epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

З паэмы "Мінск"

ТРЫ СЛУПЫ ІМПЕРЫІ
ТАК КІРАВАЛІ ТАДЫ ГУБЕРНАТАРЫ
БЫЛА НЯМІГА ПЕКЛАМ
ПЛЫЎ ВЕЦЕР ЧАРНАСОЦЕННЫ
ПАЛІЦЭЙСКАЯ ЁЛКА
ВЫРАСТАЛА СВЕТЛАЕ ЖЫЦЦЁ
КАЛІ ПАЧЫНАЕЦЦА ТОЛЬКІ ДЗЕНЬ
  * * *


 

ТРЫ СЛУПЫ ІМПЕРЫІ

Так было указана

Царскаю рукою,

Што дружна ў самым цэнтры,

Каб кожны бачыць мог,—

Тры слупы імперыі

Стаялі для спакою —

Цэрква, губернатар і астрог.

 

І ўсе яны палалі

Адвагаю адменнай

Цару, панам на славу,

А ворагам на страх,—

І цэлы дзень да вечара

Хісталіся праменні

На шаблях фараонаў,

На кратах,

На крыжах.

 

А далей навокал,

За гэтым светлым раем,

Другое пачыналася,

Іначай там жылі,

Хаціны аднавокія

Пакутніцкіх ускраін

Сіротамі стаялі,

Прыпаўшы да зямлі.

 

Газніцамі мігалі

Прытулкі-муравейнікі

З жандарскага дазволу

Да пэўнае пары...

Так жылі

Ускраіны пакутныя насельнікі,

У горадзе ж,

у цэнтры,

Гарэлі ліхтары:

 

Пры доме губернатара,

Дзе балявалі позна,

Пры доме,

Дзе Хрыстова была заўсёды

Кроў,

Пры варце імператарскай,

Каля варот астрожных,

Пры ганках,

Дзе за грошы куплялася любоў.

 

Бо так было указана

Царскаю рукою,

Што дружна ў самым цэнтры,

Каб кожны бачыць мог,—

Тры слупы імперыі

Стаялі для спакою —

Цэрква, губернатар і астрог.

 

 

ТАК КІРАВАЛІ ТАДЫ ГУБЕРНАТАРЫ

Было ў гэтым горадзе

Ўсё для багатага —

Паркі,

палацы,

Дамы і пляцы.

Так кіравалі тады

Губернатары,

Так кіравалі

Паны і купцы.

 

Для іх вырасталі

Зялёныя дрэвы,

Для іх бегла рэчка

Іскрыстай вады,

Для іх і вясна

Рассыпала напевы,

І белым агнём

Зацвіталі сады.

 

І калі ўночы

Гудзелі кавярні,

Святлом заліваўся

Вясёлы бар,—

Цягнуўся рабочы

З смуроднай гарбарні

У брудны завулак

Пякельных Кашар.

 

Там цёмна было,

Бы ў сапраўдным астрозе,

І вуліца чэзла,

Знікала штораз.

Ён браў, як бар’еры,

Равы на дарозе,

Па самыя грудзі

У багнішчы вяз.

 

Па швах раздаваўся

Апошні абутак,

Зямля прыліпала

Да змучаных ног...

І так перасіліўшы

Шляху пакуты,

Нарэшце ён бачыў

Знаёмы парог:

 

Страху,

Падвязаную жгутам, вяроўкай,

Хаціну, дзе вокны

Тырчалі без шыб,

Прытулак, які ён наймаў

За рублёўку,

Які яго вечна хваробай душыў.

 

А там, дзе палацы,

Кавярні і бары,

Дзе царскія служкі гулялі,

жылі, —

Ля светлых парадных

Стаялі швейцары

І гнуліся проста

Да самай зямлі.

 

Праходзілі там

Кішанямі багатыя —

Главы губерніі,

Града айцы...

Там кіравалі тады

Губернатары,

Там кіравалі

Паны і купцы.

 

 

БЫЛА НЯМІГА ПЕКЛАМ

Крані, дык абакуліцца,

Не ўстане болей зноў.

Усюды звалі вуліцай,

А быў смуродны роў.

 

Ад рання і да рання

Галодныя раты —

Пякельнае прыстанне

Яўрэйскай беднаты.

 

Пакутавалі з дзецьмі,

Клялі душу сваю,

Быў шчасцем селядзец ім

У шабас на сям’ю.

 

І калі надта горна

Рабілася парой,

Скараліся пакорна,

Шапталі: «Адыной»...

 

Але вячэрай добрай

Бог частаваць не звык,—

Па вуліцах харобры

Гуляў гарадавік.

 

Ён — наглядач удалы

Парадку і дабра,

Ён ладзіў, каб кавалак

Апошні іх забраць.

 

І прадстаўнік ад неба —

Дарогаю чмутной

Прыходзіў ціхі рэбэ,

Маліўся: «Адыной»...

 

Маліўся, рукі ўзносіў

Адзінаму айцу...

Сам думаў, каб жылося

Багатаму купцу,

 

Каб зносілі ўсе здзекі

Галодныя раты...

Была Няміга пеклам

Яўрэйскай беднаты.

 

 

ПЛЫЎ ВЕЦЕР ЧАРНАСОЦЕННЫ

Раней

Па канцылярыях употай гаварылі...

Калі ж быў ход азначаны

І ўсе рахункі скончаны,—

Тады і пачыналася:

Ва ўсе званіцы білі,

Плылі крыжы з харугвамі,

Плыў вецер чарнасоценны.

 

З партрэтам імператара

Паход іх смела рушыў,

І вуліцай кацілася

Суровае маленне,—

Так грозна праваслаўныя

Ў руках няслі Ісуса,

З дубінкамі пад світкамі,

З каменнямі ў кішэнях.

 

Бяда ішла Нямігаю,

Што мусіла схіліцца ім,

Ад злосці калаціліся

Царкоўныя званы,—

І першы забіяка,

Аплочаны паліцыяй,

Крычаў гугнявым голасам:

— Яны!

Яны!..

Яны!..

 

І дарма закрывалася

Няміга глуха стаўнямі,

Каб ад вачэй дзіцячых

Схаваць хоць гэты жах,

З-за боскіх абразоў,

Што неслі «праваслаўныя»,

Грукала каменне

Па вокнах, па людзях.

 

І вуліца займалася

Чырвонаю бялізнаю,

Бо слёзмі і крывёю

Дашчэнту была змочана...

Над Мінскам,

Над Нямігаю

Смяротны і бязлітасны

Плыў вецер чарнасоценны,

Плыў вецер чарнасоценны.

 

 

ПАЛІЦЭЙСКАЯ ЁЛКА

А потым, калі справа

Па іх была ўжо чыстай,

Папы благаслаўлялі

анец святой вадзіцаю.

І ў лепшай зале горада

Спраўлялася ўрачыстасць

Ёлка з падарункамі

Для ўсіх чыноў паліцыі.

 

Кружылі таўстазадыя

З бліскучымі плячамі,

Усе пад медалямі

Згіналіся ў дугу;

Гарадавыя, стражнікі

Матлялі «селядцамі»,

Сам губернатар бавіўся

Ў іх радасным кругу.

 

Вось гэта

Адпачынак быў:

І катам, і жандарам

Віно купцы падносілі

Ў пазлочаных каўшах.

І простая ялінка

Стагнала пад цяжарам

Запаленыя свечкі

Трымаючы ў руках.

 

Малодшым па дзесятцы

Давалі там на памяць,

Бо будуць паслухмяныя,

Калі паклічуць зноў,

І ніжнія чыны

З бараннімі вачамі

Хадзілі карагодам

Каля святых агнёў.

 

Быў Аннаю на шыю

Узнагароджан прыстаў,

А спраўніку паднесены

агатыя дары.

Так

Пасля бруднай справы

Спраўлялася ўрачыстасць,

Скакалі кругом ёлкі

Да самае зары.

 

 

ВЫРАСТАЛА СВЕТЛАЕ ЖЫЦЦЁ

Знікла ўсё ранейшае,

Толькі — успаміны.

І шугала полымя,

Мчаўся буралом,

Як праходзіў

Тройчы горад праз руіны,

Пакуль сцяг чырвоны

Не заняў чало.

 

Адышоў адзін вал,

І другі,

і трэці —

А прыйшоў рашучы —

Перамог нашчэнт.

Заспявалі горадам

Чырвонаармейцы,

Узняліся ўскраіны

Па варожы цэнтр.

 

А за іхнім цвёрдым

Пераможным маршам

Вырастала

Шчасце матак і сясцёр,

Вырастала

Ясная будучыня наша,

Вырастала

Светлае жыццё.

 

 

КАЛІ ПАЧЫНАЕЦЦА ТОЛЬКІ ДЗЕНЬ

Калі пачынаецца

Толькі дзень

І сонца ад краю

Свой значыць шлях,

Горадам

Бойкі гоман ідзе,

Вуліцы,

пляцы —

Усе на нагах.

 

Трамваі выходзяць

На першы рэйс,

Спяшае рабочы

Хутчэй на завод,

Са станцыі

Хуткі адходзіць экспрэс,

З ангараў —

Машыну стартуе пілот.

 

І бачыш,

рабочы

Прымае варштат,

Спартсменаў

Паклікаў судзейскі свісток,

Дашкольнікі

Гуртам бягуць у сад,

Студэнтаў збірае

Лекцыйны званок.

 

Палаты абходзіць

Свае тэрапеўт,

Над вострым ланцэтам

Сагнуўся хірург,

З друкарань

Выносяць пакункі газет,

Рабочыя вуліц

Майструюць брук.

 

Краўцы ажывілі

Электрапрасы,

Касіры заселі

За вокны кас,—

Так узнімаецца

Тысячай сіл

Нашай сталіцы

Ударны час.

 

А вечарам

Лямп электрычны пажар,

Аркестры выходзяць

На першы план,

 

Звініць маладосцю

Зялёны парк,

У кіно занімаецца

Белы экран.

 

Гараць магазіны

Агнямі вітрын,

Над горадам

Радыёпесні стаяць.

 

Калі ж суціхае

Бурлівая плынь,—

Збіраецца вечарам

Дома сям’я...

 

 

* * *

Другая часіна

Над намі ўстае,

Гады ўжо магутныя

Сілы нясуць.

Жывеш ты, сталіца,

І людзі твае

Асілкамі думак і волі

Растуць.

 

 


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9-ці т. Т. 1. Вершы. Паэмы, 1926-1941 /Прадм. М.Яроша.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 202-210
Крыніца: скан