epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Паланянка

 

Цёмнай восеньскай ноччу,

Цёмнай ноччу глыбокай

Прывялі паланянку

На чужыну далёка.

 

На чужыне далёкай

Неба выслана дымам.

Пасадзілі дзяўчыну

За драты Асвянціма.

 

За дратамі густымі

Злосны крык з бізунамі.

Развіталася Люба

З маладымі гадамі.

 

Развіталася Люба

З песняй шчырай, дзявочай,

Назаўсёды пагаслі

Жартаўлівыя вочы.

 

Спахмурнеў, замаркотнеў

Твар бялявы, што месяц...

Ах ты, Любачка, Люба,

Партызанка з Палесся.

 

Ты сама не згадаеш,

Дзе бацькоў пахавала,

Тры гады над табою

Смерць з касою стаяла.

 

Тры гады апаўночы

Выганялі на «апэль»,

Тры гады муштравалі

Прыганятыя — «капы».

 

Тры гады ты не мела

Ласкі з чорнага неба,

Тры гады сумавала

Па акрайчыку хлеба.

 

Што з цябе засталося

Тымі днямі цяжкімі —

Толькі стан чараціны

Ды ласкавае імя.

 

Слава воінам нашым,

Што прынеслі вам волю!

Не забудуць пра гэта

Паланянкі ніколі.

 

Помніш выбухі, залпы,

Чырванеліся далі...

Ох, і білі ж гарматы,

Як цябе вызвалялі.

 

Ты пабачыла родных,

Сэрцу блізкіх, знаёмых

Ды, паплакаўшы разам,

Паспяшала дадому.

 

Добра знала — не стрэнуць

Ані бацька, ні маці,

Толькі знала — там сонца,

Што свяціла дзіцяці.

 

Засталася там ніва,

Што адмалку карміла,

Засталася крыніца,

Што вадою паіла;

 

Засталіся зарніцы

Залацістага ранку,

Засталіся пуціны,

Дзе сляды ад каханка;

 

Засталіся дубровы,

Сосны стромыя ў лесе...

 

Недалёкая сцежка,

Што вядзе па Палессе.

 

Беглі сцежкі па свеце,

Што ў палях ручаіны,—

Прывялі паланянку

Да знаёмай мясціны.

 

Стала Люба на ўзгорку,

Ледзьве з гора не плача —

Гэта ж родную вёску

Падмянілі, няйначай.

 

Навакол, як пабачыш,

След пажарышчаў чорны,

Ані клуба, ні школы,

Ані вуліц прасторных.

 

Ні дубоў медналістых,

Ні ліповых прысадаў,

Ні гаёў над ракою,

Ні зялёнага саду.

 

І здавалася б, вока

Не знайшло б там прыпынку,

Калі б там не стаялі

Чарадою хацінкі,

 

Што на шлях паглядалі

Зноў гасцінна аконцам,

Узнімаючы стрэхі

Да ласкавага сонца.

 

У зялёных бярозак

Запытала дзяўчына:

— А куды мне падзецца

Тут адной, сіраціне?

 

Зашумелі лістамі,

Адказалі бярозы:

— Як сваю, цябе стрэнуць,

Вытры горкія слёзы!

 

Запытала ў яліны:

— Ты скажы мне, сястрыца,

Хто прывеціць з дарогі,

Хто падасць мне напіцца?

 

Адказала яліна:

— Не хвалюйся без меры,

Дзе ні ступіш на ганак,

Там раскрыюцца дзверы.

 

Трэці раз запытала:

— Дуб, наш волат магутны,

Хто мне ложак пасцеліць

Адзінокай, пакутнай?

 

Загудзеўшы вярхамі,

Дуб параіўся з дубам:

— Ў кожнай хаце жаданай

Будзеш, бедная Люба!

 

Акрыяла дзяўчына.

Зніклі цені адчаю,

І пагрукала ў сенцы

Першай хаты ад краю.

 

Усхадзіліся людзі.

Не прайшло і хвіліны —

Абдымалі суседзі

Паланянку-дзяўчыну.

 

А калі прывітаўся

Шчыра з Любаю кожны,—

Пасадзілі на куце

Ды спыталі трывожна:

 

— Дзе старыя, малыя,

А куды іх падзелі?

Дзе астатнія тыя,

Што з табою гібелі?

 

На чало маладое

Хмара чорная пала,

І пакутніца ціха

Ім усім адказала:

 

— Вецер попел развеяў,

Вось што сталася з імі

На далёкай чужыне,

На палях Асвянціма!

 

Засталася адною.

Цяжка жыць мне такою...—

І заплакалі людзі

Разам з ёй, сіратою:

 

— Ты прыйшла на світанне

З чорнай ночы суровай,

Ты прынесла ад мёртвых

Развітальныя словы.

 

Ты прайшла паднявольнай

Блізка смерці шляхамі.

Мы цябе не пакінем,

Ты свая паміж намі.

 

Будзеш роднай дачкою,

Досыць быць адзінокай.

Паглядзі, як над борам

Сонца стала высока.

 

Так прыйшла сіраціна

Ў родны кут ад загубы.

Прыгарнулі суседзі,

Быццам родную, Любу.

 

А знаёмае поле

Ўсхвалявала дзяўчыну,

І гамонка рамонкаў,

І напеў ручаіны,

 

І высока на ўзгорку

Ветраковыя крылы,

І далёкая зорка,

Што ў дзяцінстве свяціла,

 

І жытнёвыя спевы

За сцюдзёнай ракою...

— Толькі дзе ж вы, падружкі,

Што хадзілі ў жытное?

 

О, як пахнуць на лузе

Шаўкавістыя травы!

Толькі дзе гарманісты,

Што глядзеў так ласкава?

 

Не забыцца хвіліны,

Як назваў дарагою...

Ён, казалі, загінуў

У баях пад Масквою.

 

Як згадае пра гэта,

Стане горна і шкода...

— Ой, няўжо адляцелі

Вы, шчаслівыя годы?

 

Ходзіць Люба ў самоце,

Па дарогах блукае...

Бачаць людзі, што чэзне

Без пары маладая.

 

Не заплецены косы,

Стан танклявей травінкі,

Спахмурнелыя вочы,

Белы твар — ні крывінкі.

 

Дзе ні йдзе па дарожцы,

Голаў схілены долу.

Непакояцца людзі,

Што ж яна невясёла?

 

Каб разведаць пра гора

І дазнацца прычыну,

Часам прыйдуць суседкі,

Запытаюць дзяўчыну:

 

— Што цябе так хвалюе,

Мо згрызота якая?

Чым жа ты засмучона,

Мо чаго не хапае?

 

Чуеш ты, салаўіны

Над сялібамі голас,

Паглядзі, як высока

Узнімаецца колас!

 

Паглядзі, чараціны

Зашумелі над рэчкай.

Каштаны на дарозе

Пазапальвалі свечкі.

 

Чуеш, ветры спяваюць

Над барамі вясёла,

І ад ранку гамоняць

Працавітыя пчолы.

 

Паглядзі, разаслаўся

Луг абрусам зялёным...

Супакойся, дзяўчынка,

Чым жа ты засмучона?

 

Бачыш, ліха мінула,

Непакоіцца годзе! —

Змоўчыць Люба

Ды зноўку

Адзінотаю ходзіць,

 

Бо не можа былога

Воблік жудасны сцерці,

Бо не гоіцца рана,

Што глыбока на сэрцы.

 

Пойдзе ў гай ці дуброву,

Хтосьці гоніцца быццам,

А як прыйдзе на бераг

Ды на вір заглядзіцца,—

 

Здасца ёй — Асвянціма

Там драты загайдалі,

Наглядальнікаў твары

Выглядаюць праз хвалі.

 

Бачыць многа пакутных,

Што ў нядолі, ў галечы...

І дымяць аж пад неба

Печы, чорныя печы.

 

Узняліся высока,

Злосна іх палыханне...

Уцякае дзяўчына

Ад жахлівае здані,

 

Ад жахлівае здані,

Ад прывіду цяжкога

Ды схаваецца ў жыце,

Каб не бачыць нічога.

 

Толькі б слухаць ды слухаць

Шум жытоў над сабою...

Так сядзела аднойчы.

...Што за дзіва такое?

 

Па сцяжынцы, што полем

Бегла з лесу дадому,

Быццам грае гармонік,

А знаёма, знаёма...

 

— Глянь, дзяўчынка, ля бору

Сонца яснае ўсходзіць...—

Гэта ж песенька тая,

Што іграў ёй Валодзя.

 

А гармонік гамоніць,

Ціш вясковую будзіць...

І забілася сэрца,

Разрываючы грудзі.

 

Усхапілася Люба,

Выйшла з жыта нясмела.

А пабачыла добра —

Ледзь яна не самлела.

 

Так і ёсць!

Твар ягоны...

Як магло гэта стацца,

Хіба ж можа каханак

Ды з магілы падняцца?

 

Ён жа, ён! Толькі плечы

Больш шырэйшымі сталі,

Ды на грудзях радамі

Ордэны і медалі.

 

Ёсць на свеце надзіва

Непаўторныя рэчы!..

О, якой нечаканай

Ты была, іх сустрэча!

 

Ад спаткання такога

Не прамовілі слова,

Нават вусны знямелі,

Нават твары збялелі.

 

Нават вецер над імі,

Усхвалёваны, змоўчаў,

Толькі сэрцы спявалі.

Толькі плакалі вочы.

 

Ужо над вёскаю вечар

Рассцілаўся заранкай,

Як пайшлі ўдвух дахаты

З-пад жытнога каханкі.

 

Кожны рад быў на вёсцы,

Што іх разам угледзеў.

Са зваротам дадому

Прывіталі суседзі.

 

Прывіталі суседзі,

Стол абрусам накрылі

Ды сяброўскую радасць

Чаркай добрай змачылі.

 

Да паўночы сядзелі,

Покуль сны агарнулі...

Толькі двое каханкаў

Ні на міг не заснулі.

 

Гаварылі да рання

Пра часіны цяжкія,

Пра драты Асвянціма,

Пра шляхі франтавыя.

 

Гаварылі ад сэрца

Пад атуленнем ночы,

Калі слоў не хапала,

Дагаварвалі вочы...

 

Адгрымелі гарматы,

Адышла страляніна.

Хто застаўся, вярнуўся

Зноў да роднай мясціны.

 

Бо нядарма з вінтоўкай

Ён вайну перамераў,

Каб вярнуцца да плуга,

Да касы і сякеры.

 

Бо нядарма праплыў ён

Найвялікшыя рэкі —

Жыць ён мусіць у хаце,

Як і след чалавеку.

 

А па страчаных блізкіх

На крывавай дарозе

Можна плакаць, ды плачам

У жыцці не паможаш.

 

Кожны знае, што з працы

Смачна хлеба скарынка,

Хмельны сок у бярозы,

Песціць вока травінка.

 

Птушка цягне здабытак

Птушаняці малому,—

Значыць, дбаць пра жывое

Трэба заўжды жывому.

 

Жыць, каб дзеці, што кветкі

Па садах, расцвіталі...

Так і Люба з Валодзем

Аб жыцці меркавалі.

 

О, як сэрца хвалюе

Першы вокліч дзіцячы...

Толькі чорная доля

Меркавала іначай.

 

Часу радаснай песні

Ім прызначыла мала,

Бо нядужая Люба

На вачах высыхала.

 

А праз месяц, як восень

Жоўты ліст рассыпала,

Злегла хворая Люба

І ўжо болей не ўстала.

 

Хай над пеклам астрожным

Кляцьба вечная будзе —

Гэта ж там назаўсёды

Надламіліся грудзі.

 

І ад самага ранку,

Покуль сонца не зойдзе,

Не знаходзіў спакою

Адзінокі Валодзя.

 

Ён праседжываў ночы,

Ні хвіліны не спаўшы.

Ён скакаў па мястэчках,

Дактароў заклікаўшы.

 

Прыязджалі, глядзелі,

Не памог ні адзіны.

А пакутніца Люба

Чэзла з кожнай хвілінай.

 

Хваляваўся Валодзя,

Ледзь не плакаў з адчаю —

Дзе ж на свеце ты, праўда,

Што яе забіраеш?

 

«Мы спаткаліся толькі,

Разлучаць нас не гожа,

Хіба ж дарма прайшоў я

Ўсе равы й загарожы?

 

Толькі з ёю сустрэцца —

Жыў я думкай адною.

Хіба ж дарма дарогі

Паліваў я крывёю?

 

Не аддам, не аддам я

Дарагую дзяўчыну,

Хіба ж дарма вярнуўся

Да яе з-пад Берліну?»

 

Ён хадзіў у жытное,

Вецер жаласна гушкаў.

Зажурыўся гармонік,

Нават плакалі птушкі.

 

Ён прасіў у прастораў

Спачування, спагады.

Да чаго ні звяртаўся

Ён, шукаючы рады.

 

Ён прыходзіў да Любы

З чабаром, з медуніцай,

Ён прыходзіў да Любы

З каласамі пшаніцы.

 

Ён прыходзіў да Любы

З рутай-мятай шаўковай,

Ён прыходзіў да Любы

З цветам жоўтым, ліповым.

 

І казаў ёй: — Устань жа,

Глянь вачамі заранак,

Пажадай, чаго хочаш,

Для цябе я дастану.

 

Свет нагамі я змераў,

Зноў прамчуся стралою,—

Што зямля толькі мае,

Пакладу прад табою.

 

Хочаш кветку Купалля,

Што зямля захавала?

Хочаш зорку з-пад неба?..—

А яна не ўставала.

 

Апускаліся вейкі

У пакутнай дзяўчыны,

Быццам сумныя хвоі

Па-над возерам сінім.

 

А на твары збялелым

Чырванюткія кроплі,

Быццам ягад рабіна

Ёй паклала на шчокі.

 

І здавалася, мольбаў,

Слоў ягоных не чула...

Толькі белыя рукі

Да каханка хінула.

 

— Супакойся, цяжкая

Мне прыходзіць хвіліна,

Я хачу, каб на свеце

Не блукаў ты адзіны.

 

Ажаніся, хай дзеці

Забаўляюць гульнёю,

Як сасонкі малыя

Ля сасны маладое.

 

Каб не ведаў ты з імі

Ні бяды, ні дакукі,

Каб, як сумна, заўсёды

Браў гармонік ты ў рукі

 

Ды іграў ім ад сэрца

Пра шчаслівую долю...

А мяне пахавайце

На гары пры таполі.

 

Я хачу, каб дзяўчаты

Блізка ў жыце спявалі,

Я хачу, каб вясёлкі

Нада мною ігралі.

 

Я хачу, каб на голлях

Вецер радасны гушкаў,

Каб спявала з таполі

Пералётная птушка.

 

Каб скрозь ноч-дамавіну

Мной было там пачута,

Што ніхто не сустрэне

Болей нашай пакуты.

 

Каб пад тою таполяй

Любы цешыўся з любай.

 

А зусім на змярканні

Змоўкла бедная Люба.

 

Выбег з хаты Валодзя,

Наляканы да жаху,

Стаў у полі на ўзгорку,

Павярнуўся на захад.

 

І на захад далёкі,

Да чужацкага краю,

Кулаком, моцна сцятым,

Пагражаў ён з адчаю.

 

— Вас, што смерць сюды неслі,

Я ў спакоі не кіну,

Дзе вы, тыя, што сёння

Загубілі дзяўчыну?

 

Мо збіраеце кветкі

Вы, пакінуўшы стрэльбы.

Што ж, я вас адшукаю

Хоць за Рэйнам ці Эльбай.

 

Можа, з дзецьмі сваімі

Вы гуляеце лугам,

З-пад дзесятае сховы

Я знайду вас, звяругі.

 

Бачыць вас не жадаюць

Ані сонца, ні месяц!

Не хачу больш нічога,

Вас бы толькі павесіць.

 

Акіяны не ўмесцяць,

Што ў грудзях маіх болю,—

Не дарую за гэта,

Не дарую ніколі!

 

А назаўтра уранку

Сумавалі рабіны —

Неслі людзі на ўзгорак

На плячах дамавіну.

 

Нахіліўся каханак

Над труною дзявочай...

Два лісты тапалёвых

Палі Любе на вочы.

 

Твар празрысты, спакойны,

Быццам толькі заснула,

І зямля, як здалося,

Пад труною ўздыхнула.

 

Развіталіся людзі

З паланянкай-дзяўчынай,

А на ўзгорку высокім

Вырас насып магільны.

 

Сведка нашага смутку,

Сведка гора і болю —

На гары пад вятрамі

Той курган ля таполі.

 

Ля кургана дарогі

Разыходзяцца ў полі.

І праходзяць там людзі —

Успамінаюць няволю.

 

Хто з сярпом, хто з сякерай,

Хто касу з іх трымае,

Навакол паглядаюць —

Скрозь жыццё расцвітае.

 

Яны голавы хіляць

Прад магілай дзяўчыны,

Праклінаюць чужыну,

Праслаўляюць айчыну!


кастрычнік 1945

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 2. Вершы, паэмы, 1941-1953.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 263-277
Крыніца: скан