Калі партачыць нехта, мы крычым:
— Шавец!
Шпурляем слова, быццам звягу.
Прафесія аблаяная,
чым
Ты заслужыла гэтую знявагу?
Ці бачыў ты шавецкі ўзмах рукі,
Па-снайперску дакладны, адмысловы?
Умеюць заганяць абутнікі
Цвікі ў падэшву, нібы ў песню словы.
О непаўторны танец малатка
З двухпавярховым рукатворным грукам!
Хто не забіў ніводнага цвіка,
Сябе адчуе побач з ім бязрукім.
Спяшаюцца шаўцы, нібы вятры,
Каб утрымацца ўпоравень з эпохаю.
Чмурэючы ад люстраных вітрын,
Якая прыгажуня не завохкае?
Тут —
Туфлі ваяўнічае красы,
Для пальчыкаў хаваючы калецтва,
Нацэльваюць ракетамі насы
Не менш, як на палову чалавецтва.
Пачуеце вы летам і зімой
І з вуліцы, і з ціхага завулка,
Як молада гарцуе горад мой,
Абутнікамі падкаваны гулка.
Абцасікі — алоўкамі аб брук.
Слядам іх тут бы нотамі астацца!
Грыміць ва ўсіх актавах перастук
Кантатаю шавецкаму мастацтву!