epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Кірыл Пракопавіч

 

 

Герою Савецкага Саюза

і Герою Сацыялістычнай Працы

Кірылу Пракопавічу Арлоўскаму

 

Ён вельмі паважае ранне,

Нясе яно шмат новых мар.

Яго ты знойдзеш на світанні —

Ідзе, нібы зямлі ўладар.

 

Ідзе, што з крэменю адліты,

У кроплях срэбнае расы.

І хіліцца насустрач жыта,

Шумяць пшаніцы і аўсы.

 

Як малако, бушуе грэчка,

Нябачна, спыніцца калі.

І каштаны ўздымаюць свечкі

Не ў ласку неба, а зямлі.

 

Ён бачыць справу рук народных,

Ён ласкі не чакаў з нябёс,

І гэта блізка, люба, родна

І дорага яму да слёз.

 

І хоць пагараваў на свеце,

Але сябе, свой лёс знайшоў.

Прыемна чуць, як шэпчуць дзеці:

— Кірыл Пракопавіч пайшоў.

 

Няма між іх галодных, босых,

Сышла галеча ў небыццё.

Не так калісьці давялося

Яму ісці ў сваё жыццё.

 

Улетку зрэб’е апраналі,

Кажух на трох, калі зіма.

Сяло іх Мышкавічы звалі,

І гэта, мабыць, недарма.

 

З мякінай хлеб,— які там скорам! —

Ён што камень для жыватоў.

Як мышы, збіўшыся па норах,

Сядзелі людзі між пяскоў.

 

Такіх нямала пакаленняў

Прайшло,— а дзе іх знойдзеш след?

Пакуль Кастрычніка праменні

Не асвятлілі цэлы свет.

 

Чырвоны сцяг высока ўзвіўся,

Ударыў новых маршаў гром,—

І светлы шлях тады адкрыўся

Перад Кірылам-юнаком.

 

Я на яго гляджу сягоння:

Ды ён і зараз не стары,

Хай пабялілі яго скроні

Гады, як тыя маляры.

 

Аб поўнай марыць перамозе,

Ступае цвёрда, як салдат,

Ён не прыпыніцца ў дарозе,

Хоць іх было, нялёгкіх, шмат.

 

Калі еў вочы порах горкі,

Калі ліліся пот і кроў...

І на грудзях яго дзве Зоркі —

Героя працы і баёў.

 

Ён быў заўжды адданым сынам,

І будаваў, і бараніў...

Год дзевятнаццаты. Краіна —

Уся ў змаганні і агні.

 

І ён, галодны і лапцюжны,

Пазваў на бой сваіх сяброў.

І шляхта іх пазнала мужнасць

Сярод разгневаных бароў.

 

Ад партызанскіх спраў геройскіх

Паенчыў і нямала пан.

Ім даўся ў знак Кірыл Арлоўскі

Як храбры Муха-атаман.

 

Дамоў пад зоркай пяцікутнай

Вярнуўся ён цераз гады.

На месцы Мышкавіч пакутных

Калгас «Рассвет» узнік тады.

 

Пайшлі часіны дзён спакойных,

І з працы не пазнаць сяла,

І можна б жыць — і жыць цудоўна,—

Але на свет чума прыйшла.

 

Ну як уседзіш у хаціне,

Свой збудаваўшы дабрабыт,

Калі чумы гняздо ў Берліне

І наступае на Мадрыд.

 

Кірыл згадзіцца з тым не можа,

Ён мае разрахунак свой —

Што і «Рассвету» ёсць пагроза

Ад погані далёкай той.

 

Іспанія ў агні пажараў.

Інтэрнацыяналістам ён —

На Эбра і Гвадалахары,

Паміж штурмуючых калон.

 

Стаяў насмерць на барыкадах,

Гранатамі драты ірваў.

Ён біўся мужна за Грэнаду,

«Грэнаду» між баёў спяваў.

 

Крывяніла, як адыходзіў,

Яму ў грудзях ад горкіх ран,

Ды з той часіны назаўсёды

На вуснах кліч: «Но пасаран!»

 

Ён верыў, свет чума не скосіць,

Ды ледзь дамоў вярнуцца мог.

Спачыць нядоўга давялося,—

Прыйшла чума аж на парог,

 

Раздаўшыся смяротным кругам,

І ў кут яго праклала шлях:

Ударыла вайна над Бугам,

Аж скаланулася зямля.

 

Кірыл аб мірнай працы мроіў,

Ён бачыў, як мажнеў калгас,

Ды трэба брацца зноў за зброю,

І больш сурова ў гэты раз.

 

З чумой рашуча трэба скончыць,

Каб знік яе назаўжды след,

За поле біцца і за сонца,

За родны кут, за цэлы свет.

 

І хутка паляцела слава,

Як ваявалі змагары,

І не падлічаць іхняй справы

Ані палеткі, ні бары —

 

Забойцаў, грозна пакараных,

Машын падбітых і гармат,

І эшалонаў падарваных,

І ў турмах разарваных крат.

 

А пра Арлоўскага-героя

Гудзеў увесь бязмежны бор,

Ён дзень і ноч не знаў спакою,

Ані ў завеі, ні ў віхор.

 

Але ў вайны свае размовы,

Чакае, што ні крок,— абрыў.

І пад канец тых дзён суровых

Паранены ён цяжка быў.

 

На момант думка: «Што ж, памерці?»

Не! Ён не згіне. Ён жыве,

Ён чуе, як бунтуе сэрца,

Як думка прагная заве:

 

«Ідзі пад сцягам перамогі,

Ідзі да родных ты палёў,

Яшчэ не ўсе прайшоў дарогі,

Не ўсе палеткі абышоў.

 

Цябе сустрэнуць і абдымуць...»

...І вось аднойчы раніцой

З мяшком салдацкім за плячыма

Ў «Рассвет» з’яўляецца герой.

 

Глядзіць,— няма таго, што кінуў.

Нібы ў зямлю калгас ўвайшоў:

Адны зямлянкі, ні хаціны.

Ані тых коней, ні кароў.

 

Але ў грудзях хапала гарту,

Было яму не ў навіну

Збіраць па частцы першы трактар

І першы зруб па бервяну.

 

За ўсё як ёсць натужна брацца,

Ледзь не лажыцца на раллі,

Збіраць насенне па зярняці,

Каб каласіліся палі.

 

І зносіць сена па бярэмю,

Каб з кормам быць сярод зімы,

Расшуківаць цялят на племя,

Прывозіць ажно з Кастрамы.

 

Ён ведаў, што нялёгка будзе

Узняць зямлю з-пад дзірваноў,

Але за ўсё ўзяліся людзі,—

І ўстаў калгас на ногі зноў.

 

Аб тым, што ён багаты хлебам,

Што ўсе жывуць у ім як след,

Мне гаварыць, відаць, не трэба,

Радзіма знае пра «Рассвет».

 

І пра умельца з Беларусі

Я многа чуў ад шмат каго,

І я ўсім сэрцам ганаруся,

Што блізка ведаю яго.

 

А мне падказывае памяць —

Вось уладар зямлі сваёй.

Гляджу, як сцежкамі-шляхамі

Ідзе ён роснай раніцой.

 

Аб поўнай марыць перамозе,

Ступае цвёрда, як салдат.

Ён не прыпыніцца ў дарозе,

Хоць іх было, нялёгкіх, шмат.

 

Яшчэ вачыма маладымі

Ён углядаецца да зор.

Лясы і горы за плячыма,

Іспанія і родны бор.

 

А перад ім яснее неба,

А перад ім — машын гудкі.

Насустрач — поле, поле з хлебам,

Насустрач — дзеці як званкі.

 

Насустрач — маладосць, вяселлі

І песень гром, аж дол гудзе.

Паміж садоў з іх буйным хмелем

Кірыл Пракопавіч ідзе.


12.02.1964

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, паэмы, 1954-1964.- Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 461-466
Крыніца: скан