epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Лясы наддзвінскія

* * *
* * *
* * *


 

 

Якубу Коласу

 

Лясы наддзвінскія, лясы!

Не знаю большае красы,

 

Як ваш убор і гонкі стан,

Як ваш зялёны акіян!

 

Шуміць, шуміць чароўны спеў

Зялёным верхавіннем дрэў...

 

Яшчэ калі ў калысцы быў,

Ваш гул таемны палюбіў.

 

Пад сіні бляск далёкіх зор

Спяваў мне калыханкі бор.

 

Я помню мой далёкі час,

Як гадаваўся сярод вас!

 

Лясы наддзвінскія, лясы!

Прайшлі дзіцячыя часы —

 

І над маёю галавой

Прамчаў гадоў крылаты рой

 

І скроні выбеліў мае,

Як снег вяршаліны твае.

 

Хоць многа часу перайшло,—

Здаецца, ўчора ўсё было.

 

Зіма і зорна. Цішыня.

Сяджу ў хаціне ля акна.

 

Сяджу, стаіўшыся я ўвесь,

Гляджу, гляджу на цёмны лес.

 

А ён маўчыць. Ледзь чуцен скрып,

А ён стаіць ля самых шыб —

 

Такою дзіўнай грамадой,

Ну, сапраўды, што ў казцы той!

 

Імкнуцца сосны ўвышыню,

Каб абагнаць адна адну —

 

Адна дайшла ў такую высь,

На ёй серп месяца павіс.

 

Ялін і зрокам не абняць,

У белым вэлюме стаяць.

 

А навакол іх шмат такіх,

Як ля бацькоў дзяцей малых.

 

А крыху ўбок, узняўшы чуб,

Стаіць мажны, маўклівы дуб.

 

Ляціць з яго цяжкіх сукоў

Мядзяны звон старых лістоў.

 

Усё ахутала зіма.

Лясы... І краю ім няма...

 

Хачу дазнацца я хутчэй,

А што за імі там, далей?

 

І бачу ў змрочную пару —

Ідуць мужчыны з гушчару.

 

Заснежаны да самых броў

Бароды, што ў лесавікоў.

 

На іх баюся я глядзець.

Яны ідуць, ступаюць ледзь.

 

Яны падняць не могуць рук.

І вось ужо ў хаціне грук

 

І ўздых, як быццам боль які:

— У лесаруба хлеб цяжкі! —

 

І да мяне: — А ты, блазно,

Чаго угледзеўся ў акно?

 

Якіх ты там не бачыў дзіў?

Глядзі, лясун каб не схапіў.—

 

Пабачыў страшнае мой зрок —

Таемны нейкі аганёк.

 

Гляджу з-за бацькавай спіны —

Мо ў лесе ходзіць цар лясны?

 

Лясы наддзвінскія, лясы,

Не знаю большае красы,

 

Як ваш убор і гонкі стан,

Як ваш зялёны акіян!

 

* * *

Праз трыццаць год між вас іду

І з вамі гутаркі вяду.

 

Я да бярозы падышоў —

Шуміць, шуміць лісцвяны шоўк.

 

Мінуў нямала я дарог,

Цябе ж нідзе забыць не мог.

 

Прайшла вялікая пара.

Ты мне цяпер, нібы сястра.

 

Сталей мы сталі выглядаць,

Абодвум ёсць што расказаць.

 

Зарубкі на суках тваіх,

Як шрамы на грудзях маіх.

 

Ты слухаеш?.. Шуміць твой ліст...

Дык знай — быў добры я танкіст.

 

З гарматы біў я — даль гула,

Каб ты, бяроза, аджыла!

 

Я ад заводскіх карпусоў

Ізноў сюды да вас прыйшоў.

 

Я буду рад па цэлых днях

Кружыць з камбайнам па палях,

 

Каб узнімаўся, рос калгас,

Каб заўжды ў шчасці бачыць вас.

 

Гляджу на вас я гэтым днём —

Усё змянілася кругом!

 

За даллю год, за гулам бур,

Калісьці жыў тут смалакур,

 

А выганяў яго завод

Тры бочкі дзёгцю цэлы год.

 

Ён сам казаў: — Тады не жыў,

А толькі неба ледзь капціў.—

 

Бяроза мне шуміць ліствой —

Не стала ўжо смалярні той...

 

Я нават месца не пазнаў,

А смалакура — напаткаў!

 

Жыве, як кажуць, пакрысе

І службу спраўна ён нясе.

 

Хоць пасівеў стары зашмат,

Але на працы, як салдат.

 

Ён стрэльбу носіць на плячах,

Пільнуе велічэзны гмах

 

І ганарыцца тым, і рад,

Што ён вартуе камбінат.

 

А камбінат, што горад той.

Няма цяпер глушы былой —

 

Дзе быў гушчар, цяпер там клуб.

Інакшы стаў і лесаруб,—

 

Ён рад за поспехі свае,

Піла не стогне, а пяе.

 

Схавала лісце час стары.

Цяпер на руме трактары,

 

А трактар-волат без размоў

Дзялянку ўзваліць і — пайшоў...

 

А лес не меншае. Стаю,

Гляджу на шумную сям’ю.

 

Шмат дрэў за гэтыя гады

Пайшло адсюль у гарады —

 

Зялёнай вартаю з лясоў

Стаяць ля стройных карпусоў.

 

Лясы наддзвінскія, лясы!

Не знаю большае красы.

 

Праз трыццаць год між вас хаджу,

На ўсё захоплена гляджу —

 

Другія дні, інакшы час,

Другія гутаркі і ў нас!

 

* * *

Лясы наддзвінскія, лясы!

Не знаю большае красы,

 

Як ваш убор і гонкі стан,

Як ваш зялёны акіян!

 

Мне родны ваш куток любы.

Шумяць дубы, гудуць дубы —

 

Каржакаватыя ў плячах,

Гудуць, паглядваюць на шлях,

 

Як бы ўстрывожаны яны

Яшчэ з мінулае вайны.

 

А так было: адзін вар’ят

Сагнаў чарцей са свету шмат,

 

Сказаў: дубы павырываць

І з краю гэтага забраць.

 

Што ні рабіў ён — так і сяк,

Ды іх скрануць не мог ніяк.

 

Дубы карэннямі дайшлі

Да сэрца роднае зямлі

 

І так стаяць праз сотні год,

Нязломныя, як і народ.

 

Дубам ніколі не забыць,

Як з сёл, пад стрэлы бліскавіц,

 

Ішоў стары, малы сюды,

Рыдлёўкі неслі, малаты,

 

Ламы, дубіны, цесакі,

Патроны, стрэльбы і штыкі —

 

І, акапаўшыся ў зямлі,

Адсюль змагацца пачалі.

 

Мне не забыць цяжкіх гадоў,

Нямала я прайшоў франтоў.

 

І ў той суровы, грозны час

Імкнуўся сэрцам я да вас!

 

О час вялікай барацьбы!

Шумяць дубы, гудуць дубы,

 

Вядуць аповесць грозных год

славяць велічны народ —

 

Мой край, што зведаў многа ран,

Край незабыўных партызан!

 

Вятры-ганцы склікалі іх,

Агні пакут ядналі іх,

 

Карміў, паіў вячысты бор,

Хаваў іх дах з мільёнаў зор,

 

Пасцеллю быў зялёны мох...

Ды іх ніхто скарыць не мог!

 

Запаланілі ўсе куткі

Гвалтаўнікі-рабаўнікі.

 

Быў злосны, прагны іх намер...

Дзе ж косці іхнія цяпер?

 

На іх быў добры умалот —

У чорнай багне між балот,

 

Па цёмных норах у звяроў,

У вострых кіпцях каршакоў.

 

Мой край! Ты выпрастаў свой стан,

Край незабыўных партызан!

 

За наш савецкі вольны сцяг

Не шкадавалі тут жыцця.

 

Я слухаю... Гудуць дубы,

Спяваюць песню мне жальбы,

 

Стаяць з нахмураным чалом

Па-над высозным курганом.

 

Зарос курган густой травой.

Ляжыць там дзеўчына-герой.

 

Дубы над ёю праз гады,

Як слёзы, сыплюць жалуды...

 

Яны ж, сагрэтыя ў зямлі,

На той магіле прараслі.

 

Ідуць, ідуць увысь расткі

Ад сэрца слаўнае дачкі.

 

Расці дубкам, расці, мужнець,

Над родным краем ім шумець,

 

Пад сонцам новы дзень вітаць!

Ніхто не можа іх забраць.

 

Прыходзіў кат з чужых дарог,

Паспрабаваў — касцямі лёг!

 

Яго загнаў навек у твань

Адважны воін-партызан.

 

Лясы наддзвінскія, лясы!

Не знаю большае красы,

 

Як ваш убор і гонкі стан,

Як ваш зялёны акіян!

 

* * *

Да вас прыходзіў я не раз,

Было б мне сумна жыць без вас!

 

Пад ваш шацёр я вольным днём

Іду, нібы ў прасторны дом.

 

І ў чысты бор, і ў хмыз-гушчар

Прыходжу, быццам гаспадар.

 

Гляджу, як бор увысь узвёў

Калоны медныя ствалоў.

 

А колькі, як дзяўчатак, скрозь

Паразбягалася бяроз!

 

А колькі да бяроз галоў

Схіляе клёнаў-малайцоў!

 

А навакол лясны ўвесь штаб:

Сасна, і дуб, і вяз, і граб.

 

Глядзяць на новыя часы,

Другія чуюць галасы —

 

Няма былых пакут-загуб,

Спявае песні лесаруб.

 

Глядзяць лясы, гудуць вакол.

Другі над імі птах-арол

 

Па небе так імкліва мчыць

І срэбным крыллем зіхаціць!

 

Глядзяць — святло! Ды гэта што?

Адзін быў месяц — стала сто!

 

Зірнуць пад ногі — не пазнаць:

Рачулка бегла там адна,

 

Цяпер імшарышчы кругом

Нібы пакроены нажом —

 

Каналы-струны паміж іх

У светлых блясках люстраных.

 

Па іх маторкі скрозь гудуць,

Плывуць удаль, удаль плывуць.

 

Туды, дзе ў кветках новы пляц,

Туды, дзе стаў цяпер палац!

 

— Што? Лесарубы там відны?

— Яны, іх дочкі і сыны...

 

Адпачываюць там сям’ёй,

Шчаслівай дружнай грамадой.

 

Іх многа — мужных, маладых,

Не толькі секчы справа іх,

 

Не толькі секчы. Кожны рад,

Каб вырастала дрэваў шмат.

 

І з году ў год лясы растуць,

Бы ўвысь па лесвіцы ідуць...

 

Мой родны край! Як ты прыгож!

Ну што магу сказаць я больш.

 

Лясы наддзвінскія, лясы!

Не знаю большае красы,

 

Як ваш убор і гонкі стан,

Як ваш зялёны акіян!


1953

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 2. Вершы, паэмы, 1941-1953.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 386-394
Крыніца: скан