epub
 
падключыць
слоўнікі

Пятрусь Броўка

З паэмы "Так пачыналася маладосць"

СХОДКА НА РЭЧЦЫ
У ПАДПОЛЬНАЙ ДРУКАРНІ
РАСЦЕ ЧЫРВОНЫ ФРОНТ
  * * *


 

СХОДКА НА РЭЧЦЫ

Вецер дзьме шалёны,

Дрэвы нібы ў трасцы,

Хвалі узнімаюць

Свой вар’яцкі шум...

Самая пагодка

Ў чоўне прагуляцца,—

Сцюжа забіраецца,

Ранячы душу.

 

Дзе ж такой часінай

Маладым падзецца?

Хіба йсці на ложак

Заваліцца спаць?

Грай жа, чортаў вецер!

Данімай да сэрца!

Сёння камсамольцы

Едуць пагуляць.

 

Каб ляцелі пырскі

У разгоне прыткім

І кружыла з песень

Хмелем галава,—

Хай там за фіранкамі

Кіснуць гімназісткі,—

Камсамольцам сёння

Човен падавай!

 

Дзе ж вальней параіцца,

Дзе ж вальней сустрэцца?

Самая часіна

З бурай ваяваць.

Адплывае човен

Па крутлявай рэчцы,

Іх пяцёх сабралася

Ў чоўне пагуляць.

 

І бунтуюць хвалі

Снегавою пенай...

Толькі хвалям вёсел

Хлопцаў не стрымаць.

Застаецца горад

У імжы асенняй,

Сіратліва коміны

Ў шэрані стаяць...

 

І ўжо полем ходзіць

Апантаны вецер...

Больш нясцерпна твары

Распякае золь.

І прыўзняўся першы:

— Хлопцы, паглядзіце!

Хоць мы і смяемся,

А на сэрцы боль.

 

Мы цяпер далёка

Адплылі ад згубы.

Хлопцы, досыць смеху,

Будзем гаварыць.

Толькі знайце тайну,

Каб знямелі губы.

Мы ж для калектыву

З гэтае пары.

 

Добра, што паспелі

Сёння тут сабрацца.

Маю я на мэце

Вам паведаміць:

Партыя ў падполлі

Разгарнула працу.

Мы ж павінны партыі

Працай пасабіць!

 

На змаганне клікаць

Маладых рабочых

Супроць акупантаў

І супроць папоў...

І гарэлі ў хлопцаў

Агнявыя вочы,

Бунтавала ў грудзях

Маладая кроў.

 

— Знайце ж канспірацыю...

І працуйце сцісла...

Каб ні слова гадам,

Пападзеш калі...

І, здаецца, з ветрам:

Вылятала Свіслач,

Буйнаю паводкай

Мчала на палі.

 

— Будзе ў нас патрэба —

Мы збяромся зноўку...

А цяпер за працу

Як мага раней.

Трэба йсці у масы,

Працаваць па тройках...

Яўка на кватэры

Будзе у мяне.

 

Мы ж павінны ведаць —

Перамога скора.

Хутка нашай зоркай

Запалае свет...—

Засядаў на чоўне

Сярод хваль суровых

Першы камсамольскі

Мінскі камітэт.

 

Узнімаў гамонку

Там адзін... другі...

Вырасталі плечы

Пад кашуляй мулкай,

Быццам уставалі

Гнеўна берагі

І грымелі скалы

У разгоне гулкім.

 

Нарастала бура,

Стала ў чоўне цесна.

Як стрымаць, не знаўшы,

Пачуццё сваё,

Дзеўчына сказала:

— Хлопцы, дайце песню,

Хоць на ціхі голас

Песню запяём...

 

Ружавелі твары,

Як чырвоны мак,

І яснела ў полі

Дзікая пагода.

Узляцеў,

як сокал,

Наш сусветны марш,

На прасторы ўзвіўся,

Як вяшчун свабоды.

 

Ён на горад мчаўся,

Ён ляцеў на вёскі,—

Дзе бізун жандара,

Дзе расстрэл і здзек...

То спяваў на чоўне

Сэрцам камсамольскім

Першы і падпольны

Мінскі камітэт.

 

Камсамол не знае

Ні тугі, ні суму,

Камсамольскім сэрцам

У сцюжу не астыць.

Заспявалі дружна,

І ляцелі думы

Недзе там за Мінскам,

Дзе стаяць франты.

 

Армія Чырвоная —

Першая у свеце

Выйшла на рашучы

І астатні бой.

Б'юцца камсамольцы-

Чырвонаармейцы,

Б'ецца ўся Рэспубліка

І гарыць крывёй.

 

Яны знаюць добра —

Перамога блізка...

Яны йдуць наперад

З баявым штыхом...

У лясах бясконцых,

У тайзе сібірскай —

Б'юцца камсамольцы

З гадам Калчаком.

 

Розныя палкоўнікі

Наляцелі хмарай,

Кожнаму ўладання

Дай кавалак свой!

Б'юцца ж міліёны

З імі пралетараў,

Б'ецца ўся Рэспубліка

І гарыць крывёй.

 

Тут жа з ласкі боскай

Край паразбурылі,

І з-пад ласкі панскай

Вісельня рыпіць...

Трэба ж у падполлі

Рыхтаваць нам сілы,

Каб на Беларусі

Ворага пабіць.

 

На касцях спраўляе

Вораг тут вяселле,

Кіпцюры да горла,

Да грудзей узнёс...

 

Дружна ўсе спявалі,

Думы ўслед ляцелі

Па усёй краіне,

Змучанай да слёз.

 

Човен плыў на горад.

Дзесь касцёл затрынкаў...

Пачалі кварталы

З-за імжы яснець.

Дзеўчына сказала:

— Замяняй пласцінку,

Пачынай «Каробачку»,

Будзе спакайней.

 

Човен рэзаў хвалі

Вострым носам шпарка.

Гралі балалайкі

Як мага званчэй.

Пад’язджалі к саду.

Дзівяцца канаркі —

Ў гэткую пагодку

Гульні на рацэ?..

 

Сам ішоў палкоўнік

Пад руку з какоткай...

Хіба ж ім дазнацца

Хоць праз цэлы свет,

Што вярнуўся з першай

Патаемнай сходкі

Першы у падполлі

Мінскі камітэт.

 

 

У ПАДПОЛЬНАЙ ДРУКАРНІ

Сіні золак зоры гасіць,

Б’ецца птушкай у аконцы.

За падпольнай пыльнай касай

Набіраюць камсамольцы.

 

Хай што шрыфту выбар малы,

Што ён збіты і няновы,

А кладуцца у рэалы,

Як маланкі,

тыя словы!

 

Набіраючы, тут мараць

Пра агонь тых пракламацый.

Хай, што пот цячэ па твары,

Ў стоме карчанеюць пальцы!

 

Хай! затое сінім ранкам

Будзе радасці ў іх поўна —

Заблішчаць жывыя гранкі

Сваёй сілаю бунтоўнай.

 

Як пачнуць жа друкавацца,

Вось тады ў імпэце гонкім,

Што аратары, заскачуць

Пракламацыі з «Бастонкі».

 

Так, без стомы, познім часам,

Без святла, амаль упоцем,

За падпольнай пыльнай касай

Набіраюць камсамольцы.

 

І жаданне іх збылося:

У трывожны ранак гэты —

Ўжо гатовыя палосы

Маладзёжнае газеты.

 

Кожны з іх душою вызнаў,

Што, як ноч ізноў настане,

Пойдзе «Факел Камунізма»1

Клікаць моладзь на змаганне.

 

А ў друкарні за сцяною

Камсамольскіх думак схова,—

Кожнай літарай жывою

Яны ў бой рыхтуюць словы.

 

І ў хлапцоў хутчэй па мэце

Друкаваць літаратуру.

Толькі дзе падзеўся Пеця2,

Не прыносіць карэктуры?

 

Хутка дзень. Відно ўжо будзе.

Дзе тады з наборам дзецца?

І расце трывога ў грудзях:

Дзе той Пеця?

 

Меркаванняў, думак розных

Тут праносіцца багата...

А па вуліцы марознай

Ходзіць Яшка-правакатар.

 

Кожны гук бярэ на слух ён,

Правярае яго тройчы,

Ловіць ён сабачым нюхам,

Дзе працуюць камсамольцы.

 

І яму сягоння горна,

Што не можа ён дазнацца.

На яго ж сумленні чорным

Шмат загінула змаганцаў.

 

Яшка ж ходзіць у абнове,

Па кварталах носам вудзіць...

Злосць у Пеці Вараб’ёва

Душыць грудзі.

 

Ён знаёмы з гэтым спрытам,

З гэтым ворагам ліслівым.

Яшка ўжо амаль адкрыта —

На рабоце ў дэфензіве.

 

Злотым там яго узялі,

Ён сваіх прадаў дачыста,

А раней,

пакуль не зналі,

Прыкідаўся актывістам.

 

Помніць Пеця, як на тройцы,—

Хіба хто гэта забудзе:

«Я загіну камсамольцам»,—

Кляўся Яшка, біў у грудзі.

 

І крычаў: «Мае ўсе мары —

За Камуну хоць памерці»,—

Маску ён насіў на твары

І вужаку ў сваім сэрцы.

 

А цяпер ён ціха крочыць

За сваім чарговым кладам.

І хацелася ускочыць,

Задушыць рукамі гада.

 

Так гарэў жаданнем Пеця,

І ў душы ўставалі буры.

Толькі муляла пад сэрцам

І трымала карэктура.

 

Тут цяпер не месца.

Рана.

Можна загубіць друкарню...

Яшка ж ходзіць апантаны,—

Колькі дзён прайшло ўжо марна.

 

Як ён з’явіцца сягоння

Да палкоўніка з дакладам,—

Не данёс — у шыю гоняць,

Госцям гэткім там не рады.

 

А даведацца няпроста,

Дык з’явіцца сёння з чым жа?

І палкоўнікава постаць

У яго перад вачыма.

 

Гнеў з палкоўніка іскрыцца,

Ён плюецца злосцю п’янай,

І ў руцэ яго дыміцца

Саладкавая «гавана».

 

І ў грудзях у Яшкі прыкра,

Быццам лёд на сэрцы тае.

— Цо ж, дзе вашы бальшавікі? —

Пан палкоўнік запытае.

 

Яшку ж клопатаў багата,

Усю ноч дарэмна зблоціў.

Як жа пойдзеш да дзяўчатак,

Калі грошы не заплоцяць?

 

Што за ноч ужо такая?

Яшка лаецца ад стомы...

Як на ліха, не спаткаеш

Хоць адзін бы след знаёмы.

 

А тым часам асцярожна,

Калі Яшка блукаў марна,

Як клубок агню, з марозу

Вараб’ёў шусь у друкарню.

 

І ў кружку ужо размова:

Як трымацца, Пецька вучыць:

— Будзьце, хлопцы, нагатове,

Калі што — мяшайце ў кучу.

 

Разбірайце поўным ходам,

Рассыпайце з-пад машыны.

Чорта з два канаркі знойдуць

У свінцовай мешаніне!

 

Стала ціха. Ані гуку.

Дзень праходзіў працы важкай,

Угару ўзляталі рукі

І кляліся кончыць Яшку.

 

 

1 «Факел Камунізма» - падпольная маладзёжная газета.

2 Пеця – падпольная клічка члена ЦК КСМ Літвы і Беларусі тав. Вараб'ёва.

РАСЦЕ ЧЫРВОНЫ ФРОНТ

А на фронце наўсцяж разлівалася кроў,

А гарматам замала, яны грукаталі...

Свет дрыжаў,

разарваны дратамі наскрозь,

І зямля калацілася, і зямля бунтавала.

 

Дынамітнай трасучкай дрыжала яна,

Быццам свет захацела на часткі растрэсці...

А да Мінска прынесла з-пад фронту вясна

Камсамольцам падполля бунтоўныя весці,

 

Што чырвоны штандар загарэўся ярчэй,

Што вораг пад націскам дружным, кладзецца,

Што строй акупантаў ірвецца нашчэнт

Пад моцным ударам чырвонаармейцаў.

 

Што гоняць іх грозныя хвалі назад,

Што ім не устояць ў бязлітаснай бойцы...

І ў Мінску партком сабірае атрад,

Атрад камуністаў і камсамольцаў.

 

І шле іх на бітвы,

у бітвах дужэць —

Прыйшоў час суровай расплаты.

А фронт надыходзіць бліжэй і бліжэй,

Пад Мінскам грымелі гарматы.

 

 

* * *

Ад рабочых нізін, ад падпольніцкіх нор,

Ад пакуты і здзекаў бясконцых,

Праз засценкі турмы, праз жахлівы тэрор

Вы прайшлі, камсамольцы!

 

Перад смерцю у вас між варожых штыхоў

Не згасалі юнацкія вочы;

Як сапраўдныя дзеці бальшавікоў,

Вы прайшлі, камсамольцы!

 

Перад горам не паў на калені ніхто,

Не схінуўся ніхто перад ноччу:

Праз агні барыкад, праз навалу франтоў

Вы прайшлі, камсамольцы!


1934

Тэкст падаецца паводле выдання: Броўка П. Збор твораў: У 9-ці т. Т. 1. Вершы. Паэмы, 1926-1941 /Прадм. М.Яроша.-Мн.: Маст. літ., 1987.- с. 191-201
Крыніца: скан