epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Прамова фактамі

Стой!

Вартавы, як заведзены, крочыць...

Вільня. Лукішкі. Пярэдні план.

Гэта турма раве да паўночы

Крывёю рабочых,

Крывёю сялян.

На твары ў жандара —

Вялікае свята.

Лозунг жандараў: калоць і біць!

Заціснуты ў душныя казематы

Геній, вучоны і барацьбіт.

Хочуць трупярняй жывога мяса,

Кратамі сэрца скаваць ад бур.

Гэта — культура

Іхняга класа,

«Дэмакратычней» з усіх культур.

Учора. Сягоння.

Астрожная брама,

Жалезам зубоў

Ашчэрыўшы рот,

Косці краіны свінцом надламала,

На грудзі паставіла панскі бот.

Дарэмна пільнуеш, турэмнік нязменны,—

Сэрца рабочых на кожным рагу!

Думы, як зоры, праз чорныя сцены

Стрэламі волі бягуць.

Тут дыялектыка: дзе радасць, дзе гора.

Званчэй баляванне,—

Нам больш клапот.

На лакавых ботах сонца і шпоры,

Ашчэрыўся дратвай

Юхтовы бот.

 

 

* * *

 

Паўстань, гісторыя, скажы!

Дрыжы ў трывозе, польскі пан!

(Жывыя помнікі — крыжы

Распятых шляхтаю сялян.)

Над Беларуссю ноч была,

Пажар гуляў замест заранкі.

Скакаў раз’юшаны улан,

Хрышчоны доларам і франкам.

Ішлі ў ангельскіх паліто,

Ішлі, плявалі ў твар чужынцы.

Стаяла вёска сіратой

У пісягах каля гасцінца.

І золлю,

Ветрамі,

Марозам

Шукала шчасця каля зор;

З-пад хмурых весніц беглі слёзы,—

Журбою поўніўся прастор;

Стаяла, думаўшы аб леце,

Лавіла ўсходнюю зару.

Ці знойдзеш ты

Жывое месца,

Каб ран не мела Беларусь?

Дрыжалі ў сполаху парогі,

У поле вораг кінуў смерч.

Па ўсіх запутніках, дарогах

Шпацыравала госцем смерць.

Прыедуць.

Звяжуць.

Павядуць...

Раслі турэмныя палацы.

Ды толькі ўкрадкай, па ваду

Ішоўшы, мацеры паплачуць.

Хто гора гэтага не стрэў?

Ты помніш енкі і літанні?!

На кожнай вуліцы — расстрэл,

У кожнай хаце — катаванне!

А між мільёнаў новых крат,

Між мук і горычы пякельнай

Стаяў палац, гуляў сатрап,

На спінах нашых граў вяселле.

 

* * *

Было слёз-азёраў многа,

Кожны клікаў сваю долю.

Бушавалі легіёны...

Пан жа быў рахман і весел.

А мы сцежкаю, дарогай

І лагчынаю, і полем

Беглі гора і праклёны

Пахаваць у цёмным лесе.

Сосны стромкія прымалі

У свае абшары крыўду,

Гадавалі нашы думы,

Прыкрывалі нас ад золі,

Вольнымі мы ў лесе сталі,

Зналі — хутка нашы прыйдуць;

Загалосяць звонка струны,

Будзе радасць, знікнуць болі.

У лясах расла краіна,

А з-пад сёл ішлі клапоты

Разам з чорстваю скарынкай...

Кожны быў адданым сынам,

Біўся з ворагам заўзята,

Нёс з сабою кулямёты,

Нёс патронаў стужкі, скрынкі.

 

* * *

Так стварыліся атрады,

Сцяг паднялі атаманы,

Падалі каманду дружна:

— Гэй!

За кроў! Усе змагацца!

З панскіх губ апала радасць,

І разбіўся кубак п’яны;

Знікла сіла,

знікла мужнасць,—

Занялі агні палацы.

 

 

* * *

Вясной мільёнам кілават

Наспела помста,

Злосць наспела.

— Дакуль жа будзе так, скажы?..

І глоткай ў тысячы гармат

Чырвоны фронт ударыў смела:

— Беларусь

павінна

жыць!

Беглі з фронту легіёны:

— Як, панове, тут змагацца?

Беларус біў,

Біў расіец,

Украінец біў бандытаў.

І няслі мы сцяг чырвоны,

Сімвал вольнасці і працы,

Ў бойках кулямі прабіты...


1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9-ці т. Т. 1. Вершы. Паэмы, 1926-1941 /Прадм. М.Яроша.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 165-168
Крыніца: скан