epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Сябры

 

Палеская рэчка Нізяна,

Дрымотныя пушчы, бары!

Хадзілі між вас

Партызаны —

Два добрых і шчырых сябры.

 

Расказваць я не бяруся,

Калі падружыліся,

Як?

Быў Пётра Падгол беларусам,

А Юзаф Галкоўскі — паляк.

 

Хадзілі вясною зялёнай

І ўзімку,

І ў часе слаты —

Скідалі яны эшалоны,

Ўзрывалі дарогі, масты.

 

Бо чулі — за кроўную справу

На бойку

Іх сэрцы завуць —

За родныя Мінск і Варшаву,

За горад любімы Маскву.

 

Нямала цяжкога пазналі,

Нямала

Панішчылі зграй.

З баямі яны прычакалі,

Што вольным стаў кожнага край.

 

І далей у бітвах няспынных

Скрозь бачылі

Верных сяброў.

Ім толькі пасля ўжо Берліна

Вярнуцца прыпала дамоў.

 

Прыйшлі яны з даляў паходных,

Вітаючы

Радасны час,—

Галкоўскі — у горад свой родны,

Падгол — у любімы калгас.

 

Чакалі іх горад і вёска,

Чакала іх праца

Вакол.

Стаў мулярам Юзаф Галкоўскі,

Брыгаду ўзначаліў Падгол.

 

За справу ім выпала ўзяцца,

Ды так,

Каб гуло ўсё ў руках.

У мірнай, напружанай працы

Былі, як салдаты ў баях.

 

Натхнёным працоўнаю славай,

Ім выпала

Многа зрабіць.

Падгол чуў — красуе Варшава,

Дык, значыць, таварыш не спіць.

 

Прыходзіла вестак багата

З палёў беларускіх

І сёл.

І думаў Галкоўскі, а як там

Працуе таварыш Падгол?

 

Вось так,

як вярнуліся з войска,

З той самае,

Даўняй пары,

Увагай да працы сяброўскай

Жылі два адданых сябры.

 

І думалі, дзе і якая

Сустрэча ім можа

Прыйсці...

Ды часта таго не згадаеш,

Як гэта бывае ў жыцці.

 

Найлепш усялякіх багаццяў

Сяброўства,

Што вечна жыве.

Сустрэцца прыпала ім шчасце

Выпадкам у самай Маскве.

 

На выстаўцы светлай, вясёлай,

Якая

Спявала,

цвіла,

Сустрэўся Галкоўскі з Падголам,

Гарачай сустрэча была.

 

На плошчах людской перамогі,

Паміж павільёнаў,

Садоў —

Звялі іх з Варшавы дарогі

І з ціхіх палескіх палёў.

 

Прыйшлі яны шляхам адзіным,

Якім яны ў сэрцы

Жылі,—

І з радаснай гэтай часіны

Сябры толькі разам былі.

 

Быў кожны з іх зачараваны

Усім,

І прыветна на іх

Глядзелі між струяў фантанаў

Шаснаццаць сясцёр залатых.

 

І, чуючы іхнюю ласку,

Хадзілі

Галкоўскі, Падгол,

Дзівіліся.

Быццам у казцы,

Стаялі палацы вакол.

 

Прыгожых, празрыстых, высозных,

Стаяла

Палацаў там шмат,

Дзе ціха шапталіся сосны,

Дзе гулка звінеў вадаспад.

 

А глянеш за воблакі — зоры

Ўзняліся

На вострых шпілях.

На ціхіх прудах і азёрах

Шмат качак плыве ў чаратах.

 

Садоўнік там шчодрай натуры

Рассыпаў

Шмат ружаў-агнёў.

Між яблынь задумны Мічурын

Удалеч з кіёчкам ішоў.

 

А скрозь гаманіла, спявала,

Хадзілі

Святочныя ўсе.

Сады адусюль наступалі

Ў нязнанай, нябачнай красе.

 

Усё, што гадамі стварылі,

Падобна

Да дзіва таго!

І людзі глядзелі, хадзілі

Там ледзь не са свету ўсяго.

 

Багатая наша Айчына!

Багаццяў усіх

Не абняць...

Увойдзеш, зірнеш — Украіны

Палі залатыя шумяць.

 

А побач — заходзіш на поўдзень,

Там вечнае сонца

Жыве.

Як белая рэчка, бавоўна,

Здаецца, бясконца плыве.

 

А далей як пойдзеш,

Адразу

Ты новае можаш адчуць —

Вятры з перавалаў Каўказа

Ці з даляў алтайскіх дыхнуць.

 

А далей — што белым абрусам

Засланы

Бязмежны разгон...

А вось і ад ніў Беларусі

Радамі пастроіўся лён.

 

Паміж векавога тарфяння{тарфяння

Рачулка страчае

Зару.

— Мой дружа, дык гэта ж Нізяна! —

Галкоўскі гаворыць сябру.

 

Гаёк на ўскрайку вясёлы,

Хаціны

Ля гаю стаяць.

— Мой дружа,— ён кажа Падголу,

Дык гэта ж мясціна твая! —

 

Галкоўскі стаіць ля партрэта,

Што ўвесь ў зеляніне

Густой.

— Мой дружа, дык сам жа ты гэта.

Ты, значыць, сапраўдны герой!

 

З цудоўнай геройскаю зоркай

Хацеў бы цябе

Прывітаць!..—

Той вечар за шчырай гаворкай

Сябры не лажыліся спаць.

 

У часе сустрэчы такое

Абодвум было

Не да сна.

— Мінула, мінула цяжкое...—

Падгол аб жыцці ўспамінаў.

 

— Зямля пад аблогам, пустая,

А ў нас —

Толькі рукі адны.

Ты ж добра і сам памятаеш,

Якімі мы выйшлі з вайны.

 

Мы гора нямала сустрэлі,

Магіл дарагіх

Не злічыць.

А плакаць і часу не мелі,

Мы зналі адзінае: жыць!

 

Мы часта не спалі начамі,

Спакою

Не любіць наш час.

Ты бачыў, што зроблена намі,

Не разам стаў гэткім калгас.

 

Аралі мы дзёран заўзята,

Кругом церабілі

Кусты,

І ладзілі клеці і хаты,

І сад пасадзілі густы.

 

Здабыткі спачатку малымі,

Прыкметнымі

Ледзьве былі,

Ды кажучы шчыра — адны мы

Не гэтак бы хутка ўзраслі.

 

Раслі мы ў сяброўстве адданым

Таварышаў родных

Сваіх.

Ты помніш той круг ля фантанаў

Шаснаццаць сясцёр залатых?

 

Стаяць яны ў моцным яднанні,

Іх светлы

І радасны строй.

Упэўніцца кожны, хто гляне —

Жывуць яны роднай сям’ёй.

 

Вялікая наша краіна,

Свае мы

На роднай зямлі.

Хто трактар нам слаў,

хто машыну,

Хто збожжа засеяць палі.—

 

Галкоўскі жа слухаў, як брата,

Якога не бачыў

Шмат год...

Ужо пад Крамлём сіняваты,

Асенні займаўся усход.

 

Ужо на рубінавай зорцы

Зіхцеў

Залацісты прамень...

Канца ж не відаць у гаворцы,

Хоць новы займаецца дзень.

 

Галкоўскі спыняе: — Мой дружа!

Ты дай расказаць мне

Сваё —

Я госць у Савецкім Саюзе,

Шчаслівае сэрца маё!

 

Я рады з табою спаткацца,

Таварыш

І прыяцель мой,

Паслухай, і я сваім шчасцем

Хачу падзяліцца з табой.

 

Калі пра народную славу

Сказаць я жадаю,

Павер —

Варшава, мой горад Варшава,

Уся прада мною цяпер.

 

Варшава.

На плошчах змагання

Разоры крывавай раллі...

І раны Варшавы, як раны

На целе народным, былі.

 

Варшава, мой горад па праву,

Што казачны,

Сёння узнік.

Я рад,

што будую Варшаву,

Я муляр яе, будаўнік.

 

Варшавы маёй верны сын, я

З яе не спускаю

Вачэй.

Я знаю, што з кожнай цаглінай

Варшава мая прыгажэй.

 

І ты б гэта, дружа, адзначыў,

Пра гэта б ты мог мне

Сказаць —

Каб мост ты праз Віслу пабачыў

І новы цудоўны палац.

 

Палац па абліччу маскоўскі,

Ён сведка сяброўства

Жывы.

Іду між дамоў Маршалкоўскай

І бачу кавалак Масквы.

 

Чым далей, дык болей і болей

Мне хочацца сёння

Рабіць.

Мой дружа!

Ніхто і ніколі

Не здолее нас разлучыць.

 

Мой дружа!

Жыць працаю ў міры

Жаданне

Адзінае ў нас.—

Сябры развіталіся шчыра.

Іх бачылі потым не раз —

 

На Ленінскіх горах, дзе новы

Палац,

Апавіты зарой,

Ў тэатры за ціхай размовай,

У залах дзівосных метро.

 

На вуліцах светлых,

На плошчах,

Дзе шчасна жывецца людзям.

Нарэшце з Масквой развітацца

Настала часіна сябрам.

 

І будуць ім помніцца доўга

Сустрэчы

Шчаслівыя дні

І тая дадому дарога,

Як ехалі разам яны.

 

Ім помніцца час той натхнёны,

Як цёпла

На сэрцы было.

Глядзелі праз вокны вагона

На ўсё, што прад імі плыло,—

 

Узгоркі, дарогі, лагчыны,

Калгасы, палі,

Гарады,

Зялёныя руні, хаціны,

Гаі, пералескі, сады.

 

Ішлі трактары грамадою.

Прастор іх бязмежны

Чакаў.

У ціхім, задумным настроі

Галкоўскі сардэчна казаў:

 

— Мой дружа!

Я бачу такое,

Што хочацца

Жыць мне і жыць!

Ну што яны з бомбай сваёю...

Жыццё хіба можна спыніць?

 

Нас многа —

з Масквы да Берліна

Ў змаганні з’яднаных

Братоў,

Нас многа — у думках адзіных,

Нас многа, нас многа галоў!

 

Мы ўсе прад зарою усходняй

Пазбыліся гора,

Ярма.

Ну што яны з той вадароднай,

Мацней нас нічога няма!

 

Сягоння нам дадзены крыллі

Да новых,

Яснейшых часоў.—

Стаялі сябры, гаварылі,

А поезд наперад ішоў.

 

Сябры

Углядаліся ў далі,

Рабіны, бярозы плылі.

На шкле, як на светлым медалі,

Іх твары адліты былі.


1954

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў. У 9 т. - Т. 3. Вершы, паэмы, 1954-1964.- Мн.: Маст. літ., 1988. - с. 387-395
Крыніца: скан