epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Родныя словы

Яны даспадобы мне, хай і старыя,

Не толькі ў гучанні хвалюючы змест.

Як многа гавораць мне назвы такія —

Мінск,

        Пінск,

                Брэст.

 

Калі паразважыш, няцяжка дазнацца,

Бо сведчаць на ўсю неабсяжную шыр,

Што продкі любілі спакойную працу —

Шклоў,

        Клецк,

                Мір.

 

А вораг находзіў,— бязлітасна білі,

Трываць не хацелі абразы і слёз,

І разам з Бярозаю катаў тапілі —

Пціч,

        Друць,

                Сож.

 

Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,

Каб звонка звінела, была, як агонь.

У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў,—

Блонь,

        Струнь,

                Звонь!


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка, Пятрусь. Крыніца з-пад Вушачы : вершы і паэмы / Пятрусь Броўка. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. - 365. [1] с., 1 л. партр. - ( Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).
Крыніца: невядомая