epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Праз горы і стэп

МІНЕРАЛЬНЫЯ ВОДЫ
МАЗДОК
МАЧЫХА-СТЭП
КІЗЛЯР-БАНДАРЭНКА


 

Паводле гістарычных матэрыялаў

Самарскай кавдывізіі

 

 

МІНЕРАЛЬНЫЯ ВОДЫ

Мы клялі вас тады,

Мінеральныя Воды

І абвеяны снегам

Суровы Каўказ,—

Белы гад нас прыціснуў

Крыжовым паходам,

І распетрылі чэрці нас.

Шмат загінула там,

Каля ног Машука:

І Пятроў — кампалка,

І Мічурын — яздок;

Хто вёз кулю ў сабе,

Хто прабіты рукаў...

...Адыходзілі мы на Маздок.

Галадухі кружыў

Над галовамі чад,

Смерць скакала ў сядло

Самазванаю госцяй.

З мора ўдарыла золь

І пайшла падлічаць

Ігальчастымі пальцамі

Нашыя косці.

Мы міналі пяскі,—

Яны горш морскіх рыфаў,

Адыходзіць без боек —

Нудна, як і без спраў.

А на кожнай вярсце

Лез няпрошаны тыфус —

З нашых лепшых хлапцоў

Ён даніну збіраў.

Едзеш,

Чуеш —

Трывожны ў таварыша голас:

— Я на дзікія скалы

Ўжо больш не хадок...—

Скажа так,

І пакоціцца труп яго долу...

...Адыходзілі мы на Маздок.

Толькі сэрца агню

Аніяк не пагодзіць,

Да зубоў тады злосць

Пераела ўсіх нас.

Мы клялі вас тады,

Мінеральныя Воды

І абвеяны снегам

Суровы Каўказ.

 

 

МАЗДОК

Ледзяністы сек пясок —

Непрыхільна стрэў Маздок:

Стэп за горадам шалела —

Насядалі зграі белых.

Тыфус чорнаю рукой

Гнаў нас у прыёмпакой,

Не адзін баец там змоўк!

...Ледзяністы сек пясок.

Забуруніў злосна стэп,

Выеў вочы кураслеп,

Дзевятнаццаты гадок!

Непрыхільна стрэў Маздок!

Толькі нас не праймеш

Аніякім паралюшам.

Паў адзін пад каня,

А другі — на кані.

Прыскакалі да нас

Баявыя таварышы,

Проста дзіва — не хлопцы —

З далёкіх станіц.

Так збіраліся мы

У шалёных варунках,

Каб без жалю разбіць вас,

Князі і папы!

Коні розных масцей,

Стрэльбы розных гатункаў,

Толькі людзі па веры

І гарту адны.

А над стэпам буруны

Па-хаўтурнаму вылі,

Быццам лёг у труну

Акалечаны свет.

Зноў ударылі ворага

Чорныя сілы,

Не паспелі сабрацца

Мы нават як след.

Горла вуліц хрыпела

Ад вострых падкоў,

І заходзіўся горад

У тлуме вар’яцкім.

Як звяры, дасякалі

Там нашых братоў,

Прыкаваных да ложкаў

Тыфознай гарачкай.

Распляваўся агнём

Распадлюга-кадэт,

З трох бакоў нас прыціснуў

Смяротны пажар...

Мы ж прарваліся зноўку

У мачыху-стэп.

...Адыходзілі мы на Кізляр.

 

 

МАЧЫХА-СТЭП

Чулі вы,

Што такое бурун?!

Гэта —

Дзікія лавы вятроў,

Гэта пекла раз’юшаны рогат

На пухоўках пяскоў

У такую пару

Акалее шакал,

А не знойдзе дарогі.

Так спаткаў злосны стэп

Нас, разбітых і змучаных,—

Так сустрэў нас тады

Горш за мачыху стэп.

Ні вады!

Ні аўса!

Вецер грае разлучыны,

Золь з пяскамі танцуе

Шалёны тустэп,

Д’ябла мачыха-стэп.

Чалавек!..

Там губляе сябе чалавек,

Нават конскія слёзы

Зрываюць супоні,

Хоць бы толькі на міг

Паказалі зару...

Ледзяныя ж крыжы

Там схавалі навек

Батарэю з жывымі байцамі

І коньмі...

Чулі вы,

Што такое бурун?!

Гэта рвуцца дарогаю

Бур дынаміты,

Гэта значыць — жывому

Ў дарозе каюк!

Гэта скача зямля

Найсвяцейшага Віта,

Адчуваючы быццам

Пагібель сваю.

Мы ж прайшлі гэта пекла,

Хоць і шмат пагублялі,

Непахісна пранеслі

Чырвоны штандар,

Яшчэ больш гартаванымі

Ў полымі сталі!

...Так з’явіліся мы у Кізляр.

 

 

КІЗЛЯР-БАНДАРЭНКА

І тады падышоў

Нечуванаю контрай,

Павязаў нашы рукі,

Напаіў чыгуном —

Без ніякіх дазволаў

На гэта па фронту —

Тыфусовы пагром.

Клаў пячаці вар’яцтва

На нашыя зрэнкі,

Набіваў дзікай смагаю

Нашы раты...

Дзе ты, лепшы наш доктар

І брат, Бандарэнка?

Помніш ты?

Помніш ты?!

Камандзір эскадрона

Таварыш Сізоў

Голы выскачыў з шабляй

На аснежаны пляц,

Праклінаючы ўсіх —

І чарцей і багоў,—

Ў непрытомнасці

Зваў ваяваць.

Помніш ты,

Як Вайноў

У трызненні глыбокім

З ложка кінуўся вобзем

І, расплюшчаны ніц,

Плакаў дзіцем,

Што недзе далёка

Сямірэчча

Канае ў агні?

Нас кідала хвароба

На падлогу і сценкі,

Раз’ядаў нашы косці

Бацылавы вар,—

Ты ж адзін з імі біўся,

Наш брат Бандарэнка,

Помніш, доктар, Кізляр?

Ліха вам!

Ліха, д’ябальскі тыфус,

Ліха вам, буруны

І ўсе барханы!

З-пад дзесятага века

Труны

Нас узняла

Кастрычніка кроў,

Мы усталі

Ізноў!

Распраклятыя паралюшы, —

Хто нас змог?

Сабірайцеся, таварышы!

Па канёх!..

Даёш галоп!

На Мелітопаль!

Даёш галоп!

На Мелітопаль!

На коней, брат!

Там белы гад!

На коней, брат!

Там белы гад!

Мацней агонь!

Дабіць яго!

Мацней агонь!

Дабіць яго!

І пайшлі,

Маладымі і новымі,

І пайшлі,

Ажно вецер прысеў.

Цераз чорныя ночы

Стэповыя

Паскакалі адважныя ўсе.

Даеш галоп!

На Мелітопаль!

Даеш галоп!

На Мелітопаль!


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9-ці т. Т. 1. Вершы. Паэмы, 1926-1941 /Прадм. М.Яроша.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 169-174
Крыніца: скан