epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Паэма пра Смалячкова

І
ІІ
ІІІ
IV
V
VI
VІІ
VIII


 

Ён — горада Леніна воін, юнак, абаронца суровы,

З бароў беларускіх да славы й бяссмерця прывёў

яго шлях.

Прайдзіся ж ты, сціплая песня,

па мужных слядах Смалячкова,

Па снайперскіх тайных засадах,

па плошчах і шумных палях.

Прайшоў ён праз полымя боек у жоўтыя дні

лістапада,

Гадзінамі стыў на марозе,

схаваны між гурб снегавых;

Налітае волавам неба вісела ля сцен Ленінграда,

Ён паў, разганяючы хмары,

бліснуўшы маланкай між іх,

Да рускай зямлі прытуліўся,

спавіты паўночнай зарою,

Маўклівы,

раскінуўшы рукі пад ветрам зімы ледзяным,

Ды пільна ўглядаліся ўдалеч юнацкія вочы героя,

Туды,

дзе сябры-камсамольцы ў баях ўспаміналі аб ім.

За ім баявая сталіца, што грознаю вартаю стала,

Там плошчы,

дзе ў памяці дружнай і сёння ён ходзіць жывы,

Заводаў узнятыя трубы,

гранітнай чаканкі кварталы,

І рокаты Фінскай затокі, і гордыя плыні Нявы.

Ты спі, наш таварыш, спакойна!

Атакі сябрамі адбіты.

І вораг разбіты сканае. Мы верым у мэту адну —

Імя тваё, Федзя, мы ўзнімем на вуліцах,

сонцам аблітых,

І ў родных палях Беларусі з бацькамі

сустрэнем вясну.

Мы пройдзем,—

па травах духмяных абсыплюцца зорныя росы,

Загойдаюць ветры ласкава палёў залатыя дары;

Мы пройдзем сцяжынкамі тымі,

дзе хлопчыкам бегаў ён босы;

Журботна схіліўшы галовы,

аб ім нам раскажуць бары,

Мы ўбачым народ,

у якога узяў ён арліныя крыллі,

Адкуль яго постаць асілка і зоркія вочы чаму,

Якая зямля ўзгадавала, якія крыніцы паілі,

Якія дубровы спявалі ваяцкую песню яму.

 

І

Пала досвіткам заранка,

Разагнала ночы сны.

Над ракою Трасіянкай

Расплыліся туманы.

 

І лягла, як бачыць вока,

Сінь, прабіўшы паплавы,

Быццам кінуў хто далёка

Срэбны пояс між травы.

 

А ля той ракі-дарогі

Дыванамі мурагі...

І вярба, абмыўшы ногі,

Ўдаль праводзіць берагі.

 

Нікнуць сонныя чароты,

За гарою ветры спяць.

І зямля яшчэ дрымоты

Не паспела адагнаць.

 

Сонца выбілася ледзьве

З-за вяршалінаў сасён...

Што ж не спіш ты,

Хлопчык Федзя,

Ці табе не смачны сон?

 

Не, не можа спаць хлапчына

Гэтым ранкам залатым:

Ходзіць статак па лагчыне,

Федзя мусіць быць пры ім.

 

Ён авечак гэтак пасвіць,—

Хоць на выстаўку бяры!

Смалячкова у калгасе

Нездарма завуць «Стары».

 

Не сумуе ён ніколі,

У яго ёсць верны друг,—

Добра з кніжкаю на полі

Адзінотай быць удвух.

 

...Дзесьці там у сіняй далі

Ён убачыў хлапчука,

Там гудзіць, узняўшы хвалі,

Волга — слаўная рака.

 

Там хлапцу стэповы вецер

Твар бязлітасна пячэ,

Цягне ён густыя сеці,

Шмат да берага яшчэ...

 

Вось узяць авец бы кінуць

Ды праз нівы, гарады...

Так у гэтую хвіліну

Захацелася туды.

 

Прыімчаць хутчэй на бераг,

Крыкнуць моцна на бягу:

— Пачакай мяне,

Валерый,

Я табе дапамагу!

 

А пакуль, што мае сілы,

Федзя мчаўся да ракі,—

Лётчык смелы, легкакрылы,

Узляцеў за аблакі.

 

Паплылі прад ім паляны

З карагодамі бяроз,

Землі, моры, акіяны

І прастор усіх нябёс.

 

Смерць здаралася парою,

Ды адходзіла не раз...

Нездарма імя героя

Носіць з гонарам калгас.

 

Чкалаў сэрцам заўладарыў,—

Вось жыццё бальшавіка!

І вялі далёка мары

Смалячкова-пастушка...

 

— Што наперадзе з гадамі?

Лёс. Жыццё. А можа, бой...—

Ходзіць ён паміж кустамі,

Разважаючы з сабой.

 

Пагаворыць з шумным борам,

З серабраным ручаём;

На высокі ўзыдзе ўзгорак

Ды прыгледзіцца кругом...

 

Над пшаніцамі густымі

Пеніць песня цераз край,

Магілёўшчына, радзіма,

Беларускі родны край!

 

Колькі там азёр люстраных

Захавана ў верасах.

Колькі казак несказаных

Разбрылося па лясах;

 

Колькі песень, звонкіх, чыстых,

Узлятае на зары,

Колькі птушак галасістых

У зялёным гушчары!

 

А як свецяць ноччу зоры,

А які таемны гай!..

Магілёўскія прасторы,

Беларускі родны край!

 

А дрымоты баравыя,

А усмешкі зараніц,

А вясёлкі дажджавыя,

Што красу бяруць з крыніц.

 

А агні са смольным дымам,

А раўнюткі-роўны шлях!..

Магілёўшчына, радзіма,

Беларуская зямля!

 

А якія ветру шумы,

А як непагадзь гудзе...

І плывуць у Федзі думы,

Быццам крыгі па вадзе.

 

— Што мне гулі і гулянкі,

Хіба мне замала год?

Над ракою Трасіянкай

Пабудую я завод.

 

Трэба толькі добра вызнаць,

Як ён можа узрасці,

А магутны,

а вялізны,

Каб за дзень не абысці!

 

Хай жа новы час сустрэціць

З ім калгаснае сяло,

Каб усё,

што ёсць на свеце,

Можна вырабіць было...

 

Доўга ў марах хлопец ходзіць

З неспакойнай галавой.

Вечар.

Сонца на заходзе.

Гоніць Федзя статак свой.

 

Прыганяе да аборы

І адразу — да сяброў,

Ані стомы,

ані зморы,

Спаць не любіць Смалячкоў.

 

ІІ

Нядаўна было гэта. Можа, назад

Чатыры,

А можа, і болей гадоў,

Да бацькі ён часта прыходзіў у сад,

Садзіўся з ім разам і гутарку вёў.

 

І доўга гамонка ішла ў шалашы,

Глядзелі і слухалі бацька і сын,

Як падаюць зорамі ў змрочнай цішы

Буйныя антоны з прыгнутых галін;

 

Як нікнуць да долу чаромхі кусты,

Як моўкнуць

Птушынай сям’і галасы,

Як шэпчуцца ўпотай па дрэвах лісты,

Як травы нямеюць пад срэбрам расы;

 

Як месяц запальвае ў небе касцёр,

Пад ранак

Кідаючы толькі вятох...

Здавалася Федзю бязмежным жыццё,

Як мары, каторых злавіць ён не мог.

 

Ды знаў, што сустрэне ў жыцці барацьбу,

Што час яго клікне ў шарэнгу байцоў,

Любіў ён паплаваць

І з лука стральбу,

Ваяцкія гульні ў кругу юнакоў.

 

І ў дні адпачынку ў сасновым бары

Хапала раздолля

Хлапцам маладым.

Падзеляцца, ў наступ ідуць змагары,

Быў Федзя заўсёды хлапцом баявым.

 

Яловымі шышкамі ўзброен атрад,

Паўзе

Па імшарах, равах, гушчарах...

Умоўныя знакі, засады, напад.

Адбой.

Пераможцы гукаюць: «Ура!»

 

Пасля разбіралі. Гуло, што ў вуллі.

Ды слава Хвядоса

Нязменна расла,

Пад сцяг жа ягоны ахвотна ішлі,

Бо заўжды з Хвядосам удача была.

 

Гадалі — аднойчы дадуць ім паказ,

І пойдуць адважна

Наперад палкі...

І храбрыя з гордасцю, ўсім напаказ,

Насілі па тварах сваіх сінякі.

 

Купацца па рэчку ішлі змагары.

Ныралі.

Ляцелі і пырскі, і смех.

На беразе потым да позняй пары

Сядзелі сябры між юнацкіх уцех.

 

А побач праходзіў чыгуначны шлях,

Прарэзаўшы

Нівы, лясы, гарады;

Па ім несупынна па днях і начах

З палёў Беларусі ішлі паязды.

 

І Федзя ў плячах уздымаўся. Ён рос.

Прад ім

Адкрываўся нябачаны свет.

Ён слухаў сціхаючы грукат калёс,

Як быццам хацеў ім пабегчы услед.

 

Прайшло яшчэ некалькі летаў і зім.

Быў май.

Асветлены кветкамі сад.

Сказаў Смалячкоў аднагодкам сваім:

— Я заўтра паеду, сябры, ў Ленінград.

 

Сябры сумавалі,

Пыталі не раз,

Згадаўшы аб рана мінуўшай вясне:

— Ты вернешся, Федзя?

Прыедзеш да нас?

— А як жа, вярнуся.

Чакайце мяне!

 

ІІІ

Ленінград!

Смалячкова мы зналі

Па-вясковаму простым:

Бегаў босы на лузе хлапчанё-пастушок.

Ленінград!

Ты яго ўзгадаваў,

Ты узняў яго постаць,

Даў рашучасць жаданням,

навастрыў яго зрок.

Ён прыехаў у горад аднойчы вясною

Ад прастораў дрымотных,

Ад лясной цішыні,

І здавалася ўсё там яму навіною —

Ленінградскія ночы,

Ленінградскія дні.

Вежы хлопца дзівілі,

што ўздымаліся ў неба,

Захаплялі каналы,

Чаравалі сады...

Федзя скрынку трымаў

з лустай чорствага хлеба

Як праходзіў па вуліцах шумных тады.

Ён сябе да спакою

Меў жаданне прымусіць,

Неслухмяныя ж пальцы дрыжалі не ў лад.

Як ён марыў прывезці

Ў палі Беларусі

Хоць бы частку таго,

чым квітнеў Ленінград.

Ля палацаў спыняўся,

Разглядаў іх ахвотна.

І прыйшоў ён, мінаючы плошчы, масты,

Непрыкметна да брата

На суднарамонтны.

Цалаваліся моцна браты.

А праз месяц сапраўдным

ён стаў ленінградцам.

На работу ў завод уставаў на зары,

Рупным быў за варштатам.

Смалячкова-фабзайца,

Як дасціпнага хлопца, палюбілі майстры.

Федзя пільна ўглядаўся,

потым браўся спакойна

І рабіў. Працаваў ад душы.

І здавалася хлопцу,

Што з працы ягонай

Уздымаюцца ўвысь караблёў карпусы.

Воды Фінскай затокі!

Вы яго захаплялі

Неспакойнай гамонкай,

Гулам песень сваіх.

Як любіў ён на моры

шторм, суровыя хвалі,

Наглядаць, як лінкоры

праплываюць між іх,

Як любіў ён свой горад:

І граніт камяніцаў,

І дзівосныя ўзоры мастака-разбяра;

Як любіў ён,

калі бляск паўночнай зарніцы

Падаў срэбным святлом

над узлётам Пятра!

Як ён цешыўся там за сваё пакаленне,

За жыццё,

Што сюды юнака прывяло.

Чуў ён сэрцам —

Там жыў, працаваў мудры Ленін,

Там паветра, здавалася, гэтым жыло.

Славіў горад магутны,

Што ўздымаўся над светам,

І красу яго вуліц над Нявою-ракой,

Дзе стваралі бяссмерце мастакі і паэты

Для народа свайго неўміручай рукой;

Сэрца горад магутны

Прывяло, паяднала

З родным краем яго. Федзя марыў не раз:

— Падрасту,

Навучуся быць на ўсё дасканалым

І, палі Беларусі, я прыеду да вас!

 

IV

Быў чэрвень,

Калі ўсё расло і цвіло...

Быў дваццаць першага вечар спакойны.

А дваццаць другога сонца ўзышло

Пад грукат гарматаў крывава-чырвоным.

 

Як быццам зыначыўся свет уначы,

Маўкліваю, летняй начною парою,

І тыя, што клаліся мірна спачыць,

Уранку

Ўставалі, трымаючы зброю.

 

А выбухі рвалі сасновую глуш,

Усюды

Стагнала, смылела, гудзела...

І кветкі, апаўшыя з яблынь і груш,

Зямлю ўсю ахуталі саванам белым.

 

Святочна-ўрачысты

Паўсутак назад,

Пачуўшы разбойны напад чужаніцаў,

На захад сурова глядзеў Ленінград,

Гудзелі ад гневу кварталы сталіцы.

 

Ляцелі трывожныя весці-ганцы,

Радзіма

Склікала на бойку герояў,

І крочылі ў строях паходных байцы

Туды, дзе зямля чырванела крывёю.

 

І раніцай тою ў кругу дружбакоў,

Як сын, што радзіме душою адданы,

Ў райком камсамола прыйшоў Смалячкоў:

— Таварышы!

Сэрца баліць несціхана.

 

Пара мне!

У бойцы — адзіны мой шлях,

Няважна, што к часу не выйшаў гадамі,

Мяне беларуская кліча зямля

І бацька гукае з малымі братамі.

 

Сягоння пажары і выбухі там,

Крывёй

І слязамі заліты крыніцы...

Я кляўся ў дзяцінстве дубровам, гаям,

Што з першымі буду ў часы навальніцы.

 

Збыліся жаданні, і стаў ён такім,

Бо роўна праз тыдзень з ваяцкім уздымам

У горадзе Леніна,

Узняўшы штыкі,

Байцы прысягалі, і Федзя між імі.

 

Яны прысягалі

За родны свой дом

Змагацца бясстрашна, як цяжка ні будзе,

І кожнае слова паліла агнём,

І помстай сціскала юнацкія грудзі.

 

І Федзю няздарма ў семнаццаць гадоў

Хацелася крыкнуць

Ў бяскрайнія далі,

Каб воды, каб травы, каб лісці садоў —

І тыя аб гэтым пачуцці пазналі.

 

Каб маці казалі: такія сыны

Чужынцаў заўсёды штыкамі сустрэнуць!

Каб паўшыя храбра на полі вайны

Лічылі іх самай надзейнаю зменай.

 

І бачылі людзі

Сям’ю юнакоў,

Што шапкі з пашанай знялі безгранічнай

Перад героямі фінскіх баёў

Праз дзень ў інстытуце політэхнічным.

 

Там бачылі людзі

Сям’ю юнакоў,

Сям'ю маладых ленінградскіх рабочых,

Між імі задумны стаяў Смалячкоў,

Слязамі яго напаўняліся вочы.

 

Шаптаў ён:

— Вам слава! Вы добра жылі,

Загінулі ў бойках таксама прыгожа,

Над вамі мятлюгі, віхуры гулі,

Апошнюю песню спявалі марозы.

 

Хай часу не спыніш, і будуць шугаць

Над вамі

Ўсё новыя й новыя зімы,

Але, як нікому, вам цёпла ляжаць

Пад матчынай ласкай вялікай радзімы.

 

З палёў Беларусі,

Ад белых бяроз

Прынёс вам, героі, я шчырае слова:

Хай бура, хай вея, хай спёка, хай дождж,

Хай смерць —

не спалохаць нічым Смалячкова.

 

Калі ж мне астатняя хвіля праб’е

І лягу я ў доле

Ці дзе на прыгорку,

То нават застыўшыя вочы мае

Шукаць будуць ў небе чырвоную зорку.

 

Шаптаў ён:

— Вы слаўна, вы добра жылі,

Я ж сёння гатовы за край свой памерці.—

Быў ліпень. На фронт эшалоны ішлі,

І ў Федзі напружана білася сэрца.

 

V

Вось і фронт. Лясок. Лагчына.

Ў бой рыхтуецца атрад.

Аднаго хацеў хлапчына,

А як выйшла — сам не рад.

 

Марыў Федзя: дасканалым

Стане снайперам-байцом,

Ды замест вінтоўкі ўдалай

Надзялілі чарпаком.

 

Што ж, і гэтую работу

Ён спраўляў заўсёды ў час.

Ледзь не ўсе з чацвёртай роты

Жартавалі — і не раз:

 

— Гэй, падсып, падсып, таварыш!

Каша просіцца сама,—

Лепей Федзі-кашавара

Ў цэлай арміі няма.

 

Смалячкову ж бойкі сняцца...

Не для гэтых смачных страў

Ён прыйшоў. Не так змагацца

Ён героям клятву даў!

 

Непамысна, ды і годзе,

Хоць ад сораму гары —

З першай лініі прыходзяць,

Выхваляюцца сябры:

 

— Ворагаў зямлёй мы дорым,

Днём знішчаем і ўначы.—

Хто чацвёра, хто васьмёра,

Хто й дзесятак налічыў.

 

Не, трываць ён больш не хоча

Пахвальбы таварышоў!

Да палкоўніка аднойчы

Федзя з просьбаю прыйшоў:

 

— Не магу на кухні болей

За катламі наглядаць,

Я прашу хоць раз дазволіць

Мне на фронце пастраляць.

 

Біў без промаху, дакладна,

Хлапчуком яшчэ малым...

Адказаў палкоўнік:

— Ладна, Што за воін — паглядзім!

 

Праз гадзіну ў гай сасновы

Ён прыпоўз і ў снег залёг.

Удалося Смалячкову —

Палажыў за суткі трох.

 

А пасля так зведаў справу —

Першым стаў з усіх стралкоў.

І прайшла пра Федзю слава

Між усіх франтавікоў.

 

VI

Снежань. Студзень. Снягі.

Кулі сыпалі градам.

Маразы праціналі аж да самай душы.

Вораг лёг, як удаў,

Навакол Ленінграда,

Сыкаў джалам змяіным,

нас хацеў задушыць.

Гнеў насілі танкісты, маракі, пехацінцы:

— Што ж на роднай зямлі

закаваным сядзець?

Шмат крывавых дарог

Аблягала сталіцу,

Людзі зналі адно — ці прарвацца, ці смерць.

Не прайсці чужаземцам, моцна сіла ў народзе,

Ёй дзяды надзялілі храбрых ўнукаў здавён.

Смалячкоў кожны дзень,

Ледзьве золак, выходзіць

І за краем пярэднім сочыць ворага ён.

Хай злуецца мароз, хай мятлюга шугае,

Ды нічога за помсту няма гарачэй!

Федзя ляжа ў кусты,

І ніхто не пазнае,

Што адтуль назірае пара зоркіх вачэй.

Бачыць ён — немцы ўглыб,

у зямлю пазалезлі кратамі,

Блізка, блізка яны, што прынеслі разбой.

І здаецца яму:

Бачыць ён за дратамі Родны край Беларусь,

край, спавіты журбой,

Бачыць — бацька з братамі, апусціўшы галовы,

Адыходзяць у пушчу, пакідаючы дом,

І раку Трасіянку,

І лясы, і дубровы,

І бярозу, што плача пад хмурым акном.

Бачыць — вісельні там, дзе калісьці збіраўся

Будаваць па прыездзе вялізны завод.

Бачыць — плача дзяўчына,

Ёй прызнацца баяўся,

Што кахае бязмерна з чатырнаццаці год.

Бачыць — ходзяць сябры па лясах Беларусі,

Крыкнуць хочацца ім: «Хлопцы!

Разам нам жыць!

Пачакайце мяне,

Я ж казаў, што вярнуся,

Хто нас можа навек разлучыць, падзяліць?

Будзе радасць у нас, маці стрэнецца з сынам,

Можа, ў жоўтую восень ці зялёнай вясной,

А паду і не ўстану —

Знайце, я не загінуў,

Я прабіў сабе шлях да радзімы сваёй».

А над полем вайны — вецер, снег і марозы,

Ўсё жывое ў зямлю закавала зіма...

...Паказалася постаць

Над акопам варожым,

Прамільгнула секунда, і яе ўжо няма.

— Паляваў на ваўкоў я, а цяпер — на фашыстаў,

Шкода толькі, што знішчыў паганцаў няшмат.

Сёння соты! —

Сказаў Смалячкоў урачыста.

— Гэта ім за пакуты, за мой Ленінград.

Там, на вуліцах змрочных, плачуць дзеці напэўна,

Там ад свастыкі іхняй шмат няма ўжо ў жывых.

Што патрэбна табе,

Валацуга з-пад Рэйна,

Што цябе прывяло да ўзбярэжжаў Нявы?

Вам ляжаць між раўнін, як ламаччу і хлуду,

На пустых чарапах парасце дзікі мох.

Хто вас клікаў сюды,

Махляры і прыблуды,

Вам адгэтуль вярнуцца не будзе дарог! —

Так вядзе ён падлік. Ноч пачне апускацца,

Ляжа крыллем пахмурым на снягі між кустоў.

Морак дол засцілае.

Смалячкоў — у зямлянцы.

Справе снайперскай ён навучае байцоў:

Як прабрацца да мэты непрыкметна, употай,

Як страляць, каб без промаху весці агонь...

І ў каго ні спытай

З Ленінградскага фронту,

Кожны скажа аб славе ваяцкай яго!

 

VІІ

Федзя быў сціплым. Заўсёды прывык

Рухацца далей упарта

Без крыку.

Болей за сотню быў яго лік,

А ён хацеў яго весці без ліку.

Ляжаць на марозе суткамі мог.

Мы помнім —

Уночы вея ўзнялася,

Вецер такі, што валіць з ног,

А Федзя ізноў у паход сабраўся.

— Пайду,— кажа,— гляну, сабак разбуджу,

Хай выйдуць,

Пабрэшуць дарма на зоры...

А што я, таварышы, вам скажу,

Адгэтуль наперад ісці нам скора.—

Жартуе: — Пайду і азначу шлях,

Такі, каб хутчэй

Прывёў да разгрому.—

Махае рукамі, а іскры ў вачах,

Марыць — вярнуўся з сябрамі дадому:

— Вёску займаем рашуча, з боем,

Стол нам засцелюць

Абрусам чыстым.

Усім пачастуюць: каго сырадоем,

Каго блінамі і сокам празрыстым.

Родных і блізкіх, пакутных там

Зноўку саберам,

Сагрэем самі,

А чорныя коміны стрэнуцца нам —

Смагу напоім сваімі слязамі.

Ісці нам, сябры, ад сяла да сяла.

Але да свайго мы прыйдзем парога.

 

Ён выйшаў. На твары усмешка была —

У хуткую верыў ён перамогу.

 

VIII

Непакояцца ва ўзводзе,

Толькі й знаюць у бяседзе:

— Дзень мінае, ноч прыходзіць,

Што ж няма так доўга Федзі?

 

Камандзір, ў баях суровы

(Хваляваўся вельмі рэдка),

Ўсё ж двух вучняў Смалячкова

Пасылае на разведку.

 

За сваім пярэднім краем

Папаўзлі яны праведаць,

Ноч у пошуках блукаюць,

Не відаць нідзе і следу.

 

Да бяроз прыпалі ўпрыцем:

— Ці не бачылі вы, можа,

Беластволыя, скажыце? —

Ды стаяць, маўчаць бярозы.

 

— Вы, сняжынкі з белым крыллем,

Што над фронтам праляцелі,

Можа, вы яго накрылі? —

І ў адказ снягі цямнелі.

 

— Стой, вятры!

Вам ведаць болей:

Мо таварыша спаткалі

У кустах ці ў чыстым полі? —

Ветры ж толькі застагналі.

 

А назаўтра раніцою

Анямелі, адшукаўшы,—

На прыгорку, пад сасною,

Ён застыў, снягі абняўшы.

 

Апаліла сэрца жалем

Па герою маладому,—

Перад ім шляхі ляжалі,

Што вялі яго дадому.

 

І, здавалася, што ў полі

Ён сяброўскі голас чуе,

А яны сказалі з болем:

— Смалячкоў! Мы не даруем!

 

Хай сягоння нам журботна,

Абяцаць табе мы можам —

Ты забіў іх болей сотні,

Федзя, гэты лік памножым!

 

Не забудзецца краіна

Сына з бацькавых загонаў,

Па тваіх слядах-пуцінах

Вучняў выйдзе незлічона.

 

Ты, смерць, паміж намі і храбрым

ніколі не ляжаш мяжою,

Мы змоўчым ад болю

І ў грудзях задушым пакутлівы стогн.

Не плакаць нам дадзены слёзы,—

жалобнаю чыстай слязою

Мы клятву прыносім герою,

што будзем змагацца, як ён.

А клятву такую, што знішчым,

што набрыдзь чужынцаў раструшчым,

Трымаючы сцягі гвардзейцаў заўсёды высока ўгары.

Шумяць ленінградскія плошчы,

гудзяць беларускія пушчы.

Упарта з баямі на захад ідуць

Смалячкова сябры.

І пройдуць,— па травах духмяных

абсыплюцца зорныя росы,

Загойдаюць ветры ласкава палёў залатыя дары,

І пройдуць сцяжынкамі тымі,

дзе хлопчыкам бегаў ён босы.

Журботна схіліўшы галовы,

пра Федзю раскажуць бары.

Сустрэнуць народ, у якога узяў ён арліныя крыллі,

Пазнаюць, чаму ён асілак і зоркія вочы чаму,

Якая зямля ўзгадавала, якія крыніцы паілі,

Якія дубровы спявалі ваяцкую песню яму.


1942

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 2. Вершы, паэмы, 1941-1953.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 219-236
Крыніца: скан