epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Родныя берагі

I
ІІ
ІІІ
IV
V
VI


 

 

I

Сажні, збяры,

Ізноў пасей,

Прыгледзь ад буры з громамі.

Няма ў раёне цікавей,

Чым служба аграномава.

 

Куды прыедзе —

Там ужо

Яму і дом, і родныя.

Вясной, як выехаў з райзо,

Жыццё ідзе паходнае.

 

Ён едзе

Шляхам векавым,

Зямлёй зялёнай цешыцца.

Раён прасцёрся перад ім,

Як на далоні, свеціцца.

 

Налева — роўнядзь,

Справа — бор,

Снуюцца сцежкі кроснамі,

Чатыры рэчкі,

Пяць азёр,

Гара Мядзведзь пад соснамі.

 

На ўсход — падлесак малады,

Імшары ды ягоднікі,

На поўдзень —

Новыя сады

І дваццаць тры пітомнікі.

 

А перад ім

Разліўся цвет

Чырвоны, канюшынавы.

А шлях бяжыць.

Веласіпед

Шуміць па доле шынамі.

 

А сцежкі збоку,

Сцежкі скрозь,

Як стужкі раскіданыя...

Паедзе кожнай — ўсюды ёсць

Сябры яго жаданыя.

 

Адам Пілюта,

Мільгуноў,

Сымон з сяла Падгайнага,

І тая самая з Лагоў,

Ну, што завецца Ганнаю.

 

Вунь блізка ўжо «Маяк» дыміць,

Вунь «Першы май» ўздымаецца,

І ўсюды хочацца пабыць,

Таму ён так спяшаецца.

 

Мінуўшы поле,

Ўскочыў ў гай

І раптам азадачаны:

— Сцяпан Пятровіч, пачакай,

Спыні сваю ламачыну!

 

Зірнуў,

Аж гэта старшыня

З калгаса Пералесіца.

— Ну што ж, на гэтакім кані

Не сорамна праехацца.

 

А сам падумаў:

«Ну і жмут.

Гаворкі тут ласкавыя,

Каня ў калгасе папрасі —

То хворы, то кульгавыя».

 

ІІ

І вось дарогай

Цок ды цок,

Гняды стрыжэ вушамі.

Паміж гаворкаю дымок

Уецца між сябрамі.

 

— А што, праз Пціч

Ляжаць масты?

— Наладзілі вясною.

— Як на тарфянішчы шыты?

— Усталі, брат, трубою.

 

— Табе ж дарожачка адна —

Ўсё скачаш

Па раёну...—

А ў думках: хоць бы не дазнаў,

Што не прачысціў лёну.

 

— Лужок пад борам

Ты скасіў?

— Скасіў лужок млынарскі...—

І так гамоняць аб усім

Як след, па-гаспадарску.

 

Перагудуць

Пад гул калёс

Да дробязі да рознай,

А потым ціхенька пад нос

Сабе спявае кожны.

 

Чаго дзівіць?

Такой парой

Трава з травой гаворыць,

На ўсё прачулаю душой

Глядзіць Сцяпан Пятровіч.

 

Не больш як месяц адышло

З таго,

Як тут праходзіў,

А штосьці новае ўсплыло

За гэты час, ды годзе.

 

Разлапушыўся

Шумны лес,

Бруснічнік зацвітае,

Блішчыць на кузні МТС

Страха ўжо бляшаная.

 

У «Першым маі»,

Пры садку,

Яшчэ ўзнялася хата,

А на балоце ў «Маяку»

Гамоніць экскаватар.

 

Гусіны статак

Ля пруда

Ўжо крылы распраўляе,

Гусак між імі: га-га-га!

Паважна пахаджае.

 

А вось на рэчцы

Цуд адзін —

Наладжана запруда,

На два паставы новы млын

Гудзе адменным гудам.

 

Ля става

Быццам сом ўспляснуў

І знік, не стала следу.

Сцяпан Пятровіч штурхануў

Пад бок свайго суседа.

 

Драбок паперы

Адарваў,

Падсыпаў самасаду:

— Хто гэты млын пабудаваў?

— Ды з Боркавіч брыгада.

 

Скрозь плён

Пятровічу відзён

Не шлях — адна пацеха...

Ды раптам схамянуўся ён:

— Здаецца, пераехаў.

 

Ён цісне

Старшыні далонь

І голасна бядуе:

— Сягоння трэба мне ў Падблонь,

А я ў Лагі кірую.

 

Пусціўся зноў адзін

У шлях,

Крыху усхваляваны:

— Ды гэта ж там яна, ў Лагах,

Ну, што завецца Ганнай.

 

Пятровіч кажа сэрцу:

— Стой,

Не час туды сягоння.

А бор шуміць над галавой,

Як быццам з ім гамоніць.

 

І гэты шолах нагадаў

Аб днях мінулых многа.

Сцяпан Пятровіч

Злез і стаў

На крыжавых дарогах.

 

Успомніў бітвы,

Партызан,

Як ваяваў з сябрамі,

А перад ім ляжаў курган,

Зарослы верасамі.

 

Яшчэ з начы,

Відаць, раса

На верасах драмала...

Ён шапку зняў,

І з воч сляза

Да той расы прыпала.

 

Закалаціўся аграном

І спахмурнеў,

Як хмара:

Ляжыць пад гэтым курганом

Яго стары таварыш...

 

Ды ўспомніў ён

Адзін вырок:

— Жальбы не сцішыш плачам.

Слязу змахнуў і глянуў ўбок:

Хаця б ніхто не бачыў.

 

Пасля ён кветак назбіраў,

Што ў лядах

Красавалі,

Магілу кветкамі прыбраў,

А сам паехаў далей.

 

Праехаў лес,

Мінуў адхон,

Прасторы заняліся —

На ўзгорачку калгас Падблонь

Увесь прад ім раскрыўся.

 

Да неба ўзняўся галавой

Высозны элеватар,

Стаяць хаціны

Над ракой,

Як маладухі ў свята.

 

Па жоўтых зрубах

Дзе-нідзе

Яшчэ клююць сякеры,

З калгаснай кузні звон ідзе

Рассыпчаты без меры.

 

То там,

То сям жураў відзён,

Глядзіць куды каторы...

З-пад лесу статак на паўдзён

Падходзіць да аборы.

 

Пятровіч ехаў між палёў,

Красою іх

Дзівіўся;

Пад’ехаўшы да мурагоў,

Ён ля касцоў спыніўся.

 

Ды не паспеў

Яшчэ касцам

І словы два прамовіць,

Схапіў рахункавод Адам:

— Ну, брат, хадзем, Пятровіч!

 

Павёў,

Узяўшы пад руку,

Як сябра дарагога,

Сцяжынкай, логам, за раку.

Да самага жытнога.

 

Яно ж, не знаючы мяжы,

Гайдалася, што мора.

— Глядзі,

Як ты наваражыў,—

Адам яму гаворыць.

 

— Чаму яно гудзе

Сцяной?

Ты раду даў на тое.

І мы прайшліся бараной,

Далі падкорм вясною.

 

А жыта ў рост,

Што не стрываць...

Спрабуй, амаль паспета.

Ты, брат Пятровіч, галава!

Паклон табе за гэта.

 

Глядзі на колас —

Гэта ж дар!

Зярнятак сто напэўна.

А колькі ж будзе на гектар —

Мільёнаў сем, не меней!

 

Скажу табе я

Сам-насам,

На тым стаім нязменна,

Што мо дадуць героя нам,

А ордэн — дык напэўна.

 

Вунь лубін наш

За ручаём,

Што пушча, кажуць людзі,

Вось кончым справы — зааром,

Пад жыта добра будзе.

 

Пятровіч зноўку стаў казаць,

Як лепш

Наладзіць глебу,

Што лубін лепей заараць

У цвет, цяпер жа трэба.

 

— Ары, пакуль не адцвіло,

Дык будзеш

З ураджаем.—

Ідуць удвух яны ў сяло,

Аб справах разважаюць.

 

ІІІ

А на сяле, ля школы,

Пад ліпамі, вясёла —

Паўднём адпачываюць,

На траўцы пасядаюць,

Гасця свайго чакаюць

Касцы, даяркі, жніцы —

На сход сышліся быццам.

 

Кабеты не драмалі,

Сарвэту разаслалі,

Паклалі хлеб

З акрасай,

Гладыш прынеслі квасу.

 

Чакалі, як вядома,

Адама з аграномам.

 

Калі ж прыйшлі,

За страву

Паклікалі ласкава:

— Чаго там доўга мовіць,

Сядай, Сцяпан Пятровіч!

 

Спачнуць хай крыху ногі,

Перакусі з дарогі.

Скажы, што дзе прыкмеціў

Ды што чуваць на свеце?

Цыгаркі задымілі,

Пра ўсё загаварылі:

 

Ці трэба жаць даяркам?

Як лепш араць

Папары?

Што сёння ўсюды людзі

Аб міры й шчасці мараць.

 

Паціху ды разважна

Бяседа йшла паважна.

 

Сядзелі б так бясконца,

Ды не чакала сонца,

Бо й сонцу не стаіцца,

Пайшло на бор хіліцца.

 

Гаворцы час канчацца,

Пара ізноў за працу.

Ўсхапіліся даяркі,

Пайшлі ў аборы шпарка,

Касцы пабралі косы,

Пайшлі лажыць пракосы.

Пятровіч развітаўся

Ды ў «Ясны кут» падаўся.

 

IV

Прад ім ізноў шляхі ляжаць,

І мусіць ён спяшацца —

Яшчэ патрэбна адмахаць,

Напэўна,

вёрст дванаццаць,

Усюды стрэць сваіх сяброў...

Ён рад з такой нагоды

Пад вечар ехаць між палёў —

Для сэрца асалода.

 

Усюды чуецца жыццё,

Яго прасцяг шырокі:

Дзе пруд,

Дзе гай,

Дзе азярцо —

Усё лагодзіць вока.

 

А над усім таемны звон —

Загаманілі быццам

Ячмень вусаты,

Сіні лён

Ды жоўтыя пшаніцы.

 

Пад небам жаўра,

Што гусляр,

Такі ж пяюн рухавы,

І вецер з бору б’е у твар,

Рахманы і ласкавы.

 

І хоць з дарог тых крыжавых

Курган запаў у грудзі,

Яго,

Як кожнага з жывых,

Бліжэй цягнула к людзям.

 

Успомніў ён аб Ганцы тут,

Аб шчасці чалавечым...

Так непрыкметна ў «Ясны кут»

Прыехаў ён пад вечар.

 

Вакол знаёмыя куткі

І строі новых хатак...

Ён на папары ля ракі

Спыніўся ля аратых.

 

Як паглядзеў,

Жахнуўся ён:

— Што гэта за ашука?

Пастой, таварыш Спірыдон,

Давай мне плуг у рукі.

 

І той аддаў яму:

— Бяры,—

Сказаўшы вінавата:

— Пятровіч, коннік я стары,

Каня шкадую надта.

 

— Не выйдзе

З гэткай глыбінёй,

На тры хоць трэба болей.—

І сам Пятровіч баразной

Пайшоў пад бор праз поле.

 

Калі ж вярнуўся,

Плуг аддаў

З наказам Спірыдону:

— Глядзі, каб заўжды так араў

На дваццаць, па закону.

 

Крыху усчуняўшы хлапцоў

Як след

За справы брацца,

Пайшоў Пятровіч да грабцоў

На бліжняй сенажаці.

 

І хоць людзей там грэбла шмат

Старанна і сумленна,

Пятровіч згледзеў,

Што не ў лад

У стог складаюць сена.

 

— На дол пакласці — папсаваць,

Палову працы

Знішчыць,

А што было прыгатаваць

Як трэба стажарышча.

 

Каб, што шафран,

Схаваць мурог,

Нямнога трэба сродкаў:

Калі складаеш добры стог,

Мацней кладзі сяродку.

 

Хлапцы злажылі стог,

Як дом,

І ля стага прыселі:

— А чуў, таварыш аграном?

Сягоння ў нас вяселле.

 

Мы сена скончылі зграбаць,

Дый сонца на заходзе...

Сцяпан Пятровіч,

Што чакаць?

Давайце разам пойдзем!

 

Як майстра ведае народ

Атрошчанкаву Полю —

Яна збярэ за гэты год

За ўсіх, напэўна, болей.

 

— Паскачам там,

Куды ні йшло,

Мы здатны і на гулі.—

І вось пайшлі яны ў сяло

І песню зацягнулі.

 

V

За сталом,

ды пасяродку,

Малады і маладая,

З караваем свацця ўстала,

Хлопцы чаркі уздымаюць,

Тры гармонікі іграюць,

Бубны б’юць,

Звіняць цымбалы,

Скрыпка сэрца закранае.

 

Старшыня калгасны Ціхан

Перад чаркай кажа слова:

— Маю я адну прычыну...

Што й казаць,

Яшчэ да часу

Нарабілі самі ліха:

Каб ды гэткую дзяўчыну

Занішто аддаць з калгасу.

 

Узнімаецца з пагрозай

Таварыства маладога:

— Мы яшчэ нідзе не чулі,

Каб нас гэтак абражалі.

Дзе вы хочаце, шукайце,

А не знойдзеце такога —

Хлопец статны,

Тварам ладны,

За геройства

Ўвесь у медалях.

 

Вось другая ўстала свацця:

— Што й казаць, калгас ваш

Толькі ўсе вы ільнаводы.

Хоць дзяўчына працавіта,

Цяжка ёй стаяць на мялцы,

Залятаць кастрою,

Пылам,

Добра ў нас мець справу

З жытам.

 

— Вы чаго на лён напалі? —

Адказалі ёй сурова.—

Вы куды без лёну гожы?

Лён жа — нашае багацце!

А за лён дадуць ёй хлеба,

А яшчэ сукенак розных...

Што ад вас тут

За напасці?

 

Толькі гэта — жарт,

Не сварка.

Тут адзін другога зналі

З тых часоў,

Калі з іх кожны

Быў пры матчыным падоле.

Зазвінелі дружна чаркі

Над сталамі пераможна,

Свацці гойкнулі да столі.

 

Так пілі аж да світання —

За калгас,

За маладое,

За дзявочы голас звонкі,

А яшчэ за агранома,

За таварыша Сцяпана,

З пажаданнямі: на восень

З ураджаем быць

І жонкай.

 

Гэты песні, жарты, гулі,

Пажаданні і размовы

Так за сэрца закранулі,

Што задумаўся Пятровіч.

 

Што ж, выходзіць,

Праўду кажуць,

Аднаму няма разгону...

Паблукаць і паразважыць

Выйшаў ён у сад зялёны.

 

А ў садку салоўка з ночы

Так зазыўна заліваўся...

Дзе ж стрываць!

Пятровіч ўскочыў

Ды ў Лагі хутчэй падаўся.

 

VI

Шуршыць ізноўку па шашы

Пятровіча машына.

Нідзе

Нікога, ні душы,

Адно гамоняць шыны.

 

Яшчэ вачэй перад зарой

Не параскрылі хаты,

Туман ляжаў па-над ракой,

Як той кажух касматы.

 

Яго вятры

Ледзь-ледзь крылом

Гайдалі, што калыску...

А ўжо раённы аграном

Быў пад Лагамі блізка.

 

А думка ўсё

Адным-адна

Б’е сэрца несціхана...

Глядзіць, ды што за навіна?

Няўжо на полі Ганна?

 

Па-за гумном,

Між ярыны,

Дзяўчаты йдуць радамі,

Парассыпаліся яны,

Што краскі над лугамі.

 

Ірвуць асот з зялёных ніў,

Стараюцца заўзята.

Ды іх Пятровіч абудзіў:

— Дзень добры вам, дзяўчаты!

 

Заварушылася кругом,

Як шумны рой, ды годзе.

Глядзіць,

І Ганка да яго

Паміж дзяўчат выходзіць.

 

Сукенка простая на ёй,

Прыгожа, як ніколі...

— Чаго такою талакой

Сягоння вы на полі?

 

— Латвей па вёсках раз’язджаць,

Кпін Ганна закідае,—

А нам калі адпачываць?

Праполка не чакае!

 

Ячмень учора абышлі,

Пшаніцу прачышчаем.

На сходзе слова мы далі,

І мы яго стрымаем.

 

— З такое працы

Будзе плён,—

Пятровіч кажа Ганне,

І ехаць далей, чуе ён,

Няма адсюль жадання.

 

Чаго б хацелася яму?

Не вельмі ўжо і многа:

Каб з ёю ў лета і зіму

Па ўсіх кружыць дарогах.

 

Ён кажа Ганцы:

— Прабачай,

Хачу спытацца штосьці:

У сваты ехаць?

— Прыязджай.

— Калі найлепш?

— Увосень.—

Яму сказала Ганка так

Паміж аўсоў зялёных.

А перад ім ляжаў бальшак

У горад, да раёна.

 

Паехаў зноўку паміж ліп,

Дарогай між гаямі;

Здавалася,

Вакол палі

Ляжалі прад вачамі.

Пятровіч знаў,

Як даць ім толк,

Як іх узняць адменна,

Дзе — гліна, жвір,

А дзе — пясок,

А дзе — падзол пустэльны.

 

Куды падсыпаць купарос,

Куды падвезці гною,

Дзе сеяць жыта,

Дзе — авёс,

Дзе ўсё заняць травою.

Дарогай, шляхам векавым,

Захоплены Пятровіч;

Яму здавалася,

Што з ім

Сягоння ўсё гаворыць.

 

Клапот нямала у яго,

Такі абшар, вядома...

Што гэта?

Бачыць ён свайго

Сакратара райкома.

 

Як толькі прамінуў

Гушчар —

Той з неба ўпаў, здаецца.

Сядзіць на газіку і ў твар

Прыветліва смяецца.

 

— Дзе ты падзеўся?

— Не крычы,

Бо справы не малыя.—

І б’юць друг друга па плячы,

Як два сябры старыя.

 

— Ты, брат Пятровіч, чарадзей!

— Цябе такім жа знаю.

— Гадуеш душы ты людзей.

— А ты, брат, ураджаі.

Давай жа ураджай збіраць,

Не трацячы хвілінкі.

Сядай,

Паедзем, бо пара

Распачынаць зажынкі.

 

Бо час гамонку пачынаць

З густымі каласамі,

Дзе жнейкай,

Дзе касой збіраць,

Дзе вострымі сярпамі.

 

Бо жыта скрозь

Гудзе сцяной,

Пад ветрам аж дыміцца...

Нам будзе чым

Перад Масквой

Увосень пахваліцца.


1948

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9 т. - Т. 2. Вершы, паэмы, 1941-1953.- Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 296-311
Крыніца: скан