая справа. У канцы пісьма яны жадалі доўгаўскім дзецям добрых поспехаў па ўсіх прадметах і прасілі расказаць, як выганялі капіталістаў з Доўгага і як цяпер вучні дапамагаюць будоўлі...

Вось гэтае выгнанне капіталістаў і ставіла Марфачку ў цяжкае становішча па той простай прычыне, што яна пры гэтым не прысутнічала. Якія яны былі? Як іх праганялі і куды? Сямейная рада з Агаты і Нікіфаровіча, які паведаў іх, не прыйшла да адзінага рашэння. Агата лічыла, што трэба напісаць пра паноў-пілсудчыкаў, а Нікіфаровіч, як жывы сведка і ўдзельнік Кастрычніцкай рэвалюцыі, лічыў, што доўгаўскія школьнікі ў сваім пісьме павінны пачаць з «Аўроры» і першага залпа па Зімнім палацы. Цяпер на параду былі закліканы Алесь і Анежка.

— Скажу я вам, дзеці, — гаварыў Нікіфаровіч, а дзецьмі ён меў права называць усіх прысутных у хаце, — скажу я вам, што цуд робіцца на белым свеце. Дзе гэта чэхаславацкі горад Готвальдаў, а і там пра Доўгае даведаліся! Ну, скажам, Ленінград — дык гэта іншая справа, а то Доўгае, і вось табе, калі ласка! І хто? Дзеці! Калі я быў такі, як Марфачка, я не мог падлічыць, колькі ў тым статку ў гаспадара гусей, што я пасвіў; каб украў хто-небудзь дзве ці тры, я і не дазнаўся б... Вось як!

Агата сядзела ў канцы стала і з гонарам паглядала то на Марфачку, то на Алеся. «Бачылі, якія ў мяне дзеці?» — гаварылі яе вочы. Анежка ўзяла ў Марфачкі пісьмо і пачала яго перачытваць — не для таго, каб вычытаць з яго тое, чаго не заўважылі другія, а дзеля таго, каб чым-небудзь заняцца: яна ведала, што яе будуць разглядаць, і старалася рабіць выгляд, што не заўважае гэтага. І сапраўды, Агата яшчэ і яшчэ раз усю з ног да галавы агледзела дзяўчыну, і на сэрцы ў яе стала спакайней. Нічога сабе, акуратная літовачка, хоць такой, якая б была варта яе сына, Агата проста і ўявіць не магла. Нарэшце, каб не сароміць Анежкі, Агата адвярнулася ад яе і запыталася ў дачкі:

— А што ж вы пра тое, як дапамагаць будзеце, напішаце?

Марфачка разгубілася.

— Заўтра ў атрадзе пагаворым... Ну, смецце на будоўлі прыбяром, кветкі пасадзім. Праўда, Анежка?

Анежку кранула такая даверлівасць дзяўчынкі, і яна адказала ёй, як сваёй сяброўцы, зусім сур’ёзна:

— Правільна... Вядома, правільна!

Хутка яна пачала збірацца дамоў.

— Ды што так рана? — занепакоілася Агата.

— Заўтра на працу.

— А то пасядзелі б... Першы раз у нас.

— Не, дзякую!

— Дык вы ж прыходзьце, глядзіце ж, прыходзьце!..

Анежка змоўчала, толькі кіўнула галавой.

Алесь праводзіў Анежку да баракаў. Яны заседзеліся да таго часу, калі бадай што ўсе палеглі спаць. Толькі па гары, каля будоўлі мігцелі агеньчыкі. Алесь думаў: «Няўжо там сядзіць яшчэ Каспар?» Анежка ішла побач з ім з нейкім асаблівым замілаваннем на сэрцы, якое прыходзіць звычайна пасля вялікага хвалявання. Яна была рада, што пабыла ў Алесевай хаце. Як там усё проста і светла. Зусім не падобна на тое, што было ў іх, калі жыў Парэчкус. І, можа, ад усяе гэтай цеплыні і шчырасці, якую яна ўбачыла ў хаце старой Агаты, Алесь здаваўся ёй яшчэ раднейшы. Яна ўсё бліжэй тулілася да яго пляча, і сэрца быццам замірала.

Яны не заўважылі, як дайшлі да баракаў. У акне цёткі Восілене яшчэ гарэў агонь. Анежка запрасіла Алеся зайсці, але той пасаромеўся. Развітаўшыся, шпарка закрочыў дахаты, і яму было так горача, што ён зусім не адчуваў дваццаціградуснага марозу, і плечы, здавалася, маглі падняць на сабе ўсю гэту будоўлю, што ўзнімалася побач.

 

 

1 Лаб дэн!.. — Добры дзень!.. (латыш.)

XXII

Вясна прыйшла неяк раптоўна. Звечара снег мацаваў даволі востры марозік, і нельга было падумаць, што ўсё рушыцца раніцаю. Сонца, ахутанае шэраю смугою, нясмела і ленавата ўставала з-за лесу, і здавалася, што яму не хочацца прачынацца. А калі ўзнялося ўгору сажні на тры над лесам, усё змянілася. Шэрань знікла, як бы яе і не было, а сонца расплюшчыла шырока вочы ды глянула на палі вакол, і ўсё скрозь закіпела: снег адруз, з узгоркаў памчалі ручаіны. На рэчцы ледзяныя брыжы пачалі адставаць ад берагоў. З паўдня паказаліся чорныя плямы па схілах узгоркаў. Над імі ледзь прыкметна падымалася белая пара. Можна было падумаць, што зямля варушыцца і моцна ўздыхае пасля доўгага зімовага сну. Высозны кран на будаўніцтве маркотна падымаў сваю доўгую стралу, паглядаючы далёка за лес, адкуль плылі цёплыя веснавыя вятры. Яму ўжо не было чаго рабіць, а ён не прывык прастойваць без работы.

Алесь стаяў і паглядаў за ўсім гэтым. На сэрцы было неспакойна. Такі дружны прыход вясны радаваў некалі яго, вясковага хлапца, але трывожыў сягоння. Хутка пойдуць крыгі, і не вельмі ўжо моцная перамычка можа не вытрымаць напору лёду. Для гідратэхніка паводка — відовішча не так прыгожае, як грознае. Звычайныя людзі п’юць ваду, купаюцца ў рэчцы, пялёскаюцца між марскіх хваляў, але яны вельмі мала ўяўляюць сілу гэтай стыхіі, якая ў пэўны час разбурае жалезабетонныя плаціны, крышыць камень, хутчэй, чым піла, пераразае ствол дрэва і гне жалеза. Сёння людзі навучыліся тонкім струменем вады свідраваць сталь, а сіла вады далёка не вычэрпваецца гэтым. Нельга сказаць, каб будаўнікі не думалі аб гэтым раней, але не чакалі, што ледаход можа прыйсці так раптоўна. Алесь прыняў цвёрдае рашэнне: «Узнімаць трывогу, бо калі прамарудзіць, дык усяму можа быць канец. Трэба зараз жа выклікаць падрыўнікоў і арганізаваць дзяжурства брыгад на перамычцы». Ён так спяшаўся ў кантору, што нікога не заўважаў на дарозе і, чаго ніколі не было з ім, не заўважыў нават Анежкі, якая паглядала з дзвярэй свайго барака. Цэлую гадзіну круціў Іванюта ручку тэлефона і размаўляў з «Пергале» і Эглайне. Перадаў ён свой непакой і Захару Рудаку. Той падтрымаў Алеся і парашыў скласці з доўгаўцаў цэлую брыгаду па барацьбе з ледаходам.

Алесева трывога якраз у час ахапіла будаўнікоў-суседзяў: «Каб не выйшла бяды!» І з усіх бакоў пад вечар прыйшлі на электрастанцыю выратоўчыя брыгады. З «Пергале» з’явіўся сам Мешкяліс. Эглайнаўскую брыгаду ўзначальваў Петэр, кіраваць доўгаўцамі Рудак даручыў Кузьме.

Хутка ў Доўгім сабралася столькі народу, як у першы дзень будаўніцтва. Перш-наперш парашылі падняць на метр і ўмацаваць перамычку. Зазвінелі і заблішчалі пад сонцам рыдлёўкі. На ўзгорку нарыхтоўвалі пясок. Калёсы падвозілі яго на перамычку, а хлопцы і дзяўчаты цягалі насілкамі. І хоць было цяжка, моладзь не забывала песень. Вясёлая, зазыўная песня ляцела ад перамычкі далёка над абуджанымі берагамі Доўгага.

Алесь быў разам з усімі. Яму было прыемна, што з «Пергале» з’явіліся Йонас і Зосітэ. Пасля вяселля ён іх мала бачыў. Калі Алесь горача прывітаўся з Йонасам і пацікавіўся, як той жыве, Мешкяліс, што стаяў побач, не ўтрымаўся, каб не падкалоць:

— Хутка на радзіны прыязджай!

— Ну, тут, можа, як-небудзь і без цябе абыдземся, — не то жартам, не то ўсур’ёз адрэзаў Йонас.

Алесь адчуў сябе ніякавата за Мешкяліса і адышоў. Але ён бачыў, што Йонас і Мешкяліс не сярдуюць адзін на аднаго, а па-ранейшаму побач дружна распраўляюць на перамычцы ссыпаную з калёсаў зямлю. Прыемна яму было тое, што разам з Йонасам працаваў таксама Кузьма. Алесь глядзеў і думаў: «Яны, мабыць, і забыліся пра тое непамыснае і чорнае, што было паміж імі».

На ноч пакінулі на перамычцы адну дзяжурную брыгаду. Па асабістай просьбе Кузьмы брыгадзірства даручылі яму. Трэба было бачыць, як Кузьма быў здаволены. Усе, хто блізка ведаў яго, проста дзівіліся. Як быццам нехта падмяніў хлопца. Нават характар зусім змяніўся. Палагаднеў і паспакайнеў.

Нікіфаровіч жартаваў з гэтае прычыны, што жыццё ўжо аб’ездзіла Кузьму і пад сядлом, і ў аглоблях; цяпер, відаць, не панясе і воза не разаб’е. Людзі, прыцягнуўшы бёрны, прыладзіліся вакол агню, жартавалі і спрачаліся, расказвалі розныя прыгоды, якіх нямала здараецца на вечарынках.

Кузьма стаяў з сябрамі пры агні каля перамычкі, асветлены чырванаватым святлом, у паўкажушку і барановай шапцы, і мастаку смела можна было з яго пісаць карціну: «Партызанскі камандзір абдумвае новую аперацыю». Для поўнага падабенства Кузьме не хапала толькі маўзера ў драўлянай кабуры ці ў крайнім выпадку аўтамата. Па сутнасці, калі гаварыць вобразна, Кузьме цяпер хацелася ператварыцца ў адно суцэльнае вуха — ён пільна прыслухоўваўся, а ці не раздасца дзе скрогат ці падазроны трэск, якія азначаюць рух лёду. Часамі ён бегаў да сярэдзіны перамычкі, каб пераканацца, ці ўсё спакойна, часамі ішоў на поле і спрабаваў снег — ці не скоўвае марозам? Як чалавек разумны, ён хацеў, каб усё праходзіла спакойным і найлепшым чынам, але ў той жа час вялікая фантазія яго малявала самыя страшэнныя здарэнні, над якімі, дзякуючы яго знаходлівасці і самаадданасці, здабываецца поўная перамога. Ён прагнуў подзвігу, каб у ім дарэшты адмыць сваю душу ад непамыснай гаркоты пасля таго дурнога п’янства і бойкі.

Але не толькі адна брыгада Кузьмы не спала ў гэтую ноч. Калі б хто сачыў за Алесем Іванютам, дык заўважыў бы, што апоўначы ён ціхенька выйшаў з хаты і пакрочыў берагам возера. Яны не згаворваліся, але праз колькі хвілін і стары Нікіфаровіч пайшоў услед гэтай жа сцяжынкаю, пагрукваючы кіёчкам. Дзеду Нікіфаровічу не спалася з тае прычыны, якая гоніць птушак пасля зімоўкі ў родныя мясціны. Кажуць, перад тым як зняцца, яны некалькі дзён, збіўшыся ў чараду, вядуць сябе неспакойна, быццам перамаўляюцца і раяцца. Нікіфаровіч збіраўся адлятаць адзін і параіцца мог толькі з самім сабой. «Каб хоць гэта мінула!» — думаў Алесь, уяўляючы, колькі людское працы можа пайсці прахам. Напэўне, так замірае сэрца ў старшыні калгаса, калі ён бачыць набліжэнне навальніцы, калі пыл слупамі ўздымаецца над полем і прарэзліва, ярка ўспыхвае маланка... На сэрцы ў Алеся было цяжка. Ён падыходзіў да берага і мацаў лёд. Спрабаваў ударыць калом. «Не, яшчэ моцны! Але хіба ў гэтым справа, — меркаваў ён. — Вада, якая прыбывае з кожнаю гадзінай, можа так наперці на лёд, што зрушыць яго і пакрышыць, але на такія глыбы, што паспрабуй стрымаць!»

Алесь ішоў берагам паміж старых задуманых хвой і прыслухоўваўся да іхняй таемнай гаманы. Хвоі шумелі так, быццам ім адным было вядома, што будзе заўтра на возеры Доўгім. Алесь прыпыніўся каля тоўстай з вузлаватым ствалом сасны і падумаў: «Колькі бачыла яна на сваім вяку ледаходаў на Доўгім?» А тая штосьці шаптала яму на вуха і заспакойвала. Ён глядзеў вакол — цішыня і цемра, толькі электрычныя агні на будаўніцтве, ды раскладзенае вогнішча трапыхала, як чырвоны мятлік, побліз возера. «Мабыць, спіць і Анежка,— думаў ён, зазірнуўшы ў бок баракаў. — Ды і мне варта ісці дадому; хіба я гэтым памагу, што тут блукаю? Ці не лепш адпачыць, каб заўтра мець больш сілы...» Але ён не шкадаваў, што прайшоўся ў гэтую прадвясновую ноч да Доўгага. Ва ўсім, што акружала яго, адчувалася нейкая таемная ўрачыстасць, якая моцна хвалявала. І гэтае паветра з цёплымі павевамі, якое, здавалася, вось-вось ажыве ў першых званочках жаўрука. Калі чуеш яго, уяўляеш, што нехта кратае, як бы незнарок, ледзь чутную струну. Хвалявалі яго і гэтыя хвоі, якія, калі прыслухацца да іх, сапраўды гамоняць з зямлёю, а калі прыкласці вуха да дрэва, можна пачуць і плыні смол, што ўздымаюцца ўгару пад аджыўшай ад марознай стыні карою.

І можа, таму, што гэтыя свежыя красавіцкія вятры высока ўзнялі і яго юнацкае сэрца, Алесь адчуў сябе лёгка, як ніколі. «Пераможам і ледаход!..» — сказаў ён сам сабе і цвёрдым крокам накіраваўся дахаты.

Праз колькі гоняў сустрэўся з Нікіфаровічам. Нечакана для сябе пасмяяўся са старога:

— Вось ужо не ведаў, што і ў вас спатканне.

— А я не думаў, што і ў вас бяссонніца, — адказаў яму Нікіфаровіч.

Яны пагутарылі аб сваёй начной сустрэчы і пайшлі ўздоўж берага да сяла. Не згаворваючыся, накіраваліся да агню на перамычцы. Янка Нікіфаровіч раз-пораз пыхкаў сваёю люлькаю, і тады з мораку выплываў яго дабрадушны твар з сівымі вусамі.

— Добра, сынку, што непакоішся, — разважаў ён. — Я і сам спаць не магу. Значыць, ты гаспадар, вось што. Заўсёды гэта было; я, брат, як стаў на заводзе працаваць, помню, калі што рупіць, не засну праз цэлую ноч. Ну, скажам, у блакаду, калі чаго недараблю, не сплю, каб усё добра было. Усю ноч на ложку, бывала, кідаешся, лічыш, колькі там пракляты гітлеравец снарадаў і бомб выкідвае... А тут, брат, разумею цябе — такая гаспадарка, і не толькі твая... Страшнавата, відаць, таварыш Іванюта?

— Страшнавата, дзеду Янка! Як я, дык гатоў бы, здаецца, пад бомбамі паляжаць; ну заб’юць дык заб’юць, а тут сораму колькі...

— А ты ляжаў пад імі?

— Не даводзілася...

— Ад іх, калі запішчаць, скура са спіны на патыліцу сама лезе... Не гавары пра тое, пра што не знаеш!.. Баяцца не бойся, а сачы, браце, пільна за возерам. Я помню, як млын ледзь не знесла. А што ён, той млын?

Так за гаворкаю неўпрыкметку падышлі да агню, дзе дзяжурыла Кузьмова брыгада. Кузьма, загаварыўшыся каля вогнішча, шкадаваў, што не заўважыў, як вынырнулі яны з начнога мораку. «Яшчэ падумаюць, што мы ўсё прарагатаць можам», — крыўдаваў ён на сябе.

— Ну дык, хлопцы, як у вас на фронце? — па-сур’ёзнаму запытаў Нікіфаровіч, згінаючыся па вугалёк да агню, каб распаліць сваю люльку.

— На заходнім фронце без перамен! — бадзёра адказаў Кузьма. — Вораг спіць...

Алесь стаяў ля берага і пазіраў у даль возера. Усё пакуль што было нямым, толькі ледзь чутнае патрэскванне ля берагоў далятала да ягонага вуха.

— Кузьма! — паклікаў Алесь і, калі той падышоў, запытаў: — Не страляў звечара?

У сёлах па берагах рэчак ніхто не скажа, што лёд ломіцца, а кажуць, што «страляе», разумеючы ў гэтым гул, падобны на гарматны стрэл, калі лёд крышыцца.

— А людзей у цябе хопіць на вострую патрэбу?

— І не сумнявайся! — адказаў Кузьма і гэтак шырока разняў рукі, быццам хацеў паказаць, што і адзін ён можа стрымаць навалу.

— Ты не чапурыся, а падумай!

— Цвёрда кажу — да раніцы хопіць. Раніцаю заступае Мешкяліс. Але, калі трэба, мы ўсе і ўдзень падыдзем!

— Я думаю, што можна адпачыць, — падышоў да Алеся Нікіфаровіч.

— Спіце спакойна! — запэўніў іх Кузьма.

— Бачыш, які хлопец руплівы, — з гонарам гаварыў Алесю Нікіфаровіч, калі яны адышліся колькі крокаў. — А што было загубіць чалавека? З розумам трэба падыходзіць да кожнага. Многа ў цябе наперадзе ўсялякіх вялікіх спраў, сынок, а помні — чалавека не выгадуеш, дык і будоўлі не зробіш... Цяжэй за ўсё на зямлі чалавек расце!..

Праз колькі хвілін іхнія постаці зніклі ў мораку...

 

Сонца, падобнае на мастака, захопленага вялікаю задумаю, устаўшы раніцаю, не стала песціцца ў тумане і прымярацца, а адразу, яснае і гарачае, узялося за работу. Да паўдня ўзгоркі, якія яшчэ ўчора былі шэрыя, сталі чорныя, а чорныя раскіслі, расталі, і з усіх бакоў да возера ўжо ляцелі не празрыстыя ручаі вады, якую называюць снегавой, а рудыя, ускудлачаныя, яны шасталі бруднаватаю пенай.

Сумнення не было — сёння лёд можа крануцца. І таму на перамычцы пабольшала людзей. Дзяжурыла брыгада Мешкяліса, але было ў ёй шмат і добраахвотнікаў з другіх брыгад. Вядома, Кузьма не клаўся спаць, а лічыў сваім абавязкам прысутнічаць і раіць Мешкялісу, што рабіць, калі будзе патрэбна.

Анежка з рыдлёўкаю стаяла каля Зосітэ. Яна не магла сягоння каб не быць тут, на перамычцы, якая ўсіх непакоіла. А яшчэ хацелася пабыць разам з пергалеўцамі і асабліва пагаварыць з сяброўкаю, каб дазнацца аб тым, што робіцца ў яе дома. А Зосітэ і сама толкам нічога сказаць не магла — працавалі Пашкевічусы, як звычайна, спаць клаліся рана, ні да каго ў госці не хадзілі. Па праўдзе ж кажучы, Зосітэ мела асалоду першых месяцаў сямейнага жыцця, і, прынамсі, у гэты час справы суседзяў яе не хвалявалі. Цяпер яе цікавілі не доўгія размовы, а тое, як Паўлюк Ярошка, узброены багром, так паважна, нібы хадзіў па сцэне, праходжваўся ўздоўж берага. Ён выдаваў з сябе такога волата, што сапраўды можна было падумаць — сунься якая крыга да перамычкі, Ярошка адразу падхопіць яе і перакуліць цераз плячо.

— Бачыў, — падміргваў хлопцам Кузьма, паказваючы на Ярошку, і тыя са смеху пырскалі ў далоні. А на самай справе Кузьма, рагочучы разам з усімі, у душы пабойваўся, што Ярошка можа дайсці да паказу розных тыпаў і, чаго добрага, сярод іх можа апынуцца і сам ён, Кузьма, а тут было за што ўчапіцца.

Са станцыі паведамілі, што прыйшло абсталяванне, і па яго накіравалі аўтамашыны. І калі многа людзей дзяжурыла на перамычцы, дык не менш сабралася на будаўніцтве. Ян Лайзан, як бы ведаючы гэта, якраз падаспеў з рамамі і асаджваў іх цяпер з Нікіфаровічам. На ўзгорку, дзе меркавалі будаваць Дом агракультуры, каля навезенага на падмуроўку камення тупалі Каспар Крумінь і Захар Рудак.

Алесь хадзіў з Йонасам і меркаваў, як устанавіць абсталяванне. Ён сягоння быў праз меру ўзрушаны. Йонас дзівіўся, чаго ён стаў такі порсткі. А Алеся непакоіла ўсё: «Пойдзе сягоння лёд ці не? А ці прывязуць турбіны па такой разлезлай дарозе? Што гэта не відаць Анежкі?..»

Сонца апоўдні прыпякло мацней, так што самыя нецярплівыя пачалі скідаць курткі і кажушкі. Пляцоўку на будаўніцтве зусім агаліла ад снегу. Ад мокрага смецця, пілавіння і трэсак падымалася пара. Вада на возеры прыкметна падняла лёд, і ён пацямнеў, як бы надзьмуўся са злосці.

— Вязуць!.. Вязуць!.. — закрычалі на гары дзеці і сыпанулі чародкай да электрастанцыі. Натоўп, які сабраўся там, прыціх і насцеражыўся. Чутно было, як за гарою прыглушана гудуць маторы, якім трэба было пераадолець раскіслую дарогу і шматлікія калдобіны, што ўжо ўтварыліся на ёй.

Да Алеся з Йонасам, якія стаялі побліз невялікай павеці, падышлі Каспар Крумінь і Захар Рудак. Неўзабаве каля іх з’явілася і Восілене, якая пакінула дзеля такой падзеі сваю кухню.

— Ну, Алесь, цяпер як быццам парадак, — праказаў Каспар, скручваючы цыгарку.

У Алеся ад нецярплівасці ажно дрыжалі пальцы, і ён, стараючыся суняць дрыжанне, пацёр далоняю далонь. Машыны не былі яму ў навіну, а ў навіну было тое, што атрымоўваў ён іх пад свой загад і павінен быў даць ім доўгае жыццё тут, у гэтых мясцінах, дзе бегаў басаногім хлапчуком. На запытанне Каспара ён не адказаў — да поўнага парадку было яшчэ далёка.

На ўзгорку паказалася першая машына. На ёй, як гара, узвышалася скрыня такой велічыні, што болей падобна была на маленькі дом. Народ загуў і расступіўся. З тых часоў, калі скончылася вайна, у сяло прывозілі касілкі і жняяркі, трактары і камбайны, і ўсялякі раз збіраліся людзі, абступалі яшчэ нябачаную машыну, цмокалі языкамі і імкнуліся дакрануцца да яе рукамі. Паступова, нават тыя, што вельмі мала разумеюць у тэхніцы, прызвычайваліся і даволі беспамылкова асвойвалі прасцейшыя прынцыпы механізма і з першага позірку разумелі прызначэнне асноўных вузлоў. Аднак машыны, якая робіць святло з вады, тут яшчэ ніхто не бачыў, гэта было нешта зусім прынцыпова новае, што ў корані перайначвала звыклыя ўяўленні аб суадносінах такіх спрадвеку варожых сіл, як вада і агонь.

Грузавік падышоў і спыніўся каля павеці. З кабіны выскачыў шафёр, выціраючы наснічкаю ўзмакрэлы лоб. З кузава, перасмейваючыся, злазілі калгаснікі-грузчыкі.

— Ну што ж, давайце здымем прыгажуню, — прапанаваў Алесь, і ўслед за ім рушыў натоўп.

Калгаснікі, што прывезлі турбіну, падышлі і, адкінуўшы барты, умела падсунулі пад скрыню тоўстыя жардзіны.

— А цяпер, — гаварыў далей Рудак урачыста, — давайце зробім так. Гэта ж не абы-што, а сэрца электрастанцыі, і няхай здымаюць тыя, хто першы задумаў збудаваць яе. Хадзіце сюды: Алесь, Йонас, Каспар, ну і я, калі дазволіце... Вось мы ўсё гэта і зробім.

Алесь загадаў накласці каляіны з бярвенняў да станцыі і для таго, каб зацягнуць туды турбіну, выкарыстаць лябёдку.

— Ну, узялі!.. — калі ўсё было гатова, закамандаваў Рудак.

— Бярыся дружна — не будзе грузна! — падтрымаў Нікіфаровіч.

І дашчаную скрыню з каштоўным грузам, як нейкую паню, пасунулі да будынка станцыі.

— Ну, распакоўваць буду ўжо я, — азваўся Нікіфаровіч і далікатна, як бы робячы нешта святое, пачаў адбіваць дошку за дошкай на скрыні.

Марфачка з дзецьмі прабілася паміж натоўпу да самага старога. Усіх вельмі цікавіла, што за сіла ў гэтай скрыні, якая здолее запаліць святло аж на столькі вёрст вакол. Не менш за дзяцей цікавіўся і натоўп. Многія мужчыны, якія стаялі ззаду, павыцягвалі шыі, баючыся што-небудзь прапусціць...

— Вось яна якая, такая, як я вам казаў, дзеці! — не ўтрымаўся Якуб Панасавіч Гаманёк, калі паказаўся верх турбіны.

— Глядзі!.. Глядзі!.. — штурхала сябровак Марфачка. — Мусіць, адсюль, дзе блішчыць, электрычнасць і выскоквае.

— Гм-м! — пачуўся нечы расчараваны голас з натоўпу, калі турбіна была вызвалена з-пад дошак. — А я думаў — бог ведае што.

— Адкуль жа тая моц у ёй бярэцца? На выгляд такая малая.

— А ў тым і рэч, што малая, ды ўдалая! — І Нікіфаровіч беражліва змёў з турбіны пылок. — А вы думалі, што яна вышэй за касцёл і ўся ў брыльянтах? Не ў гэтым сіла...

Восілене хадзіла кругом і прыглядалася да кожнага шрубіка.

— Чаго ты так узіраешся, гэта ж табе не гаршкі! — пакпіў з яе Йонас.

— Сам ты гаршчок паліваны! — раззлавана адказала Восілене. — Хіба ты думаеш, што я меней за цябе тут разумею?

Каспар Крумінь таксама непрыязна глянуў на Йонаса. У апошні час ён вельмі перажываў, калі хто крыўдзіў Восілене, бо лічыў яе ўжо сваёю і думаў, што людзі проста не знаюць цаны гэтай выключнай жанчыне.

Алесь некалькі разоў уважна абышоў турбіну і пільна прыгледзеўся. Усе дзівіліся, чаго ён хоча, бо ледзь не абмацваў яе з усіх бакоў. На раптам спахмурнелым яго твары Нікіфаровіч здагадаўся, што нешта нядобра.

— Што такое? — пацікавіўся ён.

— А тое, самі бачыце, што рэгулятараў не прыслалі.

— Нічога, прышлюць і рэгулятары, а пакуль накрыем... — Нікіфаровіч, узяўшы даўжэзны брызент, пачаў акуратна ўкрываць машыну. — Пагрэем цябе, мая дарагая, а потым ты нас пагрэеш, — пажартаваў ён, і дабрадушны смех разнёсся па натоўпе.

— Стары, а глядзі чаго захацеў, — упікнуў яго Лайзан, і жарты на гэтым скончыліся, бо ад возера, ля перамычкі, пачуўся нейкі густы гул, і рэха пракацілася па полі.

— Лёд пайшоў!.. — крыкнуў Алесь і шпарка накіраваўся на перамычку.

Усе рушылі ўслед за ім.

Ад перамычкі, хоць да яе было больш кіламетра, ляцелі гоман і ўскрыкі. Алесь спяшаўся і думаў: «Галоўнае, утрымаць мосцік, абараніць палі, не даць крыгам сарваць іх...»

Лёд, які, здавалася, яшчэ моцна трымаўся, раптам пад націскам вады трэснуў на сярэдзіне возера, быццам разлёгся гарматны стрэл і адгукнуўся далёка пад лесам. Зламанай лініяй, як удар маланкі ў небе, пралегла трэшчына на лёдзе ад берага да берага. Праз колькі хвілін загучалі другія ўдары, быццам першы быў прыстрэлачны, а цяпер пачынаўся беглы агонь, і лёд пакрышыла на вялізныя крыгі. Яны пад магутным націскам напіралі адна на адну і са страшэнным скрыгатам разляталіся на дробныя кавалкі.

— Багоршчыкі, сюды! — скамандаваў Кузьма і кінуўся да мастка на перамычцы.

Ён спрытна адвёў першую крыгу ўбок і даў магчымасць меншым праскочыць праз вадаспуск. Удала працавалі з баграмі і яго сябры. Нацэліўшыся на большыя крыгі, моцным ударам калолі іх на часткі або адводзілі ўбок.

— Усё роўна што ў літоўскай дывізіі з немцам б’юся, — ухітрыўся ўставіць сваё Мешкяліс, як сапраўдны воін у часе атакі, скачучы з багром каля мастка. Багор яму здаваўся штыком, якім ён нішчыць праклятага ворага.

Анежка працавала на ўмацаванні насыпу і ўвесь час непакоілася, паглядаючы на возера. Калі пачаўся ледаход, спачатку замітусілася, кінулася з рыдлёўкай да аднае крыгі, але, бачачы, што ўпраўляюцца і без яе, стала і глядзела на гэта трывожнае і разам з тым цудоўнае відовішча. Як глянуць ад перамычкі, аж пад самае «Пергале» лёд пакрышыўся. Больш буйныя крыгі стаялі яшчэ нерухома каля берагоў, а драбнейшыя пад напорам імклівае вады знайшлі сабе дарогу і цяпер грозна пасоўваліся па сярэдзіне возера. Адны плылі спакойна, быццам белыя гусі, а другія, наскочыўшы адна на адну, як бы ў злосці скрыгаталі зубамі і ўздымалі ад абурэння спіны. Рухаліся цэлыя астраўкі са слядамі саннай зімовай дарогі, а былі і такія, што, падняўшыся на дыбкі, здаваліся падобнымі на сапраўдныя айсбергі. Пад зыркімі праменнямі сонца яны блішчалі, як нейкія крыштальныя замкі. Далёка за імі сінеў пергалеўскі лес, адкуль патыхалі цёплыя вятры. Анежку вельмі захапіла гэтае відовішча, і да сэрца яе прыйшло нейкае невыказнае, але асаблівае прадчуванне вясны і нечага такога таемнага, што яна ўздыхнула. Страпянулася, калі адчула лёгкі дотык да рукі.

— Алесь, гэта ты? — І твар яе засвяціўся. — Глядзі, як прыгожа...

— Табе прыгожа, а мяне гэта трывожа, — нібы ў жарт, нібы ўсур’ёз адказаў ён і, кінуўшы пяшчотны погляд на сяброўку, апынуўся каля Кузьмы і Мешкяліса.

Пакуль што тут усё ў парадку, спрытна распраўляюцца хлопцы з крыгамі, і моцна трымаюцца палі, якія мужна прымаюць ледзяныя ўдары.

Алеся непакоіла, што за гэтымі, параўнаўча невялікімі, крыгамі маглі рушыць і тыя, што напагатове стаялі ля берагоў і маглі рынуцца кожную хвіліну. Калі ўдарыць такая — мастку канец, а там — плаціне. «Не, тут нельга гадаць», — падумаў ён і падышоў да старэйшых, што стаялі крыху ўбаку.

— Як вы думаеце, дзядзькі, усё абыдзецца?

— Павінна... — задумліва адказаў Лайзан.

— Няўжо такою сілай не адстоім? — паказаў на натоўп Нікіфаровіч.

— А я ўсё ж баюся. Пайду падганяць падрыўнікоў, лепш засцерагчыся, чым ісці на рызыку... — І Алесь подбегам накіраваўся да канторы.

Каля перамычкі пацішэла. Некаторы час ішлі толькі дробныя льдзінкі, якія, што гуллівыя гускі, падскоквалі на бурлівай вадзе перад вадаспускам, ныралі і потым, абдаўшыся вадой, выскоквалі за мастком. Анежка стаяла і спакойна рыдлёўкай, як бы гуляючы, накіроўвала льдзінкі пад мост. Неўзабаве яны пачалі ісці гусцей, а за імі рушылі і большыя крыгі. Кузьма, Мешкяліс і Ярошка запрацавалі на поўную сілу. А крыгі ўсё насядалі. Яны станавіліся рубам, сярдзіта выпіналіся з вады, пагражаючы змесці ўсё на сваім шляху. Адна з іх — доўгая, з вострымі краямі, стала ўпоперак і перагарадзіла дарогу малым ільдзінкам, якія пачалі вырастаць у цэлую гару.

«Вось каб зрушыць яе». Анежка хацела раней паклікаць Йонаса, а пасля вырашыла, што няхай не лічаць яе за слабую — справіцца і сама. Ніхто не паспеў заўважыць, як яна схапіла багор і скочыла на лёд.

— Куды ты? — прарэзліва закрычаў Мешкяліс і не паспеў сказаць больш нічога, як брыж лёду, дзе стаяла Анежка, абламаўся. Яна ўскрыкнула і апынулася ў вадзе.

Гул жаху пракаціўся па беразе. Напалоханая Анежка паспрабавала схапіцца за крыгу, але другая штурханула яе ў спіну, і яна апынулася пад вадой.

У адзін момант нехта з моста рашуча кінуўся ў ваду. Праз імгненне з-пад вады вынырнула мокрая галава Кузьмы, а пасля паказалася і Анежка.

Йонас, які напалохана тупаў каля вады, падаючы яму багор, крычаў:

— Багор вазьмі! Багор вазьмі!..

Кузьма ўхапіўся за багор і, трымаючы другой рукой непрытомную дзяўчыну, вынес яе на бераг і палажыў на падасланае Йонасам паліто. Людзі абступілі яе.

— У бальніцу! У бальніцу!.. — закрычаў, падбегшы, Нікіфаровіч і разам з Йонасам падняў дзяўчыну.

— А можа, дахаты, абагрэць, ды ўсё, — прапанаваў нехта.

— Лепш у бальніцу, — загадаў Нікіфаровіч.

Каля берага засталася дзяжурыць брыгада Мешкяліса, а многія пайшлі следам за Анежкай.

Алесь здзівіўся, калі, ідучы з канторы, убачыў, што цэлы натоўп рушыць у сяло. «Чаго б гэта яны?» І ажно аслупянеў, калі ўбачыў, што нясуць Анежку. Не пытаючы нічога, ён падскочыў і выхапіў яе з Кузьмовых рук. Прыгарнуў моцна да грудзей.

— Што з табою?.. Што з табой?.. — пытаўся ён, хоць мог бы здагадацца, бо вада цурком сцякала з яе вопраткі.

Анежка расплюшчыла вочы і, пазнаўшы Алеся, ледзь прашаптала:

— Нічога... Больш напалохалася...

— Ідзіце туды, на бераг, — звярнуўся Алесь да людзей, і ўсе павярнулі назад. Побач з ім пайшлі толькі Кузьма, Нікіфаровіч і Йонас.

Праз колькі хвілін Анежка ляжала ўжо ў бальнічным ложку.

Пераапранутая і сагрэтая, яна ўжо амаль апамяталася і з ўдзячнасцю пазірала на Кузьму і Алеся. Адчувала яна сябе няблага. Адно было ёй прыкра, што нарабіла людзям столькі згрызот і клопату.

— Дзякуй табе, Кузьма!.. Ты мне як брат цяпер, — шаптала Анежка.

Алесь устаў і пацалаваў Кузьму, а той, быццам не зразумеў Алеся, здзіўлена паціскаў плячыма.

— Ідзі, Алеська, табе туды трэба, — сказала Анежка, але той не згаджаўся.

— А я дык пайду, — заспяшаўся Кузьма. — Як пераапрануўся, дык усё роўна што з-пад душа выйшаў!.. Загартаваўся!

— Ну, не жартуй! Ці мала што можа быць, — перапыніў яго Алесь.

— Які там жарт! Адно што, хоць і не п’ю я, а адну цяпер не шкодзіла б... — І ён, папрасіўшы ў сястры крыху спірту, глынуў адным махам і выскачыў на вуліцу.

— Малайчына — сапраўдны ленінградзец! — сказаў услед Нікіфаровіч.— Такі за дружбу і ў ваду і ў агонь! Такога і пакідаць цяжка! Цаніце яго, — звярнуўся ён да Алеся. — Ты тут пасядзі, а я за ім на бераг...

— І я з вамі! — прыўзняўся Алесь.

— Калі трэба будзе — паклічам, а цяпер тваё месца тут... Папраўляйся, дачка! — сказаў Нікіфаровіч і выйшаў за дзверы.

Алесь схіліўся нізка над Анежкай, абняў яе, і яна заўважыла, як павільгатнелі яго вочы.

— Ну, чаго ты такая непаслухмяная? Навошта табе было кідацца на лёд?

Яна ж перабірала аслабелымі пальцамі бялявыя валасы Алеся і з падзякаю глядзела на яго.

— Даруй мне... Мне ж так хацелася памагчы!.. А цяпер ты ідзі! Мне добра... А ты павінен быць там!.. — нечакана горача прытулілася вуснамі да яго шчакі Анежка і адпусціла.

Алесь убачыў, што на перамычцы было больш напружана, як раней. Крыгі пайшлі сапраўды вялікія, і Кузьма, Мешкяліс і Йонас працавалі без спачынку. Стаяла побліз іх яшчэ шмат людзей з баграмі і рыдлёўкамі. Алесю спадабалася, што ўсе так аддана абаранялі сягоння станцыю ад навалы. Адно было крыўдна, што ніхто не запытаў пра Анежку. Але ўжо цераз колькі хвілін ён сам стаяў побач з Кузьмой і размахваў багром перад мастком.

Падышлі падрыўнікі. На хвіліну на мастку адбылася нарада. Якія льдзіны рваць? Тут ужо ўсе пагадзіліся з Кузьмой, за якім прызналі найбольшую спрактыкаванасць у гэтай справе. Ён хутка растлумачыў, якія, на яго думку, найбольш небяспечныя. І падрыўнікі пайшлі.

Цяпер усе, апрача тых, хто дзяжурыў на мастку, сачылі за імі: вось яны спускаюцца з высокага берага на лёд. Спрабуюць кійком, ці моцны лёд, а потым рашуча ступаюць на льдзіну. Яна велізарная. У руках аднаго падрыўніка скрыначка з толам, якую той нясе, беражліва прытуліўшы да грудзей, а ў другога — сякера і шнур. Як нейкія змоўшчыкі, яны, асцярожна ступаючы, падыходзяць да сярэдзіны льдзіны. Адзін з іх пачынае сякерай высякаць ямку для толу.

— Глядзі! Глядзі!.. Скажы, які лёд тоўсты! — сказаў Гаманёк Лайзану.

— Здаецца, і маразоў вялікіх не было, — падтрымаў сябра Ян Лайзан.

Падрыўнікі ўжо сядзелі каля палонкі. Яны паклалі туды скрынку з толам, а пасля, як чараўнікі, нешта чаравалі. Падняўшыся, адзін з іх, адыходзячы, пацягнуў за сабою шнур. Адступіўшы крокаў дваццаць, ён прыгнуўся і, відаць, чыркануў запалку. Кулём адтуль удвух памчалі да берага. Беглі яны, утуліўшы галовы ў плечы.

Народ, які стаяў на перамычцы, таксама прыгнуўся. Напэўна, прыклад падрыўнікоў перадаўся і ім. І раптам грымоты скаланулі паветра. Угору шугануў цэлы каскад вады, ільдзінак, а ад крыгі засталіся толькі дробныя кавалкі. Маленькія льдзінкі пры выбуху падняліся так высока, што, асыпаючыся вакол, даляталі ажно да мастка. Адна грукнулася каля самога Мешкяліса. Той ускрыкнуў:

— Во, каб ты згарэла... І не на фронце, а загінуць мог!

Йонас, відаць, хочучы адпомсціць за жарт з радзінамі, не стрымаўся.

— Ты так часта гаворыш аб фронце, што можна падумаць: уся літоўская дывізія трымалася на табе!

— Ну, ведаеш!.. Трымалася не трымалася, — пакрыўдзіўся Мешкяліс, — а такіх, як ты, я ратаваў...

Яго расхваляваў гэты жарт, і цяпер, ужо зусім не азіраючыся на бакі, ён яшчэ больш упарта распраўляўся з ільдзінамі каля мастка.

— Не трэба так! — шапнуў Алесь Йонасу, а той і сам, відаць, адчуў, што абразіў свайго старшыню дарэмна.

Але між простымі людзьмі, якія ведаюць, што адзін аднаму не зычаць благога, не бывае доўгай крыўды. Праз хвіліну яны ўжо стаялі побач і, адпіхаючы льдзіны ад мастка, жартавалі, як быццам нічога і не было.

А да ўсяго, іх зусім улагодзіла Зосітэ, якая толькі што прыйшла ад Анежкі і паведаміла, што з той усё добра.

— Ведаеце, Алесь! Мне здаецца, што трэба паведаміць бацькам. Цяпер нічога страшнага. А хто яго ведае, што можа стаць к начы?

Мешкяліс і Йонас маўчалі і паглядалі за Алесем.

— Калі б ты ім наказала, было б няблага, — звярнуўся Алесь да Зосітэ.

— Ну, дык у чым рэч, я і пайшла!.. Бывай, Йонас! — І яна шпарка накіравалася дарогаю ў «Пергале».

Падрыўнікі яшчэ раз узрушылі ўсіх. Выбух адбыўся каля другога берага, і цяпер стала ясна, што нічога небяспечнага болей не можа быць. Скрозь параўнаўча невялікія льдзіны, зрушаныя з месца, паволі, як па камандзе, пасоўваліся наперад.

— Ну, цяпер не боязна! — праказаў Кузьма і выцер потны лоб рукавом пінжака. — Шкада, што яшчэ разок выкупацца не ўдалося, вельмі ж добры спірт у бальніцы даюць... Хапіў бы і спаць!

— Было б жаданне, — падражніў Йонас, — з дымком знойдзецца...

— Ну, не, — сумеўся Кузьма. — Больш я на гэту прыманку не клюю!..

Што небяспека мінула, можна было пазнаць па тым, як парадзела на беразе. Народ пачаў разыходзіцца.

Сонца ўжо схілялася да небасхілу, садзілася на пачарнелыя ўзгоркі і сінія лясныя грывы. І паветра павеяла прахалодай, той чыстай і крохкай свежасцю, якой, як крынічнаю вадой, нельга напіцца ўволю. Возера амаль зусім ачысцілася, на вадзе, якая ўсё больш чырванела ад захаду, віднеліся толькі адзінокія невялікія крыгі, якія быццам не разумелі: «Ну, чаго вы, людзі, так раззлаваліся на нас? Няўжо блага паслужылі мы вам зімой, калі мчаліся па нас санкі і бегалі лыжнікі...»

Але настрой ва ўсіх быў вясновы, ніхто і не думаў аб нейкіх скаргах адыходзячай зімы.

— Ну, дзякую, таварышы!.. Здаецца, усё ў парадку! — сардэчна паціскаў Алесь рукі Кузьме, Мешкялісу і Йонасу. — Але дзяжурства трэба трымаць.

— Само сабой! — адказаў Кузьма і ўпершыню за ўвесь дзень прысеў на парэнчы мастка, а ўслед за ім прыселі і другія.

Калі Алесь зайшоў да Анежкі ў бальніцу, там ужо сядзелі яе бацькі. Ад нечаканасці ён ажно адхіснуўся, але хутка акрыяў, бо па вачах Анежкі пазнаў, што тая рада ягонаму прыходу.

Ды і стары Пашкевічус ветла прывітаўся.

— А Анежка тут вас успамінала... Дзякавала, што вы яе ратавалі.

— Не я... Не я яе ратаваў, — адмаўляўся Алесь. — Кузьма Шавойка... Я толькі да бальніцы данёс.

Старая Пашкевічайне моўчкі падышла да Алеся і, ласкава ўзяўшы яго за скроні, пацалавала ў лоб. Алесь заўважыў, як у Анежкі заблішчалі вочы. Відаць, яна была вельмі рада такому выпадку, а ў Алеся як быццам з’явіліся крыллі за плячыма.

Ён разумеў, як гэтым старым давялося перасіліць сябе, каб паставіцца так да яго — беларуса і бязбожніка.

«Значыць, сцерлася і гэтая мяжа, значыць, я перастаю ім быць чужым», — думаў ён. І яшчэ больш узрадаваўся, калі Пашкевічус сказаў:

— А гэты нягоднік Парэчкус чаго толькі на вас не выдумляў.

— Бандыт ён, вось хто! — успыхнула Анежка.

— Бандыт... бандыт, дачушка, — пацвердзіў Пашкевічус, а старая ў знак згоды кіўнула галавою.

— Вось толькі злавіць трэба... Кажуць, яшчэ не знайшлі.

— Ліха з ім! Нідзе дзенецца — знойдуць,— праказала маці. — Добра, што ў нас так абышлося.

У той вечар, калі старыя паехалі дахаты, Алесь доўга сядзеў каля Анежкі. Ім здавалася, што яны ніяк не могуць нагаварыцца. Ён, відаць, і не выйшаў бы ад Анежкі, калі б не папрасіў аб гэтым доктар.

Калі Алесь адыходзіў, Анежка ўздыхнула.

— Шкада, што ты не сустрэўся мне раней... А скажы, могуць мяне прыняць у камсамол?

— Што ты надумала пра гэта?

— Ды я не ўпершыню, — сумелася яна. — Я нядаўна кніжку адну прачытала...

Пра тое, што яна стала па вечарах чытаць, ён яшчэ не ведаў.

 

 

XXIII

Прайшло некалькі тыдняў пасля ледаходу, і зусім другі стаў краявід каля Доўгага. Поле і лес загаманілі на тысячы галасоў. Цёплыя з туманамі ранні, кароткія дажджы з прыгожымі вясёлкамі, пагодныя дні рабілі сваю справу. Усё так пайшло ў рост, што, здаецца, каб прыклаў вуха да зямлі, дык пачуў бы, як шапочуць адна перад адною кожная сцяблінка і як на дрэвах з трэскам раскрываюцца пупышкі.

Вясна набірала поўную сілу. Алеся здзівіла, як хутка ўсё змянілася вакол. Гэта ж зусім нядаўна было столькі клопату, а цяпер на берагах возера, як штыкі, прабіліся праз зямлю вострыя чараціны і па спакойнай вадзяной гладзі сноўдаюць рыбацкія чоўны. Белыя чайкі ледзь не кранаюцца крыламі вады, а часамі чыркаюць белымі грудкамі на самай шкляной паверхні, пакідаючы на імгненне лёгкі след.

Першы раз на вёсцы Алесь не заўважыў, як прыходзіла вясна. А некалі, памятае, ён востра адчуваў раннія подыхі яе яшчэ тады, калі ледзь прыкметна звінелі капяжы са страхі, і нават заўважаў, як пачыналі мяняцца вераб’іныя галасы на сметніку.

Раней ён пазнаваў голас вясны нават тады, калі вакол ляжалі і рэзалі вочы сваёй белізной снягі і раптам, апоўдні, капяжы са стрэх падалі так, што гук іх нагадваў баязлівы грукат падарожніка, які ўжо з’явіўся, але яшчэ баіцца голасна сказаць аб сваім прыходзе. З нізін, з-пад возера, Алесь прыносіў дамоў галінкі вярбы. Іх слабы і тонкі пах жыў асобна, не хочучы злівацца са звыклымі пахамі хаты, а пупырышкі, якія распускаліся, нагадвалі яму маленькіх гусянят, якія плывуць адно за адным па летняй вадзе. Ён ладзіў млыны на першай ручаіне, якая бегла з-пад белага снегу чыстая і празрыстая, потым, калі адтайвалі ўзгоркі, вечарамі раптам пазнаваў, як востра і па-свойму пахне гліна.

Вясна! Адзіная вечная кніга, якую чытаюць ад нараджэння да самай смерці, не адчуваючы смутку і расчаравання... А сёлета гэтулькі клопатаў! Колькі перахваляваўся, хоць імкнуўся не паказаць гэтага на людзях, у часе ледаходу.

Яшчэ непрыемнасць — трэба было складаць акты і пісаць на завод, што не атрыманы рэгулятары да турбіны. Пасля зноў, як ні набіралася храбрасці Анежка, а давялося ёй тыдзень праляжаць у ложку. Баяліся, каб не было запалення лёгкіх.

Так, кожны дзень у клопатах, і прамінуў ранні вясновы час. А цяпер вясна ў разгары! З усіх бакоў возера сакочуць трактары. У поле выйшлі сявярні, і зямля прымае жаданы сэрцу выгляд. Якуб Гаманёк, захапіўшы сваё вядзерца, кожны вечар ходзіць на возера лавіць акунькоў і плотачак.

Паспакайнела на душы і ў Алеся. Будынак электрастанцыі, як белы палац, стаяў на беразе, а ад яго, як тыя салдаты, роўным строем разыходзіліся ў тры бакі жоўтыя сасновыя слупы.

Алесь марыў, што пройдзе некаторы час і пабяжыць па іх над берагамі Доўгага яркае, незгасальнае святло. Гэтая вясна прынесла яму многа шчасця. Непакоіла адно. Анежка ўвесь час ухілялася ад рашучага адказу наконт таго, каб жыць разам. Колькі разоў на адзіноце ён адкрыта прапаноўваў ёй гэта, а яна заўсёды адгаворвалася, быццам і не думала пра тое, як яму цяжка без яе. «Няўжо праз таго праклятага Парэчкуса, якога дагэтуль не знайшлі, яна не адважваецца пайсці да мяне? — думаў Алесь. — А дзе, дарэчы, ён, той кат? Электрастанцыя вось-вось гатова, хутка будзем рыхтавацца да пуску. Ці мала што можа адпаліць вораг у апошнюю хвіліну. Ды не, не можа быць — Забеліс казаў, што Парэчкуса ўвесь час шукаюць. Але і Парэчкус не дурны, каб поўзаць аднаму каля таго месца, дзе раней нашкодзіў. Ён цяпер, мусіць, сядзіць дзе-небудзь далёка, як чмель, зашыўшыся ў мох...»

— Алесь, а мы цябе чакаем! — гукнуў ад станцыі Нікіфаровіч, і той заўважыў, што забавіўся.

Сягоння ў іх сапраўды вельмі адказны дзень — устаноўка турбіны.

— І-ду-у!.. — голасна адказаў Алесь і шпаркім крокам накіраваўся на станцыю.

Кузьма Шавойка нічога не гаварыў, але на тым, як выцягнуўся ягоны твар і як нецярпліва камячыў ён шапку ў руках, было відаць, што даўно ўжо чакаў гэтага моманту. Стары Нікіфаровіч за гэты час, калі турбіна апынулася ў будынку, паспеў расказаць яму амаль аб кожнай з яе частак. Здабыў Нікіфаровіч для Кузьмы і належны падручнік. Шавойка пільна вывучаў усё, спадзеючыся, што, можа, з часам паставяць яго дзяжурным на станцыі.

Турбіны адрозніваюцца ад іншых машын тым, што іх звычайна ставяць пасярод светлых і прасторных залаў, быццам даючы тым нейкую асаблівую пашану. Так было і тут. Машына льснілася пад промнямі сонца, якія шчодра ліліся праз расчыненыя вокны. Людзі, што прыйшлі пацікавіцца, стаялі здалёк, а побліз машыны знаходзіліся трое: Алесь, Нікіфаровіч і Кузьма.

Кузьма быў здаволены, што яму давялося памагаць пры ўстаноўцы турбіны. Ён з вялікаю павагаю і зайздрасцю глядзеў, як спакойна і вольна бярэцца за розныя часткі машыны Алесь і як мнагазначна яны пераміргваюцца з Нікіфаровічам. Як жа ён радаваўся, калі яму даручалі якую-небудзь справу: падкруціць шруб ці ўмацаваць што іншае. Усё ён выконваў бездакорна.

Прапрацаваўшы некалькі гадзін, Алесь падняўся, развінуў плечы і, выціраючы рукі ад масла, коратка заявіў:

— Будзе парадак!..

— А як жа магло быць інакш? Шрубік да шруба, аж зірнуць люба, — пажартаваў Нікіфаровіч.

— Але работы яшчэ многа...

— А мне здавалася, што хутка ўжо ўсё, — не ўтрымаўся Кузьма.

— Пачакай! Гэта толькі здаецца. А паспрабуй адрэгуляваць машыну, паставіць шчыты, давядзі ўсё да ладу ўсярэдзіне, — тлумачыў Кузьме Алесь.

— А яно вунь яшчэ і вокны не асаджаны, ды і на двары поўна смецця, — падтрымаў Алеся Нікіфаровіч.

— Але, як бы сабе ні было, менш засталося! Я думаю, што вы не затрымаеце з праводкай у Доўгае? — запытаўся Алесь.

— Толькі дроту не хапае. З’явіцца дрот — затрымкі не будзе.

— Вось мне зноў клопат. Пайду званіць, каб хутчэй дрот прыслалі.

— Вучыся і гэтаму, сынок... Без гэтага і начальніка па нашаму часу сапраўднага не выйдзе! Тут у цябе яшчэ някепскія ўмовы, усе вакол дапамагалі, у трох рэспубліках, людзі свае ўсюды, а ў іншым месцы і цяжэй давядзецца... «Загартоўвайся як сталь», — вось па гэтай самай песні і кіруйся...

Гэтыя словы Нікіфаровіча, сказаныя амаль жартам, яшчэ раз нагадалі Алесю, што ён хутка адсюль паедзе, а куды — яшчэ нікому невядома. Па сутнасці, з выгляду ён мала змяніўся з таго часу, як прыехаў сюды, толькі, відаць, загарэў і паздаравеў, а на самай справе гэта ўжо быў другі чалавек — пра многае ён цяпер думаў інакш, і цэлы свет нязнаных да таго думак і пачуццяў назаўсёды ўвайшоў у яго, ужо амаль неадольна адлучаючы яго ад юнацтва. Усё гэта звычайна выказваецца адным словам — пасталеў! Але само пакаленне адбываецца па-рознаму і хутчэй у таго, каму даводзіцца выконваць вялікую і адказную справу самастойна. У кантору Алесь пайшоў не звычайнай дарогай, а сцежкай, якая ішла побліз фермы: маці ўжо некалькі разоў прасіла яго прыйсці паглядзець, што цяпер робіцца ў яе. Па праўдзе кажучы, старой было крыху крыўдна, што сын цалкам заняты будаўніцтвам, не знаходзіць часу пацікавіцца яе поспехамі, якімі яна ганарылася. Але пабачыць маці адну Алесю не ўдалося — каля фермы ён спаткаў Захара Рудака.

— А, таварыш начальнік, і ты надумаў паглядзець, як мы працуем, вельмі рады. Электрычнасць, вядома, рэч вельмі добрая, проста цудоўная, асабліва калі на стале ўсяго многа, га?..

Агата паставіла вядро на зямлю і, паправіўшы рог хусткі на шыі, замілавана глядзела, як здароўкаецца Рудак з сынам. За агарожаю, каля Агаты, пілі з карыта пойла маленькія цяляткі. Яны былі пераважна чырвонае масці, а некалькі з іх, пярэстых, вылучаліся ад астатніх не толькі выглядам, але і ростам. Алесь адразу пазнаў, што гэта прыплод ад тых кароў, што прыгналі з «Пергале».

— Адтуль, мама? — ціха спытаў ён, паказаўшы галавою ў бок літоўскага калгаса.

Агата цешылася з такога запытання і пастаралася падрабязна расказаць аб усім. Захар Рудак, які ўжо чуў аб гэтым, не без прыемнасці слухаў яшчэ раз.

— Вось гэтыя пяцёра, — яна абыходзіла і па чарзе гладзіла кожнага, — ад тых кароў, што прыгналі мы восенню. Дзякуй нашаму старшыні за клопат, праз колькі год і мы добрую пароду завядзём. Было пяцёра, а цяпер ужо дзесяцера. Гэта ўжо цэлы статак.

Паскардзілася яна Алесю, што яе вельмі непакоіць корм на зіму.

— Будзе корм, Агата, — пачуўся ўпэўнены басок, і ўсе пабачылі Самусевіча, які падыходзіў да іх. — Наводзіце тут паніку, а ўсё дарэмна.

Самусевіч выглядаў больш рухава і бадзёра, чым раней. Ён крыху схуднеў, твар яго пасвяжэў і абветраў. У душы, праўда, ён так і не мог пагадзіцца з тым, што не ён старшыня калгаса, але гэтага не паказваў.

— Я думаю, ты ўжо сееш, а ты яшчэ дарэмна поле крокамі мераеш, — упікнуў яго Рудак.

— Пасею... Справу разумець трэба!..

Зімой яшчэ, пасля таго, як Самусевіч пакляўся выправіцца, яго парашылі зрабіць брыгадзірам; і пакуль што ён не даваў прычыны, каб шкадавалі, што так зрабілі.

— Сёлета я рызыкаваць не хачу, — вёў далей Самусевіч, з ранейшых звычак якога непарушным захавалася жаданне выхваляцца. — Можа, я на выстаўку ў Маскву трапіць хачу, што вы думаеце?

— Ты, Антон, не пра выстаўку думай. Я вось паю жывёлу, а ты пра закуску падумаць павінен. Відаць, сам закусваў!

— Закусваў, — нехаця прызнаўся Самусевіч. — Як жа яе, д’ябла, без закускі спажываць? Немагчыма... А толькі, цётка Агата, ты маіх ран соллю не пасыпай...

— Я хачу, каб лепей было.

— Дык жа не соллю поле ўгнойваюць, — пакрыўдзіўшыся, буркнуў Самусевіч і пайшоў з двара. Абярнуўшыся, параіў: — Са старшыні больш патрабуй, цётка Агата. А мая справа маленькая, я свой план выканаю!

— Ну і д’ябал! — засмяяўся Рудак. — Праўду кажуць, што такі характар хоць на млыне на муку перамялі, а ён усё самім сабой будзе...

— Цяжкі характар, — пагадзіўся Алесь.

— А хто яго ведае... Тут яшчэ падумаць трэба! З лазы толькі кошыкі ды крэслы плятуць, каб сядзець было добра, а на дубках вунь страха трымаецца. Толькі сукі абсякаць трэба...

 

 

XXIV

Лета набірала сілы. Калі глянуць цяпер з Антонавага лугу на Доўгае, дык возера, здаецца, ляжыць у нейкай цудоўнай аправе. Яно паглядае, як сіняе вока, з бязмежнага зялёнага прастору зямлі. А як добра ў чэрвені ў жытным! Гамоняць і гамоняць пад ціхімі павевамі ветру лёгкія яшчэ каласы з жоўтымі пяшчотнымі завушніцамі на іх. Яны нібы цягнуцца да празрыстага неба і просяць спагады ў прыгожыя часы свайго красавання. І хоць няма ні зярняці ва ўсім гэтым хвалюючым моры, а ўжо чуецца ледзь-ледзь хлебны пах, які так прыемна казыча ноздры. Больш як у другую пару года ўпрыгожана зямля ў гэты час. Толькі дзе-нідзе ляжыць адзінокі, шэры лапік зямлі, пакінуты на папар. А так, у які бок ні пойдзеш, усё гамоніць з табою. Густы цёмна-зялёны ячмень з сінім налётам фанабэрыста распускае пушыстыя вусы. Авёс шамаціць галінкамі, нібы адмысловымі ценькімі каралямі. Доўгімі зялёнымі шнурамі выцягнулася бульба. Толькі расплюшчвае блакітныя вочы лён, а на сенажацях кветак, што і не пералічыць...

Ёсць такі час, калі ўсё выспявае, і нішто не трывожыць тады велічнага спакою, які ахоўвае расліны, што безліччу каласоў насяляюць зямлю. Затое ў Доўгім не сціхае гамана. Якраз у такі час у калгасах больш вольных людзей, і яны сабраліся на будоўлі. І калі на будаўніцтве самой станцыі было не так ужо людна, бо ўся праца ішла ўсярэдзіне, — канчалася ўстаноўка абсталявання і апошнія даробкі — затое на пляцоўцы, якая абкружала станцыю, гуло, як на кірмашы. Гэтае ўражанне стваралі дзеці, якія прыбіралі і абсаджвалі пляц вакол станцыі рознакаляровымі кветкамі. І хоць Мікола Хаценчык, які добраахвотна ўзначаліў піянерскую дружыну, імкнуўся падтрымліваць належны парадак, але гэта не заўсёды ўдавалася. Асабліва школьнікі малодшых класаў, ды і Марфачка разам з імі, мітусіліся, бегалі і, як тыя птушаняты, сваім шчэбетам напаўнялі наваколле. Але вынік працы іхніх рук быў відзён кожнаму. Плаціну да самага ўзгорка яны абклалі зялёным дзёрнам, і гэта прыгожа аздабляла белы будынак станцыі.

На гары пад мерны гук сякер ставіліся кроквы на Доме агракультуры. Ян Лайзан, якому было даручана будаўніцтва, так захапіўся ім, што ні разу з пачатку яго не быў у Эглайне. Ён дамогся таго, што пабудова Дома агракультуры не адстала ад станцыі. Усе людзі, вольныя ад працы на полі, прыходзілі сюды, і кожнаму знаходзілася работа. Затое сягоння Лайзан спакойна наглядаў, адпачываючы на бярвенні, як Петэр і Йонас устанаўлівалі апошнюю крокву. Ад вока старога не магло схавацца нічога. Цешыўся ён і з таго, што побач ляжаў акуратна складзены грудок чарапіцы, падрыхтаванай на дах. Значыць, ні за чым затрымкі не будзе!

Пільнае вока Лайзана заўважыла і іншае. Хоць ён глядзеў на будоўлю і калі-нікалі нават устаўляў слова, раячы Петэру і Йонасу, як лепш замацаваць латы, у той жа час ад яго не схавалася, што вараны жарабок з Эглайне стаіць каля баракаў.

«Няўжо гэта Каспар сядзіць у Восілене? — падумаў Лайзан.— І так рана? Відаць, ён... Во зачасціў... Можа, што і выйдзе?»

Лайзан не памыліўся. У пакойчыку Восілене сядзеў Каспар. Было нязвыкла ціха. Каспар разгублена пазіраў на падлогу, раз-пораз хапаўся пальцамі за рог сурвэты і камячыў яе. Яго ўсхваляванасць ніяк не пасавалася сягоння з чыста выгаленым тварам і старанна закручанымі вусамі. Не пазнаць было і Восілене, якая сядзела каля акна, падпёршы твар рукою. Нават яе вочы, якія заўсёды смяяліся, быццам пагаслі. Анежка сядзела на ложку і вышывала з такім выглядам, як бы нікога не было ў хаце.

Але яна здагадвалася, што ў Каспара і Восілене адбылася нейкая гутарка, якая прымусіла надоўга задумацца адну і хвалявацца другога. Анежка знайшла прычыну схадзіць на будоўлю і выйшла з бакоўкі.

А Каспар і Восілене ўсё яшчэ маўчалі. Першы не вытрымаў Каспар. Ён, употай глянуўшы на Восілене, заўважыў, што ў яе ледзь прыкметна перасмыкаюцца вусны. Добрая яго душа адчула, што яшчэ момант — і яна не вытрымае, заплача. І Каспар, адкінуўшы нерашучасць, падышоў да Восілене.

— Ну, дык як, едзем?..

Тая некаторы час маўчала. А потым, як быццам нешта перамогшы ў сабе, паднялася і проста глянула ў вочы.

— А можа, пачакаем?

— А чаго?

— Ну хоць бы таго, каб электрастанцыю пусцілі. Сам ведаеш, работа ж у мяне тут...

— Не, я цябе прашу, — настойваў Каспар, — едзем зараз. І работы тут ужо вельмі няма, ды і мне хочацца, каб і ў мяне ў душы быў поўны парадак. Паедзем цяпер, убачыш, што будзе лепш!

Восілене ўзяла яго за гузік пінжака і доўга глядзела яму ў вочы.

— А пусцяць мяне адсюль?..

— Не турбуйся, я ўжо з Іванютам дагаварыўся. Анежка цябе заменіць.

— Ну, добра, — сказала Восілене, — калі ты ўжо такі няўрымслівы... — І яна прыхінулася галавой да яго грудзей.

— Добра... добра... — усхвалявана гладзіў Каспар галаву Восілене. — Зараз?

— Пачакай, я сама збегаю да Алеся, а пасля раскажу Анежцы ўсё як трэба, а то і на цябе скажуць — няйначай цыган прыехаў і сярод белага дня ўкраў жонку.

Восілене выйшла. Каспар апусціўся на лаву. Ён сядзеў і радаваўся — нарэшце ён не будзе адзінокі. Добра, што згадзілася... Ён чуў, як з кухні далятаў зноў звонкі голас Восілене. Відаць, настаўляла Анежку, як і што рабіць трэба. Каспар паглядаў праз акно на эглайнаўскую дарогу і ўяўляў, што хутка павязе па ёй гаспадыню ў сваю хату.

А ў хаце — і яго гэта крыху непакоіла — ён бачыў сваіх дзяцей. Як яны сустрэнуць прыёмную маці?.. «Але з такою, як Восілене, не страшна, — думаў Каспар, — яна з усімі паладзіць можа, і ўсе яе палюбяць...»

За такімі развагамі Каспара засталі Восілене і Анежка.

— Ну, дык паехалі?.. — падняўся ён насустрач.

— Ну куды ты спяшаешся?.. — зноў пярэчыла Восілене.

— Усё мяне там чакае... гаспадарка, дзеці... Павер, я не магу! — Ён глянуў на Восілене так, што тая згадзілася.

— Ну што ж, давай, толькі маёмасць возьмем!.. — І пачала складаць рэчы ў свой невялічкі куфар. — Давядзецца табе яшчэ па рэчы і ў «Пергале» ехаць!

— Навошта мне тыя рэчы, абы ты была! — сказаў, як юнак, з запалам Каспар і абняў Восілене.

Анежцы было крыху смешна і нават прыкра. Яна не магла згадзіцца, што людзі ў сталых гадах могуць так несур’ёзна паводзіць сябе. «Няўжо і я такою буду?»

Куфар быў напакаваны з верхам. І, можа, таму, што ўсяго нельга было ўмясціць, ці таму, што ў хату ўвайшоў Алесь, Восілене, перадаючы Анежцы два кубкі, патэльню, вядро і яшчэ што з дробязі, пажартавала:

— А гэта вам, Анежка, з Алесем на пачатак гаспадаркі.

Анежка загарэлася ўся ад сораму, але Алесь, які неаднаразова зносіў такія кпіны, спакойна прымаючы з рук Восілене кубак, адказаў:

— Ну што ж, дзякую. Вось сягоння за ваша здароўе і вып’ем!

— Глядзі ж, Анежка, каб мне за сталоўку сорамна не было, — гаварыла Восілене на развітанне, цалуючы дзяўчыну ў шчаку.

Так, не спыняючы сваіх парад Анежцы, Восілене ўселася ў каламажку да Каспара. Каспар цмокнуў на каня і свіснуў пугай, забыўшыся нават развітацца.

Убачыўшы гэта, Лайзан здаволена грукнуў сваёю вузлаватаю рукой па калене і ўсклікнуў:

— Нарэшце выйшла!

— Выйшла, выйшла, дзеду Лайзан! — па-свойму зразумеўшы яго, азваўся з гары Йонас, паказваючы, як ладна прыпалі кроквы да бервяна.

Лайзан толькі ўсміхнуўся: «Кожны сваё разумее!»

Вараны жарабок мерна бег, і каламажка, на якой сядзелі Каспар з Восілене, кацілася паволі. Здалёк віднелася белая эглайнаўская вежа. Восілене глядзела на яе, і надыходзіў роздум. Маўклівы Каспар не парушаў яе дум. А Восілене думала: вось каля гэтай вежы пачынаецца новае жыццё. Як пойдзе яно? Можа, зноў нялёгка? І яна ўздрыгнула, калі прыгадала сваё першае замужжа. Як жывы, паўстаў перад ёю ненавісны Клемас, за якога аддала яе радня, бо бацькоў сваіх Восілене не ведала. Яна засталася сіратою змалку. Клемас быў багаты, меў каля дзвюх валок зямлі, але затое і гадоў больш за яе ў два разы. Не помніць Восілене ад яго шчаслівай хвіліны. Яна і цяпер з палёгкай уздыхнула, калі ўспомніла, як збег ён у першыя дні прыходу ў Літву Чырвонай Арміі. Яна была рада, што сядзіць поруч з Каспарам, характар якога за гэтыя часы добра вызнала. Але не за Каспара трывожылася Восілене. Яе хвалявалі дзеці. І нават не тое, што іх ажно шасцёра. Здолее ўсіх дагледзець, працы не пашкадуе, а вось як яны да яе паставяцца? А белая вежа, як бы ўзышоўшы на ўзгорак, падыходзіла бліжэй і бліжэй, і ўсё мацней білася сэрца Восілене.

— Вось і наша поле, дарагая, — прыхінуўшыся бліжэй да Восілене, сардэчна сказаў Каспар.

І яна, абудзіўшыся ад дум, прыгледзелася да палеткаў. Цяпер ёй стала зразумела, чаму так замілавана паглядае Каспар вакол. Ягоная гаспадарка радавала вока парадкам. «Значыць, і ў нашым жыцці так будзе», — мільганула думка.

Так за гаворкай яны і не заўважылі, як уехалі ў эглайнаўскія хутары. І Каспар і Восілене стараліся не азірацца на бакі, бо да вокнаў амаль кожнае хаты прыпалі зацікаўленыя твары. Другі прыціскаўся да шыбіны так, што здавалася, аж нос расплюшчыць. Заместа носа, здавалася, прыліп да шкла нейкі пабляднелы пятак. А як жа, гэта ж вельмі цікава, якую там старшыня сабе жонку прывёз...

Каспар спыніў жарабка каля хаты і сам крыху ўсхваляваўся. Восілене нерашуча злезла з каламажкі і пачала аглядацца вакол. Абое яны адчувалі некаторую няёмкасць, хацелі нешта прыдумаць і вырашыць перад тым, як пераступіць парог. Але з гэтага несамавітага становішча вывела іх Візма, якая выйшла з сянец з малым Томасам і з радасцю звярнулася да бацькі:

— А мы цябе прачакаліся, тата!..

— Добра, дачушка, — цёпла праказаў Каспар і пагладзіў Візму па галаве. — Хадзем у хату.

Ён адчыніў дзверы і наперад сябе прапусціў дачку з Восілене. Увайшоўшы ў хату, Каспар узяў Восілене за руку і сказаў дзецям, якія іх абступілі:

— Любіце яе, як маці, дзеці, а яна вас будзе любіць.

— Добра, тата, — адказала за ўсіх Візма. Астатнія ж, шморгаючы насамі, маўчалі і здзіўлена пазіралі.

А Восілене адчувала сябе ніякавата і парашыла, што заспакоіцца і асвойтацца на новым месцы можа яна, толькі заняўшыся працаю.

— Візмачка, — паклікала яна, — давай ладзіць полудзень!

— Ды я ж усё зрабіла!..

— Малайчына, Візмачка, але ведай, што з гэтага часу твая справа — кніжкі. Я сама буду хадзіць каля печы. — І яна, пачапіўшы фартух, як быццам і не выходзіла з гэтай хаты, адкрыла засланку і, узяўшы вілкі, выцягнула з печы гаршкі са страваю.

Візма хацела звярнуцца да Восілене са словам «мама», але яшчэ не адважылася на гэта і сказала проста:

— А вы дазволіце вам памагчы?

— Калі ласка, дачушка! — Твар у Восілене засвяціўся.

Візма заслала стол абрусам і разлажыла лыжкі. Восілене наліла місы крупнікам і паставіла на стол. Каспар і дзеці сядзелі ўжо за сталом. Чакаючы гаспадыні, ён паклікаў: — Сядай, маці!

Восілене прысела каля Каспара і драўляным апалонікам наліла ўсім стравы. Дзіцячыя лыжкі дружна забразджалі па місах. Каспар з вялікім смакам еў забелены крупнік і цешыўся: «Вось ізноў як быццам уся сям’я сабралася». І Восілене заспакоілася таксама. Яна глядзела на дзяцей, што сядзелі вакол стала, і пераконвалася, што яны сапраўды харошыя, як і гаварыў Каспар. Паважна, як дарослая, палуднавала Візма, чацвёра меншых, збіўшыся каля адной місы, так завіхаліся каля ежы, што нічога, апрача місы, і не бачылі. Восілене клапатліва падліла ім яшчэ; адзін малы Томас, які прыладзіўся паміж бацькам і Восілене, яшчэ асцярожна прыглядаўся да новай маці.

Калі полудзень скончыўся, Каспар падумаў, што хоць дзень сягоння і асаблівы, але гаспадарка на гэта не зважае — у апошні час з-за частых паездак да Восілене ён прапусціў шмат.

Ціхі, крыху сарамлівы Каспар быў такі чалавек, які клапаціўся больш аб агульным жыцці, чым пра сябе.

— Мне трэба было б на поле, — асцярожна, не ведаючы, як сягоння паставіцца да гэтага Восілене, сказаў ён.

— Трэба дык трэба. Навошта ж пытацца?.. — нібы не ўпершыню, адказала з усмешкай тая.

Візме, якая ўжо многа разумела ў людзях, вельмі спадабалася гэтая ўсмешка і спакой мачахі. І таму, калі бацька, насунуўшы шапку, выйшаў за дзверы, а дзеці пабеглі на вуліцу, яна сказала:

— Мама!.. Я прыбяру са стала. — І ўзялася за посуд.

Яна ажно пачырванела, што першы раз назвала такім словам малазнаёмую цётку.

— Не, Візмачка, мы гэта ўдзвюх зробім, — сказала Восілене і пачала спрытна мыць місы ў чыстай драўлянай дзежачцы.

Візма толькі паспявала выціраць. Праз колькі хвілін чыстая горка посуду і лыжак ужо стаяла на жоўтай палічцы ў мыцельніку.

Восілене вокам гаспадыні агледзела ў хаце і прыкінула, што трэба зрабіць. Ёсць павуцінне па кутках, варта абмесці. Незасланыя ложкі ў каморы, ды і падлога нельга сказаць каб чыстая. Але, заўважыўшы на Томасе дзіравую куртачку, першаю справаю парашыла ўзяцца за яе.

— Хадзі сюды, Томасік. — І хлапчук баязліва, не без падштурхвання Візмы, падышоў.

Восілене, як маці, пяшчотна пагладзіла яго па бялявай галоўцы.

— Давай знімем куртачку і зашыем; бачыш, якая тут дзірка, воўк улезе...

Томас глядзеў, як спрытна ложыць яна лапікі на куртачку і як жвава бегаюць з іголкаю яе пальцы. Дзіця вельмі хутка адчувае добрае да сябе сэрца, і Томас ужо з поўным даверам паглядаў на Восілене.

А яна дзівілася сама, што хутка так асвойталася. Ёй было прыемна рапараваць адзенне малому. У яе піколі не было дзяцей, і яна баялася, ці здолее цяпер як след паставіцца да іх. Сённяшні дзень пераканаў, што дарма за гэта трывожылася. Даглядаць дзяцей, а тым больш такога яшчэ бездапаможнага, як Томас, нават падабалася. Відаць, у кожнай жанчыне жывуць мацярынскія пачуцці, якія абавязкова павінны праявіцца.

— Візма, давай засцелем ложкі, — прапанавала яна, наладзіўшы Томасаву куртачку і выправіўшы яго на двор.

Калі ложкі былі засланы, Восілене перабрала ўсё адзенне малых і прыкінула, што трэба пазашываць, а што памыць. Убачыўшы Каспараву кашулю без гузікаў, яна зараз жа знайшла гузікі, прышыла і параілася з Візмай:

— Гэтая кашуля на будні дзень бацьку самы раз!

— Ён яе і насіў, але я не паспела прышыць гузікаў.

Так з першага дня пачалася дружба ў Каспаравай хаце паміж Восілене і большаю дачкою Каспара.

Управіўшыся ў хаце, Восілене з Візмаю прыселі адпачыць у кветніку на двары. Высокія вяргіні засланялі іх ад вокнаў бліжэйшых хат, а Восілене адчувала сябе за іх заслонаю спакойна. Яна ведала, што ў першыя дні ёй не пазбегнуць хцівых вачэй сваіх суседак, але, прынамсі, сягоння хацелася пабыць на адзіноце. Меншыя дзеці капаліся на двары, а са старэйшаю, Візмаю, яна рада была пагаварыць, каб праз яе яшчэ больш дазнацца аб Каспаравай сям’і. Ёй падабалася, што гэтая высокая танклявая дзяўчынка з ільняною кучаравай галавою і сінімі ўдумлівымі вачамі разважае зусім як дарослая.

— Вам не будзе ў нас цяжка, — пераконвала яна яшчэ раз Восілене, — я вам буду ва ўсім і заўсёды памагаць.

— Дзякуй, Візмачка, за гэта, але я хацела б, каб ты вучылася.

— Я буду вучыцца, — запэўняла Візма. — Праўда, я крыху адстала...

— Ты цяпер дагоніш. Я так зраблю, што ты ўсіх дагоніш, дзяўчынка. — І Восілене прыхінула да грудзей Візму.

Візма, якая пасля смерці маці не чула ласкавага жаночага слова, прыкметна ўсхвалявалася. І Восілене, каб заспакоіць яе, перавяла гаворку:

— Ты толькі глянь, Візмачка, якія хмары сунуцца!

А з захаду сапраўды напаўзла грозная хмара. Перад вачамі Восілене хмара, як быццам нейкі вялізны арол, вылятала з-за лесу і распраўляла чорна-сінія крылы. Нешта вызначалася, падобнае і на чорную дзюбу. Раптоўна наляцеўшы вецер падняў угору слупы пылу на дарозе, якія, закруціўшыся спіраллю, падхапілі з сабой сухое лісце і смецце. Маланка працінала крылы хмары, і яны тады рабіліся цёмна-бурымі. Зашумелі дрэвы, прыпалі да долу кусты, а зямля ў страху зашапацела травою. Было вельмі прыпарна, але пацягнула ўжо і халадком з чэрнядзі, што заняла паўнеба, і выгляд хмары змяніўся. Яна была падобна ўжо не на арла, а на густыя клубы дыму, якія немаведама адкуль вырваліся і віравалі ўгары, засланяючы сонца. Хмары ішлі над Эглайне двума радамі, і тыя, што былі знізу, імчаліся больш шпарка. У разрывах паміж імі віднелася другая града хмар, якая пасоўвалася паволі, але затое магутна і сурова.

Раптам асляпляльная маланка раскроіла неба, як быццам белаю дзеразою ўпрыгожыла чорную хмару, а следам за ёй ударыў такі гром, што ажно зазвінелі шыбы ў хаце. Дзеці кулём памчаліся ў сенцы.

— Хадзем, Візмачка! Відаць, дождж будзе... — Восілене абняла дзяўчынку за плечы, павяла ў хату.

Першыя кроплі буйнога дажджу прыпячаталі пясок на двары і ўпалі на галаву Восілене, калі яна ўваходзіла ў хату.

— Давайце дзверы зачынім. Хадзем дадому, а то яшчэ пярун ускочыць! — напалохала дзяцей Восілене, і яны паслухмяна пабеглі за ёю.

У хаце ўсе згрудзіліся на лаве каля Восілене і разам прыпалі да акна.

А віхор не спыняўся. Толькі цяпер замест пылу ён кідаўся буйнымі кроплямі дажджу, то, як шротам, барабаніў па шыбах, то заліваў шыбы так, што, здавалася, з неба падае не дождж, а цэлы паток. Пацямнела, як на змярканні. Толькі ўспышкі маланкі асвятлялі Восілене і дзяцей.

— Дзе гэта наш бацька? — заклапочана праказала Восілене, і па тым, як цёпла выгаварыла яна гэтыя словы, дзеці адчулі, што гэтая цётка свая, і прытуліліся да яе бліжэй.

Шыбы, якія на момант, здавалася, сталі больш светлымі, раптам зазвінелі. Белыя, як гарошыны, градзіны загрукалі ў шкло і, адскокваючы, падалі на зямлю. Трава на двары спачатку пашарэла, а пасля пабялела.

— Град!.. град!.. — не то ў трывозе, не то ў радасці закрычалі дзеці.

У Восілене ўпала сэрца.

— Няшчасце, дзеткі. Ай, якая бяда! Паб’е, памалоціць усё гэты град... — І яна занепакоілася па Каспару. — Хоць бы ён дзе пад страху схаваўся...

Град на дварэ ўсё большаў. Восілене заўважыла, што паміж дробных, з гарошыну, градзін трапляліся ўжо і больш буйныя. Некаторыя былі падобны на галубінае яйка. «Загіне ўсё... загіне ўсё на полі...» — думала Восілене, і ў грудзях ад болю пякло, як агнём. І трэба ж гэтаму здарыцца якраз у такі дзень, калі яна прыехала. Дурныя бабы могуць нагаварыць яшчэ немаведама чаго. Ёсць жа ўсюды такія сакатухі, што набалбочуць чаго хочаш. Шмат тут такіх, што ходзяць у касцёл і вераць у забабоны.

І раптам, як бы хто адрэзаў, град сціх. Яшчэ хвілін некалькі пакрапаў дождж і перастаў. Неба як бы ачысцілася і па-ранейшаму выглядала ласкава-сінім. Пазірала спакойна, нібы нічога і не было, нібы не яно наслала бяду на зямлю.

Восілене з дзецьмі выбегла на двор, і хоць граду ўжо не засталося і следу, але па тым, як быў здратаваны кветнік, яна адчула, што ў полі няладна. Паміж штакетніку, якім былі абгароджаны вяргіні, віселі, спусціўшы галовы долу, калівы, адсечаныя ад кустоў. Так і не расцвілі яны ў гэтым годзе. Збітыя, пакалашмачаныя настурцыі былі перамяшаны з пяском. Паадляталі кветкі з рэзеды. Як бы вайна прайшлася па кветкавым царстве. Нават на сцяне хаты засталіся сляды ад буйных градзін.

— Што ён нарабіў! Што ён нарабіў, гэты град! — вохкала Восілене, папраўляючы кусты кветак і ачышчаючы іх ад зямлі.

— Усё адыдзе. Вось пабачыце, заўтра ўсё будзе добра, — суцяшала Візма і памагала Восілене.

— Як там на полі? Дзе Каспар? — не хавала Восілене сваёй трывогі перад дзецьмі. — Калі пабіла жыта, будзем мы без хлеба з вамі. — І сваёй трывогай яна засмуціла дзяцей.

— А я да вас! — пачуўся з вуліцы нібы знаёмы голас, і Восілене, абярнуўшыся, убачыла за штыкетам Марту.

Тая стаяла зусім спакойная, як быццам нічога не адбылося, нават, як здалося Восілене, з ледзь прыкметнаю ўсмешкаю на вуснах.

— А, як добра, што ты прыйшла, Мартачка! — Восілене кінулася ёй насустрач.

Марта была адзінай, якую яна добра ведала тут і лічыла за сваю. І ў тым, што дзяўчына здалася няшчыраю, яна памылілася. Калі цалавалася з Мартай, дык заўважыла, што тая вельмі занепакоена.

— Дзе Каспар? Мяне як быццам самую пабіла гэтым градам. Так балюча, — скардзілася Марта.

— Цяжка і падумаць, што здарылася на полі... — разводзіла рукамі Восілене.

Хутка стала усё вядома. На дарозе з поля паказаўся Каспар, і па ягоным выглядзе жанчыны пазналі, што не ўсё добра. Не было звычайнай, уласцівай Каспару цвёрдай хады. Моўчкі ён апусціўся на лаву каля кветніка.

— Ну, што там, гавары?.. — запытала Марта.

Ён ажывіўся ад гэтых слоў, але з болем адказаў:

— Нічога асаблівага. Пабіла крыху жыта...

— Гэта тое, каля якога мы сёння праязджалі па дарозе? — пыталася Восілене.

— Тое, ды не ўсё... Не палохайцеся вельмі. Як я прыкінуў, дык гектары тры, не болей.

— А ячмень, што каля рэчкі?.. — пыталася Марта, сеўшы каля Каспара побач.

— Ячмень нішто... Град нейкаю паласою прайшоў, ячмень застаўся збоку. А вось цікава, што ў суседзяў? Зараз жа паеду туды! — раптам узгарэўся Каспар.

— Ідзі ты хоць пераадзенься, — параіла Восілене і паслала Каспара ў хату.

Праз хвіліну ён ужо выйшаў у сухой кашулі і проста накіраваўся да стайні.

— Куды ты зноў?.. Чаму ж ты мне нічога не кажаш? — пакрыўдзілася Восілене.

— Я ж казаў: у Доўгае, а можа, і ў «Пергале». Тут, бачыш, справа такая, што ад яе многа залежыць, — ужо на хаду кінуў Каспар і знік за рогам будыніны.

Запрогшы варанога жарабка ў лінейку, ён пакаціў па доўгаўскай дарозе. Пасля дажджу было свежа і чыста, зеляніна наўкол, дзе не крануў град, павесялела. Цяпер Каспару і бяда, якую прынеслі хмары, здавалася не такой жахлівай.

«Падумаеш, тры гектары, — разважаў ён. — Для такога калгаса, як наш, не так ужо многа... Калі ўродзіць добра астатняе, хопіць нам. А што рабіць з гэтаю зямлёю, дзе было жыта? — І раптам адна думка захапіла яго: — А што, калі пасеяць лён?» Ён чуў, што сеюць некаторыя па два разы на лета.

«Напэўна, яшчэ можна... Насення няма... Дык жа Мешкяліс выхваляўся, што лепшага льну, як у яго, не знойдзеш. Папрашу пазычыць...» — і Крумінь, усцешаны сваёй задумай, шпарчэй пагнаў каня.

Пад’язджаючы да Доўгага, Каспар пачуў людскі гул і страпянуўся ад таго, што ўспомніў...

Гэта ж ён, заняўшыся сваімі справамі, зусім забыўся, што сёння невялічкая рачулка Дзіркстэле1 агульнымі сіламі суседзяў паварочваецца да возера. Добра, што наважыў паехаць сюды, а то было б непрыемна перад людзьмі.

— Мы так і ведалі, што ты прыедзеш! — сустрэў Каспара Захар Рудак, як бы зусім не заўважаючы, што той спазніўся.

— У жыцці Круміня цяпер важнейшы паварот, чымся гэтая рэчка!.. — не прапусціў, каб не пакпіць, Юозас Мешкяліс.

Каспар спахмурнеў, нічога не адказаў на жарты літоўскага сябра, а перайшоў да таго, што яго цяпер больш хвалявала.

— Вы тут рагочаце, як бы нічога не было, а ў нас град жыта пабіў, гектары тры будзе...

— А-я-яй!.. Скажы, а мы схаваліся вось тут у ляску пад елкамі, дык нас ледзь пакрапіла... Праўда, у вашым баку чорная хмара стаяла, — разводзіў рукамі Мешкяліс.

— Дык ведаеш што, Юозас, — адразу прыступіў да свайго Каспар, — пазыч ты мне колькі пудоў ільнянога насення.

— А навошта яно табе?

— Сеяць буду... Там, дзе было жыта.

— Што ты, здурнеў?

— І дурнець не думаю... Хіба ты не чуў, што людзі па два разы лён сеюць.

— Паспрабуй і ты... Мне не шкада, — згадзіўся пазычыць насенне льну Мешкяліс.

— Гэй!.. гэй!.. — пачулася гамана каля плаціны, якая павінна была зараз перакрыць рэчку Дзіркстэле.

Каспар убачыў, што брыгада моладзі старанна завіхаецца ў невялічкім канале, у які павінна хлынуць вада з рэчкі. Каля плаціны ён заўважыў і Алеся Іванюту. Той, відаць, непакоіўся, бо ўвесь час быў у руху — то хадзіў каля шлюза, то далучаўся да моладзі, якая працавала ў канале.

— Вылазь, — крыкнуў ён ім, — зараз пачынаем! Бачыце, пасля навальніцы столькі вады, што і стрымаць будзе цяжка.

Каспар з Мешкялісам падышлі да Алеся.

Некалькі мужчын стаялі каля апошняга шлюза, які прапускаў мутную дажджавую ваду Дзіркстэле. Алесь даў каманду. Шчыт паволі апусціўся. Паміж рэчкай і каналам была невялічкая земляная запруда. Экскаватар, які стаяў побліз, пачаў спрытна каўшом выгрызаць яе. Спачатку паволі, а потым мацней і мацней і, нарэшце, поўнаю плынню пайшлі воды Дзіркстэле ў возера Доўгае.

— Давайце пацалуемся, браткі!.. — І Мешкяліс па чарзе моцна абняўся з Крумінем і Рудаком.

Не вытрымаў і Каспар, звярнуўся да сваёй роднай рэчкі:

— Маленькая Дзіркстэле! Іскра! Даволі табе, як купальскім светлячком, дарэмна ўспыхваць і блукаць паміж балот. Ідзі запальвай разам з братамі вялікія агні!

— Ого, ды ты, брат, як мастак гаворыш! — ускрыкнуў Захар Рудак.

— Чаму ж яму не быць мастаком, калі маладую жонку мае? — усё пакепліваў Мешкяліс.

Адзін Алесь не прымаў удзелу ў гэтых перамовах. Ён стаяў, задумаўшыся, на плаціне і выціраў наснічкаю лоб.

«Вось ужо ўслед за Пагулянкай і Дзіркстэле пайшла ў адзін басейн,— думаў ён. — Няхай ідуць, чым болей вады, тым лепш; цяпер не страшна. А было, што вельмі непакоіўся, калі лішняя ручаіна пасля дажджу ўпадала ў возера...»

Алесь з палёгкаю ўздыхнуў.

— Паедзем, Юозас! — па-братняму звярнуўся Каспар да Мешкяліса.

Толькі пад вечар Каспар вярнуўся дадому. Выгляд яго лінейкі быў дзіўны. Крумінь высока, як нейкі важны пан, сядзеў на мяшках, пакладзеных упоперак і прывязаных вяроўкамі. І, нягледзячы на тое што нарабіў бяды град, сэрца яго было спакойнае.

Ехаў Каспар дамоў і ведаў, што там яго з радасцю сустрэнуць. Дзеці цяпер не адны, ды і яму ёсць з кім перамовіцца словам. Вязе ён лён. Заўтра ж пасее. Быць не можа, вырасце да восені... «А вунь і Дзіркстэле», — глянуў ён на рачулку, якая плыла цяпер у агульнае возера, і не ўтрымаўся, каб не крыкнуць:

— Давай, давай! Ідзі сюды, каб усім нам светла было!..

 

 

1 Дзіркстэле — іскра (латыш.).

XXV

Агата, выправіўшы кароў на пашу, пайшла ранічкаю з фермы на кукурузнае поле.

«Нагаварылі пра яе і ў сяле і па радыё столькі, што ў вушах не месціцца, — думала яна. — А можа, нічога гэтага на самай справе і няма... Невядома яшчэ, ці палюбяць гэтую кукурузу нашы каровы...» Яна парашыла агледзець усё сваімі вачыма, памацаць сваімі рукамі, а за адным заходам прынесці ахапачку на ферму, паспрабаваць, што з гэтага выйдзе.

Яшчэ здалёк яна заўважыла, што тарфянішча, якое некалькі гадоў таму назад было адваявала ў балота і ляжала яшчэ няворанае, выглядае цяпер зусім інакш. Пакуль што нельга было сказаць — добра ці блага там расце кукуруза, але заместа сівое травы, якая там расла асобнымі хамлакамі, зямля густа зелянела. А зблізку ўсё гэта выглядала і яшчэ лепш — высокія сцяблы кукурузы, раскінуўшы ў бакі шырокае лісце, узнесліся ўгору. На іх хісталіся пачаткі, быццам сцяжкі на піках. Праўда, кукуруза не ўсюды была роўная і добрая, трапляліся мясціны, дзе яна была і ніжэйшая і радзейшая. «Добра, што многа, — разважала Агата, — абы толькі добра елі каровы, дык толк можа быць...» Нечакана яе гукнуў Самусевіч, ажно яна скаланулася.

— Носіць цябе, люцыфера, усюды!

Самусевіч засмяяўся.

— Мае ўладанні, хачу — хаджу, хачу — ляжу... Ну, што цяпер скажаш?

— Ды яшчэ паглядзець трэба...

— Глядзі, глядзі, мне не шкада, грошай не вазьму. Самусевіч такі, Самусевіч сякі, а ён раз — і на выстаўку! — выхваляўся былы старшыня калгаса.

— Падумаеш, ганарыцца, — пасеяў, дык і вырасла...

— Іш ты, — пакрыўдзіўся Самусевіч. — Вось у цябе дык проста: карову пакарміў ды падаіў, вось і ўсё... А тут табе прырода! Да яе падысці трэба ўмець, з ёй ваяваць даводзіцца... Я яе, гэтую кукурузу, і перасяваў і суперфасфатам карміў, сам нават на каленках поўзаў, кожную травінку сваімі пальцамі выполваў... А ты — «пасеяў і расце»... Так проста, думаеш.

— Вось каб ты раней кожную чарку так выполваў, як тут пустазелле, дык справы ў цябе даўно б пайшлі на лад, — нагадала яму Агата.

— Ты ізноў за сваё! — нахмурыўся Самусевіч. — Сын у цябе ветлівы чалавек, а ты з рагамі... І што ты, жанчына, можаш разумець у гарэлцы? Яе ўсе п’юць, усе цераз яе праходзяць, толькі адны паспяваюць хутка праскочыць, без шуму, а другія, каму не шанцуе, затрымліваюцца на час... Тут усё з розумам трэба разглядаць.

— Так, — засмяялася Агата, — гэта ты сам разглядай. Можа, яшчэ і кніжачку напішаш, калі здолееш, падзелішся вопытам... А вось што добра, дык добра! Толькі давай праверым на каровах, нарвём ды занясём?

Самусевіч, які калаціўся за кожнае каліва, не вельмі хацеў ісці на гэта, але нарэшце згадзіўся:

— Убачыш, як зжаруць, ажно абліжуцца...

Як гэта ні дзіўна, Самусевіч быў задаволены, што памірыўся з Агатай. Доўга цягнулася іх скрытая вайна, і нямала горкіх слоў сказалі яны адно аднаму ў вочы і за вочы.

Цяпер Самусевіч быў рады: Агата, і прытым першая, прызнала яго заслугі і радавалася, што корм стаяў зялёнаю сцяной, бо нямала і ў Доўгім пад вясну раскрывалі саламяных стрэх, каб не даць падохнуць жывёле.

Кузьма Шавойка, прыйшоўшы на станцыю, гаварыў Нікіфаровічу:

— Праходзіў каля фермы, а там Агата кукурузай цялят частуе... Калі Самусевіч дазнаецца — пабіць не паб'е, а крыку на ўсё сяло будзе.

— Ды ён пацішэў быццам...

— Хто яго знае... Ён жа не жартуе, што на выстаўку меціць, а тут яму ўраджай зніжаюць!

— Ну, ужо ад колькі каліў не паменее, — заўважыў Нікіфаровіч, — там без нас разбяруцца, а мы давай сваю справу канчаць... Хутка, сынок, я падамся ўнукам казкі расказваць, а табе, можа, дзяжурыць тут давядзецца. Важная гэтая справа, Кузьма. Тут націснеш ручку ўніз, а ў Літве, дзе ўспыхне святло, людзі пра таварыша Шавойку прыгадаюць, а Мешкяліс скажа: бач ты, Кузьма, як у літоўскай дывізіі, дае жару; за гэтую ручку возьмешся — Латвія ўспомніць: «Таварыш Кузьма нам прывет пасылае». Ну, а каля гэтага шчыта станеш, свае доўгаўцы скажуць: «Ды гэта ж наш Кузьма арудуе!» А дзяўчаты ўвіхацца будуць! У нашым сяле і чалавека такога яшчэ не нараджалася, каб гэтакай сілай камандаваў.

— Як жа, а вось вы і Алесь Іванюта...

— Ну, мы двое, а ты трэці!

Кузьма не ведаў, жартуе тут дзед ці не, і сарамліва казаў:

— Ды я, дзядзька Нікіфаровіч, усё гэта ведаю... Мяне толькі адно клапоціць, — гаварыў узрушаны Кузьма, — ці здолею я ўсё так рабіць, як трэба?..

— Я таксама вялікіх універсітэтаў не канчаў, але, брат, ты не глядзі на мяне. Кніжак цяпер хапае — вучыся. Завочнікам станеш — яшчэ лепш!

Кузьма пахаджваў каля шчытоў станцыі з пачуццём уласнай годнасці. Ён гатовы быў зрабіць усё, што толькі можна, каб быць вартым у вачах старога Нікіфаровіча, да якога ён моцна прывязаўся. А той, адчуваючы адказнасць за свайго выхаванца, увесь час, як выпадала зручная хвіліна, не пераставаў яго навучаць.

— Ну, бачыш, якім ты цяпер чалавекам стаў, — гуў паціхеньку Янка Нікіфаровіч, паказваючы Кузьме, як трэба сачыць за ўзроўнем вальтметра, — а што было б, калі б ты сабе да галавы добрага не ўзяў? Хочаш крыўдуй, хочаш не крыўдуй — бандытам, валацугам бы вырас, вось што, іржаваю жалязякаю каля машыны валяўся б!

І Кузьма, якому, відаць, не ўпершыню было чуць такія словы, ўсё ж чырванеў, прыгадваючы свой дзікі ўчынак у адносінах да Йонаса.

З двара далятаў дзіцячы гоман. Ён хваляваў сэрца Нікіфаровіча, бо калі светла і прыгожа цяпер у сярэдзіне станцыі, дык знадворку ў атуленні кветак яна будзе выглядаць яшчэ прыгажэйшай. І хоць стары хацеў лішні раз яшчэ сёе-тое растлумачыць Кузьме, але яго пацягнула на двор.

— Хадзем, Кузьма, адпачнём ды на людзей паглядзім, — пазваў ён свайго вучня, шырока і ўладарна ўзмахнуўшы рукою.

Дзеці, убачыўшы дзеда Янку на двары, пачалі яшчэ больш завіхацца. Яны саджалі цяпер кветкі ўсюды на пляцоўцы перад станцыяй.

Нікіфаровіч абвёў вокам навакол і прысеў на лавачку каля азелянёнай дамбы. Думы паплылі адна за другою. Кузьма, які знаходзіўся побач, не перашкаджаў яму, бо ведаў, што стары любіць памарыць.

Нікіфаровіч глядзеў на дзяцей, якія саджалі вяргіні і бясконца шчабяталі пры гэтым, на Марфачку, якая асабліва старалася вылучыцца, а сам быў далёка. Не, не так, як раней, апраналіся, не такі выгляд мелі, не так паводзілі сябе дзеці. Як бы праз нейкую сетку туману паўставаў перад ім на гэтым месцы сівы каменны млын з завознікамі. Вось, здаецца, бачыць Нікіфаровіч свайго старога бацьку, які з мяшэчкам за спіной прыйшоў сюды змалоць, бо не было на чым і не было чаго везці да млына. Цяпер няма гэтага млына. Шкада. Але пакуль што прыладзілі маторчык да свірна ў Эглайне і мелюць. А пойдзе станцыя — пабудуецца і новы млын. І зноў думкі аб дзяцінстве находзяць на старога. Няцяжка яму ўявіць і сябе малога, з парэпанымі нагамі, у зрэбных штоніках і з зашмальцаваным пасакам цераз спіну. Ды ён і людзей баяўся, быццам усім на свеце быў ён чужы і непатрэбны. І хто ім цікавіўся? Можа, толькі адзін Гумоўскі, якому трэба было гусей пасвіць.

Ён глядзіць на дзяўчынку, на яе сябровак, і яму прыгадаліся маленькія ўнучкі ў Ленінградзе. Яны ж такія шчабятухі. Помніць, як малыя закідалі яго пытаннямі, калі вадзіў іх да помніка Ільічу. Ільіч стаяў на браневіку, прасцёршы руку наперад. «Куды Ленін паказвае?» — даходзіла меншая. «На ўвесь свет», — адказаў ён тады. Вось і сюды дайшла яго рука; шкада толькі, што няма самога, а лямпачка Ільічова хутка загарыцца і тут. І ўяўляе стары, як усміхаецца Ленін паміж дзіцячага гоману і яркіх кветак, пасаджаных навокал. «Мабыць, ён думаў і пра наш куток, — ізноў прыгадвае Нікіфаровіч, — і пра Марфачку, і Кузьму, які сядзіць побач, што ўсе яны будуць шчаслівымі...»

— Дзеду Янка! Добра мы пасадзілі? — нечакана падбегла і вывела яго з задумы Марфачка.

Расчулены Нікіфаровіч, стараючыся непрыкметна выцерці раптоўную слязу, пацалаваў галаву дзяўчынкі.

— Добра... добра... Ой, як добра вы робіце і нам і сабе, дзеці. Вось прыедуць да нас госці, запытаюць: хто так зрабіў?.. А мы адкажам: школьнікі нашы!.. Вось якія вы малайцы!

Марфачка і сяброўкі, пачуўшы такое адабрэнне, пачалі яшчэ больш завіхацца каля кветак, а Нікіфаровіч, загадаўшы Кузьме павартаваць у станцыі — мала што бывае, яшчэ зойдзе хто непатрэбны, — сам пайшоў да Лайзана папрасіць, каб той падышоў і пафарбаваў зэдлі: хутка прыедуць госці — трэба, каб усё было ў парадку.

З-за невялікага сасонніку, на ўзгорку, ужо ўзнімаўся высокі жаўтасценны будынак Дома агракультуры. Пад чарапічным дахам ён красаваўся так, як добрая паненка пад карычневым капялюшыкам. Праз апошнія рэдкія сасонкі, якія адлучалі яго ад дома, Нікіфаровіч угледзеў, што ўсё амаль гатова. «Застаецца толькі ўставіць рамы, зашкліць, прыбраць пляцоўку, і хоць да фэсту», — усміхнуўся ён, бо нейкія недарэчныя лезлі сягоння ў галаву параўнанні. «Да пуску станцыі скончаць», — і гэта цешыла старога.

Нікіфаровіч сустрэўся з мужчынамі, якія сядзелі і адпачывалі на бярвенні, аб нечым горача гамонячы. Далучыўся і ён да іх. Гаворка ішла пра тое, што выстаўляць сёлета ў Доме агракультуры. Гаварылі б, відаць, яшчэ доўга, калі б дзве дзіўныя постаці, якія з-пад «Пергале» накіроўваліся сюды, не прыцягнулі да сябе ўвагі ўсіх. Яшчэ нельга было пэўна пазнаць, хто там ішоў, але ўжо акрэслілася, што чалавек ззаду трымае стрэльбы наперавес.

— А во, хто ж гэта, ведаеце-разумееце? — углядаўся ўдалеч Гаманёк. — Як быццам арыштаванага вядуць?

Усе напружана ўзіраліся ў той бок.

Юозас Мешкяліс, прыкрыўшы вочы далонню ад сонца, раптоўна ўскрыкнуў на ўсю аколіцу:

— Цуд!.. Цуд, людзі! Гэта ж наш Пашкевічус Парэчкуса вядзе!..

— Ціха!.. — суняў яго Захар Рудак. — Гэта, брат, нумар, ёлкі зялёныя! Ану, пакліч Анежку — ёй будзе цікава паглядзець на бацьку, а пасля сядай на каня і скачы да ўчастковага,— загадаў ён Міколу Хаценчыку, і той кінуўся да барака. — Цікава, Юозас, дзе ён гэтага бандыта падхапіў?

Той толькі разводзіў рукамі.

А пад гарой ужо выразна выраслі дзве постаці. Схуднелы Парэчкус, апусціўшы галаву, увесь зарослы рыжаю шчэццю, з рукамі, звязанымі назад, клыпаў прыкульгваючы, а ззаду, насцярожана трымаючы стрэльбу, крочыў Пашкевічус.

Відаць, ён не спускаў вачэй з Парэчкуса, бо ні на момант не адхіляў галавы ўбок, а рукі яго як бы прыраслі да стрэльбы.

Усіх узрушыла гэтая навіна. Падняўшыся з бярвення, пасталі паўкругам у чаканні. Пакуль гэтая дзіўная працэсія падымалася ўгору, Хаценчык прывёў Анежку і Алеся.

— А-я-яй!.. — толькі развяла рукамі Анежка, пазнаўшы свайго бацьку і Парэчкуса.

Алесь сціснуў яе руку, стараючыся супакоіць.

А Пашкевічус, падвёўшы Парэчкуса і загадаўшы: «Стой, гад!..» — звярнуўся да людзей.

— Вось я прывёў вам гада, — казаў ён, моцна трымаючы стрэльбу ў руках. — Каб вы толькі ведалі, што ён быў наважыў!

Парэчкус не глядзеў на людзей, толькі зрэдку злосна пабліскваў вачыма.

— Сядай, дзядзька Пашкевічус, і расказвай, — прапанаваў Рудак, і ўсе зноў уселіся на бярвенні.

— Сядай, кацюга, — скамандаваў Парэчкусу Пашкевічус і паказаў на пень, які стаяў за некалькі крокаў у баку ад таго месца, дзе сядзелі ўсе.

— Дык каб вы ведалі, — прыкметна хваляваўся Пашкевічус, — што ён надумаў!..

— Гавары, гавары! Усё па парадку! — уставіў сваё слова зацікаўлены Якуб Гаманёк.

Але Пашкевічус і без такой просьбы чыста па-сялянску пачаў падрабязна расказваць аб гэтым здарэнні.

— Дык, ведаеце, суседзі, як было, — барабанячы пальцамі па ложу стрэльбы, пакладзенай на калені, гаварыў Пашкевічус. — Учора мы з жонкаю ляглі спаць, як заўсёды, калі сцямнела. Спім сабе, як той казаў, спакойна... А што там, калі нічога не ўкраў і не ўзяў, дык якія там турботы. Праўда, відаць, з поўначы прачнуўся. Ну куды ён, той сон, палезе... Але яшчэ глыбокая ноч, бо і вятох не ўзнімаўся. Ляжу сабе, думаю аб тым, аб сім. А ціш такая, толькі часамі дзяркач з лугу абзавецца... Ну, сабе ляжу, разважаю, думаю, аж раптам чую, нехта быццам прашлопаў па двары. Я насцеражыўся... Чую, нехта шалпоча каля сянец, а ў мяне ўжо і сэрца захаланула... Я хуценька скок да акна, і што ж бы вы думалі, суседзі, гэтая рыжая морда тыц да мяне. — І ён паказаў на Парэчкуса.

Анежка пазірала то на бацьку, які расказваў аб усім устрывожана, то на Парэчкуса, які, здавалася, нічога не чуў, а ўтаропіў свае як бы невідушчыя вочы ў край лесу. Анежка радавалася за бацьку. Нарэшце ён спазнаў, хто такі Парэчкус. І крыху было ніякавата, што скажуць: такі паганы чалавек жыў у іх сям’і. А яна ж хацела неўзабаве падаць заяву ў камсамол. Было такое непераадольнае жаданне, каб пуск станцыі абавязкова сустрэць камсамолкай. Але імгненны непакой прайшоў, калі яна глянула на Алеся. Ён з вялікаю павагаю сачыў за яе бацькам.

— ...Тыц, значыць, гэтая рыжая морда да мяне і шэпча: «Пусці, Пятрас... Адчыні хату, Пятрас...» Ну што ж, думаю, хоць узненавідзеў я яго пасля таго, як распазнаў добра, пушчу. Адчыніў сенцы — упусціў у хату. Як увайшоў ён, так і асунуўся на лаву. Паднялася старая. Хапіўся ён за акраец хлеба і ні слова. Маўчым і мы са старой. Толькі, чую я, нясе ад яго псінай, як ад таго звера. Ну, вядома, доўга не мыўся ды, відаць, сярод звяр’я і жыў. Калі ўжо скончыў з акрайцам, папрасіў мяне са старою: «Не губіце!..» — «А што такое?..» — быццам нічога не ведаючы, пытаюся я. «Прыхавайце да часу...» — «Як жа, — я кажу яму, — мне ж будзе за цябе адказ?» — «Ніхто і ведаць не будзе», — параконваў ён. Ну, думаю, добра: давай паспрабую дазнацца, чым ты сягоння дыхаеш. «А як, ці надоўга ты сюды?» — пытаю. Старая здзіўлена паглядае на мяне, а я ёй: «Смаж яечню!» Нехаця яна падалася да печы, а я за бутэлечку з шафы. Вокны пазавешваў. Пранас ажно расцвіў, кінуўся цалавацца, — і Пашкевічус, сплюнуўшы на дол, выцер рукавом вусны. — «Ты мой родны брат, сапраўдны літовец», — кажа мне. Добра, думаю, паглядзім, што далей. А яечня ўжо на стале, і па чарцы адной прапусцілі. Язык у яго так разлапатаўся, ну, не раўнуючы, як у таго сабакі хвост. Старая яшчэ больш паглядае скоса, а ён, не зважаючы ні на што, лезе да мяне. «Братка ты мой, Пятрас, — кажа, — ты самы найраднейшы. Калі прыдзе наша Літва, я цябе першага начальнікам на ўвесь апілінак1 зраблю. Ты за мною будзеш жыць, як у раі...» — «Добра, — пытаюся, — а што ты чуў...» — «Чуў, брат, і ведаю, — біў ён сябе ў грудзі, — што хутка змена будзе... пабачыш, Пятрас!..» — «Ну, а дзе ты быў увесь гэты час?..» — «У лесе...» — «Дык што, табе пра змену мядзведзь казаў?» — жартую я. «Я табе не магу сказаць — хто...» — «Ну, а чаму ты такі брудны, абшарпаны і тварам зблажэў?» — даходжу я. «Таму, — кажа,— што я ваш крыж нясу». — «А ты не нясі...» — «Як гэта, — насцеражыўся Парэчкус, але хмель, відаць, развеяў яго трывогу, і ён бубніў адно і тое ж: — Будзе, будзе наша Літва, Пятрас!.. Пабачыш, будзе!» — «Добра, — кажу, — будзе». А ў самога ажно гарыць усярэдзіне. Ты, думаю, якраз той і ёсць, які Літву загубіць хоча. Калі ўспомню, як яны тады рабавалі і міліцыянера ледзь не забілі, проста не магу глядзець на яго. Можа, я задоўга расказваю? — заклапочана запытаў Пашкевічус.

— Не, не, гавары, гавары, — падбадзёрыў яго падышоўшы Ян Лайзан, і Пашкевічус, не спяшаючыся, расказваў далей.

А Парэчкус так і не падняў галавы, як бы не чуў усяго гэтага.

— ...«Ведаеш, што мы з табою, Пятрас, зробім, — прапанаваў ён мне, захмялеўшы, і зашаптаў у вуха: — Давай так зробім: яны збіраюцца станцыю пускаць, а яе не будзе...»

Пры гэтых словах Парэчкус уздрыгнуў, злосна бліснуў вачыма і закрычаў:

— Няпраўда, хлусіш!

— Маўчаў бы лепш, кацюга, — цыкнуў Пашкевічус.

— Гавары далей! — папрасіў Пашкевічуса Гаманёк.

І той казаў далей:

— «Што ж ты думаў зрабіць?..» — выпытваю я. «Як спатрэбіцца, будзеш ведаць», — цвёрда сказаў мне Парэчкус, і ў гэты міг я канчаткова парашыў, што з ім трэба канчаць... Як жа, — і тут Пашкевічус падняўся, — людзі гэтулькі рабілі, каб усім добра, светла было. Тут, можна сказаць, і мая дачка працавала, а ён — нішчыць. Не, добрыя людзі так не робяць. Відаць, табе такая Літва патрэбна, каб зноў мы ў цемры ды галечы, як пры Сметоне, бедавалі... Думаю я сабе так, а сам запрашаю, каб адпачыў, ды гарэліцы не шкадую... Нарэшце зваліўся Парэчкус на лаву і захроп. Захроп так, ажно сцены дрыжалі, мусіць, доўга не спаў спакойна. Міргнуў я старой, а тая і без слоў зразумела — па людзей пайшла. А я на кішэні яго ўглядаюся і заўважаю: з аднае ручка тарчыць. — Пашкевічус выняў з пінжака чорны гранёны пісталет і паказаў усім. — Я за гэта ды ў сваю кішэню. А сам за стрэльбу са сцяны, яна ў мяне заўсёды на ваўкоў набітая, і сяджу на зэдліку. «Спі, — думаю, — спі, нікуды цяпер не дзенешся». І вока з яго не спускаю. Неўзабаве прыйшлі суседзі. І хоць, здавалася, моцна хроп, але раптам ускочыў, бандзюга, на грук. Убачыў людзей, здзіўлена глянуў на мяне, цапнуў сябе рукою па кішэні і збялеў. Пасля як зароў, як кінуўся да мяне. «Ты, — крычыць, — энкавэдзіст!..» — «Я», — кажу, усміхаючыся, і рулю стрэльбы на яго наводжу. «Ты мяне загубіць хочаш...» — кінуўся з кулакамі, але мая стрэльба яго ацверазіла, ды і Йонас з бацькам скруцілі яму рукі. «Ну давай, — кажу, — выходзь наперад!» А ён упіраецца: «Ты мяне на смерць вядзеш!..» Імкнуўся крануць маё сэрца. «Можа, і на смерць. Што зарабіў, тое і атрымаеш», — кажу. «Ты, мой родны, і так можаш рабіць?..» — «Ніякі я табе не родны», — сказаў я яму і выпхнуў з хаты. Як ішлі па вуліцы, ён яшчэ прасіўся ў Йонаса з бацькам: «Развяжыце мне рукі, як жа вы можаце так з літоўца здзекавацца, — вы ж літоўцы». — «Не, ты, брат, не літовец — ты кат, што ішоў нас губіць за заморскія грошы, вось хто ты!» — адказалі яны. Хацелі суседзі памагчы мне яго сюды прывесці, але я сказаў, што не трэба, сам спраўлюся; я гэтую брыду некалі быў прытуліў, я яго і адпрэчу. Праўда, намучыўся я з ім за дарогу. Ляжа, падла, і ляжыць. «Бі, — кажа, — а я не пайду!» І так колькі разоў. Бачыце, з «Пергале» ад самага ранку да гэтага часу сюды ішоў... — І Пашкевічус выцер рукавом свой успатнелы лоб.

Парэчкус, які маўчаў увесь час, відаць, хочучы расчуліць Анежку, звярнуўся да яе:

— Бачыш, які твой бацька, Анежка... Зноў кажу табе, Пятрас, што ты не родны мне і ніякі не літовец...

— Які ты мне родны! — узгарэўся Пашкевічус. — Як тыя людзі кажуць — дзесятая вада на кісялі. Пляваць я хачу на такога літоўца, як ты. Вось дзе мне літоўцы, во дзе мне сваякі. — І ён, падышоўшы, абняў спачатку Лайзана, а пасля Гаманька.

— І табе не шкада мяне, Анежка? — стараўся расчуліць дзяўчыну Парэчкус.

— Не, ані не шкада. Ты ж нас усіх загубіць хацеў, нягоднік, — адказала Анежка.

— Што ты хацеў зрабіць, падлюка, са станцыяй? — раптам ускіпеўшы, падскочыў да Парэчкуса Юозас Мешкяліс.

— А хто ты мне такі — пракурор?.. — скрывіўся Парэчкус.

— Я табе пракурор, я табе і суддзя. Вось зараз як вазьму дубіну ды як плясну па патыліцы, тады будзеш ведаць, хто такі я. Мы ў сваёй дывізіі з такімі не цацкаліся... А яшчэ вартаўніком у мяне быў. Цьфу!

— Ды супакойся, Юозас, — стрымліваў яго Рудак, — дадуць яму ладу!

Невядома, колькі ішла б гэтая вострая перапалка каля Дома агракультуры, каб не падскочыў конны міліцыянер Карповіч, некалі паранены ў сутычцы не без удзелу Парэчкуса. Прывітаўшыся з усімі, ён, хітра прыжмурыўшы вочы, звярнуўся да Парэчкуса:

— А, прыяцель, здароў!.. — І той аж закалаціўся.

Анежцы не спадабалася, што міліцыянер з ім так жартуе. Ёй хацелася, каб Карповіч адразу сурова паставіўся да арыштаванага. Парэчкус маўчаў.

— Ну, як гулялася, васпане? Маўчыш?.. Казаць не хочаш? Ну, добра, скажаш дзе трэба! Пайшоў наперад! — і Карповіч паказаў Парэчкусу на дарогу.

Парэчкус, злосна глянуўшы на ўсіх, аж заскрыгатаў зубамі.

— Ну, памятай, Пятрас!.. — загугнявіў ён і закульгаў перад міліцыянерам.

— Зброю!.. Зброю яго вазьміце! — падбег да Карповіча Пашкевічус і перадаў пісталет.

Праз колькі хвілін міліцыянер з арыштаваным схаваліся за сасоннікам.

— Ну, дзякуй богу, здаецца, апошні,— праказаў Пашкевічус і перажагнаўся.

— Апошні... добра было б, каб апошні... А то яшчэ погані зашлюць. Куды ж ім мільёны долараў падзець, калі яны для гэтага спецыяльна асігнавалі, — нахмурыўся Гаманёк.

— Ну, хай паспрабуюць, — рашуча праказаў Ян Лайзан. — Усёй поскудзі дадзім упраўку.

— Добра, што з гэтым справіўся, тата! — радасна ўсклікнула Анежка і пацалавала бацьку.

Пашкевічус моцна прытуліў да грудзей дачку, пяшчотна пагладзіў яе па галаве, гаворачы:

— Ён нас ледзь не загубіў, дачушка!

— Няйначай ён нам хацеў нейкую брыду са станцыяй зрабіць. У-у, бандзюга!.. — злосна вылаяўся Лайзан. Яго пазваў Нікіфаровіч, і яны, захапіўшы банку з фарбай, падаліся да станцыі.

Пабалакаўшы яшчэ трохі, паразыходзіліся ўсе па сваіх справах. Апошнімі засталіся Пашкевічус з Анежкай і Алесь пры іх. Анежка ўстрывожана пыталася ў бацькі:

— Ён жа мог цябе забіць, татачка?

— Не клапаціся, дачушка, твой бацька не такі ўжо разява... — з гонарам адказаў Пашкевічус, падкручваючы вусы.

— Хадзем да мяне, адпачні, — упрошвала яна.

— Не, не магу, дачушка. Маці там, відаць, са страху памірае... Ай, пайду ж я! — І ён заспяшаўся.

Анежка і Алесь праводзілі старога Пашкевічуса. Яны ішлі па пергалеўскай дарозе, якая вілася сярод поля, што буйна красавала. Усё каласілася, налівалася, імкнулася да неба. Ішлі і цешыліся, адчуваючы нейкую лёгкасць у грудзях, а ногі быццам самі прасіліся наперад. А як жа, камень зваліўся ў кожнага з грудзей. Пашкевічус доўга сабе не мог дараваць, што некалі прытуліў гэтага бадзягу ў хаце. Анежка нацярпелася ад Парэчкуса столькі, што цяпер як бы на свет нарадзілася. І Алесь быў рады за яе.

Пашкевічус ішоў пасярэдзіне, закінуўшы стрэльбу за плечы, і ўсё расказваў аб тым, як ён справіўся з Парэчкусам. Відаць было, што гаворкі пра гэта хопіць яму цяпер на многа год. Але, заўважыўшы сам, што шмат аб чым пераказвае ўжо другі раз, схамянуўся і звярнуўся да дачкі:

— Хадзем да маці, дачушка!

— Цяпер некалі, тата! Трэба яшчэ вячэру даваць, я неўзабаве прыйду.

— Прыходзь, прыходзь, пацеш старую; і ты, Алесь, з ёю разам... Мы рады будзем. Мала што брахаў той кацюга...

Гэтым як быццам Пашкевічус хацеў закрэсліць тое, як раней ставіўся да Алеся. Анежка доўга глядзела ўслед бацьку, які, аддаляючыся, усё так жа паважна крочыў са стрэльбай па плячах, нібы пасля бойкі, якую выйграў. Ёй вельмі хацелася пайсці разам з ім, як у дзяцінстве пасядзець побач з маткаю, прытуліўшыся да яе галавой, але яе чакалі справы.

— Ну вось, бачыш, — калі Пашкевічус ужо адышоўся далёка, дзяліўся сваімі думкамі Алесь з Анежкай, — як я разумею, бацькі нічога супроць мяне не маюць, адна толькі ты ўсё не ведаеш, што рабіць.

— Чаму я не ведаю, а з кім я?..

Калі падыходзілі да баракаў, Анежка, умовіўшыся з Алесем, што ён пачакае ў яе пакойчыку, пабегла наперад. Алесь ішоў паціху, глядзеў услед сваёй каханай і захапляўся ёю. Які стан!.. Яна была ў лёгенькай паркалёвай сукеначцы, якая шчыльна аблягала яе постаць. Спрытныя загарэлыя ногі ладна ступалі па дарожцы. «Не, ні ў кога няма тут такое прыгожае хады, як у Анежкі». І калі яна адыходзіла ад яго, ён яшчэ нейкі момант углядаўся, як прывабна аддалялася стройная постаць на фоне зялёнага лесу.

Па дарозе Алесь зайшоў на электрастанцыю. Яна была ўжо амаль гатовая, толькі ўсярэдзіне фарбавалі апошні раз сцены ды на пляцоўцы ўстанаўлівалі зэдлі. «Вось і гатова!» — радаваўся Алесь. А колькі было клопату. Усплыло на памяць і здарэнне на ледаходзе, і тое, як Кузьма параніў Йонаса, і лістоўка ў Рудака... Цяпер вядома, чыіх гэта рук справа. Алесь ажно ўздыхнуў, прыгадаўшы, што сягоння апошні з гэтай банды пайшоў атрымліваць па заслугах.

У станцыі Алесь застаў усё тых жа Нікіфаровіча і Кузьму. Здавалася, што астатнія дні яны і не вылазяць адсюль. Нікіфаровіч хадзіў каля пускавых механізмаў і, відаць, соты раз тлумачыў свайму вучню, як з імі абыходзіцца.

— А-а... Алесь? — азваўся ён, заўважыўшы Іванюту.

— Ну, можам табе далажыць, таварыш начальнік, — ужо як бы афіцыйна загаварыў Нікіфаровіч, — што мы да дзяжурства гатовы. Хай прыязджае інжынер, пяць інжынераў, дваццаць інжынераў, хай правяраюць нас — мы з таварышам Шавойкам на дзяжурства гатовы!

— Дзякую вам, — таксама па-службоваму адказаў Алесь, і яны ўтрох прыселі каля шчытоў у зале. — Дзякую вам ад усіх нас, дзеду Янка, за вашу шчырую дапамогу!

— Ад каго гэта — нас?.. — утаропіў здзіўленыя вочы на Алеся Нікіфаровіч.

— Ну як — ад каго, ад усіх калгаснікаў.

— А я хто?

— Ды вы ўвесь час сцвярджалі, што вы ленінградзец...

— Я і цяпер ленінградзец!

— Дык вы ад нас паедзеце?

— Ага, збіраюся... Толькі і тут я быццам не чужы, а таксама калгаснік. Як ты думаеш, Кузьма, прымуць мяне ў калгас?

— Ды як жа! — узрадаваўся Кузьма. — Рудак хоць сёння сход скліча...

— Бачыш, якія справы, — падміргнуў Нікіфаровіч Алесю. — Прыехаў дзед Янка на бацькаву магілку паглядзець, а выйшаў такім жывучым, што тут жа і карэнні ў зямлю пусціў...

— Дык вы не паедзеце? — узрадаваўся Алесь.

— Як жа я магу не паехаць, калі там сыны, унучкі? Не, паеду, толькі пачакаю крыху... А то выходзіць, што мы тут з Кузьмой мазалі набівалі, маслам перамазаліся — у лазні не адмыеш, і вось на табе: нас па баку, з’яўляецца хто-небудзь на гатовае, раз, два, уключыў рубільнік — кажыце дзякуй, добрыя людзі!.. Не, мы з Кузьмой сябе абдурыць не дадзім. Тут вось я пісьмо напісаў. Можа, пачытаць?

І, насунуўшы на нос акуляры з аглабелькамі, перавязанымі ніткамі, узяў лісток паперы і, трымаючы яго ў дрыжачых руках, пачаў чытаць:

«Дарагія дзеці!

Доўга я думаў перад тым, як напісаць вам гэта пісьмо. Можа, дзесяць разоў браўся за ручку, можа, нават і больш, ды ўсё адкладваў. А чаму так? А хто яго тут разумее!.. То такія думкі ў галаву лезуць, то другія. І справы тут былі гэткія, што расказваць надоўга хопіць, як прыеду,— і пра бандытаў, і пра паводку, і якія тут лясы прыгожыя, і яшчэ шмат чаго... А толькі хутка прыехаць я не здолею, вось бяда! Ніхто тут мяне за рукаў не трымае, не бойцеся, жыве ваш дзед па сваёй волі, люлечку папыхвае ды чыстым паветрам дыхае, але электрастанцыю мы заканчваем, тут і мая праца ёсць, хочацца мне самому на ёй падзяжурыць, возерам пакамандаваць... Я на ім, на гэтым возеры, хлапчуком купаўся, на беразе возера гусей пасвіў... А вы, унучкі, на лета ў госці прыязджайце, чаго там у горадзе сядзець, калі ў дзеда тут курорт такі, што, можа, нідзе і няма такога. І купанне тут, і грыбы, і рыбу палавіць можна, і дзеці тут такія дасціпныя, што з заплюшчанымі вачамі ўсё наваколле абыдуць...»

— Вось, — сказаў Нікіфаровіч, раптоўна перастаўшы чытаць і хаваючы пісьмо ў кішэню, — далей ідзе нецікавае... Пісаць я таксама, канешне, не майстра.

— Усё зразумела! — узрадаваўся Кузьма.

— Так, Алесь Ігнатавіч?

Алесь падышоў да старога, крыху саромеючыся сваёй маладосці, абняў і пацалаваў яго.

— За гэта і дзякуй, дзед Янка... А вось са мной пытанне не вырашана, ці пакінуць тут на некаторы час, ці пашлюць яшчэ куды на будаўніцтва... Самі ведаеце, наша прафесія ў хаду!

— Ведаю, ведаю... Толькі, калі на Ангару пашлюць ці на Волгу — дык паглядай, сынок, пільна. Гэта табе не Дзіркстэле з Пагулянкай, там перамычку рыдлёўкамі не ўтрымаеш! — не то пажартаваў, не то сур'ёзна нагадаў пра рызыку Алеся Нікіфаровіч.

— Добра, — засмяяўся Алесь, — гаруем, але вучымся і будуем... Ну як, пускаць хутка будзем?

— Ды мы з Кузьмой гатовы хоць заўтра. Склікайце гасцей і ў добры час! Паз’язджаецца іх не мала. Відаць, з Мінска, з Вільнюса, з Рыгі прыкацяць... Потым тыдзень галава ад шуму балець будзе. Праўда, Кузьма? І вып’юць, напэўне, справа яна чалавечая, а ў нас з Кузьмой толькі па вусах пацячэ — каля шчыта не вып’еш... Як ты думаеш, Кузьма?

— Давядзецца на вадзічцы пажыць, — уздыхнуў Шавойка.

Алесь непакоіўся, ці не затрымаўся ён, гаворачы са старым. Можа, Анежка даўно ўжо яго чакае? Але, калі ва ўмоўленым месцы ўбачыў ключ ад пакойчыка Анежкі, супакоіўся. Значыць, яна яшчэ раздае вячэру.

Ва ўтульнай бакоўцы Алесь сеў на крэсла каля акна і ўгледзеўся ў даль.

Ужо ў шэрым змроку ледзь відны былі вострыя абрысы далёкага лесу за Доўгім і само возера злівалася з небам так, што цяжка было азначыць яго берагі. Вакол стаяла цішыня, паветра было такое, што лісток з дрэва плаваў у ім і не хацеў спускацца долу. Толькі рэдкія ўспышкі на небасхіле прымусілі Алеся насцеражыцца. Значыць, недзе цяпер навальніца. У гэтае лета іх шмат. Можа, дзе адбываецца такая бяда, як і ў Эглайне. Алесь уздыхнуў — здаецца, уласныя беды ім перажыты. Але да якога часу яны будуць жыць з Анежкай паасобку? Ці Анежка ў гэтым вінна, ці, можа, яго ўласная нерашучасць? Ці не ператвараецца ён паступова ў таго героя кінакамедыі, які ўздыхае, упрошвае, прыціскае рукі да сэрца і ніяк не можа зрабіць адзінага пэўнага і простага кроку? Кажуць, ён за гэты год пасталеў. Тварам, выглядам ці характарам таксама? Не, па характары, і тут ён мусіць прызнацца, і цяпер вельмі мяккі і сарамлівы...

А бліскавіцы жахалі ўсё часцей і часцей. Спачатку яны ўспыхвалі з-за цёмнага лесу, як бы хто там папраўляў вялізную лямпу, і яна то загаралася, то гасла, а зараз іх пошугі ахоплівалі ўжо добры край неба, так, што выразна віднеўся супрацьлеглы бераг возера з дрэвамі і кустамі. А яшчэ як палыхнула маланка па небе, дык на момант перарэзала яго, як бы якая даўжэзная вогненная яліна лягла ўпоперак. Ударыў глухі гром, быццам хто праехаў наўгалоп на гружаных калёсах па доўгім мосце.

Узняўся вецер, і павеяла халадком ад буйнога дажджу ці граду, што выпаў недзе. У пакой увайшла Анежка.

— Ну, вось і я, — прытулілася яна, абхапіўшы ягоную шыю рукой.

У Алеся моцна забілася сэрца. Ён адчуваў пяшчотную руку дзяўчыны і дотык яе гарачага цела. Рука сама міжволі пацягнулася па яе спіне, вярнулася да грудзей і затрымалася. На хвіліну ён застыў, нібы баючыся нават зварухнуцца. Убачыўшы пачырванелы твар Анежкі, ён страпянуўся, адчуваючы, што так сядзець нязручна, і моцна абхапіў яе абедзвюма рукамі. Шуганула бліскавіца, і Алесь заўважыў, як у Анежкі запалалі вочы і ледзь-ледзь прыкметна задрыжалі вусны.

Ударыў гром. Анежка скаланулася і вырвалася з яго абдымкаў.

— Што ты думаеш, гэта бог сварыцца? — весела пажартаваў Алесь, але яшчэ доўга не мог суняць частага дыхання.

І, можа, ад пачуцця такое блізкасці яму стала нечага сорамна.

— Бачыш, як разгрымелася... — сеўшы крыху паводдаль, прагаварыла Анежка.— Як ты цяпер дамоў дойдзеш?..

Алесь узяў яе за руку. Анежка маўчала.

— Ведаеш, а я сягоння нікуды і не пайду...

— Як гэта?.. — устрывожылася яна. — А маці ж будзе хвалявацца. А што скажуць людзі, калі дазнаюцца, што ты быў ноч у мяне?..

Неба на міг асвяціла такая бліскавіца, што маладая бярозка засерабрылася пад акном. На лісцях яе было гэтулькі святла, што здавалася, яно кроплямі жывога срэбра падала долу.

— Я ведаю, што цябе турбуе. І ёсць у мяне добрая парада,— узбуджана сказаў Алесь, глянуўшы Анежцы ў вочы, — і пабачыш, усё будзе добра!..

— Што?.. — зацікавілася яна.

— Ты будзеш са мною і будзеш вучыцца!

— Як?..

— Ты будзеш вучыцца там, куды мы паедзем. — І ён доўга гаварыў дзяўчыне аб сваіх марах.

Анежка маўчала, але тое, як яна пяшчотна палажыла галаву на грудзі Алесю, выказвала яе згоду.

— Вось скончыцца будаўніцтва, і мы паедзем будаваць у другое месца, далёка... Ты са мной паедзеш?

— Паеду! — ледзь чутна прашаптала Анежка.

— Паедзеш і будзеш вучыцца! Вось бачыш, як добра выходзіць. А ты будзеш сумаваць па «Пергале»?

— Мне ўсюды цяпер сваё, — шаптала Анежка. — З табой усюды добра. — І Алесь адчуў, што цёплая слязіна капнула на яго руку.

— Анежка, ты плачаш?.. — заглянуў Алесь ёй у твар і ледзь сам не заплакаў ад шчасця. — Хадзем да маці, хадзем да мяне, Анежка!

— Добра... — ужо згадзілася яна. — Але, Алеська, родны, пачакай, я ж мушу пагаварыць са сваімі бацькамі. Досыць таго, што я тады проці іх волі пайшла. А цяпер я не хачу іх крыўдзіць. Тым больш, ты сам бачыш, які стаў тата!

— Значыцца, усё яшчэ ад іх залежыць?..

— Ды ты не бойся, я пераканана, што яны згодзяцца, каб мы былі шчаслівымі!

— А я непакоюся, каб не выйшла часам якой каламуці... То не католік, то не літовец, мала яшчэ чаго падумаюць!

За акном не пераставала шугаць бліскавіца, грымеў пярун, як бы хто заганяў велізарныя жалезныя слупы да сярэдзіны зямлі і варочаў іх там і шчапаў запар усе дрэвы ў лесе. Але два маладыя сэрцы не зважалі ні на што, у іх былі свае клопаты. Алесь і Анежка прабылі ўдваіх да рання, толькі час ад часу, адарваўшыся ад пацалункаў, ад сваіх мараў і дум, паглядалі ў акно і шапталі:

— Рабінавая ноч!..

 

 

1 Апілінак — павет (літ.).

XXVI

Алесь сядзеў на канапе ў куце і пазіраў, як маці з Марфачкай канчаюць прыбіраць хату. Калі ён раніцай адыходзіў на станцыю, яны толькі збіраліся мыць падлогу. А вярнуўся праз некалькі гадзін і зусім не пазнаў хаты. Алесь прывык, што ў іхняй хаце заўсёды было чыста, але сёння яна прыбіралася па-асабліваму. Жоўтую падлогу ўсыпалі свежым аерам, пах якога, прыемны з дзяцінства, стаяў у паветры. Марфачка абтыкала вушакі акон дробнымі галінкамі маладога бярэзніку. Агата засцілала ложкі прыгожымі, вытканымі ў елачку коўдрамі і высока падбівала падушкі.

Алесю надзвычай падабаўся свой куток. Заўсёды калі ён прыязджаў адкуль-небудзь з дарогі, варта было толькі пераступіць парог хаты, як на сэрца находзіў спакой, здавалася, што ўсё ідзе добра; і тое, што прыбіралася хата, і тое, што ён бачыў праз расчыненае акно на вуліцы, якая таксама аздаблялася зелянінай, — усё лагодзіла ягонае сэрца.

Алесь нават непрыкметна для сябе стаў меркаваць, як ён у гэтай хаце будзе жыць з Анежкай. Наглядаючы за тым, як працавалі маці з Марфачкай, сам прыкідваў: нічога яму болей з Анежкай не трэба, як тая бакоўка, дзе спалі цяпер маці з Марфачкай. Яны ж, відаць не пакрыўдзяцца, калі наш ложак стане ў гэтай палавіне. А там, у бакоўцы будзе добра. Шафу можна паставіць ля сцяны, а ложак абавязкова галавою да акна. Як будзе добра ўдваіх чытаць там кніжкі. Над ложкам павесіць партрэт свой і яе. Яны абавязкова здымуцца; можна гэта зрабіць ужо зараз, не чакаючы, пакуль запішуцца.

Агата заўважыла, што яе сын у вялікім роздуме. Ёй захацелася з ім пагаварыць, каб дазнацца, чым ён так занепакоіўся.

— А скажы, сынок, як хуценька гадок прабег. Гэта ж быццам учора было, як у леташняе купальскае свята ты прыехаў. А глядзі — заўтра зноўку Купалле...

— Купалле, маці, — пацвердзіў матчыны словы Алесь, — і не толькі Купалле, а і наша найвялікшае свята за гэты год. Заўтра мы ўрачыста пускаем станцыю, ды і сягоння паспрабуем, як яна сябе пакажа. Так што ты чакай вечарам цуда. — І ён паказаў на лямпачкі, што звісалі са столі.

— Ды ўжо ж пацікуемся... Шкада, што Ігнат не дажыў, вось бы радасць яму была!..

Маці не зводзіла з сына вачэй. Сапраўды, як хутка прабег час! Калі тое было, а вось яе Алесь ужо зусім самастойны чалавек. Міжволі выплыў і вобраз Анежкі. «Чаго ён там марудзіць, — думала Агата, — няхай бы браў, слаўная дзяўчына. Можа, і добра, што пазнаёміліся, а то чапляліся б верціхвосткі розныя, звялі б, чаго добрага!..» І з радасцю для сябе зазначыла, што з таго часу, як Алесь захапіўся гэтаю маленькаю літовачкай, ён стаў такі паважны і акуратны. За ўвесь год не бачыла, каб Алесь калі нядбайна апрануўся. Заўсёды кашуля на ім была выпрасаваная, чыстая. Ні разу не выйшаў з хаты, каб чаравікі не блішчалі. Сёння ж зноў завязаў прыгожы блакітны гальштук, той, які насіў па асабліва важных днях. Значыць, чакае, што сёння таксама нехта прыедзе.

Маці наважыла была запытацца пра гэта ў сына, але не паспела. Алесь, узяўшы бацькаву палявую сумку, ужо цераз прыадчыненыя дзверы папрасіў:

— Маці, ты там чаго-небудзь змайструй... Я, можа, сягоння ўвечары не адзін прыйду!..— І знік.

«Так і не сказаў, з кім такім ён можа прыйсці», — падумала яна сама сабе, але не крыўдзілася на гэта.

Алесь так рэдка за гэты год паварочваўся дома, што Агата заўсёды была рада ягонаму прыходу, з кім бы ён ні з’яўляўся. Яна прыпала да шыбы і доўга глядзела, пакуль сынава постаць не знікла на дарожцы ў кірунку станцыі.

 

Алесь ішоў паўз возера, якое песцілася пад цёплымі праменнямі, быццам разамлелае. Ён спяшаўся праверыць сваім вокам, што рабілася наўкола, і матчыны словы прыходзілі на памяць. Сапраўды, як хутка прабег гэты год. Быццам толькі ўчора ішоў да Антонавага лугу, дзе ўбачыў Анежку. Тады яшчэ не было гэтага прыгожага белага будынка, што цяпер, як добры палац, стаіць над возерам. Не было высокага пад чарапічным дахам Дома агракультуры. Колькі могуць зрабіць за год чалавечыя рукі, абы толькі даць ім добры кірунак!

Нават поле за возерам, куды ні зірнеш, выглядае сягоння прыгажэйшым, чым год назад. Радковая сяўба, пасадка бульбы гнездавым спосабам зрабілі поле такім, як быццам хто дбайнаю, умелаю рукою даў кожнаму каліўцу сваё месца.

«Добра гэтую вясну папрацавалі людзі, — думаў Алесь. — І як разумна, што Самусевіча замянілі Рудаком. Наладзіўся парадак у калгасе, ды і самому Самусевічу, як відаць, гэта пайшло на карысць».

З-за бярозавага гайка даляцела песня. Адзін, самы высокі, дзявочы голас, калі скончылася ўжо ўся песня, яшчэ доўга лунаў над возерам. Белакрылая чайка, якая ляцела ў гэты час да супрацьлеглага берага, здавалася, цягнула за сабою гэты пераліўчаты голас удаль, як тонкую-тонкую струну. У Алеся ажно скаланулася сэрца: яму здалося, што гэта пяе Анежка. А ўсё можа быць. Песня ляцела з літоўскага боку, а ён ведаў, што пергалеўская моладзь сёння рыхтуецца да свята.

Алесь так захапіўся сваімі здагадкамі, што не заўважыў, калі яго аклікнуў Якуб Панасавіч.

— Думаеш, што ты толькі адзін сягоння радуешся? Не, брат, ведаеш-разумееш, мы сягоння з Захарам яшчэ ад світання ходзім і ўсё аглядаем.

— Ну і як? Што ваша гаспадарскае вока ўбачыла?.. — такім жа тонам запытаўся ў настаўніка Алесь.

— Ды як табе сказаць? Пяцёрку б я не паставіў, а чацвёрку з плюсам хоць зараз.

— Малавата...

— А гэта, каб не зазнаваўся! — па-старэчаму добразычліва засмяяўся Гаманёк. — З выхаваўчай мэтай... Ды і паставіў я табе ў мінулым пяцёрак столькі, што доўга яшчэ адрабляць давядзецца!

— Вось што я табе скажу, таварыш Іванюта, — умяшаўся ў размову Захар Рудак, — папрацавалі мы так, што дай божа... Заўтра на свяце шмат добрых слоў табе скажуць, хопіць для душы мёду, а мы табе тут па-свойску таксама тое-сёе шапярнуць хочам. Малайчына, узрадаваў калгаснікаў! Цяпер усе бачаць, што яна такое, наша Савецкая ўлада, і якую яна дарогу людзям адкрывае. Аднаго баюся — паразбягуцца мае хлопцы ды дзяўчаты па інстытутах, вельмі ж ужо добры прыклад перад вачамі. А справы ў калгасе толькі пачынаюцца — прыходзіць сіла, дык давай і работу па ёй!..

Разважаючы аб тым, што дзеецца ў калгасе, яны непрыкметна падышлі да сасонніку на ўзгорку непадалёк ад станцыі. Гэты сасоннік стаў цяпер як бы калгасным паркам. Заўтра там з прычыны пуску электрастанцыі мелася адбывацца народнае гулянне. І сапраўды, гэта быў не проста малады сасновы лясок, а ён нечым нагадваў і гарадскі парк: роўна пракладзеныя дарожкі, пасыпаныя жоўтым пясочкам, перасякалі яго ўдоўж і ўпоперак, там-сям узвышаліся клумбы з рознакаляровымі кветкамі на іх. А колькі ларкоў, падобных да грыбоў, раптам з’явілася ў розных кутках ляска. Відаць, беларусы, латышы і літоўцы стараліся адзін перад адным, бо што ні новы ларок, дык здаваўся яшчэ прыгажэйшым. Шмат якія стаялі ўжо гатовыя і ганарыліся сваімі зялёнымі і чырвонымі дахамі-шапкамі, а ў некаторых ішла яшчэ апошняя даробка.

Насустрач ім трапіў Янка Нікіфаровіч. Ён толькі шырока разняў рукі.

— Чаго тут толькі не будзе! Заўтра абыду ўсё па парадку.

— І ўсе піўныя? — пажартаваў Рудак.

— І ўсе піўныя!

Удары малатка з невялікай пляцоўкі, расчышчанай пасярэдзіне ляска, прыцягнулі ўвагу. Яны пайшлі туды і неўзабаве ўбачылі, як Паўлюк Ярошка, стоячы на доўгай лесвіцы, прыбіваў над сцэнаю яркія чырвоныя палотнішчы з лозунгамі, якія на трох мовах услаўлялі шчырую дружбу савецкіх народаў. Ён так быў заняты гэтаю справаю, што ледзь буркнуў у адказ на прывітанне і, пакуль не скончыў, не спусціўся далоў. Затое, калі сышоў на зямлю, Ярошка стаў яшчэ больш гаваркі, чымся звычайна. І выгляд яго быў адмысловы. Усіх нават здзівіла, што ён арудуе малатком у такім артыстычным убранні. Чорныя штаны, а на белай кашулі заместа гальштука банцік. Нават чуб, здавалася, падрос і проста закручваўся кольцамі на лбе.

— Для сваёй славы будуеш? — кіўнуў Захар Рудак на сцэну.

— Што вы!.. — замахаў рукамі Ярошка. — Скончыцца мая слава, знікне, як тая рэчка Дзіркстэле ў возеры Доўгім...

— Што так сумотна гаворыш?

— А вы ведаеце, хто тут выступаць будзе?

— Уланава, ці што?

— Артысты з трох рэспублік тут выступаць будуць. Вы толькі мяне падтрымайце, таварышы, — звярнуўся Ярошка з просьбай да ўсіх, — калі будзе наша чарга, каб мне з дэкламацыяй «Буравесніка» выступіць. Няхай паслухаюць, як я ўмею!

— Ды ты, браце Паўлюк, не аднаго з іх за пояс заткнеш... У цябе такі голас! — нібы сур'ёзна падтрымаў яго Алесь.

— Не здзекуйся, таварыш Іванюта, я сур’ёзна, а ты смяешся! Галоўнае — адукацыі мне не хапае. Шліфоўкі таленту!

— Чаму ты так думаеш?

— А што я, не бачу? А ведаеце, я вам адкрыю свой сакрэт. Хочаце? — І ён, быццам нехта падслухоўваў яго, выцягнуўшы ўперад доўгую шыю, з таямнічым выразам прашаптаў: — У артысты паступаю!

— Што ты, таварыш Ярошка, ёлкі зялёныя! — нібы сапраўды напалохаўшыся, праказаў Рудак і, памацаўшы яго лоб далоняю, дадаў: — А хто ж у нас за рахункавода будзе?

— Тут ужо не мая справа, — пакрыўдзіўся Ярошка.

— А вы не жартуйце, можа, у Ярошку і сапраўды талент жыве, — сказаў Алесь, і больш ніхто не пярэчыў жаданням калгаснага рахункавода.

Яны пайшлі далей і, хоць раней добра ведалі пра ўсё, што будуецца ў парку, былі захоплены тым, што сталася. Недалёка ад цэнтральнай пляцоўкі размяшчаліся кніжныя кіёскі. Праз зашклёныя вітрыны віднелася шмат кніг у рознакаляровых вокладках. Крыху ўбаку стаяла крама, дзе ў вітрынах стракацела розная тканіна. І ўжо зусім здзівіла Нікіфаровіча тое, што дзеялася ў адной будачцы. Там вісеў тэлефон.

— Ну, я вам скажу, — узбуджана пляснуў далонямі Нікіфаровіч, — рэдка які раённы цэнтр можа пахваліцца тым, чым сягоння можам мы.

— Ну, гэта ты ўжо занадта, — імкнуўся суняць яго пыл Якуб Панасавіч.

— Не, Якуб Панасавіч, не занадта! — запярэчыў стары і пачаў пераканана даводзіць сваё.

Каля баракаў было прыкметнае ажыўленне.

— Э-э, брат, не адны мы рыхтуемся да свята, — заўважыў Рудак, калі яны падыходзілі да сталоўкі. — Паглядзі, Каспараў конь стаіць!..

І не паспелі яны падысці да сталоўкі, як з таго ж самага пакойчыка, дзе некалі яна жыла, выскачыла Восілене, па-ранейшаму ўвішная і гаваркая.

— А што, вы думалі навек ад мяне пазбавіцца? — вітаючыся, гаварыла яна ўсім, і здавалася, што Восілене нікуды і не выязджала.

Але ўжо тое, што следам за ёй выйшаў Каспар, а потым і малы Томас, вырваўшыся з рук Анежкі, падбег да Восілене, паказвала, што яна сямейная.

Каспар, як звычайна, спакойна прывітаўся з усімі, і, пакуль збіраўся нешта сказаць, яго апярэдзіла Восілене.

— А святочную вячэру трэба каму-небудзь ладзіць?.. — наступала яна на мужчын.— А яшчэ і Анежкі мне шкада. Ёй жа хочацца пагуляць, а вы да пліты яе прыставілі. Праўда, Анежка? — І яна абняла маладую сяброўку. — Можаш гуляць і сягоння і заўтра; на хвілінку падскочыш пасобіць, а я спраўлюся сама.

— Ну, адным словам, паклон табе ад усіх нас, — зняўшы шапку, схіліў сівую галаву Нікіфаровіч. — Адным словам, Каспар, выхапіў ты ў нас маладзіцу з-пад носа, проста скарб!

— Як гэта выхапіў? — быццам пакрыўджаная, скрывілася Восілене. — Можа, не ён мяне выхапіў, а я яго да сябе прывязала. — І з хітраю ўсмешкай глянула на Каспара, які дабрадушна пасмейваўся, пускаючы дым ад цыгаркі.

Алесь паглядаў то на Каспара, то на Восілене і нават зайздросціў ім.

— Анежка, прымай гасцей! — сказаў Рудак, і яны ўсе пайшлі следам за ёю ў сталоўку.

— Малайчына, Анежка, — пахваліла Восілене, убачыўшы, як там па-святочнаму ўсё прыгожа прыбрана.

На вокнах і сталах стаялі кветкі. Зялёная дзераза гірляндамі аздабляла белыя сцены.

Усе прыселі за стол. І на некалькі імгненняў запанавала цішыня. Праз светлыя вокны ўтульна прыбранай сталовай віднеліся будынкі станцыі і Дома агракультуры. Дзіўнае пачуццё ахапіла ўсіх гэтых, такіх розных і нечым падобных людзей: ніхто з іх не мог лічыць, што зрабіў для будаўніцтва самае галоўнае, і кожны быў задаволены так, як быццам стварыў усё гэта ўласнымі рукамі. Ніхто з іх не мог, не адважыўся б назваць сябе гаспадаром станцыі, але ў той жа час кожны з іх адчуваў тут сябе не госцем, а гаспадаром і нёс гаспадарскую адказнасць за ўсё.

— Вы толькі гляньце, хто прыехаў!.. — гукнуў Алесь і кінуўся да дзвярэй.

Хутка ён вярнуўся з гасцямі.

— Лапо, начальнік «Белсельэлектра», — знаёміў ён, прапускаючы перад сабой апранутага ў карычневы гарнітур сярэдніх год чалавека.

— О-о-о!.. І Барыс Васільевіч да нас! Вось гэта добра, ёлкі зялёныя!.. — радасна прывітаў інжынера Беразінца Захар Рудак.

Беразінец сеў побач з Алесем, паціснуў яму локаць.

— Вітаю... І рызыка цалкам апраўдалася.

Алесь зразумеў, што справа ідзе аб перамычцы, і з удзячнасцю кіўнуў галавой.

— Ну што ж, заўтра пускаем, — спакойна праказаў Лапо.

— І яшчэ як. Свята адзначым дык адзначым! — узбуджана ўсклікнула Восілене. — Мы, пергалеўцы, аднаго хору даём сто чалавек.

— Не выхваляйся «Пергалем», ты цяпер эглайнаўская, — спакойна палажыў сваю руку на плячо Восілене Каспар. — Мы даём сто пяцьдзесят...

— І мы не падкачаем! — умяшаўся ў гаворку Захар Рудак.

— Аж да дна Доўгага наша песня дастане, калі мы дружна заспяваем, — не мог утрымацца Алесь Іванюта.

— А табе, браце, нядоўга тут спяваць, — звярнуўся да Алеся Лапо.

— Чаму так? — здзівіўся Алесь і раптам збялеў.

— А таму, што парашылі перавесці цябе начальнікам новай будоўлі...

— А я хацеў бы на Волгу, — раптам рашуча заявіў Алесь і застыў у чаканні адказу.

— А блізка не хочаце?

— Мне б хацелася на шырокі прастор, таварыш Лапо, у вялікім калектыве і пад началам вопытных людзей папрацаваць...

— Ну што ж, падавайце заяву. Думаю, што задаволім...

— Дазвольце, таварышы, а хто ж у нас застанецца? — зацікавіўся Гаманёк.

— А мне ж сам таварыш Іванюта пісаў, што ў вас ёсць тут надзейны чалавек.

— Я казаў пра Нікіфаровіча, — паведаміў Алесь.

— Што вы?.. — замахаў рукамі Янка Нікіфаровіч.

— Ладна, разбярэмся, — сказаў Лапо. — Уласна кажучы, калі вы збіралі турбіну, дык і ўзначальваць станцыю можаце. Тут інжынер ужо не абавязковы. Калі ж будзеце настойваць, можам і прыслаць чалавека.

Калі б хто добра прыгледзеўся, дык заўважыў бы, што і Анежка пачырванела ад нечаканасці.

— А вы каля станцыі які новы дом адгрохалі!.. Ці не кантору думаеце тут змяшчаць? — заўважыў інжынер Беразінец, углядаючыся ў акно.

— Вось вы і не ведаеце, а мы ганарымся гэтым будынкам, — паважна адказаў Захар Рудак. — Мы тут сёлета выстаўку трох калгасаў зробім. А там, хто ведае, можа, і ў Маскву папросяць.

— Ну, я вам скажу, таварышы, — нарэшце не вытрымаў маўклівы Каспар, — на лета мы ўсе будзем варты таго, каб нас паслаць у Маскву, а сёлета добра хоць не ўдзельнікамі, дык каб гасцямі некалькі ад нас чалавек паехала.

У гэты час у хату ўваліўся Мешкяліс. Ён быў увесь запылены, як бы цэлы дзень быў у дарозе. Зняўшы шапку і выціраючы пот, ён, якому ніколі не было цяжка ўключыцца ў гутарку, адразу запытаў:

— Куды, каго паслаць?..

— Цябе паслаць, — зарагатаў Захар Рудак.

— А куды?

— У Маскву, на выстаўку.

— А што ж там, калі і мяне, я гэтага варт, — сур’ёзна сказаў Мешкяліс.

— А я па-старэчаму, — дадаў з свайго боку Гаманёк, — дык Яна Лайзана паслаў бы. Вось дзе чалавек заслужыў дык заслужыў.

— Чаго вы, Якуб Панасавіч, у справы чужога калгаса ўмешваецеся? — заўважыў Рудак.

— Які чужы?.. Цяпер няма, брат, чужых. Мы ўсе свае. А Лайзан мне, можа, радней за якога свайго.

— Ды кінь, Захар. Дзядзька Гаманёк сапраўды як трэба гаворыць, — спакойна прамовіў, пыхкаючы цыгаркай, Каспар. — Лайзана мы абавязкова пашлём і яшчэ разам з ім Марту, калі толькі дазвол будзе.

— Гэта мы пад восень вырашым, тады відней будзе, — дадаў Якуб Панасавіч, — а цяпер я прашу дарагіх гасцей адпачыць з дарогі.

— Мы ж вам і раней надакучылі... Можа, у другое месца пайсці? — спытаўся Беразінец.

— Не, не... Толькі да мяне! — не даў болей гаварыць Якуб Панасавіч, забраў Лапо з Беразінцом і павёў дахаты.

Пакрысе разышліся хто куды і астатнія.

Восілепе, выправіўшы Каспара, пачала гаспадарыць на кухні. Алесь пайшоў яшчэ раз глянуць на станцыю, і Анежка разам з ім. Пахадзіўшы па невялічкай, асветленай сонцам зале, яны выйшлі на двор і, непрыкметна для сябе, апынуліся на беразе возера. За гаворкаю і не заўважылі, як увайшлі ў малады сасоннічак на высокім узгорку. Алесь прыгадаў, што блізка каля гэтага месца да яго чапілася Адэля Гумоўская. «Няма ўжо тых нягоднікаў», — падумаў ён і абняў Анежку. Некалькі хвілін яны стаялі моўчкі і ўглядаліся ў даль. А краявід быў сапраўды прыгожы. Лёгкі ветрык ледзь калыхаў возера, і яно пералівалася, як жывое, у срэбнай дробнай-дробнай лусцы. Далёка з правага боку віднеліся з комінаў пергалеўскіх хат дымкі, якія расплываліся, што косы, над сінім лесам. Перад вачыма маячыла ўсё тая ж высозная эглайнаўская белая вежа. Але крыху бліжэй ужо стаяла вялікая жоўтая арка з чырвоным сцяжком над ёй. Сцяжок, як жывы агеньчык, трапятаўся на ветры, азначаючы, што ў гэтым месцы горача б’ецца жыццё. Проста перад вачыма ляжала сяло. То там, то сям узняліся ў ім новыя хаты з антэнамі і новыя зрубы. Электрычныя слупы пазлучалі ўсе хаты правадамі.

— А вунь і наша хата, Анежка, — мацней тулячы каханую да сябе, праказаў Алесь.

З белага коміна на ўскраі сяла віўся белы дымок і спадаў у бок садка, што зелянеў на ўзгорку.

Анежка нічога не адказала Алесю, бо ўвагу яе прыцягнула песня, што прыляцела з-за маладога сасонніку. Вецер, які павяваў з таго боку, даносіў высокія дзявочыя галасы:

 

Рана, рана дочачка

Матачку пытае:

— А дзе тая папараць,

Што шчасце хавае?..

 

 

— Ой, Енінас! Свята!.. — усклікнула Анежка і, схапіўшы Алеся за руку, пабегла ў той бок, адкуль далятала песня.

Алесь, захапіўшыся яе парывам, бег побач, але, абдумаўшы, параіў каханай:

— Давай прыхаваемся тут дзе-небудзь. Ведаеш, як цікава панаглядаць збоку...

І Анежка згадзілася. Яны стаіліся за бухматым кустом крушыны. Праз рассунутыя галіны ім раскрылася маляўнічае відовішча.

 

...Кажа маці дзеўчынцы:

— Ці ў лесе, ці ў полі

Шукай, шукай, родная,

Знойдзеш шчасце, долю!.. —

 

 

спявалі пергалеускія дзяўчаты і хадзілі павольна паміж маладых бярозак з вянкамі ў руках.

— Як мне хочацца да іх!.. — узнялася Анежка, ды Алесь яе стрымаў. — Бачыш, вунь іх колькі!

З другога боку набліжаліся эглайнаўскія дзяўчаты і хлопцы. Петэр і Марта ішлі ўдваіх, абняўшыся. «Значыць, і ў іх парадак», — падумаў Алесь.

Голасна спявалі латышкі:

 

Што за хлопцы у суседа, ліга! ліга!

Гультаі ўсе, абібокі, ліга! ліга!

Іх вароты не прыбраны, ліга! ліга!

У іх косы некляпаны, ліга! ліга!

 

 

Але дзявочая песня не засталася без адказу. Цэлая чарада эглайнаўскіх хлопцаў, якія абкружылі дзяўчат, густымі басамі, звонкімі тэнарамі перабілі:

 

Што ў суседа за дзяўчаты, ліга! ліга!

Не прыбрана смецце з хаты, ліга! ліга!

Яны днём храпуць на печы, ліга! ліга!

Сорам ім у гэты вечар, ліга! ліга!

 

— Гэта яны да заўтрашняга свята рыхтуюцца. Чуеш, Анежка, як хораша?

Сцяжынкаю з-пад возера ішлі дзяўчаты з Доўгага.

— Глядзі, глядзі: і Вера Сарокава, і нават Рудакова Каця паміж імі... — штурхала Алеся Анежка.

Ад іх ужо ляцела чароўная купальская мелодыя:

 

...Ой, рана на Йвана,

Ой, рана на Йвана,

На Купалу ночка мала,

Ой, рана на Йвана.

 

— А як жа будзе прыгожа, калі заўтра прыйдуць усе ў сваіх уборах! — захаплялася Анежка.

— Табе, відаць, таксама хочацца быць заўтра разам з імі? — усміхнуўшыся, запытаў Алесь.

— Мне больш за ўсё хочацца быць з табою...

— Вось і добра!

А на паляне ішло аб’яднанне хораў. Усе групы сыходзіліся ў адну і станавіліся на сярэдзіне паляны, дзе якраз было невялічкае ўзвышша. Калі ўсе пасталі разам, аб’яднаны хор выглядаў ужо даволі вялікім.

— Анежка! Ты толькі глянь!.. Паўлюк Ярошка за хормайстра?

— А што ж, ён здатны! — захоплена сказала Анежка.

Да Алеся на момант закралася ледзь прыкметная рэўнасць, але ён, бачачы ласкавыя вочы Анежкі, адагнаў дарэмную думку ад сябе.

— Сапраўды, на ўсё майстар!.. — пацвердзіў Алесь.

А Ярошка ўзмахнуў рукамі, як быццам арол крыламі, і на ўвесь сасоннік моцна загуло:

 

Широка страна моя родная!..

 

— Можа, падыдзем да іх, Алеська? — усё яшчэ парывалася Анежка.

— Не будзем перашкаджаць ім, дарагая, заўтра мы пабачым іх зблізку. Давай паглядзім, што каля станцыі робіцца. Можа, хто мяне шукае, — запрапанаваў Алесь, і Анежка паслухмяна згадзілася.

З пергалеўскай дарогі падыходзілі Йонас і Зосітэ.

Калі яны былі ўжо зусім блізка, Алесь і Анежка пайшлі насустрач.

— Прывітанне маладажонам! — узрушана ўсклікнуў Алесь.

— Прывітанне і тым, хто вучыцца нашаму прыкладу, — жартаўліва адказаў Йонас і моцна страсянуў Алесеву руку.

Анежка пацалавалася з Зосітэ. Яна была рада зноў сустрэць сяброўку і аглядала яе ўсю, як быццам даўно-даўно не бачыла. І хоць прайшло з таго часу, як бачыліся, усяго некалькі месяцаў, Анежка заўважыла змены. Як ні старалася Зосітэ, апрануўшы прасторную сукенку, схаваць сваю паўнату, ёй гэта не ўдавалася. Ды і твар завастрыўся, і на яго ляглі ледзь прыкметныя рысы, якія надавалі ёй сур’ёзнасць. Гэта відавочна розніла маладую жанчыну ад дзяўчыны. А каля вачэй ледзь азначыліся жаўтаватыя кругі.

Анежцы стала неяк трывожна.

Але тое, што Зосітэ была вясёлая, супакоіла яе.

— Я, брат, чуў, што цябе Мешкяліс хоча ў Маскву на выстаўку паслаць!.. — паведаміў Алесь Йонасу.

— А што ж, я і паеду! Ад добрага не адмаўляюцца, — адказаў усцешаны гэтым паведамленнем Йонас.

— І мяне возьмеш? — запытала Зосітэ.

— Як бы я хацела хоць раз пабыць у Маскве! — уздыхнуўшы, сказала Анежка, быццам у яе не было ніякай надзеі на гэта.

— Не хвалюйцеся, дзяўчаткі, пабудзем там. Убачыце, што і неўзабаве можам быць, хай там толькі аб нашай працы пачуюць! — пераканальна даводзіў Алесь, і ўсе паверылі, што гэта сапраўды будзе так.

Блізкі вечар паволі ахутваў змрокам прыдарожныя кусты і дрэвы. Прыкметна шарэлі хвалі на возеры, а цені выцягваліся даўжэй і даўжэй. У звычайныя дні ў такія часы на возера прыходзіла цішыня, а сягоння гэтага і знаку не было.

На паляне яшчэ чулася песня. Анежка і Зосітэ ішлі, абняўшыся, наперадзе. Да іх даляцела знаёмая з дзяцінства мелодыя, і яны падхапілі яе:

 

...Рана, рана раначкам

Ішла я за вадой...

Што ж вяночак вы, туманы,

Абрасілі мой?..

 

Хлопцы падцягнулі. Алесь ужо крыху прызвычаіўся да літоўскіх песень, і яму было гэта няцяжка. Калі б хто не ведаў, дык, відаць, і не адрозніў бы яго ад літоўца.

— Ну, ужо досыць, бо відна і станцыя! — абарвала песню Анежка, і ўсе змоўклі.

На скрыжаванні сцяжынак пачалі развітвацца.

— Што ж, — уздыхнула Зосітэ,— вось, здаецца, і адгулялі мы з вамі. Пахадзілі па гаях і па беражках... Шкада, Анежка?

— І сама не ведаю...

Позна вечарам, калі змрок схаваў ад людскіх вачэй возера, пазнаць, дзе знаходзілася яно, можна было толькі на дробным усплёску хваль. І людзі, якія сабраліся да станцыі, прыслухоўваліся да гэтага ўсплёску, быццам чакалі, што ў гэты вечар возера скажа ім нешта асаблівае. Урачыстае адкрыццё станцыі прызначана па заўтра, але ці можна ўседзець дома, калі якраз цяпер тут упершыню будзе ўключаны рубільнік і па правадах пабяжыць ток? Амаль год назад прыйшлі яны сюды з рыдлёўкамі ў руках. Колькі мазалёў панаганялі, колькі дажджоў пабарабаніла па спінах, колькі мятлюг правіхурыла над галавою! Цяпер адсюль, з гары, яны сваімі вачамі хацелі бачыць, як успыхнуць гірлянды агнёў у трох сёлах. Толькі чэрствы чалавек, сэрца якога, падобна каменю на мяжы, пакрылася мохам і плесенню, мог асудзіць іх нецярплівасць і не зразумець іх прагнага імкнення. Гэта была частка жыцця, якую яны, адыходзячы, пакінуць на зямлі як помнік, як аповесць пра саміх сябе, і гэта была надзея на лепшае жыццё для сваіх жонак і дзяцей, для саміх сябе. Па сутнасці той і чалавек, хто зрабіў усё, каб ганарыцца мінулым, і робіць усё, каб здзейсніць лепшыя задумы, бо інакш чым ён будзе адрознівацца ад палявой мышы, якая таксама мітусіцца, каб толькі набіць жывот і сядзець у сваёй нары.

Уключэнне току прызначылі на дзесяць гадзін, не таму, што нельга было гэтага зрабіць раней, а дзеля большага відовішча. Гэта было імкненне паказаць прыгожае, і ніхто не мог упікаць іх за гэта. Людзі чакалі і хваляваліся, ціха размаўлялі, пераходзілі ад аднае групы да другой. Захар Рудак і Юозас Мешкяліс спрачаліся на гэты раз, мусіць, толькі дзеля таго, каб хутчэй ішоў час. Каспар Крумінь з сям’ёю абсталяваўся ўбаку. Восілене закалыхвала на руках Томаса, Візма расказвала малодшым братам нейкую страшную казку, а Крумінь, паглядваючы на Восілене, курыў цыгарку за цыгаркай. Нікіфаровіч, Алесь, Кузьма, Лапо і Беразінец знаходзіліся ў сярэдзіне станцыі.

— Ты, брат, быццам у наступ сабраўся, — упікаў Мешкяліса Захар Рудак. — І сумка палявая ў цябе, і пры медалях...

— А я заўсёды наступаю! — уздымаўся Мешкяліс. — І на Сметону наступаў, і на гітлераўцаў, і калі яшчэ давядзецца, дык дам жару...

— Цікава, — звярнуўся Лайзан да Каспара, — дзе гэта цяпер наш панок Алоіз Вайвода? Ці то па амерыках бегае, ці ўжо дуба даў...

— Ці варта чорта супраць ночы ўспамінаць! — буркнуў Каспар. — Што гэта ты яго нагадаў?

— Ды вось, думаю, калі б ён паглядзеў на нас у гэтую хвіліну, дык ад разрыву сэрца памёр бы...

— Памрэ, спадзявайся... Вунь колькі клопатаў з Гумоўскім ды Клышэўскім мелі. Тут глядзі і глядзі...

— А вось будзе святло, дык і глядзець лягчэй! — пажартаваў Рудак. — І што гэта, браткі, размова ў нас непрыемная ідзе?

— Жыццё, брат, не торба, з плячэй не скінеш, — уздыхнуў Гаманёк. — А калі і скінеш, дык скура пацёрта, аж гарыць...

Так і прайшлі гэтыя апошнія хвіліны цемры ў такіх успамінах. Нарэшце ўсе яскрава адчулі ўсё большы шум вады і мяккі гул у сярэдзіне будынка. Мінула секунда, дзве, пяць — і раптам яркае, асляпляльнае, нязвычнае для вока святло ўспыхнула на беразе. У першы міг магло здацца, што дрэвы, да таго нябачныя ў мораку, падскочылі да будынка станцыі, а ў цёмную ваду возера быццам насыпалі чырвоных вугалёў і яны пачалі разгарацца і мігацець. Потым занялося зарыва над «Пергале», над Эглайне і частымі агеньчыкамі асвятлілася Доўгае.

— У-ра! — узнёсла крыкнуў нехта з натоўпу, і дзесяткі галасоў зараз жа падтрымалі яго.

— Ну што ж, — моргаючы ад нязвычнага святла, звярнуўся Рудак да сваіх сяброў, — так добра, што быццам і казаць няма чаго.

— А чаму так? — не пагадзіўся Лайзан. — Можна і сказаць што-небудзь.

— А што?

— Колькі мы з табою каля Доўгага пражылі, дружа Якуб? — запытаўся Лайзан у Гаманька.

— Ды ўжо амаль семдзесят...

— А пры панах колькі?

— Ды без малога шэсцьдзесят...

— А пры нашай уладзе?

— З дзесятак набярэцца...

— Вось і яно... Ранавата мы з табою нарадзіліся, дружа Якуб, можна б і не спяшацца было!..

Пасмяяліся, пакурылі, пастаялі яшчэ крыху.

— А яно, мусіць, і спаць час, — прапанаваў Гаманёк. — Заўтра на свяце нагаворымся, а цяпер што ж, усё зразумела.

— З непрывычкі не заснеш! — пажартаваў Мешкяліс. — Паляжыш, паляжыш ды і пойдзеш да выключацеля — няўжо сапраўды зрабілі? Няўжо яна на самай справе гарыць? Такой забавы, у каго душа неспакойная, да раніцы хопіць!..

І вось у каламажку Мешкяліса паселі пергалеўцы, і яна, затарахцеўшы па карэннях, знікла за ўзгоркам. Каспар і Восілене павялі за рукі Томаса, які ўжо выспаўся і цяпер пазіраў здзіўленымі вачыма, не разумеючы таго, што робіцца вакол. Паціхеньку размаўляючы, рушылі дамоў і доўгаўцы. Хутка Алесь і Анежка засталіся ўдваіх.

— Была дома? — запытаўся Алесь.

— Была.

— Сказала?

— Ага...

— І што ж?..

— Маці ўсхліпнула, пасля перажагнала, потым спахапілася і махнула рукой. Бацька ганарыцца сваім подзвігам, кажа, што ён цяпер разумее і не такі дурань, каб перашкаджаць шчасцю сваёй дачкі...

Алесь абняў дзяўчыну і павёў яе ад станцыі. Калі апынуліся на спуску з гары, ён паказаў рукой на сяло.

— Паглядзі, Анежка, вунь і наша хата засвяцілася. Там нас чакае маці, Марфачка і вячэра.

І яны пайшлі на яркі аганёк уздоўж берага возера.

 


1952-1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 6. Калі зліваюцца рэкі.- Мн.: Маст. літ., 1990. - с. 5-387
Крыніца: скан