epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

Вершы (1926–1941)

ОЙ, НЕ ШАПЧЫ, МАЯ БЯРОЗКА...
НЕ БУДУ Я СТАЯЦЬ НА РАЗДАРОЖЖЫ...
ЗАЛАТЫМІ ЗОРКАМІ
ДАРАГОЕ
* * *
НА НОВЫЯ МЫ СТАЛІ РУБЯЖЫ
ПАМЯЦІ ПАЎЛЮКА ТРУСА
НАПЕРАД МАЛАДЫХ
ГАДЫ, ЯК ШТОРМ
  * * *
«ЧЫРВОНАЙ ЗМЕНЕ»
ВЯСНОВАЯ РАЗМОВА
МОЙ КІРУНАК
СЁННЯ СЛОВА БЯРУ ( Пра Усебеларускую выстаўку)
КАМСАМОЛЬЦАМ
* * *
ЧЫРВОНААРМЕЙЦАМ
ЗЯМЛЯ
ПРА ВАЙНУ
  І
  ІІ
  ІІІ
ЯНКУ КУПАЛУ
КАСТРЫЧНІЦКІ МАРШ
ПРАДВЯСНОВАЕ
БРАТЫ
  * * *
КРАСАВІК
НА ЧЫРВОНАЙ ПЛОШЧЫ
УЖО ВЕРАСЕНЬ
РАДЗІМЕ
ВЯСНА НА СТАДЫЁНЕ
САДОЎНІК
ВЯСНА РЭСПУБЛІКІ
ДУКОРСКІЯ ПАРТЫЗАНЫ
ДВАЙНЯ
МЫШАСТЫ
ВЕЧАР
КАНЕЦ ЛЕТА
РАДАСЦЬ
ЗДРАДА
НАД ЛЕПЕЛЬСКІМ ВОЗЕРАМ
ПАЛЕССЕ
ДЗЕД ТАРАС
ЯНКА-КОННІК
УРАДЖАЙ
З АРМЯНСКІХ МАТЫВАЎ
  СВЯТА У АРДАШАЦЕ
  ЗАНГА
ЛАГЕРНАЯ
САМАЯ ШЧАСЛІВАЯ
НА ПОЛІ ПЕРШАЯ РАСА
ВЯСНОЙ ПТУШЫНЫ ЗВОНКІ ЛЁТ...
ПАСІЯНАРЫЯ
ЯКУБУ КОЛАСУ
ПЕСНЯ ДЗЯРЖЫНЦАЎ
МААБІТ
ПАГРАНІЧНАЕ
ГОД ДВАЦЦАТЫ
ПЛЫВІ, НАША ПЕСНЯ, ДАЛЁКА
РАНІЦА
СМЕРЦЬ ТАВАРЫША ХАХЛОВА
РЫБАК
ШЧОРС
НЕЎМІРУЧЫ
РАЗВІТАННЕ
ПАЛЕСКАЯ ДАРОГА
ПРАВОДЗІНЫ
ПРАЗ БЕЛАРУСЬ
У КАНІВЕ
ЗАХОДНІМ БЕЛАРУСАМ
ПЕСНЯ ВЫЗВАЛЕНАЙ ЖАНЧЫНЫ
ТАНКІСТЫ
З ПАХОДАЎ
ПЯТРУ ГЛЕБКУ
МАЛАНКА
МЯЦЕЛІЦА
КРЫНІЦА
ДОЖДЖ
ПАЭТ
СУСТРЭЧА
АПОШНІ ХЛЕБ
НА СКРЫЖАВАННІ
МАГІЛА
СКРЫПАЧ
БОР
* * *
* * *
ЗАСТОЛЬНАЯ
ПАЛЯВАННЕ
* * *
* * *
ДНЯМ НОВЫМ ПЕСНЯ
* * *
* * *
ЗІМА
КАМСАМОЛ
  * * *
  * * *
  * * *
МЫ НА ЛЕНІНСКІМ ШЛЯХУ
ДУМЫ
ГОРАД
  * * *
  * * *
ПРЫВЕТ ВЯСНЕ
АДЫШОЎШАЙ
АБ САБЕ
* * *
* * *
  * * *
М. БАГДАНОВІЧУ
АБ ЧЫМ ЗВІНІЦЬ ДУША...
О, БЕЛАРУСЬ...
ЗВОНЫ СЭРЦА
ТАГАНЫ
НЕ СУМУЙ, МАТУЛЯ!..
ЧУЮ ЗВОН
10 год
УСПАМІНЫ
  * * *
  * * *
ЧЫРВОНААРМЕЙЦУ
ДАЎНЕЙШАЕ
ЧАКАННЕ
НЕ ВЫГІНАЙ СВАЕ ДАЛОНІ
ДАЙЦЕ НОВУЮ МУЗЫКУ
* * *
ПРА НОВАЕ
  * * *
  * * *
НА ВУЧОБУ
ЗНОЎ НА ВЁСЦЫ
* * *
У ВОЛЬНЫ ЧАС
ПАЛІ ЗАВУЦЬ
  * * *
САВЕЦКІ ПАРАД
ЦЭХАВЫЯ БУДНІ
  І
  ІІ
  ІІІ
  IV
  V
  VI ПРАГУЛЬШЧЫК
  VII РВАЧ
  VIII НЯДБАЙЦА
  ІХ УДАРНАЕ
  Х
ТАДЫ ПАЧЫНАЮ З ПАЧУЦЦЯМІ СПРЭЧКІ...
АТАКА
ПАРАДНЫ МАРШ
СЛОВА У КАМСАМОЛЬСКІХ СПРЭЧКАХ (Прамова на Х з’ездзе ЛКСМБ 10 студзеня 1931 г.)
КАВАЛІ
ВЕЧАР
У НОВЫ ГОД
НА ПАГРУЗАЧНАЙ
ПАГРАНІЧНІК
ПЛЫТНІКІ
КЛІЧ НАРОДНЫ
1941 ГОД
ЛЫЖНІКІ
МАТРОСЫ
ПАМЯТКА
ГАЛУБЫ
ПЕРШЫ ПРЫЗ
ПЕРШАЯ СПРАВА
НАША ГАСПАДАРКА
МАХАЕДЫ
МАЛЫЯ САДОЎНІКІ


 

 

ОЙ, НЕ ШАПЧЫ, МАЯ БЯРОЗКА...

 

Ой, не шапчы, мая бярозка,

Журлівым пошаптам галінаў,

Пайду сягоння ў поле позна —

Сустрэну любую дзяўчыну.

 

Сустрэну ў полі, дзе бярозкі,

У вечар росны,

Вечар мглісты,

І будуць пець зялёным лістам

У полі белыя бярозкі.

 

Чуць свет, чуць сонейка устане,

Пайду з касой на луг мурожны.

Трава квяцістая, густая

Будзе губляць сваю прыгожасць.

 

А сонца яркае устане —

Трава завяне у пракосах,

І я пайду па лузе босым,

Хай з сонцам сэрцайка спявае.

 

Дык не шапчы, мая бярозка,

Ў ліпнёвы вечар мне не сумна —

Вітаю свету новы росквіт

І Беларусь, маю красуню!

 

 

 

НЕ БУДУ Я СТАЯЦЬ НА РАЗДАРОЖЖЫ...

 

Усход успыхнуў ясны і прыгожы,

Сплылі далёка моракі начы,

Не буду я стаяць на раздарожжы,

Вачамі сумнымі глядзець удалячынь.

 

Вясна вакол, адгрукалі марозы,

Ручай паміж палеткамі журчыць,

Не буду я стаяць на раздарожжы,

Вачамі сумнымі глядзець удалячынь.

 

 

 

ЗАЛАТЫМІ ЗОРКАМІ

 

Ой, ды над узгоркамі

Зоры срэбра-ясныя!

Закахаўся ў зоркі я

У хвіліны шчасныя.

 

Ой, ды над узгоркамі

Сінія мяцеліцы!

Залатымі зоркамі

Думкі мае сцелюцца.

 

 

 

ДАРАГОЕ

 

Бяжыць удаль лясная гаць

З вазамі жыта залатымі.

Ах, добра як, што не спазнаць

Цябе, карміцелька-радзіма.

 

І слоў ліецца гарачынь,

І славяць песні-падарункі,

Што выйшаў жнівень падлічыць

Снапамі нашыя рахункі.

 

Гляджу — і межы ўжо радзей.

Дні йдуць шырокай паласою,

А восень-ключніца ідзе

Такою ціхаю хадою.

 

Вось тыя купы, дзе быльнёг

(Там не адзін здароўе кінуў)

Калісьці ў сто аралі сох,

Цяпер — адна ўсяго машына.

 

Зусім другія краявіды,

Прыгледзься толькі і паслухай:

Ў нардоме служаць паніхіду —

Хаваюць межы і сівуху.

 

 

 

* * *

 

Майскім раннем я вас пакідаў,

Аксамітна-зялёныя ўзмежкі,

Майскім раннем цябе сустракаў

З незабыўнай ласкавай усмешкай.

 

Мы ля рэчкі хадзілі з табой,

А было гэта ўчора, здаецца,

Ой ты, рэчка і смутак ты мой,

Як мне хочацца з вамі сустрэцца!

 

 

 

НА НОВЫЯ МЫ СТАЛІ РУБЯЖЫ

 

 

Вечары рубінныя,

Аўсяная замець...

Сустракай, радзімая,

Мёдам, пірагамі.

 

Белаю сарочкаю

Надары ты сына,

Бо пайшла упрочкі

Мачыха-мякіна.

 

І каўнер узорамі

Расфарбуй жа наскімі.

Ды не так, як ўчора мне,—

Васількамі-краскамі.

 

Ты яе, кужэльную,

Вышпігуй калоссямі,

Што бадзянне беднае

Выжыць давялося нам.

 

І па тым патрачаным

Сёння не маліся...

Пахваліся працаю

Цяжкай, пахваліся.

 

 

 

ПАМЯЦІ ПАЎЛЮКА ТРУСА

 

Смутак няслі мы жалобнымі маршамі.

Навошта ж апошняя ростань наладжана?

Слова на смерць дарагому таварышу

Слязой перамыта і скрухаю зважана.

 

Лёс наш суровы. Мы ж чым награшылі?

Чаму гэтак рана сціскаюцца векі?

Бывае, што сэрца мяняе машына,

Толькі адно — ў чалавека.

 

Далёкага сёння сады не паспелі,

А краску у садзе адну смерць украла...

Здаецца, ўсё тыя агні, што гарэлі,

Ды звонкае песні на фронце не стала.

 

Мне крыўдна, паэта пакінулі сілы,

Хачу я пабачыць жывога, як ты.

...Як буйнымі ветрамі песня насіла

З мулярам цэглу па ўсходнях крутых.

 

Так! Майстра не стала.

Не быць недапетай

Той песні, што высіла ўзлёт галавы.

Хай муза замоўкла у сэрцы паэта,—

Муза іграе ў турбінах жывых.

 

Бывай назаўсёды! Астатні раз глянуў.

Табе ужо разам з жывымі не быць,

А песні стаяць вартавымі, як раней,

На вежах няскончанай барацьбы.

 

 

 

НАПЕРАД МАЛАДЫХ

 

Гады радзілі буры.

У стэп, у веліч гор

Хадзілі мы на штурмы

Пад песенны віхор.

 

У золаках паўночы

Ярчэй гараць агні.

А мы ўсё крочым, крочым

Без меж і без граніц.

 

Мы ўсё падаравалі

За мэту за адну,

Гісторыі скрыжалі

Пра гэта памянуць.

 

Грымелі навальніцы —

У бойках юны полк.

Мы не палеглі ніцам,

Мой любы камсамол.

 

Мы чуем —

                                            клічуць буры,

Праходзяць праз гады:

— Наперад ўсе, на штурмы,

Наперад маладых!

 

А дзесьці ў сіні вечар,

Дзе снег у сяйве зор,—

Палеткі ўсіх прывецяць

І прывітае бор.

 

Спаткаюць нас і хаты,

Дзе золь яшчэ імжыць,

Прасторы, як з-за кратаў,

Павыйдуць з-за мяжы.

 

Дык уставайце ж рана:

Заводы на хаду

Наказ нам адвітальны

Гудкамі пададуць.

 

Мы не баімся буры,

Калі завуць гады,—

На межы ўсе, на штурмы,

Наперад маладых!

 

 

 

ГАДЫ, ЯК ШТОРМ

Кліча гудок стогалосы...

Тысячы ног на панелі.

Што гэта?

Можа здалося?

Вогнішча літараў:

ЛЕНІН...

Халодны на вуліцах

Вецер лютуе,

І ў сэрцы балючы узняўся віхор.

Сцюжа...

Мароз...

Снегавыя завеі...

Самае цяжкае —

ЛЕНІН памёр...

Недзе аўто

На завулках галосіць.

На тварах рабочых

Трывогу стрэў.

Што гэта?

Можа сягоння здалося —

Над сцягамі

Рэе жалобны крэп.

Усюды... усюды...

Смутак і слёзы,

Стаў мільёнаў надзейны матор.

Хвіліна... не помню,

Лютуюць марозы,

А ў сэрцы балючы

Узняўся віхор.

Дзе ты,

Хто вёў у Кастрычнік галодных?

Голас аднекуль:

— Яго ўжо няма.

І правады заігралі жалобны,

Поўны глыбокага смутку, марш.

На сценах афішы:

«Вялікая страта»,

Жорсткі ад літараў

Чорны агонь...

Бачу, смуткуюць за горадам хаты,

Што не пабачаць жывога яго.

Строі... за строем

Шарэнгі рабочых

Гулка ступаюць на мінскі брук.

Нейкая цвёрдасць

Ў нажмураных вочах,

Сіла, рашучасць у мускулах рук.

Ідуць і ідуць...

Плакаты, плакаты...

Сцягі жалобныя:

ЛЕНІН памёр.

Мільёнамі шыб заслязіліся хаты,

А ў сэрцы балючы узняўся віхор.

І раптам з трыбуны

Па натоўпу словы:

— Не стала настаўніка-бальшавіка,

Ціха! Спакойна!

Раўнуйся, калоны!..

Партыя Леніна ёсць

І ЦК.

 

 

* * *

Гады, як шторм, пранесліся па моры,

Учора тут былі, сягоння ужо там.

Час да камуны мчыць, яснеюць зоры.

Далёка ўжо адпраўная вярста.

А на паўстанках дзён, на станцыях жывога

Растуць асілкі— волаты зямлі.

Імчыць цягнік надзейнаю дарогай,

Ў дымлівых фабрыках, ў садах мае палі.

Імчыць цягнік, яснеюць нашы далі,

Вядома ўсім — не спынімся мы тут.

Мы шчыра ўсе і горача віталі

Вялікім Леніным паказаны маршрут.

Хто на дарозе стаў? Дык ведай — сцеражыся!..

У качагарцы многа палкага агню,

Бо з нас ніхто не плакаў, не маліўся,

Калі цягнік нястрымана крануў.

Што слёзы аднаго, што роспач і надломы

У буры песень, веры і надзей?

Мы выйшлі ўсе паміж раскатаў грому —

І кожны дзень святло гарыць ярчэй.

 

 

«ЧЫРВОНАЙ ЗМЕНЕ»

Ты між юнацкіх дум, як хваль,—

Маяк пад горадам і вёскай

І кожнай літарай каваль

У нашай кузні камсамольскай.

Ты агітатарам стаіш,

Куеш для будучыні рэйкі.

Па шпальтах літараў тваіх

Прыйшоў калісьці я ў ячэйку.

 

Цяпер вось у фабрычны клуб

Пачуць таварыша такога

Бягу і радасна лаўлю

Тваё навостранае слова.

Люблю з табой сядзець удвох,

Тады прытульны сцены хаты,

Хоць цяжка ведаць пра братоў,

Якіх укінулі за краты.

 

І сэрца помстаю гарыць,

І рукі просяцца ў атаку, —

Як твой радок-кавалерыст

Лепш пікі коле бюракратаў.

Ты між юнацкіх дум, як хваль, —

Маяк над горадам і вёскай

І кожнай літарай каваль

У нашай кузні камсамольскай.

 

 

ВЯСНОВАЯ РАЗМОВА

За годам

— год,

За годам

— год,

Старому ўжо — труна.

Ідзе ў рашучы пераход

Савецкая вясна.

Прыйдзі,

вясна,

прыйдзі пасоб,

Цябе я пакахаў.

Здабыткам казачных часоў

Здаецца нам саха.

Ідзе ў прастор

кудлаты дзед,

Што многа гора знёс,

Тапіць саху стары вядзе

І разам торбу слёз.

Я знаю — скора праімчыць

паводкаю рака.

Прымай,

савецкая вясна,

загады ад ЦК.

Устань,

ды золакам касі,

Ды высушы аблонь!

Я знаю — красак нам дасі,

Дай хлеба,

дай святло!

Такі сягоння

наш закон,

Старому ўжо — труна,

Сустрэньце ж

маршамі гудкоў,—

Ідзе вясна!

 

 

МОЙ КІРУНАК

Праходжу я ў думах

квартал за кварталам.

Вясна шумналісцем

даклад напісала.

Іду.

Як асілкі, стаяць рыштаванні,

Тут хутка

пасёлак фабрычны устане.

Прамчацца па рэйках

электравагоны —

Рубільнік індустрыі

ўключаны ў сёння.

Апошні завулак.

Павеяла дымам,

У брамы завода

ідуць маладыя.

Адвозяць, прывозяць

рабочых трамваі...

Я з імі сягоння

кірунак трымаю.

 

 

СЁННЯ СЛОВА БЯРУ ( Пра Усебеларускую выстаўку)

 

Таварышы!

Сёння слова бяру,

Кажу я і шчыра і проста:

— Прыйшла

На вялікі парад Беларусь

З гадамі падполля

і росту.

На сходку сабрацца

— варштат і сноп

Клікалі год сякеры.

Куплены

Вельмі высокай цаной

Кожны наш крок

уперад.

Пераступаю ўрачыста

Парог:

— стаяць павільёнаў строі.

Плакаты гамоняць

агнём перамог

І баявым настроем.

І думы плывуць,

Бы ў моры

Чаўны,

Іх сэрцу майму не змераць;

Ў неразгаданыя

Дні і сны

Мне адчыняюцца

Дзверы.

Паліцы абдалі

Крыкам кніг,

А я, прыкаваны машынай,

Бачу, як б’ецца

У творчым агні

Сэрца маёй краіны.

На месцы не хочацца

Мне стаяць,

Вочы бясконца

Водзяць.

Здаецца, ізноўку

Даўжэзны шлях

Гісторыі ўсёй

Праходжу.

Наперад!

Наперад, як можна заняць,

Наперад!

На поўныя крыллі...

Хутчэй на бар’еры,

Дзе грае вясна

Савецкае індустрыі!

Наперад,

Дзе ярка гараць агні,

На баявыя дарогі!

Жыцця не шкадуюць

За светлыя дні

Найлепшыя людзі

Эпохі.

Я роты варштатаў

Радком вітаю,

За імі заводы

Ў мільёны рук,

Гэта не выстаўка,

Гэта жывая,

Гэта камуна

— мая Беларусь!

Слава табе,

І чыгун, і медзь!

Сэрца

Ў суладных гамах.

Я навучыўся гутарку мець —

З кожнаю дыяграмай.

Адна мне гаворыць

На поўны рот:

— Слухай!

Скажу ахвотна,

Быў у Мінскай губерні

Адзін завод,

У БССР жа

— сотні.

Гляньце на справы

Былых вякоў,

Старое

Горкім стане:

Штат манаполек,

Больш, чым школ,

Поўная краіна

П’яніц. Савецкай краіне

Вялікай быць,

Магутнаю

І багатай.

Выйшаў на сцэну

Савецкі быт,

Пераглядзі

Экспанаты.

Другая крычыць мне

— Слова прашу!

Вітанне вялікаму часу.

Мачыху мы

Спалілі — саху

Агнямі

Сваіх калгасаў.

Я веру,—

Камунаю будуць палі.

...Праходжу

Зноў першыя

Дзверы...—

На пляцы ў натоўпе

Стаіць Ільіч

З поглядам цвёрдым

Уперад.

 

КАМСАМОЛЬЦАМ

Таварышы!

Хай сонца на месцы стане, —

Поўныя грудзі мы ім напоім!..

На вуліцу —

Полымя нашых жаданняў,

Вышэй пачуцці, — настрой барацьбою.

Бачыш —

У ворага за акіянам

На баявы спуск пакладзены пальцы...

Гэй, камсамол!

Дазорамі станем

На барыкадах сусвету змагацца.

Першымі ў бойку выйдзем на вуліцы,

Выйдзем упарта, выйдзем нястомна!

Мы — маладыя, як рэвалюцыя,

Поўны агню, як гартоўныя домны.

Пойдзем нястрыманаю ўсе паводкай,

Моцныя духам, як пяцігодка.

 

 

* * *

Хай ноч.

Хай дзень.

Няма святлей —

Калі акрэсленая мэта,

Табе маршруты мы даём,

Узбунтаваная планета.

 

Званчэй! Званчэй,

Мая ты песня,

Мне як не радавацца тут:

— Загнаў тугу балот на ўзлессі

У дамавіну АСІНБУД.

 

Ў чарзе за смерцю перапетай

Стаіць — панурая мяжа.

І я паэт — хаўтуры гэты

Сваёю песняй набліжаў.

 

Калі гарыць камун маяк,

Ў палон узяты хвалі неба, —

Даволі дым нам апяваць,

Пра новае падумаць трэба!

 

 

ЧЫРВОНААРМЕЙЦАМ

Яшчэ гарачы свежы след,

Бацькі што пракладалі,

Як госцем быў ім чорны хлеб

На стомленым прывале.

 

Без вопраткі, нямытымі

Яны ішлі на бой.

На нашых сцягах — літары,

Абмытыя крывёй.

 

І мы ўдзень і ўночы

Трымаем свой штандар.

Мы пройдзем, кулямётчыкі,

Цераз вайны пажар.

 

Трымай нагу ў паходны такт.

Гарніст, іграй, звіні!

Мы звонкіх цэхаў, гулкіх шахт,

Палёў сваіх сыны.

 

Гатовы мы! Смялей вядзі,

Таварыш камандзір!

Партыйны лозунг твой і наш:

Пад пяцігодкі стройны марш

А-р-р-ш-ш!

 

 

ЗЯМЛЯ

Узнімалася зямля, гаварыла жывою,

На каленях стаяла,

Прасіла нас:

— Укладзіце мне грудзі цёплым гноем,

Каб жар у грудзях маіх не пагас.

 

А мы рэзалі яе

На шматкі,

На кавалкі

Ды барлялі смыкамі яе чэрствы стан.

Падрасталі

Сымоны, Рыгоры ды Янкі,—

І раслі шнуры доўгія, як вярста.

 

Калі ж грукаўся снежань касцяною нагою,

Пошчак ветру у свірне на цымбалах іграў, —

Мы пяклі праснакі

Напалам з лебядою

І чакалі вясны,

Каб адтала кара.

 

А з мякіны акраец быў калючы і спорны,

Яго толькі каменным нутром і глыдаць.

І выходзіў з нас кожны,

Як зямля тая, чорным

Ці хваробу, ці смерць у маі спатыкаць.

 

Гэта толькі кавалак нашай доўгай дарогі

Ды галоднай тугі за парожнім сталом,

Калі вецер біў шыбы, узнімаючы скогат,

І прыходзіла смерць

Біць халодным чалом.

 

За плячыма гадоў тая чорная ноч,

Што стаяла удзень на бядняцкім двары.

Ды пакінуў слімень свой наседжаны корч,

Рукі гневу крутнулі яго дагары.

 

Мы спалілі яго злосцю палкіх вачэй.

Разам з тронам цара і пагонамі прыстава.

Каб палала удзень

Наша сонца ярчэй,

Каб хапала нам

Хлеба чыстага.

 

Мы ж цябе зразумелі, зямля!

Кормім гноем цябе, кормім каліем,

Каб ты кожнае лета

Цяжарнай была

Не адным,

А трыма ураджаямі.

 

Мы скавалі плугі надзвычайнай хады.

Сваю сілу з табою сасваталі,

Каб у нашы гады

Ты цвіла маладухай багатаю.

 

Мы ж цябе даглядаем на новы лад,

Што цябе не спазнаць аж нават, —

Каб падносіла нам

Ты ўсягды да стала

Пірагі ды найлепшыя стравы.

 

 

ПРА ВАЙНУ

 

І

 

Гэта ізноў пагражае

Яна —

Узброеная да зубоў

Вайна...

І я спазнаю —

Гэта

Яна —

Машынай калек

Выходзіць вайна.

Бацькоў і братоў

На смерць заганяць,

Машынай сірот

Выходзіць вайна.

Дык вось

Калі зноў пагражае яна —

Узброеная

Да зубоў

Вайна.

Рыхтуйся, таварышы,

Так шугануць —

Гэтую вайну!

Каб усюды

Прадвеснікам волі

Яна —

Выходзіла вайна.

Каб бокам мінула

Нашы палі

Агідная вайна.

Каб ворагу

Вечна былі

Кастылі,

Тыя, што суліць

Нам.

 

ІІ

Вы яшчэ, таварышы,

Кроў сваю не змылі;

Гэта з першым жніўнем

Прывітаў вас кат.

Катам жа

Гумовыя гутаркі

Абрыдлі,

Распачаць ім хочацца

Гутарку гармат.

Хіба даспадобы ім

Нашы справы смелыя,

Што расце краіна

Моцнай, бы граніт,

Глянь: наўсцяж ад Кіева

Аж да Негарэлага

Нас пужаюць дуламі

Польскія паны.

Што яны надумалі

Ды сваімі дуламі —

Панскія загоншчыкі,

Чортавы пагоншчыкі!

Ці не гэта можа:

«Ад можа да можа»?

 

 

ІІІ

Так яшчэ ніколі

Не праходзіў дзень,

Як праходзіць

Цяпер у нас.

Ты ціхага месца

Не знойдзеш

Нідзе

У які сабе хочаш час.

Ніколі жаданням тваім

Не астыць,

Што розум запаліў.

Цэлыя суткі

Горад грыміць,

Бясконца звіняць

Палі.

Часта

Пры месяцы

Трактар ідзе

І на раллі гасціць.

Нам не хапае

Сонца ўдзень —

Трэба і ўноч расці!

Кожнае ранне

Да позняй зары

Мы творчым жывём

Быццём, —

Мы і расцём,

Мы і гарым —

Такое у нас

Жыццё!

Дык няхай паспробуюць,

Чэрці цвердалобыя,

Што яны надумалі

Ды сваімі дуламі.

Ім пакажа кожны

«Можа аж да можа».

Дык гэта ізноў пагражае

Яна —

Узброеная да зубоў

Вайна?

Рыхтуйся, таварышы,

Так шугануць

Гэтую вайну!

Каб усюды

Прадвеснікам волі

Яна —

Выходзіла вайна.

 

 

ЯНКУ КУПАЛУ

Курлоўскія ночы над краем гасцілі,

І смерць вандравала хадою бясконцай...

А недзе жалейка жывой галасіла

І клікала сонца!

 

Займаліся нівы напевам нястомным,

Да сэрца музыкі цягнуліся ў гуках,

І плакаў паэта і клікаў бунтоўна,

Да зор узнімаючы дужыя рукі...

 

Ён ведаў,

што цемрадзь адыдзе і згіне,

Што звон кайданоў разаб’ецца аб скалы...

І выняў ён сэрца для роднай краіны,

Гэта з вашай дарогі — Янка Купала.

 

Калі ж узнімаліся хмары навалай

І полем шугалі суровыя сцені,

То сокалам песня ваша ўзлятала,

То скрыдлы ламала на вострых каменнях.

 

Было: спатыкала гадзіна такая —

Не ведала слова,

дзе песняй спыніцца...

І вы адзінокай дарогай блукалі

І біліся сцежкай ізноў да гасцінца...

 

Бо ў цяжкай хадзе,

калі коле жарства,

Часамі ўсплывала і слоў перагаса,

Але перайшоўшы імшары і твань,

Вы рвалі хваробныя звычаі часу.

 

Да вас надыходзілі мужнасць і гарт,

І чулі мы голас бадзёры і юны:

Вы клікалі нас, маладых арлянят,

Па песню, па сонца, па шчасце камуны.

 

 

КАСТРЫЧНІЦКІ МАРШ

Дружна пройдзем

Кастрычніцкім маршам

Мы сям’ёй гарадоў

І плямёнамі ніў.

Маладая рэспубліка наша

Запаліла над святам агні.

І гараць яны!

І гараць яны —

Буйнай сілай змагання агні.

 

Па індыйскіх дарогах

Гараць яны,

Па маньчжурскіх палях

Палаюць яны,

Бліз вялікага Ніла

Іскрацца яны —

Буйнай сілай змагання агні.

 

Яшчэ вораг ідзе

Да гарматных змоў.

Пралетары, рыхтуйся

Да бойкі новай!

Нас пакліча сусвет,

Маладых і адважных,

На апошніх сутычках

Армейцамі быць.

Праз гады

Расстраляных франтоў,

Праз узмахі

Вялікай будоўлі

Сэрца помніць сягоння

Выразна

Гістарычныя дні

Барацьбы:

Дружыны рабочых

Шугалі на горад

З далёкае Охты,

Ад Нарвскіх варот;

На неўскіх прычалах

Стаяла «Аўрора»,

І біліся вострыя хвалі

У борт.

 

Магутныя штормы

Балтыйскага мора

Валы пачалі ледзяныя кідаць,

На неўскіх прычалах

Стаяла «Аўрора»,

Гарматы навёўшы

На Зімні палац.

 

І вораг прыціх,

І збянтэжыўся вораг.

Там царскія служкі,

Міністры былі...

На неўскіх прычалах

Стаяла «Аўрора»,

І першыя стрэлы,

Як гром, загулі.

 

Матросы скавалі

Шарэнгамі Неўскі.

На вокнах міністраў

Затросся ажур...

І з чубам пад ёрш

Ачмурэлы Керэнскі,

Падмазаўшы пяткі,

Памчаў за мяжу.

 

Шалелі буржуі,

Прасілі ратунку...

Ніхто не адважыўся

У буру грабсці.

І пяліўся дарма

Разбэшчаны юнкер

На чоўне дзіравым

Праз мора прайсці.

 

Бо ветразі

Вецер парваў і разнёс,

І сполах асеў

На быдлячыя вочы,

Бо грозна ішла

Найвялікшая злосць,

Бо грозна ішла

Перамога рабочых.

 

І позна было

Гэту сілу суняць

Ні грозьбаю,

Ні экзекуцыяй.

Гэта ішла

Не ў міністраў гульня,

Гэта ішла —

Рэвалюцыя!

 

Гэта працоўны

Магутны устаў,

Гэта сялянскія

Ўсталі калоны,

І суткі нязменна

Ільіч працаваў,

Загады змагання

Дыктуючы ў Смольным.

 

 

ПРАДВЯСНОВАЕ

Я цябе першую бачу такой,

Гэткай бурлівай, такой маладою...

Слова,

Стань поплеч са мной.

Песня,

Стань поруч з вясною!

 

Каб зерне карэнні пушчала глыбей

І ў полі шумела шырокім разбегам,

Мы выйшлі насустрач табе

Праз белыя вогнішчы снегу:

 

Нам праца цяжкая ніколі не страх,

Ты сонцавай радасцю нас прывітала.

Адны —

Маладзелі на звонкіх палях,

Другія —

Мужнелі, знаходзячы сталасць.

 

Мы шмат на дарозе разбілі ачмут,

Прарвалі драты забабонаў свяцейшых, —

І гэтыя словы шчыра

Таму,

Хто стаў маладзейшым!

 

 

БРАТЫ

Па-над стэпам

Спаткаў іх ад домен пажар;

Было сонцу там горача,

Нават і цесна.

Чорны пыл асыпаў

Іх асмужаны твар,

І вятры ім спявалі

Узнёслую песню.

 

А было іх чатыры,

Якіх я згадаў:

Сярго Каўтарадзе,

Тарас Піліпенка,

Алі Джасур

І Базыль Каляда.

 

І прыняў іх аднолькава

Ў шахтах забой.

Роўна свяціла ім

Штучнае сонца,

І чорнымі выспамі

Над галавой З

вісалі каменныя глыбы

Бясконца.

Мігцелі вагонкі

На іхніх вачах,

Бывала, што сыпаўся

 

Камень пад ногі...

І колькі гадоў так

Па днях, на начах

Прайшлі яны разам

Падземнай дарогай.

А ў іх над галоўмі

Буялі палі,

Яны ўспаміналі,

Што ў сённяшні ранак

Плылі над пасёлкамі

Хмар караблі,

Вялі іх удалеч

Вятры-капітаны.

Аднойчы на змене,

Прайшоўшы забой,

Шахцёры спачыць там

Прыселі на камень,

І думы пабеглі

Суладна, ракой,

І гутарка дружна

Пайшла берагамі.

 

І сказаў тады Каўтарадзе Сярго:

— Браты!

Раней я думаў, ў свеце так —

Для ўсіх вада,

для ўсіх агонь.

Аднойчы ж мне сказаў кулак,

Што Грузія — яго,

Я над кетменем суткі ныў,

Не мог і плеч разняць,

Я без кавалка хлеба жыў,

А ў кулака — палац.

Я за каня цягнуў хамут,

А нечы цвіў загон.

 

Ды не паверыў я яму,

Што Грузія — яго.

І вось паклікалі паўстаць —

Прабіў рашучы час, —

І мы мячамі далі знаць,

Што Грузія — для нас.

 

Застылі панскія сляды.

А ім наперакор —

Рыён бушуе малады

Па скалах нашых гор.

Там знікла крыўда і адчай.

Там новы свет узрос, —

Як скалкі, вочы у дзяўчат

І стройны стан бяроз.

 

Я запрашаю вас, браты,

У госці ў нашы сёлы,

Спяюць красуні нам тады

Там песні Грузіі вясёлай,

Кура там б’ецца на палях

І зор гарыць маяк.

Прыходзь, раз рукі ў мазалях,

Там Грузія твая.

 

А потым узняўся Тарас Піліпенка:

— І я да сябе

Запрашаю, браты.

Найбольшых прастораў

Не стрэнеш ніколі!

У нас — быццам зоры —

У вішнях сады,

А песні дзяўчат,

Як званочкі у полі.

У буйным калоссі

Палі шалясцяць,

І вочы губляюцца

У колерах сініх, —

Шырокі Дняпро там

Праходзіць наўсцяж

І сілу разносіць

Па вольнай краіне.

Плыве Дніпрагэсам

Абражаны місяц, —

Утораць турбіны

Магутнаму ходу, —

Праз безліч парогаў

І злы «Ненасыцец»

Радзянскія горда

Ідуць параходы.

 

І там, дзе гібелі

Ў бядоце бясконцай.

Жыццё маладое устала

Нанова.

У моцных праменнях

Дняпроўскага сонца

Гібее апошняя

Сцень куркулёва.

 

Як золата, ў нас

Узыходзіць зара,

Такою прыгожай

З прашыўкаю сіняй,

Там рост індустрыі,

Там вішні гараць,

Як родных спаткае усіх

Украіна.

І сказаў ім Алі Джасур:

— І ў нас цудоўная зара,

І караваны йдуць, як сны,

Пяскі зялёныя гараць,

І ўночы выюць барханы.

 

Як казка, сонца ў нас гарыць,

Яно нясе нам хлеб, —

Бавоўны моры да зары

Плывуць у вольны стэп.

Скрозь мінарэтаў чэзне чад

З каторае пары,

І шчокі смуглыя дзяўчат

Красуюць без чадры.

Калі кахаеш, малады

Ты, валасы, як шоўк, —

Бяры красуню, а калым

З алахам адышоў.

 

І будзе песня там звінець,

Дзе кончыўся іслам.

Зурною шчыра ў чайхане

Вас прывітаюць там.

І загавораць кішлакі Т

ам голасам сваім,

Пайшоў, як волат, праз пяскі

Пустэльняю Турксіб:

Яго сустрэлі там дары,

Там наша сонца — хлеб,

Бавоўны моры да зары

Плывуць у вольны стэп.

 

І край свой, як песню, братам прыгадаў,

Сказаўшы ад сэрца, Базыль Каляда:

— Здавён шумлівыя бары

Гудуць у нас,

Азёры люстрамі гараць вакол,

Яны сустрэнуць нас у добры час,

Як родных, блізкіх сваякоў,

Там у жытах дымлівыя палі,

Дзяўчаты песням там ахвочы.

І быццам лён, так зацвілі

Агнямі сінімі іх вочы.

Была там некалі вайна,

Быў кожны куст крывёй заліты,

Але ўзышлі цяпер у нас

Усходаў новых аксаміты.

 

Асілкам новы дзень прыйшоў,

Дарогі выслаў моцным жвірам,

З прадвечнай багны балатоў

Там Асінбуд, як волат, вырас.

Там хвалі коцяцца Дзвіны,

Дняпро і Сож там у хаўрусе.

Браты! Мы верныя сыны

Савецкай вольнай Беларусі.

 

* * *

Так, таварышы!

Кожная з нашых рэспублік:

Яго,

і твая,

і мая —

Роўна гналі паноў,

Роўна білі разруху...

А вечар спакойны

Над імі стаяў,

І сяброўскія гутаркі

Шчыра ён слухаў.

 

Маці — наша зямля!

Яна зоркай гарыць

Па ўсёй нашай кулі,

Яна — шлях

Для усіх нас цяпер,

Па стэпах шырокіх,

Па лясах, па аулах —

Наша бацькаўшчына СССР.

 

Кожны з нас

Тут — яе найадданейшы сын,

Пралетар сусвету —

Брат наш, не раб,

І прымае Масква

Нервы нашых краін —

Рэвалюцыі свету штаб.

 

 

КРАСАВІК

Вясна. Красавік.

І бярэцца пупышкамі сінімі сад.

Вясна.

Гэта сонца ўладарна ідзе

Па палях.

Вясна.

Гэта — коні стаяць

Над павышанай нормай аўса.

Вясна —

Гэта грукае ў сцены зямля.

 

Вясна.

І трактарны парк

Ад матораў гудзіць.

Брыгаднікі б’юць па руках:

— Паглядзім жа, «хто каго»?

Прыжмурыўшы вочы,

На сонца глядзіць брыгадзір,

Гарачая булькае кроў

Праз моцнае сэрца яго.

 

І вось устае перад ім

Шырокіх прастораў раздолле,

І звоняць зялёныя струпы

Калгасных жытоў і пшаніц,

І лепшая песня дзяўчат,

Званчэйшая самая ў полі,

Да самага сонца бяжыць,

Сваёй маладосцю звініць.

 

А заўтра —

Па чорнаму целу зямлі

На ўсю шыр,

І наўпрост,

І наўкос

З песняй прамчыць трактарыст;

І будзе ён валам валіць,

І ўдарыць магутнейшы гром,

І першая партыя рос

Карункамі срэбра зайскрыць

Над пухам глыбокай раллі.

 

А потым — зярняты ў зямлі

Напоўняцца сілы вялізнай,

Праз чорныя грудзі праб’юцца,

Каб моцна пад сонцам

Стаяць.

І будуць усходы палёў

Вялікай вясны камунізма

З любімай Краіны Саветаў

Над светам зарою палаць.

 

Так доўга стаіць брыгадзір,

І думкі праносяцца ціха,

І поле плыве перад ім

У грэчцы, каноплях, аўсе...

Ля свірна ж брыгады гудуць,

Назаўтра рыхтуючы выхад,

І сыплецца зерне, шуміць,

Пакінуўшы цёмны засек.

 

Ён чуе, як клічуць адтуль,

Праз гоман вясёлы і рогат,

Ён чуе — жартуе з яго

Брыгада, і ўжо не адна:

— Чаго там суняўся, таварыш?

— Што гэтак задумаўся доўга?

І ён ўстрапянуўся, пайшоў,

І ён адказаў ім:

— Вясна!

 

 

НА ЧЫРВОНАЙ ПЛОШЧЫ

Многа нас стаяла

На Чырвонай плошчы,

І кожны адчуваў

Братнюю руку.

Уся сталіца пела,

З розных месцаў госці

Сёння паглядалі

На Маскву-раку.

 

Так яно спявала,

Наша маладое,

Білася крыніцай

Па усёй зямлі...

Зоры ўсяго свету

Гарэлі над Масквою,

І самалёты птушкамі

Паміж іх плылі, —

 

Пад самым Маўзалеем,

Дзе Ленін неўміручы,

Дзе маладосць шугала

Высока угары,

Дзе моцнаю кагортай

Стаялі яго вучні —

Нашыя настаўнікі

І правадыры.

 

І там перад трыбунай

Ад соцень гулкіх вуліц

Калоны дэманстрантаў

Штораз,

То больш

Раслі...

Ішлі там маладыя

З прастораў неабсяжных —

Адважныя дзяўчаты

І хлопцы там ішлі.

 

Праходзілі танкісты

Кальцом жалезным, цесным,

Парашутысты —

Госці завоблачных вятроў,

Там маладосць праходзіла,

Праверыўшая песні

За кайлам

У тунелях глыбокага метро.

 

І мы былі ўсе разам

Там, на Чырвонай плошчы,

І кожны адчуваў з нас

Братнюю руку.

Уся сталіца пела,

З розных месцаў госці

Сёння паглядаюць

На Маскву-раку.

 

 

УЖО ВЕРАСЕНЬ

Ужо верасень.

Ветры-вандроўнікі

Аж праз вокны нясуць халады.

Як шары,

Наліліся антонаўкі

І да долу прыгнулі сады.

Горда сталі

Плячыстыя гумны —

Усё лета забралі яны,

І па хатах калгасных удумна

Падлічаюцца працадні.

І калі

Растрасае вечар

Жмені жоўтых асенніх лістоў,

Ўсе збіраюцца

На сустрэчу

Ад усіх чатырох бакоў.

Значыць,

Скончылі добра уборку,

Плённай працы сабралі дары...

Пад руку

З адмысловай танцоркай

Уваходзіць у клуб трактарыст.

Шчокі —

Быццам расквечаны макам,

Да дзяўчыны прыпала рука.

На грудзях яго

Зоркай адзнака —

Гэта ў гонар яго як стралка.

Дружным хорам

Таварышы стрэлі іх.

Сам сабою азначыўся круг.

І тады

Свой гармонік-прэмію

Расчыняе ударнік-канюх.

І тады —

Загуло, паняслося,

Закружыла да самай зары.

Да акон

Прытулілася восень,

І, як хлопцы, рагочуць вятры.

 

 

РАДЗІМЕ

Мы прасторы твае

Сваім сэрцам абдымем,

За граніцы наўсцяж

Мы адкажам сваёй галавой.

Гэта наша зямля,

Гэта наша радзіма, —

Дзень высокі, як сонца,

Шугае над ёй.

 

Ён ідзе паўнагруды

Над пікамі гор,

Акіяны мінае,

Праходзіць палі.

Ён высокі

Такі, як крылаты дазор

Першай ў свеце

Магутнай Савецкай зямлі.

 

Мы на ёй за плугом,

За маторам, за радыё

Скрозь ударна стаім,

Нам адведзены час, —

Мы жывём за бацькоў,

За дзядоў і за прадзедаў,

Многа дадзена нам,

Многа спросіцца з нас.

 

Мы на гэтай зямлі,

Што крывёю бацькоўскай аздоблена,

Не кідаем старога

Жыцця ні сляда,—

Мы павінны зрабіць,

Што вякамі было недароблена,

Нават песні злажыць,

Якіх свет не складаў.

 

Каб ад гэтае песні

Мільёнам прачнуцца,

Каб чырвоны маяк

Над планетай лунаў,

Каб над светам гарэлі

Агні рэвалюцый,

Каб радзіма была

Для сусвету адна.

 

І мы дружна праходзім

Адзіным паходам,

Уся веліч камуны

Над намі ўстае...

Хай жа толькі ізноў

Загудзіць непагода.

Хай памкнецца шакал

На граніцы твае, —

 

Да апошняе кроплі

Мы пойдзем змагацца.

На палі, у тайгу,

У бяздонную сінь...

Павядуць нас на бойку

Чырвонаштандарцы,

Што знаёмыя з порахам

Розных краін.

 

І дазнаецца вораг

У бойцы нястрымнай,

Што дарэмна кружыла

Яго галава,

Што ёсць наша зямля,

Што ёсць наша радзіма —

Ёсць на свеце Масква!

 

Скрозь прасторы яе

Сваім сэрцам абдымем,

За граніцы наўсцяж

Мы адкажам сваёй галавой:

Гэта наша зямля!

Гэта наша радзіма!

Дзень высокі, як сонца,

Шугае над ёй.

 

 

ВЯСНА НА СТАДЫЁНЕ

Ах, сонца, як багата

Твае палаюць промні!..

Вясёлыя дзяўчаты,

Як хораша сягоння.

Вясна на стадыёне!

Вясна на стадыёне!

Планёры дружнай стайкай

Прамчаліся ў разгоне,

Глядзі, ў зялёных майках

На вуліцах калоны.

Вясна на стадыёне!

Вясна на стадыёне!

Як птушкі, ўсе ўзлятаюць

На бегавыя гоні, —

І кожны так чакае,

А хто хутчэй абгоніць?

Вясна на стадыёне!

Вясна на стадыёне!

Ах, маладосць, як жарты,

Як смех і радасць звоняць, —

Рыхтуешся упарта

Да працы, абароны.

Вясна на стадыёне!

Вясна на стадыёне!

А кветкам красавацца,

Гарэць агнём чырвоным.

Ах, наша ты юнацтва,

Як хораша сягоння.

Вясна на стадыёне!

Вясна на стадыёне!

 

 

САДОЎНІК

Многа яблынь у садзе,

Каля плота прыніклі кусты.

Танканогія вішні

Абступілі вакол,

Грушы ўзнялі галовы,

І па голлі зялёным, густым

Захісталася возера цвету,

Беллю выслала дол.

 

Гэта шум сакавітай зямлі,

Свежай, поўнае сілы,

Пралятае па струнах кары,

Песні сонца бярэ...

І займаецца першая завязь,

Абсыпаючы белыя крыллі...

Ходзіць садам садоўнік

Шчаслівы між дрэў.

 

А яны у каралях вясны

Нахіляюць прыгожыя шыі

Да садоўніцкіх рук,

Быццам хочуць дазнацца пра што,

Як на гэтых руках

Вырасталі яны, як жывыя,

Станавіліся моцна на грунт,

Пачыналі гаворку лістоў.

 

Гэта ён пазнаваў

Шопат стройны і ценькі,

Слухаў грозны,

Узнесены бураю, гімн.

Гэта ён апранаў

Ім з саломы сукенкі,

Каб спакойны быў сон,

Калі дол засыпалі снягі.

 

Ён ад самага золаку тут,

Працавіты і пільны,

Прыглядаецца ціха вакол

І хваробы здымае заўчасна,

Абтрасае з наквецця чарвей,

Абразае сухія галіны...

Ходзіць садам садоўнік,

Шчаслівы і ясны.

 

Ён глядзіць, як чаромхі гараць,

Разрастаюцца яблыні, вішні,

Як зусім на вачах

Пачынаюць яны налівацца,

І, здаецца, цяжэюць сукі,

Апушчаюцца ніжай і ніжай...

Ходзіць садам садоўнік,

Шчаслівы за працу.

 

 

ВЯСНА РЭСПУБЛІКІ

 

Так было, —

Што завеі непраходныя вылі.

Цемра, ноч навакол,

Дзе ні глянь, дзе ні кінь...

Вецер грукнуў усходні

Нястрымнаю сілай,

І пабеглі снягі

Сугрунём да ракі.

Сёння ж сонца

Рэспублікай смелае рушыць.

І пяе ўсё вакол,

Весяліцца адно, —

Звоніць белае срэбра

На яблынях, грушах,

Яркім полымем

Свечкі гараць каштаноў,

Дзень ступае зямлёй,

Урачысты і сіні,

Хмары небам плывуць

І радзей і радзей,

Поўных рэк

Па лугах выгінаюцца спіны,

Сок сасновы смалісты

Па ветках гудзе.

І калі па лясах

Хор імчыцца напеўны,

Салаўіныя сем’і

Струны ўзрушылі лір, —

На калгасных палях

Неспакойнае зерне

Залатымі цвікамі

Прабівае палі.

Вось яно,

На вачах вырастае, здаецца, —

Калектыўнае шчасце

Ад відна да відна.

Тут прыходзіць вясна чалавецтва,

Тут рэспублікі нашай

Вясна.

Дык успомнім цяпер,

Як яна вырастала

Пад змяіным шыпеннем,

Пад шакаллім выццём,

Дык успомнім пра тых,

Што яе здабывалі,

Што сябе аддавалі

За наша жыццё...

Вас, каторыя шлях наш

Абсыпалі зорамі,

Вас, што кроўю купілі

Асветлены шлях,

Клічам вас мы, таварышы,

Па дарогах гісторыі

Расстраляных,

Загінуўшых у нялёгкіх баях.

З Украіны,

З-пад Волгі,

З Дагестана далёкага,

Адусюль, хто ў бядоце, —

Вы змагацца ішлі.

Вы пад нашымі соснамі,

Вы пад нашымі елкамі,

Вы па нашых балотах

І дарогах ляглі.

Вы вясну тут у нас

Толькі думкамі бачылі,

Мы вас клічам

Сягоння яе сустракаць, —

Мы былі ўсе адзінай,

Вялікае нацыі,

Помсту ў сэрцы няслі,

Мазалі на руках.

Смерць спаткала вас тут,

І адважных, і мужных,

Зашумелі над вамі

Травы дываны...

Спіце, нашы таварышы,

Ваш спакой непарушны!

Мы стаім каля вас —

І браты і сыны.

Мы стаім каля вас

Кругам дружным і цесным:

Брыгадзіры, калгаснікі —

Бальшавікі...

Вам дзяўчаты прыносяць

Найлепшыя песні,

Піянеры ўскладаюць

Над вамі вянкі.

Ваша слава грыміць

Пераможна над светам,

І нідзе вашых думак

Агонь не пагас;

Ветры нашай радзімы,

Індустрыйныя ветры,

Пралятаюць над вамі,

Спяваюць пра вас.

Мы ў рэспубліцы нашай

Працавалі як трэба,

Мы ішлі, і расла

І мацнела яна.

І начэй мы не спалі,

І жылі чорным хлебам,

Але радасць цяпер

Найвялікшая ў нас, —

Што, як струны, між рэк

Вырастаюць каналы,

Каласуе зямля

Збожжам спелым, густым...

На сваіх трактарах

Мы ўсе нетры узнялі,

На сваіх самалётах

Высока ляцім.

Шмат здабыта ужо,

Яшчэ болей здабудзем,

Нашы дні абагналі

Старыя вякі,

Бо адменнага складу

Выраслі людзі

З гордым іменем цвёрдым —

Бальшавікі.

Вось яны за варштатам

Уключаюць рубільнік,

Вось ідуць яны

Ў стройных армейскіх радах,

Вось турбін разагналі

Магутныя крыллі,

Вось танкетак страі

Павялі яны ўдаль...

Вось яны па зямлі

Рэжуць скібы глыбока,

Вось яны ураджайны

Рыхтуюць дазор,

Вось спявае дзяўчына,

І ў полі шырокім

Ячмяні яе песню

Панеслі на бор, —

Як вясною запахла,

Зацвіла мята-рута,

Як прыемна таму,

Што семнаццаты год,

Як назаўтра з-за хмар

Паляціць з парашутам,

Як каханы яе

Павядзе самалёт.

Вось яшчэ пакаленне:

Дзеці шчасныя нашы,

За мадэлямі час

Для каторых ідзе,

Вось яны, малагодкі —

Чапаеўцы нашы,

Б’юцца з белымі ў садзе

Каторы ўжо дзень.

Сонца нашай радзімы

Ім пяшчотамі свеціць,

Ім дарога ў жыцці —

Толькі радасць адна.

Тут прыходзіць

Вясна чалавецтва,

Тут рэспублікі нашай

Вясна.

 

 

ДУКОРСКІЯ ПАРТЫЗАНЫ

Белапольскія уланы

Лютымі былі —

Цёмнай ноччу партызанаў

На расстрэл вялі.

 

Ён ішоў пад бізунамі,

Па чатыры ў рад —

Закаваны кайданамі

Баявы атрад.

 

Перамучаныя ногі

Па пяску брылі...

Над апошняю дарогай

Хмары слёз плылі.

 

Партызанам кусцік кожны

Пеў пра тыя дні,

Як па гэтай па дарозе

Бегалі паны.

Партызанаў на світанні

Час апошні стрэў;

Цалавалі атамана:

— Ну, бывай,

Андрэй!

 

Мы з табой жыццё аддалі

За свабоду,

брат.

Развіталіся і сталі

Горда — рад у рад.

 

І калі не стала смелых,

Аж заплакаў бор,

З неба сіняга зляцела

Многа ясных зор.

 

 

ДВАЙНЯ

Брыгадзір Іван Букаты

Зацікавіў сёння ўсіх —

Двух сыноў унёс у хату,

Прыгажунчыкаў малых.

 

А за ім спяшалі шпарка

І сяброўкі і сябры,

Абкружаючы даярку

Парадзіху Маню Брыль.

 

За акном бярозы лісцем

Зашумелі як мага,

Як паклалі у калысцы

Двух малых: «куга-куга...»

 

Калі шчодры стол накрылі,

Гаспадар гасцей прымаў —

Ўсе сябры загаварылі,

Выдумляючы імя.

 

Кожны здолеў там не мала

Усяляк перагадаць...

Толькі бабка прашаптала:

— Пётру з Паўлам трэба даць.

 

Ўсе маўчалі. Што сказаць ёй,

Кожны ў думках выбіраў...

І ў адказ старэнькай маці

Брыгадзір Іван сказаў:

 

— Што ты, маці, не жадаю

Так я зваць сваіх сыноў,

Хай героямі ўзрастаюць,

Я імёны даў даўно —

 

Падрастаць ім, выйсці ў людзі,

І не будуць шкадаваць,

Аднаго мы Кімам будзем,

А другога Клімам зваць.

 

Дзеці шчасныя бясконца,

Хай іх туліць ціхі сон,

Хай растуць у ясным сонцы

Ў бацькі хопіць працадзён.

 

А малыя ўдвох ляжалі,

Даль ім светлаю была...

Між сабою разважалі

Роднай мовай: аб-ляб-ля...

 

 

МЫШАСТЫ

Што ж не выйшаў ты на пасту,

Ганарлівы наш Мышасты?

Поўсць павісла хамлакамі,

Затуманіўся вачамі.

Што хвастом ты не матляеш,

«Му» свайго ты не гукаеш?

Свет, ці што, табе пастылы,

Меў жа ты якую сілу,

Што па ўсіх тваіх калонах

Сілы больш такой няма —

На сваіх рагах тачоных

Ты паўнеба падымаў.

Апетыт дзе свой падзеўшы,

З хлеву ты не выйшаў першы.

І каровы, як сіроты,

Не даклічуцца з балота.

Каб жа ты не лёг задарам,

Прывялі ветэрынара,

І дазналі мы прычыну —

Пераеў ты канюшыны.

Потым дзень цябе ад болю

Ратавалі горкай соллю,

На жывот гарчычнік клалі,

Шкіпінарам націралі,

Каб глядзеў ты зноўку зорка,

Лыжак пяць далі касторкі.

· · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

І прайшло.

Зляцела змора.

Ачуняў наш вельмі хворы,

Нас ласкавым вокам змераў,

Сам раскрыў шырока дзверы

І прайшоў,

удзячны людзям,

З белым гальштукам на грудзях.

Праз кусты, ляшчыннік часты

Да кароў памчаў Мышасты.

Як прыбег жа ён, плячысты,

Затрубіў пастух ўрачыста,

Весялейшыя галовы

Паўзнімалі ўсе каровы.

І цяляты зухавата

Заскакалі каля таты.

 

 

ВЕЧАР

Вечар. Гарманісты ходзяць...

Песні між дзяўчатамі стаяць.

Сем брыгадніц выйшлі ў карагодзе,

Сёмая — каханая мая.

 

І пайшлі кругамі па дарожцы...

Закружыў сукенак белых шум.

Што міргнулі з карагода вочы,

Я пакуль нікому не скажу.

 

Яна ж помніць, як вятры гукалі,

Як сінеў прастор над галавой,

Як мы з ёю песню зачыналі,

Як шумела жыта у жніво.

 

Я ж пад тым загадкавым паглядам

Сам сябе не знаў як разгадаць,

Як не раз у іхнюю брыгаду

Я прыходзіў шчыра пасабляць.

 

Колькі мы снапоў з ёй пазнасілі?..

Мне ж адно спакою не дае, —

Дзе, якой зарою чырваніла

Яна вусны тонкія свае.

 

Дык скачы сягоння, колькі хочаш,

Я цябе у сэрцы пранашу.

Што міргнулі з карагода вочы,

Я пакуль нікому не скажу.

 

 

КАНЕЦ ЛЕТА

Жнівень выйшаў. Восені пачатак.

І на ўзлессі жоўтыя сляды.

Сілы правяраюць птушаняты —

Б’юць па голлі крыллем маладым.

Правяраюць хорам галасістым

Крылляў адгадованых узмах,

Значыць, першы вецер ледзяністы

Ім другі пакажа сёння шлях.

Там на поўдні — сонца і крыніцы,

Дзень пагодны, цёпел і вялік,

Толькі верабейчыкі-тубыльцы

Разважаюць ціха: чык-чырык...

Па дарогах зярняты збіраюць,

Што схаваны пылам і жарствой.

Племя вераб’інае! Ты знаеш:

Тут зімой таксама хараство.

А пакуль на небе многа сіні,

Як ты, вецер, хмары ні гані...

А пакуль — лістота на асінах

Гулкімі шархоткамі звініць,

Сонца па-ранейшаму няспынна

Раскідае стрэлы па зямлі,

Як дзяўчаты, стройныя рабіны

Чырванню адменнай зацвілі.

Мы яшчэ з лясамі пагаворым,

Арахоў насыплем у прыпол,

Хай сабе, што восеньскія зоры,

Як апорты, падаюць на дол.

Хай сабе,

Што птушак будзе меней,

Мы і самі добра запяём!..

Нам дзяўчаты песнямі заменяць

Самых галасістых салаўёў.

Прыйдуць ветры,

Разгайдаюць струны,

Раскалышуць нетравыя сны,

Пройдзе сонца па гусцейшай руні,

Будзе ўсё падобна да вясны.

І калі часамі дождж заплача,

Шэрым зайцам скочыць па двары...

Не сумуйце, мы яшчэ паскачам

Да апошняй ранішняй зары.

 

 

РАДАСЦЬ

Светлай раніцаю восень

Упрыгожана сягоння —

Сінь на небе,

Рунь на полі,

Зелянее шыр наўкол,

Загарэліся пажары

На шырокім голлі клёнаў,

І агнёў кавалкі жоўтых

Ціха падаюць на дол.

 

Шум знаёмы пад нагамі,

Як заўсёды гэтым часам,

Павуцінне вецер гоніць

І над дрэвамі снуе...

Гэта значыць — выйшла ранне

Ды пры ўсёй сваёй акрасе,

Гэта восень поўнай сілы

Над прасторамі ўстае.

 

І ў калгасе гэтым раннем

Загудзелі каля свірна —

Тут брыгаднікі, даяркі,

Брыгадзіры, канюхі, —

Там на ГАЗ на пяцітонны,

На калгасную машыну,

З новым жытам і пшаніцай

Ускладаюцца мяхі.

 

Гэта з поля наша праца

Тут сабралася на радасць,

Пэўны шлях свой адшукала

Нам на шчасце, праз вякі.

Мы стаім, глядзім, як горда

Поплеч з шоферам сядае

Самы лепшы па брыгадзе

Майстар першае рукі.

 

Ён здымае шапку ўгору,

І блішчаць сівыя скроні.

Ён сказаць нам нешта хоча...

Не чуваць ягоных слоў...

І ад свірна нечакана

Ўсе запляскалі ў далоні,

Паплыла машына ціха

Па дарозе на сяло...

 

Вось якая дружба сёння

Дарагая паміж намі,

Што здаецца, для сяброўства

Ты аддадзены увесь —

Насыпаем сваё збожжа,

Ганарымся працаднямі...

Хутка вернецца машына

І ў наступны пойдзе рэйс.

 

 

ЗДРАДА

Што ж выходзіць,

Дарма граю —

Як калісьці па вясне...

Трэці раз я сустракаю, —

Не глядзіш ты на мяне.

 

І, праводзіўшы далёка

Прыгажосць тваёй касы,

Сам ад рэўнасці глыбокай

Націскаю на басы.

 

Каб я знаў, што ты такая,

Што сягоння пойдзеш з ім...

І дрыжаць мяхі з адчаю

На гармоніку маім.

 

А было —

Вясна гукала

Пад размах сваіх начэй,

А было —

Сама казала, —

Лепш няма маіх вачэй.

 

Так ад вечара да ранку...

Дзе ж ён дзеўся, той агонь?..

А цяпер ты ходзіш з Янкам...

Чым я горшы ад яго?

 

Чым табе ён болей здацен,

Што пайшла ты з ім гуляць?

Хіба тое, што на працу

Я не выйшаў разоў пяць?

 

Хіба тое, што нясмела

Валасоў я гладзіў шоўк,

Хіба тое, што пад хмелем

На спатканне я прыйшоў?

 

Мне ж казалі часам дзеўкі:

Так і гэтак, так і так, —

Гарманісту без гарэлкі

Не пасуе аніяк.

 

Кіну ўсё я. Буду сціплы,

Сам сябе пасцеражу,

Нават боты з моцным скрыпам,

Як у Янкі, закажу.

 

Больш не буду я самотным

Граць ад болю чорных дум,

І на полі дзён на сотню

Я наперадзе пайду.

 

Толькі вечарам зайграю,

Каб ізноў, нібыта ў сне,

Ты вярнулася такая,

Як калісьці па вясне.

 

 

НАД ЛЕПЕЛЬСКІМ ВОЗЕРАМ

Вецер з поўначы прыносіў песні,

Надазёрны разбудзіўшы гул.

Хвалі шэрыя збіваліся так цесна,

Як авечы статак на лугу.

 

Потым уздымаліся, як горы,

І грудзямі бераг іх прымаў —

Быццам хто кавалак кінуў мора

Гэтым месцам, людзям для забаў.

 

Бачыў я, як човен шлях свой значыў,

Вецер ветразі да долу гнуў...

І здавалася, што човен скача,

Як дэльфін, згінаючы спіну.

 

Мора прыгадалася харошым,

Быццам тут і чайкі, тут і пляж...

Плыў жа я па возеру па Прошу

Да маленькай выспы наўсцяж.

 

Думаў, што я ў Ялце, ці мо лепей

Тут Батум, а можа і Сухум...

Ажно гэта горад ціхі Лепель

Да маёй радзімы на шляху.

 

 

ПАЛЕССЕ

Возера, глыбокае, як памяць,

Ад вады узняўся сіні дым,

І дубы шырокімі лістамі

Б’юць, нібы далонямі, над ім.

 

Па чаротах цішыня такая,

Толькі ўсплёскі самавітых рыб.

Ды дазорцы-качары гукаюць

Караваны сем’яў на зары.

 

Кнігаўкі галёкаюць па лесе,

Дзятлы выбіваюць: дук-дук-ду...

Гэта ты, багатае Палессе,

З надвясенняй прыгажосцю дум!

 

І ледзь сонца вылятае з бору,

Загавораць так, што не суняць,

Адусюль шумлівыя маторы,

І тады знікае цішыня.

 

Гукі абдымаюць кругам цесным,

І тугі маўклівай ані-ні...

Хлопцы і дзяўчаты: песні, песні...

Неба выгінаецца, звініць.

 

Адплываюць качары ў асокі,

Зайцы уцякаюць сугрунём,

У гушчар забіўшыся далёкі,

След губляе матчын ваўчанё

 

І дрыжыць, пужлівае, ад гора;

І сава спрасонку не крычыць;

Барсукі стаіліся па норах

У чаканні ціхае начы.

 

Навакольны звон ім недарэчан,

Што балоты высушыў у рад...

І апошні чараўнік на печы,

З барадой зялёнаю да пят,

 

Захмурыўся, клунак пыльны выняў,

Паглядзеў трывожна на абраз

І, расклаўшы косці на цаглінах,

Над вадою шэпча многа раз...

 

Толькі чарам зачапіцца нечым,

Ападаюць крыллі чорных мар:

Праз акно, як толькі рушыць вечар,

Электрычнасць б’е яму у твар.

 

Вось такой прарэзлівай віхуры

У жыцці ягоным не было.

Ён дарэмна вочы свае жмурыць,—

Прылятае ў вушы многа слоў.

 

Гэта б’ецца несуцішна радасць,

Скогат, страх звярыны прэч пайшоў.

Гэта позна вуліцай брыгады

З песняю вяртаюцца дамоў, —

 

Што жыццё яснее з кожным годам,

Паляшук як выйшаў у народ,

Як плывуць на Тураў параходы,

Як лісты прывозіць самалёт;

 

Што усюды вораг больш не страшан,

Ні ў палях, ні ў небе, ані ў чым;

Што вакол пяе радзіма наша,

Чалавецтву шчасце несучы...

 

Як жа выйдзе месяц над узлессем

Да сябе ўсе зоры сабіраць,

Спіць маё багатае Палессе,

Толькі пагранічнікі не спяць!

 

 

ДЗЕД ТАРАС

За сялом,

На прыгорку,

Дзе лесу пачатак,

Перамытая сонцам,

Дажджамі і часам,

Дажывала старэчая хата

Дзеда Тараса.

 

Мы яе аднавілі,

Працавалі ў дзве змены...

(Час зусім быў малы —

Дзеду грукала сто.)

Мы паклалі падруб,

Пакляй выбілі сцены,

З дошчак зладзілі новых

Падлогу і столь.

 

І мы йдзём да яго

Прывітаць з Новым годам

У адноўленай хаце,

Каля ганка бяроза,

Яго аднагодак,

Нас чакае на варце.

 

Добра знаем,

Што зроблена мала...

Нам жа вочы не засціць, —

Што яшчэ ў ёй не ўсё,

А кавалак вялікага шчасця

Мы ўсе ў сэрцы нясём,

Што калгасны пастух

Дзед Тарас будзе рады;

Знае ён,

Што таго аднаму не зрабіць —

Колькі дзён

Камсамольская наша брыгада

Паляпшала яго дабрабыт.

 

Мы цяпер

Ну зусім у святочным настроі

Узыходзім

На ганак яго весялей...

Пераходзім парог —

Пахне свежай смалою,

Першым снегам

Іскрыцца

Абрус на стале.

 

Можа сотню маланак

Раскінулі лямпы на сцены,

Што, як люстры, кругом.

Сустракае Тарас;

Валасы яго белаю пенай

Узняліся над гордым ілбом.

 

Гарнітур з-пад іголкі,

І кашуля з узорам на дзіва,

Ён вітае ўсіх нас

З урачыстасцю нейкай...

І ківаюць са сцен

Пагарджальна-маўкліва

Берасцяныя трубы,

Ражкі і жалейкі.

 

Потым

Садзіць усіх

Каля століка ўздоўж,

Дзе бліны,

Як гара, узняліся...

І малодшая ўнучка

У трыццаць гадоў

Нам падносіць з павагаю

Поўныя місы.

Роўна ставіць у рад

Кубкі з мёдам пахучым,

І здавалася нам,

Быццам толькі з ракі

Рыбы б’юцца хвастамі

На патэльнях пякучых,

З пушчаў самі ў талеркі

Прыйшлі барвікі.

Смажаніны кругом,

Толькі ведай — бяры,

Агуркі пасярэдзіне

Леглі градою,

Залатыя галовы

Схілілі сыры,

І па хаце запахла

Кругом сырадоем.

 

І па хаце

Пабеглі гаворка і смех.

Мы ж,

Узняўшы ўсе кубкі,

Сказалі Тарасу:

— Ты заслужаны ў нас чалавек.

Табе сотня гадоў...

Не злічыць працадзён,

Што ты маеш ў калгасе.

 

І ў цябе

Яшчэ многа юнацкай крыві,

І як сонца

Прыносіць вясну у прыполе,

Як рассыплюцца стрэлы

Вясёлай травы,

Ты яго спатыкаеш

І праводзіш на поле.

Тваё войска выходзіць

На багатую пашу,

І ты граеш яму,

Ды з любоўю такой,

На трубе берасцянай

Зялёныя маршы,

Што чуваць, як у вымя

Ідзе малако.

 

І за сотню гадоў,

Што сягоння сустрэлі мы,

І за тыя, што будуць

Яшчэ у жыцці, —

Мы цябе адзначаем

Музычнаю прэміяй:

Толькі знай, што круці!

 

І мы бачым,

Як горда яго галава,

Як яснее яна

Ад вялікага часу...

І да самае раніцы

Ленскі спяваў

Першы раз у жыцці

У хаціне Тараса.

 

 

ЯНКА-КОННІК

Помніць Янка голад,

Здзекі і пажары.

Помніць, як рабочыя

Пралівалі кроў,

Як аднойчы

Бацьку павялі жандары...

І дахаты

Бацька болей не прыйшоў.

 

Як прыйшлі чырвоныя

І паноў не стала,

Было Янку толькі

Чатырнаццаць год...

І паехаў Янка

Коннікам удалым

На далёкі,

Польскі,

На суровы фронт.

 

Па дарогах

Помстай ветры бушавалі.

Уцякалі ворагі

Воўчаю гайнёй.

Трыццаць дзён іх секлі,

Трыццаць дзён скакалі...

А пад самым Бугам

Выпаў люты бой.

 

На палкі уланскія

Клаліся удары.

Цэлы дзень у бойцы

Янка праскакаў.

І тады пад вечар

Ён пазнаў жандара,

Што аднойчы з хаты

Бацьку забіраў.

 

І прыпомніў Янка

Сваю крыўду, гора,

Як прасіўся, плакаў,

Як ён бацьку зваў...

— Вось табе за бацьку!

Вось табе за гора!..

На пясок

Жандарская пала галава.

 

А за тое Янку,

Што быў смелы, горды,

За адвагу, храбрасць

Ды на ўсіх франтах,

Далі Янку-конніку

Нагароду — ордэн,

Што гарыць так ярка

На яго грудзях.

 

 

УРАДЖАЙ

Гоман каласісты

На дарозе стаў нам.

За сцяной пшанічнай

Лесу не відно.

Мы праходзім полем...

Гэта ж так нядаўна,

Як па ім ішлі мы

З першай баразной.

Як на ім за працай

Заставалі ночы,

Туманы ўздымаліся

Рана ля ракі,

Як крылатай птушкай

Вылятала сонца

І зямлёй усходаў

Беглі аганькі.

Як паўдзённы вецер

Па дарогах весніў,

Як дажджоў калматых

Многа праплыло,

Як дзяўчаты нашы

Запявалі песні,

Колькі зернят чыстых —

Столькі ясных слоў.

Мы ідзём

І славім нашае багацце,

А яно навокал

Так шуміць, звініць...

Мы ідзём брыгадамі,

Аглядаем працу,

Спелымі жытамі

Шэпчуць працадні.

Сінімі аўсамі

Пралятаюць мары,

Возерам блакітным

Заіскрыў лянок,

Ячмяні вусатыя

Просяцца да твару,

Коўдры канюшыны

Сцелюцца ля ног.

Грэчка запалала

Густацветам яркім,

Задыміў над полем

Красавання пыл...

Хутка жнівень прыйдзе,

Пабягуць жняяркі...

І пастануць свечкамі

Жоўтыя снапы.

 

 

З АРМЯНСКІХ МАТЫВАЎ

 

СВЯТА У АРДАШАЦЕ

Гэта можа толькі прыгадацца ў марах,

Як спявала поўная душа,—

Як звінелі зурны, як гудзелі тары,

Як стаяў у песнях Ардашат.

Сонца налівала

Кубкі ясным хмелем

Для вясёлых, радасных людзей,

І нібы сады там

Голасна шумелі,—

Так спявалі вуліцы ў той дзень.

Толькі раз

Суцішша перабегла святам,

Кожны там жаданае страчаў...

І чуцён быў вецер,

Вецер з Арарата,

Як ляцелі песні Мкрчан...

Зангезуры славіла буйнае паўстанне,

Як прагналі ў бойках

Дашнакоў...

І здалося — хвалі змоўклі

На Севане,

Стронга падышла да берагоў.

І калі шугалі словы

Небам сінім,

Што навек загінула тое, што было, —

Воплескі такія

Пранесліся далінай,

Быццам крыллем грукалі

Тысячы арлоў.

Вось дык весяліўся

Ардашат парадны,

І здымалі шапкі за гарой гара...

І нібы палітая

Сокам вінаградным,

Яркая ўзнімалася зара.

Праз глыбокі вечар,

Праз начныя хмары,

Шчасцем была поўная душа...

Гаварылі зурны, і гудзелі тары,

І стаяў у песнях Ардашат.

 

 

ЗАНГА

Ты пралегла між скал,

Як палёт бумеранга...

Барадатыя хвалі твае

Захавалі глыбокую памяць...

Хіба ты па каменні цячэш,

Неспакойная Занга,—

Гэта слёзы стагоддзяў, як вар,

Узняліся над чарапамі.

Ім не бачыць

Такога пунсовага гулкага рання,

Што раскрыла ўсе дзверы

На праспектах,

пляцах Ерэвана...

Я хадзіў між народа твайго

І хаджу з хваляваннем.

Я спытацца сягоння хачу,

Дзе сляды Абавяна?

Я Арменію бачыў усю

І шчаслівы за наша спатканне.

На трыбуне сталіцы стаяў

Як жаданы таварыш і госць.

Я паэмы народа пачуў.

Я гасціў у Наіры Зар’яна,

Шум садоў вінаградных адтуль

Да сябе на радзіму прынёс.

Я хадзіў між армянскіх далін

Лістападаўскім сонечным ранкам,

Я узняўся вышэй,

Паблукаўшы між гор па расе...

Будзеш слухаць, Дзвіна,—

Я не раз праспяваю пра Зангу,

Яна радасць народу цяпер

На прастор, быццам сокал, нясе.

 

 

ЛАГЕРНАЯ

Нас кліча вясёлае поле і гай,

Бывай жа да восені, школа, бывай!..

А заўтра наш поезд памчыцца ўдаль,

Дзе сонца іграе, дзе пеніць вада,

Дзе вецер над полем шуміць і шуміць,

Дзе песенька наша удаль паляціць,

То рэчкай памчыцца, то выйдзе на бор,

То звонка закружыць высока ля зор.

 

І цэлае лета ад гэтай пары

Звінець будуць смехам у нас лагеры;

Мы будзем купацца, гуляць, загараць

І дружна вясёлыя песні спяваць,

Дзе вецер над полем шуміць і шуміць,

Дзе песенька наша удаль паляціць,

То рэчкай памчыцца, то выйдзе на бор,

То звонка закружыць высока ля зор...

 

Як восень надыдзе да жоўтых палёў,

Мы вернемся ў школу бадзёрымі зноў...

А заўтра нас прыйдуць усіх сустракаць,

А заўтра нас лагеры будуць чакаць,

Дзе вецер над полем шуміць і шуміць,

Дзе песенька наша удаль паляціць,

То рэчкай памчыцца, то выйдзе на бор,

То звонка закружыць, высока ля зор...

 

 

САМАЯ ШЧАСЛІВАЯ

Тут прастор палёў, лясы і горы,

Глыбіню азёр і сілу рэк,

Нават сонца яснае і зоры

Пакарыў упарты чалавек.

 

Зоры над садамі віснуць роем,

Зоры над сталіцамі бруяць,

Тут само паветра для герояў...

Вось яна — рэспубліка мая.

 

Хочаш, плаў руду — чакаюць домны,

Хочаш — ураджайнасць уздымай,

Хочаш — караблі вядзі на поўнач,

Хочаш — вышай неба узлятай.

 

Біся з каракумскімі пяскамі,

Каб жыццё пустэльні расцвіло;

Тысячы кірункаў перад намі —

На заводы, шахты, на сяло.

 

І на кожным шчасце сваё стрэнеш,

І на кожным будзеш ты расці,

І на кожным цвёрда і напэўне

Ты да мэты прыйдзеш у жыцці.

 

Партыя усюды шлях асвеціць,

Мы за ёю крочым смела скрозь.

Самая шчаслівая у свеце —

У краіне нашай маладосць!

 

Мужнасцю яе нам ганарыцца, —

Непахісны гордыя страі.

У яе вачах — глыбінь крыніцы,

І на вуснах — смеху ручаі.

 

Маладосць любімае айчыны

Узнімаў ты, беларускі бор,

Гадавалі стэпы Украіны,

Гадавалі грудзі стромкіх гор:

 

Ля Крамля шуміць яна прыбоем

І душою напаўняе шыр,

Дзе над плошчай, над Масквой-ракою

Песні ўсе пра шчасце і пра мір.

 

Партыі любімае мы дзеці.

Мы яе жаданняў буйны рост.

Самая прыгожая у свеце —

У краіне нашай маладосць.

 

Ёй не страшны вецер золкі, люты,

Ні буран, ні штормы, ні віхор...

Вось яна ляціць на парашутах,

Пагасціўшы недзе каля зор.

 

На замку граніцы ўсе трымае,

Хай вада, хай багна, хай гушчар...

Нават нашы школьнікі пазнаюць

Ворага замежнага у твар.

 

Партыі мы скажам: наша маці,

Мы гатовы ўсе ісці на бой,

Пазавеш — і будзем мы змагацца

Для радзімы радаснай сваёй.

 

Маладосць у нас з арліным сэрцам.

Хай жа знае непатрэбны госць:

Самая адважная у свеце —

У краіне нашай маладосць!

 

 

НА ПОЛІ ПЕРШАЯ РАСА

На полі першая раса.

І сталі яблыні цвісці...

Мы толькі увайшлі у сад,

Як многа нам з табой ісці.

 

Твае зялёныя уборы

Зусім падобны да вясны,

Я не скажу, што вочы — зоры,

Але як водбліскі яны.

 

Глядзяць задумліва-глыбока,

У іх праўдзівае жыве...

Бывае — гнеў там адзінока,

Як небам хмарка, праплыве.

 

І зноў яны цяплом сагрэты,

І мы смяёмся і пяём.

Адно другога мы прыкметы

Даўно здалёку пазнаём.

 

Ну што нам лепшага яшчэ —

Вучыцца, жыць, спяваць, расці...

Твая рука ў маёй руцэ,

Як добра нам з табой ісці!

 

Шляхоў у нас прыгожых шмат,

Над імі зоры усплылі.

Які прыгожы гэты сад,

Куды мы толькі увайшлі!

 

 

ВЯСНОЙ ПТУШЫНЫ ЗВОНКІ ЛЁТ...

Вясной птушыны звонкі лёт

І белы па садах агонь,

І, як дзявочы карагод,

Чаромхі кругам ля акон.

 

Мы б’ём, вясна, табе чалом,

Мы доўга мусілі чакаць,

Ах, колькі песень за сталом,

Што іх ніколі не сабраць.

 

Яны плывуць уздоўж ракі,

Далёка нікнуць на ляту.

Пяюць сяброўкі,

З медуніц

Вянкі прыгожыя плятуць.

 

Плятуць з рамонкамі яшчэ,

Каб потым шчасце адружыць,

Ніколі болей на рацэ

Пра лёс не трэба варажыць.

 

Для іх сям’і, братоў, сясцёр

Такое шчасце усплыло...

Ах, як прыгожа пра жыццё

Пяюць сяброўкі за сялом!

 

 

ПАСІЯНАРЫЯ

На ворага ішлі,

На бой,

Высока сцягі несучы.

Ён паў.

Зямлю сваю прыкрыў

Прабітымі грудзямі...

 

Над паміраючым байцом

Дрыжалі зоры уначы,

І скалы падалі ў гарах

Сіера-Гвадарамы.

Над ім стаяў шалёны гул,

Усё ляцела пад адхон,

І вецер кулям падпяваў

Смяротнымі шляхамі.

Баец крануўся,

Паглядзеў...

Далорэс там убачыў ён,

Стаіць, схіліўшыся над ім,

З запалымі вачамі.

 

Яны задумлівым цяплом

І ласкай матчынай гараць,

Бялее срэбрам галава,

Любімая такая.

Няўжо сюды яна прыйшла?

Прыйшла пакуты,

Боль суняць...

— Пасіянарыя!.. — шаптаў ён. —

Маці дарагая!..

 

Я паміраю... Мы на бой

Тут з генераламі ішлі;

Цябе прашу я аб адным,

Нястомная

Між намі:

Там, у Валенсіі маёй,

Напэўна бачыла калі,

Стаіць хаціна ля гары

Над белымі садамі...

 

Там неба сіняе...

Адсюль

Яно, прыгожае, відно...

Там сонца ў поўдзень

З вышыні

Далінай ярка свеціць...

І там штораніцы ўстаюць

І паглядаюць праз акно

І жонка — друг мой,

І сястра,

І любыя мне дзеці.

 

Калі прыедзеш ты туды,

Табе насустрач пабяжыць

Мой сын, дазнацца пра мяне,

Аб лёсе маім страшным...

Цябе прашу я аб адным,

Пасіянарыя, — скажы,

Што за рэспубліку памёр

Я мужна і адважна.

 

Няхай жыццём аберагуць

Яны рэспубліку сваю,

Няхай ідуць у барацьбе

Заўсёды разам з вамі,

 

Хай возьме родная сястра

Вінтоўку гэтую маю

І выйдзе на смяротны бой

З праклятымі панамі.

 

Пасіянарыя, бывай...

Я знаю — смерць мая прыйшла,

Любіў жыццё, свабоду я

Душой сваёй агністай... —

І супакоіўся баец...

Руку Далорэс узняла

Вялікай клятваю сваёй

Жанчыны-камуніста.

І зноў у першыя рады

З адважнай, мудрай галавой

Чырвоны сцяг узнесла ўвысь

Магутнымі рукамі.

І чуўся голас — зваў, каб жыць,

Ісці на смерць,

Ісці на бой...

І скалы падалі ў гарах

Сіера-Гвадарамы...

 

 

ЯКУБУ КОЛАСУ

Твой сад густы, а ён расцвіў, высокі,

Там шум паэм, дзівосных песень сказ...

Я піў не раз іскрыстыя іх сокі,

З крыніц тваіх жывіўся я не раз.

 

Я там з героямі бунтоўнымі сустрэўся,

Мінулага прайшлі перада мною дні.

Там дзед Талаш у глыбіні Палесся

Ішоў са стрэльбай волю бараніць.

 

Я да зямлі прыпаў. Твае гучалі словы.

Яны праўдзівымі, прыгожымі былі, —

Я ў іх вясну пачуў, напеў бароў сасновых

І сілу рэк Бярозы і Сулы.

 

Твой голас разгарнуў магутнейшыя крыллі,

Праз цемру праляцеў у наш вялікі час.

І дарма ворагі чмутою паланілі

Твой поўдзень сонечны сягоння сярод нас.

 

Хай сад квітнее ў радаснай краіне,

Ягоны шум прасторамі звініць...

І доўга будзеш ты пад небам сінім

Ісці, спяваць, паэт, і жыць, і жыць!

 

 

ПЕСНЯ ДЗЯРЖЫНЦАЎ

Дзяржынцы,

Мы пільнасці нашай не страцім,

Мы знаем задачу сваю,

За намі краіна — рэспубліка працы,

Вялікі Савецкі Саюз.

 

Шуміць над прасторам

Сасновае голле.

І песні з вятрамі плывуць.

За намі

Дзяўчаты працуюць па полі,

Шахцёры на шахты ідуць.

 

За намі

Палаюць крамлёўскія зоры,

За намі сталіца Масква.

І рэкі, як срэбра,

І люстры-азёры,

І стэпаў густая трава.

 

За намі

Даліны, дзе граюць крыніцы,

І поле пшаніцай шуміць...

Не пройдуць бандыты

Савецкай граніцы, —

Дзяржынцы на варце граніц.

 

 

МААБІТ

Германія. Паны, рабы,

Жандарскія парадкі.

І таўстасценны Маабіт

Суровейшае кладкі.

 

Адны запоры уначы

Якой работы варты,

Надзейны дзверы

І ключы

У самай пэўнай варты.

 

З людзей, правераных не раз

Дазорцы падабраны —

Па некалькі забойстваў стаж,

Па сотні

Катаванняў.

 

Але ёсць сіла.

Маабітам

Той сілы не стрымаеш...

І быў адпушчаны

Дзімітраў

Не іхнімі ключамі.

 

Свабода —

Вось яе ключы,

Што турмы ўсе расчыняць.

Замкі той сіле

Ніпачым

І краты —

Павуцінне.

 

 

ПАГРАНІЧНАЕ

Я табе пра радасць

Сёння раскажу.

Я табе пра радасць

Сёння напішу.

 

Па заставах весці

Слаўныя ідуць —

Смелым пагранічнікам

Тут мяне завуць.

 

Ноччу цёмнай восеньскай

Дождж халодны ліў.

Я з адным таварышам

У дазоры быў.

 

Раптам чуем крокі

Па кустах густых,

І сабака верная

Навастрыла слых.

 

Мы за тымі крокамі

Ночкаю ідзём.

Па равах, па сцежках,

Па імхах паўзём.

 

Толькі чуем —

Ворага патаемны свіст...

— Стой і рукі ўгору!..

— Гэта хто?

— Чэкіст!

 

Уцякае вораг,

Не здаецца, не!

Куля прагучала —

Раніла мяне.

 

Ноччу цёмнай восеньскай

Дождж халодны ліў...

Кулі мае меткімі,

Вернымі былі.

 

Ранены, па ворагу

Я страляў як мог —

Лёг бандыт-чужынец,

На балоце лёг.

 

 

ГОД ДВАЦЦАТЫ

Скажуць вам прасторы самі,

Нашы вёскі, нашы хаты,

Як у бойках тут з панамі

Узнімаўся год дваццаты.

 

Скажуць вам пра гэта хвоі

Гоманам сваім вячыстым, —

Як ішлі мы грамадою,

Як вялі нас камуністы.

 

Скажуць сінія азёры,

Дзе мы раны абмывалі, —

Як ішлі мы полем, борам

І сябе не шкадавалі.

 

Вам раскажуць пакаленні

Пра вялікія паходы,

Як здабыта вызваленне

Беларускага народа,

 

Як яму адкрылі вочы,

Асвяцілі ясным сонцам

Шлях, што быў цямней ад ночы,

Ночы восеньскай бясконцай.

 

Жыў народ жыццём пакутным,

Слязьмі снедаў, слязьмі мыўся...

Але ён устаў магутным —

Панскай Польшчы не скарыўся.

 

Ён пазнаў сябе народам,

Выйшаў з цемры, з сутарэнняў,

Да яго прыйшоў з Усходу

Брат са сцягам вызвалення.

 

Помніць доўгі шлях варшаўскі,

Помняць Нёман і Бяроза,

Як ляцеў апрычнік панскі,

Пакідаючы абозы.

 

Дарма рушыў вораг з боем,

Пагражаў агнём шалёным, —

Гнаў народ яго сцяною

Слаўнай Арміі Чырвонай.

 

Мы ішлі ў адной кагорце,

Каб разбіць без жалю гада;

Бацька з сынам быў на фронце,

Дзед падвозіў ім снарады.

 

І ніхто не быў там лішнім,

Як ішлі байцы-героі:

Маці мылі нам бялізну

І хадзілі за сахою.

 

Мы крывёй купілі волю,

Стаўшы шчыльна брат да брата...

Не вярнуцца пану болей,

Як прагналі у дваццатым!

 

 

ПЛЫВІ, НАША ПЕСНЯ, ДАЛЁКА

Плыві, наша песня, далёка,

Па ўсіх акіянах плыві!

Над светам палаюць высока

Крамлёўскія зоры Масквы.

Пры зорах магутная прыстань,

Дзе ў шчасці заводы, палі;

Сюды, на маяк прамяністы,

Са свету ідуць караблі.

Праходзяць яны непагоды,

І тут сустракае іх дзень,

Дзе ў братнім яднанні народаў

Саюз наш наперад ідзе,

Дзе песні, як сокалы, ўюцца,

Дзе мужныя твары людзей,

Дзе радасна гэтак смяюцца,

Як болей на свеце нідзе.

 

 

РАНІЦА

Вясною захапляюся я ўсім:

Зялёны бор шуміць над галавой,

У новым гомане пярэстыя палі.

Я чую, як ідуць ласі

Прабітай сцежкаю на вадапой

І пралятае тупат па зямлі.

А сонца абдымае усяго.

Ад галавы да ног

Я ўвесь палаю і гляджу на ўсход.

Пастух на вёсцы затрубіў як мог

Сваё тру-гу...

Курыны карагод ля сметніка стаіць,

І певень б’е крыламі,

Нібы узнімецца і паляціць

Над полем веснавым,

над гаем,

над лясамі...

Я чую бег імклівых рэк,

І говары травы, і смех рамонкаў.

Кранаюцца маіх павек

Праменняў ясныя пярсцёнкі.

Я чую, як ідуць углыб

Дубоў магутныя карэнні,

Калёс я чую дружны скрып

З мяхамі, поўнымі насення,

І коней храп у ядраным паветры...

А з поўдня любага

успененыя ветры

Прыйшлі, абвеялі кругом.

Мая радзіма!

Родны дом!

Напеў бароў, раздолле пожань!

Мне ўсё тут люба і прыгожа:

І песні радасных сябровак

За працай спорнаю і шчырай,

Палі, узнятыя нанова,

Увішны голас брыгадзіра,

Паход калгасных трактарыстаў...

І раннем, што пяшчотай туліць,

Над маладым, зялёным лістам

«Ку-ку» вясновае зязюлі.

Я чую возера усплёскі, —

То сом палюе на зары,

Ён спудзіў шчупака.

Высока у садку

У свой прыгожы дом

Забіўся шпак, прынёсшы чарвяка,

І дзеці аганькамі язычкоў

Бяруцца за сваё сняданне...

Прывет, жаданая вясна,

Маё абуджанае ранне!

 

 

СМЕРЦЬ ТАВАРЫША ХАХЛОВА

Гудзелі вяршаліны дужых дубоў,

Грымелі грымоты над полем і борам,

Калі на граніцы таварыш Хахлоў

На варце стаяў у дазоры.

 

Па небу суровая хмара плыла,

Маланкамі шлях прабівала...

І ночы трывожнай густая імгла

Ад бляску на момант знікала.

 

Такою хвілінай дазорнага слых

Напружана сочыць як можна,

Здавалася, поўнач на нетрах лясных

Чаруе пуцінаю кожнай.

 

Здавалася, з цемрадзі хмурых кустоў

Няпрошаны гад выпаўзае...

Дарэмна, дазорны таварыш Хахлоў

Сумненняў і страху не знае.

 

Не пройдзе нягоднік, забойца і шпік

Ні пушчай, ні дальняй лагчынай,

Трымае Хахлоў загартованы штык,

Узняты любімай краінай.

 

Ён ведае говары шумных лістоў,

Хай гоман зрываецца громам,

Бруенне крыніц і напеў ручаёў

Яму па-сяброўску знаёмы.

 

Па зараслях ён асцярожна ідзе,

Часамі прыгнецца, падзе на калені...

І поўнач мінула. А бура гудзе,

Ламаюцца сосен карэнні.

 

Для буры ні варты няма, ні мяжы,

Яна над штыкамі праходзіць высока...

А лесам праносіцца шорах чужы,

Варожыя шастаюць крокі.

 

І гоман далёкі узняўся і знік,

У ветрах шумлівых растаяў...

Таварыш Хахлоў да вінтоўкі прынік,

Гасцей незазваных чакае.

 

Вось крокі ясней і бліжэй па суках...

Не пройдуць!.. Ніякаю сілай!..

А ззаду раптоўна бандыта рука

За шыю Хахлова схапіла.

 

Дазорны, пастаўлены роднай зямлёй,

Магутны і сэрцам і целам,

Ён вырваўся з рук і, заліты крывёй,

Ударыў па ворагу смела.

 

— Ні з месца! — І палец націснуў курок.

Калі не здаюцца — страляюць...

Ён бачыць, што маўзер выпаў і змоўк,

Што злосны драпежнік канае.

 

Хвіліна. І цемрай таемнай ізноў

Прамчаўся агнямі узбуджаны сполах,

Два новыя стрэлы... Таварыш Хахлоў

Панік галавою да долу.

 

Падбеглі бандыты. Напружаны міг.

Здавалася, вырвуць вінтоўку...

Ды не! Хай сагнуўся правераны штык,

Хахлоў не пакіне сяброўку.

 

Яе даручыў яму вольны народ,

І ён абавязак свой знае,

Вінтоўкі не даў... А яго навылёт

Прабіўшы, бандыты знікаюць...

 

Гудзелі вяршаліны дужых дубоў,

Грымелі грымоты над полем і борам,

Калі на граніцы таварыш Хахлоў

Геройскі памёр у дазоры.

 

 

РЫБАК

Туман адплыў на ўзлессе ад ракі...

Яшчэ дрымотна...

І стаяць у сне

Чароты ў паплавах і хмызнякі,

Але шумліва на пясчаным дне:

Прачнуліся рухавыя малькі,

А з-за травы пражэрлівы шчупак

На іх наважыўся...

Даўно рыбак

Расклаў цішком смалісты курадым,

На жэрдках саганок павесіў свой.

І часам здасца плотка там жывой,

Калі яна варочаецца ў ім.

Пад свежым ветрам палымнее жар.

Рыбак сядзіць задумна пры агні,

І ў водблісках вады спакойны твар

Ахоплепы павевам цеплыні.

І мроіцца яму, нібы праз сон,

Як ён спаймаў асілка-акуня.

Устаў. Вузельчык выняў з кішаня,

Прыправу розную усыпаў ён,

Задумаўся аб смачнае ядзе.

Знаёмы пах прыемна казытаў,

Раптоўна ўсплёск далёкі па вадзе

Яго зусім на момант счараваў;

Але з усмешкай думу стрэў адну —

Пакроіў хлеб,

Расклаўшы востры нож,

І лыжку па яду ён працягнуў.

А побач з рыбай біўся поўны кош.

 

 

ШЧОРС

Пад сцягалі радасным, чырвоным,

Трывожнаю парой

Мікола Шчорс вядзе калоны

Багунскія на бой:

«Чакайце, ворагі,

Сустрэчы,

Вам Кіеў не забраць!»

Далі мы клятву пад Унечай,

Не страшна паміраць.

Міколу Шчорса ўсе пазналі

Па шаблях і клінках,

Не раз бандыты уцякалі

Пад Злынкай у лясах.

Штыкоў навостраную ласку

Пад выбухі гранат

Адведаў гетман Скарападскі

І павярнуў назад.

Не быць драпежніцкім атрадам

На роднае зямлі!

Міколу Шчорсу даў парады

Сам Ленін у Крамлі.

І чуе Шчорс, як вораг гоніць

Да Кіева палкі.

Пятлюра сунецца на поўдні,

З паўночы — палякі.

Зямля нагрэтая дыміцца,

Ад шабель стэп звініць.

Ты помніш,

Вёска Белашыца,

Начдыва на кані?

То ён знясілены, сухотны ,

Пад градам куль імчыць.

То ён за стужкай кулямётнай

З багунцамі ляжыць.

То крыкне голасна далёка,

Што чуцен слоў палёт:

— Трымай, Бажэнка, правым бокам,

На ворага ў абход!

То ён з усмешкай загаворыць:

— Качура, не здаваць!

Ты знай, Багунію мы, горад,

Тут будзем будаваць.

Над стэпам пыл вісіць клубамі.

Што коннікі нясуць,

Ужо разбітымі шляхамі

Пятлюраўцы бягуць.

— Наперад, хлопцы!..

Бі штыкамі!..—

Начдыў не даказаў,

Ён паў пад жоўтымі пяскамі,

Як быццам задрамаў.

Ён паў, задумлівы, суровы,

На спапялелы дол...

— Не стала Шчорса!..— жальбы словы

Прамчаліся вакол.

— Наперад, хлопцы! Знішчыць гада!

Для слёз цяпер не час.

Мацней прыціснулі прыклады

Вінтовак да пляча.

— Дружней, багунцы! Бі атакай.

Начдыў навечна змоўк...

І вось разбіты гайдамакі,

Пятлюра ледзь уцёк.

Адбой. І на руках герояў

Ляжыць адважны Шчорс...

Прайшлі гады. На месцы бою

Шуміць пшаніца скрозь,

Стаяць асветленыя хаты,

Пад гоман спелых ніў

Аб тым цяпер пяюць дзяўчаты,

Як паміраў начдыў.

Ляці ж ты, песня, небам сінім

Праз Корасцень на Сноўск!

Спявайце, ветры Украіны,

Як жыў Мікола Шчорс!

 

 

НЕЎМІРУЧЫ

Вясна.

Як ён любіў вясной

Цвіценне дрэў, птушыны спеў,

Як доўга ён удаль глядзеў

На мора сінь...

Гудзеў прыбой,

Да ног ягоных прыпадаў,

Аб скалы біўся,

Ракатаў,

Каціўся грознаю гарой,

Скараўся пеннай галавой

І з гулам гальку нёс...

А скрозь,

Нібы вялізны снег кружыў,—

Палёты чаек...

Ён хадзіў

Крамністым берагам тады,

І ў памяці плылі гады,

Як у дзяцінстве рос, як жыў,

Як вырваўся

Крылатай песняй

Яго магутны

Буравеснік,

Як бліскавіцай шугануў

Пад чорным небам,

Як пачуў

Яго замучаны народ

І запалаў агнём усход...

Як усміхаўся ён,

Калі

Па небу сіняму плылі

Сям’ёю самалёты.

Строй

Непераможны іх вітаў,

Што славу ўсёй радзімы нёс...

Радзіму ён любіў да слёз.

Не знаў,

Што гад ягоным следам поўз,

Яму лісліва гаварыў

І джала ўпотайку вастрыў.

О, каб ты мог цяпер устаць!

Іх след пракляццем спапяліць,

Зямлю над гадамі прыбіць,

Навек іх, катаў, зганьбаваць.

Прысуд над катамі сустрэць

За смерць сяброў, за сына смерць.

Маўчыць крамлёўская сцяна,

Мы беражом яе спакой.

Ты з намі, Горкі!

Мы — з табой!

Радзіма ў нас ва ўсіх адна;

Мы рады ёй жыццё аддаць,

І будзем так, як ты вучыў,

Сваю радзіму берагчы,

Як ты — любіць і шанаваць!

 

 

РАЗВІТАННЕ

Зямля мая! Журботны марш...

Зямля мая ў журбе.

Валеры Чкалаў! Сокал наш,

Няўжо няма цябе?

 

Навечна абарваны шлях.

Няўжо табе не жыць?

Па акіянах, па марах

Твой спеў не прагучыць.

 

Ты ж вёў высока пад Крамлём

Крылатыя страі,

Ты ж быў адважным важаком

Арлінае сям’і.

 

Няўжо табе не узляцець.

І шум матора змоўк?

Перад табой жа часта смерць

Адходзіла набок.

 

Я не хачу жалобных дум,

Што час спыніўся твой,

Ды чую непазбыўны сум

Над свежаю труной.

 

Схіляе голавы народ,

Цябе праводзіць ён.

Я чую чкалаўцаў палёт,

Іх многа, іх мільён.

 

 

ПАЛЕСКАЯ ДАРОГА

Як змеі, нікнуць каляіны

Праз хмыз, забіўшыся ў гушчар...

Я помню гэтыя мясціны

Праз глыбіню дзіцячых мар —

Вятроў асеннія літанні,

Гаворка сумная бяроз,

Стары гусляр на скрыжаванні...

Разбітай арміі абоз...

Узлёты шуму баравога,

Густы ажынавы настой...

Вякамі бітая дарога

Над самай Прыпяццю-ракой!

Цябе, далёкую, прысніўшы,

Ля мора кінуўшы сляды,

Усе шляхі перахадзіўшы,

Я зноў вяртаюся сюды.

І тут, паслухаўшы з калгаса

Вясціну добрую пра дом,

Свяжэй за тэлеграмы ТАССа,

За першы красавіцкі гром,

Краіны слухаю дыханне...

Я нібы мару, нібы сню,

Мяне узносяць разважанні

Над светам, нібы ўпершыню

Я з думаю стаю адзінай,

Пад гоманы ліпнёвых траў,

Што ўсёй любімае краіны

Яшчэ як трэба не пазнаў.

Аднак мне помняцца узоры,

Што ў небе піша Днепрастан,

Па-над Крамлём маскоўскім зоры,

Што свецяць аж за акіян;

Вышыняў снежнае адзенне,

Якія зведаў чалавек,

Садоў і траў перасяленне

І новыя кірункі рэк.

І ўсюды слухаў я душою,

Як правярае пульс зямля

Са ўсходняй яснаю зарою,

Са Спаскай вежаю Крамля.

І ўсё, што ведаю жывога,

Туды хінецца галавой...

Я зноў, палеская дарога,

Сваімі думамі з табой.

Аднойчы тут, у час работы,

Трывожна ўзнімуцца гудкі,

Прамчаць над борам самалёты,

На бойку рушацца палкі.

Як толькі гэты гул пачую,

Паходны ранец развяжу

І моўчкі кніжку запісную

Паміж патронаў палажу.

Пайду пад грукаты гарматы

Ў паходным маршавым страі,

Сваіх таварышаў багата

Сустрэну побач у баі.

Мо ў часе наступу начнога,

Пасланы ротаю ў дазор,

Цябе сустрэну я, дарога,

Паміж другіх лясоў, азёр.

Сябры, што край абаранялі,

Сумеўшы ворага разбіць,

Са мной прысядуць на прывале

У цень сасновы адпачыць.

І мы успомнім, як сядзелі

Калісьці разам на піру, —

Тбілісі, Шота Руставелі,

Джамбула гучную дамбру...

І прыгадае не адзіны

Дарогу першую сваю...

А я сяброў сваіх гасцінна

З бярозы сокам напаю.

 

 

ПРАВОДЗІНЫ

Рана, рана маці ўстала,

Ледзь успыхнулі зарніцы...

Сына рупна сабірала...

Едзе хлопец на граніцу.

 

Настаўляла словам шчырым,

Частавала свежыною,

Мёдам чыстым, свежым сырам

І пахучым сырадоем.

 

— Ты мяне паслухай, сынку,

Як цябе я гадавала...

Маці беражна з хусцінкі

Зорку з гонарам вымала.

 

— Бацька твой — баец славуты,

Гэта бацькава адзнака, —

З яснай зоркай пяцікутнай

Біў пілсудчыкаў-палякаў.

 

Прад яго апошнім боем

Я з пашанаю схілюся...

Ён адважным паў героем

За свабоду Беларусі.

 

Сваім бацькам ганарыся.

Будзеш, сынку, на граніцы,

Зорку ўспомні, мужна біся,

Як палезуць чужаніцы.

 

Будзь жа смелым і адважным,

Зоркім цёмнымі начамі...

Пакланіўся сын уважна

Перад маці і сябрамі.

 

— Я з вялікаю пашанай

Памяць бацькаву прымаю.

Пагранічнікам адданым

Буду —

Цвёрда абяцаю.

Каб атрутаю крыніцы

Вораг нам не зацярусіў,

Каб цвілі ляны, пшаніцы

На Савецкай Беларусі.

Каб у росце найадменным

Уздымаліся заводы...

Каб Масква святлом праменным

Асвятляла ўсе народы.

Развітаўся сын калгасны,

Перад ім дарога славы...

Едзе хлопец, едзе шчасны

На заходнія заставы!

 

 

ПРАЗ БЕЛАРУСЬ

Запушчаны бальшак з прысадамі бяроз,

Абапал балаты з пахілаю вярбой...

Па жоўтаму пяску рыпіць нязграбны воз,

І ўслед ідзе юнак з панурай галавой.

 

Часамі наплыве лясоў вячысты шум,

То сумны далягляд заменіць у палях, —

І краю не відно палёту горкіх дум...

Далёкі з Вільні лёг да Пецярбурга шлях.

 

Каторы дзень абоз бесперапынна брыў,

А Вільні чорны след яшчэ ў душы не знік,

І ён успомніў ноч, пабоі, злосны крык,

Як нішчыўся душы юнацкае парыў.

 

Ён паглядаў вакол. І тут, і там турма,

Пахмуры небасхіл, як толькі ўбачыць мог!..

Стаяла Беларусь жабрачкай, без імя,

Імшарышчы, дрыгва, куп’ё ды дзікі мох.

 

Праходзіць сёлы ён. Жыве прыгонны жах, —

На прызбе дзед сівы, падобны мерцвяку,

Унукі бліз яго у зрэбных лахманах,

Худыя, босыя барляюцца ў пяску.

 

І хмары прабягуць над стомленым чалом,

Змахне ён рукавом журботную слязу:

— Дзяцінства ты маё! Хаціны над Дняпром,

Ды гэта ж я між іх пакутлівы сяджу.

 

О доленька, не плач! Паслала ты сама

Мяне за казачка на паншчыну ісці...

Куды я йду? Чаго? Што стрэну у жыцці?

Ці ёсць на свеце бог? Не, мабыць што, няма!

 

Мае жаданні ўсе — разбітыя нашчэнт,

Праходзяць чарадой бязрадасныя дні...

Хачу аб крыўдзе той заплакаць я на свет!

Украіна мая! О горачка мені!

 

Зноў цемра на душы. На міг блісне зара,

Далёка дзесьці там нібы яснее лёс...

Ён паглядаў туды, дзе томіцца сястра...

На поўнач жа ішоў дакучлівы абоз.

 

 

У КАНІВЕ

Таполяў варта над ракою,

Задумны, сіні краявід.

Перад славутаю гарою

Стаім, спяваем «Заповіт».

 

Зямля, што сэрцамі сагрэта,

Ты зварухнулася ў цішы...

І словы мужныя паэта

Пераклікаюцца ў душы.

 

Да берага прыпалі хвалі,

Устала ранняя зара,

Яны шчаслівыя, што зналі

Жывую постаць кабзара.

 

Вось гэтаю сцяжынкай, мусіць,

Хадзіў ён ночы да відна...

І можа быць на Беларусі

Такая сцежка не адна,

 

Дзе ты пачуеш —

У бяседзе

Бары сасновыя гудуць —

Аб падарожніку-суседзе

Размовы доўгія вядуць.

 

Прайшоў ён дзікія мясціны,

Прыволжа шумныя палі...

І адусюль шляхі-пуціны

Сюды да Каніва вялі.

 

Былі шляхі яго цяжкімі,

Упоплеч гора з ім брыло...

Глядзі ж, паэт, на край любімы,

На украінскае сяло,—

 

Шумяць пшаніцаю даліны,

Цвітуць вішнёвыя сады,

Ты чуеш песню Кацярыны,

Над стэпам гоман малады:

 

«Ідуць дзяўчаты ў поле жаты,

Та, знай, співаюць, ідучы...»

І вецер стэпавы, крылаты

Нясе іх спевы ўдалячынь...

 

Таполяў варта над ракою,

Над іх галовамі блакіт...

Перад славутаю гарою

Стаім, спяваем «Заповіт».

 

 

ЗАХОДНІМ БЕЛАРУСАМ

Палілі вас агнём, знішчалі вас мячом,

Не смелі гаварыць вы моваю сваёй,

Вы плакалі крывёй пад панскім бізуном,

За вас хварэлі мы і сэрцам і душой.

 

Даволі слухаць больш пакутны спеў бароў,

За волю вы пайшлі, для любых ніў і сёл...

І болей крумкачу, што падае на дол, —

Ніколі не узняць драпежных кіпцюроў!

 

Даволі мучыў вас пракляты польскі кат!

Руку братэрскую прымі, таварыш — родны брат!

Хай згіне польскі пан! Прабіў рашучы час!

Чырвоны, вольны сцяг навек з’яднае нас!

 

Заходні беларус! Ты выйшаў грамадой,

Каб з намі аб’яднаць любімыя палі,

Бо мы адной сям’і, бо мы адной зямлі,

Нам з нашай маткай жыць — чырвонаю Масквой!

 

 

ПЕСНЯ ВЫЗВАЛЕНАЙ ЖАНЧЫНЫ

Адышло з панамі гора

Ад майго двара.

Па-над Нёманам-ракою

Светлая зара.

 

Будуць помніцца заўсёды

Гэтыя дзянькі,

Як грымелі танкі ў полі,

Як ішлі палкі.

 

Мы выходзілі насустрач

Баявым братам...

І вяшчун чырванакрылы

Пакланіўся нам.

 

А пасля паплыў на Захад,

На апошні бой...

Досыць,

Нёман мой шырокі,

Плакала з табой.

 

Больш у мора не пакоціш

Несуцешных слёз,

Заспявай жа ты на хвалях

Пра жаданы лёс.

 

Глянь,— ад хаты адляцела

Чорнай ночы мгла

І спрадвечная мякіна

Знікла са стала.

 

Зашумелі урачыста

Новыя палі.

Сёння мы і нашы дзеці

Волю здабылі!

 

 

ТАНКІСТЫ

Прарвацца ў тыл,

У сем назад, —

Такі атрыманы загад.

 

Праплыта сонная рака...

Далей — шляхі наўпрост,

Кладуцца дрэвы старчмака

На ўвесь сасновы рост.

 

І танк, як песня,

Сугрунём

Праходзіць гушчары...

Хутчэй! Над вежавым акном

Кавалачак зары.

 

На поле выскачыла бронь,

Гудзіць сыпучы жвір.

Стаяць ля спускаў «на агонь!»

Стралок і камандзір.

 

Праз міг па выгане сяла

Жывая гутарка пайшла.

 

І, аб’яднаўшы сілы ўраз,

Па зграях белых рот

Загаманіў гарматны бас

І звонкі кулямёт.

 

Радзее зброду брудны збор:

Танкісты ў бой пайшлі.

І самы першы пан — маёр

Схіліўся да зямлі.

 

Але адна з тайных засад

Падкралася ў абход.

Пакунак кінулі гранат, —

І змоўк у танка ход.

 

Стырно знясілела ў руках...

Апошні стрэл — панам!

І вось прыклады па шчытах

Узнялі злосны гам.

 

У вочы пырснула агнём...

Сказаць старэйшы змог:

— Ну што ж, таварышы, памром?..

— Памром!..— сказалі ўтрох.

 

І перад імі паплыло,

Чым кожны міг жылі:

І твар каханай,

І сяло,

І вежы на Крамлі.

 

І кожны стомленым чалом

У родны бок глядзеў...

Шугала полымя кругом,

І чуўся грозны спеў,—

 

Ляцеў у далечы вякоў

Магутны гімн бальшавікоў.

 

 

З ПАХОДАЎ

Пад нашым націскам адход

Прыспешылі паны.

Прыйшлі мы ў вёску Чорны Брод

На трэці дзень вайны.

 

Нясуць нам дзеці і жанкі

Ад шчырае душы

Насустрач ружы і вянкі,

І яблыкаў кашы.

 

Гудзіць, як бор, сялянскі сход:

І слёзы... і прывет...

Перажагнаўшыся на ўсход,

Здымае шапку дзед:

 

— Стары...

Да вас прыдзёўбся ледзь,

Сказаць пра сум адзін —

Ляжыць засечаны насмерць

Старой бабылкі сын.

 

Здалося, стрэхі курных хат

Прыгнуліся з бяды...

Падаў каманду лейтэнант

Пастроіцца ў рады.

 

Пайшлі.

І запякло ў грудзях

З навеяных журбот.

І разам з намі, па баках,

Ішоў увесь народ.

 

Прыйшлі.

Над згорбленым дваром

Вісіць заслона хмар.

Старая маці неўпрытом

Цалуе мёртвы твар.

 

— Устань жа, маці!

Дзень прыйшоў!..

Прачніся ад жуды...

З паходных кубкаў у сыноў

Напіся ты вады.

 

Яна жывіць.

Праз доўгі шлях

Сагрэлася ў баях...—

Бабылку ўзнялі на руках,—

І слёзы у вачах.

 

Паспакайнела ад спагад,

Абцёрла твар рукой...

Праплыў засмучаны пагляд

Над хмурай грамадой.

 

І раптам, зняўшы свой убор,

Увысь крутнула ім:

— Дык вось за што мой сын памёр!..—

Гаворыць нам усім.

 

І над узлётам галавы,

Над сівізною скронь,—

Мы бачым:

Яркі і жывы

Трапечацца агонь.

 

Яна, стрымаўшы горкі плач,

Звяртаецца не раз:

— Ён з ёй выходзіў сустракаць

Сягоння рана вас.

 

Такая выпала пара...

Што я зраблю цяпер?..

Яго забіў сярод двара

Уланскі афіцэр.

 

І нам здаецца ліхадзей

Дзюбастым каршуном...

Мы над ахвяраю цясней

Становімся кругом.

 

І выплыў сам жалобны спеў

Над жудасцю пакут.

І тры разы прагрукацеў

Па мёртваму салют.

 

Праз міг

Над нетрамі лясоў

Загаласіў трубач...

— Мы іх дагонім. І за ўсё

Адпомсціцца... Не плач!..

 

Пачуеш бой, глядзі смялей,

Ты ведай —

Нішчым зброд!..

І мы пайшлі яшчэ далей

Праз вёску Чорны Брод.

 

 

ПЯТРУ ГЛЕБКУ

Колькі нам шчасця таго было трэба —

Кавалачак сала,

Лустачка хлеба,

Ціхі агеньчык на летняй начоўцы,

Пожых, завостраны добра, з ядлоўца.

 

Пахлі з купчастых імшар галабоні,

Блізка на выпасе фыркалі коні...

Мы па-сяброўску

Не ведалі сваркі,

З моху сівога круцілі цыгаркі.

 

Роўна ў нас думы над борам віліся...

Зоры дзялілі з нябеснае высі,

Марылі.

Часта ў дзіцячых узлётах

Крылялі на дыванах-самалётах.

Раннем навыскач імчалі шляхамі,

Коней назваўшы сваіх гарбункамі.

 

Сёлета ўлетку прыехаў дадому.

На месца старое з’явіўся, вядома.

Той жа мурог травяністы і росны,

Тыя ж смалістыя, рослыя сосны.

 

Тая ж і рэчка з дарогі спаткала,

Тая ж зязюля над лесам кувала...

Родныя месціны,

Нам дарагія!

Толькі з табою мы сёння другія.

 

 

МАЛАНКА

Ці то поле,

Ці гулянка —

Усе ўздыхаюць:

— Ах, Маланка!..

Хто Маланку раз пазнае,

Супакоіцца не можа —

А прыветная такая,

А рухава, а прыгожа!..

У якой бярозы белай

Стан ты выпрасіць сумела?

Дзе, скажы, крыніцы тыя,

У якіх ты вочы мыеш?

Дзе заранка тая пала,

У якой красу забрала?..

Мы з Маланкі воч не зводзім,

Аж утрох за ёю ходзім.

Садавод нясе ранеты,

Палявод — гарох паспеты,

Я ж — паэмы і санеты.

А ў Маланкі камень-сэрца,

Як спаткае — насмяецца!

Я ж мяркую дні і ночы —

Любіць,

Ды сказаць не хоча...

Плескача мне з рукаўца!

Шах!.. Ды выйшла за ўдаўца,

За ўдаўца, за брыгадзіра...

· · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Вось цяпер

Гарую шчыра —

Ні да гуляў, ні да ежы...

Колькі выбегаў я сцежак,

Ці то гром,

Ці то маланка,

Я спяшаўся...

Ах, Маланка!..

 

 

МЯЦЕЛІЦА

То разбяжыцца,

То пухам засцелецца,

Гойкае,

кружыць,

Спявае мяцеліца.

 

Сядзе пры садзе

За дрэвамі блізкімі,

Ў шыбіны ўдарыць

Сыпучымі пырскамі.

 

Скача, бялеючы

Белай сарочкаю...

Не!

Не заснуць табе

Гэтаю ночкаю.

 

Лесам,

гаямі,

Крутымі разлогамі,

Сэрца,

гукаючы,

Ходзіць дарогамі.

 

Рэха па звонкаму бору

Галёкае...

Едзе каханы

З граніцы далёкае.

 

Бліжай і бліжай

Вёскі аколіца,

Думы аб любай

Сняжынкамі рояцца.

 

Скора ўжо, скора

Два сэрцы сустрэнуцца...

Гойкае, кружыць,

Спявае мяцеліца.

 

 

КРЫНІЦА

Пры лесе, пад горкай

Бруіцца крыніца.

У светлай крыніцы

Вадзіца-жывіца.

 

Там ночкаю месяц

Збірае уборы,

Пад пошапты бору

Палошчуцца зоры.

 

Я помню, калісьці

Прыходзіў уранку,

Паіў на світанку

Трубу-берасцянку.

 

З ручайкі малое

Памыўшыся чыста,

З прыпевам, са свістам

Іграў галасіста.

 

Купаллем дзяўчаты

Прыходзілі з мятай.

Аб лёсе багата

Уздыхалі дзяўчаты.

 

Збыліся жаданні

Па іхняй прымеце:

І ў хаце, і ў клеці,

І ў кожнае дзеці.

 

Я раю, як толькі

Спякотаю горка,

Спусціся са ўзгорка,

Зачэрпні вядзёрка.

 

Пры лесе, пад горкай

Бруіцца крыніца.

У светлай крыніцы

Вадзіца-жывіца.

 

 

ДОЖДЖ

Ані расы каторы дзень.

Пад сонечны касцёр

Сады, спавітыя ў сухмень,

Ранялі свой убор.

 

Ні месца засені.

Прынад

Не захаваў і лес.

Тарфянішчаў багністы чад

Змяёй у грудзі лез.

 

З балотаў высыпала тля

І мірыяды мух...

На часткі трэскала зямля,

Абходзячы свой круг.

 

Але ўсплылі грамады хмар

Кірункамі вятроў,

Дыхнула вільгаццю у твар

З-пад хмараў-караблёў.

 

І вось на нівы, на кусты,

На жаўталісце,

скрозь —

Ударыў колкі і густы,

Нібы іголкі, дождж.

 

Прабіўшы плыні духаты,

Пайшлі расліны ў рост...

І птушак жоўтыя раты

Лавілі неба з гнёзд.

 

Маланкі стрэламі ўстаюць,

У бубен сыпле гром...

І я, захоплены, стаю,

Абдожджаны кругом.

 

Часамі рукі працягну,

Нібы хачу ў палёт.

Набраклі мускулы.

Спіну

Пасек крамністы шрот.

 

Да хмар імкнуся, крычучы

Ад свежых, поўных сіл:

— Сячы смялей,

У твар сячы,

Змяці дашчэнту пыл!

 

Памкнецца ўгору спорны сок.

З ім разам паплыву...

Цераз вясёлкі бачыць зрок

Зялёную траву.

 

 

ПАЭТ

Няхай жыве ў вяках

Нягаснучае слова,

Нязнаўшае захутаных заток.

Між плошчаў рыфмаў-пік,

Навостраных сурова,

Я чую твой у заўтра гулкі крок.

 

Стаялі груды слоў,

Узняўшыся гарою,

Работы шмат нястомленым рукам —

Адкінуўшы асцё

І выбраўшы жывое,

Прарвацца ўвысь,

наперакор вятрам.

 

І, разагнаўшы хмар

Набег буптоўна-жорсткі,

Адкрыўшы даль нязведаных шляхоў,

Па роднае зямлі

Праходзіць Маякоўскі

Паміж палёў і гулкіх гарадоў.

 

Радкі высокіх дум

Не нікнуць у знямозе,

Збіраюцца крылатыя ключом...

Ідуць сябры яго,

Успёршыся ў дарозе

На мужнае паэтава плячо.

 

Імчыцца іх напеў,

Узняўшыся ў аблокі,

Пуцінамі прастораў агнявых —

Нясуць яны ў вякі,

Трымаючы высока,

Сцягі яго партыйных, мудрых кніг.

 

 

СУСТРЭЧА

Моцна спала дзяўчынка на мулкай дзярузе,

Да кастравай кудзелі прыпаўшы нічком,—

Можа спіліся дзеўчынцы

Кветкі на лузе

Ці задзёрысты певень з густым грабянём,

Што залезе уранку з курамі ў каноплі

І крычыць праз бухматы гушчар...

Можа сніла дажджу крышталёвыя кроплі?..

Не, дзяўчынка!

То слёзы упалі на твар.

Гэта плакаў твой бацька,

Спала ты. Упяцёх наляцелі аднойчы,

Над пасцелькай тваёю ашчэрыўся штык.

Не забыцца ніколі цяжкой гэтай ночы,

Калі ў хаце пачуўся балесны твой крык.

Нават стужкі растрэслі твае па хаціне,

Ціха, дзеўчынка бедная, змоўч!

Гэта пяць каршакоў па таемнай пуціне

Павялі твайго бацьку праз ноч.

 

Год праходзіць.

Мінае другі. І чацвёрты.

Кліча бацьку дзеўчынка дарма на зары...

Ёй нічога не скажуць суровыя нетры,

Толькі стогнуць вятры.

Доўга ў неба глядзіць, стаючы на прыгорку,

І шукае разгадку

Цёплых матчыных слоў:

«Пачакай! Як узыдзе чырвоная зорка,—

Тата прыйдзе дамоў!»

Ёй здалося, што зорку пазнала жывую:

Вунь яна! Узыходзіць з-за дальніх ракіт.

Прыйдзе!. прыйдзе!..

Хусцінку падорыць такую,

Як вясновы блакіт.

 

Спадзявайся, дзяўчынка! Табе невядома,

Што за кладдзю пахмурых цаглін

Гэты колер даўно ўжо яму незнаёмы,

Толькі чорны адзін.

 

Восень лістам заслала дарог каляіны

Паміж доўгага шляху свайго...

Ты трымала, дзяўчынка, праменні рабіны

І гукала яго.

 

Можа, мольбы далёка праз пушчы ляцелі,

Бо пуцінай, па клічу тваім

З лесу выехаў коннік у шэрым шынелі,—

І жаданая зорка на ім.

 

Ад рыдання твае скалануліся плечы,

Ты хавала надзею адну.

— Тата!. татка!..— крычала яму насустрэчу.

Ён жа злез

І цябе прыгарнуў.

 

Ты прыпала вачамі да пятліцаў зялёных,

Не заўважыўшы з радасці той,

Што наўкола стаялі ў слязах эскадроны

Разам з бацькам, названым табой.

 

 

АПОШНІ ХЛЕБ

Позна.

На прыпеку трэскі гнілыя,

Слёзы пусціўшы,

паволі згараюць...

Сеўшы за столікам, дзеці малыя

Дружна бяруцца за хлебны акраец.

 

Управяцца хутка са смачнай вячэрай.

Лягуць,

паслаўшы кажух на палаці.

«Што ім прысніцца,

Птушкі ці зверы?..» —

Цяжка ўздыхнула маўклівая маці.

 

Засек надоечы вымела дбала,

Ў жорнах змалола заморкаў прыгоршні,

Толькі яна, засмучоная, знала —

Гэты кавалачак хлеба апошні.

 

Ласкі ў людзей напрасілася досыць.

Глянула ў шыбы —

Шукае чагосьці...

Грукаюць яблыні мёрзлыя косці,

Ноч, як ваўчыха ўпацёмку, галосіць.

 

Спіць адубелая ў снезе хаціна.

«Можа, пакінуць усё

І памерці?

Пойдуць жабрачкамі тры сіраціны...»

 

Не! не згаджаецца матчына сэрца.

Б’ецца трывожна да самага рання,

А ў грудзях балюча,

а ў грудзях так горка...

Недзе на ўсходзе, здалося світаннем —

Быццам чырвоная бліснула зорка.

 

 

НА СКРЫЖАВАННІ

Я гэта ў памяці збярог.

Навечна захаваю.

На скрыжаванні трох дарог

Сказала нам старая:

 

— Пазнала я нямала бед

На нашым сумным полі...

Вось тры пуціны ў белы свет,

Што мелі мы ў нядолі.

 

Адна — не высахлі сляды,

Што госці наязджалі.

Па ёй збіраліся сюды,

Да ніткі рабавалі.

 

Другой — у путах кайданоў —

Ступалі цяжка ногі.

Па ёй адводзілі сыноў

У турмы і астрогі.

 

Аб трэцяй як ні раскажы,

А лепшае не зналі.

Па ёй насілі мы крыжы

І там адпачывалі.

 

Я гэта ў памяці збярог.

Навечна захаваю.

На скрыжаванні трох дарог

Заплакала старая.

 

 

МАГІЛА

У бойцы за Гродна

забіты яны.

Салют развітальны заціх...

Над свежым курганам

Чатыры сасны

Гамоняць з вятрамі аб іх.

 

І ветры,

праплыўшы па вострым галлі,

Далёка над краем шумяць:

Пад зоркай сваёю

На роднай зямлі

Спакойна героі ляжаць.

 

Захутаны раны сяброўскай рукой,

На тварах —

Смяротная цень.

Была пераправа праз рэчку цяжкой...

А мне ўспамінаецца дзень:

 

Мы ў пушчы.

Пад ботамі шамкае мох.

Не кратае цемра павек.

Як шабля крывая,

Над лесам вятох

На золаку хмары рассек.

 

Ударыў прамень па сцягу палкавым.

Паротна прымаем загад.

Штыкамі на захад

Сурова глядзім,

Дзе гіне замучаны брат.

 

У наступ!

Хвілінаю некалькі слоў

Прайшлі над шарэнгамі рот.

Мой лепшы таварыш,

наводчык Пятроў,

Выдатна навёў кулямёт.

 

Што ўспомніў ён

гэтай світальнай парой?

Мо сонцам расквечаны май...

І стрэлы ляцелі

Чарга за чаргой,

Пакутны ратуючы край.

 

І бой разгараўся

штораз гарачэй,

Гарматны праносіўся шквал.

Мы біліся.

Беглі...

На сотай вярсце

Абвешчаны першы прывал.

 

Пад’ехала кухня.

З паходных бачкоў

Мы смачна пад’елі тады.

Мой лепшы таварыш,

наводчык Пятроў,

Зачэрпнуў з крыніцы вады.

 

— Таварышы!

Гляньце,— краіну азёр

Кідае знясілены звер...

За гэты мурожны,

шаўковы прастор

Гатоў я памерці цяпер.

 

Ён выпіў,

Не кінуўшы кроплі на дне,

Падняўшы кулак у гразьбе.

Мне крыўдна:

Навошта на тыдзень раней

Ён сам напрарочыў сабе.

 

У бойцы пад Гродна забіты яны.

Салют развітальны заціх...

Над свежым курганам

Чатыры сасны

Гамоняць з вятрамі аб іх.

 

 

СКРЫПАЧ

Садок у колькі вішань, сліў.

Пад вокнамі касач.

Хацінка ціхая.

Там жыў

Стары Андрэй-скрыпач.

 

Акружку абыдзі людзей,

Пачуеш ты спярша:

— Андрэй?!

Ды гэта ж чарадзей,

Вясёлая душа.

 

Адкуль такую сілу ўзяць,

Падумаеш, дык жах!..

Ці плакаць будзеш, ці скакаць,

Усё ў яго руках.

 

А ён, загадкавы сілач,

Звычаі меў свае —

Абходзіў куст, каб не сагнаць

І птушкі, што пяе.

 

Праз ноч, са скрыпкаю адно

Гаворыць смык-пяюн...

Крадком мы беглі пад акно

Паслухаць звоны струн.

 

І разважалі найшчырэй,

Па розуму свайму:

— Жыве Андрэй! Няма дабрэй

Нікому, як яму.

 

Бо павялося так здавён,

Па-дзедаўску яшчэ:

Радзіны — ён,

Вяселле — ён,—

Заўсёды на куце.

 

На ігрышчах сыпле без падмен,

Пакуль пачне світаць...

Кадрылю ў пяць

Ці сем кален,

Сплючы, ён мог іграць.

 

І жыў Андрэй у нас

Як бог.

Ад рання да цямна —

Яму і скварка, і пірог,

І чарка не адна.

 

Бывала,

З саду усяго

(Ён быў вартаўніком)

Паслухаць яблыні яго

Збіраліся кругом.

 

І вось аднойчы ў вёсцы плач:

— Памёр Андрэй-скрыпач!..

А мы,

Што многа год таму

Стаялі пад акном,—

 

З-пад гэбля зладзілі яму

Як след сасновы дом.

 

Калі ж панеслі на плячах

Па шляху векавым

На смольных стружках

Скрыпача...

Мы ўсе пайшлі за ім.

 

І перадалі смутак наш

Прасторам жоўтых ніў —

Зайгралі мы Андрэеў марш,

Што нам аддадзен быў.

 

 

БОР

Бор грозны. Бор гудзе.

Кашлатых сосен строй грамады хмар ірве,

Асенніх чорных бур па дрэвах крык плыве...

Бор грозны.

Бор гудзе. На барацьбу заве.

Карою шпарка йдуць угору плыні смол,

Кладуцца пляйстрамі на плямы свежых ран,

І задрыжыць зямля, калі вячысты стан,

Знямогшыся ў баі, падзе на цвёрды дол.

Але супроць вятроў зялёнаю сям’ёй

Стаяць браты кругом, скарыўшы нетраў глыб...

І з гулу навальніц, за дужаю спіной,

Не гаснуць вочы хат атуленых сяліб.

 

 

* * *

Мы з табой хадзілі часта ў поле

Па азёрным краі, веснавому.

Слаўная дарога па жытному,

Не забыцца гэтага ніколі!

 

Палыхала сонца ў аксаміце,

Калыхалі ветравыя крыллі.

Мятлікі-пыліначкі на жыце...

Сэрцы з імі разам гаманілі.

 

Шумнае і песеннае веча

Прыпадала долу каласамі.

Перад ім схіляліся мы самі.

Наша незабыўная сустрэча.

 

А пасля жыты даспелі шпарка,

Наліліся буйнай галавою.

Круг за кругам рэзала жняярка...

Помніш? Развіталіся з табою.

 

Без цябе я выйшаў. А прасторы

Рунню неўгамоннаю пакрыты...

Прыязджай!

У чэрвені пад борам

Будзе зноўку красавацца жыта.

 

 

* * *

Гэты, кветкамі-пухам абсыпаны сад

Дваццаць год пасадзілі назад.

Разгулялася скрозь маладая краса,

На духмяных лістах серабрыцца раса,

Пала чырвань-зара на зялёны прыпол...

Што ж ты сумна глядзіш за палётамі пчол?

Час вянкі нам уздзець над юнацкім чалом,

Па пчаліным шляху свой агледжваць дом

І на першы прамень, што прабіўся вясной,

Разам рупіцца ў поле жыцця раніцой.

Там ліпоўпік густы, светлавокі язмін,

Будзем разам збіраць мёд з пахучых далін...

Сядзем потым спачыць пад лістом пад адным.

Згодна ты?..

Ты маўчыш...

Паляцім?!

Паляцім!

 

 

ЗАСТОЛЬНАЯ

Хутчэй накрывайце сталы абрусамі,

Віно маладое стаўляйце збанамі.

 

Сягоння гулянне

Да самага рання.

 

Хай скрыпка з цымбаламі гучна зайграе.

Напоўніце кубкі да звонкага краю.

 

Часіна такая —

Хай сэрца спявае!

 

Дружней пачынайце вадзіць карагоды.

За наша дзяцінства, за юныя годы!

Гуляй, малалеткі,

Вясновыя кветкі!

 

Да дна выпівайце... Яшчэ налівайце,

Па свірнах у засеках наша багацце.

Жыта, пшаніца...

Можам хваліцца.

 

Падымем жа гэтай шчаслівай парою

За сокалаў неба, за нашых герояў!

 

Каб добра кружылі,

Каб ворага білі!

 

Няхай жа вітальная кружыць бясконца

За спорную працу, за яснае сонца,

За край наш любімы,

За нашу радзіму!

 

 

ПАЛЯВАННЕ

Брыду адранкам ля ракі,

Збіваючы расу,

І самапал на два куркі

На выпадак нясу.

 

Не загамоніцца нідзе,

Ні знаку на сляды.

Стаіць па грудзі у вадзе

Ляшчыннік малады.

 

Зеленавострых чарацін

Ацяжалела раць...

З пуховак сосен і ялін

Не можа сонца ўстаць.

 

Не знаць у гэту цішыню

Ні качак, ні чыркоў!

Як паляўнічы, наманю,

Вярнуўшыся дамоў.

 

Але, пускаючыся ў шлях,

Я вабікі прыпас...

З кустоў у блізкіх паплавах

Азваўся мне бекас.

 

Уміг надзеямі жыву,

Пашанцавала мне!

Бягу праз дзіды, крапіву,

Куляюся ў багне.

 

Перамагаючы гушчар,

Падкраўся я цішком.

Перада мной рачны жыхар

Нырае за мальком.

 

Усплыў. Здаволены сабой,

Цярэбіць мокры пух...

Пускаю шротавы набой

На задрыжаўшы круг.

 

Па ўсім!

Устрапянуўшы, птах

Ударыў мне чалом

І знік у дальніх чаратах,

Махаючы крылом.

 

Ну што ж?..

Ізноўку падвяло,

Няхай! Не першы раз...

Іду, знябыўшыся, ў сяло,

Мяркуючы расказ.

 

 

 

* * *

 

Эй, Беларусь лапцюжная, слухай,

Наша вёска не будзе больш плакаць.

 

Міхась Чарот

Не, сягоння мы не заплачам —

Нашы вочы гараць агнём.

Дзе былі для паноў палацы,

Там прамовы вядзе аграном.

 

То раней была схована воля,

То раней гнулі спіны ў крук,

Сягоння — даёш шматполле!

Замест коней — трактары ў плуг.

 

Хто бядняк — у пашане і першы —

Беднаты цяпер смелы голас...

У кожнай хаце пачуеш вершы,

Што пяялі Купала і Колас.

 

Дык чаго мы сягоння заплачам,

Нашы вочы гараць агнём.

Дзе былі для паноў палацы,

Там цяпер — сялянскі нардом.

 

 

* * *

 

Прысвячаю Якубу Коласу

 

Засмяялася чырванню раніца

І разліла ў полі праменні...

Ночка цёмная — блудная п’яніца

Засталася ў адных летуценнях...

 

Праляцелі вятры па-над борам

І папесцілі ласкай асіну...

Заплялі лісточкі ў ёй хорам,

Раптам песню учулі... Застылі...

 

І застыла, заснула асіна,

Разгадаць быццам песнь тую хоча...

Дзе такая, такая краіна,

Адкуль ласкаю вецер скагоча...

 

Вецер кудры свае паразгойсаў,

Зашаптаў ён, абняўшы асіну —

Я прынёс прывітанне з Заходу

Маладой Беларусі-краіне.

 

 

ДНЯМ НОВЫМ ПЕСНЯ

У жыцці мы сягоння вольныя,

І звініць слоў гарачых рассып,

Дык заграй жа, гармонік, «Лявоніху»!

Дык прырэж жа на ўсе галасы!

 

Праплыло, знікла гора з бядою,

Праплыло, нібы хвалі Дзвіны.

І вясною, як май маладою,

Мы спаткалі прыгожыя дні.

 

Іскры золата дзень парассыпаў

На палі, на запылены брук...

Ў прыгожасці ружова-агністай

Рань радзіла другую зару.

 

Дык спявайце, зялёныя сосны!

Дык шумі ты над рэчкай, чарот!

Заплятуць нечаканыя вёсны

Нашы думы ў вянок пазалот...

 

Развіталіся з вёскай, лугамі,

Развіталіся ранняй вясной...

Знаю: хутка стальнымі плугамі

Мы шырокай прайдзём баразной...

 

Дык спявай!.. Нам сягоння весела?

Дык, гармонік, «Лявоніху» грай!

Раскідай салаўінымі песнямі

Нашу радасць у сінюю рань!

 

Знаю: хутка стальнымі плугамі

Мы шырокай прайдзём баразной...

 

Дык спявай!.. Нам сягоння весела!

Дык, гармонік, «Лявоніху» грай!

Раскідай салаўінымі песнямі

Нашу радасць у сінюю рань!

 

 

* * *

Стары друг мой! — стальная каса,

Ты, напэўна, сумуеш па мне?..

Будзем росы з табой рассыпаць,

Што каралямі ззяюць ў траве.

 

А як сонца прысядзе за лес

І зардзеецца захад малінай,

Будзе песня ад нас ўдаль ляцець,

Запалошчыць узгоркі, лагчыны.

 

Ў захад ветлы, ліпнёвы — празрысты

Будзе ветрык гуляць у паветры,

А мы з другам маім, гарманістам,

Будзем кідаць мелодыі ветрам...

 

Прыйдуць, прыйдуць да нас шмат дзяўчат

І мая златакосая Ганна...

Мы на прызбе усядземся ў рад,

Песні будзем спяваць да заранак...

 

Дык прыйду... Не пакіну пяяць

На палёх тваіх, родная вёска.

Няхай песняй шуршыць сенажаць,

Хай вясна рассыпае пялёсткі...

 

 

* * *

Гудок прарэзліва гудзіць...

Ты ж выйдзі, любая, ка мне,

я твой паслухаць хачу смех,

абняць з табой палі, снягі,

паслухаць, як гудок гудзіць...

 

Там за варштатам ўсе яны...

Усе, аб кім я ўночы сніў,

хто галавы ды не схіліў

ад панскай кулі, ад карцечы...

Цяпер за працаю яны.

 

І ты там, любая... Ты там!

Дзе пасаў воркат, дзе агонь,

стаіш бадзёрай, маладой,

хоць увушшу машынны гам,

хоць пот ліе... А ты ўсё там.

 

І я за гэта так люблю

твой пругкі стан і сіні зірк,

маю душу ён маладзіць.

Таму прашу... Прыйдзі ка мне,

я твой паслухаць хачу смех.

 

 

ЗІМА

Зіма! Зіма!

Сінеючая гладзь

мярэшчыцца ў вачох

срабрыстым пералівам.

Хто можа

мой запал

марозным днём

стрымаць,

хто спыніць

мой разгул

вясёласці бурлівай?

 

Мая душа

ў марозы б’е

званчэй,

прыемней перабор

напруддзя лірных

струн

Сняговы мой абшар,

пуховая пасцель,—

на санках з тваіх гор

маланкай палячу!

 

Усплываюць чары дум,

ўсплываюць чарадой,

сцень вечароў даўгіх

марозных ў ражаство,

як клікаў

я мароз

праз шыбы

на куццю,

пужаў марозам дзед

заўсёды перад сном.

 

Сягоння

я сталей

і не заву цябе.

Бо ўжо не веру я

ў стары дзядовы сказ.

Мне толькі

весялей

марозамі ляцець,

з бубёнцамі ў санях

сняговы пыл

ўздымаць!

 

Закутаўся ў снягу

зялёны мой

сасняк.

І хмельна галавой

ківае ў белы

свет.

Ой, не хачу я лгаць.

Нікому не салгу,

што я мароз

люблю,

бы той вясновы

цвет.

 

 

КАМСАМОЛ

За плугам, за кніжкай

з сярпом і кавадлам

вочы агнёвыя

верай блішчаць...

Шпарка наперад

ступнёй камяністаю

крок адбівае

юнацтва раць!

 

 

* * *

Ой, у лесе, лесе

кідаю песні.

Трэллю жалейкі

я сосны буджу.

У лесе на пасцве

дужа мне весела...

Вечарам — сход,

у ячэйку пайду.

 

Ой, у полі, полі

рэжу разоры,

пакуль не сядзе

на поле змрок.

З плугам ваюю

і з сіўкай гаворым —

трэба ісці сёння

ў палітгурток...

 

 

* * *

Звоняць кавалды,

сыплюцца іскры,

Цяжка і душна...

Але ж я рад

біць малатком

у стальную падушку.

А вечарам слухаць

пайду я даклад.

 

Дзень увесь

за працай.

Вечар — вучоба.

Проста маланкай

коцяцца дні...

Дружнаю раццю

за працай свабоднай

Йдзем мы наперад

да светлых зарніц.

 

* * *

У лесе і ў полі,

Клубе, заводзе,

Ўсюды — юнацкай

бадзёрасці смех.

Упартай работай

мы свет новы

родзім...

Эй, камсамолец!

За молат і

серп!

 

 

 

МЫ НА ЛЕНІНСКІМ ШЛЯХУ

Я помню дзень —

марозны студзень.

На белы снег

палеглі цені.

Прыйшоў дамоў

з марознай сцюжы,

а бацька ў слёзах —

«памёр Ленін!..».

 

Набеглі вочы

расой-слязамі,

раўком па твары

ў дол пацяклі

На што пакінуў,

каму аставіў,

наш дарагі,

ты нас,

Ільіч?

 

...Мятлюга выла

і завывала,

нясла жалобны

слёзны сказ.

Яго няма...

Яго не стала...

На паўдарозе

кінуў нас...

 

А на услоне

стары дзядуля

засмучан, цьмяны,

сівы твар...

Сэрца старое

жальбой хвалюе

«пакінуў нас

наш гаспадар!..».

І раптам ціш...

Святлеюць цені,

надзей ў душы

узнік агонь...

Стальную партыю

пакінуў Ленін,

пакінуў Ленін

камсамол!

 

Узвёў на шлях,

бягучы к сонцу.

Вакол чырвоны

красуе цвет.

Пакінем плач,

мацні калоны,

бо з намі

Ленінскі савет!

 

Сягоння йдзём

стальной дарогай.

Што дзень бліжэй

агні камун.

Нас збіць з дарогі

ніхто не зможа,

бо мы на

Ленінскім шляху!..

 

За тры гады

прайшлі не мала,

Не трэба слёз!

Не трэба ліць!

Яго няма,

але ён з намі,

усюды наш

жыве Ільіч!

 

 

ДУМЫ

Навокал сінь...

Навокал гладзь...

Сасонкі ў шэрані

стаяць,

хістаюць плаўна

галавой,

нібы смяюцца

нада мной...

Ну што ж?

Ну што ж?

Што спахмурнеў

ў вачох блакіт,

бо я радзіўся

ў плыні хмар,

а вы ж не зменіце

свой твар!

Калісь было...

І я смяяўся,

І бег тых дзён

быў прыгажэй,

і пахам кветак

упіваўся,

ад ласак шчырых

увесь дрыжэў...

На што?

На што?

Чаго сумую

ў зялёну ноч

і ясны дзень?

Спаткаю зноў

я маладую

вясну у радасці

людзей...

Пайду ў палі,

дзе лёс варожыць,

дзе хвалі — мора

каласоў...

і свой напеў

там кіну

ў пожні

пад шэпт

ільняных валасоў!

Абніме вецер,

абніме грудзі,

паклон прышле

ды пацалунак...

Не будзе сэрца

скрыпець і нудзіць

у дні, што ў золаце карунак!

 

 

ГОРАД

Горад! Горад!.. Каменныя вуліцы

І адвечны раскацісты гул.

Да грудзей тваіх хто не прытуліцца,

На асфальт не паставіць нагу.

 

А заводы, гудкі і машыны

Я спазнаў, як калісь васількі...

І цяпер дах увосланы дымам,

Прыгажэй за пунсовы блакіт.

 

А чаму? — Мо таму, што ў дыме

Столькі тысяч з мазолямі рук!

І грудзямі у сажы худымі

Новых дзён нам саткалі зару.

 

Мо таму я люблю гэты лёскат,

Грукат, песні сталёвых машын,

Што для нашае зрэбнае вёскі

Тут куюцца плугі, лемяшы.

 

Мо таму, што я ведаю, знаю,

Што ўжо блізка, так блізка той дзень,

Як над полем зялёным заграе,

Разліецца сталёвая звень.

 

Дык за тое так сёння вясёла,

У сэрцы вера расце — ў светлы лёс,

Што у родным у бацькавым полі

Новых дзён закрышталіў усплёск.

 

 

* * *

 

Дык пайду я уперад

Па дарозе без сцежак крывых.

Шмат у сэрцы маім яшчэ веры,

Сілы шмат у грудзёх маладых.

 

Ну, бывае... Хто цёмнаю ноччу

Гадам сіпне: «Не вер... Перастань!»

Але больш загараюцца вочы

І на сэрцы пружыніцца сталь.

 

 

* * *

 

Горад! Горад... Каменныя вуліцы

І адвечны раскацісты гул...

Да грудзей тваіх хто не прытуліцца,

На асфальт не паставіць нагу.

 

 

ПРЫВЕТ ВЯСНЕ

Хутка, хутка ў полі зашуршавіць лісце,

Хутка вецер спёку прынясе з-за гор.

Залатой вясною люба смехам пырскаць,

Пахам дрэў ўпівацца пад зіянне зор.

 

Залатой вясною я пайду той сцежкай,

Што ідзе далёка у зялёны бор.

Пакланюся руні, курганам, узмежкам,

Зеляніне, ўслаўшай дзіўна касагор.

 

А з плугам уранку выеду на поле,

Буду пець, араці — з песняй я ару.

Хай гудзяць, спяваюць, хай шумяць таполі!

І вітаюць сёння ясную зару.

 

Я за працай вольнай не стамлюсь ніколі,

Не завянуць рукі, не астыне кроў.

Ад жыцця мы возьмем, што найлепш і болей,

Бо не дарма ж траціць юнацтва гадоў.

 

Дык сягоння шчыра я вясну вітаю,

Можа, яшчэ рана, але што ж — няхай,

Бо так люба, добра жыць у родным краю,

Дзе ўладар рабочы, дзе ўладар ратай.

 

 

АДЫШОЎШАЙ

Паглядзі ты сама ў свае вочы,—

То не вочы — паблеклы туман.

Мо таму, што згарэлі ўночы

Пад хрыпоты гармонікі п’янай,

Паглядзі ты сама ў свае вочы...

 

А жыццё!.. Поўна бруду і гразі,

Безадказная лаянка, хмель.

Ніхто ў сэрца за словам не лазіць,

Скарыстаць каб хвілінай цябе.

А жыццё поўна бруду і гразі.

 

Ты заўсёды стаіш на панелі,

Ловіш выпадку грош зарабіць.

І грашам аддаеш сваё цела,

Бо гаворыш: «Мне ненашта жыць».

Ты заўсёды стаіш на панелі.

 

І сатлееш ты там, і згарыш,

І ніхто добрым словам не ўспомніць.

Ў дамавіну сайдзеш без пары,

Не спазнаўшы, чаму сэрца звоніць.

І сатлееш ты там і згарыш.

 

Ну, няхай, што было то калісьці,

Як ішла зарабляць сабе хлеба:

Маладосць твая вяла, як лісце,

І злятала, не кінуўшы следу.

Ну, няхай, што было так калісьці.

 

Ну, а сёння чаго ты стаіш тут

І гандлюеш без сораму воч?

Ці не хочаш ісці на работу,

Ці не чуеш, гудзіць як завод.

Ну, а сёння чаго ты стаіш тут?

 

Паглядзі... Абглядзіся наўкола,

Паглядзі і падумай сама.

І сярод камяніц, і у полі

Працы вольнай бязмежны размах.

Паглядзі, абглядзіся наўкола.

 

Дык ідзі... Шчэ сягоння не позна

Разам йсці і да мэты адной.

Станеш вольнаю ты і цвярозай,

Станеш зноў прыгажэць маладой.

Дык ідзі, шчэ сягоння не позна.

 

 

АБ САБЕ

Бярозкі!..

Любыя бярозкі,

вы зноў хістаеце чупрынай

там на палёх

радзімай вёскі

у шэпце ветраў

ля даліны.

 

Вы зноў

вітаеце прыгожасць

вясны з вішнёваю усмешкай,

а я ў жыццёвым карагодзе

згубіў да поля

свайго сцежкі.

 

А я адзін

вось тут стаю

на гэтай

гораду панелі

і патаемны шум лаўлю

будынкаў хмурых,

пасівелых.

 

І тут я...

Першы пакахаў

зірк незнаёмае дзяўчыны.

І сэрца гнецца далавах,

кіпіць ў нязнанай гарачыні.

 

Яе...

Вось тут я пакахаў,

а пра яе

зусім не знаю.

У кветках залатога дня

сваё ёй сэрца расхлістаю.

 

Мама!

Ты, можа, думаеш, што я

забыў цябе

і ўжо пакінуў.

Дык знай ты, родная мая,

што ты заўсёды ў сэрцы сына.

 

Я думаю вось тут цяпер

аб тэй чарнявенькай дзяўчыне,

а роем думкі ў галаве

ткуць залацістыя тканіны.

 

Ты выйдзеш, мама, на дарожку,

дзе слёзы

сыпала мне ўслед,

і будзеш доўга стаяць моўчкі

з пяшчотнай думкай аба мне.

 

Матуля родная,

ты ў слёзах

дзён шчасця будзеш марыць мне

і сына роднага прыгожым

не раз

убачыш ува сне.

 

А каб я мог

табе, матуля,

пра ўсё жыццё сваё сказаць,

ты б знала, як сыночка туліць

тых неабсяжных вуліц гладзь.

 

Ты б знала мо,

чаму я кінуў

палі

і гушчы стромкіх сосен,

і ты мне, родная, сказала б

спяяць мо песеньку на ростань.

 

 

* * *

 

Я так люблю

заход ружовы

і промняў

залацісты куль.

А больш люблю

раскат сталёвы

і вуліцы нязмоўчны гул.

 

Дык вось таму

я не прыйду

туды, дзе рос

І дзе радзіўся,

бо для мяне

радзіма тут,

дзе праца з песняю

зліліся.

 

 

* * *

У брыльянтных росах

срэбрам льюцца далі.

Дзень палошча косы

ў золаце, крышталях.

 

А па-над узгоркам

сонейка смяецца,

то прыжмурыць вока,

то адчыніць века.

 

А ў радзімым полі —

ўсюды льюцца песні,

то пяюць таполі,

новай казкай весняць.

 

Не бываць ўжо «голым»

у бядзе, у горы,

бо штоночку болей

чырванеюць зоры.

 

Бо штодзень, то болей

зелянеюць гоні.

І ў квітнёвых долах

ярчэй кветкі звоняць.

 

Вецер й то упарты

ўжо змяніў натуру,—

толькі водзіць жарты

з дзеўкай белакурай.

 

З дзеўкай белакурай,

стройнаю бярозкай

і разносіць ў полі

песенек пялёсткі.

 

Не гудзіць, не стогне,

не жальбуе сэрца

і з напевам нудным

ля вуглоў не ўецца.

 

Толькі часам штосьці

вецер засумуе,

ціха загалосіць,

бы дзе стогн пачуе.

Каля хат патрэцца

і гаворыць: «Лётаў,

аж параніў сэрца

я сваё на дроце».

 

«Там вось за мяжою

ліецца кроў руччамі,

чуў, як ў панскіх турмах

бразгацяць ключамі».

· · · · · · · · · · · · · · · · ·

 

* * *

Дык скажы ім, вецер,

шапані на вушка,

што ім лёс засвеціць,

шчасцем будзе гушкаць.

 

Больш ўжо не параніш,

вецер, сваё сэрца.

Хутка! Хутка ранне,

калі дрот парвецца.

 

А на родных гонях

дзень даўно казычыць,

кветкі ў полі звоняць,

спеў бяроз крынічыць...

 

 

М. БАГДАНОВІЧУ

На чужыне ў далі не чуў песень і слоў

Ты аб роднай сваёй Беларусі.

...Граў на ліры аб ёй, паіграў і замоўк,

І замоўк у жыцця завірусе.

 

Але песня твая, што злятала са струн

Залатой і нязмоўчнае ліры,

Адшукала табе родны кут — Беларусь

І зарніцай ў палёх заіскрыла.

 

Яна йшла на палі, на запылены брук,

Скалыхнула бязмежную гладзь.

Дарагі наш пясняр! Хто б так мог Беларусь

Мала ведаць і гэтак кахаць?

 

Але гора... Спрадвечнае гора,

Слёзы, стогны і енкі братоў

Грудзі сціснулі боллю-дакорам

І жыцця супынілі разгон.

 

Твая песня жыве. Яна вечна.

Яна будзе стагоддзямі жыць.

Ёй бурліць і хвалюецца рэчка,

Ёй шумяць каласы ля мяжы.

 

Хай жа, хай на далёкім узмор’і

Па-над хатай апошняй тваёй

Прывітаннем засвецяцца зоры

Беларускіх зялёных палёў.

 

 

АБ ЧЫМ ЗВІНІЦЬ ДУША...

А дні ляцяць... мяняецца аблічча.

І на душы не так звініць струна.

І тую, ля якой калісьці гнуўся ніцам,

Цяпер гатоў зусім не дакранаць.

 

Штодзень ўсё новыя і новыя усплёскі.

Іначай сэрца б’е і зірк вачэй гарыць.

І тую, што кахаў калісьці ў роднай вёсцы,

Не помню сам, з якое ўжо пары...

 

Ах, што са мной? Душа, скажы, скажы мне!

Чаму мяняецца каханне? Для чаго?..

Не раз казаў, што вочы тыя сінія

Я не запомню ў тысячах гадоў.

 

Чаму ж цяпер іначай гавару я,

Што чорных воч няма і прыгажэй.

І песню з палкіх слоў складаю залатую.

Ўсё ёй адной... Адной... Адной.

 

Ці можа гэта быць? Ці можа гэта стацца,

Што я другой пачну зноў варажыць,

Што прыйдзецца калі мо развітацца,

Не дачакаўшы пробліскаў зары?

 

Не! Не! Ўжо болей не хачу я...

Каго любіць?.. І што за чалавек,

Каб кінуцца каханнем ўрассыпную,

Як ліпа ў ліпені кідае жоўты цвет?

 

Адной пяю і аб адной я мару

І болей не хачу ніколі нікаго.

Вазьму сваю бясструнную гітару

І напяваць пайду ў даль за сяло.

 

І там, дзе так шумяць старыя ліпы

Праз сцень гадоў карункамі лістоў,

Я голасам такім пакорным, сціплым

Зноў запяю... Пра што? — ўсё пра любоў.

 

А травы слухаць будуць мяне, знаю,

Мяне ж ніколі ім не зразумець.

Шаптацца таямніцай будуць з гаем,

Я ж буду пець, і пець, і пець...

 

Але прыйдзе адна, адна, што зразумее,

Яна у свеце цэлым прыгажэй.

І на вачох яе стамлёны жар замлее

З уздыхам палкім з песенных грудзей.

 

Таму пяю, таму і не сумую

І так упэўнена дарогаю іду,

Што не патрачу свежасць маладую,

Што не патрачу светлакрылых дум.

 

 

О, БЕЛАРУСЬ...

О, Беларусь...

Так цяжка ўспамінаць.

О, не! Той год

ніколі не забудзем,

калі ў крыві

купалася мяжа

і помста так

паліла сэрца, грудзі.

 

Стаялі хаты

шэрыя, у мгле.

Груган-драпежнік

лётаў па-над вёскай.

О, хто ў той час

душою не хварэў?

Хто ласкі не адведаў

панска-польскай?

 

Лілася кроў...

Нясліся стогны, енкі.

Стагнаў мужык

пад панскім бізуном.

А ў палацы

жандары і паненкі

спраўлялі баль,

руччом лілі віно...

· · · · · · · · · · · · · · · · ·

О, тыя дні

так цяжка ўспамінаць,

бо ў успамінах —

брудныя малюнкі.

О, каб умеў

тады ужо страляць,

яснавяльможных збіў бы

пастарункі.

 

А вось цяпер

усе страляць умеем.

І кожны з нас

не пусціць дарма кулі,

хоць за сто вёрст

па ворагу пацэлім,

нездарма ж ў волі

рукі адпачнулі.

 

І помста шчэ

палае у грудзёх.

А сілы хопіць,

знаю — разлічуся...

Хай загудзіць

трывогаю гудок,—

замест пяра

вазьму вінтоўку ў рукі.

 

А колькі нас,

ад молату, сахі!

Эх, Чэмберлен!

Не злічыш і мільёнаў,

як выйдзем ўсе

краіну бараніць

ад абжырал,

ад залатых пагонаў.

 

О, Беларусь!..

Красуй жа і цвіці.

Якой была,

такою ўжо не будзеш.

Калі ў вачох

адвагі б’юць агні,

калі палаюць

ў помсце грудзі...

 

 

ЗВОНЫ СЭРЦА

Залівайся, гармонік, за зрубам,

Грай, тамянка, ды каб весялей!

На спатканне пайду я да любай,

Сэрца вымачу ў хвалях надзей...

 

Выйду ў поле у вечар чароўны...

Ой, ці прыйдзе туды альбо не...

Дзе пазвіслі зялёныя клёны

Галавою віхрастай к зямле.

 

Даль укрылася з зелені коўдрай,

Спяць аўсы у таемным шаптанні...

Гэтак весела там і так добра

Прасядзець удваіх да світання.

 

На абрус сіні высыпяць зоры,

Месяц пойдзе між іх карагод.

Знікнуць роспач, журба і дакоры,

Захліпнуцца за дальняй гарой.

 

О, як хочацца там распластацца,

Песні пець на ўсе поле і шыр...

Вось чаму за туманнаю гаццю

Ў пералівах звіняць каласы.

 

Дык іграй жа! Іграй жа, тамянка,

Сып акорды, ды каб весялей!

Ўжо за лесам згараюць заранкі,

Пацалункі пакінуць зямле.

 

 

ТАГАНЫ

Шуршаць нахіленыя нізка

Сярпом бліскучым каласы.

А воддаль звешана калыска

На дроўляньш таганы.

 

О маці, маці, колькі з іх

Сваіх дзяцей ты ўзгадавала.

На гэтых коліках прастых

Іх у знямозе ты люляла.

 

І калі з гэтых таганоў

Дзяціны плач разносіў вецер,—

Ты йшла з пахілай галавой

Пяшчотай матчынай уцешыць.

 

А колькі раз было і так,

Што плач без ўцехі захліпаўся...

Ты не магла яго суняць,

Хоць боль у сэрцы і лілася.

 

Пякліся грудзі палыном,

А рукі жыта нахілялі.

Бо блізка панскі аканом

Махаў і пудзіў бізунамі...

· · · · · · · · · · · · · · · · ·

Таго няма ўжо... й таганы

На полі жытнім не звісаюць...

Мо хіба часам цыганы

Аб іх напомняць шалашамі.

 

 

НЕ СУМУЙ, МАТУЛЯ!..

А за плотам гнуцца ў чырвані рабіны,

Ападае лісце на пажоўклы дол...

Праважае сёння Тэкля свайго сына,

Выцірае ціха вочы падалом.

 

— Не сумуй! Навошта... родная матуля,

За цябе, за волю я служыць іду.

Помніш, было горка, як ляцелі кулі,

Абсыпалі поле і забыты луг...

 

— Помніш, выла восень — зверам ашалелым,

І душыла душы бедных мужыкоў...

Вось за тое сёння з гонарам і смела

Бараніць краіну я ісці гатоў.

 

— Не таму, сыночак родненькі, сумую,

Што ты пойдзеш сёння бараніць Савет,

Мы адчулі добра непагадзь ліхую,

Мы спазналі добра ласку й панскі хлеб.

 

А таму што неяк, неяк сэрцу сумна,

Дзве зімы і вёсны пройдуць без цябе...

А на пачарнелых ад марозу гумнах

Сыпле, бы праз сіта, жорсткі белы снег.

 

— Не сумуй, не трэба, лепш паганарыся,

Што твой сын на варту за Савет ідзе,

І перад вачыма — сцежкі завіліся,

Што ад шэрай хаты павялі ўдаль след.

 

 

ЧУЮ ЗВОН

 

Чую звон

я з вялікай званіцы.

Гоман медзі

ўсцілае прастор.

Мо таму

мне сягоння не спіцца,

думкі носяцца

ў далі віхрам...

Гэты звон

шчэ маленькім

падслухаў.

Помню, быў мне

дванаццаты год.

О! Той год

неяк грозна так рухаў

(на паноў йшоў працоўны народ).

Часам звон

у далі захліпаўся...

(Горкі дым быў

гарматаў і стрэльбаў.)

Не адзін

з галавой развітаўся,—

хто свабоды шукаў

і хлеба.

Не адзін крывёю пякучай

разліваў асфальт на панелі.

Не адзін,

не адзін лёг пад кручаю,

кроў разліў

па імшарах

і ельніку.

А звон

усё гучэў, разрастаўся:

клікаў нівы,

варштаты ў адно...

Гэты звон

Кастрычнікам зваўся,

што прагнаў

фабрыкантаў,

паноў.

Патушылі пажары,

на попеле іх

краіна мая,

як пралеска, ўсцвіла.

Дык сёння таму

жарам вочы гараць.

А звон

ўсё звініць,

усё кліча, яшчэ

наперадзе шмат

барацьбы й перамог...

Калі будзе трэба —

мы пойдзем усе,

маладых і бадзёрых

нас многа!

 

 

10 год

Дзесяты Кастрычнік!

Дзесяты!

Сёння спаткалі мы.

Святкуюць драўляныя хаты

вольнасць Савецкай зямлі.

Святкуюць і хмурыя трубы

(над крышай не сцелецца дым),

Кастрычнік!

Кастрычнік мой любы!

Кастрычнік ты мой малады!

Табе

усяго толькі дзесяць

(малы ў гэты год шчэ дзіцё).

З табой жа зрабілі за дзвесце,

Сусвет ты кладзеш да ног [...]

Калоссі,

шуміце! Шуміце!

Кастрычнік напеў

для вас склаў.

Дзе косці разносіў

трухлявыя вецер,

там вольнасць

краіны ўзрасла.

Мацней, барабан,

грымі піянераў!

Вышэй жа,

таварышы, сцяг!

Кастрычнік ў дваццаты

вядзе нас уперад,

Кастрычнік уперадзе нас.

Адзін за адным

стальнымі радамі

ідзём,

бачым Ленінскі шлях.

Мы дружна сягоння

Кастрычнік вітаем,

вітаем Кастрычнік:

У-р-р-а-а!

 

 

УСПАМІНЫ

Успомню часамі,

і хочацца плакаць:

дзе ты, мой родненькі, дзе?

Помню ў апошні цябе раз у хаце —

слёзы ліліся ўвесь дзень.

Ты быў тады задумёны, суровы...

на плечах вісеў карабін.

Боллю твае апушчаліся бровы,

а ты мяне к сэрцу туліў.

Ты гаварыў мне,

а твар усё хмурыў:

— Дзетка, бывай мой, бывай!

Клічуць мяне там,

дзе боек віхуры,

пыхае ў полымі край.

 

* * *

Санліва ківаў

галавамі сасоннік,

туман шэры мхі ўсцілаў...

Што да таго,

калі толькі спрасоння,

спаў альбо ты не і спаў?

Ломіцца ціха

сучча ад ветак,

кусты абдымаюць твой стан...

А ты толькі знай:

крой; але метка,

туды дзе варушыцца пан.

Цэліць Курыла,

рухі ў напруддзі,

вочы стралою у даль...

Помніцца добра —

вёска за прудам,

сям'ю дзе сваю пакідаў.

Горыч шчэ болей

хапае за сэрца,

у думках: што трэба панам?

Бачыць —

а ротны ускочыў і першы

з крыкам:

— Хлопцы! У-р-р-а!

Маланкай схапіўся,

імчыцца без сцежкі,

ног ён не чуе —

нясуць,

а губы так шэпчуць:

— Сцервы... Эх, сцервы!..

Не быць вам сягоння тут.

 

* * *

Змоўк назаўсёды.

Ў лясу развітаўся

з думкай аб вольнасці дзён.

А з сэрца сачылася кроў

і пяклася

пад сумныя шэпты сасён.

Ротны з прамоваю:

— Сёння мы рана

ворагам далі папіць.

Дайце цяпер і братоў пахаваем.

Бачыш —

Курыла ляжыць...

 

 

ЧЫРВОНААРМЕЙЦУ

Ну, як забыцца,

як не напісаць

ліста табе, мой любы дружа,

цяпер у нас —

снягоў парча,

марозы скачуць, вее сцюжа...

 

А зоры ў небе,

ў небе зоры,

нібыта свечкамі гараць...

Ты пішаш —

ходзіш на дазоры,

ты пішаш —

вучышся страляць.

 

Калі чытаў,

дык рад быў дужа,

што ты у роце выбіў прыз.

Я так і знаў,

што ты, мой дружа,

не падзеш галавою ўніз.

 

Я знаю:

ў светлы Першы май

ты пройдзеш вуліцай парадам.

Вас будуць ўсе —

глядзець, вітаць

з чырвонаармейскаю прысягай.

 

А ты, вінтоўкі

ўзняўшы штык,

я знаю, з гонарам ты скажаш:

— Я камунар... Я бальшавік,

калі патрэбна —

касцьмі лягу

за волю роднае краіны,

а з рук аружжа я не кіну.

 

Бацькі твае

па-стараму жывуць.

Прывезлі бёрны

ладзіць хату,

падзарабілі, ездзячы на рум,

к таму ж —

ім скінулі падатак.

 

На вёсцы моладзь

ходзіць ў клуб,

там то спектаклі, вечарыны...

Ага... Анюта ўзяла шлюб

з Міколам, Карпяёнка сынам.

Цяпер

вясёла ў нас,

хоць і зімой,

снягамі пырскае мятлюга.

А ты вучыся, брат,

каб цяжкаю парой

адбараніць бацькоў, радзіму, друга.

 

 

ДАЎНЕЙШАЕ

Гулка у лесе

крычала сава...

Ціха ўздрыгнулі

ля рэчкі асокі.

Месяц купае

свой твар бледнавокі,

шэпчацца ціха

ля бору трава...

Ціш-ш-а...

Ой, ціш-ша!..

— Янка, то ты? —

— Я, дарагі мой!..

— Ну, стань тут,

са мною,

сёння на вёсцы

паны-палякі.

Нашы схаваліся

там, за гарою,

бачыш?

Ці бачыш?!

Вёска гарыць!..

...Полымя

водбліскі сыпле па полю,

зайцамі скача

па жытніх застрэхах...

Толькі засмужаны

шызы таполю,

з гора прыжмурыў

лісцвяныя векі.

Крыкі ля хатак,

стогны... І енкі...

Янка!..

Сымоне!..

Чуеш ты, бачыш?!

Бедныя вёскі... Бедныя маткі,

бедныя,

бедныя,

бедныя людзі.

Маеш вінтоўку?

Ці маеш зарады?!

Бах... звяк!..

Бах... Бах-х...

Пок... Пок.

Дзынь... Дзынь...

Янка?!

Патрон ужо толькі адзін,

Янка, даруй!

Бывай, белы свет!..

І Янка патрон

скарыстаў на сабе...

Гулка у лесе

крычала сава...

Ціха ўздрыгнулі

ля рэчкі асокі.

І ў кашлатых

сасён галавах

месяц купае

свой твар бледнавокі...

Шэпчацца ціха

ля бору трава...

 

 

ЧАКАННЕ

Ціха спусцілася ноч,

далі купаюцца

ў сівым тумане.

Толькі гаворыць

завод

голасам сіплым і надарваным.

 

Ведаю сам:

яна там!

Але стаю ля Дзвіны і чакаю.

Слухаю вуліц раз’юшаных гам.

Жарты

на ўзбярэжжы ўспененых хваляў.

 

Гляджу і любуюся:

радасць вакол

так і гуляе у водары зыбкім.

Любай краіне даю я паклон,

за шчасце вясёласць

спявае малітвы.

 

Вецер прылёг

і схаваўся ў трысці,

месяц лунае

на згібінах вежаў.

Ты ж абяцала

напэўна прыйсці.

Я ўсё чакаю, чакаю,

а дзе ж ты?

 

Сэрца, пастой!

Ах пастой, не гручы...

Вунь і яна ўжо

так рупна шагае.

Любая!..

Любы!..

Так добра спачыць,

бачыш, і зоры

прыветна міргаюць.

 

Вецер знянацку

панёсся наўсцяж...

Хвалі ж бурліва,

разгонна ракочуць...

Сядзь, дарагая, сядзь,

дай палюбуюся

ў сінія вочы.

Сядзь,

абдыму, абдыму,

пацалую,

сэрцу ж

так цёпла ў грудзёх...

Славіць даваймо

вясну залатую

сёння на беразе ўдвох.

Ціха спусцілася ноч,

далі купаюцца

ў сівым тумане.

Толькі гаворыць

завод

голасам сіплым і надарваным.

 

 

НЕ ВЫГІНАЙ СВАЕ ДАЛОНІ

Не выгінай

свае далоні

і пасмы кос

не раскідай,

калі у садзе

цвітуць півоні,

а ў ночы

светлякі гараць.

Не выгінай

свае далоні!

 

І безнадзейны

погляд воч

ты не кідай

дарэмна небу.

Хоць мо на сэрца

села ноч,

але слёз

роспачы не трэба,

бо кожны

да жыцця ахвоч.

 

Ну, што з таго,

калі ён здрадзіў,

калі другую

ўжо кахае...

Любоў, няйначай,

звонкі садзік —

цвіце,

красуе, ападае

і зноў

нанова расквітае.

 

Ты маладая,

ты прыгожа,

а у жыцці шмат

розных змен...

Ты пакахаць шчэ

палка можаш,—

пабач,

як месячык плыве

па шэра-сіняй

дарозе...

 

 

ДАЙЦЕ НОВУЮ МУЗЫКУ

Дайце

новую музыку!

новыя струны!

і мелодыі дзіўныя дайце!

Я хачу:

каб замест паніхіды хаўтурнай

новы марш —

Беларусі іграць.

 

Я хачу:

песні новыя скласці,

ў словах шчасця,

забыўшы пра гора.

Я хачу:

на трактар ускласці

і на вёску

завезці горад.

 

Я хачу:

каб ў вяселлі вясёлым

нас, бадзёрых,

сышлося там многа:

песняй звонкаю

сыпаць над полем,

над імшарамі,

лесам і логам.

 

Дайце

новую музыку!

новыя струны!

і мелодыі дзіўныя дайце!

Я хачу:

каб замест паніхіды хаўтурнай

новы марш —

Беларусі іграць.

 

 

VI выпуску Полацкага педтэхнікума —

прысвячаю

 

 

* * *

Разлівайся,

вясёлы гімн,

бачыш, к працы

ідуць яны.

І на полі

ў зялёнай вясне,

хаты шлюць

найгарачы прывет.

Многа, многа,

ой, колькі ім

трэба выкінуць

свежых сіл!

Колькі трэба

гадоў, гадзін,

каб у вялікія

выйсці дні.

Каб у вясёлым жыцці

цвісці,

многа пройдзена,

шмат ісці.

Час вялікі,

адказны час,

пашкадуе хто

сілы з вас?!

Сустракайце

ізноў, палі,

ад вас выйшлі,

да вас прыйшлі.

 

 

ПРА НОВАЕ

Пастой!.. Пачакай!..

Я такою не бачыў цябе,

знаеш, ты прыгажэйшаю стала.

Ля мяне разляглася арцель

з ціхазвоннымі ў вечар садамі.

Ты ўжо тут!

Дарагая, тут!

Дзе так многа красы і змагання,

дзе ля возера шастае луг,

услаўляючы шчаснае ранне,

ты ўжо тут!

Ну, сядай...

павядай мне, калі

ты на новыя сцежкі.

А ля млявых у соне ракіт

салавей зацягнуў аб любімай

ля ракі.

Ах, Пятрусь!..

Знаеш сам, многа змен,

многа новага, ўсё не раскажаш,

па залеташняй шчэ вясне

была сходка у нас, у Жарах.

Гаманілі, крычалі шмат,

знаеш, брат-беларус асцярожны,

адзін кажа: «й па-стараму можна»,

а крычалі задужа шмат.

Колькі там з гарачынню галоў

рагаталі, пацелі, тужылі...

Пакуль ўрэшце ўсім нашым сялом

на арцель перайсці парашылі,

ўсім сялом.

Ну, а больш...

Сам ты бачыш цяпер,

слоў не трэба, не трэба слоў.

Сонца ўжо асядала за лес,

промнем грала, нібы памялом,

за сялом...

Ідзе з поля запылены трактар,

няма стомы, напеў адзін.

А за дзень ён ўсяго адшарахаў

чуць не з малым сто дзесяцін,

ідзе трактар...

 

 

* * *

Знаю, любімая, знаю,

шчасце вітае над краем.

Хутка балотныя стэпы

будуць Амерыкі лепей.

Месяц плыве над ракою

з ціхім і сонным дакорам,

што ўжо яго любаванню

шкодзіць электрыкі ззянне.

Двор ля пакояў убраны

лепш, чымся нават у пана,

Піхта ў шаўковым тумане

арцельны вартуе ганак.

 

* * *

Родная!..

Гэтак прыгожа,

гэтак прыгожа вакол!..

У ціхім шаптанні бярозы

ветру дарылі паклон.

Новае,

дужа ужо новае

ўсюды красуе,

цвіце.

Ах вы, ўзгоркі сасновыя,

новы ўбачылі свет.

Я ж не чакаў і не думаў

такою цябе сустрэць,

пад палка-кляновыя шумы

ў вочы твае глядзець.

Бацька таксама з табою?!

Бедны стары карчмар...

— Сёння ён тарктарам гоні

пад канюшыну араў...

Родная!.. Як перадаць мне

шчасце такое, каму?!

І ў алкаголі акацый

яе дакрануўся я губ.

Так.

Ну, бывай, дарагая!

Весела, добра так...

У жоўта-лілёвую завяць

зоры лажыліся спаць.

 

 

НА ВУЧОБУ

Плывуць па пероне

апошнія зовы...

Бывай!.. Не запомніш мяне?!

І ружовасць на шчоках

і з сэрца здаровы

вяснянкамі коціцца смех...

Ах, колькі дарог!

І якія прамыя!

Ідзі толькі смела,

ідзі, не глядзі!..

Там вербы —

у сінюю ноч — залатыя

фабрычным падмосткам

трымаюць агні.

Ля іх буду я,

і яна пэўна будзе.

А пакуль за кніжку,

за лекцыю сядзь.

Няхай словам сталі

гартуюцца грудзі,

хай Леніным, Марксам кіпіць галава.

Ці чуеш,

ці бачыш, у садзе вішнёвым

пра новае Заўтра іграе аркестр?

Пайду без сумнення

к дарогам я новым,

пайду... І чакаю цябе.

Ты прыйдзеш, я знаю,

дарогі не здрадзяць,

ты прыйдзеш?!

Я ведаю добра цябе...

І тут твой задорны

ў фабрычных фасадах

гарохам рассыплецца смех...

 

 

ЗНОЎ НА ВЁСЦЫ

Прыехаў.

Іду па дарозе

і як гаспадар аглядаю.

Чагосьці здалёку бяроза

зялёнаю хусткай ківае.

 

Прайшоўся сасновай алеяй,

ў пякоце ядленец замлеў...

— Дзень добры, дзядуля Ярэма!..

І ты ўжо

ўпісаўся ў арцель?

 

— А як жа ты думаў,

сынок мой!..

Так лепш

і куды спадручней.

Нічога... І хлеба даволі,

і сэрцу нібы весялей.

 

Стаіць...

Прыпыніўся на хвілю,

паклаў на ўзмежак тапор,

а вецер пяшчотна гуллівы

гуляе з сівой барадой.

 

Пятрок мой!..

Спачатку баяўся

ў «камунію» гэтую йсці,

бо думаў, што косці старыя

не будзе каму аднясці.

 

Цяпер жа... Нішто...

Аглядзеўся,

раблю ўсё па сіле сваёй,

як бачыш, крыху

прыадзеўся,

ніхто ўжо не кпіне, што голь.

 

Ну, добра!..

Бывай жа, мой любы,

тут трэба вось скончыць прасек.

Здзіўленне мяне агарнула

аб зменнай такой паласе.

 

На полі гручэлі машыны,

і песні —

віселі ўгары,

а сонца пазлотай абліла

паводдаль прыжмураны лес.

 

Ярэма, мой стары знаёмы,

з дзяцінства

я знаю яго.

Калісьці палезжы па грушы,

адчуў яго тоўсты кіёк.

 

Здаецца, калі тут...

Нядаўна

Ярэма мой быў не такі,

і слова «камунія»

кляў ён,

а сёння ўжо так палюбіў.

 

Запалі чаромхі

на сэрца,

а ў вачох заіскрыў агонь,

што людзі ў далёкае вераць

і смела ідуць да яго.

 

Іду зноў

па стужцы-дарозе,

вясёлы... Бадзёра спяваю.

А здалёку ветла бяроза

зялёнаю хусткай ківае.

 

 

* * *

Дні цякуць, нібы кроплі праз сіта,

не стрымаць хады пэўнае ног...

Абдымаюцца ў полі ракіты,

павяваючы радасным сном.

 

Зоры й тыя у срэбным убранні,

б’юць ў далоні і скачуць на дол,

бы дружкі й шафярыцы з сватамі

за вясельным гуляюць сталом.

 

Нейк хаўтурна замоўклі капліцы,

крыж пахілы мінуўшчыну сніць,

што даўно ўжо званы на званіцы

сабіралі папу пятакі.

 

Час дарэмна мы траціць не любім,

у нас новы — машынны звон.

Толькі часам са дзве-тры бабулі

ля налою пакінуць паклон.

 

Нас завуць... Мы ідзём і спяваем,

творым новае: песні і цвет.

Не адну шчэ душу пахаваем

ў будаванні жыцця, ў барацьбе.

 

Дні цякуць, нібы кроплі праз сіта,

не стрымаць хады пэўнае ног...

Абдымаюцца ў полі ракіты,

павяваючы радасным сном.

 

 

У ВОЛЬНЫ ЧАС

Апошні сноп зары растаяў...

Застыглі сцені ля вакон.

І клён да брамы нахіляе

сваё зялёнае чало.

На гумнах вечару узоры,

а ў полі — сіняя тайга.

Ты помніш, я прасіў учора

мяне ля рэчкі пачакаць.

Ну, стань бліжэй! Са мною разам.

Над полем месяца вянок...

Бярозы дум наміты вяжуць

на рушнікі былых шнуроў.

Такі размах! Такая воля!

Люблю вясны барвовы смех.

Здалёк гудкі гудуць да болю,

каб ў поле крыкнуць галасней.

Ды пранясціся у прасторы,

каб страпянулася душа.

Жалезны конь там тараторыць

ды баразною кладзе шаг.

О, моц вялікая і злая!

Хто роўны, хто? Скажы, скажы!..

Пабач, у грэчцы пахаваны

адбіткі старае мяжы.

А дзесьці — дзе над пералогам,

залапаталі таланы.

Нам дадзена загэтак многа,—

смяяцца, радавацца, жыць.

Мая радзіма — звонкі Май,

люблю цябе, люблю такую.

Ты беражы і захавай

сябе на бойку земляную.

 

 

ПАЛІ ЗАВУЦЬ

Гады ізноў завуць гарэць...

Ты помніш: ў полымі аблог

Каля варот хадзіла смерць

На высачэзных кастылёх.

 

Тады нямеў фабрычны двор

І вецер кідаўся на тракт...

Мы прамянялі на сядло

І свой рубільнік, і варштат.

 

На скрыжаваннях барыкад

Наш твар ад пораху сінеў.

Мая прабітая рука,

Як сымбаль бойкі у мяне.

 

Ты помніш говары страмён?

Праз горы, рэкі і равы

Мы смерць вазілі і праклён

У нашых шаблях баявых.

 

І мы свой скончылі паход,

Адгаварыў апошні штурм...

· · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Тады прынеслі на завод

Мы свае рукі і душу.

 

* * *

А я цяпер інакшым спецам

Спаткаў нахмураны вакзал.

Мне даў райком другое сэрца,

Другія думы і запал.

 

А на дварэ вясны запеў

Зіму дашчэнту пакрышыў...

Я праз вакно майго купэ

Гарэў ля топак і машын.

 

На пожні селі журавы,

Вагон дарожны мёў пясок...

І я з пасёлкам веснавым

Прачнуўся на гудок.

 

Мне зноў жадалася у цэх,

Узняць знаёмы ватэрпас.

Аднак ляжала у руцэ

Пуцёўка у калгас.

 

А з ёю столькі дум ішло,

Ну, проста вырашыць не мог.

І тут радзіму я знайшоў

У параскіданых палёх.

 

Цягнік імчаўся па начох...

Мне трэба станцыя адна!

Я прабаваў сваім плячом

Вагоны падагнаць.

 

І мне, здавалася, крычаў

Вясновы наш калгас:

— Адсюль вагоны паімчаць

На поўнач, на Данбас!

 

І не радкамі, баразной

Напісаны іх план.

Дык гэта вось паўстанак мой,

Савецкая зямля!

 

Ды звалі ўперад купы хат

За прадзівам галін,

І я пакляўся пакахаць

Як свой завод — палі.

 

 

САВЕЦКІ ПАРАД

Сонца-аратар

над вежамі стала.

Тысячы комінаў

выйшлі на сходку.

Кожнаю вуліцай,

кожным кварталам

горад змагаецца

за пяцігодку.

Провад для маршу —

найлепшыя струны

ад гэтае музыкі —

свету прачнуцца.

Ля кожнае топкі —

драбніцы камуны,

пажары і буры,

агні рэвалюцый.

Да міліметру

разлічаны сілы,

кожны рабочы

улічаны мускул,

адвечнае багны

асушаны мілі,

загаварылі турбінамі пусткі.

Імчаць цягнікі

ад савецкіх вакзалаў,

да новых паўстанкаў

і станцый далёкіх.

Вясна-камуністка

ударніцай стала

з сяўнёй за плячыма

у полі шырокім.

З нас кожны сягоння

нічым не пагрэбаў.

І ў гэтых астатніх

вялікіх паходах

смачнее кавалак

чорнага хлеба,

калі карпусы

ўзнімаюцца горда.

Сонца прымае

фабрычныя маршы...

Шарэнгі заводаў —

савецкі народ.

Моладасць ўключым

ў рубільнікі нашы,

сэрца і рукі

хай возьмуць варштат.

 

 

ЦЭХАВЫЯ БУДНІ

 

 

 

 

Ударнікам Добрушскай папяровай фабрыкі

«Герой Працы» прысвячаю

 

 

І

Словам камуны кліча уперад —

папера.

Б’ем мы ударна бастыліі і цемры -

паперай.

Думкі далёка шугаюць наперад —

з паперай.

Лепшы ударнік, чуеш, і цяпер нам

папера.

Дамо пяцігодцы колькі ёй трэба —

паперы.

 

ІІ

Стаім

ля штурвалаў.

Ідзём поўным ходам.

Нам кожны кавалак,

што золата,

дораг.

Змагацца з запалам

і згінуць —

не шкода.

Стаім

ля штурвалаў.

Ідзём поўным ходам.

Мы тэмпы

паскорым,

каб стройным

паходам

прайсці

семафоры

чацвёртага году.

 

ІІІ

Бачылі, як

рукамі трэцяга,

пульсам

вялікага

нашага плану

прыпялі заводы

машыннымі сэрцамі

электрычныя нервы

турбін Асінстану.

І загаварылі маторы —

скора.

І закруціліся колы —

вясёла.

Завуць правады:

— Сюды!

Сюды!

Сюды,

дзе пот

ударных рот.

Мы важым сябе

вагой рэвалюцыі.

Патрэбен —

змагайся ўсімі рукамі,

Ідзі ў квартал,

на пляц,

на вуліцу!

Бяры ў палон

і жалеза

і камень.

І расці кварталам

нашым,

І расці камбінатам

раптам.

Мы льём бетон

на многа тон,

каб мог стаяць

камун палац.

Бач:

у канвульсіях

мучыцца нэп,

яго шкадаваць

не варта нам.

Глядзі:

Бальшавіцкі

калгасны хлеб

ступае

ў свае элеватары.

І запрацавалі жняяркі

шпарка.

Вясна ў сяўбе,

у барацьбе

карчуе нэп

за новы хлеб.

Кожны дзень

і кожны год,

згінаючы

свой стан

рухавы,

крадзецца вораг

за мяжой.

Ў кішэні

ножык

і дукаты!

А мы плячыма,

што пранеслі фронт

ад мора да Варшавы,

рукамі,

што міністраў кідалі

за краты,

нагамі, што прамералі баі

ў абмотках —

я знаю,

што ніколі

не прыстанем,—

мы вынесем,

як грунт,

паставім пяцігодку

на пляц камун,

без меж

і акіянаў.

І сілай руд

Магнесабуд

свой кінуў марш

у Гомсельмаш

на поўны ход,

на штурм балот.

 

IV

І ў гэтыя дні,

калі

творчымі жыламі

звязаны

нашы

ўдарныя звенні,

вораг

з усмешкаю

кракадзілавай

сціскае штылет

у глыбокай кішэні.

Устаньце ж,

вялікіх гадзін

камісары!

І так, як тады,

без жалю,

да смерці!

Патройце ўдары!

Патройце ўдары!

Па гадах,

што жаляць

у самае сэрца.

 

V

Вярста

за вярстой

мы рвёмся

наперад.

Мы б’ёмся

за торф,

за руду,

за паперу.

Паўстанкі мінаем.

Хай сцюжа

і спёка,

хто рэйкі

ламае,

кладзецца

на рэйкі.

Навошта

паходні?

Нам — светлыя ночы!

Дарогу дай,

шкоднік,

ударным

рабочым!

І, моцныя,

гартам,

такога

мы стрэнем,

патроіў

пагарду

на іх галерэю.

 

 

VI ПРАГУЛЬШЧЫК

Яму напляваць

на вытворчыя планы.

Кінуў варштат,

што на фронце

вінтоўку.

І ходзіць вясёлы,

як сцелька, п’яны...

Ноч прамільгнула

ўся паўлітроўкай.

Кліча гудок.

Прагульшчык

не ўстане.

Скаваны ён

чадам атруты

ў пасцелі.

А там —

дзе баі,

невялічкая рана

свідруе

завода

магутнае цела.

Прагулы —

гадзінамі

не перамераць,

патрэбы —

хвілінай

растуць наўкола.

Тысячы метраў,

што хлеба, паперы

не стала ў краіне,

не стала у школах.

Дні прабягаюць

разгорнутым строем,

а вораг ля ног

прытаіўся вужакай.

Прагульшчык

кідае

магутную зброю

ў час небяспечны,

у часе атакі.

Месца пустога

мы не пакінем.

Шумеце, каландры!

Ўзвівайцеся, пасы!

Ганьба

такому

Вырадку-сыну

нашай

вялікай

рабочае класы...

 

VII РВАЧ

Свой ціхі ён

і рвацкі такт

парывамі

не зменіць.

Захована

яго душа

глыбока

у кішэні.

Ён разважае

дзень і ноч

ірвацкай галавою,

што фабрыка

яму — адно,

а сам —

зусім

другое.

Калі ударнай

ў барацьбе

і быццам

што жывая,

Машына

просіцца на бег,

і рвач яе

трымае.

Пра дабрабыт

уласна сніць,

а там,

хоць гасні

сонца!

Спаборніцтва

перацаніў

сквапліва

на чырвонцы.

Гатовы

плакаць і маліць,

хвілінай кожнай

хныча:

— Расцэнку

ўтрое павяліч,

і выпуск

павялічу.

Не бачыць,

як гады бягуць

на шлях камуны

шпарка.

Ёп прадае

за ўласны густ

ідэю па кавалку.

 

 

VIII НЯДБАЙЦА

Гразь цісне,

гразь душыць

машыннае сэрца

і говар матораў

канае у глуме.

І быццам у моры,

абсыпаны смеццем,

нядбайна стаіць,

пазяхае ад суму.

Далёка шнайдэзы,

кіруйся ломам!

(Нічога сабе ў нядбайцы замена.)

Даволі

разваг,

савецкі Абломаў:

— Абы дацягнула

калекай да змены!

Выгнаць дашчэнту

дзікія здзекі

нам трэба

як можна

цяпер ў барацьбе,

машыну

любіць,

як чалавека,

як сябе.

Той пільнасці сцяг

высока ўзніме,

хто змычкі старыя

дашчэнту

спаліў,

каб сэрца машыны

ішло, як гадзіннік,

каб люстрам

накаты цвілі.

-------

Пяцігодка —

ў чатыры,

пяцігодка —

ў тры! —

лозунгам

будзе нашым.

Кінулі сілы

ўсе на прарыў

заводаў

ударныя маршы.

 

ІХ УДАРНАЕ

Наш поступ наперад — удар

і парадак,

мускулы клічуць

моваю простай:

рвацтва і глуму

разбіць барыкады,

з машынай

узяўшы сяброўства.

У творчым запале

час ідзе,

нават хвілін

не злічыш.

Праносіцца бурай

і ноч

і дзень

творчая пераклічка.

З поля камбайны

завуць варштат,

клічуць маторы

пас.

На плечы паклаўшы

сотні шахт,

заве наўздагон

Данбас.

Машыны пускаем

на ўвесь разбег.

Нікне, як дым, вярста,

потам заліты,

ударны цэх

пачаў бальшавіцкі

старт.

За кожным завулкам

вораг прыціх,

трымаючы нож

рукой.

Першым, здаровым

у бой прыйсці —

чуеш, у нас

закон.

Выбіць прагулы,

выбіць прастой,

змесці іх ўсе

сляды,

даць пяцігодцы

мільёны тон

нафты,

паперы,

Руды.

Ударнікамі

сталі мы

разбіць нядбайства

быт,

каб дні нашы

дынамілі

агнямі барацьбы.

Каб тэмпамі

мы новымі

ішлі наперакор,

пагодзім мы

размовамі

і сэрца

і матор.

Заняць,

каб так

змагацца нам

і смела ўдаль

ісці,

аванпасты

на фабрыцы,

аванпасты

ў жыцці.

 

Х

На штурм

каландры,

рохлы

пас!

На штурм

ідзі рука —

разбіць

пікеты шкоднікаў

гарматамі брыгад.

Нядбайцаў

выйшлі у паход

мы якасцю

пабіць,

каб між радкоў

калоў яго

наш бальшавіцкі

штых.

Да перамогі

блізка нам!

Ў атаку

скора час,

каб выйшла

камуністкаю

папера

у калгас.

Каб шкоднікі

заскрыгалі,

што ім канец

прыйшоў,

каб друкаваўся

прыгавар

на нашых

аркушох.

Каб так гарэў,

як порах,

запал

ударных рот,

пускай маторы скорым —

«Камуна ля варот».

 

 

ТАДЫ ПАЧЫНАЮ З ПАЧУЦЦЯМІ СПРЭЧКІ...

Калі забушуе

мятлюга і сцюжа,

дрыжаць ліхтары

і мігаюць, як свечкі,

і ветры кідаюць

ахапкі стружак,

тады пачынаю

з пачуццямі спрэчкі.

Тады я бяру —

распінаю самоту,

тады мне, што ветрам —

на вуліцы цесна,

тады я шукаю

на вуліцы ноты,

тады пачынаецца

песня.

І, можа, вы скажаце —

лішні мой жэст

часамі наіўны,

зусім не да месца.

Што зробіш?

Калі тады грудзі — аркестр,

а сэрца нервовы,

гарачы хармейстар.

Жаданні тады

скалануць і ахопяць

нястрымным разгонам

душы чалавечай...

Мне хочацца стаць

з камяніцаю поплеч —

такім жа высокім,

шырокім у плечах.

Цябе я даўно

і не помню, як выракся.

Словам, на працы

павінен расці я.

Чаго ж гэта ты,

непраглядная лірыка,

тонкія пальцы

кладзеш мне на шыю?

Ты плачаш,

што рана цябе я пакінуў,

табе без паэта

маркотна і цесна.

Пляваць, што чакае

такая дзяўчына

прыгодаў кахання

ў альбомныя песні.

Любоўны рамантык

цяпер я нягеглы.

Я гэтай рамантыкі

вырасту вышай.

Мне трэба, каб слова

падносіла цэглу,

а вершы ў альбом

і другія напішуць.

Я голую лірыку

выкіну ўночы,

Хай месяц

халодным агнём яе паліць.

Муляр-таварыш,

я твой, я — рабочы,

у нашай будоўлі

мы роўнымі сталі.

Высока стаяць

нам абодвум не страшна.

Ты клічаш мяне,

і выходжу я першым,

каб звонкіх паэм

і муроў неабсяжных

з табою узносіць

паверх

за паверхам.

 

АТАКА

Краіна не багата

прагульшчыкаў трымаць,

Што кінулі варштаты —

сіротамі стаяць.

Завод ізноў трывожна

Над горадам загуў...

Таварышы, не позна!

Атакай на прагул!

Мы тэмпамі высокімі

штурмуем дні свае.

Яшчэ гудок далёка,

а цэх ўжо анямеў.

Завод ізноў трывожны:

яшчэ далёка 100.

Таварышы, не позна!

Атакай на прастой!

Мацней гартуйце звенні

ударніцкіх брыгад.

З рукамі у кішэні

камуну не спаткаць.

Завод ізноў трывожны:

давайце больш падмог!

Таварышы, не позна,

Агонь па лятунох!

 

 

ПАРАДНЫ МАРШ

Ці ў бойках нам

заплакаць і сагнуцца.

Каму прысніцца

гэтае,

каму?!

Мы полымя

у бурах рэвалюцый,

і мы сыны

узнесеных камун.

Над рыштаваннямі

грымелі навальніцы,

над рыштаваннямі

хадзіла часам смерць...

Ці з пас хто лёг

пакорліва

і ніцма?

Ці хто стаміўся

працаю цяпер?

Завуць гады

на смелы,

пэўны крок.

Мы штурмамі гудкоў

краіну перастроім

і свой апошні

камень і парог

пяройдзем мы

надзейным строем.

Над краем новыя

пажары заняліся,

мы сэрцамі

пажары запалілі...

І мы змагаемся,

і гэтым ганарымся,

што першымі жыццё

камуне падарылі.

Мы знаем:

стрэнем маршы сонца

і жах вайны

бязлітасна прагонім.

Няхай наш Май

вядзе бясконца

сусветнай

арміі калоны.

 

 

СЛОВА У КАМСАМОЛЬСКІХ СПРЭЧКАХ (Прамова на Х з’ездзе ЛКСМБ 10 студзеня 1931 г.)

У бойках

за права

быць сынам камуны

мускулы б’юцца

у плане сустрэчным.

Дазвольце, таварышы,

вершам з трыбуны

слова ўзяць

ў камсамольскіх спрэчках.

Партыя знае

самых найлепшых,

партыя знае

самых здаровых.

Партыя кліча,

і мы ідзём першымі

з самай гарачай,

юнацкай кроўю.

Працуем мы там,

куды нас паставяць —

зямлю узнімаем,

капаем руду.

Таварышы!

Вельмі вялікая

справа —

праверыць сябе

на хаду.

Вялікая сіла,

мы ў творчым плане

кіруем пасамі,

нішчым прастой.

Мы бальшавіцкае

заданне

павінны выконваць

на ўсе,

на сто.

Загартаваным

у бойцы будзь.

Нішчы

нядбайства горы.

Мы выйшлі

слухаць уважна

пульс

кожнага матора.

І хіба мы

на паўдарозе станем,

калі так шугае

рухавік?

На парадку дня

ў нас першае пытанне —

барацьба за якасць

і за лік.

І з брыгад па цэхах,

і з брыгад

на полі,

адкідаючы гультайства

і ману,

Мы гаворым:

ты не камсамолец,

калі ты ўдарнасць

прамінуў.

Калі ты ад бойкі

ўцёк,

гультая ў сабе

не перамог.

Хіба так

змагацца за жыццё

нас бацькі

вучылі на франтох?

Мы — сыны барацьбы —

адкідаем параднасць

Час — гэта самыя

моцныя сродкі.

Камсамольцы выходзяць

ударным атрадам

ў вялікія дні

пяцігодкі.

Нас клікалі шахты —

мы далі ў шахты,

Нас клікала мора —

мы далі на мора,

нас звалі акопы —

мы далі у акопы

усюды сваіх

маладых і здаровых.

І вось, каб цяпер

пачаць пераклічку

творчых каморак

краіны нашай —

галасоў камсамольцаў

не пералічыш,

не перамерыш

і не ўзважыш!

З-пад зямлі

і з-пад гор —

камсамолец шахцёр,

майструе трос

камсамолец матрос,

на ліцейным — ваграннік

камсамолец ударнік,

на вучобу ідзе

камсамолец студэнт.

Такім не загадаеш —

стойце!

Энергія — шырэй

ракі.

Гэта растуць, ідуць

камсамольцы —

маладыя бальшавікі.

І калі б’юцца ў нас

творчыя жылы,

і, як байцоў,

і, як палітыкаў,

партыя нас навучыла

сябе правяраць

самакрытыкай.

І ўсе нашы дні,

стаўляючы ў строй,

праз бальшавіцкі вопыт,—

мы бачым самы

сапраўдны рост

знішчаем свае недахопы.

І павінен ведаць

камсамолец

у гэтыя рашаючыя

дні —

мала быць

ударнікам на полі,

трэба ведаць

поля арганізм.

Трэба ведаць,

што гарыць, што гасне,

дзе машынай ўзяць,

а дзе рукой.

А нас многа

сёння ў калгасе,

толькі мала ў ім

планавікоў.

Досыць нам работы

самапасам,

трэба свет

нанова пераліць!

Слухайце,

таварышы з калгасаў,

станьце

камандзірамі зямлі!

Каб ракой буяніла

пшаніца,

каб аўсы шумелі

навальніцай,

каб сцяной стаяла

канюшына,

каб была

нястомнаю машына.

Зямля кліча

новае механікі,

каб жыты

вазёрамі гулі.

Выхадзі,

камса-ўдарнікі,

на палі!

Каб агні ў нас

буянілі

ў маладых.

Спаласуем магістралямі

балоты,

мы спраўляем

новую кашулю.

Прэч, мяжа!

На балотах нашых забушуе

сенажаць.

Мы сваю краіну

перамералі,

ў цяжкім поце

мы пазналі толк.

Камсамольцы

сталі інжынерамі,

камсамольцы

на усіх франтах.

На рабоце

толькі нам

цвісці,

гартаваны мы агнямі

кожны.

Мы пасобім партыі

нясці

бальшавіцкі сцяг

непераможны.

 

 

КАВАЛІ

Мне сонца сёння — домна,

а цэх — мая радзіма.

Бі, молат, мнагатонны,

бі, молат, без спачыну,

 

Кавадла, будзь гартованым,

круціся, сталь, вужакаю!

Да выхаду гатовы мы

з касілкамі, жняяркамі.

 

Мы цвёрдымі калонамі —

рабіць прыйшлі не жартамі.

Хай дым і гар заслонаю...

Працуйце, вентылятары!

 

Кавалда, будзь гартованым,

круціся, сталь, вужакаю!

Да выхаду гатовы мы

з касілкамі, жняяркамі.

 

Жалеза хай іскрыцца,

хай вусны паліць жарам,

я тэмпы павялічу

на тысячу удараў.

 

Кавалда, будзь гартованым,

круціся, сталь, вужакаю!

Да выхаду гатовы мы

з касілкамі, жняяркамі.

 

Сюды мы прыйшлі ў поце,

і кожны працы рад.

Зрабіць у нас клапоты —

ударніцкім варштат.

 

Кавалда, будзь гартованым,

круціся, сталь, вужакаю!

Да выхаду гатовы мы

з касілкамі, жняяркамі.

 

Нам дзень важней за век,

калі бракуе часу.

Штурмуйце, ваганеткі,

вы будучыню нашу!

 

Кавалда, будзь гартованым,

круціся, сталь, вужакаю!

Да выхаду гатовы мы

з касілкамі, жняяркамі.

 

Мы дзень у дыме чорным

бярэм свае загары.

Запішам свае горны

у спісы камунараў.

 

Кавалда, будзь гартованым,

круціся, сталь, вужакаю!

Да выхаду гатовы мы

з касілкамі, жняяркамі.

 

 

ВЕЧАР

Пакуль пакаваў я

рыфмы да рэчы,

каб добрага зместу

і добрай шліфоўкі...

Аднекуль паціху

падкраўся вечар,

ці то ад Пярэспы,

ці то

з Камароўкі.

І думы з’іначыў...

І крыкнуў:

— Чакай!.

Ты вершы дапішаш

ў пакоі

і потым...

...І сінімі бырзгамі

сыпнуў трамвай,

што вёў да вакзалу

людзей і клапоты.

Прайшлі маладыя...

Любы да любага!

Манеўраным строем

і песню пачалі...

І вуліцы выйшлі

ў кашулях каўбояў

паслухаць,

як моцна

жыццё заспявала,

як рэха,

што пыл

узнімае граніты

і кружыць кварталамі

бесперабойна:

— Таварыш!

Краіну сваю

барані ты,

таварыш!

Рыхтуюцца

новыя войны!

Я бразгнуў па доле

рыфмованым глянцам,

я ў іх адшукаў

свой аблік

аўтагенны.

Сягоння мае дружбакі —

навабранцы

і сам я валодаю

стрэльбай не дрэнна!

А трэба —

мы сядзем

ў тачанкі,

на коні.

Мы знаем,

чакае нас

першая рата!

І, можа, таму

гэтак прагна сягоння

мы вучым —

гранаты,

каб біць — па гранатах.

Газетчык

пра Польшчу крычыць,

пра Кітай,

што нашага брата

кідаюць пад кручу...

Паслухай,

газетчык,

я сам прачытаў

і мне ўжо самому

да смерці балюча.

А вечар грыміць...

А вечар не змоўк...

І мчыць мне

па розных клавішах

пра стогны і енкі

маіх дружбакоў,

заходніх братоў

і таварышаў:

«І праўды той —

нідзе!

Жандар, дык ён

і гож!

І дзень у нас

не — дзень,

і дождж у нас

не — дождж

І праўды той —

няма,

пад звоны

ланцугоў

і дзень у нас —

турма

і дождж, нібыццам

кроў...»

Мне ж крыўдна,

што цяжка

рукою пасобіць

хапіць за гарляк

азвярэлага ката,

каб кінуць

і тлустасць яго

і вантробы

у тыя, што ён зладаваў,

казематы.

А вечар агні электрычныя

стругаў

і кідаў,

што зор,

залатыя прыгоршчы...

...Прамчаўся рамізнік

з даўжэзнаю пугай

і знік у завулку,

і змоўк яго

пошчак...

А з рогу,

аднекуль з каменных

узгоркаў:

— Слухайце!

Слухайце!..

Слухай...

Апошнія весткі

калгаснай прыборкі

радыё гойкнула

ў самае вуха.

— Хораша з сенам!

А з лёнам —

вузка!

Планаў няма.

Падыход стыхійны!

...Гэта зусім ўжо

інакшая музыка,

чымся «Танго»,

што ад пражскіх

радыйніц.

Так.

Поспех прыборкі

мацней за віно,

мацней за «Танго»,

што буяніць і пеніць...

...Вечар згасаў.

Надыходзіла ноч

прыходам да фабрык

трэцяе змены.

 

 

У НОВЫ ГОД

У горадзе вялікім,

разгоне нястрымным,

у маршах ударных

рабочых рот

чуеш, як б’ецца

ў целе краіны

савецкай індустрыі

кроў.

 

Чуеш, як гулка

ад сотняў станцый

пад цемрай адвечнай

паліць агні

выйшла на сцэну

электрыфікацыя,

памножаная на камунізм.

 

Гэта яна

гэтак мужна ўстала

сілаю рэчак

і балатоў.

Як грозны суровы прысуд

капіталу,

рукой дапамогі

нашым братом.

 

І дарэмна рыхтуе нам кулі

кат,

каб наша святло

гасіць.

Ты вырасла,

наша рэспубліка,

на многа мільёнаў

сіл.

 

Ты вырасла,

наша рэспубліка.

на шмат мільёнаў

рук.

Ты вырасла,

наша рэспубліка,

на новыя тысячы

труб.

 

І выйшлі мы

непакорнымі,

і пройдзем мы

свой паход.

Ты скончыў

работу чорную,

рашаючы трэці

год.

 

І вось у твае разлічыны

чацвёрты да нас прыйшоў,

і на табе —

цэмент у Крычаве

і ў Магілёве

шоўк.

 

І на табе —

сонца арэскае,

завецца яно —

Асінбуд,

і на табе —

хлеба палескага,

яго колькі хочаш

тут.

 

На новы мы лад

настроены,

далёкі

ад курных хат.

Дамы,

што палацы,

будуе нам

Бабруйскі камбінат.

 

І мералі вас

на адсоткі

і фабрыкі і зямля,—

каб пэўнай

расла пяцігодка —

наш бальшавіцкі

план.

Мы ведаем —

прыйдзе багацце,

нябачаны ўмалот,

як ты падсумуеш

працу,

чацвёрты, заключны год.

 

І ў новых тады стасунках

узніме фашыст

выццё,

і мы падаб’ём рахункі

за нашых братоў

жыццё.

 

А пакуль усё

перамер ты.

І маршам

ударных рот

страчайце,—

прыйшоў чацвёрты,

чацвёрты заключны год!

 

 

НА ПАГРУЗАЧНАЙ

Сонца жоўты камок

піў балотную вільгаць,

і выростала пара

ад тлустай зямлі...

Сабіраліся хмары,

як паводкаю крыгі,

вечаровае поле

дажджамі заліць.

Мы ж насілі кашы,

пакаваныя торфам,

з-пад нажоў фрэзероўкі

на каменны перон,

насыпалі вагонкі

аж па самы коптар

і пускалі па тросу

на яду бункяром.

А за гоні ад нас

праз кусты і лагчыны,

дзе вусы распусціла

крывая антэна,

забаўляла гармонікам

свой адпачынак

каля новых баракаў апошняя змена.

І да нас далятала

з-за далёкае вербы

ў пераборах баяна

гаворка на яць:

— Сербі...

Сербі...

Сербі...

яна...

Сербі...

яначка мая...

І здавалася нам:

мы цягалі кашамі

скібы сонца

і торфу,

бо было гарачэй...

Мы дарылі жыццю

маладосці экзамен,

каб пылала япо

як мага ярчэй.

Таму сведкаю трос,

па якім несупынна,

быццам чорныя гусі,

праплывалі ракой,

беглі з торфам вагонкі,

і круцілі машыны

(перайшоўшы агні)

электрычнай рукой.

З нас лілася вада,

што завецца потам,

ды свяцілася соль

па плячох у нас.

А над лесам гудзелі,

раўлі грымоты,

раскідаючы ў полі

шалёны бляск.

Вось тады падышла

камсамолка Ганна

і сказала:

— Андрэ! Ну, давай руку,

навальніца пужае

нас вельмі рана,

нам з табою работы

цэлы кут!

І гудзелі вятры,

узнімалі віхор

ды пляваліся кроплямі

дробнага граду.

Мы ж насілі ў кашох

фрэзерованы торф

і ўдарна спрачаліся

нашы брыгады.

Мы не ведалі працы

ўпартай такой,

нават кожны кашулю

ад сябе адкінуў,

каб, як чорныя гусі,

праплывалі ракой,

беглі нашы вагонкі

да матораў машыны.

 

 

ПАГРАНІЧНІК

Каб СССР спакойна

Мог будаваць і жыць

Чырвоны пагранічнік

Стаіць на мяжы.

Ў лясох непераходных,

Дзе толькі вые звер,

Чырвоны пагранічнік

Вартуе СССР.

І ў стэпах несканчоных,

Дзе так вятры пяюць,

Вартуе пагранічнік

Рэспубліку сваю.

На морах, рэках, горах,

На кожнай мяжы

Вартуе пагранічнік

Свае рубяжы.

Калі ж узніме вораг

Па СССР агонь —

Чырвоны пагранічнік

Адкіне яго.

Мы ж не дамо рэспубліку

Каб знішчыў газ,

І клікне пагранічнік

Пасобіць нас.

І будзем дружна разам

Мы ворага біць

За СССР сусветны

Без межаў і граніц!

 

 

ПЛЫТНІКІ

З пагуркаў каціліся бёрны,

акуналіся вадой,

толькі рэчкай

гул усплёсканы ішоў...

 

А плыты раслі,

прычаленыя да берага ўздоўж,

стогадовымі соснамі лёгшы

на дужыя спіны дубоў.

І тады над прылівамі хваль

ледзь прыкметна гайдалі,

быццам шлях свой далёкі

пачыналі ўжо...

 

І калі на апошніх

ліповыя скрэпы

звязалі і пад хойкай плывучай

загарэўся сцяжок —

тры вядры аж па коптар

язёў наварылі

і пасталі плытнікі

з лыжкамі кругом...

 

Позна ж на вячэры,

узмахнуўшы крыллем,

песня памчала

проста над Дняпром.

Першы раз так летам

гаманіла прыстань,

першы раз так выпала,

што ніжэй травы

тры разы схіляўся

перад гарманістам,

просячы «Лявоніху»,

стары старнавы.

 

А назаўтра раніцай,

яснаю і роснай,

плытнікі, паціснуўшы

на доўгія багры,

павялі на поўдзень

і дубы і сосны,

дзе чакаюць фабрык

гулкія двары.

 

 

КЛІЧ НАРОДНЫ

Беларусь, сястра з заходу,

Чуцен кліч твайго народу,

Ты паўстала для расплаты

З крывасмокамі-панамі.

Ліхвярамі,

Махлярамі.

 

Не пачуеш жальбы слёзнай,

Гнеў твой смелы, гнеў твой грозны,

Гнеў магутны, навальнічны.

Ты пад штандарам чырвоным

Аж да скону

Б’еш карону!

 

Б’еш касой, сякерай вострай,

Каб жылі бацькі і сёстры,

Каб пазбавіцца навечна

Долі горкае, лапцюжнай,

Б’еш ты дружна,

Б’еш ты мужна!

 

Ты, народ, прагоніш катаў,

Прэч з уласнай, роднай хаты,

Аб’яднаешся з сястрою!

А не ўзяць панам ніколі

Вашай долі,

Вашай волі.

 

Каб жа знішчыць панства злога —

Мы прыйшлі на дапамогу.

Нам ніхто цяпер не страшны,

Знаем добра — перамога

Будзе ваша,

Будзе наша!

 

 

1941 ГОД

Колькі гіне людзей

на свеце,

Колькі кінута сіл

на звод!

Толькі мы,

як заўсёды, сустрэцім

Па-святочнаму

Новы год.

Год стары

адыходзіць з пашанай.

За яго мы ўздымаем

тост!

Пяць рэспублік —

сясцёр адданых —

Узвышаюць

радзімы рост.

Узраслі мы

на сушы і моры,

А для ворага скажам:

— Знай!

На Балтыйскім

стаяць лінкоры,

І не дрэмле

сівы Дунай.

Самі знаем,

што многім прысніцца,

Праканаліся

ў тым не раз,—

Наша нафта

і наша пшаніца.

Толькі наша —

яно для нас!

Мы багаты яшчэ

і на порах,

Нагатове

і танкаў строй,

Нават неба

дрыжыць ад матораў...

Вось на сэрцы таму

спакой.

З мудрым словам,

як быццам з паходняй,

І між мораку бур

відно.

Сабярэмся, таварышы,

сёння,

Сорак першы

глядзіць у акно.

Сядзем разам

І ёлкі засвецім,

Вып’ем чаркі

за горды народ!

Хай жа нашы

шчаслівыя дзеці

Свой вясёлы вядуць карагод!

 

 

ЛЫЖНІКІ

Перад намі белы дол,

Снег пад лыжамі рыпіць,

Шлях прасторны навакол...

Слаўна лыжнікамі быць!

 

Мы праносімся стралой,

Аж мільгаюць у вачах

То сувеі над ракой,

То кусты па раўчуках.

 

А прарваўшы гушчары,

Прамінуўшы звонкі бор,

Мчым з высокае гары

Злым вятрам наперакор.

 

Перайшоўшы дальні шлях,

Адчувалі мы не раз —

Папрасторнела ў грудзях,

Завастрыўся зрок у нас.

 

Ясна ўсім —

На лыжы стаў,

Будзеш ведаць хутка сам —

Не для ўцехі і забаў

Лыжы дадзены байцам.

 

Па завеях снегавых,

Як пакліча грозны год,

Мы на лыжах баявых

Возьмем ворага ў абход.

 

 

МАТРОСЫ

Пра флот,

Пра наша мора

Мы слухалі не раз,—

На крэйсеры «Аўрора»

Таварыш ёсць у нас.

 

Праводзілі мы з вёскі

Антона юнаком,

А ён вярнуўся з войска

Адважным мараком.

 

Былі мы вельмі горды,

Як ён размовы вёў

Пра слаўныя паходы

Савецкіх караблёў.

 

Як, ломячы ільдзіны,

Спаўнялі свой загад,

Як беглі белафіны

Пад грозны гул гармат.

 

Праходзілі таросы,

Знішчалі іх нашчэнт,

Бо нашыя матросы

Найлепшыя на свет.

 

Не засланілі сцюжы,

Ні міны пэўны шлях,—

З іх кожны целам дужы

І здольны у баях.

 

Мы знаем, строй флатылій

Мацнее з году ў год!

І самі мы рашылі

Пайсці ў чырвоны флот.

 

Пайсці на абарону

Савецкае зямлі,—

Таварышу Антону

Мы слова ў тым далі.

 

Каб лепей спадзявацца,

Што возьмуць на мары —

Мы сталі рыхтавацца

Адразу з той пары.

 

Плывём без перадышкі

Па некалькі гадзін,

То ластаўкамі з вышкі

Мы скачам як адзін.

 

На чоўнах мы заўзята

Праносімся стралой,

Мы ходзім па канату

Над самай глыбінёй.

 

З няшчасця добра самі

Умеем ратаваць,

Вайсковымі сцяжкамі

Сігналы падаваць.

 

Мы не баімся зморы,

Ні розных перашкод —

Таварыша з «Аўроры»

Чакаем цераз год.

 

Хай скажа не на жарты,

Ці добра мы раслі?

Ці здольны мы,

Ці варты

Ісці на караблі?

 

 

ПАМЯТКА

Я не верыў ладанкам ніколі,

Але ўсё ж,

Калі пайду на бой,

За гумнішчам у жытнёвым полі

Горстачку зямлі вазьму з сабой.

Можа, часам дзе на адпачынку,

Расхінуўшы памятку цішком,

Прыгадаю з радасцю хацінку,

Двор у ліпах

З нізкім журавом.

Можа, там у памяці спаткаю

На світанку веснавога дня

Дзеўчыну, каторую кахаю,

Хоць аб тым

Не ведае яна.

І тады,

Каб хлопцы не пачулі,

Адшукаю схованы ў кусту

Цвет рамонак,

Не крануты куляй,

І ласкава ў косы запляту.

Зноў зямлю далонямі сваімі

Прыхіну, а думка агарне,

Што сябры

Далёка на радзіме

Недзе ўспамінаюць пра мяне.

Свой паклон у месцы дарагія

Накажу вандроўнікам-вятрам:

Кожную крупінку перамыю

Я крывёй,

А ворагу не здам!

 

 

ГАЛУБЫ

Нас пяцёра ўсіх сяброў —

Мы разводзім галубоў.

 

Для прыгожых летуноў,

Што пяюць: вур-ку... вур-ку...

Кожны скрыначкі завёў

У сябе на чардаку.

 

Раніцой, як сонца ўсход,—

Варкуны ідуць ў палёт,

Узляціць увысь,

Як бач,—

Ці то просты,

Ці трубач.

 

Толькі відны кропкі нам,

Што як мятлікі плывуць...

Ці як часам турман там

Дасць круга праз галаву.

 

Кожны з нас глядзець гатоў

Дзень за лётам галубоў.

———

Раз паехаў наш Пятрок

У бліжэйшы гарадок.

Ён прасіў нас, каб паўднём

Пад яго прыйшлі мы дом.

 

— Сёння,— кажа,— вас адна

Там чакае навіна.

 

Развітаўся з намі ён...

· · · · · · · · · · · · · · · · · · ·

Вось прыйшоў

І той паўдзён.

Мы на прызбе ўсе сядзім,

На ягоны дом глядзім,

Хоць бы што,

Нібы знарок...

Падмануў, відаць, Пятрок.

 

Раптам сумнівам канец!

Бачым мы —

Ляціць ганец,

Пад імклівым галубком

На назе шнурок з кальцом.

 

Здабылі кальцо мы ўміг

І знайшлі пісьмо для ўсіх:

«Пасылаю вам здалёк

Прывітанне.—

Ваш Пятрок».

 

 

ПЕРШЫ ПРЫЗ

Быў я ў Мінску першы раз,

На скачкі паслаў калгас.

 

Заявіўся я з канём

На вялізны іпадром.

 

Праз мінуту быў парад...

Еду з коннікамі ў рад.

 

Праскакалі мы кругом,

Сталі роўненька, ладком.

 

Заіграў аркестр,

Як гром,

Узмахнуў старцёр

Сцяжком!

 

На адну з блізкіх застаў

Я наважыў —

І памчаў.

 

І, як коннік-піянер,

Ўміг узяў адзін бар’ер.

 

Я на выскачкі пайшоў,

Пераскочыў цераз роў...

 

А пасля як шугану

Праз каменную сцяну,—

 

Ні цагліны, ні шнурок

Не крануў на валасок.

 

Скончыў я,

На месца стаў.

Хтосьці голасна сказаў:

— Піянер на справе спрыт,

Будзе слаўны ён джыгіт!

Заіграў ў трубу гарніст...

Старшыня падаў мне прыз.

 

 

ПЕРШАЯ СПРАВА

З лесу да лесу

калгасная вёска

Кліч пераносіць,

падхоплены жвава:

Лесапіленне

і лесаадвозка

Сёння ў рэспубліцы —

першая справа.

Вёсны.

Заняты пасевамі хлеба.

Звозім у свірны

праз доўгую восень.

А нашай радзіме

такая ж патрэба

Многа мець дубу,

і грабу,

і сосен!

Радасна нам —

з беларускага бору,

Годна драўніна,

куды ні паставіць:

З ёю высока

ўзлятаюць маторы,

З ёю ідуць

караблі

акіяніць!

Ясна адно —

матэр’ял адмысловы.

Многапатрэбны

для новай будовы;

Варта ж успомніць

і рэчы малыя —

Столікі, шафы

ці крэслы якія!

Гэта ж

вядомыя ўсім разуменні.

Наш абавязак —

калгаснымі сіламі,

Добра з’яднаўшыся

ў дружныя звенні,

Выйсці у пушчы

з вострымі піламі.

Наш абавязак

імкнуцца наперад

Скончыць работу,

што вельмі наспела —

Хай між сабою

гавораць сякеры,

Каб аж над голлямі

рэха гудзела.

Потым здабыткі

сабраць мы павінны,

Сані і кары

накладываць спорна,

Каб па аснежаных

зімніх пуцінах

Бесперапынна

каціліся бёрны.

Хай жа

барамі ідзе пагалоска

Кожнай брыгадай

падхопіцца жвава:

Лесапіленне

і лесаадвозка

Сёння ў рэспубліцы —

Першая справа!

 

 

НАША ГАСПАДАРКА

Разраслася шпарка

Наша гаспадарка.

Пад паветкаю адной

Шмат у нас багацця,—

Два трусы жылі вясной,

А цяпер дванаццаць.

 

Бегае між матак

Многа трусянятак —

Трусяняткі быстрыя,

Белыя, пушыстыя.

 

Мы гадуем статак свой

Дружнай грамадою —

Сёмка ходзіць за травой,

Грышка за вадою.

 

Мые, чэша — Ганка,

Пасвіць гоніць — Янка.

Скача шмат трусят малых

Белымі клубкамі...

Скора будзе столькі іх,

Што не злічым самі.

 

 

МАХАЕДЫ

Было яно з даўніх часоў,

Такое месца на Палессі —

Туды з вясны да маразоў,

Каб як хацеў, не дабярэшся.

 

Аб краю змрочлівым сваім

Ніхто, ніколі там не ведаў,

Адно было вядома ім,

Што вёску звалі Махаеды.

 

Ні добрай нівы, ні травы,

Ані дарогі выйсці ў людзі,—

Багнішча, твань і паплавы

Са ўсіх бакоў сціскалі грудзі.

 

У Махаедах чалавек

Не ведаў радасці ніколі,

Як нараджаўся, дык навек

Прымаў у спадчыну нядолю.

 

Губіла трасца з ранніх год,

Каўтун зліваўся карыною.

Зямля давала недарод,

Запаланёная багною.

 

Не мог узняць ад стомы рук

Забіты горам паляшук.

 

Сяўба.

Наладзіўшы плыток —

Каня паставіць з бараною;

І з астраўка на астравок

Плыве галоднаю вясною.

 

А што сабраць з пустэчы мог?

Адмокне ўсё.

А скрозь адзіны

Займецца толькі горкі мох...

і Махаеды з той прычыны.

 

Гібела вёска ў дні свае,

Адкуль было ратунак стрэціць?

I свет не ведаў пра яе,

Яна ж не ведала аб свеце.

 

Бяжыць прасторлівая гаць

Паміж нізін,

Паміж узлесся...

Ніяк цяпер не адшукаць

Такога месца на Палессі.

 

З былым пакутніцкім жыццём

Мінулі жудасці і беды;

Багаццем славіцца кругом

Калгас у вёсцы Махаеды.

 

І дзіўна,

Восеньскай парой,

Там, дзе было заўсёды пуста,—

Каноплі ў сажань вышынёй

І па вядру качан капусты.

 

Там сад

І нават вінаград,

Як меддзю жыта налітое...

Але яшчэ прастораў шмат

Пад забалочанай зямлёю [...]

 

А працы й тэхнікі саюз

Пакорыць дзікія балоты —

Уся выходзіць Беларусь,

Бярэцца дружна за работу.

 

Пятнаццаць год.

Дрыгвы нідзе

Не застанецца нават следу...

І сыдзе з памяці людзей

Нядоля вёскі Махаеды.

 

 

МАЛЫЯ САДОЎНІКІ

У Юрыка і Наты

Заўсёды працы шмат, —

Пад вокнамі ля хаты

У іх маленькі сад:

 

Тры яблыні налівы,

Пяць сёлетніх шчапоў,

Дзве грушыны,

дзве слівы,

Сем ягадных кустоў.

 

І дзеці вельмі рады,

Што ўжо чацвёрты год,

Як гэту даў параду

Калгасны садавод.

 

Няздарма Ната шчыра

Упэўнена сама —

Такіх,

як дзед Няміра,

На свеце больш няма.

 

Не раз ён сам праверыў

Прышчэпы,

каб раслі...

Расла дзічынка,

Бэры —

З ім разам прывілі.

 

Садоўніку прыемна

На сэрцы адчуваць,

Што вучні так старанна

За дрэвамі глядзяць.

 

Стаіць садок прыбраны.

Вясновая пара —

Сухое пазразана,

Пабелена кара.

 

Ідуць між дрэў паволі

Малыя,

З імі дзед —

Глядзяць, што ўжо на голлі

Успыхнуў белы цвет.

 

 


1926-1941

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9-ці т. Т. 1. Вершы. Паэмы, 1926-1941 /Прадм. М.Яроша.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 25-162, 303-413
Крыніца: скан